“Магічная карціна сьвету і трансмісія народнай таемнай веды”. Адкрытая лекцыя Ірыны Дубянецкай з цыклю “Беларускі сакрум“
by калегіюм · 10.01.2022
Запіс падзеі
Падзея прайшла. Запіс можна паглядзець на youtube-канале Беларускага калегіюма (відэа вышэй).
БЕЛАРУСКІ САКРУМ
“У маём домі ні долі, ні волі, – прастол на прастолі”: Магічная карціна сьвету і трансмісія народнай таемнай веды
Што
Беларуская магічная карціна сьвету захавалася з розных прычын толькі часткова, аднак дасьледаваньне народных магічных тэкстаў дазваляе меркаваць, што яны – прынамсі некаторыя вобразы і сюжэты – сягаюць каранямі ў глыбокія тысячагодзьдзі і перагукваюцца з сюжэтамі і вобразамі з тэкстаў старажытнага Блізкага Ўсходу і таемнай гнастычнай традыцыі, а прынцыпы магічных рытуалаў, запісаных у Беларусі ў ХІХ ці ХХ стагодзьдзі адпавядаюць канцэпцыям, вядомым хітыцкім магам ІІ тысячагодзьдзя да н.э. Гэта дае нам, як мінімум, магчымасьць асэнсаваць маштабы свайго культурнага кантэксту.
У падмурку народных магічных практык закладзена ўяўленьне пра адзінства сусьвету, якое забясьпечвае карэляцыю паміж рознымі элемэнтамі мікракосму і макракосму або сакральнай зоны і яе прафаннага адпаведніку. Магічная карціна сьвету адным з асноўных законаў мае той, што апісаны на Смарагдавай таблічцы Гэрмэса Трысмэгіста: Што зьверху, тое і зьнізу: што ўнутры, тое і навонкі. Магічная візія сьвету адрозьнівалася і ад канвэнцыйнай (штодзённай або сацыяльнай), і ад рэлігійнай. Яна не трансьлявалася ў народных паданьнях і сьпевах (хаця некаторыя яе элемэнты і патраплялі ў шырэйшы ўжытак), а хутчэй перадавалася ад настаўніка да вучня. Так, у беларускай культуры, якая заўсёды чэрпала з народных крыніц, амаль няма многіх рэаліяў магічнай традыцыі, або згадкі іх настолькі фрагмэнтарныя, што не даюць пра яе належнага ўяўленьня. З усіх шматлікіх жанраў беларускай народнай творчасьці магічную традыцыю найлепш адлюстроўваюць замовы, бо яны ўласна цалкам да яе належаць.
Пра некаторыя асаблівасьці беларускай магічнай карціны сьвету мы пагаворым на лекцыі Ірыны Дубянецкай, якая распачне ў Беларускім Калегіюме новы 2022 год!
Хто
Ірына Дубянецкая
бібліістка, багаслоўка і філёзафка, доктарка сакральнай тэалёгіі (Sacrae Theologiae Doctor) і доктарка філязофіі (PhD).
Дзе
Zoom.
Анлайн-трансьляцыя і падзея сустрэчы ў facebook.
Калі
12 студзеня 2022 г. (серада), 19.00.