Аляксей Ластоўскі. Гістарычная памяць у Беларусі: адметнасці і праблемы. Лекцыі 1—2

Лекцыя 1. Гістарычная памяць: паходжанне канцэпту і даследчыя перспектывы

План

1. Уводзіны

2. Ля вытокаў канцэпту калектыўнай памяці: Марыс Хальбвакс

3. Ян Асман: культурная і камунікатыўная памяць

4. “Месцы памяці” П’ера Нара

5. Гістарычная памяць і нацыянальная ідэнтычнасць

6. Палітыка памяці

1. Уводзіны

“Ідэнтычнасць, памяць, спадчына — тры ключавых словы сучаснай свядомасці, тры абліччы новага кантынента Культуры”, — так ёміста ахарактарызаваў сітуацыю ў сучасных сацыягуманітарных ведах знакаміты французскі гісторык, аўтар канцэпцыі “месцаў памяці” П’ер Нара. І, сапраўды, зараз ідэнтычнасць і памяць сталі галоўнымі тэмамі гуманітарнай веды. Гэтыя словы вядуць рэй і ў сучасных дыскусіях пра стан нацыянальнай самасвядомасці беларусаў.

Мабыць, толькі памяць можа скласці годную канкурэнцыю тэрміну “ідэнтычнасць” па ступені папулярнасці ў сучаснай мове сацыяльных навук. Сведчаннем таму служаць такія метафары, як “бум памяці” ці “сусветная імпрэза памяці”. Ізноў жа, імкліва нарастае колькасць адмысловых працаў, засноўваюцца спецыялізаваныя выданні, прысвечаныя праблематыцы памяці (“Memory Studies” ці “Time&Society”).

У цэлым, можна казаць пра з’яўленне ў канцы ХХ ст. адмысловага дыскурсу гістарычнай памяці ў кантэксце нацыянальнай ідэнтычнасці. Бо Страт вылучае два галоўныя чыннікі фармавання дадзенага дыскурсу:

1) канец халоднай вайны прывёў да сацыяльнай і культурнай фрагментацыі, што ў сваю чаргу выклікала эрозію інтэрпрэтатыўных схем (напрыклад, страціла сваю актуальнасць і значнасць рэпрэзентацыя Савецкага Саюза як “імперыі зла”) і падняло праблему калектыўнай памяці;

2) узнікненне новых правілаў навуковай веды, індыкатарамі якіх сталі такія канцэпты, як “канструяванне” і “постмадэрн”, адмаўленне абсалютнага статусу канцэпцый “праўды” і “рэальнасці”.

Але, як і ў выпадку ідэнтычнасці, інтэрпрэтацыі памяці таксама непасрэдна звязаныя з сацыякультурнымі зменамі ў сучасным грамадстве. Працяглы час памяць тлумачылася як філасофская праблема, якая аналізуе асаблівасці індывідуальнай свядомасці. Такая традыцыя існавала ад Платона да Анры Бергсана. Толькі ў канцы XIX ст. з’яўляюцца спробы вывесці інтэрпрэтацыі памяці на калектыўны ўзровень, і тут яна цесна ўвязваецца з праблематыкай нацыянальнай ідэнтычнасці. Гаворка ідзе пра першапраходніцкую працу Эрнста Рэнана “Што такое нацыя?”, якая не страціла сваёй актуальнасці і на дадзены момант. У трактоўцы Рэнана памяць з’яўляецца адным асноўных элементаў нацыі: “Нацыя — гэта душа, духоўны прынцып. Дзве рэчы, якія з’яўляюцца ў сутнасці адною, складаюць гэтую душу, гэты духоўны прынцып. Адна — у мінулым, іншая — у будучым. Адна — гэта агульнае ўладанне багатай спадчынай успамінаў, іншая — агульная дамова, жаданне жыць разам, працягваць разам карыстацца пазасталай непадзеленай спадчынай”. Пры гэтым асновай нацыянальнай ідэі становіцца гераічнае мінулае.

Такім чынам, зараз усё ж дамінуе падыход да памяці як да сацыяльнай з’явы, што будуецца грамадствам і ўплывае непасрэдным чынам на сацыякультурныя працэсы.

2. Ля вытокаў канцэпту калектыўнай памяці: Марыс Хальбвакс

Агульнапрызнаным заснавальнікам сучаснай цікавасці да калектыўнай памяці варта лічыць французскага сацыёлага Марыса Хальбвакса. Навуковец стаў ахвярай канцэнтрацыйнага лагеру ў Бухенвальдзе. Доўгі час яго працы былі забыты, і толькі ў 1960-я гг. акадэмічная грамадскасць ізноў звярнулася да яго ўнёску ў сацыялагічную навуку. Тэорыя памяці Хальбвакса, якая спачатку разглядалася як маргінальная тэма ў яго творчасці, цяпер атрымала прызнанне сучаснай класікі. Яшчэ ў 1987 г. Ян Асман пісаў пра тое, што імя гэтага навукоўца забыта. Але пасля публікацыі прац нямецкага егіптолага, а таксама даследаванняў П’ера Нара і Юзэфа Хаіма Йерушалмі, якія абапіраліся ў сваіх тэарэтычных пабудовах на ідэі Хальбвакса, ізноў узнікла ўвага да напаўзабытых прац. Яго знакамітая кніга “Сацыяльныя рамкі памяці”, якая выйшла ў 1925 г., паклала пачатак сацыялагічнаму даследаванню памяці, і менавіта ў развіцці ці аспрэчванні ідэй гэтай працы паўстала большасць сучасных падыходаў да праблемы. Над тэмай памяці Хальбвакс працаваў да апошніх гадоў свайго жыцця. У 1950 г. пасмяротна выйшла і ягоная кніга “Калектыўная памяць”, складзеная з розных рукапісаў, знойдзеных у архіве французскага сацыёлага.

Разгледзім, што ж канцэптуальна новага прыўнёс у даследаванні памяці Марыс Хальбвакс. Сам французскі даследчык быў вучнем знакамітага філосафа Анры Бергсана, але ў сваіх працах ён перайшоў ад філасофскага асэнсавання да сацыялагічнага даследавання калектыўнай памяці. Важным для яго падыходу было рашучае адмаўленне ад модных у той час трактовак калектыўнай памяці ў біялагічных тэрмінах як чагосьці прыроджанага, спадчыннага. Хальбвакс кардынальна змяніў дыскурс калектыўных ведаў, замяніўшы біялагічны кантэкст культурным. Сацыёлаг даказаў, што гістарычная памяць — не толькі спосаб, пры якім рэканструююцца падзеі мінулага, але таксама адначасова спосаб, з дапамогай якога тлумачацца ўмовы сучаснасці.

У сваіх даследаваннях Хальбвакс паказаў, што індывідуальная памяць чалавека магчымая толькі ў сацыяльным асяроддзі, якое стварае рэферэнцыяльныя рамкі, што абмяжоўваюць і ўпарадкоўваюць успаміны ў прасторы і часе. У гэтых межах людзі фіксуюць і ўтрымліваюць свае ўспаміны. Такім чынам, функцыянаванне індывідуальнай памяці немагчыма без гэтых прыстасаванняў — слоў і ідэй, не прыдуманых індывідам, а запазычаных ім з яго асяроддзя. Нават індывідуальныя ўспаміны ўзнікаюць толькі ў выніку камунікацыі і ўзаемадзеяння ў рамках сацыяльных груп, і, такім чынам, валодаюць сацыяльным вымярэннем. Памяць узнікае толькі падчас сацыялізацыі індывіда, асабісты досвед пры гэтым інтэгруецца ў разуменне мінулага, набытага грамадствам.

Толькі падтрыманая сацыяльным кантэкстам, памяць здольная вытрымаць выпрабаванне часам. Без падтрымкі групы індывідуальныя ўспаміны знікаюць. Але калектыўная памяць не здольная ўтрымаць мінулае як такое, ад мінулага застаецца толькі тое, што грамадства ў тую ці іншую эпоху здольнае ўзнавіць у цяперашніх рэферэнцыяльных рамках.

Яшчэ адным важным момантам канцэптуальных пабудоў французскага сацыёлага стала ўказанне на аднесенасць памяці да групы. Калектыўнай памяці ўласцівая ідэнтыфікацыйная канкрэтнасць, яна заўсёды арыентавана на сацыяльныя інтарэсы адпаведных сацыяльных груп. Пры гэтым сацыяльная група, якая засноўваецца як супольнасць успамінаў, засцерагае сваё мінулае з двух асноўных пунктаў гледжання: своеасаблівасці і даўгавечнасці. Ствараючы свой уласны вобраз, яна падкрэслівае адрозненні ад навакольнага свету і, насупраць, змяншае ўнутраныя адрозненні. Акрамя таго, яна развівае свядомасць сваёй ідэнтычнасці, якая праносіцца скрозь час, таму факты, што захоўваюцца ў памяці, звычайна адбіраюцца і выбудоўваюцца так, каб падкрэсліць адпаведнасць, падабенства, пераемнасць.

Іншай новай тэндэнцыяй, прыўнесенай Хальбваксам у даследаванні памяці, стала падкрэсленне пастаянна ўзнаўляльнага характару памяці. “Успамін у вельмі значнай меры з’яўляецца рэканструкцыяй мінулага пры дапамозе дадзеных, атрыманых у сучаснасці, і да таго ж падрыхтаванай папярэднімі рэканструкцыямі, якія ўжо моцна перайначылі мінулую карціну”, — зазначае французскі сацыёлаг. Такім чынам, мінулае з’яўляецца сацыяльнай канструкцыяй, якая ўвесь час рэарганізуецца і змяняецца ў адпаведнасці з кантэкстнымі рамкамі сучаснасці, што ўвесь час рухаецца наперад. Мінулае фармуецца духоўнымі запатрабаваннямі канкрэтнай сучаснасці, яно не вырастае натуральным шляхам, а з’яўляецца прадуктам культурнай творчасці.

Апошнія дзве тэзы — сувязь памяці з групавой ідэнтычнасцю і сацыяльна-канструктывісцкая канцэпцыя мінулага — сталі магістральныя лініямі развіцця даследаванняў пра памяць з канца ХХ ст.

Варта таксама адзначыць, што Хальбвакс сваё разуменне памяці фармуляваў шмат у чым у проціпастаўленні калектыўнай памяці і гісторыі. У той час як гістарычны дыскурс навуковы, задакументаваны і архіўны па сваёй прыродзе, калектыўная памяць заўсёды ўмоўная, нестабільная, заўсёды ў зменах. Гістарычны дыскурс — акадэмічны, істытуцыянальны, аб’ектыўны і высокаінтэлектуальны, калектыўная памяць — міжасобасная, суб’ектыўная, мяккая сіла, якая змяшчаецца не ў рэгламентаваных прасторах афіцыйнага дыскурсу, а на абшарах папулярнай культуры і традыцый. Гістарычны дыскурс адсочвае дакументы, калектыўная ж памяць іх ажыўляе. Такім чынам, памяць уяўлялася як папулярная, арганічная, жывая, складзеная з візуальных выяў, у той час як гісторыя лічылася элітарнай, вонкавай, тэкстуальнай і мёртвай. Гісторыя з’яўлялася толькі тады, калі ўжо не было памяці.

Але гэта апазіцыя ў апошні час стала крытыкавацца. Да Хальбвакса тэрміны “традыцыя”, “фальклор” ці “міф” звычайна супрацьпастаўляліся гісторыі і падпарадкоўваліся ёй як “памылкі” ў адносінах да “праўды”, як аб’екты навукі ў адносінах да свайго аўтарытэтнага суб’екта. Тэрмін “памяць” стаў размываць гэтыя адрозненні. Калі даследаванні сацыяльнай памяці аднавіліся, у 1960-х яны ажыццяўляліся ў кантэксце, у якім традыцыі, фальклор і міф больш не лічыліся памылкамі, а ўспрымаліся як формы “падпарадкаваных” ведаў, не менш валідных, чым афіцыйная гісторыя, напісаная даследчыкамі. Гэта азначала, што далей стала немагчыма падтрымліваць выразны падзел паміж калектыўнай памяццю і пісьмовай гісторыяй. З аднаго боку, гісторыя стала ўсё больш папулярызавацца, сведчаннем чаму з’яўляецца ўзнікненне дысцыпліны вуснай гісторыі. З іншага боку, памяць занадта адкрылася гісторыі, і гісторыкі і інтэлектуалы пачалі канструяваць свае працы як “мастацтва памяці”, у сувязі з гэтым імкнучыся заняць прывілеяванае становішча датычна сакральнага калектыўнага суб’екта, да якога адсылае тэрмін “калектыўная памяць” — звычайна, нацыі.

Нягледзячы на паўсюднае прызнанне значнасці прац Хальбвакса ў сучаснай сацыяльна-гуманітарнай думцы, сам тэрмін “калектыўная памяць” не стаў дамінантным, больш за тое, у дыскурсе памяці значна часцей гучаць іншыя словы — “гістарычная памяць”, “сацыяльная памяць”, “культурная памяць”. Разам з тым, унёсак Хальбвакса ў станаўленне сучаснага “буму памяці” з’яўляецца агульнапрызнаным.

3. Ян Асман: культурная і камунікатыўная памяць

Як ужо адзначалася, ключавыя працы Хальбвакса былі прызабытыя, і толькі ў 80-я гг. адбыўся своеасаблівы рэнесанс цікавасці да калектыўнай памяці, які шмат у чым быў абумоўлены поспехам прац двух гісторыкаў — Яна Асмана і П’ера Нара, якія наўпрост выводзілі свае тэарэтычныя пазіцыі з прац Хальбвакса.

Сам Асман уводзіць тэрмін культурнай памяці, дэфінуючы яго як “калектыўны канцэпт для ўсіх ведаў, што вызначаюць паводзіны і досвед у інтэрактыўнай рамцы грамадства, і які перадаецца праз пакаленні ў паўтаральных сацыяльных практыках і ініцыяцыях”. Такім чынам, культурная памяць уяўляе сабою спецыфічную для кожнай культуры форму перадачы і і асучаснівання культурных сэнсаў. Гэта веды, якія кіруюць дзеяннямі і адчуваннямі індывідаў унутры акрэсленага грамадства, і з пакалення ў пакаленне яны перадаюцца і завучваюцца.

Нямецкі навуковец для вызначэння гэтага канцэпту выкарыстоўвае падвойнае размежаванне, адрозніваючы культурную памяць ад 1) навукі (тым самым паўтараючы аргументацыю Хальбвакса пра апазіцыю памяці і гісторыі) і 2) ад камунікатыўнай памяці.

Ян Асман піша, што “адрозненне паміж камунікатыўнай і культурнай памяццю злучана з адрозненнем паміж штодзённасцю і святам, паміж прафанным і сакральным, паміж эфемерным і трывала-абгрунтаваным, паміж прыватным і агульным”.

Паўсядзённая камунікацыя характарызуецца высокай ступенню тэматычнай нестабільнасці, узаемазамяняльнасцю роляў і неарганізаванасцю. У такой камунікацыі кожны індывід фармуе сацыяльна апасродкаваную памяць, якая злучае індывіда з групай. Найбольш важная характарыстыка камунікатыўнай памяці — гэта абмежаваны тэмпаральны далягляд, які пастаянна ссоўваецца з цягам часу. Гэты далягляд звычайна ахоплівае ўласны досвед індывіда і пачутыя ім расповеды. Часавы дыяпазон камунікатыўнай памяці, такім чынам, складае каля 80—100 гадоў, то бок, складаецца з успамінаў трох-чатырох пакаленняў.

Пры пераходзе ад паўсядзённай камунікацыі да сферы аб’ектываванай культуры амаль усё радыкальна змяняецца. Культурная памяць характарызуецца дыстанцыяй ад штодзённасці, яна адсылае да часу “вытокаў”, “даўніх часоў”, пра якія ніхто з жывых людзей не можа мець уласных успамінаў. Культурная памяць уключае ў сябе “абгрунтавальныя ўспаміны”, якія пацвярджаюць законнасць і апраўданасць існага ладу рэчаў. Культурная памяць, у адрозненне ад памяці камунікатыўнай, спецыяльна засноўваецца, штучна фарміруецца. У яе ёсць фіксаваныя кропкі, у якіх мінулае згортваецца ў сімвалічныя постаці, да іх прымацоўваюцца ўспаміны. Памяць пра лёсавызначальныя падзеі мінулага ўмацоўваецца з дапамогай культурных фармацый (тэксты, рытуалы, манументы) і інстытуцыянальнай камунікацыі (паўтор, практыка, выкананне).

Далучанасць да камунікатыўнай памяці размеркавана па ўсёй сацыяльнай цэласнасці. Веды, якія складаюць яе змест, здабываюцца не спецыяльна, а цягам штодзённай камунікацыі. Адпаведна, грамадству не патрэбныя адмысловыя спецыялісты па камунікатыўнай памяці. Насупраць, культурная ж памяць патрабуе існавання прафесійных носьбітаў (шаманы, жрацы, барды, вучоныя, пісьменнікі, мастакі і г.д.). Далучэнне да культурнай памяці спецыяльна арганізуецца і кантралюецца гэтымі спецыялістамі. Засваенне культурнай памяці патрабуе жадання і намаганняў з боку навучэнца, таму і авалоданне ёю таксама дыферынцыявана. Адныя сацыяльныя групы займаюць прывілеяванае становішча ў дачыненні да культурнай памяці (кантралююць і вызначаюць змест), іншыя сацыяльныя групы папросту спажываюць ужо сфармаваныя і падрыхтаваныя культурныя сэнсы.

Ян Асман ужываў свае тэарэтычныя пабудовы для аналізу высокіх культур мінулага (у першую чаргу, Старажытнага Егіпту), але дыхатамія камунікатыўнай/культурнай памяці цалкам дастасоўная і пры аналізе сучасных працэсаў. Сам Ян Асман прапаноўваў праект “гісторыі памяці” — дысцыпліны, што вывучае дынаміку ўспамінаў, культурную памяць наогул. З гэтай перспектывы мінулае ніколі не перадаецца наўпрост ад аднаго пакалення да іншага, а заўсёды ствараецца наноў, перабудоўваецца, зыходзячы з патрэбаў сучаснасці. Для гісторыі памяці не мае асаблівага значэння, з’яўляюцца сапраўднымі альбо фальшывымі ўспаміны пра мінулае, якія існуюць у нейкім калектыве, хутчэй яе цікавяць прычыны стварэння, захавання альбо зменаў акрэсленага вобразу гістарычнага мінулага. Гэтыя дысцыпліна ставіць перад сабою задачу вызначыць тыя абставіны, якія абумовілі тое, што нейкі вобраз мінулага стаў запатрабаваным для сучаснага жыцця, а іншыя вобразы мінулага, наадварот, перасталі быць актуальнымі і былі забытыя.

4. “Месцы памяці” П’ера Нара

Яшчэ адным творчым прадаўжальнікам справы Хальбвакса стаў П’ер Нара, аўтар знакамітай канцэпцыі “месцаў памяці”. Ён стаў ініцыятарам масштабнага даследавання па вывучэнню і інвентарызацыі “месцаў памяці”, якое было распачатае ў 1997 г. Вынікам яго стаў выхад сямітомнай працы “Les lieux de memoire” у 80-90-х гадах мінулага стагоддзя, дзе было сабрана больш за 100 артыкулаў розных аўтараў. Такім чынам, французскі гісторык даў канцэпту “месца памяці” не толькі новае тэарэтычнае значэнне, але і паспяховае праграмнае ўвасабленне.

Па яго меркаванні, гісторыя і памяць былі аб’яднаныя, гэта значыць уяўлялі адно і тое ж, да XIX ст. Страта раўнавагі паміж гісторыяй і памяццю, як гэта апісвае П. Нара, — наступства паскарэння гісторыі. Яго разуменне гісторыі і памяці будуецца на апазіцыі: памяць ёсць жыццё, яе носьбіты — жывыя сацыяльныя групы. Гісторыя ж — заўсёды праблематычная і няпоўная рэканструкцыя таго, што прайшло, тады як памяць — актуальны феномен, вечная сувязь з сучаснасцю. Сучасны вынік адносін паміж гісторыяй і памяццю — замена існай некалі ўпэўненасці ў абавязковай паўторанасці ўсяго на адчуванне, што ўсё і ўся можа знікнуць. Падбухторваныя жаданнем памятаць, грамадствы ствараюць месцы памяці — вынік узаемадзеяння паміж гісторыяй і памяццю, паміж індывідам і калектывам. “Месца памяці” вызначаецца найперш праз разыходжанне двух парадкаў рэальнасці: а) рэальнасці пачуццёвай, больш ці менш матэрыяльнай, упісанай у прастору, час, мову, традыцыю, і б) рэальнасці чыста сімвалічнай, што з’яўляецца носьбітам гісторыі”, — піша французскі вучоны. “Месцы памяці” П’ера Нара не з’яўляюцца месцамі ў вузкім, геаграфічным разуменні гэтага слова. У тамах яго выдання можна знайсці артыкулы пра французскі нацыянальны сцяг, пра Марсельезу, пра Жану д’Арк, французскае віно, французскую нацыянальную бібліятэку і г.д.

Месцамі памяці могуць стаць людзі, падзеі, прадметы, будынкі, кнігі, песні ці геаграфічныя кропкі, якія акружаны сімвалічнай аўрай. Самая галоўная функцыя месцаў памяці — захоўваць памяць групы людзей, яны закліканы ствараць уяўленні грамадства пра сябе і сваю гісторыю. Важнай характарыстыкай месцаў памяці з’яўляецца тое, што яны могуць несці розныя значэнні і што гэта значэнне можа змяняцца з часам. Даследнікі lieux de memoire вывучаюць не гэтулькі матэрыяльнае ці гістарычнае ядро месца памяці, колькі яго адлюстраванне ў свядомасці і формы яго ўспрымання. “Месцы памяці” прасякнутыя ідэалогіяй, нацыяналізмам і вельмі далёкія ад нейтральнасці і аб’ектыўнасці. Большасць з іх ствараецца ці вынаходзіцца, каб служыць інтарэсам нацыянальнай дзяржавы. Les lieux de memoire былі найважнейшай часткай палітыкі ідэнтычнасці французскай нацыі і выконвалі функцыю трансляцыі ключавых элементаў нацыянальнай гісторыі французскім грамадзянам. Хоць французскія “месцы памяці” валодалі сваёй спецыфікай, якая ў разуменні П’ера Нара была абумоўленая характарам рэспубліканскага ўніверсалізму, але сам тэрмін аказаўся прывабным і для даследчыкаў у іншых краінах.

Нас у дадзеным выпадку будзе цікавіць канцэптуалізацыя нацыянальнай памяці французскім гісторыкам. Па яго меркаванні, раней калектыўная ідэнтычнасць нацыі функцыянавала ў падвойным рэгістры нацыянальнай гісторыі (інстытуцыйнага храналагічна аформленага наратыву) і памяці груп (асобных і фрагментарных досведаў перажывання гісторыі, якія перадаваліся сям’ёй і сацыяльным асяроддзем) — што зноў жа адсылае да апазіцыі, прапанаванай Хальбваксам. Але ў сувязі з вычарпаннем таго нацыянальнага праекта, які быў уключаны ў нацыянальную гісторыю, замест яе з’яўляецца адна нацыянальная памяць. “Толькі з пункту гледжання памяці і адной толькі памяці, нацыя пры ўсім аб’яднаўчым значэнні гэтага слова захоўвае сваю ўстойлівасць і легітымнасць”. Пры гэтым нацыянальная памяць не можа ўспрымацца як нейкі завершаны рэпертуар ці вызначаны стан, але ў ёй памяць адных ператвараецца ў памяць усіх. Таму найлепшай метафарай для нацыянальнай памяці выступае сілавое поле, якое пастаянна ствараецца і абнаўляецца.

5. Гістарычная памяць і нацыянальная ідэнтычнасць

Улічваючы гэтыя пазначаныя вышэй тэарэтычныя падыходы да даследаванняў памяці, паспрабуем асэнсаваць, якую ролю адыгрывае гістарычная памяць у фармаванні і ўмацаванні нацыянальнай ідэнтычнасці.

Здавалася б, адказ досыць просты. Яшчэ ў версіі Хальбвакса галоўнай функцыяй калектыўнай памяці з’яўлялася падтрыманне згоды і, адпаведна, групавой ідэнтычнасці. “Розныя групы мабілізуюць калектыўныя ўспаміны для таго, каб падтрымліваць карпаратыўную ідэнтычнасць”, — так ён сцвярджаў. Паводле французскага сацыёлага, калектыўная памяць ствараецца і функцыянуе ў сацыяльных рамках, якія вызначаюцца ідэнтычнасцю сацыяльных груп. Калектыўнай памяці ўласцівая ідэнтыфікацыйная канкрэтнасць, яна заўсёды арыентавана на сацыяльныя інтарэсы пэўных сацыяльных груп. Адпаведна, ідэнтычнасць папярэднічае памяці, стварае магчымасць яе ажыццяўлення.

Нягледзячы на тое, што шматлікія ідэі, закладзеныя Хальбваксам у канцэпт калектыўнай памяці, сталі шматкроць пераказвацца, менавіта гэтай ідэі (ідэнтычнасць як умова памяці) не пашанцавала. Хутчэй, можна казаць пра папулярнасць процілеглага бачання — памяць як умова ідэнтычнасці. Як сцвярджае Е.Мельнікава, “уяўленні пра адзінства паходжання (этна- і сацыя- генетычныя легенды) і супольнасці мінулага ўсіх чальцоў дадзенага соцыума абумаўляюць яго цэласць і жыццяздольнасць”.

У сучаснай сацыяльнай навуцы агульнапрынятым стала сцвярджэнне гістарычнай памяці як найважнейшага кампанента нацыянальнай культурнай ідэнтычнасці, які служыць фармаванню агульных уяўленняў пра мінулае і пазіцыянаванню ў сучаснасці чальцоў нацыянальнай агульнасці. Адзначаныя вышэй дзве інтэнцыі можна аб’яднаць у адну больш рафінаваную і ўскладненую схему. Гістарычная памяць і калектыўная ідэнтычнасць паўстаюць тады, як змешчаныя ў двунакіраваных узаемаадносінах: з аднаго боку, змест гістарычнай памяці задае магчымасці і абмежаванні для працы з калектыўнай ідэнтычнасцю, з іншага боку, менавіта ідэнтычнасць з’яўляецца вызначальным фактарам пры пераасэнсаванні мінулага і ўключэнні яго ў ацэнку сучаснасці.

Разам з тым, існаванне мноства трактовак і версій у міждысцыплінарнай прасторы даследаванняў памяці (важкім сведчаннем чаму з’яўляецца і разнастайнасць тэрміналогіі — “калектыўная памяць”, “сацыяльная памяць”, “гістарычная памяць”, “культурная памяць”) патрабуе ўдакладнення тэарэтычнага падыходу.

Найбольш прадуктыўным у дадзеным кантэксце ўяўляецца выкарыстанне агульнага тэрміну “гістарычная памяць”, які адсылае да ўсёй сукупнасці ўяўленняў пра мінулае. Разам з тым, неабходна вылучыць некалькі ўзроўняў гістарычнай памяці, абумоўленых дыскурсіўнай стратыфікацыяй соцыума.

Перадусім гэта ўзровень памяці, які фармуецца ўладным дыскурсам і ўяўляе сабою кадыфікаваны і рэгламентаваны набор апісанняў, ідэй і адлюстраванняў мінулага. Тут відавочная паралель з канцэпцыяй культурнай памяці Яна Асмана. У сучасным грамадстве найважнейшымі інстытутамі трансляцыі культурнай памяці выступаюць інстытут адукацыі (часцей за ўсё непасрэдна кантраляваны дзяржавай) і сродкі масавай інфармацыі.

Іншы ўзровень гістарычнай памяці фармуецца ў выніку інкарпарацыі і засваення культурнай памяці ў масавай свядомасці, гэта штодзённыя ўяўленні пра мінулае, часцяком фрагментарныя і супярэчлівыя. Тут цалкам рацыянальным выглядае прапанова расійскіх гісторыкаў І.Савельевай і А.Палетаева скарыстацца тэрміналогіяй французскага сацыёлага С.Масковічы і ўжыць для катэгарызацыі дадзенага ўзроўню гістарычнай памяці вызначэнне “сацыяльныя ўяўленні пра мінулае”.

І, нарэшце, трэці ўзровень у гістарычнай памяці зноў можа быць злучаны з падыходам Яна Асмана, які ўвёў адрозненне паміж камунікатыўнай і культурнай памяццю. У адрозненне ад двух вышэйзгаданых узроўняў гістарычнай памяці, якія адсылаюць да ўспрымання мінулага, апасродкаванага праз інстытуцыянальныя каналы, камунікатыўная памяць адсылае да асабістага досведу мінулага. Найболей цэласнымі паўстаюць наратывы мінулага, якія фармуюцца як індывідуальныя біяграфіі альбо сямейныя паданні.

Пры гэтым паўстае пытанне, якое месца займае гістарычная памяць у беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці. Для адказу на гэта пытанне нам прыйдзецца аналітычна прадставіць нацыянальную ідэнтычнасць як уяўленне, якое існуе ў дзвюх плоскасцях — часе і прасторы.

Пры гэтым гістарычная памяць служыць адной з асноў для змястоўнага напаўнення абедзвюх плоскасцяў.

Суб’ектыўнае асэнсаванне часу разгортваецца ў трыадзінстве стаўлення мінулага, сапраўднага і будучага. Пры гэтым гістарычная памяць, якая ўяўляе сабою рэканструкцыю мінулага з інтарэсаў сучаснасці, пастаўляе мадэлі для інтэрпрэтацыі актуальнага стану нацыі. Гэта, у першую чаргу, ідэя “залатога веку” (для беларускай гістарычнай памяці — гэта эпоха ВКЛ), якая апісвае росквіт культуры і палітычнай магутнасці нацыі ў акрэслены гістарычны перыяд. Адпаведна ўтвараецца пэўны архетыпічны ідэал нацыі, які задае крытычнае стаўленне да сучаснай эпохі, нейкі зазор, які заклікае да выпраўлення сітуацыі і вяртання ў ідэальны стан. З іншага боку, мінулае пастаўляе і мадэль заняпаду, трагічнага стану нацыі, абумоўленага пераважна чужародным умяшаннем (для беларускай нацыянальнай гісторыі — гэта польскі і расійскі фактар). Такім чынам, з гэтай перспектывы сучаснасць можа быць асэнсаваная як момант, дзе асноўныя перашкоды для нацыянальнага развіцця аказваюцца знятымі, што ўтварае магчымасць дзейнаснай рэалізацыі ідэала. Так фармуецца міфалагема “нацыянальнага адраджэння”.

Значэнне гістарычнай памяці для ўключэння асэнсаванага мінулага ў працэс ідэнтыфікацыі здаецца цалкам відавочным, але не менш значнай з’яўляецца гістарычная памяць і для фармавання прасторавых катэгорый. Для беларускай ідэнтычнасці такімі найважнейшымі катэгорыямі з’яўляюцца Беларусь і беларусы. Такім чынам, Беларусь паўстае ў нацыянальным уяўленні не толькі як вызначаная тэрыторыя, геаграфічна лакалізаваная, але і як краіна, якая валодае сваёй адмысловай гісторыяй, што складаецца з чарады трыўмфальных узлётаў і трагічных катастроф. Беларусы пры гэтым таксама ўспрымаюцца не проста як этнічная супольнасць, якая засяляе нейкую тэрыторыю, але і як пэўная нацыя, чые характарыстыкі і асаблівасці менталітэту выкрышталізаваліся праз цяжкія гістарычныя выпрабаванні.

Не менш важная гістарычная памяць і пры размежаванні беларусаў і іншых народаў, г.зн. для ўсталявання “зместу” адносін з блізкімі суседзямі, якім адведзена роля “Іншых” падчас працэсаў нацыянальнай ідэнтыфікацыі. Гістарычная памяць задае магчымасць правядзення размежавальнай рысы, якая дазваляе сфармуляваць унікальнасць беларускай нацыі, а таксама надаць змястоўныя характарыстыкі іншым нацыям, у складаных працэсах збліжэння/дыферэнцыяцыі з якімі працякала нацыянальная гісторыя.

Варта адзначыць, што гістарычная памяць напоўнена пераважна яркімі выявамі, дзе нацыянальная гісторыя паўстае як трагедыя, што складаецца з вялікіх подзвігаў і манументальных здзяйсненняў, якія выклікаюць заслужаны гонар за сваю краіну і нацыю, але таксама і цяжкіх страт і жорсткіх часоў, што спрыяюць кансалідацыі з нацыянальнай агульнасцю. Адпаведна, гістарычная памяць служыць не толькі напаўненню зместу нацыянальнай ідэнтычнасці, але і дазваляе выпрацоўваць устойлівыя эмацыйныя сувязі, якія спрыяюць атаесамленню з гэтай супольнасцю.

Акрамя таго, важна падкрэсліць, што нацыянальная ідэнтычнасць не з’яўляецца раз і назаўжды зададзенай, сама нацыянальная агульнасць змяняецца радыкальным чынам на працягу гісторыі, таксама і нацыянальная ідэнтычнасць падлягае гістарызацыі.

6. Палітыка памяці

Польскі сацыёлаг Барбара Шацка пісала пра тое, што ў гістарычнай памяці толькі дзве функцыі — фарміраванне ідэнтычнасці і легітымацыя.

Адпаведна, калі вышэй мы апісвалі тое, як памяць уплывае на канструяванне ідэнтычнасці (пераважна, нацыянальнай), то варта звярнуць увагу і на дачыненні памяці і ўлады. Фармаванне ўяўлення пра тое, што і як трэба памятаць — гэта важны элемент палітычнай барацьбы і панавання.

Застаецца дагэтуль дыскусійным, наколькі гісторыя з’яўляецца “падатлівым матэрыялам”. У якасці радыкальнай пазіцыі можна прывесці “канструктывісцкі” падыход да палітыкі памяці, які найбольш ярка быў рэалізаваны ў зборніку артыкулаў “Вынаходніцтва традыцыі”, што выйшаў у 1983 г. пад рэдакцыяй  Эрыка Хабсбаўма і Тэрэнса Рэйнджэра. У межах гэтага падыхода акцэнт робіцца на аналізе таго, як уладныя групы маніпулююць вобразамі гістарычнага мінулага і навязваюць масам сфабрыкаваную версію гісторыі, што служыць абгрунтаваннем іх палітычных мэтаў і панавання. Даследчыкі, якія належаць да гэтага накірунку, імкнуцца паказаць, што новыя традыцыі і рытуалы адвольна будуюцца ў адпаведнасці з актуальнымі палітычнымі рэаліямі. Памяць тады фактычна аказваецца тоеснай палітычнай ідэалогіі.

Напрыклад, Бо Страт адзначае, што сам канструктывісцкі падыход праблематычны і праводзіць аргументаваную крытыку. “Канструяванне” адсылае да сацыяльнай інжынерыі, адкуль паўстае карціна эліты, якая маніпулюе масамі. Але супольны вобраз мінулага можа таксама будавацца і “знізу”, і часта ніжэйшыя слаі насельніцтва даволі паспяхова аспрэчваюць значэнні, якія прыпісваюцца да падзей і сітуацый элітнымі групамі. У сучасных грамадствах (прынамсі, блізкіх да заходняга тыпу дэмакратыі) стварэнне калектыўнай памяці ўсё ж адбываецца праз працэсы перамоваў і камунікацыі, дзе патрэбна знайсці кампрамісы. Сімвалы і міфы могуць разглядацца з самых розных пазіцый, таму яны з’яўляюцца адкрытымі для аспрэчвання. Яны не могуць проста перадаваць адзін непадзельны погляд, які зыходзіць ад эліты, іх вытворчасць і спажыванне таксама пазначаны канфлітам і кампрамісам. То бок, “канструяванне” і “вынаходніцтва” павінны даследавацца як працэсы, што ідуць у двух накірунках, а не проста як аналіз таго, што накідваецца вышэйшымі слаямі грамадства.

У той жа час неабходна ўлічваць, што цяпер ніводная дзяржава не валодае поўнай манаполіяй на палітыка-культурную прастору. У любой сучаснай нацыянальнай дзяржаве існуюць розныя праекты нацыянальнай ідэнтычнасці, якія таксама мабілізуюць для сваіх мэт і гістарычную памяць. Гэтыя спробы могуць прывесці да расколу грамадства, і тады гісторыя нацыі можа выступіць як арэна барацьбы для розных палітычных сіл. Барацьба за палітычнае лідарства нярэдка выяўляецца як суперніцтва розных версій гістарычнай памяці (ці супраціў яе афіцыйнай версіі) і розных знакаў яе велічы, як спрэчка з нагоды таго, якімі эпізодамі гісторыі нацыя павінна ганарыцца, а якія лепш аддаць на забыццё. Прычым канструяваннем прымальных для сябе версій гістарычнай памяці заняты не толькі афіцыйныя ўлады, але і апазіцыйныя сілы і розныя грамадскія рухі (“памяць” і “контрпамяць”).

Такім чынам, культурная памяць, пераважна артыкуляваная ў рамках дзяржаўнага дыскурсу, не з’яўляецца гамагеннай і характарызуецца хутчэй множнасцю і разнастайнасцю канкуруючых версій. Таму гістарычная памяць цалкам можа прымаць форму “контрпамяці”, якая аспрэчвае і спрыяе дэстабілізацыі афіцыйных версій нацыянальнай ідэнтычнасці. Такім чынам, лінейнае стаўленне “памяць легітымізуе ўладу” рэдукуе карціну сацыяльнай рэальнасці, насычаную супрацьстаяннем і канкурэнтнай барацьбой розных праектаў нацыянальнай ідэнтычнасці, якія ствараюць гетэрагенныя версіі калектыўнай памяці. Пры гэтым неабходна ўлічваць, што розныя, канфліктныя памяці вядуць да дэзінтэграцыі грамадства, што можа прывесці да стварэння паралельных грамадстваў у адной краіне ці нават да гетаізацыі нацыянальных меншасцяў. У імкненні пазбавіцца ад гэтай непатрэбнай грамадскай канфрантацыі кожнае грамадства вырашае складаную задачу: стварэння гарманічнай культурнай памяці краіны — так фармулюе задачы для палітыкі памяці вядомы літоўскі гісторык Альвідас Нікжэнтайціс.

Але гэтая задача патрабуе пастаянных дзеянняў — асэнсавання, узгаднення, пошуку кампрамісаў. Гістарычная памяць не ўяўляе сабою нейкі ўсталяваны канон, які павінны ведаць грамадзяне краіны, каб выконваць “грамадзянскі мінімум” — гэта і сапраўды набор жыццёва патрэбных для грамадства ведаў пра мінулае, які пастаянна змяняецца ў адпаведнасці з задачамі сучаснасці.

Лекцыя 2. Сацыяльныя ўяўленні пра мінулае жыхароў Беларусі: паміж савецкім мінулым і нацыянальнай перспектывай

План

1. Вытокі беларускай дзяржаўнасці ў масавай свядомасці

2. Сучасная гісторыя: актуальная і супярэчлівая

3. Гісторыя савецкага перыяду: у цені Перамогі

4. Гісторыя да пачатку ХХ ст.: terra incognita

Калі апісваць нацыянальную ідэнтычнасць як вызначаную ўзгодненасць уяўленняў пра тое, што такое нацыя і хто да яе прыналежыць, то для гэтага неабходна і інтэграцыя сацыяльных уяўленняў пра мінулае. Асабліва вострая неабходнасць пераасэнсавання сваёй гісторыі і пошуку агульнай перспектывы ўзнікае ў дзяржавах, якія перажываюць радыкальныя трансфармацыі. У якасці прыкладу можна прывесці новыя дзяржавы ва Усходняй Еўропе (у тым ліку і Беларусь), дзе распад савецкага вобразу гісторыі запатрабаваў перагляду і перавызначэння нацыянальнага гістарычнага наратыву, пошуку інтэгральных спосабаў асэнсавання сваёй гісторыі.

Мы паспрабуем разабрацца з тымі асаблівасцямі гістарычнай памяці жыхароў Беларусі, якія склаліся ў выніку працяглага ўпарадкавання афіцыйнага вобразу гісторыі савецкімі ўладамі і пасля бурных трансфармацыяў апісанняў мінулага ўжо ў незалежнай краіне.

У першую чаргу будзем аналізаваць менавіта другі ўзровень гістарычнай памяці, г.зн. сацыяльныя ўяўленні пра мінулае, абапіраючыся на вынікі розных апытанняў грамадскай думкі. Але пры гэтым усё адно даводзіцца ўлічваць і час ад часу згадваць дыскурсіўную прастору ведаў пра мінулае ў Беларусі.

Натуральна, што агульныя ўяўленні пра мінулае могуць фармавацца з розных крыніц. Гэта можа быць і вусная памяць, якая перадаецца ў межах сям’і з пакалення ў пакаленне, і камунікатыўная памяць розных сацыяльных груп. Але пры фармаванні гістарычнай памяці пра мінулае народа пануючую ролю займаюць усё ж афіцыйныя інстытуты — сістэма адукацыі, СМІ, музеі, архівы і г.д. Таму дыскурс гістарычнай памяці часцей за ўсё палітызаваны, ён абумоўлены канфігурацыяй актуальных палітычных інтарэсаў. Адпаведна, змена курсу дзяржаўнай палітыкі прыводзіць да таго, што гісторыя перапісваецца, а калектыўныя ўяўленні пра мінулае падвяргаюцца трансфармацыі. Так, галоўнай задачай у савецкі перыяд было стварэнне агульнай гісторыі “савецкага народа” з акцэнтаваннем класавых інтарэсаў ніжэйшых сацыяльных страт. Пасля 1991 г. маладая беларуская дзяржава сутыкнулася з праблемай фармавання нацыянальнай гістарычнай памяці, што запатрабавала радыкальных змен у сістэме адукацыі і выклікала ажыўленую цікавасць да розных пытанняў беларускай гісторыі на старонках прэсы. Змест і значэнні афіцыйнага дыскурсу памяці на працягу ўсяго некалькі гадоў (1989—1991 гг.) цалкам змяніліся, але калектыўная свядомасць не паддаецца такой хуткай трансфармацыі. У калектыўных уяўленнях пра мінулае напластоўваюцца як актуальныя ідэалагічныя схемы, так і парэшткі ранейшых канструктаў, якія зніклі з паверхні публічнага дыскурсу, але засталіся ў свядомасці сацыяльных груп.

Таму ў якасці працоўнай гіпотэзы выкарыстаем дапушчэнне, што гістарычная памяць жыхароў Беларусі не выступае нейкай аднароднай цэласнасцю і мае сваю спецыфіку ў першую чаргу сярод розных узроставых груп, што абумоўлена зменай розных адукацыйных парадыгмаў у савецкі і постсавецкі час.

Акрамя таго, гістарычная памяць можа выступаць як фактар, які спрыяе ўмацаванню беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці, калі сацыяльныя ўяўленні пра мінулае носяць узгоднены характар, але можа таксама спараджаць і акрэсленыя канфлікты ў нацыянальнай самасвядомасці. Адпаведна, узгодненыя ўяўленні пра вызначаныя гістарычныя перыяды ці падзеі спрыяюць кансалідацыі нацыянальнай ідэнтычнасці, у той час як канфліктныя інтэрпрэтацыі гісторыі прыводзяць да паслаблення беларускай ідэнтычнасці.

У аснову аналізу пакладзены матэрыялы сацыялагічнага даследавання, праведзенага Інстытутам сацыялогіі НАН Беларусі ў чэрвені 2008 г. Для пацверджання гэтых дадзеных мы будзем таксама спасылацца на вынікі даследавання “Успрыманне насельніцтвам новых незалежных дзяржаў гісторыі савецкага і постсавецкага перыядаў”, праведзенага ў красавіку-траўні 2009 г. у межах праекта “Еўразійскі манітор” на тэрыторыі постсавецкіх дзяржаў (у Беларусі за ажыццяўленне гэтага даследавання адказвала сацыялагічная лабараторыя “Новак”). Таксама будуць выкарыстоўвацца вынікі даследавання “Нацыянальная ідэнтычнасць беларусаў: хто мы і якімі будзем?”, ажыццёўленага ўлетку 2009 г. сацыялагічнай лабараторыяй “Новак” у кааперацыі з Беларускім інстытутам стратэгічных даследаванняў і ініцыятывай “Будзьма”.

Мы спынімся на аналізе трох індыкатараў гістарычнай памяці:

1) вытокі беларускай дзяржаўнасці;

2) вылучэнне ключавых падзей у гісторыі Беларусі (як тых, што выклікаюць пачуццё гонару, так і горычы і сораму);

3) ацэнка найважнейшых гістарычных персаналій.

Для таго, каб больш дэталёва выявіць асаблівасці і супярэчнасці гістарычнай памяці сярод жыхароў Беларусі, быў скарыстаны спіс розных гістарычных дзеячаў, рэспандэнтам прапанавалася ацаніць іх унёсак у гісторыю Беларусі па шкале “дадатна/супярэчліва/адмоўна”. Падыход з выкарыстаннем імёнаў гістарычных дзеячаў вызначаецца як асаблівасцямі гістарычнай навукі, якая з часоў Герадота выбудоўвала свой наратыў як апісанне дзейнасці гістарычна значных асоб, так і ўнёскам гісторыі ў фармаванне пантэона нацыянальных герояў. Такім чынам, нацыянальная гісторыя знаходзіць сваё ўвасабленне ў постацях вялікіх людзей, чыё жыццё і па магчымасці гераічная смерць успрымаюцца і асэнсоўваюцца як беззапаветная даніна на алтар нацыі. Нацыянальная гісторыя і на старонках падручнікаў, і ў літаратурных творах, і на кінастужцы паўстае як чарада здзяйсненняў і трагічных параз выбітных асоб, якія ўвасабляюць нацыянальны дух і характар. Надзвычай папулярныя праекты “Імя Расіі” і “Вялікія ўкраінцы” сведчаць пра тое, што фармаванне пантэона нацыянальных герояў, выбітных асоб, сімвалізуючых сабой веліч нацыянальнай гісторыі, па-ранейшаму з’яўляецца актуальнай задачай у постсавецкай прасторы. Можна вылучыць некалькі асноўных чыннікаў, чаму нацыянальная гісторыя ў дыскурсіўным полі афармляецца праз набор выбітных персаналій:

1) Зварот да міфалагізаваных “вялікіх” гістарычных дзеячоў спрыяе ўмацаванню і ўзмацненню ідэнтыфікацыі з гістарычна сфармаванай супольнасцю, паколькі “ўяўная супольнасць” пры гэтым ператвараецца з абстрактнага калектыва ў жывую нацыю, чыімі продкамі можна і трэба ганарыцца. Менавіта яркія і насычаныя эмоцыі (гонар, павага) дапамагаюць фармаванню ўстойлівай нацыянальнай ідэнтычнасці, паколькі яе засваенне дае пазітыўную эмацыйную аддачу;

2) Інструментальнае выкарыстанне герояў і выбітных асоб дазваляе ажыццяўляць эфектыўную мабілізацыю чальцоў агульнасці, выкарыстоўваючы прыклады з жыцця велічных постацяў як узоры для пераймання, патэрны паводзінаў, якія спрыяюць пераадоленню партыкулярных і эгаістычных памкненняў у імя нацыянальных інтарэсаў;

3) Стварэнне нацыянальнай гісторыі як адзінага корпуса ведаў з вызначаным наборам сюжэтаў, тэм і персаналій, якія неабходна ведаць, спрыяе стварэнню агульнай камунікатыўнай прасторы для чальцоў нацыянальнай супольнасці, дазваляючы знаходзіць “агульную мову”, фармуючы фон для сумеснага сацыяльнага дзеяння (успомнім метафару Міраслава Гроха — “нацыя як прадукт сацыяльнай камунікацыі”).

Таму сфармаваная нацыя валодае сваім пантэонам нацыянальных герояў, узгодненасць успрымання нацыянальных гістарычных дзеячаў у масавай свядомасці дае магчымасць казаць пра моцную і ўстойлівую нацыянальную ідэнтычнасць.

У апытанні таксама выкарыстоўваліся постаці гістарычных дзеячоў шырэйшага гістарычнага кантэксту (расійскага ці савецкага), якія аказалі самы непасрэдны ўплыў на ход гісторыі Беларусі.

1. Вытокі беларускай дзяржаўнасці ў масавай свядомасці

У першую чаргу звернемся да праблемы вытокаў беларускай дзяржаўнасці. Кожная нацыянальная дзяржава спрабуе зацвердзіць сябе ў гісторыі, прадставіць свае вытокі ў далёкім мінулым, што падкрэслівае значнасць нацыянальнай ідэнтычнасці. Адпаведна, гісторыя любой нацыі ўяўляецца ўкарэненай у глыбокую старажытнасць, пры гэтым нацыянальная гісторыя звычайна мае свой “залаты век” і эпоху заняпаду. Такія пабудовы падвяргаюцца дэканструкцыі з боку сучасных даследнікаў нацыяналізму, якія сцвярджаюць, што сучасныя нацыі — гэта з’ява эпохі мадэрну, яны з’яўляюцца ў Еўропе толькі ў перыяд Вялікай французскай рэвалюцыі.

Адпаведна, і беларуская нацыя (менавіта як “мадэрная” нацыя) паўстала толькі ў XIX стагоддзі. Але ўжо першыя спробы напісаць гісторыю Беларусі ў канцы гэтага стагоддзя выводзілі вытокі беларускай дзяржаўнасці да эпохі Полацкага княства. Вялікае Княства Літоўскае ў першых нацыяналістычных гістарычных наратывах адпавядала міфалагеме “залатога стагоддзя” для беларускага народа. У сакавіку 1918 г. беларускімі нацыяналістамі была здзейсненая спроба і стварэння незалежнай дзяржавы — Беларускай Народнай Рэспублікі, зрэшты, якая не мела поспеху. Пазней у савецкія часы нацыяналістычная версія беларускай гісторыі была перагледжана (у тым ліку, і “дзякуючы” рэпрэсіям сярод гісторыкаў), а перыяд Полацкага княства быў упісаны ў кантэкст існавання Кіеўскай Русі і старажытнарускай народнасці. Вялікае Княства Літоўскае разглядалася тады як дзяржава літоўскіх феадалаў. Адмысловае значэнне надавалася ўключэнню беларускіх земляў у склад Расійскай імперыі, але фактычна ў савецкай гістарычнай навуцы сцвярджалася, што паўнавартаснае існаванне беларуская нацыя атрымала толькі ў форме Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі.

Натуральна, такая канцэпцыя развіцця беларускай дзяржаўнасці была радыкальна перагледжана пасля распаду Савецкага Саюза. У гістарычнай навуцы і затым у сістэме адукацыі зноў узялі верх погляды, якія ўзводзяць вытокі беларускай дзяржаўнасці да часоў Полацкага княства, а “залатым векам” ізноў стаў перыяд ВКЛ. Але такі нацыяналістычны рэнесанс у выкладанні гісторыі ў другой палове 90-х у выніку гістарычнай палітыкі прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі зноў змяніўся рэактывацыяй савецкіх гістарычных міфалагем, у тым ліку і “БССР як першай беларускай дзяржавы”.

Як мы падкрэслівалі, такія рэзкія змены ў дыскурсе гістарычнай памяці павінны былі заканамерна пацягнуць і “разнабой” у калектыўных уяўленнях. Пытанне пра вытокі беларускай дзяржаўнасці, зададзеныя падчас праведзенага даследавання, і выявілі наяўныя супярэчнасці ў гістарычнай памяці.

Табліца 1. Вытокі беларускай дзяржаўнасці па меркаванні жыхароў Рэспублікі Беларусь (у %)

 

Полацкае княства

ВКЛ

БНР

БССР

РБ

Цяжка сказаць

Інстытут сацыялогіі (чэрвень 2008)

29

22

9

10

6

24

“Новак”
(лета 2009)

18

38

5

12

9

18

Такім чынам, мы бачым, што нейкага адзінства меркаванняў не назіраецца. Варта вылучыць наступныя істотныя моманты: 1) для значнай колькасці рэспандэнтаў аказалася цяжкім даць адказ на дадзенае пытанне; 2) пераважаюць усё ж меркаванні, якія ўзводзяць гісторыю Беларусі да далёкага гістарычнага мінулага (Полацкае княства, ВКЛ).

Далей мы разгледзім адрозненні ў ацэнцы генеалогіі беларускай дзяржаўнасці сярод розных узроставых груп (ужо засноўваючыся толькі на дадзеных даследавання Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі). У адпаведнасці з нашай гіпотэзай, у прадстаўнікоў старэйшага пакалення павінны былі б пераважаць погляды, сфармаваныя пры савецкай адукацыйнай сістэме, дзе першай беларускай дзяржаўнай адукацыяй лічылася БССР. Сапраўды, людзі ва ўзросце старэй 50 гадоў больш схільныя аддаваць перавагу менавіта БССР у якасці першай беларускай дзяржавы (15,2%), чым рэспандэнты маладзейшага ўзросту (5,4%). Але пры гэтым прадстаўнікі старэйшых узроставых груп таксама пераважна ўзводзяць генеалогію беларускай дзяржаўнасці да Полацкага княства ці да перыяду ВКЛ, і ў гэтым пытанні істотных ліній разрыву ў поглядах на гістарычную памяць паміж рознымі ўзроставымі групамі не выяўляецца. Але варта падкрэсліць, што нягледзячы на адсутнасць нейкай узгодненай і адзінай карціны сярод жыхароў Беларусі, пераважаюць усё ж погляды, якія ўзводзяць беларускую дзяржаўнасць да эпохі Сярэднявечча.

Уяўленні пра мінулае жыхароў Беларусі мы прадставім з дапамогай групоўкі па гістарычных перыядах, у залежнасці ад колькасці згадванняў. Вылучаюцца наступныя гістарычныя перыяды: 1) сучасная гісторыя (храналагічныя рамкі якой — ад дасягнення Рэспублікай Беларусь незалежнасці і да цяперашняга моманту); 2) гісторыя савецкага перыяду і 3) гісторыя да пачатку ХХ ст. (г.зн. гісторыя да Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г.). Разам з тым, гэту перыядызацыю даводзіцца скарэктаваць з дапамогай вылучэння асобнага топасу Вялікай Айчыннай вайны, паколькі ўспрыманне гэтай падзеі з’яўляецца надзвычай важным для свядомасці жыхароў Беларусі.

2. Сучасная гісторыя: актуальная і супярэчлівая

Найбольш разнастайным і насычаным ва ўяўленнях пра мінулае жыхароў Беларусі з’яўляецца топас, сфармаваны падзеямі сучаснай гісторыі. Яўнае панаванне ў масавай свядомасці сучасных праблем ва ўяўленнях пра мінулае ніякім чынам не з’яўляецца выключэннем, падобная спецыфіка гістарычнай памяці фіксуецца, напрыклад, і ў амерыканцаў: “У масавай свядомасці прысутнічаюць выразна выяўленыя элементы гістарыцызму: гісторыя ўспрымаецца як рух ад мінулага да сучаснасці (і, у няяўным выглядзе, да будучыні). Такая оптыка мае і некаторыя негатыўныя наступствы, а менавіта, актуалізацыю мінулага, погляд на яго ў першую чаргу праз прызму сучаснасці, г.зн. у кантэксце сённяшніх праблем”. Адпаведна, сацыяльныя ўяўленні пра мінулае маюць відавочны перакос у бок нядаўняй гісторыі (прынамсі, ХХ ст.), тое ж самае яшчэ больш яскрава датычыць жыхароў Беларусі, для якіх глыбіня гістарычнай памяці даходзіць толькі да пачатку Другой сусветнай вайны (то бок, параўнальная з ахопам камунікатыўнай памяці).

Але топас сучаснай гісторыі (якая ў нашым разуменні пачынаецца з дасягнення незалежнасці) атрымліваецца даволі багатым. У ім можна вылучыць некалькі важных тэм, якія выклікаюць у жыхароў краіны гонар (гл. табл. 2):

Табліца 2. Тэмы сучаснай гісторыі Беларусі, якія выклікаюць у жыхароў краіны гонар

Тэмы гістарычнай памяці жыхароў Беларусі

Колькасць катэгорый

Колькасць адказаў

Дасягненне незалежнасці

70

200

Узвядзенне новых збудаванняў

34

76

Спартыўныя дасягненні

49

70

Перамогі на “Еўрабачанні”

20

56

Фестывалі

12

52

Эканамічны дабрабыт

50

51

Прэзідэнцкае кіраванне А.Лукашэнкі

23

34

Дзень Незалежнасці

4

32

Культурныя дасягненні

18

19

Святы

13

18

Навукова-тэхнічныя дасягненні

10

10

(Пры апрацоўцы адказаў на адкрытыя пытанні кожны ўнікальны варыянт адказу разглядаўся як катэгорыя. Колькасць згадванняў кожнай катэгорыі магла істотна адрознівацца, катэгорыі маглі быць унікальнымі, г.зн. згадвацца адзін раз, а маглі быць і досыць распаўсюджанымі (напрыклад, “Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне”). Катэгорыі, блізкія па сваім семантычным значэнні, аб’ядноўваліся ў агульныя тэмы).

Некаторыя з пералічаных у табліцы тэмаў атрымліваюць выключна станоўчую інтэрпрэтацыю:

1) Дасягненне незалежнасці, якое, па меркаванні жыхароў Беларусі, саступае па значнасці ў гісторыі краіны толькі перамозе ў Вялікай айчыннай вайне. Згадваецца набыццё незалежнасці ў 70 катэгорыях, дзе выкарыстоўваюцца розныя працэсуальныя тэрміны, скіраваныя на дасягненне статуса “незалежнасць” — “аднаўленне”, “абвяшчэнне”, “утварэнне незалежнай дзяржавы”, “здабыццё”, “прызнанне”, “прыняцце”, “набыццё”, “абвяшчэнне”, “стварэнне незалежнай дзяржавы”, “захаванне”, “станаўленне”, “усталяванне”;

2) Узвядзенне новых збудаванняў, сярод якіх рэспандэнты адзначаюць Нацыянальную бібліятэку і лядовыя палацы. Ёсць і негатыўныя рэакцыі на маштабныя будоўлі (“адкрыццё палацаў і спартовых збудаванняў, калі насельніцтва жыве ў беднаце”, “пампезнасць у будаўніцтве”), але яны меней распаўсюджаны (усяго толькі 4 адказы);

3) Спартовыя дасягненні, пры гэтым асабліва вылучаюць перамогі хакейнай зборнай (“перамога беларусаў над шведамі ў хакеі”, “4 месца на ЧС па хакеі”) і перамогу Юліі Несцярэнка на Алімпійскіх гульнях (“беларуская бягунка, якая выйграла на Алімпіядзе”, “перамога Несцярэнка над амерыканскай гегемоніяй”). Такі найбольш папулярны від спорту, як футбол, у пераліку падзей, што выклікаюць гонар, згадваецца толькі адзін раз, затое куды часцей ён фігуруе сярод негатыўна ўспрыманых падзей (“гульні зборнай па футболе”, “прайгралі ў футбол”, “пройгрыш зборнай Андоры з лікам 2:0”). Таксама неабходна ўзгадаць, што даследаванне праводзілася яшчэ да паспяховага выступу футбольнага клубу БАТЭ ў Лізе Чэмпіёнаў у 2008 г., якое па апытанні карыстальнікаў парталу TUT.by стала галоўнай падзеяй гэтага года і, відавочна, стала яшчэ адной важнай падзеяй у найноўшай гісторыі для масавай свядомасці. Адзначым, што ў сучасным свеце спартовыя дасягненні даўно сталі знакам нацыянальнага гонару, спрыяючы згуртаванню грамадства і ўмацаванню нацыянальнай ідэнтычнасці;

4) Перамогі беларускіх артыстаў на міжнародным музычным конкурсе “Еўрабачанне”, у першую чаргу перамога Ксеніі Сітнік (“перамога на дзіцячым Еўрабачанні”, “перамога Ксеніі Сітнік”) і паспяховы выступ Дзмітрыя Калдуна (“6-е месца Калдуна”, “выступ Калдуна на Еўрабачанні”). Адзначым, што ў дадзеным выпадку важнае прызнанне беларускай культуры ў міжнародным маштабе, што зноў жа спрыяе выпрацоўцы станоўчай эмацыйнай сувязі з нацыянальнай супольнасцю. З іншага боку, няўдалыя выступы нашых артыстаў выклікаюць горыч і сорам (“за Руслана Алехно, які не выйшаў у паўфінал на Еўрабачанні”, “Еўрабачанне ў 2008 годзе (не прайшлі ў фінал)”, “правал на дарослым Еўрабачанні”);

5) Розныя фестывалі, сярод якіх асабліва вылучаецца фестываль “Славянскі кірмаш” у Віцебску.

Але некаторыя сферы сучаснага беларускага жыцця выклікаюць супярэчлівыя рэакцыі ў жыхароў краіны:

1) Жыхары краіны адзначаюць як рост вытворчасці (“уздым эканомікі”, “выпуск новай прадукцыі”, “рост прамысловасці ў краіне”, “паляпшэнне сацыяльна-эканамічнага становішча РБ”), так і злучаюць яго непасрэдна са сваім дабрабытам (“жывём нябедна”). Варта адзначыць, што парою жыццёвыя стандарты беларусаў выглядаюць вельмі сціпла (“больш ці меней можна жыць”, “своечасова плацяць пенсію”, “усё ёсць у краме”). Але сярод адказаў досыць шмат і негатыўных адзнак (“мала развітай эканомікай”, “зварот ад рынкавай да сацыялістычнай сістэмы развіцця”, “нестабільнасць у эканоміцы”, “вечная бедната”), указанняў на нізкі ўзровень зарплат і пенсій (“маленькія зарплаты”, “працоўныя мала зарабляюць”, “нізкі матэрыяльны ўзровень сярэдняга насельніцтва”, “становішча пенсіянераў, асабліва вясковых”), і, насупраць, высокі ўзровень коштаў (“высокія кошты”, “падвышэнне коштаў”, “узняцце коштаў на паліва”, “бесперапынны рост коштаў”). Трэба ўлічваць, што апытанне праводзілася яшчэ да таго, як на Беларусі адбіліся наступствы сусветнага фінансавага крызісу;

2) Палітычнае жыццё таксама выклікае шмат супярэчлівых інтэрпрэтацый. Вынікі прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў у часткі насельніцтва выклікаюць гонар (“выбары нашага Прэзідэнта”, “абранне свайго Прэзідэнта”, “перамога Лукашэнкі А.Г. на ўсіх выбарах”), іншая ж частка насельніцтва адносіць гэтыя вынікі да падзей, якія выклікаюць горыч і сорам (“парушэнне Канстытуцыі пры абранні Прэзідэнта”, “прыход да ўлады Лукашэнкі”, “выбары Прэзідэнта апошнія 10 гадоў”, “станаўленне “суперпрэзідэнцкай” рэспублікі”). Сустракаюцца і выяўленні нязгоды з палітыкай у адносінах да апазіцыі (“жорсткі разгон дэманстрацый і мітынгаў”, “калі АМАП дубінкі ўжывае”, “пераслед іншадумцаў”).

Некаторыя ж тэмы практычна прысутнічаюць толькі сярод падзей, што выклікаюць негатыўныя пачуцці. У першую чаргу, гэта знешняя палітыка. Сярод адказаў нярэдка сустракаюцца ўказанні на складанасць узаемаадносін як з Захадам (“непрызнанне заходнімі краінамі”, “Беларусь лічыцца недэмакратычнай дзяржавай”, “канфлікты з ЗША”, “ніяк не ўвойдзем у ЕС”, “адсутнасць Беларусі ў Еўрасаюзе”), так і з Расіяй (“нязбытнасць звяза Расіі і Беларусі”, “бязладдзе з Расіяй у газавых дачыненнях”, “нафтавыя канфлікты з Расіяй”). Таксама адным з адназначна негатыўных падзей у сучаснай гісторыі для жыхароў Беларусі стала адмена льгот.

У спісе гістарычных персаналій прысутнічала і постаць Аляксандра Лукашэнкі як найбольш яркай асобы ў гісторыі Беларусі сучаснага перыяду. У адрозненне ад іншых постацяў з гэтага спісу, прысутнасць дзейснага Прэзідэнта РБ выклікае пэўныя метадалагічныя цяжкасці. Ён найбольш яркая і значная асоба ў актуальным палітычным жыцці, аднак даволі цяжка адасобіць ацэнку яго ролі ў гісторыі Беларусі ад ацэнкі палітыкі, якая праводзіцца ім на дадзеным этапе. Зрэшты, зададзеная фармулёўка пытання і ўключэнне ў кантэкст іншых гістарычных дзеячоў дазваляюць у нейкай ступені разлічваць на больш ці мекнш адэкватную ацэнку ролі Аляксандра Лукашэнкі менавіта ў найноўшай гісторыі Беларусі. Носіць яна пераважна дадатны характар: станоўча яго ролю ацэньваюць 57% апытаных, супярэчліва — 24%, адмоўна — 8%, не змаглі даць ацэнку 11% рэспандэнтаў. Аднак гэта ацэнка досыць дыферэнцыяваная, найболей высокую дадатную ацэнку яго ролі ў гісторыі Беларусі даюць жыхары краіны старэй 60 гадоў — 76%; у той жа час пазітыўная ацэнка менш выяўлена ў рэспандэнтаў ва ўзросце ад 20 да 29 гадоў — 47%;

Сучасная гісторыя ў свядомасці жыхароў Беларусі спараджае багацце інтэрпрэтацый, у адрозенне ад комплексу ўяўленняў пра Вялікую Айчынную вайну, які надзвычай аднастайны і стабільны і характарызуецца ўстойлівым наборам метафар і выразаў. Некаторыя тэмы з актуальнай гісторыі (усталяванне незалежнасці, спартыўныя дасягненні, узвядзенне новых збудаванняў, перамогі на “Еўрабачанні”) выклікаюць найменш спрэчнае ўспрыманне ў масавай свядомасці і могуць разглядацца як спрыяльныя для кансалідацыі і згуртаванасці беларускай нацыі. У той жа час адзнакі сацыяльна-эканамічнага і палітычнага развіцця Рэспублікі Беларусь супярэчлівыя і ці наўрад могуць служыць нейкім аб’яднаўчым пачаткам.

3. Гісторыя савецкага перыяду: у цені Перамогі

Дадзеныя сацыялагічных даследаванняў сведчаць, што ў плане выпрацоўкі вобразу мінулага савецкі перыяд адзначаны гегемоніяй акцэнтаванай і акрэсленай памяці пра перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне, у цені якой іншыя падзеі гэтага перыяду становяцца малазначнымі.

Кастрычніцкая рэвалюцыя была згадана толькі адзін раз, і гэта прытым, што ў Савецкім Саюзе рэвалюцыйны міф складаў адну з найважнейшых падстаў агульнасавецкай ідэнтычнасці. Хоць і ў цяперашняй Рэспубліцы Беларусь 7 лістапада з’яўляецца дзяржаўным святам, але сэнс і паходжанне гэтага свята ўжо практычна зарэтушаваны. Характэрна, што гэты працэс ідзе значна больш інтэнсіўна, чым у Расіі. Калі ў 1989 г. Кастрычніцкую рэвалюцыю адносілі да галоўных падзей стагоддзя 62% расейцаў (2-е месца пасля перамогі ў вайне), то ў 2003 г. ужо — 40% (4-е месца).

Толькі некалькі гістарычных падзей з савецкага мінулага, апроч Вялікай Айчыннай вайны, згадваліся рэспандэнтамі як тыя, што выклікаюць пачуццё гонару (гл. табл. 3):

Табліца 3. Тэмы савецкай гісторыі Беларусі, якія выклікаюць у жыхароў краіны гонар

Тэмы гістарычнай памяці жыхароў Беларусі

Колькасць катэгорый

Колькасць адказаў

Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне

89

567

Аднаўленне пасля вайны

10

12

Удзел у засваенні космасу

10

11

Удзел у стварэнні ААН

6

6

Жыццё ў складзе СССР

5

5

Аб’яднанне Заходняй Беларусі з БССР

5

5

Утварэнне БССР

2

4

Цікава, што ўсе гэтыя падзеі звязаны непасрэдна з месцам Беларусі ў савецкай гісторыі. Нават пры згадванні засваення космасу акцэнт ставіцца не на першым палёце Гагарына, а на ўдзеле менавіта беларусаў у касмічных праграмах (“беларускія касманаўты”, “касманаўты Клімук і Кавалёнак”, “палёты ў космас беларусаў”). Агульная ж катэгорыя “жыццё ў складзе СССР” згадваецца толькі 5 разоў (пры гэтым некаторыя рэспандэнты адсылаюць менавіта да перыяду, “калі кіраўніком быў Машэраў”, што зноў жа паказвае менавіта на беларускі кантэкст). Гэта сведчыць пра тое, што гісторыя 1917—1991 гг. у масавай свядомасці беларусаў успрымаецца хутчэй не як мінулае савецкага народа, а менавіта як мінулае беларускага народа ў савецкай дзяржаве.

Разам з тым, распад Савецкага Саюза па-ранейшаму хваравіта ўспрымаецца часткай насельніцтва Беларусі, асабліва прадстаўнікамі старэйшага пакалення, якія даюць найболей рэзкую адмоўную адзнаку дзейнасці Міхаіла Гарбачова і Станіслава Шушкевіча. Сярод негатыўных падзей у гісторыі Беларусі фігуруюць і “распад СССР”, “падпісанне Белавежскай дамовы”, “дамова ў Віскулях” (хоць, справядлівасці дзеля трэба адзначыць, што гэтыя ж падзеі таксама згадваюцца і ў ліку тых падзей, якія ў жыхароў Беларусі выклікаюць гонар).

Ацэнка ролі найважнейшых гістарычных дзеячаў савецкага перыяду таксама з’яўляецца неадназначнай (гл. табл. 4).

Табліца 4. Ацэнка ролі ў гісторыі Беларусі розных палітычных дзеячаў савецкага перыяду (у %)

Дзеячы

Апытанне

Станоўча

Супярэчліва

Адмоўна

Цяжка сказаць

Ленін

ІС

18

32

25

25

ЕМ

39

29

23

9

Сталін

ІС

8

27

44

21

ЕМ

19

18

55

9

Машэраў

ІС

68

7

3

22

Гарбачоў

ІС

11

34

31

24

ЕМ

23

29

39

8

Як мы бачым, толькі адзнака ролі Машэрава з’яўляецца безумоўна пазітыўнай. Але найболей станоўча яго ролю ацэньваюць жыхары Беларусі старэй за 40 гадоў, якія і заспелі перыяд знаходжання Машэрава на чале беларускага ўрада. Для іх дадатная адзнака гэтага гістарычнага дзеяча дасягае 80%, але для малодшага пакалення (да 20 гадоў) гэта постаць ужо не з’яўляецца такой значнай, узровень станоўчай ацэнкі зніжаецца практычна ў два разы (да 40%), затое больш траціны прадстаўнікоў гэтага пакалення (37%) не гатовыя даць ацэнку ролі гэтага гістарычнага дзеяча.

То бок, нават пазітыўнае ўспрыманне постаці Пятра Машэрава не з’яўляецца аб’яднаўчым фактарам для сацыяльных уяўленняў пра мінулае жыхароў Беларусі, паколькі яно ўласцівае ў першую чаргу старэйшым пакаленням і прыводзіць да генерацыйнага падзелу ў гістарычнай памяці. Пры гэтым у савецкім перыядзе маецца некалькі болевых кропак для сацыяльных уяўленняў пра мінулае жыхароў Беларусі:

1) аварыя на Чарнобыльскай АЭС, гэта падзея лідыруе ў “чорным спісе” падзей, якія выклікаюць пачуцці гаркаты і сораму — 184 адказы (“аварыя на ЧАЭС”, “выбух на Чарнобыльскай АЭС”, “горыч: Чарнобыль”, “за выбух на ЧАЭС”, “малая інфармацыя пра радыёактыўнае заражэнне”, “перасяленне людзей з забруджанай зоны”, “чарнобыльская катастрофа”);

2) вайна ў Афганістане; (“Афганская вайна”, “вайна ў Афганістане”, “удзел беларусаў у вайне ў Афганістане”);

3) сталінскія рэпрэсіі (“рэпрэсіі 1917—1953 гг.”, “рэпрэсіі сталінскага часу”, “рэпрэсіі, забойствы”, “Курапаты”);

4) калектывізацыя (“гады калектывізацыі”, “калектывізацыя 30-х гадоў”, “калектывізацыя і яе наступствы”, “раскулачванне”).

Такім чынам, савецкі перыяд у беларускай гістарычнай памяці ўспрымаецца далёка не адназначна. Як мы ўжо падкрэслівалі, пазітыўны вобраз савецкага мінулага фармуецца галоўным чынам за кошт дамінацыі памяці пра перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне, у той час як іншыя падзеі савецкага перыяду ўспрымаюцца супярэчліва. Варта адзначыць, што нават кіраўніцтва краінай Сталіным падчас вайны не выратавала яго ад негатыўнай ацэнкі жыхарамі Беларусі яго ролі ў гісторыі нашай краіны. У старэйшага пакалення жыхароў Беларусі захоўваюцца настальгічныя ўспаміны пра кіраванне Машэрава, але для малодшага пакалення гэты перыяд мінулага ўжо губляе значнасць. Такім чынам, памяць пра савецкае мінулае (за выключэннем памяці пра перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне) наўрад ці можа выступіць фактарам кансалідавання ды ўмацавання беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці, паколькі спараджае супярэчлівыя інтэрпрэтацыі і сур’ёзныя рознагалоссі ў ацэнках сярод жыхароў Беларусі.

4. Гісторыя да пачатку ХХ ст.: terra incognita

Найбольш слаба прадстаўлена ў масавай свядомасці жыхароў Беларусі гісторыя краіны дасавецкага перыяду.

Праўда, далёкае мінулае беларускага народа не выклікае і нейкіх негатыўных рэакцый. З гэтага перыяду толькі чатыры падзеі былі згаданы ў якасці тых падзей у гісторыі Беларусі, што выклікаюць гаркату і сорам: Люблінская ўнія (якая прывяла да абмежавання незалежнасці Вялікага Княства Літоўскага і стварэння Рэчы Паспалітай), часткі Рэчы Паспалітыя, падаўленне паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, а таксама адзінкавае згадванне Лівонскай вайны.

Куды больш частыя згадванні падзей з беларускай гісторыі, якія выклікаюць гонар (гл. табл. 5). Найвялікая колькасць катэгорый утрымлівае станоўчае стаўленне да дзейнасці асветнікаў (“стварэнне першай кнігі Францыскам Скариной”, “выданне першай кнігі ва Усходняй Еўропе”, “асветнікі: Е.Полацкая, К.Тураўскі” — усяго 26 катэгорый) і перыяду ВКЛ (“стварэнне ВКЛ”, “знаходжанне ў складзе ВКЛ”, “росквіт культуры ў часы ВКЛ” — 13 катэгорый). Таксама згадваюцца перыяд існавання Полацкага княства, бітва на Нямізе, Грунвальдская бітва, бітва пад Оршай, канстытуцыя 1791 г., вайна 1812 г., паўстанні Касцюшкі і Каліноўскага, выпуск “Нашай нівы”, Першая сусветная вайна.

Табліца 5. Тэмы дасавецкай гісторыі Беларусі, якія выклікаюць у жыхароў краіны гонар

Тэмы гістарычнай памяці жыхароў Беларусі

Колькасць катэгорый

Колькасць адказаў

Дзейнасць асветнікаў

27

32

Перыяд ВКЛ

13

23

Грунвальдская бітва 1410 г.

10

17

Паўстанне пад кіраўніцтвам К.Каліноўскага

5

12

Стварэнне БНР

4

8

Бітва пад Оршай 1514 г.

4

5

Варта адзначыць, што некаторыя падзеі, у прыватнасці, вайна 1812 г. і Першая сусветная вайна, з гістарычнага пункта гледжання наўрад ці могуць адносіцца да дасягненняў беларускай нацыянальнай гісторыі. Згадванне гэтых падзей дэманструе тое, што па-ранейшаму ў гістарычнай памяці жыхароў Беларусі існуюць уяўленні пра ўключанасць гісторыі нашай краіны ў шырэйшы гісторыка-культурны арэал з Расіяй (вытокі гэтых уяўленняў могуць захоўвацца як формы перажыткаў савецкай адукацыі, але могуць фармавацца і дзякуючы актуальнаму магутнаму інфармацыйнаму ўздзеянню на Беларусь расійскага культурнага поля).

Нягледзячы на слабую актуалізаванасць уяўленняў пра мінулае Беларусі дасавецкага перыяду, менавіта гэты гістарычны перыяд мае найвялікшы патэнцыял для ўмацавання нацыянальнай ідэнтычнасці. Аддаленасць у мінулым для рэпрэзентацыі гістарычных падзей мае бясспрэчныя перавагі: тут здымаецца магчымая супярэчнасць паміж культурнай і камунікатыўнай памяццю (ці, іншымі словамі, паміж афіцыйнай і неафіцыйнай памяццю), што дазваляе мець шырэйшыя перспектывы ў справе стварэння пазітыўнага вобразу падзей мінулага. Слабыя веды гісторыі сваёй краіны да пачатку ХХ ст. жыхарамі Беларусі можна тлумачыць як “чыстую дошку”, якая цалкам можа быць запоўнена сканструяванай памяццю, і ў гэтым яго выгада перад сучаснай гісторыяй, якая непазбежна будзе выклікаць супярэчлівыя інтэрпрэтацыі. Гэты патэнцыял пачынае і зараз выкарыстоўвацца як у сферы адукацыі, так і ў СМІ (напрыклад, гістарычныя публікацыі ў газеце “Беларусь сёння”, цыклы гістарычных перадач на дзяржаўных каналах тэлебачання), але магчымасці гістарычнай памяці ў дадзеным выпадку, як сведчаць дадзеныя апытання, цалкам пакуль не выкарыстоўваюцца.

У гэтай сувязі варта адзначыць, што сярод усіх гістарычных дзеячаў, якія аказалі ўплыў на ход гісторыі Беларусі, менавіта асветнікі эпохі Сярэднявечча Францыск Скарына і Еўфрасіння Полацкая атрымалі адназначна станоўчую ацэнку (адпаведна, 83,4% і 82,6% апытаных жыхароў Беларусі ацэньваюць іх унёсак у гісторыю як “станоўчы”), прычым у гэтым пазітыўным успрыманні адзіныя прадстаўнікі ўсіх сацыяльна-дэмаграфічных груп. Можна меркаваць, што ўпор на асветніцкай дзейнасці найважнейшых культурных дзеячаў можа служыць аб’яднаўчым фактарам, які паспрыяе ўзгодненасці гістарычнай памяці беларусаў.

Такім чынам, аналіз на ступень канфліктнасці/узгодненасці асноўных топасаў у гістарычнай памяці жыхароў Беларусі дазваляе прыйсці да наступных высноў:

1. Найважнейшым гістарычным міфам, якія кладзецца ў падмурак сучаснай беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці, з’яўляецца памяць пра перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне, несупярэчлівасць і спрошчанасць гэтай памяці толькі спрыяе ўзгодненасці ўяўленняў пра мінулае.

2. Найбольш насычаны і разнастайны ў беларускай гістарычнай памяці топас сучаснай гісторыі, але за гэта даводзіцца плаціць супярэчлівасцю ацэнак і інтэрпрэтацый. Некаторыя тэмы сучаснай гісторыі (усталяванне незалежнасці, спартовыя дасягненні, узвядзенне новых збудаванняў, перамогі на музычным конкурсе “Еўрабачанне”) могуць расцэньвацца як спрыяльныя для кансалідацыі масавай свядомасці, але інтэрпрэтацыя сацыяльна-эканамічнага і палітычнага развіцця Рэспублікі Беларусь не з’яўляецца аднароднай.

3. Памяць пра савецкі перыяд у гісторыі Беларусі адзначаны гегемоніяй памяці пра перамогу ў вайне, за якой сыходзяць у цень іншыя падзеі. Разам з тым, негатыўная (або супярэчлівая) адзнака жыхарамі Беларусі палітычных кіраўнікоў гэтага перыяду (за выключэннем Пятра Машэрава) сведчыць пра тое, што савецкая гісторыя не можа выступаць у якасці аб’яднаўчага фактару для цэласнай гістарычнай памяці.

4. Найвялікшым патэнцыялам для ўмацавання беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці валодае топас сацыяльных уяўленняў пра гісторыю Беларусі да пачатку ХХ ст. Гэты топас валодае дзвюма істотнымі характарыстыкамі: 1) незапоўненасць (што дазваляе без адмысловых праблем напаўняць яго патрэбным зместам) і 2) пазітыўна-нейтральнае ўспрыманне ў масавай свядомасці. Кансалідуючая роля ацэнкі асветнікаў Францыска Скарыны і Еўфрасінні Полацкай паказвае на тое, што дасавецкая беларуская гісторыя цалкам эфектыўна можа выкарыстоўвацца для фармавання супольнасці ўяўленняў пра мінулы і сучасны стан беларускай нацыі.

 

Лекцыі 3-4 можна прачытаць тут.

You may also like...