Ганна Севярынец. Гасцініца “Бельгія”: тры ўрыўкі
by калегіюм · 10.03.2019
Урывак 1. Горад. Рэвалюцыйная
Горад. Рэвалюцыйная
Ніжні горад усхваляваны: Нямігу бяруць у калектар.
Драўляныя насцілы паразабраныя, вуліца дыбарам, пыл, грукат, крык. Абапал непрыгожай раны, у якую пераўтварылася вуліца, прабіраюцца мінакі. Сёлета ў сакавіку Няміга зноў разлівалася, бегла залоднымі ручаямі ў склады і крамы, хліпала пелькаю пад ходнікамі, біла фантанчыкамі з-пад гнілаватых дошак. Здаецца, колькі той ракі – але ж як вясна, дык давай гуляць і сваволіць.
Цяпер яна пацячэ ў калектары – свавольства рэкаў будзе спынена чалавечай рукой. Не сядзець і не чакаць, покуль ручай стане бядой – замкнуць у бетон, перамагчы, прымусіць слухацца.
Тыя, хто сёння ідзе на паседжанне ЦБ “Маладняка” праз Няміскую, пакорна прыціскаюцца да сценаў і па вузенькай сцежачцы мінаюць разгорнутую да самых вантробаў вуліцу, каб з палёгкай звярнуць на Камсамольскую і адтуль – на Рэвалюцыйную.
Абстаноўка тут, у пакойчыку, які Інбелкульт выдзеліў “Маладняку”, нярвовая. Паветра наэлектрызавана. Раптоўна адчуваецца маштаб той справы, якая рабілася ў “Маладняку” – справы, што даўно ўжо сталася звычкай, хатнім клопатам, а тут вунь яно што… На паседжанні Цэнтральнага Бюро “Маладняка” (далібог, яно часам і пад пляшку віна калісь праходзіла, не раўнуючы як зараз!) – старшыня ІБК Ігнатоўскі, другі сакратар ЦК КПБ Галадзед, наркам асветы Баліцкі, старшыня СНК Язэп Адамовіч, акадэмік Віталь Сэрбэнта, гэта з вышэйшага кіраўніцтва Інбелкульта і рэспублікі. Сакратар акругкама КПБ Акулік, Стасевіч з ім праваруч. Свае: Чарот, Дудар, Зарэцкі, Дубоўка, Пушча, Бабарэка. Усе ведаюць, што зараз будзе адбывацца, акрамя, напэўна, крыху разгубленага Алеся Гурло, які адчувае агульную трывогу, але не разумее, адкуль яна.
Старшынствуе Чарот. Ён усё ніяк не пачне, ціха перамаўляецца то з Баліцкім, то з Галадзедам, а то і проста сядзіць, утаропіўшыся ў стол, пагруквае аловачкам па паперчыне. Нервуецца Зарэцкі, раз-пораз прыгладжваючы валасы далонню. У куце, выставіўшы наперад левае плячо, неяк няёмка на кулявым крэсле прыткнуўся Дудар, глядзіць прама перад сабой і часта, часцей, як заўсёды, міргае. Дубоўка сядзіць вольна, прыгожа, свабодна паклаўшы на стол правую руку, левую абапёршы на калені, аглядае пакой і ўсміхаецца – толькі гэтая ўсмешка і выдае добра схаванае хваляванне. Пераглядае паперы Бабарэка, раскладаючы лісты па нумарах, акуратна адзначаных у правым верхнім куце. Адкінуўшся на спінку крэсла, глядзіць у раскрытае вакно паверх дахаў Кузьма – ён выглядае самым спакойным у гэтым пакоі.
За вокнамі буяе травень. Дваццаць шостае – праз тыдзень лета.
– Ну што ж, таварышы, – ціха, але цвёрда кажа Чарот, – пачнем. Першае пытанне – каштарыс “Маладняка”.
Дубоўка, усміхнуўшыся, ківае галавой: што ж, пачаць з арганізацыйных пытанняў – правільная тактыка. Хлопцы маўчаць.
– Па сёння “Маладняк” фактычна лічыўся аўтаномнай секцыяй пры Інбелкульце. Цяпер раптоўна высветлілася, што Інбелкульт прымаць нас на свой баланс не будзе.
– Хм, – перабівае Чарота Адамовіч, – а як у РСФСР і на Украіне тое афармляецца?
– На Украіне і РСФСР пісьменніцкія арганізацыі існуюць незалежна і фінансуюцца наркаматамі.
Адамовіч запытальна глядзіць на Ігнатоўскага.
– Тут нейкая няўвязка, – неахвотна, нібы праз сілу, кажа той. – Я лічу, што трэба усё ж каштарыс лічыць пры нашым ІБК і прасіць наркамат грашовых спраў прыняць яго на падрахунак.
Дубоўка, з твару якога не сходзіць усмешка, здаецца, адзіны сочыць за гэтай гутаркай, пераводзячы вочы з аднаго суразмоўцы на іншага – астатнія хлопцы нібыта засяроджаны на сваіх думках.
– Ну канешне, “Маладняк” павінен заставацца пры Інбелкульце, – упэўнена кажа Адамовіч.
– Ну дык вы спачатку вырашыце, дзе ён будзе знаходзіцца, “Маладняк”: пры інстытуце ці пры наркамаце асветы. Тады і будзе зразумела, дзе правесці каштарыс.
Адамовіч энергічна, ажно празмерна, ківае галавой:
– А во як будзем зацвярджаць на паседжанні Саўнаркаму каштарыс Інбелкульта, там і разгледзім. Там і вырашым гэтую неўвязку.
Чарот ківае галавой, адзначае нешта на паперчыне. Усталёўваецца маўчанне, толькі аловак Чарота шаргаціць па жаўтаватым, вялікім аркушы.
Нарэшце старшыня падымае галаву.
– Пытанне другое, – ціха, але цвёрда кажа ён. – заява Пушчы, – ён глядзіць на Язэпа, і той ківае галавой, – Бабарэкі, – цяпер глядзіць на Бабарэку, і той таксама ківае, – Кузьмы Чорнага і Крапівы аб выхадзе са складу аб’яднання “Маладняк”, а таксама копія ліста, пасланага у бюро ЦК партыі аб дазволе гэтай групе стварыць новую арганізацыю.
Цяпер, калі галоўнае прамоўлена, стала неяк лягчэй, і людзі пачынаюць рухацца на сваіх месцах, аглядацца, пакашліваць, рыхтавацца да спрэчкі. Толькі Дудар і Дубоўка застаюцца нерухомымі: адзін міргаючы, другі – ўсміхаючыся.
– У лісце, які дасланы групай маладнякоўцаў у ЦК, ёсць непраўдзівыя факты. Я лічу патрэбным… – тут Зарэцкі перапыняецца і папраўляецца – Цэнтральнае Бюро “Маладняка” лічыць патрэбным даслаць у ЦК ліст з абвяржэннем выкладзеных фактаў.
Дубоўка падымае на Зарэцкага вочы і гучна пытаецца:
– Тры члены Цэнтральнага Бюро, Бабарэка, Пушча і Крапіва выходзяць з аб’яднання, дык ці будзе твая прапанова прапановай усяго бюро?
Зарэцкі замінаецца, але адразу адказвае Чарот:
– Большасць сяброў ЦБ, якія заяў не падавалі, згаджаюцца з прапановай Міхася Зарэцкага.
– Ну так, – прымірэнча пакашлівае Адамовіч. – тыя, хто застаўся з ЦБ, яны ж маюць права свайго погляду, як маюць яго і тыя, хто выходзіць… Так што вырашае простая большасць…
– Усе маюць права заставацца ці выходзіць, – уступае ў гутарку Акулік. – Прысутнасць усіх таварышаў на сягонняшнім паседжанні якраз і кажа пра тое, што ўсе, і тыя, і другія разумеюць важнасць пастаўленых пытанняў.
– Такім чынам я зачытаю ліст Цэнтральнага бюро, – кажа Зарэцкі.
Ён чытае, і становіцца чамусьці няёмка. “У лісце згаданыя словы Андрэя Александровіча, нібыта сказаныя на адрас Язэпа Пушчы: “Мы вас знішчым”. Заяўляем, што Александровіч згаданых словаў не гаварыў і гаварыць не мог, бо хто такія “мы” і каго “вас”, калі мы з’яўляемся членамі адной арганізацыі”. “У лісце сказана, што ад “Савецкай Беларусі” адагнаныя маладыя паэты Серада, Глебка і Лужанін, што няпраўда, бо і Глебка, і Лужанін друкуюцца на старонках “Савецкай Беларусі” гэтаксама часта, як і іншыя”. “У лісьце даводзіцца, быццам бы Алесь Дудар спецыялізаваўся на выступленнях супроць Дубоўкі, хаця Алесь Дудар супроць Дубоўкі асабіста нічога не мае і меў на мэце разгляд выключна ягонай творчасці”. Ігнатоўскі глядзіць у пол, Сарбэнта разгядае свае пазногці.
– Я думаў, таварышы, тут будуць спрэчкі аб літаратурных пытаннях, аб новых літаратурных планах, але іх няма, – заўважае Баліцкі, – можа, таварышы вусна, без лістоў акрэсляць нам свае разыходжанні? Менавіта літаратурныя?
– Але яшчэ да планаў літаратурных ёсць неадпаведнасці, дзядзька Баліцкі, – горача ўступае Пушча. – Таварыш Зарэцкі маніць у сваім адказе ад самага пачатку. Ён пачынае з таго, што “Маладняк” – літаратурная арганізацыя, але ж пленум ЦБ вырашыў, што “Маладняк” – арганізацыя прасветная. Прасветная! А ці была прасвета? Ці выконваў “Маладняк” дырэктывы ЦБ? Не! Такога не было! Я ведаю, што пастановы не выконваліся, не склікаўся другі пленум, не выдаваліся зборнікі, якія планаваліся рэдакцыйнай камісіяй, творчасць маладнякоўцаў не паляпшалася. А мы жадаем паляпшаць сваю творчасць.
– Аднак трое з таварышаў, якія падалі заяву, і Дубоўка, які падаў сваю заяву раней, самі ўваходзілі ў кіраўніцтва “Маладняка”! – не вытрымлівае і падвышае голас Чарот. – Якія прэтэнзіі могуць быць у кіраўніцтва да кіраўніцтва? Да саміх сябе, атрымліваецца?
Пушча густа чырванее і здаецца, збіраецца падскочыць з аргументамі, але Дубоўка мякка кладзе руку яму на плячо. Становіцца цяжка дыхаць. Акулік, уважліва ўглядаючыся ў дыскутантаў, пытаецца ў Пушчы:
– Якім чынам вы збіраецеся паляпшаць творчасць у межах новага аб’яднання?
Але адказвае Дубоўка:
– У працу новага аб’яднання мы будзем уцягваць толькі тых, хто дасць нешта каштоўнае беларускай літаратуры.
Акулік пасміхаецца і пытаецца зноў:
– Вось гэта і трэба абмяркоўваць, а не лісты. Я думаў, што выйшаўшыя таварышы ўтвораць вузкі гурток, а тут таварыш Дубоўка кажа, што яны будуць некага ўцягваць, то бок паглыбляць раскол у пісьменніцкім асяроддзі. Дык якім чынам вы будзеце паляпшаць літаратурную прадукцыю, пашыраючыся? Адукоўваць маладых? Чытаць даклады і лекцыі? Самаадукацыя? Вечары і выступы? Дык тое метады “Маладняка”. Лепшых метадаў я не бачыў і пакуль не пачуў. Калі іх няма – ці ёсць аб’ектыўная, а не суб’ектыўная прычына выхаду? Вы павінны разумець, што раскол – гэта палітычная справа. Гэта будзе адчувальны ўдар па справе, якую мы агулам робім. Рабілі.
– Так, хлопцы, сапраўды, аб лістах давайце потым, – кладзе на стол шырокую руку Адамовіч. – ці нельга было б згартаваць тыя канцы, якія разышліся? Усё ж калі гэта была б адна арганізацыя, то і партыі было б лягчэй кіраваць.
– Я прапаную даць слова Адаму Бабарэку, – перанакіроўвае гутарку Дубоўка, – для развіцця нашых тэзісаў. З іх будзе зразумела, што згартаваць паміж намі ўжо нічога ня можна.
Адам устае, аглядае аўдыторыю. Ён хвалюецца, але звычка ўніверсітэцкага выкладчыка канцэнтравацца перад вялікай колькасцю слухачоў бярэ сваё.
– Пісьменнік ідзе з мас. Пісьменнік, а не літаратура. Літаратуру твораць адзінкі, выйшаўшыя з мас.
Ён кажа далей, ціхі і кволы голас ягоны мацнее. Звычайна Бабарэка пачынае надта здалёк, вядзе сваю думку праз усе акалічнасці і выключэнні, і непадрыхтаваныя слухачы страчваюць нітку аповеду (студэнты, якія празвалі Адама “Гераклітам Цёмным”, страчваюць яе найперш), але сёння Адам кажа коратка, ёміста, акуратна, так, што разумее кожны, так, што немагчыма адарвацца.
– Узровень мастацтва залежыць ад узроўню пісьменніка. Матар’ял для творчасці павінен быць пралетарскі, але пісьменнік павінен быць такім, каб стаць вышэй за буржуазнага пісьменніка. Няможна прыйсці ад сахі, ад касы – і стварыць сапраўднае мастацтва, якое будзе вартым свайго народу. Пісьменнік – гэта эліта грамадства. Але не проста названы элітаю, як мяркуюць некаторыя нашы маладнякоўскія правадыры – а той, хто стаўся элітаю, дзякуючы сваёй адукацыі, таленту, несупыннай працы над сабой і над сваімі магчымасцямі.
Дубоўка адкрыта любуецца Бабарэкам, на твары ягоным з’яўляецца дзіўны выраз супакою і нават пяшчоты. Шчасліва ўсміхаецца Кузьма. Глядзіць перад сабой у задуменні Зарэцкі. Нават Дудар на імгненне забыўся, і прагна слухае Бабарэку ў тым захапленні, ў якім слухаў калісь у дзевятай чыгуначнай школе Пятра Маккавеева, улюбёнага свайго настаўніка.
– Што мы маем сёння? Без мітынгоўшчыны, лозунгаў, узаемных абвінавачанняў. Вершы – так, маем. Побытавыя малюнкі замест эпічнай прозы – так, маем. У зародышу – драматургію. Прыйшоў час займацца непасрэдна мастацтвам, развіваць тое, што маем, а не бегаць па рэспубліцы ў пошуках людзей, якія ледзь-ледзь складаюць літары ў словы. Яны не дадуць нам драматургіі – іх трэба спачатку навучыць пісаць без памылак. А час ідзе. Мастацтва трэба ствараць.
Ён кажа, і кожны з літаратараў – і з тых, што выходзяць, і з тых, што застаюцца – адчувае, што праўда за Адамам.
– Мы лічым, што найбольш кваліфікаванай групе пісьменнікаў зараз трэба засесьці за акадэмічную працу і заняцца культурай мовы, стварэннем жыццёвай сымболікі, распрацоўкай эстэтычных пытанняў мастацтва, тым, чаго яшчэ ніколі не ведала беларуская літаратура.
Адам садзіцца. Усе маўчаць. Калі б хто мог угледзецца ў твар Дудара, у ягоныя неспакойныя вочы, то ўбачыў бы, што ў іх застыгла збянтэжанасць.
– Кгм… Ну… – Акулік перарывае агульнае маўчанне, – ці спрабавалі вы дыскутаваць гэтае разыходжанне ў “Маладняку”?
– Нажаль, у выступленні Бабарэкі не было ніякіх разыходжанняў, якія мы маглі б дыскутаваць ці паставіць на паседжаннях раней, – уступае Зарэцкі. – У сваім аглядзе таварыш Бабарэка даў ідэалістычную карціну, ідэалістычна-філасофскі погляд на літаратуру, сімпатычны, але надта тэарэтазаваны. Прычыны расколу – разрыў групы таварышаў з рэчаіснасцю. Што ж. Іх адыход дасць магчымасць “Маладняку” аздаравіцца.
Ігнатоўскі цяжка падымаецца з крэсла і падыходзіць да вакна.
– Я не бачу ў вас прынцыповага разыходжання. Я бачу тут шчагалянне сваімі пакутамі групы, якая надзела на сябе цярновы вянец – і групу, якая такога вянца не надзявала. Прычыны расколу не ў ідэалогіі, не ў тэорыі. Але я не бачу іншага выйсця для вас, хлопцы, як толькі разысціся – нечакана проста, па-бацькоўску дагаворвае ён і выходзіць з пакою.
Акулік б’е рукой па стале:
– Мы шукаем прынцыповыя разыходжанні – а іх няма. Так, таварыш Бабарэка ўсё казаў правільна, але я не разумею, нашто разыходзіцца, каб рабіць тое, што трэба. Калі адносіны паміж “Маладняком” і вышаўшаю групаю не надта рэзкія, я прапанаваў бы прыняць усе меры да таго, каб сыйсціся і працягваць разам упартую працу над пралетарскай культурай. Мы павінны быць разам. Мы не можам кідаць без сваёй увагі, сваёй дапамогі тых, хто слабей.
Нарэшце да гутаркі далучаецца і Галадзед:
– Я бачу, бачу, што творыцца няшчасце. Паблытаны формы і метады працы, ды ўсё тут у вас паблытана. Я скажу прама, хлопцы: вы палаяліся адзін з адным, і на гэтым грунце ствараеце новую арганізацыю. Прынцыповых разыходжанняў у вас няма, я гэта выразна бачу. Палітасьветай займацца зараз нікому не трэба, і “Маладняку” найперш. Вучыцца патрэбна, расці – патрэбна, усім, і маладнякоўцам, і усім. Крытыка – так, крытыка павінна быць не асабістая, а здаровая, сталая крытыка, толькі на такой крытыцы можа развівацца мозг. Ніхто з вас не давёў прынцыповых разыходжанняў, а калі іх няма, дык… У вас адна справа, адзін корань, я не бачу патрэбы разыходзіцца.
– Але гэта – літаратура, а не палітыка, – павольна, цвёрда кажа Дубоўка. – Тут нельга, пішучы нервамі, трымаць сужыццё з тым, з кім не згаджаешся. З кім зусім не згаджаешся.
Словы ягоныя падаюць каменнем. Усе разам чамусьці паварочваюцца ў бок Дудара. Той падымае галаву – і вытрымлівае гэтыя позіркі.
– Што ж. Тады пастанавілі, – злосна і стомлена кажа Чарот. – Заяву прыняць да ведама. Прашу членаў ЦБ прагаласаваць за ліст Зарэцкага. За? Чарот, Александровіч, Дудар, Зарэцкі. Супраць? А вы што, таварышы?
– Мы з Язэпам не галасуем, – спакойна адказвае Бабарэка. – Бо не лічым болей сябе членамі ЦБ.
Чарот паціскае плячыма, сабірае паперы са стала і выходзіць. Разыходзяцца ўсе. Застаецца толькі Дудар – ён стаіць пасярод пакоя і глядзіць у вакно паверх дахаў. Там, за дахамі, за Пярэспай, у вечаровай смузе сінее далёкі лес.
Урывак 2. Рэдакцыя. "Савецкая Беларусь"
Рэдакцыя. “Савецкая Беларусь”
Дваццаць пятае траўня. На вуліцах яшчэ адчуваецца ўчорашняе хваляванне, калі ў адказ на прысуд, вынесены ў Варшаве беларусам-грамадоўцам, паслам Сейму Тарашкевічу, Валожыну, Рак-Міхайлоўскаму і Мятле на менскія вуліцы выйшлі дзясяткі тысяч беларусаў, аб’яднаных нянавісцю да панскай Польшчы і спачуваннем да сваіх.
– 209 гадоў катаргі на 37 падсудных!
– Чатыры беларускія паслы Сойма ідуць на катаргу!
– Яны асуджаны, бо беларусы!
Тры месяцы пакутнага судовага працэсу, за якім сачыў увесь свет, тры месяцы газетных перадавіц, з якіх не сыходзілі імёны незаконна арыштаваных паслоў Сейму Тарашкевіча, Мятлы, Рак-Міхайлоўскага і Валожына, хлуслівыя паказанні жандараў і паліцэйскіх, гнілая рыторыка абвінаваўцы і ўзнёслыя апошнія словы Тарашкевіча – уся краіна тры месяцы жыла напружаным спачуваннем, чаканнем і нянавісцю – і ў дзень прысуду ўсё гэта ліванула на вуліцы.
Шчэ і сёння ўва ўсіх, хто ўчора быў у пратэстным натоўпе, хто бачыў гэты агульны, прыгожы, сапраўды народны ўздым за сваіх пакрыўджаных братоў, мацней б’ецца сэрца і блішчаць помстай вочы. Шчэ й сёння няма іншых размоваў, як пра Грамаду, братоў-беларусаў на Захадзе, пілсудчыкаў і КПЗБ. Але ўздымаецца і іншая хваля – па кабінетах, рэдакцыях, прыватных кватэрах, на якіх збіраюцца абмеркаваць прысуд Грамадзе блізкія да ўлады камуністы: учора ў ЦК прыйшла тэлеграма з Масквы, каб Менск спыніў пратэсты і падтрымку Грамадзе, бо Масква знаходзіцца ў працэсе падпісання гандлёвай дамовы з Польшчай і дэманстрацыі ў беларускай сталіцы могуць папсаваць усю дыпламатыю.
Чутка пра гэтую тэлеграму з’явілася шчэ ўчора: па вуліцах ужо ішлі людзі, і іх нельга было спыніць, і тыя, да каго чутка даходзіла, спыняліся ў немым здзіўленні і шырока раскрывалі вочы: што?! Масква забараняе беларусам выказацца ў падтрымку беларускіх рабочых і сялян у панскай Польшчы?! Чаму наогул Масква забараняе беларусам іх беларускія рашэнні?! Да таго ж – рашэнні ў падтрымцы сваіх, камуністаў?! Прадае за гандлёвую дамову? Зноў дамаўляецца на беларускіх касцях?!
Яны з ранку – у рэдакцыі: Дудар, Вольны, Александровіч. Чарота няма: афіцыйна ў вадпуску, але ўсе ведаюць, што тыдзень ужо галоўны рэдактар безупынна п’е горкую. Таму “Савецкай Беларуссю” зараз, у ягоную адсутнасць, кіруе Лазар Каплан – ад пачатку дваццатых правая рука рэдактара Кудзелькі. А шостай раніцы пайшла ў горад сённяшняя газета, цалкам прысвечаная Грамадзе: рабілі ўчора да ночы ўсе разам, каб выплеснуць на яе старонкі ўсё тое, чым жыў, дыхаў і крыўдаваў учора Менск. “Савецкая Беларусь” выйшла з вялікі фотаздымкамі на першай паласе, з вокладкамі французскіх кніг, прысвечаных Грамадзе, з калажам, прысвечаным асуджаным паслам, з палымянымі вершамі Вольнага, Александровіча і Дудара, уся – помста, уся – падтрымка, уся – пратэст!
– Таварышы, а гэта вы ці бачылі?! – у рэдакцыю заскоквае незвычайна ўзбуджаны Зарэцкі. – Вы глядзіце толькі!
У ягоных руках “Звязда”, якую апошнім часам рэдагуе асцярожны масквіч Іван Асьмоў. На першай паласе – сціпленька: пра Грамаду, пра ўчорашні мітынг. Другая паласа – беларуская паўсядзённасць.
– Ах ты ж маскоўская посцілка Асьмоў! – цяжка, марудзячы, падымаецца з-за стала Александровіч.
– Значыцца, была ўсё ж тэлеграма. Значыцца, не прыдумаў Алесь Фаміч. А во пабач, Шурка! “Рабочы”! На першай паласе! Во, глядзі – становішча ў Бессарабіі.
– У Бессарабіі?! – на твары Дудара застывае злая ўсмешка.
– У Бессарабіі, Шурка! Бессарабіі спачуваць можна! Грамадзе – нельга! – у Зарэцкага перарываецца голас.
– Значыцца, прадала беларусаў Масква за гандлёвую дамову…
– Што Масква прадала, то не дзіва, але ж свае прадаюць!
– Які Асьмоў табе свой!
З рук у рукі перадаюць нумар “Звязды”.
– Цыганы шумнаю талпой па Бессарабіі качуюць, маць іх, – Дудар брудна лаецца і выскоквае ў калідор – хадой ад сцяны да сцяны супакоіць унутраны шал. Ад злосці ажно зводзіць зубы.
Унізе стрэлам грукаюць дзверы – і па лесвіцы грымяць крокі: нехта амаль бяжыць сюды, наверх, у рэдакцыю. Дудар бачыць яго першым: гэта сам Сянкевіч, які зараз загадвае аддзелам прапаганды ЦК.
– Дзе Чарот? – грыміць ён, ледзь выскачыўшы ў калідор.
– У адпуску, – сеўшым ад нечаканасці голасам адказвае Дудар.
– У адпуску?! – Сянкевіч рассыпаецца лаянкай. – Хто за яго?!
– А што такое, таварыш Сянкевіч?
– Што такое?! Я вам зараз пакажу – што такое! Хто быў за Чарота?! Хто выпускаў нумар з Грамадой?!
Дудар, уціснуўшыся ў сцяну, маўчыць і хутка міргае. Сянкевіч, задзеўшы яго плячом, урываецца ў кабінет.
– Каплан?! Ты выпускаў нумар?!
Збялелы ад нечаканасці Каплан падымаецца з-за свайго стала.
– Ты, б…, не атрымаў распараджэнняў? Я пытаюся цябе, ты не атрымліваў тэлефанаграмы ЦК?! Цэнтральны! Камітэт! Партыі! Для цябе гэта ўжо не ўказ?! Ты ўсю рэспубліку вырашыў падставіць, Каплан?! Гэта табе што, прыватная лавачка ці цэнтральная газета савецкай рэспублікі, а, Каплан?! – Сянкевіч ажно задыхаецца, твар ягоны густа чырванее. – Зараз жа збірай рэчы і на выхад, б…! Покуль я здымаю цябе з пасады, але гэта толькі покуль, бо наступная наша з табой сустрэча будзе на партыйнай камісіі ці ў ГПУ! Каб духу твайго тут болей не было!
Дрыжачымі ад ненавісці і страху рукамі Каплан збірае паперы, піхае іх у партфель. Усе прысутныя, скамянеўшыя, у імгненным маўклівым атупенні, нават не адводзяць вачэй. Трымаючы спіну ненатуральна прамой, Каплан выходзіць у калідор, і за ім, грукнуўшы дзвярыма так, што пачынае сыпацца атынкоўка, выходзіць Сянкевіч. Дудар заходзіць з калідору і ціха, асцярожна зачыняе за сабой дзверы.
Доўга усе маўчаць.
Дужа доўга.
– Трэба ісці падымаць Міхася, – упаўшым, нейкім чужым голасам кажа Вольны. – Я зараз прывяду яго, хлопцы, – і сыходзіць, нават збягае на вуліцу.
– Што скажаш, Зарэцкі? – паварочваецца да Зарэцкага Дудар.
Зарэцкі стаіць, счарнеўшы, са зведзенымі ад напругі зубамі.
– Дык памыляецца ці не памыляецца ЦК, Зарэцкі? – зноў пытаецца Дудар.
– Пакінь, Шурка, – кідае Александровіч. – Чым табе Зарэцкі вінаваты.
Зарэцкі нарэшце расціскае зубы і ціха кажа:
– Памыляецца.
І зноў усе маўчаць.
Чарот прыходзіць толькі ў сярэдзіне дня. Ён апухлы, твар ягоны зямлісты і шэры, у вачох – страшная нуда. Ён слухае справаздачы, перагортвае нумары газеты за апошнія дні, пераглядае бланкі тэлефанаграм – і раз-пораз шэптам, аднымі толькі вуснамі, мацюкаецца.
– Рэдактары, б… Шчаннё звяглівае, б… Дзе мазгі былі, ё… Няўжо тое самае не маглі, але каб з галавой, каб падумаўшы… Загубяць газету, прыдуркі… Апошняе, што ёсць… Застанецеся са “Звяздой”, б… Неееее… Не так нават, маць вашу… За “Зве-ездой” будзеце, са “Зве-ездой” – ён так гідліва, здзекліва цягне гэтае “е”, што балюча дыхаць.
Да Дудара падыходзіць Зарэцкі, ціха штурхае ў плячо: “Пабач, што Александровіч напісаў”. На паперы – дванаццаць радкоў. Загаловак – “Тэлеграма”. Дудар крыху моршчыцца: “Грамады – сюды”, “Беларусі – рвуся”… Штучны выраб, наспех зроблена… Дзіўна, што ў вачах Зарэцкага – такое захапленне… абы што верш. Тут ня так трэба ўдарыць… Тут трэба наводмаш біць. Каб рыфма сама клалася, а не падбіралася. Каб с сэрца ірвалася, а не трапляла ў памер. Тады будзе моц.
– Тады будзе моц, – вырываецца ўслых, і Зарэцкі збянтэжана глядзіць на яго.
– Нічога, Міхась, то я так. Пайду. Бывай.
Чарот, заўважыўшы Дудара, які накіроўваецца да дзвярэй, ціха гукае:
– Ёсць што ў заўтрашні нумар? Толькі каб без гэтага ўсяго…
– Я аддаў на машынку. Там на чацвёртую паласу, культура, радкоў са дваццаць, Міхась, – ціха, з нечаканай пяшчотай адказвае Дудар, адчуўшы раптам як свой гэты цяжар, трохгадовы цяжар цэнтральнай газеты, які нясе стары ягоны знаёмец, шчэ па тэатру Галубка таварыш, Міхась Кудзелька.
Чарот ківае.
Свой. Як жа мала нас. І тут, і там. І як жа лёгка прададуць нас за гандлёвую дамову!
І шчэ не паспявае Дудар пераступіць парог, шчэ не паглынае яго цалкам цемра халоднага калідору, як бязлітасна, жорстка пачынае звінець унутры халодным адчаем ямб: “Пасеклі Край наш папалам… Пасеклі Край наш… папалам… Во гэта – вам, а гэта – нам…” І для чаго?! Для ласкі панскай, той самай, пра якую ўсе вушы адзванілі: панская Польшча, панская Польшча, і што ж? Панская Польшча гандлюе з Масквою, а Беларусь – сыходзіць ураздроб і оптам па ніжэйшым кошце! Радкі ірвуцца, кладуцца самі сабою, ён толькі ліхаманкава запісвае на кавалку паперчыны, што заваляўся ў кішэні – квіток? Чыясці цыдулка?
Мы не шкадуем мазалёў.
Мы за чужых праклёны роім,
Але без торгу і без слоў
Мы аддаем сваіх герояў.
Не смеем нават гаварыць
І думаць без крамлёўскай візы,
Без нас ўсё робяць махляры
Ды міжнародныя падлізы.
Распаўся б камень ад жальбы
Калі б ён знаў, як торг над намі
Вядуць маскоўскія рабы
З велікапольскімі панамі.
О, ганьба, ганьба! Ў нашы дні
Такі разлом, туга такая!
І баюць байкі баюны
Северо-Западного края…
Плююць на сонца і на дзень.
О, дух наш вольны, дзе ты, дзе ты?
Ім мураўёўскі б гальштук ўздзець,
Нашчадкам мураўёўскім гэтым…
Але яшчэ глушыце кроў.
Гарыць душа і час настане,
Калі з-за поля, з-за бароў
Па-беларуску сонца гляне.
Тады мы ў шэрагах сваіх,
Быць можа, шмат каго не ўбачым.
З тугою ў сэрцы ўспомнім іх,
Але ніколі не заплачам.
А дзень чырвоны зацвіце,
І мы гукнем яму: «Дабрыдзень».
І са шчытом ці на шчыце
Ў краіну нашу зноў мы прыйдзем.
Не заўважыў, як дайшоў – дабег у такт адчайным радкам! – да дома, ажно здзівіўся раптоўна, пабачыўшы сваю таполю і заўсёды расхрыстаныя родныя дзверы. Ускочыў у пакой, амаль упаў на крэсла, схапіў ліст паперы – і пачаў занатоўваць нованароджаны, гарачы шчэ, трапяткі верш. Тут жа правіў: мяняў слабыя фармулёўкі на жорсткія, мудрагелістыя рыфмы на простыя, каб ажно звінелі. У чатыры праўкі дабіўся, каб усё, без выключэнняў, дыхала помстай і нянавісцю, адчаем і надзеяй.
І кінуўся на ложак – як быў, у спінжаку і ботах. Яшчэ трымцела, цягнула ўнутры гранічным напружаннем, ажно нылі мышцы, тахкала сэрца, біліся пад рэбры стопы ямба. І мы гукнем яму дабрыдзень… І мы гукнем яму дабрыдзень… Радкі шчэ біліся ў вушах, і ён шаптаў, шчэ правяраў іх на гук. І нібыта адчуў раптам: чужы, звонкі голас у начной цемры кідаў у натоўп распаленыя жарсцю словы: “Калі з-за поля! З-за бароў! Па-беларуску! Сонца! Гляне!” – і нібыта пабачыў усхваляваных людзей, і цёмнае зорнае неба, і стромкія сосны навокал, і чамусьці – крыжы.
Урывак 3. Вёска. Дараганава
Вёска. Дараганава
– А ці ведаеш ты, Адаме, што летась тут, ля Дараганава, Палікарповіч наш стаянку бронзавага веку адкапаў?
– Чытаў, а як жа. Блаславёнае месца! Каб быў зараз які броназвы век – я б адсюль ані кроку не зрабіў бы! Сядзеў бы на беразе, пільнаваў шчупакоў, Аньця гаршчкі б распісвала, дзяўчаты вяночкі плялі.
– Ага, і за-за кустоў Гартны – скок! Аддавай сваіх шчупакоў, яны з левымі ўхіламі, мы іх зараз утылізуем! Уратуем цябе ад тваіх лявацкіх шчупакоў! Жывата свайго не шкадуючы!
Бабарэка пасмейваецца. Уладзік ад’еўся на магілёўскай бульбе, пасыцеў, як параўнаць з маскоўскім жыццём, паружавеў з твару. Моцы набраўся, дурэе.
– А добры дом у тутэйшых Дараганаў! Прыгожая камяніца, на вякі. У маіх Манькавічах таксама добрая была панская сядзіба, Друцкія-Любецкія, князь перадапошні, пры якім бацьку майму пальцы адарвала на бровары. Хадзіў я з ім у тую сядзібу. Бацька прасіцца пайшоў, каб за руку сплаціў князь пенсію, а той кажа: “Судзіся са мной”. Хаця, здаецца ж, разумны чалавек быў, зямлю сваю любіў, кнігу краязнаўчую выдаў, а – сволач. Потым, як жонка ягоная гаспадарыла, яна ў Манькавічах амаль не жыла, дык я лазіў цішком у іх бібліятэку: улетку адчыняць з раніцы вокны, я падбяруся – скок туды. І чытаю ў фатэлі. Пан, адно слова! Толькі вуха натапыру, каб дачуць, як хто ідзе. Але хто там будзе ў тую бібліятэку хадзіць – хіба вокны ўвечары пазакрываць.
– Дараганы гэтыя неблага гаспадарылі ў кожным разе, Уладзік. Чыгунку працягнулі сюды, лесапільню паставілі. Карысна жылі. Так падумаць, усе яны добрыя людзі былі – грашыма порчаныя толькі. Мо і сапраўды цяжка вырывацца з абдымкаў класавага выхавання.
– Не ведаю, Адаме, мне было няцяжка вырывацца з абдымкаў свайго класавага выхавання. Я, як у бібліятэцы Друцкага-Любецкага сядзеў, дык з першага разу да добрага прызвычаіўся. Думаеш, ты б у камяніцы Дараганавай дрэнна пачуваў бы сябе? Паглядзі на дзяцей дараганаўскіх. Усе сялянскія сіраты – а як абжыліся ў панскай камяніцы. Мо, не ў класах тут справа, у нормах, якія наогул пануюць у грамадстве. Лічылася нормай халопа за чалавека не ўважаць.
– Неяк цьмяна ты фармулюеш, Уладзік. У Маркса ямчэй.
– Паглядзеў бы я на Маркса, як ён бы пажыў тыдзень у Дараганава на мясцовым тварагу. Як бы ён фармуляваў. Цьмяна ці не цьмяна, – зводзіць Дубоўка гутарку на жарт. Зусім не хочацца сур’ёзных размоў.
Гэта Адам і знайшоў Дараганава, прыгожую, здавён багатую вёску на Пцічы. Шчэ з царскіх часоў заможна жыло Дараганава: былы гаспадар сядзібы, Восіп Фёдаравіч, узначальваў Рыжска-Арлоўскую чыгунку, а тут, якраз там, дзе грунтовая дарога па крэпкім мастку перабягае цераз Пціч, пабудаваў станцыю, працягнуў сорак кіламетраў рэек ад Асіповіч да Старых дарог, і паставіў лесапільню: карабельныя сосны з тутэйшых бароў секліся сотнямі, сплаўляліся Пціччу да Дараганава, пілаваліся тут – і грузіліся ў саставы. Усім праца была, грошы вадзіліся ва ўсіх, у самага недалужнага небаракі ў куце за рушніком слупікамі залатоўкі і нават рублі ў хустачку завернутыя. Дый хаты ставіліся дыхтоўныя, з добрага лесу, якога не шкадаваў Дараган для сваіх.
Дом, які яны здымаюць на тры сям’і – Уладзік з Марыляю, Крапіва з Ленай і Адам з Аняй і дзецьмі – вялікі, добра складзены, на пяць пакоеў з кухняй, далібог, сышоў бы за панскую сялібу дзе на Полаччыне. Найвялікшы пакой аддалі Бабарэкам, там з ранку да вечара ідзе валтузня і стаіць дзіцячы гоман, хаця паасобку і Алеська, і Элька – ціхія спакойныя дзяўчынкі, але тое да той пары, покуль не сыйдуцца разам у спрэчцы, якіх на дзень бывае некалькі дзясяткаў. Добра, што можна вытурыць іх на вуліцу – альбо сысці самім. Тут шчодрая, хаця і каціная рыбалка – тых сібількоў і печкурыкаў, што дзясяткамі цягае з Пцічы Уладзік, нават чысціць агідна – таму аддаюць усё мясцоваму вусатаму насельніцтву, увогуле сытаму, але да рыбы ласаму. Увосень тут, пэўна, касой касі грыбоў, бо нават зараз дзяўчаты раз-пораз прыносяць з прагулак крамяных, роўненькіх каласавікоў. Ціша, спакой, і нават камароў шчэ не надта шмат.
Уладзік прывёз с сабой чарнавікі артыкула пра літары дз і дж – два гады ўжо муляе яму гэтая ідэя, і нарэшце плануе скончыць: дабіць артыкул, каб камар носа не падтачыў, каб любыя спрэчкі па іх гарантавана вялі б да ягонай перамогі – тут усё трэба прадбачыць, бо знойдзецца каму слоўца супраць кінуць. Маскоўскія графікі працуюць над малюнкамі літар, здаецца, ужо гатовыя, трэба толькі забраць і аддаваць на ліццё. Нават грошы ўжо ё: даў сам Галадзед.
– Адам, з пятага нумара паспрабуем з імі што-нішто надрукаваць?
– Вядома.
– А потым і цалкам, можа, перайдзём?
– І цалкам перайдзём.
Дубоўка смяецца.
Што за гранітная глыба гэты Адам.
Ціхі, крыху павольны, разважлівы чалавек, які ніколі не падвышае голаса, ніколі не размахвае рукамі, заўсёды ўважліва слухае, схіліўшы галаву набок, як схіляе яе сур’ёзная, занятая справай лясная птушка – колькі ў ім вернасці, вытрымкі, надзейнасці. На ўсіх яго хапае, такога надзейнага: на Аню, на дачок, на яго, Дубоўку. Аднойчы Лужанін пасля аднаго з паседжанняў сказаў ціха: наш Бабарэка падобны на Хрыста, і я часта ўяўляю яго распятым. Лужанін наогул залежны ад біблейскай метафорыкі, і яна часцяком у яго не да месца, але тут ён мае рацыю. Адам – чалавек без недахопаў, і яго сапраўды лёгка ўявіць сабе распятым, бо ён пойдзе на любую пакуту, калі гэта будзе патрэбна.
Адкуль ён вырас такі? Сын беззямельнага селяніна, з маленства – у чорнай галечы, у страшэннай нудзе. Школа за казённы кошт, здзекі аднакласнікаў, семінарыя, і там здзекі, бо ціхі, бо не такі, як усе, бо не плаціць, бо адказвае лепей за ўсіх. Як не зачарствеў, не злютаваў? Якое класавае выхаванне атрымаў ён? Які клас дае нам такіх людзей? Паболей бы такіх класаў.
Вунь ён, пабег да сваіх – Аня пагнала малых з хаты на вуліцу, і яны ўжо румзаюць ля плота, не падзяліўшы кацянё. Але хівліна – і дзяўчаты ўжо рагочуць ля бацькі. Прысеў на кукішкі, падхапіў абедзьвух на рукі – і бягом па двары. Тыя пішчаць, шчаслівыя. Дзіўны чалавек. Усё ў яго атрымліваецца ідэальна, як правільна, як трэба.
Іншы раз Дубоўка звярае па ім свае ўласныя адчуванні: калі Адам думае гэтак сама – значыцца, верны бярэцца накірунак. Калі Адам маўчыць, нахіліўшы галаву, і крыху, амаль незаўважна, пасміхаецца – значыцца, нешта не тое. Аднойчы – толькі аднойчы! – Адам страшэнна пакрыўдзіўся на яго, на Дубоўку, якога тады несла ў нянавісці і крыўдзе, і падавалася, што ён адзін ў полі ваяр, а ўсе астатнія, усе, без выняткаў, нечага чакаюць і выгадваюць за ягонай спіной, і ён выліў гэта ўсё на Адама, які завіхаўся там, у Менску, бегаў паміж ЦК і рэдакцыяй, адбіваўся ад Глыбоцкага і Гартнага, цярпеў ва ўніверсітэце, улагоджваў справы з Сянкевічам і Кнорыным – і атрымаў такі во ліст ад крыўдлівага маскоўскага пястунчыка. Тыдзень чакаў ад яго Дубоўка ліста ў адказ, і толькі праз тыдзень зразумеў, чаму адказу няма, і гэтае разуменне абрынулася на яго ўсім сваім цяжарам, і ніколі ў жыцці не было яму так за сябе сорамна і так страшна – ні з жанчынамі, ні з калегамі, ні з кіраўнікамі – як тады, калі ён зразумеў, што можа назаўсёды страціць свайго сябра Адама Бабарэку.
Як жа пашанцавала гэтым двум малым з бацькам! Праз колькі месяцаў будзе бацькам і ён – Марылька пакруглела, ўжо не схаваеш нават – але ці будзе ён такім бацькам?
Зусім іншы Кандрат. Чорт яго ведае, таго Кандрата, які ён наогул і што ад яго чакаць. Неблагі, здаецца, таварыш, але веры яму ўнутры неяк няма.
Хаця талентам Крапіва, мо, памацней іх усіх будзе. Магчыма, бог няроўна дзеле: калі каму адсыпае таленту такой мерай, як адсыпана Крапіве, дык іншага чагось павінен недакласці. І такога таленту, якога на Беларусі больш няма: лірыкаў досыць, празаікаў досыць, сатырыка больш няма. Ну не Алёшу-Вольнага ды прыблуду Свэна з Кандратам параўнаць, хаця Вольны часам сёе-тое выбрыквае, больш-менш цікавае. Добры літаратурны партрэт Зарэцкага выйшаў днямі, няблага зроблена. Але і гэта не тое, не той узровень. Нават руская літаратура, пэўна, за апошнія сто год не дала паэта-сатырыка такога маштабу, які ёсць у нас Крапіва.
На гэтых “Узвышша” і трымаецца: Адам, Кандрат, Кузьма. Шчэ Жылка. Астатнія слабейшыя. Але ўсё ж – крочаць наперад, стараюцца. Правільна ідзем.
Увечары прыязджаюць менскія госці: Кузьма і Лужанін. Усчынаецца вясёлы шум, усеагульнае хваляванне: Кузьма жартуе, разыгрывае розныя інтэрмедыі, ў якія пераўтварыліся пабачаныя ў дарозе абразкі, Лужанін сыпле на ўсе бакі кампліменты дзяўчатам і кпіны хлопцам. Распачынаюць на заўтра шашлыкі – галоўны ў гэтай справе Дубоўка, яму вядомы нейкі асаблівы спосаб прыгатавання гэтай выкшталцонай стравы. Высачэзны, шырокаплечы, з русым чубам, які спадае на высокі чысты лоб, становіцца ён ля стала, што даўно вынесены на вуліцу – і пачынае варажыць над ялавічынай, невядома дзе здабытай Аняй Бабарэкай. І немагчыма не залюбавацца гэтым поварам, прыгожым, дакладным у рухах, вясёлым і ва ўсім таленавітым – і повар гэта ведае болей за ўсіх. Але шашлыкі – тое панская забава, да таго ж няхуткая, а сёння збіраюцца смажыць сала на мурагу, і дзяўчаты рэжуць тоўстымі шматамі прывезенае Кузьмом сала, бягуць у гародчык па цыбулю, крояць лустамі хлеб, складаюць усё гэта ў кошыкі, абгарнуўшы газетамі і наверх рушніком – гатова, можна ісці!
На мурагу сядзяць да самай ночы: ужо і дзеці паснулі, Алеся на руках у мамы, Эля – ў таты, ужо і жарты ўсе перажартаваныя, і навіны ўсе абгавораныя, і вершы прачытаныя, і добра сядзіцца ўжо ў цішыні, і Аня заводзіць ціха песню.
Дубоўка з Чорным сядзяць наводшыбе ля самай ракі, паляць, і Кузьма ціха кажа сябру:
– Ты, мо, верша новага не чытаў. Пабач, што ў Менску пішуць, – і дастае з унутранай, патаемнай кішэні невялікі, у некалькі разоў складзены аркуш. – Асцярожна толькі. Не хачу, каб хто яшчэ ведаў, што я табе яго прывёз. Хіба Адаму шчэ сказаў бы, але яго не патурбуеш. Чытай, як пабачыш. Заўтра светам ужо не пакажу.
Дубоўка падымаецца, падыходзіць да вогнішча, бярэ адтуль галінку, якая ледзь цьмее жоўтым агеньчыкам, і вяртаецца да Кузьмы.
Такім знаёмым, чытэльным, нібыта паспешлівым Кузьмовым почыркам бягуць па паперы радкі: “Пасеклі Край наш папалам, каб панскай вытаргаваць ласкі…” Дубоўка ў немым здзіўленні падымае вочы на Чорнага. Той глядзіць на раку. “Вось гэта вам, а гэта нам… Няма сумлення ў душах рабскіх…”
Ён чытае доўга, перачытвае, нарэшце акуратна складае аркуш і аддае Чорнаму.
– Хто?
– Дудар.
Дубоўка коратка ківае. Ён так і падумаў. Стылістыка ягоная, Дударова, ягоны дакладна пралічаны радок, ягоныя хвосткія метафары, а галоўнае, ягоная манера лупіць наводмаш, не зважаючы на наступствы.
– Не разлічыў удару. Моцна ўмазаў – але ж аддача з ног саб’е, – ціха, нібыта сам сабе, кажа Дубоўка. – Слухай, Кузьма, я даўно ведаю Дудара. Ён мог гэта напісаць ад шчырага сэрца, я веру. Ён зацятым нацдэмам быў з Полацку яшчэ, казалі, што і раней, і ніколі не быў іншым, і гэта праўда. Але час такі, Кузьма, што людзі мяняюцца. Ці не думаеш ты, што гэта – учынак правакатара? Напісаць, распаўсюдзіць – і глядзець, хто і як адрэагуе? Дудар – той проста напісаў бы, бо – дапякло. Але Глыбоцкі, Кузьма, ён мог і справакаваць. Будзь асцярожным з ім. У яго перапісваў?
Чорны адмоўна хістае галавой.
– Гэта добра. Нікому не паказвай. Адаму я сам перакажу, я тэкст запомніў.
Некалькі хвілінаў яны маўчаць.
– А “За ўсе краі, за ўсе народы свету”, што ў Вільні выйшла – то ты напісаў, Уладзік, – раптам кажа Чорны.
– То – я, – цвёрда кажа Дубоўка. Раней гэта ведаў толькі Адам, цяпер, відаць, не толькі.
– І калі нават тыя, хто лупіць па нас, думаюць тое самае, што і мы, Уладзік, дык ці правільным шляхам ідзе краіна наша? Ці з тымі людзьмі? Калі беларусы агулам адчуваюць, што іх прадаюць? Ураздроб і оптам?
– Не пытайся, Кузьма, пра такое ў мяне, і ні ў кога не пытайся, і нават і думаць забудзь. Іншых людзей ва ўладзе ў нас няма. З тымі, што ёсць, трэба гутарыць, тлумачыць, дзе трэба, мо і хітраваць. У нас ёсць свая справа. Як не мы – хто зробіць яе? И я думаю, Кузьма, што нас будуць правакаваць, і будуць сварыць, і будуць дабівацца расколу знутры, і да цябе падыйдуць, і да Крапівы, а да Лужаніна – дык да першага. Трэба быць асцярожным – і памятаць, што мы павінны трымацца разам. Перасвараць – нам канец. Не толькі “Узвышшу”. Нам усім. Нехарошыя справы ў Крамлі адносна нацыянальных культурных суверынітэтаў, Кузьма.
І зноў маўчаць.
– Лісты мае да Адама, ягоныя лісты да мяне… Прыходзяць пэрлюстраваннымі, Кузьма. Будзь асцярожным. Табе трэба пісаць. Як нікому, табе трэба пісаць. Ты гэта памятай. Беражы галаву сваю, залатая яна ў цябе. Верш гэты знішчы.
Чорны моўчкі ківае.
– Хлопцы-ы-ы! Ці хутка? – чуецца голас Марылькі.
– Ці хутка… Хлопцы, ці хутка – спытала Марыля ціхутка… – усміхаецца, падымаючыся, Дубоўка.
Ужо віднее – і па-над Пціччу плыве пухкі ліпеньскі туман.
Ганна Севярынец: перфарматыўная беларушчына
Калегіюм запрашае
15 сакавіка
ў кнігарню "Логвінаў"