АНДРЭЙ РАСІНСКІ. Кіч, малімонне, смецце і фільмы прыгону

ЛЕКЦЫЯ 11. КІЧ І МАЛІМОНЬНЕ

Верка Сярдзючка

Плян:

I. Культурніцкія нішы й групавыя густы

II. Кіч

1. Зьяўленьне кічу

2. Тавар-прэстыж “прыгажосьць”

3. Кіч паводле Кундэры і таталітарызм

4. Кіч у кіно

5. Апраўданьне кічу

III. Малімоньне (Camp)

1. Ангельскае “Camp”, ці “малімоньне” па-беларуску

2. Прыкметы й прыклады малімоньня

3. Пэрсанажы-малімонкі

4. Кіна-малімоньне

a) Забыты кіч (“Кінг Конг” 1930-х)

b) Малімоньне эстэцтва (Ж.Както, А.Роам, В.Вінаградаў)

c) Дзівацтвы сэксу

5. Ад малімоньня да трэшу

 

I. Культурніцкія нішы й групавыя густы

Мастацтва Новага часу зламала саслоўныя й рэлігійныя перагародкі. Творы, прызначаныя для вышэйшых клясаў — праз адукацыю, школьнае выхаваньне і відовішчы — дайшлі да нізоў; а густы ніжэйшых клясаў почасту ўздымаліся “народніцкай” інтэлігенцыяй як сьцяг эпохі.

Але мастацтва Новага часу не адмяніла культурніцкіх нішаў і групавых густаў. Стаўся відавочным падзел паміж элітарным і масавым мастацтвам. Індустрыйнае — і масавае — грамадзтва стварала адпаведныя мастацкія прадукты, зразумелыя й наіўныя. А самотныя мастакі-індывідуалісты выбухалі “мастацтвам дзеля мастацтва” — і стваралі творы, зразумелыя толькі абраным.

Кіч, малімоньне й сьмецьце — дзеці зьмешваньня й масавізацыі, праявы адмысловых густаў, над якімі доўга зьдзекаваліся і якім патрафлялі. Варта паглядзець на гэтыя зьявы больш уважліва, без папрокаў і маралізатарскага абурэньня.

II. Кіч

Беларуская энцыкляпэдыя дае пагрозьлівае азначэньне кічу: “Кіч — стэрэатыпнае псэўдамастацтва, якое ня мае мастацка-эстэтычнай каштоўнасьці; спэцыфічная зьява, якая адносіцца да ніжэйшых пластоў масавай культуры” [Беларуская энцыклапедыя: У 18 т., т. 8. Мінск: Беларуска Энцыклапедыя, 1999. С.313]. Артыкул бяз подпісу. Складальнікі энцыкляпэдыі паўтараюць азначэньні савецкіх слоўнікаў.

Савецкі дасьледнік масавай культуры Кукаркін падкрэсьлівае, што “кіч — безгустоўнасьць, плюгасьць, пусьцяковіна”, ён “перанасычаны прымітыўнымі, разьлічанымі на танны эфэкт дэталямі” [Кукаркин А.В. Буржуазная массовая культура. Москва, 1978. С. 345]. Дададзім, што й сама савецкая рэчаіснасьць “закічаваная”, але пра гэта пазьней.

1. Зьяўленьне кічу

Сам тэрмін “кіч” зьявіўся ў другой палове ХІХ ст. Ён паходзіць альбо 1) ад нямецкага музычнага жаргону “Kitsch” — халтура, ці 2) ад нямецкага дзеяслова “verkitschen” — рабіць танным, альбо 3) ад ангельскага выразу “for kitchen” — для кухні.

Спачатку кіч атабарыўся ў літаратуры: дамскія сьлязьлівыя раманы, фатальныя жарсьці, паказаныя ў творчасьці Жаклін Сьюзэн, Гаральда Робінса, Ганны і Сержа Галон (пышная, кічавая гісторыя “Анжэлікі” карысталася надзвычайнаю папулярнасьцю ня толькі ў літаратуры, але і ў кіно).

Акадэмічна-салённае мастацтва таксама сталася прыстанкам для кічу. Ён захапіў эстраду, тэатар, а са зьяўленьнем кіно й тэлевізіі кіч зрабіўся паўсюдным. Паштоўкі з амурчыкамі, мыльныя опэры, рэклямныя буклеты зь белазубымі юнакамі й прыгажунямі — гэта кіч. Модныя часопісы “Касмапалітэн”, “Вог”, “Плэйбой” (!) — кіч, які ў сучасных умовах набывае імя “глямуру”. А гераіні часопісу “Караван гісторый” пазуюць, як пэрсанажы слынных карцінаў мінулага, і гэты паўтор-поза, роўна як і “мыльныя” гісторыі зорак, — кіч.

Дзеля справядлівасьці варта адзначыць, што праявы кічу назіраліся здаўна. Так, шчэ Пятроній у “Сатырыконе” зьдзекаваўся з кічавых густаў багацеяў-выскачак, а мастак ХVІІ ст. Барталямэо Эстэбан Мурыльё ў карцінах мадоннаў дэманстраваў цукерную саладжавасьць рэлігійнага кічу. Але толькі ХХ стагодзьдзе — пара росквіту кічу.

2. Тавар-прэстыж “прыгажосьць”

Кіч ёсьць таварам. Але гэта тавар, які купляецца ня дзеля таго, каб яго зьесьці, апрануць, паставіць на палічку (хаця і гэта часьцяком здараецца). З кічам купляюцца статусныя ўяўленьні аб прыгожым і прэстыжы. Калі, напрыклад, прыгожай лічыцца Мона Ліза, то яна набываецца ў выглядзе поліэтыленавага пакунку ці налепкі ў аўтамабілі. Дыямэнты — знак статусу: яны будуць у фільме з Мэрылін Манро, якая сьпявае, што “дыямэнт — лепшы сябра дзяўчыны”.

Шыкоўныя яхты, арыстакраты-спакушальнікі, сьвецкія ільвіцы ў футрах, багатыя інтэр’еры, узвышаныя жарсьці, зоркі футболу й тэлевізіі, прынцэсы-фотамадэлі — усё тое, чым радаюць гледачоў мыльныя опэры — гэта кіч, кіч і яшчэ раз кіч.

“Зрабіце мне прыгожа!” — патрабаваў пэрсанаж У.Маякоўскага [П’еса Ўладзімера Маякоўскага “Клоп”, а герой – Прысыпкін]. П’ер Скрыпкін (Прысыпкін) жадаў не прыгажосьці, а кічу — таго, што лічыцца прыгожым, што запатрабаванае, як тое, што шырокія масы ўважаюць за эталён. “Я супраць гэтага мяшчанскага побыту — канарэек і іншага… Я чалавек з сур’ёзнымі запатрабаваньнямі… Я — люстраной шафай цікаўлюся…” [Маяковский В.В. Собрание сочинений в двух томах. Москва, 1988. T.1, С. 552]. (Узорна-кічавыя канарэйкі выдатна ўпісваюцца ў інтэр’ер зь люстраной шафай.)

У аснове кічу ляжыць не прыгажосьць, а “прыгажосьцевасьць” ці прыгажосьць як тавар, што адпавядае запатрабаваньням неразьвітага (наіўнага) густу. Ён прапануе як бы нарматыўныя — і масавыя — уяўленьні аб прэстыжы й прыгажосьці; а сам кічавы твор, імітуючы сваю далучанасьць да пэўных сапраўдных мастацкіх канонаў і нормаў, знаходзіць у іх сваё алібі — і таму ён не аўтаномны, не самадастатковы. Менавіта гэта злучае кіч з рэпрэсіўнай машынаю кантролю й кіраваньня. Але замовы на кіч ідуць зьнізу. Ёсьць масавыя эмоцыі й жаданьні. Культуроляг Абрам Моль называў кіч “мастацтвам шчасьця” — і нат выдаў кнігу з адпаведнаю назвай [Moles A. Le Kitsch, L’art du bonheur. Paris, 1971].

3. Кіч паводле Кундэры і таталітарызм

Чэскі пісьменьнік Мілан Кундэра згаджаецца, што кіч — гэта суцэльнае шчасьце. Эстэтычным ідэалам кічу ён называе “катэгарычную згоду з быцьцём” і падкрэсьлівае повязь паміж таталітарызмам і кічам. Вось што ён піша ў сваім рамане “Невыносная лёгкасьць быцьця”:

“…Эстэтычным ідэалам катэгарычнай згоды з быцьцём ёсьць сьвет, у якім лайно адкінутае і ўсе вядуць сябе так, быцца яго не існуе ўвогуле. Гэты эстэтычны ідэал называецца кіч.

<…> Кіч — абсалютнае адмаўленьне лайна ў прамым і пераносным значэньні слова; кіч выдаляе са свайго поля зроку ўсё, што ў чалавечым існаваньні па сутнасьці сваёй непрымальна” [Кундера М. Невыносимая легкость бытия. Санкт-Петербург, 2002. С. 276].

Сацыялізм прасякнуты кічам. І мадэль гэтага кічу — сьвята Першамая. “Жанчыны, апранутыя ў чырвоныя, белыя, блакітныя блузы, складалі ўсемагчымыя фігуры, добра бачныя з гаўбцоў і вокнаў: пяціканцовыя зоркі, сэрцы, літары. Паміж асобнымі часткамі калёны ішлі маленькія аркестры, што гралі маршы. Калі калёны падыходзілі да трыбуны, нават самыя нудотныя твары асьвятляліся ўсьмешкай, быццам хацелі даказаць, што яны, як і належыць, радуюцца альбо, дакладней, згаджаюцца. І гаворка ішла ня проста аб палітычнай згодзе з камунізмам, а аб згодзе з быцьцём як такавым. Сьвята Першага мая чэрпала натхненьне з глыбокай студні катэгарычнай згоды з быцьцём. Няпісаны, нявыказаны лёзунг дэманстрацыі быў не “Хай жыве камунізм!”, а “Хай жыве жыцьцё!”.

Трапныя назіраньні Кундэры тычацца ня толькі сацыялістычнае Чэхіі: гэта і савецкія трызны, і сучасная лукашэнкаўская Беларусь, дзе “ўсе шчасьлівыя”, усе “за бацьку і Беларусь”. Але кіч не абавязкова камуністычны, хаця мастацтва сацрэалізму тут узор.

“Крыніца кічу — катэгарычная згода з быцьцём. Але што ёсьць асновай быцьця? Бог? Чалавек? Барацьба? Каханьне? Мужчына? Жанчына? Паколькі погляды на гэты конт розныя, то ёсьць і розныя кічы: каталіцкі, пратэстанцкі, юдэйскі, камуністычны, фашыстоўскі, дэмакратычны, фэмінісцкі, эўрапейскі, амэрыканскі, нацыянальны, інтэрнацыянальны”.

Адпаведна, зьяўляецца цэлы шэраг палітычных кічаў. Так “Вялікі Паход” (за вызваленьне, за дзяцей Камбоджы, за правы мурынаў і г.д.) — гэта палітычны кіч левых. Штодзённасьць становіцца элемэнтам кічу, у тым ліку й палітычнага.

Вось мы бачым дзетак, якія бягуць па траве. “Кіч выклікае дзьве сьлязы расчуленасьці, што набягаюць адна за адной. Першая сьляза гаворыць: як гэта цудоўна — дзеці, якія бягуць па газоне! Другая сьляза гаворыць: як гэта цудоўна — расчуліцца разам з усім чалавецтвам, гледзячы на дзетак, якія бягуць па газоне! І толькі гэтая, другая, сьляза робіць кіч кічам”.

Звыкласьць кадуецца кічам. Гэтая звыкласьць і ёсьць элемэнтам “міталёгіі”, як разумеў міталёгію Ралан Барт.

4. Кіч у кіно

Кіч расквітнеў у масавым кіно. Велікасьвецкія дацкія мэлядрамы пачатку ХХ ст., шматлікія Анжэлікі, стоеная і яўная эротыка (“9 з паловай тыдняў”, “Эмануэль”), узорнае нямое кіно Яўгена Баўэра (дарэвалюцыйны расейскі аўтар, які здымаў дыдактычную мэлядраму).

Шыкоўныя карціны з Мэрылін Манро “Ніагара” (1953), “Джэнтэльмэны аддаюць перавагу бляндынкам” (1953) і асабліва “Як выйсьці замуж за мільянэра” (1953) — гэта выбітныя кічавыя творы, пачуцьцёвыя, прэстыжна-таварныя, статусныя ў сваёй пекнаце і ў сваіх “мільянэрскіх” марах.

У дарагіх інтэр’ерах, з шыкоўнымі дэкарацыямі, у дакладна ўзноўленых — у дробязях — касьцюмах гістарычныя пэрсанажы набылі ўсе прыкметы кічавых асобаў: “Клеапатра” (1963) Джозэфа Манкевіча, “Жанна Д’Арк” Люка Бэсона. Тыповым кічам зьяўляецца й “Анастасія Слуцкая” паводле “Беларусьфільму”. А “Пакуты Хрыстовы” Мэла Гібсана прэтэндуюць на тытул самага ўдалага наіўна-назідальніцкага рэлігійнага кічу. Роўна як “Маленькі Буда” (1993) Бэрнарда Бэрталючы — гісторыка-эстэцкі кіч з Кіану Рыўзам у ролі Сыдхартхі.

Варункі асабістага жыцьця вядомых асобаў становяцца прыправай для кічу. “Гэнры і Джун” (1990) Філіпа Каўфмана пра скандальнага пісьменьніка Гэнры Мілера — вытанчаны й жорсткі кіч зь пікантнымі элемэнтамі. А “Поўнае зацьменьне” (1995) Агнэшкі Холанд пра раман Поля Вэрлена й Арцюра Рэмбо — выклікала б раздражненьне ў абодвух паэтаў, тым болей што фільм ня мае анічога агульнага ані з паэзіяй Вэрлена, ні зь вершамі Рэмбо. Затое тут зашмат кічава-салённай эстэтыкі — супраць якой і бунтавалі паэты-наватары! — насычанай скандальнымі інтымнымі падрабязнасьцямі. Такая сэнсацыйнасьць — і падрабязнасьць у дэкарацыйных дэталях — ёсьць характэрнымі рысамі кічу.

Почасту экранізацыя клясыкі становіцца кічам. Прыгадайце апошнюю пастаноўку “Рэвізора” Гогаля. У фільме задзейнічаныя зоркавыя расейскія акторы: Мікіта Міхалкоў, Лідзія Федасеева-Шукшына, але тут важна ня столькі гульня, колькі “зоркавасьць” як кічава-гандлёвая прыкмета. Акцэнты ў творы перастаўленыя, і зьяўленьне Хлестакова ёсьць зьяўленьнем і зьявішчам шчасьця (!). Прыклад больш радыкальнага кічу — навагоднія “Вечары на хутары ля Дзіканькі”: вульгарныя, багата-безгустоўныя (расейскія зоркі ізноў камплектам).

Але, бадай, сама нахабны “экранізаваны” кіч, які я калісьці бачыў — гэта кліп гурту “Рускі памер”. Відэакліп “Вось так” распавядае кароткую гісторыю “Ганны Карэнінай” (як яна ўяўляецца школьніцам з фальшывымі завушніцамі). Пекна-вульгарны Вронскі, ахопленая юрам (і роспаччу) Карэніна — цягнік-забойца; касьцюмчыкі ХІХ ст. (Але ў касьцюмы заціснутыя героі моладзевай тусоўкі — малпы ў арыстакратычных фраках глядзеліся б натуральней).

Паўтор (рэмэйк) фільму Жана-Люка Гадара “На апошнім подыху”, перанесены на амэрыканскую глебу ў 1983 г., таксама стаўся кічам; ён ня здолеў схапіць зусім ня кічавай атмасфэры першакрыніцы.

Сучаснае расейскае кіно перанасычанае кічам і не хавае сваіх гандлёва-прэстыжных інтэнцыяў. Так, “Начны дазор” і “Дзённы дазор” — гэта набор статусных брэндаў, а то й непрыхаваная рэкляма.

Дзеля справядлівасьці, варта адзначыць, што ў заходнім кіно падобныя кіч-тавары выкарыстоўваліся раней. Так, са зьдзіўленьнем (і замілаваньнем) можна глядзець на “раньніх” Джэймзаў Бондаў, дзе ўсё прэстыжнае, моднае, статуснае, але паводле ўзросту з моды ўжо даўно выйшла.

5. Апраўданьне кічу

Але не хацелася б, каб да кічу вы ставіліся выключна адмоўна. Так, “Дракула” (1992) Фрэнсіса Форда Копалы — гэта трыюмф кічу. Сьвята кічу — гэта шыкоўныя касьцюмы, адмысловыя эфэкты, сьлёзы, жахі, прыгоды, эротыка — у неабходных камэрцыйных дозах. Але разам з тым гэта высокае й якаснае кіно з наўмыснымі цытатамі, спасылкамі і гульнёю з масавымі відовішчамі.

Яшчэ большы гнеў тых, хто змагаецца з кічам, выклікалі б фільмы Марыё Бавы (аднаго з маіх найлюбімейшых рэжысэраў). Gialli — італьянскія маньячнікі — Марыё Бавы: “Шэсьць жанчын для забойцы” (1964), “Сякера да мядовага месяца” (1970) — маюць справу з модай, глямурам, вытанчанымі прэстыжнымі вобразамі. Дзеяньне адбываецца ў статусных модных дамах, рэжысэр гуляе з колерамі. Паглядзеце, як ён расквечвае кадры чырвоным, зялёным, сінім! І гэта, безумоўна, кіч. Але за паверхняй глямуру хаваецца бездань. Кічавыя прыгажуні становяцца ахвярамі маньяка бяз твару (і гэта сталы вобраз gialli). Падобнымі кічавымі наваротамі вылучаюцца й фільмы Дарыё Арджэнта. (Параўнайце стужку “Tenebrae” (1982) з gialli Бавы!)

У апраўданьне кічу трэба дадаць і наступнае: хто сказаў, што “высокае” кіно першаснае? Чаму тыражаваньне — загана? У сэрцы кічу дзьве тайны. Першая — масавасьць, здольнасьць тыражаваньня. Другая — сантымэнты, эмоцыя, шчырае й наіўнае замілаваньне. Гэтае наіўнае замілаваньне робіцца асабліва бачным тады, калі эпоха — разам з пэўным разуменнем таго, што лічылася прэстыжным, разам са статусамі, модай — сышла. Тады застаецца адна эмоцыя — наіўная і безабаронная. Стары кіч, пазбаўлены ўлады — гэта чалавечае, занадта чалавечае. І як зазначыў Мілан Кундэра: “Ніхто з нас не зьяўляецца звышчалавекам, каб цалкам пазьбегнуць кічу. І як бы мы ня грэбавалі кічам, ён неаддзелены ад чалавечае долі”.

III. Малімоньне (Camp)

Сучасным варыянтам кічу (нэакічам) почасту называюць і малімоньне (ангельскае “Camp”). Калі кіч скіраваны на нарматыўнае і “прыгожае”, то малімоньне — гэта нешта экзатычнае, вычварнае, маргінальнае — не нарматыўна-статуснае, а эксцэнтрычна-прыватнае і напышлівае. Гэта своеасаблівая пачуцьцёвасьць, выкшталцона-вычварны густ.

1. Ангельскае “Camp”, ці “малімоньне” па-беларуску

Ангельскі тэрмін “camp”, які па-расейску гучыць як “кэмп” — на беларускую мову ідэальна перакладаецца як “малімоньне”.

Слоўнікі падаюць наступныя значэньні “сamp” [Першым перакладам ідзе “лягер”, але нам важныя іншыя адценьні слова.]: а) вульгарнасьць, прэтэнцыйнасьць — у дызайне, адзеньні, паводзінах, не абавязкова як вынік благога густу, а як сьвядомая мэта; б) манернасьць, афэктацыя; в) наіўнасьць, старамоднасьць, рэтра; г) правакацыйная гомасэксуальнасьць, падкрэсьленая жанчынападобнасьць; д) тэатральнасьць; е) празьмерная эмацыйнасьць; ж) крыўлянства [CD-слоўнік ABBYY Lingvo 10].

У беларуска-расейскім слоўніку Ян Станкевіч дае цэлы набор словаў, якія дакладна адпавядаюць ангельскаму “camp”: “малімонікі” — слодычы для дзетак, песты; “малімоніцца” — песьціцца, цырымоніцца, фанабэрыцца; “малімонічаць” — быць пераборлівым у ежы, капрызьлівым; “малімонны” — фанабэрысты, цырымонны; “малімонік” — пераборлівы, што да смачнага; “малімонка” — жанчына, пераборлівая ў ежы, цырымонная альбо фанабэрыстая [Станкевич Я. Белорусско-русский (Великолитовско-русский) словарь. Нью-Йорк, (б.д.). С. 671—672]. Так што для перакладу ангельскага “camp” можна прапанаваць “малімоньне”. “Campy movie” — малімонны фільм, малімонікі. Роўна як малімонікі — усялякія кэмпавыя штучкі, дробныя выбрыкі.

2. Прыкметы й прыклады малімоньня

Упершыню панятак “малімоньне” ўвёў у шырокі ўжытак Крыстафэр Ішэрвуд у рамане 1954 г. “Сьвет увечары”: “Нізкае малімоньне” — гэта жаноцкі хлапчыска з абясколеранымі валасамі, у вялікім капелюшы са страўсінымі пёрамі, які спрабуе пераймаць Марлен Дытрых. Так, у пэўных колах гэта называецца малімоньне, але гэта зусім сапсаваная форма… Высокае малімоньне — гэта нешта больш існае. Гэта, напрыклад, увесь эмацыйны фон балету і, безумоўна, барока. Разумееш, у малімоньня вельмі сур’ёзная аснова. Нельга назваць малімоньнем тое, да чаго ты ня ставісься сур’ёзна” [Цыт. паводле: Шаталов А. …Мы есть цветы // Новое время. № 20. 19 мая 2002]

Адылі тэрмін падхапіла Сьюзан Зонтаг, якая прысьвяціла яму цэлы артыкул: “Нататкі пра малімоньне”. Малімоньне — гэта опэры Бэліні, “Лебядзінае возера”, архітэктура Гаўдзі, графіка Обры Бэрдсьлея, старыя коміксы пра Флэша Гордана, жаночае адзеньне 1920-х гг.

Намёкі на малімоньне заўважныя ў маньерызьме і ў творчасьці прэрафаэлітаў, але ў ХХ ст. малімоньне хаваецца ў масавым — эксцэнтрычна-прыватным, афэктаваным і штампаваным. Гэта “шампанскае”, “матацыкл”, “маноклі”, “какаін”, “сонечныя акуляры”; манерныя капелюшы і маляўнічая празьмернасьць.

Падкрэсьленая штучнасьць і афэктацыя — характэрныя рысы малімоньня. “Малімоньне — гэта любоў да ненатуральнага: да штучнага і перабольшанага”, — тлумачыць Зонтаг. Але гэтае перабольшаньне не стварае адмысловай сыстэмы, яно заўжды на прыватнай пэрыфэрыі. Малімоньне выкшталцона-вычварнае, плюгавае й вытанчанае адначасова. Гэта празьмерная інтанацыйнасьць цытацыі: не лямпа, а “лямпа”, не жанчына, а “жанчына”. Гэта эстэцтва Оскара Ўайлда і Жана Както, празьмернае да вульгарнасьці.

Малімоньне — гендэрна-дзівацкае, гомасэксуальнае, травэстыйнае і транссэксуальнае; гэта пачуцьцёвасьць і дзівацтвы “drug-gueen” — каралеў-мужчынаў, пераапранутых жанчынамі — і адначасова гэта празьмерная, выстаўленая на паказ, гетэрасэксуальнасьць. Гэта пачуцьцёвасьць геяў [Параўнайце гей-маніфэст з артыкулам Зонтаг: Харитонов Е. Листовка // Харитонов Е. Слезы на цветах. Кн.1. Москва, 1993], пададзеная й для гетэрасэксуалаў. І андрагін, і сэкс-бомба ёсьць вобразами малімоньня. Аграмадныя грудзі Памэлы Андэрсан і эстэцкі андрагінізм князя Фэлікса Юсупава — гэта два полюсы аднаго малімоньня.

3. Пэрсанажы-малімонкі

Культавыя пэрсанажы-малімонкі — гэта сэксапільная Джына Лалабрыджыда і андрагінная Грэта Гарба, Габрыель Д’Анунцыа і Рудальф Валянціна, халодная лесьбійка Ала Назімава і хрыплая бісэксуалка Марлен Дытрых (у мужчынскім касьцюме). Гэта Валеры Лявонцьеў у стракатых штоніках, якія шчыльна аблягаюць ногі і Пэдра Альмадовар у зялёнай кашулі й малінавым пінжаку (я не кажу ўжо пра літаратурную двайнічку Альмадовара — Паці Дыфусу; а альмадовараўскія фільмы — гэта ўвогуле асобная гутарка).

Найяскравешы малімонік — Раман Вікцюк з развагамі пра эстэцтва ў тэатры і ягоныя любыя пэрсанажы: нафарбаваныя служанкі-мужчыны, опэрная дзіва ў выкананьні Эрыка Курмангаліева, хлопец, закаханы ў старую.

Вытанчана-бісэксуальны Дэйвід Боўі і дэманічна-эстэцкі Уда Кір таксама ёсьць малімонікамі.

Безумоўнаю зоркаю-малімонкаю зьяўляецца Ала Пугачова, гэта высокае малімоньне, напышліва-эмацыйнае, культавае, празьмернае. Саступае ёй, але ўваходзіць у кагорту, былы муж — Філіп Кіркораў. А “позьняя” Верка Сярдзючка з залатымі й фіялетавымі касьцюмамі, стракатымі фальшывымі камянямі і цукерна-аголенымі анёламі ў падтанцоўках — гэта вульгарнае, нізкае малімоньне, якое з кожным разам набывае ўсё большую вагу — і ўсё большы, вышэйшы статус. На прыкладзе дзьвюх апошніх “дзіваў” добра бачнае адрозьненьне паміж малімоньнем і кічам. Кіч — нарматыўна-“прыгожы”, уладарны. Малімоньне — празьмерна-прыватнае, сур’ёзнае, але неабавязковае. Малімоньне — гэта кіч для прыватнай, асобнай, вузкай, “зашыфраванай” групоўкі.

Калі кіч патрабуе перайманьня, пераносу кічавае эстэтыкі ў жыцьцё, то малімоньне — эксцэнтрычнае, яго пераймаць цяжка. Альбо таму, што яно “звышзоркавае”, хрыпата-эмацыйнае, бурліва-сэксапільнае, што наўмысна перавышае паспалітую норму (Ала Пугачова). Альбо таму, што гэта падкрэсьленая й бульварная травэстацыя. Верка Сярдзючка ня ёсьць аўтэнтычнай “Веркаю” — з аграмаднымі грудзямі й напамажаная; гэта загрымаваны актор Андрэй Данілка ў вобразе Веркі Сярдзючкі. (І як з травэсты рабіць жыцьцё!)

Паказальна, што малімонныя сэкс-бомбы становяцца зоркамі гей-супольнасьці: сэксуальная драпежніца амэрыканка Мэй Ўэст і Ала Пугачова прызнаныя “каралевамі” геяў. Так што андрагіннасьць, травэстацыя і звышсэксуальнасьць ёсьць пачуцьцёвасьцю малімоньня.

Але таксама цікава, што Сьюзан Зонтаг прыводзіць у якасьці прыкладу малімоннай эстэтыкі прамовы й выступы… Шарля дэ Голя, якога ніколі не заўважалі ў “падазроных” колах.

На ролю беларускіх малімонікаў (малімонаў) справядліва прэтэндуюць: тэлевізійны аўтар Алег Лукашэвіч з культураю ад куцюр і Адам Глёбус, сябра юрлівых дамавікоў.

4. Кіна-малімоньне

У кіно малімоньне праяўляе сябе, як а) забыты кіч, b) малімоньне эстэцтва і c) дзівацтвы сэксу.

а) Забыты кіч

Я ўжо казаў, што калі сыходзіць эпоха, яе кіч становіцца безабаронным, пазбаўленым улады — дзівацкім і маргінальным. Часам гэты колішні кіч становіцца малімоньнем. Паглядзеце на зорак нямога кіно: Франчэстку Бэртыні, Глорыю Свэнсан. Так сёньня не апранаюцца і так сёньня не спакушаюць. Гэта малімоньне — урачыстасьці забытага кічу.

Але й забыты кіч неаднародны. Некаторыя старыя пэрсанажы й стужкі болей пасуюць для малімоньня. Калі яны з самага пачатку былі дэкадэнцкія, няправільныя, празьмерныя, то шанцаў стаць малімоньнем сёньня ў іх куды болей.

Кінавампы Тэда Бара й Пола Нэгры выдатна ўлучаныя ў сёньняшнее малімоньне — таму што ад пачатку яны былі празьмерна-спакушальнымі, наўмыснымі, прэтэнцыйнымі. Абсалютная клясыка малімоньня — гэта “Кінг Конг” 1930-х гадоў Шодсака й Купэра. Паглядзіце на гэты неабавязковы й сэксуальна-падрыўны сюжэт: бляндынка й малпа; экзатычная выспа, туземцы. Вось эпізод, калі гераіня прывязаная да слупа — зараз прыйдзе Кінг Конг. Колькі крыку, колькі празьмернасьці, і — зьвярніце ўвагу — якія касьцюмы, якая прычоска: гэта прыгажосьць, “прыгажосьцевасьць” для пэўнай групы, для вузкай групы — для малпы…

Фільм насычаны аўрай празьмернасьці: дэкарацыі, сукенкі, сам гігантызм. Малімоньне тут ня ўзор перайманьня (якая дзяўчына пасьля гэтага фільму паедзе лавіць у лясох каханую малпу!), але асалода экзотыкі. Дзівацтва, вульгарнасьць (Кінг Конг) і вытанчанасьць (бляндынка) адначасова. “Кінг Конг” 1970-х і тым болей “Кінг Конг” 2000-х не настолькі замалімоненыя, бо яны ёсьць мэйнстрымам; малімоньне ж заўжды збоку.

b) Малімоньне эстэцтва (Ж.Както, А.Роам, В.Вінаградаў)

Малімоньне эстэцтва празьмернае ў сваёй “мастацкасьці”, яно перанасычанае культурнымі кодамі, дэкарацыямі, касьцюмамі “ад куцюр”, гэта антыкварная крама і сьвята неабавязковых спасылак. Узорным малімоньнем зьяўляецца творчасьць Жана Както: ягоныя п’есы, малюнкі і асабліва фільмы. Карціны “Прыгажуня і пачвара”, “Арфэй” і “Запавет Арфэя” неверагодныя ў сваім дэкарацыйным афармленьні, грыме. Гэта ня казкі і не легенды — гэта эстэцкія мэдытацыі над казкамі й легендамі.

Пачвара (загрымаваны палюбоўнік Както Жан Марэ) апрануты ў шыкоўны камзол зь неверагоднымі карункамі, статуі ў палацы ажываюць і падаюць ежу, Сьмерць носіць чорныя пальчаткі й закаханая ў Арфэя, дэманы апраметнай — матацыклісты. Кінамалімоньне Както казачна-рэальнае, але перанасычанае дзівацкаю — малімоннаю — пекнатой, яно знаходзіцца наўзбоч ад францускага мэйнстрыму.

Блізкая эстэтыка праяўляецца і ў асобных творах Сяргея Параджанава, я маю на ўвазе перш-наперш ягоны “Ашык Керыб” (1990) паводле Лермантава. Каляж усходняе прыгажосьці, празьмернасьць, заантыквараная ў стракатасьцях пачуцьцёвасьць. Але хаця Параджанаў і быў схільны да малімоньня, асабліва ў сваіх каляжах, ягоныя авангардовыя творы ўлучаныя ў “генэральную лінію” кінаразьвіцьця; трыюмф малімоньня ў яго прарываецца толькі часам.

Амаль цалкам малімонная творчасьць Абрама Роама. Абрам Роам нарадзіўся ў Вільні ў 1894 г. У 1920-я гг. яго імя згадвалася разам з імёнамі Эйзэнштэйна, Пудоўкіна, Вертава і Куляшова. Творы Роама перанасычаныя “клясыкай” — мастацкай, архітэктурнай, дэкарацыйнай і літаратурнай (Роам шмат экранізаваў). Атмасфэра ягоных фільмаў вытанчаная, двухсэнсоўная, эратычная.

Менавіта эстэцкая празьмернасьць прывяла да забароны карціны “Суворы юнак” (1936) — іншыя назвы “Камісар побыту”, “Чароўны камсамолец” (!). Здаецца, фільм — камуністычна-кананічны: партрэтаў Сталіна ў стужцы даволі, але твор занадта майстэрскі, вытанчаны; мастацтва тут асобная, ідэальная, самадастатковая сфэра. Карціна была названая “ідэалягічна шкоднай, фармалістычнай, незразумелай”, хаця падрыўным быў ня столькі сюжэт, складзены Юр’ем Алешам, колькі малімонная эстэтыка.

У экранізацыях паводле расейскай клясыкі “Гранатавы бранзалет” (1964), “Кветкі запозьненыя” (1969) і “Дачасны чалавек” (1971) малімоньне ў дэкарацыйнай вытанчанасьці, пачуцьцёвасьці і пекнай штучнасьці.

Паглядзіце ўрывак зь нямой стужкі “Трэцяя Мяшчанская” (1927) (іншая назва “Каханьне ўтрох” (!). Дэкарацыі з коцікамі на палічках кічавыя (дэкаратар — Сяргей Юткевіч), але гэта ня кіч. Ракурсы, цені… Нарэшце сама гісторыя далёка ня ўзор для кічавага перайманьня. Гераіня не хавае палюбоўніка ад мужа, а жыве разам з абодвума. Але калі мужчыны патрабуюць ад яе спарону, яна пакідае і мужа, і палюбоўніка.

Малімоннае эстэцтва выклікала шок і ў Беларусі. Так аўтар Валянцін Вінаградаў быў папросту пракляты за фільм “Лісты да жывых” (1964) і асабліва за стужку “Ўсходні калідор” (1966). Вось што пісалі тагачасныя крытыкі пра фільм “Усходні калідор”: “Кантраст наўмысны. Кантраст эфэктна абстаўлены: вострымі мізансцэнамі, рэзкімі жэстамі, затароможаным дзеяньнем у кадры… Тое, што толькі праглядвала ў асобных сцэнах “Лістоў да жывых”: манернасьць, вычварнасьць, халоднае эстэцтва — тут выявілася ў поўнай меры… У выніку фільм не выконвае асноўную функцыю ідэйна-эстэтычнага выхаваньня гледачоў…

Сярод паказаных у Кішынёве карцінаў адна… “Усходні калідор”… была адзінагалосна прызнаная антымастацкай зьявай і выведзеная журы з твораў, што абмяркоўваліся…” [Все белорусские фильмы. Т. 1. Игровое кино (1926—1970). Минск, 1996. С. 188].

Малімоньне, сапраўды, нікога не зьбіраецца выхоўваць — гэта самадастатковы экзатычны сьвет. “Падпольніцка-партызанская” гісторыя, зробленая ў эстэтыцы малімоньня, ролю вайсковай мабілізацыі не выконвала. Гэта быў эстэтычны падрыў сацыялістычнага рэалізму.

Можаце паглядзець авангардовую апрацоўку вінаградаўскага малімоньня ў фільме Андрэя Кудзіненкі “Сны В.В.” (1998). Малімоньне як ілюзія, як чыстае кіно, як адасобленая і вычварная пекната.

c) Дзівацтвы сэксу

Сэксуальная празьмернасць ці сэксуальная травэстацыя — бадай, самая важная крыніца кінамалімоньня.

Карціны Джозэфа Штэрнберга з Марлен Дытрых “Марока” (1930), “Шанхайскі экспрэс” (1932), “Бялявая Вэнэра” (1932), “Д’ябал — гэта жанчына” (1935) — малімоньне са звышсэксуальнаю зоркаю.

“У джазе толькі дзяўчаты” (1959) Білі Ўайлдэра — травэстыйная камэдыя з Мэрылін Манро, Джэкам Леманам і Тоні Керцісам. Але арыгінальная назва “Некаторыя любяць пагарачэй” больш адпавядае малімоннай эстэтыцы кінастужкі.

Суцэльны выбух малімоньня — творчасьць Пэдра Альмадовара, асабліва раньнія ягоныя фільмы. “Закон жаданьня”, “Матадор”, “Лябірынты жарсьцяў”, “Кіка”, “Жанчына на мяжы нэрвовага зрыву” (дзе цытуецца п’еса Както!). Гераіня “Кікі” ніяк ня можа абраць пісьменьніка ці яго сына — і сьпіць з абодвума (!). Яе служанка — лесьбійка, закаханая ў гаспадыню. Брат лесьбійкі — крымінальнік-парназорка, які ўцёк з турмы й гвалтуе Кіку й г. д. Будуць яшчэ маньякі, сэкс у жывым этэры і ажыўленьні. Колеры постмадэрновыя, каб у вочы кідалася. Усё крыкліва-важнае, як кіч — але героі й сытуацыі маргінальныя, менавіта таму эстэтыка Альмадовара — малімоньне.

Але я хацеў бы прывесьці прыклад дзьвюх карцінаў, дзе малімоньне сталася абсалютным эталёнам — і, у сваіх краінах — культам. Гэтыя стужкі, створаныя ў 1970-ы гг., у эпоху росквіту геданізму. Брытанскае “Кіно пра Рокі Хорара” (1975) Джыма Шэрмана распавядае, як сямейная пара трапіла ў палац, дзе доктар з транссэксуальнай плянэты стварае сабе палюбоўніка. Усе сьпяваюць, спакушаюць адно аднаго і абсалютна шалеюць. Зьвярніце ўвагу на касьцюмы й колеры — яскрава манерныя. Песенка пра Транссэксуалію-Трансыльванію. Сэксуальныя й пачуцьцёвыя дачыненьні самыя дзівацкія — гейскія, травэстыйныя. Адзеньне, падвязкі і хусткі адпаведныя. Карціна — аб’ект пакланеньня ў Брытаніі і Злучаных Штатах.

Іншая карціна малімонная ня ў меншай ступені. І ўсе мы яе добра ведаем. “Вітаю, я ваша цёця!” Віктара Цітова. Так, штучнасьць, тэатральнасьць, празьмернасьць, эксцэнтрычнасьць, манерныя фразачкі пра “дзікіх малпаў” і Калягін як “цётка Чарлі” — самае ўзорнае савецкае малімоньне. Усе прыкметы малімоньня сышліся ў гэтай карціне. Стужка — суцэльныя малімонікі.

5. Ад малімоньня да трэшу

Адзін з дэвізаў малімоньня: “Гэта так кепска, што ажно хораша!” збліжае малімоньне з самай нізавой зьяваю — трэшам. Дэвіз трэшу таксама: “Так кепска, што ажно хораша!” Многія ставяць знак роўнасьці паміж малімоньнем і сьмецьцем, раглядаюць іх як сынонімы. Я не рабіў бы такога атаясамліваньня, хаця аддзяліць малімоньне ад іншых зьяваў почасту немагчыма — ці даволі складана.

Чым зьяўляюцца стужкі Раса Мэйера? Гэта ня кіч, бо ўсё празьмернае, грудастае, звышсэксапільнае. Вазьмеце ягоную стужку “Хутчэй кіска… забі, забі!”. Гераіні зь неверагоднымі грудзямі, гвалт, сэкс і вытанчаная культура кадру. Гэта малімоньне. Але што далей? Карціна “Супэрмэгеры”, “Даліна супэрмэгераў” — здаецца, і малімоньне, але празьмернасьць і энэргетыка настолькі нахабныя, што мы ўжо выходзім па-за межы малімоньня. Малімоньне празьмернае, але маргінальна-прыватнае, як кіч вузкіх групаў. Калі павялічваць дозу і не зважаць на майстэрства, мы выйдзем у зону трэшу й эксплюатацыйнага кіно.

Але гэта тэма наступнае лекцыі.

Дадатак

МАЛІМОНЬНЕ (Camp)

Жан Както. “Прыгажуня і пачвара”, кадар зь фільму

Афіша “Прыгажуні і пачвары”.

 

Малюнкі Обры Бэрдсьлея

МАЛІМОНКІ

Дэвід Боўі

Дэвід Боўі

Ала Пугачова

Ала Пугачова

Верка Сярдзючка

Верка Сярдзючка

 

Літаратура:

1. Лексикон нонклассики. Художественно-эстетическая культура ХХ века / Под ред. В.В.Бычкова. Москва, 2003.
У Сеціве: http://yanko.lib.ru/books/aesthetica/buchkov-estetika-lexicon.htm

2. Кундера М. Невыносимая легкость бытия. Москва, 2002. (Гл.: Часть шестая. “Великий поход”)

3. Карцева Е. Кич, или Торжество пошлости. Москва, 1977.

4. Moles A.Le Kitsch, L’art du bonheur. Paris, 1971.

5. Зонтаг С. Заметки о кэмпе // Мысль как страсть. Москва, 1997.
У Сеціве: http://www.volunteering.org.ua/wordstown/Library.html

6. Шаталов А. …Мы есть цветы // Новое время. №20. 19 мая 2002.
У Сеціве: http://www.newtimes.ru/artical.asp?n=2947&art_id=2481

7. Харитонов Е. Листовка. // Харитонов Е. Слёзы на цветах. Кн. 1. Москва, 1993.

8. Kitsch: The World of Bad Taste / Ed. G. Dorfles. N.Y., 1969.

9. Барт Р. Избранные работы. Семиотика. Поэтика. Москва, 1989.
У Сеціве: http://yanko.lib.ru/books/cultur/bart-mythologies.htm

10. Маркулан Я. Зарубежный кинодетектив. Ленингад, 1975.

11. Станкевич Я. Белорусско-русский (Великолитовско-русский) словарь. Нью-Йорк, [б. д.].

12. Все белорусские фильмы. Т. 1. Игровое кино (1926—1970). Минск, 1996.

You may also like...