Ірына Дубянецкая: «Калегіум імкнецца прадставіць Беларусь, у якой і для якой цікава працаваць»

Праект нефармальнай адукацыі «Беларускі Калегіум» існуе ўжо амаль 20 гадоў. Акадэмічны дырэктар структуры Ірына Дубянецкая распавяла «Абажуру» пра гісторыю Беларускага Калегіума, пра тое, чым ён жыве сёння, і дала агульную ацэнку стану вышэйшай адукацыі ў краіне.

dubian

— Якая асноўная ідэя Беларускага Калегіума?

Ідэя прасочваецца ўжо ў самой назве Калегіума. Хаця разуменне назвы за 19 гадоў існавання трансфармавалася і набыло некалькі вымярэнняў. У 90-я гады імя гэтаму праекту прапанаваў Ігар Бабкоў, на асацыяцыю з Калеж дэ Франс (Collège de France) — Французскім Калегіумам, што адыграў велізарную ролю ў фармаванні французскай інтэлектуальнай эліты, даў свету з дзясятак нобелеўскіх лаўрэатаў ды яшчэ і паслужыў акадэмічным прытулкам нашым выгнанцам-філаматам Адаму Міцкевічу і Аляксандру Ходзьку. Як і славуты цёзка, Беларускі Калегіум ад самага пачатку прапаноўваў бездыпломную і бясплатную вышэйшую адукацыю, заснаваную на прынцыпах поўнай акадэмічнай свабоды і адкрытасці, пакліканую ствараць прастору жывога мыслення для выкладчыкаў і студэнтаў, якім нестае інтэлектуальнага паветра ў афіцыйных навучальных установах.

Аднак з цягам часу назва нібыта сама нагадала пра свой іншы, больш блізкі да беларускіх рэаліяў, сэнс. Рэч у тым, што ад XVI і да XIX ст. адукацыя ў Беларусі фактычна была справаю калегіумаў. Спачатку езуіцкія, а потым дамініканскія, кармеліцкія, піярскія, базыльянскія ды інш. калегіумы працавалі ў вельмі многіх гарадах і мястэчках тагачаснай Беларусі і неслі асвету, па сутнасці стварыўшы сістэму якаснай вышэйшай адукацыі пры адсутнасці ў краіне ўніверсітэтаў. Навуковыя трактаты і падручнікі, напісаныя прафесарамі або выпускнікамі нашых калегіумаў, нярэдка выдаваліся ды перавыдаваліся ў розных краінах Еўропы. Віленскі езуіцкі калегіум, заснаваны ў 1570 г., хутка набыў статус акадэміі з правамі ўніверсітэта і стаўся галоўнай навучальнай установай краіны. Мы, зразумела, не прэтэндуем на пераемнасць з тымі калегіумамі, але зноў жа — з прычыны адсутнасці належнай універсітэцкай адукацыі мы хаця б у невялікім аб’ёме яе прапаноўваем.

Яшчэ адзін сэнс назвы ў палягае ў самым тэрміне «калегіум»: лацінскае слова collegium паходзіць ад дзеяслова colligere — збіраць, «калекцыянаваць», назапашваць, зводзіць разам. Такім чынам, само слова мае на ўвазе супрацоўніцтва і супольнасць. І гэтае яго значэнне для нас, бадай, найважнейшае. Бо асноўная ідэя Беларускага Калегіума — гэта фармаванне жыццяздольнай беларускай культурнай і інтэлектуальнай супольнасці. Без гэтага краіна не можа развівацца, без гэтага не толькі культуратворчыя працэсы будуць непаўнавартаснымі, але і любыя сацыяльныя змены будуць неканцэптуальнымі, павярхоўнымі або з непрадказальнымі наступствамі.

Яшчэ ў познесавецкія часы шмат было сказана пра вялікі інтэлекуальны патэнцыял Беларусі — маўляў, вось толькі аслабнуць ідэалагічныя абцугі, і Беларусь так заявіць пра сябе, што свет здрыганецца. Ну ці, прынамсі, уразіцца. Час бяжыць, а мы ўсё так і верым у свой «патэнцыял». Патэнцыял — гэта добра, але ён мусіць рэалізоўвацца. Мы назіраем рэалізацыю патэнцыяла асобных індывідуўмаў — традыцыйны тутэйшы набор таленавітых і геніяльных адзіночак, якія не пакідаюць па сабе школы. А Беларусь так і застаецца збольшага на ўзбоччы сусветных інтэлектуальных працэсаў, ідучы наўздагон, а не напярэймы і нават не поплеч. Бо гэты самы абяцаны «патэнцыял» зможа генераваць прарыў, культурную трансфармацыю, новую сітуацыю толькі ў супольнай працы і пры супольнай адказнасці. Мяне малую вучылі: «Калі адзін чалавек думае — гэта адзін чалавек думае, а калі два чалавекі думаюць — гэта сем чалавек думаюць». І гэтак далей па экспаненце. Чым больш інтэлектуальных сіл укладзена, тым большым будзе плён.

У Беларусі два з паловай стагоддзі стрымлівалася фармаванне супольнасці — грамадзянскай, культурнай, навуковай. Любой. Мы дагэтуль не можам ацаліцца ад сваіх гістарычных траўмаў. Таму для нас фармаванне супольнасці ёсць першазадачаю. У суседніх краінах былі іншыя варункі, там супольнасці здолелі фармавацца, і таму там адбываліся нашмат больш інтэнсіўныя, чым у нас, нацыятворчыя працэсы. У нас яшчэ шмат працы наперадзе — і цяпер гэтая праца больш складаная, бо радыкальна змянілася эпоха і нашая нявыкананая задача нацыятворчасці цяпер выглядае анахранізмам. Аднак без развязання гэтае задачы мы так і застанемся «патэнцыялам» — і як культура, і як краіна. Таму вось і галоўная ідэя Беларускага Калегіума — спрыяць самафармаванню супольнасці, развіццю інтэлектуальных сіл, якія могуць паўплываць на якасныя змены ў краіне.

— Вы сказалі пра адсутнасць у Беларусі належнай вышэйшай адукацыі. Што мелі на ўвазе?

— Адукацыя — гэта натуральная і неабходная частка працэсу фармавання інтэлектуальнай супольнасці, яе прырост за кошт далучэння новых кваліфікаваных сіл. Зрэшты, гэтак заўсёды адбывалася ва ўніверсітэтах: маладзейшым трансляваліся акумуляваныя веды ды інавацыйныя ідэі, тыя іх апрабоўвалі, развівалі, прырошчвалі і перадавалі наступнаму пакаленню.

У Беларусі вышэйшая (і не толькі вышэйшая) адукацыя апошнія гадоў 20 коціцца кудысьці ў прадонне. Я не буду спыняцца на ўсіх аспектах гэтае з’явы, закрану толькі адзін, але базавы — ізаляванасць універсітэцкай адукацыі ад рэальных інтэлектуальных, акадэмічных і культурных працэсаў, якія адбываюцца ў краіне і ў свеце. Ёсць набор дысцыплін, які амаль не пераглядаецца, новыя дысцыпліны, цэлыя галіны, школы, метадалогіі застаюцца па-за бортам. Выкладанне адбываецца паводле нейкіх праграм, складзеных невядома калі і зацверджаных невядома кім, хто не абавязкова абазнаны ў гэтай дысцыпліне. Гэтыя праграмы паўтараюцца з года ў год, незалежна ад асобы, якая мае іх выкладаць.

У адукацыйным працэсе ёсць два асноўныя суб’екты: выкладчык і студэнт. І вось у гэтай сістэме педагог не мае магчымасці выкладаць тое, чым ён займаецца, што яму важна і цікава, не мае прасторы для апрабацыі, жывой «абкаткі» сваіх даследаванняў ці ідэяў — бо ён выкладае «праграму». А студэнт, у сваю чаргу, не мае сродкаў даведацца, што насамрэч адбываецца ў гэтай ці ў сумежных з ёю дысцыплінах у свеце, у Беларусі, і не можа далучыцца да жывых працэсаў — бо ён мусіць вывучыць праграмны матэрыял. У выніку па атрыманні дыплома ён пускаецца ў вольнае плаванне, не ведаючы каардынатаў.

Папросту кажучы, універсітэты выкладаюць мінулае і рыхтуюць да мінулага.

У Беларускім Калегіуме выкладаюць майстры, інтэлектуалы, якія рэальна фармуюць культурнае поле краіны. І задача выкладчыка — паказаць тое, чым ён займаецца, «выкласці» на паверхню свае ідэі, сваё майстэрства. Праграму кожны складае сам, і на наступны навучальны год можна яе замяніць цалкам новай. І калі хтосьці за годам будзе выкладаць тое самае, дык калегі пачнуць глядзець на яго коса: што гэта за анабіёз, чым ты займаешся ўвогуле?

А наогул, пра адукацыю ў сённяшнім свеце трэба сур’ёзна думаць. За апошнія 15–20 гадоў жыццё кардынальна змянілася, як не мянялася ніколі ў гісторыі. Мы жывем не ў тым свеце, дзе нарадзіліся і выраслі. Змянілася ўсё — ад якасці жыцця да сацыяльных дачыненняў, ад гендарных роляў да аўтарытэту інстытуцыяў. А найперш — гэта новыя тэхналогіі і сродкі камунікацыі, якія назаўсёды трансфармавалі нашыя ўяўленні пра свет. Мусіць мяняцца і змест адукацыі, і спосаб перадачы ведаў. Сёння кожны мае ў кішэні крыніцу інфармацыі, і марнаваць час на яе дубляванне бессэнсоўна. Розныя спосабы дыстанцыйнай адукацыі заваёўваюць прастору і робяць веды імгненна даступнымі любой колькасці людзей у любым пункце свету адначасова. Гэта ўсё выклікі для сучаснай адукацыі, і гатовых рэцэптаў пакуль што ні ў кога няма, але пра гэта неабходна думаць.

— Па якіх дысцыплінах можна атрымаць веды ў Беларускім Калегіуме?

— На сёння ў нас чатыры аддзяленні. І толькі адно з іх, «Журналістыка», можна знайсці ў беларускіх ВНУ. Аднак і змест адукацыі адрозніваецца, і адбываецца паглыбленне ў віры актуальнай журналістыкі. Як пачаткоўцы, так і ўжо дасведчаныя журналісты маюць магчымасць пазнаёміцца і папрацаваць з майстрамі прафесіі.

Аддзяленне «Найноўшая гісторыя» ўнікальнае. Тут свабодна прагаворваюцца самыя балючыя, але і самыя значныя для нашай цяперашняй ідэнтычнасці моманты гісторыі Беларусі — без «забароненых зонаў», — а таксама абмяркоўваюцца сучасныя гістарыяграфічныя тэорыі і метадалогіі.

На аддзяленні «Філасофія і літаратура» адбываецца сплаў мыслення і яго карэктнай вербалізацыі. А таксама гэта ў значнай ступені творчы варштат, з індывідуальным падыходам да кожнага (!) патэнцыйнага літаратара, дзе заняткі вядуць такія майстры слова, як Уладзімір Арлоў, Альгерд Бахарэвіч, Адам Глобус, Уладзімір Някляеў, Алесь Разанаў, Андрэй Хадановіч ды многія іншыя.

Яшчэ адным аддзяленнем — «Еўрапейскі саюз: палітыка, эканоміка, культура» (папросту — «Еўрапеістыка») — мы прыраслі нядаўна. Праграма арыентаваная на засваенне сучасных ведаў і тэхнік інтэлектуальнай працы.

— У дадзены момант, калі мы размаўляем, у Беларускім Калегіуме праходзяць уступныя сумоўі. Які тып людзей вы хочаце бачыць сваімі слухачамі?

— Я наогул глыбока шаную людзей, якія прыходзяць у Калегіум вучыцца. Тут ім не дадуць дыпломаў, якія паўплываюць на іх кар’еру, ці якіх-небудзь іншых выгодаў, і яны гэта разумеюць. Яны свой вольны час свядома аддаюць адукацыі, інтэлектуальнаму развіццю. Яны сапраўды чагосьці шукаюць, у іх ёсць пытанні, якія патрабуюць адказу.

Такім чынам, першая асаблівасць нашых слухачоў — глыбокая ўнутраная матывацыя ці хаця б нейкі неспакой, што змушае хацець чагосьці большага. Каб паступіць, трэба выканаць пэўную папярэднюю працу — на розных аддзяленнях розныя патрабаванні. Слухачы набіраюцца па выніках гэтай працы і жывога сумоўя. Бывала, што да нас дабіраліся і з іншых гарадоў — з Вілейкі, з Бабруйска штотыдня на заняткі даязджалі.

Ніжэйшая ўзроставая планка для паступлення ў Калегіум — студэнты старэйшых курсаў ВНУ. У выключных выпадках залічваюцца студэнты малодшых курсаў. Да мяне на заняткі аднаго году хадзіў школьнік, адзінаццацікласнік — вельмі адукаваная і яркая асоба. Найчасцей да нас ідуць нядаўнія выпускнікі ВНУ, хаця сустракаюцца і зусім сталыя людзі. Нярэдка студэнты ідуць на аддзяленне, ніяк не звязанае з іх асноўнай «жыццёвай» спецыяльнасцю.Так, на «Філасофіі і літаратуры» сядзяць побач з філолагамі ды філосафамі інжынеры, праграмісты, біёлагі.

У дачыненні да студэнта ў нас дзве асноўныя задачы: па-першае, каб Калегіум паспрыяў яго асабістаму развіццю, і па-другое — каб навучэнец знайшоў сябе ў беларускай культурнай прасторы, каб — ізноў-такі — выбудоўвалася і пашыралася беларуская інтэлектуальная супольнасць.

Летась здарылася прыемная неспадзеўка. Мы ўвесь час нібыта працуем на самаарганізацыю супольнасці, дык вось у Калегіуме самаарганізаваліся студэнты. Яны заснавалі студэнцкую раду, склалі спіс таго, што хочуць рабіць самі: кінаклуб, філасофскія дыскусіі, паэтычныя слэмы… Штосьці з гэтага ўжо робіцца, іншае чакае свайго часу. Мо і дачакаемся. Гістарычны досвед паказвае, што самыя яркія і значныя праекты, якія змянялі свет навокал, пачыналіся ў коле сяброў адной універсітэцкай генерацыі — згадайма хоць філаматаў і філарэтаў, а хоць і нядаўнюю «Майстроўню» ці «Тутэйшых». А раптам і цяпер нешта добрае атрымаецца?

Але і раней некаторыя рэчы ў Калегіуме рабіліся з ініцыятывы студэнтаў. Да прыкладу, гэта яны натхнілі (каб не сказаць змусілі) Валянціна Акудовіча ладзіць філасофскія вандроўкі — вольныя гутаркі і спрэчкі пра асноўныя пытанні быцця на ўлонні прыроды, пры вогнішчы і з начоўкай у намётах.

— Ці прымаеце ў слухачы рускамоўных?

— Працоўная мова Калегіума — беларуская. Аднак для студэнтаў моўнага абмежавання няма і не можа быць, бо мы жывем у Беларусі, у такой, якая яна ёсць, і мы працуем з людзьмі — такімі, якія яны ёсць. Працэнтныя суадносіны беларускамоўных і рускамоўных слухачоў вагаюцца ад набору да набору. Бывае, што большасць складаюць беларускамоўныя, бывае наадварот.

Я не абмяркоўваю пытання мовы, проста размаўляю па-беларуску. Але з досведу ведаю, што калі людзі трапляюць у спрыяльны асяродак, то ім самім хочацца гаварыць і пісаць па-беларуску. Некаторыя прыходзяць у Калегіум з рускамоўнымі тэкстамі, а тут пачынаюць пісаць па-беларуску. Якасць тэкстаў часта павялічваецца.

— Колькі працягваецца навучанне?

— У нас трохузроўневая адукацыя. Калі казаць спрошчана, першы год — для тых, каму цікава, другі — для тых, хто хоча больш, трэці — для тых, хто можа больш. Трэці год не для ўсіх, і пасведчанне пра заканчэнне Калегіума мы выдаем тым, хто прайшоў двухгадовую праграму, а ў пэўных выпадках і аднагадовую.

Адзін з прыкладаў трэцяга ўзроўню — праца па PhD-праграме.Таленавітыя студэнты з акадэмічнымі амбіцыямі маюць магчымасць атрымаць навуковую ступень аднаго з еўрапейскіх універсітэтаў, з якімі ў нас ёсць партнёрскія сувязі, не выязджаючы з Беларусі, на базе Калегіума.

— У інтэрв’ю Радыё «Свабода» вы сказалі: калегіум дапамагае знайсці матывацыю працаваць у Беларусі і для Беларусі. Што мелі на ўвазе?

— Некаторыя незалежныя адукацыйныя ўстановы працуюць на еўрапейскі ўзор і даюць добрую падрыхтоўку для паступлення ў магістратуру еўрапейскага ўніверсітэта. Студэнты, натуральна, гэтым карыстаюцца і едуць вучыцца за мяжу. Наогул, гэта добра, калі маладыя пашыраюць свой кругагляд і вяртаюцца, узбагачаныя досведам і інтэлектуальнымі практыкамі розных традыцый. Калі вяртаюцца… На жаль, каб сучасная Беларусь сталася свядомым выбарам здольных, амбітных і творчых маладых людзей, што вучыліся за мяжой, патрэбная асаблівая матывацыя. Беларускі Калегіум імкнецца прадставіць нашым слухачам тую Беларусь, у якой і для якой цікава працаваць, а таксама дапамагчы ім зразумець сваё месца ў гэтай Беларусі. Бо цягам шматлікіх сустрэч з самымі рознымі навукоўцамі, інтэлектуаламі, творчымі асобамі навучэнцы бачаць цэласную карціну таго, што адбываецца ў пэўнай галіне ў краіне, што можна рабіць і з кім гэта рабіць.

Так, здараецца, што нашы выпускнікі з’язджаюць з краіны, але ж можна працаваць за мяжой, застаючыся ў беларускай культурнай прасторы. Як, напрыклад, айцец Аляксандр Надсан, які большую частку жыцця правёў у Ангельшчыне, але ўсю сваю працу прысвяціў Беларусі і зрабіў столькі, колькі тут цэлыя навуковыя інстытуты не зрабілі. І ў нас ёсць выпадкі, калі калегіумцы з’ехалі, каб вучыцца далей ці працаваць, але працягвалі ўдзельнічаць у тутэйшым культурным жыцці.

— Вы робіце набор слухачоў ужо на 19-ы акадэмічны год. А як усё пачыналася?

— Беларускі Калегіум паўстаў восенню 1997 года. Як многія добрыя праекты, яго прыдумала невялікае кола сяброў. Сярод «айцоў-заснавальнікаў» — Ігар Бабкоў, Алесь Анціпенка, Захар Шыбека, Валянцін Акудовіч і іншыя. Дарэчы, апошні — адзіны чалавек, які застаўся ў Калегіуме праз усе гады і які дагэтуль кіруе аддзяленнем філасофіі і літаратуры. Я сама ў той час пісала свае дысертацыі за мяжой і далучылася да праекта значна пазней, па вяртанні ў Беларусь. Адукацыйная праграма Калегіума рабілася пад тых людзей, якія былі ў наяўнасці, зыходзячы з таго, хто што мог і хацеў рабіць. Аднак цэласная структура была больш складанаю. Сярод заснавальнікаў былі некалькі незалежных інстытуцыяў, а ў самога Калегіума былі Кураторыум і Навукова-экспертная Рада. Выбітныя дзеячы навукі і культуры былі асацыяваныя з Калегіумам. Большасці з іх ужо няма сярод нас: славуты Ежы Гедройц (Парыж), ужо згаданы мною айцец Аляксандр Надсан (Лондан), Васіль Быкаў, Карлас Шэрман, Генадзь Грушавы, Уладзімір Конан, Анатоль Грыцкевіч, Мікалай Крукоўскі…

— З якімі перашкодамі за гады існавання Калегіума вы сутыкаліся?

— Былі праблемы вонкавыя, былі і ўнутраныя. Вонкавыя звязаныя са зменамі ў краіне, з ускладненнем існавання любых незалежных структур, асабліва адукацыйных. На пачатку Калегіум меў свой офіс. Пазней гэта стала залішне складана, і мы пачалі працаваць на розных пляцоўках. Нейкі час публічныя лекцыі Калегіума ладзіліся штотыдзень у Купалаўскай бібліятэцы і збіралі па 100 і болей слухачоў. Пасля сітуацыя ў краіне змянілася, і бібліятэка адмовіла Калегіуму ў прытулку. Цяпер нікому і ў галаву б не прыйшло звяртацца туды з прапановамі супрацоўніцтва.

Здараліся і ўнутраныя праблемы — мы ўсе жывыя людзі, усе са сваімі складанасцямі. Тым больш, што мы беларусы, — як мы казалі, мы можам быць талентамі і геніямі са сваімі прыгожымі мроямі і ідэямі, але супольная праца ў нас не заўсёды выходзіць гладка.

— Якія дасягненні Беларускага Калегіума могуць зрабіць уражанне на крытычнага чытача?

— Ведаеце, летась мы ладзілі прэзентацыю новага акадэмічнага года і сабралі для яе кнігі — выданні Калегіума, троху з публікацыяў выкладчыкаў і выпускнікоў. Асабліва не шукалі, выклалі тое, што прынёс са сваёй калекцыі Валянцін Акудовіч. Заклалі некалькі сталоў — ажно самі не чакалі.

Самае важнае — многія нашыя выпуснікі застаюцца ў беларускай культурнай прасторы, самі працуюць у ёй і фармуюць яе. Некаторыя перамагаюць у літаратурных, даследчыцкіх, журналісцкіх конкурсах у Беларусі і за межамі. Выдаюць свае кнігі, робяць перыядычныя выданні. За гады існавання Калегіума было створана пяць перыядычных выданняў: «Паміж», «Праўнік», «Палітычная сфера», «Макулатура», «ПрайдзіСвет». Апроч «Праўніка» усе працуюць і дагэтуль. З перакладчыцкай майстэрні, якая стала працуе пад кіраўніцтвам Андрэя Хадановіча, вырасла новая перакладчыцкая школа.

Я цешуся, што нашымі выпускнікамі быў заснаваны Інстытут палітычных даследаванняў «Палітычная сфера». Апроч іншага, ён стаўся галоўным ініцыятарам і арганізатарам Міжнароднага Кангрэсу даследчыкаў Беларусі, які ўжо пяць гадоў запар адбываецца ў Коўне, на базе ўніверсітэта Вітаўта Вялікага і штогод прыцягвае ўсё больш навукоўцаў-беларусістаў. За ўсю 1000-гадовую гісторыю краіны гэта, відаць, самая вялікая пляцоўка, дзе збіраюцца навукоўцы з усяго свету і гавораць пра Беларусь і па-беларуску — да паўтысячы чалавек. Дырэктар «Палітычнай сферы» Андрэй Казакевіч — цяпер і адміністрацыйны дырэктар Беларускага Калегіума, а яго калега Аляксей Ластоўскі — выпускнік першага года Калегіума — цяпер кіруе аддзяленнем найноўшай гісторыі.

Заўважна змяняе беларускі культурны ландшафт папулярнае моўнае шоў «Мова нанова», заснаванае колішнім калегіумцам, вядомым літаратарам і журналістам Глебам Лабадзенкам. І практычна кожны выпуск дае краіне яркіх творцаў або грамадзкіх і культурных дзеячаў.

Часам у мяне пытаюцца: «Хто з вядомых людзей у вас выкладае?» Відаць, лягчэй сказаць, хто не выкладае ці не выкладаў. Так і на пытанне пра нашых выпускнікоў вы можаце самі назваць імёны, якія ўзніклі ў інтэлектуальнай і культурнай прасторы Беларусі ў апошнія гадоў 15–17 і якія цяпер стала асацыююцца з беларускім незалежным мысленнем ці творчасцю, — і большасць з іх так ці інакш будзе звязанаю з Беларускім Калегіумам.

Гутарыў Руслан Гарбачоў

Апублікавана ў часопісе “Абажур”. 2015. № 5.

 

You may also like...