Андрэй КАЗАКЕВІЧ. Гісторыя еўрапейскай інтэграцыі
План:
1. Уводзіны
2. Дыскусія пра еўрапейскую інтэграцыю ў перыяд паміж дзвюма сусветнымі войнамі
3. Працэсы еўрапейскае інтэграцыі пасля Другой сусветнай вайны 1945—1957 гг.
4. Пабудова новых інстытутаў
5. Еўрапейскія інстытуцыі, не звязаныя з эканамічнай інтэграцыяй
6. Альтэрнатыўныя цэнтры інтэграцыі, Еўрапейская асацыяцыя вольнага гандлю (1960)
7. Паглыбленне інтэграцыі і пашырэнне ЕЭС 1957—1972 гг.
1. Уводзіны
Канцэпт “міжнародная эканамірчная інтэграцыя” з’явіўся ў 30—я гг. ХХ ст. Але працэсы палітычнай і эканамічнай інтэграцыі Заходняй Еўропы робяцца рэальнасцю толькі пасля Другой сусветнай вайны.
Разам з тым разуменне культурнага і інтэлектуальнага адзінства народаў Еўропы мае доўгую гістарычную традыцыю. Традыцыя гэтая была звязаная з сістэмай агульных каштоўнасцяў, што праз стагоддзі перахоўваліся рознымі, пераважна хрысціянскімі, рэлігійнымі канфесіямі.
Хрысціянства цягам многіх стагоддзяў фармавала еўрапейскія маральныя і этычныя нормы. І ўжо ад пачатку сярэдніх вякоў увесь хрысціянскі свет утвараў адзіную інтэграваную цывілізацыйную і ментальную прастору. А шмат якія еўрапейскія палітычныя інстытуцыі паўсталі на агульнай культурнай традыцыі антычнасці (Старажытная Грэцыя і Рым), сярэдніх вякоў і новага часу.
Што тычыцца сучасных інтэграцыйных працэсаў, то іх пачатак трэба шукаць у канцэпцыях міжваеннага перыяду, калі з’явіўся пан’еўрапейскі палітычны і інтэлектуальны рух. Але разам з тым, канцэпцыі ды культурны вобраз адзінае Еўрапейскае супольнасці, што паўсталі пасля Другой сусветнай вайны, мелі свае карані ў ідэях, якія існавалі задоўга да гэтага часу.
У гэтай лекцыі працэс развіцця заходнееўрапейскай інтэграцыі будзе пададзены праз апісанне найбольш значных зменаў у прынцыпах і механізме дзейнасці Еўрапейскага саюза вугалю і сталі, а таксама дзвюх астатніх інтэграцыйных супольнасцяў: Еўрапейскай эканамічнай супольнасці (ЕЭС) і Еўратама. Будуць паказаныя такама асноўныя цяжксасці працэсу паглыблення і пашырэння інтэграцыі ды дзейнасць, якая дазволіла іх пераадолець. Адначасова робіцца спроба выявіць прычыны, што рухалі інтэграцыйнымі працэсамі, прадэманстраваць ролю аб’ектыўных і суб’ектыўных сілаў, якія паўплывалі на працэсы сучаснай еўрапейскай інтэграцыі ды іх дынамічнае развіццё.
2. Дыскусія пра еўрапейскую інтэграцыю ў перыяд паміж дзвюма сусветнымі войнамі
Як было адзначана вышэй, ідэя інтэграцыі, культурнага і цывілізацыйнага адзінства Еўропы, мае доўгую інтэлектуальную гісторыю. У 20—30-я гг. мінулага стагоддзя для яе практычнай рэалізацыі найбольшае значэнне мела стварэнне пан’еўрапейскага палітычнага і інтэлектуальнага руху, які можна лічыць першай праяваю ідэі агульнаеўрапейскае эканамічнае і палітычнае супольнасці. Істотнымі для развіцця еўрапейскай інтэграцыі былі канцэпцыі Р.Каўдэнхова—Калергі (1894—1972). У 1923 г. ён надрукаваў брашуру “Пан-Еўропа”, у якой прапанаваў ідэю паэтапнага стварэння Злучаных Штатаў Еўропы. Праект, на ўзор ЗША, прадугледжваў паступовае фармаванне палітычнае і эканамічнае цэласнасці еўрапейскае прасторы. Сярод галоўных пагроз развіцця Еўропы Каўдэнхова-Калергі называў нацыяналізм еўрапейцаў, а таксама культурны і эканамічны ўплыў Расіі і ЗША. Шанец развіцця Еўропы бачыўся ў пераадоленні партыкулярызму, які быў палітычнай рэальнасцю пасля Першай сусветнай вайны, асабліва пасля распаду шматнацыянальных дзяржаў і ўзмацнення нацыяналістычных тэндэнцый.
Паўстанне і развіццё канцэпцыі еўрапейскай інтэграцыі шмат у чым абумовілася радыкальнымі зменамі палітычнага ландшафту Еўропы пасля 1918 г. І ўжо ў 1926 г. у Вене адбыўся кангрэс, на якім быў створаны Пан’еўрапейскі Саюз як агульнаеўрапейская палітычная арганізацыя, што ставіла за мэту практычную рэалізацыю ідэі еўрапейскага адзінства. У гэтым жа годзе былі створаныя рэгіянальныя структуры Саюза. Да пан’еўрапейскага руху далучаюцца прадстаўнікі культурнае і палітычнае эліты.
У канцы 20-х і 30-я гг. ХХ ст. адбываецца заняпад пан’еўрапейскай ідэі, што было звязана з пагаршэннем эканамічнае сітуацыі і сусветным эканамічным крызісам 1929—1933 гг. Гэта выклікала вельмі істотны рост беспрацоўя, пашырэнне радыкальных палітычных ідэй, узмацненне пратэкцыянісцкіх тэндэнцый ды розных формаў нацыяналізму ў палітычнай і эканамічнай сферы. Прапановы часткі палітычнай эліты Францыі, якія тычыліся стварэння “федэратыўнага саюза”, альбо “саюза салідарнасці” еўрапейскіх краінаў, былі ўспрынятыя як неадэкватныя альбо нясвоечасовыя.
Трэба адзначыць, што пан’еўрапейскі рух 20—30-х гг. меў як інтэлектуальны, так і палітычны характар, але не здолеў-такі прывесці да ўкаранення ідэі еўрапейскае інтэграцыі ў палітычную практыку кантынента. Аднаўленне дыскусіі пра будучыню Еўропы пачне адбывацца толькі падчас Другой сусветнай вайны і асабліва выразныя формы набудзе пасля яе завяршэння.
3. Працэсы еўрапейскае інтэграцыі пасля Другой сусветнай вайны (1945—1957 гг.)
З заканчэннем Другой сусветнай вайны адбываецца хуткае адраджэнне пан’еўрапейскага палітычнага і інтэлектуальнага руху, які разглядаецца як аснова для прадухілення новых узброеных канфліктаў і механізм палітычнага і эканамічнага адраджэння Еўропы. Да руху далучаюцца асноўныя фігуры еўрапейскае палітыкі, у тым ліку і У. Чэрчыль, які ў 1946 г. пры адкрыцці акадэмічнага года політэхнічнае школы ў Цюрыху заклікае да стварэння Злучаных Штатаў Еўропы.
У траўні 1948 г. у Гаазе праходзіць Еўрапейскі кангрэс, у працы якога бяруць удзел больш за 800 уплывовых палітыкаў і эканамістаў Заходняй Еўропы. Кангрэс прыняў рэзалюцыю, якая дэкларавала неабходнасць стварэння наднацыянальных еўрапейскіх органаў і перадачы ім значнае часткі нацыянальнага суверэнітэту, а таксама заклікаў да стварэння Савета Еўропы, і Саюза Еўрапейскай Федэрацыі. Напрыканцы 40-х гг. еўрапейскі рух меў ужо шырокі характар і ставіў за мэту рэалізацыю ідэі еўрапейскага адзінства і падтрымку розных формаў еўрапейскае інтэграцыі. Фактычна, Кангрэс 1948 г. вызначыў стратэгію і кірунак інтэграцыйных працэсаў на бліжэйшае дзесяцігоддзе.
3.1. Перадумовы інтэграцыі. Дыскусіі на тэму еўрапейскае інтэграцыі становяцца адэкватнымі новай палітычнай сітуацыі на кантыненце. Небяспека з боку СССР (кантроль над Цэнтральнай і Усходняй Еўропаю, моцныя пазіцыі камуністычных арганізацый, у прыватнасці, у Італіі) схілялі кіраўніцтва краін Заходняй Еўропы да мабілізацыі эканамічнага патэнцыялу. Акрамя гэтага стаяла пытанне пра адзінства кантыненту. Для вырашэння першае і для другое задачы неабходным было існаванне моцнае нямецкае эканомікі. Таму сапраўднай праблемай еўрапейскай палітыкі сталася адрадзіць нямецкі эканамічны патэнцыял і, адначасова, прадухіліць магчымасць узнікнення мілітарысцкіх і рэвпамкненняў новай Германіі. Аднаўленне эканамічнай магутнасці бало асабліва актуальным і для Францыі. Для эканамічнага адраджэння рэгіёну была прапанавана мадэль абмежаванага ўключэння Германіі ў эканамічнае супрацоўніцтва, што павінна было стварыць сітуацыю, калі вайна становілася б немагчымаю і эканамічна невыгоднаю. Акрамя палітычных матываў (абмежаванне ўплыву СССР і прадухіленне нямецка-французскага канфлікту) ад эканамічнай інтэграцыі чакалі і пэўных выгодаў. Ліквідацыя перашкод для эканамічнага супрацоўніцтва стварала надзею на пашырэнне рынкаў, павышэнне эфектыўнасці вытворчасці, зніжэнне цэнаў і г.д. Ва ўмовах пасляваеннага росту попыту на тавары ды рэальных даходаў адносна невялікія па сваіх памерах нацыянальныя рынкі еўрапейскіх краінаў пачыналі абмяжоўваць вытворчасць.
Сярод перадумоваў еўрапейскае інтэграцыі варта адзначыць і небяспеку празмернае залежнасці ад ЗША, якія пасля Другой сусветнай вайны сталі актыўна ўдзельнічаць у міжнароднай палітыцы. Еўрапейцы баяліся негатыўных наступстваў залежнасці ў будучыні і разглядалі рэгіянальную інтэграцыю як інструмент захавання большай палітычнай і эканамічнай самастойнасці ад ЗША.
3.2. Мадэль сектарнае інтэграцыі. Існавала шмат падыходаў да практычнае рэалізацыі ідэі еўрапейскае інтэграцыі, але найбольшую жыццяздольнасць выявіла мадэль паэтапнага развіцця эканамічнага супрацоўніцтва ў фармаце так званага сектарнага ўзаемадзеяння. Мадэль сектарнае інтэграцыі была сфармуляваная ў пачатку 50-х гг., а галоўная роля ў яе распрацоўцы належала французскаму палітыку Дж.Манэ (1888—1979). Сутнасць мадэлі Манэ палягала ў паступовай інтэграцыі праз улучэнне выбраных сфераў эканомікі, і толькі пасля атрымання рэальнага досведу супрацоўніцтва яго пазітыўныя вынікі маглі быць пашыраныя на іншыя сектары і сферы эканамічнае сістэмы. У якасці мэты эканамічнае інтэграцыі было абвешчанае яе паступовае пашырэнне не толькі на эканамічную, але і палітычную і сацыяльную сферы. Для пачатку была прапанаваная інтэграцыя індустрыі Германіі, Францыі і іншых еўрапейскіх краін па вытворчасці вугалю і сталі. Менавіта гэтыя галіны прамысловасці складалі аснову нацыянальных эканомік у той час, а таксама былі неабходнымі для вытворчасці ваеннае тэхнікі, што ва ўмовах халоднае вайны мела асаблівае стратэгічнае значэнне.
3.3. План Шумана. План сектарнае інтэграцыі быў прапанаваны міністрам замежных справаў Францыі Р.Шуманам (1886—1963) у 1950 г. (пазней гэты дакумент атрымаў назву дэкларацыі Шумана). План Шумана прадугледжваў перадачу кіравання прамысловасці па вытворчасці вугалю і сталі пад кантроль наднацыянальных органаў. Супрацоўніцтва ў вызначаных галінах павінна было стварыць эканамічную аснову для развіцця кантынента і стаць першым крокам на шляху да федэратыўнае Еўропы. Дэкларацыя прадугледжвала перадачу часткі нацыянальнага суверэнітэту незалежнай ад урадаў Высокай Уладзе, рашэнні якой павінны былі мець абавязковы характар для краін-удзельніц.
Хаця дэкларацыя Шумана і не вызначала далейшыя крокі сектарнага супрацоўніцтва, але было відавочна, што інтэграцыя ў вызначаных галінах мае найбольшы шанец на посьпех. Разам з тым, план быў дастаткова рызыкоўны, бо абмяжоўваў суверэнітэт дзяржаў, якія далучаліся да яго рэалізацыі — наднацыянальная арганізацыя павінна была стаць прынцыпова іншаю, адрознаю ад тых, што былі вядомыя да гэтага. Асаблівае значэнне дэкларацыя Шумана атрымала пасля пачатку карэйскага крызісу і павелічэння рызыкі трэцяе сусветнае вайны. План быў адразу прыняты Нямеччынай, а таксама Італіяй, Бельгіяй, Нідэрландамі і Люксембургам.
4. Пабудова новых інстытутаў
4.1. Еўрапейскае аб’яднанне вугалю і сталі, ЕАВС (1951 г.). План сектарнае інтэграцыі быў рэалізаваны праз стварэнне Еўрапейскага аб’яднання вугалю і сталі. Аб’яднанне паўстала ў выніку падпісання 18 красавіка 1951 г. Парыжскага трактату, які ўступіў у дзеянне ў ліпені 1952 г. Сябрамі аб’яднання сталі шэсць краін: Францыя, Германія, Бельгія, Нідэрланды, Італія і Люксембург. Штаб-кватэра размясцілася ў сталіцы Бельгіі, Бруселі. Першая наднацыянальная інстытуцыя была заснаваная на прынцыпе абмежавання дзяржаўнага суверэнітэту. А больш шчыльнае супрацоўніцтва прадугледжвала стварэнне наднацыянальнае бюракратыі і адмысловае самасвядомасці. Ініцыятары інтэграцыйных працэсаў меркавалі, што эканамічны поспех у цяжкой прамысловасці прывядзе да актывізацыі інтэграцыі і ў іншых сектарах.
4.2. Еўрапейская эканамічная супольнасць, ЕЭС (1957 г.). Пазітыўны досвед працы Еўрапейскага аб’яднання вугалю і сталі схіліў дзяржавы-ўдзельніцы да пачатку дыскусіі пра пашырэнне зонаў шчыльнага ўзаемадзеяння. Летам 1955 г. міністры замежных справаў краін аб’яднання сфармавалі камісію па вывучэнні магчымасці стварэння адзінага еўрапейскага рынку. Праца гэтае камісіі была пакладзеная ў аснову Рымскага трактату, які быў падпісаны ў сакавіку 1957 г. і абвесціў пра стварэнне Еўрапейскае эканамічнае супольнасці, уласна той эканамічнай структуры, з якой вырас Еўрапейскі Саюз. Наднацыянальныя функцыі ЕЭС былі больш абмежаваныя, чым функцыі ЕАВС. Дастаткова вузкія паўнамоцтвы мела і створаная Еўрапейская камісія, але надалей функцыі Камісіі паступова пашыраліся, і яна сталася адным з самых важных наднацыянальных органаў Еўрапейскае супольнасці.
У адпаведнасці з Рымскім трактатам, развіццё ЕЭС планавалася рэалізаваць у два этапы: стварэнне 1) мытнага саюза і 2) агульнага рынку. Пагадненне прадугледжвала таксама паступовую выпрацоўку адзінае сельскагаспадарчае і транспартнае палітыкі, правілаў канкурэнцыі, а таксама ўтрымлівала пункты, якія тычыліся мытнага саюза (заключаны ў 1967 г.). Урады краінаў захавалі магчымасць прыймаць пратэкцыянісцкія меры ў сельскагаспадарчай палітыцы — гэта была ўмова Францыі, якая мела дастаткова слабую сельскую гаспадарку. Для Германіі галоўнаю ўмоваю далучэння да ЕЭС была лібералізацыя палітыкі ў прамысловасці. Пытанні ж, звязаныя з агульным рынкам, аніяк не дэталізаваліся. Фактычна толькі ставілася мэта яго стварэння ў будучыні.
4.3. Еўрапейская супольнасць па атамнай энергіі, Еўратам (1957). Еўратам быў створаны адначасова з ЕЭС з мэтаю аб’яднання рэсурсаў атамнай энергетыкі, прамысловасці і навукова-тэхнічнага патэнцыялу ў галіне ядравае фізікі, а таксама каардынацыі нацыянальных праграм па развіцці атамане энергетыкі.
Такім чынам, з 1957 г. пачалі дзейнічаць тры спецыялізаваныя арганізацыі, якія аб’ядналі шэсць краін кантынентальнай Еўропы і забяспечылі хуткую інтэграцыі ў найбольш важных сферах эканамічнага развіцця. Менавіта гэтыя структуры і сталіся падмуркам рэканструкцыі пасляваенных еўрапейскіх эканомік і паспрыялі стварэнню палітычнага патэнцыялу Заходняе Еўропы.
5. Еўрапейскія інстытуцыі, не звязаныя з эканамічнай інтэграцыяй
5.1. Арганізацыя еўрапейскага эканамічнага супрацоўніцтва, АЕЭС (1947 г.). Пасля Другой сусветнай вайны ЗША ў межах розных дзяржаўных праграм аказалі краінам Заходняй Еўропы значную эканамічную дапамогу. Найбольшае значэнне меў так званы план Маршала, эканамічная дапамога ў рамках якога стварала спрыяльныя ўмовы для развіцця супрацоўніцтва паміж Еўропаю і ЗША. Ён прывёў да ўзнаўлення рынкаў збыту амерыканскае прадукцыі.
З мэтай адміністравання дапамогі, што аказвалася ў межах плана Маршала, Злучаныя Штаты стварылі Арганізацыю еўрапейскага эканамічнага супрацоўніцтва, сябрамі якой сталі большасць краін Заходняй Еўропы. Існаванне Арганізацыі дапамагло аднавіць эканамічны, а пазней і вайсковы патэнцыял галоўнага саюзніка — Заходняй Еўропы — і адначасова палепшыць умовы амерыканскага экспарту праз скасаванне колькасных абмежаванняў, што тычыліся гэтага экспарту. Хаця праграма дапамогі праз некалькі гадоў была спыненая, АЕЭС працягвала сваю дзейнасць па актывізацыі эканамічнага супрацоўніцтва. У 1961 г. яна была рэфармаваная ў Арганізацыю еўрапейскага эканамічнага развіцця.
5.2. Савет Еўропы 1949 г. Быў заснаваны ў 1949 г. Першапачаткова планаваўся як важная палітычная арганізацыя для каардынацыі працэсаў еўрапейскае інтэграцыі. Меркавалася, што Савет Еўропы паступова ператворыцца ў наднацыянальны орган кіравання Еўрапейскаю супольнасцю. Але з цягам часу функцыі Савета Еўропы так і не пашырыліся. Ён не атрымаў неабходнае палітычнае легітымнасці і адпаведных паўнамоцтваў. Адной з мэтаў Савета Еўропы было спрыянне пашырэнню “еўрапейскае ідэі”, а таксама ўмацаванне сувязяў паміж еўрапейскімі кранамі. Разам з тым ён выконваў важныя кансультацыйныя функцыі ў межах еўрапейскае палітычнае прасторы, выступаючы ў якасці самай прызентатыўнай палітычнай арганізацыі [На сёння сябрамі Савета Еўропы з’яўляцца ўсе еўрапейскія краіны, акрамя Беларусі.]
Галоўным кірункам дзейнасці Савета застаецца забеспячэнне палітычнага супрацоўніцтва, а таксама выпрацоўка стандартаў дэмакратыі і правоў чалавека.
5.3. Еўрапейская абарончая супольнасць (1952—1954). У 1950 г. ва ўмовах халоднае вайны пачынаецца дыскусія пра неабходнасць стварэння ваеннага блоку еўрапейскіх дзяржаў з адзінай арміяй. Такія прапановы мелі на ўвазе выкарыстанне ваеннага патэнцыялу Германіі, але без стварэння ёю нацыянальнае арміі. Ідэю шчыльнага ваеннага саюза прапанаваў Савет Еўропы. І пасля доўгіх перамоў 27 траўня 1952 г. міністры замежных справаў шасці краін (Францыя, ФРГ, Італія, Бельгія, Нідэрланды і Люксембург) падпісалі ў Парыжы пагадненне пра стварэнне Еўрапейскае абарончае супольнасці (ЕАС). Прадугледжвалася стварэнне наднацыянальнае ваеннае арганізацыі з агульнымі органамі кіравання і агульным бюджэтам. Дагавор быў ратыфікаваны ФРГ і краінамі Бенілюкса, але ў жніўні 1954 г. быў адхілены парламентам Францыі і аўтаматычна страціў сваё значэнне. Францыя асцерагалася, што дагавор можа істотна абмежаваць яе суверэнітэт і паставіць французскую армію ў залежнасць ад рашэнняў саюзнікаў. Функцыі бяспекі краін Заходняй Еўропы былі ўскладзеныя на створаны ў сакавіку 1948 г. Заходнееўрапейскі Саюз (ЗЕС), а пазней перайшлі да НАТА.
5.4. Арганізацыя паўночнаатлантычнага дагавору (НАТА), 1949. Самым жыццяздольным ваенна-палітычным праектам для Заходняе Еўропы стала ўтварэнне ў 1949 г. пад эгідаю ЗША Арганізацыі паўночнаатлантычнага дагавору. Нягледзячы на шматлікія ўнутраныя праблемы і супярэчнасці з ЗША, арганізацыя да гэтага часу выконвае большую частку функцыяў у галіне еўрапейскага ваеннага супрацоўніцтва і бяспекі.
6. Альтэрнатыўныя цэнтры інтэграцыі, Еўрапейская асацыяцыя вольнага гандлю (1960 г.)
Еўрапейская асацыяцыя вольнага гандлю (ЕАВГ) была створаная пад эгідаю Вялікабрытаніі ў 1960 г. Адпаведная канвенцыя была ўкладзеная ў Стакгольме і ўступіла ў сілу з 1961 г. Удзельнікамі ЕАВГ сталі: Вялікабрытанія (1960—1972), Аўстрыя (1960—1995), Нарвегія, Данія (1960—1972), Швецыя (1960—1995), Швейцарыя, Ісландыя, Фінляндыя (1960—1995), Партугалія (1960—1985). ЕАВГ стваралася шмат у чым як альтэрнатыва і супрацьвага ЕЭС. Адрозна ад іншых арганізацый, яна менш абмяжоўвала нацыянальны суверэнітэт. У параўнанні з ЕЭС ЕАВГ утваралася занадта малою групаю краін, таму большасць удзельнікаў ЕАВГ паступова далучылася да агульнаеўрапейскіх інтэграцыйных працэсаў у межах ЕЭС, а пазней і ЕС.
Пасля выхаду са складу арганізацыі Вялікабрытаніі і Даніі (1972 г.) краіны ЕАВГ пачалі перамовы і заключылі з ЕЭС спецыяльнае пагадненне, якое дазваляла карыстацца перавагамі свабоднага рынку і ў той жа час не прымаць іншых абавязацельстваў. У 90-я гг. ХХ ст. эканамічнае ўзаемадзеянне паміж краінамі ЕАВГ і ЕЭС (ЕС) стала яшчэ больш шчыльным.
7. Паглыбленне інтэграцыі і пашырэнне ЕЭС 1957—1972 гг.
7.1. Арганізацыйнае аб’яднанне ЕЭС 1967 г. Эканамічныя поспехі інтэграцыі прывялі ў 1967 г. да аб’яднання структураў ЕЭС, Еўратама і ЕСВС у адзіную сістэму ЕЭС з агульнымі органамі кіравання і нарматыўнай базаю. У такім выглядзе ЕЭС праіснаваў да 1992 г., калі быў ператвораны ў Еўрапейскі Саюз.
7.2. Паглыбленне інтэграцыі. На пачатку 1962 г., пасля доўгіх перамоў міністры ЕЭС падпісалі акт датычна звароту шэрагу сельскагаспадарчых прадуктаў, але згода ва ўзроўні цэнаў была дасягнутая толькі ў 1964 г. Сумесныя цэны на першую групу сельскагаспадарчых тавараў былі ўведзеныя ў 1967 г. У наступным 1968 г. былі сфармуляваныя прынцыпы уніфікаваныя цэнаўтварэння. Інтэграцыйныя працэсы суправаджаліся дастаткова добрай эканамічнай кан’юнктураю. Рост вытворчасці прамысловае прадукцыі кожны год складаў каля 5%. Інфляцыя была нізкаю і не перавышала 4%.
Летам 1968 г., за два гады да вызначанага тэрміну, быў утвораны мытны саюз, а таксама ліквідаваныя некаторыя перашкоды перамяшчэнню людзей. Паўстала агульная мытная палітыка (да 1968 г. яна ахоплівала 90% прадуктаў сельскае гаспадаркі). А з канца 1969 г. пачаўся працэс гарманізацыі падаткаў. На рубяжы 60—70 гг. ХХ ст. з’явіўся план Вернера, які прадугледжваў стварэнне да 1980 г. эканамічнага і валютнага саюза.
7.3. Першае пашырэнне ЕЭС. Ад моманту старэння ЕЭС узнімалася пытанне пра яго пашырэнне. У 1959 г. пра жаданне далучыцца да ЕЭС заявілі Грэцыя і Турцыя. Нягледзячы на спробы стварыць альтэрнатыўны цэнтр эканамічнае інтэграцыі ў выглядзе ЕАВГ, сваё жаданне далучыцца да ЕЭС у ліпені 1961 г. выказала і Вялікабрытанія, а таксама некаторыя іншыя краіны — удзельніцы ЕАВГ: Ірландыя, Данія, Нарвегія. Імкненне Вялікабрытаніі сутыкнулася, аднак, з відавочным супраціўленнем Францыі, якая лічыла, што далучэнне Злучанага Каралеўства да ЕЭС можа прывесці да павелічэння ўплыву ЗША на еўрапейскую палітыку і парушэння балансу сілаў у межах Еўрапейскае супольнасці. У 1967 г. Вялікабрытанія зноў заявіла пра свой намер пачаць перамовы пра далучэнне да ЕЭС, але ідэя зноў не мела поспеху. Перамовы пачаліся толькі праз некалькі гадоў. У выніку 1 студзеня 1973 г. адбылося першае пашырэнне ЕЭС. Новымі сябрамі супольнасці, акрамя Вялікабрытаніі, сталі Данія, Ірландыя. У перамовах па далучэнні брала актыўны ўдзел і Нарвегія, але на рэферэндуме восенню 1972 г. большасць насельніцтва краіны выказалася супраць сяброўства ў ЕЭС. У 1975 г. адпаведны рэферэндум быў праведзены ў Вялікабрытаніі і меў станоўчы вынік.
Лекцыя 2.
План:
1. Перыяд эканамічна крызісу і запавольванне інтэграцыі (1972—1983)
2. Кірункі далейшага развіцця інтэграцыйных працэсаў
(1983—1992, ад Дэкларацыі пра Еўрапейскі Саюз да Маастрыхцкіх пагадненняў)
3. Еўрапейскі Саюз (1993—1998, да ўвядзення агульнае валюты)
4. Сучаснае развіццё Еўрапейскага Саюза (1999—2005)
5. Кароткія высновы
1. Перыяд эканамічна крызісу і запавольванне інтэграцыі (1972—1983)
На пачатку 70-х гг. у Еўропе назіраецца пагаршэнне эканамічнага становішча: пачынаецца валютны, а затым і паліўны крызіс, выкліканы хуткім ростам цэнаў на нафту. І ўжо да сярэдзіны дзесяцігоддзя ва ўсіх краінах Заходняе Еўропы рэзка спыняецца эканамічны рост, што спараджае інфляцыю ды павялічвае беспрацоўе.
Выхад з рэцэсіі ўскладняўся крызісам валютнае сістэмы. У жніўні 1972 г. ЗША перасталі абменьваць долар на золата (гэта было своеасаблівым прызнаннем сітуацыі, якая склалася на працягу некалькі гадоў). Напрыканцы года (упершыню з 1934-га) адбылася дэвальвацыя амерыканскай валюты. Гэта азначала разбурэнне тых прынцыпаў, на якіх будавалася Брэтан-Вудская валютная сістэма, што была створана ў 1944 г., — замест устойлівых валютных курсаў сталі ўводзіцца “плыўкія”. Эканамічны крызіс закрануў усе развітыя краіны, але наступствы для Заходняе Еўропы былі найбольш цяжкія. Інфляцыя дасягнула 12—14%, да таго ж адбылося значнае падзенне вытворчасці. Залежнасць ад імпарту выклікала рост гандлёвага дэфіцыту. З узрастаннем эканамічных цяжкасцяў выявіліся пратэкцыянісцкія тэндэнцыі, якія пачалі запавольваць працэсы інтэграцыі.
1.1. Стварэнне валютнага саюза (1972—1979 гг.). Крызіс пачатку 70-х гг. схіліў краіны ЕЭС да сумесных дзеянняў у абароне сваіх эканомік. Летам 1972 г. было ўведзена два ўзроўні валютнае інтэрвенцыі: больш абмежаваны для краін — удзельніц ЕЭС, які склаў 1,125% руху ўніз ці ўверх ад цэнтральнага курсу, і пашыраны, для валют развіваных краін, — 4,5%. Гэта сістэма была мадыфікаваная ў 1973 г., калі быў уведзены плыўкі курс амерыканскага долара. Для ўдасканалення валютнага рэгулявання ў 1978 г. была створаная Еўрапейская валютная сістэма (ЕВС), якая пачала дзейнічаць з сакавіка 1979 г. Яе прызначэннем было мінімізаваць негатыўныя наступствы распаду Брэтан-Вудскай сістэмы і стварыць “зону еўрапейскай валютнай стабільнасці”. Цэнтральныя пазіцыі ў новым валютным саюзе заняла нямецкая марка; Вялікабрытанія, між тым, адклала сваё ўваходжанне ў сістэму на няпэўны тэрмін. З мэтай прасоўвання наперад валютнага саюза ды для разліку паміж арганізацыямі краін ЕЭС у 1979 г. была ўведзеная Еўрапейская валютная адзінка ЭКЮ (European Currency Unit), кошт якой быў вызначаны праз “кошык” валют краін-удзельніц. Натуральна, ЭКЮ не існавала ў выгляде звычайных грошай, а прызначалася для запісу на рахунках.
1.2. Інстытуцыйныя пераўтварэнні. Развіццё ЕЭС патрабавала рэформы палітычных інстытутаў і ўдасканалення працэдуры прыняцця рашэнняў. У 70-я гг. кансультацыі паміж міністрамі становяцца больш частымі, але застаецца нявырашанай праблема легітымнасці структурнай арганізацыі Супольнасці. У 1978 г. было вырашана сфармаваць Еўрапейскі парламент. Першыя наўпроставыя выбары ў парламент адбыліся ў чэрвені 1979 г. Было абрана 410 дэпутатаў тэрмінам паўнамоцтваў 5 гадоў. Пасля далучэння Грэцыі (24 дэпутаты) склад Еўрапарламента павялічыўся да 434 дэпутатаў, а з далучэннем да ЕЭС Іспаніі (60 месцаў) і Партугаліі (24 месца) колькасць дэпутатаў павялічылася да 518.
1.3. Новае пашырэнне ЕЭС (1981 г., 1986 г.). У 70-я гг. паўстала пытанне далучэння да ЕЭС краінаў Паўднёвай Еўропы, якія пасля падзення дыктатарскіх рэжымаў ажыццявілі пераход да дэмакратыі. У 1975 г. Грэцыя падала заяву на ўступленне ў ЕЭС, Партугалія і Іспанія зрабілі тое ж самае ў 1977 г. Перамовы з Грэцыяй не былі цяжкімі, урад гэтай краіны імкнуўся ўвайсці ў ЕЭС любой цаной і прыняў практычна ўсе прапановы. У студзені 1981 г. Грэцыя была прынятая ў ЕЭС. Цікава, што гэта было зроблена нягледзячы на негатыўную ацэнку Камісіяй узроўню выканання папярэдніх умоваў сяброўства. Перамовы з Іспаніяй мелі значна больш складаны характар: Мадрыд настойліва супраціўляўся некаторым патрабаванням ЕЭС. Між тым далучэнне Іспаніі да супольнасці стварала для ЕЭС больш праблем, чым выгодаў. Але нягледзячы на ўсе складнасці, Іспанія і Партугалія сталі сябрамі ЕЭС з 1 студзеня 1986 г.
1.4. Бюджэтны крызіс (1979—1984). У 1979 г. скончыўся пераходны перыяд, у які Вялікабрытанія магла плаціць у агульны бюджэт менш, чым гэта прадугледжана адзінымі правіламі. Цяпер жа ўнёскі ў агульнаеўрапейкі бюджэт рабіліся значна большымі: як буйны імпарцёр Вялікабрытанія мусіла плаціць істотна больш мытных пошлін, а як нязначны вытворца прадукцыі сельскае гаспадаркі магла разлічваць на мінімум падтрымкі для сваіх вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі. У часе гэта супала з прыходам да ўлады кансерватараў. У 1979 г. М.Тэтчэр катэгарычна заявіла, што яе краіна не можа плаціць у бюджэт вызначаныя сумы. І ў траўні 1980 г. Злучанае Каралеўства атрымала згоду на часовае змяншэнне сваіх унёскаў да моманту выпрацоўкі новых агульных рашэнняў, звязаных з бюджэтам. Для абодвух бакоў сітуацыя была надзвычай складаная, асабліва калі ўлічыць рост анты-ЕЭСаўскіх настрояў у Вялікабрытаніі ды патрабаванне значнае часткі палітычнага істэблішменту краіны выйсці з эканамічнае супольнасці.
Акрамя складанасцяў з Вялікабрытаніяй, існавалі сур’ёзныя праблемы з ураўнаважваннем бюджэту і ростам датацый на ажыццяўленне супольнай палітыкі ў галіне сельскай гаспадаркі (датацыі складалі каля 70% бюджэту). Агульнай пазіцыі паводле пытання структуры выдаткаў і крыніцах даходу ў бюджэт ЕЭС на той момант не было; кампраміс (праз упарадкаванне выплаты падатку на дабаўленую вартасць (ПДВ) быў дасягнуты пазней на сустрэчы ў 1984 г. На ёй жа былі ўведзеныя абмежаванні на змены ў сельскагаспадарчых выдатках, а таксама прынятае канчатковае рашэнне датычна сяброўства ў ЕЭС Іспаніі і Партугаліі.
2. Кірункі далейшага развіцця інтэграцыйных працэсаў
(1983—1992, ад Дэкларацыі пра Еўрапейскі Саюз да Маастрыхцкіх пагадненняў)
На пачатку 80-х гг. адбываецца паступовая эканамічная стабілізацыя Еўропы, інфляцыя зніжаецца, пачынаецца рост эканомікі. У гэты ж час асаблівае значэнне набываюць дыскусіі пра стварэнне еўрапейскага адзінага рынку.
2.1. Стварэнне адзінага рынку. У адпаведнасці з Рымскім дагаворам 1957 г. прадугледжвалася цягам 12 год стварыць агульны еўрапейскі рынак, але гэты працэс расцягнуўся на больш доўгі час. У 1968 г. быў заключаны мытны саюз, былі ліквідаваныя ўсе мыты і нетарыфныя перашкоды, звязаныя з рухам тавараў, але скасаванне перашкод у іншых сферах (рух капіталу, працоўнае сілы, паслуг — уласна агульны рынак) адбывалася больш марудна. Яскравым прыкладам тут ёсць тэма руху працоўнае сілы, да якой урады розных краін мелі вельмі супярэчлівае стаўленне.
У першай палове 80-х гг. з’яўляецца некалькі важных планаў развіцця еўрапейскае супольнасці. У 1983 г. Еўрапейскі савет прыняў Дэкларацыю пра Еўрапейскі Саюз, якая прадугледжвала “канчатковае стварэнне ўнутранага рынку, скасаванне перашкод для вольнага руху тавараў, капіталу, працоўнае сілы і паслуг, а таксама далейшае развіццё сумеснае транспартнае палітыкі”. На пачатку 1985 г. Еўрапейская камісія паставіла за мэту да канца 1992 г. стварыць адзіны рынак і ліквідаваць рэшту перашкод: чакалася, што далейшая інтэграцыя дазволіць павысіць канкурэнтаздольнасць ЕЭС на знешніх рынках ды паскорыць тэмпы эканамічнага росту. Умовай рэалізацыі праекта адзінага рынку была агульная палітыка на ўзроўні ўсёй Супольнасці, што патрабавала значнага збліжэння і абмежавання індывідуальнае палітыкі асобных дзяржаў. У пэўных сектарах такое рэгуляванне ўжо мела месца (сельская гаспадарка, гандаль з трэцімі краінамі), у іншых былі адно адпаведныя праекты.
Праграма ліквідацыі перашкод прадугледжвала прыняцце больш за 200 агульнаеўрапейскіх нарматыўных актаў. І да канца 1992 г. у нацыянальныя заканадаўствы было ўведзена каля 95% зменаў, неабходных для рэалізацыі праекта агульнага рынку. Такім чынам, нягледзячы на тое, што частка краін (у прыватнасці Грэцыя) не выканала ўсе патрабаванні, агульны рынак стаўся эканамічнай рэальнасцю.
У другой палове 80-х гг. была праведзеная і бюджэтная рэформа. Былі вызначаныя гранічныя памеры выдаткаў з бюджэту Супольнасці на сельскую гаспадарку, вызначаныя новыя даходы, была прапанаваная больш дакладная сістэма кантролю за расходамі, прызначанымі для рэгіянальнага развіцця.
2.2. Новая ўсходняя палітыка. ЕЭС вітала палітычныя змены ў краінах Цэнтральнае і Усходняя Еўропы, звязаныя з распадам камуністычнага парадку. На эканамічным форуме заходніх краін у 1989 г. быў прапанаваны план дапамогі для карэннае палітычнае і гаспадарчае перабудовы рэгіёну. Каардынацыя дапамогі была даручана Еўрапейскай камісіі ў фармаце спецыяльнае праграмы Фарэ (Phare — Poland, Hungary: Assistance for Restructuring their Economies), пазней праграма ахапіла не толькі Польшчу і Венгрыю, але і іншыя краіны рэгіёна. Для аналагічнае дапамогі краінам СНД была ініцыяваная асобная праграма, якая атрымала назву TACIS (Technical Assistance to the CIS). Разам з фінансаваю дапамогаю Супольнасць прапанавала краінам рэгіёну дапамогу праз далучэнне да сістэмы агульных мытных прэферэнцыяй. Рашэннем Еўрапейскага Савета ў снежні 1989 г. быў створаны Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця. Мэтаю гэтае фінансавае ўстановы сталася дапамога былым сацыялістычным краінам у развіцці рынкавае эканомікі праз заахвочвання пашырэння прыватнага сектару.
У 1991 г. ЕЭС правяла перамовы з трыма краінамі Цэнтральнае Еўропы (Чэхаславакія, Польшча і Венгрыя), на якіх абмеркавала пытанне іх далучэння да ЕЭС цягам 10-гадовага перыяду. Адпаведныя дамовы былі падпісаныя і з некаторымі іншымі краінамі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы (Балгарыя, Чэхія, Славакія, Славенія, Румынія, Эстонія, Літва, Латвія). З краінамі СНД, якія былі ў значна меншай ступені ўцягнутыя ў працэс эканамічных і палітычных зменаў, ЕЭС падпісала дагавор пра партнёрства і ўзаемадапамогу.
2.3. Першыя этап валютнага і гаспадарчага саюза (1990—1993). Пасля рэалізацыі праграмы пабудовы агульнага рынку да 1992 г. асноўнымі перашкодамі для супрацоўніцтва ўнутры ЕЭС засталіся нацыянальныя валюты і цэны — гэты бар’ер быў прыбраны толькі напрыканцы 90-х гг.
Пазітыўны эфект пашырэння ўнутранага рынку (з ім звязвалі эканамічны бум канца 80-х гг.) схіліў прыхільнікаў інтэграцыі да стварэння больш шчыльнага валютнага саюза. У аснове валютнага саюза ляжалі, аднак, не толькі эканамічныя, але і іншыя матывы. Францыя, напрыклад, была зацікаўленая ў паглыбленні валютнага супрацоўніцтва зыходзячы пераважна з палітычных, а не эканамічных інтарэсаў, спадзеючыся, што ў новым саюзе будуць некалькі аслабленыя пазіцыі Германіі. Францыя таксама разлічвала, што ўдзел у валютным саюзе не дазволіць Германіі праводзіць самастойную эканамічную палітыку, якая часта прыводзіла да пагаршэння эканамічнага становішча суседзяў. У сваю чаргу Германія чакала ад саюза павышэння свайго ўплыву на эканамічную палітыку Супольнасці. Невялікія краіны, такія як Бельгія ды Нідэрланды, улічваючы іх залежнасць ад знешняй эканамічнае кан’юнктуры, чакалі, што шчыльная валютная інтэграцыя дазволіць спрасціць эканамічнае супрацоўніцтва. Больш бедныя краіны, такія як Грэцыя, Іспанія і Партугалія, адчувалі, што паглыбленне інтэграцыі прывядзе да павелічэння мэтавых выдаткаў з агульнага бюджэту ЕЭС ды паспрыяе выпраўленню рэгіянальных дыспрапорцый.
Першы этап пабудовы валютнага і гаспадарчага саюза пачаўся 1 ліпеня 1990 г. Ён мусіў быў цягнуцца да канца 1993 г. Яго сутнасць палягала ў поўнай лібералізацыі рынку фінансавых паслуг. У 1990 г. былі знятыя ўсе бар’еры, якія ў межах Супольнасці перашкаджалі руху капіталу. Разам з тым, больш слабыя краіны атрымалі магчымасць адкласці лібералізацыю (Іспанія, Партугалія і Ірландыя да канца 1992 г., Грэцыя — да 1994 г.). У гэты перыяд паміж удзельнікамі ЕЭС была ўзмоцненая каардынацыя гаспадарчае палітыкі, асабліва фінансавай.
2.4. Маастрыхцкія пагадненні 1992 г., утварэнне Еўрапейскага Саюза. Далейшая інтэграцыя патрабавала вызначэння новых інстытуцыянальных і палітычных рамак. У лютым 1992 г. у Маасстрыхту (Нідэрланды) краіны — удзельніцамі ЕЭС дасягнулі комплексу пагадненняў, якія тычыліся стварэння Еўрапейскага Саюза, інтэграцыі ў палітычнай, эканамічнай і сацыяльнай сферы, у галіне юстыцыі і ўнутраных справаў. У рамках перамоў, 7 лютага 1992 г. быў заключаны Маастрыхцкі дагавор, у адпаведнасці з якім краіны ЕЭС абвясцілі пра стварэнне Еўрапейскага Саюза і вызначылі асноўныя кірункі далейшае інтэграцыі (у тым ліку і ўзмацненне грашовых сувязяў і стварэнне агульнае грашовае адзінкі).
3. Еўрапейскі Саюз (1993—1998, да ўвядзення агульнае валюты)
У гэты перыяд дзейнасць органаў ЕС была накіраваная на рэалізацыю Маахстрыцкага дагавора 1992 г., які ў наступным годзе ўступіў у дзеянне, а таксама на падрыхтоўку канчатковага валютнага і гаспадарчага саюза. Асобнай задачаю з’яўлялася пашырэнне ЕС, спачатку за кошт краін ЕАВГ, а потым і краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.
3.1. Эканамічная інтэграцыя. З 1 студзеня 1993 г. быў цалкам адменены кантроль за таварамі на ўнутраных межах краін ЕС, і, такім чынам, агульны рынак стаў эканамічным фактам. Канчатковая ж адмена абмежаванняў на рух працоўнае сілы была рэалізаваная ў 1995 г. На сустрэчы ў Мадрыдзе (снежань 1995 г.) былі ўзгодненыя пытанні ўвядзення адзінае валюты, вызначаная яе назва (еўра), кошт якой прыраўноўваўся да ЭКЮ. У 1996 г. у Дубліне быў выпрацаваны стабілізацыйны пакет.
3.2. Чарговае пашырэнне ЕС (1995 г.). У пачатку 90-х гг. пачынаюцца перамовы паміж краінамі ЕАВГ і ЕЭС па стварэнні Еўрапейскае эканамічнае прасторы, якая дазволіла б краінам ЕАВГ далучыцца да працэсаў інтэграцыі ў межах ЕЭС, прыняць пэўныя эканамічныя і адміністрацыйныя абавязкі і атрымаць выхад на новыя рынкі. Дамова пра стварэнне ЕЭП была падпісаная ў 1992 г. (г. Апорта, Партугалія). Аднак неўзабаве, на рэферэндуме ў Швейцарыі, дамова была адхіленая, таму пасля неабходных рэарганізацый праграма 1 студзеня 1994 г. уступіла ў дзеянне. ЕЭП прадугледжвала прыняцце краінамі ЕАВГ пэўных прынцыпаў агульнага рынку, але выключала магчымасць удзельнічаць у прыняцці рашэнняў і правядзенні агульнай сельскагаспадарчае палітыкі. Паралельна чатыры краіны — сябры ЕАВГ (Аўстрыя, Фінляндыя, Нарвегія і Швецыя) пачалі перамовы пра далучэнне да ЕС. Перамовы скончыліся ў сакавіку 1994 г., і на пачатку 1995 г. адбылося чарговае пашырэнне. У склад ЕС увайшла Фінляндыя, Швецыя і Аўстрыя, Нарвегія на нацыянальным рэферэндуме паўторна адхіліла ідэю далучэння да еўрапейскіх інтэграцыйных структур. Пашырэнне 1995 г. вызначыла ўзмацненне ЕС за кошт эканамічна развітых краін, якія не мелі істотных гаспадарчых праблем і не патрабавалі аніякага істотнага павелічэння выдаткаў з бюджэту ЕС.
4. Сучаснае развіццё Еўрапейскага Саюза (1999—2005)
4.1. Валютны саюз. 1999 г. засведчыў практычную рэалізацыю праекта стварэння валютнага саюза. 1 студзеня 1999 г. валютныя курсы краін, якія ўваходзілі ў валютны саюз, былі зафіксаваныя, і для міжбанкаўскіх разлікаў была ўведзеная супольная валюта “еўра”. З 1 студзеня 2002 г. агульнаеўрапейская валюта паступіла ў наяўны зварот (у зону еўра ўвайшлі не ўсе краіны ЕС: Данія, Швецыя і Вялікабрытанія захавалі свае нацыянальныя валюты). Адначасова адбываецца дэлегаванне краінамі — удзельніцамі ЕС сваёй кампетэнцыі ў сферы грашовай палітыкі, не залежнай ад урадаў і структураў Супольнасці Еўрапейскай сістэме цэнтральных банкаў, у якой галоўная роля была адведзеная Еўрапейскаму цэнтральнаму банку.
4.2. Палітычная рэформа. Другой важнай падзеяй сталася ўзгадненне Нікейскага дагавора на сустрэчы ў снежні 2000 г. Дакумент прадугледжваў увядзенне важных зменаў у функцыянаванне структур ЕС, удакладняў працэдуры прыняцця рашэнняў. На сустрэчы ў Леакане (снежнь 2001 г.) была прынятая дэкларацыя пра будучыню ЕС, а таксама ў чарговы раз абмяркоўвалася пытанне пра рэфармаванне структуры ЕС, у прыватнасці, спрашчэнне працэдуры працы структураў ЕС, вызначалася роля нацыянальных парламентаў, ішла гаворка пра прыняцце Канстытуцыі ЕС. У межах еўрапейскае супольнасці дасягнуты кансенсус пра тое, што ЕС павінен стаць бліжэй да грамадзянаў, а насельніцтва краін-удзельніц павінна аказваць большы ўплыў на палітыку структур ЕС, вызначэнне мэтаў Саюза і рэалізацыю яго палітыкі.
Частка актуальных палітычных пытанняў была вырашаная. У прыватнасці, павялічвалася празрыстасць і зразумеласць працы еўрапейскіх структур. Палітычная рэформа патрабавала, аднак, больш жорсткіх нарматыўных рамак. У 2004 г. быў падпісаны праект Канстытуцыі ЕС і быў ініцыяваны працэс яе ратыфікацыі дзяржавамі-ўдзельніцамі, але, як вядома, рэферэндумы 2005 г. у Францыі і Галандыі далі адмоўны вынік. Такім чынам, палітычная арганізацыя Еўрапейскага Саюза аказалася нявызначаная і па сёння застаецца актуальнаю праблемаю.
4.3. Пашырэнне ЕС на Усход (2004 г.). Вялікае значэнне для развіцця ЕС мелі перамовы з кандыдатамі ад Цэнтральнае і Усходняе Еўропы. Фармальна яны пачаліся ў сакавіку 1998 г., але фактычна, — толькі ў лістападзе гэтага года. Пашырэнне ЕС за кошт краін Цэнтральнае і Усходняе Еўропы разглядалася Саюзам як самае складаная праблема з усіх папярэдніх. Аб гэтым сведчыць як вялікая колькасць кандыдатаў, так і тое, што краіны-кандыдаты не вызначаліся высокім узроўнем эканамічнага развіцця, а некаторыя з іх (як, напрыклад, Польшча) мелі значную частку насельніцтва, занятую ў сельскай гаспадаркі, дастаткова неэфектыўнай у параўнанні з краінамі Саюза. Далучэнне новых рэгіёнаў азначала аўтаматычнае павышэнне выдаткаў з бюджэту ЕС на агульную палітыку ў галіне сельскай гаспадаркі, рэгіянальную палітыку (выкліканае значнай дыспрапорцыяй у развіцці), а таксама на развіццё бюджэтнай і фінансавай сістэм.
Перамовы з краінамі Цэнтральнае і Усходняе Еўропы былі завершаныя ў 2003 г. і апошняе, самае вялікае пашырэнне ЕС, адбылося 1 траўня 2004 г. Новым сябрамі сталі Польшча, Чэхія, Славакія, Венгрыя, Літва, Латвія, Эстонія, а таксама Славенія, Мальта і Кіпр. Такім чынам, колькасць краін у ЕС склала 25. У 2007 г. плануецца пашырэнне ЕС за кошт Румыніі і Балгарыі. Абмяркоўваецца пытанне пра паскоранае сяброўства Харватыі, якая мае дастаткова высокі ўзровень эканамічнага развіцця і здольная ў кароткія тэрміны выканаць патрабаванні Еўрапейскае камісіі.
Найбольш супярэчлівым і складаным застаецца пытанне пра далучэнне да ЕС Турцыі (адпаведныя дакументы Турцыя падала ў 1959 г.). Турцыя з’яўляецца не толькі адносна беднай краінаю, але яе ўключэнне ў еўрапейскую супольнасць звязанае з пэўнымі дэмаграфічнымі праблемамі. Акрамя гэтага, значная частка еўрапейскага палітычнага істэблішменту і еўрапейцаў увогуле выступаць супраць сяброўства Турцыі, бо не лічыць гэтую краіну еўрапейскай паводле сваёй палітычнай і культурнай традыцыі.
5. Кароткія высновы
Інтэграцыя Заходняй Еўропы была заснаваная на эканамічных прынцыпах (выгоды ад вялікага рынку і заахвочванне хуткага тэхнічнага прагрэсу), але пешая арганізацыя (Еўрапейскі саюз вугалю і сталі) была створаная, улічваючы таксама і пэўны комплекс палітычных прычын: эканамічнае адраджэнне Германіі і адначасовае прадухіленне ўзброеных канфліктаў, назапашванне эканамічнага і ваеннага патэнцыялу для супрацьдзеяння савецкай гегемоніі. У той жа час, кожная краіна мела ўласныя мэты. Стварэнне ЕЭС было ў значнай ступені падмацаванае жаданнем Францыі прадухіліць дамінаванне ЗША на кантыненце, а Грэцыя, Іспанія і Партугалія звязвалі з далучэннем да ЕЭС магчымасць атрымання фінансавых субсідыяў (краіны ЕЭС, у сваю чаргу, ставілі за мэту замацаванне дэмакратычных традыцый у рэгіёне). Апошняе пашырэнне (2004 г.), асабліва на пачатку перамоваў у 90-х гг., таксама было выклікана некаторымі палітычнымі прычынамі.
Працэс інтэграцыі і эфектыўнае ўзаемадзеянне паміж еўрапейскімі краінамі звязаныя не толькі з эканомікай, але і агульнай культурнай спадчынаю, менталітэтам, а таксама агульнымі хрысціянскімі каранямі еўрапейскай цывілізацыі, што дазволіла сфармаваць агульную сістэму каштоўнасцяў і прынцыпаў.
У выніку Еўрапейская супольнасць стварыла унікальную інстытуцыянальную сістэму. На сёння дзейнасць ЕС рэалізуецца праз працу шэрагу органаў, сярод якіх найбольшае значэнне маюць: Савет ЕС (рэпрэзентуе інтарэсы дзяржаў-удзельніц), Еўрапейская камісія (рэпрэзентуе інтарэсы Супольнасці як цэлага), Еўрапейскі парламент і Еўрапейскі суд.
Эканамічнае развіццё Еўрапейскае супольнасці звязанае са значнымі поспехамі ў галіне рэальнае і інстытуцыянальнае інтэграцыі. Прыняцце асноўных рашэнняў пра пераход ад мытнага супрацоўніцтва да адзінага еўрапейскага рынку, а таксама рэалізацыя валютнага і гаспадарчага саюза, прывялі да стварэння адзінае эканамічнае сістэмы, якая не мае аніякіх бар’ераў для руху тавараў, людзей, капіталаў і паслуг. У пэўных галінах прамысловасці інтэграцыя прывяла да поўнай замены нацыянальнага заканадаўства нормамі супольнасці. Такім чынам, дзяржавы пагадзіліся з тым, што адзінае права і прынцыпы для ўсіх удзельнікаў супольнасці з’яўляецца больш выгаднымі, чым нацыянальныя правілы. Супольныя прынцыпы ёсць таксама абавязковымі і ў галіне забеспячэння канкурэнцыі, хоць дзяржавы пры гэтым і захоўваюць паўнамоцтвы прымаць рашэнні ў межах, якія не парушаюць агульных правілаў гульні.
Паглыбленне інтэграцыі праявілася ў выпрацоўцы агульных (альбо блізкіх) правілаў для рэгуляванне практычна ўсіх галін эканомікі. Пасля ўвядзення адзінае сельскагаспадарчае, гандлёвай і транспартнай палітыкі, а таксама ліквідацыі перашкод ва ўсіх асноўных сферах супрацоўніцтва праз пабудову агульнага рынку агульнаеўрапейскія правілы эканамічнае гульні сталіся рэальнасцю. Больш за тое, інтэграцыя мела вялікае значэнне для уніфікацыі палітычнае прасторы Еўропы, выпрацоўкі адзіных стандартаў дэмакратыі, разумення сутнасці правоў чалавека і з’яўлення новае, агульнаеўрапейскае ідэнтычнасці.
Еўрапейская інтэграцыя, распачатая ў 50-х гг. мінулага стагоддзя, з’яўляецца дастаткова паспяховаю. Еўропа ўсе больш робіцца палітычна і эканамічна адзінаю, што мае вялікае значэнне не толькі для еўрапейскага кантыненту, але і міжнароднай палітыкі ў цэлым.