Беларусь у часы посткамунізма: неапазнаная ідэнтычнасць / ненапісаная гісторыя
Другая сустрэча публічнага семінара “Інтэлектуальная гісторыя посткамунізма”.
Работа каля дошкі: Ігар Бабкоў, Андрэй Ягораў.
Мадэрацыя: Максім Жбанкоў.
Рэфлексія: Пётра Рудкоўскі.
Ігар Бабкоў, філосаф, гісторык ідэяў:
“Беларуская ідэнтычнасць – надзвычай спрэчная і выбуховая тэма, дзе адбываецца сутыкненне, а часам нават вайна розных пазіцый і падыходаў. Даследчыкі, аналітыкі, зацікаўленыя і незацікаўленыя назіральнікі прапануюць узаемавыключальныя версіі і карцінкі.
Ад гранічна песімістычных – калі гісторыя Беларусі пасля 1991 года бачыцца як час змарнаваных шанцаў, а сама Беларусь разглядаецца як абсалютны сатэліт і калонія Расеі, без уласнай суб’ектнасці, са сцёртай ідэнтычнасцю і без перспектыў на будучыню.
Да крыпта-аптымістычных, у якіх пад покрывам «прарасійскасці» Беларусь адзіная ў рэгіёне здолела выбудаваць новую посткаланіяльную ідэнтычнасць, эфектыўныя дзяржаўныя інстытуцыі, і класічны капіталізм ад зэра.
Часам здаецца, што існуе некалькі Беларусяў, кожная з якіх ідзе ў сваім кірунку, да сваёй ідэнтычнасці.
Як зразумець усё гэта? І як апісаць, – асабліва для знешняга, незаангажаванага чытача? Якая оптыка, якія метадалагічныя сродкі могуць нам дапамагчы ўбачыць цэлае?”
Андрэй Ягораў, палітычны аналітык, метадолаг:
“Сучаснай палітычнай гісторыі Беларусі няма. І не толькі таму, што яна
нікім не напісаная. Хутчэй праблема – ў неназванасці таго, што з намі
адбывалася. Гісторыя «нармальнага посткамунізму» з поспехамі і хібамі
транзіту была завершаная ў 1996-1999. Пасля гэтага пачынаецца часавы
перыяд, што не мае ані назвы, ані вызначэння. Што гэта было і ў якіх
рамках гэта можна рацыяналізаваць?”.
Сустрэча адбудзецца 18 лютага (панядзелак), а 19.00, Журналісцкая майстэрня “Прэс Клуб” (вул. Веры Харужай, 3-601).