Андрэй ШУМАН. Лекцыі, прысвечаныя яўрэям і іўдаізму (лекцыі 1—3)

Лекцыя 1.

План:
1. Праблемы вывучэння беларускай гісторыі
2. Габрэі ў Вялікім Княстве Літоўскім
3. Габрэі ў Беларусі
4. Уплыў ідыш на беларускую мову
5. Славянскія ўплывы на габрэйскі фальклор
6. Габрэі ў Беларусі на пачатку ХХ ст.

1. Праблемы вывучэння беларускай гісторыі

У расейскіх правінцыйных колах апошнім часам вельмі актыўна абмяркоўваецца тэма славянскага (дакладней — “великоросского”) адраджэння, цэнтрам якога мусіла б стацца Беларусь. Пры тым, прэзідэнта А. Лукашэнку почасту бачаць кандыдатам на ролю збаўцы ад “бусурман” і ўвогуле ўсяго іншаземнага — гэтакім сучасным “Рычардам Львінае Сэрца”, які ачоліць крыжовы паход супраць “амерыканізацыі”, “макдоналізацыі”, “панавання габрэяў” ды іншага. Гэткія спадзяванні вынікаюць найперш з варункаў дамінавання ў Беларусі сацыяльна арыентаванай эканомікі (чаго якраз не стае Расеі з яе алігархамі), па-другое ж, — з тае акалічнасці, што Прэзідэнт Беларусі практычна не карыстаецца нацыянальнай мовай, аддаючы перавагу мове расейскай, а таму й прымаецца ў суседняй краіне за расейца. Падобная сітуацыя была б немагчымай нідзе ў свеце. Але гаворка цяпер не пра гэта.

Ува ўсіх чаканнях разгортвання славянскага адраджэння з Беларусі не ўлічваецца той факт, што беларускі этнас радыкальна розніцца ад расейскага — і паводле этнічнага субстрату і паводле менталітэту. Мусім тут удакладніць: пад этнічным субстратам разумеюцца антрапалагічныя характарыстыкі этнасу (збудова чэрапу, колер валасоў і г.д.), і па гэтых характарыстыках беларусы значна бліжэй да заходніх славян і літоўцаў, чым да рускіх, а палешукі (карэнныя жыхары Палесся) — да ўкраінцаў. Што тычыцца менталітэту, дык насуперак “русской бесшобашности” і рызыканцкаму “авось” у беларусаў паўстаюць бязмерная цярплівасць і асцярожнасць.

Гістарычныя і культурныя адрозненні беларусаў і рускіх добра заўважныя. Бадай, мала хто з расейцаў здагадваецца, што на лексіку беларускай мовы вельмі істотны ўплыў сваім часам зрабіў ідыш — мова ашкеназскіх габрэяў (сюрпрыз для расейскіх антысемітаў) — і што беларуская літаратурная мова, сфармаваная напрыканцы 19 — пачатку 20 стст., куды бліжэйшая да польскай, чым да расейскай. На жаль, беларусаў да гэтай пары ўспрымаюць у Расеі дастаткова суб’ектыўна — як адну з правінцыйных плыняў расейскай нацыі. Шмат хто з расейскіх палітолагаў нават лічаць расейцаў і беларусаў за адзін народ, і незалежнасць Беларусі падаецца ім нейкім гістарычным казусам, ад якога належыць як мага хутчэй збавіцца.

У Беларусі пакуль не сфармавалася нацыянальная эліта, якая адчувала б уласную гістарычную ўкарэненасць і адказнасць за пераемнасць векавой традыцыйнай культуры. Малаўжывальная пакуль у элітарных колах і беларуская мова. А памяць пра мінуўшчыну застыгла недзе ў каардынатах Другой усясветнай вайны і наступных за ёю падзей. Ствараецца ўражанне, што да памянёнай вайны беларусаў не было зусім. Акадэмічны курс “Другая ўсясветная вайна” — абавязковы для ўсіх ВНУ краіны — афіцыйна ўціскае фармаванне і развіццё беларускай ідэнтычнасці ў надзвычай кароткі тэрмін — усяго толькі нейкіх 60 год [Такая гістарычная памяць фактычна ахоплівае жыццё адно трох пакаленняў. Таму цяперашняя моладзь не мае крыніц усведамлянай гістарычнай пераемнасці, акрамя спамінаў сваіх бабуль і дзядуль.].

Усё гэта насамрэч ёсць доўжаннем БССРаўскай сітуацыі, калі пра культурную гісторыю беларусаў да г.зв. Кастрычніцкай рэвалюцыі наагул і не згадвалася. Да прыкладу, у Беларускай савецкай энцыклапедыі складана знайсці які-кольвек прыкметны факт ці хоць бы напамін пра слынную асобу да падзей Кастрычніцкай рэвалюцыі. Гэтак і цяпер — беларускую гісторыю зноў свядома звужаюць. Няведанне ж гісторыі — згубнае для культурнай ідэнтычнасці…

Гэтая лекцыя прысвечана толькі аднаму з аспектаў беларускай гісторыі — больш чым шасцісотгадовай прысутнасці ў ёй габрэйскага народу, што аказала неадменны ўплыў на культуру карэннай нацыі. Каб засведчыць апошняе, пачнём ад з’яўлення габрэяў на Беларусі.

2. Габрэі ў Вялікім Княстве Літоўскім

Адным з першых юрыдычных дакументаў, што рэгламентавалі жыццё габрэйскай абшчыны на беларускіх землях, быў прывілей князя Гарадзенскага і Трокскага Вітаўта, выдадзены берасцейскім габрэям 24 чэрвеня 1388 г. у Луцку. Гэтым прывілеем усталёўваліся юрыдычныя нормы адносна ўмоў пражывання габрэяў у Вялікім Княстве Літоўскім: гарантавалася недатыкальнасць асобы і свабода веравызнання і набажэнстваў; паводле дэкрэтаў рымскіх пап забаранялася абвінавачваць габрэяў за нібыта ўжыванне крыві хрысціян у рытуальных мэтах; габрэям дазвалялася набываць рухомую і нерухомую маёмасць. Па многіх юрыдычных пунктах габрэйскае насельніцтва ўроўнівалася ў правах з саслоўем шляхты. Прыкладам, забойства габрэя хрысціянінам выклікала гэткія ж карныя наступствы, як і загуба шляхціча.

Другі прывілей Вітаўта, выдадзены гарадзенскім габрэям 18 чэрвеня 1389 г., рэгламентаваў жыццё габрэйскай абшчыны. Паводле гэтага дакументу сінагога і габрэйскія могілкі былі вызвалены ад падаткаў.

Варта зважыць: у ХІV ст. прывілеі Вітаўта аказаліся самымі талерантнымі з усіх юрыдычных дакументаў, выдаваных габрэям у Еўропе: менавіта ў Вялікім Княстве Літоўскім ім гарантавалася значна болей правоў і свабод, чым у якой іншай еўрапейскай краіне. Гэткім чынам князь Вітаўт свядома імкнуўся прывабіць у краіну новых габрэяў — з мэтай пашырэння і ўмацавання тады яшчэ вельмі нязначнага гандлёвага саслоўя краіны. І ад часу княжання Вітаўта габрэйскае насельніцтва ВКЛ паслядоўна павялічвалася.

Прывілеі Вітаўта стварылі юрыдычны прэцэдэнт, пасля якога ўсе законы Вялікага Княства Літоўскага сталі вызначацца асаблівай талерантнасцю адносна габрэйскага насельніцтва — па многіх юрыдычных пунктах габрэі уроўніваліся з шляхтай. У якасці ілюстрацыі прыгадаем толькі адзін фрагмент з Статуту ВКЛ 1588 г.:

Роздел дванадцатый. Артыкул 7. О головщинах и навезках жидовских. Гды бы жид жида на смерть забил, ранил або избил, тогды о том суд и сказанье промежку них маеть быти чинено водлуг прав и привильев их. А естли бы шляхтич забил жида, а был бы пойман на горячом учинку, тогды маеть горлом быти каран, але вжо головщина плачона не будеть. А так же се маеть разумети и о розбою, а шкоды при забитью албо розбои вделаные в маетности того забойцы або разбойника за доводом плачоны быти мають. Гды бы шляхтич водлуг артыкулов вышшых в сем статуте описаных, поконан в том был, также и о неоселой шляхте, которые никому не служачи, а толко костырством а пъянством бавятся, а таковый учинок пополнили, иж таковой же вине, яко и тые, которые на горячом учинку будуть поймани, подлегають. А если бы который шляхтич неумысльне с пригоды таковы учинок пополнивши утек, тот, будучи з оселости до суду належного позван, за переводом правным того такого учинку горла не тратить, але гды присягнеть, иж неумысльне забил, толко головщину, а за раны навезку за доводом правным яко шляхтичу платити маеть. А где бы се тое забойство жиду от християнина стану простого чоловека стало, тот, хотя бы на горячом учинку не был пойман, але до права своего, под которым седети будеть, притягнен будучи, за переводом правным горлом каран быти маеть. А естли бы ранил так, ижбы раны значные и шкодливые битые або крвавые были, тогды за то навезку маеть платити яко шляхтичу водле статуту. А если бы тот был так убогий, ижбы не мел чим навезки платити, тогды за то везеньем каран быти маеть водле их привилья, а барверу предсе за лекарство заплатити. А за менший бой так же седеньем через колько дней водле узнанья врядового каран быти маеть. А естли бы на члонку котором охромен был, тогды то водле сего статуту сужоно маеть, яко о навезках описано ест. А в инших речах они водлуг привильев своих сужоны и захованы быти мають, а сами жидове, гды в чом от кого обвинены будуть — от воевод, старост и державец наших и от инших станов, которые з них под чиею владзою будеть без позву, яко иншие подданые наши, тые, которые вольности шляхетское не вживають, сужоны и сказованы быти мають водлуг прав и привильев, им наданых. А естли бы который жид або жидовка до веры християнское приступили, тогды кождая такая особа и потомство их за шляхтича почитаны быти мають”.

З часоў прывілеяў Вітаўта габрэйскае насельніцтва беларускіх гарадоў на доўгія гады атрымала самакіраванне — КАГАЛ, які займаўся зборам падаткаў ды іншымі адміністратыўнымі пытаннямі гарадскіх габрэяў. Заўважым, што слова КАГАЛ запазычана беларускай мовай ды таксама існуе ў ёй у форме “кагалам”, што азначае “разам”, “сумесна”. Габрэйскае самакіраванне праіснавала да 1844 г., калі Расейскай каланіяльнай адміністрацыяй быў выдадзены загад аб скасаванні КАГАЛУ і падаткаабкладанні габрэяў на тых жа ўмовах, што й хрысціянскага насельніцтва. Пасля гэтага гарадскія габрэі пачалі аб’ядноўвацца ў габрэйскія таварыствы на чале са старастамі.

3. Габрэі ў Беларусі

Напрыканцы ХVІІІ ст. габрэйскае насельніцтва Беларусі было ўжо даволі шматлікім. Маюцца больш-менш дакладныя звесткі аб колькасці габрэйскага насельніцтва Рэчы Паспалітай у канцы 80-х — пачатку 90-х гг. ХVІІІ ст. Паводле польскага асветніка С.Сташыца, габрэяў налічвалася каля 800 тыс. чалавек — гэта прыкладна 6,3% ад усяго насельніцтва краіны. А згодна з дадзенымі Саламона Бенэта, габрэйскае насельніцтва складала больш як 2 млн. чалавек. За найбольш аб’ектыўныя прымаюць дадзеныя М.Бутрымовіча — пасла Сойму 1788—1792 гг. ад Пінску. Паводле ягоных падлікаў, габрэяў у Рэчы Паспалітай было прыкладна 900 тысяч. Між іншым заўважым, што на тую пару мяшчан тут жыло толькі 500 тыс. чалавек, а шляхты — 720 тысяч.

Напрыканцы ХІХ ст. у бальшыні гарадоў Беларусі не меней за 50% жыхароў былі габрэямі. Да прыкладу, габрэйскае насельніцтва Менску ў 1847 г. налічвала 12.976 чалавек, а ў 1897 г. — ужо 47.652. На тую пару гэта было 52% ад усяго насельніцтва гораду. У 1909 г. — 43,3% габрэяў, 34,8% расейцаў і 11,4% палякаў. На беларусаў прыпадаў зусім нязначны астанак. У 1941 г. Менск налічваў 53 686 чалавек габрэяў (37%).

На пачатку ХХ ст. на беларускіх землях было шмат сінагог. Да прыкладу, у Віцебску дзейнічала 77 сінагог, а ў Менску — 83. На той час гэта куды болей за колькасць цэркваў і касцёлаў Менску. Сёння такое нават складана ўявіць: нам жа здаецца, што гарадскі ландшфт беларускай сталіцы заўсёды выглядаў як праваслаўна-каталіцкі. Бо толькі асобныя з мінскіх сінагог захаваліся да гэтага часу. У адной з іх, дарэчы, цяпер месціцца Рускі тэатр імя М.Горкага. Апошняе разбурэнне былой сінагогі здзейснена не так даўно — ужо часам прэзідэнцтва А.Лукашэнкі. Нягледзячы на грамадскі супраціў, будынак габрэйскай святыні, што ўяўляў, несумнеўна, гістарычную каштоўнасць, быў знішчаны. Здавалася б, сталінскія часы бессэнсоўнага руйнавання культавых аб’ектаў даўно прамінулі. Аднак гістарычныя сведчанні прысутнасці габрэйскага народу на беларускіх землях па-ранейшаму знікаюць, і не без удзелу ўладаў.

Гарадскія габрэі пераважна займаліся гандлем і рамёствамі. Так, напрыканцы ХІХ — пачатку ХХ стст. сярод гандляроў Менску габрэяў было каля 90%, а сярод рамеснікаў — 92%. У горадзе працавалі габрэйскія камерцыйныя, культурна-асветныя і адукацыйныя ўстановы. Перадусім прыгадаем габрэйскія бібліятэкі, шпіталь, філію Таварыства асветы габрэяў у Расеі, габрэйскую рэальную вучэльню, гімназію, прагімназію, пачатковыя школы, дзве школы зубных лекараў, ТАЛМУД-ТОРУ, звыш за 30 ХЕДЭРАЎ (школ, якія давалі юдэйскую адукацыю), мужскую і жаночую рамесныя вучэльні. З ініцыятывы заможных габрэяў было створана Менскае таварыства аматараў выкшталцоных мастацтваў, гарадская бібліятэка імя А.С.Пушкіна і многія іншыя публічныя ўстановы.

Сярод усіх еўрапейскіх губерняў Расейскай імперыі толькі ў Беларусі габрэі маглі займацца земляробствам. Таму шмат дзе па вёсках побач з беларусамі жылі габрэі, а некаторыя й цалкам складаліся з габрэяў. Так, у 1842 г. сорак габрэйскіх сем’яў выкупілі невялікую вёску Шчадрын і 600 дзесяцінаў зямлі ў князя Шчадрынава на Меншчыне. Памянёнае паселішча Шчадрын было дарэшты знішчана фашыстамі ў 1942 г.

Магчымасць займацца земляробствам набліжала габрэяў да беларусаў. Верагодна, на гэтай глебе між беларусамі і габрэямі складалася традыцыя добрасуседскіх стасункаў. Так, у Беларусі не здаралася габрэйскіх пагромаў: “Ні гледзючы на цкаванне рознымі чорнасоценцамі з Масковіі нашых селян на жыдоў, наш нічога кепскаго ні рабіў жыдом. У той час, калі ў Расіі чыніліся над жыдамі пагромы і страшэнныя зьдзекі, беларускія селяне ні паддаваліся цёмнай агітацыі. Хлебаробы нашыя ні маглі рабіць кепскіх учынкаў над жыдамі, чуючы інстынктыўна ў душы штучнасьць і ніпраўдзівасьць чорнасоценных ідэй. Так выходзіло, што вялікія грошы, высыпаныя дзеля пагромнай агітацыі расійскімі ісьцінна-рускімі ўрадамі, падобна Сталыпінскому, у нашым краю, — пайшлі на нішто…Нідарма ўвосені 1917 г. на Ўсебеларускім зьездзі ў Менску прэдстаўнікі розных жыдоўскіх партый, вітаючы беларусаў, са шчырай удзячнасьцю ўспаміналі аб тым, што на Беларусі ніколі жыдоўскіх пагромаў ні было” [З.Бядуля. Жыды на Беларусі. Бытавыя штрыхі. Менск, Друкарня Я.А.Грынблята, 1918].

Сярод габрэяў вёсак і мястэчак Беларусі напрыканцы ХІХ ст. значнае распаўсюджанне атрымаў ХАСІДУС (хасідызм) — накірунак юдэйства, у якім злучаліся НІГЛЕ — экзатэрычная частка ТОРЫ, заснаваная на ТАЛМУДЗЕ, і СОД — эзатэрычная частка ТОРЫ, заснаваная на Кабале. Хасідызм быў заснаваны ў ХVІІІ ст. рабе Йісраэлем Баал Шэм Тоўам — габрэйскім святаром з Украіны. Адметнасць хасідызму ў тым, што казань для простых людзей ажыццяўляецца на зразумелай ім мове. І гэтак, шляхам сакралізацыі, пабытовая габрэйская культура займела магутную падтрымку. Нават учынкі, абсалютна нейтральныя з пазіцыі выканання ўсіх МІЦВОЙС (“габрэйскіх запаветаў”) — а іх, да слова, 613 — здабывалі глыбока сакральнае трактаванне. Дарэчы, з пазіцыі хасідызму нейтральных учынкаў не бывае — усялякае дзеянне з’яўляецца сакральным.

4. Уплыў ідыш на беларускую мову

Штодзённай мовай ашкеназскіх габрэяў [Ашкеназскія габрэі (АШКЕНАЗІМ) — частка габрэйскага этнасу, што пераважна жыла ва Ўсходняй Еўропе. Напрыканцы XIX ст. самая вялікая колькасць іх згуртавалася ў Беларусі, Польшчы ды Ўкраіне. Ёсць яшчэ сефардскія габрэі (СЕФАРДІМ), што пакінулі ў сярэднявеччы Іспанію і аселі ў араба-ісламскім свеце] быў ідыш, іншыя ягоныя назвы — іўры-тайч (“габрэйскі-нямецкі”) і мамэ-лошойн (“матчына мова”). Для хасідаў ідыш стаў адыгрываць ролю ледзь не сакральнай мовы, і шмат якія багаслоўскія працы хасідаў ствараліся імі на ідыш. Цяпер ідыш карыстаюць штодзённа пераважна ў асяродках амерыканскіх ды ізраільскіх хасідаў.

Прыкметны ўплыў зрабіў ідыш і на беларускую мову. Перадусім азначым: абсалютна ўсе словы з нямецкім коранем (а іх у беларускай мове даволі шмат) на самой справе запазычаны з мовы ідыш. Напрыклад, “цукар”, “ліхтар”, “вага” і г.д. Да таго ж, многія словы ў беларускай мове маюць старажытнагабрэйскія асновы, бо таксама некалі запазычаны з ідыш. Мала хто ведае, што беларускае слова “рух” аднакарэннае са старажытнагабрэйскім словам РУАХ (“вецер”, “рух”, “дух”), а такія беларускія словы, як “рахманы”, “рахманасць”, “рахманец” паяднаны з старажытнагабрэйскім РАХМОНЕС (“спачуванне”), РАХАМІМ (“мілажаль”), РАХАМОН (“мілажальны”), РАХАМОНІ (“жаласлівы”). У беларускай мове сустракаюцца нават галахічныя тэрміны! Так, зусім верагодна, што словы “сварка”, “свара”, “сварыцца” аднакарэнныя са старажытнагабрэйскімі словамі СОВАР (“меркаваць”) і СВОРО (іўрыт: СВАРА), якія называюць талмудычны дыспут вакол ужывання розных лагічных метадаў інтэрпрэтацыі закону.

Некаторыя словы беларускай мовы маюць надзвычай цікавую гісторыю стварэння. У Святым Пісанні праведнік паўстае пад рознымі словамі. Адно з іх — ТОМ, ТОМІМ (іўрыт: ТАМ, ТАМІМ), што значыць “цнатлівасць”, “непасрэднасць”, “праставатасць”. Першы раз у Святым Пісанні Ноах згадваецца як “ЙІШ ЦАДІК ТОМІМ”, г.зн. “мужчына цнатлівы, непасрэдны(Брэйшіт 6, 9). Бог перш чым заключыць з Аўраамам вечны саюз, кажа яму: “ВЭГЙЭЙ ТОМІМ”, “і заставайся цнатлівым” (Брэйшіт 17, 1). На ідыш-тайч слова ТАМ азначала “непасрэдны”, “праставаты”. Радзей ужывалася “тамаваты”. Як бачым, слова ТАМ часам скарыстоўвалася ў ідыш з відочна беларускім суфіксам. Хасіды для пазначэння праведнасці часта ўжывалі тэрмін ТМІМУС “цэласнасць”, “адкрытасць”.

У беларускай мове корань ТАМ (“цям”) набыў крыху іншае значэнне — “хітраваты”, “здагадлівы”. Якраз гэтыя сэнсы ўтрымліваюць у сабе словы “цямкі”, “цямлівы”, “цямкасць”.

Дарэчы, калі перакладчыкі твораў Э.Канта на ўкраінскую мову сутыкнуліся з праблемай разрознення тэрмінаў Vernunft і Verstand, урэшце было вырашана першае перакладаць як “розум”, а другое як “цяма”.

Я падаў адно некаторыя прыклады наўпроставых перайманняў з мовы ідыш. Насамрэч іх даволі шмат. Цікава адцеміць, што падобных прыкладаў мы амаль не знаходзім у расейскай мове. За выключэннем, хіба, састарэлай “блатной” лексікі кшталту “шмон” (з іўрыту перакладаецца як “восем” — час агляду камер у турмах), “фраер” (ідыш: “свабодны”), “ксіва” (іўрыт: “дакумент”) і г.д. Факты шматлікіх перайманняў з іўрыт-тайч з’яўляюцца сур’ёзным аргументам на карысць падмацавання тэзы аб цесным супрацоўніцтве габрэйскага і беларускага народаў цягам доўгага часу. У гэтай сувязі трэба адзначыць, што на ідыш беларуская мова зрабіла яшчэ большы ўплыў.

Тым часам значная частка лексікі ідыш беларускіх габрэяў была непасрэдна ўзята з беларускай мовы. А таму нават можна казаць пра існаванне беларускага дыялекту ідыш. Між тым, многія словы і з літаратурнага ідыш (такія, як “тата”, “баба”, “сцірта”, “бэз”, “хабар”, “вячэра”, “жаба”, “кат”, “шафа” і г.д.) для знаўцаў беларускай мовы не патрабуюць тлумачэння.

З беларускай мовы часта пераймаліся нават цэлыя моўныя канструкцыі. У якасці прыкладу нагадаю толькі адну габрэйскую прымаўку: “Як рэйдэле, то рэйдэле, абы добра мейнеле” [Як сказаў, так сказаў, абы добра подумаў (ідыш)].

Паміж габрэямі і беларусамі ўсталяваліся вельмі цесныя гаспадарчыя сувязі. Габрэі выконвалі ролю эканамічнага пасярэдніка — гандлявалі. А культурна ўзбагачала гэта і габрэяў і беларусаў. І не дзіва: юдаізм прадугледжвае добрыя стасункі з суседзямі. У паасобку, габрэйская сям’я магла наймаць спецыяльнага работніка ШАБЕС ГОЙ — негабрэя, які ў суботу выконваў усю хатнюю працу.

5. Славянскія ўплывы на габрэйскі фальклор

Ёсць феномены габрэйскай культуры, паўставанне якіх было магчымым адно ў беларуска-ўкраінскім арэале. Адным з такіх феноменаў паўстае культура супольных баляванняў — ФАРБРЭНГЕН. Падчас ФАРБРЭНГЕН габрэі збіраліся разам, распавядалі СІХОЙС (дыдактычныя гісторыі), выконвалі НІГУНІМ (габрэйскія песні). Такія баляванні вельмі моцна прыпадабняліся да беларускіх і нават іх культурным зместам былі габрэйскія аналагі беларускіх песен ды беларускіх гісторый. Досыць своеасаблівай з’явай габрэйскіх баляванняў быў НІГУН ОН ВЕРТЕР — песня без слоў, напавяная адно голасам.

У якасці ўзору НІГУН працытую адну з самых лірычных і мінорных песень беларускіх хасідаў:

Стаў я піці ў пятніцу, у пятніцу.

Пропіў я, пропіў сваю цяліцу.

Трэба, трэба знаці як гуляці,

Трэба, трэба знаці як брэхаці.

Ой, хешбон цэдэк[1] отдаваці,

Прад панам хазяінам отвічаці,

Ай, мы п’ем, да п’ем, да мы гуляем.

Ун мір трынкен йаін азой ві моім,

Ун мір зоген але цузамен лехаім[2],

Вейато тішма мін ашомаім[3].

Стаў я піці ў суботу, у суботу.

Пропіў я, пропіў сваю работу.

Трэба, трэба знаці як гуляці,

Трэба, трэба знаці як брэхаці.

Ой, хешбон цэдэк отдаваці,

Прад панам хазяінам атвічаці,

Ай, мы п’ем, да п’ем, да мы гуляем.

Ун мір трынкен йаін азой ві моім,

Ун мір зоген але цузамен лехаім,

Вейато тішма мін ашомаім.

[1] Каштарысы праведнасці (іўрыт).

[2] І мы п’ём віно быццам ваду, і ўсе разам кажам ЛЕХАІМ (ідыш).

[3] І Ты пачуеш з нябёс (іўрыт)

Тут варта акрэсліць, што гэтая песня мае глыбокі сакральны сэнс. Кожны тэрмін утойвае апрычонае рэлігійнае значэнне. Так, пад “цяліцей” разумеецца ЭРЭЦ ЙІСРОЭЙЛ — зямля Ізраіля. Гэтак у першай страфе аплакваецца страта зямлі абетаванай. А “работа” азначае ОВОЙДО — паслугаванне Ўсявышняму. Кожны габрэй мусіць адзначаць надыход суботы і святкаваць саму суботу. У пятніцу пасля заходу сонца і днём у суботу абавязкова робіцца КІДУШ — своеасаблівае асвячэнне віна дзеля пазнейшага ўжывання яго. Таму радкі “Стаў я піці ў суботу, у суботу. Пропіў я, пропіў сваю работу” ўтрымліваюць супярэчнасць: з аднаго боку, святочны стол у суботу ёсць выкананнем Боскага запавету, а з другога — аплакваецца немагчымасць служэння Ўсявышняму. Словы “Прад панам хазяінам атвічаці” нагадваюць, што кожны чалавек некалі будзе несці адказнасць перад Богам, але разам з тым гэтая фраза мае досыць цікавы кантэкст, бо габрэй, як і беларускі селянін, даволі часта меў крыўду і ад польскага “пана”, і ад расейскага “хазяіна”.

За ўзор мажорнай песні можна падаць наступную:

Эх ты, дурань Марко,

Што ты едзеш на ярмарку,

Не купляеш, не прадаеш,

Толькі робішь сварку.

Эй, цомо, цомо, цомо,

Цомо лехо нафшы,

Кома, кома, кома, кома,

Кома лехо весорі.

6. Габрэі ў Беларусі на пачатку ХХ ст.

Габрэі і беларусы сумесна пражывалі на гэтых землях болей за шэсць стагоддзяў, таму іх культуры нябачна перапляліся між сабой. Але ўсведамленне гэтага прыйшло надта позна. Дзеля таго спатрэбілася “беларускае адраджэнне” — рэфлексіўнае спазнанне беларусамі адметнасцяў уласнай ідэнтычнасці. Габрэі пераважна пазітыўна паставіліся да “беларускага адраджэння”, некаторыя з іх нават далучыліся да руху. Гэтак зрабіў, да прыкладу, Шмуэль Плаўнік — шырока вядомы беларускі пісьменнік Змітрок Бядуля. Нарадзіўся творца ў сям’і арандатара ў вёсцы Пасадзец Лагойскага раёну на Меншчыне, вучыўся ў ХЕДЭРЫ (габрэйскай школе) і ЙЕШЫВЕ (школе, якая рыхтавала равінаў), аднак ЙЕШЫВУ так і не скончыў. Доўгія гады Шмуэль Плаўнік быў блізкім хаўруснікам Янкі Купалы — яшчэ ад часоў “Нашай нівы”. Гэты чалавек шмат зрабіў для адраджэння беларускай культуры і станаўлення беларускай літаратурнай мовы (да таго ж, упарта змагаўся супраць зрасейшчвання беларусаў).

Першы артыкул пра “беларускае адраджэнне” на мове ідыш быў надрукаваны ў 1913 г. у часопісе “Ды Идышэ Вэлт” [Габрэйскі свет (ідыш)] у Вільні. Пасля гэтага група габрэйскіх пісьменнікаў намерылася выдаваць газету “Унзэр Гегенд” [Наша краіна (ідыш).], каб знаёміць габрэйскіх чытачоў з мясцовымі праблемамі і беларускай літаратурай. Праўда, з розных прычын справа гэтая не заладзілася. Але ў 1914 г. яны ўсё ж выдалі зборнік “Літва”, у якім змясцілі ў перакладзе на ідыш творы з беларускай і літоўскай літаратур і артыкулы пра “беларускае адраджэнне”. Да друку быў падрыхтаваны й другі зборнік “Літва” з перакладам вершаў Янкі Купалы, прозы Максіма Гарэцкага ды іншых, але ў сувязі з наступам Першай усясветнай вайны друк на габрэйскай мове (пазней — і на беларускай) быў забаронены расейскімі ўладамі, а таму выданне так і не пабачыла свету.

Пачынаючы з 1917 г., усе ўплывовыя габрэйскія арганізацыі і партыі актыўна падтрымлівалі стварэнне незалежнай беларускай дзяржавы. Але незалежнай Беларусі не было наканавана доўгае існаванне — у 1920 г. бальшавікі ўзялі ўладу ў свае рукі. Хто ведае, як яно было б у іншым выпадку. Магчыма, пазнейшая габрэйская эміграцыя з Беларусі не была б такой масавай.

Як бачым, усведамленне сумеснай спадчыны габрэяў і беларусаў не мела рэальных палітычных вынікаў. Гэтаму зашкодзіла не толькі страта незалежнай Беларусі, але й з’яўленне сіянізму, які змінімізаваў натуральныя адметнасці габрэйскіх абшчын розных краін, падрыхтаваўшы тым самым грунт для стварэння незалежнай ізраільскай дзяржавы.

У Беларусі дзейнічалі даволі моцныя арганізацыі сіяністаў. Так, у Менску яшчэ ў 1882 г. была створана група “Кіббуц нідхей Йісраэль”, галоўнай задачай якой было набыцццё земляў у Палестыне. У 1902 г. у Беларусі адбылася Агульнарасейская канферэнцыя сіяністаў, у працы якой бралі ўдзел Ахад а-Ам, Трумпельдор ды іншыя знакамітыя сіяністы. Многія ж славутыя сіянісцкія дзеячы самі паходзілі з Беларусі. Адным з іх быў стваральнік сучаснай версіі іўрыту Эліэйзер бен-Іегуда (Перэльман). У Беларусі нарадзілася таксама шмат заўважных палітычных фігур дзяржавы Ізраіль (Менахен Бегін, Іцхак Шамір, Шымон Перэс, Хаім Вецман, Залман Шазар).

Другі вектар дзейнасьці, які пашыраў абыякавасць да супольнай гісторыі габрэяў і беларусаў, звязаны з разгортваннем сацыял-дэмакратычных і камуністычных ідэй сярод габрэяў. Менавіта на Беларусі была запачаткавана самая буйная у Расеі саацыял-дэмакратычная арганізацыя — “Усеагульны габрэйскі рабочы саюз у Літве, Польшчы і Расеі” (Бунд).

Літаратура:

1. Eisenbach A. Emancурacja zуdow na ziemach рolskich na tle euroрejskim. Warszawa, 1988.

2. Бершадский С.А. Литовские евреи. СПб., 1882.

3. Бядуля З. Жыды на Беларусі. Бытавыя штрыхі. Менск, Друкарня Я.А. Грынблята, 1918.

4. Главы истории и культуры евреев Восточной Европы. Тэль-Авіў, 1995.

5. Дубнов С.М. Новейшая история евреев от Французской революции 1789 года до мировой войны 1914 года. Берлин, 1923. Т.1.

6. Евреи. По страницам истории. Мінск, 1997.

7. Еврейская энциклопедия в 16-ти-тт. СПб., [1908-13].

8. Иоффе Э.Г. Страницы истории евреев Беларуси. Мінск, 1996.

9. Коробков Х. Экономическая роль евреев в Польше в конце XVIII века // Еврейская старина. 1910. Т.3.

10. Лазутка С. Привилегия-судебник 1388 года евреям великого князя Литовского Витаутаса // История евреев в России. Проблемы источниковедения и историографии: сборник научных трудов. Серия “История и этнография”. Вып.1. СПб., 1993.

11. Поляков Л. История антисемитизма. М., 1997.

12. Росман М. Еврейская община Польши. Тэль-Авіў, 1995.

13. Руппин А. Евреи нашего времени. М., 1917.

14. Русско-еврейский архив: Документы и материалы для истории евреев в России. СПб., 1882—1907.

15. http://www.beljews.info/ru/

Лекцыя 2.

План:
1. Славянскі кантэкст хасідызму
2. Гісторыя ўзнікнення хасідызму
3. З’яўленне і разгортванне хасідызму ў Беларусі

1. Славянскі кантэкст хасідызму

Шматвекавая супольная гісторыя габрэяў і беларусаў паспрыяла падабенству іх ментальнасцяў. Беларусы гэты факт не заўсёды ўсведамлялі, затое ў юдаізме ён атрымаў вельмі дакладнае вызначэнне. Да прыкладу, гэткія якасці беларусаў, як “памяркоўнасць” і “асцярога”, абсалютна ідэнтычныя ў сваіх праявах габрэйскім ТОМІМ БЕМААСОВ (“завершаны ў сваіх справах”) і ГАЦНЕА ЛЕХЕС (“неаб’яўленасць свету”). Хасід, як ТОМІМ БЕМААСОВ, мусіць быць самадастатковым і “памяркоўным”, а як ГАЦНЕА ЛЕХЕС — асцярожным. Існуе шмат хасідскіх гісторый аб простых вясковых габрэях (напрыклад, пра шаўца Вольфа), якія, пры ўсёй сваёй простасці, употай былі праведнікамі — трымаліся ідэалаў ТОМІМ БЕМААСОВ і ГАЦНЕА ЛЕХЕС. Такіх непрыкметных праведнікаў называюць ХАСІДІМ НІСТАРІМ.

Беларусаў часта крытыкуюць за недахоп увішнасці і залішюю цярплівасць. У хасідызме такія праявы азначаны тэрмінам БІТУЛ усведамленне ўласнай мізэрнасці і непазбежнага канца чалавечага існавання. Адна хасідская гісторыя распавядае пра габрэя, які, ідучы па дарозе, заглыбіўся ў роздум пра законы Ўсявышняга. На нечый вокліч “Эй, хто там ідзе?” той адказаў: “БІТУЛ ідзе”.

Хасідызм як асобная плынь габрэйскага мыслення мог узнікнуць толькі ў беларуска-ўкраінскім арэале. А таму вывучэнне хасідызму можа шмат што прасветліць у гісторыі беларускай культуры.

2. Гісторыя паўставання хасідызму

Асновай хасідызму ёсць цверджанне, што кожны, хто выконвае ТОРУ, мае дзве душы — НЕФЕШ ЭЛОКІТ (“Боская душа”) і НЕФЕШ БЕЭМІТ (“жывёльная душа”). Калі першая імкнецца толькі да святла і дабрыні, дык другая можа хацець як Боскага, так і плоцьцевага. Гэтыя дзве душы няспынна супернічаюць. Адпаведна з тым, якая душа перамагае і пачынае дамінаваць у паводзінах чалавека, людзі падзяляюцца на тры катэгорыі: ЦАДІКІМ (“праведнікі”), што цалкам перамаглі ў сабе жывёльную душу, РЭШАІМ (“злодзеі”), у паводзінах якіх часта бярэ верхавенства жывёльная душа, і БЕЙНОНІМ (“пасярэднія”). Апошнія хаця й не парушаюць запаветаў чыннасцю, аднак зламысныя памкненні ў іх яшчэ застаюцца.

Дарэчы, праведнікам нельга сябе зрабіць: ім можна толькі нарадзіцца. Таму кожны габрэй павінен імкнуцца стаць БЕЙНОНІ. Тады праз мноства перанараджэнняў ён можа атрымаць чын ЦАДІКА.

У юдаізме ёсць вучэнне пра метампсіхоз — перасяленне душаў з аднаго пакалення ў другое. Пра гэта мы ведаем з Святога Пісання, дзе панятак “вечнасць” вельмі часта выказваецца словамі “ЛЕДОЙР ВОДОЙР” (“з пакалення ў пакаленне”). Душы перасяляюцца да таго часу, пакуль не дасягнуць праведнасці. А душы праведнікаў могуць перанараджацца адно дзеля таго, каб адкрыць свету новыя сэнсы ТОРЫ. Да прыкладу, лічыцца, што ў сваім мінулым рабі Йісраэль Баал Шэм Тоў — заснавальнік хасідызму — быў шэраговым месцічам Цфата. Ён не адкрываў сябе свету, але насамрэч быў ГАЦНЕА ЛЕХЕС — патаемным праведнікам. У дзень свайго паўналецця (БАР-МІЦВА) ён здзейсніў нейкі высокародны ўчынак, пра які на зямлі ніхто не даведаўся, але які заўважылі на нябёсах. За гэта Ўсявышні вырашыў паслаць гэтаму чалавеку праз прарока Эліягу вартую ўзнагароду — паведамленне пра дакладную дату з’яўлення Машыяха. Шмат чаму навучыў прарок сціплага праведніка, але апошні ўсё роўна не адкрыўся свету. Затое й атрымаў магчымасць яшчэ аднаго нараджэння — з магчымасцю патлумачыць людзям невядомыя раней тайніцы ТОРЫ.

У лістах з уласнага архіву рабі Йісраэля Баал Шэм Тоўа, напісаных на ідыш, гэтая гісторыя распавядаецца наступным чынам:

“Я чуў ад нашага святога настаўніка і Рэбе: У год Шын Ламед Гімел [Паводле габрэйскага календара гэта 5333 г., а паводле еўрапейскага — 1573 г.] у святым горадзе Цфаце, ды будзе ён адбудаваны і ўзноўлены ў хуткім часе ў нашыя дні АМЕЙН, жыў габрэй, які мог толькі маліцца і больш нічога, але ён быў ТОМІМ БЕМААСОВ [Завершаны ў справах яго (іўрыт)] і быў ГАЦНЕА ЛЕХЕС [Выконваў запаветы так, каб пра гэта ніхто не ведаў, акрамя Ўсявышняга (іўрыт)].

Аднойчы ноччу, калі ён правіў ТІКУН ХАЦОТ, ён пачуў, што нехта стукае да яго ў дзверы.

Ён запытаўся: “Хто там”.

Той адказаў, што гэта Эліягу а-Нові [Прарок Эліягу, які жывым узнёсся на неба ў вогненнай калясніцы], ды будзе згаданы ён на дабро. Ён адчыніў яму дзверы. Як толькі ён зайшоў да яго ў хату, зрабілася светла ва ўсіх закутках, і сталася вяселле і радасць, так што дзеці пачалі скакаць у сваіх калысках.

Кажа гэты габрэй яму: “Сядайце, Рэбе”.

Ён сеў і сказаў яму такой мовай: “Я прыйшоў да цябе, каб назваць год з’яўлення Машыяха, але дзеля гэтага ты мусіш распавесці мне пра справу, якую ты здзейсніў у дзень тваёй БАР-МІЦВЫ [БАР-МІЦВА наступае ў 13 год і азначае паўналецце хлопчыка]. Бо з тае пары ў нябёсах было вырашана, што ты мусіш мець гонар пабачыць мой твар і я павінен распавесці табе пра скрытыя тайніцы”. Адказвае яму гэты габрэй: “Тое, што я зрабіў, я зрабіў толькі дзеля АШЭМ ЙІСБОРАХ [Усявышні, ды будзе ён дабраславёны (іўрыт)], і як жа я магу раскрыць гэта камуяшчэ, акрамя Яго Самога. Хай не пажадае КВОЙД КДУШАС [Эліягу га-Нові] за гэта сказаць мне тайніцы — не трэба. У мяне ёсць БЕКАБОЛО [Паданне (іўрыт). Другое значэнне КАБОЛО — Кабала, містычнае вучэнне]: тое, што габрэй робіць, ён мусіць імкнуцца рабіць як мага лепей”.

І раптам Элиігу га-Нові знік, і стаўся РААШ ГОДОЙЛ [Вялікі шум (іўрыт)] ад ТМІМУС [Цэласнасць (іўрыт)] гэтага чалавека — бо не адказаў ён Эліягу га-Нови, каб толькі гэта заставалася ЛЕШЕМ ШОМАІМ [У імя нябёсаў (іўрыт)].

І было вырашана са згоды ўсяго Вышэйшага Суду, што Эліягу га-Нові, згаданы на добрае, мусіць яму зноў адкрыцца, і павінен яго вучыць ТОРЫ і распавесці пра ўкрытыя тайніцы. І гэтак яно было. Эліягу, згаданы на добрае, адкрыўся гэтаму чалавеку і вучыў яго і распавядаў яму пра многія тайніцы ТОРЫ. І ён стаўся ХАД БЕДОРО [Адзіны ў пакаленні (іўрыт)], і праведнік, завершаны, і ГАЦНЕА ЛЕХЕС, ніхто не ведаў пра ягоную святасць і веліч.

І быў дзень у пару ягонай старасці, калі ён пакінуў гэты свет. У іншым свеце яму далі месца ў гэтым пакоі, дзе знаходзяцца святыя айцы, але МЕЙЛІЦЭЙ ЙОЙШЭР [Абаронцы (іўрыт)] усчалі гоман, што ён варты большай узнагароды, раз быў такі вялікі ЦАДІК і так хаваў сябе ад людзей, што ніхто пра яго нічога не ведаў, але ўсё было ЭМЕС ЛЭАМІТОЙ толькі ў імя Неба, з гэтага ён варты вельмі значнай узнагароды. І Вышэйшы Суд вырашыў, што раз свет не пачуў яго ТОРЫ, дык яго святая душа мусіць зноў вярнуцца ў нізавы свет. І з Неба абавязаны змусіць яе адкрыцца, і павінен адкрыцца праз гэтую душу новы шлях у свеце, і напоўніцца зямля ведай, каб наблізіць канец (час прыйсця Мошыяха). І так яно й было, душа зноў апусцілася ў гэты свет, і з неба змусілі яе адкрыцца без хоць якіх саступак цалкам.

І цяпер я адкрыю табе ад імя нашага святога настаўніка і Рэбе, што КВОЙД КДУШАС ЙІХЙЕ [Раббі Йісраэль Баал Шэм Тоў] ён і ёсць гэтая святая душа, і ён прыйшоў у гэты свет другі раз, каб асвяжыць і абяліць свет духам чысціні і духам святасці. І ў хуткім часе адкрыецца, і будзе свяціць новае святло ў сэрцы кожнага і кожнага. І праз яго асвяціцца імя Неба, і наблізіць ён ГЕУЛО [Канчатковае выгнанне габрэйскага народу (іўрыт)] ў хуткім часе ў нашыя дні — дні ОМЕЙН КЕЙ ЙЕГІ РОЦОЙН [Амін, ды будзе воля Твая (іўрыт)]. Гэта адна гісторыя, якую я чуў ад КВОЙД КДУШАС майго настаўніка і Рэбе, словы таго, хто любіць яго ўсёй душой і ягонага паплечніка, які з ім незнаёмы, жадаючы яму міру Адам Баал Шэм з Ропшыц. Да гэтага месца я перапісаў літара ў літару з святога рукапісу рава”.

Рабе Баал Шэм Тоў (Бешт) нарадзіўся 15 жніўня 1698 г. Адкрыўся ён у 1734 г., пра што й напісаў у лісце: “Калі скончылі мы Святую ТОРУ да слоў “…на вачах усяго Ізраілю”, было мне 36 гадоў і я адкрыўся”. Памёр заснавальнік хасідызму на свята ШАВУОТ 6 сівана 5520 (1760) г. Перад самай смерцю ён загадаў спяваць НІГУН р. Міхеля з Злочава. Як скончылі спяваць, Баал Шэм Тоў сказаў: “Я даю абяцанне на пакаленні вашыя, што дзе, калі і хто ні заспяваў бы гэты НІГУН, які абуджае вялікую міласэрнасць Усявышняга з пачуццём абуджэння ТШУВЫ [Раскаянне (іўрыт)], — пачую я гэта, у якім бы палацы ні знаходзіўся. Ёсць анёлы, якія перадаюць веды і звесткі душам. Далучуся я да песні і абуджу вялікую міласэрнасць да тых, хто спявае яе, да тых, што вярнуліся ў ТШУВЕ”. Пахаваны Баал Шэм Тоў на габрэйскіх могілках невялікага мястэчка Меджыбож на Ўкраіне.

Дзейнасць Бешта здабыла значны рэзананс. Шмат у якіх габрэйскіх мястэчках Украіны, Польшчы і Беларусі пачалі прымаць хасідскую ТОРУ. Хасідызм аказаўся вельмі прыдатным да вясковага ладу жыцця невялікіх габрэйскіх мястэчак. З цягам часу на Беларусі сфармавалася досыць шмат хасідскіх цэнтраў. Да прыкладу, прыгадваюцца мястэчкі Столін і Каралін.

3. З’яўленне і станаўленне хасідызму на Беларусі

На Беларусі хасідызм стаў распаўсюджвацца далёка не адразу з часу ўзнікнення. Сярод ліцьвінскіх (беларуска-літоўскіх) габрэяў здавён быў распаўсюджаны артадаксальны юдаізм (МІСНАГДІМ), які перадаваўся з пакалення ў пакаленне ад рабе Мошэ. Не будзем забывацца, што менавіта на Беларусі найчасцей з’яўляліся самыя аўтарытэтныя знаўцы габрэйскага закону эпохі АНАХРОНІМ“апошніх пакаленняў”. Адзін з самых знакамітых габрэйскіх аўтарытэтаў ХVІІІ ст. Ар’е-Леб бен Башэ нарадзіўся ў Вялікім княстве Літоўскім і пэўны час быў равінам гораду Менску. А найвялікім сярод усіх аўтарытэтаў АНАХРОНІМ лічыцца равін гораду Вільня — рабе Залман Эліаху бен Шломо (Віленскі Гаон). Менавіта ў Вільні ў ХІХ ст. дзейнічалі самыя слынныя ЙЕШЫВЫ (равінскія вучэльні) ва ўсім габрэйскім свеце! Найбольш складаны іспыт на званне равіна здаваўся якраз тут — у віленскіх ЙЕШЫВАХ, таму менавіта ён гарантаваў найганаровы дыплом равіна. Вільня назаўжды засталася цэнтрам МІСНАГДІМ, а слова “літвак” (“літоўскі габрэй”) зрабілася сінонімам слова МІСНАГЕД (“супраціўнік хасідызму”).

Найбольш вядомым прапаведнікам хасідызму на Беларусі быў рабе Шнеўр Залман з Лядаў, знаны як Алтэр Рэбе [Стары Рэбе (ідыш)]. Ён нарадзіўся 18 элула 5505 (1745) г. у мястэчку Лёзна Магілёўскай губерні. Бацькам Алтэр Рэбе быў рабе Барух — крэўны нашчадак славутага рабі Лейві Бен Бецалеля (Магараля з Прагі [Магараль стаўся славуты з таго, што стварыў штучнага чалавека, якога назвалі ГОЛЕМ. У сярэднявечнай алхіміі штучны чалавек называўся гамункулусам]), род якога, між іншага, нітуецца з домам Караля Давіда (Давіда а-Мэлаха). Лічыцца, што душа Алтэр Рэбе не мела перанараджэнняў і ва ўсёй сваёй чысціні непасрэдна спусцілася з нябёсаў.

У васемнаццаць год р. Шнеўр Залман скончыў вывучэнне Талмуду і заглыбіўся ў Кабалу, трываючы аскетычны чын жыцця. У 1764 г. ён выправіўся ў Мезрыч, дзе стаўся вучнем вялікага Магіда, рабе Доў-Бера — паслядоўніка рабе Йісраэля Баал Шэма Тоўа. Пасля смерці настаўніка р. Шнеўр Залман вырашыў распаўсюджваць вучэнне хасідызму ў Літве і на Беларусі, дзе былі самыя моцныя традыцыі МІСНАГДІМ — супраціўнікаў хасідызму.

З цягам часу, дзякуючы пропаведзям Алтэр Рэбе, на Беларусі паўстала досыць уплывовая хасідская абшчына. Зрэшты, была яна не менш кансерватыўнай за абшчыну МІСНАГДІМ. Менавіта кансерватызм Алтэр Рэбе аказаўся прычынай таго, што ў вайне 1812 г. ён выступіў у падтрымку цара і зрабіў усё магчымае дзеля паразы Напалеона. Гэта выглядала досыць дзіўна, бо тады Беларусь уваходзіла ў склад Расейскай імперыі, законы якой не надта спрыялі юдзеям. Аднак у выпадку перамогі французаў габрэяў чакала секулярызацыя: Напалеон агалосіў ідэі агульнай роўнасці і свецкай асіміляцыі габрэяў.

Хасідызм пакрысе набіраўся моцы, і на пачатку ХХ ст. зрабіўся вельмі папулярным накірункам рэлігійнага мыслення беларускіх, украінскіх і расейскіх габрэяў. Менавіта таму з усталяваннем савецкай улады ён зведаў увесь цяжар савецкага багаборства. Многія равіны і простыя вернікі былі арыштаваны.

У 1927 г. Арыштавалі й лідэра беларускіх хасідаў — Рэбе Ёсіф-Іцхак Шнеерсона. Допыты праводзіў начальнік следчага аддзелу ленінградскага ГПУ Дзегцяроў. Рэбе прынцыпова адмаўляўся адказваць па-расейску, таму яго перакладаў габрэй Лулаў. Зламаць арыштаванага не атрымалася ні запалохваннямі, ні здзекамі. Больш за тое, Шнеерсон сам ставіў патрабаванні: вярнуць малітоўныя атрыбуты, ваду гатаваць у асобным посудзе (кіпень з агульнага катла мог быць некашэрным) і г.д.

Паводле матэрыялаў следства, Шнеерсона чакала смяротнае пакаранне. Але дзякуючы замежнай падтрымцы і пасярэдніцтву Екацярыны Пешкавай (жонкі М.Горкага), смяротная кара была заменена на дзесяцігадовую высылку на Салаўкі. Затым і гэты прысуд перагледзелі і замянілі на трохгадоую высылку ў Кастраму.

Пасля ўсіх гэтых падзей Любавічскі Рэбе прыняў не простае для сябе рашэнне — пакінуць радзіму і пераехаць у Амерыку. Рашэнне такое сапраўды далося не лёгка, бо беларуская абшчына была адной з самых кансерватыўных абшчын тагачаснага габрэйскага свету і пражывала яна на гэтых землях сотні гадоў. Натуральна, Рэбе, ачольваючы абшчыну, адчуваў уласную адказнасць за яе далейшы лёс.

Трохі згладзіла праблему гэтага няпростага выбару тое, што ў 20-х гг. ХХ ст. імкліва пачала распаўсюджвацца ідэя сіянізму, якая змяншала супярэчнасці між габрэйскімі абшчынамі розных краін. Рэч у тым, што да пачатку ХХ ст. у габрэйскіх абшчынах розных краёў свету назіраліся амаль непераадольныя разрозненні ў камунальна-пабытовай арганізацыі жыцця, і гэта замінала кантактаванню. Былі заможныя абшчыны, якія карысталіся ўсімі дабротамі жыцця. Да прыкладу, нямецкая. Параўнальна з ёй, абшчына беларуская выглядала досыць беднай.

Таму беларускія габрэі вельмі часта ўспрымаліся нямецкімі габрэямі як правінцыйныя і адсталыя людзі. Прыкладна гэтак патомны гараджанін сёння ўспрымае чалавека з вёскі. Да таго ж, не забудземся, што ў Нямеччыне быў папулярны рух АСКАЛА — габрэйскай асветы, паводле якога габрэі мусілі ўлучацца ва ўсе сучасныя працэсы (эмансіпавацца, атрымліваць свецкую адукацыю і г.д.). Самым вядомым прыхільнікам АСКАЛЫ быў Майсей Мендэльсон. З ім ліставаліся многія знакамітыя сучаснікі, сярод якіх быў і Эмануіл Кант.

У Беларусі знайшлося шмат зацятых апанентаў АСКАЛЫ. Адным з найбольш перакананых быў рабі Менахем-Мендэль Шнеерсон (Цемах-Цедэк) — трэці кіраўнік любавічскіх хасідаў. Ён лічыў, што АСКАЛА пагражае самім асновам ЙІДЫШКАЙТ (“габрэйства”).

На сходзе равінаў у Санкт-Пецярбургу, арганізаваным міністрам унутраных спраў з нагоды ўхвалы Расеяй ідэй АСКАЛЫ, Цемах-Цедэк выказаў рашучы пратэст супраць МАСКІЛЕЙ [Прыхільнікі АСКАЛЫ (іўрыт)] Рыгі і Вільні.

За месяц да гэтага Цемах-Цедэк паслаў ліст на магілу сваёй маці ў Лёзна (дачка Алтэр Рэбе — таму й была там пахавана) з просьбай дапамогі Ўсявышняга. Цемах-Цедэк пісаў: “Берлінцы набіраюць моцы. Рашэнне падрыхтавана да распаўсюду. Іх план — склікаць равінаў, каб, у любым выпадку, пагадзіліся на іх прапанову, — буду я жывы ці не. Калі ласка, схадзі ў палац свайго бацькі і перадай яму маю просьбу абудзіць міласэрнасць Усявышняга, каб былі адменены гэтыя рашэнні, і, калі буду я варты таго, дык хай атрымаецца так, каб яны былі адменены маімі высілкамі”.

Пазіцыя Рэбе адыграла пэўную ролю ў канчатковым рашэнні сходу равінаў. Памёр Цемах-Цедэк 13 нісана 5626 (29 сакавіка 1866) і быў пахаваны ў Любавічах.

Жарсці з прычыны ўхвалы АСКАЛЫ ў Расеі сведчаць, наколькі разрозніваліся габрэйскія абшчыны розных краін. Разам з тым, яны сведчаць і пра адметнае месца Беларусі ў габрэйскім свеце. А менавіта — што Беларусь была бастыёнам габрэйскага кансерватызму, цэнтрам, які трансляваў ува ўсе бакі трыдыцыйную габрэйскую мудрасць. Таму няма нічога дзіўнага, што Беларусь дала свету так шмат ЦАДІКІМ“габрэйскіх праведнікаў”.

Сярод месцаў, звязаных з іх дзейнасцю, можна назваць Любавічы (цяпер Смаленская вобласць), Лёзна, Валожын, Столін, Каралін, Пінск і многія іншыя гарады ды мястэчкі Беларусі.

Але нягледзячы на кансерватызм беларускіх габрэяў, ужо ў ХVІІІ ст. з’явіўся адметны мадэрны цэнтр папулярызацыі габрэйскай мудрасці — горад Шклоў. Тут мецэнатам Йіошуа Цейтліным былі арганізаваны тыпаграфія і своеасаблівая “вольная акадэмія”. Адметную ўвагу шклоўскія асветнікі аддавалі творчасці сярэднявечных араба-габрэйскіх мысляроў: у прыватнасці, рабе Мошэ Бен Маймуну (Рамбаму) і ягонай працы “Морэ невухім”.

Як мы пераканаліся, беларускія габрэі маюць доўгую і багатую гісторыю. На Беларусі да гэтай пары захаваліся шматлікія габрэйскія святыні. З беларускай зямлёй звязаны імёны вельмі многіх дзеячаў усясветнай габрэйскай культуры. Зразумела, габрэйская эміграцыя з Беларусі, апошняя хваля якой схлынула ў канцы 80-х — пачатку 90-х гг. ХХ ст., зрабіла прысутнасць габрэяў у сучаснай беларускай культуры мала прыкметнай. Але болей чым шэсць стагоддзяў супольнай гісторыі ашкеназскіх габрэяў і беларусаў усё роўна складаюць нашу агульную спадчыну.

Літаратура:

1. Бершадский С.А. Литовские евреи. СПб., 1882.

2. Евреи. По страницам истории. Мінск, 1997.

3. Еврейская энциклопедия в 16-ти-тт. СПб., [1908-13].

4. Иоффе Э.Г. Страницы истории евреев Беларуси. Мінск, 1996.

5. Рабби И.И. Шнеерсон. Записки об аресте. — Укладальнік і перакладчык Д.А. Гурэвіч. Бруклін, Friends of Refugees of Eastern Europe, 1980.

6. Рабби И.И. Шнеерсон. Мемуары Любавичер Ребе. Бруклін, Выданне “КЕОТ”, 1973.

7. Росман М. Еврейская община Польши. Тэль-Авіў, 1995.

8. Руппин А. Евреи нашего времени. М., 1917.

Лекцыя 3

План:
1. Сацыяльны канструктывізм
2. Сутнасць вечных сацыяльных тэхналогій
3. Супрацьстаянне сацыяльнага канструктывізму і вечных сацыяльных тэхналогій
4. Юдаізм як прыклад вечнай сацыяльнай тэхналогіі
5. Логіка як падмурак вечнай сацыяльнай тэхналогіі

1. Сацыяльны канструктывізм

Век чалавечы не доўгі, і кожны дзень яго няўмольна скарачае. Здаецца, яшчэ ўчора я быў дзіцём, слухаў на сон казкі, чытаныя бацькам, а сёння гэта ўсяго толькі спаміны. І, магчыма, не пра мяне, а пра некага зусім іншага…

Чалавек спяшае жыць. Бо таго, што маеш сёння, заўтра ўжо не знойдзеш. Дык навошта адмаўляцца ад спакус і асалод? Навошта абмяжоўваць сябе нейкімі ўмоўнасцямі? Бяры ад жыцця ўсё, на што здатны. Дзейнічай і не марнуй часу ў бясплённасці мрой.

Умоўнасці і забароны, якімі цябе стрымлівалі ў дзяцінстве, толькі замінаюць поспеху. Таму іх належыць пераадолець. Пры тым, трэба ясна ўсведамляць, што ўсе гэтыя перашкоды — адно нейкі канструкт, створаны іншымі людзьмі дзеля таго, каб ты не змог спажыць зямных даброт напоўна. Кожнаму вядома: слодычаў жыцця на ўсіх не стае. Заўсёды ж нехта будзе баляваць, а іншы — аб’едкі з чужога стала падбіраць. І выходзіць, што бальшыня маральных абавязкаў — усяго толькі нечыя прыдумка, каб маніпуляваць табой.

Каб шчыльна пражываць уласнае жыццё, я мушу прыняць сацыяльны канструктывізм [У сучаснай сацыялогіі сацыяльны канструктывізм займае паноўныя пазіцыі. Больш падрабязна пра гэта гл. Berger P., Luckmann Th. The Social Construction of Reality. Garden City (N.Y.): Anchor Books. 1971.] — ідэю, з якой вынікае, што ўсе сацыяльныя нормы выдуманы людзьмі, а значыць, я магу іх мяняць пад свае жаданні. Інакш жаданні тыя ніколі не споўняцца. Хто сказаў, што занятак жанчыны — толькі сям’я, што жанчына не можа мець сваёй справы ўпоравень з мужчынам? Чаму да здрады мужчыны грамадства ставіцца больш лаяльна, чым да здрады жанчыны? Жанчына гэтаксама народжана напоўніцу цешыцца жыццём. (Сацыяльны канструктывізм, вызнаваны жанчынамі, атрымаў назву фемінізм.)

Існуе безліч праяў сацыяльнага канструктывізму. Дзе толькі гаворка тычыцца пераадолення ўмоўнасцяў, паўстаюць праявы сацыяльнаканструктывісцкага светагляду. А як жа абысціся без эмансіпацый ды свабод, да якіх заклікае ідэалогія сацыяльнага канструктывізму?

Давайце ўявім сабе наступную сітуацыю. Твая дзяржава апынулася ў цяжкім становішчы, і ты з ёй таксама. Пры гэтым ты перакананы, што з’яўляешся прадстаўніком вялікага народу з адметным гістарычным лёсам. Няўжо застанешся абыякавым, не станеш змагацца? Ты ж абсалютна ўпэўнены: твой народ варты лепшай долі. А таму ён павінен паўстаць з каленяў і адваяваць сабе столькі прасторы і ўлады, колькі належыць.

Прыкладна так разгортваліся развагі, а затым падзеі ў Нямеччыне. Мы памятаем, як “белокурые бестии”, вольныя ад законаў маралі, крочылі па дарогах Еўропы, і з вуснаў іх гучала: Deutschland überalles.

Гэтыя людзі былі здатныя асягаць вялікія мэты, і нішто — ні знутры, ні звонку — не магло іх спыніць, бо яны, адважныя і рашучыя, адваёўвалі жыццёвую прастору свайму народу. Але менавіта яны стварылі фашызм — адну з самых жахлівых форм сацыяльнага канструктывізму за ўсю гісторыю ХХ ст.

Сучасныя праявы сацыяльнага канструктывізму ўжо не такія пачварныя. Самымі выразнымі з іх з’яўляюцца лібералізм і талерантнасць: ты вольны рабіць што заўгодна, адмахнуцца ад усялякіх маральных норм, адно не абмяжоўвай свабоды іншых людзей. Ты можаш быць гомасексуалістам, наркаманам, вычварэнцам — адно не кранай прыватнай уласнасці і праў астатніх.

Але жыццё хуткаплыннае. І вось цябе апаноўваюць думкі пра вечнае. Толькі ў гэтым сацыяльны канструктывізм табе не падмога. Бо, згодна з яго ідэалогіяй, няма нічога вечнага. Як давёў М.Фуко, з цягам часу трансфармуюцца нават сексуальныя памкненні. Уяўленні пра псіхічныя нормы, юрыдычная ацэнка злачынстваў — усё некалі было іншым. Многае з таго, што раней лічылася адхіленнем ад нормы, цяпер ужо ёсць нормай, а што калісьці ўспрымалася за ліхое, сёння выглядае ўсяго толькі забаўкай. Сучаснікі ацэньвалі маркіза дэ Сада як паталагічную асобу, і таму засадзілі яго за краты. А цяпер яго лічаць прарокам эмансіпацыі, чалавекам, які значна апярэдзіў свой час.

Сапраўды, звонку выдае, быццам няма нічога вечнага. Прыкладам, хаўруснік Гітлера Адольф Карл Эйхман таксама верыў у сацыяльны канструктывізм і марыў пра новае ўладаванне свету. Эйхман быў рашучым чалавекам, і займаў адказную пасаду. У 1934 г. яго прызначылі экспертам па пытаннях сіянізму Галоўнага ўпраўлення бяспекі Германіі, а затым ён узначаліў Габрэйскі аддзел выведкі ў гестапа. Менавіта Эйхман стварыў канцлагеры і гета для габрэяў, адказваў за карныя акцыі з мэтай этнічных чыстак. На ягоным сумленні — загубленыя жыцці шасці мільёнаў габрэяў. На той час гэта складала тры чвэрці ад усяго габрэйскага насельніцтва Еўропы.

Пасля паразы фашызму Эйхман пад імём Рыкарда Клемента схаваўся ў Аргенціне. Але ў студзені 1959 г. ізраільская выведка МАССАД выявіла ягонае месцазнаходжанне. Судзілі Эйхмана ў Ізраілі. Судовы працэс пачаўся 11 сакавіка 1962 г. Па ўсіх пунктах абвінавачання падсудны быў прызнаны вінаватым, і яго выраклі да смяротнага пакарання. 31 траўня ў 0 гадзін ночы Эйхмана павесілі ў турме Рампле.

Пэўна ж, і ў жахлівым сненні не магло сацыяльнаму канструктывісту Эйхману падацца, што габрэйскі народ не толькі выжыве, але й створыць сваю незалежную краіну, у якой яго застане карная смерць дзяржаўнага злачынцы!

Прысак цела Эйхмана быў развеяны над морам, за межамі тэрытарыяльных вод Ізраілю. Падчас гэтай цырымоніі кіраўнік ізраільскай выведкі МАССАД Ісер Харэль сказаў пра ворагаў габрэйскага народу наступнае:

ЙМІНХО АШЕМ НЭДДОРI БАКОАХ ЙМІНХО АШЕМ ТIР’АЦ ОЙЕЙВ …”; (Шмот 15, 6—18) [1].

[1. У перакладзе на беларускую мову гэта гучыць прыкладна так:

6. Дзясніца твая, Божа, прыўкрасная ў магуце, дзясніца твая ворага нішчыць. 7. Велічу сваёй нішчыш ты паўсталых супраць цябе; насылаеш гнеў свой і ён спальвае іх, як салому. 8. І ад гняўлівага дыхання твайго паўздымаліся воды, выпрасталіся, як сцяна, струмяні, зледзянелі глыбіні ў сэрцы мора. 9. Сказаў вораг: кінуся ў пагоню, схаплю, падзялю набытак, дасхочы напоўніцца душа мая, выхаплю меч мой, знішчыць іх рука мая. 10. Ты падзьмуў духам сваім — і накрыла іх мора, патанулі, як волава, у воды глыбінныя. 11. Хто, як Ты, сярод магутных, Божа, хто, як Ты, славуты святасцю, чынім хвалу ў трымценні, творца цудаў! 12. Ты ўзняў дзясніцу сваю — праглынула іх зямля. 13. Ты кіруеш міласцю сваёй народ гэты, які Ты выбавіў, вядзеш сілай сваёй да святога прытулку твайго. 14. Пачулі народы і скалануліся, жах ахапіў людзей Плешэта [палесцінцаў]. 15. Тады перапалохаліся князі Эдому, старшыні Моава затрымцелі, зніякавелі ўсе жыхары Кнаану. 16. Апалоняць іх жах ды вусціш, ад велічы дзясніцы Тваёй змоўкнуць яны, як камень, пакуль праходзіць народ Твой, Божа, пакуль праходзіць народ гэты, які Ты стварыў. 17. Скіруеш іх і аселіш у гарах прытулку Твайго, на месце, якое жытлом Ты зрабіў Сабе, Божа, — у свяцілішчы, Гасподзь, што ўладкавалі рукі Твае. 18. Бог цараваць будзе ва ўсе вякі.]

Упершыню гэтыя словы былі прамоўлены Машэ раббейну (прарокам Майсеем) больш за ХХХІІІ ст. таму, перад вяртаннем габрэяў у зямлю абетаваную. Што гэта было? Прароцтва на тысячагоддзі наперад?

2. Сутнасць вечных сацыяльных тэхналогій

Эйхман быў не адзіным какнструктывістам, які мерыўся знішчыць габрэйскі народ. У святой кнізе Мегілат Эстер распавядаецца пра гістрыю Амана, які з сваім сямействам планаваў вынішчыць габрэяў. Аман быў галоўным візірам пры двары Ахашвероша (Артаксерса), магутнага цара Персідскай імперыі, і яму гэта было, без сумневу, пад сілу. Але праз некалькі дзён пасля таго, як план быў падрыхтаваны, з загаду цара Аман быў павешаны, а ягоны род зніштожаны. У памяць пра тыя падзеі габрэі да гэтага часу святкуюць ПУРЫМ.

Як бачым, Эйхман дакладна наследаваў лёс Амана, таму словы ТОРЫ аб пагібелі ворагаў габрэйскага народу й да сёння гучаць як прарочыя. Ісель Харэль, кіруючы аперацыяй затрымання Эйхмана, не мог, у пэўным сэнсе, не праецыраваць на сябе місіі Мардэхая, які яшчэ ў далёкую першапару не дазволіў Аману знішчыць габрэйскі народ. Таму зусім не выпадкова пасля выканання сваёй місіі кіраўнік МАССАД прачытаў адпаведныя словы ТОРЫ.

Такім чынам, супрацьстаянне Мардэхая і Амана паўтарылася, і яно не знянацнае, але сталася вынікам адметных сацыяльных тэхналогій, безупынна трансляваных сярод габрэйскага народу яшчэ з часоў Мошэ раббейну. Бясконцы паўтор схем пабытовых паводзін, якія трымаюць традыцыю, і ёсць прыкладам вечных сацыяльных тэхналогій. Нішто не вечнае, і я — таксама. Затое вечныя сацыяльныя тэхналогіі, якія захаваюць сваё сутво не толькі пасля маёй смерці, але й пасля смерці маіх дзяцей, унукаў і праўнукаў. Бо над імі ніхто не мае ўлады. Нават час ходзіць паўз іх — і знікае. Яны ж застаюцца.

На пачатку нашага роздуму мы адцемілі: у свеце няма нічога заўсёднага, усё сыходзіць у нябыт. Але цяпер бачым: з вечнасцю можна злучыцца праз сацыяльныя тэхналогіі, праз адметныя сацыяльныя практыкі з механізмам сістэмнай рэплікацыі ўласных схем.

У чым супраціў двух тыпаў арганізацыі жыццядзейнасці чалавека — сацыяльнага канструктывізму і вечных сацыяльных тэхналогій? Наколькі яны супярэчаць адно аднаму? Першы спакушае нас загрузнуць у штодзённых мітрэнгах дзеля прыватных спраў і пошуку персанальнай асалоды, другі — лучыць з сакральнай прасторай вечнасці, дзе час спыняе сваю хаду. Такая радыкальная апазіцыя двух тыпаў арганізацыі жыццядзейнасці не магла не спарадзіць між іх смяротнай варожасці.

Ад моманту атрымання габрэямі вечных сацыяльных тэхналогій праз Мошу раббейну габрэйскі народ сутыкнуўся з агрэсіяй стыхійнага сацыяльнага канструктывізму, ачоленага Амалекам — царом Кнаану (Палесціны). Амалек першы пачаў змагацца з Ізраілем: “РЭЙШІС ГОІМ АМОЛЕК ВЕАХАРIСОЙ АДІ ОЙВЕД”, “Першы з народаў Амалек, а канец яго — да знікнення”; (Бэмідбар 24, 20). Гэтак, пра Амалека выснавана: ён — першы і апошні з народаў. Але мы памятаем, што Ўсявышні таксама прагалошвае: “АНІ РIШОЙН ВААНІ АХАРОЙН”, “Я — першы, і Я — апошні”; (Йешайа 44, 6). Таму Амалек —не проста адзін з цароў, а духоўнае апірышча, лідэр усіх сямі паганскіх народаў Кнаану. Ён — трываласць, РЭЙШIС АГОІМ — валадар народаў.

3. Супрацьстаянне сацыяльнага канструктывізму і вечных сацыяльных тэхналогій

Яшчэ да пачатку агрэсіі Амалека пра народ Ізраілю хадзілі неверагодныя чуткі: выбавіліся з егіпецкага палону, містычным чынам перайшлі праз мора, былi абсыпаны маннай нябёснай і г.д. Усе асцерагаліся Ізраілю, бо ведалі, што з гэтым народам Бог. Ведаў пра гэта й Амалек, але ўсё роўна вырашыў адужаць Ізраіль. Безумоўна, Амалек быў перакананы ў моцы сацыяльнага канструктывізму. Да таго ж, яму падабалася быць дзёрзкім, адважным і адольваць ворагаў рашучай воляй. Добра прапрацаваны ім план вайны абяцаў перамогу. Аднак Амалек пацярпеў паразу, бо ліха чыстага канструктывізму не здольнае на канцэптуальныя перамогі.

У кабалістычных вучэннях чалавечае ліха называецца КЛІПО — “скарынка”, “абалонка”. Пры гэтым зважаецца, што ліха — такі стан, калі ў сэрца не можа патрапіць святло Ўсявышняга, бо яно ёсць замкнёным на самім сабе, жыве ў адмаўленні нармальных чалавечых стасункаў, вяршэнстве эгаізму. Як толькі мы пачынаем успрымаць маральныя абавязкі як форму маніпулявання намі, — мы ўжо КЛІПО, мы ўжо адлучаны ад боскага святла. У хасідызме сацыяльны канструктывізм называецца КЛІПАС АМОЛЕК — “скарынка Амалека”. Гэта самая нізкая КЛІПО, крыніца абсалютна ўсіх КЛІПОЙС. Усё чалавечае ліха сваім пачаткам мае сацыяльны канструктывізм — самадастатковасць волі, ганарлівасць; КЛІПО заўсёды ўтрымлівае ў сабе ТОЙКЕФ ВООЙЗ — “моц і дзёрзкасць”.

Амалек быў адным з самых яркіх прадстаўнікоў сацыяльнага канструктывізму за ўсю біблейную гісторыю і кепска скончыў сваё жыццё. Але нягледзячы на гэта, у яго знайшліся паслядоўнікі. Адным з іх быў Аман, які паходзіў з роду Амалека.

Паводле юдзейскага падання, многія сыны Амана вывучалі ТОРУ. Гэтае пазнанне, хаця й абмяжоўвалася яно “ХОХМОЙС БАХУЦ ТОРОЙНО”, “Мудрасць агалошваецца на вуліцы”; (Мишлей 1, 20), не выключала духоўнага ўзвышэння праз рэлігійныя штудыі. Дарэчы, Эйхман таксама быў неблагім габрэістам, добра ведаў культуру і звычаі габрэйскага народу… Аднак, нязважна на здабытыя веды, сыны Амана ўсё роўна задумалі знішчыць габрэйскі народ.

Ліха не можа існаваць доўга, бо ў КЛІПОЙС няма сутнасці, няма МАМОШУС — “рэальнасці існавання”, а ёсць толькі МЦІЮС ГАЭДЭР — “існаванне адсутнасці”. Усялякае ліха абапіраецца на ПСОЙЛЕС ДЭКДУШО — “адкіды святасці”, і раней альбо пазней дарэшты знішчаецца. Кожны чыста канструктывісцкі план чакае параза. Таму, з цягам часу, усе КЛІПОЙС будуць канчаткова зніштожаны. І настане пара вечных сацыяльных тэхналогій. Пачатак гэтай пары пазначыцца з’яўленнем Мошіаха (Месіі). Пра гэта сказана: “Але схамянуўся, быццам пасля сну Гасподзь”, (Тэілім 78, 65), “Ачніся, чаму спіш Ты, о Бог”, (Тэілім 44, 24). Абуджэнне Ўсявышняга будзе азначаць поўнае выяўленне ОЙР ЭЙН СОФ — Боскага святла, калі Ўсявышні адкрые ўсю Сваю сутву ва ўсёй Сваёй славе праз Сваю волю: “Асвятліць нас тварам Сваім”; (Тэілім 67, 2).

Падкрэслім яшчэ раз: КЛІПО — аснова душы тых людзей, якія вызнаюць сацыяльны канструктывізм. З іншага боку, святасць (КДУШО) знаходзіць сябе ў тых, хто наследуе вечныя сацыяльныя тэхналогіі. Пры гэтым лічыцца, што душы ХАСІДЭЙ УМОЙС ОЙЛОМ (“праведнікаў народаў свету”), якія добраахвотна ратавалі габрэяў падчас халакосту, паходзяць з КЛІПО НОЙГО — прамежкавай ступені паміж святасцю і КЛІПО.

Вечныя сацыяльныя тэхналогіі немагчыма прыдумаць ці сканструяваць. Яны ёсць заўсёды, іх трэба адно ўбачыць. Яны акрэсліваюць межы нашага мыслення і нашых паводзін. За межамі сацыяльных тэхналогій ужо нічога няма — толькі пустэча і вар’яцтва. Да прыкладу, калі я не буду паважаць сваіх бацькоў, дык гэта разбурыць мяне самога. Таму адвеку кажуць, што вечная сацыяльная тэхналогія ёсць вынікам Адкрыцця. Іншымі словамі, крыніцай вечных тэхналогій з’яўляецца Ўсявышні — Той, хто стаіць над усім сусветам, над усімі тыпамі сацыяльных практык і сістэм. Як сказана: “Бо ўзвышана імя Яго аднаго”; (Тэілім 148, 13).

4. Юдаізм як прыклад вечнай сацыяльнай тэхналогіі

На іўрыце вечная сацыяльная тэхналогія называецца ТОРА — (у старажытнагабрэйскай мове ТОЙРО). Пры гэтым маецца на ўвазе, што Пяцікніжжа Майсея (ХАМІШО ХУМШЭЙ СОЙРО) ёсць заканадаўчай асновай ТОРЫ. Лічыцца, што духоўнымі крыніцамі ТОРЫ з’яўляюцца інтэлектуальныя атрыбуты Ўсявышняга, а духоўнымі крыніцамі свету — эмацыйныя. Розніца між гэтымі атрыбутамі Бога добра відна праз чалавека. Інтэлект не патрабуе наяўнасці другога чалавека. Нават калі чалавек застаецца сам-насам і яму няма каму распавесці сваі ідэі, ён можа працягваць працэс мыслення. А вось эмоцыі заўсёды патрабуюць партнёра. Таму, вывучаючы ТОРУ, чалавек як бы заглыбляецца сам у сябе і наўпрост сумоўнічае з Усявышнім.

ТОРА (Пяцікніжжа Майсея) мае два вымеры: АГАДА і ГАЛАХА. Першы вымер — АГАДА — утрымлівае гістарычныя факты, звязаныя з дарункам габрэйскаму народу ТОРЫ, з вяртаннем іх у зямлю абетаваную ды іншымі падобнымі падзеямі, другі вымер — ГАЛАХА — утрымлівае збор законаў, якія мусіць дакладна выконваць кожны габрэй. Гэтыя законы раскіданыя па кнігах Святога Пісання і выяўляюцца адно паводле граматычнай формы: “І сказаў Бог: “Рабіце/не рабіце тое і тое””. Усе гэтыя законы згадваюцца ў кантэксце розных гістарычных падзей. Да прыкладу, першым МІЦВО (“запаветам”), дадзеным чалавеку Богам, з’яўляецца наступны: “ПРУ УРВУ”, “нараджайце і памнажайцеся”; (Брейшіт 1, 28). Гэты МІЦВО быў дарованы Адаму и Хаве (Еве) яшчэ да іх грэхападзення. Такім чынам, АГАДА (у дадзеным выпадку гісторыя аб стварэнні Адама і Хавы) мусіць дэманстраваць толькі гістарычны кантэкст таго ці іншага запавету, а значыць заўсёды адыгрывае падначаленую ролю адносна ГАЛАХЕ.

Тым не менш, падчас павярхоўнага знаёмства з Святым Пісаннем складаецца ўражанне, што Пяцікніжжа Майсея — гэта найперш гістарычныя кнігі. Бо там разгортваецца досыць паслядоўная гісторыя ад пачатку стварэння свету. І гэта можа заблытаць нас, бо АГАДА не мае ніякага самастойнага значэння. Паводле талмудычнага аўтарытэту рабі Іцхака, ТОРУ трэба было б пачынаць з слоў “Гэты месяц для вас — галоўны месяц”; (Шмот 12, 2), раз яны ўтрымліваюць самы першы запавет, дарованы габрэям. Тое, што ТОРА пачынаецца з расповеду аб стварэнні свету, Рашы — самы выбітны каментатар кніг Святога Пісання — тлумачыць наступным чынам: так было зроблена дзеля таго, каб паказаць магуту Бога, які ўладарыць над зямлёй і сам вырашае, каму перадаваць уладу над ёй. Сказана: “Моц спраў Сваіх явіў Ён народу Свайму, каб даць яму ў валоданне плямёны”; (Тэілім 111, 6). Таму калі скажуць народы свету Ізраілю: “Злачынцы вы, захапіўшыя землі сямі народаў”, дык габрэі адкажуць ім: “Уся зямля належыць Святому, дабраславёны будзе Ён. Ён стварыў яе і даў яе таму, да каго ласку мае” [Дарэчы, на старажытнагабрэйскай мове адно з выслоўяў “стварыў неба і зямлю” (“КОЙНЭ ЭС АШОМАІМ ВЕЭС ООРЭ Ц”) дакладна перакладаецца як “купіў неба і зямлю”].

У хрысціянстве зусім іншае стаўленне да кніг Святога Пісання. Там вымер ГАЛАХІ цалкам выдалены, і яно разглядаецца як гістарычны аповед, хай сабе нават і пра сакральныя падзеі. Усе Боскія запаветы маюць толькі характар рэкамендацый. Яны перастаюць разумецца літаральна і трактуюцца метафарычна ці праз аналогіі. Да прыкладу, хрысціянскі запавет: “Таму, хто ўдарыў цябе па шчацэ, падстаў і другую, а таму, хто забраў у цябе апранаху, не замінай адабраць і кашулю” (Ад Лукі 6, 29) ніяк не можа разумецца літаральна. Другі прыклад. З пазіцый юдаізму манаства з’яўляецца грахом, бо самы першы запавет, дарованы людзям: “нараджайце і памнажайцеся”. Як бачым, гэты запавет цалкам супярэчыць адмаўленню шлюбу ў манастве. А для хрысціянскай экзагезы тут няма ніякай супярэчвы.

У хрысціянстве лічыцца, што закон цалкам, усе МІЦВОЙС, у сваю пару выканаў Ісус Хрыстос, таму просты хрысціянін, які верыць ва ўваскрасенне Ісуса, не павінен трымацца габрэйскага закону.

З гэтага здараюцца цікавыя казусы. Да прыкладу, у кнігах Святога Пісання жорстка патрабуецца выконваць правілы гігіены. Прыгадаю толькі некаторыя сітуацыі, калі габрэі мусяць мыць рукі: (1) пасля прабуду са сну, (2) пасля прыбіральні, а таксама пасля стрыжкі, галення, абразання пазногцяў, (3) пасля могілак ці ўдзелу ў пахаванні, (4) пасля кранання рукой абутку, ног ці тых частак цела, якія зазвычай пакрыты адзеннем, і г.д. Да таго ж, падчас мыцця трэба прамаўляць адмысловае БРОХО — “дабраславенне”. Між іншым, яшчэ адзначым: перад кожным надыходам суботы рэкамендуецца абмываць усё цела. Мяркую, што дактары, якія заклікаюць трымацца гігіены, мусяць быць задаволены такім стўленнем да чысціні. А ў хрысціянстве ўсяго гэтага няма. Кожны сам мяркуе, як яму вырашаць праблемы чысціні цела і ці вырашаць іх хоць як.

Таму няма нічога дзіўнага, што ўсе гігіенічныя нормы сучаснай цывілізацыі ёсць вынікам развою свецкай культуры, і з гэтага не маюць сакральнага статусу. Вядома, што ў сярэдневеччы хрысціяне спрэс грэбавалі самымі простымі гігіенічнымі працэдурамі. Нават каранаваныя асобы ставіліся да гігіены, як да нечага ганебнага. Прыкладам, каралева Іспаніі Ізабэла Кастыльская (канец ХV ст.) казала, што купалася ўсяго двойчы за жыццё — першы раз яе цалкам абмылі пры нараджэнні, а другі — перад вяселлем. У Луўры, паводле Дзюма, не было прыбіральняў, і кожны спраўляў патрэбу там, дзе знаходзіў для гэтага месца. У гарадах нечыстоты выплюхваліся на вуліцы. А ў габрэяў побач з фекаліямі і памыямі забаранялася нават размаўляць, не кажучы ўжо пра тое, каб маліцца.

Многія хрысціянскія святыя ўвогуле ніколі не мыліся. Пра Бенедыкта Авеньянскага распавядалі, што “мноства вошай поўзала па яго грубай скуры, кусаючы ягонае цела, зняможанае пастамі”. Згодна з статутам манаскага ордэна цыстарыянцаў, той, хто мыўся без дазволу, адлучаўся ад прычасця, а паводле статуту манаскага ордэна картэзіянцаў, забаранялася купацца ў рэках і запрудах. Манахам Монтэ-Касіна дазвалялася мыцца ў самых скрайніх выпадках, але й для гэтага патрабаваўся дазвол генеральнага капітула. Зазвычай каталіцкім манахам можна было мыцца не болей за два разы на год.

Грэбаванне гігіенай спараджала жахлівыя эпідэміі чумы і халеры. Да прыкладу, у 1347—1350 гг. падчас эпідэміі чумы памерла каля 25 мільёнаў людзей. На тую пару гэта была чвэрць насельніцтва Еўропы!

У юдаізме мы знаходзім дакладнае прадумванне таго, як мусяць выконвацца запаветы ў залежнасці ад пэўных жыццёвых сітуацый. Прыкладам, у выпадку адсутнасці вады рэкамендавалася ачышчаць рукі дробным пяском, які ў кліматычных умовах Бліжняга Ўсходу быў амаль усюды.

У ісламе, як і ў юдаізме, існуюць падобныя законы, якія мусяць абавязкова выконвацца. Гэтаксама вернікі павінны сачыць за гігіенай і ў варунках адсутнасці вады чысціць рукі дробным пяском.

Вы, якія паверылі! Не чыніце малітвы ў п’яным стане, [і чакайце], пакуль не ўсвядоміце таго, што кажаце. [Не чыніце малітваў] у апаганеным стане, пакуль не здзейсніце [прадпісанага] абмывання, калі толькі вы не знаходзіцеся ў дарозе. Калі ж вы хворыя ці знаходзіцеся ў дарозе, калі нехта з вас вярнуўўся з прыбіральні ці меў зносіны з жанчынай і калі вы не знойдзеце вады, дык умыйцеся чыстым дробным пяском і пасыпце ім ваш твар і рукі [да локцяў]. Сапраўды, Алах выбачае, даруе. (Сура 4, Жанчыны, 43)”Той факт, што арабы ў рытуальных мэтах часам абмываюцца дробным пяском, мы знаходзім у каментары Рашы на наступныя словы: “Хай будзе ўзята трохі вады, абмыйце ногі вашыя і схіліцеся пад дрэвам”; (Брэйшіт 18, 4; сінод. Быццё 18, 4). Гэтымі словамі Аўраам запрашае трох незнаёмых яму людзей зайсці ў ягоны шацёр, але перадусім прапаноўвае абмыць ім ногі. Рашы тлумачыць гэта тым, што Аўраам прыняў вандроўных людзей за арабаў, якія пакланяюцца праху (дробнаму пяску) на сваіх нагах. Аўраам жа вельмі строга сачыў, каб у ягоны дом не трапіла нічога ад культу пакланення ідалам. З гэтым, з меркавання Рашы, пагоднена таксама й тое, што Лот, не такі праведнік, як Аўраам, які не надта пільна сачыў, каб ідалы не патраплялі ў ягоны дом, прапанаваў незнаёмцам спачатку зайсці ў шацёр, а ўжо затым абмыць ногі: “пераначуйце і абмыйце вашыя ногі”; (Брейшіт 19, 2; сінод. Быццё 19, 2). Чужыя юдаізму рэлігійныя рытуалы — ідалапаклонства (ОВОЙДО ЗОРО) (дакладны пераклад: “чужая праца”) і рытуал ачышчэння ног пяском у арабаў ёсць таксама.

Каментар Рашы цікавы яшчэ й тым, што, на першы погляд, тлумачэнне тут падаецца нейкім недарэчным, раз арабы як народ паходзяць ад Аўраама, а калі больш дакладна, дык з’яўляюцца нашчадкамі Ішмаэля (Ісмаіла), а таму падчас згаданых падзей было ўсяго нейкіх 13 гадоў. Да таго ж, рытуальнае ачышгчэнне дробным пяском у арабаў было прынята толькі пасля пропаведзі Мухамеда. Рашы жыў у Францыі, і таму быў добра знаёмы з арабскай культурай і ўсе гэтыя гістарычныя складовыя добра ведаў. Чаму ж ён дазволіў сабе відочную гістарычную недакладнасць? Тлумачыцца гэта тым, што АГАДА, г.зн. гістарычны аповед, не адыгрывае самастойнай ролі. ТОРА (Пяцікніжжа Майсея) —не гістарычны аповед, але адно вечнае сучаснае. У гэтым плане юдзейскае разуменне біблейных кніг радыкальна розніцца ад хрысціянскага. У аснову кладзецца не гістарычны аповед (АГАДА), а закон (ГАЛАХА), для якога падзеі з розных часоў праецыруюцца на адну агульную плашчыню, дзе час не мае ніякага значэння. Маўляў, “закон ёсць законам”.

Таму для Рашы істотная не гістарычная, а лагічная сувымернасць розных месцаў ТОРЫ. Аўраам прапануе незнаёмцам на пачатку абмыць ногі, а потым зайсці ў дом, а Лот — наадварот. Супрацьлеглая паслядоўнасць дзеянняў відочная. Хай гэта будзе для нас першай тэзай дзеля развагі. Затым нам вядома, што Лот хаця й быў пляменнікам Аўраама, але асаблівай праведнасцю не вылучаўся. А вось Аўраам быў бездакорным праведнікам. Хай гэта будзе для нас другой тэзай. Заўважым, што, дзякуючы апошняй, мы ўпэўнены ў бездакорнасці дзеянняў Аўраама з пазіцыі ГАЛАХІ (а менавіта ўсіх 613 габрэйскіх запаветаў). Цяпер нам трэба зрабіць выснову з абедзвюх тэзаў, якая й стане тлумачэннем памянёнага біблейнага эпізоду. Дзеля таго належыць адказаць на пытанне: які запавет з 613-ці ў дадзеным выпадку выканаў Аўраам, але парушыў Лот, г.зн. суаднесці ўчынкі Аўраама і Лота з ГАЛАХОЙ.

Найлепшым, бадай, тут будзе наступнае тлумачэнне: пясок на нагах чужынцаў мог быць рытуальна забруджаным і тым самым апаганіць жытло Аўраама, таму гаспадар на ўсялякі выпадак прапанаваў ім абмыць ногі.

Варта зважыць, што ўсе каментары Рашы ёсць вынікам лагічнай апрацоўкі біблейных тэкстаў, і ў бальшыні выпадкаў уяўляюць з сябе юрыдычныя канструкты, якія суадносяць канкрэтныя паводзіны біблейных персанажаў з ГАЛАХОЙ (законам). Такую любоў да логікі, якую мы бачым у Рашы, немагчыма сустрэць у хрысціянскіх багасловаў — для іх мае значэнне толькі гістарычная паслядоўнасць.

Лагічная прапрацоўка самых дробных дэталяў у працах юдзейскіх аўтарытэтаў рэзка кантрастуе з захопленасцю светам хрысціянскіх мысляроў. Для хрысціянства дэталі і падрабязнасці, як і лагічнае дапасаванне з’яў увогуле, не маюць асаблівага значэння. Прыкладам, ні адзін хрысціянскі багаслоў ніколі не зможа памысліць, ці спраўляў Ісус Хрыстос натуральныя патрэбы, альбо ці меў ён семявывяржэнне і г.д. Аднак у разе, калі Ісус усяго названага не рабіў, ён быў цалкам вольным ад чалавечай прыроды, што супярэчыць дагматам хрысціянства. А вось для юдаізму няма нічога саромнага ў высвятленні, скажам, такіх пытанняў, як спосаб рытуальнага ачышчэння пасля спантаннага семявывяржэння, правілы пабудовы прыбіральняў і нормы паводзін у іх. Карацей кажучы, у юдаізме абсалютна ўсе праявы чалавечай цялеснасці мусяць быць прааналізаванымі з пазіцыі ГАЛАХІ. Двайная мараль тут абсалютна немагчымая.

5. Логіка як падмурак вечнай сацыяльнай тэхналогіі

Адсутнасць двайной маралі магчымая толькі ў адным выпадку — калі ўсе дэталі дапасаваны між сабой з пазіцыі логікі. Логіка валодае самай высокай мерай прымусу. Гэта адзіная навука, якая за ўсю гісторыю свайго афіцыйнага існавання (а гэта больш за дзве з паловай тысячы гадоў) ніяк не змянілася ў сваіх асновах. Нават матэматыку закранулі істотныя перамены — на пачатку яна базавалася на геаметрыі (старажытнагрэцкая матэматыка), затым на алгебры (класічная матэматыка), а цяпер у яе аснове палягае матэматычная логіка (у прыватнасці, катэгарыяльная ці алгебраічная логіка). Кожная навуковая веда трансфармуецца і адмірае, акрамя логікі. Толькі гэтая навука акрэслівае мяжу нашага мыслення, за якой нічога няма — адно моўча. Логіка — гэта вечная навука. Таму вечная сацыяльная тэхналогія будуецца на аснове логікі. І больш за тое — на аснове фармальнай логікі.

Сама па сабе пісьмовая ТОРА (Пяцікніжжа Майсея) як крыніца ГАЛАХІ выкладаецца не лішне ўцямна для непадрыхтаванага чытача, таму патрабуе дадатковай працэдуры каментавання і аналізу: “Бог не жадаў пісаць ТОРУ настолькі ясна, каб яна не патрабавала ніякіх тлумачэнняў” [Моше Хаим Луцатто. Очерк об основах иудаизма / Перевод Е.Разжывинай и А.Шклярова. — СПб., Академический проект, 2001. — С. 39.]. З гэтага логіка робіцца галоўным апірышчам вуснай ТОРЫ — фундаментам галахічнага дыспуту, які вызначае, што з’яўляецца законам Усявышняга, а што — не. З цягам часу вусная ТОРА аформілася ў шматтомны збор кніг, які называецца Талмудам.

Ці не самы вядомы равін сучаснасці, Адзін Штэйнзальц, параўноўваючы логіку Талмуду з матэматычнай логікай, сцвярджае, што талмудычная логіка, адрозна ад матэматычнай, апісвае і тлумачыць усё, што ёсць, з улікам любых магчымых кантэкстаў (casestudies), г.зн. на падставе аналізу ўсіх роўнаверагодных выпадкаў, калі тым часам матэматычная логіка абстрагуецца ад канкрэтных кантэкстаў.

Такая дакладнаць і пільнасць (логікі Талмуду — А.Ш.) нагадвае дакладныя навукі. (Напрыклад, добра вядома, што ў матэматыцы не бярэцца ў разлік амаль даведзенае цверджанне: каб яно было прынятае, матэматык мусіць падаць доказ кожнага з пунктаў.) Але строгасць Талмуду не сувымерная з матэматычнай, бо ён уводзіць прынцып абсалютна дакладнага разгляду для ўсіх існых у свеце аспектаў, незалежна ад таго, належаць яны да матэрыяльнай сферы ці духоўнай” [Рав. Адин Штейнзальц. Введение в Талмуд. —М., Изд-во Российский научный центр “Курчатовский институт”, 1993. —С. 3.].

Многія законы, апісаныя ў Талмудзе, выведзены непасрэдна з пісьмовай ТОРЫ. Але ёсць і лагічна дамысленыя. Такія законы называюцца законамі Мудрацоў. “Можна было б уключыць законы Мудрацоў у саму ТОРУ, але Бог вырашыў, што яны мусяць паходзіць ад нас” [Моше Хаим Луцатто. Очерк об основах иудаизма / Перевод Е.Разжывинай і А.Шклярова. —СПб., Академический проект, 2001. —С. 45.].

Такім чынам, калі пісьмовая ТОРА ёсць вынікам Адкрыцця, дык вусная ТОРА — гэта логіка-дыскурсіўнае асэнсаванне ўсяго, што ёсць, г.зн яна яўляе з сябе логіку, якая улічвае ўсе роўнаверагодныя выпадкі.

Асноўны дэвіз вуснай ТОРЫ выяўлены ў закліку: “ВААСУ СЙОГ ЛЕСОЙРО”, “і рабіце агароджу для вучэння (ТОРЫ)”; (Піркей Авот 1, 1). Гэты заклік цвердзіць, што патрэбна лагічна дабудоўваць законы ТОРЫ. Іншымі словамі, “агароджай вучэння” называецца лагічнае дапасаванне ўсіх дэталяў і выдаленне магчымых суярэчнасцяў.

Прыгадаю прыклад таго, як выдалялася, здавалася б, неадольная супярэчнасць у судовай заяве. “Два чалавекі стаяць перад судом, трымаючыся за ТАЛІС [ТАЛІС (на іўрыце ТАЛІТ) — хусціна мужчын-габрэяў, якая цяпер скарыстоўваецца адно ў якасці малітоўнай прыналежнасці]. Адзін з іх сцвярджае, што менавіта ён знайшоў яго. А другі пярэчыць, кажучы, што знайшоў яго ён” (Бава Мецыа 1, 1). Да таго ж, кожны даводзіць, што ТАЛІС цалкам належыць яму, і кожны клянецца, што хаця б палова ТАЛІСУ з’яўляецца ягонай уласнасцю. У такім разе суд павінен вырашыць, што кожны з падалых скаргу мае права на палову ТАЛІСУ, таму ТАЛІС мусіць быць падзелены на дзве паловы. Гэта азначае: не маючы магчымасці вырашыць супярэчнасць, мусяць прыйсці да ўзаемнага кампрамісу.

У Талмудзе былі выпрацаваны вельмі складаныя схемы лагічных разваг. Прыкладам, маецца своеасаблівы аналаг класіфікацыі ўсіх разваг — на аналітычныя і сінтэтычныя a priori. І гэтак, упершыню падобная класіфікацыя з’явілася не ў Э. Канта, а ў Талмудзе. Паводле Канта, аналітычнай развагай называецца такая, у якой усе выкарыстаныя паняткі маюць агульны род, г.зн. між імі лёгка ўстанавіць родавідавыя сувязі. Да прыкладу, аналітычнай будзе развага “чалавек ёсць жывёлінай”, раз “жывёліна” з’яўляецца родам для панятку “чалавек”, а “чалавек” ёсць адным з відаў “жывёл”. Сінтэтычнай a priori называецца такая развага, у якой між паняткамі не існуе родавідавых сувязяў, але пры гэтым між іх лёгка праглядаюцца прычынна-паследныя сувязі: “калі ёсць агонь, дык ёсць і дым”.

У логіцы Талмуду аналітычным развагам адпавядаюць (1) правілы “частковае последам за агульным” (КЛОЛ УФРОТ) і “агульнае последам за частковым” (ФРОТ УКЛОЛ), тады як сінтэтычным apriori адпавядаюць (2) правілы “звужэнне последам за пашырэннем” (РЫБУЙ УМІУТ) і “пашырэнне последам за звужэннем” (МІУТ УРЫБУЙ).

1. Правіла “частковае последам за агульным” азначае: калі частковая пазіцыя згадваецца пасля агульнай, дык улічваецца толькі частковая. Прыкладам, ахвяры мусяць быць з “жывёл, з буйной рагатай скаціны, з дробнай скаціны…” (Ваікра 1, 2). Гэта не азначае, што ахвяры могуць быць з любых жывёлаў, але толькі з буйной і дробнай скаціны. Паводле правіла “агульнае последам за частковым”, калі агульнае згадваецца адразу за частковым, дык бярэцца пад увагу толькі агульнае. Прыкладам “не бяры у ахвяру …быка і ягня, у якіх будзе нейкая хвароба ці любая загана …” (Дварым 17, 1). Гэта азначае, што забаронена прыносіць у ахвяру быка і ягня з любой заганай.

Вышэй згаданыя правілы прадугледжваюць унутры развагі выключна родавідавыя сувязі.

2. “Пашырэнне”ўжываецца ў тым выпадку, калі ў развагах сустракаюцца словы: “разам”, “таксама”, “аднак”. Прыкладам, слова “разам” (ЭС) двойчы сустракаецца ў наступным радку: “на пачатку стварыў Богнеба (ЭС АШОМАІМ) і зямлю (ВЭ-ЭС ООРЕЦ)” (Брэйшіт 1, 1). Гэта азначае, што ў тлумачэнні неабходна пашырыць сферу, ахопленую пэўным паняткам, інакш кажучы, уключыць у яе ўсё, што было створана разам з зямлёй і нябёсамі (сонца і зоры, дрэвы, траву і г.д.). “Звужэнне” выкарыстоўваецца пры наяўнасці ў развазе слоў “але”, “толькі”, “з”. Прыкладам, сама наяўнасць часціцы “з” у радку “…калі прынясе ахвяру з скаціны” (Ваікра 1, 2) кажа пра тое, што не ўсялякая скаціна можа быць прынесена ў ахвяру — выключаюцца жывёлы, якім пакланяюцца як ідалам.

Адрозненне правіл “звужэнне последам за пашырэннем” (адпаведна “пашырэнне последам за звужэннем”) ад правіл “частковае последам за агульным” (адпаведна “агульнае последам за частковым”) у тым, што ў першым выпадку адсутнічаюць родавідавыя сувязі ўнутры выказвання. Прыкладам, у развазе “і заплаціш ты грошы за ўсё, што пажадаеш: за буйную рагатую скаціну і за дробную скаціну…” (Дварым 14, 26) паняткі “усё, што пажадаеш” і “буйная рагатая скаціна” не маюць агульнай асновы.

Дзякуючы логіцы, вечныя сацыяльныя тэхналогіі робяцца празрыстымі, іх механізм бясконцай рэплікацыі адных і тых самых сацыяльных схем становіцца ўсвядомленым і зразумелым. Нарадзіўшыся ў гэтым свеце, я апынаюся не толькі ў адбудаваным універсуме вечных сацыяльных стасункаў, але й здольны разумець іх і з гэтага дабудоўваць новыя. Атрымліваецца, што, дзякуючы логіцы, вечныя сацыяльныя тэхналогіі могуць разгортвацца і ўзмацняцца.

Прастора вакол мяне становіцца дыскурсіўна асэнсаванай. Я пачынаю ўсведамляць: калі дакладна выконваць усе запаветы, дык са мной не здарыцца нічога выпадковага, бо мой свет будзе гарманічным і спрэс упарадкаваным. З гэтага выкананне запаветаў набывае глыбокі сакральны сэнс. Урэшце, і сам Усявышні выконвае тыя ж запаветы, што і Ізраіль, бо напісана: “Агалосіў ён словы свае Якаву, статуты і законы Свае — Ізраілю”; (Тэілім 147, 19). У Мідрашэ (гл. Шмот Раба 30, 9) гэта тлумачыцца наступным чынам: “Ёсць такія, якія аддаюць каманды другім, каб яны іх выконвалі, але не выконваюць іх самі. Аднак тое, што Бог выконвае Сам, Ён запавядае другім…”. Такім чынам, калі сцвярджаецца, што “словы, статуты і законы”, якія Бог аддае ў запавет іншым, — “Ягоныя”, дык маецца на ўвазе, што Бог іх і сам выконвае.

Кожная вечная сацыяльная тэхналогія ўрэшце рэшт збудавана на тым, што чалавек смяротны, але ён можа пакінуць па сабе нашчадкаў і тым самым падоўжыць сваё існаванне. Аднак дзеля гэтага ён мусіць трансляваць тыя сацыяльныя стасункі, якія дазволяць ягоным нашчадкам адчуваць сябе гэтаксама камфортна, як адчуваў сябе ён, дзякуючы сваім бацькам. У выніку сям’я паўстае крыніцай вечнай рэплікацыі сацыяльных схем. Таму сям’я мусіць захоўваць сваю чысціню з пакалення ў пакаленне. З гэтага ў юдаізме забаронены полавыя зносіны між блізкімі сваякамі (не абавязкова крэўнымі), нельга выходзіць замуж ці жаніцца з язычнікамі (гл. Дварым 7, 3), МАМЗЕР (“народжаны ў выніку вычварнай сувязі”; прыкладам, народжаны ад блізкага сваяка ці праз здраду замужняй жанчыны) не можа мець шлюбных стасункаў з габрэйкай, мужчыну з пашкоджанымі дзетароднымі органамі нельга браць шлюб з габрэйкай (гл. Дварым 23, 2) і г.д. У выніку ўсіх гэтых законаў Ізраіль ператвараецца ў прыклад вечнай рэплікацыі базавых схем праз мноства пакаленняў.

З усяго гэтага вынікае, што маё цела ёсць інструментам трансляцыі вечнай сацыяльнай тэхналогіі. І я магу дасягнуць вечнасці, дзякуючы факту ўласнага існавання.

Літаратура:

1. Stern M.E. Lehrbuch der Herzenspflichten. —Wien, 1856.

2. Левуш М. По образу и подобию. —Йерушалаим, 2002.

3. Моше Хаим Луцатто. Очерк об основах иудаизма / Пераклад Е.Разжывинай и А.Шклярова. —СПб., Академический проект, 2001.

4. Нисан Мендель. Философия Хабада. Рабби Шнеур-Залман из Ляды / Пераклад з англ. Е.Рывеліса. —Вільня, “Шамир—Гешарым—Viltis”, 1990.

5. Рабби Шнеур-Залман из Ляды. Ликутей Амарим (Тания). —Вільня, “Вага — Гешарым”, 1990.

6. Рабби Элияу Виленский Гаон. Совершенная мера. —Іерусалим, Швут Ами, 1998.

7. Рав. Адин Штейнзальц. Введение в Талмуд. —М., Выдавецтва Российский научный центр “Курчатовский институт”, 1993.

8. Тора (Пятикнижие Моисеево). —М., Шамир, 1993.

 

You may also like...