Міхал ЧАРНЯЎСКІ. Беларускія антыкамуністычныя рухі ў час позняга сталінізму (ад Сталіна да перабудовы Гарбачова: 1953—1987 гг.)

ЛЕКЦЫЯ 1. БЕЛАРУСКІЯ АНТЫКАМУНІСТЫЧНЫЯ РУХІ КАНФЕСІЙНАЙ І

АГУЛЬНАДЭМАКРАТЫЧНАЙ НАКІРАВАНАСЦІ

План:

1. Што лічылася антыкамуністычным? Стаўленне рэжыму да розных плыняў антыкамунізму

2. Асаблівасці праяў антыкамунізму ў Беларусі

3. Рэлігійная плынь

4. Агульнадэмакратычная плынь

5. Рэлігійная, агульнадэмакратычная плыні і беларускі нацыянал-патрыятызм

 

1. Што лічылася антыкамуністычным? Стаўленне рэжыму да розных плыняў антыкамунізму

Пасля смерці Сталіна ціск камуністычнага рэжыму на грамадства не знік. Ён адно змяніў свае формы — ад масавых расстрэлаў і доўгатэрміновых зняволенняў (да 25 гадоў) перайшлі да звальненняў з працы, рэпрэсіўнай псіхіятрыі, высылкі за мяжу (у рэдкіх выпадках), зняволенняў тэрмінам да 10 гадоў.

КПСС ставіла за мэту пабудову атэістычнага грамадства расійскамоўных “савецкіх людзей”, якое існавала б ва ўмовах “народнай дэмакратыі”. Па сутнасці гэта былі брутальныя спробы насадзіць замест хрысціянскай рэлігіі камуністычную, русіфікаваць іншамоўныя народы, падначаліць усё грамадства неабмежаванай уладзе партыйнай наменклатуры, што, паводле савецка-камуністычных уяўленняў, і складала сутнасць “народнай дэмакратыі”.

Адпаведна да антыкамуністаў залічаліся вернікі, абаронцы правоў чалавека, нацыянальных моваў і культур, прыхільнікі дэмакратычных каштоўнасцяў. Карацей кажучы, усё, што пярэчыла камуністычнай ідэалогіі і практыцы, лічылася антыкамунізмам і падлягала рэпрэсаванню ці фізічнаму вынішчэнню.

І ўсё ж, што да антыкамунізму ў самой метраполіі і ў яе калоніях, так званых “саюзных рэспубліках”, тут існавалі пэўныя адрозненні. Ад часу вайны рэжым, напрыклад, пачаў даволі цярпіма ставіцца да Рускай Праваслаўнай Царквы (РПЦ), бо тая, адпаведна сваім традыцыям, урэшце пагадзілася на супрацоўніцтва з уладамі; а да таго ж аказалася нашпігаваная кагэбістамі. Як і раней, РПЦ заставалася актыўным памагатым у справе русіфікацыі ўскраін, што супадала з задачамі ўмацавання імперыі; гэтым разам, праўда, імперыя была ўжо не расійскай, а камуністычна-расійскай. Выспамі духоўнай незалежнасці ад камунізму заставаліся пераважна неправаслаўныя канфесіі. А сярод “нярускіх” людзей яны ў многіх выпадках з’яўляліся апірышчам нацыянальнай ідэнтычнасці. Таму пратэстанцкія, каталіцкія, уніяцкія, мусульманскія, будыйскія святары былі пастаянным кантынгентам хрушчоўска-андропаўскага ГУЛАГу.

Зразумела, што вялася барацьба і супраць прыхільнікаў “буржуазнай дэмакратыі”. Аднак гэтыя прыхільнікі, а яны выявіліся пераважна ў цэнтрах метраполіі — Маскве і Ленінградзе, па сутнасці, не пагражалі маскоўскай імперыі. Таму найбольш вострыя рэпрэсіі як у сталінскі, так і ў час позняга сталінізму, накіроўваліся супраць нацыянальна-патрыятычных рухаў нярускіх народаў.

Адзін мой знаёмы, колішні шматгадовы вязень савецкіх канцлагераў, а перад гэтым, у час нямецка-фашыстоўскай акупацыі, чалец беларускай школьнай адміністрацыі на Лідчыне, казаў, што выжыў таму, што пераканаў следчых, быццам служыў толькі ў паліцыі. Гэта было меншым грахом перад камуністамі, чым удзел у беларускім нацыянальным руху. Мой стрыечны брат, які адседзеў на шахтах Інты за бацьку, “трацкіста і ворага народа”, і за СБМ, вельмі здзівіўся, што яго сулагернік Васіль Супрун вярнуўся жывы на волю: “Беларускіх патрыётаў, якія і ў канцлагеры не хавалі сваіх перакананняў, камуністы жывымі амаль не пакідалі”.

2. Асаблівасці праяў антыкамунізму ў Беларусі

А зараз звернемся да праяў антыкамунізму і антыкамуністычных рухаў у Беларусі. Існавала, а часткова і цяпер існуе, перакананне, што антыкамуністычнага супраціву ў Беларусі пасляваеннага часу не было, што не было і нацыянальна-вызвольных памкненняў і што незалежнасць 1991 г. стала для пасіўных беларусаў падарункам лёсу. Так сцвярджаюць пераважна або “культуртрэгеры” з усходу, для якіх усё важнае адбывалася толькі ў буйных цэнтрах метраполіі, або нашы мікіты зноскі, што прыстасаваліся да савецка-камуністычнага жыцця ці свядома пераседзелі небяспечны час, не вытыркаючыся са сваіх нораў.

Сёння, на шчасце, мы ўжо маем факты і ведаем значна больш пра тое, што адбывалася ў нашай краіне не толькі адразу пасля вайны, але і пазней, у 1950-я, 1960-я, 1970-я і 1980-я гг. Іншая рэч тое, што ўдзельнікі антыкамуністычнага супраціву ў Беларусі заставаліся невядомыя шырокай грамадскасці, бо ў Менску, у адрозненне ад Масквы або Ленінграда, не было ні замежных амбасад, ні прадстаўнікоў заходніх сродкаў масавай інфармацыі. Але гэтак жа сама як і ў іншых месцах былога СССР, у Беларусі цягам усіх паваенных гадоў адбывалася цкаванне іншадумцаў, іх звальнялі з працы, кідалі ў турмы і псіхіятрычныя лякарні. Водгулле гэтых падзей, аднак, глухла, як у падзямеллі, а самі падзеі старанна замоўчваліся. І асабліва калі гэта датычыла нацыянальна-адраджэнскай дзейнасці.

Толькі нядаўна мы даведаліся, як за пратэсты супраць інвазіі ў Чэхаславаччыну кідалі ў псіхушку і ў Менску, як у час хрушчоўскай адлігі ішлі ў доўгатэрміновае зняволенне ў Мардоўскія канцлагеры беларускія патрыёты, як маладыя студэнты Політэхнічнага інстытута арганізоўваліся, каб узарваць вядомы менскі “глушак” на вуліцы Чырваназорнай. Таму не можам пагадзіцца са сцвярджэннем, што ў Беларусі “нічога не было”. Было! Але яно развівалася ў іншых умовах і мела свае адметныя формы і праявы.

3. Рэлігійная плынь

Лёс Эрнста Сабілы, аднаго з лідэраў беларускіх баптыстаў (Евангельскай Царквы), надзвычай драматычны і паказальны. Яшчэ старшакласнікам барысаўскай сярэдняй школы ён прыйшоў да высновы, што неабходна бараніць рэлігійныя, нацыянальныя і сацыяльныя свабоды беларусаў. А на першым курсе Менскага медінстытута (1951 г.) яго арыштоўваюць і прысуджаюць на смяротнае пакаранне, якое крыху пазней заменяюць на 25 гадоў пазбаўлення волі. З кароткім перапынкам, адседзеў ён ажно да 1964 г. Пасля вызвалення пераследы Э. Сабілы не спыняліся. Але гэта не зламала дух шчырага верніка і беларускага патрыёта.

3 1988 г. ён беларускамоўны прасвітэр Евангельскай Царквы ў Менску, актыўна ўдзельнічае не толькі ў рэлігійным жыцці, але і ў беларускім адраджэнскім — асвячаў Устаноўчы з’езд БНФ, удзельнічаў у масавых патрыятычных мерапрыемствах. Такім жа перакананым і нязломным ён застаецца і да сённяшняга дня.

Гэткі ж нязломны дух выявіўся і ў дзейнасці рыма-каталіцкага святара і беларускага адраджэнца Уладзіслава Чарняўскага (16.01.1916, засценак Амбружын (Амбражына) каля Гальшанаў Ашмянскага пав. Віленскай губ. — 22.ХІІ.2001, Менск).

У.Чарняўскі быў навучэнцам Беларускай настаўніцкай семінарыі ў Барунах (1931—1933 гг.). Затым скончыў гімназію ў Друі пры кляштары беларускага манаскага ордэна марыянаў. У час рэпрэсій польскіх уладаў супраць ксяндзоў-марыянаў за іх беларускасць Чарняўскі вымушаны быў пакінуць Друю. Пазней трапіў у Вільню, дзе вучыўся ў Віленскай духоўнай семінарыі, якую скончыў у 1944 г. Увосень таго ж года атрымаў святарскае высвячэнне і ў Крэве адправіў па-беларуску сваю першую імшу. Пасля вёў душпастарскую службу ў Вільні і ў розных мясцовасцях Летувы. Пазней яму ўдалося перавесціся ў Беларусь. З 1954-га і да паважнай старасці У.Чарняўскі нязменна служыць у Вішнеўскім касцёле (Валожынскі р-н), і зноў жа — на беларускай мове. Ён успамінае: “Я адразу стаў гаварыць па-беларуску. Мяне калі запрашалі, я казаў: калі хочаце ксяндза — буду гаварыць па-беларуску. Некаторыя крывіліся спачатку. Казалі, што камуніст, усякая была гаворка. А час прайшоў — і ўсе прывыклі”. У 1966 г. тагачасны папа Павел VI, ацаніўшы падвіжніцкую працу вішнеўскага святара і разумеючы значэнне нацыянальных моваў ва ўмацаванні каталіцызму, прапанаваў Чарняўскаму стаць адміністратарам усіх каталікоў Беларусі. Аднак камуністычнае кіраўніцтва было супраць такога прызначэння. Праз два гады, на асабістай сустрэчы ў Ватыкане, папа даручыў Чарняўскаму перакласці Біблію на беларускую мову, а пазней імкнуўся прызначыць яго біскупам у Беларусі. На гэты раз сумесна запярэчылі старыя прапольскія ксяндзы і свецкае камуністычнае кіраўніцтва ў Маскве (марыянетачнае менскае кіраўніцтва такія справы не вырашала). Ксяндзы ў Беларусі і Польшчы ўсё яшчэ марылі пра польскасць на колішніх Крэсах Всходніх. Камуністы ж не маглі дапусціць, што на шляху поўнай і канчатковай русіфікацыі Беларусі можа стаць вялікая духоўная моц — беларускамоўная Каталіцкая Царква.

У Вішнева, каб пачуць мудрае слова тутэйшага святара, лічыў гонарам наведацца кожны беларускі адраджэнец. У 2001 г. айцец Уладзіслаў Чарняўскі выйшаў на пенсію і жыў у Менску, у плябаніі касцёла св. Сымона і Алены (Чырвонага касцёла).

Знішчаная ў 1839 г. грэка-рымская (уніяцкая) царква, як патэнцыяльны стрыжань беларускага адраджэнскага духу, была забароненая ў нашай краіне больш як на паўтары стагоддзі. Была, праўда, спроба яе аднаўлення ў Заходняй Беларусі пад панаваннем польскай дзяржавы. Аднак акупацыйная адміністрацыя Варшавы варожа ставілася да духоўных памкненняў беларускіх вернікаў.

У Заходняй Украіне, не гледзячы на вынішчэнне маскоўскімі акупантамі большасці уніяцкіх святароў, грэка-каталіцкая царква працягвала існаваць у глыбокім падполлі. Іх жа падпольныя беларускія аднаверцы пачалі арганізоўвацца толькі ў пачатку 1970-х гг., у брэжнеўскую пару. Пачынальнікам аднаўлення беларускага уніяцтва стаў Віктар Данілаў.

Віктар Данілаў (нар. 20.07.1927, Яраслаўль, Расія) пачынаў сваю дысідэнцкую дзейнасць як крытык тагачаснай савецкай рэчаіснасці з пазіцый “правільнага ленінізму”. За што быў арыштаваны ў 1948 г. і атрымаў 10 гадоў зняволення. За падрыхтоўку ўцёкаў з канцлагера яму дабавілі яшчэ 10 гадоў. Зняволенне, у якім ён пазнаёміўся з палітычнымі вязнямі, кардынальна змяніла светапогляд В.Данілава, зрабіла яго дэмакратам і вернікам. За калючым дротам ён прыняў каталіцкае веравызнанне.

У 1955 г. Данілаў выйшаў на волю па амністыі. Узнавіў навучанне ў Яраслаўскім педінстытуце. Хоць і з вялікай цяжкасцю, яму, аднак, удалося атрымаць дыплом аб вышэйшай адукацыі. У 1960-м Данілаў перабіраецца ў Вільню, а ў 1967 г. — у Горадню. Тут ён, працягваючы каталіцкую місіянерскую дзейнасць, па-ранейшаму знаходзіцца пад пільным наглядам КГБ і пастанным уціскам: ператрусы, допыты, перашкоды ў працы і навуковай дзейнасці.

У 1976 г. мітрапаліт Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы высвеціў Данілава на святара. Вярнуўшыся з Львова ў Горадню, ён распачаў гуртаваць вернікаў-уніятаў не толькі ў гэтым горадзе, але і па ўсёй Беларусі, а таксама і за яе межамі.

Пасля аднаўлення беларускай дзяржаўнасці легалізавалася і Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква. У 1992 г. Данілаў стаў ігуменам гарадзенскай уніяцкай парафіі, дзе вядзе багаслужбы і на беларускай мове.

Камуністычны рэжым чыніў розныя перашкоды дзейнасці і святароў іудзейскай ды мусульманскай канфесій. А значыць, існавалі і пэўныя формы супраціву святароў і вернікаў гэтых вызнанняў. Праўда, іх дзейнасць была даволі закрытай. Прынамсі, на гэты момант я не маю нейкіх канкрэтных фактаў датычна іх дзейнасці. Праваслаўныя ж святары цярпелі перадусім тады, калі яны пачыналі ўспамінаць і нагадваць пра антыцаркоўны тэрор камуністаў у паслярэвалюцыйны і міжваенны перыяды. Так, пераслед цярпеў як ад царкоўных, так і савецкіх уладаў ураджэнец былой Баранавіцкай вобласці Уладзімір Русак (нар. 17.06.1949), выпускнік Менскага педінстытута і Маскоўскай духоўнай акадэміі, навуковы рэдактар “Журнала Московской Патриархии”, аўтар навуковага даследавання і шматлікіх артыкулаў аб камуністычных рэпрэсіях супраць Праваслаўнай Царквы. Высланы вышэйшымі царкоўныміі ўладамі з Масквы ў Віцебск, дзе стараннямі менскага мітрапаліта Філарэта быў пазбаўлены права святарскай дзейнасці. Вярнуўся ў Маскву, працаваў дворнікам, але не спыніў дысідэнцкай дзейнасці. У 1986 г. быў асуджаны на 7 гадоў зняволення і 5 гадоў ссылкі. Пад ціскам міжнароднай грамадскасці вызвалены ў 1988 г., а затым высланы на Захад.

4. Агульнадэмакратычная плынь

Адным з першых аб’яднанняў агульнадэмакратычнага характару стала Партыя свабоды рускага народа (1956—1957), якая існавала ў Гомелі з 2 лістапада 1956 г. да 9 лютага 1957 г. Пяць сяброў аб’яднання былі абвінавачаныя ў стварэнні антысавецкай арганізацыі, напісанні статута і тэкста прысягі, у падрыхтоўцы да друку і ў распаўсюдзе антысавецкіх улётак. У канцы 1957 г. рашэннем гомельскага абласнога суда сябры падпольнай арганізацыі атрымалі ад 1 да 10 гадоў зняволення.

Асноўнымі пунктамі праграмы падпольшчыкаў былі:

— прызнанне права прыватнай уласнасці на зямлю, вытворчасць і сродкі вытворчасці;

— будаўніцтва дэмакратычнага грамадства;

— адмаўленне кіроўнай ролі КПСС;

— шматпартыйнасць;

— дэклараванне дружбы народаў Вялікай Расіі і ўсяго свету.

Ад сяброў партыі патрабавалася выкананне задач па паляпшэнні жыцця народа і ажыццяўленні дэмакратычных прынцыпаў.

Прысяга сяброў ПСРН мела наступны змест: “Клянуся перад абліччам свайго народа аддаць усе сілы вызваленню рускага народа ад камуністычнага прыгнёту”. Дыскутаваліся таксама розныя формы барацьбы з рэжымам — ад прапагандысцкай да ўзброенай. Як бачна, заснавальнікі партыі ўважалі сябе за прадстаўнікоў рускага народа, але іх агульнапалітычныя пазіцыі былі выразна антыкамуністычныя.

Дакладна ў гэты ж час (1956—1957 гг.) у Ляхавічах дзейнічала падпольная група Анушкевічаў, таксама агульнадэмакратычнага напрамку, але яе дзейнасць мела і беларускую скіраванасць. Найболып вядомы з ляхавіцкай групы дысідэнтаў Вячаслаў Анушкевіч (нар. 14.10.1931, г.Ляхавічы Брэсцкай вобл.). Пасля заканчэння ў 1952 г. двухгадовага аддзялення пры Інстытуце народнай гаспадаркі ў Менску В. Анушкевіч працаваў спачатку ў Шчучыне, а потым у Ляхавічах. У Ляхавічах Вячаслаў са сваім старэйшым братам Антонам і суседскім хлопцам Юзікам Анушкевічам вырашылі пісаць і распаўсюджваць антысавецкія ўлёткі на пратэст супраць існай палітычнай і сацыяльнай рэчаіснасці.

Улёткі, як больш адукаваны, запісваў на аркушах паперы Вячаслаў. У іх утрымлівалася крытыка савецкіх парадкаў, свавольствы камуністычных функцыянераў і чыноўнікаў, выкрываўся фальш выбарчай сістэмы. Улёткі, якія звычайна заканчваліся заклікам “Смерць камунізму!”, распаўсюджваліся ў Ляхавічах, Баранавічах, у суседніх гарадах і мястэчках, у цягніках. Група дзейнічала каля паўтара года.

Пра матывы дзеянняў ляхавіцкіх падпольшчыкаў сведчыць фрагмент успамінаў В. Анушкевіча:

Мы, заходнікі, гэтую сістэму, як кажуць, на нажы бачылі. Адразу было бачна, хто прыйшоў да нас. Яны як у 39-м г. прыйшлі — людзі пляваліся. Гарматы цягнулі 6—8 коней на вяроўках. Непадкутыя, маленькія мангольскія конікі. А самае страшнае — у нас прасілі есці. Ім варылі чорны крупнік. Прасілі есці, кралі, галодныя прыйшлі. А як уцякалі ў 41-м годзе, то страшная справа была з імі.

Ідэя наконт лістовак узнікла ў майго брата і ў яго сябра. Як арганізоўваўся калгас у 50-м г., прыйшла да нас жанчына васмідзесяці гадоў і кажа, напішыце мне заяву, каб у калгас прынялі, тут, у Ляхавічах. Я напісаў, а тут сядзелі побач мой брат і яго сябра: “Старшыня, прашу прыняць ад мяне, Майсюк Хрысціны заяву. Я буду выконваць план, буду працаваць дзень і ноч”. Усё ў такой карыкатурнай форме. Напісалі мы без усякага-якага. А яна занесла тую заяву старшыні. А старшыня быў з нашай вуліцы татарын. Свой уласны, як кажуць, чалавек, а не які рускі, і не партыйны тады яшчэ быў. І ён калі прачытаў, а да вайны жыў у Капыльскім раёне пад саветамі, дзе нагледзеўся ўсяго. Калі прачытаў, пытае: Хрысціна, хто табе яго пісаў? Ды ім трэба морды пабіць. Добра, што мне папала. Каб быў не я, а якая савецкая свіння, ды гэту заяву падаў куды трэба, дык бы іх усіх выкатлавалі. Нясі ім, аддай, і скажы, што дурні яны.

Так што і тады гэта ў нас было. Бо гэтую сістэму ніхто не любіў. Я размаўляў нават з былымі партызанамі. Во сусед быў, у партызанах ён нават быў начальнік асобага аддзела, Крыстановіч, дык казаў: гэта не сістэма, а хрэн яго ведае што — усе п’юць, крадуць, ад малога да вялікага…

В.Анушкевіч быў выяўлены па почырку на ўлётках. Арыштаваны 6 красавіка 1957 г., трываў працяглыя допыты і катаванні ў вядомай баранавіцкай турме “Крывое кола” і ў Брэсцкай турме, не выдаў сяброў і ўсю віну ўзяў на сябе. 3 чэрвеня 1957 г. па красавік 1961 г. адбываў пакаранне ў канцлагеры ў Мардовіі (Зубапалянаўскі р-н, пас. Сасноўка, ЖХ 385-7/1). На зоне сустракаўся з шэрагам беларускіх, польскіх, расійскіх, украінскіх палітзняволеных, у тым ліку з найвыдатнейшым беларускім патрыётам, выкладчыкам Гродзенскага педінстытута Браніславам Ржэўскім, пляменнікамі Якуба Коласа братамі Леанідам і Міхалам Белымі, маладым лекарам з Менска Віктарам Чарняўскім, хлопцамі з Меншчыны і Гарадзеншчыны, што сядзелі за антысавецкія вершы і ўлёткі або за Армію Краёву.

Пасля вяртання з лагераў у Ляхавічы В.Анушкевіч трапіў пад уціск з боку спецслужбаў і мясцовага кіраўніцтва, увесь час меў праблемы з уладкаваннем на працу. Адносны спакой займеў, калі пачаў працаваць на тыповых для дысідэнтаў савецкага часу пасадах: сторажам ды качагарам.

Зараз В. Анушкевіч на пенсіі. Жыве ў Ляхавічах. З’яўляецца аўтарам успамінаў пра сваё жыццё і людзей, з якімі сустракаўся ў турмах і канцлагерах.

Сапраўдным беларускім дысідэнтам быў журналіст Фёдар Кардаш (нар. 05.01.1932, в. Харашкі Наваградскага ваяводства, цяпер Дзятлаўскі р-н Гарадзенскай вобл.). У 1955 г. скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Працаваў у раённай газеце адказным сакратаром. Непасрэдна сутыкнуўшыся з савецкай рэчаіснасцю, зразумеў яе заганнасць. Вынікам назіранняў і крытычных роздумаў стаў рукапісны ліст аб’ёмам у агульны сшытак з крытыкай калгаснай сістэмы, ананімна пасланы тагачаснаму Першаму сакратару ЦК КПСС М.Хрушчову. Канкрэтныя факты ў лісце (прозвішчы, назвы калгасаў, лічбы і інш.), а таксама почырк дазволілі органам бяспекі хутка выявіць аўтара. У пачатку восені 1956 г. Кардаш быў арыштаваны ў студэнцкім інтэрнаце унівэрсітэту на вул. Бабруйскай у Менску, куды зазірнуў да знаёмых. І6.10.1956 г. малады журналіст быў асуджаны “за антысавецкую агітацыю і прапаганду” на два гады зняволення. Пакаранне адбываў у лагерах Мардовіі.

Першыя месяцы пасля вяртання ў Беларусь прайшлі ў пошуках працы. Яму ўдалося ўладкавацца школьным настаўнікам, а праз тры гады з дапамогай вядомага журналіста і літаратара Яраслава Пархуты займець працу ў ружанскай раённай газеце. Пазней, ажно да пенсіі, Кардаш працаваў у лідскай газеце. Цяпер жыве ў Менску. Зняволенне і паслялагерныя цяжкасці не змянілі светапогляду і жыццёвай пазіцыі Ф.Кардаша, ён і цяпер актыўна ўдзельнічае ў дэмакратычным руху.

Выдатнейшым прадстаўніком агульнадэмакратычнай плыні антыкамуністычнага супраціву несумненна з’яўляецца Міхаіл Кукабака (нар. 03.12.1936, Бабруйск).

Рана стаўшы сіратой (бацька загінуў на вайне, маці памерла), Кукабака прайшоў суровую школу дзіцячага прытулку, рамесніцкай вучэльні, працы ў Сібіры, Казахстане, Украіне. Абвострана ўспрымаючы тагачасную савецкую рэчаіснасць, ён напоўніцу зведаў яе нечалавечую сутнасць. І гэта прывяло ў шэрагі перакананых антыкамуністаў. “Мае погляды фарміраваліся выключна на аснове асабістага досведу. Я не слухаў замежных перадачаў, не чытаў самвыдаўскай літаратуры, нават не ведаў, што такая ўвогуле існуе. Таму маё грамадзянскае “сталенне” праходзіла даволі павольна. Я толькі дзесьці на мяжы свайго 30-годдзя пачаў сур’ёзна разважаць аб рэвалюцыі і яе выніках, аб тым, у імя якой будучыні краіна забрала мільёны жыццяў”.

Прывядзём у храналагічным парадку дысідэнцкую дзейнасць М.Кукабакі, а таксама пераслед яго рэжымам.

1968 г. (час акупацыі Чэхаславакіі войскамі Савецкага Саюза і падначаленых яму краін): у адным з кіеўскіх ваенкаматаў М.Кукабака заяўляе: “Калі накіруеце ў Чэхаславакію, павярну аўтамат супраць вас: суўдзельнікам злачынства савецкага ўрада не буду, выступлю на баку чэхаславацкага народа”. У гэты ж час ён перадае ў чэхаславацкі кансулят свой артыкул з асуджэннем агрэсіўных дзеянняў савецкага кіраўніцтва.

1968 г.: ратуючыся ад арышту, Кукабака пакідае Кіеў і ўладкоўваецца на працу ў Падмаскоўі, каб быць бліжэй да Масквы, якая “на той час была адзіным месцам, дзе было магчыма ўступіць у кантакты з замежнымі карэспандэнтамі, то бок адзінай магчымасцю перадаць нейкую інфармацыю ў вольны свет. Масква была самым спрыяльным горадам для антыдзяржаўнай дзейнасці”.

1970 г., красавік: пры ператрусе кватэры Кукабакі кагэбісты знаходзяць падрыхтаваныя ім антысавецкія рукапісы. У часе далейшага следства, а таксама на падставе ранейшых даносаў стукачоў выяўлены шматлікія факты яго “антысавецкай агітацыі і прапаганды”.

04.11.1970 г., лістапад: Уладзімірскі абласны суд накіроўвае на прымусовае псіхіятрычнае лячэнне, савецкія “лекары” ўстанавілі прычыны “захворвання” дысідэнта: “Заняткі спортам, цікавасць да замежных моваў і філасофіі прывялі да хваравітых зменаў асобы”.

1976 г.: дзякуючы дапамозе лекара-псіхіятра з дэмакратычнымі перакананнямі, Кукабака вызваляецца з псіхушкі.

1976 г.: вяртанне ў Бабруйск.

1976 г., восень: прымусовае змяшчэнне ў магілёўскую псіхушку.

1977 г., восень: паўторнае прымусовае змяшчэнне ў магілёўскую псіхушку.

1978 г., сакавік: напісаны нарыс “Скрадзеная Бацькаўшчына” як пратэст супраць татальнай русіфікацыі Беларусі.

1978 г., красавік: нарыс, а таксама тэкст артыкула аб правах чалавека запісаны на магнітафонную стужку і пазней перададзены на Захад.

1978 г., лета: матэрыялы з магнітафоннай стужкі пачынаюць распаўсюджваюцца праз заходнія сродкі масавай інфармацыі.

1978 г., кастрычнік: арышт Кукабакі.

1979 г., чэрвень: суд у Бабруйску. У часе працэсу Кукабака адмаўляецца ад савецкага грамадзянства. Атрымоўвае 3 гады зняволення ў Наваполацкай калоніі.

1982 г.: новы судовы працэс і зноў 3 гады зняволення.

1985 г.: Віцебскі абласны суд карае 6 гадамі зняволення.

Сусветная грамадскасць, у тым ліку і беларуская эміграцыя, праводзяць шырокую кампанію за вызваленне Кукабакі.

1988 г., снежань: напярэдадні паездкі М.Гарбачова ў ЗША М.Кукабаку вызваляюць з Пермскага канцлагера.

Зараз М.Кукабака жыве ў Маскве. Спробы пераехаць у Менск не знайшлі падтрымкі беларускіх уладаў. Актыўна ўдзельнічае не толькі ў расійскім, але і ў беларускім праваабарончым руху.

Прадстаўніком рускай дэмакратычнай інтэлігенцыі ў Беларусі з’яўляўся Вячаслаў Зайцаў (18.09.1917—19.04.1992). Выпускнік Ленінградскага універсітэта, кандыдат філалагічных навук В.Зайцаў апынуўся ў Менску ў 1964 г., дзе працаваў старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры АН БССР. Даследваў беларускую літаратуру эпохі Адраджэння. На думку камуністычных ідэолагаў, В. Зайцаў прапаведаваў ідэалістычныя тэорыі развіцця чалавечага грамадства. У час кампаніі пераследу “беларускіх нацыяналістаў” у Акадэміі навук выступіў у іх абарону, за што быў звольнены з працы. Арыштаваны ў 1978 г., а ў наступным годзе пастановай Вярхоўнага суда БССР прымусова змешчаны на лячэнне ў псіхушку ў Казані. Казанскія псіхіятры неаднаразова настойвалі на адмене рашэння менскіх суддзяў. І нарэшце ў 1982 г. Зайцаў быў вызвалены з псіхушкі і вярнуўся ў Менск. Аднак нагляд за ім з боку спецорганаў не спыняўся.

Асаблівае месца ў антыкамуністычным руху займае група Ханжанкова (1962—1963 гг.). Ханжанкоў Сяргей нарадзіўся ў сям’і былых палітзняволеных (бацька быў асуджаны ў 1935 г., дзед па матчынай лініі — у 1929 г.). Пасля 1956 г. бацьку было дазволена пакінуць Магаданскую вобласць, і сям’я пераехалі ў Менск. Тут Сяргей скончыў дзесяцігодку і паступіў у Беларускі політэхнічны інстытут. Вопыт бацькоў, аповеды старэйшых, асабліва колішніх вязняў ГУЛАГу, дух вальнадумства ў нядоўгую хрушчоўскую адлігу, радыёстанцыі вольнага свету, голас якіх з цяжкасцю прабіваўся праз савецкія глушакі — усё гэта не магло не паўплываць на ўражлівую натуру юнака. Вясной 1962 г. Ханжанкоў знаходзіць у Менску некалькіх аднадумцаў. Вырашылі пачаць з падрыву “Радыёстанцыі №3”, а прасцей кажучы — радыёглушака, што дзвюма металічнымі мачтамі ўзвышаўся паміж вуліцамі Даўгабродскай і Чырваназорнай і быў найвыразнейшым сімвалам савецкага рэжыму. Ханжанкоў распрацаваў схему падрыву глушака, і падпольшчыкі пачалі збіраць снарады і міны, што засталіся з мінулай вайны, назапашвалі друкарскі шрыфт для друкавання ўлётак, вялі антыкамуністычную агітацыю сярод сяброў і знаёмых, спрабавалі займець агнястрэльную зброю.

У канцы траўня 1963 г. удзельнікі падпольнай арганізацыі былі арыштаваныя. Да гэтага прыклаў руку правакатар К. Чатыры месяцы доўжылася следства. 7 кастрычніка 1963 г. Сяргей Ханжанкоў і Віктар Храпавіцкі па абвінавачанні “ў спробе здзейсніць дыверсію і ў правядзенні антысавецкай агітадыі і прапаганды” былі асуджаныя да зняволення на 10 гадоў кожны, Георгі Сярогін — на 8 гадоў. С.Ханжанкоў адмовіўся пісаць просьбу аб памілаванні і быў высланы ў канцлагер у Мардовіі (пас. Сасноўка). Сулагернікамі былі вядомыя дысідэнты Сіняўскі, Даніэль, Галанскоў, Кузняцоў, Гінзбург, а таксама беларускія нацыяналісты, у тым ліку вядомы дэсантнік Цімох Вострыкаў.

Вярнуўся С.Ханжанкоў у Менск у траўні 1973 г. Працаваў у праектнай дарогабудаўнічай арганізацыі, на заводзе. Цяпер на пенсіі. Застаўся пры сваіх дэмакратычных перакананнях, актыўна ўдзельнічае ў руху былых палітвязняў.

Як бачым, беларускія антыкамуністы галоўным чынам трымліся негвалтоўных метадаў барацьбы, а іх дзейнасьць абмяжоўвалася перадусім прапагандай сваіх поглядаў і крытыкай існага рэжыму. Аднак гарачыя сэрцы некаторых маладых людзей часам клікалі і да радыкальных дзеянняў. Так, са словах С.Ханжанкова, іх намер узарваць глушак зыходзіў не толькі з жадання знішчыць перашкоду для слухання свабодных радыёстанцый, але і з жадання зварухнуць палітычнае застаялае балота тагачаснага правінцыйнага Менска.

5. Рэлігійная, агульнадэмакратычная плыні і беларускі нацыянал-патрыятызм

Беларускія нацыянал-патрыёты, або, калі хочаце, нацыянал-дэмакраты, па-рознаму ставіліся да адзначаных вышэй плыняў антыкамунізму ў Беларусі.

Бліжэйшымі саюзнікамі лічыліся прадстаўнікі хрысціянскіх канфесій, якія на практыцы спрыялі беларусізацыі Каталіцкага Касцёла, Пратэстанцкай і Уніяцкай Цэркваў. Такі погляд базаваўся на высокай ацэнцы значэння нацыянальнамоўных рэлігій для фармавання сучасных нацый. Касцёл ці царква маглі цэментаваць народ, а маглі раскалоць яго на варагоўныя часткі. Так, заходнебалканская сербска-харвацкая моўная супольнасць на сёння (паводле канфесійнай прыкметы) ужо падзеленая на тры нацыі, якія пралілі рэкі крыві з-за міжсобных рахункаў. І такіх выпадкаў у гісторыі чалавецтва было шмат. У ХІХ ст., калі да нацыянальна-культурнага і палітычнага жыцця абуджаліся многія паняволеныя народы, галіцыйскі ўкраінец з начальнікам размаўляў па-нямецку, з панам — па-польску, а да найвышэйшай у свеце інстанцыі, да Бога, звяртаўся на сваёй роднай украінскай мове! Падобнае ж было і з літоўскім селянінам: з чыноўнікам — па-руску, з панам — па-польску, а з Богам — па-літоўску. А беларус: з чыноўнікам — па-руску, з панам — па-польску або па-руску (у залежнасці ад канфесійнай прыналежнасці таго пана), з Богам — па-польску ў касцёле і па-руску ў царкве. На сваёй жа роднай мове ён звяртаўся да сямейнікаў, суседзяў ды ўласнай скацінкі. Статус беларускай мовы быў не вышэй за сялянскую страху.

З павагай ставіліся нацдэмы і да габрэйскіх нацыяналістаў. Вопыт сіяністаў яны старанна вывучалі і, як ні парадаксальна, з антысіянісцкіх пісанняў розных “бегуноў”, бо іншае не было даступнае.

Безумоўнае спачуванне і павагу мелі расійскія дысідэнты. А вось да мясцовых прадстаўнікоў агульнадэмакратычнай плыні, ці то наезных з усходу, ці то зрусіфікаваных з беларусаў, ставіліся з перасцярогай. Бо якая розніца, хто будзе нішчыць беларускую мову і культуру: расійскі (прарасійскі) дэмакрат або расійскі (прарасійскі) камуніст? Далейшы досвед паказаў некаторую слушнасць такой перасцярогі. У самым канцы 1980-х і пачатку 1990-х гг. на старонках “ЛіМа” грымеў сваімі антыкамуністычнымі артыкуламі наезны ці не з Растова-на-Доне прафесар Акулаў. Але пасля 1994 г. з экрана БТ гэты прафесар раптам пачаў глуміцца з “националистов и бэнээфовцев”. Аднак, вядома ж, былі і выпадкі, калі “проста дэмакраты” з часам станавіліся беларускімі патрыётамі.

Літаратура:

1. Антысавецкія рухі ў Беларусі (1944—1956): Даведнік. — Мінск, 1999.

2. Дэмакратычная апазіцыя Беларусі (1956—1991). Персанажы і кантэкст: Даведнік. — Мінск, 1999.

3. Лыч Л., Навіцкі У. Гісторыя культуры Беларусі. — Мінск, 1996.

4. Нонканфармізм у Беларусі: 1953—1985: Даведнік. Т. 1. Мінск, 2004.

5. Пазацэнзурны перыядычны друк Беларусі (1971—1990): Каталёг. — Менск, 1998.

6. Тарас В. На выспе ўспамінаў. — Менск, 2004.

7. Уліцёнак А. Іншадумцы = мыслящие иначе. — Мінск, 1991.

8. Шыбека З. Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002). — Мінск, 2003.

ЛЕКЦЫЯ 2. БЕЛАРУСКІЯ АНТЫКАМУНІСТЫЧНЫЯ РУХІ

НАЦЫЯНАЛЬНА-ПАТРЫЯТЫЧНАЙ СКІРАВАНАСЦІ

План:

1. Нацыянальныя меншасці і рухі

2. Традыцыя, імпульсы, духоўныя правадыры

3. Спробы стварэння падпольных арганізацый

4. Першыя нефармальныя асяродкі Менска (1950—1970-я гг.)

5. Індывідуальны супраціў

6. Уздым нацыянальна-патрыятычнага руху ў 1980-х гг.

7. Заключэнне

 

1. Нацыянальныя меншасці і рухі

Пра нацыянальна-дэмакратычны рух самай вялікай, расійскай, меншасці ў Беларусі не даводзіцца казаць. Нашы “старэйшыя браты” хоць колькасна і заставаліся меншасцю, але практычна за ўсё гады савецкай улады палітычна дамінавалі ў Беларусі, займаючы кіроўныя пасады фактычна ва ўсіх сферах жыцця. А іх нацыянальна-культурныя патрэбы не маглі быць не задаволеныя, бо расійская культура і мова дамінавалі ў сістэме школьніцтва, вышэйшай адукацыі, тэатры, кіно, выдавецкай дзейнасці, сродках масавай інфармацыі і г.д.

Што да польская меншасці, дык са знішчэннем Арміі Краёвай яна аказалася абяскроўленай. Да таго ж, найбольш актыўныя дзеячы ў выніку пасляваенных пераследаў былі вымушаны з’ехаць у Польшчу. Тыя, што засталіся ў Беларусі, гуртаваліся вакол польскамоўных касцёлаў ды імкнуліся захоўваць нацыянальныя каштоўнасці і повязі, слухаючы польскія і заходнія польскамоўныя радыёстанцыі, чытаючы варшаўскія перыёдыкі, якія свабодна траплялі ў беларускія газетныя шапікі. Значная ж частка “пашпартных” палякаў гэтак жа сама, як і “пашпартных” беларусаў, русіфікавалася і саветызавалася. Забягаючы наперад, мушу, аднак, адзначыць, што беларускія палякі здолелі захаваць больш нацыянальнай моцы. Таму сёння, напрыклад, у Горадні маецца польская школа, а беларускай там няма ніводнай!

Літоўцы, якія жылі пераважна ў міні-анклавах на паўночным захадзе Беларусі, былі крыху больш паспяховыя. Атрымліваючы маральную і пэўную матэрыяльную падтрымку з ЛітССР, да якой было літаральна падаць рукой, яны імкнуліся захоўваць як сваю традыцыйную культуру, так і мову.

Што да даволі значнай па сваіх памерах украінскай меншасці, дык яна, расцярушаная па ўсёй краіне, з цяжкасцю захоўвала сваю ідэнтычнасць. Больш за тое, абруселыя ўкраінцы-асаднікі з былых савецкіх афіцэраў самі нярэдка выступалі заўзятымі русіфікатарамі.

Беларускія татары, якія ўжо колькі стагоддзяў перайшлі на беларускую мову, таксама трацілі яе і русіфікаваліся. Хаця, параўнальна з беларусамі, працэс русіфікацыі быў менш інтэнсіўны. Праз іслам і гістарычную традыцыю (у ВКЛ сваімі правамі татары раўняліся з тутэйшай шляхтай) яны мацней адчувалі сваю адметнасць і самабытнасць.

Становішча габрэйскай меншасці было іншае. Частка яе была цалкам зрасійшчыная дый увогуле не імкнулася афішаваць сваё паходжанне. Большасць жа пасля ўтварэння дзяржавы Ізраіль ды з пачаткам савецкай антысіянісцкай прапаганды паступова набрыньвала ідэяй вяртання на “гістарычную радзіму”. Беларускія нацдэмы шчыра падрымлівалі гэтыя памкненні. Разам з тым, было шкада бачыць, як Беларусь губляла цэлы кантынент культуры на ідыш, якая цягам паўтысячы гадоў была часткай нашай культурнай традыцыі. Габрэйскі рух “зыходу” жорстка падаўляўся камуністычным рэжымам (справы Д.Д.Марошака, А.П.Рубіна, Г.Я.Кіпніса).

У паслясталінскі час рубам паўстала і “беларускае пытанне”. Камуністычны рэжым меў на мэце поўную русіфікацыю беларускага этнасу. Таму з усіх сфераў ужытку выцяснялася беларуская мова, нішчылася гістарычная памяць, разбуралася ці хавалася ўсё, што нагадвала пра беларускую мінуўшчыну. У такіх умовах публічнае выкарыстанне беларускай мовы было праявай таго, што не толькі не ўхвалялася, але нават выклікала падазронасць. Усё, што заставалася звязаным з беларускай культурай і мовай, паступова адсоўвалася ў своеасаблівае культурнае гета. Селяніну, паўда, даравалася яго нерасійскасць, пісьменніку  — ужыванне беларускай мовы. Але што да астатніх, то тыя, хто карыстаўся беларускай мовай па-за прафесійным дазволам, знаходзіліся на ўліку ў адпаведных установах, былі пад пільным наглядам як «нацыяналісты» і, адпаведна, як антысаветчыкі і антыкамуністы, калі не яўныя, то патэнцыйныя.

Знамянальна, што і сёння беларушчына зноў стала адной з формаў супраціву рэжыму. Нездарма ўсе, хто актыўна ўсталёўваў сённяшні рэжым ці абслугоўвае яго, не карыстаюцца беларускай мовай.

У 1960-я гг., асабліва пасля прыходу да партыйнай улады ў рэспубліцы П.Машэрава, сітуацыя характарызавалася далейшай ліквідацыяй беларускага школьніцтва, беларускамоўнага перыядычнага друку. Нават айчынную літаратуру ўжо пачыналі вывучаць у расійскіх перакладах, а чынавенства спяшалася здзейсніць заклік Хрушчова хутчэй прыйсці да камунізму, пазбыўшыся роднай мовы.

2. Традыцыя, імпульсы, духоўныя правадыры

Калі на мапе Беларусі кропкамі пазначыць месцы нараджэння і дзейнасці беларускіх антыкамуністаў (гл. даведнікі Архіву найноўшае гісторыі), то выявіцца, што яны знаходзяцца пераважна ў Заходняй Беларусі. А калі тое ж зрабіць датычна паслясталінскага часу, то кропкі даволі раўнамерна размяркоўваюцца па ўсёй тэрыторыі краіны. На гэта былі прычыны: перадусім ужо існавала традыцыя супраціву, па-другое, пасля смерці Сталіна паслабеў тэрор, нарэшце, у 1980-х гг. у беларускія нацдэмаўскія шэрагі прыходзіць, не гледзячы на татальную русіфікацыю, усё больш моладзі, што нарадзілася ў горадзе і атрымала някепскую адукацыю.

Светапогляд і патрыятычная пазіцыя беларускіх адраджэнцаў 1950—1980-х гг. галоўным чынам фармаваліся пад уплывам:

— заходнебеларускай традыцыі супраціву (кантакты з жывымі змагарамі, знаёмства з патрыятычнай літаратурай);

— міфалогіі беларусізацыі другой паловы 1920-х гг. (праз знаёмства з тагачаснай літаратурай, якая ацалела);

— узноўленай гістарычнай памяці (чыталіся забароненыя кніжкі В.Ластаўскага, У.Ігнатоўскага, Я.Смоліча, польскамоўныя выданні);

— беларускай эміграцыі (праз радыё “Свабода” і дзякуючы “выкрывальным” савецкім публікацыям, з якіх выбіралася патрэбная інфармацыя);

— украінскага нацыянальна-вызвольнага руху (праз асабістыя кантакты) і, у некаторай ступені, аналагічных рухаў Прыбалтыкі;

— расійскага дысідэнцкага руху (праз самвыдат);

— кантактаў з прадстаўнікамі старога Беларускага Адраджэння, якія вярнуліся з канцлагераў, або з іх сваякамі (Язэп Сушынскі, Ларыса Геніюш, Мікола Улашчык, Паўліна Мядзёлка, у некаторай ступені Гаўрыла Гарэцкі, жонка Аркадзя Смоліча і інш.).

Найбольш актыўнымі ўдзельнікамі паслясталінскага нацыянальна-патрыятычнага руху былі студэнты, маладыя мастакі, навукоўцы-гуманітарыі (больш падрабязна пра гэта далей).

Жывымі абуджальнікамі гэтага перыяду былі найперш Уладзімір Караткевіч, Ларыса Геніюш, Мікола Ермаловіч, а таксама легендарныя постаці беларускай гісторыі і культуры: Каліноўскі, Багдановіч, малады Купала.

3. Спробы стварэння падпольных арганізацый

Спробы стварыць падпольныя патрыятычныя арганізацыі былі адзінкавыя. Падобныя арганізацыі, як правіла, мелі статут, праграму, а сяброўства ў іх было фіксаванае. У дзейнасці гэтых арганізацый на першым месцы стаяла задача нацыянальна-патрыятычнай прапаганды і асветы.

Вядома пра існаванне ў канцы 1950-х  — 1963 г. Беларускай рэвалюцыйнай партыі (БРП), якая дзейнічала на Берасцейшчыне, стаяла на пазіцыях узброенай барацьбы і была разгромленая карнымі органамі восенню 1963 г. Магчыма, на выбар тактыкі ўплывала традыцыя зусім нядаўняй мясцовай антыкамуністычнай партызанкі. На сёння звесткі пра БРП, на жаль, мінімальныя. Разам з тым існавалі і іншыя формы аб’яднання, якія аніяк не фіксаваліся на паперы і не мелі адпаведных арганізацыйных дакументаў. Гэта так званыя нефармальныя асяродкі.

4. Першыя нефармальныя асяродкі Менска (1950—1970-я гг.)

Група Лявона і Міхася Белых. Існавала ў 1957 г. За выраб і распаўсюд улётак у абарону беларускай мовы абодва браты былі асуджаныя на 10 гадоў зняволення.

У пачатку 1960-х гг. паўстае акадэмічны асяродак, а менавіта кола патрыятычна настроеных беларускіх навукоўцаў. Каб уявіць сабе сітуацыю, якая на той час існавала ў АН БССР, дастаткова прывесці наступныя факты: дырэктар Інстытута мовазнаўства не ўмеў размаўляць па-беларуску, не карысталіся беларускай мовай і ў іншых навуковых інстытутах, навуковая літаратура, за рэдкімі выключэннямі, друкавалася па-расійску. Прыём у аспірантуру ажыццяўляўся праз шчыльнае партыйна-кагэбісцкае сіта. А значная частка супрацоўнікаў, асабліва звязаных з беларусазнаўствам, была спецагентурай.

Усеагульная і ваяўнічая палітыка зрасійшчывання выклікала пратэсты шмат якіх прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, у тым ліку і акадэмічнай. Праўда, далёка не кожны адважваўся на выказванне сваёй пазіцыі, тым больш  — на нейкія дзеянні. Хоць хрушчоўская адліга быццам яшчэ і працягвалася, але страх, які глыбока ўеўся ў падсвядомасць беларуса, спаралюшваў хоць якую дзейнасць. І ўсё ж ад пачатку 1960-х гг. у асяроддзі маладых навукоўцаў і аспірантаў пераважна гуманітарных навуковых інстытутаў Акадэміі пачало складвацца нефармальнае кола аднадумцаў. Кола пастаянна пашыралася, але рух не быў фармалізаваны: не вялося ні спісаў, ні пратаколаў, не прымалася нейкіх пісьмовых рашэнняў. Некаторыя яго ўдзельнікі нават не былі між сабою знаёмыя.

Шмат хто з сяброў руху да таго як трапіць у сталіцу ўжо былі нацыянальназаангажаванымі асобамі. Знамянальна, што большасць паходзіла з Заходняй Беларусі або пэўны час там працавала. Менавіта там маладым людзям пашчасціла пазнаёміцца з жывымі ўдзельнікамі заходнебеларускага незалежніцкага руху, там ім у рукі трапляліся беларускія віленскія выданні, якіх нямала ацалела ў куфрах ды на паддашках.

Вось тыя асобы, якія ў 1974—1975 гг. былі звольненыя з працы на падставе абвінавачанняў у беларускім нацыяналізме (усе спісы прозвішчаў тут і далей пададзены ў алфавітным парадку):

Каўрус Алесь, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута мовазнаўства, нарадзіўся на Мядзельшчыне;

Лапуць Віктар, загадчык аддзела Інстытута геалогіі, нарадзіўся на Капыльшчыне ў сям’і, дэпартаванай у 1937 г. у Казахстан, вучыўся ў Львове;

Міско Сцяпан, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору, нарадзіўся на Слонімшчыне;

Пазняк Зянон, аспірант Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору, нарадзіўся на Івеншчыне;

Прашковіч Мікола, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры, нарадзіўся ў Бярэзінскім р-не, працаваў настаўнікам на Смаргоншчыне;

Рабкевіч Валянцін, старшы рэдактар Беларускай савецкай энцыклапедыі, нарадзіўся на Капыльшчыне, працаваў журналістам на Браслаўшчыне і Валожыншчыне;

Чарняўскі Міхась, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі, нарадзіўся і настаўнічаў на Мядзельшчыне.

Разам з тым быў і шэраг іншых удзельнікаў акадэмічнага асяродка, датычна якіх улады абмежаваліся “прафілактычнымі размовамі” і запалохваннямі.

Амаль кожны з гэтых асобаў меў кантакты з аднадумцамі па-за акадэміяй  — з універсітэцкай групоўкай студэнтаў-філфакаўцаў, з аб’яднаннем “На Паддашку”, з групоўкамі Гарадзеншчыны (Ларыса Геніюш, Алесь Белакоз і інш.), Маладзечна (Генадзь Каханоўскі, Мікола Ермаловіч і інш.), Баранавіч, Наваполацка. Важную ролю ў тагачасным патрыятычным руху адыгрывалі таксама мастак Лявон Баразна (забіты пры загадкавых абставінах у 1972 г.) і асабліва Уладзімір Караткевіч.

Чым займаўся акадэмічны асяродак?

Перадусім збіралі і назапашвалі інфармацыю адносна гісторыі нацыянальнага беларускага руху і яго дзеячаў, калекцыянавалі ўспаміны, кніжкі і часопісы, пераважна віленскага друку або часу Інбелкульту. Дзеля гэтага ладзіліся паездкі па вёсках і мястэчках Заходняй Беларусі, дзе яшчэ жылі старыя настаўнікі, дзеячы Грамады або КПЗБ. Асабліва плённымі былі экспедыцыі да віленскіх букіністаў. Здабытае чыталася, памнажалася фотаспосабам або на друкарках, перадавалася сябрам і знаёмым, студэнтам. Такім чынам адбывалася патрыятычная самаадукацыя і адукацыя.

Даволі рэгулярна ладзіліся сустрэчы з ветэранамі Беларускага Адраджэння. Яны адбываліся ў асноўным на кватэры ўдзельніка 1-га Усебеларускага кангрэса Язэпа Сушынскага. У іншых выпадках збіраліся пераважна ў пакоях аспіранцкага інтэрната на Акадэмічнай або інтэрната для навуковых супрацоўнікаў на Тыпаграфскай (цяпер Сурганава). Часта сустракаліся і на кватэры Уладзіміра Караткевіча. Абмяркоўваліся пытанні палітычнага і нацыянальнага жыцця, рабіліся спробы аналізу і вызначэння перспектыў, абгаворваліся магчымыя шляхі ўздзеяння на сітуацыю.

Вяліся пошукі аднадумцаў і ўсталёўваліся з імі кантакты. Асаблівая ўвага скіроўвалася на студэнтаў. Шукаліся таксама кантакты з іншымі патрыятычныямі асяродкамі. У выніку паўсталі (пераважна з дапамогай Міколы Прашковіча і аспіранта-ўкраінца, які навучаўся пры адным з акадэмічных інстытутаў) даволі шчыльныя сувязі з украінскім нацыянальным рухам.

Сябры асяродка стараліся знаходзіць здольных школьнікаў з беларускіх сем’яў і дапамагаць ім атрымаць вышэйшую адукацыю. Заахвочвалі выпускнікоў ВНУ з патрыятычнымі перакананнямі да паступлення ў аспірантуру. Стараліся правесці сваіх людзей на патрэбныя службовыя пасады, заахвочвалі іх да паступлення ў КПСС, разумеючы мажлівасці ўплыву тых, хто належаў да гэтай структуры. Быў папулярны лозунг: “Усе прыбалтыйскія нацыяналісты  — камуністы”.

Летам 1973 г. КГБ ушчыльную занялося акадэмічным асяродкам. Рэпрэсіўная хваля накацілася з Украіны, дзе ўжо поўным ходам ішоў разгром тамтэйшага патрыятычнага руху. На допытах і пры ператрусах натрапілі на сляды сувязяў з Беларуссю. У руках кагэбістаў апынуліся лісты некаторых сяброў асяродка з ацэнкай нацыянальнай палітыкі КПСС і з планамі каардынацыі супраціву ёй. Допыты ў Менску і іншых гарадах Беларусі разгарнуліся летам 1973 г. Па прыкладных разліках “на сумоўе” трапіла агулам да сотні навукоўцаў, выкладчыкаў ВНУ, настаўнікаў, студэнтаў. Мяркуючы паводле пытанняў, якія задаваліся на допытах, спецслужбы стараліся прыпісаць дысідэнтам стварэнне падпольнай нацыяналістычнай арганізацыі, з адпаведным кіраўніцтвам, структурай і сувязямі з замежжам. Асабліва цікавіліся асобай Уладзіміра Караткевіча, якому, здаецца, меркавалася надаць ролю лідэра беларускіх нацыяналістаў. Не міналася ўвагай і Ларыса Геніюш.

З версіяй КГБ аб існаванні падпольнай нацыяналістычнай арганізацыі не атрымалася. Вышэйшае партыйнае кіраўніцтва Беларусі не было зацікаўленае ў раздзіманні справы “аб нацыяналістах”. У рэспубліцы, жыхары якой з энтузіязмам пагалоўна ператвараліся ў рускамоўных савецкіх людзей, не магло быць нацыяналізму! Аднак кагэбісцкае начальства было іншай думкі. Яно чакала за праведзеную работу падзяк і ўзнагарод і заапелявала да Масквы. Адтуль прыехаў адпаведны эмісар, азнаёміўся са справамі падазраваных, і рэпрэсіўная машына закруцілася зноў. Для пакарання (звальненні з працы) былі найперш вылучаны Алесь Каўрус, Сцяпан Міско, Мікола Прашковіч, Валянцін Рабкевіч і Міхась Чарняўскі. Выбралі тых, хто найбольш засвяціўся радыкальнасцю сваёй пазіцыі або выказванняў і на каго меліся рэчавыя доказы “віны”. У Прашковіча гэта былі лісты ва Украіну, Чарняўскі ж перавёз у Беларусь рукапіс вядомай тады працы У. Дзюбы “Інтэрнацыяналізм, або русіфікацыя”.

Зімой 1973—1974 гг. вялася ідэалагічная падрыхтоўка да акцыі пакарання. Па ўсёй Беларусі партыйныя прапагандысты пачалі ў лекцыях расказваць аб выкрыцці нацыяналістычнай арганізацыі, якая рыхтавалася адарваць Беларусь ад сям’і брацкіх народаў СССР, прэтэндавала на адабранне ад Расіі Смаленшчыны і Браншчыны, ну і, канечне ж, імкнулася да рэстаўрацыі капіталізму. Называліся канкрэтныя прозвішчы ўдзельнікаў падполля. А чорная прапаганда ішла значна далей. Драбнейшыя партыйныя функцыянеры распускалі чуткі аб сувязях з замежнымі цэнтрамі, аб вагонах антысавецкай і нацыяналістычнай літаратуры, аб падвалах са зброяй. Не забываліся прапагандысты і на маральнае аблічча нацыяналістаў. Тады яшчэ не былі ў модзе наркотыкі, таму ім стараліся прыпісаць п’янства.

За “ўдзельнікамі арганізацыі” і іх сямейнікамі было ўстаноўленае пастаяннае назіранне. Віжы не адставалі ні на крок, нават сачылі, што жонкі паднаглядных купляюць у гастраномах. Раптам з’явіліся некаторыя даўнія і ўжо паўзабытыя знаёмыя, якія запаліся сяброўскімі пачуццямі, жаданнем увайсці ў сутнасць справы і, зразумела, дапамагчы.

У акадэмічных інстытутах акцыю пакарання арганізоўваў парткам акадэміі (старшыня парткаму  — П.Ц.Петрыкаў). У сакавіку справа дасягнула эпагею. Даваенным камсамольцам, якія яшчэ памяталі барацьбу з “ворагамі народа”, даручалася пісаць гнеўныя лісты з патрабаванем кары вінаватым. У аддзелах праводзіліся сходы, дзе кляймілі нацыяналістаў, якія вайной “палілі беларускія вёскі і тапілі дзяцей у калодзежах”. З вуснаў партфункцыянераў гучалі заклікі прыгледзецца да ўсіх, хто размаўляе па-беларуску.

Затым прыйшла чарга звальненняў з працы. Трэба адзначыць, што не ўсіх калегаў-навукоўцаў спаралюшаваў страх. Напрыклад, у Інстытуце літаратуры супраць пакарання М.Прашковіча выступіў пазнейшы вязень савецкіх псіхушак В. Зайцаў. У Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору ў абарону С.Міско выступіла М.Казлоўская. Годна сябе паводзілі некаторыя гісторыкі  — рускія і габрэі па нацыянальнасці, да таго ж, іх было цяжка абвінаваціць у “беларускім нацыяналізме”. Некалькі пазней, так бы мовіць наўздагон, паводле тых жа абвінавачанняў у нацыяналізме былі звольненыя з працы выкладчык Інстытута замежных моваў Павел Дзядзюля, Віктар Лапуць, Зянон Пазняк.

Бадай найбольш несамавітае адчуванне было з-за інфармацыйнай блакады. Рукапісы кніжак і артыкулаў удзельнікаў асяродка выкідаліся з планаў выдавецтваў і з рэдакцый, з усіх публікацый выкрэслівалася нават упамінанне іх прозвішчаў, забаранялася рабіць спасылкі на іх працы. Чалавек быццам знікаў з белага свету, як ніколі і не жыў!

Пасля звальнення з інстытутаў пакараным была даступная толькі нейкая фізічная праца. Які ж быў далейшы лёс удзельнікаў акадэмічнага патрыятычнага асяродка?

Цераз год—два частцы іх, з дапамогай Максіма Танка і пры спрыянні некаторых работнікаў апарата ЦК КПБ, нават удалося вярнуцца ў свае ранейшыя навуковыя ўстановы. Іншыя ўладкаваліся ў розныя рэдакцыі і выдавецтвы. Практычна ўсе яны на доўгі час захавалі актыўную творчую і патрыятычную пазіцыю, працягнулі працу як навукоўцы, удзельнічалі і ўдзельнічаюць у палітычным і грамадскім жыцці. Праўда, у першыя гады ім стваралі цяжкасці з публікацыямі, ну і, зразумела, яны заставаліся “невыязнымі” за мяжу ажно да гарбачоўскай перабудовы. Найбольш цяжка склаўся лёс Прашковіча. У яго адбыўся душэўны надлом. Ён цяжка захварэў на паралюш ног і згарэў у вясковай хаце, не здолеўшы выпаўзці з агню.

Асяродак студэнтаў філфака БДУ. Існаваў у 1962—1963 гг. Меў каля дзесяці сяброў. Выступалі супраць палітыкі зрасійшчвання, абмяжоўваліся вуснай прапагандай. Вясной 1963 г. асяродак разгромлены КГБ, частка студэнтаў выключана з універсітэта.

Асяродак “На Паддашку”. Існаваў у 1966—1985 гг. Пра гэта аб’яднанне творчай (пераважна мастакоўскай) і навуковай маладой інтэлігенцыі Менска ўспамінае “гаспадар” майстэрні Яўген Кулік:

А мы жылі ў той час і мелі сваё кола. У ім былі збольшага мастакі. У той час быў таксама асяродак у Акадэміі навук. Ну, і Зянон Пазняк, то гэта проста была асоба, якая была асобна. Мы ніколі не дазведваліся ў яго пра ягоныя справы, а ён нас не лічыў такімі заўзятымі падпольшчыкамі.

У 190-х, калі толькі зараджаўся “Паддашак”, больш-менш сведамых людзей было замала. Iмы займаліся тым, што лічылі патрэбным — у асноўным культурніцкай работай, але абсалютна не цураліся праяваў грамадзкай працы. У грамадзкім плане ўсё пачыналася з Купалля, з падпольных Купалляў, якія якраз прыпадалі на самыя чорныя гады: 1973, 1974, 1976 гг. Падчас святкавання Купалля ў Заслаўі ў ваколіцах хадзілі міліцыянты з аўчарамі і стаялі пажарныя машыны, было вусцішна….

Нас тады цікавіла ўсё, што б сведчыла пра нашу самастойнасць, самабытнасць. Мы нават выпісвалі цытаты з Энгельса, Леніна, дзе нейкім чынам згадвалася пра Беларусь. Цяпер гэта гучыць, магчыма, вельмі смешна, а тады такі быў час. (…)

Мы абсалютна давяралі адзін аднаму, аднак былі дастаткова замкнёным колам. Гэта ўжо нашыя спадкаемцы, «маладзёны», што прыйшлі пасля нас, казыраюць тым, што іхная дзейнасць была накіраваная і вонкі, а ў 1970-х быў зусім іншы час.

…Майстэрня была маленькая, 15 квадратных мэтраў, дый групы, што збіраліся, былі розныя. 3 адной размаўлялі пра гэта, з іншай яшчэ пра нешта. Мы самазасцерагаліся, можа, нават больш, чым трэба. Аднак асяродак быў шырокі, да нас прыязджалі з Віцебска Алесь Лабанок, з Рыгі Вячка Целеш, якіх мы пасвячалі ва ўсе тайны. Асноваю ж “Паддашка” былі мастакі.

Усё пачалося ў 1966 г., калі я атрымаў майстэрню. Да гэтага збіраліся ў прыяцеля, які здымаў пакой. Першымі былі Пеця Драчоў, Валя і Пятро Свентахоўскія, Барыс Мельнікаў, Лявон Баразна. Потым з’явіліся Аляксей Марачкін, Віктар Маркавец. У 1972 г. мы разам хавалі Лявона Баразну, і ягоная смерць нас загартавала, сцэментавала.

“Паддашак” быў «шырокагаліновым прадпрыемствам». Людзі збіраліся ў мяне, але ў кожнага быў яшчэ свой асяродак. Нам нават цяжка нешта было інкрымінаваць, бо мы займаліся гісторыяй, а нават “Полымя” друкавала такое.

Падобныя сходкі інтэлігенцыі, можа, не такія рэгулярныя, адбываліся і ў некаторых іншых мастакоўскіх майстэрнях  — А.Шатэрніка і В.Маркаўца, А.Марачкіна.

Асяродак студэнтаў філфака БДУ. Існаваў у 1978 г. Галоўнае патрабаванне  — выкладанне навучальных прадметаў на беларускай мове. За гэтыя патрабаванні А.Разанаў і В.Ярац былі выключаныя з універсітэта.

“Беларуская майстроўня”. Існавала ў 1979—1984 гг. Аб’яднанне, створанае пераважна студэнтамі універсітэта і Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута, дзейнічала пераважна ў Менску. Ставіла за мэту адраджэнне ў гарадскіх умовах беларускай народнай культуры, усяго беларускага. Пазней сваю актыўнасць “Майстроўня” пачала пашыраць на іншыя гарады Беларусі. Пасля пратэстаў у красавіку 1964 г. супраць зносу будынка былога Менскага гарадскога тэатра пачаліся затрыманні і пераслед сяброў аб’яднання, і яно спыніла сваё існаванне, трансфармаваўшыся ў шэраг іншых, з такой жа культурна-асветніцкай, а таксама палітычнай скіраванасцю дзейнасці (напрыклад, клуб імя Караткевіча і клуб “Талака”).

5. Індывідуальны супраціў (Ржэўскі, Ермаловіч, Сідарэвіч, Карпюк)

З ліста Браніслава Ржэўскага старшыні камісіі заканадаўчых прапаноў Савета Саюза Д.С.Палянскаму:

Председателю Комиссии законодательных предложений

Совета Союза Д.С.Полянскому

от Ржевского Бронислава Андреевича,

1905 г. рожд., уроженца дер. Добрицкое Борисовского района Минской области, белоруса, г-на СССР, беспартийного, семейного, имеющего высшее образование, кандидата филологических наук, ранее не судимого, до ареста работавшего старшим преподавателем Гродненского пединститута, приговоренного судебной коллегией по уголовным делам Гродненского областного суда 25 марта 1957 г. по ст. 72-а УК БССР к лишению свободы сроком на семь лет с последующим поражением в избирательных правах на пять лет, ныне находящегося в ИТЛ Мордовской АССР, Зубово, Полянский р-н, п/я 385/7.

(…)

Третий год я нахожусь в заключении. Но меня мучает не столько заключение, сколько горе и страдание от убежденности в своей невиновности и в сознании незаконности судебного приговора. Свободные часы своего тягостного заключения я посвятил одному: по трудам В.И.Ленина, по первоисточникам марксистской литературы проверить себя, найти свои ошибки. Этих ошибок у себя я не нашел и еще больше убедился, что прав я. Я обращаюсь к Вам и прошу только об одном: Разъясните мне, в чем я заблуждаюсь, в чем мое уголовное преступление?

(…)

Я прошу Вас, разъясните мне, в силу каких реальных законов (кем и когда изданных) белорусский язык в БССР оказался изгнанным из партийных и советских органов и заменен русским языком (тогда как русский язык является в СССР для союзных республик только языком интернациональных связей)? Почему суды в БССР защиту мною известных партийных решений по вопросу о языках нацменьшинств в союзных республиках квалифицируют контрреволюционными действиями и социально опасными?

(…)

Статья 86 Конституции БССР и статья 110 Конституции СССР обязывает органы прокуратуры и все судопроизводство в республике вести на белорусском языке. За последние 25 лет ни одного судебного дела не было оформлено на белорусском языке. Где, в какой стране можно встретить такое отношение прокуратуры и суда к законам собственной страны?

(…)

Статья 96 Конституции БССР и статья 121 Конституции СССР обеспечивают права гражданам БССР на воспитание и обучение на родном языке. Может ли осуществиться это право практически при условии, что:

а) в средних и высших педагогических учебных заведениях БССР преподавание ведется только на русском языке, и будущие педагоги, естественно, не подготовлены вести преподавание на белорусском языке;

б) в органах народного образования, как и во всех других советских учреждениях, белорусский язык практически исключен, а контроль школ проводят люди, в большинстве случаев не владеющие белорусским языком;

в) когда в школы, которые официально числятся с преподаванием на белорусском языке, на работу директоров, завучей, пионервожатых, библиотекарей посылаются люди, не владеющие белорусским языком;

г) когда во всех городах и райцентрах БССР все школы с белорусским языком преподавания были закрыты. При этом причиной, поводом для закрытия белорусских школ чаще всего было: кто-то из руководящих работников не пожелал своих детей обучать в школе с белорусским языком преподавания;

д) когда во всех детских яслях, детских садах в БССР белорусские дети не слышат белорусского слова. Когда со дня рождения они отрываются от своей родной почвы.

(…)

Б.Ржевский, Дубровлаг. 1959 г., 20-го мая

Яскравымі прыкладамі індывідуальнага супраціву была і дзейнасць такіх асобаў як гісторык Мікола Ермаловіч, гісторык і філосаф Анатоль Сідарэвіч, пісьменнік Аляксей Карпюк. Да спісу гэтых людзей трэба далучыць Міхала Дубянецкага і Аляксея Каўку, першых беларускіх нацыянал-камуністаў у паслясталінскі час. Жыццё і дзейнасць кожнай з гэтых асобаў заслугоўвае асобнага даследавання.

6. Уздым нацыянальна-патрыятычнага руху ў 80-х гадах

1985 г.  — пачатак новай хвалі Беларускага Адраджэння. Па ўсёй краіне пачынаюць паўставаць патрыятычныя клубы. Не заглыбляючыся ў гэты адметны перыяд нашай найноўшай гісторыі, працытуем адно “Ліст 28-мі” (1986 г.) Генеральнаму сакратару Цэнтральнага камітэта КПСС М.С.Гарбачову, які добра перадае патрыятычную атмасферу тых гадоў.

(…)

Мы переживаем сложный период в истории белорусского народа, когда требуются решительные действия по спасению (именно спасению, ибо отдельные меры поверхностно-косметического характера положения не исправят) родного языка, родной культуры, а следовательно, белорусского народа от духовного вымирания. Для этого, на наш взгляд, необходимо осуществить в первую очередь следующие мероприятия:

а) приступить к введению белорусского языка в качестве рабочего в партийные, государственные (прежде всего это касается министерств просвещения, культуры, высшего и среднего специального образования, связи, государственных комитетов по делам издательств, полиграфии и книжной торговли, по кинематографии, по телевидению и радиовещанию, Академии наук) и советские органы и учреждения республики;

б) ввести обязательный выпускной экзамен по белорусскому языку и литературе (сочинение) в средней школе и по белорусскому языку (диктант) в восьмилетней (неполной средней) школе, независимо от того, на каком языке ведется обучение в этих школах;

в) ввести обязательный для всех абитуриентов (кроме прибывших из-за пределов БССР и СССР) вступительный экзамен по белорусскому языку и литературе (сочинение) во всех учебных заведениях и по белорусскому языку (диктант) в средних специальных учебных заведениях (техникумах) республики.

Белорусский язык является одной из основ существования государственности белорусского народа, и поэтому он должен охраняться законодательными актами. Его использование во всех сферах государственной и общественной жизни должно обеспечиваться и стимулироваться всеобъемлющим комплексом мероприятий, органическую часть которых составляют и мероприятия по патриотическому воспитанию (“Комплекс предлложений по коренному улучшению положения родного языка, культуры и патриотического воспитания в Белорусской ССР” на 6 страницах прилагается). Мы считаем, что предварительным условием осуществления этих мероприятий должно быть обновление кадров, не заинтересованных в развитии культуры и образования на белорусском языке, в Министерстве просвещения, Министерстве высшего и среднего специального образования, Министерстве культуры, Госкомиздате, Госкино, Гостелерадио Белорусской ССР.

Уважаемый Михаил Сергеевич! Мы не прибегали в этом письме к цитированию известных суждений о развитии национальных культур и языков выдающихся мыслителей, положений по этому вопросу классиков марксизма, глубоких, мудрых высказываний В. И. Ленина, равно как и не стали ссылаться на общеизвестные программные документы по этому вопросу партийных съездов. Мы постарались изложить факты и наши суждения о мерах на наш взгляд, необходимых для исправления сложившегося положения с родным языком в республике.

Гэты ліст мог бы быць напісаны і сёння. Але ўжо ў 1986 г. людзі не баяліся адстойваць свае нацыянальныя інтарэсы. Гэты страх прапаў амаль на цэлае дзесяцігоддзе! З гэтага ж часу пачалося легальнае змаганне за беларускую мову і культуру, а хутка  — і за адраджэнне беларускай дзяржаўнасці.

7. Заключэнне

Замест заключэння пададзім тут зусім не поўны пералік колькасці затрыманых ці рэпрэсаваных нейкім іншым чынам асобаў за антысавецкую дзейнасць па гадах.

1953 г.  — 10 ас.
1954 г.  — 3 ас.
1955 г.  — 2 ас.
1956 г.  — 2 ас.
1957 г.  — 48 ас.
1958 г.  — 15 ас.
1959 г.  — 5 ас.
1960 г.  — 4 ас.
1961 г.  — 3 ас.
1962 г.  — 8 ас.
1963 г.  — 13 ас.
1964 г.  — 4 ас.
1968 г.  — 2 ас.
1970 г.  — 2 ас.
1972 г.  — 3 ас.
1979 г.  — 2 ас.
1980 г.  — 1 ас.
1982 г.  — 2 ас.
1983 г.  — 2 ас.
1984 г.  — 2 ас.
1985 г.  — 2 ас.
1986 г.  — 2 ас.
1987 г.  — 2 ас.

Літаратура:

1. Антысавецкія рухі ў Беларусі (1944—1956): Даведнік.  — Мінск, 1999.

2. Дэмакратычная апазіцыя Беларусі (1956 —1991). Персанажы і кантэкст: Даведнік.  — Мінск, 1999.

3. Лыч Л., Навіцкі У. Гісторыя культуры Беларусі.  — Мінск, 1996.

4. Нонканфармізм у Беларусі: 1953 —1985: Даведнік. Т. 1. Мінск, 2004.

5. Пазацэнзурны перыядычны друк Беларусі (1971 —1990): Каталёг. Менск, 1998.

6. Уліцёнак А. Іншадумцы = мыслящие иначе.  — Мінск, 1991.

7. Шыбека З. Нарыс гісторыі Беларусі (1795 —2002).  — Мінск, 2003.

8. Акадэмічны патрыятычны асяродак (1960-я гады) // Шуфляда. Т. 1. Менск, 1999.

You may also like...