Юры Пацюпа
Лекцыя 3. Дурная справа няхітрая: Аблудныя арыенціры стыхійнага пурызму, адна мова з двума тэрмінамі

Запіс лекцыі праз спасылку.
Першая лекцыя называлася цытатай Ластоўскага, другая — цытатай Станкевіча, хаця гэта агулам быў прынцып маладаграматыкаў. А сёння — вельмі папулярнай народнай прымаўкай: Дурная справа не хітрая. А падзагаловак, калі не вобразна падыходзіць да справы: Аблудныя арыенціры стыхійнага пурызму. Адна мова з двума тэрмінамі.
Сённяшняя лекцыя, можа быць, у найбольшай ступені блізкая да практычных заняткаў. Нам трэба спраўдзіць на практыцы тое, пра што мы гаварылі ў тэорыі падчас першай лекцыі абстрактна, падчас другой лекцыі ўжо больш канкрэтна і сістэмна. У гэтай лекцыі трэба паказаць на канкрэтных прыкладах, як працуе гэта сістэма, якія могуць быць вынікі з тых ці ншых падыходаў. Пераважна, гэтыя прыклады, безумоўна, лексічныя. Але я не хацеў бы ўсё звесці да лексікі, таму што для мяне лексіка ўвесь час — з’ява другасная. Важней за ўсё семантыка.
Пытанні лекцыі, якія разгледзім:
1. Двухмоўе і адна мова з двума тэрмінамі.
2. Заганныя ўтварэнні апошніх гадоў і заганныя ўстварэнні мінулых гадоў.
У гэтай лекцыі фактычна будзе пералік тых ці іншых з’яў і прыкладаў.
Як заўжды, без тэорыі не абысціся. З яе пачнем. Што такое “адна мова з двума тэрмінамі”? Некалі, яшчэ калі была так званая перабудова, памятаю, у розных часопісах вяліся дыскусіі пра двухмоўе: ці яно патрэбнае, ці непатрэбнае; у якой меры. І памятаю, у часопісе “Дружбы народаў” адзін эстонец сказаў: “Што значыць двухмоўе? Да якой ступені сярэднестатыстычны чалавек павінен валодаць іншай мовай? Наколькі ад яго можна патрабаваць двухмоўнасці?” І для эстонца гэта было зразумела. Бо недарма ж кажуць, што эстонцы ў савецкім саюзе горш за ўсіх ведалі расейскую мову. Яны і не імкнуліся. Затое сёння яны ведаюць ангельскую, напэўна, лепш за былых жыхароў савецкага саюзу. То бок, ці дастаткова проста разумець іншую мову? Ці трэба досыць дасканала яе ведаць, пры гэтым неабавязкова вытрымліваць акцэнт і іншыя тонкасці. Гэта пытанне даволі складанае. І калі двухмоўе ўсталёўваецца, да якіх гэта прыводзіць вынікаў.
Я не буду гаварыць пра двухмоўе, я буду гаварыць як раз пра тыя вынікі, да якіх яно прыводзіць, калі яно сталае, устойлівае, і ці можа яно быць двухмоўем.
Калісьці Леў Шчэрба, расейскі вельмі цікавы, можна сказаць, геніяльны навуковец, лінгвіст, працуючы з лужыцкімі сербамі, даследуючы іхнія гаворкі — на пачатку 20 ст. яны былі ў значна лепшым стане, чым цяпер — іхнюю мову (там дзве мовы, дарэчы), ён выснаваў панятак “адна мова з двума тэрмінамі”. У чым палягала ідэя Шчэрбы? У тым, што змяшэння моў як такога не бывае. Калі мовы змешваюцца, то яны змешваюцца на нейкай адной канкрэтнай аснове. Інакш кажучы, у аснове ўсякага змешвання моваў ляжыць нейкая адна мова, галоўная. Якая як стрыжань, як матрыца, можа ўсмоктваць у сябе нешта іншае, і ўвесь матэрыял, які ў яе патрапляе, яна ? Яскравым прыкладам можа быць гісторыя ангельскай мовы, якая лічыцца германскай і ў якой германскіх каранёў, напэўна, менш, чым раманскіх і кельтскіх, то бок, яна, будучы ў аснове сваёй германскай, усмоктвала самыя розныя ўплывы, і сталася тое, што сталася.
І калі мы гаворым пра беларускую мову, для нас гэтая сітуацыя можа быць вельмі небяспечная. Таму што вельмі часта пад пэўнай вонкавай беларускай абалонкай можа хавацца абсалютна небеларуская мова. Нездарма Кузьма Чорны адну з сваіх прац так і назваў: “Небеларуская мова ў беларускай літаратуры”. І прытым вонкава і лексічна яна можа выглядаць такой адрознай, яна ва ўсім будзе проціпастаўляць сябе іншай мове, а насамрэч яна будзе ўсё мацней і мацней усмоктвацца як у балота ў залежнасць ад іншай мовы. Як у вершы расейскага паэта Юрыя Кузняцова: “В тени летящего орла Сова ночная жила И полетела, как подруга, В плену возвышенного круга. Орел парил. Она блуждала, Не видя в воздухе ни зги, И, ненавидя, повторяла Его могучие круги.” Як залежная мова можа лётаць у цені іншай мовы. Такая сумная карціна. І мае намаганні накіраваныя на тое, каб беларуская мова не была савой у ценю расейскага арла.
Важна зразумець, што часцей за ўсё людзі звяртаюць на матэрыяльную абалонку слова. Ім здаецца, што чым больш матэрыяльна, фанэтычна словы адрозніваюцца, прынамсі не супадаюць, тым лепш. А што там унутры, што яны абазначаюць… І вось пры сітуацыі “адна мова з двума тэрмінамі” сістэма гэтай семантычнай сеткі — адваротнага боку месяца, то бок, таго, што мы не бачым — цалкам пераймае іншую мову. Атрымліваецца сітуацыя, калі вонкава абалонка адна, але ўнутры ўжо зусім чужое напаўненне.
У мінулых лекцыях я называў крытэры: сістэмны і традыцыйны. Мы іх і будзем выкарыстоўваць. Але я не выкарыстаў статыстычны крытэр. Мы вельмі часта абіраем, ці лічым патрэбным абраць тое, што самае ўжывальнае. Калі мы ўвесь час пад пагрозаю асіміляцыі, то статыстычны крытэр можа быць пэўным траянскім канём, і можа насамрэч нічога не сведчыць пра беларускаць таго ці інаша слова. Вось тыповы прыклад. Як па-беларуску перадаць слова, якое па-расейску будзе звено? У калгасе калісьці былі звеньевыя. І як па-беларуску перадаць? Звеннявая? У савецкай літаратуры была звеннявая. Ян Скрыган крытыкаваў гэта слова, бо ўтварэнне ад звяна — звенавая. Але застаецца слова пытанне слова звено. Станіслаў Станкевіч у “Русіфікацыі беларускай мовы” прапаноўвае не ўжываць звяно, а кажа, трэба ўжываць вязьмо. Але вязьмо — гэта пасма жыта, якой перавязвалі сноп. Гэта ўсё-ткі не тое, што звено (рас.) у ланцугу. І неяк выпадкова, нейкія адным штуршком мне на вочы трапілася — не ў самім слоўніку Ластоўскага, а толькі ў рэмарцы — слова агніво. Калі яно мне трапілася, я зразумеў: “Вось, гэта тое слова, якое мусіць быць”. Бо ў нас няма і не можа быць ніякага звяна. І таму не можа быць і ні звенневой, ні звенавой, ні іншага слова. У нас можа быць толькі агніво. Але знайсці яго амаль немажліва. Гэта як нарвежскую мову рэканструявалі па маленькіх кропельках, так у гэтым выпадку слова агніво (ад слова гнуць: тое, што абагнутае) усёй сваёй прыродай сведчыць, што яно і было нашым. Ва ўкраінскай мове яно, дарэчы, ёсць, але гэта не ўкраінізм, а супольная беларуская і ўкраінская лексіка.
Гэта пра тое, як нас можа падвесці статыстычны падыход, калі мы хочам знайсці нешта сваё роднае і арганічнае. І шукаць па сеціве агніво вельмі складана. Трапляецца слова агніва, якое азначае рэч, якая запальвае агонь, і яно блытае нас з агнівом, якое азначае гнутае.
Адзін з найважнейшых пунктаў — пра яго можна прачытаць у маім артыкуле ў газэце Arche — гэта пазіцыя слоў казаць і гаварыць. Я і тут не праміну пра гэта ўспомніць. І пакажу, як тут працуе “адна мова з двума тэрмінамі”.
У беларускай мове ёсць тры базавыя словы: казаць, гаварыць і гутарыць. Казаць — значыць перадаваць нейкую інфармацыю. Да слова казаць ставіцца пытанне што? Папугай не можа казаць, толькі чалавек можа казаць. Гаварыць — значыць нешта агучваць, “з’яўляць вонкавую абалонку”. Да слова гаварыць ставіцца пытанне як?. Папугай можа гаварыць. Пацеры згаварыў, не сказаў пацеры. Казань можна сказаць, а пацеры мы гаворым, бо мы іх прамаўляем, хаця ад сэрца, шчыра, але мова так бачыць гэтую з’яву. Мы іх агучваем, так бы мовіць. У расейскай мове слова сказать–говорить маюць адно — дакончанае трыванне, другое — недакончанае. У беларускай мове ў казаць–сказаць і гаварыць–згаварыць абодва дзеясловы маюць трыванне.
Напрыклад, ёсць выраз гавары праўду. Чаму не кажы праўду? Кажы праўду не гучала б, таму што ў слове гаварыць ёсць яшчэ адзін семантычны момант — гэта паўтараць шмат разоў. Я магу як следчы сказаць кажы праўду. А калі я звяртаюся да чалавека, да яго маралі і кажу: “гавары праўду”, — гэта значыць, не толькі цяпер, а заўсёды праз усё жыццё гавары праўду.
Я шмат шукаў аналагаў, каб растлумачыць гэтую розніцу (напрыклад, у ангельскай мове ёсць гэтыя адрозненні). Я знайшоў такое адрозненне праз аналаг з пэўнымі і няпэўнымі артыклямі, якія, напрыклад, ёсць у нямецкай мове. Der, die, das — гэта пэўныя артыклі, ein — няпэўны артыкль. Казаць можна параўнаць з пэўным артыклем, а гаварыць з няпэўным. Вось такім спосабам можна адрозніць гэтыя словы.
І ў чым тут бяда. Чалавеку здаецца, што калі ён ужыве слова гаварыць, гэта будзе бліжэй да расейскай мовы. Таму лепей ужыць казаць, хай нават яно будзе недарэчы. У такім разе чалавек баіцца, сціскаецца, і мова сціскаецца. Як шчыгрынавая скура. Чалавеку страшна ўжыць слова, бо ён не ведае, як правільна ужыць. Ён вагаецца, і яму прасцей ужыць так, як не па-расейску. Вось так працуе адна з праяў “адной мовы з двума тэрмінамі”.
І такіх апазіцыяў вельмі шмат. Калі змешваюцца ў адно слова два розныя паняткі. Напрыклад, кошт і цана. Хутка і скора: мы можам ехаць хутка, але прыедзем нескора, — і наадварот: можам ехаць павольна, але прыедзем скора, скора — значыць неўзабаве, вось-вось, а хутка — азначае якасць нашай хады, руху і г.д. Але тут зноў памылкова паўстае страх ужыць слова скора.
Помніць і памятаць: тут зноў будзем ужываць памятаць, хаця гэта слова нават больш доўгае і грувасткае, яго цяжэй вымавіць, чым помніць, бо яно гучыць “не па-расейску”. Я не супраць ні аднаго, ні другога слова, я лічу іх аднолькава беларускімі, але ў гутарковай мове звычайна ўжываюць слова помніць. Слова памятаць больш кніжнае, і ім не варта злоўжываць. І калі я людзям напамінаю, каб яны ўжывалі часцей слова помніць, я кажу, што ў нас урэшце помнік, а не памятнік.
Апазіцыя ведаць–знаць амаль цалкам знікла ў нашай мове. Таму што, зноў жа ў расейскай мове няма такіх адрозненняў. У польскай мове яны ёсць. Ёсць беларусы, якія бароняць пазіцыю, што ў беларускай мове няма апазіцыі гэтых слоў, што яна перанятая з польскай. Аднак жа ў народзе гэтыя словы ўжываюцца рэгулярна. Тут адрозненне часамі няўлоўнае, але ведаць — значыць мець нейкую інфармацыю, знаць — пазнаваць вонкава. Напрыклад, я знаю чалавека (значыць, вонкава), але я яго не ведаю (не ведаю, што ён за чалавек, ці ён добры, ці дрэнны).
Добры прыклад з цяпер–зараз. У 80-я гады быў рух, які перакрыў суцэльную замену слова цяпер на зараз. Гэта так часта нагадвалі, і гэта такі добры прыклад, які мяне натхняе верыць, што не ўсё страчана са словамі казаць і гаварыць. Гэта ж не проста так усталявалася, гэта звязана з глыбіннымі, яшчэ праславянскімі сэнсамі, якія я да канца не магу вытлумачыць, але я гэта ведаю, я адчуваю, што гэта менавіта так.
Але не заўсёды так бывае. Напрыклад, у сітуацыі з словамі расказаць–распавядаць ніякага раўнапраўя няма. Гэта як раз той прыклад, калі маем чысты ўкраінізм, які пашырыўся ў беларускай мове. Трагедыя з гэтым словам пачалася з таго, што ў нас жанр назвалі апавяданнем, а ў расейскай мове рассказом. У нас людзі саромеюцца ўжыць расказ. Хаця тут усё проста і лагічна. Тое, што ёсць літаратурным жанрам, навэлай, напрыклад — дарэчы ў расейскай мове калісьці было слова повесць, рассказ узнік толькі ў сярэдзіне XIX ст., то бок, слова рассказ не было ў расейскай мове — неабавязкова павінен паходзіць ад таго ці іншага дзеяслова гаварэння. Інакш кажучы, гэта проста выпадкова, тая ці іншая назва жанру складваецца традыцыйна. Напрыклад, магло ў нас апавяданне называцца навэлай і не мець нічога супольнага з славянскімі каранямі; але так сталася.
І тут пайшоў адваротны працэс: уплыў тэрміна на ўсю астатнюю мову. Спачатку людзей бянтэжыла слова расказ, потым Караткевіч павучыўшыся ў Кіеве… сам ён ведаў беларускую мову даволі добра для яго сітуацыі, я не буду ганіць Караткевіча, але ў Караткевіча, як кажуць, вельмі шмат заганаў, мы любім яго не за дасканаласць мовы, можа быць, хутчэй за разнастайнасць, багацце ягонай мовы і за яго сюжэты і ідэі. Ён, па вялікім рахунку не стыліст, як Скрыган, ці Кузьма Чорны, ці Янка Брыль. Але ён стаў рэгулярна ўжываць слова распавядаць, будучы чалавекам гарадскім, які вывучыў беларускую мову, яму здавалося, што так будзе лепш. І вось ад Караткевіча пайшла цэлая хваля “распавядання”. Гэта адбывалася за маёй памяццю. Можна сказаць, маё пакаленне паслядоўна ўводзіла гэтае слова. Натуральна, што ў людзей, якія ведалі беларускую мову з маленства, якія адчувалі яе жывою, не з кніг засвойвалі, гэта выклікала нейкае адштурхненне, хаця вядома не ва ўсіх. Але яны не маглі пагадзіцца з тым, што з нейкай нагоды мы раптам пачалі “распавядаць”. Маўляў, чаму мы не расказваем. І што ў гэтым выпадку смешнае: тут як са словамі казаць–гаварыць, дзе нам корань слова казаць такі ўжо мілы і любы, а гаварыць — такі гадкі і праціўны. А тут наадварот: тут нам корань каз (расказваць) ужо не свой, ужо чужы, мы яго не хочам, давайце нам слова распавядаць.
І гэта не адзіныя выпадкі. Мы такую непаслядоўнасць, “толькі абы не па-расейску” яшчэ будзем сустракаць на кожным кроку.
Што я да гэтага яшчэ магу дадаць. Прыкладам, ці можна такія словы ўжываць як сінонімы. Я думаю, не варта. Сінонімы павінны адрознівацца, калі не семантычна, то стылёва. У гэтых выпадках гэта дублеты. Ад дублетаў трэба ўнікаць. Калі ёсць дублет, значыць, ён не дарма прыйшоў, ён абавязкова хоча выжыць тое, што ёсць ў нашай мове. Ён не проста так прыйшоў. І сінонімам ён не стане, бо няма такой пляцоўкі, якую ён бы мог спакойна заняць і нечым дапоўніць.
Людзі могуць казаць, маўляў, мова развіваецца, што тут такога. Я ў прынцыпе ўваходжу ў шаленства, калі чую, што мова развіваецца. Па-першае, слова развіваецца не азначае нейкае ўзвышэнне, удасканаленне і г.д. Гэта нейкі поступ наперад. Чаму тады не сказаць, што мова не дэградуе? Можа, яна дэградуе? Вось, у некаторых выпадках я больш схільны меркаваць, што мова дэградуе. А ў нас такіх выпадкаў даволі шмат. Але па вялікім рахунку, можа быць, і тое, і другое некарэктна. І не развіваецца, і не дэградуе. Ведаеце, ісландская мова такая самая, якой была старанарвежская мова. Адна і тая ж мова, і адна змянілася пад вонкавым уплывам, другая не змянілася, таму што ісландцы жылі асобна. Інакш кажучы, дзе ёсць інтэнсіўны ўплыў, там адбываюцца бясконцыя змены. І гэта не выклікана нейкімі нутранымі патрэбамі, эвалюцыйным, марудным, інэрцыйным працэсам зменаў, якія мусяць адбывацца ў мове. Гэта вонкавы ўплыў, і да чаго можа вонкавы весці — гэта асобная гутарка. Таму ніякага развіцця тут і блізка няма.
Другі важны момант наконт слова распавядаць. Я звычайна кажу так: слухайце, выходзіць, што нашыя продкі жылі стагоддзі, што мы былі такія нехлямяжыя, недарэчныя, мы не мелі нармальнага слова. Як так, што нам спатрэбілася такое базавае слова. У канцы XX ст. – пачатку XXI ст. мы азірнуліся і аказваецца, нам трэба запазычваць базавае слова. А як жа мы жылі раней? Або мы не паважаем таго, што ў нас было, або мы нейкія нехлямяжыя.
Трэба пазбывацца чужога. Зноў жа, я нікога не прымушаю, гэта мае парады, маё бачанне мовы.
Дадам апошні штуршок. Ведаеце выраз Станіслаўскага “Не веру”, які ён казаў, калі актор дрэнна граў. І вось калі чалавек падобнае слова ўжывае, хоча стварыць нейкую гутарковую, жывую, натуральную, народную мову, я ў гэтым выпадку скажу: “Не веру”. Нідзе ў Беларусі так не гаварылі, прынамсі ні ў гістарычныя часы, ні ў беларускай вёсцы. Для таго, каб перадаць нейкі каларыт сучаснага гарадскога маўлення, можа, і варта яго ўжыць. Але зноў жа, пакуль гэта слова не ўкаранілася, то можа, і не варта.
Словы замовіць і заказаць. Тут адбываецца пэўнае сцісканне беларускай мовы, як шчыгрынавай скуры, калі замест двух тэрмінаў узнікае адзін тэрмін. Звычайна як у беларускім народзе? Вось я жыў у каталіцкай вёсцы, дзе ўплыў польскай мовы быў каласальны. Я ведаю, што імшу ў касцёле заўжды заказвалі, ніколі ніхто яе не замаўляў. А вось калі — часта такое ў вёсцы здараецца — карову вуж укусіць за вымя (хаця я не ведаю, ці кусаюць вужы кароў за вымя насамрэч, гэта народная легенда, але калі ў каровы распухне вымя, то людзі ў вёсках лічаць, што яе ўкусіў вуж), то трэба гэта замовіць. Нядаўна я ў адной суполцы напісаў: замаўляюць, каб не было (балячкі, каўтуна), а каб нешта ў нас было (абед, піца), мы заказваем. Праўда, гэта трошкі сафістычны аргумент. Але сэнс у тым, што замаўляць — гэта заклінаць нешта, па-расейску, заговаривать, замова (бел.) – заговор (рас.). А заказываць, заказ — і па-беларуску, і па-расейску; заказца — той, хто заказвае. І зноў жа, заўважце: калі было слова казаць, корань слова казаць нам быў любы, як толькі маем слова заказаць, ён ужо стаў нам не любы, мы ад яго адмаўляемся. Але ў гэтым няма логікі. Тут логіка, напэўна, адно ў тым, каб толькі проціпаставіць расейскай мове. Але што ў нас адбывалася ў першым выпадку, са словамі казаць і гаварыць? Мы фактычна беларускую семантыку падганялі пад расейскую: у расейскай мове адзін тэрмін, у гэтым выпадку — гаварыць, і мы таксама ўжываем адзін тэрмін толькі з іншай гукавай абалонкай. Мы не заўважаем, што фанетычна мы адрозніваемся, а семантычна мы цалкам пад уплывам расейскай мовы.
У гэтым выпадку мы таксама як быццам бы адштурхоўваемся, але адштурхоўванне ўжо дае крыху іншы эфект, таму што мы пра заклёны цяпер рэдка думаем, нам здаецца, што мы знайшлі цудоўнае выйсце гаварыць не па-расейску. Узнікае пытанне: адкуль узяўся дзеяслоў замовіць у значэнні заказаць? Усё вельмі проста. Масава пашырыўся ў пачатку 90-х гадоў, кал выйшаў слоўнік Ластоўскага. Вось там, па-мойму, было слова замова ў значэнні заказ, і адтуль усё пайшло і паехала. Але сёння я яшчэ залез у базу беларускай мовы, паглядзеў, хто што ўжываў. і чарговы раз пераканаўся, што традыцыйна на працягу 20 ст. беларускія пісьменнікі замовіць у значэнні заказаць не ўжывалі. Зноў жа, я знайшоў, што настарэйшы пісьменнік, які пачаў ужываць замовіць у значэнні заказаць, быў Караткевіч. Зноў уся бяда ад Караткевіча, як гэта не дзіўна. Хаця ў гэтым няма нічога дзіўнага. У свой час Багдановіч таксама тое-сеё ў нашу мову папрыносіў.
У прынцыпе, замовіць — гэта паланізм. Але польская мова таксама паняткі заклінання і пэўнага патрабавання адрознівае. Нават там, дзе ў польскай мове часам у словах ляжыць адзін і той жа дзеяслоў мовіць, але тое што па-расейску называецца заговором па-польску называецца zamawianie; а тое, што па-расейску называецца заказом, па-польску называецца zamówienie. Нават у гэтым выпадку, у выпадку словаў з адным коранем, польская мова стараецца размежаваць гэтыя паняткі. А мы хочам зляпіць усё ў адно.
Каб адрознівацца ад расейскай мовы, вельмі модным словам стала слова напрыканцы. Я пра яго шмат гаварыць не буду, у адрозненне ад іншых. Некалі я яго ўжываў. Але я прачытаў інтэрв’ю Падлужнага ў “Нашым слове” (газета, гэта яшчэ, можа, 90-я ці пачатак 2000-х гадоў), у якім ён заўважыў, што ні ў адным беларускім дыялекце няма слова напрыканцы. І я падумаў: а сапраўды, навошта нам такое грувасткае слова, гэта тыповы ўкраінізм. У канцы, на канцы, пры канцы — у беларускай мове ёсць шмат прыназоўнікаў, якія маглі б перадаваць гэтыя сэнсы. І яны традыцыйна заўсёды перадаваліся. І я проста прынцыпова адмовіўся ад слова напрыканцы.
Такое ж самае слова ў гэтым “джэнтэльменскім наборы”, у наборы пэўных маркераў, якія нібыта павінны нас адрозніваць ад расейскай мовы, — слова падчас. Наагул факт існавання слова падчас, яго быццё ў пэўным сэнсе трошкі камічнае. Таму што агулам гэта прыназоўнік, калі гэта прыназоўнік, то падчас павінна пісацца асобна, нават не праз злучок (як пішацца па-над, у якім злучаюцца два прыназоўнікі), бо ў слове падчас адно слова — назоўнік час, а другое — прыназоўнік пад). Таму яны могуць пісацца толькі асобна. І дарэчы, калісьці ў Гародні (можа, пад уплывам Сцяцко, я дакладна не памятаю) у газеце “Пагоня” пад час пісалася асобна. Але перамагла менская тэндэнцыя пісаць гэта слова разам. Але гэта недарэчна. Тут уплыў, зноў жа расейскай мовы, дзе ёсць прыслоўе подчас. Але гэта прыслоўе, і наколькі мне вядома, прыслоўі ў прыназоўнікі ніколі не пераходзяць. І мы проста робім як не па-расейску, а пішам як па-расейску. І гэта ўжо стала традыцыяй. Але ж нармальна сказаць у час, і ў гэтым няма нічога небеларускага. І не трэба выкручваць мову такім спосабам. Пра слова цягам можна прачытаць у газеце “Arche”. Я таксама цярпець не магу гэта слова ў якасці прыназоўніка. Хаця быў перыяд, калі я яго спрабаваў ўжываць. Мы ж усе чыталі Багдановіча: “І цягам доўгія часіны, дзявочыя забыўшы сны…” Мы не ведалі значэнне гэтага слова, але яно вельмі нам прыдалося, каб замяніць слова на працягу, якое нібыта здавалася нібыта падобным да расейскага слова. У сваім артыкуле я паказаў, што цягам у беларускай мове традыцыйна (яно не толькі ў Багдановіча, яго процьма ў Купалы, Коласа і іншых пісьменнікаў; гэта слова ў нашаніўскі перыяд да канца 20 гадоў ужывалася паўсюль) было прыслоўем і абазначала тое самае, што абазначае прыслоўе заўсёды. У польскай мове аналагічнае слова ciągle. І менавіта ў такім значэнні яго ўжыў Багдановіч. Яно ніяк не магло перайсці ў прыназоўнік. Яно нарадзілася з выразу з цягам часу. Гэта доўгая гісторыя, як яно вылузнулася з выразу з цягам часу. Гэта асобнае пытанне. І рэч у тым, што ў якасці сінонімаў яны не могуць суіснаваць. Або мы традыцыйна ўжываем цягам як прыслоўе, або мы яго ўжываем як прыназоўнік цягам. Я зафіксаваў толькі адзін выпадак, калі ў аднаго аўтара, у Дубоўкі, сустрэлася і тое, і другое. Гэты быў вельмі рэдкі пераходны выпадак. А звычайна такога не бывае, каб яны суіснавалі ў галаве аднаго чалавека, бо семантыка таксама проціпастаўленая. Нельга ўжываць аднолькавыя словы ў розных значэннях, якія супярэчаць адно другому і ствараюць двухсэнсоўнасці. Амонімы амонімамі, але не ўсё можна звесці да амонімаў.
Наступнае наша ўлюбёнае слова — заўзець. Гэта, напэўна, самае адыёзнае, што можна было прыдумаць. Я не ведаю, што горшае ўзнікла за апошні час у беларускай мове. Спачатку ўзнікла праблема, як назваць па-беларуску балельшчыка. Згодзен, балельшчык —дрэнны варыянт. Нават калі дзеяслоў балець, дакладней, хварэць, яшчэ можна было б сабе ўявіць у гэтым значэнні, то балельшчык тут ніяк усё роўнеа не падыдзе, ад слова хварэць ніякага назоўніка не прыдумаеш. Таму ўзнікла слова заўзятар. Я яго пачуў яшчэ ў канцы 80-х гадоў. Сустрэў вельмі пазітыўна. Я толькі недзе ў 2007 годзе прачытаў, што ёсць яшчэ слова заўзець. Я ўзяўся за галаву, таму што гэта цалкам скалькаванае расейскае слова болеть. Навошта браць расейскае слова, наляпляць на яго іншую гукавую абалонку і ўводзіць у беларускую мову? Яно проста гучыць недарэчна. Чаму? Тут, па-першае, няма кораню. Яно проста злепленае з прыставак, з прэфіксаў: за-, у-, з-; -ець — гэта фармант дзеяслова. Корня тут няма. Гэта слова нельга падзяліць марфалагічна. Але крыўдна не толькі тое, што яно проста злепленае, але тое, што яно нічым не лепшае за слова балець.
Ірына Д.: Слова заўзець злеплена з словаў заўзятар, заўзята. Мы ведаем, хто прыдумаў, хто і калі прапанаваў гэта слова. Але ідэя слова была менавіта такой: ёсць заўзятары пэўнай каманды, і дзеяслоў гэты зроблены з назоўніка заўзятар.
Аўтар: Я таксама ведаю, што гэта слова стварыў Алесь Разанаў. Алесь Разанаў геніяльны паэт. Але ён абсалютна няўдала ўтварае словы. Я не хачу ўспамінаць ягоныя “Тварасловы”, што ён нарабіў. Ведаеце, калі мы з ім спрачаліся, мы з ім спрачаліся доўга-доўга, помню, на калідоры, пасля таго, як ён апублікаваў “Тварасловы”, я, калі ў мяне скончыліся аргументы, сказаў: “Алесь Сцяпанавіч, я перад вамі стану на калені, толькі больш не прыдумляйце тварасловаў”. Я не ведаю, ці ён паслухаў мяне, ці не, але ён пасля гэтага ніколі нічога не ствараў. Наколькі мне вядома. У слове заўзятар ёсць корань. У слове заўзець няма кораню. Яно зусім па іншай мадэлі…
Ірына Д.: А як вы прапануеце ўтварыць дзеяслоў ад зяўзятара?
Аўтар: Я прапанаваў такі дзеяслоў…
Ірына Д.: Чыста граматычна, лінгвістычнае практыкаванне. Ёсць словы заўзятар, заўзята, заўзяты. Давайце зробім дзеяслоў. Вось давайце са слова заўзяты зробім дзеяслоў.
Аўтар: А нашто з яго рабіць дзеяслоў? Чаму мы павінны ад заўзятара ўтвараць дзеяслоў, а не наадварот ад дзеяслова ўтвараць назоўнік? Звычайна наадварот бывае. Я дзеяслоўнае словаўтварэнне ведаю назубок, я магу ў дэталях сказаць, якім спосабам які назоўнік утвараецца.
Фактычна, ёсць толькі два назоўнікі — іць і аваць — якія могуць нам даць вынік. Але не трэба [ствараць слова] ад заўзятара. Па-першае, заўзяты — ужо аддзеяслоўнае ўтварэнне: дзеяслоў узяць (фактычна яць: за-у-зяць). Па-другое, узяты — гэта ўжо дзеепрыметнік. Выходзіць, потым ад дзеепрыметніка ўтвараць назоўнік, а потым ад назоўніка зноў дзеяслоў — гэта тое самае, што ляцець у Парыж праз Уладзівасток. У народнай мове ёсць слова заўзімацца. У нас яго рэгулярна ўжывалі. Прыкладам: “О, ён як заўзімаецца за яго” (па-расейску гэта будзе — стаять горой); “Як ён за бацьку заўзімаецца” — гэта азначае не проста за некага з-аступацца, а ўсімі сіламі, усімі фібрамі душы выступаць за гэтага чалавека. Калі я напісаў гэта дванаццаць гадоў таму ў ЖЖ, мне ніхто не паверыў, сказалі, я выдумляю гэтае слова. Потым праз нейкі час я знайшоў у Родзевіча гэтае слова заўзімацца. Яно, здаецца, ёсць і ў слоўніку паўночна-заходніх гаворак. І ў вельмі многіх слоўніка ўжо побач з заўзятарам фігуруе беларускае слова заўзімацца. І калі мне ўдасца замяніць слова заўзець на заўзімацца, я буду шчаслівы.
Хаця працуючы з гэтай праблематыкай, я прыйшоў да высновы, што з самага пачатку быў узяты нейкі няслушны ход. І заўзятар не надта добрае слова, там шмат пытанняў узнікае. Трэба было неяк іншым шляхам пайсці. Але ўжо пайшлі гэтым. Таму адно з двух: або даводзіць да нейкага толку гэтую мадэль з коранем узяць, ад якога ўтвораны заўзяты, а ад заўзяты — заўзятар (нават не ведаю, ці можа такім спосабам утварацца назоўнік, але хай сабе, тут нічога асабліва страшнага няма)… Але можна было б папрацаваць з пэўнымі іншымі каранямі. На жаль, гэтага ніхто не зрабіў, я ў тым ліку. І звычайна я кажу: “Ну, раз няма альтэрнатывы, то людзям прыходзіцца карыстацца тым, што ёсць.” Так што ў выніку для практычнага ўжытку я прапаноўваю два словы: заўзятар і заўзімацца. Заўзець — гэта благі тон. У логіцы ёсць прынцып: калі можна дапусціць адзін абсурд, то можна ўсе абсурды дапусціць. Калі можна дапусціць адно слова, утворанае паводле нейкіх абсурдных законаў, то ўсё астатняе ўжо не мае значэння. Нават узнікае пытанне: чаму пазычанне горшае за нейкае сваё ўласнае слова. Я не лічу, што ў гэтым выпадку запазычанне страшней за падобнага кшталту слова. Гэта слова страшней за запазычанне, таму што яно адкрывае шлюзы ірацыяналізму ў словаўтварэнні, і такія шлюзы могуць весці да сумных вынікаў.
Яшчэ адно такое слова — наўпроставы. Нікому не рэкамендую гэта слова. Я не люблю расейскі жаргон, але ёсць такі расейскі тэрмін “зашквар”. Я не магу яго перакласці на беларускую мову, таму даруйце мне за гэта жаргоннае слова. Заўзець і наўпроставы — гэта зашквар. Яшчэ чалец можа параўнацца з гэтымі словамі. Тры такія словы.
Чаму нельга казаць наўпроставы? Якая ў людзей была логіка? Ёсць прыметнік просты, ёсць прыслоўе проста. Ёсць прыметнік прамы і прыслоўе прама. Ёсць слова наўпрост, значыць, можна ад яго ўтварыць наўпросты, як некаторыя ўжываюць, і наўпроставы, як ужываюць іншыя. Але людзі не разумеюць, што гэта абсалютна розныя прыслоўі. Калі я пісаў артыкул з Паўлам Букам пра часціны мовы, я нават прапанаваў вылучыць прыслоўнік. Гэта бачна на схеме з мінулай лекцыі. Я паказваў, што адпрыметнікавыя прыслоўя — гэта зусім іншыя прыслоўі. Яны маюць памяншальна-любосныя формы (напрыклад: проста – просценька, прасцютка); маюць ступені параўнання (прасцей, як найпрасцей). Інакш кажучы, такое прыслоўе захоўвае ўсе рысы прыметніка. Таму я прапанаваў у гэтым артыкуле назваць яго прыслоўнікам, як мы называем дзеепрыметнікам дзеяслоў у форме прыметніка, дзееназоўнікам — дзеяслоў у форме назоўніка, дзеепрыслоўем — дзеяслоў у форме прыслоўя. А ўласна прыслоўі ўтвараюцца зусім іншым спосабам. Яны не маюць ні ступеняў параўнання, ні памяншальна-любосных формаў. І таму ад наўпрост… Расейскі аналаг будзе слова впрям. Ці можам мы сказаць впрямый, впрямовый ці впрямный? Кожны, хто адчувае расейскую мову, мусіў бы сказаць, што гэта дзіка. І няма такой славянскай мовы, у якой ад прыслоўя (сапраўднага прыслоўя, не прыслоўніка) можа ўтварыцца прыметнік, а потым ад яго — зноў прыслоўе. Такога ў прынцыпе не можа быць. Гэта поўнае ігнараванне яшчэ праславянскіх кодаў, глыбінных законаў мовы, якія мы проста не можам, не маем права парушаць. Калі мы іх парушылі, тады нашто нам усе гэтыя законы мовы? Нашто нам граматыка, калі такое можна рабіць? Назавіце мне хоць адзін прыклад, дзе ад шчырага прыслоўя (не прыслоўніка) утвораны хоць адзін прыметнік?
Дарэчы, падобныя памылкі ў Яна Станкевіча. Ён аднекуль узяў слова паслейшы (пазнейшы). Я нават, па-мойму, у нейкім артыкуле ўжыў яго, падхапіў. Але потым падумаў: каб быў прыметнік паслейшы, мусіць быць форма послы. Але ў нас няма прыметніка послы. Толькі слова пасля ёсць. І ад пасля не можа ўтварыцца паслейшы. Гэта той жа выпадак. Калі мы не думаем, а механічна бярэм і ўсё. Маўляў, гэта адрозніваецца і ўсё.
Безумоўна, узнікае пытанне: а чым замяніць? А тут і праблема. Мы нібы знайшлі палачку-выручалачку. Вось па-расейску словы прямо, прямой, а па-беларуску давайце будзем ужываць… як бы семантычна гэта будзе тая самая семема (што і ў расейскіх словах), нутро будзе тое самае, але фанетычна гэта будзе адрознівацца. Мы, фактычна, думаем па-расейску, падстаўляем беларускае слова — вось і ўсё, усё ў нас нібы цудоўна, усё нібы стала на свае месцы. А калі не мець сітуацыі “адна мова з двума тэрмінамі”, то мы павінны былі падумаць, што часамі можна сапраўды ўжыць проста (у нас простая мова (не прамая), простая дарога); кажучы пра слова эфір (ці этэр), хай ён будзе жывы: жывы эфір (навошта казаць прамы ці, яшчэ горш, наўпроставы).
Тое самае з словам чалец. Ва ўсіх славянскіх мовах ужываецца слова член. У беларускай мове яно, як быццам, магло б ужывацца, магло б не ўжывацца. Калі яно было б, яно мусіла б гучаць чалон (можа, чолан, але хутчэй за ўсё чалон). Магло б так слова ўтварыцца з праславянскай. Яно не ўтварылася. Таму раней ў старабеларускай мове ўжываўся паланізм члонак (адсюль члункі — значыць нутро), а потым з расейскай (а ў расейскай узята з царкоўнаславянскай) было перанята член. І яшчэ ў 90-я гады “членаў” партыі называлі сябрамі партыі. Тут, як быццам бы сябра няблага, але трэба, зноў жа, думаць галавой. У Arche пра чалец я пісаў. Па-першае, яно ёсць у расейскай мове, сустракаецца ў Даля, са значэннем паплавок. Па-другое, ёсць расейскае прозвішча Челец. Таксама чалец можа быць утворана ад чало, будзе азначаць нейкага лабатага чалавека. Яно можа быць ад слова чалы: чалы конь. Таксама можа азначаць таго, хто стаіць на чале. Як званец гэта той, хто звоніць у званы, касец — той хто косіць, а чалец — той хто ачольвае. Мяне ніхто не пачуў, і ў нас па-ранейшаму ўжываюць чалец у значэнні слова член.
І заўваўжце яшчэ адзін момант. Усе гэтыя словы “пераапранутыя”. Яны ўвесь час нечым падобныя да расейскіх. Сябар нам нязручна ўжываць, бо там трэба думаць, як сказаць па-свойму. А са словам чалец думаць не трэба, яно такое падобнае. І такіх падобных слоў процьма. Гэта толькі адзін з такіх выпадкаў.
Звярнуся яшчэ да некалькіх падобных адыёзных слоў. Слова апынуцца. Гэта нармальнае беларускае слова. Але яно абазначае тое, што па-расейску очутиться. Беларускае слова граматычна больш гнуткае, бо па-беларуску можна апынацца, а па-расейску очучаться нельга. Але яго нельга ўжываць у значэнні… інакш кажучы, апынуцца можна дзесьці, але нельга апынуцца кімсці. Інакш, у такім выпадку папросту ідзе ламанне беларускай семантыкі.
Я трошкі шкадую, што ў свой час я выступіў супраць слова аказацца. Чаму я быў супраць аказацца ў значэнні, якое ў расейскай мае выраз оказался кем-то? Таму што па-беларуску аказацца — гэта падаць голас. У значэнні звязкі, раптам быць некім сапраўды слова аказацца традыцыйна ў беларускай мове не ўжывалася. Было проста слова быць. Але калі нам трэба перадаць значэнне адкрыцця, нечаканасці — напрыклад, мы думалі, ён добры чалавек, а ён “аказаўся” нягоднікам, ці наадварот — то… у свой час я прапанаваў дзеяслоў выявіцца, выяўлялася, але ён не пакрывае ўсе сэнсы гэтага дзеяслова-звязкі оказаться. І таму выяўляцца, як выявілася, цяжэй абыходзіцца. І замяніць складана. Адно магу сказаць, што ў народзе, у нас у нашым дыялекце на Гарадзеншчыне (не толькі на Лідчыне, але і ў многіх іншых раёнах) у гэтым значэнні ўжываецца слова ажно. Напрыклад, я думаў, ты добры, ажно ты такі-сякі; я думаў, ты разумны, ажно ты дурань. Цяпер слова ажно сталі актыўна ўжываць як часціцу, якая паказвае нейкую колькасць: ажно пяць чалавек. У нас у такім значэнні казалі: аж пяць чалавек. Ажно ў гэтым значэнні ніколі не ўжывалі. Ажно ўжывалі, калі быў нейкі момант адкрыцця. Але звязка быць з часціцаю ажно не пакрывае ўсяго багацця, якое патрабуе літаратурная мова. Таму, ведаеце, апошнім часам я нават змірыўся з словам аказацца, толькі каб не ўжывалася слова апынуцца ў такім значэнні. Але ўсім, хто карыстаецца беларускай мовай, я раю: не забывайцеся пра тое, што ёсць дзеяслоў выяўляецца, выяўляць (зноў жа ўжывайце яго дарэчна, ён не да ўсіх выпадкаў пасуе), што ў нас ёсць часціца ажно, якая дадаецца да звязкі быць і можа перадаваць сэнс гэтага слова оказаться. Карацей кажучы, гатовага рэцэпту я даць не магу, але магу проста абазначыць пэўныя кірункі развіцця.
Хаця, па шчырасці сказаць, падобнае падсвядомае ўжыванне я больш за ўсё не люблю. Калі вярнуцца да тых словаў просты і прамы. У чым там праблема ў савецкай беларускай мове? У расейскай мове прямой і прямой, там усё ясна. Простой у расейскай не тое, што прямой. А мы ўжываем слова просты датуль, пакуль у нас не ўзнікае двухсэнсоўнасці. Як толькі ўзнікае двухсэнсоўнасць, мы тут жа хуценька раз — выцягваем з загашніка слова прамы (я кажу пра савецкую беларускую мову). Так не робіцца, так не павінна быць. Гэта як шулер, які пакуль перамагае, усё добра, а калі прайграе, дастае аднекуль з рукава туз. Калі пэўнае слова ёсць, яно павінна мець свае пэўныя параметры, пры якіх яно можа ўжывацца ці можа не ўжывацца ніколі. Інакш, выходзіць, калі можам, карыстаемся сваім, а калі сваім не змаглі, то пакарыстаемся чужым.
Кошт і цана. Цяпер слова кошт стала цэлай праблемай. Скажу проста: кошт — гэта тое, што па-расейску стоимость. Цана — гэта тое, што ва ўсіх славянскіх мовах называецца цаною. Гэтыя паняткі нельга блытаць. Так, гэта сінонімы, але сінонімы тым і адрозніваюцца ад дублетаў, што ў нейкіх момантах яны, так, могуць супадаць, але ў іншых прынцыпова адрознівацца. І словы-сінонімы не такія ўжо блізкія, як можа здавацца. Цану коштам не замяніць, як і кошт цаною. У беларускай мове апрача кошта ёсць яшчэ адно слова — вартасць. Вартасць таксама мае значэнне стоимость. Але між іншым, слова вартасць бліжэй да слова цана па значэнні, чым кошт. Кошт і цана ў гэтым семантычным полі палярныя, а вартасць паміж імі знаходзіцца. Кошт можна перадаць словам выдаткі (издержки, па-расейску). Яно азбазначае, колькі нам каштавала тое ці іншае, у ва што яно нам абыйшлося; гэта стоимость аб’ектыўная. А вартасць — суб’ектыўная стоимость. Гэта як бы тое, што мы гатовыя аддаць, заплаціць за тую ці іншую рэч, з’яву. А цана — гэта тое, што мы прызначаем.
Ірына Д.: Юрась, а сувязь з прыметнікамі: каштоўны, варты?
Аўтар: Тут вельмі цікавая сувязь. І вельмі заблытаная. Вось калі напішу артыкул, то ўсё гэта абазначу. Тут ёсць моманты, калі яны вельмі дзіўна пераплятаюцца. Дзеясловы каштаваць і цаніць адрозніваюцца жа, тут, можна сказаць, яны маюць адваротныя сэнсы. Ну, і слова цана — гэта не проста праславянскае слова, гэта яшчэ, можна сказаць, балта-славянскае слова. Помніце, хто жыў яшчэ ў савецкія часы, на літоўскіх таварах было напісана kaina: праславянскае К у літоўцаў захавалася, а ў нас яно перайшло ў Ц.
Вось наконт яшчэ аднаго моднага слова. Гэта слова сысці. Яно стала вельмі модным. Тут таксама ўсё вельмі хітра, заблытана ўсё да такой ступені, што проста цяжка сказаць. Па-першае, па-беларуску звычайна ўжываецца слова ўцёк. Ад пагоні мы ўцяклі, не сышлі. Але зноў, гэта ж нібы вельмі зручнае слова, каб замяніць расейскае уйти: ушёл от погони, ушёл из дому, — каб на ўсе выпадкі жыцця мець адно слова, так жа, як у расейскай мове. А інакш жа трэба думаць. Бо ў адным выпадку ў беларускай мове мы скажам уцёк, у іншым адысці, а ў трэцім проста пайсці. Мы нават не ўяўляем, што вельмі шмат сэнсаў расейскага уйти перадаецца ў беларускай мове праз словы пайсці або адысці. У беларускай мове мы можам проста ісці, нам не трэба сыходзіць.
Гэта адзін аспект гэтага слова. Другі аспект — прыстаўка с-. Па вялікім рахунку, у беларускай мове павінна быць не сысці, а зысці. Таму што ў моцнай пазіцыі перад галоснай ў нас прыстаўка звычайна звонкая: павінна быць з-, а не с-. Ёсць дыялекты, дзе ўжываецца с- — звычайна гэта дыялекты Віцебшчыны і Магілёўшчыны, — але гэтая асаблівасць не лягла ў аснову літаратурнай мовы. Дзе такое слова будзе ўжывацца? Напрыклад: лішай зышоў; мы стаялі на камені, а потым зышлі з каменя і стаім ужо на траве. У такім значэнні зысці ўжываецца па-беларуску. Але ўся праблема ў тым, што (пра гэта яшчэ пісаў Станіслаў Станкевіч) слова зысці захапілі ў абстрактным значэнні расейскага слова исходить: зыходзячы з такой тэорыі (исходя из такой теории). А па-беларуску ў такім сэнсе трэба ўжываць слова выходзіць: выходзячы з такой тэорыі і г.д. Не трэба ўжываць зыходзячы.
Зноў жа, што тут адбылося, як і са словам чалец? Падабенства. Исходить і зыходзіць — падобныя словы. Такім чынам, мы думаем па-расейску, але нам падаецца, што калі мы крыху зменім слова (будзем ужываць зыходзіць у сэнсах исходить), то яно будзе як быццам ужо не расейскае, пры гэтым не давядзецца ламаць галавы, як сказаць па-беларуску традыцыйна. Мала таго, што мы паламалі сваю семантыку, сваё словаўтварэнне… Калі б мы казалі уцёк, адыйшоў, пайшоў, і зышоў з трасы, а таксама выходзіць з тэорыі, то ў нас такіх праблем не было б.
Падобна, як са словам сысці, маем слова саступіць. Таксама нібы палачка-выручалачка, замянялка расейскага слова уступить. У беларускай мове маем шмат варыянтаў: і адступіць; і папусціць (гэты варыянт прапаноўваў Станкевіч): ты папусці яму ў цане, ты з ім не ваюй, не спрачайся, папусці яму; і іншыя варыянты.
Слова скрасці. Калісьці мне Андрэй Федарэнка кажа: “Слухай, Юрась, а чаму ўсё ў нас скралі, скралі? У нас што, слова ўкрасці няма?” Праўда, па ўсіх беларускіх дыялектах ўжываецца слова ўкрасці. Скрасці — рэдкаўжывальнае слова, яно мае адценне похитить (рас.), выкрасці, нешта цішком схапіць. У яго зусім іншае адценне, гэта не асноўнае слова. Асноўнае слова — украсці.
Словаў яшчэ шмат. Але я спынюся яшчэ на трох.
Паліць і курыць. Вось у нас Багушэвіч, які пісаў па-беларуску і па-польску, ужываў слова курыць: “Баба люльку кура ў хаце, А мужык пярэ кашулі, Конь пасецца на лапаце, А на вербе растуць дулі.” Інакш кажучы, у XIX ст. – пачатку XX ст. ніколі не ўжывалася слова паліць (у значэнні курыць). Ужывалася толькі слова курыць. І адпаведна, натуральнае слова курэц. А калі мы ўжываем паліць, то… ведаеце, зноў, тут шматок, там шматок, вось мы ўжылі паланізм паліць, а потым у нас ад яго ўжо ўтвараецца назоўнік палільшчык: польская аснова, расейскі суфікс — і маем вось такую псеўдабеларускую мову.
Тое самае са словам танчыць, якое стала модным. Не сказаць, што яно ніколі не існавала на беларускім абшары. Яно ёсць у слоўніку Насовіча. Але беларускія пісьменнікі, той жа Багушэвіч і іншыя, пісьменнікі-католікі, то бок, зарыентаваныя на польскую мову, ужывалі слова танцаваць. “Гарцуй, танцуй, пане” — памятаеце, класічныя радкі. Практычна ў беларускай літаратуры танчыць ніколі не ўжывалася, пакуль не пашырылася з 90-х гадоў. І зноў смешна, зноў гэта падвоеная бухгалтэрыя назіраецца. Апошнім часам модным стала слова лекава’ць ці ле’каваць, як хто ўжывае. Рэч у тым, што адбыўся адваротны працэс. Заўважце: танцаваць нам не падабаецца, мы ўжываем танчыць, але лячыць нам не падабаецца, мы ўжываем лекаваць. Чаму? Таму што гэта цалкам адваротнае расейскім словам. Але гэта не адпавядае нашай традыцыі. Так, дзесьці ў шляхецкай мове прамільгнула слова танчыць. Так, яго зафіксаваў Насовіч. Але пісьменнікі яго не ўжывалі. Традыцыі яно не мае за сабою. Навошта яго цягнуць у беларускую мову?
Да слова лекава’ць, дарэчы, я стаўлюся з пэўнай прыязнасцю. Я працую ў адзеле фалькларыстыкі, і мы абмяркоўвалі гэта слова: як у народнай мове — лекаванне ці лячэнне? І мы прыйшлі да высновы, што лепш лекаванне. Фактытыўныя дзеясловы на -аваць і на -іць шмат у чым ідэнтычныя, і вельмі часта адно можна замяняць другое. Толькі дзеясловы на -іць звычайна абазначаюць больш канкрэтнае дзеянне, нейкую аперацыю, а -аваць — магчыма, нейкі працэс, практыку, нейкі ўзнёслы момант. Таму лекаваць я прапаноўваў бы ўжываць у значэнні нейкай магіі: замовамі лякуюць, а доктар балячку лечыць. Такім чынам, тут ёсць падстава размежаваць гэтыя словы. І я думаю, што не варта ўсюды ўстаўляць слова лекаваць. Асноўнае, базавае беларускае слова ўсё-ткі лячыць. Адсюль у Станкевіча ёсць улечыць, улечаны.
Вось: беларускае пілаваць — расейскае пилить. Але ў нас ёсць ганьбаваць і ганьбіць. Ёсць гасцяваць і, напэўна, можа быць гасціць, але часцей ужываецца першае. Слова начаваць было традыцыйнае беларускае слова. Але ж пачалі выдумляць моднае слова ночыць. Яно добра жаргонна гучыць. І тут няма патрэбы замяняць адно другім, тут, у адрозненне ад лекаваць–лячыць, не можа быць ніякага размежавання быць не можа.
А са словамі верыць і вераваць крыху па-іншаму. Ва ўсіх беларускіх словах на -аваць націск падае на суфікс, а не аснову. У слове верыць, якое на -іць, суфікс падае адпаведна, а ў слове вераваць націск падае не на суфікс, а на аснову, і гэта сведчыць пра тое, што гэта слова — царкоўнаславянізм. Таму яно ў беларускай мове практычна не ўжываецца.
Цікавае размежаванне слоў мілава’ць і мі’лаваць. Мі’лаваць, імаверна, царкоўнаславянізм, але мы яго ўжываем, таму што мілава’ць азначае любіць, а мі’луем мы пры пакаранні. Таму зважайце на гэтыя значэнні, якія ёсць, і старайцеся пільнавацца традыцый, законаў беларускага словаўтварэння і быць паслядоўнымі, а не проста па прынцыпу “на злосць маме вушы адмарожу” — на злосць расейскай мове буду ламаць усе беларускія законы словаўтварэння, толькі каб не было па-расейску.
Пытанне-заўвага: Цікава, што калі трэба зрабіць новае слова, то мы адразу глядзім на расейскую мову, — таму што мы яе найлепш ведаем — і на ейную структуру. І самы яскравы прыклад, пра які вы сёння казалі — ажно. Зусім іншая структура сказа нават.
Аўтар: Так, іншая структура. Я і заклікаю, каб мы вывучалі структуру сваёй мовы. Не проста ляпілі па ўзору расейскай семантыкі.
Пытанне-заўвага: Як вы сёння казалі: спачатку расейская, потым як у нас. Нібыта іншых моваў няма. Падыход такі, што: а як у іх? давайце і мы нешта зробім. Даволі заганна так перакладаць. Нават слова заўзятар — гэта таксама калька з расейскай… Хіба нічога не можна пашукаць у старой мове?
Аўтар: Цалкам з вамі згодзен! Я не за тое, што трэба ўжо зусім цурацца, каб усё было іншае, адваротнае, але варта менавіта абшарыць свае кішэні, як казаў Якуб Колас. Параўнаць з іншымі мовамі: а як у іншых мовах?
Вось тыповы прыклад: ёсць расейскае слова священный, і вось нам трэба абавязкова так прыдумаць. Ластоўскі прыдумаў святарны, Алесь Разанаў прапаноўваў святоўны. А навошта? У чэскай мове, прыкладам, няма адрознення паміж священный (рас.) і святой (рас.). У нас можа быць святы, найсвяцейшы, вось і ўсё. І гэтага дастаткова.
Пытанне-заўвага: Пан Юрась, а чаму не згадалі слова прышпільны?
Аўтар: Іх так шмат. Я не ведаю чым замяніць гэты жарганізм. Напэўна, жарганізмы нельга перакласці. Вось хацеў сказаць, чым можна замяніць адно жаргоннае слова: беспредел. Калі яго замяняюць на бязмежжа, гэта мяне проста ў шаленства ўводзіць. Я ўсё думаў, чым яго замяніць. Безумоўна, мы яго ўвогуле не павінны ўжываць. Але ж у нашай сведамасці гэта жыве, прычым, актуальна жыве. Я прыдумаў ужываць такое слова як безмеж (падобна па будоўлі на несмач). Але толькі не прыгожае слова бязмежжа, якое абазначае прастору, прыроду. А што рабіць са словам прышпільны, я не ведаю. Я ўжываю, калі трэба, слова прыкольны і ўсё.
Але тут трэба шукаць нейкія беларускія словы. І не столькі беларускія словы, а нейкі іншы беларускі сусвет.