Алег ДАШКЕВІЧ. Тэлевізійная журналістыка: навіны й рэпартаж

Плян:

1. Агульны панятак тэленавін

2. Карцінка/візуальны шэраг

3. Мантаж

4. Тэкст

5. Тэлевізійны рэпартаж

6. Асаблівасьці працы над навінамі й рэпартажам

1. Агульны панятак

Тэленавіны — гэта канкурэнцыя, канкурэнцыя журналістаў, праграм і тэлекампаній. І чым больш ёсьць добрых тэлекампаній, тым больш жорсткая канкурэнцыя. Тэлестанцыі вядуць пастаянную барацьбу за гледача й рэкляму, і гэтая барацьба стварае ўсё больш складаныя ўмовы для працы журналістаў. А таму, каб аказацца канкурэнтназдольным, трэба няспынна ўдасканальваць свой прафэсійны ўзровень.

Вядомы амэрыканскі тэлепрадусар Боб Клінкінгбірд цьвердзіць: “Неістотна, над якім сюжэтам вы працуеце. Калі ніхто ня слухае й не глядзіць, — вы папросту марнуеце экранны час”.

Глядач ня будзе глядзець і слухаць дрэнна зроблены сюжэт, і, адпаведна, журналіст, ня здатны альбо лянотны рабіць якасныя матэрыялы, доўга ў прафэсіі не затрымаецца. Праўда, кожная краіна творыць свае, спэцыфічныя, асаблівасьці прафэсіі журналіста, і гэта можна паназіраць на прыкладзе беларускага тэлебачаньня ці, у меншай ступені, на прыкладзе расейскіх каналаў. Прадукцыя памянёных тэлекампаній — правінцыйная.

Такім чынам, як добра зрабіць тэлевізійную навіну?

2. Карцінка

Тэлевізійная навіна — гэта заўсёды канкрэтны, рэальны факт, пацьверджаны візуальнай карцінкай, то бок, факт, зафіксаваны на відэастужцы. І гэта — галоўнае адрозьненьне тэлевізійнае прадукцыі ад падаванае ў іншых сродках масавай інфармацыі. Адначасна гэта й асноўная складанасьць прафэсіі тэлежурналіста, бо ў нашым выпадку галоўнае для выкладаньня навіны — карцінка. Тэкст, безумоўна, таксама дужа важны аспэкт у дзейнасьці тэлежурналіста, але красамоўны, арыгінальны, эксклюзіўны відэафакт найважны. Таму менавіта за здабытую карцінку тэлекампаніі плацяць вялікія грошы сваім рэпартэрам ці стрынгерам і, адпаведна, тэлегледачы — тэлекампаніям. Карцінка можа быць добрай ці кепскай, ваша задача — здабыццё як мага больш якаснай карцінкі.

Тэкст, які зачытваецца з экрану тэлевізара безь візуальнага пацьверджаньня, ня можа лічыцца паўнавартаснай тэлевізійнай навіной. Наяўнасьць своечасова здабытай і ўпершыню паказанай відэакарцінкі, належнай той ці іншай тэлекампаніі,— галоўная адрознасьць лепшых тэлекампаній ад ня надта пасьпяховых калег.

Паляваньне на патрэбную карцінку паўстае сэнсам стварэньня тэленавін. Найвышэйшай якасьцю здабытай навіны ёсьць магчымасьць абысьціся адно візуальнай карцінкай з натуральным гукавым суправаджэньнем, бяз тэкставага камэнтару. У гэтым разумэньні наяўнасьць у сеціве вяшчаньня тэлекампаніі праграмы навін, здабытых уласнымі журналістамі, падаваных бяз тэкставага суправаджэньня, — паказьнік прафэсійнай і фінансавай дасканаласьці тэлекампаніі. (Параўнайце Навіны БТ, НТВ і ВВС.)

Падчас відэаздымак сюжэту старайцеся не прапускаць красамоўных дэталяў, на першы погляд, ня надта дапасаваных да тэмы. Пазьней кожную такую дэталь можна будзе абыграць тэкстам, ад чаго ваш сюжэт толькі набудзе дадатковы шарм.

Здараецца, што журналісту даводзіцца працаваць відэаапэратарам. Гэткі бок дзейнасьці мае як свае плюсы, так і мінусы. Плюс — усё вырашае й за усё адказвае адзін журналіст, мінус — той самы. Як правіла, стрынгеры, якіх тэлекампаніі наймаюць для здымак у гарачых зонах, працуюць за цэлую выязную брыгаду. Затое й грошы атрымліваюць на аднаго.

У любым выпадку тэхналёгію здымак журналіст павінен ведаць ня горш за апэратара. Ёсьць клясыка жанру, якой варта трымацца.

Найлепш здымаць карцінку мантажна, каб на мантаж патрабавалася меней часу. Згадаем, як мы чытаем кнігу альбо газэту: зьлева направа й зьверху долу. А таму камэра мусіць быць добра замацавана на штатыве, моцна прыціснута да пляча альбо да сьцяны ці іншага апірышча — каб карцінка не дрыжала й не скакала.

Тое, што здымаеш, варта трымаць у цэнтры кадру альбо бліжэй да цэнтру.

Першы плян мусіць быць адрасны: гледачу трэба паказаць, дзе адбываецца падзея. Напрыклад, у часе вайсковага разгону дэманстрацыі апазыцыі паказвайце найперш Дом ураду — каб было відаць, што дзея адбываецца ў Менску, а не ў Баранавічах. Другім агульным плянам можа быць натоўп, што сабраўся на дэманстрацыю, альбо войскі, якім аддадзены загад аб сілавым разгоне. Далей трэба паказаць настрой адных і другіх, спыніўшыся на сярэднім пляне, каб у кадры разгортваліся нейкія дзеі (як расхінаюцца сьцягі ці як перагрупоўваюцца войскі). Буйнымі плянамі можна паказаць, што за людзі прыйшлі на дэманстрацыю й што за людзі зьбіраюцца іх разганяць, выхопліваючы дэталі — твары, вочы, сьціснутыя ў кулакі рукі, рыштунак войскаў, адзеньне, акуляры на твары настаўніка й вочы жаўнера, які празь нейкі час, мабыць, разаб’е гэтыя акуляры. Любую здымачную працу варта праводзіць зь некалькіх пунктаў, пажадана — з франтальнага й тыльнага бакоў; калі пашчасьціць, добра таксама пашукаць кропку, зь якой можна зьняць падзею зьверху.

Пільнуйцеся, каб плян вашага аб’екту ня быў абрэзаны зьверху ці ад зямлі.

Калі маецца статычны й дынамічны пляны, аддавайце перавагу дынаміцы ў кадры: вайсковыя аддзелы, што пачалі рухацца дзеля разгону, заўжды выглядаюць прывабней за тых, што стаяць, чакаючы загаду. Дэманстрант, які выкрыквае лёзунгі, больш прыдатны для карцінкі, чым той, што стаіць моўчкі.

Дужа раздражняе гледача бесьперапыннае блуканьне камэры па аб’екце здымкі або бясконцыя наезды й ад’езды трансфакатарам. Дзеля панарам варта, каб камэра рухалася плаўна, без рыўкоў. У пачатку й напрыканцы панарамы ці наездаў і ад’ездаў (зьмены буйнасьці) абавязковая фіксацыя карцінкі. Для гэтага трэба ў пачатку здымкі панарамы ці зьмены буйнасьці далічыць да дваццаці аднаго ці да дваццаці пяці, і ў канцы зрабіць тое ж самае. Каб запазьбегчы праблем недахопу карцінак, варта адзьняць дастатковую колькасьць статычных плянаў рознай буйнасьці: у пераліку — агульны плян, буйны плян, сярэдні плян, дэталёвы плян. Апроч таго, варта наздымаць так званых перабівак, розных дэталяў, якія, на першы погляд, наўпростага дачыненьня да падзей ня маюць: пазьней, пры падрыхтоўцы сюжэту, яны абавязкова будуць дарэчы. Калі вы ня ўпэўнены ў сваім апэратары, не саромцеся нагадаць яму пра клясычныя правілы відэаздымкі, пададзеныя вышэй.

Добра памятайце: карцінкі па часе мусіць быць крыху даўжэйшымі, чым спатрэбіцца для начыткі закадравага тэксту. Фатаграфія месца падзей альбо фатаграфія журналіста зь месца падзей, што часам накладаюцца на тэкст, замяняючы візульную жывую карцінку, сьведчаць пра невыкананьне заданьня, атрыманага рэпартэрам.

Яшчэ адно з асноўных правіл: карцінка без гукавога суправаджэньня лічыцца мёртвай (яна, вядома, можа быць выкарыстана ў сюжэце, але сьвятая задача журналіста даваць карцінку абавязкова з гукавым суправаджэньнем — натуральным шумам, ці, як гэта называецца на журналісцкім слэнгу,— “інтэршумам”, які пры нагодзе, у часе мантажу, можна зьмікшаваць альбо зусім выдаліць).

Грукат міліцэйскіх дубінак аб шчыты, крыкі зьбіваных дубінкамі, голас мэгафону, віскат тармазоў — гэта й ёсьць так званы інтэршум, што мусіць быць запісаны на магнітафон відэакамэры. Але, калі вы запісваеце інтэрвію, лепш, каб інтэршум быў зьлёгку прыглушаны, інакш гледачу будзе цяжка разабраць, што гаворыцца ў сынхроне.

Што ж тычыцца кампазыцыі, дык сачыце за тым, каб у буйным пляне з галоў людзей, якіх вы здымаеце, “не вырасталі” розныя незразумелыя рэчы (вазоны, разэткі й г.д.); каб аб’ект ня быў на пярэднім пляне заслонены; каб на заднім пляне не было чагосьці, што адцягвае ўвагу.

Здараецца, у якасьці карцінкі выступае сам журналіст, калі сюжэт робіцца з так званым “стэндапам” — журналіст у кадры прамаўляе нейкі падрыхтаваны для сюжэту тэкст. Зазвычай так робіцца перад уласна сюжэтам. У такім выпадку паглядзіце у люстэрка, як вы выглядаеце, альбо папрасіце калег зрабіць гэта дзеля вас. Недапушчальна выходзіць у эфір з касабока зашпіленымі гузікамі на пінжаку ці з плямінай на кашулі ад нядаўна выпітай кавы.

3. Мантаж

Работа над сюжэтам пачынаецца й заканчваецца мантажом. Калі выяжджаеце “на сюжэт”,— добра, каб у вас ужо меўся сцэнарны плян ці хаця б нейкі накід (калі не на паперы, дык у галаве): гэта ашчадзіць вам добры кавалак часу ў працы над сюжэтам і пакіне пры вас значную частку вашых нэрвовых клетак.

Сюжэт тэленавін — гэта не мастацкае кіно, сцэнар якога ўзгоднены й “зацэмэнтаваны”. У нашым выпадку дэталі сцэнарнага пляну можна мяняць у хадзе працы, мяняць аж да таго, што перайначыць яго цалкам, але толькі ў тым разе й тады, калі таго патрабуюць абставіны. Напрыклад, зьявіліся больш цікавыя ідэі ўвасабленьня таго, пра што трэба зьняць сюжэт, альбо памянялася сытуацыя вакол аб’екту здымак. (Кшталту: сустрэча адказных асоб з прычыны надвор’я перанесена з аднаго месца ў іншае, альбо перамовы двух бакоў замест плянаванага станоўчага выніку далі зусім адваротны.)

Перастаўляючы акцэнты праз рознае спалучэньне кадраў падчас мантажу, можна перакруціць сэнс падзей на процілеглы, таму перад журналістам стаяць пэўныя пытаньні прафэсійнае этыкі, а менавіта — не скажаць саміх падзей ды інфармацыі пра іх.

Сюжэт тэленавін мусіць данесьці да гледача рэальную карціну. Таму, зазвычай, ён робіцца з дапамогай жорсткага мантажу — інакш кажучы, простай склейкай плянаў. Выкарыстаньне спэцэфэктаў мусіць быць мінімальным, каб не закінуць гледачу падазрэньня адносна праўдзівасьці ўбачанага. У некаторых выпадках дапускаецца гэтак званая ўспышка (напрыклад, калі карцінка альбо запісаны сынхрон зьняты плянам адной буйнасьці й па часе зьнятага матэрыялу значна больш, чым можа быць скарыстана ў часе паказу рэпартажу).

Выкарыстаньне музыкі магчыма адно ў якасьці натуральнага гукавога суправаджэньня карцінкі.

Пры мантажы ўхваляецца скарыстаньне карцінкі з інтэршумам, без закадравага камэнтару — такім чынам падкрэсьліваецца рэальнасьць таго, што паказваецца. Калі матэрыял важны ці выклікае яркія эмоцыі, ён можа доўжыцца ад 2—3 да 10 сэкунд: потым глядач пачынае стамляцца й губляць увагу да сюжэту.

Мантажор — ключавая фігура ў стварэньні відэасюжэту. Клясны мантажор, які мае перад сабой сцэнарны плян, здольны зрабіць зь вельмі абмежаванага матэрыялу “цукерку” — нават без прысутнасьці журналіста. Але можа быць і наадварот, калі вы занадта надакучаеце мантажору. Гэта варта ўлічваць і пазьбягаць псаваньня адносін з калегамі, інакш праца ператворыцца ў катаргу. Але, паміж іншага, памятайце —кантраляваць вытворчасць сюжэту ёсьць вашым галоўным абавязкам.

Калі мантажор ня надта дасьведчаны, журналіст мусіць накіроўваць ягоную працу. Для гэтага абавязкова ведаць тэхнічныя характарыстыкі мантажу. Вось яны:

1) час тэлесюжэту вагаецца ад 10—15 сэкунд да 2—2,5 хвілін;

2) працягласьць статычнага пляну ў сюжэце навін вагаецца ад 3 да 8 сэкунд (у сярэднім — 5 сэк.);

3) поступ кадру за кадрам мусіць быць незаўважным і камфортным для гледача;

(Адна з асаблівасьцяў людзкога ўспрыманьня візуальнага шэрагу заключаецца ў тым, што мы лёгка, без напругі, успрымаем пераход з кадру ў кадр, калі яны ў дастатковай меры адрозьніваюцца адзін ад аднаго кампазыцыяй і, як сьлед, буйнасьцю. Розьніца ў буйнасьці мусіць быць даволі заўважнаю, але не да такой ступені рэзкай, каб глядач згубіў арыентацыю ў прасторы, пачаў узірацца ў экран, забыўшыся пра ўласна сюжэт, страціў адчуваньне, што на экране працягвае дзейнічаць адзін і той жа аб’ект. Калі ж мантаж адбываецца зь невялікай розьніцай плянаў па буйнасьці, у гледача ўзьнікае адчуваньне, нібыта нешта тарганулася на экране, але нічога новага ён ня ўбачыў.

Усяго існуе шэсьць разрадаў плянаў па буйнасьці (у парадку зьмяншэньня): дэталь, буйны плян, першы сярэдні плян, другі сярэдні плян, агульны плян, дальні плян. Агульная практыка кіно й тэлебачаньня паказала, што лепш за ўсё карыстацца мантажным пераходам па буйнасьці цераз плян (напрыклад: буйны, другі сярэдні, дальні, альбо ў зваротнай пасьлядоўнасьці).

Пры немагчымасьці трымацца такой пасьлядоўнасьці можна выкарыстоўваць кароткія (1—2 сэк.) пляны так званых перабівак — нейкіх дэталяў, якія не нясуць пэўнай сэнсавай нагрузкі, а выконваюць строга тэхнічна-мантажныя функцыі).

Далей:

4) пляны не павінны паўтарацца;

5) гарызантальныя й вертыкальныя панарамы мусяць быць абгрунтаваны, несьці пэўную сэнсавую нагрузку — інакш ад іх варта адмовіцца;

6) панарама мусіць пачынацца й заканчвацца фіксаваным статычным плянам;

7) калі выкарыстоўваецца панарама, то пры наступнай панараме, скарыстанай у гэтым жа сюжэце (а тым больш, — калі яна мантажуецца ўстык), рух камэры мусіць быць скіраваны ў супрацьлеглы бок;

8) тое ж самае з рухам унутры кадру, альбо з кірункам позірку аб’екту: калі ў кадры рух ці позірк аб’екту — зьлева направа, то ў наступным кадры ён мусіць ісьці справа налева;

9) тыя ж прынцыпы датычаць хуткасьці аб’екту ў кадры й сьвятла;

10) пры мантажы сюжэту навін варта пазьбягаць нестатычных, рваных плянаў, якія дрыжаць і калоцяцца ў кадры, напружваюць вока гледача, а таксама — плянаў зь нестабільнай рэзкасьцю (расфокус);

11) першы й апошні пляны мусяць быць асноўнымі.

Памятайце: пасьля заканчэньня мантажу вы ня ў стане паўплываць на сваю працу. Абавязкова прагледзьце скончаны варыянт сюжэту — калі ёсьць нейкія сумнеўныя, на ваш погляд, моманты, варта іх выправіць.

4. Тэкст

Нішто так не адцягвае увагі ад сюжэту, як кепская граматыка, стылёвыя памылкі й дэфэкты дыкцыі — праўда, апошняе можа дадаць вам папулярнасьці, ператварыцца ў вашу візытоўку, але толькі пры ўмове высокай якасьці вашай працы.

Калі журналіст памыляецца часта, гледачы перастаюць сачыць за тым, што гаворыцца, і пачынаюць адзначаць толькі наступныя памылкі ў тэксьце. Глядач у такім выпадку ўжо ня слухае навін, а толькі зважае на заганы іх падаваньня.

Складаньне тэксту для сюжэту навін мае свае асаблівасьці. Навіны для тэлевізіі пішуцца ня так, як артыкулы, і нават ня так, як навіны для іншых сродкаў масавай інфармацыі — напрыклад, для газэты ці радыё.

Першае правіла журналістаў тэленавін — заўжды памятайце, што ваша праца будзе ўбачана й пачута, але не прачытана. У гледача ёсьць толькі адна магчымасьць прагледзець сюжэт, праслухаць тэкст, і зразумець, пра што вядзецца гаворка, таму тэкст павінен быць абсалютна вывераным. Пішыце тэкст проста й немудрагеліста.

Тэлежурналіст мусіць унікаць скрайнасьцяў: ня варта размаўляць з гледачом, як зь дзіцем, але не патрэбна й ствараць тэксты, цяжкія для глядацкага разуменьня. Калі ёсьць магчымасьць выбраць паміж доўгім і кароткім словам, выбірайце кароткае. Старайцеся, каб у кожным сказе была адна думка. Пазьбягайце штампаў, якімі перанасычаны, прыкладам, навіны расейскіх каналаў, ужо ня кажучы пра БТ, і асабліва — пра “дзевачак” з СТВ.

Тэкст тэлесюжэту мусіць даць адказы на клясычныя пытаньні: Хто? Што? Калі? Дзе? Чаму? Якім чынам?

Калі глядач атрымаў на іх адказы, сюжэт мусіць быць скончаны. Эпілогі, падвядзеньне вынікаў, заключныя абагульненьні — прэрэгатыва іншых жанраў тэлевізіі.

Падчас здымак занатоўвайце цікавыя факты, ключавые словы, фразы (калі яны не трапілі ў гукавы запіс відэакамэры) — гэта дасьць магчымасьць збудаваць структуру сюжэту, а таксама аздобіць яго цікавымі дэталямі.

Перад тым, як сесьці складаць тэкст, важна прагледзець карцінку, выбраць патрэбныя пляны, падзяліць аркуш паперы на дзьве паловы (у левай занатоўваць меркаваныя пляны адзьнятай карцінкі, у правай — ваш закадравы тэкст і тыя сынхроны, што вы плянуеце выкарыстаць), пасьля набраць поўныя грудзі паветра й палічыць да дзесяці, за тым добра падумаць, выбраць слова пачатку і пачаць (такі парадак зэканоміць вам час дзеля далейшай працы — ня ўзьнікне патрэбы правак і ўдакладненьняў).

5. Тэлевізійны рэпартаж

Тэлевізійны рэпартаж — гэта разгорнуты расповед журналіста пра нейкую важную для грамадзтва падзею, адбытую напярэдадні, якая зацікавіла гледачоў настолькі, што спатрэбіўся час для зьбіраньня дадатковай інфармацыі.

У сфармаваным выглядзе тэлевізійны рэпартаж мае ўводзіны, уласна рэпартаж і, зазвычай, заключэньне.

Традыцыйна ўводзіны, прызначаныя праз называньне пэўных фактаў прывабіць людзей да прагляду й пазнаньня падрабязнасьцяў, у кадры чытае дыктар навіннага выпуску. Да таго ж, ува ўводзінах прамаўляецца імя рэпартэра, які, уласна, і падрыхтаваў матэрыял.

Рэпартаж складаецца з расповеду рэпартэра (стэндапам), закадравага тэксту з інтэршумам, закадравага тэксту зь нямой карцінкай, сынхронаў розных інтэрвію, якіх можа быць дастаткова шмат, архіўных зьвестак, статыстычных графікаў і г.д. Усе гэтыя элемэнты мантажуюцца ў адвольнай пасьлядоўнасьці, але, як правіла, пачынаецца й заканчваецца рэпартаж менавіта стэндапам.

Па эфірным часе рэпартаж дакладных рамак ня мае: ён можа працягвацца ад 50 сэк. да 10 хв. і болей — усё залежыць ад інтарэсу да тэмы, прафэсіяналізму журналіста й магчымасьцяў тэлекампаніі.

У ідэале рэпартаж мусіць будавацца, як абед у добрым рэстаране: уводзіны выконваюць ролю салаты дзеля абуджэньня апэтыту перад галоўнай стравай — рэпартажам, які мусіць утрымліваць розныя збалянсаваныя кампанэнты й адначасна наталяць голад. Заключэньне ёсьць дэсэртам, які ўвенчвае абед, дорачы здаваленьне.

Мантаж тэлевізійнага рэпартажу мала розьніцца ад мантажу сюжэту тэленавін, але маюцца ўсё ж і адрозныя дэталі. Найперш, пры мантажы рэпартажу дапускаецца большая працягласьць плянаў: каб даць гледачу напоўніцу адчуць драматызм пэўнае сытуацыі, альбо адкрыць магчымасьць уважліва азнаёміцца з паказьнікамі статыстыкі, ці прасачыць хаду думкі журналіста.

У рэпартажы больш выкарыстоўваецца буйных плянаў, падкрэсьліваюцца дэталі. У працы над рэпартажам большае значэньне набываюць і спэцэфэкты — такія, як наплывы, перагортваньне старонкі, зьмена пляну шляхам павароту карцінкі (асабліва, калі адбываецца пераход, напрыклад, з пляну статыстычнага графіка ці сынхрону на жывую карцінку з інтэршумам і г.д.)

У некаторых выпадках дапушчальна нават выкарыстаньне музычнага суправаджэньня.

Вельмі часта дзеля падрыхтоўкі рэпартажу скарыстоўваюць архіўныя кадры (карцінку, сынхроны, нават уласны тэкст журналіста, калі гэты рэпартаж ёсьць павяртальным да раней узьнятай тэмы).

Наагул рэпартаж магчыма скласьці й пераважна з архіўных здымак — гэта надае яму грунтоўнасьці, а заадно й важкасьці ў вачох гледачоў.

Але тэхнічны бок мантажу рэпартажу прынцыпова не адрозьніваецца ад мантажу навін ці нейкай іншай відэапрадукцыі. Правілы мантажу ёсьць фактычна ўнівэрсальнымі.

Напісаць сцэнарны плян рэпартажу складаней, чым сюжэту навін, таму што тут мы маем справу са значна большым аб’ёмам інфармацыі. Інфармацыя для рэпартажу часьцей за ўсё зьбіраецца з інтэрвію, якія рэпартэр наладжвае непасрэдна на здымачнай пляцоўцы ці бярэ па тэлефоне, альбо падрыхтаваў загадзя.

Стрыжань рэпартажу — чалавек. А таму заўсёды шукайце цікавых пэрсанажаў для свайго рэпартажу, шчырых на адчуваньні людзей.

Рэпартаж пра закрыцьцё заводу зацікавіць гледача, калі ён убачыць рабочага, які страціў працу. Ён зацікавіць гледача яшчэ болей, калі глядач заўважыць у гэтым рабочым рашучасьць бараніцца ад скарачэньня ўсімі сродкамі, альбо сьлязу адчаю (добра, калі гэткая карцінка будзе дапоўнена запісаным сынхронам). Рэпартажы пра нейкія прадметы, рэчы й праблемы зазвычай сухія, а таму іх ня надта цікава глядзець. Таму, калі вы хочаце распавесці пра нейкую праблему, усё роўна шукайце чалавека ці людзей, якіх яна закранае.

Вызначце для сябе галоўнае ў прапанаванай вам тэме рэпартажу, прагледзьце інтэрвію, што ў вас маюцца, выберыце кавалкі, якія вы хацелі б уставіць у рэпартаж, пасьля гэтага падумайце над падборам пад іх відэашэрагу, дапоўніце ўсё здабытае архіўнымі здымкамі — калі маеце. Цяпер можна й падступіцца да напісаньня рэпартажнага тэксту.

Падрыхтаваны тэкст праверце, і, калі прыкмеціце недастаткова дакладныя месцы, паспрабуйце знайсьці ім замену. У лепшым выпадку — калі тэкст не выклікае ў вас пытаньняў — бярыцеся за мантаж.

Перад тым, як аддаваць змантажаваны рэпартаж для эфірнага паказу, прагледзьце яго яшчэ раз.

6. Асаблівасьці працы над навінамі й рэпартажам

Укласьціся ў часавыя рамкі — галоўная задача журналіста ў працы з тэленавінамі. Тэрміны — пастаянны складнік жыцьця кожнага, хто працуе ў студыі навін. Спэцыяльнасьць патрабуе ўменьня рабіць усё ў межах пэўнага часу дастаткова спакойна, і прадуктыўна працаваць у стрэсавых сытуацыях. Інакш кажучы, калі вам здаецца, што спазьняецеся з працай, а калегі, на вашу думку, усё выконваюць дужа марудна, адыдзіцеся ў бок і выкажыце ў любой даступнай форме вашае нездаваленьне, зьвярнуўшыся, напрыклад, да струменьчыка вады з вадаправоднага крану. Ня варта выплёскваць нэгатыў на калег — наступным разам ахвярай чужой агрэсіі можаце аказацца вы, а такая акалічнасьць не дадае моцы.

Навіны робяцца да акрэсьленага часу, але плынь навін на гэтым не заканчваецца. Як толькі вы справіліся з адной тэмай,— пачынайце працаваць над наступнай, аднак перад гэтым некалькі хвілін паназірайце за нечым ў вакне, угледзьцеся ў рыбак акварыюму, нарэшце — зважце на ўласны абутак. Гэткім чынам, пастарайцеся падумаць пра нешта, ня зьвязанае з працай.

Навіны робяцца для людзей і пра людзей, а таму навучыцеся шанаваць людзей — інакш вам будзе нецікава тое, пра што яны распавядаюць, а бяз гэтага, зразумела, не атрымаецца сапраўды вартага прадукту.

Пастарайцеся ўспрымаць крытыку вашай працы спакойна. Журналіст тэленавін — грамадзкая спэцыяльнасьць, і будзе дастаткова ахвочых знайсьці ў вашай дзейнасьці памылкі. Дык адносьцеся да ўсялякіх парад канструктыўна: часам здараецца, што людзі, якія прагнуць зьняславіць вашу працу, падказваюць сапраўды каштоўныя ідэі. Трэба папросту навучыцца ставіцца да такіх выпадаў разумна, адасабляючы эмоцыі ад творчасьці — альбо гэтая праца не для вас.

Глядзіце на сьвет шырока расплюшчанымі вачыма. Бо тэлевізія — гэта назіраньне. Сачыце за падзеямі актыўна, чытайце прэсу, слухайце радыё, шукайце сюжэты ў Інтэрнэце, набудзьце мабільны тэлефон: апэратыўнасьць — ваш посьпех і вашы грошы. Паўсюль вы можаце натрапіць на прафэсійны дарунак. Але дарунак гэткі трэба напрацоўваць: заўважылі нешта цікавае,— сьмела бярыце на сябе адказнасьць. Не забывайцеся патэлефанаваць патэнцыйным крыніцам інфармацыі й параіцца з дасьведчанымі людзьмі. З часам, калі сумленна й творча падыходзіць да справы, самыя цікавыя навіны будуць знаходзіць вас самі: кожная ўдача мусіць быць напрацавана.

Пастарайцеся авалодаць сумежнымі прафэсіямі: ведаць відэакамэру, кіраваць аўтамабілем, быць дыпляматам і сьледчым адначасна. Вам патрэбна ня толькі пасьпець на месца здарэньня, але й разгаварыць людзей ці афіцыйных асоб, што там апынуліся. Апранайцеся залежна ад таго, у якіх абставінах вам трэба будзе працаваць. Ня варта апранаць смокінг, выпраўляючыся на здымку ў шахту ці на калгасныя палеткі: сьцяну, узьніклую між вамі й рабочымі, з прычыны вашага выгляду, цяжка будзе разбурыць. Адпаведна, ня варта, выяжджаючы на здымку высокай замежнай дэлегацыі, апранацца, як на працу ў зону баявых дзеяньняў.

Тэлевізійная журналістыка патрабуе зладжанай супольнай працы розных адмыслоўцаў. У ідэале каманда, што выяжджае на рэдакцыйнае заданьне, павінна складацца зь людзей, здольных падстрахаваць і дапаўняць адзін аднаго, дакладна ведаючы свае абавязкі. Калі апэратар, з прычыны сваёй непрафэсійнасьці альбо зь якой іншай, наздымае карцінак, цяжка выкарыстальных пры мантажы альбо не адпаведных тэме, — у лепшым выпадку, вас апярэдзяць канкурэнты, у горшым — ваш сюжэт ня пройдзе ў эфір. Журналіст мусіць знаходзіцца паблізу ад свайго апэратара, круціць галавой на 360 градусаў і падказваць цікавыя пляны, бо сам апэратар глядзіць у відэашукальнік і ня ў стане бачыць усё. Журналіст мусіць падказваць і папярэджваць апэратара пра магчымую небясьпеку ў зьвязку са здымкай. Журналіст мусіць быць у пастаянным кантакце з рэдакцыяй — як тое, вядома, дазваляюць абставіны,— каб арыентавацца ў агульнай сытуацыі. Здараецца так, што здымка, якой займаецца каманда, губляе актуальнасьць, і трэба тэрмінова мяняць месца дысьлякацыі для пасьпяховага выкананьня сваёй задачы. (Напрыклад, дэлегацыю суседняй дзяржавы чакалі ў Адміністрацыі прэзыдэнта, а яна апынулася на сустрэчы ў Радзе Міністраў.) Усё пералічанае набывае на парадак большае значэньне, калі праца адбываецца ў небясьпечных умовах.

Працуючы ў агрэсіўным асяродку, перадусім важна зразумець ступеню ягонае агрэсіўнасьці, каб неасьцярожна не справакаваць небясьпечнае сытуацыі.

Бясьпека журналіста ў канфліктных зонах — справа самога журналіста. Не рызыкуйце дарэмна й не змушайце іншых рызыкаваць за вас.

“Лепш кепская карцінка, лепш ніякай карцінкі, чым мёртвы журналіст”,— гэтыя словы належаць фотарэдактару маскоўскага бюро “Асашыэйтэд Прэс” Лю Хенг Шынгу, чалавеку, безумоўна, дасьведчанаму.

Вам патрэбна ня толькі здабыць матэрыял, але й прывезьці яго, куды прызначана.

Выпраўляючыся на падобныя заданьні, трэба атрымаць як мага болей інфармацыі пра тое, што будзеце здымаць (па магчымасьці,— з надзейных і пажадана — з нэўтральных крыніц).

Далей: патрэбна мець, дакладна ведаць і, як толькі мажліва, прытрымлівацца пляну вашых дзеяньняў. Сувязь, месца кантрольнага збору, страховачны варыянт мусяць быць асноўнымі складнікамі пляну.

Своечасовы розгалас у грамадзтве пра небясьпеку, пагражальную для журналіста, зазвычай выпраўляе сытуацыю.

У самых неспрыяльных умовах не панікуйце й старайцеся не падпасьці пад уладу эмоцый. Памятайце: у любой сытуацыі журналіст — асоба нэўтральная, вы — над падзеяй, і пра гэта вядома ня толькі вам.

У часе працы ў канфліктнай зоне карысна мець надзейнага, сьмелага й асьцярожнага калегу. Калі ёсьць магчымасьць, выбірайце ня самага спрытнага й моцнага, але самага спакойнага й разумнага — здатнага захоўваць раўнавагу й стрымаць, у пэўных варунках, вас.

Не адказвайце на крыўдныя й абразьлівыя выпады.

Пастарайцеся, каб вашае адзеньне й паводзіны не выглядалі сумнеўна ў вачох тых людзей, сярод якіх вы будзеце працаваць.

Калі патрапілі ў неадназначную сытуацыю, — не давайце перахапіць у сябе ініцыятыву. Але, пры гэтым, дапамагайце калегам з іншых СМІ — вам таксама дапамогуць.

Не губляйце пачуцьця гумару — гэтак прасьцей пазьбягаць складаных і небясьпечных здарэньняў: гумар ацэняць ня толькі вашы калегі.

Тэхніка ды іншы рыштунак перад паездкай у канфліктную зону маюць быць падрыхтаваны й правераны вельмі пільна.

Куды вас ні закінулі б журналісцкія шляхі,— заўсёды працуйце на стварэньне ўласнага архіву, бо ня дужа вялікі па часе сюжэт навін дае пэрспэктыву — па-за кадрам застаецца яшчэ шмат карыснага. А таму не выкідайце карцінкі зь цікавымі момантамі — яна вам абавязкова яшчэ паслугуе. Найлепей “сагнаць” такую нескарыстаную з тае ці іншае прычыны карцінку на асобную касэту, папярэдне расьпісаўшы, калі й дзе яна была зьнята. Ваш асабісты архіў, адрозна ад архіву тэлекампаніі, на якую вы працуеце, належыць толькі вам, і гэта — дадатковая крыніца прыбытку.

Таксама зьбірайце ўсё створанае ў часе працы — кожны ваш сюжэт мусіць быць сагнаны й расьпісаны на асобную касэту ці захаваны ў кампутары, калі маецца такая магчымасьць. Архіў вашай студыі — адна справа: ён можа быць, зь нейкай падставы, сапсаваны, зацёрты, скрадзены, ці наагул прапасьці. Да таго ж, вы можаце папросту перайсьці працаваць на іншую тэлекампанію, і болей ня мець доступу да матэрыялу, некалі наздыманага. Дарэчы, у працы тэлежурналіста вяртаньне да прадукцыі, выдадзенай у эфір калісьці раней, звычайная практыка, і перабраць свой архіў значна прасьцей ды таньней, чым залежаць ад архіву студыйнага, альбо наноў здымаць ужо здабытае й створанае.

Літаратура

1. Навіны на ТV. Вікторыя Маккалах Кэрал. Выдавецтва “МІР”.

2. Малафарматная тэлевізійная вытворчасьць. ІНТЭРНЬЮЗ. Выдавецтва “АЛЬБУР”.

3. Мантаж. Частка 1. Сакалоў А.Г. Выдавецтва “625”.

4. Мантаж. Частка 2. Сакалоў А.Г. Выдавецтва “625”.

5. Журналісцкае даьследаваньне. Агенцыя журналісцкіх досьледаў А.Канстанцінава. Выдавецтва “Выдавецкі дом “НЕВА”, Выдавецтва “ОЛМА-ПРЭС”.

6. Я здымаю вайну. Раманаў Ю. Выдавецтва “Правы чалавека”.

7. Дзесяць запаведзяў журналістыкі. Фігтэліўс Э. Выдавецтва “Utbildningsradion”.

You may also like...