Юры Пацюпа
Лекцыя 2. У языковых законаў выняткаў нямашака. Найважнейшыя аспекты беларускай граматыкі. Балтыйска-чарнаморскі моўны хаўрус

Запіс лекцыі праз спасылку.
У назве трохі нязвыклая каларытная мова. Гэта мова Яна Станкевіча.
Пытанні лекцыі, якія разгледзім:
1. Крытэрыі моўнага выбару.
2. Дзеяслоў і сістэма словаўтварэння (дзееназоўнікі, памяншальна-любосныя суфіксы назоўнікаў і прыметнікаў, неазначальныя займеннікі).
3. Балтыйска-чарнаморскі моўны хаўрус.
Трэба зразумець, што я звычайны носьбіт не толькі мовы, але і свайго роднага дыялекту. І па вялікім рахунку я так падыходжу да моўных пытанняў: я проста вельмі добра адчуваю свой дыялект, у якім я нарадзіўся, вырас; я прыкладаю яго да літаратурнай мовы, і калі бачу нейкі збой, дысбаланс, дысгармонію, я проста стараюся зразумець, што гэта такое, адкуль яно бярэцца. Фактычна, усе мае моўныя адказы пачаліся з маіх пытанняў і недаўменняў. “Чаму нешта так, а не гэтак? Напэўна ж мусіць быць так, я гэта адчуваю, што гэта так”. Я стаўлю перад сабой пытанне і даю адказ сабе і іншым.
І калі рабіць нейкі моўны выбар, я магу сказаць, што ёсць толькі два крытэры моўнага выбару, якія ў нашых умовах лічу асноўнымі і вельмі істотнымі. Першы — гэта сістэмнасць, калі мы спрабуем зразумець, як працуе мова, адкрыць яе законы, і потым гэтыя законы прыкласці той ці іншай з’явы і гэта гледзішча ацаніць. Пры гэтым, такі моўны выбар — гэта не нейкая зверху спушчаная ўніверсальная граматыка духу Пор-Раяля, якая была ў 17 ст, ці нейкая іншая ўніверсальная граматыка. Не. Гэта як раз прадукт нейкага практычнага пазнання рэальных тэкстаў, рэальных з’яў, фактаў беларускай мовы, і потым узыходжанне, як казалі марксісты, ад канкрэтнага да абстрактнага, і назад вяртанне да канкрэтнага: ад тэкстаў да тэорыі, і ад тэоріі да тэкстаў. Такі вось шлях. І вось гэты шлях праз сістэмнасць я сёння паспрабую вам вытлумачыць. Прытым, гэта не толькі для нейкіх дзеянняў, звязаных з нейкім стварэннем новых з’яў, з нейкім словатворствам і г.д., хаця бывае і такое, і гэта таксама істотнае і важнае. Але гэта каб проста нават выбраць лепшае і горшае з таго, што ёсць. Таму што ў нас значны наплыў ідзе самых розных з’яў, і яўна заганных, і спрэчных і г.д. І нам, хочаш не хочаш даводзіцца рабіць гэты моўны выбар.
Другі падыход у тым, што не ўсё можна растлумачыць толькі нейкімі законамі сіметрыі, рытму, сістэмнымі правіламі і г.д. Ёсць рэчы, пра якія кажам: вось проста так у гэтай мове склалася, так яно традыцыйна. І гэта вельмі вельмі істотна.
У прынцыпе, адно другому не супярэчыць. Але, прыкладам, калі я кажу, што ў беларускай мове тры асноўных дзеяслова гаварэння — гэта гаварыць, казаць і гутарыць — і вакол іх будуюцца ўсе астатнія, то можна растлумачыць, чаму і як яны склаліся, але нельга растлумачыць, чаму, прыкладам, у іншых славянскіх мовах крыху па-іншаму. Чаму ў расейскай мове няма апазіцыі казаць–гаварыць, як у нас. Гэта традыцыя. Гэта трэба проста засвоіць, вывучыць, сказаць, што гэта ў нас так было. І ў мяне нават у свой час была ідэя стварэння пэўнага вертыкальнага слоўніка. Інакш кажучы, браць нейкія з’явы, якія былі ў старабеларускай мове, і паказваць паслядоўна, як яны захоўваліся і дзе на якім этапе адбываўся збой. І, ведаеце, было дзіўна пабачыць, што, напрыклад, нейкая з’ява захоўвалася з часоў Вялікага княства Літоўскага, а потым у 30-я гады XX ст. — раз, яна знікае. І таму я часамі дазваляў сабе казаць, што за гады савейкай улады беларуская мова змянілася, русіфікавалася больш, чым яна мянялася за некалькі стагоддзяў. Як гэта ні дзіўна гучыць. У асобных фрагментах гэта сапраўды так і ёсць.
Вось такія два моманты. Традыцыі можна толькі запамінаць, а сістэму можна вывучыць. Яна як раз дазваляе кампактна ўкласці вельмі вялікую колькасць інфармацыі ў нейкія сціслыя правілы.
Што яшчэ трэба засвоіць пры моўным выбары, гэта (многія людзі гэтага не разумеюць) прынцып неўжывання. Многім людзям здаецца: што дрэннага, што я ўжыў нейкае слова. Дапусцім, слова вырашыць. А я даводжу, што гэта расейская інавацыя, перанятая беларускай мовай. Калі мы ўжываем вырашыць, то мы ўжо не будзем гаварыць ні развязаць, ні пастанавіць у самых розных значэннях, ні выракаваць. Нічога. Усё астатняе проста адсякаецца. Аўтаматычна. Калі мы пачынаем карыстацца толькі гэтым словам. І такіх выпадкаў вельмі шмат у мове. Мы часамі нават не здагадваемся, што нашу мову такой нехлямяжай робіць не тое, чаго мы ў ёй не дагледзілі, не дарабілі, а як раз тое, што мы ў яе дапусцілі. Вось мы дапусцілі адзін, другі элемент і не ўзбагацілі нашу мову. Гэтыя элементы проста зрабілі яе неакуратнай, і г.д. Ужыўшы той ці іншы барбарызм, мы не дапусцім ні свайго літаратурнага слова, ні свайго дыялектнага слова. Карацей кажучы, будзе пераважаць тое, што ідзе ад мовы мажарытарнай, у нашым выпадку, расейскай мовы. Гэты прынцып можна назваць падобным да маральнага выбару. Гэтак, у мяне ёсць меркаванні, з якіх я не ўжываю словы адсутнасць, прысутнасць (супраць якіх былі Гарэцкі, Ластоўскі). Неабходнасць не ўжываю. Прынцыпова не ўжываю і ўсё. А калі я буду іх ужываць, тады ўсё, тады будзе каша. І тут многія не разумеюць, што ёсць розніца паміж дублетамі і сінонімамі. Маўляў, чым больш слоў, тым лепш, тым мова багацейшая. Ды не багацейшая. Наадварот, яна збядняецца. Тое самае слова вырашыць адсякае пяць беларускіх слоў. Слова берагчы, калі мы яго ужываем, адсякае цэлы шэраг беларускіх адпаведнікаў. І гэтыя словы проста знікаюць з маўлення. Яны могуць дзесьці ў слоўніках быць, але ў маўленні іх няма. Вось у гэтым уся праблема.
Нават калі мы гаворым пра сінонімы, трэба разумець наступны кагнітыўны аспект. Калісьці думалі, што многія працэсы адбываюцца імгненна. Кагнітыўная псіхалогія ў сваю чаргу паказала, што мы не можам імгненна думаць, што нам трэба час, каб нешта зразумець, уцяміць. Інакш кажучы, думка не такая хуткая, як здавалася ў казках, у фальклоры. І тое самае з пэўнымі абсягамі культуры. Прыкладам, розныя культуры патрэбныя яшчэ таму, што адна культура не можа змясціць усёй творчасці чалавека. Кожная культура мае нейкія свае найбольш важныя з’явы. Тое самае і ў мове. Мова можа змясціць роўна столькі сінонімаў, колькі ёй патрэбна. Ні больш ні менш. Аптымальную колькасць. І ад сінонімаў трэба адрозніваць абсалютныя дублеты. Прыкладам, у дыялектах ёсць слова белка. І нават дыялектнае слова векша. Але ёсць беларускае слова вавёрка. Магчыма, для нейкага каларыту мы можам ужыць векша. Але калі мы ўжывём белка, нават для каларыту, яно ўсё роўна будзе выглядаць як русіцызм і больш ніяк. Гэта слова не дадае нічога новага, фактычна ў гэтым выпадку нічым не ўзбагачае мову. Але гэта самы бяскрыўдны, можна сказаць, дублет.
Дзеяслоў і сістэма словаўтварэння (дзееназоўнікі, памяншальна-любосныя суфіксы назоўнікаў і прыметнікаў, неазначальныя займеннікі)
Чаму будзем размаўляць пра дзеяслоў? Большасць беларускіх дзеясловаў, між іншым, вытворныя ад імёнаў: назоўнікаў, прыметнікаў. Уласных дзеясловаў няшмат. Але потым новыя назоўнікі і самая розная лексіка ўжо ўтвараецца на базе дзеясловаў. Таму, фактычна, зразумеўшы дезяслоў, можна зразумець усю астатнюю мову.
Для пачатку я хацеў бы паказаць сістэму беларускіх часцін мовы. Такой, якой яна мне бачыцца.
Тут вельмі важна зразумець наступнае. Мы ведаем, што дзеяслоў можа быць у форме прыслоўя: пісаць (дзеяслоў) – пішучы (форма прыслоўя, ці дзеепрыслоўе). Таксама ёсць форма дзеепрыметніка: пісаць (дзеяслоў) – пісаны (дзеепрыметнік) ці напісаны (дзеепрыметнік) (як вядома, формы пішучы ў беларускай мове няма). Гэта мы ведаем са школьнай граматыкі, у гэтым нічога дзіўнага няма. Але маё ноў-хаў у тым, што я вылучыў у беларускай мове яшчэ цэлую сістэму дзееназоўнікаў. На выяве яны называюцца спакменнікі, паводле тэрміналогіі Яна Станкевіча (у лекцыі гэтай тэрміналогіяй я не карыстаюся дзеля агульнай зразумеласці). Дзееназоўнік, ці дзееспакменнік, — гэта пэўны аналаг герундыума, які быў у лацінскай мове, які ёсць у ангельскай мове і, напэўна, у іншых мовах. У прынцыпе, патэнцыйна, кожная славянская мова мае герундыум. У польскай мове ёсць такая форма аддзеяслоўнага імя, як адслоўнік. Наколькі ведаю, розныя граматыкі па-рознаму да яе ставяцца. Назоўнікавую форму дзеяслова вылучаюць, наколькі я ведаю, і ў македонскай мове. Патэнцыйна герундыум ёсць ва ўсіх славянскіх мовах, нават у расейскай, але ў апошняй ён праяўляецца ў найменшай ступені, таму што на расейскую мову істотна паўплывала царкоўнаславянская мова, дзе была парушаная сістэма. У царкоўнаславянскай мове ёсць, напрыклад, такія словы, як деяние. Герундыум павінен перадаваць працэс. Напрыклад, пісанне, чытанне, капанне, глядзенне, палоцце (палоць), церце (церці) (звычайна гэтыя формы будуць скончвацца на -анне; форма церце і падобныя ўтвараюцца ад архаічных дзеясловаў і таму адрозніваюцца). Гэтыя словы перадаюць працэс. Калі возьмем царкоўнаславянскае слова деяние, тут няма працэсу. Гэта слова выражае тое, што можна перадаць беларускім словам учынак, справунак і г.д., то бок аддзеяслоўным назоўнікам, які абазначае вынік, гатовы, завершаны прадукт, а не працэс. Між іншым, гэтая апазіцыя прадукту–працэсу была добра выяўлена ў тэрміналогіі ў 20-я гады XX ст. Прыкладам, словы адбітак і адбіццё ў 20-я гады адрозніваліся. Уладзімір Дубоўка стварыў не толькі адлюстраванне, а стварыў яшчэ і адлюстровак, але мы на яго забыліся пад уплывам расейскай мовы. Затое ў царкоўнаславянскай мове, для таго каб перадаць працэс, выкарыстоўваецца назоўнік действие, у якім зляпляюцца ў адно -ство і -ие. У мяне ёсць гіпотэза, што такога спалучэння суфіксаў наагул не магло быць у праславянскай мове, што гэта ўласціва штучнаму канструкту царкоўнаславянскай мовы. Калі назоўнікі дзеяння пачынаюць выкарыстоўвацца супярэчліва, — то як дзеянне, то як не дзеянне, як пэўны антыпод дзеяння, — тады натуральна блакуецца, нейтралізуецца гэтая граматычная асаблівасць. У расейскай мове яна была заблакаваная, нейтралізаваная, і ўжо потым, таму што царкоўнаславянская мова заблакавала, нейтралізавала ў расейскай мове герундыум, у расейцаў шырока развіліся аддзеяслоўныя ўтварэнні на -ка: носка, чытка, варка, стирка і г.д. Цяпер яны пачалі прасочвацца ў беларускую мову. І я як раз прапагандую тое, што ў беларускай мове ёсць вельмі разгалінаваная сістэма аддзеяслоўнага словаўтварэння.
Што сведчыць пра тое, што гэта асобная форма дзеяслова? Па-першае, мы ведаем, што беларускія дзеепрыметнікі і дзеепрыслоўі ўтвараюцца рэгулярна і практычна ад усіх дзеясловаў. Тое самае мы можам сказаць і пра дзееназоўнікі. Яны ўтвараюцца абсалютна рэгулярна. Ёсць некалькі асобных класаў дзеясловаў, ад якіх не можа ўтварацца дзееназоўнік (пра гэта будзе распавядацца пазней). Ад усіх іншых класаў дзееназоўнікі рэгулярна ўтвараюцца. Ужо сам факт рэгулярнасці сведчыць пра тое, што гэта нейкая асобная форма. Апрача гэтага, назоўнікі на -анне, -енне захоўваюць многія дзеяслоўныя рысы. Адна з такіх асаблівасцяў славянскага дзеяслова — трыванне. Там, дзе ў іншых мовах часы, славянскія мовы пайшлі далей, яны зрабілі такую больш абагульненную катэгорыю, як трыванне. І практычна ўсе аддзеяслоўныя назонікі захоўваюць трыванне: будаванне – збудаванне, бранне – узяцце, пісанне – напісанне, кіданне – кіненне і г.д.
Апрача гэтага, герундый можа далучаць да сябе часціцу -ся: стараннеся, засвойваннеся. Гэта ў асноўным праяўлялася ў старабеларускай мове, таксама рэгулярна сустракаецца ў рэмарках да слоўніка Ластоўскага. Гэта асаблівасць захавалася ў польскай мове, а ў беларускай асаблівага развіцця не атрымала. Але няма ніякіх перашкодаў, каб мы не ўжывалі часціцу -ся. І часамі бывае, што яна вельмі дарэчы і добра ўдакладняе, што мы хочам сказаць.
Яшчэ можна сказаць пра спалучэнне з адмоўным -не: нехаджэнне, нерабленне, няспанне, нечапанне. Інакш кажучы, што дазваляе дзеяслоў, дазваляе і дзееназоўнік.
Дзееназоўнік можа спалучацца з суб’ектам дзеяння, з акалічнасцямі. Напрыклад: прабіванне зверху (гэта рэальныя прыклады, узятыя з старабеларускай мовы), адагнанне прэч, пісанне па-беларуску і г.д.
Неабавязкова дзееназоўнік ўжываецца ў адзіночным ліку, але ўлічваючы, што гэта працэс, то ён мае тэндэнцыю да захоўвання адзіночнага ліку. Ён можа кіраваць залежнымі словамі. Ёсць асобныя канструкцыі, якія нават не маюць адэкватных аналагаў на рускую мову, пры гэтым у польскай мове маюць: без дання прычыны, прапасці без паўстання. На рускую мову гэта можа перакладацца толькі апісальна. Яшчэ прыклады: трудная для згаення рана, не да падняцця. Таксама такое ідыяматычнае ўтварэнне як недачаканне тваё, якое адпавядае расейскаму фразеалагізму как бы не так. Таксама такія сінтаксічныя кантрукцыя: маю да скарыстання, заахвоціць да чытання і г.д. Гэта тое, што дае беларускі герундыум. І гэта той сегмент мовы, які намі проста не выкарыстоўваецца. Чаму не выкарыстоўваецца? Бо герундыуму няма ў школьных падручніках, няма ў акадэмічных граматыках. Ён ёсць у мове, але яго няма ў граматыках. І мы пра яго павінны дбаць. Ён адкрывае перад намі такія мажлівасці, якія не могуць адкрыць іншыя ўтварэнні.
Апрача самаго герундыума, яшчэ могуць утварацца суб’екты дзеяння. Напрыклад, ад арання можа быць араннік, ад варэння (як працэсу) можа быць варэннік, варэнніца, ад вязання — вязаннік, вязанніца, ад грабення — грабеннік, грабенніца, ад гуляння — гуляннік, ад даення — даеннік, ад капання — капаннік, ад кашэння — кашэннік, ад купання — купаннік. Дарэчы, добра замяніць слова купальшчык купаннікам (чалавек, які чыніць купанне), а купальнік у сваю чаргу — гэта купальны касцюм. Таксама ад малаціць — малаценнік, таксама сланнік і г.д. (зноў жа, гэта прыклады са слоўнікаў, Сцяцко, Юрчанкі, Гарэцкага, у асноўным з мовы Гарэцкага, Гарэцкі вельмі часта карыстаўся падобнымі словамі; слова араннік са слоўніка Сцяцко, напрыклад). Вось такія мажлівасці дае сам факт усведамлення такой з’явы.
Дзеясловы, ад якіх могуць і не могуць утварацца дзееназоўнікі
У табліцы я вылучыў розныя класы дзеясловаў. Напрыклад, можна пабачыць, што такія дзеясловы як стаць, даць, грэць, церці, везці і інш. — архаічныя. Але групаў дзеясловаў шмат. Я спынюся толькі на тых, якія не дазваляюць утвараць герундыум.
Гэта клас дзеясловаў, які я называю ўмоўна статыўны. Ён уключае дзеясловы: віснуць, мокнуць, гаснуць, пахнуць, смагнуць, тухнуць, сохнуць, жоўкнуць і г.д. Мы не можам сказаць жоўкненне, смагненне, як і не можам сказаць жоўкнены, смагнены. Проста такіх прыкладаў няма ў прыродзе і іх не варта выдумляць. Ад гэтых дзеясловаў утвараюцца прыметнікі на -л (не на -т, не на -н): жоўклы, смаглы, ссохлы, здохлы. Гэты клас дзеясловаў адрозніваецца тым, што дзеянне скіравана на сам суб’ект. То бок, суб’ект, які выконвае дзеянне, скіроўвае дзеянне на сябе самога. Дзеянне не выходзіць з самога суб’екта, з яго межаў.
Іншая цікавая група дзеясловаў — ілюмінатыўныя. Уключае такія дзеясловы як спаць, ляжаць, гнаць, гучаць, вісець, ляцець, грымець, шумець, глядзець, лапацець, грукацець, шапацець, мігацець. Часцей за ўсё яны перадаюць альбо нейкі гук, альбо нейкае выпраменьванне, таму я іх называю ілюмінатыўныя. Гэтыя дзеясловы маюць нейтральную версію. Дзеянне скіроўваецца як бы не на суб’ект, а навонкі, але пры гэтым яно нічога не дасягае. Яно проста выпраменьваецца. Напрыклад, нешта гудзіць, ну і гудзіць. Інакш кажучы, гэтыя дзеясловы непераходныя. Прычым, калі непераходнасць статыўных дзеясловаў абсалютная, то ў ілюмінатыўных дзеясловаў прадукт дзеяння як бы можа быць скразным дапаўненнем, але агулам яны таксама непераходныя. Гэтыя дзясловы адрозніваюцца тым, што ад іх не ўтвараюцца дзеепрыметнікі (не можа быць віснены, мокнены, гаснены), але “праз галаву дзеепрыметнікаў” ад іх утвараюцца дзееназоўнікі (можа быць вісенне, спанне, ляжанне, гучанне). І гэта вельмі цікавая рэч, якая сведчыць пра тое, што фармант -анне, -енне не ёсць цалкам прадуктам, утварэннем ад дзеепрыметнікаў, а ёсць самастойным фармантам.
Яшчэ адна цікавая група дзеясловаў, ад якой не ўтвараюцца дзееназоўнікі, называецца трансфарматыўная. Яна ўключае дзеясловы бялець, вузець, дубець, раўнець, п’янець. Тут адбываецца нейкая транфармацыя. І тут дзеянне так сама, як і ў статыўных дзеясловах, застаецца ўнутры. Яны амаль сінанімічныя. Бо мы не заўважаем розніцы ў значэнні дзеясловаў, напрыклад, жоўкнуць (статычны) і жаўцець (трансфарматыўны). Тут трэба памятаць, што дзееназоўнік, напрыклад, бяленне утвараецца ад пераходнага дзеяслова бяліць, а не трансфарматыўнага бялець.
Усе астатнія дзеясловы — і фактытыўныя, якія нешта пераўтвараюць, змяняюць (рабіць, касіць, вазіць, гнаіць, ставіць і г.д.), і іншыя — утвараюць дзееназоўнікі. І гэта адкрывае важныя мажлівасці. Як я ўжо гаварыў, словы на -аннік, -еннік, якія выражаюць суб’ект дзеяння, па-першае, закрываюць праблему з суфіксам -цель (хаця цяпер гэта праблема амаль закрыта ў беларускай мове, ужо перасталі ўжываць словы накшталт вучыцель (цяпер ужываюць настаўнік), выхавацель (выхавальнік), цяпер словы з -цель практычна не ўжываюцца); цалкам закрываецца праблема з суфіксам -чык, -шчык, які пераняты з расейскай мовы; і часткова закрываецца праблема з -учы, -ючы, якія таксама не зусім уласцівыя беларускай мове.
Памяншальна-любосныя формы
Беларуская мова вельмі багатая рознымі памяншальна-любоснымі формамі. Гэтыя формы нанізваюцца адна на другую. Мы гэтага нанізвання часам не бачым. Але гэта адкрывае вялікія мажлівасці для выказвання эмоцый. На жаль, у літаратуры яны рэдка ўжываюцца. У асноўным у фальклоры. Як раз фальклор дае найбольшую колькасць памяншальна-любосных формаў.
Я паспрабаваў гэтыя формы пэўным чынам класіфікаваць.
Возьмем словы жаночага роду: маці, ноч, рака. Іх памяншальныя формы будуць: матка, ночка, рэчка. Памяншальна-памяншальныя формы будуць: матачка, ночачка, рэчачка. У іх -к наслойваецца на -к, і ўтвараецца -чк. Гэтыя суфіксы пераважна памяншальныя.
У адрозненне ад памяншальных, любосныя выказваюць нейкія пачуцці. Суфіксы і словы на -нька я называў чуллівымі. Цікава, што калісьці, здаецца, Сцяцко ў сваёй кнізе пісаў, што матачка, Божачка — гэта беларускія формы, а матанька, Божанька — гэта не беларускія формы. Няпраўда, гэта беларускія формы. Гэта проста розныя суфіксы і розныя эмоцыі. Ня варта саміх сябе абкрадаць. Калі мы гаворым вельмі эмацыйна, нават слязліва, тады мы ўжываем: матанька, ночанька, рэчанька і г.д. Для гэтага існуюць любосна-чуллівыя суфіксы.
Ёсць любосна-пяшчотны суфікс -ул: матуля, рачуля (са словам ноч не стасуецца, як правіла, начуля не кажам). Яго можам ужываць, калі выказваем пяшчоту, асабліва ў дачыненні да блізкіх людзей.
Хачу зрабіць заўвагу. Я называю ўсе гэтыя формы любоснымі, і так іх называў Станкевіч. У афіцыйнай граматычы яны называюцца памяншальна-ласкальныя. Але па-беларуску нават няма такога дзеяслова ласкаць, ёсць толькі лашчыць. Няма адкуль узяцца памяншальна-ласкальным формам. Да таго ж, у нашай мове гэта слова мае зусім іншае значэнне, яно выказвае любошчы.
У некаторых дыялектах, не ва ўсіх, ёсць такі вельмі беларускі суфікс -ухн — ён звычайна ўжываецца ў зваротах (магчыма, у нечым аналагічны расейскаму -ушк; але расейскі -ушк як бы больш універсальны, а беларускі больш прыстасаваны да звароту). Я яго называю любосна-далікатны. Мы скажам: матухна, ночухна, рэчухна.
Суфіксы могуць спалучацца з іншымі, тады будуць утварацца, напрыклад, любосна-пяшчотна-памяншальная форма: матулька, рачулка; любосна-пяшчотна-чуллівая: матуленька, рачуленька; любосна-пяшчотна-далікатная: матулюхна, рачулухна.
Ёсць таксама любосна-песлівыя (як я іх назваў) формы: матуся; любосна-песліва-чуллівыя: матусенька.
Да блізкіх людзей часамі ўжываюцца мілавальныя формы: мама, тата, дзядзя, цёця, дзедзя, доня, — і ад іх могуць адпаведна ўтварацца мілавальна-памяншальная форма: мамка; мілавальна-памяншальна-памяншальная: мамачка; мілавальна-пяшчотная: мамуля; мілавальна-пяшчотна-памяншальная: мамулька; мілавальна-любосна-песлівая: мамуся, мамця; і г.д.
Я канструяваў тут словы, каб паказаць формы на адным і тым жа корані. Але бальшыня прыкладаў, якія я называю, знаходзяцца ў фальклоры, літаратуры і г.д. У мяне нават даўно ёсць ідэя, накід невялічкага слоўнічка такіх формаў, якія я не выдумляў, не канструяваў, а збіраў проста па літаратуры. А тое, што я вам на лекцыі прапаноўваў паглядзець, гэта мае абагульненні.
Возьмем для прыкладу словы мужчынскага роду: дзед, ліст, хлопец. Памяншальная форма: дзядок, лісток (хлапец — гэта ужо памяншальная ці памяншальна-любосная форма, дадатковы суфікс -ок слову будзе лішні). Памяншальна-памяншальная: дзядочак, лісточак. Яшчэ ёсць ласкавыя суфіксы. Іх цяжэй прасачыць са словамі жаночага роду. Такія формы будуць: дзедзік, лісцік, хлопчык. Яны адрозніваюцца ад памяншальных суфіксаў тым, што іх звычайна ўжываюць, калі гавораць да дзяцей, ужываючы ласкавыя формы слоў: садзік, лісцік, волік, конік. То разрозніваем сомік — гэта ласкавая назва, а самок — памяншальная. Але гэтыя адценні амаль няўлоўныя. І я не кажу, што яны абсалютныя. Яны ўзаемазамяняльныя. Пры гэтым ёсць пэўны стрыжань, тое, што адрознівае гэтыя словы.
Любосна-ласкава-памяншальная форма: дзедзічак, лісцічак, хлопчычак. Ёсць суфікс -ук, які перадае адценні панібрацкасці, і ў той жа час памяншальнасці; я яго называю любосна-свойскі суфікс: дзядук, лісцюк, хлапчук. Любосна-чуллівая: дзеданька, лісцінька, хлопчанька. Любосна-пяшчотныя: дзядуля, лісцюля (пад пытаннем, ці можна выкарыстоўваць такую форму), хлапчуля. Любосна-далікатная: дзедзюхна, лісцюхна, хлопчухна. Любосна-пяшчотна-памяншальная: дзядулька, лісцюлька, хлапчулька. Любосна-пяшчотна-чуллівая: дзядуленька, лісцюленька, хлапчуленька. Любосна-пяшчотна-далікатная: дзядзюлюхна, лісцюлюхна, хлапчулюхна. Любосна-песлівыя: дзядуся, лістуся. Любосна-песліва-чуллівая: дзядусенька, лістусенька. Любосна-песліва-далікатная: дзядусюхна, лістусюхна.
Адваротна ёсць павелічальныя суфіксы. У гэтую групу ў тым ліку ўваходзяць грубыя суфіксы. Калі хочам сказаць, што нешта аграмаднае, вялікае: дзядзішча, лісцішча, хлапчышча. А калі выказваем грубае, ці грэблівае, ці зняважлівае стаўленне, ужываем формы: дзядзюга, лісцюга, хлапчуга. У літаратуры сустракаліся формы маскалюга, жыдзюга; як кажуць, словы з песні не выкінеш, такое было ў жыцці, адпаведна, суфікс -уг, -юг ужываецца у сітуацыях, калі стаўленне да кагосьці непрыязнае.
Безумоўна, гэты не ўсе формы, якімі багатая беларуская мова. Напрыклад, ёсць такія формы (я не ведаю, як іх азначыць): хлапчанё, хлапчо, хлапчына. Пра формы на -ец я нічога не сказаў, прыкладам: вятрэц; яны маюць пэўную разгалінаваную функцыю і далёка не ўсюды ўжываюцца; яны вельмі архаічныя і іх значэнне дакладна не вызначана.
Ёсць у беларускай мове зварот дзеткі ў множным ліку. Старыя людзі, калі звярталіся да дзяцей, ніколі не гаварылі дзетка, як па-расейску, яны гаварылі дзеткі, у множным ліку. Ці адно дзіцё, ці шмат дзяцей, усё роўна гаварылі дзеткі. Гэта таксама варта засвоіць тым, хто піша і выкарыстоўвае ў літаратуры падобныя словы.
Ёсць свае формы ў прыметнікаў. Ёсць паслабляльныя формы: сінявы, гаркавы, паўнявы, залачавы, малажлявы (гэтыя ўсе формы невыдуманыя, яны ёсць у літаратуры). Любосная форма будзе: сіненькі, горчанькі, поўненькі, залаценькі, маладзенькі. Любосна-памяншальная: маладзенечкі, залаценечкі. Такія формы як: сінюткі, гаркуткі, паўнюткі, маладзюткі, залацюткі, — узмацняльныя формы. Узмацняльныя формы могуць мець любоснае адценне: сюнюсенькі, гаркусенькі, паўнюсенькі, маладзюсенькі, залацюсенькі. Станкевіч у сваім слоўніку чамусьці формы на -уткі, -юткі зусім не падае, падае толькі на -усенькі, -юсенькі. Гэта не зусім справядліва, бо абедзве формы шырока выкарыстоўваюцца ў народзе. Я не ведаю, чаму ён адну форму адсёк, а другую пакінуў. Як і Сцяцко зрабіў ў вышэй згаданым выпадку. Часамі назіраем такі нейкі бяздумны пурызм, які чамусьці ставіць нейкі знак заганы на адной форме і ўзвышае іншую. Такі пурызм бывае вельмі шкодны. І нават такія паважаныя людзі, як Станкевіч і Сцяцко, могуць хібіць.
Ёсць яшчэ такая павелічальная форма: гарчэнны, паўненны і г.д.
Я пакідаю за дужкамі тое, што дзеясловы таксама маюць любосныя формы: спатанькі (спаць), естанькі; узмацняльныя формы: ёсцека. Таксама ёсць формы: гуляценькі, гуляцюхны, есьцкі, естачкі, есцечкі, есценькі, естухны; ёсецька, ёсетка. Гэтых формаў даволі шмат і гэтым беларуская мова багатая.
І гэта таксама не ўсе эмацыйныя формы, якія ёсць у беларускай мове. Прыкладам, ёсць яшчэ формы з фармантам -еча, -эча, які паказвае інтэнсіўнасць нейкай з’явы: сінеча, старэча, сухэча (як пісаў Ян Скрыган), чмурэча (як пісаў Алесь Масарэнка). Яны ад назоўніка ці прыметніка ўтвараюць пэўную абагульненую праяву пэўнай якасці.
Таксама ў беларускай мове можна вылучыць (гэта ўжо не эмацыйныя формы) назоўнікі адзінкавасці і зборнасці: бяроза – бярэзіны – бераззё, волас – валасіны – валассё, глыж – глыжына – глыжэўе, жалеза – жалезіна – жалеззе, вугаль – (слова “вугліна” можа не быць) – вуголле, кол – (невядома, ці ёсць “каліна”) – каллё, пчала – пчаліна – пчаллё. Такія формы мы зноў жа недастаткова выкарыстоўваем, і таму часамі не разумеем, напрыклад, такой апазіцыі спадчына – спадкі. Cпадчына азначае як бы абагульненне спадкаў. Гэтыя словы дапаўняюць адно другое. Як жанчына — гэта слова адзіночнага ліку, а жанкі — множнага, так спадчына — гэта адзіночны лік, а спадкі — множны. Зноў жа, словы жанчына – жанчыны ў нас сталі ўжываць пад уплывам расейскай мовы, а слова жанкі ўжо амаль не ўжываецца.
Неазначальныя займеннікі
Па-першае, хацеў бы зазначыць такі момант. У афіцыйнай граматыцы яны называюцца няпэўныя займеннікі. Я доўга думаў над гэтай назвай і прыйшоў да высновы, што няпэўныя займеннікі — гэта хутчэй падклас, і гэта назва — няўдалая калька з расейскай мовы, дзе ёсць назва неопределённые местоимения. Найбольш адэкватная іх назва — неазначальныя.
Тут таксама ёсць адна асаблівасць беларускай мовы. Па-першае, я іх раздзяліў на катэгорыі. Калі мы кажам штосьці, нешта, то мы кажам, што абазначаецца невядома што.
Калі мы кажам што-колечы, то кажам, што ёсць выбар, што тут прапаноўваецца на выбар тое ці іншае.
Калі кажам што-кольвек, то гэта азначае хоць што, то бок, неістотна што.
Слова што-небудзь спалучае ў сабе асаблівасці і што-колечы і што-кольвек. Я тут прыхільнік таго, каб ужываць што-колечы і што-кольвек. Што-небудзь мае больш шырокае, універсальнае значэнне, але менш спецыфікаванае.
Слова што-нішто азначае крыху, трошкі нечага. Нарэшце, абы-што мае пэўнае адценне кепскага.
Як бачна з табліцы, часціцы, якія далучаюцца да займеннікаў, абазначаюцца чорным колерам, а займеннікі — чырвоным. Займеннікі могуць мяняцца, напрыклад: што-колечы, хто-колечы, чый-колечы, які-колечы; ці: абы-што, абы-дзе, абы-як, абы-колькі і г.д. Ужываючыся з тымі самымі часціцамі, яны перадаюць тыя самыя адценні.
Трэба зразумець і тое, што ў беларускай мове вельмі часта неазначальныя займенні ўжываюцца без часціцы -небудзь, -колечы, -кольвек. І калі займеннік можна ўжыць без часціцы, яго трэба ўжываць без часціцы. Прыклад (з Ластоўскага): “Калі трэба было каму зварыць якую жалезіну да брычкі ці да чаго іншага”. Мы бачым “якую жалезіну”, а не “якую-небудзь жалезіну”. Пры займенніку ёсць слова, якое ўдакладняе ў нашым выпадку слова жалезіна, і сэнс зразумелы. У расейскай мове тут была б часціца небудь, а ў беларускай, калі можна, не трэба нічога дадаваць. Іншы прыклад: “за якіх дзве гадзіны”. Не трэба казаць “за якіх-небудзь дзве гадзіны”, ці “за якіх -колечы дзве гадзіны”, ці “за якіх-кольвек дзве гадзіны”. Яшчэ прыклад: “ён узараў столькі, што іншаму трэба было больш”; “праз якую хвіліну пагоны зніклі з вачэй”; і г.д.
Такім чынам, правілы наступныя. Па-першае, мы павінны думаць, якую часціцу ўжыць, якая будзе больш дакладная. Па-другое, мы павінны зважаць на тое, ці можам абысціся без часціцы. Калі можам, то і трэба абыходзіцца без часціцы. Тады мова больш гнуткая, народная, без падобных грувасткасцяў.
Балтыйска-чарнаморскі моўны хаўрус
Рэчы у тым, што дачыненні паміж мовамі бываюць не толькі дывергентныя, але і канвергентныя. Мовы не толькі аддаляцца, але і збліжаюцца.
Аддаленне моў так звычайна адбываецца. Ёсць пэўная прамова, мова-маці. Так, напрыклад, індаеўрапейская мова нарадзіла раманскія, германскія, славянскія мовы. Самыя розныя славянскія мовы, якія мы дзелім на заходне-, усходне-, паўднёваславянскія, утварыліся з адной праславянскай мовы.
Часамі мовы, якія жывуць на адной тэрыторыі, паміж сабой збліжаюцца. Узнікае моўны хаўрус. Інакш кажучы, далёкія мовы пачынаюць пераймаць адна ў другой пэўныя рысы. Прычым, не толькі ў лексіцы, але і ў сінтаксісе, і нават у марфалогіі, хаця гэты ровень мовы (марфалогія) найменьш паддаецца ўплывам. Ёсць, напрыклад, балканскі, прыволжскі моўныя хаўрусы. Гэтую з’яву адносна позна адкрылі, першай яе прапанаваў Трубецкой. Такім чынам, я даўно сцвярджаю, што існаваў балтыйска-чарнаморскі моўны хаўрус, які вельмі многае тлумачыць у дачыненні беларускай мовы, а таксама польскай, расейскай, то бок, у мове нашых суседзяў.
Атрымалася так, што на генетычную блізкасць наклалася яшчэ культурная блізкасць. Што тычыцца генетычнай блізкасці, то калі мы дапусцім, што, прыкладам, сапраўды ёсць усходнеславянскія мовы (я не кажу, што была старажытнаруская, але я дапушчаю, што можна вылучыць усходнеславянскія мовы), то паводле пэўных глыбінных базавых элементаў мы ўтвараем адну пэўную супольнасць з украінскай і рускай мовамі. Але калі браць хаўрусныя, культурныя дачыненні, то ў такім выпадку руская мова апынаецца збоку, беларуская мова больш збліжаецца з польскай і ўкраінскай мовамі. Атрымліваецца, што паводле пэўных ніжніх пластоў мовы мы (беларуская мова) блізкія з рускай і ўкраінскай, а паводле верхніх пластоў — з украінскай і польскай. І ў гэтым выпадку ўкраінская мова аказваецца самай блізкай да беларускай мовы, таму што і верхні, і ніжні пласт нас збліжае. І калі многія людзі спрачаюцца наконт таго, якая мова нам бліжэй: расейская ці польская, — яны робяць у гэтым плане лагічную памылку. Пытанне трэба ставіць: бліжэй паводле якога пласту, верхняга ці ніжняга. Я бы так гэта патлумачыў, калі выкарыстоўваць спрошчаныя даступныя схемы.
Таксама, балтыйска-чарнаморскі моўны хаўрус гэта група моў, якія ўваходзілі ў склад колішняй Рэчы Паспалітай. Да іх можна далучыць яшчэ літоўскую мову, якую я не ведаю, і таму мне пра яе цяжка меркаваць, але я думаю, што пэўныя рысы балтыйска-чарнаморскага моўнага хаўрусу, нягледзячы на пурыстычныя тэндэнцыі, якія праяўляліся ў літоўскай мове ў апошнія гады, у ёй яшчэ захаваліся. Але тое, што хаўрус збліжае нас, то бок, беларускую мову, з польскай і ўкраінскай, гэта відавочна.
Калісьці я закранаў тэму слова гарбата і таксама пісаў пра слова, што ў нас ёсць адэпты слова каструля (хаця я прыхільнік слова рондаль); я кажу, што калі ў нашай мове і талерка, і відэлец, і сподак, і кілішак — практычна ўвесь посуд — супадае з словамі польскай мовы, то чаму толькі слова каструля павінна супадаць з словам расейскай мовы. Я не бачу логікі ў гэтым. Мне здаецца, што разуменне хаўрусных дачыненняў вельмі многае тлумачыць у выбары той ці іншай лексікі, і не толькі лексікі.
Вось я даследую класы дзеясловаў (я з большага паказаў іх у табліцы), і я магу сказаць, што, напрыклад, ёсць пэўны новы падклас дзеясловаў на -нічаць: настаўнічаць, спаборнічаць і г.д. Гэта ўсе наватворы, створаныя на ўзор расейскай мовы. У беларускай мове не было фарманту -нічаць, ён узнік у расейскай мове (так жа, як і фарманты -чык, шчык — выключна расейскія). Усе заходнеславянскія мовы, беларуская ў тым ліку, не мелі гэтага фарманту. Ён узнік толькі на ўсходзе. Ластоўскі ўтварыў, напрыклад, слова спаборніцтва, і пад яго ўжо, па-мойму, развілася слова спаборнічаць. Але ў гэтым выпадку мы маглі б гаварыць спабораваць, але не спаборнічаць. Інакш кажучы, мы часамі нават не заўважаем, як збліжэнне з мовай, якая не ўваходзіла ў балтыйска-чарнаморскі моўны хаўрус папросту паступова раз’ядае і разбурае граматыку. І ўсведамленне свайго шляху, сваёй гісторыі вельмі важна для таго, каб рабіць выбар пры пэўных супярэчнасцях, пры пэўных разыходжаннях не толькі ў лексіцы, але і ў граматыцы.
Пытанні і адказы
Пытанне: У чэшскай мове ёсць і “каструля”, і “рондаль” (каструля з доўгой ручкай; мабыць, гэта германізм). Чаму ў нас не можа існаваць і “каструля”, і “рондаль”?
Адказ лектара: Я не магу казаць наконт чэшскай мовы, у чэшскай мове ёсць шмат чаго, што ёсць у расейскай мове. Слова “каструля” сапраўды хутчэй за ўсё германізм. Так, многія прапаноўваюць “рондлем” называць тое, што па-расейску называецца “сотейник”. Проста я рос у такім асяроддзі, дзе слова “каструля” папросту не ўжывалася; у нас не адрознівалі ні “сацейнікаў”, ні іншы посуд. У нас проста былі “рондлі”. Быў “рондаль”, быў “рандэлек” і г.д. У слова было шмат розных адценняў. Я думаю, прасцей пакінуць адно слова, або “каструлю”, або “рондаль”, а штучна іх размяжоўваць — гэта як раз і ёсць пэўнае непатрэбнае канструяванне. Зноў жа, я магу памыляцца. Я не маю нічога супраць, каб гэтыя словы былі. Я проста кажу пра тое, як рабіць. Мы можам пакінуць і “каструлю”, і “рондаль”, можам іх нават размежаваць. Але я думаю, што калі мы паслядоўна будзем ужывам слова “каструля”, то ніякага слова “рондаль” у нас проста не будзе. Яго проста не ўдасца ўтрымаць у беларускай мове. Тое самае са словам “гарбата”. Яно проста ператворыцца ў архаічнае слова. Гэтыя словы ёсць проста дублетамі. І часамі штучнае размежаванне такіх слоў ні чаго не вядзе. Гэта маё меркаванне. Але тут няма строгага правіла. Тут гаворка проста пра пэўную агульную тэндэнцыю. Інакш кажучы, можна сказаць, што гэта тэндэнцыя ў гэтым выпадку не працуе, яна неабавязковая, але гэта не значыць, што такі механізм мы не можам выкарыстоўваць у іншых выпадках. То бок, калі ў нас будзе адна “каструля”, ад гэтага нічога кепскага не будзе ў беларускай мове, яна не занепадзе ад “каструлі”. Але калі мы будзем рэгулярна ігнараваць гэтыя хаўрусныя дачыненні і будзем ўтвараць гэтакую эклектыку (слова “эклектыка” з культурнай лексіцы), то гэта можа істотна пашкодзіць, асабліва ў граматыцы. Гэта ўжо адчуваецца на сённяшні дзень. Калі палічыць, якая колькасць лексікі за кошт тых ці іншых словаўтваральных фармантаў у нас ужо русіфікаваная, то гэта проста каласальныя маштабы.
Пытанне: Як звычайны носьбіт, карыстальнік мовы можа адсочваць такія моманты? Калі мы кажам, што трэба дбаць пра тое, каб беларуская мова была менавіта беларускай, то ці ёсць у звычайнага носьбіта нейкія магчымасці паўплываць на сваю мову? Або гэта справа лінгвістаў, каб яны спярша патлумачылі, а потым усе пераймалі?
Адказ: Пытанне вельмі добрае. Па вялікім рахунку, мы не можам усіх зрабіць філолагамі, усіх навучыць і прымусіць кантраляваць мову. Але мы можам інтэнсіфікаваць дзеянні філолага. Інакш кажучы, для чаго мы [філолагі] хлеб ямо? Дла таго, каб кантралявалі стан мовы, каб пра яе дбалі. Для гэтага мы павінны ствараць граматыкі, даведнікі, аналізаваць. Я, напрыклад, пішу не для сябе. Я мог бы пісаць вершы, філасофскія трактаты. Але я даследую мову для таго, каб данесці. Бо гэта не маё, гэта наша агульнае, наша супольнае. Проста я ўзяў на сябе такую працу, узяў на сябе адказнасць гэта даследаваць і вам перадаць. Я не збіраўся быць лінгвістам, я думаў, што буду пісаць вершы, можа быць, апавяданні ці раманы. Але потым я ўбачыў, што тут не робяць, там не робяць, а трэба некаму рабіць. А як гэта ўсё можна рабіць. Гэта можна рабіць і праз асвету, і праз пэўныя больш простыя рэчы, і праз традыцыю ўжывання, калі мы проста прывыкаем, што нешта ўжываецца такім ці іншым чынам, і паступова яно так ўсталёўваецца. І нарэшце, праз стварэнне пэўных праграм, як, напрыклад, правяральнік правапісу. А сёння, калі падумаць, можна шмат чаго дасягнуць у тым ліку і тэхнічнымі сродкамі.
Аўтар лекцыі: Бывае, што наватворы аднаго вясковага чалавека бываюць вельмі карысныя для літаратурнай мовы. У мяне ёсць адзін анекдатычны выпадак. Мая бабуля называла замок-маланку “шморг”. “Паламаўся шморг”, “купіла новы шморг” і г.д. Я быў перакананы, ледзь ажно не да часу калі стаў актыўна карыстацца беларускай мовай, што гэта беларускае літаратурнае слова. А потым я даведаўся, што яно не толькі не літаратурнае, а што яно не фіксуецца ніводным дыялектным слоўнікам. Але ў нас яно ўжывалася.
Пытанне-заўвага: Слова “ча” (то бок, “чай”) выкарыстоўваецца ва ўсіх краінах, дзе чай расце.
Адказ: Увогуле, слова “гарбата” раскладаецца на “гарба” (“herba”, “трава”) + “та” (“te”, “чай”). То бок, калі даслоўна перакласці слова “гарбата”, будзе “трава-чай”.
Пытанне-заўвага: Я таксама не ведаю літоўскую мову, але звярніце ўвагу: па-польску “гэрбата” (herbata) (і я думаю, што гэта ёсць крыніца), па-беларуску “гарбата”, а па-літувіску “арбата”. Праўда, тут з гэтага нашага балтыйска-чарнаморскага моўнага хаўрусу выключылася ўкраінская мова, дзе існуе ўсё ж “чай” (хаця не ведаю, як у гаворах; магчыма, у заходне-украінскіх ёсць і “гарбата”). Але гэтыя звесткі былі б пацверджаннем сцверджання наконт балтыйска-чарнаморскага моўнага хаўрусу.
Пытанне-заўвага: Так, гэта пацверджанне. Больш таго, слова “гарбата” ёсць у заходнеўкраінскай мове. І гэта адна з характэрных лексічных адзінак нашага хаўрусу. То бок, яна ёсць толькі ў нас: у палякаў, беларусаў, украінцаў, і, як вы сказалі, літоўцаў. То бок, у іншых еўрапейскіх народаў такога тэрміну на аснове “герба” няма.
Аўтар лекцыі: І гэтых рысаў, якія збліжаюць мовы, якія ўваходзяць у балтыйска-чарнаморскі моўны хаўрус, вельмі шмат. Гэта толькі няўзброеным вокам здаецца, што ёсць адно-другое слова, а там і словы, і семантыка словаў, то бок, размежаванне сэнсаў паміж тымі ці іншымі словамі, і словаўтварэнне, граматыка, сінтаксіс. Гэтым проста ніхто сур’ёзна не займаўся. Але калі да гэтага падыйсці паслядоўна, то можна фактычна на ўсіх роўнях мовы выявіць тыя рэчы, якія збліжаюць мовы гэтага рэгіёну, балтыйска-чарнаморскага.
Аўтар лекцыі: Я марыў зрабіць і выдаць руска-беларускі слоўнік. Як гэта ні дзіўна. Для нас ён надзвычай актуальны. Таму што ў нас рускамоўнае насельніцтва, і, на жаль, мы ўсе ідзем праз рускую мову да беларускай. Так яно ёсць. Тыя школьныя і іншыя руска-беларускія і беларуска-рускія слоўнікі, якіх цяпер маса выдаецца, з’яўляюцца клонамі. Так не павінна быць. Слоўнікі 20-х гадоў Байкова-Некрашэвіча, Ластоўскага можна крытыкаваць, можна гаварыць пра іх недасканаласць, але яны не клоны. А ўсе слоўнікі, выдадзеныя пасля слоўніка Крапівы, папросту клоны. Мне хацелася б выдаць сучасны слоўнік, які не быў бы клонам, які ўлічваў бы новыя веды, якіх не было ў аўтараў слоўнікаў 20-х гадоў.
Адказ на пытанне з мінулай лекцыі
На мінулай лекцыі мне сказалі, што я даволі дзіўна вывучаю сістэму, знізу ўверх. А не зверху ўніз. Значыць, не ад цэлага, а ад меншых элементаў іду да большых.
Я да гэтага магу дадаць тое, што тут трэба адрозніваць анталагічныя роўні мовы і гнасеалагічныя роўні, ці сферы, мовы, якія вывучаюць. З гледзішча анталагічнага, мова, сапраўды, — гэта адно целае. Хаця, як казаў Бенвеніст, сказ гэта ўжо не знак, ён складаецца з знакаў, але ён не знак. І фактычна, чым вышэй мы ўздымаемся, тым менш мовы, застаецца адно маўленне. Мовы ўжо як такой няма. Але гэта, зноў жа, пытанні тэарэтычныя. А з гнасеалагічанага боку, мы можам і так, і гэтак вывучаць. Калісьці Раман Якабсон параўнаў выступы Бенвеніста і Хомскага і сказаў, што Бенвеніст ідзе знізу (так, як я ішоў), а Хомскі ідзе зверху. І сказаў, што гэта, у прынцыпе, два раўнапраўныя падыходы. У сваю чаргу, Мухін, які інтэрпрэтаваў гэтыя меркаванні, палічыў, што падыход Бенвеніста (знізу ўверх) больш правільны, таму што ён дазваляе больш дакладна сфармуляваць узроўневы падыход.