Тэксты
Лекцыі № 13-15 можна прачытаць тут.
Адам Мальдзіс. Лекцыя 16. ШЛЯХЕЦКАЯ КУЛЬТУРА БЕЛАРУСІ (ХVII—ХІХ стст.)
План:
1. Уступ. Агульная характарыстыка беларускай шляхты
2. Шляхецкая культура ХVII — першай паловы ХVIII ст. Эпоха барока
3. Шляхецкая культура другой паловы ХVIII—пачатку ХІХ ст. Эпоха асветніцтва
4. Шляхецкая культура 1820—1863 гг. Эпоха рамантызму
1. Уступ. Агульная характарыстыка беларускай шляхты
Беларуская шляхта — паняцце, хутчэй, не класавае (адрозна ад рускага дваранства), а саслоўнае, класава дыферэнцыяванае. І паняцце, безумоўна, гістарычнае. Шляхецкае саслоўе выразна акрэслілася ў ХVІ ст., калі беларускія землеўласнікі ў пагоні па прывілеі сталі набываць гербы, пераходзіць у каталіцтва, прымаць польскую (заходне-еўрапейскую) мадэль культуры, карыстацца польскай і лацінскай мовамі. Працэс гэты, наагул добраахвотны, узмацніўся пасля прыняцця Люблінскай уніі, дасягнуў свайго апагею ў канцы ХVII ст. і мусова прыпыніўся пасля паразы паўстання 1863 г. — гэтага апошняга ўсплеску шляхецкай рэвалюцыйнасці.
У ХVII—XVIII стст. у Беларусі, як і ва ўсёй Рэчы Паспалітай, шляхце належала ўся ўлада. Адрозна ад дваранства ў іншых еўрапейскіх краінах, польская, беларуская, літоўская ды ўкраінская шляхта была больш шматлікай. Паводле вядомага гісторыка ХІХ стагоддзя Тадэвуша Корзана (дарэчы, ураджэнца Мінску), у 1791 годзе шляхта складала 8% жыхароў краіны (дваранства ў Заходняй Еўропе — каля 2%).
Ужо было азначана, што шляхта ў ХVІІ—ХІХ стст. была катэгорыяй саслоўнай. Як слушна сцвярджае Анджэй Заянчкоўскі, яе нельга ідэнтыфікаваць з якім-небудзь адным класам, таму што ўнутры гэтага саслоўя існавала класавая барацьба. Адрозна ад рускага дваранства, шляхта ў Рэчы Паспалітай маёмасна была вельмі дыферэнцыяванай. На адным полюсе — магнаты, уладальнікі вялікіх латыфундый, на другім — “шарачковая”, “загонная” шляхта, што жыла з працы сваіх рук або служыла магнатам (замежных падарожнікаў шакавалі шляхцічы, якія вазілі гной, уторкнуўшы ў яго свой абавязковы атрыбут — шаблю). Папулярная прымаўка казала, што ў ашмянскай шляхты адна нага абута ў бот, а другая ў лапаць… А паміж гэтымі полюсамі была яшчэ сярэдняя шляхта — уладальнікі адной-дзьвюх вёсак. Якраз яна найбольш ненавідзела дробных “шарачкоў”, фармальна роўных з ёю.
І ўсё ж, нязважна на значнае сацыяльнае расслаенне, шляхта была адзіным саслоўем. Аб’ядноўвалі яе агульныя правы і прывілеі. Найперш, выключнае права валодаць зямлёй і прыгоннымі сялянамі (мяшчанства гэткіх правоў не мела). Шляхце быў таксама дадзены прывілей “недатыкальнасці жылля”. Ейныя землі вызваляліся ад падаткаў, а тавары — ад мыта. Толькі шляхта мела права займаць дзяржаўныя пасады, а таксама… гнаць і прадаваць гарэлку. Аднаго не магла шляхта: гандляваць і займацца рамёствамі. Чалавек, які “спрафанаваў” сваё саслоўе такімі “подлымі” дзеяннямі, губляў шляхецтва і пераходзіў у мяшчанства.
Асабліва высока шляхта цаніла сваю “залатую вольнасць”. Яна сапраўды была больш значнаю, чым у дваран суседніх краін. Удзел у сейме, сейміках і трыбуналах дазваляў шляхцічу істотна ўплываць на знешнюю і ўнутранную палітыку краіны. Шляхта падпарадкоўвалася толькі тым законам, якія сама прымала. Практычна яна была незалежнаю ад цэнтральнай улады. Са словаў польскага гісторыка культуры Аляксандра Брукнера, шляхціча звязвалі з каралём толькі падымны падатак ды абавязак удзельнічаць у “паспалітых” войнах. Лагічным вынікам такой “свабоды” было самавольства.
Шляхта ганарылася сваёй “роўнасцю”. Фармальна “шарачок” меў такія ж правы, што і магнат. “Шляхціц на сядзібе — гаварыла прыказка — роўны ваяводу”. Юрыдычна ў Рэчы Паспалітай не прызнаваліся княжыя (апрача старадаўніх “рускіх” родаў) і графскія тытулы. Арыстакрат мусіў называць беднага шляхціча “панам братам”, “васпанам”, “вашмосцем” або “дабрадзеем”. Але на практыцы ўсё гэта выглядала іначай. Тытулы купляліся за мяжой. Азнака “брат” замянялася зняважлівым “брацік”, “аспан” або “асан”. Каб асабліва падкрэсліць сваю адметнасць, багатая шляхта шырока карысталася “службовымі” тытуламі: стольнік, чэснік, мечнік, скарбнік, кашталян… У каго такога тытулу не было, той купляў яго.
Негледзячы на фармальную роўнасць, магната і “шарачка” адмяжоўвала велізарная сацыяльная бездань. Бедная шляхта залежала ад сярэдняй і значнай, аддавала ёй “за хлеб і соль” свае галасы на сейміках. Магнаты ж узапраўду былі “свабоднымі”, бо мелі вялікія ўладанні (асабліва на Ўкраіне і ў Беларусі). Да сваіх родавых маёнткаў яны далучалі і каралеўскія стараствы — спачатку бралі іх у арэнду, а потым не аддавалі назад. Магнацтва прыбірала да рук біскупскія кафедры (у ХVІІІ ст. іх мог заняць толькі той, хто меў адметны радавод), гвалтам захоплівала фальваркі дробнай і сярэдняй шляхты. Арыстакраты станавіліся ўладарамі велізарных абшараў. Кароль Радзівіл, напрыклад, быў ардынатам нясвіскім і алыцкім, уладальнікам Біржаў, Дубінак, Слуцкага княства, Кейдан, Койданава, Чарнаўчыцаў, Невеля, маёнткаў у Жоўкве і Злочаве, вялікіх двароў на Валыні і Ўкраіне, якія яму дасталіся па маці. Апрача ўсяго гэтага, ён з’яўляўся яшчэ і арандатарам велізарных каралеўшчын. Паводле Нямцэвіча, у скарбніцы нясвіскага магната захоўваліся “дванаццаць апосталаў на дзве ступені вышыні, адлітыя з чыстага золата; сталы, літыя з серабра, і тысячы іншых каштоўных прадметаў”.
Магнаты зазвычай мелі шматлікіх слуг, у тым ліку са шляхты, шматтысячныя войскі. “Армія” Радзівілаў пераўзыходзіла колькасцю каралеўскую. Таму яны маглі пачувацца вольна, не асцерагаючыся кары, а таксама рэальна прэтэндаваць на трон — калі не польскі, то хаця б літоўскі.
Магнацкая пыха выглядала на бязмежную. Магнаты ставілі знак роўнасці паміж сабой і дзяржавай. Узорам паўнавартага чалавека зрабіўся “bene natus et possesionatus et catholicus” (“высокародны землеўласнік і католік”). Цвердзілася, што сяляне і мяшчане ніжэйшыя за шляхту фізічна і псіхічна, бо мяшчане паходзяць не ад біблейскага Яфета, але ад “подлага Хама”. Магнаты залічвалі сябе ледзь не да святых, патрабавалі асаблівага ўшанавання. У розных мемуарных крыніцах гаворыцца, што як жонка Міхала Радзівіла спявала ў касцёле “гадзінікі”, то на словы: “Я тое ўчыніла на небе, каб узыходзіла бясконцае святло”, хор прыдворных, кланяючыся, адказваў: “Пакорліва дзякуем вашай княжай мосці”.
Таму, натуральна, з гадамі расла фізічная і маральная дэградацыя вышніх слаёў шляхты. Бавячы час у баляваннях і распусце, магнаты ўсё радзей бралі ў рукі зброю, усё меней займаліся дзяржаўнымі справамі, усё часцей паміралі безнашчаднымі. Прыклад таму — Геранім і Кароль Радзівілы. Гэтае выраджэнне добра адлюстроўвалі жывапіс, паэзія, мемуарная літаратура.
Аднак нельга сказаць, што магнаты зусім не займаліся карыснай дзейнасцю. Сярод іх былі і людзі актыўныя, гаспадарлівыя (Ганна Радзівіл, Антон Тызенгаўз, Міхал Казімір Агінскі, Іяахім Храптовіч), якія дбалі пра развіццё рамёстваў і гандлю, засноўвалі мануфактуры, дзе вырабляліся сапраўдныя шэдэўры прыкладнога мастацтва (літыя паясы ў Слуцку, габелены ў Карэлічах, посуд і люстэркі ў Налібоках і Ўрэччы, тканіны ў Гродні і Ружанах). Нараджаецца мецэнацтва. З’яўляюцца прыдворныя друкарні (Нясвіж, Гродна, Слонім), прыгонныя тэатры з аркестрамі, опернымі, балетнымі і драматычнымі трупамі (Нясвіж, Слуцак, Ружаны, Слонім, Гродна, Шклоў). У рэпертуары ўваходзяць не толькі заходнееўрапейскія творы, але і трагедыі, камедыі і оперы мясцовых аўтараў (Францішка Радзівіл, Мацей Радзівіл, Міхал Казімір Агінскі). Сярод маладой арыстакратыі распаўсюджваюцца ідэі Асветніцтва, тэорыі францускіх фізіякратаў, творы Вальтэра і Русо. Шырацца заклікі да спынення анархіі і ўзмацнення цэнтральнай улады.
У апошняй трэці ХVІІІ стагоддзя, калі ўсходнія землі Беларусі ўвайшлі ў склад Расіі, на Полаччыне, Віцебшчыне, Магілёўшчыне і Гомельшчыне з’явіўся новы тып магнатаў. Гэта былі высокія рускія саноўнікі, прыдворныя фаварыты, якім Кацярына ІІ падаравала былыя каралеўскія стараствы і сканфіскаваныя маёнткі тых польскіх арыстакратаў, хто не захацеў прысягаць на вернасць царскаму трону. Больш за чатырнаццаць тысяч сялян атрымаў у беларускіх губернях Пацёмкін (Крычаўскае стараства), больш за адзінаццаць тысяч — Румянцаў-Задунайскі (Гомельскае стараства). Вялікія маёнткі былі падараваны Дандукову, Савінчукову, Ялагіну, удаве генерала Бібікава.
Новая знаць істотна адрознівалася ад старой (скажам, Радзівілаў). Яна не магла пахваліцца старажытным паходжаннем, але была больш энергічная і адукаваная, больш клапацілася пра мецэнацтва. І што самае важнае, ува ўмовах абсалютнай манархіі яна не магла сабе дазволіць такое сваволі, як магнаты ў Рэчы Паспалітай. Памешчыкі Віцебскай і Магілёўскай губерняў трымцелі перад вядомым рускім паэтам Г.Дзяржавіным — сенатарам, які прыяжджаў сюды разбірацца з іхнімі злоўжываннямі.
Інакш выглядае сацыяльны і культурны партрэт сярэдняй і беднай шляхты. Залежна ад эканамічнага становішча, яна падзялялася на прыдворную, чыншавую, фальварачную, “частковую” і “шарачковую” (“загонную”). Маючы пэўную агульнасць у сацыяльнай псіхалогіі, кожная з гэтых груп усё-ткі вылучалася сваімі адметнасцямі.
Найбольшыя залежнасць і маральная разбэшчанасць назіраліся ў асяродку шматлікай прыдворнай шляхты, розных рэзідэнтаў. Для многіх з іх служба пры двары была сродкам здабыць кавалак хлеба. А тыя, што паходзілі з заможных сем’яў, набіраліся пры двары магната “розуму і полеру”. С.Шантыр спамінае, што ў ягонага дзеда было каля дзесяці такіх “кавалераў” (набіралі пераважна высокіх і прыгожых), у бацькі — ужо толькі два-тры. У абавязкі “кавалераў” уваходзіла на сваім кані развозіць пісьмы, выконваць іншыя канфедэнцыяльныя заданні, стаяць “пад рукой у пані”. У выпадку, калі “рэспектавыя” слугі “псоцілі”, асабліва “каля жаночага фартушка”, гаспадар пасылаў нягодніку запячатаны “білет”, згодна з якім вінаватаму адлічвалі некалькі дзясяткаў “корбачаў” (бізуноў) — вядома, на дыване…
Найбольш цяжка жылося “частковай” шляхце, якая валодала некалькімі сялянскімі сем’ямі, і “шарачкам”, што самі апрацоўвалі зямлю. Іхні побыт мала адрозніваўся ад прыгоннага. С. Тучкоў, трапіўшы на Магілёўшчыну, здзіўлена заўважыў, што дробная шляхта “не мела тады амаль ніякага выхавання. Жыла яна, як і цяпер (у ХІХ ст. — аўт.), у чорных хатах, падобна да простых земляробаў — нярэдка разам са свойскай жывёлай”.
Эканамічная залежнасць сярэдняй і дробнай шляхты, вядома, спараджала залежнасць палітычную. Фармальна “шарачок” мог аддаць свой голас, за каго хацеў. Але ўся шляхта павету складала так званае “суседства”, якое ішло за сваім “правадніком” — разам з ім прадавалася таму або іншаму магнату. Рэч Паспалітая ўяўляла з сябе “федэрацыю суседстваў” (А.Заянчкоўскі), падзеленых паміж дзвюма асноўнымі “партыямі” — кансерватыўнай (“сармацкай”) і рэфармісцкай. Сярэдняя і дробная шляхта была сляпой зброяй у іхняй барацьбе.
Але, паміж іншага, шляхецкія прывілеі, з ўсёй іхняй умоўнасцю, ахоўвалі ад “зняваг чынам і словам”. Таму сярэдняя і дробная шляхта рабіла розныя захады, каб ніхто не ўсумніўся наконт ейнага знатнага паходжання. Назапашваліся сапраўдныя і фіктыўныя дакументы. “Генеалагічнае дрэва” завучвалася на памяць яшчэ ў раннім дзяцінстве. Старанна размалёўваліся гербы. Як вядома, літоўская і беларуская шляхта выводзіла свой род ад легендарнага патрыцыя Палямона і дужа ганарылася гэтым, параўноўваючы сябе з польскім дваранствам. “Ляхове не была шляхта, але былі людзі простыі, ані мелі гербов своіх, але мы шляхта старая, рымская” — казалі супраціўнікі уніі з Каронай яшчэ ў ХVІ стагоддзі.
Шляхецкае саслоўе было дастаткова замкнёным. Аднак не суцэльна. Найбольш энергічныя мяшчане і сяляне, нават карчмары за грошы здабывалі набілітацыю. Паколькі адмысловага дэпартаменту герольдыі не існавала і праверкай радаводаў ніхто не займаўся, можна было папросту “прымазацца” да іншага шляхецкага роду, дадаць да свайго прозвішча “высокародны” канчатак — скі. Праўда, хадзіла з рук у рукі “Кніга хамаў”, у якой пералічваліся ўсе “лжэшляхцічы”. Але ж калі хто разбагацеў, дык не дужа на яе зважаў: праз некалькі пакаленняў “неафіцтва” забывалася.
2. Шляхецкая культура ХVII — першай паловы ХVIII ст. Эпоха барока
Шляхецкая культура была паноўнай на тэрыторыі Беларусі з канца ХVІ да другой паловы ХІХ ст. Яна вызначалася полілінгвістычнасцю (польская, беларуская, руская, лацінская, француская мовы) і, да значнай ступені, элітарнасцю. Менавіта дзякуючы ёй, у Беларусь прыйшлі агульнаеўрапейскія стылі — барока, класіцызм, сентыменталізм і рамантызм. Ідэалагічнымі выразнікамі шляхты з’яўляліся Контррэфармацыя і Асветніцтва.
Вытокі шляхецкай культуры трэба шукаць у ХІV—XV стст., калі беларускія землі цалкам яшчэ заставаліся ў арэале ўсходняй, праваслаўна-візантыйскай культурнай мадэлі. І хаця на хвалі Рэнесансу і Рэфармацыі ўзмацніліся заходнееўрапейскія ўплывы, толькі падчас Контррэфармацыі каталіцка-раманская культура пачала дамінаваць (у значнай ступені дзякуючы прыняццю ўніяцтва).
Контррэфармацыя аказала выразны ўплыў на беларускую шляхецкую культуру наагул, і асабліва на літаратуру і мастацтва. Уплыў гэты быў больш плённы, чым у ідэалагічнай сферы. Справа ў тым, што, адрозна ад Рэфармацыі, якая, змагаючыся за “танную царкву”, адмаўлялася ад вонкавага і ўнутранага ўпрыгожання храмаў, Контррэфармацыя імкнулася да пышнасці і пампезнасці, да ўздзеяння на пачуцці вернікаў сінтэзам розных (у тым ліку “паганскіх”) відаў мастацтва — архітэктуры, жывапісу, скульптуры, музыкі, публічных тэатралізаваных відовішчаў. Падчас урачыстых набажэнстваў, тэатралізаваных шэсцяў (прыгадаем макабрычныя пахавальныя працэсіі ў Нясвіжы) і прадстаўленняў усё было падпарадкавана адзінай мэце — схіліць чалавека да думкі пра марнасць зямнога жыцця на карысць жыцця нябеснага.
Паноўным мастацкім стылем эпохі контррэфармацыі было пышнае і вытанчанае барока. Але як сінтэтычны мастацкі напростак, з’яўлены на скрыжаванні рэнесансавых і сярэдневечных традыцый, барока, вядома, значна шырэйшае за саму Контррэфармацыю. Яно развівалася не толькі ў каталіцкім, але і ў пратэстанцкім, праваслаўным ды уніяцкім асяродках. Барока было здольна выказваць не адно містычныя ідэі, але і абслугоўваць самыя розныя ідэалагічныя сістэмы. Другасны (адносна Рэнесансу), і таму вельмі фармалізаваны, барочны стыль лёкга пераступаў сацыяльныя і нацыянальныя бар’еры. Эстэтыка барока — істотны крок наперад у развіцці тагачаснага мастацтва. Яна несла новае, больш рознабаковае (“стэрэаскапічнае”) і дыялектычна супярэчлівае, параўнальна з рэнесансавым, бачанне свету і чалавека. Узрасло імкненне да сінтэтычных жанраў (опера, трагікамедыя). У розных краінах, у тым ліку на Беларусі, агульнаеўрапейскія барочныя тэндэнцыі лёгка спалучаліся з рэгіянальнымі і нават народнымі традыцыямі.
Найбольш поўна барока праявілася ў манументальнай архітэктуры Беларусі. Пачынаючы з езуіцкага касцёлу ў Нясвіжы, узведзенага ў канцы ХVІ ст. вядомым італьянскім архітэктарам Д.Бернадоні, у беларускіх гарадах і вёсках будаваліся пампезныя касцёлы, кляштары, магнацкія рэзідэнцыі. Дынамічныя формы іхніх фасадаў, хвалістыя, неспакойныя лініі дэкору, кантрасныя спалучэнні мусілі сімвалізаваць зменлівасць і хуткаплыннасць чалавечага жыцця.
Рысы барока выявіліся таксама ў праваслаўных і ўніяцкіх храмах (Мікалаеўская царква ў Магілёве, базыльянская царква і іканастас у Супраслі, комплекс у Жыровіцах, уніяцкія цэрквы ў Барунах і Княжыцах). Заходнееўрапейскія ўплывы тут сышліся з візантыйскімі і мясцовымі традыцыямі, што надало непаўторнасць асобным помнікам. Самабытна выглядае драўлянае культавае дойлідства на Беларусі.
Залежна ад культавага дойлідства развівалася выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Творы жывапісу і скульптуры нібы дапаўнялі і падкрэслівалі архітэктурныя формы (касцёл аўгустынаў у Міхалішках, аформлены італьянскім скульптарам Перці каля 1653 г.) Манументалісты ў стылі барока выраблялі для цэркваў іканастасы (выразаны з дрэва іканастас Мікалаеўскай царквы ў Магілёве), распісвалі фрэскамі касцёлы (у Мсціславе). У пашыраным тады партрэтным жывапісе праявіліся ўласцівыя барока параднасць, пампезнасць, панегірызм, ідэалізацыя магнацтва і вышэйшага духавенства (партрэты Радзівілаў). Адначасна барока прыўнесла ў жывапіс і скульптуру новыя якасці: статычнасць паволі змяняецца дынамічнасцю, плоскаснасць — аб’ёмнасцю. На змену роўнаму прамяністаму святлу прыходзяць неспакойны кантрасны светлацень, эфектнае спалучэнне колераў.
Гэткага кшталту тэндэнцыі праглядаюцца і ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Найбольш заўважнымі сягненнямі тут паўстаюць налібоцкае і ўрэцкае шкло, слуцкія паясы, карэліцкія габелены.
З мастацкімі тэндэнцыямі барока звязаны значныя дасягненні тэатральнага і музычнага мастацтва Беларусі. З прыходам на нашыя землі езуітаў пачаў развівацца школьны тэатар, у касцёлах і калегіях зарганізоўваліся пышныя прадстаўленні. У другой палове ХVІІ — першай палове ХVІІІ стст. школьныя тэатры дзейнічалі ў Брэсце, Віцебску, Гродні, Жодзішках каля Смаргоні, Магілёве, Мінску, Мсціславе, Наваградку, Нясвіжы, Пінску, Полацку і Слуцку. Рэпертуар переважна складаўся з лацінскіх (зрэдку — польскіх) драм-маралітэ, якія пісаліся (або перарабляліся з заходніх узораў) выкладчыкамі калегій і выконваліся вучнямі падчас рэлігійных свят, візітаў высокапастаўленых асоб ці ў сувязі з заканчэннем школьнага году. Асабліва цікавымі нам падаюцца беларускія інтэрмедыі, што зрэдку ўстаўляліся ў лацінскія і польскія творы. Школьныя спектаклі часта суправаджаліся музыкай, спевамі і танцамі (сальтамі), у ХVІІІ ст. на змену школьнаму тэатру прыйшоў прыдворны (прыгонны). Дастаткова прыгадаць тут Нясвіж Радзівілаў, Слонім Агінскіх, Гродна Тызенгаўза, Шклоў Зорыча.
У ХVІІ ст. пагоршыліся ўмовы развіцця літаратуры. На тое было некалькі прычын. Па-першае, не спрыяў агульны клімат Контррэфармацыі. Калі рэфарматары арыентаваліся на жывыя народныя мовы, то контррэфарматары ўсюды насаджалі мёртвую латынь, якая ў часы барока ўжо не адыгрывала ў Беларусі той станоўчай ролі, што ў эпоху Рэнесансу. Езуіты знішчалі цэнтры беларускай культуры, дабіліся закрыцця брацкіх школ і друкарняў. У выніку рэзка зменшылася колькасць беларускіх кніг.
На развіццё літаратуры адмоўна ўплывала і ўзмоцненая паланізацыя беларускіх зямель. Заможная і сярэдняя шляхта масава дэнацыяналізавалася, прымала разам з каталіцызмам польскую мову і польскую культуру. “Руская” мова ўжывалася пераважна ў побытавай сферы, а ў літаратуры — толькі у сатырычных і парадыйных творах, калі трэба было стварыць камічны эфект. Становішча ўскладнялася яшчэ і тым, што польская мова блізкая да беларускай. У тагачаснай Беларусі яе разумелі без перакладчыка, яна не ўспрымалася як мова чужаземных заваёўнікаў (у якасці “чужой” мовы выступала хутчэй незразумелая латынь, якую тады ўжывалі адно касмапалітызаваныя магнаты і каталіцкае духавенства). Беларуска-польская моўная блізкасць істотна замаруджвала развіццё новай беларускай літаратуры.
Урэшце, былі і ўнутранныя прычыны крызісу старажытнай беларускай культуры. Яна вычарпала магчымасці свайго ранейшага патэнцыялу. Кніжная мова старажытнага пісьменства ўсё больш адрывалася ад жывой гутарковай мовы, і таму станавілася незразумелай шырокаму чытачу. Пачаўся “распад” “заходнерускай” мовы, шмат чым важнай для беларускай і ўкраінскай літаратур. Новая літаратурная мова не магла скласціся шляхам адраджэння або абнаўлення старажытнай — трэба было распрацоўваць да ўзроўню літаратурнай мовы адзін з дыялектаў. А гэткаму працэсу тады нішто не спрыяла. Да таго ж, наступіў крызіс форм, звязаных з сярэднявечным светаўспрыманнем. Старажытная жанравая сістэма непазбежна мусіла саступіць месца новай літаратуры. У гэтым сэнсе пераходны перыяд быў гістарычнай заканамернасцю. І ўжо зусім неспрыяльна, што, адрозна ад суседніх народаў, у беларусаў гэты перыяд зацягнуўся на празмерна доўга.
Характарыстыка беларускай літаратуры часоў барока не будзе поўнай, калі не ўлічваць полілінгвістычнага характару тагачаснага літаратурнага жыцця Беларусі. Многія яе ўраджэнцы пісалі на польскай, лацінскай, стараславянскай і іншых мовах. Таму іхняя спадчына, угрунтаваная часта на мясцовым матэрыяле, належыць адначасова двум, або і тром, суседнім літаратурам. Шматмоўнасць выяўлялася часам у межах аднаго і таго ж твору (беларуска-лацінскія макаранічныя вершы, беларускія інтэрмедыі да лацінскіх і польскіх драм). Такі полілінгвізм спрыяў літаратурнаму ўзаемадзеянню, пранікненню ў беларускую літаратуру мастацкіх здабыткаў суседзяў.
Літаратурнае жыццё Беларусі ХVII—XVIII стст. было цесна звязана з літаратурным жыццём Рэчы Паспалітай наагул, і з’яўлялася, да пэўнай ступені, яго складнікам (хоць і дыферэнцыяваным). Праз Варшаву, Кракаў і Вільню прыходзілі новыя заходнееўрапейскія хвалі, новыя густы. З Беларуссю звязаны жыццё і дзейнасць многіх знаных прадстаўнікоў польскага і лацінскага барока. Групаваліся яны пераважна вакол магнацкіх двароў (Нясвіж) і езуіцкіх калегій.
Аднак ужо з 60-х гадоў ХVII ст., пасля выгнання з Рэчы Паспалітай арыян, польская літаратура на Беларусі відочна зніякавела. А ў часы панавання саксонскай дынастыі, калі пачаўся заняпад барока, літаратурная культура ўжо апусцілася да самага нізкага, графаманскага ўзроўню. І хаця рыфмаваць для “хатняга ўжытку” ці дзеля ўхвалення магнатаў умеў тады амаль кожны юнак, які праслухаў курс паэтыкі ў езуіцкай калегіі, аднак літаратурнай вартасці такое рыфмаванне не мела.
Характэрнай і немалаважнай для беларускай літаратуры асаблівасцю было тое, што ў ХVII ст. яна набывала ўсё больш рэгіянальны характар. Як ужо азначалася, гэтым часам у польска-літоўскай дзяржаве ўзмацніліся дэцэнтралісцкія тэндэнцыі. Шляхта ўсё больш настойліва дабівалася аўтаномнасці і незалежнасці сваіх зямель у дачыненнях з цэнтральнай уладай. Гэтыя тэндэнцыі знайшлі адлюстраванне ў мастацкай творчасці. Калі рэнесансавае літаратурнае жыццё канцэнтравалася пераважна ў Малапольшчы (дакладна — у Кракаве), то за часамі барока атрымоўваюць “права голасу” і іншыя “правінцыі”. Гэта падмагала набліжэнню літаратуры да рэальнага жыцця, прылучэнню да яе мясцовых, у тым ліку і народных, традыцый. Якраз у гэтую пару упершыню перакрыжаваліся шляхі прафесійнай і народнай творчасці, што мела важкае значэнне для фармавання новай беларускай літаратуры.
3. Шляхецкая культура другой паловы ХVIII — пачатку ХІХ ст. Эпоха асветніцтва
Новы этап развіцця беларускай шляхецкай культуры — другая палова ХVIII ст. і пачатак ХІХ ст., калі на змену ідэям Контррэфармацыі прыйшло Асветніцтва, а на змену барока — класіцызм і сентыменталізм.
Эпоха Асветніцтва нарадзіла новага чалавека, новыя ідэалы, якія ўвасобіліся ў грамадска-філасофскай думцы і мастацтве, у шматмоўнай літаратуры Беларусі і ўласна беларускай літаратуры.
Што ж такое Асветніцтва?
Рацыяналістычная ідэалогія Асветніцтва прынцыпова рознілася ад суб’ектыўнага ідэалізму часоў Контррэфармацыі. Асветнікаў звязвала не рэлігія, а культ розуму. Ідэолагі гэтай эпохі аперавалі такімі ацэначнымі катэгорыямі, як чалавек, грамадства, прагрэс, адукацыя, навука, вопыт, праца, карысць, шчасце, свабода, роўнасць, умеранасць, гармонія.
Асветніцкія ідэі вызначылі асноўныя рысы тагачаснай эстэтыкі. Крыніцай прыгожага абвяшчалася аб’ектыўная рэчаіснасць. Перад стваральнікам катэгарычна ставілася задача актыўна ўмешвацца ў жыццё, адкрываць чалавеку “праўду”, вызначаць яму “норму паводзін”. Асветніцкай эстэтыцы характэрны пазнавальны аптымізм і апафеоз творчых магчымасцяў чалавечага розуму.
Асноўнымі мастацкімі стылямі эпохі Асветніцтва сталіся класіцызм і сентыменталізм. Першы з іх апеляваў да чалавечага розуму, другі — да сэрца, пачуццяў. Але і класіцысты і сентыменталісты падзялялі асветніцкі пастулат пра дзейснасць мастацкага слова, ягоную здольнасць навучыць і пераканаць чалавека. І для тых, і для іншых паэт, творца — гэта “настаўнік”. Разыходжанні былі толькі ў вызначэнні акрэсленых шляхоў, якімі ён мусіць уплываць на “вучня”. Класіцызм бачыў “норму паводзін” у “разумным”, сентыменталізм — у “натуральным”.
Класіцызм, з ягонымі патрабаваннямі гармоніі, сіметрыі, зададзенасці, умеранасці ў мастацкіх сродках, безумоўна, больш адпавядаў ідэалогіі Асветніцтва, чым сентыменталізм, які арыентаваўся на пачуцці, часта гіпербалізаваныя. У аснове класіцысцкай эстэтыкі ляжалі рацыяналістычная нарматыўнасць, падкрэслены дыдактызм. У шматмоўнай літаратуры Беларусі класіцызм пачаў пашырацца з 60-х гадоў ХVIII ст. Ён жа вызначыў асноўныя асаблівасці тагачаснага мастацтва (найперш жывапісу і архітэктуры). У станаўленні новай беларускай літаратуры класіцызм, па праўдзе, “не стаў эпохай”, але ягоныя рысы выразна праявіліся ў “Камедыі” Марашэўскага і іншых творах канца ХVIII ст.
Як і кожны мастацкі накірунак, класіцызм не існаваў у чыстым выглядзе. У шматмоўнай літаратуры Беларусі ён спалучаўся з сентыменталісцкімі (з 80-х гадоў) і барочнымі тэндэнцыямі. Барочныя традыцыі мелі працяг у паэзіі (Ю.Бака, К.Беніслаўская), школьнай драматургіі, архітэктуры. У другой палове ХVIII ст. барока перарасло ў вытанчанае ракако, прадстаўнікі якога (С.Кулбліцкі ды інш.) лічылі, што галоўная мэта мастака не павучаць, а забаўляць, цешыць. Мастацка-стылёвае аблічча эпохі Асветніцтва было куды багацейшым, дый больш шматгранным, чым раней, калі амаль непадзельна панавала барока.
Да таго ж, азначым, што мастацтва Беларусі другой паловы ХVIII ст. мела ярка выяўлены сацыяльны характар. Творчасць народных нізоў знаходзіла адлюстраванне ў фальклоры, у прадметах дэкаратыўна-прыкладнога характару, а элітарнае мастацтва паноўных класаў, заможнай і сярэдняй шляхты пераважна выяўлялася ў пышных тэатралізаваных шэсцях, ілюмінацыях. Але пад уплывам асветніцкіх ідэй сярод шляхты ўсё часцей сталі з’яўляцца асобы з радыкальнымі поглядамі і тонкім эстэтычным густам. Іх ужо не здавальнялі прымітыўныя падробкі пад мастацтва. Грошы, якія раней марнаваліся на дарагое замежнае віно і пышныя ўпрыгожанні, цяпер сталі растрачвацца на прыдворныя тэатры, жывапіс, скульптуру. Мецэнацтва адпавядала запатрабаванням часу, станавілася рэальнай сілай у палітычнай барацьбе — не аднойчы перад шляхецкімі выбарамі або іншымі грамадскімі падзеямі прысутным паказваліся (асабліва пры гродзенскім двары Тызенгаўза) адмыслова падрыхтаваныя спектаклі.
Прадметы мастацтва, якія ствараліся пры дварах магнатаў, мелі не толькі вузка-сацыяльную, але і агульнанародную вартасць (згадаем слуцкія паясы, карэліцкія габелены). Выраблялі іх зазвычай прыгонныя сяляне. Беларускія прыгонныя танцавалі і спявалі на сцэнах прыдворных тэатраў. Гэткім чынам, элітарнае мастацтва судакраналася з мастацтвам народным.
Асабліва цікавай з’явай у мастацтве Беларусі эпохі Асветніцтва быў прыгонны (прыдворны) тэатар. Прыдворныя тэатры ў Нясвіжы, Слоніме, Гародні, Ружанах, Шклове і іншых гарадах Беларусі набылі агульнаславянскую і нават агульнаеўрапейскую вядомасць. Тут упершыню на сцэну выйшлі прыгонныя сяляне, з якіх потым у Варшаве зарадзілася ядро нацыянальнай польскай оперы і балету. З чатырох найбольшых магнацкіх тэатраў Рэчы Паспалітай (Нясвіж, Беласток, Гродна і Слонім) тры знаходзіліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі — там, дзе былі вялікія латыфундыі і мацней адчуваўся феадальны прыгнёт. Параўнальна з часамі барока, літаратура Беларусі эпохі Асветніцтва мела ярка выяўлены полілінгвістычны характар. Але творы на беларускай мове займалі ў ёй далёка не дамінантнае месца. Асноўнай літаратурнай мовай з’яўлялася тады польская мова. Хаця ствараліся і выдаваліся кніжкі таксама на мовах стараславянскай, лацінскай, яўрэйскай, нямецкай, францускай, у рукапісныя зборнікі ўлучаліся тэксты па-ўкраінску, па-літоўску і па- татарску. Пасля 1772 г., і асабліва ў 90-я гады, актыўна распаўсюджвалася руская мова. Сапраўдны літаратурны Вавілон на адносна невялікай тэрыторыі!
Літаратурнае жыццё Беларусі другой паловы ХVIII ст. да значнай ступені з’яўлялася складнай часткай літаратурнага жыцця Рэчы Паспалітай. З Варшавы і Вільні паступалі кнігі і перыядычныя выданні, пашыраліся новыя густы, “мода” на класіцызм і сентыменталізм. Аднак беларуская зямля заставалася не толькі пасіўным успрымачом ішаземных уплываў. Ураджэнцы яе прыўнеслі важкі ўклад у развіццё польскай літаратурнай эпохі Асветніцтва. Вядомы гісторык і рэвалюцыянер Б.Ліманоўскі прызнаваў: “Асабліва трэба сказаць пра літвінаў рускага паходжання. Іхні ўдзел у росквіце польскага пісьменства выдатны. Юльян Нямцэвіч, Адам Нарушэвіч, Францішак Князьнін, Францішак Багамолец займаюць у ім вядучае месца”. Паводле статыстычных табліц і карт, складзеных Э.Александроўскай, з 553 польскіх пісьменнікаў эпохі Асветніцтва 19 нарадзіліся ў Брэсцкім ваяводстве, 16 — у Трокскім (куды ўваходзіла і Гродзеншчына), 13 — у Наваградскім; усяго ж з тэрыторыі Беларусі паходзіла каля 50 чалавек (амаль кожны дзясяты). Не меншы працэнт пісьменнікаў, якія тут вучыліся (Полацак — 14, Слуцак — 13, Нясвіж — 8) або доўгі час пражывалі (Гродна — 16, Нясвіж — 14, Полацак — 9).
З 70—90-х гадоў, калі Беларусь увайшла ў склад Расіі, узрасло ўздзеянне рускай культуры. Сюды сталі пранікаць руская кніга, руская мастацкая літаратура. Як відаць з вопісаў многіх бібліятэк Беларусі, перадусім паступалі найбольш папулярныя пецярбурскія і маскоўскія выданні.
У апошняй трэці ХVІІІ ст. руская навуковая і літаратурная грамадскасць пачала больш цікавіцца Беларуссю. Шмат чым гэтую цікавасць задаволілі “Тапаграфічныя заўвагі”, складзеныя ў 1780 г. вядомымі даследчыкамі І.Ляпёхіным, П.Паласам, Л.Крафтам і інш. у сувязі з падарожжам Кацярыны ІІ у беларускія намесніцтвы. Узапраўду гэта грунтоўнае даследаванне, у якім разглядаюцца геаграфічнае становішча Беларусі, ейная гісторыя, змены, тут адбываныя пасля 1772 г., падрабязна апісваюцца Магілёў і Полацак. Адзін з аўтарў кнігі, акадэмік І.Ляпёхін, падарожнічаў па Беларусі, даследаваў тут флору. Расійская Акадэмія навук зарганізавала ў канцы ХVIII ст. некалькі навуковых экспедыцый у Падняпроўе.
У эпоху Асветніцтва па-ранейшаму актыўна ўжывалася лацінская мова. Веданне латыні было абавязковым для выпуснікоў калегій. У Полацку і Нясвіжы выдаваліся кнігі старажытнарымскіх аўтараў М.Цыцэрона, К.Руфа, К.Непота і інш. — як у арыгінале, так і ў перакладзе на польскую мову, а таксама падручнікі і слоўнікі. З рашэння Камісіі нацыянальнай адукацыі дырэктарам ваяводскай школы ў Мінску быў прызначаны выдатны новалацінскі паэт доктар філасофіі Міхал Карыцкі (1714—1781). Ураджэнец в.Дзітрыкі Лідскага павету, ён вучыўся ў Слуцку і Бабруйску, а затым выкладаў там жа рыторыку і паэтыку. Карыцкаму належаць лацінская паэма “Птушыны сейм”, зборнік “Песні”, выдадзены пасмяротна ў Полацку ў 1817 г. Творам Карыцкага характэрны “прыгожая мова, лёгкасць і багатая фантазія. Напісаны яны ў жанры паэтычных пасланняў да выдатных асоб тагачаснага культурнага і палітычнага свету”. На лацінскай мове пісаліся “Гераічныя песні”, якія падносіліся Кацярыне ІІ і царскім вяльможам ад імя беларускіх калегій.
У другой палове ХVIII ст. на хвалі Асветніцтва ў Беларусі пашырыліся заходнееўрапейскія мовы, асабліва ў дварах магнатаў і шляхты. У друкарнях Полацку і Магілёву выходзілі францускія кніжкі. Лічылася за добры манер вітаць высокіх гасцей вершамі на замежных мовах. Калі ў 1780 г. Кацярына ІІ праяжджала праз Беларусь, полацкія дамініканцы і вучні Талачынскай базыльянскай калегіі дэкламавалі на гонар яе оды на францускай, нямецкай, італьянскай і грэцкай мовах.
Класіцызм, галоўны мастацкі напростак эпохі Асветніцтва, стымуляваў росквіт адных жанраў і запаволіў або цалкам прыпыніў развіццё іншых. Нарматыўная эстэтыка класіцызму дапускала “прастамоўе” ўвогуле і беларускія “варварызмы”, у паасобку, толькі ў “нізкіх”, парадыйна-бурлескных творах. Гэтым можна вытлумачыць пашырэнне калядак, з’яўленне парадыйных вершаў накшталт “Уваскрэсення Хрыстова”. А вось для панегірычных і лірычных твораў “прастамоўе” лічылася непрыдатным. Таму “высокая” паэзія ўсё больш пераходзіла на польскую, рускую, стараславянскую і нават старабеларускую мовы.
Знамянальна, што ў эпоху Асветніцтва амаль дарэшты знікае (і нават парадуецца) беларуская спеўна-інтымная паэзія, так характэрная для часоў барока. І ў гэтым няма нічога дзіўнага. Сфера прыватных, інтымных пачуццяў здавалася асветнікам недастаткова важнай або нават зусім лішняй у чалавечым жыцці. Класіцысцкая паэтыка аддавала перавагу такім “высокім” жанрам, як ода, вершаванае пасланне, апісальная паэма. Таму ў рукапісных зборніках другой паловы ХVIII ст. беларуская лірыка ўжо амаль не сустракаецца. Праўда, творы па-ранейшаму захоўваюцца, нібы кансервуючыся, у рускіх і ўкраінскіх рукапісных спеўніках, а часам нават патрапляюць (пад выглядам “маларускіх”) у рускія друкаваныя зборнікі.
Найбольш выразны “рэцыдыў” кансерватыўных моўна-стылёвых форм назіраўся ў панегірычна-віншавальнай паэзіі. Параўнальна з паэзіяй часоў барока, гэта быў крок назад — да мёртвай ужо старабеларускай мовы, да стараславяншчыны.
Такі ж паварот да традыцый старажытнай беларускай паэзіі адчуваецца ў віншавальным вершы, напісаным у 1784 г. з нагоды прыезду на Палессе, у Дубою, польскога караля Станіслава Аўгуста — ураджэнца Волчына пад Брэстам, які добра ведаў беларускую мову. Знаходзячыся ў Нясвіжы, кароль палічыў патрэбным выступіць з беларускім вершаваным тостам. А калі ён ездзіў па Палессі, мясцовыя магнаты сустракалі яго віншаваннямі на чатырох мовах — польскай, лацінскай, яўрэйскай і “русінскай”.
Беларускай шляхецкай паэзіі часоў касцюшкавага паўстання быў уласцівы пафас сцвярджэння. З гэтым паўстаннем звязаны адзін з лепшых вершаваных твораў другой паловы ХVIII ст. — “Песня беларускіх жаўнераў 1794 году”. Рукапіс яе за сваім часам быў намі адшуканы сярод матэрыялаў былога Віленскага беларускага музею. У “Песні” гучыць палымяны заклік учыніць “жніва”, пачаць барацьбу з нашэснікамі, якія падзялілі Польшчу — кайзераўскай Прусіяй і царскай Расіяй. Шлях да вызвалення аўтар бачыць у аб’яднанні ўсіх патрыятычных сіл.
Пад уздзеяннем Асветніцтва значны крок наперад зрабіў шляхецкі тэатар Беларусі. Калі раней ад тэатру патрабавалася, каб ён здзіўляў гледача, уплываў на эмоцыі, то цяпер чакаюць, каб ён павучаў чалавека, рабіў яго грамадзянінам і патрыётам.
Як ужо казалася, у эпоху Асветніцтва побач са школьным і народным з’явіліся прыдворныя і прафесійныя тэатры. Рэпертуар заежджых прафесійных тэатраў цалкам складаўся з польскіх і заходнееўрапейскіх п’ес. Больш абапіраўся на мясцовых аўтараў прыдворны тэатар. Ёсць ускосныя звесткі, што рабіліся спробы ўвесці ў ягоныя пастаноўкі і беларускую мову. Ульрык Радзівіл “у тлумачэнні-пераробцы камедыі Бурселя” аднаго з герояў “пераўтварыў у чыстай крыві беларуса”. Але дагэтуль сама пераробка, прызначаная для нясвіскага тэатру, яшчэ на знойдзена, таму даводзіцца тут абмежавацца толькі канстатацыяй факту.
Развіццё школьнай драматургіі часоў Асветніцтва знайшло сваё лагічнае завяршэнне ў творах, пастаўленых на сцэне Забельскай шляхецкай калегіі (каля вёскі Валынцы на Полаччыне). Тут на інтэрмедыйнай аснове нарадзілася першая (у поўным сэнсе гэтага слова) беларуская “Камедыя” Каятана Марашэўскага. Гэта была пераробка на беларускую мову твору іншамоўнага драматурга (“Доктар з прымусу” Міхаіла Цяцерскага).
Забельскі школьны тэатар — з’ява выключная, унікальная ў розных сэнсах. Па-першае, гэта быў адзіны школьны тэатар у 80—90-я гады ХVIII ст. Па-другое, гэта быў адзіны ў Беларусі тэатар ордэна дамініканцаў.
Па-трэцяе, здзіўляе разнастайнасць рэпертуару забельскіх шкаляроў. Дзецьмі шляхты тут ставіліся трагедыі, камедыі, арыгінальныя “оперы”, выконваліся “судовыя дыялогі”. Зрэшты, амаль усе творы, узніклыя ў забельскім асяроддзі, з’яўляюцца асветніцкімі — з свайго ідэйнага гучання, і класіцысцкімі — са стылю.
4. Шляхецкая культура 1820—1863 гг. Эпоха рамантызму
Новы перыяд у развіцці шляхецкай культуры Беларусі пачынаецца з вайны 1812 г. Значная частка шляхты падтрымала тады Напалеона. Таму пасля адыходу французаў яна аказалася ў няміласці расейскіх улад. Неўзабаве пачаліся першыя спробы знішчыць шляхту як саслоўе, бо яна была найбольш адукаванай, і таму паўставала рэальнай пагрозай царскаму рэжыму. Надалей бяднейшая і сярэдняя шляхта мусіла даказваць свае правы і прывілеі. Хто не даказаў — трапляў у аднадворцы (такіх з’явілася мноства), і толькі тыя, чые дакументы захаваліся, — набілітавліся, прыроўніваліся да рускага дваранства.
У новых умовах мясцовая шляхта паступова прыходзіла да ўсведамлення, што надзеі на іншаземную (францускую) інтэрвенцыю ёсць ілюзорнымі. Заставалася спадзявацца толькі на ўласную сілу, на антыцарскі вызваленчы рух. Так нарадзілася шляхецкая рэвалюцыйнасць. Першы ейны ўсплеск — арганізацыя тайных студэнцкіх згуртаванняў філаматў і філарэтаў, другі — паўстанне 1830—1831 гг., трэці і апошні — паўстанне 1863—1864 гг. (а паміж імі былі яшчэ прадэкабрысцкія акцыі, змовы Ш.Канарскага і братоў Далеўскіх). І пасля кожнага выступлення — сотні і тысячы арыштаваных, сасланых у Сібір і іншыя “аддаленыя губерні Расіі”. Пасля 1864 г. у выгнанні беларускай шляхты апынулася, бадай, больш, чым на айчыннай зямлі.
Пасля гэткіх катаклізмаў шляхта пачала сыходзіць з грамадска-палітычнай арэны, хаця яшчэ доўга, аж да рэвалюцый 1917 г., адыгрывала значную ролю у культуры, асвеце, літаратуры, мастацтве.
За выключэннем Паўлюка Багрыма і не вельмі пісьменнага Мікалая Марозіка (Шункевіча), усе прадстаўнікі беларускай літаратуры ХІХ ст. былі са шляхты — ад Баршчэўскага і Дуніна-Марцінкевіча да Багушэвіча і Лучыны (а далей — да Янкі Купалы і Вацлава Ластоўскага). Пад уплывам Адама Міцкевіча і Яна Чачота, якія паклалі пачатак рамантызму на беларускіх землях, аматары прыгожага пісьменства звярнуліся да вуснай народнай творчасці. Шляхецкая вызваленчая паэзія сілкавалася народнымі сокамі і часта сама вярталася ў народ, фалькларызавалася (“Добрыя весці”). Тое ж назіралася ў музыцы (Манюшка, Міладоўскі, Карловіч), выяўленчым мастацтве (Ваньковіч, Дамель, Кулеша).
У ХІХ ст. шляхта праходзіла складаны шлях ад “тутэйшасці”, рэгіянальнага патрыятызму да сведамлення сваёй беларускасці. Параўнальна з суседнімі народамі і краінамі, працэс гэты рухаўся ў нас замаруджана (бадай, не закончыўся ён і цяпер), што тлумчыцца “памежнасцю” Беларусі ад Усходу да Захаду. Стагоддзі прымусовай і добраахвотнай русіфікацыі і паланізацыі дэфармавальна паўплывалі не толькі на гістарычнае развіццё самой Беларусі, але і ейных сацыяльных вярхоў, перадусім — шляхты.
І ўсё-ткі шляхта адыграла вялікую ролю ў фармаванні беларускай культуры. Што і натуральна, бо цягам трох стагоддзяў, ад Люблінскай уніі да паўстання 1863—1864 гг., паноўнай культурай у нас была культура шляхецкая, і іншай тады яна быць не магла.
Літаратура
1. Барока ў беларускай культуры і мастацтве. Мінск,1998.
2. Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. Мінск,1968. Т.1, Мінск, 1969. Т.2.
3. Дорошевич Э., Конон Вл. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972.
4. Мальдзіс Адам. Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры ХVIII стагоддзя. Мінск, 1982.
5. Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый: Літаратура Беларусі пераходнага перыяду (другая палова ХVII—XVIII стст.). Мінск, 1980.
6. Angyal Endre. Die slavische Barockwelt. Leipzig, 1961.
7. Kuchowicz Zbigniew. Obyczaje staropolskie XVII—XVIII wieku. Lodz, 1975.
8. Pollak Roman. Od Renessansu do baroku. Warszawa, 1977.
9. Zajaczkowski Andrzej. Glowne elementy kultury szlacheckiej w Polsce. Wroclaw, 1961.
Ібрагім Канапацкі Лекцыя 17. БЕЛАРУСКІЯ ТАТАРЫ. ГІСТАРЫЧНЫ ЛЁС НАРОДУ І КУЛЬТУРЫ
“Наўперад Божа імя ўспамінайма,
міласць Яго ў нутрах сваіх уфундуем;
першы і астатні Ён ест, Вякуісты,
да кожнай рэчы моцны, ніхто Яму непадобны. Адзіны ест…”
З кітаба Ібрагіма Хасяневіча, імама Смілавіцкай мячэці (1832 г.)
Шэсць стагоддзяў жывуць на беларускай зямлі татары, якія рознымі шляхамі прыйшлі сюды са стэпаў Паволжа і Крыму. Тут іхняя радзіма, гэтую зямлю іхнія продкі разам з беларусамі, палякамі і літоўцамі баранілі ад ворагаў. Нашчадкі ардынцаў носяць імёны татар-мусульман, хаця чатырыста гадоў таму перайшлі на польскую і беларускую мовы. Сёння іх адрознівае ад астатніх мясцовых жыхароў перадусім рэлігія. Іслам, зберажоны татарамі ў хрысціянскім асяроддзі, захоўваў іх у супольнасці і вылучаў сярод іншых народаў гэтай зямлі.
Як лічыць шэраг даследчыкаў, у тым ліку і нашых, беларускіх (прафесар А.П.Грыцкевіч), літоўскія (або беларускія) татары склаліся як народнасць у XIV—XVI стст. у перыяд існавання Залатой Арды і пасля ейнага распаду, калі адбывалася фармаванне асобных цюркскамоўных народнасцяў пад агульнай назвай — татары. Асаблівасць фармавання літоўскіх (беларускіх) татар у тым, што тэрыторыю, дзе гістарычна сканцэнтравалася гэта народнасць, займала не толькі Беларусь, але і Літва (Жамойць). Самыя старадаўнія паселішчы татар на тэрыторыі сучаснай Польшчы ўзніклі ў выніку перасялення на згаданыя землі татар з Вялікага княства Літоўскага. Таму, відавочна, неабходна захаваць агульную назву народу — літоўскія татары. Гэтым тэрмінам ужо даўно карыстаюцца гісторыкі і этнографы.
Менш ужывальныя, але таксама трапляюцца ў розных публікацыях найменні “польскія мусульмане”, “літоўскія мусульмане”, “беларускія мусульмане”, “шляхта-магаметане”. Апошнім часам у татарскім асяроддзі, мажліва, пад уплывам казанскіх татар, узнік яшчэ адзін тэрмін — “заходнія татары”, што прымаецца ў дачыненні да татар Беларусі, Літвы і Польшчы, якія карыстаюцца літоўскай, польскай і беларускай мовамі, адрозна ад крымскіх, сібірскіх, волжскіх татар, што размаўляюць на цюркскай мове. Хоць тэрмін “заходнія татары” з’яўляецца найновым вынаходствам, усё ж яго можна прызнаць за больш удалы, чым азначэнне залежна ад назваў рэспублік. Бо ён захоўвае ўяўленне пра адзінства народнасці. Літоўскія татары — адметны, самабытны народ.
Адна з характэрных прыкмет прыналежнасці да памянёнай народнасці — славянамоўнасць. Літоўскія татары, цюркі з паходжання (антрапалагічна яны дасюль маюць даволі выразныя рысы чалавека Ўсходу), мовай і побытам вельмі блізкія да славян. Але пры гэтым яны разумеюць сваю адметнасць. Нават тыя татары, што прынялі хрысціянскую веру і ўжо даўно перажаніліся з хрысціянкамі, памятаюць сваё татарскае паходжанне, прыязна ставяцца да татар, прымаюць удзел у іхніх культурна-асветных справах. З’яўленне ў Беларуска-Літоўскай дзяржаве татар (далей для скарачэння назвы ўжываецца ВКЛ) стала вынікам ейных разнастайных зносін з Залатой Ардой. У 1321 г. (паводле некаторых крыніц, у 1319 г.) Гедымін з дапамогаю татарскага войска здабыў вялікую перамогу над крыжакамі.
Магутная дзяржава Гедымінавічаў не скарылася Залатой Ардзе і не плаціла даніну татарам. Задоўга да Кулікоўскай бітвы (1380 г.), калі рускія феадалы былі вернымі васаламі і слугамі Чынгізідаў, літоўская дынастыя ў саюзе з баярствам беларускіх зямель кінула смелы выклік Ардзе. Менавіта Вільня на доўгія дзесяцігоддзі стала асноўным цэнтрам аб’яднання ўсходнеславянскіх зямель. Разгром Альгердам трох ордаў, што панавалі ў Паўночным Прычарнамор’і, у бітве на Сіняй Вадзе (восень 1362 г.) дазволіў пашырыць уладанні ВКЛ на поўдні да вусця Дняпра і Днястра, усталяваць уладу Гедымінавічаў над Кіеўскім і Валынскім княствамі, Падоліяй, Чарнігаўшчынай і Севершчынай. Альгерд за два дзесяцігоддзі да Кулікоўскай бітвы учыніў першую пераломную паразу Залатой Ардзе — з важкімі тактычнымі і стратэгічнымі вынікамі: Арда страціла кантроль над значнымі тэрыторыямі, што некалі складалі ядро Кіеўскай Русі. Але неправільна было б уяўляць стасункі ВКЛ з Ардою як толькі бясконцы перыяд супрацьстаяння. Не, ім здаралася нават ствараць саюзы (як у вышэй згаданым выпадку з Гедымінам) супраць агульных супернікаў. Апошняму спрыяў і той факт, што ў самой Ардзе змагаліся за ўладу розныя групоўкі, і зазвычай князі ВКЛ маглі разлічваць на саюз з тым або іншым прэтэндэнтам на трон у Сараі.
На парозе XIV—XV стагоддзяў Залатую Арду саслаблялі шматлікія дынастычныя сваркі. Гэта сталася адной з прычын з’яўлення значнай колькасці татарскіх перасяленцаў на Беларусі. Пасля смерці Мамая магутны валадар Сярэдняй Азіі Цімур прызначыў за ўладара Залатой Арды Тахтамыша. На пачатку той досыць мірна суіснаваў з Дзмітрыем Данскім, які перамог на Куліковым полі суперніка Тахтамыша — цемніка Мамая. Але канфлікт паміж Руссю і Ардой не загас, і ў 1382 годзе Тахтамыш захапіў і спаліў Маскву.
Непамернае яго ўзвышэнне абурыла Цімура, і 14 сакавіка 1395 году войскі Цімура разбілі Тахтамыша. Як піша арабскі гісторык Шэрэф ад Дзін Йедзі ў сваёй “Кнізе перамог”: “…Тахтамыш кінуў ханства, дом, усё, што меў, і, ратуючы сваё жыццё, з некалькімі людзьмі ўцёк у бок Булара (Польшчы), у лясную мясцовасць”. Войскі Цімура дайшлі да памежных зямель Русі і спустошылі ўсе ўлусы верных Тахтамышу царэвічаў і эміраў. Далей лёс Тахтамыша ўжо вядомы з заходніх, літоўскіх, польскіх ды іншых крыніц. Нягледзячы на паразу, ён не адмовіўся ад ханскага пасаду (Цімур пасадзіў на трон Цімур-Кутлуга), шукаў саюзнікаў. Зацікаўленым і надзейным паплечнікам мог стаць вялікі князь ВКЛ Вітаўт. Тахтамыш быў гасцінна прыняты Вітаўтам і паселены, разам з ягонымі прыдворнымі, у г.Лідзе. Тут ён жыў на сядзібе, якую ў народзе доўга называлі Тахтамышавым дваром. Вітаўт адразу ацаніў новыя магчымасці, узніклыя са з’яўленнем у ягонай дзяржаве былога ардынскага ўладара, які шукаў дапамогі, каб вярнуць сабе ханскі пасад. У 1397 і 1398 гадах Вітаўт зрабіў два паходы на Дон і Крым. У іх удзельнічаў і Тахтамыш з дружынай.
Магчыма, у апошняга была мэта папоўніць сваё нешматлікае войска татарамі: уплывовы ў Крыме татарскі род Шырынаў прыязна ставіўся да Тахтамыша і не падпарадкаваўся стаўленіку Цімура — Цімуру-Кутлугу. З гэтых паходаў Вітаўт вярнуўся ў Вільню са значнай колькасцю татар — з сем’ямі, жывёлай, хатнім скарбам. Пазней некаторыя гісторыкі, у тым ліку Ян Длугаш, пераселеных татар назвалі ваеннапалоннымі. У 1397 годзе, як піша Ян Длугаш: “Вітаўт рушыў супраць татар… прайшоў Дон… у ваколіцах Волгі разграміў татар з назвай Арда і многа татар з жонкамі і дзецьмі і статкамі жывёлы ўзяў у палон і прывёў у Літву. Палавіну іх ён адаслаў на гонар перамогі каралю Ўладзіславу, польскім біскупам, абатам і панам, а палавіну пакінуў сабе. У Польшчы палонных ахрысцілі, і ў выніку мяшаных шлюбаў татары сталі адным народам з палякамі. інакш было ў Літве, дзе Вітаўт пасяліў татар у вёсках, і яны сваім звычаем жывуць і захоўваюць сваю веру”. Звесткі пра пераможны паход Вітаўта на Волгу і ў Крым згадвае толькі Ян Длугаш, які нарадзіўся пасля памянёных падзеяў.
Нідзе больш пра гэта не спамінаецца. Бо насамрэч татары з Крыму прыйшлі ў Беларуска-Літоўскую дзяржаву таму, што Тахтамыша, які ўдзельнічаў у гэтым паходзе, яны ўсё яшчэ лічылі ханам Залатой Арды, чынгізідам. Вось за ім — за сваім законным уладаром — і пайшлі татары з сем’ямі і маёмасцю ў новыя месцы, дзе ім абяцалі зямлю і свабоднае вызнанне мусульманскай веры. Паводле татарскай традыцыі, літоўскія (беларускія) татары самі сябе ніколі не лічылі палоннымі Вітаўта, таму і ахвотна служылі свайму беламу хану — Вітаўту, якога называлі Ваттад — апірышчам ісламу на захадзе. Татары, якія мелі годнасць шляхты, захавалі свой статус і ў Беларуска-Літоўскай дзяржаве. Цягам цэлага стагоддзя пасля пасялення татар на новых землях, калі ўзнікала патрэба, яны мелі мажлівасць атрымаць дакументы ад крымскіх ханаў пра сваіх продкаў.
Дакладна вядома з пісьмовых крыніц, хто і калі быў ханам у Крыме, хто военачальнікам, суддзём… А таму зусім не складана выявіць прыдумку некаторых летапісцаў пра хана Кайдана ці хана, пахаванага каля Целяхан. Паводле хронікі М.Бельскага, князь Вітаўт раздаў татарам некаторыя вёскі каля ракі Вакі, вызваліўшы іх ад усіх падаткаў. Абавязаў толькі ездзіць на вайну. “Але — паведамляе храніст — яны “…кажуць, нібы па добрай волі прыйшлі яму на дапамогу супроць Прусіі“. Пра тое ж згадваюць і іншыя аўтары хронік — Крамер, Мяхоўскі, Стрыйкоўскі. Як даводзіць апошні, самі татары лічылі, што Вітаўт не прывёў іх сілком, а запрасіў ваяваць супраць крыжакоў.
Пра добраахвотны прыход татар у Літву спамінаецца і ў адной супліцы (прашэнні) на імя Жыгімонта Аўгуста ў 1563 годзе. Ананімны аўтар “Рысале-татары-Лех” (сачыненне пра татар у Польшчы) піша: “цверджанне, што татары былі паселены як палонныя, няправільнае, бо калі б татары былі палоннымі, то даўно ўжо мусілі б стаць нявернымі, аднак жа застаюцца мусульманамі“. Сапраўды, наўрад ці ёсць падставы для сумневу, што прыведзеныя Тахтамышам і Вітаўтам групы служылых татар у 1397—1398 гадах і паселеныя, са сведчання Стрыйкоўскага і іншых храністаў, на берагах р.Вака, а таксама ў Сарака Татарах, Немежы, Лідскім, Трокскім, Ашмянскім, Наваградскім, Брэсцкім, Мінскім паветах, каля Чаркас і Канева, не былі вольнымі. На чале іх стаялі набліжаныя да Тахтамыша татарскія феадалы, якія карысталіся даверам Вітаўта. Такім чынам, пачатак татарскай супольнасці на Беларусі паклалі добраахвотныя пасяленцы.
Пасля, да пачатку XVI стагоддзя, татарская “дыяспара” папаўнялася пераважна за кошт эмігрантаў з Арды. Урэшце, добраахвотныя пасяленцы мусілі скласці пераважную большасць беларускіх татар… Вітаўт рыхтаваўся да рашучай бітвы з ханам Цімурам-Кутлугам. Сабраўшы вялікія сілы, прывабіўшы на свой бок частку польскіх і нямецкіх рыцараў і атрымаўшы падтрымку папы рымскага, які блаславіў хрысціянскае воінства на крыжовы паход супраць няверных, вялікі князь быў упэўнены ў перамозе.
Паводле рускага летапісу, перад бітвай ён казаў: “…посадим во Орде на царство его царя Тохтамыша … и то всё будет наше и царь наш, и мы не только Литовскую землю і Польскую владети имати … но и всеми вместе княжени русскими”. 12 жніўня 1399 году адбылася бітва каля р. Ворскла (левы прыток Дняпра, за 350 км на паўднёвы ўсход ад Кіеву). Войска Вітаўта было ўшчэнт разбіта. Загінула шмат князёў, у тым ліку героі Кулікоўскай бітвы — Змітры Баброк, Андрэй Полацкі, Змітры Бранскі, многія іншыя Гедымінавічы і Рурыкавічы. Вітаўту пашчасціла ўцячы “в малой дружине… коней переменяючы”. Уцёк і Тахтамыш. Ён апынуўся ў Сібіры, спрабаваў самастойна завалодаць ханскім пасадам, але ўрэшце быў забіты. Пасля паразы на Ворскле кантакты Вітаўта з Ардою захоўваліся, і нашчадкі Тахтамыша па-ранейшаму бачылі ў Вялікім княстве Літоўскім магчымага саюзніка ў барацьбе за аднаўленне сваёй улады над “улусам Джучы”(як тады было прынята называць Залатую Арду).
У 1409 годзе да Вітаўта прыбыў са сваім атрадам сын Тахтамыша царэвіч Джалал эд-Дзін. Вялікі князь гасцінна прыняў яго і заключыў саюз аб сумесных дзеяннях супраць Ордэну. Татары былі часова расселены ва ўладаннях вялікага князя каля Гродна, г. зн. непадалёку ад мяжы з Ордэнам. Яны прымалі чынны ўдзел у вайне з Ордэнам у 1409—1411 гадах, асабліва ў Грунвальдскай бітве. На ўзгорках Грунвальду разам з беларусамі, палякамі і літоўцамі біліся з крыжакамі і татарскія вершнікі. Найперш гэта былі воіны Джалал эд-Дзіна, а таксама гаспадарскія татары, якія з сем’ямі жылі на землях, вылучаных Вітаўтам.
Нямецкія хронікі, каб растлумачыць прычыну паразы крыжакоў у бітве пад Грунвальдам, называюць вельмі вялікую колькасць татар на баку Вітаўта — ад 20 да 40 тысяч. Яны азначаюць, што вялікі магістар Ульрых фон Юнгінген загінуў у бітве ад рукі татарскага воя Багардзіна. Польскі гісторык Ян Длугаш падае іншую лічбу — 300 чалавек — магчыма, з мэтай даказаць “рыцарскасць” палякаў, якія ў вайне з хрысціянскім Ордэнам не карысталіся дапамогай татар-мусульман. Некаторыя даследчыкі асцярожна мяркуюць, што ў гэтай бітве ўдзельнічала “некалькі тысяч татарскіх вершнікаў“. Вітаўт стрымаў сваё слова — і дапамог пасля Грунвальдскай бітвы Джалал эд-Дзіну стаць уладаром Залатой Арды. Праўда, апошні ўтрымаўся на троне нядоўга, усяго некалькі месяцаў.
Палітыку Вітаўта, мэтай якога было ўмацаванне межаў Вялікага княства Літоўскага, набываючы саюзнікаў, у тым ліку і з Залатой Арды (перш за ўсё дзеля барацьбы з маскоўскімі князямі) працягвалі ягоныя наступнікі. У XV cт. паміж ВКЛ і татарскімі ханствамі трывалі інтэнсіўныя стасункі. У гэты перыяд Літва практычна не вяла войнаў з татарамі. Але ў апошняй чвэрці XV ст. змянілася сітуацыя на паўднёвых межах ВКЛ. Пасля смерці крымскага хана Хаджы Гірэя ягоны сын Нур Даўлет спрабаваў захапіць уладу, аднак пацярпеў паразу ў барацьбе са сваім братам Менглі Гірэем і змушаны быў шукаць прыстанку, разам з другім братам — Айдарам, у Літве. Менглі Гірэй, які змагаўся з саюзнікам Літвы ханам Залатой Арды Ахметам, адмовіўся ад літоўскай арыентацыі і пайшоў на саюз з Масквой. Ужо ў 1503 і 1506 гадах войскі крымскага хана чыняць набегі на Клецак і Мінск, а ў 1508 годзе спустошваюць Валынь.
І надалей, нягледзячы на шэраг замірэнняў з ВКЛ, крымскія татары ўчыняюць напады на землі ВКЛ. Найбольш разбуральнымі былі татарскія набегі ў 1508, 1510, 1521 і 1527 гадах. Дзеля справядлівасці трэба заўважыць, што крымскім ханам захоўваць мір з Літвой і Польшай было няпроста. Па-першае, асобныя орды не падпарадкоўваліся цэнтральнай уладзе і з уласнай ініцыятывы нападалі на ВКЛ і Польшчу. Па-другое, часта гэтыя паходы былі адказам на падобныя набегі запарожцаў, што лічыліся пад уладай польскага караля. Запарожцы, як вядома, часам даходзілі да сталіцы Атаманскай імперыі — Стамбулу, што давала падставы для безупынных канфліктаў Польшчы і Літвы, з аднаго боку, Турцыі і Крыму — з другога.
Ад гэтых набегаў у Літве і Польшчы засталіся палонныя татары, якія былі размешчаны, згодна са звычаем, як пасяленцы ў гарадах і мястэчках Беларусі, а таксама на Валыні. Не падлягае сумневу, што ў літоўска-польскіх уладаннях, улучаючы сюды Валынь і Падолле, колькасць вольных пасяленцаў-татар да гэтага часу ўжо была вельмі значная. Таму запазычаная прафесарам А.Мухлінскім з адной кнігі 1616 году лічба — 100 тысяч чалавек — не павінна здавацца залішне перабольшанай для вызначэння агульнай колькасці татар на землях Польшчы і Літвы. Непасрэдна у самой Беларусі колькасць татарскіх пасяленцаў вызначаецца 20—25 тысячамі чалавек. Уся гэта вялізная грамада адметная рухомасцю і пачуваннем незалежнасці, угрунтаваным і на законах, спрыяльных пасяленцам, і на ўменні адстаяць, калі трэба, сябе. З гэтых жа ж прычын тут зазвычай і паланёныя татары атрымлівалі асабістую свабоду і зямлю, з адным толькі абавязкам — несці каралеўскую службу.
Пасля уніі Літвы з Польшчай (1569 г.) рассяленню татар на землях Беларусі і Літвы судзеялі Казімір Ягелончык, Аляксандар і Жыгімонт І. Узаемаадносіны беларускіх татар і беларусаў амаль заўсёды былі мірнымі. Татары настолькі зжыліся з мясцовым насельніцтвам, што часта нават выступалі супраць сваіх аднаверцаў — крымскіх татар і нагайцаў, якія падчас рабаўнічых нападаў дасягалі беларускіх вёсак і гарадоў. Мае суродзічы ніколі не праяўлялі спробы заваяваць паноўнае месца ў палітычным і эканамічным становішчы краіны. Толькі ў вайсковай справе яны імкнуліся вызначыцца і атрымаць камандныя пасады. Разам з беларускімі, польскімі і літоўскімі патрыётамі татары змагаліся за вызваленне Рэчы Паспалітай ад краін захопнікаў. Генералы Чымбай Мурза Рудніцкі, Юсуф Беляк, Якуб Ясінскі, Мацей Сулькевіч, Аляксандар Мількоўскі, Юсуф Базарэвіч, палкоўнікі Гасан Канапацкі і Мустафа Якубоўскі, шмат іншых вояў-татар за свае ратныя справы заваявалі гонар і павагу ў беларускага і польскага грамадства.
Лепшыя сыны татарскага народу ўдзельнічалі і ў беларускім нацыянальна-вызваленчым руху. Да апошніх належыць Гасан Канапацкі (1879—1953). Ён нарадзіўся ў Мінску ў татарскай дваранскай сям’і. Скончыў Полацкі кадэцкі корпус, Пецярбурскую артылерыйскую школу імя Канстанціна (1897 г.), удзельнічаў у руска-японскай 1904—1905 і 1-й усясветнай войнах. У 1917 г. ён (палкоўнік) камандаваў 69-й артылерыйскай брыгадай Заходняга фронту. У час вайны быў атручаны газамі, лекаваўся і служыў у Мінску ў эвакуацыйным пункце (май—кастрычнік 1917 г.). 10 мая 1918 г., з расфармаваннем 69-й артылерыйскай брыгады, здаў грошы і дакументы Маскоўскаму абласному камісару вайсковых справаў — і апынуўся ў родным Мінску. На той час, пасля абвяшчэння БНР, існавала Цэнтральная вайсковая камісія, якая намагалася стварыць беларускае войска.
Нізкая палітычная свядомасць у самой Беларусі не спрыяла стварэнню дзяржаўных вайсковых фармаванняў. Перашкодай сталіся таксама нямецкая і польская акупацыі. Беларускі полк, які размяшчаўся ў Гродне, быў раззброены пасля 27 красавіка 1919 г. У жніўні 1919 г., пасля ўступлення палякаў у Мінск, на сустрэчы з беларусамі Юзаф Пілсудскі абяцаў супольнае змаганне за незалежнасць. Акупацыя Мінску з 8 жніўня 1919 г. да 11 ліпеня 1920 г. паспрыяла вылучэнню паланафільскага напростку адбудовы Беларусі. Сярод прыхільнікаў саюзу з Польшчай былі Павел Алексяюк, Аляксандар Крушынскі, Алесь Гарун, Гасан Канапацкі. Пасля перамоваў з імі Ю.Пілсудскі выдаў 22.10.1919 г. дэкрэт, якім дазваляў фармаваць беларускае войска і зацвярджаў Беларускую вайсковую камісію.
Палкоўнік Гасан Канапацкі быў прызначаны гетманам Беларускіх вайсковых аддзелаў. У дэкрэце Ю.Пілсудскага гаварылася: “Узяўшы пад увагу дэклярацыю Беларускай Рады Віленшчыны і Горадзеншчыны ў справе фармавання беларускага войска пад галоўным польскім камандаваннем, дзеля барацьбы з усходнім захватнікам, якая пададзена мне 28 ліпеня гг., а таксама падобныя да гэтага заявы Менскіх Беларускіх грамадзянскіх арганізацыяў, спаўняю гэтую просьбу і загадываю фармаванне аддзелаў на гэтакіх асновах: беларускія аддзелы фармуюцца з ахвотнікаў. Дзеля гэтага ў кожным вярбунковым бюро на абшары Беларускіх зямель будзе адзін камісар або афіцэр і адзін пісар — беларусы. Палкоўніка Г.Канапацкага, запрапанаванага мне Беларускай Вайсковай Камісіяй, назначаю камандзірам беларускага войска. Месцам фармавання беларускага войска назначаю Слонім.
Дзеля арганізацыйнай падрыхтоўчай работы назначаю Беларускую вайсковую камісію, якая ў паразуменні з камісарыятам усходніх зямель і камандаваннем Гродзенскай акругі будзе арганізоўваць беларускае войска: 1. даючы адпаведныя наказы палкоўніку Г.Канапацкаму і 2. утвараючы адпаведныя падкамісіі. У склад камісіі ўваходзяць палкоўнік Г.Канапацкі, С.Рак-Міхайлоўскі, штабс-капітан Ф.Кушаль, П.Алексяюк (старшыня), палкоўнік Д.Якубоўскі, Ю.Мурашка, А.Аўсянік, А.Прушынскі, А.Гарун, штабс-капітан А.Якубоўскі. Месцам працы Камісіі назначаю Менск. Беларускай вайсковай камісіі даручаю зорганізаваць: пэрсональную (кваліфікацыйную) і рэгуляміновую (статутную) падкамісіі”. У “Беларускім жыцці” ад 7 лістапада 1919 г. Гасан Канапацкі так падаваў канцэпцыю будавання нацыянальнага войска: “Пачаткам будаваньня арміі галоўным чынам будзе падгатоўка кадраў, як афіцэрскіх, так і падафіцэрскіх.
Для гэтага цяпер жа ўсе афіцэры арганізацый Гродзенскай і Віленскай, а таксама зарэгістраваныя ў Менску, па разглядзе іх дакументаў кваліфікацыйнай камісіяй будуць залічаны ў рэзерв і павінны праслухаць паўторныя афіцэрскія курсы і курсы беларусазнаўства, а асабліва беларускую мову і ператлумачаную камандную і вайсковую тэрміналёгію; праслухаўшы курсы, кожны з іх атрымае становішча ў формаваным войску”. Камандаванне беларускага войска падпарадкоўвалася непасрэдна польскай ваеннай адміністрацыі. Беларуская вайсковая камісія падтрымлівала сувязь з Найвышэйшай Радай БНР. Сярод насельніцтва БВК распаўсюджвала адозвы з заклікамі ўступаць у нацыянальнае войска для барацьбы за “волю, свабоду, незалежнасць і непадзельнасць нашай Бацькаўшчыны — Беларусі”.
Камісія перакладала на беларускую мову польскія вайсковыя статуты, выдала зборнік “Падарунак беларускаму жаўнеру”. У ім былі змешчаны падрыхтаваныя пісьменнікам З.Бядулем (С.Я.Плаўнік) “Дзесяць прыказанняў для беларускага жаўнера”. Гэтыя загады альбо кодэкс паводзін беларускіх вайскоўцаў актуальна гучаць і сёння:
“1. Калі ты праваслаўны, — ня думай, што ты расіец. Калі ты каталік, — ня думай, што ты паляк. Ведай, што ты беларус, і гавары ўсюды толькі па-беларуску, бо гэта — твая родная мова, мова тваіх бацькоў і дзядоў. Хто саромеецца сваёй роднай мовы, той не сын свайго краю, той нявольнік у чужых і здрайца свайму народу. Твой край, народ і мова ня горшыя за іншыя краі, народы і мовы.
2. Шануй гонар і волю Беларусі. Будзь шчырым абаронцам сваёй зямлі. Сьмела ваюй з тымі, хто хоча забраць тваю гасподу. Калі хочаш сам быць гаспадаром сваёй працы, дык ты павінен, як усе іншыя народы, не баючыся сьмерці, са зброяй у руках пайсьці на ворага, каторы забірае тваю зямлю. А калі пабаішся сьмерці і пусціш ворага да сябе, дык ён заваюе твой край, і ты ў яго, як парабак, пойдзеш на сьмерць, бараніць чужыя інтарэсы, як ты і дагэтуль праліваў кроў за чужых.
3. Ты павінен зразумець, што воля — гэта ня ёсьць грабаваць, адбіраць чужую ўласнасьць і ня слухаць разумнейшых людзей. Хто гэтак робіць, — даводзіць свой край да голаду і няшчасьця, паганіць сваё імя… (…)
4. Ты павінен быць горды і шчасьлівы тым, што стаіш пад Беларускім Нацыянальным Сьцягам, што ты ўзброены дзеле таго, каб стаяць за роўнасьць Беларусі з другімі народамі зямлі. Сваю беларускую славу ты павінен бараніць да апошняй кроплі крыві.
5. Ты павінен памятаць, што тваё ўласнае шчасьце і шчасьце ўсяго Беларускага Народу — у тваіх руках. Ты павінен быць шчырым і верыць у сваю правату, у сваю сілу, зразумець, што ты ня горшы за ўсіх і маеш право жыць сваім асобным жыцьцём. Але гэтага кожны народ дабіваецца сілай, каторая і ёсьць у цябе.
6. Памятай, што праз доўгія вякі толькі цяпер наступіў момэнт, калі ты можаш называцца Беларускім жаўнерам, калі можаш класьці фундамент для новага жыцьця Беларусі і быць самім сабою. Калі цяпер прапусьціш гэты момэнт, дык потым сам праклянеш сваё гаротнае жыцьцё пад чужацкай няволяй.
7. Калі хто з ворагаў беларускай справы зьвернецца да цябе з салодкімі словамі і скажа табе: “Будзь, як і быў дагэтуль, пад цёплай апекай Расіі, ці якога іншага народу, дык ня вер яму — гэта твой найгоршы вораг. Гэта — адзін з тых, каторыя дагэтуль цябе трымалі ў няволі нацыянальнай, смакталі тваю крывавую, потную працу, і ты быў гноем для яго народу. Ня вер яму, бо ён хоча мець цябе за парабка і надалей. Шануй тых з чужых народаў, якія шануюць і цябе як Беларуса.
8. Калі хто з тваіх таварышоў пачне цябе падбухторваць, каб перайсьці да варожага стану, дык твой сьвяты абавязак справядлівага чалавека, шчырага жаўнера і вернага сына Беларускай зямлі, адвярнуцца ад яго з агідай, бо ён здрайца. Здрайства — гэта самая найвялікшая подласьць і гідасьць, каторая нішчыць краі і народы. За здрайства павінна быць самая цяжкая кара.
9. Твой начальнік — гэта твой брат і таварыш па службе. Ён такі-жа салдат, як і ты. Толькі па сваёй адукацыі вайсковай ён, як спецыяліст, паказвае табе, што рабіць. Калі ёсьць дысцыпліна, ёсьць парадак. Дысцыпліна і асьвядомленнасьць кожнага салдата — галоўная аснова пабеды. Нашая прыказка кажа: без правадыра войско гіне.
10. Кожны беларускі ваяка, ад звычайнага радавога да генэрала, павінен памятаць, што ён — абаронца незалежнай Беларусі, адзін з найлепшых грамадзян роднай зямлі і займае пачэснае месцо ў грамадзянстве”.
Каб не дапусціць у беларускія часці ненадзейных элементаў і звесці да мінімуму мажлівыя выпадкі здрады, камісія збірала падрабязныя звесткі пра палітычныя перакананні кожнага прэтэндэнта, праводзіла адбор у адпаведнасці са спецыяльнымі патрабаваннямі: абавязковая прыналежнасць да беларускай нацыі, пэўны ўзрост, веданне афіцэрамі беларускай мовы, прыхільнасць да ідэі незалежнасці Беларусі, пацверджаная рэкамендацыямі двух вядомых дзеячоў нацыянальнага руху. Паводле звестак гісторыка М.Сташкевіча, з 485 афіцэраў і вайсковых чыноўнікаў, што падалі заявы, камісія залічыла ў рэзерв 272 чалавекі.
Беларуская вайсковая камісія спрабавала падпарадкаваць свайму кантролю некаторыя партызанскія атрады на тэрыторыі Беларусі, рабіла захады па вызваленні афіцэраў-беларусаў, прызваных у Чырвоную Армію і патрапілых у польскі палон. На аснове дамоваў з польскімі вайсковымі ўладамі ў сакавіку 1920 г. адкрыліся 9-месяцавыя курсы ў Варшаве ў Школе падхарунжых і 3-месяцавыя ў Астрове (Ложмынскае ваяводства) для 100—120 беларусаў. Цэнтральным месцам фармавання Беларускага войска спачатку быў Слонім, а пасля — Баранавічы. Аднак намаганні Гасана Канапацкага і Беларускай вайсковай камісіі стварыць ува ўмовах акупацыйнага рэжыму беларускае войска не мелі сур’ёзных шанцаў на поспех. Польскія ўлады, па праўдзе, не жадалі стварэння ўзброеных адзінак, якія маглі б надаць беларускай дзяржаўнасці рэальную сілу. Таму фактычна камісія была пазбаўлена магчымасці ўплываць на фармаванне войска.
У сакавіку 1920 г. з распарады вайсковага міністэрства вярбоўка і адбор добраахвотнікаў былі вылучаны з кампетэнцыі Беларускай вайсковай камісіі і перададзены мясцовым органам акупацыйнай адміністрацыі, якія байкатавалі гэту справу. Добраахвотны прынцып набору таксама не спрыяў эфектыўнасці працы. У выніку ўдалося скамплектаваць толькі 1 беларускую пяхотную роту. У ліпені 1920 г. падчас эвакуацыі польскіх войск з Мінску з прычыны наступлення Чырвонай Арміі Беларуская вайсковая камісія фактычна распалася.
Пасля таго, як, паводле Рыскай дамовы, у 1921 г. былі падзелены беларускія землі, былы гетман Беларускага войска палкоўнік Гасан Канапацкі апынуўся ў Вільні. З гэтым перыядам звязана таксама ягоная дзейнасць у беларускім руху. Гасан Канапацкі быў намеснікам старшыні Рады старэйшых Беларускага музычна-драматычнага гуртку і сакратаром Беларускага грамадзянскага сабрання (БГС), пасля расколу ў БГС (21.09.1924 г.) — намеснікам старшыні ва ўтворанай Часовай беларускай радзе (да красавіка 1925 г.), якая супрацоўнічала з польскімі ўладамі, супрацьстаяла Беларускаму пасольскаму клубу. Тады Гасан Канапацкі хаўрусаваўся з Францішкам Аляхновічам, Арсенем Паўлюкевічам, Макарам Касцевічам (Краўцовым) і з’яўляўся сябрам таварыства “Беларуская хатка” ў Вільні.
На з’езде Заходняй Беларусі (26—28.06. 1926 г.), скліканым Часовай беларускай радай, Г.Канапацкі ўдзельнічаў як прадстаўнік таварыства “Прасвета”, а з 21 лістапада 1927 г. да 2 красавіка 1928 г. ён — кіраўнік рэдакцыі часопіса “Беларускі радны”. За гэты перыяд пад ягоным кіраваннем выйшлі 4 нумары часопіса. Спадар Канапацкі быў старшынём бацькоўскага камітэту Беларускай гімназіі ў Вільні, дзе навучаўся ягоны сын Муса, пісаў фельетоны ў “Беларускі голас” — газету, выдаваную Францішкам Аляхновічам. Супрацоўніцтва з такімі беларускімі дзеячамі, як Ф.Аляхновіч, Ф.Ярэміч, Б.Грабінскі, сведчыць, што ён быў актыўным дзеячам беларускага руху на Заходняй Беларусі. Гасан Канапацкі выступаў ад кола палітычных дзеячоў, якое лічыла, што ў польскай дзяржаве беларусы павінны мець сваё права.
У 1946 г., падчас так званай “рэпатрыяцыі”, сям’я Канапацкіх выехала ў Польшчу, дзе прыстанішчам ім стаў г.Быдгашч. Там і дагэтуль стаіць дом, у якім жылі Канапацкія. Памёр Гасан Амуратавіч Канапацкі 11 мая 1953 г. і пахаваны далёка ад роднага гораду Мінску. На могілках у Быдгашчы, на камяні выбіты паўмесяц з зорачкай і мусульманскае выслоўе. Татарскія пасяленцы на Беларусі доўгі час захоўвалі свае традыцыі, сацыяльна-племянную арганізацыю, абрады і мусульманскую веру, якое трымаюцца і цяпер. З прыкметы сацыяльна-прававога становішча большую частку беларускіх татар адносілі да служылага люду — шляхты, якая не плаціла пагалоўнга падатку, а з грамадствам разлічвалася крывёю — неадкладна ставілася пад баявыя штандары вялікага князя і караля. Гэта было пацверджана дзвюма “прывілеямі” Стэфана Батуры (1576 г.), Жыгімонта ІІІ (1608 г.), Уладзіслава ІV (1634 г.) і іншымі.
Гербы і геральдычныя знакі XVI—XIX стст. сведчаць, што на Беларусі было больш за 50 вядомых татарскіх сямействаў. Аселая татарская арыстакратыя ператварылася ў арыстакратаў — уладальнікаў маёнткаў, фальваркаў і невялікіх вёсак. Большасць пасяленцаў, аднак, былі звычайнымі земляробамі. Местачковыя і гарадскія татары займаліся возніцтвам, гародніцтвам, кушнерствам, гарбарствам, кравецкай справай, выраблялі посуд. Яны засялялі зазвычай ускраіны і прадмесці. У Мінску татарская слабада ўзнікла ў XVI стагоддзі. У 1599 г. тут была збудавана драўляная мячэць (раней мураваныя мячэці ўзводзіць забаранялася). У пачатку ХХ стагоддзя яна была заменена мураванай.
Перад Першай усясветнай вайной (1914—1918 гг.) на тэрыторыі Паўночна-Заходняга краю Расіі жыло каля 14 тысяч татар-мусульман. іслам быў адзіным апірышчам і абаронай іхняе культуры ад асіміляцыі. Татары-мусульмане, жывучы ў суседстве з прыхільнікамі іншых веравызнанняў, здолелі зберагчы сваю веру, свае звычаі, сваю культуру. Гэтаму найперш спрыялі захаванне мусульманскай абшчыны ды існаванне мячэці. Пасля Першай усясветнай вайны частка літоўскіх (беларускіх) татар засталася на тэрыторыі Расіі, куды ў 1915 годзе яны былі эвакуяваны (пераважна ў Казанскую, Уфімскую і Таўрычаскую губерні). Большая частка татар (каля 6 тысяч чалавек) апынулася ў межах адроджанай Рэчы Паспалітай, яшчэ частка (прыкладна 1,5 тыс. чалавек) — у Літве, астатнія — у Савецкай Беларусі. У 1925 годзе татары-мусульмане ў Вільні ўтварылі муфтэят, абвясцілі аўтакефалію ісламскіх джаміятаў (парафій) у Польшчы. Да гэтага ж моманту духоўным жыццём татар Беларусі, Літвы і Польшчы апекаваўся муфтэй Таўрычаскай губерні з Сімферопалю (у Крыме).
У Польшчы ў міжваенны перыяд (1918—1939 гг.) вялася вялікая праца па адраджэнні культуры татарскага народу. Было створана Мусульманскае рэлігійнае задзіночанне (1925 г.), Культурна-асветнае задзіночанне татар Польшчы (1926 г.). Выдаваліся “Татарскі штогоднік”, часопісы “Татарскае жыццё”, “ісламскі агляд”, мусульманскія календары, падручнікі для татарскіх дзяцей, асобныя суры (раздзелы) з Кур’ана на арабскай і польскай мовах. Друкаваліся шматлікія артыкулы пра татар у польскіх навуковых і навукова-папулярных выданнях. Вялікай падзеяй у жыцці татар стаў выхад у свет “Гербоўніка татарскіх сямей у Польшчы”, складзенага ў 1929 годзе Станіславам Дзедулевічам. У месцах кампактнага пражывання татар-мусульман татарскія дзеці вывучалі іслам у школах, дзеля чаго ў раскладзе агульнаадукацыйных школ былі адмыслова прадугледжаны ўрокі. Найбольш старанныя і здольныя татарскія юнакі пасылаліся на вучобу ў мусульманскія краіны (Боснію, Егіпет). Нацыянальна-культурнае адраджэнне татар у Польшчы падтрымлівалася дзяржаўнымі і навуковымі ўстановамі гэтай краіны. Штогод на патрэбы татар-мусульман польская дзяржава выдаткоўвала каля 57 тыс. злотых.
Адраджэнне мусульманскай веры і татарскай культуры ў Польшчы было перапынена Другой усясветнай вайной. Шмат татар загінула на франтах, а пасля замірэння многія з іх былі адпраўлены таталітарным рэжымам у Сібір. Татарам, якія жылі ў Савецкай Беларусі, забаранялася перапісвацца з радзінай у Польшчы ці Літве. Пераследаваліся імамы (мулы), настаўнікі мусульманскай рэлігіі, усе, хто збярог свяшчэнныя кнігі — Кур’аны, Хамаілы, аль-Кітабы. Дзеці вернікаў, асабліва імам, не маглі займаць хоць якую значную пасаду, нават калі выдатна вучыліся і мелі добрую адукацыю. Рускамоўнае насельніцтва падазрона глядзела на татар, якія на людзях размаўлялі па-беларуску — на роднай мове татар. Многія татары-мусульмане, баючыся, што іх можа спасцігнуць лёс крымскіх татар, каб не трапіць у Сібір, самі пакінулі родныя мясціны — як былыя грамадзяне Польшчы яны атрымалі магчымасць выехаць на захад, а ўжо адтуль некаторыя перасяліліся ў ЗША (там яшчэ да Першай усясветнай вайны атабарыліся беларускія татары), Аўстралію ды іншыя краіны.
Мусульманская культура татар Беларусі, Літвы і Польшчы, збераганая цягам многіх стагоддзяў, за гады Савецкай улады прыйшла ў заняпад. Закрываліся, руйнаваліся асяродкі культуры татар-мусульман — мячэці, забываліся традыцыі. Пасля Другой усясветнай вайны на тэрыторыі Польшчы зберагліся дзве мячэці — у Крушынянах і Багоніках. Нядаўна ў Гданьску на сродкі мусульман з Блізкага Усходу збудавана прыгожая мусульманская мячэць. На Літве захаваны чатыры мячэці — у вёсках Сорак Татараў, Немеж, Рэйжы. У Каўнасе з падмогай дзяржавы ў 1930 годзе збудавана прыгожая мураваная мячэць на памін татар-мусульман, што мужна баранілі сваю новую радзіму — Вялікае княства Літоўскае. З 19 мячэцяў, якія былі на тэрыторыі Беларусі перад Другой усясветнай вайной, засталася толькі адна — у г.п.Іўе Гродзенскай вобласці. Апошняй, ужо ў 60-х гадах, была зруйнавана мінская мячэць — адзіная мураваная мячэць на Беларусі, што стаяла на Татарскім канцы гораду на месцы колішняй драўлянай (XVI ст.).
Прыкладна гэтым жа часам былі знішчаны мізар (татарскі могільнік) і татарскія гароды. Зніклі і вуліцы Малая татарская і Вялікая татарская — іх перайменавалі ў Дзмітрава і Паркавую магістраль. У артыкуле “Прости, татарская мечеть” (“Знамя юности”, 1991, 27 сакавіка) журналіст Аляксандар Чуланаў пісаў: “У Тракаі, у краязнаўчым музеі, ёсць экспазіцыя, якая расказвае аб гісторыі, культуры караімаў. Лёс гэтага народа падобны да лёсу нашых татар. Караімы і сёння жывуць у Тракаі, у Вільнюсе. У нас жа пастараліся знішчыць нават намёк на іх нацыянальную адметнасць”. Гэтакі ж сумны лёс спасціг і татарскія мізары (могілкі). Цяжка сказаць, колькі іх уцалела сёння. Пра маральнасць жывых, як вядома, можна меркаваць па адносінах да памерлых. А становішча могілак у той або іншай ступені вызначае і становішча грамадства. З падлікаў С.Крычынскага, у 1938 г. толькі на тэрыторыі трох ваяводстваў — Віленскага, Наваградскага і Беластоцкага — знаходзілася 68 мізараў. “Мусульманскі каляндар” за 1939 г. падаваў лічбу 71. Найбольшая колькасць іх прыпадала на Наваградскае ваяводства — 47.
Ужо тады знікла шмат старых мізараў, і толькі сям-там ацалелыя магілы сведчаць пра іх ранейшае існаванне. Адной з прычын поўнага знішчэння была вайна. Немцы рабілі з каменных надмагілляў мураваныя ўмацаванні. Яны яшчэ і сёння захоўваюцца ў некаторых мясцовасцях (напрыклад, у Ластаі, што ля Ашмян). Пазней надмагільныя помнікі ў шэрагу раёнаў рэспублікі забіралі на будаўніцтва дарог, фундаменты калгасных жывёлагадоўчых ферм. Само святое месца займалі пад выпас жывёлы або заворвалася (Сіняўскі мізар каля Клецку). Паводле звестак сябра Беларускага згуртавання татар-мусульман “Аль-Кітаб”, настаўніка са Смаргоншчыны У.Прыхача, падчас будаўніцтва да алімпійскіх гульняў 1980 г. шашы Мінск—Вільня многія “перашкоды” на шляху былі разбураны і назаўсёды зліквідаваны як “дробязі”.
Сярод гэткіх “дробязяў” і татарскія могілкі, да прыкладу, каля вёскі Гамзічы. “Магу заўважыць і аб тым — піша У.Прыхач у рэдакцыю квартальніка “Байрам”, — што за апошнія гады ў тых мясцінах адбылося пяць дарожных аварый з ахвярамі, што парадзіла ў мясцовых жыхароў адчуванне фатальнага адказу за садзеяннае бяздумным начальствам”. Зруйнаваны мізар у Капылі. Цяпер выпівохі з недалёкай забягалаўкі прыходзяць сюды “адпачыць”. У Мінску на месцы мізара разбілі сквер, дзе цяпер выгульваюць сабак. Збераглася толькі адна магілка — Х.М.Александровіча — актыўнага ўдзельніка мінскага антыфашысцкага падполля.
Але і дзеля яе захавання нашчадкам нябожчыка давялося прыкласці шмат намаганняў. А спіс разбурэнняў і заняпаду можна доўжыць і доўжыць… Не будзе аніякага перабольшання, калі мы скажам, што таталітарнае праўленне ў СССР прывяло да заняпаду татарскай меншасці на Беларусі, паставіла яе на мяжу знікнення. За пасляваенныя гады рэзка скарацілася татарскае насельніцтва ў месцах іхняга ранейшага кампактнага пражывання. Калі, напрыклад, у г.п.Відзы Браслаўскага раёну Віцебскай вобласці ў 1938 г. жыло 760 татар, то сёння іх налічваецца менш за 50 чалавек, у г. Слоніме было 413 чалавек, цяпер — толькі 96, у г.Навагрудку адпаведна 766 і 316. У вёсцы Даўбучкі Смаргонскага раёну жыло 408 чалавек. Цяпер там застаўся толькі адзін татарын (Радкевіч Аляксандар Адамавіч).
Даўбучская мячэць, збудаваная яшчэ ў 1558 г. (адна з самых старажытных драўляных мячэцяў ува Ўсходняй Еўропе), разбурылася. У 1991 г. рэшткі мячэці былі перавезены пад Мінск у музей драўлянага дойлідства з мэтаю адбудовы. Урбанізацыя насельніцтва ў Беларусі прывяла да рэзкага скарачэння татарскай сям’і. Назіраецца агульная тэндэнцыя зніжэння натуральнага прыросту, выкліканая, з аднаго боку, паніжэннем нараджальнасці, з другога — высокай смяротнасцю сярод беларускіх татар (асабліва ў рэгіёнах, забруджаных радыянуклеідамі, — г.п.Іўе ды інш.). Усё гэта вынік палітыкі, праводжанай у папярэднія гады, якая, з прагавітай задумкі кіраўнікоў савецкай дзяржавы, мусіла прывесці да ўтварэння адзінай супольнасці — “савецкага народу”. Але час мяняецца. Беларусь сцвярджае сваю дзяржаўнасць. Прыняты шэраг законаў, у тым ліку і аб нацыянальных меншасцях, аб свабодзе веравызнання і рэлігійных арганізацыях, якія ўтварылі гэтак патрэбную прававую аснову нацыянальна-культурнага адраджэння беларускіх татар.
Гэты працэс пачаўся ў канцы 80-х гадоў. У 1989 г. адначасова ў Мінску і Гродне былі створаны першыя гарадскія татарскія грамадска-культурныя суполкі, якія ўлетку 1991 г. аб’ядналіся і ўтварылі Беларускае згуртаванне татар-мусульман “Аль-Кітаб”. Пазней, зімой 1994 г., была створана яшчэ адна арганізацыя — Мусульманское рэлігійнае аб’яднанне ў Рэспубліцы Беларусь. Менавіта гэтыя арганізацыі пачалі каардынаваць і накіроўваць дзейнасць 26 наноў створаных татарска-мусульманскіх абшчын на Беларусі (Мінск, Гродна, Наваградак, Іўе, Сандыкаўшчызна, Астрына, Ліда, Клецк, Слонім, Смілавічы, Ляхавічы, Мір, Віцебск, Відзы, Брэст, Магілёў, Ашмяны, Узда, Докшыцы, Скідэль, Глыбокае, Мядзел, Гомель, Баранавічы, Маладэчна, Орша). Першыя крокі на шляху адраджэння ўжо зроблены.
У 1991 г. высілкамі актывістаў Згуртавання “Аль-Кітаб” і дзякуючы дапамозе студэнтаў з мусульманскіх краін, што навучаюцца ў беларускіх ВНУ, створаны і дзейнічаюць нядзельныя школы ў некаторых гарадах і пасёлках рэспублікі. У тым жа (1991) годзе пачаўся выпуск на беларускай мове першага друкаванага выдання беларускіх татар — часопіса-квартальніка “Байрам” (выйшла 30 нумароў). На старонках “Байрама” змяшчаецца цікавая інфармацыя пра Іслам і мусульман, друкуюцца артыкулы па гісторыі беларускіх татар і аналізуюцца найважныя падзеі ў мусульманскіх краінах. З 1994 да 1996 гг. выходзіў штомесяцавы мусульманскі часопіс пад рознымі назвамі — “Аль-Джихад”, “Аль-Ислам”, “Рамазан”, “Жизнь”.
З 1997 г. пачалося выданне штомесяцавай газеты “Жизнь” (на рускай мове). Пад кіраваннем галоўнага рэдактара квартальніка “Байрам” нябожчыка Якуба Якубоўскага (памёр у 1998 г.) распачата праца над унікальным выданнем — энцыклапедычным даведнікам “Татары Беларусі, Літвы і Польшчы”. Рукапіс (каля 3 тысяч артыкулаў) плануецца падрыхтаваць на сямі мовах народаў свету. На сённяшні дзень падрыхтавана больш за 500 артыкулаў. У 1993—1998 гг. у Мінску адбыліся 4 міжнародныя навукова-практычныя канферэнцыі, прысвечаныя праблемам вывучэння і захавання багатай спадчыны татарскага народу ў Беларусі. У іх прынялі ўдзел больш за 150 вучоных з розных краін свету. На канферэнцыях былі прыняты рэкамендацыі па зарганізаванні і надалей навуковых даследаванняў гісторыі, культуры, мусульманскай рэлігіі татар Беларусі, Літвы і Польшчы.
Адной з найважных задач у дзейнасці Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання ў Рэспубліцы Беларусь і Беларускага згуртавання татар-мусульман “Аль-Кітаб” была і застаецца велізарная праца па аднаўленні і будаўніцтве мусульманскіх мячэцяў, культурных цэнтраў, школ, музеяў, бібліятэк і іншых установаў, жыццёва патрэбных мусульманам. Добра ўсведамляючы масштабы вызначаных планаў і цяжкасці іх ажыццяўлення, татары-мусульмане Беларусі, тым не менш, з аптымізмам глядзяць у будучыню, спадзяюцца на дапамогу Ўсявышняга Аллага, супляменнікаў і адзінаверцаў з ісламскіх краін свету. З гэтай надзеяй з’езды мусульман Беларусі, што адбываліся ў розныя гады, звярталіся з просьбай да народаў ісламскіх краін аказаць дапамогу і судзеянне мусульманам нашай краіны. І тыя заклікі, ухвала Аллагу, былі пачуты. Дзякуючы дапамозе мусульман з арабскіх краін, збудавана новая мячэць у г.п.Смілавічы каля Мінску. Грошы на будаўніцтва мячэці фундавала сястра Нурыя з Кувейту, а таксама мясцовыя мусульмане.
Адкрыццё мячэці ў г.п.Смілавічы адбылося 18 кастрычніка 1996 г. У ліпені 1994 г. была рэканструявана мячэць у г.Слоніме Гродзенскай вобласці. У аднаўленні слонімскай мячэці актыўны ўдзел прымалі фундатары з арабскіх краін і Турцыі. У 1997 г. была адноўлена яшчэ адна мячэць — у г.Навагрудку Гродзенскай вобласці. Урачыстае адкрыццё яе адбылося 11 ліпеня 1997 г. І, нарэшце, 29 мая 1999 г. адчыніліся дзверы мячэці ў г.п.Відзы Віцебскай вобласці. Аднак, нягледзячы на пэўныя поспехі, застаюцца многія нявырашаныя праблемы. І самая надзённая — будаўніцтва новай мячэці і культурнага цэнтру ў Мінску. Будаваць мячэць плануецца ў гістарычнай частцы гораду на скрыжаванні вуліц Грыбаедава і Татарскай (былой Вілейскай). Фундатарам мінскай мячэці выступіла вядомая ў свеце дабрачынная арганізацыя з Саудаўскай Аравіі — “Rabbita”.
Сімвалічнае ўсталяванне каменя ў падмурак новай мячэці адбылося ў лістападзе 1997 г., калі адзначалася 600-годдзе татарскага асадніцтва на беларускіх землях. У планах работы арганізацый татар-мусульман Беларусі — аднаўленне і іншых нашых святынь. Мусульманскае рэлігійнае аб’яднанне ў Рэспубліцы Беларусь і Беларускае згуртаванне татар-мусульман “Аль-Кітаб” неаднаразова звярталіся да мусульман Беларусі і мусульман свету з просьбай аказаць дапамогу ў аднаўленні самых старажытных мячэцяў ува Ўсходняй Еўропе, якія знаходзяцца ў вёсках Даўбучкі і Лоўчыцы Гродзенскай вобласці.
Беларускія татары жывуць у міры і згодзе з усімі насельнікамі краіны. У сваіх малітвах яны просяць ува Ўсявышняга Аллага літасці і міласэрнасці да зямлі, на якой яны жывуць і якая стала ім Радзімай, да людзей, якіх татары лічаць братамі сваімі.
Літаратура
1. А. Мухлинский. Исследование о происхождении и состоянии литовских татар. Спб., 1857, с. 40.
2. Архіў Камітэту дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь. Справа 18019-с, аркушы 173, 185.