Семінар “Культурныя коды цывілізацыі Захаду” ахоплівае пяць тысяч гадоў нашага цывілізацыйнага абсягу. Аднак найперш ён пра нас з вамі, якія ёсьць тут і цяпер і ёсьць вось такія, а “мы” – гэта кожны паасобны мысьляр і кожная інтэлектуальная ці творчая супольнасьць, і цэлая культура на сваім унікальным часавым раздарожжы. А дакладней – пра тое, чаму мы такія, чаму мы бачым і разумеем сьвет так, а не інакш, ствараем такую культуру, а ня іншую, чаму мысьлім ў пэўных катэгорыях, верым пэўным догмам, увасабляем у сваёй творчасьці пэўныя вобразы. Мы працуем з культурнымі кодамі – тымі прасеянымі праз сіта часу сымбалямі, вобразамі і паняткамі, якія так ці інакш значныя для ўсіх носьбітаў пэўнай традыцыі, веданьне якіх пазначае прыналежнасьць да традыцыі і якія ёсьць ключамі да самое традыцыі.
Культура ўяўляе сабою зыбкую мярэжу, сатканую з пэўных зьяў – аб’ектаў, ідэй, тэкстаў, падзей, персанажаў, структур, што з цягам часу пачынаюць несьці сымбалічную нагрузку, якая не супадае, а найчасьцей і пераўзыходзіць іх першапачатковы сэнс, задуму, якасьць, намер, матывацыю, прызначэньне. Сымбалямі-ключамі могуць стацца нават не самыя фэномэны, а нейкія іх знакавыя часткі, ці нават іх амаль няўлоўныя цені – нібы тэкст, сэнс якога палягае не так ў сюжэце ці словах, як у спалучэньні гукаў, у сутыках слоў, у інтанацыях. Менавіта гэтая зыбкасьць, няпэўнасьць, недагаворанасьць культурных кодаў забясьпечвае ўстойлівасьць культуры. Сымбалі могуць жыць доўга і нават перажываюць крушэньні адных ды паўстаньні новых цывілізацый закошт закошт сваёй абалонкавай прыроды, што дазваляе ім напаўняцца штораз новымі сэнсамі – нібыта такімі ж, але насамрэч зусім іншымі, перакадаванымі ў адпаведнасьці новым абставінам і новым разуменьням, – захоўваючы пры гэтым глыбінную сувязь з усімі пакаленьнямі, што ведалі іх і прымалі як сваё.
Такім чынам кожная культурная традыцыя і кожная творчая дзея, кожны інтэлектуальны чын паўстаюць у гэтай мярэжы, часам сьвядома, але часьцей несьвядома, аперуючы ўжо зададзеным наборам культурных кодаў. Пацягнуўшы за абы-якую ніту мярэжы, мы пачнем размотваць чароўны клубок усяе культуры, які апынецца ўплеценым у клубок усяе нашае цывілізацыі, які, хаця й здаецца неаднародным, разнастайным і нават разнамерным, але мае свой пачатак. І калі мы прасочым, як мяняюцца й перакадоўваюцца, часам трансфармуючыся да непазнавальнасьці, трацячы зыходныя сэнсы ды абрастаючы новымі інтэрпрэтацыямі, усё тыя самыя складовыя часткі культуры, – тады мы займеем шанец ня толькі ахапіць думкаю сваю ўлучанасьць ва ўвесь неймаверны, аграмадны культурны кантэкст, але й зразумець, чаму мы робім, тое, што мы робім, і так, як мы робім, – і адпаведна, стаць асэнсаванымі і самаўсьвядомленымі ў сваім мысьленьні і творчых чынах.
Мы адкрываем грандыёзны мацярык заходняй інтэлектуальнай традыцыі, якая пачалася раней за Грэцыю – з пачаткам пісьменнай цывілізаці старажытнага Блізкага Ўсходу, пяць тысяч гадоў таму, у Эгіпце і Мэсапатаміі. Там зарадзіліся касмаганічныя ўяўленьні і навуковыя парадыгмы, складаныя рэлігійныя сыстэмы і літаратурныя традыцыі, адукацыйныя і палітычныя канцэпты ды этычныя і прававыя нормы, якія разьвіваліся й мянялі формы, пераходзячы з эпохі ў эпоху, і з некаторымі з якіх мы жывем дагэтуль. Мы прасочваем шляхі канцэптуальнай думкі, якая кшталтавалася ў сумэрскіх, акадзкіх, эгіпецкіх, угарыцкіх, хітыцкіх, іранскіх ды ізраільскіх тэкстах, у транскультурных ідэях гнастыцызму і яго наступніках, у высокаразьвітых гэнатэістычных і монатэістычных рэлігіях, у фармаваньні двох інтэлектуальных слупоў эўрапейскай цывілізацыі – грэка-рымскай культуры ды Хрысьціянства, у ключавых падзеях, што мянялі сьвет і паскаралі мысьленьне, у асобах і школах, што стваралі вядомую нам карціну сьвету – што стварылі асновы нашага цяперашняга сьветамысьленьня. І вось – неспадзеўна мы знаходзім сябе ў 2020 годзе, у Беларусі, якую ніхто ня мог прадбачыць і прадказаць, але мы ўжо разумеем, што іначай і быць не магло, што, гаворачы словамі Караткевіча, “быццам тысячы тысяч забытых людзкіх пакаленьняў ўсе жылі для таго, каб цябе нарадзіць і мяне…” Культурная логіка сучасных падзей аказваецца бездакорнаю, калі яна ўпісаная ў свой цывілізацыйны сюжэт.