Марыя МАРТЫСЕВІЧ. Маргінальныя жанры верша ў сучаснай беларускай паэзіі: “антычны код” сучаснага беларускага верша. Лекцыя 4

План:

1. “Антычны код” як стратэгія кампенсацыі ў сучаснай беларускай паэзіі

2. Рэканструкцыя антычнага: Міхась Баярын, Юрась Пацюпа

3. Травестыя антычнага: Андрэй Хадановіч

4. Трансфармацыя антычнага: Сяргей Прылуцкі, Вера Бурлак

1. “Антычны код” як стратэгія кампенсацыі ў сучаснай беларускай паэзіі

Далучанасць да антычных топасаў ёсць важным паказнікам развіцця кожнай нацыянальнай літаратуры заходняй цывілізацыі. Таму актуальная задача беларускай літаратуры — засваенне гэтага базавага пласта літаратурнай традыцыі. На жаль, асноўны спосаб такога засваення — мастацкі пераклад — па самых розных прычынах у беларускай культуры ХХ ст. застаўся на перыферыі літаратурнага працэсу, стаўшы клопатам філолагаў-энтузіястаў, якія ў розныя часы шчыравалі над абеларушваннем самых знакавых твораў сусветнай літаратуры. Між тым яшчэ М.Багдановіч, аўтар першага ў новай беларускай літаратуры перакладу антычнага верша з лацінскай мовы (“Памятнік” Квінта Гарацыя Флака), робіць гэты пераклад у межах сваёй устаноўкі на мадэрнізацыю беларускай літаратуры, нібы пазначаючы гэтым тэкстам (гэтак жа, як і “Японскімі песнямі” ў жанры танка, санетамі, трыялетамі, рубаі, рандо і верлібрамі) асноўныя напрамкі развіцца абноўленай беларускай паэзіі. Антычныя матывы былі адным з найважнейшых складнікаў творчасці вялікага наватара беларускай паэзіі Максіма Танка. Падобным чынам і ў сучасным беларускім вершаванні адбываюцца кампенсаторныя працэсы, мэта якіх — актуалізацыя антычнай традыцыі ў беларускай паэзіі. Аднак поруч з “традыцыйным для беларускай літаратуры функцыянальным выкарыстаннем” [4, с. 21] антычных матываў у сучаснай беларускай лірыцы мае месца больш глыбокае ўзаемапранікненне антычных, інтэрнацыянальных і сучасных, мадэрністычных элементаў паэтыкі, што дазваляе нам казаць пра своеасаблівы “антычны код” сучаснага беларускага верша. Гэтае ўзаемапранікненне адбываецца на некалькіх узроўнях:

фармальна-жанравым (выкарыстанне антычнай метрыкі, стварэнне вершаў у жанрах, якія паходзяць з антычнай літаратуры: элегія, эпістала, максіма і г.д.)

стылістычным (кшталтаванне “высокага штылю” антычнай паэзіі сродкамі сучаснай беларускай мовы)

сюжэтна-вобразным (інтэрпрэтацыя вядомых сюжэтаў антычнай міфалогіі ў сучасным беларускім вершы).

Апроч таго, у сучаснай паэзіі можна, на мой погляд, вылучыць такія стратэгіі актуалізацыі антычнага, як рэканструкцыя, травестыя і трансфармацыя. Разгледзім, якім чынам рэалізоўваюцца гэтыя стратэгіі ў творчасці розных паэтаў канца ХХ—пачатку ХХІ ст.

2. Рэканструкцыя антычнага: Міхась Баярын, Юрась Пацюпа

Адным з характэрных прыкладаў актуалізацыі антычнасці ў сучаснай беларускай паэзіі ёсць цыкл вершаў “Лісты да беларускага сябра” М.Баярына. Сама форма эпісталы ў метраполію адсылае да паэмы Іосіфа Бродскага “Лісты да рымскага сябра”. “Лісты…” Бродскага былі напісаныя ад асобы Марцыяла, рымскага паэта І ст. у форме эпістал, адрасаваных паэтам, які вярнуўся дажываць жыццё на радзіму ў Гішпанію, у сталіцу, Рым, па якім ён сумаваў. Бродскі асэнсоўвае як выгнанне з Імперыі сваю змушаную эміграцыю з СССР. Лірычны герой Бродскага свядома ставіць сябе на маргінэс імперскага дыскурсу, выбірае край, правінцыю:

Если выпало в Империи родиться,

лучше жить в глухой провинции у моря.

И от Цезаря далеко, и от вьюги.

Лебезить не нужно, трусить, торопиться [3, с. 270].

Баярын пазычае ў рускага паэта матыў “выгнання” — безумоўна, варыяцыю антычнага матыва адысеі. Не жаданы ў айчыне, ён сядае ў “маленькі жагляр” (тут старабеларускае слова “матрос” ужыта ў значэнні “карабель”), якім кіруе капітан Харон і выпраўляецца ў плаванне. У адрозненне ад Бродскага, для Баярына “выгнанне” мае метафарычнае значэнне: паэт не пакідае радзімы фізічна, ён выпраўляецца ў эміграцыю духа, ментальную адысею. Адзін з асноўных прыёмаў тэксту — сумяшчэнне ў адным складаным, асацыятыўным вобразе антычнага і беларускага топасаў (асацыятыўнасць — гэта ўвогуле аснова генезісу Баярынскіх вершаў).

Бачыць цябе, мой Аргус, неяк няма жаданьня.

Там у вас восень, канешне, вечная сьмерць лісьця.

Восень у вас заўсёды. Гэта мяне й лякае.

Ты ашалеў, мой Аргус, і хаты не ўвартаваў.

Зараз жывуць у палацы якіясь людзі чужыя.

Дый калі б я й вярнуўся, ты б мяне не пазнаў.

Згрыз бы сваймі зубамі. І людзі б цябе хвалілі.

Далі б кавалак мяса, і ты бы спакойна спаў.

Жэк лістоў не чытае зь вельмі простай прычыны.

Я іх не адпраўляю, тут гэта зрабіць няма як. [2, с. 82].

Паэт цытуе адзін з вандроўных сюжэтаў літаратуры, які паходзіць з “Адысеі” Гамера — сабака Адысея Аргус першы пазнаў гаспадара пасля яго вяртання на Ітаку:

Тут яго Аргас* ляжаў — і скрозь на ім вошы кішэлі.

Ледзь толькі зблізу пачуў ля сябе Адысея,

Вухі абодва стуліў і хвастом завіхляў ён насустрач [1, с. 27].

(* Так у перакладчыка).

У Баярына Аргус раптам ператвараецца ў Жэка — адрасата “Ліста да сабакі” Язэпа Пушчы:

Вартуй, вартуй лепш хату да рассвету”,

Вартуй, мой дружа, родны ганак”,

Чужыя людзі ходзяць каля склепа.

Пільнуй! [11, с 113, 117]

Рытмічная асаблівасць “Лістоў…” М.Баярына ў тым, што вершы напісаны дольнікам, а не дакладным антычным памерам: паэт толькі стылізуе антычную метрыку. Яму важней стварыць сугестыю старажытнага верша, сінтэзаваць высокі, узнёслы стыль антычнай паэзіі, а не датрымацца правілаў вершавання. Баярын як бы сінтэзуе адпаведнік антычнай паэзіі па-беларуску, які заснаваны на шырокім спектры культурнага цытавання і ўключае як беларускія, так і агульнакультурныя складнікі.

Прыклад падобнага аднаўлення, рэканструкцыі сустракаем таксама ў Юрася Пацюпы. Яго “фрагмент бясконцай паэмы” (аўтарскае азначэнне жанру) “Краіна зёлак”, прысвечаны Зосьцы Верас, — гэта адсылка адначасова да букалічных паэм Вергілія і да аднаго з асноўных метажанраў беларускай паэзі ХХ ст. — пейзажнай лірыкі:

Сёння — хмары ад ранку нізюткае неба замглілі,

сыплецца дробны рунец. Толькі — травы акіян

слаба ўздыхае пад ветрам. Аднак жа заслонаю з марлі

крые абшары туман, хілячы травы да сну.

Перш — багаткі паснулі; і я сярод іх засынаю —

сёньня, напэўна, Марфей дружбу з Зефірам завёў. [9]

Ю.Пацюпа таксама распрацоўвае жанр максімы, пішучы элегічным двувершам філасофскія двухрадкоўі (невялікі цыкл “Банальныя праўды”):

Розум наш — кволая сьвечка, што цемру быцьця асьвятляе,

толькі запаліш агонь — цемра гусьцее вакол. [9]

У адрозненне ад М.Баярына і Ю.Пацюпы, чые стылізацыі антычнай паэтыкі маюць прыкметы хутчэй гераічнага пафасу, Эдзік Мазько стварае свае элегіі “Каты і сабакі” ў юрлівым, вагантаўскім духу. У межах сяброўскага шаржу ён спалучае дакладны антычны памер (элегічны двуверш) і антычную вобразнасць з жанрам паслання да хатніх любміцаў, у яго выпадку — да ката Юрася Пацюпы Рыбентропа.

…славы й пашаны ня маеш, ахвяры забыў i цяпло,

стаў ненавiсны багам несьмяротным, i людзям, i псам,

так за няшчырасьць мудрыя Мойры цябе пакаралi. [7]

І тут мы набліжаемся да другога спосабу ўзаемадзеяння антычнай і мадэрністычнай паэтык — травестыі.

3. Травестыя антычнага: Андрэй Хадановіч

Андрэй Хадановіч у сваіх ранніх вершах дэманструе травестыйны падыход да спалучэння нацыянальнага і антычнага. Гаворка перш за ўсё пра паэтычны адказ на “Лісты…” М.Баярына — верш “Пасланне да беларускага пошт-мадэрніста”. Першаўзор, на які спасылаецца паэт (“Пасланне да Пізонаў” Гарацыя) кажа нам, што Хадановіч пачынае не проста творчую палеміку, але і паэтычны “майстар-клас”: паэт навучае калегу, а заадно і чытача, “мастацтву паэзіі”. З аднаго боку, ён рэагуе на тэкст Баярына іранічнымі павучаннямі фармальнага кшталту;

Твой „ex infernis“ — амаль што „з вёскi ад пэўнага дзеда [15, c. 59]

Або

…ёсьць недарэчнасцi ў вершаскладаньнi.

Гучны пентамэтар наш, барбар, навошта псуеш?! [15, c. 59]

Стылізуючы тэкст пад сяброўскі ліст пра асабістыя справы, паэт (а ў “Пасланні…”, паводле законаў жанру паэтычнага трактату, гаворка ідзе менавіта ад асобы паэта, а не лірычнага героя) на практыцы дэманструе галоўныя прынцыпы постмадэрністычнага метаду: макаранічнасць і спалучэнне высокага і нізкага: “Aere perennius, дык!” [15, c. 60]

травестыя класічных твораў, напрыклад, Гамера:

З мораку, як мае быць, прыгожая выйшла паненка

З пальцамi, як мае быць. Я ў ёй Аўрору пазнаў

Па характэрнай крывi на яе пурпуровых пазногцях:

Звычка прывабных дзяўчат — ладзiць сабе манiкюр… [15, c.58]

ці “Лістоў да рымскага сябра” Іосіфа Бродскага:

Калi пашчасцiла ўжо ў iмперыi нам нарадзiцца —

Лепш у правiнцыi жыць, тут альбо ў горадзе М… [15, c. 59]

нанізванне цытат:

Мне засталося дадаць: Carthaginem esse delendam!

І праз чатыры гады тут расцвiце горад—сад! [15, c. 60]

і іншыя. Галоўны з такіх прыёмаў — рытмічная цытацыя (ужыванне антычнага пентаметру).“Пасланне…” А.Хадановіча з’яўляецца яшчэ адной (поруч з “Трактатам аб паэзіі” М.Танка) беларускай варыяцыяй гарацыянскага топасу “Ars Poetica”, пастулатам, у дадзеным выпадку, постмадэрністычнага метаду паэзіі.

Калі ў “Пасланні…” выбар пентаметру абумоўлены наследаваннем Гарацыю і рамкамі жанру павучання, то ў поліметрычным цыкле “Выбраныя месцы з ліставання Івана Жахлівага і Н.К.Крупскай” антычныя памеры выкарыстаны безадносна да зместу: розныя пасланні напісаныя элегічным двувершам:

Мір табе, жэншчына—вамп, дыстрыбутар чужое харызмы!

Salve, сяброўка чужых дзён і суворых начэй! [15, с. 69].

малым асклепіядавым вершам:

Не хвалюйся, Янук: сябру і мужа я

Ўсім на зайздрасьць знайшла (перадусім — табе)” [15, с. 68],

сапфічнай страфою:

Дай яму спазнаць і дабра, і ліха,

Дай яму сарваць незямное веды

З дрэва каталогаў твае машыны

З назваю “Apple”!.. [15, с. 67].

Адна з адметных асаблівасцей цыклу — наўмысная анахранічнасць: гістарычныя персанажы розных эпох лістуюцца на беларускай мове з дапамогай камп’ютараў. Антычная метрыка, падкрэсленая рэмінісцэнцыямі як біблейскіх міфаў (гл. папярэднюю цытату), так і знакамітых антычных твораў (напр. “Богу роўным станецца той смяротны,/ Што будан сямейны з табой раздзеліць” [15, с. 67]— адсылка да Сапфо), робіцца адным са складнікаў іранічнай мазаікі цытат, каламбураў і стыляў.

Разгледжаныя вышэй вершы М.Баярына, Э.Мазько, Ю.Пацюпы і А.Хадановіча былі напісаныя ў канцы 1990-х гг. Гэта перыяд пачатку кшталтавання “антычнага кода” ў сучаснай беларускай паэзіі. Творы згаданых паэтаў нясуць у сабе прыкметы фармалізму, філалагічнасці. Асноўныя асаблівасці гэтых твораў — ужыванне антычных памераў (Хадановіч, Мазько, Пацюпа), альбо іх стылізацыя (Баярын), кантамінатыўны характар тэксту — спалучэнне архаічнага, высокага стылю і зніжанай (Хадановіч, Мазько) метафорыкі, спалучэнне старабеларускай лексікі з лацінай (Баярын), топасаў антычнай паэзіі і беларускай лірыкі ХХ стагоддзя (Баярын, Пацюпа), звышіранічнасць (Хадановіч, Мазько), звышгерметычнасць (Баярын), ярка выражаны інтэлектуалізм — “кніжнасць” (усе паэты). Баярын, Пацюпа і Хадановіч намагаюцца распрацаваць адпаведнік “высокага штылю” беларускай паэзіі. І антычны код — метрыка, паэтыка і рэмінісцэнцыі класікаў выкарыстаны тут не толькі дзеля постманэрністычнага антуражу, але і як спроба кампенсаваць брак антычнага складніку ў беларускай паэзіі ХХ ст. Як зазначае А.Хадановіч у праграмным эсэ “Эпоха Вялікай Рэтардацыі, альбо Беларуская паэзія заўтра”: “Сучаснай беларускай паэзіі (як і нашай літаратуры наагул) не пашкодзіла б нарэшце быць упісанаю ў сістэму сусветных літаратурных топасаў, тэм, вечных вобразаў. Вандроўныя сюжэты чалавечай культуры мусяць нарэшце дабрысці й да Беларусі, а дабраўшыся сюды,— распазнацца чытачамі як такія” [14, с. 450].

На пазнейшым этапе кшталтавання “антычнага коду” сучаснай беларускай паэзіі да дзвюх вышэй апісаных стратэгій дадалася стратэгія трансфармацыі.

4. Трансфармацыя антычнага: Сяргей Прылуцкі, Вера Бурлак

Антычнасць істотна паўплывала на ўсю наступную традыцыю еўрапейскай культуры. У прыватнасці, міфалогія старажытных грэкаў стала своеасаблівай “крыніцай Іпакрэны”, з якой творцы розных эпох, нацыянальнасцей і відаў мастацтва запазычваюць “вечныя” сюжэты, рэалізуючы з дапамогай распаўсюджаных топасаў уласныя ідэалагічныя і эстэтычныя задачы. Прычым у сучаснай літаратуры дзеля рэалізацыі гэтых задач часцей за ўсё адбываецца трансфармацыя топаса.

Міф пра Арфея і Эўрыдыку, уведзены ў літаратурны дыскурс рымскім паэтам Авідзіем Назонам у “Метамарфозах”, — адна з самых распаўсюджаных міфалагем сусветнай літаратуры: міфічны фракійскі спявак Арфей, поруч з Апалонам, стаў у заходняй культуры ўвасабленнем творцы. Паводле міфічнага сюжэта, Арфей спусціўся ў царства Аіда па каханую жонку Эўрыдыку, якая памерла ад укусу змяі. Зачараваны спевамі, Аід дазволіў Арфею забраць жонку ў свет жывых пры ўмове, што, выходзячы з Аіду, Арфей не азірнецца на каханую. Іх правадніком наверх быў бог Гермес. Арфей не вытрымаў і азірнуўся, страціўшы жонку ў другі раз [8, с. 656]. У еўрапейскай паэзіі да гэтага міфу звярталіся В.Гюго, Р.М.Рыльке, П.Валеры, Г.Апалінэр, у рускай — В.Брусаў і М.Цвятаева. Арфічны топас — адзін з асноўных у паэзіі М.Танка, ён знайшоў увасабленне ў “Казцы пра Музыку”. У сучаснай беларускай літаратуры ў прозе да яго звярталася Людміла Рублеўская (апавяданне “Арфей і Эўрыдыка” з цыклу “Старасвецкія міфы горада Б.”), у паэзіі — Ігар Бабкоў. Але найбольш поўным скарыстаннем “арфічнага топасу” ў сучаснай паэзіі і найбольш радыкальнай яго трактоўкай з’яўляюцца вершы “Арфей, Эўрыдыка, герпес” А.Хадановіча і “Арфей” С.Прылуцкага.

Культурная аснова абодвух твораў не толькі антычны сюжэт, але і яго інтэрпрэтацыя Рыльке ў вершы “Арфей, Эўрыдыка і Гермес”. У вершы Прылуцкага да Рыльке адсылае эпіграф (“Ты цемра, што мяне радзіла…” [10, с. 11]), і абраная аўтарам форма белага верша, у цэлым яго творчасці не ўласцівая. Хадановіч спасылаецца на Рыльке іранічным каламбурам у назве верлібру. Ад старагрэцкага міфу паэты пакідаюць агульную канву, накладаючы на яе сучаснасць. У Хадановіча Арфей — вулічны музыка:

Некалі ён іграў на скрыпцы

у падземным пераходзе,

і граў так, што з усіх бакоў збіраліся

бяздомныя коткі й скінхэды

і першыя клаліся ля другіх

зачараваныя музыкаю” [12, с. 129].

Падземным царствам робіцца мінскі метрапалітэн, і папярэджанне, якое дае Арфею Аід, укладаецца ў вусны дыспетчарак:

Паважаныя пасажыры,

не падыходзьце да краю платформы!

Не заходзьце за абмежавальную лінію!

І не азірайцеся,

напрамілы Бог, не азірайцеся! [12, с. 129].

Эўрыдыка, якая нечакана пацалавала Арфея ў падземным пераходзе, надзяліўшы яго герпесам, пасля таго, як Арфей парушыў забарону і азірнуўся,

…аслупянела,

зрабіўшыся калонаю з выявай дзяўчыны

(Цяпер яе лёгка знайсці на станцыі метро

сярод іншых персанажаў Якуба Коласа)” [12, с. 130—131].

Антычны сюжэт у Хадановіча выступае ў адзінстве з біблейскімі матывамі (жонка Лота, леў побач з ягнём і г.д.) і сучаснасцю, увасобленай у энергетыцы мінскага метро, з беларускай літаратурнай традыцыяй яго нітуюць цытаты з класічных твораў, з якімі таксама адбываецца трансфармацыя:

“Зорка Венера ўзышла…”

Не, гэта не пачатак рамансу

І нават не чорная мша.

Гэта пазыўныя ў мінскім метро [12, с. 129].

Прылуцкі па-іншаму інтэрпрэтуе канву міфа. Як і заўжды, на Варшаўскім мосце выходзіш з машыны [10, с. 11] — беларуска-польская мяжа бачыцца брэсцкаму паэту пераправай Харона праз Стыкс, а падарожныя — гэта няўяўныя зборышчы душ (…) каля шапікаў з дрэнным фаст-фудам [10, с. 11]. Прылуцкі расказвае пра “метамарфозы лёсаў”. Яго Арфей не творца, ён — герой 1990-х, гандляр-чаўнок:

Знерваваным Арфеем ганяеш да Беластоку,

а твая Эўрыдыка — палонная ў царстве айчыны. [10, с. 12]

Тут мае месца істотнае адступленне ад міфічнага сюжэту. Царства Аіда ў Прылуцкага — радзіма, Беларусь, зямны свет — гэта “Польшча, “нібыта-свабода”. Арфей — жыхар падземнага свету, дзе яго чакае Эўрыдыка. Яго лёсам кіруе “дзяжурны змены, мытнік Гермес”. Калі наступіць час, і ў Арфея скончыцца віза, “дзяжурны Гермес” загадае яму вяртацца, і ён паедзе “назад, каб неяк уладкавацца/ качагарам у штольні Аіду, пад бок да сваёй каханай”[10, с. 12].

У цыкле вершаў Веры Бурлак, аб’яднаных, назвай “Сірынга”, ужыта іншая міфалагема, якая сустракаецца ў “Метамарфозах” Авідзія — гісторыя ляснога бога Пана і німфы Сірынгі: ратуючыся ад пераследу юрлівага Пана, німфа ператварылася ў трыснёг, з якога бог зрабіў сабе жалейку [8, с. 439]. Але, падобна да аўтараў “арфічных” вершаў, паэтка трансфармуе міф, а менавіта тыражуе сюжэт, даючы некалькі яго варыянтаў, што і абумоўлівае кампазіцыю твора, часткі якога вельмі разнародныя. У кожнай з частак Сірынга ператвараецца ў штосьці новае і адпаведна стаецца тым ці іншым іструментам: “Пан грае на валынцы, бо Сірынга ператварылася ў авечку”; “Пан грае на горне, бо Сірынга ператварылася ў катушку меднага дроту” і г.д. У частцы “Пан грае на барабане, бо Сірынга засталася Сірынгай і не захацела спяваць” паэткай ужыты такі прыём сучаснай паэзіі, як “уцелаўленне” міфу:

Яна сказала: я лепш памру —

і памерла.

А Пан плакаў.

Пан хадзіў пануры.

А Пан зрабіў барабан з ейнае скуры [5, с. 23].

На ўзроўні формы ўцелаўленне зместу адцяняецца гукаперайманнем:

Слухайце, як спявае

Сірынга,

Сірынга,

Сірынга,

Калі на ёй грае Пан,

Слухайце, як спявае

Сірынга,

Сірынга,

Сірынга,

Гэта я вам кажу, сама Сірынга,

Cлухайце, як спявае

Сірынга,

Сірынга,

Сірынга,

Найлепшы ў свеце барабан [5, с. 24].

На пазнейшым этапе свайго кшталтавання “антычны код” беларускай постмадэрністычнай паэзіі зазнаў пэўныя змены. Імкненне “ахапіць неахопнае” саступіла месца больш цэласнаму, сінтэтычнаму падыходу да складання тэкстаў на аснове антычных матываў. Паэтаў цікавіць непасрэдная праца з антычнымі топасамі: узнаўленне “вечных” сюжэтаў сродкамі сучаснай паэтыкі — поўным спектрам паэтычных формаў ад сілаба-тонікі да “расхістаных” памераў і верлібра. Разам з тым, у сітуацыі нешырокай прадстаўленасці антычнай лтаратуры ў беларускіх перакладах, выкарыстанне антычных памераў, імітацыя стылю антычнай паэзіі сродкамі сучаснай беларускай мовы нясе ў сабе прыкметы культурнага сінтэзу, мэта якога — мадэрнізацыя беларускага верша і разам з тым — узбагачэнне нацыянальнай паэтычнай традыцыі. А значны травестыйны складнік “антычнага коду” кажа нам пра повязь часоў: травестыя, бурлеск паэмаў другой паловы ХІХ ст. “Энеіда навыварат” і “Тарас на Парнасе”, — гэта, як зазначаюць даследчыкі, адзін з падмуркаў, на якіх паўставала беларуская паэзія ХХ ст. [6, с. 9].

Крыніцы

1. Антычная літаратура ў беларускіх перакладах: Старажытная Грэцыя: Хрэстаматыя / Уклад., аўт. прадм., біягр. даведак, слоўніка імёнаў і назваў Д.М.Лебядзевіч. —Гродна: ГрДУ. —2002. —256 с.

2. Баярын М. Шалёны вертаградар (Вянок на магілу Ёзэфа Кнехта). —Мн.: БГАКЦ, 1998 —88 с.

3. Бродский И.А. Форма времени: Стихотворения, эссе, пьесы. В 2 т. Т.1. —Мн.: Эридан, 1992. —480 с; http://www.litera.ru/stixiya/authors/brodskij/nynche-vetreno-i.html

4. Верына У. Ю. Верлібр у паэзіі беларускага авангарду 1980-х—1990-х гадоў. —Мн.: Бестпрынт, 2005. —92 с.

5. Джэці (Бурлак В.) За здаровы лад жыцьця. —Мн.: І. П.Логвінаў, 2003. —102 с.

6. Лебядзевіч Д.М. Антычныя традыцыі ў беларускай літаратуры ХІХ—пач. ХХ стагоддзя. —Брэст, 1997. —24 с.

7. Мазько Э. Каты і сабакі // Калосьсе. №6. —1998; http://kamunikat.fontel.net/www/czasopisy/kalossie/06/06_mazko.htm

8. Мифы народов мира в 2 т. / редкол.: С.А. Токарев (гл. ред) [и др.]. —М.: Сов. энциклопедия, 1992. —Т.2. —1992. —719 c.

9. Пацюпа Ю. Краіна зёлак // Наша Ніва. 2005. —№31.

10. Прылуцкі С. Дзевяностыя forever. —Менск: Медысант. —2008. —148 с.

11. Пушча Я. Збор твораў у двух тамах. Т. 1. —Мн.: Маст. літ., —1993.

12. Хадановіч А. From Belarus with love. Збірка поезій.—Київ: Факт, —2005 —144 с.

13. Хадановіч А. Старыя вершы. —Мн.: І.П.Логвінаў, —2003. —120 с.

14. Хаданович А. Эпоха Вялікай Рэтардацыі, альбо Беларуская паэзія заўтра // Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня. —Санкт-Пецярбург: Невский простор, —2003. —496 с.

You may also like...