Лекцыйныя курсы 2021-22 г.г.

Жанна Некрашэвіч-Кароткая: Spatial turn і гісторыя беларускай літаратуры (геапаэтыка, ідэнтычнасць, культурны кантэкст).

У курсе – з перспектывы метадалагічных навацый апошніх дзесяцігоддзяў (канцэпцыі прасторавага павароту і геапаэтыкі, паняцці культурнага ландшафту і кантэксту) робіцца спроба па-новаму зірнуць на старыя дыскусійныя праблемы, звязаныя з беларускай культурнай ідэнтычнасцю. Паасобныя артэфакты з кантэксту пісьмовай культуры Беларусі разглядаюцца праз прызму паняцця “культурная прастора”. З апорай на літаратурны кантэнт акцэнтуюцца перадусім дылемы “Беларусь – Літва”, “рускасць – польскасць”, праблематызуюцца найбольш пашыраныя міфы і аблуды ў гісторыка-літаратурных даследаваннях.

Аляксей Ластоўскі: Беларуская спадчына ў свеце: кола вандровак.

У межах гэтага невялікага курса лекцый я хачу паразмаўляць пра беларускую культурную прысутнасць у іншых гарадах і краінах (па-за актуальнымі межамі). Гэта не толькі размова пра пласт багатых палітычных і культурных сувязей, якія пераадольваюць кардоны, але і разуменне спрадвечнай дыялагічнасці культур і грамадстваў. Без такой знешняй перспектывы наша ўяўленне пра кшталт беларускай ідэнтычнасці ці культурны канон заўжды будзе абмежаваным. У гэтых лекцыях я паспрабую фізічна зафіксаваць сляды беларускай прысутнасці ў вялікіх сталіцах свету, мы пусцімся ў вандроўкі па вуліцах і плошчах, адшукаем прыхаваныя помнікі, і перакапаем калекцыі славутых музеяў.

Тацяна Астроўская: Глабальная гісторыя беларускага самвыдату.

Большасць вядомых анталёгіяў і даследванняў самвыдата і дысідэнтства да гэтага часу пакідаюць Беларусь у баку. Наша мэта – не толькі зрабіць гісторыю беларускага самвыдату існай, але і паспрабаваць зразумець яго з перспектывы глабальнай гісторыі, прасачыць за шляхамі па якіх падарожнічалі альтернатыўныя ідэі і папяровыя выданні, а таксам разгледзець практыкі стварэння і цыркуляцыі самвыдату. Мы паспрабуем адказаць на пытанні, ці быў беларускі самвыдат уключаны ў агульныя шляхі распаўсюджвання ідэяў? Чаму некаторыя са спробаў звярнуць ўвагу міжнароднага грамадства на рэпрэсіі і праблемы ў БССР праваліліся ці не былі пачутыя? І наколькі “Жалезны занавес” паміж БССР і астатнім светам быў пранікальны.

Марына Шода: Уводзіны ў міфалогію.

Насамрэч міф робіцца аб’ектам даследавання роўна з таго моманту, як у яго перастаюць верыць і пачынаюць падпарадкоўваць рацыянальнаму пераасэнсаванню. Тым не менш даследчыкі міфу дагэтуль не выпрацавалі адзінай тэорыі і падыходзяць да яго з розных бакоў, а рацыянальна-лагічны стыль мыслення, нібыта ўласцівы эпосе навукова-тэхнічнага прагрэсу, пастаянна сутыкаецца з моцным супрацівам. Паспрабуем разабрацца, чаму так адбываецца.

Сяргей Токць: Сацыяльная гісторыя Беларусі ХІХ ст.

Курс раскрывае тры тэмы: “Прыгоннае права ў Беларусі ў першай палове ХІХ ст.”, “Голад, эпідэміі і сацыяльныя канфлікты ў Беларусі ў 40-50-ыя гады ХІХ ст.”, “Рэформа 1861 г. і вызваленне сялянства”.

Ян Новік: Філасофскія элементы беларускай культуры 1920–1930.

Асноўныя тэмы курсу: “Роля беларускіх савецкіх філосафаў у паўставанні канону савецкага марксізму”; “Немарксісцкія альтэрнатывы беларускай савецкай філасофіі 1920-ых (Я. Барычэўскі; Ул. Іваноўскі; А. Бабарэка)”; “Беларуская савецкая філасофія 1930-ых”; “Філасофія Заходняй Беларусі”.

Яраслава Ананка: Перфарматыўны дылетантызм. Пілотны праект беларускай літаратуры (1840-1850 гг.)

У сярэдзіне XIX стагоддзя ў паўночна-заходніх губернях Расійскай імперыі быў створаны шэраг польскіх і польска-беларускіх тэкстаў і метатэкстаў, у якіх распрацоўваецца новы дыскурс – “Беларусь” і паралельна зандуецца новае самапазіцыянаванне тагачаснай рэгіянальнай паэзіі. Важны ўнёсак у транслінгвальны пілотны праект беларускай літаратуры зрабіў Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч (1808–1884). Запланаваны цыкл лекцый прадугледжвае вывучэнне гэтага літаратурна-сацыялагічнага феномена, для разгортвання і развіцця якога вырашальную ролю адыграла канцэпцыя перфарматыўнага дылетантызму.

Курсы наперадзе

У новым навучальным годзе плануюцца курсы Лілі Ільлюшынай, Натальлі Ламека, Віталя Зайкі, Караліны Мацкевіч, Мікалая Пачкаева, Андрэя Расінскага, Вальжыны Морт, Андрэя Масквіна (Варшава), Аляксея Кажарскага (Прага, Браціслава), Аляксандра Фрыдмана (Берлін) ды інш.

Інфармацыя абнаўляецца. Сачыце за абвесткамі!