Беларускі Калегіюм прапануе навучанне па чатырох спецыялізацыях:
– Філасофія / літаратура. Гэты праект не мае аналагаў у краіне, але мае глыбокія карані у еўрапейскай універсітэцкай традыцыі. У ім філасофія з літаратурай яднаюцца ў адно цэлае, разглядаюцца як грунт і апірышча мадэрнай ідэнтычнасці. У аснове творчая майстэрня Валянціна Акудовіча “Тэорыя і практыка пісьма”. Акцэнт у ёй робіцца на творчасці: не проста навука пісання літаратурных і філасофскіх тэкстаў, але і тварэнне самога сябе, сваёй асобы, уласнай суб’ектнасці.
– Інтэлектуальныя гісторыі Усходняй Еўропы. Работа з беларускай інтэлектуальнай традыцыяй як часткай больш шырокага кантэксту: усходнееўрапейскага, еўрапейскага, глабальнага. Асаблівая ўвага звернутая на традыцыі суседзяў (польская, украінская, літоўская, расейская). У аснове семінар Ігара Бабкова “Гісторыя беларускай думкі”, задача якога “вучыць і вучыцца думаць, — у прадуктыўным сутыкненні з іншымі эпохамі, другімі культурамі, адрознымі ідэнтычнасцямі”.
– Параўнальныя даследаванні цывілізацый. Унікальная праграма, адмысловы адказ на выклікі сучаснасці (вайна культураў, канфлікт цывілізацый, узвышэнне Кітая і Індыі). У аснове семінар Ірыны Дубянецкай “Культурныя коды цывілізацыі Захаду”, спроба кадыфікацыі і перачытання складовых элементаў еўрапейскай традыцыі, дахрысціянскіх, хрысціянскіх, мадэрных.
– Культурная аналітыка. Праграма, арыентаваная на асэнсаванне наяўнай культурнай сітуацыі, выяўленне магчымых накірункаў яе развіцця і ўвасабленне гэтага разумення ў моцных медыйных тэкстах. Стратэгічная мэта: спрыянне з’яўленню новай генерацыі аналітыкаў, здольных забяспечыць змястоўную і драйвовую экспертызу актуальнай культуры для шырокага кола сучаснікаў і саўдзельнікаў. У аснове аўтарскі практыкум Максіма Жбанкова “Вербальны дызайн культурнага тэксту”.