Мікола КАЦУК. Як магчыма незалежная сацыялогія (Лекцыі 1—3)
Лекцыя 1. Як магчыма незалежная сацыялогія
План:
1. Падставы незалежнасці сацыяльнай навукі
2. Генеалогія і структура поля
3. Парушэнні аўтаноміі вытворчасці веды
4. Палітыка разрыву, ці як магчыма сацыялагічная аб’ектыўнасць
1. Падставы незалежнасці сацыяльнай навукі
Тэза, з якой я хацеў бы пачаць, сфармулявана П’ерам Бурдзьё. Яна палягае на тым, што сацыялогія можа быць незалежнай толькі тады, калі кіруецца выключна сацыялагічным інтарэсам. Перадусім тут маецца на ўвазе аўтаномія поля сацыялагічнай вытворчасці. Аўтаномія як магчымасць і здольнасць устанаўляць уласныя правілы для ўласнай дзейнасці.
Але гэтая тэза, падаючыся відочнай, калі нават не трывіяльнай, канцуецца парадаксальнымі высновамі. Як піша Бурдзьё, “сацыяльныя навукі мусілі заваяваць незалежнасьць ад палітыкі і палітыкаў, а дзеля гэтага належала давесці сваё права на ўласныя нормы валідызацыі і — асабліва — адстаяць права самім вызначыць кола праблем, якія павінны імі вырашацца, г.зн. праблем чыста сацыялагічных, адрозных ад “сацыяльных” ці “палітычных”.
Інакш кажучы, там, дзе вырашаюцца сацыяльныя, палітычныя, эканамічныя і любыя іншыя праблемы, сацыялогіі як навукі няма і быць ня можа. Аднак дамінантная ўстаноўка сацыялагічнай адукацыі якраз у адваротным, а менавіта — у прадукаванні выканаўцаў, гатовых брацца за ўсялякую знадворкавую (адносна ўласна сацыялогіі) праблему. Сама структура сацыялагічнай веды будуецца педагогікай у строгай адпаведнасці з структурай дзяржаўнага апарату, дзе кожнай галіне сацыялогіі адпавядае калі не галіна народнай гаспадаркі, то, прынамсі, сваё міністэрства альбо камітэт. Была нават выдумана “спецыяльная сацыялагічная тэорыя”, якая, адрозна ад прапанаваных амерыканскім сацыёлагам Р.Мэртанам “тэорый сярэдняга рангу” (напрыклад, тэорыі сацыяльнай групы), злучала не столькі тэарэтычны і эмпірычны ўзроўні даследаванняў, колькі ўстанаўляла гамалогію даследных і адміністрацыйных пазіцый.
Які сацыёлаг можа абгрунтаваць сацыяльную праграму? Толькі спэцыяліст у той сферы, адносна якой сфармавана вонкавая замова — сацыялогія працы, сацыялогія права, сацыялогія медыцыны і нават сацыялогія культуры, якая даследуе наведвальнасць бібліятэк, — знаходзіць сваіх двайнікоў у калідорах адміністрацый, упраўленняў і ведамстваў.
Прадбачачы магчымую рэакцыю на аўтарытарнасць дзяржавы і гераізм барацьбітоў за дэмакратыю, адзначу: гэта не праблема таталітарнай Беларусі, гэта праблема сацыялогіі наагул. Фізік альбо матэматык валодаюць манапольным правам на выказванні аб фізычным ці матэматычным свеце. Ніхто не здзіўляецца таму, што матэматык вырашае матэматычныя праблемы. А вось аўтаномія сацыялогіі, апроч імпліцытнага дзяржаўнага ўмяшальніцтва, парушаецца і адкрытасцю даксічным інтэрпрэтацыям.
Пад доксай тут разумеецца сама па сабе відочная, нерэфлексіўная веда аб сацыяльным свеце. Разрозненне ісціны і доксы мае гістарычны характар і вызначаецца іх ролямі ў працэсах вытворчасці/адтварэння грамадскага жыцьця. Даксічная веда дазваляе захоўваць саматоеснасць грамадства, яго status quo; падзея ісціны можа парушыць структурную раўнавагу сацыяльнай сістэмы, робячы раней немагчымыя практыкі магчымымі.
Адкрытасць веды аб грамадстве доксе праяўляецца ў тым, што для інтэрпрэтацыі сацыялагічных дадзеных не патрабуецца якой-кольвек спецыфічнай кампетэнцыі. Папросту дастаткова мінімальных ведаў у арыфметыцы, каб з вынікаў сацыялагічных даследзінаў рабіць далёкасяжныя высновы.
Да таго ж, любая сацыялагічная інфармацыя, што падаецца непасрэднаму замоўцу, публічнаму спажыўцу ці СМІ, мусіць адпавядаць іх чаканням — гэта значыць быць далёкай ад логікі навуковай вытворчасці.
Залежна ад спецыфікі палёў, што ўзаемадзейнічаюць з полем сацыялогіі, “скрыўленні” тут бываюць самымі рознымі. Але адасоблена ад сваіх “скрыўленняў” усе яны накладаюцца на ўжо гістарычна сфармаваную структуру поля. Таму перадусім нам трэба ўявіць сацыялогію ў працэсе яе станаўлення. Пры гэтым будзем мець на ўвазе, што грунтоўнага аналізу поля сацыялагічнай навукі дагэтуль не праводзілася. Мабыць, таму, што бальшыня сацыёлагаў баіцца канфліктаў, якія непазбежна вынікнуць з усялякай спробы падобнага самаапісання.
2. Генеалогія і структура поля
Сацыялогія ў Беларусі, з якога боку яе ні ацэньвай, — спадкаемца савецкай сацыялогіі. І рэч нават не столькі ў ідэалагічным прэсінгу сучасных уладаў, колькі ў разрыве з традыцыяй апісання грамадства і залішняй залежнасці ад філасофіі. Сацыялогія наагул, пачынаючы з контаўскага “Курсу пазітыўнай філасофіі”, робіцца магчымай толькі пры разрыве з устаноўкай на філасофію. У нашым выпадку гэты разрыў значна прыпазніўся (ён і дагэтуль не завершаны), доказам чаго служаць “новыя” падручнікі па сацыялогіі.
Савецкая дзяржава была ўнікальнай і ў тым сэнсе, што грунтавалася на філасофскіх канструктах. Падчас адноснай стабілізацыі сістэмы, якая прыпала на паваенныя гады, складаецца “прафесійная” дыферэнцыяцыя на “філосафаў-практыкаў”, то бок партыйных лідэраў, і “філосафаў-тэарэтыкаў”, то бок прадстаўнікоў акадэмічнай філасофіі, змушаных вынаходзіць усё новыя і новыя абгрунтаванні дзейнасці першых адпаведна з “віхляннем” лініі партыі (балазе марксізм-ленінізм дазваляў гэта рабіць).
Увага да сацыялогіі (другое яе нараджэнне) прыпадае на 1960-я, калі камуністычная сістэма пачынае даваць збоі. Паказальны сам накірунак прац — гэта эканамічная ці прамысловая сацыялогія, што ставіла мэтай “выяўленне ўнутраных рэзерваў”, а крыху пазней выяўляла цэментавальную ролю ідэалогіі ў даследаваннях кшталту “сацыялістычны лад жыцця і яго роля ў развіцці жывёлагадоўлі”.
Сацыялагічнай адукацыі тады не было. Рыхтавалі толькі філосафаў з спецыялізацыяй у гістарычным матэрыялізме (значыць, і ў сацыялогіі). Таму ў 1970—1980 гг. сацыялагічныя дысертацыі абараняліся пад ВАКаўскім “шыфрам” “гістарычны матэрыялізм”. Зразумела, у той час працаваць філосафам са спецыялізацыяй у навуковым камунізме, тэорыі пазнання ці гісторыі філасофіі было больш прэстыжна і выгодна, чым бегаць з анкетамі і асадкай, падлічваючы “хі-квадраты”. Хаця, папраўдзе, варта адзначыць, што становішча сацыёлага таксама не было зусім ужо гаротным: камандзіраванага сустракалі на ўзроўні другога сакратара райкаму і выбачаліся, да прыкладу, за “Волгу” белага колеру.
Яшчэ адно пацверджанне такой сітуацыі — назвы факультэтаў, што яскрава адлюстроўвалі ерархію дысцыплін. Прынамсі, у БДУ эвалюцыя назваў была наступная: гістарычны факультэт (філосафы са спэцыялізацыяй), філасофска-эканамічны (з’яўленне сацыёлагаў, псіхолагаў, культуролагаў), факультэт філасофіі і сацыяльных навук (адасабленне эканамістаў і замена культуралогіі на “інфармацыю і камунікацыю”).
Пададзеныя ўзоры сведчаць, што сацыёлаг быў убудаваны ў больш шырокую сістэму ў якасці тэхнічнага памочніка філосафа і/альбо адміністратара.
Сітуацыя кардынальна мяняецца з перабудовай, калі скіраванасць сацыялогіі на практыку рэальнага жыцця дазваляе ёй заняць уласную нішу. Абстрактная філасофская веда, у літаральным сэнсе, раптоўна страчвае кошт. Сацыялогія ж, вызваліўшыся ад філасофіі і разам з ёй ад абстрактных схем і тэорый, пераарыентоўваецца на метады апытанняў, якія дазваляюць здабыць хуткі і рэальны вынік. Таму сацыялогія займела нават магчымасць ператварэння ў бізнэс.
Цяпер галоўным капіталам сацыёлага стала веданне замежных моў (што дазваляе чытаць у арыгінале сучасныя публікацыі і тым самым не толькі падвышаць свой статус перад калегамі, але й арыентавацца ў найноўшых сацыялагічных тэндэнцыях) і палітычная актыўнасць (што таксама спрыяе наладжванню карысных знаёмстваў з пазіцыі прафесійнага прагматызму, трымаючы “руку на пульсе часу”). Калі да гэтага дадаецца навуковая ступень, нават не адпаведная з уласна сацыялогіяй, — усё, дамінанта ў полі сацыялогіі занята.
На пасляперабудовачны перыяд прыпадае канчатковае афармленне поля сацыялагічнай вытворчасці з уласным мэханізмам адтварэння і рэкрутавання (сацыялагічная адукацыя), адносна высокай ступенню камунікацыі ўнутры гэтага поля (прафесійная супольнасць), а таксама ўнутранымі крытэрамі дыферэнцыяцыі.
Поле сучаснай беларускай сацыялогіі шматузроўневае. У ім, як і ў кожным іншым, найперш можна вылучыць пазіцыі дамінантных і падпарадкаваных. Пункцірна пазначу наступныя пазіцыі па лініі дамінавання.
1. Генерацыйная. Зразумела, што старэйшае пакаленне (у цэлым) не магло не заняць гэтых пазіцый, якія агрэгуюць не толькі сімвалічны капітал (навуковая вартасць, ступені), але й адміністрацыйны (пасады), сацыяльны (сувязі), фінансавы (той жа заробак) і г.д.
2. Гендэрная. Жанчыны-сацыёлагі па-ранейшаму пераважна застаюцца на пазіцыях выканаўцаў. Існуюць арганізацыі, дзе падначаленымі з’яўляюцца выключна жанчыны. У гэтай сувязі станаўленне “гендэрнай сацыялогіі” шмат у чым інспіравана жаданнем стварыць альтэрнатыўны ліфт прафесійнай мабільнасці.
3. Тэарэтыкі — эмпірыкі. Тэорыя ў нас дагэтуль высокая, а эмпірызм — паўзучы. У сімвалічным вымярэнні тэорыя выйграе, асабліва калі падмацоўваецца матэматычнымі мадэлямі. Быць эмпірыкам (полстэрам — вытворцам апытанняў) не прэстыжна. Таму той, хто займаецца выключна эмпірычнай сацыялогіяй, імкнецца надаць свайму занятку тэарэтычную форму.
4. ВНУ — даследчы цэнтр. Гэтая пазіцыя звязана з праблемай рэкрутавання і характарызуецца тым, ці застаюцца тут найлепшыя студэнты. Сёння праца на кафедры ўяўляецца даволі прэстыжнай.
5. Навука/адукацыя — бізнэс. Часткова перакрыжоўваецца з папярэдняй пазіцыяй, аднак тут перадусім маецца на ўвазе эканамічнае дамінаванне.
6. Рэгіянальная. У супрацьстаянні цэнтру і перыферыі найбольш істотны інфармацыйны кампанент. Але ў Беларусі, акрамя супрацьстаяння Мінску і рэгіёнаў, існуе й супрацьстаянне Мінску і Масквы, дзе Мінск, натуральна, адыгрывае падпарадкаваную ролю. Згодна з даўняй звычкай, прызнанне беларускага сацыёлага Масквой азначае ня толькі больш заўважную прафесійную легітымізацыю ў Беларусі, але й пэўныя матэрыяльныя даброты.
7. Адукацыйная. Магчымасці прафесійнай рэалізацыі вышэйшыя ў тых, хто атрымаў сацыялагічную (раней — філасофскую) адукацыю. Адпаведна, чым болей адукацыя адрозніваецца ад сацыялагічнай, тым меншая верагоднасць прызнання ў прафесійным асяроддзі. Праўда, тут магчымыя й выняткі, выкліканыя піетэтам перад строгімі навукамі, у першую чаргу — матэматыкай.
8. СМІ. Ёсць папулярныя ў СМІ сацыёлагі і зусім невядомыя.
9. Палітычная. Для Беларусі гэта мае істотнае значэнне. Па сутнасці, палітычнае размежаванне “ўлада — апазіцыя” ўнутры поля функцыянуе як размежаванне “дзяржаўнай” і “незалежнай” сацыялогіі. Працэс структуравання па палітычнай лініі апошнім часам адбываецца надзвычай інтэнсіўна. З аднаго боку, узмацняецца адміністрацыйны ціск на незалежную сацыялогію, з другога — робяцца пэўныя захады ў адказ.
У прадмове да кнігі “Независимые исследования в независимой Беларуси: в борьбе за реальность” прафесар Алег Манаеў піша:
“Центральная идея книги состоит в том, чтобы на примере Беларуси показать и обосновать принципиальные различия, преимущества и недостатки между традиционными (т.е. осуществляемыми государственными структурами) и независимыми (т.е. осуществляемыми негосударственными структурами) социальными исследованиями в переходном обществе” (курсіў — А.М.).
Варта адзначыць, што да ўласна ўнутраных пазіцый сацыялагічнага поля адносяцца толькі тэорыя/эмпірыя, адукацыя і часткова ВНУ/даследчы цэнтр. Генерацыйная і гендэрная пазіцыі звязаны, хутчэй, з кантэкстам сацыяльнага жыцця і яго культурнымі дэтэрмінацыямі, а рэгіянальная — з соцыякультурнай і гістарычнай спэцыфікай (астатнія вызначаюцца ўзаемадзеяннем поля сацыялогіі з іншымі палямі).
Стратэгічна практыкі саміх сацыёлагаў скіраваны на павелічэнне альбо нават агрэгаванне розных тыпаў капіталаў; кожнае дзеянне агента абумоўлена памкненнямі да пераразмеркавання гэтых капіталаў, а значыць і трансфармацыі структуры поля; у канчатковым выніку барацьба вядзецца за права легітымна выступаць ад імя беларускай сацыялогіі.
3. Парушэнні аўтаноміі вытворчасці веды
Аналіз структуры поля сацыялагічнай вытворчасці дазваляе выявіць матывы, якімі кіруюцца сацыёлагі. Зразумела, што праблема не зводзіцца да пытання чысціні намераў, бо кожны сацыяльны агент, натуральна, мае свае сацыяльныя інтарэсы. А вось сацыялагічны інтарэс кожнага сацыёлага выяўляецца ў тым, каб шляхам пазнаваўчых практык і прэзентацыі іх вынікаў прафесійнай супольнасьці павысіць свой статус унутры поля. Гэта калі мы маем на ўвазе ўласна прафесійную легітымізацыю.
Аднак ёсць і іншы, не менш эфектыўны, спосаб легітымізацыі, які выкарыстоўвае зварот да рэсурсаў іншых палёў (легітымізацыі вонкі прафесійнага асяродку). У гэтым выпадку аўтаномія сацыялагічнага поля парушаецца, і тады, адпаведна, уласная логіка функцыянавання падмяняецца чужой.
Найбольшы ўплыў на сацыялогію аказвае поле палітыкі. З гэтага сацыялогія вельмі часта паўстае разменнай манетай у палітычнай барацьбе. Асабліва ярка гэта было бачна падчас рэферэндуму 2004 г. і апошніх выбараў. З гледзішча сацыялогіі, самастойнага значэння лічбы рэйтынгу не маюць, але палітычнае пытанне аб выніках галасавання гэтым разам набыло й сацыялагічны кантэкст.
У інтэрв’ю радыёстанцыі “Свабода” дырэктар “The Gallup organization / Baltic surveys” Раса Алішаўскене казала:
“Атрымліваецца, што 48% ад усіх зарэгістраваных выбарнікаў Беларусі прагаласавала “за”. Калі браць тых, хто галасаваў загадзя, і тых, хто галасаваў сёння, то датэрмінова ад усіх зарэгістраваных выбарнікаў 13% выказаліся “за”, сёння — 35%. Астатнія альбо не адказалі, альбо прагаласавалі “супраць”.
Зважым на апошнюю фразу: “астатія альбо не адказалі, альбо прагаласавалі “супраць”. Ды вынікаў рэферэндуму можна ставіцца па-рознаму, але выснова, што “Лукашэнку не хапіла 2%”, зроблена без дастатковых на тое падстаў. Гіпотэза пра страх, якой часта спекулююць, абгрунтоўваючы свае паразы, апазіцыйныя палітыкі, нікім не праверана і мае такое ж значэнне, як і гіпотэза “пра сорам” (маўляў, людзям сорамна прызнацца, што яны галасавалі “за”), альбо гіпотэза пра “прыроджаную скрытасць беларусаў” і г.д. і да т.п.
У плане сацыялагізацыі палітыкі найбольш яркай падзеяй у гэты перыяд стала з’яўленне сацыялагічнай службы “Экаом” (безумоўна, з прыхаванай падтрымкі дзяржаўных службаў). Відаць, студэнты яшчэ доўга будуць вывучаць методыку фармулявання пытанняў па ўжо “класічнай” формуле, якая сталася показкай (“Што зроблена прэзыдэнтам Беларусі за апошнія 10 гадоў”: “вельмі шмат карыснага”, “шмат карыснага”, “нямала добрага”, “мала карыснага”, “нічога добрага”). Але выснова з гэтай показкі досыць сумная: сімуляцыя сацыялогіі можа быць не менш эфектыўнай, чым сама сацыялогія. Як паліттэхналагічны праект “Экаом” аказаўся надзвычай паспяховым — выдаткі, пачынаючы з фармавання самой службы і заканчваючы затратамі на апытальніцкую сетку і інтэрпрэтацыю атрыманых дадзеных, былі мінімальныя (нават адзначаны спэцыялістамі НІСЭПД рост даверу да незалежных даследнікаў і той быў выкарыстаны для пазіцыянавання “Экаому“ як незалежнага аналітычнага цэнтру).
З палітычнага гледзішча, “Экаом” і незалежныя сацыёлагі — апаненты. Але з’яўленне гэтага праекту для поля сацыялогіі ёсць сімптомам ягонага знікнення.
Зрэшты, пранікненне логікі палітычнай барацьбы ў поле сацыялогіі пачалося значна раней. Яшчэ ў 1994 г. у палітычнай прасторы з’явіліся першыя электаральныя даследаванні, да якіх хутка дадаліся легітымізацыя “прагнозных паказнікаў” і агітацыя на карысць “адзіна правільнага шляху”.
Выкананне гэтых функцый, сваёй чаргой, патрабавала задзейнічаць рэсурсы СМІ, і гэтак выстаўляла новыя патрабаванні да сацыялагічнай публіцыстыкі. Для таго ж, каб быць апублікаваным, сацыялагічны тэкст мусіў адпавядаць палітыцы рэдакцыі, мець як мага сенсацыйны ці, сама меней, палітычна актуальны і зразумелы шырокай чытацкай аўдыторыі характар. Як правіла, гэта прыводзіла да непазбежных страт у змесце.
Прыкладам, перад выбарамі 2004 г. зрабілася актуальным пытанне аб Народнай кааліцыі “5+”. З гэтай мэтай і быў распаўсюджаны лозунг, падрыхтаваны НІСЭПД: “КЛЮЧ ДА ПОСПЕХУ “КААЛІЦЫІ 5+” — ІНФАРМАЦЫЯ”.
Табліца 1. “Узаемасувязь гатовасці рэспандэнтаў галасаваць на парламенцкіх выбарах за кандыдатаў Народнай кааліцыі “5+” і інфармаванасці аб ёй (у адсотках ад колькасці апытаных)*
Ці будзеце вы галасаваць за кандыдатаў Народнай кааліцыі “5+”? Ці чулі вы пра Народную кааліцыю “5+”?
Так (28,4) |
Не (71,6) |
|
Пэўна/хутчэй, так (21,6) |
64,1 |
35,9 |
Пэўна/хутчэй, не (47,4) |
21,2 |
78,8 |
ЦА/НА (31,0)* |
14,5 |
85,5 |
* Чытаецца па гарызанталі. У дужках падаюцца вынікі па ўсіх апытаных. (*ЦА — Цяжка адказаць, НА — няма адказу).
Выснова: гатовасць выбарнікаў прагаласаваць на парламенцкіх выбарах 17 кастрычніка 2004 г. за кандыдатаў Народнай кааліцыі “5+” наўпрост залежыць ад узроўню інфармаванасці пра гэту кааліцыю.
Дадзеныя нацыянальнага апытання, праведзенага Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД) у чэрвені 2004-га. Метадам face–to–face interview было апытана 1.508 жыхароў Беларусі векам ад 18 гадоў. Межавая памылка рэпрэзентацыйнасці не перавысіла 0,03″.
Выснова, зробленая з памянёных дадзеных, можа быць пастаўлена пад сумнеў — прынамсі, у дзвюх праекцыях.
Зместавай: было б наіўна чакаць ад людзей, непаінфармаваных пра выбарчы блок, высокага адсотку гатовасці галасаваць за яго. Практыка любых палітычных кампаній абавязкова ўлучае ў сябе інфармаванне і агітацыю за кандыдата ці блок. У гэтай сувязі выснова трывіальная (даўно апісаная ў падручніках) — інфармаваць трэба ў кожным разе.
Статыстычнай: панятак залежнасці выкарыстаны некарэктна. Залежнасць прадугледжвае існаванне залежнай і незалежнай пераменных, калі вымярэнне незалежнай, у адпаведнасці з пэўнай матэматычнай функцыяй, абумоўлівае значэнне залежнай пераменнай. Гэта патрабуе ад сацыёлага выкарыстання спецыяльных статыстычных каэфіцыентаў альбо пабудовы рэгрэсійнай мадэлі, мадэлі аналізу ўсяго шляху і да т.п. У табліцах перакрыжаванага размеркавання (іначай, “дзьвюхмерках”, “кростабах”), як у нашым выпадку, можна толькі зафіксаваць наяўнасць сувязі між пераменнымі. Пры гэтым вызначыць, што на што ўплывае, а таксама ацаніць уздзеянне іншых фактараў немагчыма.
Калі ж разважаць у прычынна-выніковым плане: раз інфармаванасць папярэднічае галасаванню, дык табліцу трэба чытаць па вертыкалі. Ведаючы аб’ём выбаркі і працэнтныя размеркаванні, уявіць яе ў такім выглядзе нескладана:
Табліца 2*. Ці будзеце вы галасаваць за кандыдатаў Народнай кааліцыі “5+”? Ці чулі вы аб Народнай кааліцыі “5+”?
Так (28,4) |
Не (71,6) |
|
Пэўна/хутчэй, так (21,6) |
48,8 |
10,9 |
Пэўна/хутчэй, не (47,4) |
35,3 |
52,1 |
ЦА/НА (31,0) |
15,9 |
37,0 |
|
100 |
100 |
* Чытаецца па вертыкалі.
Як відаць з табліцы, 48,8% паінфармаваных пра кааліцыю схільны прагаласаваць за яе, а 35,3% — не схільны. Параўнальна з папярэдняй, гэтая табліца менш эфектная. Але сацыялагічна больш змястоўная, бо адкрывае магчымасць для пошуку такога паказніка альбо іх сукупнасці, якія сапраўды вызначаюць гатовасць галасаваць за блок. Пры гэтым інфармаванасць трэба разумець усяго толькі як неабходную, але недастатковую ўмову галасавання.
Натуральна, такая інфармацыя не спрыяла б “поспеху кааліцыі”. Але — паўторымся — сацыялагічны змест быў вылегчаны пад ўплывам палёў палітыкі і СМІ.
Да гэтага варта дадаць яшчэ адзін немалаважны фактар, а менавіта — ўздзеянне эканамічнага поля. Раз сацыялагічныя даследаванні каштуюць дорага, “эканоміка” так ці інакш уплывае і на пастаноўку праблем, і на тэхналогію працы сацыёлага. У выпадку бюджэтнага фінансавання сацыялогія вырачана на доўгае абгрунтаванне тэм, пастаянныя перабоі з фінансаваннем, даследаванні — працягласці месяцы і нават гады і вынікі, атрыманыя толькі дзеля справаздачы. Рынкавыя адносіны стваралі сітуацыю канкурэнтнай барацьбы сацыялагічных службаў, ператварыўшы іх у прадпрыемствы вытворчасці апытанняў і аказання сацыялагічных паслуг. Таму ва ўмовах рынку выжываюць адно службы, здольныя звесці вытворчыя выдаткі да мінімуму. А гэта прыводзіць да залішняй тэхналагізацыі працы, арыентацыю на аператыўныя даследаванні і выкарыстанне ў аналізе атрыманых звестак найбольш простых і павярхоўных метадаў.
Рынак падобных сацыялагічных даследаванняў фармуецца альбо палітыкамі падчас палітычных кампаній, альбо бізнэсоўцамі, зацікаўленымі ў пошуку спажыўца. Супольным месцам электаральных і маркетынгавых даследаванняў стала інфармацыя пра патрэбы электарату/спажыўца (прынцыповай розніцы між даследаваннем іміджу палітыка і папулярнасці брэнду няма).
Адносіны эканамічнага поля — замоўца і падрадчык — маюць свой эквівалент і ў адміністрацыйным полі, ператвараючыся тут у адносіны начальнік—падначалены. Уплыў замоўцы, г.зн. кіраванне навукай, зарганізоўваецца з многіх месцаў, галоўным з якіх ёсць ВАК. Новая палітыка ВАК, пацверджаная Ўказам прэзідэнта ад 17.11.2004, арыентавана на тое, каб зрабіць навуку і навукоўцаў кіраванымі. Асабліва гэта адносіцца да сацыялогіі — як навукі, прыдатнай для выкарыстання ў палітычных мэтах.
У 2003 г. у Мінску выйшлі адразу дзве энцыклапедыі па сацыялогіі, а трохі раней была надрукавана цэлая серыя філасофскіх слоўнікаў у рамках праекту А. Грыцанава “Гуманітарная энцыклапедыя”. Аб’ём тэкстаў, прыдатных для выкарыстання ў дысертацыях, рэзка ўзрос. Сітуацыя магла б стаць некіраванай, калі б не новыя правілы, паводле якіх:
“Спаборнік навуковай ступені кандыдата навук павінен мець ня менш за тры навуковыя артыкулы, надрукаваныя ў навуковых выданнях, улучаных у пералік выданняў, альбо ў замежных навуковых выданнях.
Спаборнік навуковай ступені доктара навук павінен мець публікацыі ў навуковых выданнях, улучаных у пералік выданняў, і ў замежных навуковых выданнях: па гуманітарных навуках — не менш за 15 артыкулаў і асабіста напісаную манаграфію.
Кандыдат навук можа быць прызначаны навуковым кіраўніком, калі ён мае стаж навуковай альбо навукова-педагагічнай працы пасля абароны дысертацыі не менш за 3 гады і надрукаваў за апошнія 3 гады не менш за 6 прац у навуковых выданнях, улучаных у пералік навуковых выданняў Рэспублікі Беларусі для апублікавання вынікаў дысертацыйных даследаванняў, які зацвярджаецца ВАК (далей — пералік выданняў), альбо ў замежных навуковых выданнях”.
У Беларусі існуе ўсяго толькі адзін сацыялагічны часопіс, улучаны ў пералік навуковых выданняў, галоўны рэдактар якога — намеснік старшыні ВАК. Фактычна, абарона па сацыялогіі становіцца немагчымай, калі, вядома, не друкавацца ў часопісах па “сумежных” галінах — такіх, як “Хлебопек” альбо “Трение и износ”.
З іншага боку, было б памылкай уяўляць сацыялогію ў адміністрацыйным полі як толькі закладніцу бюракратычнай сваволі. Сацыялогія ўбудавана ў яго як механізм зваротнай сувязі. Да прыкладу, і ў дзяржаўных і ў недзяржаўных ВНУ стала звыклай практыкай апытваць студэнтаў наконт іх ацэнак выкладчыкаў і праслуханых курсаў. Усё гэта робіцца з мэтай павысіць эфектыўнасць адукацыйнага працэсу. Але насамрэч такія апытанні толькі пераразмяркоўваюць адказнасць і сімулююць студэнцкае самакіраванне. Задамо пытанне: якой павінна быць кампетэнцыя таго, хто адказвае, каб ён мог адэкватна ацаніць прачытаны курс? Відаць, ён павінен мець глыбокія веды як у змесце курсу, так і ў методыцы выкладання, педагогіцы і г.д. Але студэнт таму й студэнт, што ў яго няма гэтых ведаў, ён яшчэ толькі вучыцца, то бок атрымлівае адукацыю. Таму гэтыя ацэнкі абумоўліваюцца эмацыйным успрыманнем выкладчыка на ўзроўні падабаецца/не падабаецца, добры/злы, справядлівы (ставіць “выдатна”)/ несправядлівы (ставіць “нездаваляльна”).
У шырэйшым сэнсе інфармацыя аб настроях грамадства патрэбна чыноўніку толькі для карэгавання рэалізацыі ўжо прынятага адміністрацыйнага рашэння. У 2000 г. расейскі фонд “Общественное мнение” праводзіў апытанне экспертаў, якія працуюць з грамадскай думкай. Паводле ягоных вынікаў выявілася, што “грамадзкая думка прадстаўлена не інтэлектуальнымі канструктамі, а сігналамі, што сведчаць пра стан грамадства (групы насельніцтва), пераважна — аб неспрыяльным стане”. Гэта ўсяго толькі “свісток трывогі”: калі ён дастаткова гучны, дык на яго зважаць. І такое падштурхне ўладу да нейкіх крокаў дзеля ліквідацыі трывогі. Але што рабіць з паўсталай праблемай, вырашае толькі ўлада: у “свістку” гэтыя сэнсы не закладзены. Прынамсі, так мяркуюць рэспандэнты. У Беларусі такая мадэль выкарыстання грамадсай думкі была ў дакладнасці зрэалізавана ў сітуацыі з тэлеканалам “Культура”. Пасля спынення яго трансляцыі і негатыўнай на гэта рэакцыі, пра што прасігналілі сацыёлагі, рашэнне ўладаў было адкарэктавана.
4. Палітыка разрыву, ці як магчыма сацыялагічная аб’ектыўнасць
Такім чынам, выказванне сацыёлага абумоўлена як ягонай пазіцыяй унутры поля сацыялогіі, так і суадносінамі сіл між сацыялогіяй і іншымі палямі — палітычным, эканамічным, адміністрацыйным і полем СМІ. Сітуацыя ўскладняецца яшчэ й тым, што любыя сацыяльныя агенты (натуральна, і самі сацыёлагі) успрымаюць дадзенасць сацыяльнай рэальнасці як відочную і самую па сабе зразумелую.
Спрабуючы тлумачыць паводзіны людскіх мас сацыяльнымі прычынамі, большасць сацыёлагаў лічыць сябе незалежнымі ад сацыяльнай рэчаіснасці. Але ў выпадку з сацыялогіяй яе аб’ектыўнасць знаходзіцца не звонку, што прадугледжвае “адэкватнае адлюстраванне аб’ектыўнай рэальнасці, існуючай… дадзенай нам… якая фатаграфуецца… і г.д.”, а ўнутры поля сацыялагічнай вытворчасці.
Навука сапраўды аб’ектывуе. Таму сацыялогія мусіць пачынацца з неабходнасці “аб’ектываваць суб’ект, які аб’ектывуе”. Прынцып сацыялогіі, які грунтуецца на сутыкненні сацыяльнай рэальнасці і пазнаваўчага інтарэсу сацыёлага, — гэта перадусім прынцып рэфлексіі.
Але што значыць займаць рэфлексіўную пазыцыю?
Па-першае, гэта прадугледжвае разрыў з доксай. Яшчэ Дуркгайм адзначаў:
“Разглядаць факты пэўнага парадку як рэчы — не азначае залічваць іх у тую ці іншую катэгорыю рэальнасці; гэта азначае займаць адносна іх пэўную мысленчую пазіцыю. Інакш кажучы, падступацца да іх вывучэння, зыходзячы з прынцыпу, што мы нічога не ведаем аб тым, што яны з сябе ўяўляюць, а іх характэрныя ўласцівасці, як і невядомыя прычыны, ад якіх яны залежаць, не могуць быць выяўлены нават самай уважлівай інтраспекцыяй”.
Па-другое, гэта азначае перабыванне ў полі сацыялагічнай вытворчасці і разуменне сваіх практык як накіраваных на яго змяненне (перадусім маюцца на ўвазе практыкі, якія ўдзельнічаюць у сімвалічнай барацьбе за пераразмеркаванне капіталаў і права легітымна гаварыць ад імя сацыялогіі). Тут важна ведаць, як любіў казаць Георгі Шчадравіцкі, “супраць каго вы ваюеце”.
Перш чым пачынаць даследаванне, сацыёлаг павінен выявіць сацыяльную абумоўленасць уласных практычных схем — свайго абагуленага досведу як сацыяльнага агента, з пэўнай пазіцыяй, капіталам і практыкай. А затым адрэфлексаваць сваю інстытуцыю, школу, нацыянальную спэцыфіку і, нарэшце, дысцыпліну наагул.
Па-трэцяе, гэта патрабуе асэнсавання праблематыкі даследаванняў як навязанай і адначасна фармулявання ўласнай сацыялагічнай задачы ў развязанні сацыяльных праблем. Дарэчы, сацыяльныя праблемы зазвычай закранаюць і многія сацыяльныя групы, якія непасрэдна ў праблемнай сытуацыі не ўдзельнічаюць. Напрыклад, праблема наркаманіі звязана з павышэннем падаткавага цяжару, ростам злачыннасці, магчымасцю эпідэмій і г.д. Да таго ж, часта здараецца, што сацыялагічныя даследаванні маюць штучны характар. Напрыклад, даследаванні студэнцтва пераважна абумоўлены бліжынёй аб’екту вывучэння адносна сацыёлага-выкладчыка.
Пасля вызначэння ўсіх сацыяльных груп, якіх тычыцца акрэсленая праблема, варта выявіць “інтарэс” кожнай з іх. Затым усвядоміць рэальныя магчымасці легітымна выказваць сваю ўласную патрэбу. Потым вылічыць аб’ём рэсурсаў, якія могуць быць выдаткаваны на рэалізацыю праекту. У выніку выявіцца пэўная колькасць груп, што стасуюцца з праблемай, улучна з самімі сацыёлагамі і замоўцамі даследавання. Прасцей кажучы, трэба адказаць на пытанні: у чым палягае інтарэс грантадаўца? хто атрымлівае доступ да грантаў? якім крытэрам мусіць адпавядаць персона, якая хоча зрэалізаваць праект? якім у выніку мусіць быць інтэлектуальны прадукт.
Па-чацвёртае, трэба дакладна сфармуляваць патрабаванні да тэксту. У тэксце (тэорыя, вынікі даследаванняў) перадусім маюць быць апісаны ўмовы асабовай магчымасці. Калі пастулюецца, што людзі хлусяць, то хто канкрэтна маецца на ўвазе? Калі даследаванне паказвае, нібыта людзі лічаць, што не могуць свабодна выказваць свае думкі, дык якім чынам атрыманы гэтыя вынікі?
Мяркую, што выказаныя вышэй патрабаванні назавуць максімалісцкімі, бо яны аніяк не ўпісваюцца ў цяперашнюю практыку апытанняў грамадскай думкі. У свой час артыкул Бурдзьё “Грамадскай думкі не існуе” нарабіў багата шуму, але для сацыялогіі ў Беларусі ён па-ранейшаму актуальны. Больш за тое, часам мне падаецца, што ён быццам і пісаўся адмыслова для Беларусі.
Пазіцыя Бурдзьё палягае ў наступным:
“Так, кожнае апытанне прадугледжвае, што ўсе людзі могуць мець меркаванне альбо, іншымі словамі, што вытворчасць меркаванняў даступная ўсім. Гэты першы пастулат я аспрэчу, рызыкуючы зачапіць нечыя наіўна дэмакратычныя пачуцці. Другі пастулат палягае на тым, што ўсе меркаванні маюць значэнне. Я лічу магчымым давесці, што гэта зусім не так, і што факт падсумавання меркаванняў, якія маюць далёка не адну і тую самую рэальную сілу, вядзе да вытворчасці пазбаўленых сэнсу артэфактаў. Трэці пастулат праяўляецца латэнтна: той просты факт, што ўсім задаецца адно і тое самае пытанне, абапіраецца на гіпотэзу пра існаванне кансэнсусу адносна пэўнай праблематыкі,г.зн. згоды, што пытанні заслугоўваюць таго, каб быць зададзенымі”.
Гэтыя выказванні не азначаюць, што не трэба праводзіць эмпірычных даследаванняў. Яны толькі прыцягваюць нашу ўвагу да праблемы інтэрпрэтацыі атрыманых дадзеных. У тым выглядзе, у якім функцыянуе грамадзкая думка, яна “…найчысцейшы артэфакт. Яго прызначэнне — хаваць тое, што стан грамадскай думкі ў гэты момант ёсць сістэмай сіл, напружанняў, і што няма нічога больш неадэкватнага, чым ацэньваць стан грамадскай думкі праз працэнтныя адносіны”.
На мой погляд, сёння ў Беларусі бальшыня інтэрпрэтацый сацыялагічных дадзеных скіравана на агітацыю і павышэнне маральнага духу. І гэта не надта добра. Калі скарыстацца вайсковай метафарай, то для военачальніка маральны дух войскаў, безумоўна, важны, але яшчэ больш істотная інфармацыя пра рэальную дыспазыцыю на полі бою.
Літаратура
1. Бурдье П. Политический монополизм и символические революции // Бурдье П. Социология политики. — Москва, 1993.
2. Гл., у прыватнасці, артыкул прафэсара Ю.Хадыкі “Социология в несвободном обществе”, дзе, апроч усяго іншага, абгрунтоўваецца, што “не вызывает доверия вывод о непопулярности оппозиции. Те 30—35% поддержки, которые в сумме собирают оппозиционные партии, — их твердый электорат, если они сохранят единство”. Па-першае, незразумела, адкуль узяліся гэтыя 30—35%, раз рэйтынгі апазіцыйных партый ужо даўно знаходзяцца ў раёне памылкі выбаркі, а па-другое, працэдура складання не мае аніякага сэнсу (яна толькі натуралізуе і гамагенізуе панятак апазіцыі). Хаця б таму, што цвёрды прыхільнік БНФ ніколі не прагаласуе за кандыдата-камуніста. Скажу яшчэ прасцей: дзве кілі бульбы і тры кілі яблык не роўныя з пяццю кілямі “яблыкабульбы”.
3. У гэтай сувязі вельмі прадуктыўная ідэя “культурных катастроф”. Гл.: Мацкевич В. Особенности национальных отношений на фоне культурных катастроф.
4. “Независимые исследования в независимой Беларуси: в борьбе за реальность”.— Новосибирск, 2004.
5. Казакевіч А. Сацыялягічныя дасьледаваньні ў палітычнай кампаніі 2004 г. // Найноўшая гісторыя беларускага парлямэнтарызму. — Менск, 2005.
6. Положение о присуждении ученых степеней и присвоении ученых званий в Республике Беларусь.
7. Гл.: Любарский Г.Ю. Общественное мнение: зеленый свисток.
8. Бурдье П. Объективировать объективирующего субъекта // Бурдье П. Начала. Choses dites. — Mосква, 1994.
9. Дюркгейм Э. Социология. Ее предмет, метод, предназначение. — Москва, 1995.
10. Бурдье П. Общественное мнение не существует // Бурдье П. Социология политики. — Москва, 1993.
Лекцыя 2 Сацыяльныя даследаванні ў выбарчай кампаніі 2006 году
План:
1. Трансфармацыя поля сацыялогіі падчас выбараў
a. Стварэнне ўласных сацыялагічных цэнтраў, пазіцыянаваных як незалежныя ці новыя;
b. Абмежаванне магчымасцяў правядзення даследаванняў;
c. Заканадаўчае абмежаванне грамадскай актыўнасці;
2. Асаблівасці падавання вынікаў сацыялагічных даследаванняў у СМІ: праблема рэйтынгу
1. Трансфармацыя поля сацыялогіі падчас выбараў
Трансфармацыя поля сацыялогіі ў перадвыбарчы перыяд цалкам вызначалася палітыкай дзяржаўных уладаў.
Насамрэч на сучасным этапе любыя выбарчыя кампаніі азначаюць як найбольшую ўлучанасьць сацыялогіі ў палітыку, так і пранікненне палітычных задач у логіку сацыялагічнай вытворчасці. Палітыкі, імкнучыся легітымізаваць свой палітычны капітал, выкарыстоўваюць дадзеныя сацыялагічных даследаванняў для палітычнай барацьбы; сацыёлагі ж, самі прытрымліваючыся пэўных палітычных поглядаў, нярэдка выступаюць у якасці палітыкаў і н’юсмейкераў.
У нармальных умовах выбарчыя кампаніі заўсёды стымулююць попыт на сацыялагічныя паслугі. І раз электаральныя даследаванні ў метадычным плане не з’яўляюцца складанымі, розныя сацыялагічныя цэнтры ды лабараторыі імкнуцца атрымаць замову на іх правядзенне альбо ад палітыкаў і партый, альбо ад СМІ. Існуе нават прафесійная прымаўка “выбары год кормяць”. Пры гэтым сувязь замоўніка і выканаўцы не з’яўляецца наўпростай. Нельга адназначна сцвярджаць, нібыта хто плаціць, той і замаўляе музыку. Такія сітуацыі, вядома, магчымыя, але толькі на этапе фармавання рынку сацыялагічных паслуг, дый тое хіба для фірм-аднадзёнак, якія не дбаюць пра сваю рэпутацыю.
Сувязь поля палітыкі і поля сацыялогіі больш складаная. І палітык, і сацыёлаг выказваюць інтарэсы розных груп выбарнікаў; аднак жа калі першы рэалізуе іх і абараняе, дык другі толькі паведамляе пра наяўнасць ці змену прыярытэтаў. У гэтым і выяўляецца патэнцыйная канкурэнтнасць пазіцый палітыка і сацыёлага. Патэнцыйна сацыёлаг можа аспрэчыць прэтэнзіі палітыка на палітычнае прадстаўніцтва, і калі ў дэмакратычных рэжымах падобнае не складае праблемы, то ў беларускай сітуацыі гэта прадвызначыла асноўную калізію апошніх выбарчых кампаній.
Найперш гэта тычылася стратэгіі ўлады. Рэтраспектыўна можна ўстанавіць, што парламенцкія выбары і рэферэндум 2004 г. выкарыстоўваліся ўладай як палігон, на якім праводзіліся “штабныя вучэнні”, г.зн. адпрацоўваліся тэхналогіі прэзідэнцкіх выбараў.
Два наступныя гады ўлада паўнамаштабна рыхтавалася да “ранжовай рэвалюцыі”, ажыццяўляючы масаваную зачыстку грамадзянскай супольнасці. Яна ўлічыла досвед падзей у Сербіі, Украіне і Грузіі, дзе даследаванні незалежных сацыялагічных цэнтраў паставілі пад сумнеў афіцыйныя вынікі выбараў і тым самым легітымізавалі перамогу альтэрнатыўнага кандыдата ды, адпаведна, і масавыя акцыі пратэсту.
Як уяўляецца, дзеля мінімізацыі падобнай сітуацыі былі зроблены наступныя захады.
a. Стварэнне ўласных сацыялагічных цэнтраў, пазіцыянаваных як незалежныя ці новыя
У 2004 г., напярэдадні рэферэндуму аб змене Канстытуцыі, у сацыялагічна-палітычнай прасторы з’яўляецца незалежны аналітычны цэнтр “Ecoom”. Як сам цэнтр, так і яго кіраўнік Сяргей Мусіенка былі да гэтага моманту невядомыя ў сацыялагічным полі. Характар апублікаваных у дзяржаўных СМІ, праведзеных “Экаомам” даследаванняў сведчыў пра адсутнасць якога б там ні было прафесіяналізму і мінімальнай сацыялагічнай падрыхтоўкі.
Тым самым часам з актыўным спрыяннем Цэнтру сацыялагічных і палітычных даследаванняў БДУ была створана Моладзевая лабараторыя сацыялагічных даследаванняў БРСМ. Відаць, менавіта на яе рэсурсавай аснове праводзіўся экзіт-пол пад шыльдай Рэспубліканскага саюзу грамадскіх арганізацый “Беларускі камітэт моладзевых арганізацый”.
Роля падобных цэнтраў была падвойная. З аднаго боку, яны непрыхавана “гулялі” на баку ўлады, легітымізуючы афіцыйныя вынікі выбараў і апаніруючы альтэрнатыўнай інфармацыі, з другога, — меў месца і прыхаваны эфект дыскрэдытацыі сацыялагічных даследаванняў наагул (а таксама дэмабілізацыі электарату). Электаральныя даследаванні (як перад- і паслявыбарныя, так і экзіт-полы) — адзіны спосаб грамадзянскага кантролю над вынікамі выбараў. З адсутнасцю ў грамадстве даверу да звестак сацыялагічных даследаванняў знікае й сама патрэба кантролю.
Іншымі словамі, чым больш адрозненняў у выніках сацыялагічных даследаванняў, тым больш выгодна гэта паноўнай уладзе.
Зазвычай непахісных прыхільнікаў або супраціўнікаў, якія маюць, да таго ж, і належны ўзровень сацыялагічнай кампетэнцыі, меншасць; масавы ж выбарнік, сутыкнуўшыся з неабходнасцю выбіраць між тымі ці іншымі “статыстыкамі”, хутчэй, папросту зняверыцца ў сацыялогіі як з’яве. У кожным разе, падстаў для выхаду на “майдан” у яго цяпер застанецца значна менш.
У такіх варунках нават памылкі ў фармулёўках пытанняў або метадычныя недасканаласці, учыненыя сацыёлагамі свядома ці праз неахайнасць, робяцца функцыянальнымі, бо менавіта з гэткай мэтай працуюць улады, скарыстоўваючы шырокае асвятленне ў СМІ. Да прыкладу, практычна ўся апазіцыйная прэса, імкнучыся даць выспятка таму ж “Экаому”, усяго толькі раскручвала гэты брэнд, і заадно фармавала непраўдзіва завышаныя патрабаванні да “сваёй” сацыялогіі.
b. Абмежаванне магчымасцяў правядзення даследаванняў
Перадусім усё гэта выявілася ў пастанове Саўміну “Аб некаторых пытаннях правядзення апытанняў грамадскай думкі, што адносяцца да рэспубліканскіх рэферэндумаў, выбараў і грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне, і аб апублікаванні іх вынікаў у сродках масавай інфармацыі” ад 8 лістапада 2005 г. №1240.
Пастановай, прынятай, зразумела, “у мэтах забеспячэння якасці апытанняў грамадскай думкі, верагоднасці атрыманых дадзеных і аб’ектыўнасці апублікаваных вынікаў”, быў створаны дзяржаўны кантрольны орган дзеля дазволу на акрэдытацыю і, адпаведна, пазбаўлення яго. Апроч таго, з простай змены фармулёўкі — “арганізацыя, якая праводзіла…” на “юрыдычная асоба, якая праводзіла…” — паўстае дадатковая юрыдычная адказнасць за парушэнне пастановы, і ўжо гэта падлягала пад кантроль пракуратуры.
Увогуле ж, аніякія наяўныя нормы не мусяць быць арыентаванымі на асабовыя і прафесійныя якасці карыстальнікаў. Інакш адкрываюцца магчымасці для асабістых злоўжыванняў і, як вынік, узнікае сітуацыя прававога нігілізму і падвойнай маралі.
Памянёная пастанова якраз і ўтрымлівала тыя самыя пералічаныя азнакі, а таму яе палажэнні можна было трактаваць абсалютна адвольна. Такім чынам, для “свайго” сацыёлага працэдура рэгістрацыі і выдачы акрэдытацыі максімальна спрашчалася, а для “чужога” — максімальна ўскладнялася.
Скажам, дзеля рэгістрацыі ў штаце сацыялагічнай службы неабходна мець не менш за двух спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй і стажам работы па сацыялагічных (паліталагічных) спецыяльнасцях сама меней тры гады, альбо маючых досвед сацыялагічнай (паліталагічнай) дзейнасці, звязанай з правядзеннем апытанняў грамадскай думкі, пацверджаны выпіскамі з працоўных кніжак і (або) дакументамі аб наданні навуковых ступеняў і прысваенні навуковых званняў. Гэта значыць, што можна знайсці двух кандыдатаў сацыялагічных навук ці нават лабарантаў з адпаведным стажам работы, даць ім заробак — і атрымаць дазвол на даследаванні. Але пры гэтым заўсёды застаецца пагроза адмовы ў рэгістрацыі — з прычыны неадпаведнасці пэўнай тэмы дысертацыі тэматыцы апытанняў. Ды яшчэ можа навіснуць перспектыва настрыфікацыі навуковай годнасці і ступені.
Акрамя ўсяго, для рэгістрацыі абавязковыя ўстаноўчыя дакументы юрыдычнай асобы, пасведчанне дзяржаўнай рэгістрацыі юрыдычнай асобы, дакументы аб адукацыі і працоўныя кніжкі сацыёлагаў. І гэтак, зразумела, што рэгістрацыя цэнтраў, падобных да “The Gallup organization / Baltic surveys”, у Беларусі практычна не можа стаць рэальнай.
Паўнамоцтвы дзяржаўнай кантрольнай камісіі мяжова шырокія і адначасна амбівалентныя. На яе ўскладзена “ацэнка ступені верагоднасці пададзенай юрыдычнай асобай інфармацыі, выкананне патрабаванняў аб’ектыўнасці і верагоднасці ў часе правядзення апытанняў грамадскай думкі і апублікаванне іх вынікаў у сродках масавай інфармацыі”. Беручы пад увагу адсутнасць аўтаномнай прафесійнай супольнасці і прафесійнай камунікацыі ў рамках існуючай Беларускай сацыялагічнай асацыяцыі, адрозненні навуковых падыходаў і ўзроўняў кваліфікацыі сацыёлагаў, не кажучы ўжо пра Кодэкс прафесійнай этыкі, трактоўка аб’ектыўнасці і верагоднасці сацыялагічнай інфармацыі застаецца цалкам адвольнай.
Але найбольш адыёзная норма наступная: “Камісія мае права ажыццяўляць кантроль за дзейнасцю акрэдытаванай юрыдычнай асобы на ўсіх этапах правядзення апытанняў грамадскай думкі”.
Фактычна гэта норма закранае не толькі этап перамоў з замоўнікам, у тым ліку заключэнне дамовы, якая акрэслівае мэты даследавання, тэрміны, кошт працы і да т.п., але й само праграмаванне, выкарыстанне ўласных эксклюзіўных методык, палявыя работы, тыражаванне вынікаў, нарэшце стасункі з партнёрскімі арганізацыямі (друкарнямі, апытальнымі сеткамі), абавязвае пакідаць адкрытым доступ да базы дадзеных і выніковай справаздачнай дакументацыі. Маючы ў распараджэнні такую інфармацыю, можна без асаблівых высілкаў паставіць крыж на якой заўгодна сацыялагічнай службе. А таму, разумеючы гэта, кіраўнікі самых вядомых недзяржаўных сацыялагічных цэнтраў нават не падавалі заявак на рэгістрацыю. І ў гэтым разе — хіба як здзек — прагучалі словы старшыні кантралявальнай да сацыёлагаў камісіі доктара сацыялагічных навук, прафесара І. Катлярова, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і намесніка старшыні пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе: “пакуль яшчэ ніводнаму сацыялагічнаму цэнтру не было адмоўлена ў рэгістрацыі”. На падмацаванне гэтай тэзы ён назваў сярод акрэдытаваных камісіяй сацыялагічных службаў “расійскія і беларускія даследчыя цэнтры”, а менавіта: Інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў пры Адміністрацыі прэзідэнта, сацыялагічныя службы Гомельскага і Гродзенскага аблвыканкамаў, служба “Экаом”. І ўсе яны, паводле І. Катлярова, “маюць права праводзіць усе віды сацыялагічных даследаванняў, улучаючы экзіт-полы”.
У выніку ад экзіт-полаў быў адсечаны шэраг незалежных службаў, бо, не займеўшы рэгістрацыі, яны не змаглі пераадолець праблемы фармавання апытальнай сеткі. Толькі сацыёлагі БКМА і “Ecoom” атрымалі ліцэнзіі на правядзенне экзіт-полаў у хадзе выбараў. Больш за тое, як падкрэсліў начальнік Упраўлення аховы правапарадку МУС Леанід Фармагей, напярэдадні выбараў супрацоўнікі міліцыі па ўсёй рэспубліцы былі папярэджаны, што афіцыйна дазволена праводзіць экзіт-полы адно прадстаўнікам гэтых арганізацый, а ўсіх астатніх, хто паспрабуе праводзіць апытанні на выхадзе з выбарчых участкаў, трэба затрымліваць.
“Ніхто з “Лявада-цэнтру” ў Беларусі не затрымліваўся, “Лявада-цэнтр” на гэтых выбарах у рэспубліцы не працаваў”, — заявіў Леанід Фармагей.
“Правядзенне незалежных і вераемных exit polls — апытанняў выбарнікаў пасля іх галасавання — у Беларусі немагчыма”. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні для прэсы Балтыйскай службы Гелапа — “Baltijos Tyrimai / The Gallup Organization”. Такое апытанне “Baltijos Tyrimai” каардынавала ў Беларусі ў 2004 г. падчас парламенцкіх выбараў і рэферэндуму. Генеральны дырэктар “Baltijos Tyrimai” Раса Алішаўскене паведаміла, што “структуры дзяржбяспекі Беларусі збіраюцца не дапусціць незалежнага экзіт-полу, пераследуюць тых, хто праводзіць апытанні, а таксама іх каардынатараў, распаўсюджваюць загадзя хлуслівую інфармацыю пра “Baltijos Tyrimai / The Gallup Organization” і спрабуюць стварыць атмасферу страху”.
c. Заканадаўчае абмежаванне грамадскай актыўнасці
Калі пастанова Саўміну была наўпрост накіравана на небяспечныя для ўладаў сацыялагічныя цэнтры, дык зробленыя напярэдадні выбараў змены ў заканадаўства непасрэдна закраналі ўжо саму сутву грамадзянскай актыўнасці.
Перадусім пад дзеянне пастановы №49 Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь ад 13 верасня 2005 г., якая забараніла дзейнасць незарэгістраваных арганізацый і ініцыятыў, патрапіў НІСЭПД. Як вядома, у Беларусі ён быў зліквідаваны ў 2005 г. і затым зарэгістраваўся ў Літве. Тым не менш, на сайце Інстытуту www.iiseps.org рэгулярна з’яўляліся аналітычныя матэрыялы на аснове звестак сацыялагічных апытанняў, а інфармацыя ў прэсе падавалася ад імя групы грамадзян ці так званай “групы Манаева”.
Сустрэчы прафесара А.Манаева са следчымі пракуратуры сталіся рэгулярнымі. 8 чэрвеня 2006 г. яму зрабілі другое папярэджанне і прапанавалі “спыніць распаўсюджанне непраўдзівых звестак пра вынікі галасавання на выбарах прэзідэнта ў 2006 годзе”, а таксама забаранілі “правядзенне сацыяльна-палітычных даследаванняў, якія парушаюць патрабаванні заканадаўства”. Калі пракуратура палічыць, што распаўсюд непраўдзівых звестак будзе доўжыцца, А.Манаеву пагражае адказнасць паводле артыкулу 369-1 Крымінальнага кодэксу Беларусі (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь).
Рэалізацыя падобных захадаў аказалася дастаткова эфектыўнай, каб злакалізаваць уздзеянне сацыялагічных даследаванняў на палітычны працэс. Аднак, ускосна, выявіліся й незапланаваныя эфекты. Справа ў тым, што чыноўнікі на месцах (старшыні райвыканкамаў, сельсаветаў і інш.) пачалі аўтаматычна капіяваць метады кіравання цэнтральнай улады. Гэта значыць, устаноўку на “зачыстку прасторы” ўладная вертыкаль успрыняла літаральна і татальна: учыняліся затрыманні інтэрв’юераў як недзяржаўных, так і дзяржаўных сацыялагічных службаў. Асноўным матывам тут, відаць, было жаданне выслужыцца, але не менш на гэткую сітуацыю ўплывалі ўсюдыісная падазронасць (гэта менавіта іх прыехалі правяраць) і сацыялагічная “непісьменнасць”.
Карацей, незалежная сацыялогія аказалася заціснутай у вузкіх рамках, якія абмежавалі і правядзенне даследаванняў, і публікацыю звестак у СМІ.
2. Асаблівасці падачы дадзеных сацыялагічных даследаванняў у СМІ: праблема рэйтынгу
Тым не менш, наладжанне даследаванняў усё ж аказалася магчымым. З аднаго боку, гэтаму спрыяў назапашаны сацыялагічнымі цэнтрамі папярэдні досвед хутка адаптоўвацца да жорсткай сітуацыі, і высокая мабілізаванасць насельніцтва — як вынік праведзеных запар рэфэрэндуму і выбараў. З другога ж боку, падмагла высокая палітычная значнасць саміх выбараў і, адпаведна, увага да палітычнай кампаніі, якая сфармавала патрэбу сацыялагічных дадзеных і, як следства, вялікі попыт на іх.
Але ў абставінах, калі прэзентацыя сацыялагічных звестак ажыццяўлялася праз сродкі масавай інфармацыі, гэта накладала свой адбітак як на форму (у бок іх максімальнага спрашчэння і даступнасці для шырокай аўдыторыі), так і на змест (прэзентавалася адно тая інфармацыя, што мела непасрэдны агітацыйны эфект).
Што да маніпуляцыі дадзенымі сацыялагічных даследаванняў, дык дзяржаўныя і незалежныя СМІ нічым не розніліся. Найбольш выразна гэта выявілася ў праблематыцы рэйтынгу.
Існуе мноства як саміх тыпаў рэйтынгу, так і зместавых ды фармальна-метадычных спосабаў фармулёвак пытанняў і, апрача таго, спосабаў матэматычнай апрацоўкі дадзеных.
У апытальнай сацыялогіі пад рэйтынгам разумеецца любая паслядоўнасць аднатыпных аб’ектаў, зададзеная колькасцю або працэнтам выбараў іх рэспандэнтамі. Так, рэйтынг дазваляе параўнаць гэтыя аб’екты паводле якога-небудзь крытэру — напрыклад, рэйтынг даверу розным інстытутам, рэйтынг палітыкаў паводле вядомасці ці ўплывовасці, праекцыйна-электаральны рэйтынг (“Калі б выбары адбыліся ў наступную нядзелю, то за каго з палітыкаў вы прагаласавалі б?”) і да т.п. Між тым, варта памятаць, што рэйтынгі не тоесныя і што, напрыклад, шырокая вядомасць палітыка не абавязкова вядзе да яго абрання. Менавіта на гэтай “фігуры замоўчвання” былі збудаваны публікацыі ў большасці апазіцыйных СМІ (“Беларускі партызан”, “Хартыя-97”, “Наша Ніва” і інш.) з дадзенымі аб рэйтынгу пазнавальнасці.
Мае значэнне таксама й тып пытання. Закрытае пытанне рэспандэнтам прадугледжвае загадзя складзены спіс аб’ектаў, з якіх трэба выбраць таго, каму давяраюць, за каго збіраюцца прагаласаваць, і да т.п. У адкрытым пытанні рэспандэнт сам упісвае сваю кандыдатуру. Як правіла, рэйтынгі, атрыманыя з адказаў на закрытае пытанне, вышэйшыя, чым на адкрытае. Да таго ж, у закрытых пытаннях важную ролю адыгрывае колькасць аб’ектаў (чым яна вышэйшая, тым меншыя будуць рэйтынгі: па тэорыі імавернасці, выбар аднаго з пяці верагодны як 20%, выбар аднаго з дваццаці — ужо як 5%), а таксама аднароднасць гэтых аб’ектаў: калі ў спіс палітыкаў улучыць тэлезорку, няхай і не пазбаўленую палітычных амбіцый, то рэйтынгі астатніх палітыкаў скароцяцца. Таксама ўплывае й час апытання, які задае колькасць палітыкаў у спісе. Таму вынікі, атрыманыя да абвяшчэння выбараў, з моманту іх абвяшчэння і пасля рэгістрацыі кандыдатаў, могуць значна адрознівацца.
Часам з метадычных меркаванняў прапануецца выбар не аднаго, а некалькіх рэйтынгавых варыянтаў. У гэтым выпадку выніковы працэнт будзе вышэйшым за сто і, адпаведна, больш высокімі будуць рэйтынгі.
Асобна варта разгледзець парны рэйтынг. Ён важны для вызначэння электаральнай базы кандыдатаў — максімальна магчымага працэнту, які можа набраць той ці іншы кандыдат. Хаця й гэтая ацэнка таксама досыць умоўная, бо заснавана на некалькіх “калі”: калі адбудзецца другі тур, калі ў яго выйдуць менавіта гэтыя кандыдаты, і да т.п.
Адрозненні рэйтынгаў могуць быць вельмі заўважнымі. Так, паводле дадзеных апытання НІСЭПД за снежань 2005 г., рэйтынг Мілінкевіча, замераны адкрытым пытаннем, складаў 6,6 %, а тым жа часам на пару з Лукашэнкам узрастаў амаль утрая — да 18,1 %.
Зразумела, апошнія лічбы куды больш падабаліся прыхільнікам Мілінкевіча, чым першыя, якія былі папросту ігнараваны. Такім чынам раскручвалася своеасаблівая спіраль, зладаваная паводле прынцыпу “выдаць пажаданае за сапраўднае”. Да прыкладу, балтыйскі “Gallup” інфармаваў: паводле звестак “Gallup Media — Baltic Surveys”, на 15 студзеня ў пары Аляксандр Лукашэнка — Аляксандр Мілінкевіч у Мінску склаўся “сацыялагічны парытэт”: за кожнага з гэтых палітыкаў гатовы галасаваць па 39,4% выбарнікаў. Па краіне сітуацыя іншая: А.Лукашэнка набірае 57,3%, А.Мілінкевіч — 24,6% (у закрытым рэйтынгу).
Гэтае паведамленне абмінала патрэбныя ў такім разе “агаворкі” і тым самым фармавала ілюзію рэальнасці другога туру. Аднак яшчэ большага “поспеху” ў стварэнні падобных ілюзій дасягнуў “Беларускі партызан”.
Цытуем: “Беларускаму партызану” сталі вядомыя вынікі сацыялягічнага апытаньня, праведзенага Гелапам у канцы лістапада гэтага году. Сацапытаньне праводзілася як у “адкрытым” фармаце (рэспандэнты называлі свае прозьвішчы), так і ў “закрытым” (ананімна). Падаём вынікі апытаньня.
Пытаньне: “Калі б выбары адбыліся ў найбліжэйшую нядзелю, за каго Вы прагаласавалі б?”
Адкрыты фармат
За Лукашэнку — 53,1 %
За Мілінкевіча — 10, 9%
За Лябедзьку — 2,2%
За Казуліна — 1,2%
За Фралова — 0,6%
За Пазьняка — 0,6%
Ня ведаю — 19,1%
Няма адказу — 6,7%
Закрыты фармат
Менская вобласьць:
За Лукашэнку — 37%
За Мілінкевіча — 35,7 %
Гарадзенская вобласьць:
За Лукашэнку — 38,2%
За Мілінкевіча — 34,5 %
Віцебская вобласьць:
За Лукашэнку — 47%
За Мілінкевіча — 26%
Магілёўская вобласьць:
За Лукашэнку — 59%
За Мілінкевіча — 11%
Гомельская вобласьць:
За Лукашэнку — 67%
За Мілінкевіча — 10%
Усяго па краіне з улікам малых гарадоў, пасёлкаў і вёсак:
За Лукашэнку — 53,4%
За Мілінкевіча — 20,5%”
(Канец цытаты.)
Па-першае, відочная некампетэнтнасць журналістаў “Беларускага партызана”: масавыя сацыялагічныя апытанні не маюць на ўвазе, каб рэспандэнты называлі свае прозвішчы (“адкрытыя” ці “закрытыя” — гэта тыпы пытанняў). Па-другое, больш за палову плошчы аддадзена на віртуальныя лічбы парных рэйтынгаў, атрыманыя, да таго ж, праз апытанне толькі гарадскога насельніцтва.
Інакш чым палітычнай мэтазгоднасцю гэта растлумачыць нельга. Дарэчы, у “Беларускім партызане” мелі месца й яшчэ больш непрыкрытыя маніпуляцыі: у прыватнасці, у артыкуле “Лукашэнка не павінен перамагчы ў першым туры” са спасылкай на дадзеныя апытанняў ВЦИОМ, праведзеных у сярэдзіне сакавіка, сцвярджаецца:
“Зьвесткі расійскіх сацыёлагаў, якія нядаўна правялі апытаньне ў Беларусі і 16 сакавіка прадставілі яго вынікі на прэс-канфэрэнцыі ў Маскве, паказваюць, што Лукашэнка не павінен перамагчы ў першым туры галасаваньня.
Сацыялягічнае апытаньне праводзіў ВЦИОМ, па сутнасьці, дзяржаўны расійскі сацыялягічны і дасьледчы інстытут, таму западозрыць экспэртаў гэтага інстытуту ў сымпатыях да беларускай апазыцыі нельга. Як паведаміў у чацьвер на прэс-канфэрэнцыі ў цэнтральным офісе “Інтэрфаксу” генэральны дырэктар ВЦИОМ Валер Фёдараў, згодна з апытаньнем, якое было праведзена ў Беларусі тыдзень таму, выказалі намер прагаласаваць за А.Лукашэнку 60% рэспандэнтаў, за кандыдата ў прэзыдэнты ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча — 11%, за Аляксандра Казуліна — 5%, за Сяргея Гайдукевіча — 1%. Пры гэтым 17% пакуль ня вызначыліся з выбарам.
Тым ня менш, экспэрты ВЦИОМ практычна афіцыйна заяўляюць аб тым, што сытуацыя ў Беларусі такая, што неабходна адымаць мінімум 10% галасоў, якія аддаюцца на карысьць улады. Страх прымушае беларусаў хаваць свае сапраўдныя намеры і не выказвацца супраць прэзыдэнта і палітыкі ўладаў увогуле. Як асьцярожна заўважыў выканаўчы дырэктар дасьледчага агенцтва “Эўразійскі маніторынг” Ігар Задоркін, які браў удзел у канфэрэнцыі, “на паказчык удзельнікаў апытаньня, якія заявілі, што зьбіраюцца галасаваць на маючых адбыцца выбарах за А. Лукашэнку, уплывае тая сытуацыя, якая цяпер складаецца ў Беларусі. Сёньня ў Беларусі не прынята казаць, што чалавек будзе галасаваць не за дзеючага прэзыдэнта Беларусі”.
Такім чынам, нават паводле дадзеных расійскіх сацыёлягаў, Лукашэнка ледзьве набірае 50% галасоў. Больш за тое, гэта дадзеныя па Беларусі ў цэлым, зь вёскамі і маленькімі гарадкамі. У Менску і абласных цэнтрах дзеючы прэзыдэнт набірае толькі недзе 30—40%. Гэта катастрофа для Лукашэнкі, улічваючы, што рэвалюцыі робяцца ў сталіцы, а ня ў вёсках”.
Ці не дзіўна, апытанні відочна сведчаць пра перамогу Лукашэнкі ў першым туры, а высновы “Беларускі партызан” зрабіў цалкам супрацьлеглыя.
Між іншым, на афіцыйным сайце ВЦИОМ былі выкладзены ўсе вынікі двух апытанняў “Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі: чаго варта чакаць ад выбарнікаў”, праведзеных 6—12 сакавіка па рэпрэзентатыўных нацыянальных выбарках.
Размеркаванне адказаў на пытанне: “За каго з кандыдатаў Вы маеце намер прагаласаваць, калі прымеце ўдзел у выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 19 сакавіка 2006 году?” (ад ліку ўсіх апытаных)
Перадусім зьвярнем увагу на абодва рэйтынгі — у першым выпадку рэйтынг Лукашэнкі складае каля 60 %, у другім — 75—77%.
У першым варыянце вынік разлічваўся ад усяго аб’ёму выбаркі, у другім ён максімальна набліжаны да фармату ЦВК з папраўкамі на колькасьць рэспандэнтаў, якія збіраюцца галасаваць і адказалі на пытанне.
Найбольшай метадычнай праблемай з’яўляецца вызначэнне таго, як галасавалі рэспандзенты, што прынялі ўдзел у галасаванні, але адмовіліся адказваць на пытанне.
Найпрасцейшым спосабам рашэння “праблемы адсутнасьці адказаў” з’яўляецца іх ігнараванне і пераразлік вынікаў, зыходзячы з колькасці рэспандэнтаў, што далі на пытанне (якое было ў бюлетэнях для галасавання) канкрэтны адказ. Іншымі словамі, колькасць гэтых адказаў прымаецца за 100%, а далей разлічваецца нескладаная прапорцыя.
Вартасцю гэтага спосабу з’яўляецца тое, што рэспандэнты, якія адмовіліся адказваць, на самой справе галасавалі, таму пераразлік тут мае рэальны сэнс. Разам з тым, трэба заўсёды ўлічваць, што ён заснаваны на значных дапушчэннях:
1) павінна быць адносна малая (3—5%) колькасць тых, хто не адказаў, што, улічваючы аб’ёмы выбарак экзіт-полаў, дае скрайне нязначную памылку. У адваротным выпадку памылка можа быць вельмі істотнай. Напрыклад, калі сярод 1000 апытаных рэспандэнтаў адказ далі толькі 10, дык экстрапаляваць гэтыя вынікі на ўсю генеральную сукупнасць (г.зн. на насельніцтва) нельга;
2) імавернасць не адказаць для кожнай электаральнай групы роўная. Іншымі словамі, усе рэспандэнты не адказваюць з прычыны, скажам, скрытнага нацыянальнага характару, але зусім не з прычыны стаўлення да дзяржаўных сацыялагічных службаў ці з сваіх палітычных поглядаў.
Гэты спосаб разліку, дзякуючы яго прастаце, выкарыстоўваўся як дзяржаўнымі, так і недзяржаўнымі службамі. У выніку рэйтынг Лукашэнкі “ў фармаце ЦВК” вар’яваўся ад 63—65% (А.Манаеў, НІСЭПД) да 75—80% для астатніх сацыялагічных службаў (ВЦИОМ, ІС НАНБ, ІСД і нават “Экаом”).
А раз дадзеныя пра яўку выбарнікаў практычна супадалі, дык гэтыя адрозненні могуць быць вытлумачаны спецыфікай работы апытальнай сеткі і стаўленнем рэспандэнтаў да сацыялагічных службаў. Зусім верагодна, што апазіцыйна настроеныя рэспандэнты, адказваючы на пытанні дзяржаўных сацыялагічных службаў, былі больш схільны адмаўляцца ад адказу, а тым часам іх супраціўнікам утойваць не было чаго; з недзяржаўнымі сацыялагічнымі службамі — дакладна наадварот. Таксама нельга выключаць і фактару даступнасці рэспандэнтаў, што асабліва датычыць недзяржаўных сацыялагічных службаў: пагроза адміністрацыйнай адказнасці вольна ці міжволі схіляла інтэрв’юераў шукаць “сваіх”.
У выніку сацыялагічныя службы атрымалі розныя рэйтынгі кандыдатаў, разлічаныя ад рэспандэнтаў, што не ўтойвалі сваіх электаральных намераў, розны працэнт адмоў ад адказу і, што самае важнае, — розную структурную матывацыю гэтых не-адказаў. Адсюль і розніца ў лічбах: чым большы працэнт набірае той ці іншы кандыдат, тым больш ён атрымлівае на свой “рахунак” тых, хто не адказаў.
Беларускія СМІ падчас выбараў функцыянавалі як своеасаблівы фільтр, публікуючы інфармацыю адпаведна з рэдакцыйнай палітыкай. У гэтай сувязі найбольшага даверу заслугоўваюць звесткі ВЦИОМ. Прынамсі, яны менш за ўсё падпадалі пад уздзеянне фактару процістаяння ўлады і апазіцыі і, адпаведна, “дзяржаўных” і “недзяржаўных” сацыялагічных службаў.
Між тым, сацыялогія аказалася актуалізаванай не толькі ў кантэксце “вайны рэйтынгаў” у прасторы СМІ. Дадзеныя сацыялагічных даследаванняў выкарыстоўваліся й як складовая частка выбарчай кампаніі кандыдатаў. Зразумела, асноўнай функцыяй сацыялагічных службаў тут была агітацыйна-прапагандысцкая (не сацыялогія сведчыць, як прагаласуюць людзі, а людзі прагаласуюць, як засведчыць сацыялогія).
Такім чынам, сацыялагічныя дадзеныя выкарыстоўваліся як уладай, так і апазіцыяй у якасьці “навуковай” легітымацыі іх перамогі. Улада будавала сваю кампанію па схеме “За стабільнасць”, апазіцыя — цалкам супрацьлегла. Прыкладам гэтаму могуць служыць загалоўкі дзяржаўных СМІ: “Большасць беларусаў лічаць, што праз год яны будуць жыць не горш, як цяпер”, “Беларусы не пакідаюць апазіцыі шанцаў на перамогу на прэзідэнцкіх выбарах”, “Большасць беларусаў звязваюць з прэзідэнцкімі выбарамі надзею на годнае жыццё”; апазіцыя ж спекулявала на такіх сацыялагічных форс-ідэях, як “прыхільнікі перамен” і “выбуховы рэйтынг”.
Пры гэтым парадаксальнасць сітуацыі была ў тым, што дадзеныя ўсіх прафэсійна праведзеных сацыялагічных даследаванняў істотна не адрозніваліся адно ад аднаго, а розніца іх прэзентацыі была абумоўлена толькі палітычнай мэтазгоднасцю.
Паміж іншага, у шэрагу сацыялагічных даследаванняў, якія ладзіліся рознымі сацыялагічнымі цэнтрамі пасля рэферэндуму, фіксаваліся ўстойлівыя тэндэнцыі, якія сведчылі пра:
— уцэнтраванасць сацыяльных уяўленняў на фігуры Лукашэнкі;
— маргінальнае становішча апазіцыі;
— пасіўнасць і песімізм дэмакратычна арыентаваных рэспандэнтаў;
— дэпалітызацыя і арыентацыя на захаванне існуючага ладу.
Відаць, на Беларусі выкарыстанне сацыялагічных дадзеных дзеля агітацыі яшчэ доўга будзе заставацца адзіным спосабам узаемадзеяння сацыёлагаў і палітыкаў. І калі ўлада, якая валодае значнымі ўзаемазамяняльнымі рэсурсамі, яшчэ можа сабе такое дазволіць, то для апазіцыі гэта будзе недаравальнай памылкай.
Лекцыя 3 Да сацыяльнай гісторыі моўнага пытання
План:
1. Нацыя — праблема вызначэння
2. Нацыянальная ідэнтычнасць
3. Найноўшая праграма нацыятварэння
4. Моўнае пытанне
1. Нацыя — праблема вызначэння
“У шэрагу пытанняў, якія горача і палка абмяркоўваюцца цяпер, ледзьве не першае месца належыць нацыянальнаму пытанню і праблемам, з ім звязаным”.
Гэтыя словы напісаны Піцірымам Сарокіным у 1917 г., але яны наўпрост тычацца й сучаснай Беларусі. Напэўна, у гэтым ёсць свая логіка: калі будучыня не выклікае ў грамадстве пытанняў, праблемы нацыі мала каго турбуюць. Яны актуалізуюцца адно тады, калі грамадства сутыкаецца з няпэўнасцю ці нават страхам перад тым, што будзе далей.
У сваім артыкуле П.Сарокін робіць тое, што сёння атрымала б назву “дэканструкцыі нацыі”, а менавіта: па чарзе аналізуе повязі, што твораць нацыянальную супольнасць. Сярод іх — еднасць па крыві, мове, рэлігіі, агульнасць эканамічных інтарэсаў, пераемнасць паноўнай дынастыі, а таксама — мараль, права, філасофія, светагляд і культура. Усё гэтае разнастайнае мноства ён разглядае з пазіцый “рэалістычнай сацыялогіі”, то бок з пазіцый натуралізму з “вялікім біхевіярысцкім пафасам” (паводле яго ўласнага вызначэння).
Асобна П.Сарокін спыняецца на ўсведамленні грамадствам прыналежнасці да пэўнага палітычнага цела. Але ў гэтым разе ягоная аргументацыя досыць спрэчная. Залічэнне ці ўсведамленне (ідэнтыфікацыя ды ідэнтычнасць) “толькі ставіць, а не вырашае пытання”:
“Напрыклад, я, у якасці журналіста, адношу сябе да пэўнага сацыяльнага цела — рэдакцыі (група людзей), у якасці праваслаўнага — да азначанай царквы (таксама група), у якасці “падданага” Расіі — да расійскай дзяржавы (таксама група), у якасці чалавека, які гаворыць на расійскай, эскімоскай, французскай і англійскай мовах, я адношу сябе да ўсіх асоб, якія гавораць на гэтых мовах. Ва ўсіх выпадках у мяне ў наяўнасці “ўсведамленне сваёй прыналежнасці” да той ці іншай групы. Якая ж з іх будзе маёй нацыяй? Паасобку, ні адна з гэтых лучнасцяў не ёсць нацыянальнай, а разам яны супярэчаць адна адной”.
Да гэтага фрагменту мы вернемся пазней, а пакуль толькі зазначым: з пазіцый натуралізму нацый сапраўды не існуе. “Нацыянальнасць”, з натуралістычнага падыходу, распадаецца на элементы і распушчаецца ў іх.
А як жа “нацыянальнае пытанне”? П.Сарокін звязвае нацыянальнае пытанне з прававымі, рэлігійнымі, маёмаснымі, адукацыйнымі ды іншымі абмежаваннямі. Нацыянальная няроўнасць — толькі адна з форм сацыяльнай няроўнасці, з чаго ён робіць цалкам ліберальную выснову, што падтрымліваць нацыянальныя рухі варта ў той ступені, у якой яны змагаюцца супраць прававых абмежаванняў і за сацыяльную роўнасць.
У выніку П.Сарокін будуе ліберальную ўтопію: “уся паўната правоў мусіць быць дадзена кожнай асобе, без разрознення на “эліна і юдэя, раба і вольнага”. Дарэчы, у сваіх разважаннях П.Сарокін прадказаў (артыкул напісаны яшчэ падчас першай усясветнай вайны!) стварэнне Еўразвязу як “звышдзяржаўнай арганізацыі ўсёй Еўропы на грунце роўнасці правоў усіх, што ўваходзяць у яе склад, суб’ектаў”.
Еўразвяз быў створаны, але сарокінская ўтопія так і засталася ўтопіяй, бо ў рэальнасці аказалася немагчыма вырашыць праблему сутыкнення правоў разнастайных суб’ектаў, у выніку чаго іх фармальная роўнасць ператварылася ў зместавую аднастайнасць. Прыгадаем, дзеля прыкладу, сучасную Францыю, дзе ў дзяржаўных інстытуцыях было забаронена насіць хіджаб ды іншыя рэлігійныя сімвалы. Што гэта, калі не абмежаванне?
З іншага боку, гісторыя сведчыць, што права нацый на самавызначэнне пераважна абмяжоўваецца геапалітычнымі інтарэсамі правадаўцы.
Аднак вернемся да тэорыі П.Сарокіна. Зразумела, a posteriori шмат што бачыцца ў ёй памылковым (дарэчы, потым яна змянялася ў бок адыходу ад натуралізму), але сёння нам развагі аўтара цікавыя тым, што дазваляюць рэканструяваць разуменне панятку “нацыя”; перадусім — абумоўленасць нацыянальнага сацыяльнымі практыкамі ў выглядзе юрыдычных абмежаванняў.
Тут найперш паўстае пытанне, ці дастаткова абмежавацца юрыдычнай рэдукцыяй у вызначэнні нацыянальнага? Вырашэнне гэтага пытання звязана як з ідэалагічнымі прыярытэтамі, што хаваюць практычныя інтарэсы і вызначаюць рамкі дастатковасці, так і са зменай падыходаў, абумоўленых трансфармацыяй самой веды.
Апазіцыяй натуралістычнаму падыходу ў сацыялогіі з’яўляецца дзейнасны, які спалучаецца з культур-сацыялогіяй. Гэты падыход узнікае адначасова з натуралізмам, але паступова апярэджвае яго. Папраўдзе, натуралізм у сучасных умовах ёсць анахранізмам і захаваўся адно таму, што дае хуткія і простыя адказы на складаныя пытанні (адпаведнік канвеернай вытворчасці).
У культурніцкім падыходзе, які можна распачынаць з Дзюркгейма, сацыяльнае жыццё складаецца з уяўленняў (апошняе не адмяняе ўтоенага ў іх прымусу). Тут да месца будзе прыгадаць і так званую тэарэму Томаса: калі сітуацыя вызначаецца як аб’ектыўная, яна й будзе аб’ектыўнай паводле сваіх наступстваў.
Да гэтага падыходу належыць і папулярная цяпер канцэпцыя “ўяўленых супольнасцяў” Андэрсана, згодна з якой нацыя ёсць прадуктам капіталістычнага кнігадрукавання, якое фармуе пачуццё прыналежнасці да пэўнай супольнасці. Сюды яшчэ дадаюцца сродкі масавай інфармацыі, сістэма адукацыі, адміністрацыйная сістэма, а таксама, у дачыненні да былых каланізаваных краін, інстытуты перапісу насельніцтва, мапы ды музеі:
“На самой справе усе супольнасці, буйнейшыя за першабытныя, дзе людзі аб’яднаны кантактам твар-у-твар, — уяўленыя. Супольнасці належыць адрозніваць не паводле іх сапраўднасці/несапраўднасці, а паводле таго стылю, у якім яны ўяўляюцца”.
Такім чынам, перафразуючы Томаса, калі сітуацыя нават “памылкова” вызначылася ў свядомасці як пагроза для ўяўленай нацыі, нацыянальны чалавек будзе яе абараняць, то бок ставіцца да іншых як да хаўруснікаў ці супраціўнікаў і чыніць пэўныя дзеянні. Гэтая сітуацыя яскрава адлюстравана ў шэрагу мастацкіх стужак, прысвечаных вайне ў Югаславіі. Да прыкладу, згадаем сюжэт фільму: як толькі на сербскім доме з’яўляецца надпіс: “Сербы — прэч з Харватыі”, сербы распачынаюць абарону сваёй маёмасці. Супрацьстаянне сербаў і харватаў паступова разгортваецца ў бок эскалацыі, якая пашырае кола ўдзельнікаў канфлікту, а затым нават змушае іх узбройвацца. Пасля першай крыві сітуацыя ўжо пераходзіць у нацыянальны канфлікт.
Гістарычныя веды ці перакананні ў сваёй нацыянальнай выключнасці адыгрываюць другасную ролю. Людзі і генерацыі памятаюць адно тое, непасрэднымі сведкамі чаго былі, усё іншае — толькі наратывы, з якіх вылучаюцца тыя ці іншыя падзеі, адпаведныя з актуальнай сітуацыяй дзеяння. Гісторыя — з сацыялагічнага гледзішча — заўсёды пішацца сёння.
Абагульняючы, зазначу, што ў культурніцкім падыходзе нацыя ёсць сацыяльным уяўленнем, якое можа існаваць па-за чалавекам, бо транслюецца праз тэксты і сімвалы, а таксама праз матэрыяльныя знакі культуры — архітэктуру, помнікі, могілкі і г.д. Але нацыя можа існаваць і “ўнутры чалавека”, бо ўсё тое, што ўтварае нацыю, інкарпаруецца (літаральна — увасабляецца) ім і потым, адпаведна з увасобленым, рэалізуецца ў сацыяльнай, культурнай і фізічнай прасторы.
Зразумела, што за ўсім гэтым стаяць сацыяльныя практыкі.
2. Нацыянальная ідэнтычнасць
Мае сэнс пад паняткам ідэнтычнасці перадусім разумець не тоеснасць, якая падсвядома адсылае да натуралізму, а менавіта ўвасабленне. Чалавек у гэтым сэнсе ёсць тым, што ён увасабляе.
Адсюль вынікае, што пэўная ідэнтычнасць заўсёды прысутнічае, бо паўз персанальныя памкненні фармалізуе ўласную гісторыю, якая грунтуецца на сацыяльных практыках індывіду. Але прысутнасць той ці іншай ідэнтычнасці ў свядомасці і яе значнасць залежаць ад інтэнсіўнасці сацыяльных дачыненняў. Чым больш актыўна штодзённае жыццё індывіду звязана з нейкаю дзейнасцю, тым мацнейшая ідэнтычнасць.
Таму натуральна, што структура ідэнтычнасці складаецца з сэнсавых блокаў (ад цэнтрапалеглых да перыферыйных). Па-першае, гэта вузкі сацыяльны асяродак, сфармаваны сям’ёй, суседзямі, сябрамі і знаёмцаміі. Па-другое, асяродак паводле падабенства паводзін, то бок блізкасці з тымі, хто трымаецца такога самага чыну жыцця, тых самых палітычных поглядаў, мастацкіх густаў і г.д. Па-трэцяе, статусныя групы — людзі адной прафесіі ці службовага статусу. І па-чацвёртае (апошняе паводле значнасці) — абстрактныя супольнасці, якія ўявіць найбольш складана.
Структура ідэнтычнасцяў
Тое, што “нацыя” месціцца на перыферыі канцэнтрычнай структуры ідэнтычнасці — хутчэй, правіла, чым вынятак. Цалкам нармальна, што чалавек гадуе дзяцей, працуе, сябруе і адпачывае — робіць усё тое, што складае чалавечае жыццё. Але фіксацыя гэтага дазваляе паставіць пытанне аб нацыянальных практыках наагул. Ці магчымыя апрычоныя — ува ўсіх сэнсах — уласна нацыянальныя практыкі? І якім чынам дасягаецца сувымернасць практык штодзённасці і нацыі?
Відавочна, чалавек можа надаваць сваім учынкам нацыятворчы характар — у гэтым разе мае месца своеасаблівы катэгарычны імператыў, адпаведна з якім кожнае дзеянне ўсведамляецца не толькі як накіраванае на нейкі вынік (напрыклад, мастацкі твор), але і на ягоную карыснасць для нацыі. Аднак малаверагодна, што гэткі падыход можа быць сістэмным і масавым.
Больш верагодны варыянт — наяўнасць ізамарфізму між традыцыйнымі сацыяльнымі практыкамі пэўнай супольнасці і яе саманазвай. Кліфард Гірц падае наступны прыклад: калі ўрад Ганы знізіў закупавыя цэны на какаву, гэта падштурхнула народ ашанці, які традыцыйна вырошчваў какаву, да нацыянальнага рушання. Такім чынам, эканамічная палітыка замкнулася на нацыянальнай толькі таму, што меўся агульны носьбіт сімвалічных і сацыяльных практык.
Датычна Беларусі можна казаць пра адсутнасць практычнага складніка нацыі. Да сённяшняга дня пытанне “Што мусіць рабіць чалавек, каб быць беларусам?” застаецца без адказу. А калі гэта так, дык галоўнае значэнне мае не тое, што тут чалавек робіць, а тое, што робяць з яго.
Аналітычна можна вылучыць два фактары, якія ўплываюць на свядомасць. Першы (натуральны ці стыхійны) складаецца з прызвычайвання да сімвалічнай і фізічнай прасторы праз натуральную прысутнасць у ёй. Другі (створаны ці ўпарадкаваны) фармуецца адмыслова зарганізаванай сістэмай сімвалічнай вытворчасці (зразумела, што абодва гэтыя фактары дзейнічаюць не паасобку).
Уздзеянне першага фактару больш працяглае і трывалае: яно стварае своеасаблівы падмурак з чалавечых звычак, на якім будуюцца тыя ці іншыя нацыянальныя праекты. З гэтага вынікае, што карані сённяшняга ўяўлення пра Беларусь трэба шукаць менавіта ў савецкай гісторыі. Натуральна, гісторыя Беларусі не пачынаецца з савецкага часу, але тыя персаналіі, што маюць дачыненне да беларускай ідэі, пераважна паходзяць з СССР і, адмаўляючыся ці ўхваляючы савецкую спадчыну, застаюцца сутнасна звязанымі з ёй.
Савецкі праект быў скіраваны на “апустэльванне” беларускай нацыянальнай прасторы. За саветамі беларускасць функцыянавала адно як каларыт, афарбаваны пад архаіку. Таму беларускасць збольшага прэзентаваў фальклор румяных бабулек (апранутых у нацыянальнае адзенне), ніякім чынам не звязаных з рэальным жыццём.
Апошняе дазваляе нам зрабіць аналогіі між Беларуссю і Лацінскай Амерыкай праз катэгорыю “крэольства”. Праўда, тут мы мусім улічваць: калі сапраўднае крэольства фармавалася як “неіспанская іспанскасць” з адсутнасці магчымасцяў зрабіць кар’еру ў метраполіі, дык беларусы такую магчымасць мелі — з умовай адмаўлення ад беларускасці:
“Пасля восьмага класа бацькі выправілі мяне з мястэчка ў няблізкі свет — вучыцца аж пад Маскву. Даволі хутка я вярнуўся дахаты без навукі, але з упэўненай расійскай гаворкай, на якой, не хаваючы форсу, я гаманіў у мястэчку.
Ах, з якім захапленнем і зайздрасцю глядзелі на мяне себрукі, якой глыбокай радасцю свяціліся вочы бацькоў, калі яны слухалі маю расійшчыну. (…)
Тутэйшая мова была тым таўром, якое пазначыла месца чалавека побач з быдлам. І каб патрапіць у людскі свет, трэба было перадусім выдаліць гэтае таўро”.
Сацыялагічна азначаючы, меў месца апісаны Ірвінам Гофманам так званы эфект стыгматызацыі (“навешванне цэтлікаў”) дачынна беларускасці, і асабліва — беларускай мовы. Нішто так не паўплывала на адмоўнае стаўленне да іх, як адукацыйная палітыка. Справа не столькі ў колькасці беларускіх школ, колькі ў магчымасці не вывучаць беларускай мовы. Вядома ж, як дзеці ставяцца да навучання: калі нехта з іх мае афіцыйны дазвол нечага не вучыць, гэта адразу павышае ягоны статус, бо астатнія, параўнальна з ім, аказваюцца ўмоўна асуджанымі на пакаранне беларускасцю. У той жа сітуацыі аказалася й беларуская літаратура. А калі пры гэтым усе іншыя прадметы выкладаюцца па-расійску, дык можна ўпэўнена гаварыць пра стварэнне сацыяльнага інстытуту стыгматызацыі.
Як такое магло здарыцца? Я не належу да прыхільнікаў тэорыі змовы. Таму паспрабую вытлумачыць сітуацыю, зыходзячы з сацыяльных практык.
Як мы ведаем, масавыя працэсы русіфікацыі пачаліся пасля Ддругой усясветнай вайны. Адбываліся яны найперш у дэмаграфічнай сферы і былі звязаны з вялікімі чалавечымі і матэрыяльнымі стратамі падчас вайны. Беларусь, ува ўсіх сэнсах, была ў руінах. Аднаўленне эканомікі і далейшая індустрыялізацыя сталіся магчымымі толькі праз міграцыю. Вольныя вакансіі запаўняліся перш за ўсё (бо не было іншых) расійскамоўнымі адмыслоўцамі — інжынерамі, навукоўцамі, вайскоўцамі ды інш. Пры гэтым размеркаванне ў Мінск (перадусім з гледзішча матэрыяльнага “забеспячэння”) выглядала больш прывабным, як у Маскву, Ленінград ці Кіеў. Сваю ролю ў ператварэнні Беларусі ў плавільны тыгель савецкай нацыі адыгралі і яе адносна невялікія памеры, і урбанізацыя, і знаходжанне “на мяжы з капіталістычным светам”.
Мігранты прывозілі сваю культуру, адмаўляцца ад якой не бачылі патрэбы: яны ж мелі перавагу ў сацыяльным становішчы. А таму беларуская культура паступова губляла сваю ролю. Зрэшты, ці можна было разлічваць, што чужынцы кінуцца аднаўляць і культурныя руіны?
Ператварэнні паступова запаноўвалі і ў прасторы, дзе ствараліся новыя сімвалы і міфы ўжо савецкай Беларусі. Перадусім гэта “партызанка” з шматлікімі помнікамі і “зборачны цэх” з фабрыкамі і заводамі.
Перабудова толькі на кароткі час парушыла звыклы сацыяльны парадак, аб’яднаўшы праз апазіцыю савецкасці нацыяльнае з дэмакратычным.
Як сцвярджае І.Бабкоў:
“Пасьля 1991 году беларуская ідэнтычнасць атрымала статус выключэння альбо асобнага выпадку. Наяўнасць незалежнай дзяржавы, з аднаго боку, не дазваляла дэклараваць яе поўную адсутнасць, з другога — беларуская рэчаіснасць анічым не нагадвала рэчаіснасці сучаснай культурна гамагеннай нацыі з пэўным наборам міфаў, каштоўнасцяў і стэрэатыпаў, якія звычайна і ствараюць поле нацыянальнай ідэнтычнасці“.
Таму нацыянальны праект застаўся марай, энтузіязм адэптаў Адраджэння пакрысе змарнеў і зноў утрывалілася звычка да “пражывання” ў Беларусі як усяго толькі ў адмыслова акрэсленай прасторы.
Адметнай рысай беларускага праекту застаецца тое, што гісторыя (то бок сацыяльная гісторыя — у сэнсе разгортвання ў часе сацыяльных практык, якія спалучаюць словы і рэчы ў фармаванні сацыяльнай прасторы) амаль не мае свайго аб’ектываванага стану: пазасавецкія беларускія ідэі і сімвалы існуюць або ў свядомасці нешматлікіх носьбітаў, або ў тэкстах, ствараючы апісаны В. Акудовічам “архіпелаг Беларусь”.
“Пачынаючы з “Мужыцкай праўды” Кастуся Каліноўскага і віленскай “Нашай Нівы” (пачатку ХХ стагоддзя), — піша Акудовіч, — усе беларускія выданні наўпрост ці ўскосна выконвалі ролю адсутных грамадска-палітычных інстытутаў, якія мусілі б вырашаць адпаведныя патрэбы беларускай Беларусі”.
Вынікам таго мы маем сітуацыю, калі гістарычнае дзеянне сутыкаецца (а дзеянне дзеля будавання нацыі апрыёры ёсць гістарычным), па-першае, з варожай рэчаіснасцю, што зусім не спрыяе замацаванню нацыянальнай ідэі, а па-другое, з устойлівымі сацыяльнымі практыкамі, якія робяць з беларускасці гета.
Дарэчы, сутнасць гета палягае не столькі ў абмежаванасці прасторы, колькі ў прынцыпах жыцця. Сэнс жыцця ў гета акцэнтуецца на тым, каб жыць, то бок захоўваць уласнае пабытаванне. Усялякае дзеянне робіцца самадастатковым, норма выконваецца самапаважна, і ўсё гэта ніяк не тычыцца вонкавага свету.
3. Найноўшая праграма нацыятварэння
Шэраг даследчыкаў ужо адзначалі розныя захады ўладаў апошняга часу да стварэння ідэалогіі беларускай дзяржавы. Але, мяркую, справа тут не столькі ў трансфармацыі палітычнай сферы, колькі ўвогуле ў стварэнні нацыі ва ўмовах інфармацыйнага грамадства.
Тое, што прапаноўваюць беларускія ўлады, не ёсць нацыянальным праектам як з’явай, бо праект прадугледжвае нейкую ўяву будучыні; хутчэй, гэта праграма, будаваная на пэўных прынцыпах дзеяння, што дазваляе аператыўна рэагаваць на тыя ці іншыя выклікі часу. Праект грунтуецца на мінулым і накіраваны на будучынь, праграма ж арыентаваная толькі на сучаснасць.
Рухавіком гэтай праграмы ёсць эфект “дэлегавання і палітычнага фетышызму”, калі адна асоба, атрымаўшы паўнамоцтвы ад многіх, засноўвае ці прадукуе групу. Гэта звычайная рэч у розных палітычных сістэмах, зладаваных на прынцыпе прадстаўніцтва, але яе сутнаснае адрозненне ў Беларусі вынікае з таго, што тут паступова ўтваралася манаполія на палітычнае прадстаўніцтва ўсяго беларускага народу. Інакш кажучы, адзіная давераная асоба прэзентуе беларускае грамадства цалкам.
Эвалюцыю сістэмы можна адсачыць па кроках — ад першапачатковага прадстаўніцтва грамадства абраным прэзідэнтам да перахопу функцый прадстаўніцтва ў органаў вышэйшай улады (парламент, суд), у выніку чаго тыя змушаны рэпрэзентаваць “народ” толькі праз і з дазволу прэзідэнта. У гэтым сэнсе робяцца зразумелымі забароны на выкарыстанне слоў “беларускі” і “Беларусь” у назвах газет і арганізацый, а таксама перайменаванні вуліц, перанос дзяржаўных свят і змена дзяржаўнай сімволікі.
Тым самым вырашаецца парадокс, вызначаны яшчэ Бурдзьё:
“Тут мы трапляем у парадокс: узурпатар тым надзейней абаронены ад рызыкі быць звінавачаным за хлусню, чым меншая колькасна ягоная арганізацыя; адсутнасць жа звінавачанняў можа наагул сведчыць пра адсутнасць чальцоў у гэтай арганізацыі. Што можна супрацьпаставіць такому чалавеку? Можна публічна пратэставаць, можна пачынаць збіраць подпісы пад петыцыяй”.
Апошняе, натуральна, і робіцца, але робіцца толькі ў наперад зададзеных уладай умовах і толькі ў якасці прыватнай ініцыятывы.
Напэўна, вышэйазначанае ёсць адзіным і сутнасным адрозненнем мадэлі Бурдзьё і беларускай рэчаіснасці. Далей усё разгортваецца ў поўнай адпаведнасці з ёй.
Складнікамі гэтай шарока распаўсюджанай мадэлі ёсць:
1. Атаесамленне з групай
“Каб мець магчымасць атаясаміць сябе з групай і сказаць: “Я ёсць група”, “Я існую, значыць, група існуе”, давераная асоба мусіць нейкім чынам рашчыніцца ў групе, адмовіцца ад сваёй асобы на карысць групы, голасна і ўрачыста заявіць пра сябе: “Я існую, толькі дзякуючы групе”. Узурпацыя, якая ажыццяўляецца даверанай асобай, вінна выяўляцца ў формах сціпласці і мае перадумовай сціпласць”.
2. Суўдзел у няведанні
Рэалізацыя сімвалічнай улады абапіраецца на маўклівае прызнанне яе з боку падпарадкаваных.
“Сімвалічная ўлада ёсць уладай, якая мае перадумовай прызнанне, г.зн. няведанне факту вытваранага ёю гвалту. Такім чынам, сімвалічны гвалт, які творыцца служкам культу, магчымы толькі пры пэўным суўдзеле і няведанні яго тымі, хто трывае на сабе гэты гвалт”.
Але дзеля гэтага належыць запэўніць іншых у сваёй надзвычайнай запатрабаванасці. Адсюль і паўстае дыскурс адвечнага клопату пра “простага чалавека”, а таксама дыскурс шматлікіх цяжкасцяў і іх пераадоленняў, афарбаваных зазвычай у мілітарысцкую рыторыку кшталту “бітвы за ўраджай”. Такім чынам, давераная асоба — гэта той, хто ўскладае на сябе сакральныя і не вырашальныя іншымі задачы.
3. Эксплуатацыя эфекту аракула
“Рэдка бывае так, каб палітык, калі ён заяўляе: “народ, класы, народныя масы”, не звяртаўся да эфекту аракула, г.зн. да фокусу, сэнс якога — у адначасовым прадукаванні выказвання і яго расшыфроўкі, у стварэнні ўражання: “я — гэта іншы”, я —прадстаўнік, усяго толькі намеснікнароду, насамрэч ёсць народам, а значыць усё, што я кажу, — сама праўда і само народнае жыццё.
У гэтай сувязі сур’ёзнага лінгвістычнага аналізу заслугоўваюць тая падвойная гульня і тыя рытарычныя прыёмы, у якіх выяўляецца структурная крывадушнасць упаўнаважаных прадстаўнікоў і, у паасобку, іх сістэмныя пераходы ад “мы” да “я”.
Беларуская праграма нацыятварэння шмат чым падобна да савецкай. Найперш гэта тлумачыцца тым, што яна будуецца на традыцыях савецкага ладу жыцця, дакладней — жыцця ў савецкай фізічнай і сімвалічнай прасторы. Таму паноўнай уладзе не было патрэбы нешта меняць, хіба толькі дадаць трохі новых сэнсаў у інтэрпрэтацыі прыжытых звычак. Нават рэферэндум пра дзвюхмоўе толькі падмацоўваў гэтыя звычкі, бо калі ставіцца да ягоных вынікаў адэкватна, дык трэба было б, да прыкладу, перавесці ўсе тэлевізійныя перадачы ў рэжым субтытраў, як гэта робіцца ў білінгвістычных краінах: адна мова чуецца, другая — чытаецца.
Найноўшыя сімвалы Беларусі — гэта не сімвалы-ідэі, а сімвалы-рэчы: трактары, цымбалы, прадпрыемствы кшталту “Беларуськалія”. Залежна ад запатрабаванняў бягучага моманту, іх сімвалічная перспектыва можа быць зменена на зусім іншую, але яны заўсёды будуць заставацца сімваламі-рэчамі.
Адрозна ад нацыянальнага праекту, праграма прапануе й практыкі: гэта паслухмяны грамадзянін, што выконвае ўсе патрабаванні ананімнай улады, спажывец, які купляе ўсё беларускае, і да т.п. А тое, што нейкім чынам замінае рэалізацыі гэтай праграмы, ніштожыцца ці лакалізуецца — беларуская мова, бо яна не функцыянальная, старажытная гісторыя краю, бо “звязвае рукі” праўладнай ідэалогіі, Расія, бо невядома чаго ад яе чакаць у будучыні.
Дарэчы, на сучасным дзяржаўным гербе краіна (Беларусь) акрэслена толькі контурам.
4. Моўнае пытанне
У моўнай праблеме ў Беларусі скрыжоўваюцца ледзь не ўсе сацыяльна-палітычныя калізіі апошняга часу. Рэпрэсіўная праграма ўлады адносна беларускай мовы зрабіла з яе апошні бастыён нацыянальнай тоеснасці. Няма іншай унітарнай дзяржавы, дзе тытульная мова знаходзілася б у такім бядотным становішчы, як беларуская (ірландцы недахоп моўнай ідэнтыфікацыі кампенсуюць рэлігійнай).
На маю думку, галоўныя фактары, паўплывалыя на вастрыню моўнай праблемы, наступныя:
1. Рэалізацыя ўладай праграмы нацыятварэння, у якой не знайшлося месца ні “беларускамоўным кансерватарам”, ні “расійскамоўным лібералам”.
2. Існаванне супольнай апазіцыйнай сацыяльнай базы, дзе аб’ядноўваюцца розныя антылукашэнкаўскія інтарэсы.
3. Знікненне адрозненняў унутры апазіцыі (крыза структурнай апазіцыйнай ідэнтычнасці).
4. Абвастрэнне, у сувязі з памянёным, пачуцця персанальнай гісторыі і сэнсу пражытага жыцця.
Сюды яшчэ можна дадаць сфармаваную савецкай і падтрыманую найноўшай дзяржпрапагандай схільнасць маляваць самыя жудасныя наступствы ад перамогі палітычных апанентаў, якія пад пагрозай скарыстання зброі будуць змушаць вучыць беларускую мову.
Але па чарзе.
Як памятаем, у незалежніцкім дыскурсе палеміка вакол мовы ўзнікла пасля рэферэндумаў, якія зацвердзілі сімволіку і дзвюхмоўе. Тады ў апазіцыйным асяроддзі разгарнулася барацьба за манаполію ў супрацьстаянні рэжыму. Яна разгортвалася як у сацыяльнай, так і ў сімвалічнай сферах; схематычна яе можна азначыць як супрацьстаянне БНФ і АГП. БНФ займаў кансерватыўную пазіцыю, АГП была схільная да зменаў: маўляў, калі адраджэнцкі праект не меў поспеху, дык трэба яго адкінуць і ствараць новы дэмакратычны праект — ужо на расійскамоўным грунце. Палітычна гэта выглядала слушна, бо расійскамоўная сацыяльная база была значна шырэйшай. (Дарэчы, гэтае супрацьпастаўленне можна адсачыць і на прыкладзе адукацыйнага поля — ЕГУ і Беларускі Калегіюм як альтэрнатывы БДУ.)
Больш за тое, у барацьбе за манаполію на супраціў зніклі адрознасці розных палітычных плыняў. Розныя плыні (і зусім верагодна — не без падмогі ўладаў) зліліся ў гамагенную апазіцыйнасць (хто ў 1990 г. мог уявіць хаўрус камуністаў і БНФ?). Прычым, зважым: пытанне: “За дэмакратыю з мовай ці без мовы?” мела значэнне толькі для асобных груп унутры апазіцыйнага поля. І стаўленне да яго было абумоўлена рознымі культурніцкімі падыходамі да беларускай мовы. Інакш кажучы, для адных мова была толькі сродкам, для іншых — каштоўнасцю. (Адсюль і вынікае крытыка “прагматызму”, “тэхналогій”, “фармальнай рацыянальнасці” і г.д. з боку “беларускамоўных”.) Зразумела, што мова ёсць і каштоўнасцю, і сродкам. Але ў беларускай сітуацыі яна найбольш выразна падзяляе палітычны дыскурс: мова ці эканоміка?
Адмыслова запынюся: я не маю намеру тут вызначаць, якое стаўленне да мовы добрае, а якое — кепскае. Па-першае, калі мовай не карыстацца, мова памірае, а па-другое, я не веру (бо я сацыёлаг) у існаванне каштоўнасцяў, адарваных ад іх носьбітаў.
Каштоўнасць усялякай мовы, з майго меркавання, фармуецца практыкай. Калі чалавек з дзяцінства выхоўваецца у полі той ці іншай мовы, сама мова, будуючы светагляд, робіцца транспарэнтнай. Рэфлексія над мовай узнікае адно ў выпадку сутыкнення з моўным “іншым”. Тады чалавек і высноўвае, чым ёсць для яго мова. “Я русский бы выучил только за то…”
У гэтай сувязі прапаную гіпотэзу: каштоўнаснае стаўленне да мовы залежыць ад уласнай гісторыі кожнага персанажа нашай рэальнасці. Унікальнасць беларускай сітуацыі — не ў “апрыёрнай” дадзенасці мовы, а ў вяртанні да яе. Прынамсі, большасць маіх беларускамоўных знаёмых выхоўваліся на расійскай, і пераход на беларускую мову быў для іх усвядомленым крокам, г.зн. стаўся вынікам самавызначэння. Таму мова ў іх разуменні — гэта асабовы лёс. Істотна й тое, што ў многіх з мовай звязана прафесійная дзейнасць — літаратурная, даследчая, выдавецкая і г.д.
“Архіпелаг Беларусь” — супольнасць беларускамоўных (ці інтэлігентаў, ці інтэлектуалаў), повязі якіх трымаюцца на падабенстве ўласных шляхоў да мовы.
Але чалавек схільны атаесамляць сябе і свой лакальны асяродак з усім светам. Таму адбываецца некрытычнае перанясенне ўласных уяўленняў “жыхароў архіпелагу” на ўсіх беларускамоўных, а моўнае асветніцтва згортваецца да тэзы “я змог, чаму ты не можаш?”.
З іншага боку, яшчэ вякуе й “стыхійная беларускамоўнасць”. Вясковыя жыхары шмат дзе ўжываюць беларускую мову. Такое патлумачваецца незавершанасцю працэсаў урбанізацыі і звязанай з ёй русіфікацыі, якія папросту не здолелі пакуль татальна ахапіць і вёску.
Гэткім чынам, на новым этапе мы зноў вяртаемся да двух беларускіх праектаў — праекту Багушэвіча (сялянская Беларусь) і праекту Міцкевіча (высокая Беларусь).
Літаратура:
Сорокин П. Человек. Цивилизация. Общество. — Москва, 1992.
Абушенко В.Л. Социология культуры // Социология: Энциклопедия. — Минск, 2003.
Дюркгейм Э. Социология. Ее предмет, метод, предназначение. — М., 1995.
Андерсон Б. Воображаемые сообщества.— Москва, 2001.
Варта падкрэсліць, гаворка вядзецца менавіта пра структуру, атрыманую ў выніку фактарнага аналізу. Аналіз асобных паказчыкаў (колькасць працэнтаў) маласэнсоўны. Тое, што паводле перапісу насельніцтва павялічваецца колькасць беларусаў, сведчыць толькі аб прызвычайванні да незалежнасці. Бо ў змесце таго, “што значыць быць беларусам”, галоўную ролю адыгрываюць паўпустыя адказы накшталт “жыць у Беларусі”. Такім чынам, дадзеная ідэнтычнасць амаль не закранае свядомасці і можа быць названа “тэрытарыяльнай” ці “тутэйшай”.
Гирц К. Интерпретация культур. — Москва, 2004.
Гл., у прыватнасці: Абушэнка Ул. Крэольства й праблема нацыянальна-культурнай самаідэнтыфікацыі // Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня. — Санкт-Пецярбург, 2003; Казакевіч А. Дэканцэптуалізацыя крэольства // Палітычная сфера. 4/2005.
Акудовіч В. Мова // Акудовіч В. Дыялогі з Богам. — Менск, 2006.
Ігар Бабкоў. Генэалёгія беларускай ідэі. Зь лекцыяў для Беларускага Калегіюму // ARCHE. 3/2005.
Акудовіч В. Архіпелаг Беларусь // Акудовіч В. Дыялогі з Богам. — Менск, 2006.
Казакевіч А. Культурны фон беларускай палітыкі // Найноўшая гісторыя беларускага парламентарызму. — Менск, 2005.
Бурдье П. Делегирование и политический фетишизм // Бурдье П. Социология политики. — Москва, 1993.