Лекцыя 4. Юры Пацюпа — Не я пяю, народ Божы…: Выклічнікі і загадка народнага вершавання

Юры Пацюпа

Лекцыя 4. Не я пяю, народ Божы…: Выклічнікі і загадка народнага вершавання

Запіс лекцыі праз спасылку.

У нас сёння шмат працы. У прынцыпе з таго, што я мінулы раз чытаў, там можна было бясцонца гаварыць, адно што я шкадую, што не сказаў пра адно слоўца, якое цяпер пашырылася і было бяскрыўдным ці то трасянкавым словам, ці то дыялектызмам, — я маю на ўвазе слова прыўкрасны, — але пра тое, чым яно стала, трэба асобна доўга гаварыць і чытаць лекцыю з эстэтыкі. Але мне сёння гэтым займацца няма часу, калі ў мяне будзе хвілінка, я вярнуся да гэтага апошняга пункту з мінулай лекцыі.

А пакуль што звернемся да сённяшняй лекцыі. Вельмі прашу сачыць за экранам. Тут трэба не столькі чуць, сколькі бачыць. Для некаторых, можа быць, тая інфармацыя, якую я маюся сказаць, будзе ў нейкай меры шокавай, для таго-сяго яна будзе, можа, нават і нецікавай, асабліва што звязана з вершам, бо не ўсе пішуць вершы. І не ўсе нават разумеюць, як гэта робяць. Нават тыя, хто пішуць, часамі лянуюцца цікавіцца формай.

У нас сёння лекцыя чацвертая, замкальная. Не я пяю, народ Божы…: Выклічнікі і загадка народнага вершавання.

Мы ведаем, што народныя песні пяюцца і калі б яны не былі вершам, то іх нельга было б праспяваць, таму што проза звычайна калі пяецца, то пяецца рэчытатывам. Інакш яе праспяваць практычна нельга. Але як могуць складаць вершы непісьменныя людзі? Ці, можа, для іх хто складаў, а яны потым ужо гэта выконвалі? Адкуль узяўся народны верш, на чым ён можа грунтавацца? Як такое можа быць?

Але перад гэтым паўстае яшчэ адно пытанне, пра прыроду выклічнікаў. Гэта абсалютна занядбаная часціна мовы ці нават група слоў. І гэтыя дзве тэмы адна з другой вельмі моцна злучаныя. Зноў жа, тут ёсць Павел Бука, у сумоўі з якім у мяне вельмі многа рабілася адкрыццяў, у тым ліку і ў гэтай галіне. Некалі я яму на выклічніках хацеў прадэманстраваць закон: два рытмавыя націскі (ікты) не могуць стаяць побач. Бо альбо адзін аслабляецца, альбо паміж імі ўзнікае паўза. Я пачаў гэта дэманстраваць на выклічніках, і тут нарэшце я ўбачыў тое, чаго я ніколі не бачыў.

Я да гэтага перайду. А цяпер пазначце сабе пытанні:

1. Фанетыка і семантыка выклічнікаў.

2. Рытміка выклічнікаў.

3. Семантычная эўрытмія.

4. Архірытмемы і іх пашырэнне ў вершах.

5. Кабмінацыі і транфармацыі архірытмем. 

Калі мы будзем гаварыць пра выклічнікі, часткова будуць мецца і гукаперайманні, але ў меншай ступені. Таму што гэта трошкі розныя рэчы.

Дык вось калі мы будзем гаварыць пра выклічнікі, то будзем гаварыць пра першасныя, невытворныя выклічнікі. Такія як: о! а! у! га! ох! ах! ай!.. (гл. выяву)

Могуць быць памяншальныя выклічнікі: оечкі, оюхны, аюхны і г.д. Іх шмат, і ўсе тут пералічаць няма сэнсу.

Звычайна гэтыя часціны мовы тлумачацца так, што яны выказваюць пачуцці, але не перадаюць паняткаў. Гэтае азначэнне і слушнае, і няслушнае. Я бы сказаў, што яны перадаюць сэнсы, значэнні, але гэтыя значэнні не ўкладваюцца менавіта ў паняткі, не канцэптуалізуюцца. Бо было б дзіўна, у нас атрымліваецца такі парадокс: адныя і тыя ж выклічнікі могуць выказваць розныя сэнсы, а розныя выклічнікі могуць выказваць нейкі адзін сэнс. Тут нешта не тое, такое не бывае.

Па-першае, трэба ўсведамляць фанетычную прыроду выклічнікаў. Яна абсалютна ўнікальная. Як казаў чэскі лінгвіст Скалічка, тут фанэтыка бярэ верх над фаналогіяй. Гэтая, можна сказаць, фаналагізацыя ці лексікалізацыя выклічнікаў — гэта страшэнны працэс, які цяпер адбываецца. Ну, цалкам іх знішчыць нельга, але часамі яны да такой ступені скажаюцца, што проста жах. Асабліва гэта назіраецца ў расейскай мове, не толькі ў беларускай. Прыкладам, мяне ва ўніверсітэце на лекцыях рускай мовы вучылі, што ёсць тры выпадкі, калі ў рускай мове трэба гаварыць фрыкатыўнае г: ага, Бог (тут гук х) і Госпадзі. Дык вось, ага (з фрыкатыўным г) сёння, калі паглядзець расейскія фільмы, пераўтварылася ў ага (з выбухным г). Там ня можа быць выбухны г, там прынцыпова павінна быць фрыкатыўны г, незалежна ад таго, упісваецца гэта ў фаналагічную сістэму расейскай мовы ці не ўпісваецца. Гэта проста грубае літаратурнае, кніжнае вымаўленне, як быццам гэта прамаўляюць замежнікі, а не расейцы.

У беларускай мове ёсць падобная рэч. Мы ведаем, што ў нас ёсць прыстаўное в. І мы яго лепім дзе трэба і дзе не трэба. Прыкладам, ёсць выпадкі, калі прыстаўное в не павінна ўзнікаць, і асабліва яно памылкова з’яўляецца ў выклічніках. Я не кажу, што яно зусім не павінна ўзнікаць, але яно можа ўзнікаць, а можа не ўзнікаць. Прыкладам, у нас ёсць тэндэнцыя пісаць усюды вох! Ну чаму? Чалавек можа сказаць ох! Навошта яму кахаць вох!?

Тут як раз той выпадак, як казаў Скалічка, калі фанэтыка бярэ верх над фаналогіяй. Выклічнікі не падпарадкуюцца ніякім законам. Тое ж сама о! мы можам вымавіць вооо! — тут яўна чуваць прыстаўное в. Можна сказаць ооо! — такое гарлавое о! Можно сказаць ооо! — лабілізаванае звычайнае о! Карацей кажучы, варыянтаў аднаго толькі о! бясконцае мноства. Я ўжо не кажу пра тое, што ў нас націск экспіраторны, таму вымаўленне ў нас экспіраторнае, выдыхальнае: мы выдыхаем, каб нешта вымавіць. А калі вымаўляем выклічнікі, то яно можа быць і інспіраторным, удыхальным. Ні адно слова не вымаўляецца ўдыхальна. Нават я сам за сабой часта заўважаю, я чалавек эмацыйны: калі ў мяне нешта падае, нешта рвецца, нешта не склеіваецца, я магу сказаць: ііі! (на ўдыху). Гэтае і! вымаўляецца ўдыханнем паветра: я проста рэфлекторна сціскаю горла і адбываецца гэтае ўдыханне. Таму некаторыя філолагі, напрыклад, Аксакаў, не лічылі выклічнікі нават словамі. Хаця ў прынцыпе гэта словы і, я б нават сказаў, словы не службовыя, а бліжэй да значальных слоў. Яны нясуць на сабе вельмі моцныя акцэнт, чаго службовыя словы, якія б яны ні былі… ці нават займенні нясуць на сабе слабейшы акцэнт, чым выклічнікі. Гэта значыць, што выклічнікі вельмі блізкія да значальных слоў, яны вельмі нагружаныя значэннем. А раскрыць гэтае значэнне — гэта рэч вельмі няпростая. 

У нас нават няма літараў, каб перадаць выклічнікі. Якім гукам можам перадаць пррр! (калі мы спыняем каня)? Ці тррр!? Гэта толькі прыблізна можна перадаць. У беларускіх, і не толькі, выклічніках назіраюцца такія гукі, якіх у прынцыпе няма ў нашых мовах. Напрыклад, у нас ёсць выклічнікі-кліксы (ці цокальныя гукі): тц!, тц-тц-тц! У фаналагічнай сістэме афрыканскіх моваў такіх кліксаў ёсць па некалькі штук. У нас у фаналагічнай сістэме няма ніводнага клікса. 

Па-мойму, наш клікс, наша цоканне, калі я не схібіў, абазначаецца вось так: у квадратных дужках вертыкальная лінія [|] (гл. выяву ніжэй). Яно таксама, дарэчы, інспіраторнае, не экспіраторнае. І калі ў літаратуры яно перадаецца ці ца-ца-ца!, ці цо-цо-цо!, гэта смешна, яно не мае нічога супольнага ні з пррр!, ці тц! [|]. 

Інакш кажучы, літараў няма, каб іх перадаваць. І таму натуральна, калі мы завучваем выклічнікі праз літаратуру, яны скажаюцца, падганяюцца пад словы, і гэта ўжо не выклічнікі, гэта пэўны сурагат.

Цяпер пра тое, што выклічнікі могуць значыць. Я паспрабаваў разабрацца, і яны вельмі добра раскладаюцца на кавалкі. Ну, не зусім добра, бо гэта ўсё-ткі дыфузныя гукі. І я не скажу, што тыя сэнсы, якія я перадаў, дакладныя. Гэта нешта прыблізнае, і вельмі далёкае ад таго, што ёсць насамрэч. Але дзесьці ў такім кірунку. 

Прыкладам, калі мы гаворым о!, то мы засяроджваемся на нечым, глыбока ўдумваемся. Калі гаворым а!, то мы адкрываем рот і дзівімся; хаця а! могуць быць розныя, і нават яны могуць быць узаемазамяняльныя. 

Калі мы гаворым у! (выдыхальнае) ці у! (удыхальнае), мы бачым нешта вялікае. 

Наконт і! я пазначыў, што нязгодны тут, але цяпер ужо і сам нязгодны са сваёй нязгодай. Таму што гэта выдыхальнае і! перадае сэнс “лухта нешта”. Але калі мы ўдыхальна вымаўляем і!, то там зусім іншыя значэнні, там значэнне страху, жаху з элементамі здзіўлення і г.д. 

Квазі-, ці псеўдасуфіксы, якія ўзнікаюць пасля гэтых літараў у выклічніках а!, о!, у! і г.д., могуць быць х: ох!.. У Дзюма, здаецца, ёсць фраза, якую адна філолаг нават узяла сабе за эпіграф да свайго артыкула пра выклічнікі: “Ах, — сказаў ён па-партугальску.”; безумоўна, гэта смешна, бо ах! будзе гучаць па-партугальску і не толькі аднолькава. Хаця, тут, зноў жа, пытанне. Бывае, што ў мовах вельмі далёкіх выклічнікі падобныя, а ў мовах блізкіх выклічнікі адрозніваюцца. Гэта вельмі заблытаная рэч. Дык вось, калі гук х вымаўляецца ў канцы выклічніка, то мы быццам скідваем нейкі цяжар, спускаем на тармазох гэты галосны гук у выклічніку. Калі, і вымаўляем: ай! — то мы тое, што гаварылі, нейкім спосабам унутрана тармозім. Зноў жа, гэта нейкія прыблізныя адчуванні. Калі дадаецца т: ат!, от!, — гэта выражае пэўнае непрыняцце, адпрэчванне, гэта блізка да гуку выплёўвання, як казаў Шчэрба. 

Можа дадавацца г: о-го-го-го! Такі г можа быць напачатку выклічніка, таксама можа дзяліць выклічнік, а часамі ён патрэбны толькі для таго, каб мы не зблыталі гэты каскад выклічнікаў. 

Таму ўсе гэтыя элементы невыпадковыя, але нашага паняццёвага апарату замала каб іх растлумачыць. 

На семантыцы я больш засяроджвацца не буду, бо я баюся, што гэта праблема, якая захлыне.

Але самае цікавае, як выклічнікі выкрыкваюцца. Яны могуць выкрыквацца або адзін раз: ой!, о!, — або два разы: о-ёй!, о-го!, — або тры разы: о-ё-ёй!, о-го-го!, — або пяць разоў: о-ё-ё-ё-ёй!, а-га-га-га-га!, о-го-го-го-го! Калі пісьменнік намаляваў чатыры разы, то нешта ён схібіў, бо чатыры не можа быць (калі можа быць, раскажу пазней). Так жа: гаў!, гаў-гаў!, гаў-гаў-гаў!, гаў-гаў-гаў-гаў-гаў! Самы моцны гук заўжды будзе апошні. Моцным будзе таксама першы гук, і сярэдні між імі таксама будзе крыху моцны. 

На схемцы літарамі о абазначаны проста склады. Калі будзем разглядаць рытмавыя схемы, то мы будзем усюды малой і вялікай літарай о абазначаць склад. Калі літара о малая —значыць, склад не пад націскам ці аслаблены. Дарэчы, усюды, дзе ў выклічніках ёсць о (дзе яно паўтараецца тры і пяць разоў), там усюды ёсць націск. Там ёсць націскі слоўныя, але там няма іктаў, ці рытмавых націскаў. Такім чынам, малыя літары о — гэта выклічнікі, якія стаяць у слабых пазіцыях, на якія не падаюць ікты, а вялікія О — гэтыя тыя, якія стаяць у моцных пазіцыях, на якія падаюць ікты. 

Працяг