Сяргей ДУБАВЕЦ. Беларуская ідэя: вытокі і пераемнасць
Плян:
1. Пачаткі беларускай ідэалёгіі
2. Беларусы як дасавецкая нацыянальная супольнасьць
3. Рамантычная ідэя беларускасьці і Беларусі
1. Пачаткі беларускай ідэалёгіі
Нацыянальная ідэя пачынаецца з назвы. Таму, каб адшукаць вытокі беларускай ідэі, мы мусілі б высьветліць, хто й калі ўпершыню назваў сябе беларусам у тым сэнсе, у якім ужываем гэты тэрмін мы — як самавызначэньне сябе і сваёй супольнасьці, на якое адгукаюцца ня толькі нашыя веды, але й нашыя сэрцы, наша неўсьвядомленае. Гэта мусіць быць гістарычны выпадак, які стаў азарэньнем і адкрыцьцём, а ў выніку — прэцэдэнтам, які “зачапіўся” ў пэўным коле і пачаў пашырацца на іншыя асяродкі.
Беларуская ідэя ня мела гатовага гістарычнага шаблёну, паводле якога трэба было, напрыклад, старадаўнюю Літву або Русь адрадзіць у выглядзе сучаснай Літвы або Русі, бо ніякай старадаўняй Беларусі — як дзяржавы — ніколі не існавала. Таксама мы ня маем прыкладаў інсьпірацыі з боку прысутных у Беларусі ўладных утварэньняў (афіцыйных расейскіх або паўстанцкіх), якія нейкім чынам імкнуліся б накінуць тутэйшаму люду імя беларусаў. Таму міт Беларусі і павінен быў узьнікнуць “зьніадкуль”, дакладней, з цалкам іррацыянальнага зруху чыйгосьці сэрца.
Беларуская ідэя як аб’яднаньне людзей паводле роднасьці гэтых самых “зрухаў сэрца” ніколі рэальна не падтрымлівалася дзяржавай і таму не вырастала да жанраў пэдагогікі альбо ідэалёгіі, а існавала ў жанрах паэзіі, музыкі, мастацтва, часта надоўга прападала, пасьля зьнянацку зьяўлялася зноў, іншы раз у самых нечаканых умовах і самым загадкавым чынам, але заўсёды з тым самым іррацыянальным зьместам.
Псыхалягічна, калі мы называем сябе беларусамі, мы перажываем пачуцьцё роднасьці зь іншымі, хто таксама называе сябе беларусам, нашыя сэрцы б’юцца ўнісон, мы маем на ўвазе нешта неўсьвядомленае, але такое самае. Калі ж адзін з нас называецца беларусам, а іншы літвінам, русінам, тутэйшым ці магілёўцам, мы не перажываем пачуцьця адзінства, бо адносім сябе да розных групаў. У найлепшым выпадку гэта пачуцьцё суседзтва.
Найчасьцей за пункт адліку беларускай ідэі бярэцца “Прадмова” віленскага адваката Францішка Багушэвіча да ягонага паэтычнага зборніка “Дудка беларуская”, дзе аўтар растлумачыў, што нашу “мужыцкую” мову трэба называць беларускай, і што яна “такая ж людзкая й панская, як і француская, альбо нямецкая, альбо й іншая якая”, і што мы самі ўсе — беларусы, а Беларусь — гэта краіна “ад Вільні да Мазыра, ад Віцебску за малым не да Чарнігава” [Багушэвіч Ф. Творы. Мінск: Мастацкая літаратура, 1991. С. 16].
Магчыма, Багушэвіч сапраўды ўпершыню сфармуляваў паняткі Беларусі і беларуса ў тым рацыянальным выглядзе, у якім сёньня разумеем іх мы. Але толькі сфармуляваў. Таму ягоны тэкст трэба лічыць не пачаткам ідэі, а пачаткам ідэалёгіі. Што да беларускай ідэі, дык шукаць яе вытокі трэба ў глыбейшай гісторыі.
“Дудка беларуская” Ф.Багушэвіча ўпершыню выйшла ў сьвет у Кракаве ў 1891 годзе. А ў 1910 годзе выходзіць наступны этапны ў беларускай ідэалёгіі тэкст — артыкул Антона Луцкевіча “Беларусы” ў зборніку “Формы национального движения в современных государствах” (Санкт-Пецярбург, 1910). Вось жа Луцкевіч пачынае сваю працу са статыстычнага факту: “Перапіс 1897 году налічвае ў Расейскай імпэрыі 5 885 547 беларусаў” [Цыт. паводле: Луцкевіч А. Да гісторыі беларускага руху. Мінск: Беларускі кнігазбор, 2003. С. 31].
Можна па-рознаму ставіцца да царскай статыстыкі і да спэцыфікі тагачаснага ўжываньня самога панятку “беларус”. Але ніяк не выпадае амаль шэсьць мільёнаў тых беларусаў разглядаць як статыстычную памылку. Пры гэтым самым пераканаўчым момантам тут зьяўляецца аўтарытэт Луцкевіча, які ня стаў бы пачынаць знаёмства асьвечанай расейскай публікі з “новай нацыяй” лічбамі, якія лічыў фальшывымі. Вось як ён сам пракамэнтаваў прыведзеную лічбу:
“Аднак лічба гэтая наўрад ці можа лічыцца дакладнай; розныя меркаваньні мясцовай палітыкі, перадузятасьць, зь якой падыходзілі да зьбіраньня зьвестак арганізатары перапісу, адсутнасьць нацыянальнай самасьвядомасьці сярод шырокіх народных мас, — усё гэта робіць зьвесткі пра нацыянальны склад наагул, а ў прыватнасьці пра лік беларусаў маладаставернымі.
Больш даверу заслугоўваюць навуковыя дасьледаваньні ў гэтым пытаньні, якія належаць праф. Карскаму, які, кіруючыся лінгвістычнымі асаблівасьцямі беларусаў, налічвае іх колькасьць у Беларусі лічбаю больш за 8 мільёнаў” [Тамсама].
Луцкевіч гаворыць пра заніжэньне лічбы афіцыйнага перапісу, але не аспрэчвае “якасьці” тых амаль шасьці мільёнаў. Зрэшты, было б малаверагодна, калі б у часы афіцыйнае забароны беларускае мовы і самое назвы Беларусі, афіцыйная статыстыка маніпулявала зь лічбай беларусаў у бок яе павелічэньня. Нават калі б у нейкай мясцовасьці гэта было ўладам выгадна (напрыклад, каб не запісваць людзей “палякамі”, пры тым, што запісаць іх “рускімі” было б яўным скажэньнем), мы не атрымалі б настолькі вялікае лічбы. Але нават калі яна ў рэальнасьці была б меншай, бясспрэчна, што доля тых у ёй, хто назваў сябе беларусам усьвядомлена, была значнай.
А вось як камэнтуе зьвесткі перапісу сучасны дасьледнік Павал Церашковіч:
“На працягу 2-й паловы ХІХ стагодзьдзя ў этнічнай самасьвядомасьці беларусаў адбыліся істотныя зьмены. Паводле перапісу 1897 году, 74% насельніцтва Беларусі лічылі роднай мовай беларускую. Да беларусаў сябе адносілі каля 43% саслоўя дваран. Роднай мовай беларускую лічылі 40% чыноўнікаў, 10% юрыстаў, 20% лекараў, 29% паштова-тэлеграфных службоўцаў, 60% настаўнікаў. Сярод сялянства назва “беларусы” выцесьніла большасьць лякальных этніконаў. Тэрмін Беларусь замацаваўся за ўсёй этнічнай тэрыторыяй Беларусі” [Церашковіч П. Беларусы // Беларуская энцыклапедыя. У 18 т. Т. 2. Мінск: БелЭн, 1996. С. 9]. Таму нядзіва, адкуль так шмат беларусаў у агульнасавецкіх рэпрэсіўных справах 1930-х гадоў.
2. Беларусы як дасавецкая нацыянальная супольнасьць
Ускосны доказ існаваньня тых зафіксаваных перапісам шасьці мільёнаў беларусаў мы знаходзім у матэрыялах Краснаярскага таварыства “Мэмарыял”, якое публікуе сьпісы рэпрэсаваных у 1930-я гады жыхароў Сібіры на сваім сайце ў Інтэрнэце (www.memorial.krsk.ru). Зь біяграмаў рэпрэсаваных, што былі складзеныя на падставе судовых справаў, мы даведваемся пра лёсы тысяч людзей — добраахвотных перасяленцаў у Сібір пачатку ХХ стагодзьдзя, якія ўжо тады называюць сябе беларусамі. Вось тыповая гісторыя:
Цісецкі Начыпар Паўлавіч, 1885 году нараджэньня, беларус, ураджэнец вёскі Гарадзішча Менскай губэрні. Раскулачаны. Працаваў цесьлем на будоўлі раённай крамы. У 37-м прысуджаны да расстрэлу. Расстраляны ў Канску а 3-й раніцы [www.memorial.krsk.ru].
Часьцяком сярод рэпрэсаваных сустракаюцца такія, хто нарадзіўся ў сям’і перасяленцаў зь Беларусі ўжо там, у Сібіры, і таксама называюць сябе беларусамі. Як, да прыкладу, у гэтай біяграме:
Кузьма Цітавіч Андрановіч, 1914-га году нараджэньня, беларус, ураджэнец вёскі Аскараўка Цюхцецкага раёну Краснаярскага краю. У 1930-м сям’ю бацькі, зь якім ён займаўся сельскай гаспадаркай, раскулачылі і выслалі ў тайгу, на раку Чулым. Бацька й маці памерлі з голаду. А Кузьма і яшчэ два браты ўцяклі. Вярнуліся на ранейшае месца. Кузьма пайшоў пільшчыкам. Нейкі час іх не чапалі. А тады выявілі, схапілі й далі па 10 гадоў канцлягеру [Тамсама].
Перасяленец Максак Захар Андрэевіч — беларус, родам з Аршанскага павету. У Ніжне-Інгаскім раёне ён так абжыўся, што нават вёску сваю назваў Максакаўка. У 1938-м разам з жонкай і трыма дочкамі яго арыштавалі ды пасадзілі ў Краснаярскую турму “за неданясеньне на сына Мікалая”, якога год перад тым расстралялі [Тамсама].
Сьпісы рэпрэсаваных у Сібіры беларускіх перасяленцаў, а такіх, паўторым, тысячы, — гэта найбольш “архаічная”, закансэрваваная ў часе і прасторы частка тых шасьці мільёнаў, што назвалі сябе беларусамі ў канцы ХІХ ст. Мы можам уявіць сабе, што тыя тысячы найбольш актыўных сялянаў, што адгукнуліся на заклік ураду Сталыпіна і адправіліся на засваеньне сібірскіх земляў, у большасьці ўжо сьвядома называлі сябе беларусамі.
З прыведзеных прыкладаў выглядае, што ў цэлым нацыянальная дасьпеласьць беларусаў у 1897 годзе была параўнальная зь сёньняшняй, а зусім не адрозьнівалася радыкальна, не выглядала зародкавай і, тым больш, не адсутнічала наагул, што сьцьвярджала пасьля савецкая ідэалёгія і што трывала замацавалася ў сьвядомасьці ня толькі паспалітых беларусаў, але і прафэсійных дасьледнікаў.
Да прыкладу, аналізуючы назву “Беларусь”, гісторык Язэп Юхо яшчэ ня так даўна сьцьвярджаў: “Гісторыя беларускага народу значна старэй за яго назву. Тэрмін “Беларусь” у яго сучасным этнаграфічным, геаграфічным і дзяржаўна-палітычным значэньні пачаў ужывацца параўнальна нядаўна. Канчатковае прызнаньне і замацаваньне гэтага тэрміну адбылося толькі пасьля Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі і ўтварэньня БССР” [Юхо Я. Пра назву “Беларусь” // Імя тваё Белая Русь. Мінск: Полымя, 1991. С. 87] .
У сучаснай паспалітай сьвядомасьці беларусаў з савецкага часу пашыранае ўяўленьне, быццам сама беларуская нацыя была плёнам згаданае рэвалюцыі, прынамсі ўзьнікла пасьля яе. Перапіс 1897 году аспрэчвае гэтую тэзу і тлумачыць, адкуль, зь якога асяродзьдзя, на якім падмурку сфармавалася сучасная беларуская нацыя. Мы можам зь лёгкасьцю ўявіць наступную гісторыю — што з гэтымі шасьцю мільёнамі станецца ў будучыні. Чаго мы пакуль уявіць ня можам, чаго не тлумачыць перапіс і не праясьняюць наяўныя трактоўкі гісторыкаў — адкуль тыя шэсьць мільёнаў узяліся.
Зразумела, што ў масе сваёй яны не чыталі Багушэвіча. Беларускасьці не вучылі іх і ў школе. Дый саміх школаў беларускіх не было, як не было па-беларуску газэт, тэатраў, багаслужбаў… І жылі тыя людзі не ў Беларусі, а ў Паўночна-Заходнім краі, што нават сваёй новай назвай, накінутай на яго мэтраполіяй, аніяк не супадаў з саманазовам яго насельнікаў. І ніякае ранейшае Беларусі яны ня ведалі, бо, як мы ўжо казалі, ніколі ў гісторыі ніякай Беларусі й не было. І тут раптам — шэсьць мільёнаў беларусаў і сярод іх — дваране і лекары з настаўнікамі, для якіх беларуская мова родная… Зусім кандыцыйная як для эўрапейскае нацыі напрыканцы ХІХ стагодзьдзя колькасьць і якасьць. Такая кандыцыя зьдзіўляе, бо ў сучасных дасьледнікаў беларускае гісторыі таго пэрыяду даўно сфармаваўся стэрэатып, што ўсіх, хто ў тагачаснай Беларусі мог заявіць пра сябе, як пра беларуса, мы ведаем ледзьве не пайменна.
Гэты стэрэатып — вынік таго, што кожнае новае пакаленьне беларусазнаўцаў (у тым ліку і сёньняшняе) выходзіла не са школы, а нараджалася “зрухам сэрца”, і кожны дасьледнік або паэт пачуваўся сам сабе Багушэвічам — першапраходцам. Школа і пераемнасьць ведаў усяляк разбураліся на працягу ХХ стагодзьдзя, тэксты папярэднікаў забараняліся і падлягалі зьнішчэньню, а самі іх аўтары часта рэпрэсаваліся. Вось чаму ў беларушчыне ўмацавалася агульнае адчуваньне, што кожны новы дасьледнік або паэт пачынае з чыстай старонкі. І гэтая чыстая старонка — ХХ стагодзьдзе. А тут аказваецца, што на старонцы той не пустата, але ажно шэсьць мільёнаў.
Першую згадку Беларусі гісторыкі знаходзяць у матэрыялах ХІІІ стагодзьдзя. На працягу наступнай гісторыі гэтае імя вандравала ў розных краях, пакуль не спынілася на ўсходніх землях сёньняшняе беларускае тэрыторыі. Гэты працэс і гэтую гісторыю мы пакідаем за рамкамі нашага артыкулу, бо да “зрухаў сэрца” яны ня маюць непасрэднага дачыненьня. Калі Ян Баршчэўскі назваў свой чатырохтомнік “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданьнях” (1844—1846), ён меў на ўвазе родную Віцебшчыну. Калі Іван Насовіч выдаваў свой “Словарь белорусского наречия” (1870), ён асацыяваў Беларусь з роднай Магілёшчынай.
Дзясяткі й сотні падобных выпадкаў ужываньня назваў “Беларусь” і “беларускі” ў дачыненьні да сёньняшніх усходнебеларускіх земляў адносіліся толькі да тэрыторыі, а сваім зьместам адпавядалі ідэі краёвасьці на Віленшчыне. Гэта значыць, да сучаснага разуменьня нацыі не дацягвалі. Але частотнасьць ужываньня гэтых назваў дазваляе дапусьціць, што не заўсёды яны мелі толькі тэрытарыяльны або краёвы зьмест. Верагодна, мы маем справу з эвалюцыяй саманазываньня ад тэрытарыяльнай, канфэсійнай, дзяржаўнай ці якой іншай прыналежнасьці да нацыянальнай самаідэнтыфікацыі. У гэтым сэнсе было б важна прааналізаваць эвалюцыю саманазываньня тых, каго мы лічым пачынальнікамі беларускае ідэалёгіі, таго ж Баршчэўскага, таго ж Насовіча. А таксама прыклады асэнсаванага называньня — у сучасным сэнсе.
Літаратар і дасьледнік Кастусь Цьвірка прыводзіць такі прыклад у зборніку “Філяматы і філярэты”:
“Францішак Малеўскі, як і ўсе філяматы і філярэты, зь вялікай пашанай ставіўся да фальклёру, да мовы свайго беларускага народу, што таксама праявілася ў “ Tygodniku Petersburskim ”. Гартаючы тыя нешматлікія нумары газэты, якія захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, я нечакана натрапіў на даволі цікавую ў гэтых адносінах публікацыю ў нумары 95 за 1835 год. Гэта агляд кнігі, якая выйшла ў той час на беларускай мове і называлася “Кароткі зборнік хрысьціянскай навукі для сялян, якія размаўляюць на руска-польскай мове”. Безыменны аўтар агляду гэтай кнігі, выказваючы сваё задавальненьне з прычыны яе выхаду, зазначаў: “Першы раз здараецца нам бачыць кнігу, напісаную на гаворцы, на якой размаўляе просты люд у Літве і Беларусі. Гэта — малавядомая частка роднай нашай мовы, якая распаўсюджана на шырокай прасторы зямлі і якая сьведчыць пра рускае паходжаньне яе жыхароў. Гаворку гэтую правільна называць не польска-рускай, а беларускай…” Думаецца, аўтарам гэтага агляду беларускай кнігі быў ня хто іншы, як сам Францішак Малеўскі” [Філаматы і філарэты. Мінск: Беларускі кнігазбор, 1998. С. 254].
Такім чынам, задоўга да Ф.Багушэвіча ледзьве ня тымі самымі словамі — гэта значыць, у нашым сучасным разуменьні — пра беларускую мову выказаўся Ф.Малеўскі. Праўда, ён жа акрэсьліў і той эвалюцыйны фон, на якім паўставалі наватворы “беларус” і “беларускі”.
Інакш кажучы, тут мы набліжаемся да “чыстай старонкі”, бо “малавядомая частка мовы” і “рускае паходжаньне жыхароў” — гэта і ёсьць поўная адсутнасьць беларускай ідэі.
Выходзіць, што менавіта за гэты прамежак часу — ад 1835 да 1897 году на нашай “старонцы” і зьявіліся шэсьць мільёнаў беларусаў. Магчыма, так яно і было, калі паверыць у пасіянарную сілу нацыянальнага самаўсьведамленьня, што па ўсім сьвеце прыпала якраз на гэты час. Але сіла гэтая ў нашым выпадку мусіла быць проста неверагоднай, бо нішто ў краі не спрыяла таму, каб людзі пачалі масава называць сябе беларусамі. На далучаных да Расейскай імпэрыі землях Вялікага Княства Літоўскага адбывалася плянамерная русіфікацыя. Быў закрыты Віленскі ўнівэрсытэт, найбольш актыўная пратэстная частка насельніцтва рэпрэсавалася, мноства такіх было забіта і саслана ў Сібір альбо ратавалася на эміграцыі. Тым часам абсалютная большасьць народу стаілася і думала толькі пра самазахаваньне, імкнулася ніяк не выяўляць сябе, ня тое што горда заявіць урадаваму перапісчыку: “Я — беларус”.
Пасьля паўстаньня 1863 году і без таго неспрыяльныя для беларускай самаідэнтыфікацыі ўмовы пагоршыліся шматкроць. Варта ўявіць сабе атмасфэру, што запанавала ў акупаваных расейскай бюракратыяй землях, каб зразумець, што ня толькі росту самасьвядомасьці не магло быць, але і тым, хто ўсьвядоміў сябе беларусам, лепей было схавацца за найменьне “рускага” або “тутэйшага”. Вось як характарызуе гэты фон сучасьніца падзеяў — Н.Ланская ў сваёй кнізе “Обрусители”:
“Некалькі гадоў таму заходні край быў цэнтрам, куды сьцякалася вялікае мноства людзей вялікарускага паходжаньня пераважна і праваслаўнага вызнаньня абавязкова. У той час край уяўляў сабою арэну, дзе, нічым не рызыкуючы, можна было тысячу разоў вылучыцца, выйсьці, што называецца, у людзі і пасьля, супакоіўшыся на ляўрах, вымавіць з спакойным сумленьнем: мы абрусілі. Сюды імкнуліся ўсе тыя, хто быў чымсьці не задаволены ў сябе ўдома: кожны, каго абышлі чынам, месцам ці ўзнагародай, чый не прынялі ці вярнулі праект, чый маёнтак, у выніку новых парадкаў, прыйшоў у заняпад, а ўзяцца за справу не было ні ўменьня, ні сілы — усё гэта сьпяшалася ў заходні край. Тутака сьцякаліся людзі ўсялякіх прафэсій, узростаў і станаў: маладыя, старыя, аматары пажыць і тыя, што пражыліся дазваньня, расчараваныя ў каханьні, падманутыя ў жыцьці і што самі падманвалі, — усе пнуліся сюды зь ліхаманкавай пасьпешлівасьцю…
Атэстатаў аніякіх не патрабавалася: дастаткова было прыехаць з Расеі і заявіць сябе праваслаўным, каб атрымаць права на такія льготы, правы і перавагі, якія ператвараліся ў сапраўдны рог дастатку. Можна таму ўявіць, якая колькасьць рознае навалачы запаланіла гэтыя бядотныя 9 губэрняў! Які кантынгент ілжы, подласьці, усялякіх падманаў, подкупаў, фальшу і маральнае распусты прынесла з сабой гэтая праваслаўная армія згаладалых і сасьмяглых, гальлівых і нецярплівых! Нібы саранча, кінуліся яны на гатовыя месцы, сьпяшаючыся захапіць усю тую прастору, ачышчаную для іх гвалтам; цырымоніцца не было патрэбы, і пад выглядам абрусеньня і прапаганды праваслаўя гэтыя заваёўнікі перасьледавалі такія мэты, якія ня мелі нічога супольнага ні з рэлігіяй, ні з маральнасьцю, ні нават з палітыкай сапраўднага абрусеньня…” [Ланская Н. Обрусители. Санкт-Петербург, 1887. С. 9].
Аўтарка не ўжывае тэрмінаў “беларусы” і “Беларусь”. Але апісвае якраз тую “чыстую старонку”, на якой, нібыта, у гэты самы час “вымалёўваліся” нашы шэсьць мільёнаў.
А можа, гэта ўсё гістарычная фантастыка і не было ніякай “чыстай старонкі”, а гэта толькі ўжо з вышыні ХІХ стагодзьдзя мы бачым папярэднюю гісторыю так, як стагодзьдзе ХІХ бачыцца многім нашым суайчыньнікам з вышыні стагодзьдзя ХХ? Можа быць, і раней ніякай “чыстай старонкі” не было?
3. Рамантычная ідэя беларускасьці і Беларусі
Прыведзеная вышэй цытата з Ф.Малеўскага ўскосна пацьвярджае нашу вэрсію пра першапачатковае ўзьнікненьне беларускай ідэі ў асяродку віленскіх студэнтаў пачатку ХХ ст., дакладней, у таемных таварыствах філяматаў і філярэтаў [Дубавец С. Праект Беларусь // ARCHE, 2005. №1]. Менавіта там “зрухі сэрца” з іррацыянальнага пачуцьця роднасьці пачыналі набываць, хай сабе й невыразныя, але ўсё ж рацыянальна-дыскурсіўныя формы ўсьведамленьня існаваньня адрознай беларускай супольнасьці (адрознай ад польскай і расейскай нацыянальных супольнасьцяў). Хто ў гэтым разуменьні быў тым першым: Міцкевіч, Чачот, Зан, Дамейка ці Адынец — мы ня ведаем. Але пэўна ж, хтосьці зь іх і быў.
Вядомыя факты пра Адама Міцевіча, які пазьней у сваёй лекцыі ў Калеж дэ Франс назаве беларускую мову самай чыстай і з усіх славянскіх найменш зьмененай. Пра Антона Адынца, які будзе намаўляць Вярыгу-Дарэўскага, каб той рабіў літаратурную кар’еру не па-польску, а па-беларуску. Пра Яна Чачота, які зьбіраў і выдаваў беларускія народныя песьні, называючы мову гэтых песень славяна-крывіцкай.
Характэрны прыклад актыўнага пошуку свайго нацыянальнага самаазначэньня ў філямацкім асяродку — ліст Яна Чачота да Ануфрыя Петрашкевіча з далёкага расейскага Кізілу у 1825 годзе, дзе Чачот апісвае становішча сваё і калег-філяматаў, што былі асуджаныя на ссылку за вальнадумства, і, паміж іншым, заўважае:
“Цяпер аранбурская лінія, можна сказаць, запруджана палякамі (так нас называюць тут і за такіх прымаюць)” [Чачот Я. Наваградзкі замак. Мінск: Мастацкая літаратура, 1989. С. 273].
Філяматы і філярэты, што зьявіліся ў Віленскім унівэрсытэце ў 1917 годзе, сталі тым творчым асяродкам, які фактычна “прыдумаў Беларусь”. Прынамсі, яны ўшчыльную падышлі да гэтага вызначэньня. Палякамі іх лічылі за шляхецкае паходжаньне, каталіцкае веравызнаньне і польскую мову, на якой яны пісалі свае творы. Самі ж яны лічылі сябе літвінамі, а айчынай называлі Літву. І разам з тым, усе так ці інакш дакраналіся да найменьняў “беларускі” і “Беларусь”. Заставалася зрабіць гэты апошні выразны крок, каб іхныя зрухі сэрца абазначыліся адным словам і пачала фармавацца новая супольнасьць.
Аднак што адбылося далей, мы ня ведаем. Мы дагэтуль сшываем сваю гістарычную коўдру з кавалкаў даўніх польскіх альбо расейскіх канцэпцыяў, і самі як нацыя на стыках некуды прападаем. Як у гэтым выпадку: мы маем справу з гістарычным правалам шырынёй у паўстагодзьдзя, на адным краі якога — першыя нясьмелыя спробы назваць мову беларускай, а на другім — шэсьць мільёнаў чалавек, якія называюць беларускую мову роднай, а сябе — беларусамі.
Праблема “чыстай старонкі” і пераемнасьці, магчыма, заключаецца ў пункце гледжаньня, ракурсе гістарычнага дасьледаваньня і адсутнасьці канцэпцыі, якая арыентавалася б не на “чыстую старонку”, а на гэтыя самыя шэсьць мільёнаў і раскрыцьцё іхнае таямніцы. Беларусаў у сярэднявеччы магло ня быць не таму, што не было сучаснага разуменьня нацыі, і не таму, што называліся яны неяк па-іншаму — русінамі, літвінамі — а таму, што праз акуляры цяперашніх фрагмэнтарных гістарычных канцэпцыяў мы іх там яшчэ не разгледзелі.