Спецыялізацыя: найноўшая гісторыя.
Выкладчык: Аляксандр Гужалоўскі.
Мэта курса “Гісторыя цэнзуры ў БССР” – паказаць месца і ролю цэнзуры ў культурным, інтэлектуальным развіцці беларускага грамадства ў ХХ ст., асэнсаваць фенамен цэнзуры як неад’емную частку таталітарных, аўтарытарных грамадстваў. Падчас засваення дадзенага курса студэнтам трэба будзе зрабіць высновы адносна непасрэднай залежнасці паміж паспяховым развіццём грамадства і свабодай яго інфармацыйнага забеспячэння, а таксама адносна доўгатэрміновага разбуральнага эфекта, які цэнзурныя практыкі аказваюць на грамадства.
Курс “Гісторыя цэнзуры ў БССР” падрыхтаваны на падмурку вялікага аб’ёму архіўных дакументаў, перыёдыкі, а таксама сучасных даследаванняў. У ім паказана гісторыя стварэння і функцыянавання сістэмы партыйна-дзяржаўнага інфармацыйнага кантролю ў БССР у 1919–1991 гг. Студэнты атрымаюць магчымасць зазірнуць у «святая святых» савецкай ідэалогіі – Галоўлітбел і Галоўрэперткам, якія доўгія гады ажыццяўлялі інфармацыйную і культурную палітыку камуністычнай партыі, даведаюцца пра цэнзурныя лёсы літаратурных і мастацкіх твораў, сродкаў масавай інфармацыі і культурнай спадчыны Беларусі.
Курс “Гісторыя цэнзуры ў БССР” мае міждысцыплінарны, наватарскі характар. Ён валодае навізною для студэнтаў і не чытаецца ў беларускіх ВНУ. Курс адрасаваны гісторыкам, філолагам, журналістам, культуролагам, студэнтам гуманітарных спецыяльнасцяў, а таксама ўсім тым, хто імкнецца глыбей зразумець найноўшую гісторыю Беларусі.
Тэматычныя план:
1. Галоўліт БССР. Структура, кадры, механізмы дзейнасці.
2. Цэнзурны кантроль літаратурнай творчасці.
3. Цэнзурны кантроль сродкаў масавай інфармацыі.
4. Разгляд кейсаў цэнзурных практык у галіне беларускага савецкага тэатра, кіно, эстрады (сэмінар).