Гісторыя беларускай эміграцыі

Спецыялізацыя: найноўшая гісторыя.

Выкладчыца: Наталля Гардзіенка.

Галоўная мэта курсу — сфармаваць у слухачоў Калегіюму трывалыя ўяўленні пра асаблівасці эміграцыі з беларускіх земляў у ХХ—ХХІ стст., спецыфіку беларускіх дыяспар у розных краінах, адметнасць эміграцыйных інстытуцый.

Дзеля дасягнення мэты курс пабудаваны паводле храналагічна-геаграфічнага прынцыпу. Разгледзеўшы спецыфіку эміграцыязнаўчай тэрміналогіі (паняццяў эміграцыя, дыяспара, замежжа) першы акцэнт зроблены на эміграцыйных хвалях з беларускіх земляў ад пачатку ХХ ст. да 1939 г. Вынікам менавіта гэтых хваляў стала стварэнне першых беларускіх дыяспар на Захадзе (у Чэхаславаччыне, Францыі, ЗША, Аргентыне).

Асноўныя дыяспарастваральныя працэсы адбываліся ў выніку хвалі эміграцыі, выкліканай Другой сусветнай вайной. Розныя катэгорыі насельніцтва ўласнымі шляхамі траплялі з Беларусі ў Заходнія краіны і найперш у пасляваенную Германію. Менавіта тут ад 1945 г. пачалося стварэнне беларускіх лагераў для перамешчаных асобаў, навучальных устаноў, палітычных, грамадскіх, рэлігійных, культурна-асветных арганізацый. Тут адбыліся галоўныя расколы ў асяроддзі беларускіх эмігрантаў паводле палітычнай (Рада БНР і БЦР) і рэлігійнай (прыхільнікі і праціўнікі БАПЦ) прыкметаў, якія паўплывалі на жыццё ўсёй пасляваеннай эміграцыі.

У выніку дзейнасці адмысловых міжнародных структур, найперш UNRRA. IRO, дзясяткі тысяч беларусаў на пачатку 1950-х гг. выехалі з тэрыторыі заходніх акупацыйных зон Германіі ў іншыя краіны, і сфармавалі новыя беларускія дыяспары на Захадзе. Спецыяльныя структуры былі створаны ў еўрапейскіх краінах: Велікабрытаніі, Францыі, Бельгіі, краінах Скандынавіі, Ватыкане, Іспаніі. Спецыфічныя беларускія асяродкі склаліся таксама ў Аўстраліі і Аргентыне.

Найбольшая колькасць беларусаў пасля Другой сусветнай вайны апынулася ў Канадзе і ЗША, дзе яшчэ ад даваеннага часу існавалі беларускія арганізацыі. Створаныя новымі эмігрантамі структуры: Згуртаванне беларусаў Канады, Беларуска-амерыканскае задзіночанне, Беларускі інстытут навукі і мастацтва сталі найбольш уплывовымі беларускімі арганізацыямі на Захадзе. Тут жа былі заснаваныя шматлікія беларускія царкоўныя арганізацыі, выдавецтвы, ладзіліся нацыянальныя мерапрыемствы, фестывалі.

Са з’яўленнем незалежнай Рэспублікі Беларусь актывізаваліся і эміграцыйныя працэсы. У выніку новай хвалі эміграцыі, а таксама геапалітычных зменаў, за мяжой апынуліся каля 1,5—2 млн беларусаў. Яны або далучаліся да ўжо існуючых дыяспараў (на Захадзе), або стваралі новыя нацыянальныя арганізацыі (пераважна на постсавецкай прасторы). Пры гэтым “заходнія” і “ўсходнія” дыяспары беларусаў сёння маюць выразную спецыфіку.

Асваенне асноўнай праграмы курсу дазволіць слухачам лепш арыентавацца ў міграцыйных працэсах на беларускіх землях у ХХ—ХХІ стст., вызначаць асаблівасці беларускіх дыяспар і асобных арганізацый у розных краінах.

Тэматычныя план:

1. Эміграцыя, дыяспара, замежжа. Спецыфіка эміграцыі з беларускіх земляў у першай палове ХХ ст.

2. Міграцыйныя працэсы часоў Другой сусветнай вайны. Беларусы ў паваеннай Германіі

3. Беларусы ў іншых краінах Еўропы пасля Другой сусветнай вайны.

4. Беларусы ў ЗША і Канадзе.

5. Беларусы ў Аргентыне і Аўстраліі.

6. Новая хваля эміграцыі і асноўныя кірункі развіцця беларускіх асяродкаў на Захадзе ад пачатку 1990-х гг.