Спецыялізацыя: найноўшая гісторыя.
Выкладчык: Алег Дзярновіч.
Паўставанне новай беларускай гістарыяграфіі вельмі дакладна ўкладаецца ў адное десяцігоддзе, а менавіта ў 1920-я гады. Беларуская гістарыяграфія 1920-х гадоў праходзіла пад знакам інстытуалізацыі і дзейнасці выбітных асобаў. Гэта быў час, калі сярод гісторыкаў яшчэ адчуваліся ранейшыя акадэмічныя традыцыі. Адначасова ж адбывалася дырэктыўнае прасоўваньне ў навуковае асяроддзе марксізму. А на гэтым тле паўставалі новыя інстытуцыі, якія дзейнічаюць сёння ды вызначаюць прафесійную гістарыяграфію Беларусі.
Безумоўна, беларуская гістарыяграфія 1920-х гадоў фармавалася пад уплывам традыцыяў расійскай гістарыяграфіі. Многія з тых, хто з расійскіх універсітэтаў у той час прыехалі працаваць у Беларусь, метадалагічна паходзілі з Дзяржаўніцкай школы расійскай гістарыяграфіі. Яе прадстаўнікі ўважалі за галоўнаю сілу ў гісторыі надкласавую дзяржаву, якая выяўляе інтарэсы грамадства ў цэлым. Позніх прадстаўнікоў Дзяржаўніцкай школы называлі таксама Юрыдычнай школай з-за іх увагі да прававых інстытутаў дзяржавы. Таму робіцца зразумелым такая цікавасьць беларускай прафэсуры і іхных аспірантаў да заканадаўчых крыніц Вялікага Княства Літоўскага. Увага ж да сацыяльных структур укладвалася ў кантэкст інтарэсаў як пазытывісцкага, так і марксісцкага кірункаў гістарыяграфіі. Што яшчэ пакінула нам гістарыяграфія 1920-х, дык гэта пільная ўвага да крыніц і гістарыяграфіі. Рэпрэсіі канца 1920-х і праз усе 1930-я гады прыпынілі разьвіцьцё гістарычнай навукі ў БССР.
1920-я гады заставаліся ў мінулым – у наступнае дзесяцігоддзе на афіцыйных прамовах у Менску іх сталі называць часам саступак у эканамічнай палітыцы і патураньнем нацыянал-дэмакратам у культурным будаўніцтве. Гэта таксама быў адзіны пэрыяд, калі ў БССР дзейнічалі нацыянал-камуністы. Але беларуская гістарыяграфія дваццатых – адзін з тых набыткаў, які складае нашую пазытыўную спадчыну.
Мэта курса: 1) пазнаёміць з інстытуцыйнамі формамі арганізацыі гістарычнай навукі ў 1920—1930-х гадах; 2) прадаставіць панараму тэматыкі і тэкстаў у гістарыяграфіі гэтага перыяду; 3) вызначыць асноўныя канцэпцыі беларускай гістарыяграфіі 1920—1930-х гадоў.
Тэматычныя план
Лекцыі:
1. Гістарыяграфія эпохі НЭПу: Станаўленне прафесійнай беларускай гістарыяграфіі ў 1920-х гадах.
2. Паміж гісторыка-юрыдычнай школай і марксізмам: канцэптуальныя напрамкі беларускай гістарыяграфіі 1920—1930-х гадоў.
Семінары-практыкумы:
1. Гісторыя Сярэднявечча і ранняга Новага часу: абмеркаванне тэкстаў беларускай гістарыяграфіі 1920—1930-х гадоў.
2. Новы і Найноўшы час: абмеркаванне тэкстаў беларускай гістарыяграфіі 1920—1930-х гадоў.