Марына ЗАГОРСКАЯ. Інтэрвію (як навучыцца гутарыць зь людзьмі?)
Плян:
1. Інтэрвію як жанр.
2. Віды інтэрвію.
3. Правілы вядзеньня інтэрвію.
1. Інтэрвію як жанр
Тэрмін “інтэрвію” ўжываецца ў журналістыцы ў двух значэньнях. Па-першае, гэта мэтад атрыманьня зьвестак шляхам зносінаў з іншымі людзьмі. Журналіст можа скарыстацца інтэрвію дзеля збору інфармацыі, каб падрыхтаваць зацемку, рэпартаж, карэспандэнцыю, артыкул, нарыс, каб ажыцьцявіць журналісцкае расьсьледаваньне. Гэты мэтад дазваляе выкарыстоўваць вопыт і веды іншых людзей дзеля ацэнкі нейкай дзейнасьці, характарыстыкі асобаў і асьвятленьня розных (гістарычных) пэрыядаў жыцьця людзей. Да таго ж, менавіта шлях апытаньня некалькіх крыніцаў дае журналісту магчымасьць выкласьці інфармацыю аб’ектыўна і зрабіць уласныя вывады.
Акрамя мэтаду, існуе і асобны самастойны жанр — пераказ гутаркі з чалавекам, меркаваньні, погляды і ацэнкі якога па вызначаных пытаньнях маюць грамадзкую значнасьць. Між іншым, амэрыканскія журналісты, актыўна скарыстоўваючы інтэрвію як мэтад для падрыхтоўкі матэрыялу, рэдка надаюць гутаркам статус асобнага жанру. За выключэньнем хіба што афіцыйнага камэнтару ці размовы з “зоркай”. У астатніх выпадках журналіст часьцей сам выкладае зьмест гутаркі, уводзячы ў матэрыял цытаты суразмоўцы. На абсягах былога СССР, як, дарэчы, і ў краінах Заходняй Эўропы, некалькі іншая традыцыя. Лічыцца незаганным выкарыстаньне інтэрвію ў публікацыях іншага жанру, але гутарка як асобны жанр мае права існаваць самастойна ня толькі на тэлебачаньні ці радыё, але і на газэтнай старонцы таксама. Такім чынам…
2. Віды інтэрвію
Гутаркі бываюць розныя. Гутараць прэзыдэнты — гэта саміт. Дэлегацыі дыпляматаў — перамовы. Вучоныя — сымпозіюм. Злачынцы — змова. Закаханыя — спатканьне. Можна прыгадаць яшчэ не адзін тып размоваў і выкарыстаць іх стылістыку пры перадачы гутаркі журналіста і яго суразмоўцы. Але, на мой погляд, для характарыстыкі інтэрвію лепш за ўсё абраць такую бытавую аналёгію, як гутарка за сьвяточным сталом. Да размовы дваіх (журналіста і яго суразмоўцы) незаўважна падключаюцца і астатнія суразмоўцы — чытачы ці гледачы, слухачы. Добры журналіст у нейкай ступені тамада, а ня проста фіксатар, які дакладна пераказвае, што сказаў яму яго суразмоўца. Ён займае актыўную пазыцыю, можа сваімі ацэнкамі і контртэзамі зьмяняць накірунак гутаркі, уплываючы на цячэньне думак суразмоўцы. А ў пэўных выпадках пераўтвараецца ў актыўнага апанэнта. Трэба асобна адзначыць, што журналіст атрымлівае права кіраваць гутаркай ня дзеля таго, каб прадэманстраваць сабе і астатнім свае здольнасьці, а дзеля таго, каб гутарка атрымалася.
Вылучаюцца пяць відаў інтэрвію: інтэрвію-меркаваньні, інтэрвію зь відавочцамі, інтэрвію-канфрантацыя, інтэрвію-партрэт і, крыху асобна, прэс-канфэрэнцыя.
а) Інтэрвію-меркаваньні — самая распаўсюджаная форма інтэрвію. Суразмоўцам у ім мае шанц стаць як вядомы палітык, так і вучоны альбо зусім невядомы чалавек. Мэта такога інтэрвію — даведацца аб меркаваньнях рэспандэнта па канкрэтным пытаньні. Падобныя інтэрвію ня трэба абцяжарваць і ўскладняць. Іх мэта ў тым, каб суразмоўца атрымаў магчымасьць выказаць свой пункт гледжаньня. Затым можна сутыкнуць меркаваньне таго, хто адказваў, з поглядамі іншых людзей ці пытаньнямі самога рэпарцёра. Распаўсюджаны мэтад работы ў такіх інтэрвію — выказваньне апазыцыйных пунктаў гледжаньня ў пытаньнях журналіста для таго, каб у адной гутарцы былі прадстаўленыя абодва бакі. Падчас такога інтэрвію журналіст можа задаць палітыку пытаньні, якія адлюстроўваюць супрацьлеглыя палітычныя погляды, а ў кіраўніка буйнога прадпрыемства можа запытацца пра тое, што цікавіць як акцыянэраў, так і працаўнікоў прадпрыемства. У дадзеным выпадку журналіст задае пытаньні, каб з той ці іншай нагоды пачуць аргумэнты суразмоўцы.
У гутарцы з зацятым палітыкам можна выкарыстоўваць больш наступальны стыль, імкнучыся загнаць яго ў кут, у той жа час у дачыненьні да неспакушонага чалавека лепш праявіць далікатнасьць. Гэта, аднак, зусім не азначае, што на вуліцы нельга задаваць складаныя пытаньні. Тыя, хто, да прыкладу, выказвае падчас пікету ці апазыцыйнай акцыі пратэст, павінны ўмець тлумачыць і адстойваць сваю пазыцыю.
б) Інтэрвію зь відавочцам — гэта гутарка з чалавекам, які стаў сьведкам нейкага здарэньня, падзеі, няшчаснага выпадку ці злачынства. Да яго мае сэнс зьвяртацца з простымі пытаньнямі:
— Раскажыце, што здарылася?
— Што вы бачылі?
— Як разьвіваліся падзеі?
— Што вы адчуваеце зараз?
Часам маўчаньне рэпарцёра ў пачатку апавяду сьведкі падзеі можа прынесьці большы эфэкт, чымсьці самае выдатнае пытаньне. Задача рэпарцёра — даць выказацца суразмоўцы, не перашкаджаючы яму, не перапыняючы яго шматлікімі ці дробнымі пытаньнямі.
в) Інтэрвію-канфрантацыя — гэта зусім іншы від гутаркі. У такіх інтэрвію можна “прыціснуць да сьценкі” набліжаных да ўлады людзей, паставіць іх перад неабходнасьцю тлумачыць свае паводзіны. Той, каго крытыкуюць, павінен быць падрыхтаваны да таго, што яму будуць бязьлітасна задаваць пытаньні выкрываючага зьместу, але ў той жа час інтэрвію для яго — шанц дастойна адказаць на папрокі і абвінавачаньні.
Падрыхтоўка да гэтага віду інтэрвію і яго правядзеньне значна адрозьніваюцца ад іншых — суразмоўцу загадзя не рыхтуюць да пытаньняў: тыя павінны быць для яго нечаканымі. Тэмп і тактыка правядзеньня такога інтэрвію павінны быць наступальнымі. З практычнага пункту гледжаньня, самае вострае і бязьлітаснае пытаньне лепш пакінуць на канец гутаркі. Калі ж пачынаць з непрыемнасьцяў ці залішне агрэсіўных пытаньняў, можна ўвогуле застацца без інтэрвію.
Загнаны ў кут палітык нярэдка займае абарону з дапамогай мэтаду “чэкер”. Яго ўпершыню ўзяў на ўзбраеньне Ніксан падчас перадвыбарчай кампаніі 1952 году. Калі яго абвінавацілі ў тым, што ён браў хабар, Ніксан вырашыў выступіць з прамовай, у якой паабяцаў даць справаздачу за кожны выдаткаваны ім цэнт. А пад канец паведаміў, што, нягледзячы на абвінавачаньні зласьліўцаў, яго сям’я нізавошта не адмовіцца ад спаніэля Чэкера, якога быццам бы Ніксан атрымаў у якасьці хабару. Такім чынам, у Ніксана атрымалася ня толькі стаць прэзыдэнтам, але і стварыць перад экранам воблік сябра жывёл.
Такі тактычны прыём нярэдка вядзе да перамогі і дапамагае многім палітыкам выблытацца са скандалаў. Да гэтага таксама трэба быць падрыхтаваным. Калі суразмоўца пачынае жаліцца на несправядлівыя да яго адносіны, журналіст трапляе ў складанае становішча: яму нялёгка працягваць задаваць выкрывальныя і жорсткія пытаньні. Тады лепш проста задаць некалькі “спачувальных” пытаньняў кшталту:
— А ў чым канкрэтна праяўляюцца несправядлівыя да вас адносіны?
— Калі гэта здарылася?
— Хто паклёпнічаў?
Мірныя пытаньні ў стане хутка разбурыць імідж пакутніка, а ўдакладняючыя — дапамогуць зрабіць відавочнымі рытарычныя прыёмы другога боку. Калі ж і надалей працягваць “выкрываць пакрыўджанага”, аўдыторыя будзе на баку рэспандэнта, а не журналіста. Часам больш выніковымі зьяўляюцца тыя пытаньні, якія задаюцца з пазыцыі разуменьня суразмоўцы, а не з інтанацыяй ледзяной упэўненасьці журналіста ў тым, што ён мае рацыю.
г) Інтэрвію-партрэт. Падчас такога інтэрвію суразмоўцам звычайна выступае вядомая асоба (“зорка”, палітык, буйны бізнэсмэн), меркаваньні ці лёс якой былі б цікавымі для грамадзкасьці. Як правіла, тактыка вядзеньня такога інтэрвію простая: быць ветлівым і спрабаваць высьветліць усе магчымыя дробязі, якія могуць дапамагчы выявіць зусім цікавы ці нечаканы ракурс прэзэнтацыі вядомай асобы.
д) Прэс-канфэрэнцыя. Падчас яе правядзеньня складана атрымаць паўнацэннае інтэрвію, але дамагчыся канкрэтных адказаў можна, калі ведаць праблематыку і задаваць канкрэтныя, кароткія пытаньні.
3. Правілы вядзеньня інтэрвію
Першае правіла, якога вымагае жанр інтэрвію, простае:
ДА ІНТЭРВІЮ ТРЭБА РЫХТАВАЦЦА. Бо, хоць інтэрвію можа не атрымацца і па шмат якіх іншых прычынах, але тое абавязкова здарыцца, калі журналіст ня будзе падрыхтаваны да гутаркі. Непадрыхтаванага карэспандэнта лягчэй увесьці ў зман, ён сам можа заблытацца ў складанай сытуацыі, і гэта абавязкова адаб’ецца на якасьці інтэрвію і дакладнасьці інфармацыі. Да таго ж, ня кожны суразмоўца будзе працягваць гутарку з недасьведчаным рэпарцёрам.
З чаго пачынаць падрыхтоўку?
Відавочна, з ВЫБАРУ СУРАЗМОЎЦЫ. Праўда, выбару ў вас найверагодней (за выключэньнем неаператыўных інтэрвію) якраз і ня будзе, бо з нейкай вызначанай падзеяй часьцей за ўсё зьвязаны нейкі канкрэтны чалавек. Ён, напрыклад, зьдзейсьніў подзьвіг, зрабіў адкрыцьцё, замешаны ў скандале ці аказаўся сваяком, сябрам, настаўнікам героя дня, першаадкрывальніка, палітыка… Дарэчы, калі інтэрвію робіцца па гарачых сьлядах, маюць рацыю тыя журналісты, якія імкнуцца атрымаць камэнтар зь першых вуснаў. Празь дзень-тыдзень (у залежнасьці ад значнасьці падзеі) СМІ настолькі “раскруцяць” героя, што нават самае прафэсійнае, але запозненае інтэрвію з ім мала каго зацікавіць. Шукаючы адразу ж пасьля падзеі новыя падрабязнасьці, не пашкадуйце часу. Тут на дапамогу прыйдуць сваякі героя. Прызвычайцеся да таго, што размаўляць прыйдзецца з кожным. Але калі “віноўнікаў” шмат, то каму аддаць перавагу? Таму, хто больш гаваркі, мае процілеглае афіцыйнаму меркаваньне, знаходзіцца на другім полюсе, ці таму, да каго нават не падумаюць зьвярнуцца вашыя канкурэнты?
Эксклюзіў можна зрабіць нават у тых выпадках, калі афіцыйныя асобы абмежаваліся толькі пяціхвіліннай прэс-канфэрэнцыяй. Гультаяватым рэпарцёрам гэтага дастаткова. Куды больш удалае рашэньне — гутарка з кіраўніком арганізацыі, якую крытыкавалі, ці простым працаўніком той сфэры дзейнасьці, праблемы якой закранулі афіцыйныя асобы. Няхай і ён выкажа свой пункт гледжаньня на праблемы дзяржаўнай важнасьці.
Заўсёды карысна ўжо загадзя нешта ведаць пра асобу, у якой вы зьбіраецеся браць інтэрвію. Гэта здаецца відавочным, але нямала журналістаў не даюць сабе такога клопату. Разам з тым, даволі часта здараецца, што няма ні часу, ні магчымасьцяў вывучаць інтэрвіяваную асобу дасканала. Але пазнаёміцца з кар’ерай вашага рэспандэнта і тым, якую ён атрымаў адукацыю, заўжды карысна — хоць бы для таго, каб не марнаваць час, пытаючыся пра тое, пра што можна даведацца загадзя з іншых крыніцаў. Для завочнага знаёмства можна скарыстацца і газэтнымі публікацыямі. Здараецца, што той, з кім вы маеце намер рабіць інтэрвію,— асоба, якая ніколі не знаходзілася пад увагай прэсы. Тады можна пагутарыць і з чальцамі сям’і вашага рэспандэнта, і з яго калегамі па працы ці з іншымі людзьмі, якія яго ведаюць, у тым ліку, і з ня самага лепшага боку. Няблага таксама даведацца загадзя пра якія-небудзь цікавыя гісторыі зь яго жыцьця: яны нярэдка могуць паслужыць асновай для напісаньня іншых артыкулаў — інфармацыйнага ці проста пазнавальнага характару. Усё гэта дапаможа надаць матэрыялу завершанасьць.
Разумеючы адказнасьць размовы з чалавекам, які займае высокую пасаду ці сацыяльнае становішча, журналіст павінен быць упэўненым, што мае права задаць яму любое пытаньне. Таму што пытаньні задаюцца, па сутнасьці, ад імя чытачоў, а для журналіста галоўнае — здабыць у суразмоўцы цікавую і карысную для іх інфармацыю.
Як падрыхтавацца?
Уяўленьне пра тое, што журналіст павінен задаваць спантаныя пытаньні, якія б адлюстроўвалі сярэдні ўзровень аўдыторыі, не адпавядаюць рэчаіснасьці. Ён павінен добра арыентавацца ў прадмеце размовы, ведаць амаль столькі ж, колькі і сам аб’ект інтэрвію. Толькі той, хто дасьведчаны ў праблеме, можа запытацца пра самае істотнае.
Журналіст павінен рыхтавацца і да такога інтэрвію, у якім ідзе размова аб фактычным стане справаў, скажам, аб законапраекце, які рыхтуецца парлямэнтам. Цяжэй падрыхтавацца да размовы аб тых праблемах, якія ўвогуле не абмяркоўваліся, але і ў гэтых выпадках пажадана валодаць тэмай. Газэтныя публікацыі, Інтэрнэт дапамагаюць падабраць даведачны матэрыял.
Яшчэ адзін спосаб падрыхтоўкі да інтэрвію — абмеркаваньне праблемы з дасьведчанымі ў дадзенай вобласьці асобамі. Ці папярэдняя размова з аб’ектам інтэрвію. На радыё і тэлебачаньні выкарыстоўваецца папярэдняя гутарка — гутарка вядучага з запрошанай асобай да пачатку запісу. Для газэты гэта таксама важна. Зразумела, нярэдка няма часу рыхтавацца да інтэрвію па ўсіх згаданых вышэй правілах. Дапамагае агульная эрудыцыя, веданьне тэмы ўвогуле, выйгрышны суразмоўца, папярэднія перамовы з калегамі, якія ўжо пасьпелі сутыкнуцца з інтэрвіяваным, наведваньне прэс-канфэрэнцыяў. Дарэчы, на згаданых масавых мерапрыемствах можна вывучаць тэматыку, атрымліваць неабходныя лічбы і тлумачэньні, знаёміцца з магчымымі героямі інтэрвію.
Здаецца, недасьведчанасьць журналіста можа застацца паміж ім і яго суразмоўцам, але часам дастаткова зірнуць на тэкст інтэрвію, каб вызначыць, што журналіст зусім ня ведае прадмету размовы ці незнаёмы з жыцьцём і дзейнасьцю знакамітасьці, зь якой меў гонар размаўляць. Непрафэсійнага журналіста выкрываюць пытаньні, адказы на якія вядомыя загадзя: “Якое ўражаньне засталося ў вас ад нашага горада?”, ці банальныя роспыты: “А якія вашыя бліжэйшыя пляны?”.
Якія пытаньні нам патрэбныя?
Спачатку няблага сфармуляваць для самога сябе, што за інтэрвію вы хацелі б зрабіць, пра што і зь якой мэтай. Выдатныя пытаньні — прадуманыя, кароткія, дакладныя і простыя. Кожнае пытаньне павінна закранаць толькі адзін аспэкт тэмы ці праблемы. Калі ж вы задаяце два пытаньні ў адным, вы дазваляеце суразмоўцу ўхіліцца ад таго зь іх, якое здаецца яму небясьпечным.
Запытвайце, а не сьцьвярджайце
Пытаньні павінны быць запытальнымі, а не сьцьвярджальнымі.
Лепш пазьбягаць пытаньняў, на якія можна адказаць аднаскладова: так ці не. Пытаньні, якія камyсьці могуць падацца бязглуздымі, нярэдка прыводзяць да самых нечаканых, глыбокіх і цікавых адказаў. Да прыкладу:
— Што вы адчуваеце?
— Што вы маеце на ўвазе?
— Як вы сабе гэта ўяўляеце?
— Што вы зьбіраецеся рабіць цяпер?
Рыхтуючыся да інтэрвію, рабіце зацемкі
Гэта, праўда, не азначае, што падчас гутаркі патрэбна цалкам прытрымлівацца папярэдне падрыхтаваных запісаў. Іх наяўнасьць проста надае пачуцьцё ўпэўненасьці ў сабе. Нават калі ні разу не ўзьнікне патрэбы зазірнуць y нататнік. Дарэчы, часам ужо пасьля першых пытаньняў гутарка скіроўваецца ў іншы бок. І, як ні дзіўна, інтэрвію атрымліваецца лепшым, чым задумвалася.
Быць падрыхтаваным да інтэрвію ў некаторай ступені азначае, што журналіст можа прадбачыць, якія адказы выкліча тое ці іншае пытаньне, і такім чынам загадзя падрыхтаваць і альтэрнатыўныя пытаньні.
Канадзкі выкладчык журналістыкі Джон Савоцкі ўжо многа гадоў займаецца распрацоўкай мэтодыкі вядзеньня інтэрвію. Ён сьцьвярджае, што пытаньні павінны быць адкрытымі, нэўтральнымі, простымі. Гэта падштурхоўвае інтэрвіяванага задумвацца над іх зьместам і прыкласьці намаганьні, каб адказаць на іх. У такіх выпадках ёсьць магчымасьць ня толькі атрымаць тлумачэньні, але і выявіць пункт гледжаньня рэспандэнта.
Пасьля таго, як пытаньні да суразмоўцы прадуманыя, трэба задаць пытаньне самому сабе: “А ці зможа гэты суразмоўца адказаць на іх? А ці змог бы я сам адказаць на іх? Такі экспэрымэнт на сабе часам падказвае неабходныя для паўнацэннага інтэрвію альтэрнатыўныя ці дадатковыя пытаньні.
Ад якіх пытаньняў мы адмаўляемся?
Падчас падрыхтоўкі пытаньняў нельга парушаць 10 забаронаў. Вось як іх пазначыў Джон Савоцкі:
1. Нельгя задаваць пытаньні, якія дазваляюць аднаскладовыя адказы: так ці не.
2. Нельга сьцьвярджаць замест таго, каб запытацца.
3. Нельга аб’ядноўваць некалькі пытаньняў у адно.
4. Нельга задаваць бясконцыя пытаньні.
5. Нельга сваімі пытаньнямі апярэджваць адказы, прагназуючы іх.
6. Нельга, каб пытаньні журналіста ўтрымлівалі камэнтары і ўласныя ацэнкі.
7. Нельга прышчэпліваць ярлыкі да пытаньняў.
8. Нельга перабольшваць.
9. Няма сэнсу задаваць складаныя для разуменьня пытаньні.
10. Нельга ўкладаць уласныя меркаваньні ў пытаньні.
Самыя тыповыя памылкі — выкарыстаньне пытаньняў, якія б дапускалі аднаскладовыя адказы, выкарыстаньне сьцьвярджальных сказаў замест запытаньня і аб’яднаньне некалькіх пытаньняў у адно, а таксама працяглы ўступ да пытаньня.
Стратэгія гутаркі
Гутарцы павінен папярэднічаць уступ, з якога вынікала б, чаму менавіта канкрэтная асоба стала суразмоўцам журналіста, аб чым пойдзе размова, якую праблему яна закранае. Журналістам часта даводзіцца задаваць фактычныя пытаньні, мэта якіх здабыць канкрэтныя дадзеныя, высьвятліць лічбы і атрымаць уяўленьне аб тым, што папярэднічала нейкаму здарэньню. Чытач павінен атрымаць гэтую інфармацыю. Але ня з вуснаў суразмоўцы, а ад журналіста. Абагульненьне зьвестак — справа рэпарцёра. Ня трэба афармляць як асобныя пытаньні інтэрвію кшталту: колькі працоўных застануцца бяз сродкаў існаваньня, калі па запатрабаваньні “зялёных” спыніцца прадпрыемства. Ня трэба, каб міліцыянт агучваў лічбу загінуўшых падчас трагедыі. Гэта функцыя журналіста — паведаміць навіну першым. Адказным асобам пасьля гэтага паведамленьня задаецца пытаньне: “Чаму?” Яны павінны патлумачыць, чаму так адбылося і якія чакаюцца наступствы.
Журналіст, які бярэ інтэрвію,— той жа рэжысэр. Ён павінен прапрацаваць структуру гутаркі, яе завязку, заканчэньне і разьвіцьцё па законах драматургіі. Хоць заўсёды ёсьць магчымасьць пасьля гутаркі зрабіць “перабудову” інтэрвію, паставіўшы адказы ў тым парадку, у якім журналісты лічаць патрэбным. Але лепш усе ж такі, калі ад самага пачатку інтэрвію было лягічна “пабудаваным”.
Давайце крыху падсумуем. Такім чынам, пачынайце інтэрвію з навіны дня ці праблемы. Закладніку, які шчасьліва пазьбег трагічнай сытуацыі, можна задаць пытаньне, што ён адчувае; міністру, які паведаміў аб адстаўцы,— чаму ён гэта зрабіў; спартоўцу, які толькі што прайграў: “Што здарылася?”. Першае пытаньне можа выклікаць неабходнасьць удакладненьня: “Чаму адпусьцілі толькі вас?”, “Чаму ўчора вы адмаўлялі магчымасьць сваёй адстаўкі?”, “Што было найпершай перашкодай?” і г.д.
Пасьля ўдакладняльных пытаньняў не забудзьцеся вярнуцца да галоўнай тэмы (“касьцяка”). Атрымаўшы нечаканы адказ, раскрыйце яго, а магчыма яго давядзецца яшчэ і патлумачыць перш, чым журналіст вернецца да галоўнай тэмы. Калі ж адно з альтэрнатыўных пытаньняў выклікае нечаканы адказ, гэта азначае, што адно з заплянаваных пытаньняў трэба замяніць на пытаньне, якое вынікае з адказу.
Праблемы, што паўстаюць пры правядзеньні інтэрвію
Не бойцеся задаваць занадта простых пытаньняў. Пытаньні, у якіх чуваць ноткі экспэрта,— ня самыя лепшыя. Нават самы вопытны і дасьведчаны журналіст мае права на тое, каб задаць занадта простае пытаньне: “Ну, як вам?” Вельмі прымітыўна? Але, напрыклад, для прэм’ера, які толькі што страціў сваю пасаду, для спартоўца, які толькі што перамог ці прайграў, яно можа быць дарэчы. Сфармуляваць яго можна па-рознаму. Галоўнае, каб чалавек зрэагаваў на гэтае пытаньне эмацыйна.
Другое па папулярнасьці пытаньне: “Чаму?” Яго можна задаваць таму, хто адказны за прыняцьце якога-небудзь рашэньня ці чые выказваньні выклікалі дэбаты ў грамадзтве. І ці не пра тое, чаму нешта здарылася і як гэта адбылося, а таксама якія чакаюцца наступствы, хацелася б даведацца кожнаму з нас? Закончыць размову можна таксама досыць прамым пытаньнем. Прамыя пытаньні — прывілея вопытных журналістаў.
Гэткім чынам, пачынаць лепш з простых і менш спрэчных пытаньняў, а канфліктныя і складаныя пытаньні — пакідаць на канец гутаркі. Пры гэтым не губляйце кантролю за хадою гутаркі.
Падрыхтаваць пытаньні — гэта палова справы. Трэба яшчэ ўмець слухаць. Адным з эфэктыўных прыёмаў пры правядзеньні інтэрвію зьяўляецца маўчаньне. Калі ўтвараецца працяглая паўза, у людзей нярэдка ўзьнікае патрэба запоўніць яе словамі. Пачакайце, пакуль яны скончаць. А пасьля задавайце наступнае пытаньне. Адна з задачаў інтэрвію — дабіцца, каб рэспандэнт выказваўся спантанна. Паўза пасьля зададзенага пытаньня звычайна спрацоўвае добра, асабліва зь людзьмі, якія ня маюць вялікага досьведу кантактаў з журналістамі. Але часам здараецца — асабліва, калі ў чалавека няма вялікага жаданьня даваць інтэрвію, — што ад яго немагчыма дабіцца нічога, апроч “так” і “не”. Каб пазьбегнуць такой праблемы, трэба імкнуцца задаваць болей складаныя пытаньні.
Яшчэ адзін прыём заключаецца ў тым, каб часова адступіць ад асноўнай тэмы, якая вас цікавіць, і пэўны час задаваць вашаму рэспандэнту лёгкія, бяскрыўдныя пытаньні, каб ён паступова мог разьняволіцца. Шмат каму падабаецца, калі ў яго, напрыклад, пытаюцца, што ён думае з той ці іншай нагоды. Адчуўшы сябе выгодна, чалавек будзе ахвотней адказваць і на іншыя пытаньні.
Час ад часу задавайце “кантрольныя” пытаньні, каб праверыць шчырасьць суразмоўцы.
Пераканайцеся, што вы правільна разумееце адказы. Калі сумняецеся ў правільным разуменьні адказаў, папрасіце іх удакладніць. Калі ўсё ж такі сумненьні застаюцца, растлумачце сваё разуменьне сытуацыі і запытайцеся, ці слушнае яно. Асабліва гэта важна пры гутарцы на мэдыцынскія ці навукова-тэхнічныя тэмы.
Калі суразмоўца адхіляецца ад адказу на пытаньне, перафармулюйце яго і задайце зноў, але крыху пазьней.
Працягвайце размову, калі выключылі дыктафон. Самыя шчырыя выказваньні даводзіцца пачуць менавіта ў гэты спрыяльны час.
Не забудзьцеся дамовіцца задаць дадатковыя пытаньні, калі ў вас узьнікне ў гэтым патрэба. Пакіньце аб сабе добрае ўражаньне — ня выключана, што гэты чалавек можа спатрэбіцца вам у якасьці інфарматара. Добра таксама даць прачытаць падрыхтаваны да друку тэкст інтэрвію вашаму суразмоўцу. Не забудзьцеся патэлефанаваць, калі выйдзе інтэрвію і нават пакінуць газэту.
Такім чынам, ІНТЭРВІЮ вымагае:
— пастаноўку задачы (папярэднюю падрыхтоўку дома, вызначэньне характару інтэрвію і яго мэты);
— акрэсьленьня межаў апытаньня;
— прадбачаньня адказаў;
— гнуткасьці.
Пытаньні інтэрвію мусяць фармулявацца сьцісла і ясна. Пытаньні, у сваю чаргу, бываюць шырокія ці вузкія, агульныя ці канкрэтныя, а таксама скіраваныя, якія ўдакладняюць сэнс пры высьвятленьні прыхільнай ці непрыхільнай пазыцыі, даюць магчымасьць атрымаць дазвол на больш шчыры і сьмелы адказ. Ёсьць таксама і пытаньні-тэсты, якія дазваляюць вызначыць, ці дае чалавек інфармацыю зь першых рук альбо паўтарае з чыіхсьці словаў.
Важнай зьяўляецца пасьлядоўнасьць пастаноўкі пытаньняў:
— уступныя пытаньні “для разагрэву”;
— далей — пытаньні па фактах, на якія трэба дабівацца дакладных адказаў;
— нарэшце — пытаньні-развагі, на якія неабходна атрымаць камэнтар.
Вашы паводзіны:
— не нападайце на суразмоўцу і ў той жа час не далікатнічайце празмерна;
— не задавайце непрыемных пытаньняў на пачатку, пакідайце іх на канец гутаркі;
— загадзя дамаўляйцеся, што са сказанага будзе “не для друку”;
— карэктна вырашайце пытаньне аб азнаямленьні суразмоўцы з інтэрвію пасьля яго падрыхтоўкі і да апублікаваньня.