Алесь Разанаў
Гліна
1
Ніцма ляжыш
І ў глыбокім сненні
Хаваеш сваю душу.
Загавару з табою –
Адкажаш,
Але не пачуеш.
Рукою цябе крану –
Запомніш,
Але не ўбачыш.
Ты ў самым пачатку часу,
Дзе Бог
Разрознівае-разасабляе
Свае раўнаісныя іпастасі –
Жыццё і Смерць.
2
Няма ні набытку,
Ні страты.
Насенне чакае
Сваёй пары –
Замкнёнае ў сховішчах сэнсу.
І не спяшаецца прыгажосць
Сабрацца
У келіху кветкі.
Магчымасць шукае сябе,
Даючы
Гліне
Свае найменні.
3
Чакае,
Што з ёю нешта адбудзецца,
Але не ведае –
Што.
Хоча,
Каб тое,
Чаго чакае яна,
Адбылося,
Але не можа даўмецца,
Адкуль яно можа ўзяцца,
Калі няма яго ў ёй
Цяпер.
Што ні трапляецца ёй,
Адпускаецца неахвотна.
Растворана ў ёй
Магічная сіла,
У ёй
Прадугадваецца жанчына.
4
Усе пакідаюць у ёй
Свой след –
Нібы пазначаюць месца,
Куды вярнуцца.
Але не вяртаюцца.
Гліна:
Адзіная спадарожніца,
Для якой
Ніхто не бывае мінулы.
5
Не хоча,
Каб яе бачылі
І разумелі,
Але сама хоча бачыць
І разумець.
Яшчэ ўсё магчыма –
Яшчэ
Сіла не варагуе з сілай
І не смуткуе па смерці.
Яшчэ
Слова само сябе чуе,
А вобраз –
Бачыць.
Размова пра н е ш т а,
Што доўжыцца з веку ў век,
Але не можа ні скончыцца,
Ні пачацца.
6
З радовішча сну
Абуджаецца,
Каб нарэшце
Прачнуцца нечым
Альбо сабой.
Вада забірае,
Агонь збірае,
І думка знаходзіць у ёй
Сваё падабенства.
Цяпер сцеражыся,
Каб не памерці
Раптам.
7
Захоўваешся ў цяні
Усіх рэчаў
І ўсіх істот
І ў сабе
Захоўваеш сэнс,
Ім яшчэ не вядомы.
Каб насампраўдзе
Прысутнічаць кожны раз тут,
Даецца,
Быццам сляпому доказ,
Сама сабе
Ў рэчах і ў постацях
Рэчаіснасць.
А гліна
Усё пераконвае ўсіх,
Што можна
Бачыць не гэтак,
Што можа
Усё быць інакш.
8
Нешта сабралася
І разышлося,
Але засталося ў памяці
Разам.
Нібыта і ёсць яна
І нібыта
Яе няма.
З іншага часу
І з іншай прасторы:
Калі да яе набліжаешся –
Адступае,
Калі адступаешся ад яе –
Трымае.
Памяць,
Якая нікому ўжо не належыць,
Але якой належаць
Усе.
9
Паволі альбо раптоўна
Мы адхіляемся
Ад задумаў,
Якія хацелі
Спраўдзіцца намі,
Калі не чуем,
Ці адгукаецца наваколле.
А самае простае,
На што не звярталася ўвагі,
Спраўджваецца цяпер
І застаецца заўсёды.
Блукае,
Шукаючы павадыра,
У гліне навобмацак
Сонца.
10
Упісаная ў прастору,
Абжытую ўсімі,
І ўсім свая,
Усталёўваешся ў адлегласць,
Якой немагчыма парушыць,
Каб апынуцца
З далёкім побач,
А з блізкім яшчэ бліжэй.
Безліч нераспазнаных
Сузор’яў
Спластоўваецца ў табе
І раствараецца мноства
Млечных Шляхоў
Невядомых.
Ціхмяна ляжыш,
Утуліўшыся ў глыбіню,
Галактыка
Іншага вымярэння.
11
Пад чорнай карою глебы
Белы хлеб плоці.
Не памятае,
Ці, як зерне,
Апала яна з вышыні,
Ці ўзышла з глыбіні,
Ці проста
Тут затрымалася выпадкова.
Дух,
Што стаў плоццю,
Але перастаў быць
Духам.
12
Любіць,
Каб яе лашчылі,
Песцілі,
Бралі ў рукі.
Тады яна ажывае,
Тады яна робіцца
Чуйнай і паслухмянай
І вучыцца разумець
Чалавека.
Можа, чакае,
Што ён
Вылепіць з яе тое,
Чым сам дагэтуль
Яшчэ не здолеў зрабіцца,
Ці, можа,
Наадварот,
Вернецца ў яе лона –
І свет
Нанава стане райскім.
13
Галеча
Цябе ачышчае,
Спакой прасвятляе.
Аблокі
Спыняюцца над табой,
Ручаі
Хочуць завесці
З табой размову.
Празрыстая для сябе,
Зацемненая для старонніх,
Яднаеш
Выток і суток,
А сама
Застаешся на месцы
Сам-насам з усімі –
Выйсце,
Замкнёнае нацянькі.
14
Перацякаеш
З самое сябе
У сябе самую.
Няспынны кругазварот
Унутры
Адсутнай прасторы,
Дзе думка,
Калі яна пранікае
Ў прычыну
І асягае вынік,
Знаходзіць, што страчваецца, –
Рэчаіснасць.
А рэчаіснасць
Распазнае, што яна
Насампраўдзе ёсць
У несупыннай сустрэчы
З сабою
Іншай.
15
У нетрах зямлі
Выспяваеш паволі.
Чакаючы,
Што ў чалавеку
Выспее думка,
Якая цябе зразумее.
А ён
Жыве нараджэннем і сконам
І тужыць,
Што гэта –
Усё жыццё.
16
Злучае
І прымушае трымацца
Разам,
Нібы слепата – сляпых,
Постаці рухаў
І думак.
Навобмацак,
Але мякка,
Нібы знутры
Звыклых паводзінаў
Імі кіруе
Не бачны ім павадыр.
Такі неймаверна далёкі
Заблытаны шлях
Да мэты,
Якая заўсёды
Тут.
17
Выводзіш
Свой самы вялікі твор –
Чалавека –
Увесь яго век
З нятоеснага вымярэння.
Табе пярэчаць
Найменні і вобразы,
Што чалавек
І адпаведны ім,
І вядомы.
А ён,
Жадаючы жыць,
Пакідае
І ўсё не пакіне ніяк
Сваю заўчасную вечнасць.
18
Маланка
Стараецца рассвятліць
Тваю сутонлівую светлыню
І выклікаць сілу,
Якая ў табе пагасае,
На спрэчку.
Пярун
Уладарна загадвае,
Каб ты ўклала
Сваю нямую душу
У споведзь.
А дождж
Прытуляецца да цябе
І просіць,
Каб ты даравала
Маланцы
Яе слепату,
А перуну – безразважнасць,
І не
Дазволіла свету
Знікнуць.
19
У спратах зямлі:
Бярэшся
І ўсё адно
Пакідаешся без увагі.
Неба
То прасвятляецца,
То хмурнее.
Сцежкі
Сыходзяцца разам
І зноў
Разыходзяцца па паверхні.
Ты зазіраеш
Мне ў памяць –
І ў ёй
Знаходзіш утоенае
І ад мяне самога.
Адвечны скарб –
Які ўсім відаць,
А нікім
Знайсціся не можа.
20
Нібы абсяг
Рэчаіснасці нераспазнанай
Паказвае думцы,
Кудою думаць
І як разумець, –
Увесь час
Забараняюць
І дазваляюць
Нам акалічнасці нешта.
У намаганнях
Гартуецца моц
І, каб дзейнічалі,
Вымагае.
А тое,
Што мусіць адбыцца з намі,
Само настае
І само вытлумачваецца,
Як гліна
У кожным дні.
21
Рэчы ўкарэньваюцца
У карысць
І, што паўтараецца тут,
Вартуюць.
Усіхняя і нічыя,
Не рупішся аб ураджаі
І не адрозніваеш,
Дзе – восень,
А дзе – вясна.
Адпаўшы ад неба,
Але не супаўшы з зямлёю,
Вучышся быць паслухмянай таму,
Што не мае
Абгрунтавання.
22
Бясконцая колькасць
Абліччаў
З цябе вынікае,
А ты
Не супадаеш з ніводным.
Ні з кім не ваюеш,
Не хаўрусуеш
І не адстойваеш сваёй праўды.
Але звяртаюцца да цябе,
Урэшце,
Усе абліччы
Па канчатковае высвятленне:
Што значаць яны,
Калі яны ёсць,
І што яны будуць значыць,
Калі іх не стане?
23
Бесперастанку
Вяртаецца да цябе
Наваколле,
Як рэха,
Якое акрэсліла круг
І ўвабрала, што ў крузе, –
І постаці дрэў,
І гурму будынкаў,
І ўвесь краявід, –
Але ўжо не можа,
Вяртаючыся, знайсці,
Адкуль яно ўзнікла
І з кім
Мае супасці…
Далучаная да наваколля,
Шукаеш з ім разам
Нешта –
Што не адшукваецца,
А ёсць.
24
Імгла:
Ні святло, ні цемра.
Замкнуліся вочы,
Што бачылі
І разумелі ўначы,
А вочы,
Што бачаць удзень,
Не спяшаюцца адамкнуцца.
Такая наша пара –
Між колішнім
І наступным.
І самай відушчай
У гэтай пары
Абвяшчаецца гліна.
25
Рухавая,
Як вада,
І непарушная, нібы камень,
Ці толькі яшчэ
Падаешся да небакраю,
Ці ўжо вярнулася –
І небакрай
Ператварыла ў сваю прыкмету?
Вандруеш са стану ў стан
І, што пакідаеш,
Маеш
Сваім набыткам.
26
У гліне сляды:
Не лучацца між сабою
Нічым,
Апроч гліны.
Хіба распазнае сябе
Той, хто ідзе,
У сваіх слядах?
А той, хто жыве,
У тым, кім ён жыве?
Але зноў і зноўку
Упісваюцца сляды
У вечную гліну,
А гліна –
Ў нявечнага чалавека.
27
Не піў –
А яе паіў малаком,
Не еў –
А яе карміў хлебам,
Каб абудзілася,
Каб ажыла
І сказала с л о в а,
Якое людзі згубілі,
Калі захацелі ўзысці
Нацянькі да Бога.
Ела мой хлеб,
Піла маё малако,
Але каб сказаць –
Не сказала нічога.
Зноўку замкнулася ад мяне,
Зноў адхінулася –
Ці то ў здзіўленні,
Ці то ў расчараванні, –
Нібы яна
Мне прызналася ў нечым,
А я не здолеў пачуць.
28
Не прадаецца –
Бы золата,
І не купляецца –
Нібы срэбра.
Усюды знаёмая ўсім,
Ні ў кога
Не выклікае ні зайздрасці,
Ні захаплення.
Хінуся да гліны:
Не купіць
І не прадасць,
Але навучыць справе.
29
З таго боку часу
Доўжышся да мяжы
Гэтага дня
І хвіліны гэтай.
І запаўняеш сабою
Усе прагалы,
Разломы,
Разрывы,
Расколіны,
Што раз’ядналі
Адказ і пытанне,
Прычыну і вынік, –
І з цягам часу
Нас прысвячаеш
У шлях.
30
Бы пераможаная,
Ляжыш пад нагамі
У кожнага ваяра,
У кожнага заваёўцы.
Бурацца вежы,
Руйнуюцца гарады,
Гінуць дзяржавы,
Якія былі аздобай
І гонарам свету –
І ты іх бярэш
У сваё бязмежжа,
Але не становішся
Ні знакамітай,
Ні зруйнаванай.
І гэтак
Заўжды.
31
Разломіцца раптам
Зямная кара –
І ў разломе
З’явіцца голае цела
Гліны.
Нібыта ўва мне самім
Убачылі вочы нешта,
Што забаронена бачыць –
Уражваюся,
Што я ёсць
І бачны
Зоркам і гліне.
32
Наносішся кропкамі,
Рысамі
І кругамі
На рукі,
На твар,
На грудзі.
Датворваеш,
Дамалёўваеш чалавека,
Упэўніваеш яго,
Што ён дужы,
Разумны,
Прыгожы
І блаславёны Богам.
Але калі ты сціраешся –
Чалавек
Губляецца ў акалічнасцях
І ўяўленнях
І скардзіцца Богу,
Што той
Ад яго адступіўся.
33
За курганамі
Свеціцца і не блякне
Далечыня.
Сцежкі знайшлі,
Куды слацца,
І болей не ўводзяць у зман
Вандроўцаў.
Мінуў
Спякотлівы дзень,
А вечар
Не надышоў.
Пара
Знаходзіць паразуменне
З глінай.
34
Пусцеюць радовішчы,
Рэкі
Спрабуюць цячы назад.
Безгалоса
Выстройваюцца тысячагоддзі
Адно за адным,
Ды нічым
Не могуць дапамагчы
І парадзіць нічым не могуць
Гэтаму крайняму дню,
Гэтаму крайняму году.
І толькі гліна
Бярэцца правесці
Па-над прадоннем
Сваёю дарогай
Пакінутага чалавека.
35
Ты дазваляеш
Рабіць з сабою
Усё,
Што надумае чалавек
І што здолее, –
Нават Бога.
Ужываешся ў вобраз,
Якім чалавек надзяляе
Таго,
Хто мусіць яго зразумець
Глыбей, чым ён сам.
Услухоўваешся ў таямніцы,
У якіх чалавек адкрывае
Сябе перад тым,
Хто сам
Найвялікшая таямніца.
І застаешся ўсё роўна
Сабой –
Спрадвечнай магчымасцю
Быць інакшай.
36
Па рэках крыві
Цячэш
У інакшыя далячыні.
І, прысвячаючы чалавека
У немінучую смерць,
Прысвячаеш
У немінучую неўміручасць.
Апошняй праводзіш
І сустракаеш
Першай.
37
Збочваем:
З бальшакоў
На патайныя сцежкі,
Каб забароненае забрала
У нас нямогласць,
А даравала моц.
Гліну,
Якая адольваецца,
Мяняем
На гліну,
Якая паволі,
Але няўхільна,
Адольвае нас.
38
Накрэсліваю на гліне
Знакі,
Узоры,
Вобразы –
І яны
З яе выпаўзаюць,
З яе вылятаюць,
З яе выходзяць,
Яе пакідаючы,
І пачынаюць
Адно за адным паляваць.
Калі сустракаюся з імі
У наваколлі,
Яны пужаюцца,
Уцякаюць,
Злуюць,
Быццам яны
Насампраўдзе жывыя,
Быццам яны
Насампраўдзе –
Я н ы.
39
Змена,
Што ўсё перайначвае,
А сама
Застаецца нязменнай.
Сабранае траціцца,
І рэчаіснасць
Разгортваецца ў здагадку,
Каб адшукацца
З таго боку слоў.
Вяртаюся ў заўтра,
Дзе гліна значыць
Болей,
Чым постаці
Уздоўж перыметру
Сцен.
40
Штодня сустракаемся
І штодня
Марым аб нейкай іншай –
Тут немагчымай –
Сустрэчы.
Дрэвы
Нас памятаюць,
А гліна
Вядзе да свайго небакраю,
Дзе Бог
Не будзе адрознівацца
Ад чалавека
І жыццё –
Ад жыцця.
41
У глыбіні – пласты,
А тут,
На паверхні,
Звініць сцюдзёны ручай
І вецер
Вагае галіны дрэў,
І прастора
Не мае мяжы…
Але апынаецца паступова
Тое, што мучыць і радуе,
Вабіць і засмучае,
Ў мінулым,
І апынаецца ўсё бліжэй
Чалавек ля гліны.
42
Нібы ўбіваюцца ўглыб
Апоры,
Калі будуецца дом,
З глыбіні
Праступаюць задумы,
Каб неўзабаве
Звязацца ў цэласны тэкст,
Як гліна.
Прысутнічаеш незаўважна
У кожнай развазе,
А заўважаешся –
І прастора
Страчвае рыштаванні:
К у д ы і а д к у л ь.
43
Прыклейваешся да чаравікаў,
Да рук,
Да слоў,
І як бы далёка
Хто ні заходзіў,
Не дазваляеш яму
Адысці назусім
І зрабіцца
Староннім,
Чужым,
Абыякавым да мясціны,
Табою асвечанай.
Нават
Не думаючы пра цябе,
Табе прысягаюць людзі,
Што будуць памятаць пра цябе
Да скону.
44
Моцай,
Якую ўкладаем у рэчы,
Каб імі валодаць,
Рэчы
Трымаюць нас.
Між сабой
Згаджаемся,
Узгадняемся,
І вітаем
Адно аднаго пры сустрэчы.
Але глыбіня
Ад нас адступаецца
І закрываецца
Тоўшчай паверхні.
І толькі гліна –
Каб мы не згубілі сябе дарэшты –
Свеціцца,
Як ліхтар.
45
Знаходзіць сама ў сабе
Безліч рэчаў,
Але самую сябе
Губляе.
Згадвае мноства імёнаў,
Якія даюцца ўсяму,
Што ўзнікае,
Але сваё забывае.
Калі настае –
Мінае,
Калі становіцца нечым –
Перастае быць
Н і ч ы м.
І тады
У рыбін і птушак
Выпытвае шлях
Дадому.
46
Прысутнае вабіць
Вока
І вокам засвойваецца:
Адлегласць
Між тым, што знадворку,
І тым,
Што ўнутры.
Прамень
Напружанага спасціжэння
Прыцягвае і адпускае
Прадмет –
І прадмет
Пачынае распазнаваць
Адлегласць,
А ў ёй
Прысутную гліну.
47
Збан зберагае,
Што маецца ў ім,
І, што маецца ў ім,
Спаражняе.
Нібыта завязь у плод –
Няўзнак
Будучыня перайшла
У мінулае:
Ува што
Пярэйдзе мінулае?
Тут нас ужо няма,
Але ўжо
Праявілася гліна.
48
Што ні здараецца з намі,
Здараецца як бы не з намі –
А з некім.
Спяваюць раніцай птушкі
І дрэвы
Шапочуць лістотаю,
І бялее
Так блізка,
Але к у д ы нам ужо
Немагчыма патрапіць,
Гліна.
Нас перайначвае вынік,
Аднак заўсёды
Мы застаёмся прысутнічаць
Некім ці нечым
Побач з мінулым,
Якое было
Ц я п е р.
49
Не намагаешся спрасавацца
У крамянёвую моц
Ці рассыпацца ў пыл…
Мудрацы
Табе давяраюць
Свае развагі –
Не для таго,
Каб з імі
Застацца ў вяках,
А каб высветліць праз вякі,
Дзе думка
Распазнавала праўду,
А дзе памылялася…
Доўжышся, як жыццё,
Нікому не прыналежная,
І ўсё роўна
Усім свая.
50
Не хочаш
Дужаю быць
І не можаш слабою.
Ты не пярэчыш Богу,
А свет
Табе не пярэчыць.
На шалях
Унутранай раўнавагі
Узважваеш Паражнечу
І Паўнату
І нікому
Не прызнаешся, чаму
Не пераважвае шаля
Шалі.
51
Паставай,
Якой аб’яўляюся т у т,
Шукаю сябе самога…
Ці месца,
Каб спраўдзіцца?..
Гліна
Тлумачыць пісьмёны
Забытых стагоддзяў,
А я і м а ё
Засвойваюць сінтаксіс
Паразумення.
Нямое,
Нікім не адмененае,
Змаганне
Паміж паверхняй
І глыбінёй.
52
Нашча:
Рыхтуешся да пары,
Калі сэнс табе скажа:
«Збудзься!..»
Страшыць
І кліча адначасова
Нязнанае прызначэнне.
Штораз
Ахвяруеш сабой –
І гэтак
Наноў заваёўваеш
Свет.
53
Сведчыш пра цэласнасць,
Да якой
Нічога нельга дадаць
І адняць ад якой
Гэтаксама нічога нельга.
А мы
Разумеем паглядам
І думаем дотыкам
І адкладаем на потым сябе,
Каб зноў
Бясконцае мноства разоў
Вяртацца.
54
Творыцца паступова
У целе гліны
Цела быцця,
А ў ім,
Калі яно створыцца, –
Цела думкі,
А ў ім,
Як яго сарцавіна, –
Цела святла:
Драбіна,
Якая вядзе
Да Бога.
Пільнуеш свой час
І сама
Няўзнак адымаешся,
Але ўсё роўна
Заўсёднай апораю
Застаешся.
55
Тоесны
Нечаму іншаму,
Чым таму,
Кім існую,
Ад рэчаў
Скіроўваюся да гліны –
Жывы,
Але мёртвы,
Да мёртвай,
Але жывой.
І болей нікога няма
І нічога няма:
Адно перад тым
Як сустрэцца –
Р о с т а н ь,
Адно перад тым
Як расстацца –
С у с т р э ч а.
56
Перамагаеш
Без перамогі,
Дзейнічаеш
Без учынку,
Жывеш
Без жыцця.
Паміж назоўнікам і дзеясловам
Сутонішся ў спраўджаным
І світаеш
У тым, што спрабуе
Стацца сабой, –
Часціна
Інакшай мовы,
Што не засвойваецца,
Як назоўнік
І як дзеяслоў.
57
Паклікала –
Але не назвалася.
Уначы,
У цьмянай размове
З нераспазнаным,
Я ўпэўніўся,
Што не памру,
А памяняюся месцам
З нераспазнаным.
І стаў чакаць,
Калі развіднее,
А развіднела –
Убачыў мёртвую гліну
І прачытаў уголас
Яе імя.
58
Калі дакранаюся да яе,
Яна
Нешта інакшае ўжо,
Чым гліна.
Усё,
Што збылося, –
Знікла.
І што не збылося –
Знікла.
Няма ні жывых,
Ні мёртвых,
Ні пераможаных,
Ні пераможцаў.
І толькі страла
У нерухомай пространі гліны
Ляціць
З пачатку ў канец.
1994
Крыніца: Беларуская палічка