Таталітарызм. Курс лекцыяў (Лекцыі 10-12)

Лекцыі № 7-9 можна прачытаць тут.

Валянцін МАЗЕЦ.

‘Лекцыя 10. “КАМУНІСТЫЧНАЕ ВЫХАВАНЬНЕ МАСАЎ”, АЛЬБО СМІ ЯК “КАЛЕКТЫЎНЫ АГІТАТАР І ПРАПАГАНДЫСТ”

Плян:

1. СМІ — частка сыстэмы ідэалягічнага ўціску

2. Становішча СМІ ў пасьляваенны пэрыяд

 

СМІ — частка сыстэмы ідэалягічнага ўціску

Трэба аддаць належнае: бальшавікі ад самага пачатку добра разумелі, наколькі істотную ролю ў справе маніпуляваньня сьвядомасьцю людзей могуць адыгрываць сродкі масавай інфармацыі й камунікацыі. Нездарма адной зь першачарговых задач бальшавіцкай рэвалюцыі зьяўляўся захоп тэлеграфу, тэлефону й пошты. Вядома таксама, што Ленін называў газэту “калектыўным агітатарам і прапагандыстам”. І менавіта з прычыны масавага й дзейснага ўплыву кіно на сьвядомасьць людзей ён вызначаў яго як самае важнае для бальшавікоў мастацтва. Падобную ролю СМІ ў справе маніпуляваньня сьвядомасьцю людзей будуць пазьней усьведамляць толькі ідэолягі трэцяга Рэйху.

Ня дзіўна, што адразу ж пасьля савецка-польскай вайны й некаторай стабілізацыі бальшавіцкай улады на тэрыторыі Беларусі камуністы ўзяліся за наладжваньне кантролю ўсіх друкаваных сродкаў масавай інфармацыі. Ужо ў студзені 1921 году Прэзыдыюм ЦВК БССР прыняў Пастанову “Аб утварэнні Дзяржаўнага выдавецтва Беларусі і цэнтралізацыі друкарскай справы”. Сутнасьць таго, што неабходна было зрабіць, вельмі дакладна перададзена ў самой назве дакумэнту: “…цэнтралізацыя друкарскай справы”. У гэтым жа годзе было зацьверджана “Палажэнне аб Дзяржаўным выдавецтве”. На дзяржаўнае выдавецтва ўскладалася задача рэгуляваньня ўсёй выдавецкай дзейнасьці ў рэспубліцы.

Такім чынам, улада зрабіла першыя крокі ў кірунку да ўсталяваньня жорсткага кантролю СМІ. Хоць гэта й быў толькі пачатак, але ўжо ў той час уявіць сабе, што ў краіне маглі легальна выдавацца якія-небудзь непартыйныя, некамуністычныя газэты, было немагчыма: плян і “цэнтралізацыя друкарскай справы” выключалі падобную сытуцыю. Спробы адхіліцца ад вызначаных партыяй плянаў адразу ж спыняліся.

Напрыклад, у красавіку 1922 году Інбелкульт стварае каапэратыўнае выдавецкае таварыства “Адраджэньне” на чале з Антонам Баліцкім. Таварыства выпусьціла 13 назваў падручнікаў, навукова-папулярнай і мастацкай літаратуры. Пасьпела яно выдаць і літаратурна-навуковы весьнік “Адраджэньне”, аднак Цэнтральнае бюро КП(б)Б прызнала ягоны зьмест антысавецкім. А таму ўвосень 1922 году ЦБ “рэарганізуе” выдавецкае таварыства “Адраджэньне” — г.зн. зачыняе яго, і на ягоным месцы стварае сваё выдавецтва “Савецкая Беларусь”. Дарэчы, адзначым, што зьмена назвы — даволі сымбалічная: Беларусь, паводле камуністычных плянаў, мусіла стацца савецкай і камуністычнай.

Паступова ў БССР усталёўваецца й цэнзура. З ініцыятывы ЦБ КП(б)Б у студзені 1923 году ствараецца Галоўліт. Пра дзейнасьць гэтага органу ідэалягічнага нагляду ўжо распавядалася ў папярэдніх лекцыях.

У 1923 годзе зьяўляюцца новыя пэрыядычныя выданьні, органы ЦК ЛКСМБ — “Маладняк”, “Малады араты”, “Чырвоная змена”, “Дэр юнгер арбэтэр”. Тэндэнцыя павелічэньня колькасьці партыйных газэт і часопісаў назіраецца й у 1924—1925 гг. Разам з тым, відавочнай ёсьць і яшчэ адна тэндэнцыя: усё больш месца ў гэтых выданьнях адводзіцца прапагандысцкім і агітацыйным матэрыялам.

У канцы 20-х—пачатку 30-х гадоў выкрышталізоўваюцца асноўныя кірункі так званай ідэалягічнай работы, у якой газэтам, часопісам і кнігам адводзілася адна з галоўных роляў. Вызначаючы гэтую ролю, газэта “Звязда” ад 28 студзеня 1930 году пісала: “Камуністычны друк — калектыўны агітатар, прапагандыст і арганізатар сацыялістычнай рэканструкцыі народнай гаспадаркі, мацнейшая зброя ленінскай нацыянальнай палітыкі партыі”. Задачы, якія мусіў выконваць “калектыўны агітатар, прапагандыст і арганізатар”, вынікалі з розных партыйных кампаніяў.

Да прыкладу, на пачатку 30-х гадоў пэрыядычныя выданьні займаюцца “ідэалагічным забеспячэннем” кампаніі калектывізацыі. “Беларуская вёска павінна рашуча выправіць свае памылкі. Не плясціся ў хвасце, а быць на чале сацыялістычнай перабудовы вёскі” — цьвердзіла “Звязда” 14 лютага 1930 г. Дзеля прапаганды ідэі калектывізацыі ў тым жа годзе пачынаюць выходзіць спэцыяльныя часопісы: “Шляхі калектывізацыі”, “Беларуская работніца і сялянка”, “Сельская і лясная гаспадарка”.

З тым каб “лінія партыі” праводзілася менавіта так, як гэта бачылася “зверху”, у СМІ час ад часу накіроўваюцца надзейныя й загартаваныя людзі. У 1930 г. ЦК КП(б)Б прымае разгорнутую Пастанову па справаздачы Белдзяржвыдавецтва. Пастановай прадугледжвалася ўзмацненьне адказнасьці рэдактараў за зьмест выпусканай літаратуры. Для ажыцьцяўленьня партыйнай палітыкі ў выдавецкай справе Белдзяржвыдавецтва й кнігагандлёвыя органы “ўмацоўваюцца” работнікамі-камуністамі.

Разгортваньне радыёфікацыі супадае яшчэ з адной буйнамаштабнай кампаніяй. Радыё, якое адразу ж робіцца сродкам камуністычнай прапаганды, разглядаецца “як вострая зброя, якая дапамагае змагацца і перамагаць заклятага ворага — кулака, нэпмана і іхных саюзнікаў — папоў усіх масцей і іншых ворагаў пралетарыяту”. (Звязда, 1930, 16 лютага). Пададзеная цытата фактычна ўтрымлівала ў сабе новую на той час камуністычную ідэалягему й фармулёўку новай задачы, якая ставілся перад СМІ,— змаганьне з ворагамі.

Ворагаў, як вядома, аказалася надзвычай шмат. Барацьба вялася супраць кулакоў, клерыкаў, навукоўцаў-нацыяналістаў, літаратараў і г.д., а таму ў партыйных журналістаў і выданьняў зьявілася вельмі шмат новых клопатаў і працы.

“У адносінах выкрыцця варожых установак і вылазак чуждых нам гісторыкаў… асабліва вялікія заслугі мае газета “Звязда” і часопіс “Большэвік Беларусі” — пісаў акадэмік Васіль Шчарбакоў у сваёй кнізе “Класавая барацьба і гістарычная навука на Беларусі”. — І ў “Звяздзе”, і ў “Большэвіку Беларусі” з’яўляецца цэлы рад крытычных, выкрываючых шкодныя ўстаноўкі, артыкулаў і рэцэнзій”. Сапраўды, на старонках часопісу “Большэвік Беларусі” рэгулярна друкаваліся почасту ананімныя рэцэнзіі-даносы на творы асобных пісьменьнікаў, паэтаў і навукоўцаў.

Адчувальны ўнёсак у пошук і выкрыцьцё “ворагаў” зрабіў і часопіс “Савецкая краіна”. У артыкуле Л.Бабровіча й Ів.Шпілеўскага “Супраць контр-рэвалюцыйных нацдэмаўскіх тэорый у этнографіі” носьбітамі гэтых тэорыяў былі названыя Я.Лёсік, С.Некрашэвіч, М.Касьпяровіч, а галоўным ідэолягам — В.Ластоўскі. У другім сваім артыкуле “Мовазнаўства як сродак класавай барацьбы ў руках беларускіх нацыянал-дэмакратаў” Л.Бабровіч і Ів.Шпілеўскі ўчыняюць сапраўдны пагром беларускага мовазнаўства, скіраваўшы свой галоўны ўдар на супрацоўнікаў Інстытуту мовы Беларускай акадэміі навук.

Што тычыцца саміх пэрыядычных выданьняў, якія, на думку цэнзараў і рэцэнзэнтаў, няправільна альбо недастаткова правільна асьвятлялі, ці наагул не асьвятлялі задачы партыі, то тут адной з самых распаўсюджаных формаў змаганьня зь імі былі дакладныя запіскі, альбо прасьцей — даносы. Прыкладам, “Дакладная запіска” Я.Сініцкага ў ЦК КП(б)Б ад 11 лютага 1933 году, у якой аўтар дае характарыстыку часопісам “Шляхі калектывізацыі”, “Паляўнічы Беларусі”, “Тэхніка ў масы” й “Савецкая краіна” за 1932 год. Рэдакцыя часопісу “Шляхі калектывізацыі” зьвінавачвалася за тое, што ў ім “амаль зусім не закраналася пытанне барацьбы з кулацкімі контррэвалюцыйнымі элементамі, якія ўсялякімі спосабамі імкнуліся сарваць збожжазагатоўкі”.

Недахопы “Паляўнічага Беларусі”, зь меркаваньня Я.Сініцкага, палягалі ў тым, што “палітычныя артыкулы не зусім удалыя і не зусім канкрэтныя, г.зн. не праламляюць дырэктыў партыі і ўраду ў канкрэтнай галіне сваёй работы”, і наагул, “гэта лішні, казённы, ведамственны зборнічак рэзалюцый, пастаноў Белахотсаюзу з аздобай “творчасцю” літаратурных халтуршчыкаў Целеша і Кляшторнага”. Рэдакцыю часопісу “Тэхніка масам” зьвінавачвалі за тое, што “Маркс, Энгельс і Ленін характарызаваліся ў адным з артыкулаў як вялікія тэарэтыкі, а т.Сталін — толькі як вялікі практык”.

Рэдакцыю часопісу “Савецкая краіна”, нягледзячы нават на ранейшыя заслугі ў выкрыцьці “ворагаў народа”, рэзка скрытыкавалі за выкарыстаньне тэрміну “адраджэньне” ў артыкуле “Тарфяныя рэсурсы БССР”. “Рэдакцыя не можа не знаць, што лозунг “адраджэньня” нацдэмаўскі, контррэвалюцыйны лозунг” — падкрэсьліваў Я.Сініцкі. Цытаваная дакладная запіска цікавая й яшчэ ў адным аспэкце: яна яскрава дэманструе ступень калектыўнага псыхозу, апанавалага грамадзтвам. Клясавая пільнасьць, зь якой пачыналі бальшавікі, урэшце ператварылася ў маньякальна-навязьлівыя пошукі ворагаў — у тым ліку, і сярод сваіх.

На падставе гэтай дакладной запіскі 18 красавіка 1933 году Бюро ЦК КП(б)Б прыняло рашэньне закрыць вышэй названыя часопісы й яшчэ 7 выданьняў. Пастанова прадугледжвала: “абавязаць рэдактараў і членаў рэдкалегій часопісаў пад іх персанальную адказнасць забяспечыць сапраўды бальшавіцкі кантроль за зьместам часопісаў”. Разам з рэдактарамі часопісаў адказнасьць за зьмест часопісаў ускладалася й на кіраўнікоў тых установаў і арганізацыяў, выданьнем якіх зьяўляўся часопіс. Гэткім чынам, мэханізм цэнзуры імплянтаваўся ў самі выданьні й тыя структуры, якія былі іхнымі заснавальнікамі.

Нязважна на закрыцьцё асобных пэрыядычных выданьняў, да сярэдзіны 30-х гадоў агульная іх колькасьць не зьмяншалася, а, наадварот,— павялічвалася. Так, калі ў 1925 годзе ў БССР выходзілі 42 друкаваныя газэты, то ў 1930 годзе іх было ужо 118, а ў 1934 — 349, зь якіх 11 — цэнтральных, 75 — раённых газэт. Да таго ж, кожны калгас, саўгас, прадпрыемства й арганізацыя мусілі мець свой насьценны друк.

Дзеля здавальненьня ўзрослай патрэбы ў журналістах увосень 1932 г. арганізуецца Камуністычны інстытут журналістыкі (КІЖ). На 1 ліпеня 1934 г. у ім навучалася 189 чалавек. У гэтым жа годзе быў праведзены першы выпуск 37 будучых работнікаў раённага й палітаддзельскага друку.

Падрыхтоўка новых журналісцкіх кадраў выклікалася, аднак, ня толькі ўзрослай колькасьцю газэт і часопісаў. Пасьля праведзеных на пачатку 30-х гадоў масавых чыстак у рэдакцыях і выдавецтвах БССР адчуваўся востры недахоп кадраў. Пра гэта сьведчыць ліст сакратара ЦК КП(б)Б Гікалы ў ЦК ВКП(б), у якім ён адзначае: ”На сучасны момант не хапае каля 70 кіруючых работнікаў друку. Рэдакцыі цэнтральных газет рэспублікі — “Звязда”, “Рабочий”, рэспубліканскай яўрэйскай газеты “Октябрь”, польскай газеты “Орка”, газет шэрагу прамысловых раёнаў — Белдзяржвыдат, Галоўліт і КІЖ адчуваюць выключна вострую патрэбу ў кваліфікаваных партыйных газетных кадрах”.

Вырашыць гэтую праблему ўласнымі сіламі Гікала лічыў не магчымым. Асабліва цяжкая сытуацыя з кадрамі была ў Галоўліце. З 12 штатных работнікаў Галоўліту пасьля праведзеных чыстак у 1936 годзе засталося толькі 2. Не было начальніка Галоўліту, намесьніка й 5 рэдактараў.

Маштабы рэпрэсіяў, аднак жа, аніяк не сувымяраліся зь лікам падрыхтаваных журналістаў, а таму ў пэрыяд з 1932 г. да 1937 г. скарацілася й колькасьць часопісаў — з 28 да 10, а іхны агульны наклад зьменшыўся з 1 млн. 488 тысяч асобнікаў да 584 тыс. Агульная колькасьць газэт скарацілася з 349 да 197, а іхны наклад зьменшыўся з 23 млн. 169 тысяч да 19 млн. 767 тысяч. Пры гэтым цынічнасьць і парадаксальнасьць сытуацыі палягала ў тым, што на ўсіх, хто яшчэ заставаўся працаваць у СМІ, ускладалася задача апраўданьня рэпрэсіяў.

У пэрыяд з 1937 да 1939 гг. пэрыядычныя выданьні літаральна стракацяць рознымі матэрыяламі пра чарговыя змовы й новых ворагаў народу. Дастаткова толькі паглядзець на адныя назвы артыкулаў газэты “Звязда” за студзень-сакавік 1938 году: “Ліквідаваць шкодніцтва ў ахове здароўя”, “Варожая рука арудуе ў калгасе “Чырвоны араты”, “Шкоднікі ў лясгасе” (9 студзеня), “Тройчы праклятыя шпіёны і правакатары”, “Калі вораг не здаецца — яго знішчаюць” (6 сакавіка), “Дзякуй НКВД, які выкрыў змяінае гняздо шпіёнаў”, “Прысуд адзін ім — расстраляць” (12 сакавіка), “Народ вітае прыгавор”, “Да канца выкарчуем усіх ворагаў” (15 сакавіка).

Пры гэтым задача “далейшага ачышчэння кадраў работнікаў друку ад прытаіўшыхся і пакуль яшчэ не выкрытых ворагаў і іншых чужых элементаў” лічылася важнейшай для работнікаў сродкаў масавай інфармацыі. Гэткім чынам, калі ўзяць пад увагу татальны кантроль дзейнасьці СМІ, адсутнасьць якой бы там ні было журналісцкай свабоды, а таксама фактычна масавыя рэпрэсіі супраць саміх журналістаў, то зусім не выпадковай зьявай выглядае самацэнзура — фэномэн, які цягам доўгіх гадоў быў адметнай і характэрнай рысай савецкай журналістыкі. Вытокі гэтай зьявы ў 30-х гадох і масавых рэпрэсіях — у тым ліку, і супраць журналістаў.

У 1938 годзе быў апублікаваны “Кароткі курс гісторыі ВКП(б)”. Па частках яго друкавалі цэнтральныя рэспубліканскія газэты “Советская Белоруссия” і “Звязда”. 14 лістапада 1938 году ЦК ВКП(б) прымае Пастанову “Аб арганізацыі партыйнай прапаганды ў сувязі з выпускам “Кароткага курса гісторыі ВКП(б)”, у якой вызначаецца роля сродкаў масавай інфармацыі ў прапагандзе марксізму-ленінізму. У адпаведнасьці з гэтаю Пастановаю, аб’ядноўваліся аддзелы партыйнай прапаганды й агітацыі й аддзелы друку й выдавецтваў — як у апараце ЦК, так і ў апаратах ЦК нацыянальных камуністычных партыяў — у адзіныя аддзелы прапаганды й агітацыі. Партыя, нарэшце, зрабілася й галоўным журналістам.

Другая ўсясьветная вайна, усталяваньне на тэрыторыі Беларусі акупацыйнага рэжыму зрабілі немагчымым функцыянаваньне тут савецкай палітычнай сыстэмы. Разам з тым, перамога ў вайне, знаёмства франтавікоў з жыцьцём у некамуністычных краінах спараджалі спадзяваньні на некаторую лібэралізацыю палітычнае атмасфэры пасьля вайны. Спадзяваньні, аднак, ня спраўдзіліся.

Ужо ў 1943 годзе аднаўляе сваю дзейнасьць беларускі Галоўліт, а ў канцы 1944 году ягоныя аддзяленні дзейнічалі ва ўсіх абласьцёх рэспублікі, за выключэньнем — Полацкай.

Становішча СМІ ў пасьляваенны пэрыяд

У пасьляваенныя гады партыйнае кіраўніцтва даволі хутка ня толькі аднаўляе выпуск газэт і часопісаў, але й робіць захады па павелічэньні іх колькасьці й агульнага накладу. Так, у 1946 годзе ўжо выходзіла 196 газэт і 10 часопісаў. У гэты час, аднак, выяўляюцца й некаторыя сутнасныя зьмены ў партыйнай выдавецкай палітыцы. А менавіта гаворка вядзецца пра паступовую русіфікацыю пэрыядычнага друку. Калі ў 1946 годзе наклад беларускамоўных газэт складаў 95 млн. 685 тыс. асобнікаў, а расейскамоўных — 38 млн. 538 тыс., то ў 1955 годзе гэтыя суадносіны ўжо былі: 140 млн. 624 тыс. і 123 млн. 133 тыс… Калі ў 1946 г. наклад расейскамоўных часопісаў складаў крыху больш за 1%, то ў 1955 г. ён быў ужо больш за 31%. У наступныя гады гэтая тэндэнцыя ня толькі захоўвалася, але й узмацнялася.

Нарэшце ў 1959 г. гадавы наклад газэт на расейкай мове пераўзышоў наклад беларускамоўных пэрыядычных выданьняў. Наклады расейскамоўных газэт вызначаліся агульнай лічбай 147 млн. 353 тыс. асобнікаў, а беларускамоўных — 144 млн. 65 тыс. Істотнасьць гэтых зьменаў відавочная ў больш шырокім кантэксьце русіфікацыі школьных і ўнівэрсытэцкіх праграм, паніжэньня сацыяльнага й культурніцкага статусаў беларускай мовы. Менавіта ў пасьляваенныя гады паўстае шэраг стэрэатыпаў, паводле якіх беларуская культура й мова набываюць характарыстыку ніжэйшых і недаразьвітых. Узмацняцца гэты працэс будзе й у наступныя гады — у зьвязку з паступовым павелічэньнем міграцыі беларускага насельніцтва ў гарады — месцы бытаваньня “высокай” расейскай культуры й мовы.

Ідэолягі партыі па-ранейшаму пільна сачылі ня толькі за зьместам друкаванай прадукцыі, але й за тым, каб насельніцтва выпісвала й чытала пэрыядычныя выданьні. Так, напрыклад, у 1948 годзе ў Маладэчанскай вобласьці наклад выпісваных насельніцтвам газэт на працягу году зьніжаўся. У сувязі з гэтым інструктар сэктару друку, паліграфіі й выдавецтва Пучынскі прапануе запатрабаваць ад Маладэчанскага абкаму КП(б)Б бальшавіцкай адказнасьці за работу й стан друку ў вобласьці, умацаваць газэты палітычна ўстойлівымі й падрыхтаванымі людзьмі. 1 сьнежня 1948 году “Звязда” ў сваім перадавым артыкуле “Бальшавіцкі друк — у шырокія масы працоўных” заклікае больш актыўна арганізоўваць падпіску на пэрыядычныя выданьні. 22 верасьня 1951 году ЦК КП(б)Б прымае спэцыяльную Пастанову “Пра распаўсюджванне і дастаўку перыядычнага друку ў рэспубліцы”.

Значную ўвагу ў першае пасьляваеннае дзесяцігодзьдзе партыйныя органы надавалі ня толькі пэрыядычнаму друку, але й радыёвяшчаньню. Менавіта ў гэты пэрыяд радыё робіцца сапраўды масавым сродкам інфармацыі. Па стане на 1 студзеня 1949 году ў БССР працавала 397 радыёвузлоў, што складала 202% ад даваеннага ўзроўню. Мясцовае вяшчаньне ў рэспубліцы ажыцьцяўлялі 12 абласных і 79 раённых рэдакцыяў.

“Газета без паперы” павінна была ўзорна выконваць сваю задачу прапагандыста ідэяў марксізму-ленінізму, палітыкі Камуністычнай партыі й Савецкага ўраду. Аб’ём палітычнага вяшчаньня павялічваўся штогод. Так, за другую палову 1947 году былі падрыхтаваны 153 перадачы грамадзка-палітычнага зьместу, а за адпаведны пэрыяд 1948 году — больш за 500 перадач.

У 60-я гг. мэты й задачы сродкаў масавай інфармацыі істотна не зьмяніліся: іх абавязкам была прапаганда ідэяў марксізму-ленінізму, а важнейшай задачай — выхаваньне ў савецкіх людзей яснага разуменьня неабходнасьці барацьбы за пабудову камунізму. Сваімі выступленьнямі газэты мусілі дапамагаць партарганізацыям, прапагандыстам, агітатарам у “выхаваўчай” рабоце, судзейнічаць хутчэйшаму пераадоленьню перажыткаў мінулага ў сьвядомасьці людзей, весьці нязьмірную барацьбу супраць усялякіх праяваў буржуазнай ідэалёгіі.

Разам зь пільнай увагай да падпіскі партыйныя органы як выключна важную справу разглядалі распаўсюджаньне сярод насельніцтва пэрыядычнага друку праз сыстэму “Саюздруку”. У 1957 годзе наклад часопісаў, зацьверджаны ЦК КПБ, ня быў распрададзены (выключэньне складаў часопіс “Беларусь”): “Саюздрук” настолькі перастрахаваўся, што амаль ня браў на рэалізацыю нават невялікай колькасьці часопісаў.

У выніку незаплянаваныя страты склалі 911 тысяч рублёў. Дзеля выпраўленьня гэтага становішча ЦК КПБ Пастановаю ад 30 верасьня 1958 году абавязаў гаркамы й райкамы стварыць групы пазаштатных інструктараў для распаўсюду пэрыядычнага друку. Інструктары павінны былі кантраляваць работу пунктаў прыёму індывідуальнай падпіскі й дапамагаць праводзіць падпіску на месцах.

З 1955 г. пачалі працаваць Менскі тэлецэнтар, рэтрансьляцыйныя станцыі ў Баранавічах, Бабруйску й Горадні. У 1959 г. насельніцтва рэспублікі мела каля 30 тысяч тэлевізараў, што дазваляла глядзець тэлепраграмы больш чым 1 мільёну чалавек. Да 1967 году было радыёфікавана звыш 95% населеных пунктаў Беларусі. Радыё- й тэлевяшчаньне сталіся важным палігонам ідэалягічнай дзейнасьці партыі. У лістападзе 1958 году Бюро ЦК КПБ у сваёй Пастанове адзначае шэраг істотных недахопаў у рабоце Менскай студыі тэлебачаньня: нізкі ўзровень перадач на грамадзка-палітычныя тэмы, недастатковы ўзровень мастацкіх праграм. На ідэйную вытрыманасьць правяраліся ўсе перадачы. Нават трансьляцыю ўжо запісаных на стужку музычных перадач можна было ажыцьцяўляць на радыё толькі з дазволу Галоўліту.

У адпаведнасьці з цэнзурнымі правіламі, рэдакцыі тэлеперадач былі абавязаны складаць тэматычныя пэрспэктыўныя пляны работы. У маі 1962 году Камітэт па радыёвяшчаньні й тэлебачаньні пры Савеце Міністраў БССР прапанаваў на разгляд ЦК КПБ пэрспэктыўны плян “мерапрыемстваў па ўзмацненні камуністычнага выхавання моладзі”, якім было прадугледжана наступнае:

1. Сэрыя прапагандысцкіх гутарак: “Камсамол — верны памочнік партыі”, “Камсамолец не шукае лёгкіх шляхоў”, “Бяры з камуністаў прыклад”;

2. Цыкаль перадач “Працаваць і жыць, як Ільіч”, “Ленін — чалавек, таварыш і сябар”;

3. Рэгулярна перадаваць папулярныя радыёкампазыцыі або гутаркі пра выдатных дзеячоў Камуністычнай партыі й Савецкай дзяржавы;

4. Арганізаваць цыкаль перадач для дзяцей і моладзі “Ты будзеш жыць і працаваць у камуністычным грамадстве”.

Аднак падобныя перадачы ўсё менш цікавілі маладых людзей. 60-я гады — пэрыяд паступовай інфільтрацыі “чужой буржуазнай культуры”. Усеабдымны й сыстэмны кантроль партыйнымі органамі распаўсюджаньня інфармацыі, слабая апэратыўнасьць савецкіх СМІ ў асьвятленьні падзеяў падвышалі інтарэс насельніцтва да альтэрнатыўных крыніцаў інфармацыі. Недаравальнай памылкай ідэалягічнага кіраўніцтва краіны быў дазвол на масавы выпуск лямпавых радыёпрыймальнікаў з кароткахвалевым дыяпазонам. Гэтае памылкі ў наступныя гады не ўдалося выправіць нават з дапамогаю магутнай сеткі станцыяў глушэньня.

Характэрнаю зьяваю грамадзкага жыцьця Беларусі ў 70-я—80-я гг. 20 ст. робіцца пазацэнзурны друк. Паводле зьвестак складальнікаў каталёгу “Пазацэнзурны пэрыядычны друк Беларусі”, Менск, 1998, у 70-я—1990-я гады выходзіла больш за 100 пазацэнзурных выданьняў.

На пачатку 80-х гг., у сувязі з нарастаньнем сацыяльна-эканамічнага крызысу, партыйнае кіраўніцтва імкнецца ўзмацніць ідэалягічную работу. Пра гэта сьведчыць шэраг Пастановаў ЦК КПСС: “Пра далейшае развіццё і ўдасканальванне перыядычнага друку для дзяцей і моладзі” (кастрычнік 1985); “Пра работу з кадрамі ў ТАСС” (сьнежань 1985); “Аб мерах па ўзмацненню абароны насельніцтва ад антысавецкага радыёвяшчання” (сьнежань 1983) і г.д.

Разам з тым, нягледзячы на спробы партыйных органаў захаваць цэнзуру, роля Галоўліту ў 80-я гады паступова зьмяншаецца. 30 лістапада 1988 году было спынена глушэньне перадач замежных радыёстанцыяў. У 1991 годзе Галоўліт скасаваны.

Літаратура

1. Волк А.А., Ракович А.И. Книгоиздательское дело в Белоруссии. Исторический очерк. Мн., 1977.

2. Друк Беларускай ССР, 1918—1980. Стат. зб. Склад. Л.П.Рабушка. Мн., 1983.

3. Пазацэнзурны пэрыядычны друк Беларусі. Каталёг (1971/90). Укладальнікі Юрась Лаўрык, Ларыса Андросік. Менск, 1998.

4. Шадурский В.Г. Культурные связи Беларуси со странами Центральной и Западной Европы (1945—1990-е гг.). Мн., 2000.

Віктар АСТРОГА.

Лекцыя 11. “ГІСТАРЫЧНАЯ НАВУКА БЕЛАРУСІ ВА ЎМОВАХ ТАТАЛІТАРЫЗМУ” (1919—1991)

Плян:

1. Гістарыяграфія пытаньня

2. Пэрыядызацыя й характарыстыка асноўных і дадатковых пэрыядаў

 

Мы абмяжуемся разглядам стану толькі гістарычнай навукі за часы панаваньня камуністычнай ідэалёгіі, бо менавіта факталягічны й канцэптульны наробак беларускай гістарычнай навукі зазнаў найбольшыя фальсыфікацыі ў пэрыяд з 1919 да 1991 г. Беларуская гістарычная школа была практычна зьнішчаная, а гістарычныя досьледы пераведзеныя ў рэчышча марксісцкай мэтадалёгіі, і доўгі час ня мелі аніякага самастойнага значэньня.

Гістарыяграфія пытаньня

На сёньняшні дзень мы, на жаль, змушаны канстатаваць, што маем недастатковую гістарыяграфічную базу па азначанай тэме. Асноўнай прычынай такога стану зьяўляецца тое, што ад моманту падзеньня таталітарнай сыстэмы прайшоў невялікі час, цягам якога гісторыкі яшчэ не пасьпелі дастаткова поўна прааналізаваць сытуацыю ў савецкай навуцы таталітарнага пэрыяду. Датычнымі азначанай тэмы зьяўляюцца наступныя публікацыі: калектыўная праца Л.Лыча й У.Навіцкага “Гісторыя культуры Беларусі” (Мн., 1996), энцыкляпэдычныя артыкулы І.Шаўчука “Гістарыяграфія” (ЭГБ, Т.3), комплексны артыкул “Гістарыяграфія гісторыі Беларусі”, падрыхтаваны М.Бічом, М.Касцюком, Г.Сяргеевай і інш. (там сама), артыкул В.Грыцкевіча “Пераадолець інэрцыю стылю” (Адраджэньне. Вып.1. Мн., 1995), матэрыялы навукова-практычнай канфэрэнцыі “Палітычныя рэпрэсіі на Беларусі ў XX ст. (Мн., 1998), даведнік М.Токарава “Возвращённые имена” (Мн., 1992), П.Брыгадзіна і І. Мацяс “Усевалад Ігнатоўскі” (Мн., 1998), В.Вяргей “Археалагічная навука ў Беларускай ССР: 1919—1941 гг.” (Мн., 1992), даведнік, выдадзены ў Архіве Найноўшай Гісторыі — “Дэмакратычная апазыцыя Беларусі. 1956—1991 гг. (Мн., 1999), часопісныя артыкулы Л.Храпко “Уплыў грамадска-палітычнай сітуацыі другой паловы 40-х—першай паловы 50-х гадоў на развіццё гістарычнай навукі ў БССР // Старонкі гісторыі Беларусі (Мн. 1992), І.Шаўчука “Аб некаторых аспектах партыйнага кіраўніцтва гістарычнай навукай у БССР (70—80-я гады (там сама)), А.Сувалава “Ідэалогія і гісторыя” (Беларуская мінуўшчына, 1994, №2), В.Астрога “Шпіёнскае гняздо” (Спадчына, 1996, №6). Адзначым і некаторыя працы расейскіх дасьледчыкаў: М.Карэеў “Прожитое и пережитое” (Д, 1990), С.Бернштейн “Трагическая страница из истории славянской филологии (Советское славяноведение, 1989, №1).

Высокую навуковую вартасьць маюць і некаторыя замежныя, асабліва эмігранцкія, дасьледаваньні, якія праводзіліся ў пытаньнях культурнага й навуковага жыцьця ў БССР. Да канца 80-х—пачатку 90-х гг. яны былі больш аб’ектыўнымі, чым савецкія. Гэтыя публікацыі зьмяшчаюць каштоўны фактычны й аналітычны матэрыял па агульна-палітычнай сытуацыі на Беларусі, стану ейнае навукі, даюць інфармацыю па біяграфіях асобных дзеячоў навукі й культуры. У першую чаргу, гэта: Найдзюк Я., Касяк І. “Беларусь учора і сёньня. (Мн., 1993), Няміга Г. “Асьвета, культура й навука БССР за 40 год” (Беларускі зборнік, 1959, Кн.Ю), Ён жа. Інстытут Беларускай культуры — Беларуская Акадэмія Навук — Акадэмія навук Беларускай ССР (Досьледы і Матэрыялы. Інстытут для вывучэння СССР, Сер.2. 1957. №63) і г.д.

Пэрыядызацыя й характарыстыка асноўных і дадатковых пэрыядаў

Запрапанаваная перыядызацыя ўлічвае 1) найбольш істотныя падзеі, зьвязаныя з фармаваньнем і існаваньнем таталітарнай Савецкай Беларусі; і 2) ступень і моц (інтэнсіўнасьць) ідэалягічнага ціску на саміх гісторыкаў і тэматызацыю іхных дасьледаваньняў.

Зыходзячы з гэтых крытэраў, можна выдзеліць восем асноўных пэрыядаў: 1919—1921; 1921—1929; 1930—1956; 1956—пач.60-х; пач.60-х—пач.80-х; 1985—1991; 1991—1994; 1994 — наш час; і сем больш дробных, дадатковых: 1929—1933; 1934—1938; 1939—1941; 1941—1944; 1944—1947; 1948—1953; 1953—1956.

1. 1919—1921 гг. Гэты пэрыяд прыпадае на часы вайны й ваенных акупацыяў, разбурэньняў і галечы. У гэты час беларуская тэрыторыя была падзеленая на кавалкі, і казаць пра нейкую сур’ёзную гістарычную працу, на жаль, не выпадае. Фактычна ўсе выданьні, што ў той ці іншай ступені закраналі гістарычныя пытаньні, мелі прапагандысцкую афарбоўку.

2. 1921—1929 гг. Пэрыяд адносна вольнай ад партыйна-дзяржаўнага кантролю навуковай і выкладчыцкай дзейнасьці. У гэты час зьяўляюцца навуковыя цэнтры ў галіне гісторыі, цэнтры падрыхтоўкі навуковых кадраў. Гэта быў даволі лібэральны пэрыяд. На думку беларускага гісторыка А.Сувалава, існаваньне гэтага пэрыяду абумоўлівалася тым, што гэтым часам ужо ня дзеіла “старая ідэалагічная машына Расейскай імперыі, а новая ідэалогія яшчэ не заняла пануючага становішча”. Дзякуючы гэтай сытуацыі, практычна да канца 20-х гг. даволі мірна суіснавалі розныя дасьледнікі, школы й кірункі. Гэта быў, верагодна, самы аптымістычны этап разьвіцьця гістарычнай навукі. Нават нягледзячы на некаторы ўціск і кантроль з боку партыйных органаў. Напрыклад, у 20-я гг. паўстаюць дасьледаваньні ў галіне ўсеагульнай гісторыі, якая раней — з прычыны адсутнасьці кадраў — фактычна не была рэпрэзэнтаваная ў Беларусі.

Аднак у гэты ж пэрыяд адбываецца й актыўнае распаўсюджаньне марксісцкай мэтадалёгіі. У 1925 г. утвараецца Ўсесаюзнае таварыства гісторыкаў-марксістаў, якое пашырала гэтую тэорыю ў савецкай навуцы. У 1927 г. утварылася Беларускае аддзяленьне таварыства, якое трансфармавалася ў 1928 г. у Таварыства марксістаў БССР і мела гістарычную сэкцыю. У 1929 г. сэкцыя пераўтворана ў самастойнае таварыства, што дзейнічала да 1933 г. У тагачаснай гістарычнай навуцы адбываўся й працэс беларусізацыі, які скончыцца ў сярэдзіне 30-х гг.

3. 1930—1956 гг. Гэта “сталінскі” пэрыяд, які можна падзяліць на некалькі падпэрыядаў:

— 1930—1933 гг.

— 1934—1938 гг.

— 1939—1941 гг.

— 1941—1944 гг.

— 1944—1947 гг.

— 1948—1953 гг.

— 1953—1956 гг.

Трэці пэрыяд беларускай савецкай гістарыяграфіі ахоплівае час ад “вялікага пералому” — ХVІ зьезду ВКП(б) “пераможцаў” — да XX зьезду КПСС, які разьбіў культ асобы Сталіна. Гэта быў, бясспрэчна, найбольш трагічны пэрыяд у гісторыі навукі. Натуральна, Сталін не адразу паставіў пад свой кантроль грамадзкія навукі. Гэты працэс праходзіў некалькі вышэйпаказаных ступеняў.

1930—1933 гг. Пераход у наступ бальшавіцкай партыі на “тэарытычным фронце”. Адбываюцца шматлікія мэтадалягічныя дыскусіі, партыя актыўна ўмешваецца ў жыцьцядзейнасьць і плянаваньне навуковых і навучальных установаў, падтрымлівае замену гісторыі грамадазнаўствам. У гэты ж час праводзяцца кампаніі супраць “правага ўхілу”, “нацыянал-дэмакратызму”, якія аўтаматычна перакідаліся й на “гістарычны фронт”. Асабліва папулярнай робіцца праверка гістарычных дасьледаваньняў на ідэалягічную ляяльнасьць. Тыя, хто не вытрымліваў гэтай праверкі, мусілі самі “рашуча асудзіць свае тэорыі”. Гісторыкі ставіліся ў такія “ўмовы”, што былі змушаныя пісаць адкрытыя лісты з крытыкаю ўласных поглядаў. Такія лісты перадрукоўваліся ўсімі цэнтральнымі газэтамі. Таксама пачынаюцца й палітычныя рэпрэсіі.

1934—1938 гг. — найкрывавы пэрыяд беларускай, дый наагул, савецкай гістарыяграфіі. У гэты час ВКП(б) узяла навуку пад бязьлітасны кантроль і вынішчала фізычна ўсіх нязгодных. Напрыклад, з 20 супрацоўнікаў Інстытуту гісторыі за 1935 г. было накіравана на расстрэл, альбо ў канцлягеры каля 20 чалавек. Паўсюль дзейнічала цэнзура Галоўліту, якая ажыцьцяўляла дагляд друкаванага слова. Непажаданыя выданьні траплялі ў галоўлітаўскі сьпіс, забараняліся, зьмяшчаліся ў спэцсховы, альбо зьнішчаліся. Рэпрэсіі настолькі ўзмацніліся, што навукоўцы палохаліся нават самой гістарычнай працы, асьцерагаючыся зрабіць “палітычную памылку”.

У выніку гвалтоўных дзяржаўных дзеяньняў былі парушаны пераемнасьць паміж рознымі пакаленьнямі гісторыкаў, традыцыі настаўніцтва. Прадстаўнікоў старэйшага пакаленьня гісторыкаў амаль дарэшты вынішчылі фізычна, ацалелых пазбавілі магчымасьці выкладаць і дасьледаваць. Маладыя навукоўцы пачыналі працу самастойна, ня маючы побач дасьведчаных настаўнікаў, і адразу траплялі ў рукі партыйных выхавальнікаў. Тыя адносна станоўчыя зрухі, што пачалі адбывацца ў савецкай гістарычнай навуцы пасьля Пастановаў партыі й ураду ў 1934 г., праходзілі пад жорсткім кантролем — і канчаткова ператварылі гістарычную навуку ў служку, у “ідэалагічную зброю”, інструмэнт узьдзеяньня на чалавечую сьвядомасьць.

1939—1941 гг. Гэта быў пэрыяд, калі гістарычную навуку літаральна паставілі на калені: бальшавіцкае кіраўніцтва канчаткова пазбавілася “варожых буржуазных гісторыкаў дарэвалюцыйнай школы”. Новыя савецкія гісторыкі пачалі пісаць “сапраўдную” гісторыю чалавецтва, г.зн. гісторыю прыгнёту і вызвалення працоўных, бо веданне такой гісторыі мусіла абгрунтоўваць ўпэўненасць рабочых і калгаснікаў у немінучай перамозе сацыялізму й камунізму ва ўсім сьвеце. Але менавіта ў гэты пэрыяд, з выказваньня аднаго зь беларускіх эмігранцкіх дасьледчыкаў, гісторыкі зрабіліся “навукоўцамі-нявольнікамі”.

1941—1944 гг. Пэрыяд Вялікай Айчыннай вайны, натуральна, моцна адбіўся на беларускай гістарычнай навуцы хаця б таму, што ўся тэрыторыя краіны апынулася пад акупацыяў нямецкіх войскаў. Вайна прынесла вялікія людзкія й матэрыяльныя страты навуцы, амаль спыніла ейнае разьвіцьцё. Так, значная колькасьць гісторыкаў — студэнтаў, асьпірантаў, выкладчыкаў і дасьледчыкаў — была мабілізавана ў Чырвоную Армію, астатнія — у выніку фактычна самастойнай эвакуацыі на ўсход — апынуліся ў самых розных рэгіёнах СССР. Аднак паступова яны пачалі канцэнтравацца ў Ташкенце, дзе месьцілася АН БССР. У цяжкіх матэрыяльных і пабытовых умовах гэтыя навукоўцы актыўна распрацоўвалі пытаньні вайсковай гісторыі Беларусі, імкнуліся паспрыяць мабілізаваньню беларускага народу на змаганьне з агрэсарам.

Спакваля аднаўляецца інфраструктура беларускай гістарычнай навукі. 3 красавіка 1943 г. пасьля пераезду ў Маскву пачынаюць працаваць Прэзыдыюм і аддзяленьні АН БССР. Увосень 1943 г. пад Масквою аднавіў сваю працу й БДУ. У жніўні 1944 г. першая група студэнтаў унівэрсытэту вярнулася ў Менск, практычна тады вярнуўся й пэдінстытут.

Трэба прыкмеціць, што значная частка гісторыкаў апынулася на фронце й у партызанскіх аддзелах. На фронце гісторыкі працавалі прапагандыстамі-палітрукамі, вялі агітацыйную дзейнасьць сярод партызан і цывільнага жыхарства ў складзе партызанскіх аддзелаў. Так, да прыкладу, у Рагачоўскім раёне Гомельскай вобласьці сярод партызан чыталіся наступныя лекцыі й даклады: “ВКП(б) — партыя новага тыпу”, “Абарона Царыцына й Сталінграда”, “Вялікі рускі вайскавод А.В.Сувораў”, “Аб патрыятызме рускага народу ў 1918 г.”, “Партызанскі рух у Расіі ў 1918 г.”, “Аб змаганні рускага народа ў мінулым і сучасным”. Аднак, на жаль, як бачна, запалоханыя за мінулае дзесяцігодзьдзе лектары не выкарыстоўвалі “нацдэмаўскай гісторыі” й амаль усе свае выступы будавалі на прыкладах з чужога мінулага.

Гэткім чынам, мусім канстатаваць, што ў трагічны пэрыяд гісторыі нашай краіны разгромленая й пастаўленая на калені ў папярэднія гады нешматлікая гістарычная навука пад пільным вокам Галоўліту, з аднаго боку, выступіла як натхняльнік змаганьня беларускага народу супраць агрэсараў, але з другога,— як верная служка й абаронца сталінскай імпэрскай ідэалёгіі й таталітарнага рэжыму.

1944—1947 гг. Пераможнае заканчэньне вайны прынесла новыя тэндэнцыі ў грамадзка-палітычнае жыцьцё. Перамога відавочна спрыяла ўзьлёту культу асобы Сталіна. Гэта прывяло да таго, што Генсэк цалкам падмяніў аднаасобнаю ўладаю калектыўныя органы кіраўніцтва партыі й дзяржавы. Спадзяваньні народу, інтэллігенцыі на паслабленьне таталітарнай сыстэмы ня спраўдзіліся, і разам з ідэалягічным разьняволеньнем у гады вайны распачынаецца прыхаваная пратэстная хваля супраць ранейшых мэтадаў кіраваньня. Рэжым гэта адчуў. Новыя настроі панавалі, у асноўным, сярод моладзі, і нават сярод некаторых прадстаўнікоў вышэйшых партыйных, савецкіх, гаспадарчых структур.

На агульную сытуацыю ўплывала асаблівае становішча ў Заходняй Беларусі, дзе камуністычная ідэалёгія яшчэ не пасьпела пусьціць моцных каранёў, і гэта выклікала нэрвовасьць у партыйных кіраўнікоў. Пачалося “закручваньне гаек”. На поўную магутнасьць запрацаваў прапагандысцка-рэпрэсіўны апарат, узмацніліся перасьледы іншадумцаў. Ідэалёгія паваеннага сталінізму, зь меркаваньня У.Навіцкага, характарызавалася абсалютнай непрымірымасьцю да ўсялякіх поглядаў, адрозных ад афіцыйных. У гэты час навязваюцца жорсткія ідэалягічныя стэрэатыпы, практычна цалкам адкідаюцца агульначалавечыя каштоўнасьці, рэпрэсуецца нацыянальная самасьвядомасьць, абмяжоўваюцца міжнародныя кантакты — нават праз знаёмства з замежнай літаратураю. Напрыклад, у сакавіку 1947 г. ЦК ВКП(б) прымае Пастанову “Аб судах гонару ў міністэрствах СССР і цэнтральных ведамствах”. Пастанова скіраваная на тое, каб ізаляваць творчую й навуковую інтэлігенцыю ад кантактаў з замежнымі калегамі й усталяваць “жалезную заслону”.

1948—1953 гг. Пэрыяд найвышэйшай паваеннай хвалі ідэалягічнага ўціску й рэпрэсіяў. Наступ на інтэлігенцыю фактычна пачаўся з Пастановы ЦК ВКП(б) ад 25 студзеня 1947 г. “О работе ЦК КП(б)Б”. У Пастанове выказвалася незадаволенасьць ЦК ВКП(б) кіраўніцтвам ідэалягічнай працы ў рэспубліцы з боку беларускага ЦК, які не арганізаваў навуковай распрацоўкі гісторыі БССР, не забясьпечыў стварэньня бальшавіцкіх навуковых прац па гісторыі беларускага народу. У Пастанове адзначалася, што ў паваенны час у працах па беларускай гісторыі меліся “памылкі ідэалагічнага характара, якія скажаюць гістарычную праўду”. У выніку ЦК КП(б)Б “разгарнуў крытыку недахопаў ідэалагічнай і культурнай работы”. Урэшце рэшт, як адзначае І.Сувалаў, даходзіла да таго, што гісторыкам забаранялася ставіць у адзін шэраг такіх дзеячоў культуры Беларусі, як Кірыла Тураўскі, Францыск Скарына, Сымон Будны, Сімяон Полацкі, Эўфрасіньня Полацкая, Максім Багдановіч, Янка Купала, Якуб Колас, бо яны “стаялі на розных класавых пазіцыях”. Барацьба з “адыходамі” і “спаўзаннямі” мусіла прывесьці да стварэньня цэлага шэрагу “марксісцкіх прац” па гісторыі.

Такім чынам, гісторыкам пад ужо гатовыя канцэпцыі й схемы заставалася адно падбіраць адпаведныя факты, уся дасьледчая праца зводзілася да аздабленьня спэцыяльна падабранаю фактураю ўжо гатовых высноваў. АН БССР у гэтых умовах мусіла выконваць функцыю ідэалягічнага вартавога.

28 лістапада—1сьнежня 1947 г. Пленум ЦК КП(б)Б разгледзеў пытаньне “Аб палітычнай і ідэалагічнай рабоце сярод інтэлігенцыі”. На Пленуме партыі канстатавалася, што многія яе прадстаўнікі не адмаўляюцца ад нацыяналістычных поглядаў і зьўляюцца прыхільнікамі “нізкапаклонства перад Захадам”. Агульная напружанасьць у грамадзтве была ўзмоцнена кампаніяй супраць “касмапалітызму”, ахвярамі якой сталі навукоўцы-гэбраі. У гэтай сытуацыі сталінскае кіраўніцтва пайшло на аднаўленьне даваенных мэтадаў змаганьня з іншадумствам — арышты. Так, 6 лістапада 1948 г. арыштаваны навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі АН Яфім Шлосбэрг. Ён быў зьвінавачаны за прапаганду й агітацыю, якія зьмяшчаюць заклік да зруйнаваньня, падрыву ці паслабленьня савецкай улады, арганізацыі антысавецкай дзейнасьці, і асуджаны Асобнай Нарадай пры МГБ БССР да 10 год канцлягеру. Рэабілітаваны ў 1956 г. Самае цікавае, што незадоўга да арышту менавіта гэты чалавек быў адным з аўтараў партыйнай замовы — заідэалягізаваных “Тэзісаў аб асноўных пытаннях гісторыі БССР”, што ўкаранялі ў беларускай савецкай гістарычнай навуцы сыстэму поглядаў ідэалягічнага, негістарычнага кшталту.

1953—1956 гг. Пэрыяд пасьля сьмерці Сталіна й да XX зьезду КПСС характарызуецца няпэўнасьцю й змаганьнем партыйных груповак за ўладу. Ідэалягічныя абцугі папярэдніх пэрыядаў яшчэ заставаліся даволі моцнымі, але цяпер пачалася кампанія амніставаньня — разам з крымінальнымі злачынцамі й палітычных вязьняў, асуджаных на тэрміны да 5 гадоў. Адбывалася гэта, згодна з Указам Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету СССР “Аб амністыі” (сакавік 1953 г.). Але працэс масавага датэрміновага вызваленьня палітвязьняў пачаўся толькі пасьля хрушчоўскай “адлігі”. Гэтым і завяршыўся, як адзначае У.Навіцкі, доўгі пэрыяд зьдзеку з інтэлігенцыі, зьнішчэньня яе лепшых прадстаўнікоў.

4. 1956—пач. 60-х гг. Пэрыяд так званай “адлігі”. Гэта быў прынцыпова новы этап у разьвіцьці савецкай гістарыяграфіі. У лютым 1956 г. адбыўся XX зьезд КПСС, на зачыненым паседжаньні якога М.Хрушчоў пацьвердзіў зьмену палітычнага курсу, разрыў з многімі сталінскімі пастулатамі й завядзёнкамі, а ў сакрэтным дакладзе “Аб кульце асобы і яго выніках” раскрыў шкоднасьць сталінскіх злачынстваў для грамадзтва. Гэта быў подступ ад эпохі таталітарызму да лібэральных рэформаў. Надалей КПСС прымала яшчэ некалькі разоў захады па барацьбе з ідэалёгіяй сталінізму: Пастанова ЦК КПСС “Аб пераадоленні культу асобы і яго выніках” (чэрвень 1956 г.), ХХІІ зьезд КПСС, на якім было адзначана, што рэпрэсіі праводзіліся ня толькі супраць камуністаў, але й супраць простых беспартыйных грамадзян. Злачынствы Сталіна цяпер прыпісваліся не аднаму Сталіну, але й вузкай “антыпартыйнай групоўцы”.

Трэба адзначыць, што духоўнае жыцьцё тых часоў адлюстроўвае складаны й супярэчлівы працэс змаганьня дзьвюх тэндэнцый, як піша У.Навіцкі,— дэмакратычнай, якая імкнулася да вызваленьня ўсіх сфэраў жыцьця ад скажэньняў сталінскай эпохі, і “кансэрватыўнай”, якая імкнулася зьберагчы й прыстасаваць старыя рычагі да новых рэаліяў грамадзкай сьвядомасьці. Пачаўся складаны, балючы, трагічны працэс разбурэньня сфармаваных стэрэатыпаў і поглядаў.

Новая атмасфэра станоўча адбілася на разьвіцьці гістарычнай навукі. Пачалі ўзьнікаць новыя навукова-досьледныя ўстановы, што вельмі важна. Паўсталі н овыя гістарычныя выданьні: “Народы Азии и Африки” (1955), “Новая и новейшая История” (1956), “Украіньскій історічній журнал” (1957), “Советское славяноведение” (1965) і шэраг іншых. Таксама павялічылася колькасьць, няхай і падкантрольных, замежных камандаваньняў. Пладамі “адлігі”, аднак, карысталіся пераважна толькі гісторыкі з цэнтральных установаў Масквы й Леніграду. На пэрыфэрыі, у рэгіёнах РСФСР, саюзных рэспубліках кансэрватары кантралявалі ідэалягічную сытуацыю.

У Беларусі гісторыкі часта абмяжоўваліся мінімальнымі, чыста дэкаратыўнымі, зьменамі ў гістарыяграфіі: вычышчэньнем з кніг і артыкулаў імя Сталіна, яго партрэтаў і цытат пры захаваньні, як адзначае М.Касцюк, духу й ацэнак “Кароткага курсу” ў дачыненьні, найперш, да гісторыі вызваленчага руху й ролі ў ім бальшавіцкіх арганізацыяў.

Праўда, з тае прычыны, што гісторыкі пачынаюць мець больш вольны доступ да архіваў, у навуковы ўжытак быў уведзены цэлы масіў раней забароненых крыніц. Аднак у сыстэме доказаў, як і раней, вялікае значэньне надавалася цытатам з твораў клясыкаў марксізму-ленінізму. Існавалі спэцсховішчы, у якіх захоўваліся забароненыя яшчэ да вайны працы беларускіх гісторыкаў, культурных і палітычных дзеячоў. Гісторыкаў прымушалі весьці несупынную барацьбу з г.зв. “буржуазнымі фальсыфікацыямі”.

5. пач. 60-х—пач. 80-х гг. Гэта пэрыяд “застою”, які, па сутнасьці, распаўсюдзіўся й на гістарычную навуку. КПСС, што манапалізавала ўладу ў краіне, спыніла працэс лібэральных рэформ. Аднак спробы вярнуцца да сталінскіх прынцыпаў кіраваньня не займелі посьпеху; XX зьезд КПСС стаўся надта моцным штуршком да савецка-лібэральных зьменаў. Нэасталінісцкі палітычны рэжым быў змушаны выкарыстоўваць больш мяккія, у параўнаньні з расстрэламі й канцлягерамі, мэтады кантролю: пераважна гэта былі цэнзурныя абмежаваньні. У той жа час за любымі праявамі нездавальненьня пільна наглядаў КГБ.

Трэба адзначыць, што ў гэты пэрыяд у СССР, а таксама ў Беларусі, актывізуецца дысыдэнцтва. Напрыклад, дысыдэнцкай была дзейнасьць “Акадэмічнага асяродку” (1960—1970-я гг.), сярод актыўных дзеячоў якога былі й гісторык М.Чарняўскі, тэатразнаўца С.Місько, літаратуразнаўца М.Прашковіч.

Гэткім чынам, разьвіцьцё гістарычнай навукі ў 60-я—80-я гг. — дастаткова няўстойлівы й супярэчлівы працэс. Спробы нэасталінісцкіх сілаў абмежаваць тэматыку дасьледаваньняў, запалохаць нязгодных прынесьлі свой плён. У той жа час мелі месца й некаторыя навуковыя дасягненьні.

6. 1985—1991 гг. Гэта быў так званы пэрыяд пэрабудовы, галоснасьці й дэмакратыі, распачаты М.Гарбачовым на красавіцкім Пленуме ЦК КПСС 1985 г. Аднак яго рашэньні, як і Пастановы ХХVII зьезду КПСС (1986), ХIХ Усесаюзнай партканфэрэнцыі (1988), ХХVIII зьезду КПСС (1990) і інш., ужо не адпавядалі вастрыні сацыяльных, эканамічных, палітычных і нацыянальных супярэчнасьцяў савецкага грамадзтва. Гарбачоў-рэфарматар справакаваў паўставаньне працэсаў самаарганізацыі ў грамадзтве, і тым самым “запусьціў” мэханізм разбурэньняя камуністычнай ідэалёгіі. Партыйныя й дзяржаўныя органы былі ня ў стане адэкватна рэагаваць на новыя ідэалягічныя рознагалосьсі.

Прадстаўнікі беларускай творчай і навуковай інтэлігенцыі пачалі пісаць адкрытыя лісты да Гарбачова на абарону беларускай мовы, культуры й гісторыі. Сярод іх былі й гісторыкі: Л.Лыч, Л.Мірачыцкі, В.Талстой. У гэты час узьнікаюць культурна-асьветніцкія клюбы — “Бабілён”, “Узгор’е”, “Сябрына” й інш. У новых грамадзка-палітычных умовах разбураліся старыя стэрэатыпы й ідэалягемы, новыя пакаленьні гісторыкаў пачыналі больш вольна працаваць над праблемамі ўласна беларускай гісторыі. Наступныя падзеі ў рэспубліцы — Пастанова Саўміну аб узьвядзеньні ў Курапатах помніку ахвярам масавых рэпрэсіяў (1937—1941 гг.) (1989), Закон аб мовах (1990), Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР (1990), зьяўленьне палітычных партыяў — толькі замацавалі гэтыя тэндэнцыі.

7. 1991—1994 гг. Пасьля абвяшчэньня дзяржаўнага сувэрэнітэту, забароны дзейнасьці КПБ—КПСС у беларускай гістарычнай навуцы распачаўся якасна новы этап. Ліквідацыя ідэалягічнага дыктату, рэабілітацыя тысяч ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, адмена ўсялякіх забаронаў у карыстаньні архіўнымі дакумэнтамі, літаратураю, адсутнасьць абмежаваньняў у кантактах з замежнымі калегамі й беларускай эміграцыяй аказала жыватворны ўплыў на навуку. У выніку значна пашырылася кола дасьледаванай праблематыкі — найперш, “белых плямаў”.

Пачалося стварэньне нацыянальна-дзяржаўнай гістарычнай канцэпцыі. У гістарычнай навуцы зьявіўся шырокі спэктар мэтадалягічных падыходаў — ад марксісцка-ленінскага да псыхааналізу. Сьведчаньнем прынцыповых зьменаў ёсьць і новыя гістарычныя часопісы: “Беларуская мінуўшчына”, “Беларускі гістарычны часопіс”, спэцыялізаваныя навуковыя зборнікі, заснаваньне ў лютым 1993 г. Усебеларускай гістарычнай асацыяцыі.

8. 1994—наш час. Калі эйфарыя ад набыцьця незалежнасьці, навуковай вольнасьці прайшла й пачалася штодзённасьць, стала зразумела, што нацыянальная гістарычная навука даведзена папярэднімі разбуральнымі падзеямі да вельмі цяжкога стану — як у кадравым, так і ў арганізацыйным пляне. Дадаўся да гэтага й эканамічны крызыс, які ахапіў краіну. Гуманітарныя навукі, ня маючы ўласных фінансавых магчымасьцяў, змушаны перажываць цяжкія часы. Так, зачыніўся часопіс “Беларуская мінуўшчына”, назіраюцца істотныя складанасьці з публікацыяй гістарычных дасьледаваньняў. Аднак у гэты пэрыяд стала зразумела: нават энтузіязм, памножаны на мінімальную фінансавую падтрымку, дазваляе далей разьвіваць гістарычную навуку. Прыкладаў гэтага даволі шмат: зьяўленьне ў 1995 г. прыватнага часопісу “Беларускі гістарычны агляд”, дзяржаўных — “Кантакты і дыялогі”, “Гісторыя. Праблемы выкладання”, “Гістарычны альманах”, “Берасцейскі хранограф”, выданьні бібліятэкі “ЕГА”, Архіў найноўшай гісторыі.

Літаратура

1. Лыч Л., Навіцкі У. Гісторыя культуры Беларусі. Мн., 1996.

2. Дэмакратычная апазыцыя Беларусі. 1956—1991. Мн., 1999.

3. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі // ЭГБ Т.3. Мн., 1996.

4. Грыцкевіч В. Пераадолець інэрцыю стылю // Адраджэньне. Мн., 1995.

5. Возвращенные имена. Мн., 1992.

6. Военные судьбы. Мн., 1995.

7. Мяснікоў А. Нацдэмы. Мн., 1993.

8. Астрога В. Гісторыкі беларускага паходжання ў СССР // Кантакты і дыялогі. 1998. №6.

9. Сувалаў І. Ідэалогія і гісторыя // Беларуская мінуўшчына. 1994. №2.

10. Няміга Г. Асвета. культура і навука БССР за 40 год // Беларускі зборнік. 1959. Кн. 10.

11. Шаўчук І. Аб некаторых аспектах партыйнага кіраўніцтва гістарычнай навукай у БССР (70-я—80-я гг.) // Старонкі гісторыі Беларусі. Мн., 1992.

Пятро ВАСЮЧЭНКА.

Лекцыя 12. ЛІТАРАТУРА ЯК АПАЗЫЦЫЙНЫ ЧЫННІК ТАТАЛІТАРНАГА РЭЖЫМУ

Плян:

1. Апазыцыянізм

2. Пасіянарызм

3. Нелегальная літаратура

 

1. Апазыцыянізм

Праблема “Ўлада й творца” досыць грунтоўна дасьледаваная сацыёлягамі ды гісторыкамі. Яна палягае ў рэчышчы палітычных схемаў ды стэрэатыпаў, лёгка прагназуецца ды ідэнтыфікуецца. Мы ня будзем пералічваць ахвяраў: яны падрабязна рэгістраваліся ў шматлікіх мартыралёгах і даведніках, іхныя імёны пададзеныя ў кнізе Б.Сачанкі “Сняцца сны аб Беларусі…” (Мн., 1990). Шмат якія зьвесткі пра творцаў, ахвяраў таталітарнага рэжыму, маюцца й у папярэдніх лекцыях.

Куды больш таямнічай зьяўляецца праблема “Творца й улада”. Бо яе разгляд прымушае заглыбіцца ў нетры мастакоўскае душы, у працэсы, што часам не паддаюцца самым вытанчаным сродкам псыхааналізу. Лёгка зразумець, чаго хоча, хацела ўлада ў шмат якія часы ад творцы — поўнага падпарадкаваньня, паслушэнства, прыслужніцтва, ці хаця б пэўнай ляяльнасьці.

І цяжка папракаць уладу за тое — яна так уладкаваная, яна так сябе часам канструюе. Пакуль што я казаў пра ўладу як такую. Што ж датычыцца таталітарнага рэжыму, дык маем той тып улады, якая не цырымоніцца з творцамі. У падобныя часы мастак вольны выбіраць паміж формамі супраціву або падпарадкаваньня, паміж апызыцыйнасьцю або сэрвілізмам. Вядома, паміж скрайнімі тыпамі мастакоўскіх паводзінаў існуе бездань прамежкавых варыянтаў ды нюансаў: канфармізм, кампраміснае супрацоўніцтва з уладай, уцёкі ад рэчаіснасьці, выйсьце за той бок дабра й ліха ды г.д. Ніжэй мы падрабязна спынімся на той або іншай з вытанчаных вэрсіяў адносінаў мастака з уладаю.

Вядома, шэраг шэдэўраў усясьветнага пісьменства тварыўся ў варунках мастакоўскай самаізаляцыі, пагружэньня ва ўласную творчую нірвану. Аднак жа зь імі пасьпяхова спаборнічаюць і творы, высьпеленыя ў плазьме гарачай палітычнай барацьбы, адстойваньня мастаком права на вольнае выказваньне, адкрытага або прыхаванага супраціву ўціску з боку ўлады.

Пра гэта сьведчыць досьвед Арыстафана, Дантэ, Бранта, Рабле, Апанаса Філіповіча, Талстога, Шоў, Томаса Мана, Буніна, Брэхта, Камю, Мілаша, Бродзкага, Быкава ды іншых неўтаймоўных нонканфармістаў. Відаць, у сытуцыі ўціску шмат што залежыць ад самой асобы творцы.

У той жа час добра вядома, што ў жорнах таталітарнага рэжыму было перамолата мноства крохкіх талентаў, няздатных да супраціву. Творцу патрэбная пэўная сума волі — гэтаксама, як кожнаму індывіду патрэбен штодня пэўны аб’ём паветра, ежы, пітва. Іначай сам працэс тварэньня згасьне. Гэты мінімум волі выглядае як “атмасфэра”, што абцякае творчае “я” мастака; гэта ягоная “баракамэра”, ягоны пэрсанальны кокан.

Формы літаратурнага апазыцыянізму, які існаваў у Беларусі, абумоўленыя канкрэтнымі гістарычнымі сытуацыямі й кантэкстамі, нацыянальным мэнталітэтам ды адметнасьцямі культурнага руху.

Апазыцыянізм у літаратуры Беларусі існаваў заўжды, але ў адметных ды зьменлівых формах. Зьменлівасьць, “ліючаяся форма” — унівэрсальная формула беларускага нацыянальнага руху, выведзеная Ігнатам Абдзіраловічам, неадменная ўмова выжываньня беларускага этнасу й культуры пры самым жорсткім, неспрыяльным гісторыка-палітычным надвор’і, або “сытуацыі”, як казаў Мікіта Зносак.

Крытык-эмігрант Антон Адамовіч у сваёй фундамэнтальнай гісторыка-культурнай працы “Opposition to Sovetization in Belorussian Literature (1917—1957)” (Мюнхен, 1958) падае гістарычныя прыклады пісьменьніцкага супраціву ў розных палітычных і ідэалягічных варунках, пачынаючы ад 17 ст.

Гэта палітычная сатыра эпохі барока (“Ліст да Абуховіча” Цыпрыяна Камунякі, “Прамова Мялешкі”), літаратурная публіцыстыка 19 ст. (творы П.Багрыма, Ул.Сыракомлі, К.Каліноўскага, Ф.Багушэвіча, І.Неслухоўскага, А.Абуховіча, А.Гурыновіча), нарэшце “нашаніўская” літаратура. Дасьледчык падкрэсьлівае такія ўласьцівасьці працэсу, як непарушнасьць ды пераемнасьць.

У дачыненьні да літаратурнага апазыцыянізму савецкага часу Ант.Адамовіч карыстаецца наступнай клясыфікацыяй:

1917—1923 гг. — пэрыяд нацыянальна-дэмакратычнай апазыцыі;

1921—1930 гг. — нацыянальная прагрэсіўная апазыцыя (“узвышэнства”);

1930—1937 гг. — канец апазыцыі.

Для параўнаньня: пэрыядызацыя Ул.Глыбіннага, які зыходзіць ад ацэнкі стану культуры за савецкім рэжымам:

1. Пэрыяд адноснага рэнэсансу (1920—1929);

2. Трагічны пэрыяд змаганьня партыі зь беларускім нацыянал-дэмакратызмам і нацыянальнымі ўхіламі (1930—1940);

3. Пэрыяд вымушаных уступак нацыянальнай культуры ў часе вайны (1941—1945);

4. Пэрыяд жданаўскае рэакцыі й сталінскае кананізацыі (1946—1952);

5. Пэрыяд замены сталінскае кананізацыі г.зв. “калектыўным кіраўніцтвам” партыі (ад 1953 г. да нашых дзён).

Відавочна, сёньняшнія варункі змушаюць пашырыць часавыя межы разгляду. Сучасныя дасьледчыкі прапануюць вылучыць пэрыяды адноснай лібэралізацыі ўладаў у дачыненьні да беларускага пісьменства — г.зв. “хрушчоўскую” адлігу й часы “перабудовы”.

Мусім адрозьніваць адкрыты апазыцыянізм ды прыхаваны, які можна вызначыць як супраціў (рэзыстанс). Далейшая клясыфікацыя ды дыфэрэнцыяцыя формаў апазыцыянізму й рэзыстансу выяўляе значна багацейшую структуру рэакцыяў, прыналежных да супраціву.

Адкрытая апазыцыйнасьць:

— літаратура змаганьня (палітычная й мастацкая публіцыстыка, агітацыйная літаратура й да т.п.);

— нелегальная літаратура;

— літаратурнае дысыдэнцтва й эміграцыя.

Супраціў (рэзыстанс):

— унутраная эміграцыя (маўчаньне);

— андэграўнд;

— алегорыя, “эзопава мова”;

— сымболіка;

— мастацкі шыфр, алюзія;

— “гістарычнае пераапрананьне”;

— сатыра;

— сацыяльны крытыцызм;

— пасіўны нонканфармізм.

Апошнюю форму супраціву можна лічыць пераходнай ад нонканфармізму да канфармізму й сэрвілізму. Але й тут у мастака ёсьць шэраг магчымасьцяў праявіць рэшткі творчае волі, якую можна мэтафарычна акрэсьліць як “займаньне экалягічных нішаў”, “будоўля вежаў”. Да пераходных формаў належыць і спроба замірыць камуністычную й нацыянальную ідэю, г.зв. нацыянал-камунізм. Сьляды супраціву можна паназіраць і ў г.зв. рытуальным канфармізме.

Разнастайнасьць андэграўндных, “пакрыёмных” формаў рэзыстансу, іх структураванасьць можна тлумачыць ня толькі мэнтальнасьцю беларуса-творцы, але й рэакцыяй на няспынны ціск, свайго роду рэфлексам, які разьвіўся ды разгалінаваўся пад час рознага кшталту навалаў ды прыгнётаў. У той жа час пэўную прыглушанасьць актыўных праяваў апазыцыянізму недастаткова абгрунтоўваць толькі прычынамі гістарычнага характару. Мусім дадаць сюды яшчэ аспэкт ірацыянальны, па-загістарычны, мэтафізычны, пра які досыць казалася ў нашай публікацыі “Ўкрыжаваная Беларусь”.

Згодна з нашымі здагадкамі, Беларусь ад няпэўнага часу як геапалітычнае цэлае зьмяшчаецца ў асаблівай зоне, пункце zero , стабільнасьць ды статычнасьць якога служыць гарантам усясьветнага спакою. Аднак-жа ў гэтай зоне ўсе грамадзкія працэсы адбываюцца запаволена, альбо зусім замаруджваюцца.

Адкрытая канфрантацыя мастака й улады магчымая адно пры ўмове пэўнай паблажлівасьці з боку самой улады. У варунках клясычнага таталітарызму такое працяглае й бескампраміснае змаганьне верагоднае ня больш, чым зьяўленьне паляўнічага за матылькамі з падхватнікам і ў шортах дзесь у арктычнай пустэльні. Рэжым непазьбежна або зьнішчыць такога Дон Кіхота, або выправіць яго ў стан андэграўнднага існаваньня.

У Беларусі ж такіх працяглых адхланьняў ад ціску паноўнай улады амаль не здаралася, таму прыклады апантанай, фанатычнай чаадаеўшчыны ў нашым культурна-гістарычным жыцьці цяжка прасачыць. Чаадаеўшчына прадугледжвае зьяўленьне нязвыклай постаці, юрода або клікушы — стварэньня, мала характэрнага для гэтага краю.

Хіба што згадаць досьвед Апанаса Філіповіча, які ўявіў сябе беларускім прарокам Ерэміем ды цягам шэрагу год надакучаў уладам Рэчы Паспалітай сваёй бурнай дысыдэнцкай чыннасьцю: падарожжа ў варожую Маскоўскую дзяржаву; пераказ дзяржаўных таямніцаў цару Міхаілу Фёдаравічу; заклік да цара ісьці вайною на Літву — дзяржаўная, па сутнасьці, здрада; адкрытыя, выказаныя ў “Супліцы”, пагрозы, зьвернутыя да караля Ўладзіслава IV ; выдача маскоўскаму пасольству ягонага ж выхаванца Яна Фаўстына Лубы…

Эксцэнтрычныя паводзіны “беларускага Ерэмія” знайшлі літаратурны адпаведнік у палемічна завостраным “Дыярыюшы” ды іншых публіцыстычных творах Філіповіча. Гэты дзяяч выпрабоўваў цярплівасьць паблажліва настроеных уладароў — Льва Сапегі, караля. Падобныя ўчынкі нашмат больш прынесьлі нягодаў і змусілі да трываньня маскоўскага двайніка Філіповіча — “агнявога” пратапопа Авакума, які дзейнічаў у варунках жорсткай маскоўскай дэспатыі.

Зацятай, шматгадовай літаратурнай барацьбы ў Беларусі, як правіла, не атрымлівалася. Але мелі пашырэньне шматлікія формы ахвярнасьці. Выпрацаваўся тып беларускага нацыянальнага пасіянарыя — Страціма-лебедзя, маладзёна дваццаці пяці год, які ў гэтым або блізкім да таго ўзросьце складае сваё жыцьцё на ахвярнік Бацькаўшчыны. Як і Страцім-лебедзь Багдановіча, ахвяра сыходзіць у нябыт, не пакінуўшы пасьля сябе нашчадкаў. І, гінучы, яна цягне за сабою дзясяткі ды сотні іншых безыменных ахвяраў. А Бацькаўшчына, паводле выказваньня Ул.Караткевіча, робіцца бліжэй да свайго шчасьця на вышыню іхных магілаў.

У лёсе пасіянарыяў цяжка правесьці рысу паміж вайсковай і палітычнай чыннасьцю — яны ўзаемадапаўняюцца, як у жыцьці Гаруна: літаратура служыць своеасаблівым подсьветкам, дадаткам да вайсковага, змагарскага шляху. Ваяром патрэбнае Слова, паэтам — зброя, ці ейная паэтычная аналёгія. А таму іхны пасіянарызм сублімуецца ў тэкстах, прыналежных да двух паэтычных жанраў: ваярскае песьні ды агітацыйнага верша (жанру т.зв. патрыятычнай, або грамадзянскай лірыкі).

Насёньня тэкстаў такога кшталту назапашана столькі, што яны маглі б скласьці дзьве пульхныя таміны-анталёгіі. Першая называлася б “Беларуская ваярская песьня” й адкрывалася б, пэўна, “Песьняй беларускіх жаўнераў”, прасьпяванай дзьвесьце зь лішкам год таму:

Помнім добра, што рабілі,

Як нас дзёрлі, як нас білі.

Дакуль будзем так маўчаці?

Годзе нам сядзець у хаце!

Нашто землю нам забралі?

Нашто ў путы акавалі?

Дочкі, жонкі нам гвалцілі.

Трэ, каб мы ім заплацілі!..

Пойдзем, хлопцы, да Касьцюшкі,

Будзем біці маскалюшкі!

Аналягам, пэўна, паслужаць, геніяльныя тэксты Янкі Купалы з цыклю “На вайсковыя матывы” (“Песьні на ваяцкі лад”), прымеркаваныя для віртуальнага, так і не сфармаванага конча беларускага войска:

Будзь здаровы, бацька, маці,—

Мы пайшлі ўжо ваяваці.

Сьвішча куля, йяй-ха-ха!

Каля вуха дзецюка.

Што за доля, што за воля —

Жаўнероньку выйсьці ў поле!

Сьвішча куля, йяй-ха-ха!

Каля вуха дзецюка.

2. Пасіянарызм

Тварэньне агітацыйнай лірыкі, заангажаванай літаратуры зьвязана з тым асаблівым кшталтам чыннасьці, які варта назваць пасіянарызмам — духоўным гарэньнем, ахвярнасьцю.

Кароткі, зыркі, бы полымя сьвечкі, шлях пасіянарыяў вянчаўся пятлёй — як лёс караля пасіянарыяў Кастуся Каліноўскага. Лёс іншых вырашала “прафэсійная хвароба” пасіянарыяў — сухоты (Багдановіч, Гарун, Іван Луцкевіч, Жылка). Францішак Савіч памірае ад халеры (як і Адам Міцкевіч), Адам Гурыновіч ад чорнай воспы, Цётка — ад тыфусу. У кожным разе хваробы былі зьвязаныя зь неспакойным, “пасіянарным” ладам жыцьця, перасьледамі з боку ўлады, з нутраным “гарэньнем”. Сяргей Палуян сканчае жыцьцё самагубствам. Сьмерць Фабіяна Шантыра, палымянага нацыянал-камуністага, паэты ды публіцыста, расстралянага пры загадкавых абставінах у 1920 годзе, параўноўваюць са сьмерцю зацятага расейскага контррэвалюцыянэра й паэта Мікалая Гумілёва.

Маладосьць Купалы — скрозь у гэтых усплёсках пратэсту, непакоры, якія адліваліся то ў строфах агітацыйнае паэзіі, то ў радкох патрыятычнай публіцыстыкі. Найбольш уражвае адкрыты, нічым не замаскаваны антысаветызм Купалы пачатку дваццатых гадоў.

Купалаўская публіцыстыка 1918—1920-х гг., паэзія пэрыяду “Спадчыны”, трагікамедыя “Тутэйшыя” засьведчылі сапраўдныя адносіны паэта да кастрычніцкага перавароту — непрыняцьцё. Апалягэтычнае купалазнаўства, каб нейк выгарадзіць творцу, ужывала тэрмін: “не адразу зразумеў”. Самы “адкрыты” верш Купалы, які цалкам адлюстроўвае ягонае непрыхаванае стаўленьне да бальшавізму,— “Пазвалі вас”, напісаны ў 1922 годзе й пазначаны эпіграфам: “Эўрапейскія дзяржавы пастанавілі запрасіць на міжнародную нараду ў Геную т.Леніна. (З газэт. 1921 г.)

Выклік бальшавізму Купала кінуў у выглядзе паэтычнай бінарнай апазыцыі — проціпастаўленьня “нас” ды “вас”.

Пазвалі вас на пір піроў,

Пазвалі вас за волю стаць,

І далі ўладу путы рваць,

І далі ўладу біць цароў,—

Зрабілі з вас гаспадароў.

І вы з рабоў пайшлі ў цары…

Верш зьмяшчае самыя разнастайныя адценьні палітычнае інвэктывы на адрас бальшавіцкіх “цароў-рабоў” — ад ледзьве стрыманага гневу да “чорнай” іроніі.

Купала прадказвае злаякаснае перараджэньне бальшавізму, стварэньне ўласнай дыктатуры, накшталт якабінскае, у выніку якой учарашнія “рабы” конча ператворацца ў новых, хіжых ды крыважэрных “цароў”. У гэтым клопаце Купалам кіруе неспакой пра Бацькаўшчыну. Ён ужо зьняверыўся ва ўласных патэнцыях “тутэйшых” вырашаць свой лёс, і бачыць, што доля беларушчыны залежыць, перадусім, ад вонкавых палітычных абставінаў.

У 1920-я гады беларускія пасіянарыі-“нашаніўцы” дзейнічалі ў зусім нязьведаных варунках. Страхі новага якабінства (бальшавізму) можна было толькі прадбачыць. Таму варта належным чынам ацаніць апазыцыянізм “нашаніўцаў” 1920-х, тыя адкрытасьць ды бясстрашша, зь якімі яны процістаялі новаму рэжыму, яшчэ ня ведаючы ягоных наступстваў, на самым пачатку дыктатуры.

Апазыцыянэрамі тады фактычна сталіся ўсе колішнія “нашаніўцы” — Купала, Колас, Бядуля, Гарэцкі… Шчыра й без агаворак віталі надыход Кастрычніка хіба што два “старых” паэты — нацыянал-камуністы Цішка Гартны ды мала каму вядомы ціхмяны паэта Янка Журба. Астатнія былі ў апазыцыі — адкрытай або прыхаванай.

Гэты апазыцыянізм ужо на пачатку 1920-х, у часы адноснага лібэралізму бальшавіцкай цэнзуры, атрымліваў процідзеяньне. Так, у 1919 г. быў забаронены верш Купалы “Перад будучыняй”.

Надта нечаканым, нават у параўнаньні з чыннасьцю Коласа, быў пасіянарны бунт Зьмітрака Бядулі. Пісьменьнік, які меў рэпутацыю адцягненага сузіральніка й містыка, выступае з шэрагам публіцыстычных артыкулаў, скіраваных супраць бальшавізму.

У шэрагу артыкулаў, друкаваных Бядулем пад псэўданімам “Ясакар” у газэце “Вольная Беларусь”, ён называе бальшавізм “пеклам”, бальшавікоў “д’ябламі” й зьвінавачвае ўлады за тое, што яны падзялілі народ беларускі на два лягеры — “таварышаў” ды “буржуяў”.

Драматург Францішак Аляхновіч у шэрагу п’ес, напісаных за рэвалюцыйным часам, параўноўвае рэвалюцыю з крыважэрным монстрам Базылішкам (“Базылішак”) ды проціпастаўляе безаблічнаму бальшавізму ідэю нацыянальнай рэвалюцыі (“Калісь”, “Пан міністар”).

Алесь Гарун у публіцыстыцы гэтага часу параўноўвае бальшавіцкі рэжым з “чырвоным туманом”.

Максім Гарэцкі ў цэлым адмоўна характарызуе кастрычніцікі пераварот у аповесьці “Дзьве душы”, п’есах “Чырвоныя ружы”, “Жартаўлівы Пісарэвіч”, малюе абразы бязладзьдзя, нястачы, разрухі ды гвалту. Разам з тым, ацэнкі Гарэцкага стрыманыя, у іх мала публіцыстычнага запалу ды адкрытага апазыцыянізму. Пасьля сьмерці Максіма Багдановіча Гарэцкі нібыта прыняў на сябе місію інтэлектуала, філёзафа маладога беларускага нацыянальнага руху.

Вядома, такога кшталту грамадзянская чыннасьць абярнулася для творцаў у будучым самым трагічным чынам — дый ці магла працягвацца доўга? Насьпявалі палітычныя замаразкі. Творцы мусілі зыходзіць у андэграўндныя сфэры дзейнасьці — “унутраную ці рэальную эміграцыю”, “маўчаньне”.

3. Нелегальная літаратура

Нелегальную літаратуру ня трэба блытаць зь літаратурай падпольнай, альбо андэграўнднай. Нелегальнае пісьменства — адкрыты выклік уладзе. Узоры такога кшталту пісьменства маем, дзякуючы “Мужыцкай праўдзе” Каліноўскага. “Мужыцкая праўда” — без сумневу, ёсьць узорам літаратуры нелегальнай, а рукапісныя часопісы “Бурачок”, або “Блакітны ліхтар”, выдаваныя пад час “брэжнеўскіх замаразкаў” падпольна,— узоры андэграўнднага пісьменства. “Сказ пра Лысую гару” й усе наступныя “сказы”, створаныя Ведзьмаком Лысагорскім ды ягонымі спадкаемцамі,— узоры андэграўнднага пісьменства.

Такім чынам, нелегальная літаратура як спосаб апазыцыянізму ў Беларусі ня склалася гістарычна, саступіўшы месца больш пашыраным андэграўндным формам чыннасьці. Тое ж можна сказаць і ў дачыненьні да т.зв. дысыдэнцтва: у клясычнай форме, як лічаць дасьледчыкі найноўшае гісторыі, яно таксама ня склалася.

Патэнцыйныя пасьлядоўныя дысыдэнты былі фізычна зьнішчаныя яшчэ ў 1930-я гады. На зьмену ім прыйшла даволі асьцярожная генэрацыя літаратараў, якая здолела ўсё ж стварыць сваё падабенства дысыдэнцкага руху — але досыць адрознае ад клясычнае мадэлі.

Ці былі ў беларускім пісьменстве другой паловы дваццатага стагодзьдзя забароненыя творы? Так, былі. “Круглянскі мост”, “Мёртвым не баліць” Васіля Быкава, “Дабрасельцы” Аляксея Кулакоўскага, “Нельга забыць” Уладзімера Караткевіча, “Пагарэльцы” Андрэя Макаёнка. У гэтых твораў даволі дзіўны лёс. Яны пабачылі сьвет — і былі неафіцыйна забароненыя ўжо апасьля публікацыі.

Радзейшыя выпадкі стварэньня тэкстаў, што ні пры якіх умовах не маглі б быць надрукаваныя. Прыкладам, навэла Ул.Караткевіча “Маленькая балерына”. Але такія здарэньні — досыць незвычайныя. Відавочна, беларускія аўтары ня мелі звычкі сьведама працаваць “на шуфляду”.

Ня сталася “цьвярдыняй” клясычнага дысыдэнцтва й беларуская літаратурная эміграцыя. Хаця, пры гэтым, цяжка перабольшыць ейны ўнёсак у захаваньне праўдзівай, ня папсаванай канцылярытамі, саветызмамі ды наркамаўкай літаратурнай мовы, стварэньне самой магчымасьці літаратурнае альтэрнатывы. Беларуская эміграцыя — асабліва тая, што фармавалася пад час свае “трэцяе хвалі”,— была добра-такі разьвітая, структураваная, эстэтычна выразная. Разам з тым, яна мела на сабе таўро кволай апазыцыйнасьці, хаця вонкавыя ўмовы існаваньня яе да таго не змушалі. Хутчэй, “адыгрываўся” ўнутраны чыньнік, даўні ген беларускае мэнтальнасьці, беларускага руху.

Францішак Аляхновіч быў першым літаратарам, хто пакаштаваў бурды сталінскага ГУЛАГу, ды яшчэ не абы-якога — Салавецкага. Ён жа й першы стварыў паўнавартасны твор пра сталінскія “гулагі” й сталінізм — кнігу-дзёньнік “У кіпцюрах ГПУ”, за сорак год да стварэньня А.Салжаніцыным ягонай фундамэнтальнай энцыкляпэдыі ды анатоміі сталінізму.

Аднак Аляхновіч у сваёй рэчы не аналітычны й не наступальны — амаль што не апазыцыйны. Яго душаць крыўда, цяжар перанесеных пакутаў, але кампэнсуюцца яны празь незласьлівае іранічнае апісаньне, гумар, часам — сарказм. У ягоным дзёньніку няма разгорнутай сацыяльнай інвэктывы на савецкі лад. Хутчэй — гэта пратэст аднаго асобнага ўзятага літаратара супраць рэжыму, аднак пратэст чалавека з артыстычнай, а не пракурорскай душой.

Адсутнасьць нянавісьці замінае творам беларускіх эмігрантаў быць папраўдзе апазыцыйнымі й дысыдэнцкімі. Ды, зь іншага боку, нянавісьць здатная разьядаць мастацкую аснову твору, ператвараць яго ў калялітаратурную зьяву.

І ўсё ж паспрабуем уявіць, што савецкая ўлада раптам не адрынула, а прылашчыла (на момант) Францішка Аляхновіча, як гэта было з Вацлавам Ластоўскім, Максімам Гарэцкім, Язэпам Лёсікам ды Купалам? Наабяцала ўсялякіх званьняў, пэнсіяў, пасадаў? Ці нарадзілася б тады крыўда? Ці нарадзіўся б сам твор “У кіпцюрах ГПУ”? Пакуты блізкага ня так уражваюць, як свае ўласныя. Прыгадаем, што Браніслаў Тарашкевіч, на якога вымянялі Аляхновіча, таксама ехаў у БССР у спадзяваньні на ласку ідэёвых паплечнікаў. А быў жа насамрэч палымяным пасіянарыем, ня горшым ад Аляхновіча.

Адкрыты апазыцыянізм грунтуецца на бескампраміснасьці, зацятасьці й высакароднай нянавісьці, якія не заўжды былі ўласьцівыя беларускім уцекачом — эмігрантам. Зрэшты, брак бескампраміснасьці ў беларусаў канстатаваў яшчэ філёзаф Ігнат Канчэўскі, чым адрозьніваў іх ад усходніх суседзяў.

Адэкватнае разуменьне савецкай рэчаіснасьці, месца Беларусі ў ёй у творах эмігрантаў, безумоўна, прысутнічае — у прозе Кастуся Акулы, публіцыстыцы Аўгена Калубовіча, Юр’я Туронка, эсэ Юркі Віцьбіча, празрыстай мэтафорыцы “Зьвера двухногага” Ўладзімера Дудзіцкага, грамадзянскай лірыцы Наталі Арсеньневай, “Споведзі” Ларысы Геніюш.

Але гэтае разуменьне яшчэ не стварае праўдзівай апазыцыйнасьці, франтальнага супраціву таталітарнаму рэжыму. А натуральная настальгія па Бацькаўшчыне, хай сабе й савецкай, нейкае інстынктыўнае пачуцьцё крэўнасьці стварала глебу для паразуменьня з “клясавымі” супраціўнікамі нават у часы халоднае вайны, калі беларускія эмігранты з ахвотаю прымалі ў сябе “служкаў” савецкага рэжыму — Андрэя Макаёнка, Барыса Сачанку, гурт “Песьняры”. Гэтай настальгіяй, адвечным сантымэнтам па роднай старонцы закрэсьлівалася ўсё астатняе. Добра гэта ці не, але яно мела месца.

Франтальнай апазыцыйнасьці беларускай эміграцыі замінае й узьведзеная ў квадрат істотная рыса беларускага мэнталітэту — прыхільнасьць да разьяднаньня, драбленьня паводле канфэсійных, палітычных, псыхалягічных ды іншых прыкметаў.

Магчыма, новая генэрацыя беларускіх літаратараў-эмігрантаў, што інтэнсіўна фармуецца ў найноўшы час, выявіць іншыя якасьці.

Літаратура

1. Абдзіраловіч Ігнат. Адвечным шляхам. Мн., 1993;

2. Аляхновіч Францішак. У кіпцюрах ГПУ. Мн., 1994;

3. Бурдзялёва Ірына, Васючэнка Пятро. Укрыжаваная Беларусь: Эсэ // Літаратура і мастацтва. 1997. №20. С. 5, 12.

4. Глыбінны Ул. Доля беларускае культуры пад саветамі // Спадчына. 1999. №3. С. 3—36.

5. Купала Янка. На вайсковыя матывы. У кн.: Купала Я. Поўны зб. тв. У 9 т. Т. 4. Мн., 1997. С. 81—90.

6. Купала Янка. Пазвалі вас. У кн.: Купала Я. Поўны зб. тв. У 9 т. Т. 4. Мн., 1997. С. 111—113.

7. Купала Янка. Тутэйшыя. У кн.: Купала Я. Поўны зб. тв. У 9 т. Т. 7. Мн., 2001. С. 263 — 332.

8. Adamovitch A. Opposition to Sovetization in Belorussian Literature (1917—1957). Munich, 1958.

 

Лекцыі № 13-15 можна прачытаць тут.

You may also like...