Інстытут ВКЛ атрымаў узнагароду імя Ежы Гедройца
Інстытут Вялікага Княства Літоўскага – партнёр “Беларускага калегіума” ў Літве, у навуковую раду якога уваходзіць адміністратыўны дырэктар Беларускага калегіума Андрэй Казакевіч – атрымаў прэстыжную прэмію імя Ежы Гедройца.
Інстытут Вялікага Княства Літоўскага (Коўна, Літва), а таксама пісьменнік і паэт Томас Венцлава сталі лаўрэатамі пятнаццатай прэміі імя Ежы Гедройца. Рэдакцыя вядомай польскай газеты “”Rzeczpospolita” штогод уручае прэмію асобам і інстытуцыям, якія працуюць на ўмацаванне добрых стасункаў Польшчы з дзяржавамі Цэнтральна-Усходняй Еўропы. Гэтым разам журы адышло ад традыцыі надаваць узнагароду палякам і адзначыла асобу і інстытут з Літвы.
Урачыстасці надання ўзнагароды прайшлі ў Варшаве 1 снежня.
Як падкрэсліла сакратар журы Ганна Ваўроўска, Інстытут ВКЛ адзначаны “за выкананне місіі, якая спрыяе распаўсюджванню на землях сучаснай Літвы, Беларусі, Украіны і Польшчы спадчыны Вялікага Княства Літоўскага, асабліва традыцыі суіснавання культур моваў, рэлігій і народаў”.
Узнагароду імя Ежы Гедройца рэдакцыя “Rzeczpospolitej” заснавала ў 2001 годзе, у першую гадавіну смерці рэдактара і стваральніка “Культуры” і Літаратурнага інстытуту ў Парыжы. Узнагароду могуць атрымаць асобы ці інстытуцыі, што ў сваёй дзейнасці кіруюцца прынцыпамі, якіх прытрымліваўся Ежы Гедройц. Іх характэрная асаблівасць – бескарысны клопат пра грамадскія інтарэсы і культываванне добрых стасункаў Польшчы з народамі Цэнтральна-Усходняй Еўропы.
Інстытут ВКЛ – недзяржаўная ўстанова, якая аб’ядноўвае інтэлектуалаў і дзеячаў культуры з Літвы, Беларусі, Украіны, Польшчы і некаторых іншых дзяржаў рэгіёну.