18 мая – прэзентацыя Анталогіі беларускага мыслення “Код прысутнасці”

18 мая Лятучы ўніверсітэт і Беларускі Калегіюм прэзентуюць Анталогію беларускага мыслення 2000-2015 гг., якая пабачыла свет пад назвай “Код прысутнасці”.

Прэзентацыя адбудзецца ў Галерэі Ў, пачатак а 18.30

vokladka

«Магчыма, самае галоўнае, што адбылося ў жыцці краіны за апошні час, — гэта з’яўленне дыскурса сучаснага беларускага мыслення. Бо без яго Беларусь ніколі не змагла б зразумець і ўпарадкаваць самую сябе», – гэтае падсумаванне Валянціна Акудовіча датычаць часу ўзнікнення такіх знакавых для інтэлектуальнай гісторыі Беларусі праектаў, як Энцыклапедычная серыя пад рэдакцыяй А.Грыцанава і “Анталогія сучаснага беларускага мыслення” пад рэдакцыяй А.Анціпенкі і В.Акудовіча.

Каштоўнасць анталогій не толькі ў тым, што яны паказваюць багацце і разнастайнасць фактуры. Яны ствараюць пэўную праекцыю, даюць нам оптыку, якая дазваляе ўбачыць сітуацыю напоўніцу, цэласна, пазначае адметнасць і адрознасць гэтага перыяду ў параўнанні з папярэднім.

Надышоў час зрабіць наступны “зрэз” і ўбачыць той інтэлектуальны і культурны даробак, які прынеслі нам 2000-20015 гады. Другі выпуск Анталогіі беларускага мыслення выходзіць пад назвай “Код прысутнасці”, самой гэтай намінацыяй пазнаючы новы этап існавання беларускага мыслення, яго сталенне і фармаванне выразных рысаў. У кнізе сабраныя тэксты розных жанраў і стыляў – тут і маніфесты, і метафізычныя развагі, крытыка падыходаў і рэакцыя на выклікі сучаснага свету, паглыбленне ў карані цывілізацыі ад самага пачатку і асэнсаванне Беларусі “якой яна ёсць”.

18 мая а 18.30 у Галерэі Ў адбудзецца прэзентацыя Анталогіі беларускага мыслення “Код прысутнасці”. Сярод выступоўцаў і ганаровых гасцей – сябры рэдакцыйнай рады Тацяна Вадалажская, Валянцін Акудовіч, Ігар Бабкоў, Ірына Дубянецкая, Павел Баркоўскі, аўтары тэкстаў, якія ўвайшлі ў Анталогію, а таксама іх блізкія і родныя. Вядоўца імпрэзы – Максім Жбанкоў.

Запрашаем усіх зацікаўленых далучыцца да падзеі – адчуць атмасферу інтэлектуальнага асяроддзя, сустрэцца з вядомымі мыслярамі, набыць кнігу і атрымаць аўтографы аўтараў.

You may also like...