Ірына Дубянецкая і Валянцін Акудовіч прымуць удзел у дыскусіі “Адвечным шляхам” у стогадовай перспектыве
На працягу трох месяцаў – са снежня 2015 па люты 2016 году – у розных беларускіх гарадах Лятучы ўніверсітэт ладзіў адкрытыя лекцыі, прысвечаныя рэфлексіі спадчыны Ігната Абдзіраловіча, асэнсаванню месца і ролі яго ідэй у сучаснай культурнай, інтэлектуальнай прасторы. Ва ўсіх гэтых прамовах зыходным пунктам выступаў тэкст вядомага эсэ “Адвечным шляхам”, пры гэтым лектары ў той ці іншай ступені звярталіся таксама і да гістарычнага, палітычнага, культурнага кантэкстаў з’яўлення гэтых ідэй.
Завяршаючы гэты цыкл, мы хацелі б яшчэ раз звярнуцца да гэтай тэмы, каб ў іншым, дыскусійным фармаце абмеркаваць кантэкст узнікнення філасофскіх тэкстаў і фактараў іх існавання ў культуры і грамадстве.
На якім фоне пісалася эсэ “Адвечным шляхам”? Якія філасофскія плыні, ідэалогіі, ідэі і каштоўнасці існавалі на той час? Ці мог гэты тэкст у тых сацыякультурных умовах спрацаваць адпаведным чынам – стаць маніфестам, атрымаць розглас, быць пачутым, зразуметым і атрымаць развіццё? Якая “інфраструктура” спрыяла б гэтаму (друк, распаўсюд, супольнасць, універсітэт і г.д.)? Якая культурная палітыка магла рэалізоўвацца ў тыя часы?
Як ідэі “ліючайся формы” і “памежжа” могуць быць прачытаныя зараз, у сучасных умовах і іншым кантэксце? Ці спрыяе сучасны культурны, ідэалагічны, палітычны фон узнікненню аўтэнтычных філасофскіх ідэй і канцэпцый? Якая культурная палітыка патрэбна сёння для працягу культура- і нацыятворчай працы?
У абмеркаванні бяруць удзел лектары цыкла – Павал Баркоўскі, Ігар Бабкоў, Ірына Дубянецкая, Валянцін Акудовіч, Міхаіл Баярын, Сяргей Дубавец. А таксама Уладзімір Мацкевіч, Таццяна Шчытцова, Таццяна Вадалажская. Дыскусія “Адвечным шляхам” у стогадовай перспектыве” адбудзецца 29 сакавіка, пачатак а 18.30.
Запрашаем далучыцца да гутаркі! Для ўдзелу просім Вас зарэгістравацца, запоўніўшы форму заяўкі. Інфармацыя пра месца правядзення будзе дасланая зарэгістраваным удзельнікам напярэдадні.
Відэазапісы лекцый, прысвечаных Ігнату Абдзіраловічу, можна паглядзець па спасылцы.