04.02.2019 “Канец посткамунізма?”: пачынаем новы праект публічнай дыскусіяй
Беларускі Калегіюм 4 лютага запрашае прыняць удзел у публічнай дыскусіі “Канец посткамунізма?”.
Гэтай дыскусіяй мы распачынаем трансдысцыплінарны семінар “Інтэлектуальная гісторыя посткамунізма”, які ўключае ўласна даследчы семінар, лекцыі спецыялістаў, тэматычныя дыскусіі і круглыя сталы, прэзентацыі, абмеркаванні новых выданняў.
Посткамунізм – эпоха, якая распачалася напрыканцы 1980-х, беспрэцэдэнтная па сваім гістарычным змесце, інтэлектуальнай насычанасці, эмацыйнай напоўненасці. У аснове – канцэптуальная метафара “перахода”. З аднаго боку, пераходнасць задае высокую дынаміку эканамічных і палітычных зменаў, з іншага — адчуванне часовасці, нетрываласці ўсіх сацыяльных і культурных формаў.
На абмеркаванне вынесены наступныя пытанні:
- Ці можам мы гаварыць пра сканчэнне посткамунізма, завяршэнне (паспяховае ці не) самога стану “пост”, г .зн. пераходнасці? Калі можам, якая падзея можа быць знакам (сімптомам?) канца пераходу? Эканамічная крыза 2008? Расейска-украінская вайна 2014? Узвышэнне (вяртанне) Кітая? Выбары Трампа і паварот направа ў заходняй палітыцы?
- Ці можам мы з сённяшняй перспектывы вызначыць посткамунізм як гістарычную эпоху? Сацыяльна-палітычную і эканамічную сістэму? Інтэлектуальную фармацыю?
- Ці ёсць “беларуская спецыфіка”, што значыць посткамунізм па-беларуску?
І ці мы ўжо прадчуваем новы час?
У праграме:
- Круглы стол, у якім бяруць удзел Валянцін Акудовіч, Максім Жбанкоў, Уладзімір Мацкевіч, Павал Церашковіч, Вольга Шпарага, Аляксандр Чубрык, Пётра Рудкоўскі ды інш.
- Агульная дыскусія па выказаных пазіцыях.
- Нефармальная камунікацыя (гарбата, кава, печыва).
4 лютага (панядзелак), а 19.00, журналісцкая майстэрня “Прэс-клуб” (вул. Веры Харужай, 3-601)