Антаніна ХАТЭНКА. Стылістыка журналісцкіх жанраў (лекцыі 1-2)

ЛЕКЦЫЯ 1. АГУЛЬНЫЯ ПРАБЛЕМЫ ЎЖЫВАНЬНЯ

СТЫЛЯЎ У ЖУРНАЛІСТЫЦЫ. ГІСТАРЫЧНЫЯ ПАЧАТКІ СТЫЛІСТЫКІ

Плян:

1. Уступ. Стыль і жанр у мастацкай літаратуры й журналістыцы

2. Пажанравае дапасаваньне стыляў у журналістыцы

3. Кароткае аналізаваньне стану моўнай культуры журналістаў

4. Журналістыка як літаратурная творчасьць і сродак узьдзеяньня на грамадзкую сьвядомасьць

5. Трохі з гісторыі стылістыкі. Навука рыторыка Старажытнай Грэцыі й Рыму

6. Вытокі беларускай стылістыкі. Уплыў фальклёру й прыгожага пісьменства на разьвіцьцё стыляў

7. Праца на разьвіцьцё стылістыкі нацыянальных духоўных дзеячоў і асьветнікаў

 

1. Уступ. Стыль і жанр у мастацкай літаратуры й журналістыцы

Перадусім варта акрэсьліць, што стыль у мастацкай літаратуры, як паказвае практыка, існуе, выпрацоўваецца не суадносна з жанрамі, але, хутчэй, залежна ад выбару самога пісьменьніка, якія стылі ён гатовы ўжываць дзеля адлюстраваньня аб’ектыўнай рэчаіснасьці. Прыкладам, ніхто ня вызначыць, якім стылем належыць пісаць раман, а якім — апавяданьне ці эсэ. Тут набывае сілу моўная культура аўтара й ягоная здольнасьць скарыстоўваць стылёвае багацьце мовы дзеля рэлізацыі ідэі й паказу падзеяў, а таксама дзеля выяўленьня характарыстычных адметнасьцяў дзейных асоб твору: можа стацца гэтак, што ўсе наяўныя ў мове стылі знойдуць ужытак у адным мастацкім палатне. Ды яшчэ не забудзьма ўлічыць прысутнасьць індывідуальнага аўтарскага стылю, калі працуе насамрэч Майстар.

Што ж тычыцца працы журналіста, які найчасьцей зьвяртаецца да паслуг публіцыстыкі як віду літаратурнай дзейнасьці, то асобна вылучанага стылю, ужыванага ў журналістыцы, таксама не існуе. Затое абсалютна дакладна можна цьвердзіць, што, пішучы фэльетон альбо ляканічную зацемку на азначаныя тэмы, журналіст скарыстае мажлівасьці адрозных адзін ад другога стыляў, мала дзе дазваляючы сабе іх спалучэньне. І гэтак чыніцца адпаведна з унутранымі законамі тае самае публіцыстыкі, з глебы якое “ўзрастаюць” памянёныя жанры.

2. Пажанравае дапасаваньне стыляў у журналістыцы

Мы паставілі на мэце, прааналізаваўшы найбольш прыкметныя стылёвыя ўласьцівасьці што да пэўных жанраў журналістыкі, выпрацаваць нейкую своеасаблівую мадэль журналісцкае стылістыкі. Па праўдзе, дык гэта ёсьць дастаткова рызыкоўнаю спробай, паколькі бальшыня лінгвістаў-дасьледнікаў адносяць да журналістыкі найперш інфармацыйныя й публіцыстычныя жанры (хіба што апошнім часам далучаецца гутаркова-прастамоўны, пашыраны на FM -станцыях і ў шоў-гульнёвых праграмах тэлебачаньня).

Але да сымбіёзу прастамоўя (ажно да смачнай жаргоннасьці), альбо слэнгу мы яшчэ вернемся больш дэталёва. Цяпер жа актуальна прасачыць, наколькі журналістыка адчувальная да часавых перамен і якія рэзэрвы мае скарыстоўваць у абставінах інфармацыйнай глябалізацыі ў сьвеце й выродліва-сацыялістычнага разьмеркаваньня інфармацыі ў Беларусі, што выдае на інфармацыйны голад.

Выйсьці па-за межы амаль дагматычнае суадноснасьці жанраў і стыляў, мала падатлівай да зьмен, ды яшчэ й дапусьціць меркаваньне пра насьпеласьць некаторага стылёвага зьмяшаньня й пашырэньня панятку відаў літаратуры, зусім ня лёгка. Хоць менавіта такі роздум, магчыма, выявіў бы й зафіксаваў адбываныя адметныя зьявы ў плыні жывое сучаснае журналістыкі, што дынамічна й даволі зьменліва рухаецца ў кірунку разбурэньня мовазнаўчых канонаў, здабываючы волю на самыя нечаканыя стылёвыя павароткі.

Дык дзеля чаго мы намерыліся праводзіць гэткую, умоўна кажучы, “прыстасаванасьць” стыляў да жанраў, гэткае мадэляваньне стылёвай сытуацыі ў галіне журналістыкі, калі жыцьцё ці не штодня вынаходзіць новыя формы падаваньня інфармацыі й узбагачае гэтакім чынам арсэнал моўных сродкаў — а значыць і фармуе зусім нязвычныя сыстэмы стыляў з унутранымі законамі ўзаемадапаўненьня й узаемаўплыву?

Пэўне ж, найперш гэткая патрэба паўстала з тае прычыны, што рэсурсы нацыянальнай мовы як гнуткага інструмэнту камунікацый надзвычай мала паслугуюць журналісту, выхаванаму ў іншамоўнай плыні й гатоваму скарыстоўваць зусім не беларускія лексычныя адзінкі й сынтаксычныя канструкцыі дзеля выказваньня думкі й збудовы матэрыялу. А менавіта гэтак пакуль пачуваецца бальшыня журналістаў нашай краіны й з гэткіх высілкаў ствараецца ці ня ўсялякі журналісцкі прадукт.

І толькі “пажанравае дапасаваньне” стыляў, хоць гэта й падаецца трохі штучным, дазволіць больш маштабна ўбачыць, ШТО рэальна адбываецца са стылямі ў беларускай журналістыцы цяпер, у часе няспынных пераўтварэньняў і трансфармацый. Бо ведама ж, гэткага яскравага падзелу стыляў, як яшчэ ў сярэдзіне XX стагодзьдзя (мастацкі, афіцыйна-спраўны, публіцыстычны, царкоўна-рэлігійны, навуковы, гутарковы), у наш дынамічны час не назіраецца. Да характырыстыкі кожнага зь пералічаных стыляў мы яшчэ маем вярнуцца — перадусім у кантэксьце спалучанасьці іх у жывой журналісцкай практыцы й яркай адметнасьці некаторых стылёвых рыс залежна ад ужываньня адносна пэўна абранага жанру.

А цяпер падаецца істотным адцеміць, што журналістыка, якая пераважна працуе ў публіцыстычным кірунку, мусіць улічваць некаторыя моўныя патрабаваньні, аднолькавыя для ўсіх стыляў і бальшыні жанраў. Майстар, які тонка адчувае слова й надае яму належную грамадзкую важкасьць, вінен скарыстоўваць агульназначныя лексычныя адзінкі гэтак гарманічна, каб тэрміны, формулы, схемы й філязофскія высновы не загрувашчвалі й не ўскладнялі тэкст, а з падмогай памянёных ужо агульнаўжывальных азнак рабіліся даступнымі, зразумелымі, не адчужаліся ад успрымача інфармацыі.

Менавіта з гэткага падыходу аўтар, што мае распавесьці пра глыбока-навуковае дасьледаваньне ці архіўны, бюракратычны дакумэнт як прадмет публічнага зацікаўленьня, удала вынайдзе спосаб зьвесьці ў адным творы стандартна-звыклае й адметна-спэцыфічнае, дасягнуўшы тае арганічнае камунікатыўнасьці, калі шэраговы чытач (слухач, глядач) прымае за свой клопат навуковую праблему, адцягнена-філязофскія разважаньні ці якія-небудзь законатворчыя парлямэнцкія вышукі.

Прыкладам, расказаць пра Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 году можна сухой юрыдычнай мовай з падаваньнем шматлікіх цытат, але мала зразумела й мала даходліва, адасоблена ад жыцьця сучаснага чалавека, які наўрад ці возьме на веру, што той гістарычны дакумэнт мае хоць мала-мальскае значэньне непасрэдна для яго. Зусім жа іншая справа, калі артыкулы Статуту простай, людзкай, як кажуць, мовай пераказаць, дастасаваўшы іх да сёньняшняе Канстытуцыі й правоў грамадзяніна Рэспублікі Беларусь й падмацаваўшы зьвесткамі пра лёс і грамадзкую дзейнасьць ягонага складальніка Льва Сапегі, рупнасьць якога пра народ і край засьведчана красамоўна й на вякі.

Вось тут якраз і паўстае пытаньне стылю й жанру ў іхнай адпаведнасьці адно другому й журналісцкай задуме. А далей немінуча выяўляецца здольнасьць аўтара выслаўляцца, скарыстоўваючы ўвесь арсэнал моўных сродкаў і далікатна адбіраючы зь яго адно тое, што знаходзіцца ў ладзе й згодзе з абранымі стылем і жанрам.

3. Кароткае аналізаваньне стану моўнай культуры журналістаў

Сынтэз моўна-выяўленчых сродкаў, спалучэньне рознасьцяў ёсьць сёньня ці не асноўным прынцыпам, паводле якога жыве журналістыка, зьбіраючы ў адно ўсялякія, і нават супраціўныя, стылёвыя якасьці, каб найпаўней раскрыць сутнасьць зьяваў і дамагчыся рэакцыі спажыўца — дазволіць яму наўпрост удзельнічаць у складаным працэсе фармаваньня грамадзкае думкі, якая ўжо далей, бясспрэчна, мусіць уплываць на жыцьцё асобы й краіны.

І ўсё ж мы неадступна набліжаемся да таго, каб займець нейкую унівэрсальную схему суадносін стыляў і жанраў, нязважна пры гэтым на жанравую разнастайнасьць і дастаткова свабодную стылёвую “палітыку” сучасных журналістаў. Гэта непазьбежна давядзецца рабіць ужо таму, што шмат хто з журналістаў папросту зьвялі літаратурную працу да ўзроўню статыстыкі, пераліку фактаў, шэра, аднастайна, штампавана, адчужана й не эстэтычна падаючы інфармацыю на спажыў чалавеку-робату.

Між тым, і навіны можна й належыць насычаць унутранай энэргіяй, жывой чалавечай эмоцыяй, не зыходзячы да ацэначных крытэраў альбо пачуцьцёваё экспрэсіі. Рэзэрвы ж стылістыкі як навукі нявычарпаны ў гэтым сэнсе й напалову: у нас, як вядома, больш прызвычаены кіравацца ўласным густам, чым засвойваць добрыя манеры маўленьня й пісаньня, неагалошана прынятыя за этычны закон у цывілізаваным сьвеце.

А таму колькі не прышывай сябе да Эўропы рознымі палітычнымі мэтадамі, непазьбежна прыдзецца вяртацца да асноваў: навучацца зладоўваць сувязі ў грамадзтве ўзважана, вытанчана й мудра… Досьведу нашых папярэднікаў у гэтай сфэры назапашана дастаткова, каб і нам не выглядаць небаракамі, ня здатнымі па-свойму зладна й складна думаць і гаварыць. Каб зьвяртацца да нашых людзей, мусова пазбаўленых магчымасьці атрымліваць інфармацыю на добрай літаратурнай мове, зразумела й даступна, дакладна й ляканічна, далікатна й праўдзіва. Калі хочаце, годна выконваць місію апраўданьня за ўчыненыя з моваю рэпрэсіі й адраджаць, узнаўляць існае збудаваньне маўленчых і пісьмовых тэкстаў.

4. Журналістыка як літаратурная творчасьць і сродак узьдзеяньня на грамадзкую сьвядомасьць

Надыходзіць той час, што як ні хавайся ад сябе саміх, а немінуча паўстае праблема пераасэнсаваньня некаторых істотных паняткаў: этыкі й эстэтыкі журналістыкі; авалоданьня асноватворчымі лінгвістычнымі ведамі й прыёмамі літаратурнай творчасьці. Бо колькі б ні спрачаліся тэарэтыкі наконт прыналежнасьці журналістыкі да мастацтва, але ва ўмовах усясьветнага інфармацыйнага выбуху кожны прафэсіянал мае вышукваць розныя сродкі ўзьдзеяньня на чалавечую сьвядомасьць. Прынамсі, у тым разе, калі ён усур’ёз абірае ролю сустваральніка грамадзкага жыцьця, а не бяздумнага выканаўцы нечыіх заданьняў ці абыякавага назіральніка адбыванага ў краіне й у сьвеце.

Якраз-такі да журналіста-творцы, памкнёнага арыгінальна, непаўторна, своеасабліва сатвараць матэрыялы ў разьліку на тое, што нехта — патэнцыйны ўспрымач — на іх адгукнецца й гэтакім чынам улучыцца ў рух гуманізацыі адносін у грамадзе й прыродзе, мы намерваемся дайсьці, маючы што-нішто падказаць і дарадзіць адносна карыстаньня слова як выяўленчае адзінкі. Дайце веры, значнасьць мовы — найстаражытнага камунікатыўнага сродку — яшчэ не пазнана дарэшты: мажліва бясконца канструяваць і адкрываць таемную моц і красу, каб мовіць непадробна азначальна й дасканала. Тут і зьяўляецца на падмогу стыль, якім трэба налаўчыцца ўзбройвацца беспамылкова й вельмі абярожна, бо ж ён не даруе некарэктнага абыходжаньня.

Відочна, што пераважная частка журналісцкае працы ня ёсьць чыстай творчасьцю, бо функцыянальна, сацыяльна, эстэтычна тэксты інфармацыйна-публіцыстычнага характару не прымыкаюць да літаратуры як мастацтва й не скіраваны на глыбокае філязофскае дасьледаваньне аб’ектыўнасьці, адрозна ад прыгожага пісьменства. Аднак жа некаторыя элемэнты літаратурнай творчасьці тут прысутнічаюць, і без адчуваньня слова, без скарыстаньня таго альбо іншага стылю журналісту ніяк немагчыма.

Асабліва ж вострая патрэба стылёвай абазнанасьці выяўляецца цяпер, калі апэратыўнасьць перадаваньня інфармацыі ад носьбіта да карыстальніка нашмат апярэджвае зрухі грамадзкай сьвядомасьці. Гэтакім чынам, усе паведамленьні мусяць быць настолькі яркімі й нават відовішчнымі, каб не сасьпелы яшчэ да прыйманьня іх чалавек усё-ткі злавіў хаця б вібрацыйныя хвалі, калі ўжо не ўразумеў сэнсу.

Падаецца, тут журналістыка балянсуе на мяжы з драматургіяй і рэжысурай. І незалежна ад жанру, ва ўлоньні якога ствараецца мікрап’еса, у ёй героі ня толькі дзейнічаюць у дадзены момант, але й праз іхныя ўчынкі адкрываецца рэтраспэктыва й прагназуецца пэрспэктыва. Наша журналістыка, падобна, надзвычай марудна сасьпявае да гэтакіх перамен і няўклюдна трымаецца там, дзе новыя грамадзкія варункі патрабуюць ад рэпартора драматургічна мысьліць і бачыць полісэмію падзеяў і паводзін дзейных асоб.

Гэтак, лёгіка й псыхалёгія журналісцка-творчага працэсу, як бачна, абсалютна набліжана да літаратурнай: неаспрэчна маюць вынаходзіцца прыёмы як найлепшага афармленьня зьвестак альбо разваг, гэтак жа не абысьці пытаньня архітэктонікі матэрыялу й вобразнай яго акрасы. Прычым, гэта тычыцца й навінных нізак, раз яны таксама набываюць у прэсе, на радыё ці тэлебачаньні форму цэльнага твору — з унутранымі зьместавымі й храналягічнымі повязямі. Састарэлыя цьверджаньні, што кроніка ёсьць толькі голым фактам, даўно ня спраўджваюцца: як і ў прадаўнія часы, калі продкі занатоўвалі падзеі ад рукі, сёньня кожная зьява апісваецца красамоўна, бо яна знаходзіцца ў злучнасьці, паяднаньні з усімі складнікамі быцьця.

Такім чынам, выходзіць, што журналістычныя творы розьняцца ад літаратурных хіба што наканаванасьцю на часовы ўжытак. Дык гэта не азначае, што пазнавальна-выхаваўчы фактар у журналістыкі таксама паніжаны да надзённае часовасьці: почасту таленавіты рэпартаж, нарыс альбо невялічкая нататка не саступаюць па магуце ўзьдзеяньня на людзкія душы паэме альбо спэктаклю. Тут рыхтык і схаваны фэномэн масмэдый.

Таму ці варта супрацьпастаўляць журналістыку й літаратуру, калі выдае на тое, што куды мудрэй па-літаратурнаму, не рамесна-аднолькава, але адметна рабіць журналісцкія тэксты — як узоры творчасьці. З улікам таго, канечне, што публіцыстыка, ува ўсёй сукупнасьці жанраў, да яе належных, ёсьць формай пазнаньня й адлюстраваньня рэчаіснасьці, а мастацкая літаратура — формай эстэтычнага асваеньня сьвету, чалавека, і ў выніку іхнага кантактаваньня, узаемапранікненьня спасьцігаецца глыбінная сутнасьць рэчаў. Але ж дзеля рэалізацыі гэткіх дасьледчых намераў трэба ўведаць нарэшце, чым ёсьць тыя адрозныя адзін ад аднаго стылі й як іх заклікаць на служэньне журналістыцы.

5. Трохі з гісторыі стылістыкі. Навука рыторыка Старажытнай Грэцыі й Рыму

Стылістыка, вывучаючы выяўленчыя сродкі літаратурнай мовы й умельства іх выкарыстаньня, бярэ пачатак у антычнай рыторыцы — навуцы аб прамоўніцкім майстэрстве. Аднак у старажытным сьвеце высокаму роўню разьвіцьця прамоўніцтва спрыяла адна вельмі значная акалічнасьць — дэмакратычны лад жыцьця.

Згадайма: пэрыяд найбольшага ў гісторыі росквіту прамаўленчага майстэрства супадае з панаваньнем дэмакратычных пачаткаў, эканамічным і палітычным уздымам такіх дзяржаваў, як Старажытная Грэцыя й Рым. Менавіта ж у Атэнах здатнасьць да публічных прыгожых прамаўленьняў сталася адной з прыкмет усталяванасьці грамадзкага жыцьця. Адпаведна са славутымі законамі Салона, кожны грамадзянін мусіў сам бараніць уласныя інтарэсы на судовым працэсе. Вядома ж, ня ўсе былі адораны гэткім талентам, а таму зьявіліся лагографы — складальнікі судовых прамоваў. З іхнага асяродку, дарэчы, выйшаў і вядомы грамадзкі дзяяч Старажытнай Грэцыі Дэмасфэн.

Частыя выступленьні на судовых паседжаньнях, рытарычных спаборніцтвах, а таксама палемікі ў Народным сходзе з выкладаньнем аратарамі сваіх палітычных праграм выклікалі пільную патрэбу адмысловых заняткаў дзеля авалоданьня прамоўніцкім майстэрствам. Гэтак сталі засноўвацца школы маўленчага мастацтва. На жаль, творы першых тэарэтыкаў красамоўства Грогія, Ісакрата і Трасімаха не захаваліся.

У Старажытным Рыме разьвіцьцё прамоўніцтва як асобнае мастацкае й навуковае зьявы доўжылася роўна датуль, пакуль на зьмену рэспубліцы не прыйшла імпэрыя, якая, з трапнага азначэньня рымскага гісторыка Тацыта, “утаймавала красамоўства, як і ўсё іншае”.

Тут, несумненна, адразу спамінаецца Цыцэрон, які сілай свайго таленту змагаўся за дэмакратыю. І непрыхавана праглядаюцца гістарычныя аналёгіі: калі ў грамадзтве няма волевыяўленьня асобы, людзьмі апаноўвае каструбаватасьць, грувасткасьць, няўклюднасьць мысьленьня й маўленьня. Вось да якое меры паяднаны міжсобку катэгорыі грамадзкія й асабовыя, свабода краіны й раскутасьць чалавечае думкі.

Найбольш значнымі помнікамі антычнай тэорыі мовы й стылю ёсьць Арыстотэлевы “Паэтыка” й “Рыторыка” — глыбокае дасьледаваньне тэорыі й практыкі паэтычнага й прамоўніцкага майстэрства. Напісаная ў 335 годзе да нашай эры, “Рыторыка” й цяпер вызначаецца крытычнай вастрынёй і дакладнасьцю: усе зьявы тонка дасьледаваны, праглядаецца дыфэрэнцыяцыя й асэнсаваньне іх сувязі зь сьветаглядам і грамадзянскай пазыцыяй аратара.

Асабліва адметным падаецца той факт, што Арыстотэль ужо тады бачыў аграмаднае значэньне ў вывучэньні псыхалягічных якасьцяў аўдыторыі й эмацыйных зрухаў. Разумеючы ўнівэрсальны характар рыторыкі, як і дыялектыкі, старажытны грэцкі вучоны даводзіў: “абедзьве яны датычацца такіх прадметаў, знаёмства зь якімі можа некаторым чынам лічыцца агульным здабыткам усіх і кожнага”.

“Недастаткова ведаць толькі, ШТО трэба сказаць, але належыць таксама сказаць гэта, ЯК трэба; гэта вельмі спрыяе таму, каб мова зрабіла пэўнае ўражаньне” — разважаў Арыстотэль, зыходзячы з таго, што рыторыка, зьяўляючыся галіной дыялектыкі й “той навукі аб норавах, якую справядліва называюць палітыкай”, карыстаецца ня толькі доказамі, але й сродкамі эмацыйнага ўзьдзеяньня. Прытым, што вобразныя сродкі, на ягоную думку, усё ж выконваюць дапаможную ролю, ёсьць “аксэсуарамі” ў прамоўніцтве.

Ідучы ў некаторых пытаньнях усьлед за сваім настаўнікам Платонам, Арыстотэль разьмяжоўвае стылі вуснага красамоўства й паэтычна-мастацкага твору, асаблівасьці мовы прамоўніцкага выступленьня й мовы навуковай, аргумэнтаванай. Рыторыка заўсёды скіравана на ўзбуджэньне той альбо іншай думкі, а таму варта рупіцца пра стыль не як пра нешта, што ўтрымлівае ісьціну, а папросту як пра сродак перакананьня слухача. А дзеля гэткага выніку, несумнеўна, трэба ўлічваць гэткія рысы прамоўніцтва й пісьменства, як рытм, паяднанасьць стылю са зьместам, наяўнасьць эпітэтаў, мэтафар, іншых вобразна-выяўленчых адзінак мовы.

Ня згубленая ў колазвароце вякоў ад антычнага часу, рыторыка як аснова ўзьнікненьня стылістыкі на пэўны пэрыяд у гісторыі змоўкла, ператварыўшыся ў нямы звод дагматычных правіл прамоўніцкага майстэрства. І толькі ў эпоху станаўленьня й разьвіцьця прэсы, а потым і гэткіх патрэбных насёньня сродкаў масавае інфармацыі, як радыё, тэлебачаньне, а пасьля Інтэрнэт, узнавіўся інтарэс да клясычнай спадчыны старажытных грэкаў і рымлян — мастацтва карыстаньня слова. Дасьледчыкі апошняга часу разглядаюць рыторыку як навуку аб сродках перакананьня й мэтадах узьдзеяньня на масавую аўдыторыю з улікам ёйных сацыяльна-псыхалягічных асаблівасьцяў.

Як пацьверджаньне гэтае тэзы зноў паўстае яскравае азначэньне Арыстотэля: “Стыль будзе мець пэўную якасьць, калі ён поўны пачуцьця, калі ён адлюстроўвае характар і калі ён адпавядае сапраўднаму стану рэчаў… Слухачы заўсёды спачуваюць прамоўцу, які гаворыць з пачуцьцём, нават калі ён не гаворыць нічога грунтоўнага; такім вось парадкам некаторыя прамоўцы з дапамогаю толькі тлуму спрабуюць зрабіць моцнае ўражаньне…”

Прамінулыя стагодзьдзі, да жалю, не аспрэчылі й апошняй высновы грэка-мысьляра, а таму сёньня на журналіста ўскладаецца падвойная роля: трэба ня толькі таленавіта апавесьціць, але й змусіць чалавека да супастаўленьня фактаў, да роздуму й аналізу. Бо толькі гэтакім чынам журналістыка рэальна зможа проціпаставіць нязбыўнаму ў вякох прывабнаму тлуму не такую падчас кідкую й зманлівую праўду. А гэта якраз і ёсьць адзінаю падставаю захаваньня традыцыйнай функцыі журналіста ў грамадзтве ў эру інфармацыйных тэхналёгій, калі, здавалася б, слова ператвараецца ў бязважкасьць, засьцячы вочы, як пер’е, разьляцелае па ўсім сьвеце…

6. Вытокі беларускай стылістыкі. Уплыў фальклёру й прыгожага пісьменства на разьвіцьцё стыляў

Карані ліцьвінскае стылістыкі, называнае цяпер беларускаю, вядома ж, даюць слову магуту жыць, дыхаць і красаваць з прадаўніх глыбіняў, калі яшчэ безыменны аўтар народ складаў незьлічонае мноства непадробных шэдэўраў, ведаць ня ведаючы пра жанры й стылі, але падсьвядома беспамылкова выстройваючы ў творах эпічных і лірычных тыя славутыя выяўленчыя моўныя сродкі, за конт якіх кожная нацыянальная літаратура ёсьць непараўнальнаю ні зь якаю іншаю.

Што ж да рыторыкі, дык, нават ня згадваючы златавуста XII стагодзьдзя Кірылу Тураўскага, слыннага ў тагачасным сьвеце прамоўцу, маю пэўнасьць абвесьціць, што ўсялякі вясковы апавядач быў выдатным знаўцам законаў рыторыкі, ніколі, канечне ж, не чытаўшы аніякіх тэарэтычных досьледаў. І гэтая акалічнасьць ёсьць важкім аргумэнтам на карысьць таго, што ў самой прыродзе чалавечай закладзены нейкія патаемныя мэханізмы красамоўства. Толькі адны гэта ў сабе культывуюць як найлепшую асабовую праяву, іншыя ж не зважаюць на духоўную патрэбу прыгожа гаварыць, і паступова патэнцыйныя здольнасьці хаваюцца, заглухаюць, як бясплоднае зельле ў гародзе.

Зважма: усе паданьні, легенды маюць адну форму перадаваньня думкі, а казкі — ужо іншую, баляды — адрозную ад казак і паданьняў. І гэтак — бясконца, па ўсёй неабсяжнай прасторы народнай творчасьці. Народ вынаходзіць абсалютна адпаведныя ў кожным разе прыёмы, каб выказаць і пераказаць нешта рэальна-адбыванае альбо мэтафізычнае зразумела й кранальна.

Літаратурная мова, дарэчы, і дасюль адчувае нястачу ў перадаваньні паняткаў абстрактных, філязофскіх, мэтафізычных: неяк у гэтай плыні лягчэй мысьліцца ці не бальшыні нашых творцаў, навукоўцаў і журналістаў па-расейску. Відаць, працяглыя ідэалягічныя забароны на ўсё нематэрыяльнае справакавалі надзвычайную сытуацыю: найбагатшы жывы матэрыял (лексыка, своеасаблівыя моўныя канструкцыі, непаўторная повязь словаў) нібыта зьнік, схаваўся ў скляпеньні падсьведамасьці, падаўшы знакі існаваньня хіба толькі напрыканцы мінулага веку, калі сталі зьяўляцца філязофскія й міталягічныя канцэпцыі сьветаўладаваньня ў беларускай мове (Ігар Бабкоў, Валянцін Акудовіч, Сяргей Санько ды іншыя).

Калі павяртацца да журналістыкі й ейных пачаткаў, дык аніяк не абмінеш старажытных кронік, палемічных лістоў, а далей — Кастуся Каліноўскага з палымяна-заклікальнай “Мужыцкай праўдай”, якая ёсьць поўным узорам газэты, зладаванай з улікам усіх канонаў стварэньня й дзеяньня ідэалягічнай зброі. Нездарма ж аўтар навучаўся ў Пецярбурскім унівэрсытэце й наведваў рэвалюцыйны гурток. Публіцыстычнасьць, трэба сказаць, высокага кшталту: да пачатку XX стагодзьдзя, да адраджэнцкіх 20-х, гэткае не было традыцыйным.

7. Праца на разьвіцьцё стылістыкі нацыянальных духоўных дзеячоў і асьветнікаў

Аднак жа напачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Слова было — Бог. Гэтая біблейская формула сьветасатварэньня на мікраўзроўні станаўленьня нацыянальнага пісьменства ёсьць абсалютным адлюстраваньнем сапраўднасьці рэчаў. Эўфрасіньня Полацкая, перапісваючы сьвятыя кнігі для народу, выштукоўвала, майстравала стыль, дапасоўвала сказанае адмыслова-складана, зашыфравана да разуменьня й ўспрыманьня ў штодзённым жыцьці.

І гэта мела плён, бо пачынаў рэчаісна функцыянаваць стыль, блізкі да ладу думаньня людзей гэтай зямлі. Верыць хто альбо не, але кожная мова ўтвараецца з касьмічнага прынцыпу супаданьня энэргетычных вібрацый пэўнай тэрыторыі й гукаў: у Італіі горна-адкрытая, высокая, бунтоўная мэлёдыка мовы, у нас — як бары й балоты, ціхая, напеўная, задумная. Гэтак магчыма “расчытаць”, раскадаваць характар кожнае зямлі, мовы, этнасу.

Але адслонімся ад катэгорый касмалягічных. Постаці гісторыі ўсё-ткі больш уматэрыялізаваныя, нягледзячы на тое, як далёка ў часе мы, сучасьнікі, ад іх апынуліся. У залатым веку ВКЛ, у пару Адраджэньня, Францішак Скарына, па сутнасьці, вершыў справу, распачатую Эўфрасіньняй, перакладаючы біблейскія кнігі — збор рэлігійных правіл і канонаў, крыніцу ведаў “людем простым посполитым к пожитку и ко розмножению добрых обычаев”. Гэтакім чынам доктар Скарына паклаў пачатак функцыянальнай стылістыкі. Абагачэньню літаратурнай мовы, якая, да гонару, мае моцу абслугоўваць усе сфэры інтэлектуальнай дзейнасьці, прысьвяцілі свае жыцьці й скарынавы пасьлядоўнікі — Сымон Будны й Васіль Цяпінскі.

Непараўнальнае значэньне для разьвіцьця беларускай (дый расейскай!) стылістыкі маюць першыя граматыкі Лаўрэнція Зізанія й Мялеція Сматрыцкага. Нездарма ж М. Ламаносаў , кіраваўся граматыкай Мялеція Сматрыцкага, па якой навучаўся сам, пры стварэньні свае “Расейскае граматыкі”, і назваў падручнік нашага земляка “вратами учености”.

Дарэчы, меркаваньне пра існаваньне трох стыляў — высокага, сярэдняга й нізкага — задоўга да тэорыі Ламаносава выказвалася яшчэ ў працах антычных і сярэднявечных аўтараў. Але не падмацаванае жывой маўленчай практыкай, яно выдавала на схематычную абстракцыю. У Расеі ж — напэўна, зноў жа за конт манархічнага дзяржаўнага ладу — рэальна ўжываліся ўсе тры стылі маўленьня, і высокі пры гэтым заставаўся ў карыстаньні толькі арыстакратыі. Тут вам не Старажытная Грэцыя, дзе з прынцыпаў дэмакратыі кожны меў права на асабістую абарону й мог навучацца майстэрству прамаўленьня.

Міхаіл Ламаносаў прыкмячае таксама іншы стылёвы падзел у расейскай мове — на прастамоўе й прамоўніцтва, што, відавочна, і дагэтуль мала перамянілася: хіба прамоўніцкае ўмельства цягам сацыялістычнага “росквіту” страціла свае сутнасныя якасьці й набыло адценьне дэмагогіі, а прастамоўе заўважна “павузела” да нецэнзуршчыны, зь якой змаганьне вядзецца адвеку, але вынікі, хутчэй, адваротныя чаканым. Зрэшты, тут мы, як тое ні скрушна, маем вялікае падабенства — з прычыны адсутнасьці ўсё тае ж дэмакратыі, страчанае й здабытае сьветам шматкроць, пакуль складалася са зьбядненьня розных культур адна савецкая нацыя.

Што да прадмета нашае гаворкі — стылістыкі й беларуска-расейскіх стасункаў у моўнай сфэры, то Вісарыён Бялінскі аднолькава праўдзіва адносна абедзьвюх моваў — балцка-славянскай нашай і шмат у чым цюркска-славянскай расейскай — акцэнтаваў увагу на сынтаксысе як адметным элемэнце стылістыкі, якую лічыў заканамерным працягам граматыкі.

І менавіта вызначэньне іншамоўным крытыкам Бялінскім сынтаксысу й вобразна-выяўленчых адзінак мовы як спэцыфічнай сыстэмы, адрознай ад фанэтычнай, лексычнай ці граматычнай, аказалася для беларускае, нашае, мовы, пэўне, больш важкім, чым для самое расейскае. Бо моўная экспансія з боку Расеі, што доўжыцца ня першае стагодзьдзе й не ўтаймоўваецца да сёньня, амаль ні дашчэнту вынішчыла ў нашай мове якраз найярчэйшую праяву адрознасьці нацыянальнага мысьленьня й маўленьня — сынтаксыс.

Пакуль жа неадольнай праблемай ёсьць узнаўленьне, адраджэньне ў літаратурнай (а затым — і ў гутарковай) мове адпачатных мажлівасьцяў сынтаксысу — гнуткага, арганічнага для беларусаў збудаваньня фраз і сказаў, стварэньня жывой і натуральнай для нашай мовы маўленчай ці пісьмовай плыні. Бо засвоіць наўмысьля, з палітычнай мэты, сьцертыя з памяці словы й напрактыкавацца фанэтыцы, як выяўляецца, куды прасьцей, чым канструяваць гаворку ў традыцыі гэтага народу, мусова пазбаўленага вольна распараджацца мовай — прыродным, Божым дарам.

Літаратура

1. В.Стральцоў. Публіцыстыка. Жанры. Майстэрства. Мн., Выд-ва БДУ, 1977.

2. М.Я.Цікоцкі. Стылістыка беларускай мовы. Мн., “Універсітэцкае”, 1995.

3. Ян Пятроўскі. Лепшыя думкі чалавека. Флярыда, ЗША, 1995.

4. Современная журналистика. Киев, Цэнтр свободной прессы, 1999.

5. Головин П.Н. Основы культуры речи, 2-е изд. М., 1990 .

6. Янкоўскі Ф.М. Само слова гаворыць. Мн., 1986.

ЛЕКЦЫЯ 2. НАЦЫЯНАЛЬНЫ АДРАДЖЭНСКІ РУХ І КУЛЬТУРА МОВЫ

Плян:

1. Адраджэньне 20-х гадоў мінулага стагодзьдзя й разьвіцьцё стылістычнай навукі

2. Фактары формы й зьместу ў журналісцкім матэрыяле: дасьведчанасьць і пераўстваральніцкі талент журналіста

3. Узаемаповязь журналісцкае этыкі, псыхалёгіі й прафэсійнага майстэрства

4. Праблема духоўнай свабоды журналіста й культура мовы

5. Структура жанраў і разнастайнасьць стыляў. Фэномэн публіцыстыкі

 

1. Адраджэньне 20-х гадоў мінулага стагодзьдзя й разьвіцьцё стылістычнай навукі

У аналізаваньні стану нацыянальнае мовы й стыляў, ёй уласьцівых, мы ўшчыльную падступіліся да трагедыі, перажытай моваю й ейнымі носьбітамі, калі чыніліся жорсткія рэпрэсіі, скасоўваліся ўсялякія, спрадвек усталяваныя маўленчыя нормы на ўгоду ідэалягічнай фанабэрыі й псэўдаміту пра адзіную мову саветаў. Аднак зусім не пэрспэктыўна жальбаваць па этнічна-характэрным мяккім знаку ці “эўрапеізаваных” рысах мовы — яны ж усё роўна невынішчальна аб’ектыўна існуюць, бо адпаведна зладаваны артыкуляцыйны апарат беларуса. Вядома ж: прадугледжанага звыш ніякімі ўказамі не забароніш.

З гледзішча цяперашняга моўнага становішча выглядае, што лепей за крыўду спрацоўвае іншае пачуцьцё — годнасьць. А таму досьвед пісьменьнікаў старэйшага пакаленьня (і тых зь іх, што пакутавалі й гінулі, як ні жудасна, за мову) на дадзены момант ці не найлепшая падмога ў справе спасьціжэньня сябе як нацыі праз чысьціню й захаванасьць, узбагачанасьць і пераменлівасьць мовы.

“Мова — жывая істота — пісаў Кузьма Чорны. — Яна жыве, а не існуе. Адным словам можна вельмі шмат выказаць альбо тым жа самым словам нічога не сказаць. І гэта нават можа быць ад таго, як гэта слова выгаварыць. …А паколькі народная мова не маналітная, не аднолькавая для розных пластоў насельніцтва, паколькі яна разьвіваецца, зьменьваецца ў залежнасьці ад часу, то трэба глядзець, каторы стыль народнай мовы можа быць на месцы тут, а не там, і наадварот. Іначай кажучы, трэба ведаць, як карыстацца мовай”.

Чым не інструкцыя па далікатным абыходжаньні з мовай як з жывым адчувальным арганізмам?! Псыхалягічна-тонка й даткліва Чорны выходзіць у сваіх высновах да набалелае праблемы — выштурхваньня з ужытку беларусаў іхнае мовы й накіданьня мовы чужое. Прынамсі, менавіта пра гэта ён турбуецца ў артыкуле “Небеларуская мова ў беларускай літаратуры”, зважаючы, што беражлівыя адносіны да свае мовы як да гістарычнае й культурнае каштоўнасьці ёсьць адначасна й супрацівам усялякім чужынскім моўным наплывам. А гэта азначае, што абавязковай умовай гарманічнага існаваньня мовы ёсьць стаўленьне да яе носьбітаў, карыстальнікаў. Асабліва ж — творцаў (ці тое пісьменьнік, ці журналіст, ці навуковец).

Патрабаваньне мэтазгоднага й мэтанакіраванага выкарыстаньня моўных сродкаў ў адпаведнасьці з жанрам, зьместам, экспрэсіўнай афарбоўкай твору было ці не асноўным у клопаце Кузьмы Чорнага пра статус нацыянальнае мовы ў грамадзтве, літаратуры й дзяржаве. Таму ён нястомна цьвердзіў, што стыль і зьмест твору знаходзяцца ў цеснай узаемасувязі й мусяць складаць адзіную цэласьць — інакш распадаецца нават ідэя, замысьленая аўтарам. Бо насамрэч мала-мальская зьмена ў канструкцыі фразы ці ў інтанацыі выклікаюць адпаведную рэакцыю — зьмяняюцца сэнсавыя й эмацыйныя адценьні.

Вывучэньнем гэтых сэнсавых і эмацыйных адценьняў і навучаньнем правільна надаваць іх твору — незалежна ад памеру, аднак спрычынна да жанру й мэты выказваньня — мы й зоймемся, беручы да ўвагі досьвед папярэднікаў і ня грэбуючы дасьледаваньнем памылак, якіх трэба запазьбегнуць. Дзеля выніку належыць толькі спасьцігнуць сутнасьць старадаўняе мудрасьці: усё ў сьвеце ужо здаралася, але ўсё зьмяняецца. Якраз талент спалучэньня гэтых супярэчнасьцяў, напэўна, ёсьць асновай усялякага разьвіцьця, эвалюцыйнага руху.

2. Фактары формы й зьместу ў журналісцкім матэрыяле: дасьведчанасьць і пераўстваральніцкі талент журналіста

Памятаеце: журналісту як выканаўцу — у пэўнай ступені — роляў палітычнай і літаратурнай раманіст Чорны пакінуў настаўленьне: “Пісьменнасьць моўная трэба каб вымагалася ад журналіста гэтак, як вымагаецца пісьменнасьць палітычная. Вывучэньне мовы — гэта, кажуць, задача лінгвістаў, а пісьменьніку трэба ставіць праблемы, “адбіваць сучаснасьць”. Але мала хто думае, што для гэтага патрэбна нейкая, калі льга так сказаць, рэчаіснасьць, нейкі матэрыял. Усякі ж ведае, што з дрэннага матэрыялу нават кашаля не спляцеш, ня тое, што якога-небудзь твору”. Трэба асобна адзначыць: заўважанае клясыкам датычыцца ня толькі мовы мастацкай літаратуры, але й мовы навукі, друку, афіцыйна-спраўных зносін.

А журналістыка як унівэральная сыстэма асьвятленьня грамадзкага жыцьця, што адначасна выконвае й прапагандысцкія, ідэалягічныя функцыі, спаўняючы місію папулярызатара навуковых, эканамічных, палітычных і культурніцкіх дасягненьняў, уцягвае ў кола ўласнага ўплыву абсалютна ўсе сфэры бытаваньня й працы чалавека. Таму разгляд жанравай разнастайнасьці й некаторае, спэцыфічнае, “прывязкі” стыляў да іх, а таксама працэсу зьмен у мэдыйнай галіне ёсьць на дадзены момант абавязковым і ў нейкай ступені паратункавым ад пагражальнай страты стылёвай адзначанасьці радыё, тэлебачаньня, друку ды іншых відаў журналісцкай дзейнасьці.

Выходзіць гэтак, што актуальныя праблемы беларускай стылістыкі магчыма пасьпяхова разьвязаць супольнымі намаганьнямі ня толькі адмыслоўцаў у гэтай галіне, але й шырокага кола грамадзкасьці, улучаючы сюды найперш журналістаў і літаратараў. Якая ж вага будзе аддадзена ўжываньню моўных адзінак народна-гутарковага паходжаньня, а якая — кніжна-тэрміналягічнай, навуковай лексыцы, маюць вызначыць сам час і шматаблічны калектыўны аўтар — журналіст.

Бясспрэчна, што з тае плыні народна-сакавітай мовы, якую адстойвалі адраджэнцы пачатку мінулага стагодзьдзя, мы ўжо даўно выкуліліся. Гэтаму “паспрыялі” і палітычныя, і сацыяльныя акалічнасьці, і фактар глябалізацыі культур у Эўропе, і суб’ектыўныя моманты, калі шмат хто спакушаўся гаварыць і пісаць на больш папулярнай мове рускай, часткова зьбядняючы роднае, айчыннае, пацьвярджаючы ягоную саслабласьць і неканкурэнтназдольнасьць. І сёньня мы ўсе разам, нешта згубіўшы, нешта прыдбаўшы, маем тое, што маем. Новыя здабыткі, дасягнутыя й запраграмаваныя, таксама.

Мэдыі ў сучасным сьвеце набылі такое аграмаднае значэньне й валодаюць гэтакай сілай уплыву на грамадзтва, што менавіта пасярод інфармацыйнага акіяну месьціцца, напэўна, тая цэнтральная зона, у якой няспынна адбываюцца істотныя моўныя працэсы, выпрацоўваецца й дасканаліцца літаратурная мова. І ўжо зусім не мастацкая літаратура, якая засталася выспай захаваньня традыцый пісьменства, але журналістыка паслугуе вызначэньню моўнай нормы й высьвятленьню ступені ўжывальнасьці характэрных для яе адзінак. Газэта, радыё, тэлебачаньне, інтэрнэт-выданьне, лекцыі й прамовы спараджаюць новыя стылёвыя адметнасьці.

Ці ня гэткія зьявы прадбачыў колісь Міхась Стральцоў, канстатуючы: “Пісьменьнікі часта кідаюцца ў скрайнасьць — яны баяцца “газэтчыны”, “публіцыстыкі”, і там, дзе пра нешта можна сказаць адным словам-паняткам, ужываюць трыццаць словаў…Ня думаю, каб мяне можна было зразумець так, нібыта я клічу да бясколернай, штампаванай мовы. Наадварот! Я хачу сказаць толькі, што ў нас яшчэ слаба разьвіты тыя стылі прозы, існаваньне якіх немагчыма бязь лексыкі, што перадае адцягненыя паняцьці (філязофскай, палітычнай, вытворчай)”.

Усё ў грамадзтве й мове ад таго часу прыкметна зьмянілася, але па-ранейшаму недастаткова яшчэ скарыстоўваецца моўнае багацьце, а падчас і наўмысна журналісты пазьбягаюць ужываньня вобразна-выяўленчых сродкаў, пахіляючыся да залішне ляканічных клішэ, якія, падаецца, назаўжды ўсталяваны й устыляваны ў іхных матэрыялах. Складаецца гэтакі своеасаблівы трафарэт. І некаторыя цешацца, нібыта гэтым і пазнавальны аўтар. Насамрэч якраз-такі гэтак ён і губіць слова, заганяючы яго ў пастку аднастайнасьці й бясколернасьці, і пазбаўляе чытача (слухача, гледача) мажлівасьці ўбачыць і адчуць падзею ва ўсіх адценьнях і разуменьнях яе адбываньня.

Так, журналісту даводзіцца цягам усяго прафэсійнага жыцьця вынаходзіць новыя тэхнікі й падыходы дзеля апісаньня зьяваў, якія паўтараюцца ў часе й прасторы з пэўнай цыклічнасьцю, якія мала чым розьняцца па зьмесьце й форме калі не штодня, то штогод. Да прыкладу, грамада жыве ў рытме будняў і сьвят, сягненьняў і няўдач — і ўсю гэтую жывую плынь зьнешне аднастайных, падобных адна да другой падзеяў трэба высьвеціць журналісцкім талентам гэтак, каб склаўся цэльны малюнак, яркі, прыцягальны й запамінальны. Бо журналіст ідзе ўсьлед за жыцьцём і па-свойму лепіць ягоны вобраз для сучасьнікаў. Здараецца, дарэчы, што гэты вобраз ўражвае яшчэ й нашчадкаў. Галоўнае — каб ён атрымаўся праўдзівым…

Пераканаўча, прафэсійна-пісьменна й нават захапляльна пераказаць сутнасьць рэчаў, якіх журналіст можа дасканала й ня ведаць, ёсьць доказам высокага майстэрства. Існуе гэткае выслоўе: “Журналісту ня трэба ўведваць што-небудзь добра, яму хопіць арыентавацца ва ўсім патроху”. Гэтая формула выдае на дакладнае азначэньне сутнасьці журналісцкае працы, але яна ня ўтрымлівае маленькае дэталі: такое дапушчальна й прыймальна, калі журналіст валодае здольнасьцю пераняць манеру, стыль гаворкі суразмоўцы й вынайсьці характэрную для сфэры ягонае дзейнасьці мову, каб распавесьці недасьведчаным людзям дазнанае і папулярна, і максымальна блізка да тае самае сфэры. Толькі тады яму, журналісту, павераць і яго зразумеюць.

Культура, эканоміка, палітыка, біялёгія ці сельская гаспадарка — усялякая галіна чалавечага бытаваньня й стварэньня мусіць быць пазнанай журналістам да тае ступені, каб ён ня толькі беспамылкова мог апэляваць тэрмінамі й паняткамі, але й умудрыўся пераказаць сутнасьць падзеі ці зьявы і адпаведна з прынцыпамі праўдзівасьці й дакладнасьці, і зразумела кожнаму неабазнанаму ў пэўных пытаньнях. Вось тут і змыкаюцца навукова-тэрміналягічны стыль з гутаркова-народным. Істотна, каб ніводзін зь іх ня ўзяў над іншым улады. Згарманізаваць тэкст, стварыць яго гэтак, каб ён адолеў рэгуляваць адносіны ў грамадзтве, — гэткае прызначэньне журналістыкі. Непарушная лягічнасьць думкі й эмацыйны выклад яе з мэтай узрушэньня пачуцьцяў і раскатурхваньня почасту соннага розуму сучасьніка, ужываньне знаёмых моўных зрашчэньняў (чорнае золата, зялёная вуліца, шэксьпіраўская трагедыя й г.д.), яснасьць і дакладнасьць высноваў, пазьбяганьне залішняй квяцістасьці, але імкненьне сказаць сакавіта й збудуваць матэрыял з унутруным сюжэтам, дынамізмам разьвіцьця — ці не асноўныя, але далёка ня ўсе характарыстычныя адметнасьці журналістыкі пачатку трэйцяга тысячагодзьдзя.

А гэтае трывожнае, супярэчлівае тысячагодзьдзе вымагае ад кожнага, хто піша ці гаворыць да публікі, адказу на нямое, павіслае ў прасторы пытаньне: “Што чалавек хоча ведаць?”. Каб давесьці сваю праўду, уведаўшы жаданьні таго абстрактнага чалавека, амэрыканскі журналіст найчасьцей падмацуе яе аргумэнтаваным пацьверджаньнем экспэрта, а эўрапейскі — рызыкне сам разважаць, доказна сьцьвярджаць і расстаўляць акцэнты.

Наш, айчынны, прафэсіянал у журналістыцы не пагрэбуе ні тым, ні іншым, бо яму трэба падвойная моц перакананьня, каб разьлічваць хаця б на малую долю чытацкага даверу пасьля таго абвалу псэўдаінфармацыі, пад якім суайчыньнік выжываў цягам савецкага часу й які не супыніўся да сёньня. А таму пярэчыць агульнапрынятым догмам, не разьдзімаючы штучна зьвестак, але падаючы толькі факты з прынцыпу “хадзяка чэша”, як вызначылі чэхі, — што, хто, дзе, як, калі, чаму — ёсьць найлепшым і наймудрэйшым шляхам.

Бо не змаганьне за папулярнасьць прыносіць дывідэнды, але здатнасьць на кплівае людзкое “Ну, і…” адказаць дакладна й падрабязна, праўдзіва й дасьведчана. Імпульс жывога чалавечага жыцьця, гісторыі узаемінаў і расстаньняў, драмы й посьпехі — усё патрабуе журналісцкага ўніклівага погляду й усё чакае далікатнага абыходжаньня. А з гэтага вынікае, што моўная культура, талент згарманізаваць, скласьці ў цэласьць форму й зьмест і чалавецкасьць, тонкасьць псыхалягічнага адчуваньня субяседніка ці сытуацыі — усе гэтыя якасьці разам толькі й могуць забясьпечыць журналісту магчымасьць працаваць на карысьць грамадзтву, а значыць па-майстэрску.

3. Узаемаповязь журналісцкае этыкі, псыхалёгіі й прафэсійнага майстэрства

І гэтак, вызначальным у працы журналіста быў, ёсьць і застанецца Ягоная Вялікасьць Сэнс, і ўжо ўсьлед за спасьцігнутым сэнсам паўстае праблема ўвасабленьня яго ў нейкую найдаходлівую, найэстэтычную форму.

Менавіта з прычыны дастаткова лёгкага й неразважнага стаўленьня шмат каго з журналістаў да мовы як сродку й глебы пераўстварэньня рэальнага сьвету й узьдзеяньня на яго, пытаньняў у штодзённай практыцы ўзьнікае бязьмежна шмат. І першым зь іх бачыцца навучаньне правільнаму й чуйнаму карыстаньню стыляў у жывой журналісцкай практыцы — выключна ва ўсіх мэдыях і датычна ўсіх жанраў.

Таму варта распачаць нашу пазнавальную хаду “па жанравых прыступках”, спрабуючы дасягнуць таго драматургічнага й рэжысэрскага ўмельства, калі журналісцкі матэрыял успрымаецца як мініспэктакаль, насычаны духам жыцьця й здольны выклікаць натуральнае суперажываньне. Мабыць, гэтакім чынам — далучэньнем да рэалій краіны, да працы па зладаваньні, структурызаваньні й максымальным выяўленьні грамадзтва як дадзенай цэласьці — журналістыка выправіць дапушчаныя за савецкім часам хібы й верне людзкі давер да сябе.

Згадзецеся ж, уплыў журналіста на палітыку, эканоміку, культуру дзяржавы й мысьленьне грамады ёсьць непараўнальным ні з чым іншым у ідэале, аднак зусім не зьдзяйсьняецца цяпер, у постсацыялістычных варунках — ніхто ніяк не рэагуе на высновы, зробленыя нейкім выданьнем на дакор альбо на ўхвалу пэўнай асобе ці ўстанове. І гэта выклікае паніку ў асяродку журналістаў: ня стала дзеля чаго працаваць, на які вынік разьлічваць.

Але ж каб уплываць — а значыць выступаць (і ў значнай ступені) дойлідам сучаснага табе грамадзтва, мала пазнаваць уласьцівыя яму праявы й тэкстава-вытанчана пра іх паведамляць. Належыць відушча бачыць: самую зьяву й арганічнасьць повязяў яе ў часе й прасторы, маштабнасьць і пэрспэктыву, карані й глыбінна-схаваныя працэсы адбыванага. Творцам гэткае бачаньне Богам дадзена. І зазвычай таленавіты журналіст насамрэч падае інфармацыю ў ейнай шырыні й шматрысавасьці, чынячы пры гэтым аналізаваньне й сягаючы абагульненьняў. А таму немінуча ягоныя думкі неўпрыкмет адбіваюцца ў сьвядомасьці грамадзян і спакваля фармуюць новыя погляды.

А ўсё-ткі журналістыка — дынамічны й супярэчлівы працэс, і нават на індывідуальным узроўні складана вызначыць, наколькі супадае глыбіня мысьленьня, шырокае ўсьведамленьне існасьці жыцьця й форма выказваньня ў пэўнага творцы. Тым больш гэткае патрабаваньне немагчыма аднолькава адносіць да працы на радыё, тэлебачаньні альбо ў прэсе. Бо тое, што добра ўспрымаецца ў вэрбальнай вэрсіі, можа аказацца зусім нецікавым і недастаткова відовішчным на экране. Філязофскае аналітычнае эсэ, да прыкладу, зьмешчанае ў газэце, ніяк прагучыць на радыё, а добры, зьмястоўны радыёдыялёг ня ёсьць чытэльным.

Менавіта з гэтае прычыны варта й патрэбна разглядаць майстэрства журналіста (у нашым выпадку — ягонае ўменьне карыстацца ўсімі моўнымі рэсурсамі й багацьцем стылёвых адрознасьцяў) зыходна з таго, для якога сродку масавай інфармацыі ён працуе. Хаця майстэрства — рэч шматплянавая, шматкампанэнтная, і ўлучае ў сябе ня толькі прафэсійныя якасьці, але й маральна-грамадзянскія, псыхалягічныя, адукацыйныя, літаратурныя, а таксама почасту й зьнешнія дадзеныя, грамадзтва падсьведама чакае ад журналіста абсалютнае здатнасьці Быць усюды й пра Ўсё распавесьці дакладна, яўляючы зь сябе Ісьціну, зьбіраючы ў Адзінкавасьць усе таленты бачыць, ацэньваць і пераказваць.

У журналістыцы, акрамя таго, не абысьціся бяз гэткай азначальнай рысы, як прафэсіяналізм і схільнасьць да нутраных зьменаў усяго творчага калектыву, паколькі ўсялякая рэдакцыя ў працы выступае цэльным арганізмам — ансамблем салістаў пад кіраўніцтвам дырыжора, чуйным да ўсялякіх зрухаў у жыцьці прыроды й грамадзтва.

4. Праблема духоўнай свабоды журналіста й культура мовы

Якія ж тэндэнцыі творчага руху прыкметны ў нашай журналістыцы й якія шляхі дасканаленьня літаратурнага майстэрства адкрываюцца цяпер, калі поўна розных мажлівасьцяў і верагоднасьцяў праявы таленту (праўда, зь непазьбежнасьцю пераадоленьня супраціву — нутраному й дзяржаўнаму цэнзарам)? Пасьля таго, як на долю СМІ прыпала перажыць непаўторнае ў вякох пераўзнаўленьне падчас бурных працэсаў нацыянальнага адраджэньня 90-х, настаў творчы й эканамічны, ідэалягічны крызыс, зь якога не ўдаецца выбрацца, які зацягвае ўсё глыбей.

І гэта найбольш відочна праглядаецца ў аналёгіі прынцыпаў мысьленьня й аналізаваньня рэчаіснасьці ў выданьнях, адрозных з палітычных пазыцый: і адны, і другія адлюстроўваюць падзеі максымальна аднабока, заангажавана. Ніводзін з друкаваных альбо электронных СМІ гэтак і не знайшоў насёньня мужнасьці на люстраваньне аб’ектыўнасьці гэткай, якою яна ў краіне ёсьць, не шукаючы вінаватых, але ведучы самога чалавека да роздуму й спробы нешта зьмяніць — паўстаць паўнавартасным і паўнапраўным будаўніком свайго жыцьця. А якраз гэтая місія ёсьць найпершаю й найгалоўнаю ад часоў зьяўленьня журналістыкі —як творчае й грамадзкае сфэры — і назаўжды, ува ўсе вякі й пры ўсялякім чыне дзяржаўнага зладаваньня.

Свабоднае прэсы, гэтакім чынам, у нас няма. Найбольш назіраецца абмежаванасьць, дагматызм і моўнае бескультур’е. Адзінае, што яшчэ не пасьпела прыжыцца ў Беларусі й не завалодала грамадзтвам, а значыць і грамадзкім мысьленьнем, дык прэтэнзіі новых алігархаў на ўтрыманьне ўласных сродкаў інфармацыі й фармаваньне гэтакім чынам пэўных поглядаў, угрунтаваных адно на прыбытках і канкурэнцыі за чым большую нажыву. Заходнім краінам гэта вядома даўно, бо неаспрэчным ёсьць быцьцёвы факт: хто плаціць, той і замаўляе музыку.

Між тым, наша грамадзтва, як і ўсясьветнае, мае вострую патрэбу інтымнай, шчырай, чалавецкай гаворкі на друкаваных старонках альбо ў этэры пра набалелае, невырашальнае, турботнае, на што захварэлы пералом тысячагодзьдзяў. Аднак ні духоўна, ні інтэлектуальна самастойнай сілай, мозгам нацыі, праўдзівай крыніцай інфармацыі для ўлад і людзтва масмэдыі нашае краіны не выступаюць у гэты найцяжкі час выбару — паміж незалежнасьцю й падляганьнем пад імпэрскі захоп.

Менавіта з прычыны залежнасьці, падпарадкаванасьці выданьняў і журналістаў пэўным палітычным рухам да аднастайнасьці павузела жанравая палітра: нікчэмна мала сустракаецца рэцэнзій, нарысаў, аглядаў — мастацтвазнаўчых, літаратурных, публіцыстычных ці тэатральных. Блізка не вядзецца гаворкі — асабліва аналітычнай, абгрунтаванай — на праблемы культурніцкія, не абмяркоўваецца гэтакі масавы фэномэн, як тэлебачаньне, хаця якраз тут палягае пачатак агульнанацыяльнай моўнай драмы. Ці ж такая сытуацыя не адбіваецца на фармаваньні эстэтычных (дый этычных таксама) густаў шматмільённай аўдыторыі?!

Значная перавага рускамоўных выданьняў і электронных мэдыяў над нацыянальнымі дарэшты вынішчае й бяз гэтага саслаблыя парасткі сьведамленьня беларусамі сваёй прыналежнасьці да гісторыі й культуры краіны. І адкуль у гэтакім разе чакаць моўнае эстэтыкі й этыкі ці досьведу ў пытаньнях разьвіцьця нацыі ад журналістаў?! На сьвядомасьць народу абрыньваецца зьбедненая, пазбаўленая ўсялякіх вобразна-выяўленчых афарбовак, стылёва, лексычна, арфаэпічна абрушаная й зьведзеная да роўню “рабочай”, але не жывой, не чалавечай, ня чуйнай, мова.

А ва ўсе эпохі й ува ўсялякіх абставінах СМІ мусяць выконваць шматаспэктную функцыю — інфармаваць, аналізаваць, адукоўваць, падмагаць кіраваць дзяржавай, забаўляць і прыносіць асалоду. Рэалізоўвацца ўсё гэта можа толькі праз думку, слова, адлюстраваньне, на што мае права й талент і што стварае журналіст. Таму ні ад кога болей, як ад журналіста, не залежыць справа паляпшэньня й пацікаўленьня масмэдый. Бо праз сэрца журналіста праходзяць усе крывяносныя сасуды грамадзтва, і дзеля паздараўленьня краіны журналісцкае сэрца мусіць быць адчувальным да праяваў жыцьця ў ёй.

Здавалася б, але пры чым тут пытаньні стыляў, жанраў і маўленчае культуры, калі палітыка й ідэалёгія знаходзяцца паасобку ад гэткіх паняткаў й ніяк не стасуюцца зь імі? Аднак так выглядае толькі звонку. Насамрэч ува ўмовах залежнасьці ад уладных установаў прэса (і электронныя мэдыі таксама) найперш занішчаюць, даводзяць да занядбаньня індывідуальнасьць, і тады квітнее шэры, аднастайны стыль, сыходзіць да паніжэньня й разбураецца ледзь недашчэнту эстэтычная функцыя слова, запаноўвае агульшчына, шэрая й аднастайная. Што ў гэтакіх варунках рабіць журналісту, каб ягонае слова пачулі й прынялі? Ды, зрэшты, дзе ўзяць тыя моўныя й жанравыя мэханізмы, якія разьняволяць стыль і дазволяць напоўніцу дыхаць слову, калі менавіта яно, слова, і ёсьць першым, хто патрапляе пад перасьлед і забарону? Мне бачыцца, што варта вышукваць з усіх моўных рэзэрваў тыя прыёмы й канструкцыі, якія цягам стагодзьдзяў зьбераглі сваю недатыкальнасьць, а таму іх абмінула заідэалягізаванасьць.

Ня маю тут мажлівасьці ўсё пералічыць, але падам найперш за добры й прыймальны прыклад стыль, набліжаны да народна-апавядальнага, які лёгка пачуваецца ў жанры нарысу, артыкулу дый рэпартажу й мае свае, адметныя выразы, выслоўі, азначэньні й вобразныя адзінкі. Павяртаньне да каранёў, да тае літаратурнае й гутарковае спадчыны, што можа сілкаваць, жывіць сёньня саслаблую мову, адсланёную ад носьбіта й пазначаную ў лёсе народу як недасканалая, непаважная, бачыцца адзіным выйсьцем і паратункам ад свавольства чыноўнікаў, якія зацята праполваюць палеткі маўленьня й мысьленьня, пазбаўляючы чалавека найпершага здабытку цывілізацыі — маўленьня.

Журналісты на гэтай дарозе апынаюцца паперадзе ўсяе грамады з наканаваньня, а таму ня маюць права хавацца за ўсялякага кшталту клішэ й трафарэты, навыдумляныя ў бюракратычных кабінэтах, а прызваны самім часам несьці ў народ мову прыгожую, складную, жывую й яркую — дзеля аднаўленьня ейнае спрадвечнае місіі камунікаваньня й пазнаньня рэчаіснасьці.

5. Структура жанраў і разнастайнасьць стыляў. Фэномэн публіцыстыкі

Зь якога боку ні падыходзь да журналістыкі як творчага працэсу, аніяк не абмінеш праблемы падзелу жанраў, у якіх працуюць, гэтак скажам, летапісцы сучаснасьці, на пэўныя групы, ці віды. Хай сабе насёньня гэта й выглядае дастаткова ўмоўным — з улікам надзвычайнай дынамікі й шматпраяўнасьці асабовага й грамадзкага жыцьця, — усё ж гэтакі прынцып разгляду журналісцкага пазнаньня й адлюстраваньня рэчаіснасьці найбольш выдае на адпаведны ва ўмовах разьвіцьця, пашырэньня й нават некаторага трансфармаваньня жанраў. Пры тым, што стыль, які выбірае журналіст дзеля рэалізаваньня ідэі й паказу рэаліяў, гэтак альбо інакш сутыкаецца з пытаньнем жанру, і мы пра гэта ўжо даволі падрабязна гаварылі.

І гэтак, з паказальнай дамінантай у наш час журналісцкіх матэрыялаў інфармацыйна-канстатавальнага характару й ледзьве ня поўнай адсутнасьцю аналітыкі ўстойліва й непарушна трымаецца сваіх пазыцый публіцыстыка — усёпранікальны й аб’ёмны спосаб дасьледаваньня рэчаў і зьяваў, адметная форма пазнаньня й адлюстраваньня быцьця, якая спалучае ў сабе лягічны й вобразны, рацыянальны й эмацыйны пачаткі, выяўляючыся як своеасаблівы сацыяльны фэномэн.

Публіцыстычнасьць як неад’емная якасьць усялякага добрага твору — ці то інфармацыйнага, ці аналітычнага кірунку, ці нават сатырычнага — дае найбольшы выніковы эфэкт узьдзеяньня на асобу й грамадзтва. Нездарма ж неаспрэчным застаецца меркаваньне, што публіцыстыка пачынаецца там, дзе ёсьць думка. І гэта азначае, што насамрэч без публіцыстыкі тканка аніводнага матэрыялу ня будзе напоўнена той жыцьцядайнай энэргіяй, якая дазваляе журналісту ўзнаўляць факты ў іхнай нутраной дынаміцы, у канкрэтыцы рэчаісных праяваў з мэтай умяшаньня ў грамадзкія й сацыяльныя працэсы.

Раз прэса як усялякая жывая рухомая й зьменлівая сыстэма не паўстае ні ў якім часе й ні ў якім грамадзтве аднойчы й назаўжды складзенай, дасьледаванай і структурызаванай, мы маем насёньня адну толькі мажлівасьць убачыць вызначальныя ейныя прыкметы й уласьцівасьці: у параўнаўчым аспэкце з часам савецкім, у люстэрку сацыяльных і палітычных зьмен апошніх дзесяцігодзьдзяў.

Менавіта гэты мэтад падможа нам прасачыць ня надта адкрытыя хады сучаснай журналістыкі ад жанравай разнастайнасьці да спэцыфікі прыстасаваньня пэўнага літаратурнага віду й мноства творчых прыёмаў да “патрэбнага” жанру. А гэта вымагае ўліку асноўных уласьцівасьцяў жанравых форм і характэрных рысаў, што іх аб’ядноўваюць. Дзеля аб’яднаньня тых самых журналісцкіх жанраў у групы.

Але што ж адметнае мы бярэм да ўвагі, каб зьдзейсьніць адначасна разьмежаваньне й спалучэньне жанраў, а далей разглядаць іх паасобку, маючы на мэце вынаходжаньне адпаведнага ім стылю? Чым варта кіравацца, каб ня зблытацца ў падабенстве й адрозьненьнях, за конт якіх журналістыка выступае даволі тонкім інструмэнтам аналізаваньня стану грамадзкай думкі й уплыву на ейнае фармаваньне?

Калі параўнаць цэлыя ячэйкі аднатыпных жанравых публікацый, абагульняючы практычныя здабыткі, то яскрава акрэсьліваюцца некаторыя асаблівасьці.

1. Жанры адрозьніваюцца па мадыфікацыях прадмету, характары аб’екту адлюстраваньня. Да прыкладу, у нататцы фіксуецца канкрэтны жыцьцёвы факт; інтэрвію ёсьць літаратурным пераказам гутаркі з чалавекам, думкі, развагі, сьветагляд якога цікавыя грамадзтву. Аднак жа і нататку, і інтэрвію аб’ядноўвае тая акалічнасьць, што аўтар абодвух тэкстаў падае факты з падмогай пераважна інфармацыйна-канстатавальнага спосабу. Для стварэньня рэпартажу адзінкавага факту ці нават сумы фактаў мала, пакуль яны знаходзяцца ў статыцы, паколькі тут мусяць раскрывацца дзеяньні, факты ў дынамічным разьвіцьці. А рэцэнзія — зважым! — мае справу не з падзеямі, адбыванымі ў пэўных абставінах і ў пэўны час, а з адлюстраванай рэчаіснасьцю.

2. Жанры адпачатку маюць нейкае дакладнае прызначэньне. Карыстаючы адны зь іх, магчыма канцэптуальна паказаць стан і праблематыку чалавека ці грамадзтва; з дапамогай іншых — раскрываецца-распрацоўваецца тэма — у лякальным пляне (карэспандэнцыя), альбо ў агульным (артыкул).

3. Жанрам уласьцівы розны маштаб высноваў і абагульненьняў. Карэспандэнцыя не выходзіць за межы геаграфічнага раёну, зь якога браліся факты; у артыкуле ж, наадварот, шырока, усеахопна разглядаюцца пытаньні, датычныя пададзеных падзеяў.

4. Розьняцца жанры й па характары ўжываных моўна-стылёвых сродкаў, эмацыйна-вобразнай насычанасьці. Найперш з гэтае прыкметы вызначаецца група мастацка-публіцыстычных жанраў.

Істотна, каб дзеля характарыстыкі жанраў улічваліся ўсе ўласьцівыя ім рысы. Прыкладам, зацемка (замалёўка) можа быць падрыхтавана журналістам дастаткова эмацыйна й вобразна, каб яе прыняць за нарыс і аднесьці да мастацка-публіцыстычнага жанру. Але ж трэба зважыць на прадмет журналісцкага дасьледаваньня й на прызначэньне тае самае зацемкі. Маючы зусім іншыя задачы, чым нарыс, які распрацоўвае канцэпцыю асобы ці жыцьцёвай зьявы, зацемка дае ў вобразна-эмацыйнай форме інфармацыю пра нейкую сытуацыю альбо эпізод.

Якраз у гэтакім разе адбываецца ў нейкай ступені сынтэз стылёвых прыёмаў. Аднак жанравыя адметнасьці прасочваюцца лёгка. Бо пры ўсім падабенстве журналісцкага падыходу да аб’ёму высноваў і абагульненьняў у праблемным нарысе й артыкуле, крытычнай карэспандэнцыі й фэльетоне моўна-стылёвыя сродкі ў кожным выпадку будуць скарыстаны інакшыя. І менавіта празь іх адбудзецца разьмежаваньне жанраў.

Аднак важна зразумець ня толькі прынцып адасабленьня жанраў, зыходзячы з рознасьці пералічаных адметнасьцяў, але й убачыць агульныя рысы, што злучаюць іх у відавыя групы. Інтэграцыя жанравых форм спрыяе дакладнаму акрэсьліваньню глыбіннай сутнасьці апісваных зьяваў. А гэта, паміж іншага, уплывае на спосабы публіцыстычнага афармленьня наяўнага фактычнага матэрыялу, на суадноснасьць аўтарскай думкі й фактаў, на характар выяўленчых сродкаў. Гэтакім чынам забясьпечваецца адзінства формы й зьместу.

Зыходзячы з наяўнасьці асноўных прыкмет жанравых форм і характэрных аб’яднальных рыс, намі пералічаных, маем сёньня мажлівасьць разьмеркаваць жанры, у якіх працуе журналістыка, па групах. Гэта, відочна, ня ёсьць схемай, аднойчы й назаўжды збудаванай, але менавіта гэткі прынцып аналізаваньня жанраў як інструмэнту дасьледаваньня аб’ектыўнасьці падмагае ўбачыць журналістыку ў разьвіцьці, у дынаміцы жанравага пабагачэньня й відазьмяненьня.

Літаратура

1. Стральцоў Б.В. Публіцыстыка. Жанры. Майстэрства. Выдавецтва БДУ імя Леніна, 1977.

2. Юрэвіч А.К. Стылістыка беларускай мовы. Мн., 1983.

3. Янкоўскі Ф.М. Сучасная беларуская мова. Мн., 1984.

4. Каўрус А. Мова народа, мова пісьменніка. Мн., 1989.

Лекцыі № 3-4 можна прачытаць тут.

You may also like...