Беларуская гісторыя: эпохі, падзеі, людзі. Семінар Алеся Смалянчука

курс:

Беларуская гісторыя: эпохі, падзеі, людзі

Гісторыя Беларусі – гістарычная (суб)дысцыпліна з працэдурамі і правіламі, перыядамі і падзеямі. Беларуская гісторыя – гэта сацыяльная памяць пра супольнасць у часе і прасторы, яе тоеснасць і змены, яе гісторыі, і яе гісторыя.

Гісторык стаіць на раздарожжы, але і на скрыжаванні гэтых рэчаў.

Тое, што іх аб’ядноўвае – сам чалавек, які ніколі не ёсць толькі фактам і фактарам гісторыі, а заўсёды яе мэтай. Асобным жыццём, лёсам і памяццю.

Семінар з аднаго боку спрабуе даць агляд і падсумаванне гісторыі Беларусі як дысцыпліны, яе плёну і яе праблем: эпохі, падзеі, канцэпцыі, даследаванні. З іншага, канцэнтруецца на важных, паваротных момантах беларускай гісторыі, у якіх чалавек выходзіць на паверхню, становіцца заўважным і істотным. Момантах, у якія гісторыя стаецца антрапалагічнай, а чалавек гістарычным.

Гісторык нагадвае казачнага людаеда.
Ён ведае, дзе пахне чалавечынай, там яго чакае здабыча.
Марк Блок (1942)

Семінар “Беларуская гісторыя: эпохі, падзеі, людзі” прапануе паглядзець на мінулае Айчыны з пэўнай антрапалагічнай перспектывы. Апошняя нараджалася дзякуючы групе французскіх даследчыкаў на чале з Маркам Блокам і Люсьенам Феўрам, якія заснавалі часопіс Аnnales (1929). Прэтэнзіі заснавальнікаў часопіса былі скіраваныя на пераўтварэнне гісторыі ў фундаментальную шматдысцыплінарную навуку пра Чалавека. Але рэальныя перамены распачалася толькі ў 1970-я гг., калі актыўнымі “суразмоўцамі” гісторыі сталі сацыялогія, антрапалогія, этналогія, лінгвістыка і дэмаграфія. Пры гэтым найбольш карысным выявіўся дыялог гісторыі і антрапалогіі. Галоўным прыярытэтам антрапалагічнай гісторыі стала вывучэнне чалавека і той карціны свету, якая існавала ў яго свядомасці (mentalite) і была абумоўленая эпохай і пэўным сацыякультурным асяродкам. Даследчыкі ўпершыню ўбачылі ў мінулым чалавека з думкамі і пачуццямі і паспрабавалі тлумачыць гісторыю праз матывы паводзінаў.

Працы Марка Блока, Люсьена Феўра, Фернана Брадэля, Жака Ле Гофа ператваралі гісторыю “вялікіх людзей і вялікіх падзей” у навуку пра Чалавека ў часе і прасторы. Прыхільнікі гэтага кірунку вялі дыялог з мінулым з пазіцыі “чалавечага вымярэння гісторыі”. Увага акцэнтавалася таксама на г. зв. “людзях без архіваў”, якія ў межах традыцыйнай гістарыяграфіі заставаліся па-за гісторыяй. Насамрэч гісторыка павінен цікавіць не толькі Юлій Цэзар, але і салдаты яго легіёнаў і не толькі Калумб, але і матросы на яго каравеле. Даследчыкі распачалі дыялог з тымі, каго акрэслілі “маўклівай большасцю гісторыі”. Пры гэтым гістарычнай крыніцай станавілася ўсё, што чалавек казаў і пісаў, усё, што зрабіў і да чаго дакранаўся.

А што з беларускай гістарычнай навукай? Варта адзначыць, што першыя крокі ў накірунку антрапалагізацыі гісторыі былі зроблены даволі даўно. Да ліку беларускіх “айцоў-заснавальнікаў” гэтага накірунку можна аднесці Мітрафана Доўнар-Запольскага і Міколу Улашчыка. Але ва ўмовах савецкай рэчаіснасці з яе жорсткім ідэалагічным кантролем над гуманістыкай падобны падыход не меў шансаў на развіццё. Сітуацыя амаль не змянілася і пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі, бо існуючы палітычны рэжым збудаваны па савецкіх нормах. Адпаведна большасць даследчыкаў, працуючы ў межах неапазітывісцкага дыскурсу, па-ранейшаму шукаюць “ісціну ў апошняй інстанцыі”, назапашваюць факты, якія часта трактуюцца як аб ́ектыўная рэчаіснасць. Вось толькі атрыманая карцінка больш нагадвае міфалагічнае царства Аіда, у якім ад жывога чалавека застаўся толькі цень. Паводзіны і светапогляд герояў гэтага “царства ценяў” уражваюць падабенствам з людзьмі той эпохі, да якой належыць сам гісторык. Гэта заканамерны вынік адсутнасці цікавасці да праблемы свядомасці, да ўнутранага свету людзей мінулага.

Між тым у межах антрапалагічнай гісторыі мінулае ўспрымаецца як цікавы суразмоўца, а яго вывучэнне ператвараецца ў дыялог. Пры гэтым пытанні, з якімі гісторык звяртаецца да мінулага, звычайна падказвае сучаснасць. Непрыкметна гісторыя ператвараецца ў навуку пра сённяшні дзень, а мінулае становіцца шляхам да яго разумення. Гэта, у сваю чаргу, прымушае задумацца над абмежаванасцю гістарычнага пазнання, абумоўленага комплексам наяўных крыніц, метадалагічнай падрыхтаванасцю даследчыка і, нарэшце, той карцінай свету, якая існуе ў яго свядомасці. Прыходзіць разуменне, што людзі мінулага ў псіхалагічным і ментальным плане моцна адрозніваюцца ад жыхароў ХХІ стагоддзя. Яны Іншыя, і патрэбны спецыяльныя намаганні і даследчыя метады, каб іх зразумець. Прапанаваны падыход дае шанс вызваліць Чалавека беларускай гісторыі з палону навязаных стэрэатыпаў і генералізаваных схем, а таксама дапамагае даследчыкам зразумець уласнае рамяство як дыялог з мінулым. Жыццё ў навуцы патрабуе ад гісторыка самарэфлексіі, змушае аналізаваць уласны даследчы метад і разважаць над праблемай гістарычнага факта. Пры гэтым даследаванне заўсёды пакідае больш пытанняў, чым дае адказаў.

Тэматычным падмуркам размовы пра Чалавека беларускай гісторыі будуць уласна аўтарскія даследаванні датычныя праблематыкі гісторыі ідэі (ідэалогія нацыянальнага Адраджэння, краёвая ідэя), memory study (вусная гісторыя, канцэпцыя “месцаў памяці”, беларуская гістарыяграфія як феномен культурнай памяці), біяграфістыка (Кастусь Каліноўскі, Раман Скірмунт), гістарычная ўрбаністыка (Вільня, Гародня) ды інш.

ПАДАЦЬ ЗАЯЎКУ НА НАВУЧАННЕ

Алесь Смалянчук — гісторык, доктар гістарычных навук, dr habilitowany (2013), прафесар Інстытута славістыкі ПАН, візіт-прафесар Варшаўскага ўніверсітэта.

Праблематыка даследаванняў датычыць гісторыі нацыянальных рухаў у Беларусі і Літве ў ХІХ – ХХ стст., палітычнай гісторыі Беларусі ў ХХ ст., гістарычнай урбаністыкі, memory studies (вусная гісторыя).

Больш пра выкладчыка можна прачытаць тут.

 

Фота: Глеб Лабадзенка