Міхась Стральцоў
Сена на асфальце
Крыніца фота: СБП
ЛІСТ ПЕРШЫ
Часта я пытаюся ў сябе: як мы сустрэліся і чаму?
Памятаю, яшчэ калі вучылася ў школе, мне неяк не па-дзіцячы хацелася смутку, таямнічага, незвычайнага лёсу. Прайшлі гады – я спазнала смутак і зразумела, што навучыцца смутку нельга, як нельга навучыцца і радасці. На ўсё свой час. Яшчэ я ведаю цяпер, што з гадамі душа цішэе, лагаднее, супакойваецца, але не засынае: яна, як і раней, шукае радасці, толькі ведае ўжо, што хоча іменна яе. Вось чаму я думаю, што пасталелы чалавек большы рамантык, чым ён быў у раннім юнацтве. І калі я зразумела гэта, я сустрэла цябе. Раней бы мы не сустрэліся, бо не зразумелі б адно аднаго.
Памятаеш нашу першую сустрэчу?
Тою раніцай я заходзіла да сваіх знаёмых па апельсіны: яны недзе дастаюць іх, сказалі, што могуць дастаць і мне. А я падумала, што добра будзе занесці іх Лёльцы, сестрыной дачушцы: ты ведаеш, малой не вельмі соладка жывецца. Сястра даўно не ладзіць з мужам, усё не можа дараваць яму нейкія мужчынскія грахі – яны часта сварацца, а малое бегае ад бацькі да маці, не ведаючы, да каго хінуцца. А дзяўчынцы пяць год, і яна такая слаўная.
Той раніцай, памятаю, ішла я паўз кінатэатр. Памятаю, як пад ягоным дахам, недзе там, за шэрымі калонамі, заўзята чырыкалі вераб’і, унізе, ля ўвахода, прыбіральшчыца шчыравала з дзеркачом, а на сцяне, над ёю, ружова білася, то святлеючы, то робячыся гусцей, трапяткая сонечная плямка. І ўедліва-церпка пахла пылам. Я люблю, калі пахне пылам, а ў тую вясновую раніцу вуліца пахла яшчэ і свежымі булкамі, і духмянай кавай, і цвярозлівым халадком маладой зялёнай лістоты. Я паціху ішла сабе тратуарам і ўглядалася ў абліччы нячастых прахожых. Ты ведаеш, ты, можа, прыкмячаў гэта сцішанае, смужліва-мройнае ззянне, што бывае вясной на тварах у людзей, на тварах, ледзь кранутых першым загарам? Такое яшчэ можна заўважыць, зазірнуўшы чалавеку ў твар, калі на вуліцы ціхі і цёплы дождж. А ты заўважаў, што ў дождж хораша і лёгка думаецца, а на душы бывае так светла і ясна?
У тую раніцу ты быў такі спакойны, стомлена-ціхі нейкі, усмешлівы і лагодны. І ты так смешна і па-дзіцячы лёгка тады гаварыў. Памятаеш, калі я рассыпала на рагу вуліцы апельсіны і ты немаведама адкуль нахапіўся іх падбіраць?
Усё нібы ў тую раніцу спрыяла таму, каб мы сустрэліся з табою.
А якая была тады вясна! Дзе толькі не былі мы з табою тою вясной! У дождж да позняй ночы праседжвалі мы ў скверах, накрыўшыся тваім пінжаком, і, памятаеш, колькі разоў пачыналі думаць пра тое, каб некуды з’ехаць, далёка-далёка, у таямнічыя нікому не даступныя мясціны. Што за жаданні былі ў нас, няўжо каханню трэба, каб былі толькі яно і цэлы свет? Мы куплялі на вакзале білеты ўсё роўна на які цягнік – і колькі незнаёмых вёсак, рэчак, лясоў і палян неспадзявана адкрылі мы так для сябе. А кінатэатры на ўскраінах горада – старыя, са скрыпучымі лаўкамі, з вышараванай нагамі, выбітай да ямак падлогай? А сеансы, на якіх ад суседа па лаўцы часам нясцерпна пахла гарэлкай, у час якіх ірвалася лента і рабілася цёмна, хоць выкалі вока, і тады ў зале ўсчыналіся свіст, крык, не вельмі далікатныя жарты. Ніхто не ведаў там нічога пра нас, і гэта было прыемна, як, мусіць, прыемна было якому-небудзь прынцу са старога рамана, пераапранутаму жабраком.
А потым у нас пачаліся нелады. Ты як бы помсціў за нешта мне, як бы знарок стараўся абразіць мяне – які ты быў жорсткі і ў той жа час нейкі разгублены ў сваёй халоднай зласлівасці. Мне было з табою так цяжка. Навошта ты рабіў гэтак?
Толькі пазней я здагадалася, што ты раўнаваў мяне, што ты баяўся мяне страціць. І тады, зразумеўшы, я даравала табе ўсё.
Гэта было ўжо летам, пасля таго як я паехала з нашага горада, сказаўшы, што мы надакучылі адно аднаму, што нам трэба адпачыць, пабыць на адзіноце, разабрацца ў сваіх пачуццях.
Я паехала тады да цёткі, у ціхі і зялёны гарадок – былы абласны цэнтр. Мне якраз і трэба было гэта – цішыня, вузкія вуліцы, гаршкі з кветкамі, падвешаныя да ліхтарных слупоў, санлівыя жанчыны ў кіёсках з газетамі. Усё проста, зразумела і трошкі сумна. І ніхто не здзівіўся б, каб аднойчы на вуліцы паявіліся хоць бы козы.
У тым горадзе ёсць рака, а ў яе за горадам, ля невялікай вёскі, упадае, выліваючыся ў тры ручвы, неглыбокая халодная рэчка. Над правым ручвом – пясчаны бераг, парослы лазой, за ім – гара з шатрыстымі цёмнымі соснамі.
Кожны дзень я хадзіла на тую рэчку купацца.
Ляжыш на беразе – трымціць, снуецца ў шырокіх ручвах вада, бялеюць на рачных астраўках валуны, сіняя тамлівая смуга вісіць над вадою там, дзе робіць паварот рака, дзе пад гарой насыпанага самазваламі пяску ракоча пад’ёмнік, грузячы баржы. Хлапчукі з берага ловяць вудамі рыбу. У полудзень заходзяць у рэчку каровы, стаяць у вадзе, махаючы хвастамі, – плыве, пялёхкае рака, і паволі плыве час, цягучы, як звон конікаў у вушах. О, салодкая, лянотная бяздумнасць, о, жыццё душы, дрымотнае, як звон вады, тамлівае, як сіняя намітка смугі! Вочы бачаць, чуюць вушы, і, ціха стаіўшыся, лечыцца душа. Млеюць ад гарачыні палі, цячэ, снуецца ў сонечных промнях рака, далёка на ўзмор’і тужаць аб свежым ветры караблі, і вось-вось скаланецца сонная сінь, павее вецер і пагоніць караблі ў краіну добрых сустрэч. І тады я таксама пастаўлю ветразь.
Так я вярнулася да цябе.
Лена
ДЗЯДЗЬКА ІГНАТ
Я ішоў на спатканне з Ленай, калі на нашым двары ўбачыў дзядзьку Ігната.
Быў надвячорак. Дурманліва пахлі кветкі, вокны ў доме былі расчынены, і ў нечай кватэры задумліва вяла ціхую мелодыю радыёла. У двары на лавачках сядзелі жанчыны, мужчыны сумавалі побач з імі: курылі, нізка ўгнуўшы плечы, пыхкаючы дымам сабе ў кулак – той-сёй быў без кашулі, у майцы.
Дзядзька Ігнат стаяў ля нізкай агароджкі перад домам, глядзеў, як нейкі таўставаты чалавек у піжаме паліваў са шланга газон з кветкамі.
– Пастой, Віктар, раскажы, дзе быў, што бачыў, – не паварочваючы галавы, лагодным і роўным голасам сказаў да мяне дзядзька Ігнат. Я толькі што параўняўся з ім і хацеў быў павітацца.
Я стаў, лапнуў рукамі па кішэнях, успомніўшы раптам пра курыва, – дзядзька Ігнат зноў лагодна і спакойна сказаў:
– Яшчэ ўздумаеш рознымі «фільтрамі» частаваць – закуры лепш махры. – І падаў мне капшучок з кішэнькаю збоку: у ёй была акуратна нарэзаная газета. – Куры.
Я закурыў.
Лілася са шланга, пырскала вада, бубацела па лісці кветак – хораша пахла сырой зямлёй. Чалавек у піжаме, не гледзячы, вадзіў шлангам перад сабой – позірк яго быў недзе далёка: можа, чалавеку сумная была яго работа, а можа, быў у яго свой, асаблівы, аднаму яму зразумелы настрой, і ён пад безуважнасцю хаваў яго, не хацеў, каб здагадаўся пра яго хто іншы.
Усё здавалася трохі загадкавым, таямнічым там, дзе быў дзядзька Ігнат.
– Ну, дык як мая махорачка – Маскву ўбачыў, га? Гэта, брат, не тое, што твая трава. Па-мойму, дык мужчыне і курыць яе брыдка: лепш ужо мох са сцяны выскубаць… Хаця дзе ты ў горадзе той мох знойдзеш!
– Махорка як махорка, – знарок абыякава сказаў я. – Масквы не ўбачыў, але горла дзярэ.
– Значыць, нічога ты не разумееш… Во, як ён, – паказаў на чалавека са шлангам. – Я кажу: навошта кветкі паліваць, калі ноччу дождж будзе, а ён не слухае, рады, што занятак знайшоў.
– Адкуль вы ведаеце, што ноччу будзе дождж?
– Я, хлопча, сорак з лішкам у вёсцы пражыў – чаму не ведаць?
– На старой кватэры гэта было, – сказаў раптам чалавек у піжаме. – Сусед у мяне, бывала, нап’ецца, уключыць у пакоі прыёмнік на ўсю моц, ляжа на канапу і слухае. Жонка ягоная лаецца, сам бы яму, здаецца, у каршэнь надаваў, а ён: не ваша, кажа, справа, дайце мне асалоду адчуць – так яшчэ сам Пушкін некалі казаў… Дзе ён пра таго Пушкіна ўзяў – чорт яго ведае… Так і я. Можа, і я хачу асалоду адчуць.
– А гэтага табе ніхто не забараняе, – строга сказаў дзядзька Ігнат. – Гэта іншая справа. Я толькі пра дождж кажу.
– Дождж дык дождж… – сказаў чалавек у піжаме. – Не пашкодзіць і дождж.
– Заўтра футбол, – сказаў я. – Навошта той дождж?
– Футбол будзе днём, а дождж сёння ноччу, кажу, – паправіў мяне дзядзька Ігнат.
– Нашы заўтра выйграюць, вось пабачыце, выйграюць, – сказаў чалавек у піжаме. – Паспрачацца магу.
– Гэта як сказаць, – запярэчыў я. – Каманда прыедзе моцная, а нашы перад гэтым такую дурную зрабілі нічыю…
– А я думаю так: з моцнай камандай лягчэй гуляць. Нашы найчасцей слабым і прайграюць.
А дзядзька Ігнат сказаў:
– Не разумею я балельшчыкаў вашых ды хіба яшчэ рыбакоў – тых, што з вудамі цэлыя дні сядзяць… Бывала, паедзеш на луг, намахаешся касой за дзень, а ўвечары – за таптуху ды ў якую застаялую азярыну. На ногі лапці абуеш. Касіць і рыбу лавіць у лапцях найлепш. Ну, яшчэ, можа, кароў пасвіць… Дык я і кажу: набоўтаешся, вылезеш на бераг – і рыба ёсць, і сам нібы ў святой вадзе выкупаўся. А потым раскладзеш цяпельца ля будана ды ў чыгунок рыбу, у чыгунок… Эх, ліха табе!..
– Вам, дзядзька Ігнат, у вёсцы жыць трэба, – сказаў я.
– Можа, і пераеду яшчэ ў вёску – адкуль ты ведаеш, – чамусьці пакрыўдзіўся дзядзька Ігнат. – А ты што – без вёскі можаш пражыць?
– Чаму? Я ведаю, што без вёскі нельга, але і без горада нельга таксама. Што я думаю. дык гэта – каб тое і другое ў чалавечай душы прымірыць…
– Бач ты яго – прымірыць! – ужо зазлаваў дзядзька Ігнат. – Харошы мір, калі такія, як ты, з вёскі ўцякаюць, з зямлі, дзе бацькі іх горб нажылі.
– Я не ўцякаў, але калі на тое пайшло, дык у вёсцы можа якіх пятнаццаць працэнтаў насельніцтва жыць, – і хлеба, і малака ўсё роўна ўсім хапаць павінна…
– Гэта па-навуковаму, ці як?
– Можа, і па-навуковаму. А чаму гэта дрэнна?
– А таму дрэнна, – усхадзіўся дзядзька Ігнат, – што некаторыя думаюць, быццам батоны на вярбе растуць… А таму, што да зямлі пашаны няма. Адпрацуе на трактары калыглуз які, што дзесяць класаў скончыў і ў калгасе стаж зарабляе, каб з вёскі ўцячы, – адпрацуе змену ці менш, на чуб флакон адэкалону вылье – і да дзявок. Яму хоць трава не расці…
– Табе, Сцяпанавіч, старшынёй бы ў калгасе быць, – сказаў чалавек у піжаме. Ён кінуў ужо свой шланг, стаяў, склаўшы рукі на грудзях, і слухаў. – Па справядлівасці, Сцяпанавіч, кажу.
– А ты думаеш, не быў? – нібы здзівіўся дзядзька Ігнат. – Не старшынёй, дык брыгадзірам быў. Адразу пасля вайны… І ўспамінаць не хочацца, і каб не хацеў – успомніў бы: такі быў той час. Такую вайну на плячах вынеслі, столькі пакінулі сірот, матак няўцешных і ўдоў. Столькі аратаяў, цесляў на той вайне палягло… А ты застаўся, галавы сваёй не злажыў; ацалеўшы, дамоў прыйшоў. Табе трэба новае жыццё будаваць, удовамі табе камандаваць трэба… І вось прыходзіць да цябе ўдава і, каб прывезці дроў, каняку просіць і, здаралася, паўлітэрка з-пад палы дастае… Толькі я за паўлітэрка тое не вінавачу яе. Не з хабарам яна прыходзіла, не сумленне тваё купляць. Ведала яна, як цяжка было таго каняку даць, спачування яна прасіла твайго. А чым яна аддзякаваць магла? Сама гародчык свой арала, карову ставіла ў плуг. Дровы з лесу на саначках вазіла, у калгас летам кожны дзень ішла… Пра тое я кажу, што на хабар не здольны просты чалавек. А што былі такія – і брыгадзіры, і старшыні, і падстаршынкі былі, што на людскім горы падчаровак гадавалі, тую ўдовіну гарэлку ў глотку лілі, бо надта шырокая была, – дык няхай ім абзавецца і на гэтым свеце, і на тым, калі ён ёсць, удовіна сляза…
Дзядзька Ігнат нервова таргануў галавой, дастаў з кішэні капшук і закурыў.
– Значыць, так і не ўдалося табе, Сцяпанавіч, да старшыні дарасці? – як бы спачуваючы, сказаў чалавек у піжаме.
– Не ўдалося, – сумна ўсміхнуўся дзядзька Ігнат. – І ўсё праз гэтых удоў… Суседка ў мяне была, Арынкай звалі. Дробненькая, кірпатая, вечна ў ватоўцы хадзіла. Мужык не вярнуўся з вайны, хата ў акупацыю згарэла. Шкада мне было яе. Замуж другі раз не выйшла, а дзяцей аж двух ад розных прайдзісветаў прыблудных завяла. Паставіла хату. Што там за хата была, уявіць можна: два акны, а там, дзе яшчэ павінны быць вокны, – паабтыканыя мохам цурбакі…
У нас фінінспектар быў – п’яніца. «Куфрам» звалі. Па куфрах іншым разам лазіў, падаткі спаганяў. Ну, бывае, няма ў чалавека грошай, дык ты пачакай: свінчо, можа, якое прадасць, расплоціцца. Дык не… А залатыя ж у нас людзі, усё разумеюць, усё могуць змагчы. У самыя цяжкія гады яны ў нашу добрую справу верылі… Дык ты ж да іх павінен падысці па-чалавечы.
Але вось пачаў гэты службіст Арынку трэсці. Да таго разышоўся – карову абрытаў. Кабета ў слёзы – не жартачкі. Пачуў я, прыбег і – цяпер не шкадую і шкадаваць не буду – набіў таму гаду тоўстую морду. Набіў. Ну, пасля гэтага і ён пастараўся, каб мне жылося не гладка. Ледзь справу на мяне не завёў, пад палітыку падводзіў… А тут жонка ў мяне хварэць пачала. Сваяк, яшчэ да вайны з вёскі паехаў, у горад заве… Адным словам, паехаў я, слабасць душэўную паказаў… Слухай, Віктар, – сказаў раптам ён, – хочаш заўтра са мной на сенакос схадзіць?
– Гэта куды, дзядзька Ігнат, у вёску?
– Навошта ў вёску? На плошчы, на газонах, вунь якая трава парасла – навесці парадак трэба… Бачыш, у мяне і ў горадзе служба па душы.
– А ўставаць рана трэба, дзядзька Ігнат?
– Рана. Хочаш, пабуджу?
– Не, я сам устану. Не трэба.
– Ну вось і добра. А касу другую ў майго напарніка возьмем. Значыць, згода?
– Добра, дзядзька Ігнат, – сказаў я.
– Ну вось і добра, – сказаў ён. – А цяпер можаш ісці. Ідзі гуляй… Тваё дзела маладое… Ідзі.
І я пайшоў.
ЛІСТ ДРУГІ
Дружа, сёння ў мяне лірычны настрой: давай уявім сабе, што мы разам, давай сядзем побач – пагрэемся ля нядымнага агню нашай дружбы. Будзь блаславёная, нечаканая сустрэча, маўчыце, трубы, бубны і фанфары, – цішыня наўкол, і мы адны. Так. Чаго не стае нам яшчэ? Мо трошкі, трошачкі смутку – мы будзем успамінаць…
Мы вучыліся з табой у адной школе. Давай закінем за плечы яшчэ няцяжкую ношку гадоў і пойдзем туды, на парог сваёй першай навукі. Мы будзем ісці і лясной дарогай, і палявой, і сцежкай па беразе ракі, і ехаць на падводзе, але болей ісці пешкі. Няма чыгункі, няма шашы, і поезда няма, і аўтобуса – іх мы не ведалі тады.
Пойдзем пешкі.
Але, слухай, ты ведаеш, той нашай школы цяпер ужо няма. Помніш хату цёткі Аўгінні – старую, без гародчыка пад вокнамі: вокны на вуліцу, помніш шырокі мурожны двор і напаўраскрытую паветку? Хату цётка некуды прадала, сама пераехала жыць да замужняй дачкі ў суседнюю вёску. Але – нічога. Тая хата жыве ў нашай памяці: вось мы прыйшлі да яе і селі на парозе…
Ну што ж, звіні – я цябе чую і сёння, зроблены з шурпатай снараднай галоўкі школьны званок!
У тую восень, калі мы ўпершыню селі за парту, яшчэ ішла вайна. Недзе далёка былі нашы бацькі: чый ваяваў, слаў дадому пісьмы, а чый маўчаў – і тады ўсё некуды пісалі пісьмы нашы маткі. І вось адтуль, аднекуль, прыходзіў нарэшце адказ – вузкаваты лісток з друкаванымі літарамі, і ў ім, закрэсленыя чорнай рысай, нейкія словы, а тое, што аставалася, чыталася ўсюды аднолькава, чыталася так: прапаў без вестак.
Над гэткім лістком плакала ў тую восень мая маці.
Яна часта плакала ў той год: і раніцай, калі выпраўляла мяне ў школу, пачапіўшы палатняную торбачку з кніжкамі на маё плячо і даўшы ў рукі новенькую трохрублёўку на Чырвоны Крыж, і раніцай, калі не пускала мяне ў школу і я сядзеў цэлы дзень на печы, бо не было чаго абуць на ногі.
Над такой паперкай плакала ў тую восень і твая маці.
Але твой бацька не загінуў, ён вярнуўся: памятаеш, ты саромеўся казаць мне, што ён быў у палоне. Ты не мог дараваць яму гэта, і, навошта таіць, не мог дараваць і я.
Давай жа цяпер, дружа, паклонімся невядомай магіле майго бацькі, і камень той, кінуты на пакутную дарогу бацькі твайго, давай падбяром таксама. Ні мой, ні твой бацька не вінаватыя перад часам і перад вайной…
Многа чаго не разумелі мы з табою тады…
Што ж, звіні, звіні – я цябе чую і сёння, зроблены з шурпатай снараднай галоўкі школьны званок!
У хаце цёткі Аўгінні, у першай нашай з табою школе, скончылі мы чатыры класы і прайшлі, як кажуць, пяты калідор. Калідора папраўдзе не было; была звычайная кухня з шырокаю печчу, са сталом, з лаўкаю для чыгуноў і для вядра вады. Калідоры былі потым, у іншых школах – сямігадовых і дзесяцігадовых, але ўжо не ў нашай вёсцы.
Раніцаю, ледзь пачынала віднець, увосень і зімою будзілі нас маткі: на камінку гарэў агонь і закіпаў на трыножцы чыгунок з бульбай…
І дагэтуль да самых малых драбніц помню я дарогі, па якіх хадзілі мы ў школу.
Як назваць нам тыя гады? Былі яны трудныя, бедныя, але яны не паўторацца: там, у звычайнай пасляваеннай вёсцы, пачыналіся з табою мы. Памятаеш, як зачытваліся мы Тургеневым, Чарнышэўскім, памятаеш, якую ўладу мелі над намі Рахметаў, Базараў? Не ведаю, як можна назваць гэтую пастаянную напружанасць душы, гэты парыў да самаахвярнасці, да радасці і нават да тугі – і гэта было, і я думаю цяпер: якія мы былі шчаслівыя, як многа было ў нас наперадзе, якое вялікае, таямнічае жыццё чакала наперадзе нас!
Тое жыццё, што было побач, мы не прымалі ў разлік. Да глыбіні душы абражалі нас несправядлівасць, падман і няшчырасць; не райская ідылія была наўкруг нас, але гэта было ў нас, у нашай вёсцы, а сапраўднае жыццё было недзе далёка; што яно было, мы не сумняваліся, – яно чакала нас, і ніяк, ніяк не магло яно без нас абысціся! І недзе там, далёка, быў чалавек, якому мы верылі больш, чым сабе.
Цяпер мы ўжо не верым таму чалавеку. Ды яго ўжо і няма. Патроху ды памалу вучымся мы ва ўсім пакладацца на саміх сябе.
Памятаеш, за вёскаю, у бярозавым гайку, за якім пачыналася высокае камяністае поле, закапалі мы бляшаначку з-пад ваксы, і ў ёй – запіску са словамі Мікалая Астроўскага: «Самае дарагое ў чалавека – гэта жыццё…» Тады, помню, была восень, парывіста шумеў пад ветрам бярозавы гаёк. Мы закапалі тую запіску і, сцяўшыся ад хвалявання, ад трывожнай нязвыкласці толькі што зробленага, стрэлілі з самапала. Усё было ўрачыста, таямніча, і ўсё было падобна на клятву…
Што ж, пойдзем, дружа, пад нашу бярозку, давай возьмемся за рукі, пастаім, паслухаем ноч, цішыню і сябе саміх. Што б ні здарылася з намі, як бы ні пайшло далей наша жыццё, давай дамовімся з табою, дружа, што ніколі не скажам пра сябе словамі паэта:
Что я в ту пору замышлял,
Созвав товарищей-детей,
Какие клятвы им давал, –
Пускай умрет в душе моей,
Чтоб кто-нибудь не осмеял…
Давай дамовімся, дружа. Вось табе мая рука.
Твой Віктар
ЗАЎТРА ФУТБОЛ
Дзядзька Ігнат казаў праўду: ноччу быў дождж. Была навальніца.
На дождж пачало брацца яшчэ звечара. Мы з Ленай не сталі чакаць дажджу. Можна было схавацца ад яго ў кіно, але білеты на вячэрнія сеансы былі ўсюды прададзеныя. Я пасадзіў Лену ў перапоўнены тралейбус, і яна паехала. Я пайшоў дадому пешкі.
На горад насоўвалася цёмная маўклівая хмара. Было душна, вецер яшчэ не ўсчынаўся. Многа людзей вярталася ў горад – на матацыклах, матаролерах, у легкавушках. Над кінатэатрам бледна мігала рэклама. Ля кафэ на рагу вуліцы стаялі, сабраўшыся купкамі, святочна апранутыя хлопцы і дзяўчаты. Пахла парфумай, газіроўкай і цыгарэтным дымам. Кволым, нібы збалелым жоўтым святлом запальваліся ў дамах вокны. Нейкі дзядзька ў саламяным капелюшы нёс на плячы вудачкі, у руцэ ў яго была гаспадарчая сумка: з яе вытыркалася трава, у сумцы, мабыць, была рыба. Пасярод вуліцы стаяла міліцэйская машына: рэпрадуктар па-казённаму нудна даводзіў, што нельга парушаць правілы вулічнага руху.
Ні вулічныя, ні якія іншыя правілы парушаць мне не хацелася.
Я ішоў і думаў пра Лену, пра тое, што заўтра нядзеля і, значыць, будзе футбол. Білеты на футбол у мяне ёсць: мне і Лене. Я думаў, што заўтра раніцай, да футбола, калі распагодзіцца, мы паедзем з Ленай на возера. Там будзе людна, але мы, калі захочам, будзем адчуваць сябе нібы адны. Нам будзе добра. Мы будзем часта і падоўгу купацца, будзем, знясіленыя, ляжаць на беразе, потым я схаджу да латка па напітак і бутэрброды, а потым мы пойдзем на трамвайны прыпынак. У трамваі будзе цесна, нават трошкі цемнавата ад густой цеснаты загарэлых твараў, плячэй і рук; мы будзем стаяць побач, блізка прыхінуўшыся адно да аднаго, я буду глядзець у стомленыя, трошкі затуманеныя Леніны вочы, бачыць бледнаваты шрамок у яе на лбе, бачыць яе разгубленыя вусны блізка ад сваіх, і мне захочацца, вельмі захочацца пацалаваць яе, і яна здагадаецца пра гэта, будзе гарэзна глядзець на мяне і смяяцца.
Я думаў пра дзядзьку Ігната, пра яго дзіўную і такую зразумелую любоў да вёскі, і мне чамусьці было трошкі шкада яго. Я думаў пра тое, што я вось ведаў і горад, і вёску, спаў у будане на лузе і ў нумары гасцініцы, смаліў кабана і ведаў, як сякуць на зіму капусту, курыў ноччу са стомленым шафёрам у таксі і піў на вясковым вяселлі самагонку, спрачаўся пра Хемінгуэя і Ўрубеля, падоўгу прастойваў у залах музеяў, вучыўся ў інстытуце, на канікулах касіў у калгасе, радаваўся, расчароўваўся і каяўся, марыў стаць паэтам, а стаў аспірантам па разраду, як кажуць, прыгожага пісьменства. Але справа не ў гэтым.
Мне хацелася, даўно хацелася прымірыць горад і вёску ў сваёй душы, і гэта была мая самая патаемная і самая душэўная думка.
А можа, праўда дзядзькі Ігната, і чалавеку па-сапраўднаму трэба што-небудзь адно: горад ці вёска, месяц над хатай ці электрычны ліхтар?
Не, мусіць, не так. Я бачыў з самалёта неба: сонца залаціла перыстыя аблокі, і яны гарэлі чыстым незямным агнём. Кучавыя воблакі ляжалі ўнізе, здавалася, на самай зямлі – зямля была далёка, і далёка было відно наўкол, і здавалася, у нейкі міг страчвала над табою ўладу ўсё зямное, і здавалася, у нейкі міг ты пазнаваў вечнасць – халодную вечнасць, прывабную і чыстую, як залацістае ззянне аблокаў. А з неба ўсё лілося і лілося невыказна чыстае святло, і здавалася, вось-вось надломіцца нешта ў душы, і ты больш, чым жыцця, захочаш смерці, бо там, дзе душы кранаецца вечнасць, не існуе мяжы паміж жыццём і смерцю…
О зямля! Ты даеш нам тугу па небе, але не меншая наша туга па табе. З далёкіх і блізкіх дарог вяртаемся мы да цябе, і спеў жаваранка аглушае нас не меней, чым гул рэактыўнага самалёта. Неаднойчы так было і са мной, і часта я думаў: навошта выбіраць паміж жаваранкам і рэактыўным самалётам? Хіба ж нельга, каб было і тое і другое? І, мусіць, не ўся праўда ў дзядзькі Ігната, праўда ў таго, у каго яе больш.
Не, я не дакараў дзядзьку Ігната. Я думаў, што кожны чалавек павінен добра ведаць сваё месца на зямлі, што кожны, урэшце, мае права любіць нешта асабліва моцна, – няхай так: гэта ўсё ж лепш, чым не любіць нічога.
Не, я ўсё ж паважаў дзядзьку Ігната. Я ішоў і думаў, як заўтра мы пойдзем касіць на плошчу, як я вазьму ў рукі касу, якую даўно ўжо не браў, як гэта добра, што мы будзем касіць у горадзе. І мне здавалася, што заўтра са мною павінна здарыцца нешта асабліва значнае і важнае, што заўтра, можа, канчаткова вырашыцца мая даўняя спрэчка з самім сабой…
А ноччу быў дождж. Была навальніца. Я даўно не бачыў такой навальніцы. Раз’ятрана білася ў трубах вада, сінія маланкі паласавалі неба, на вуліцы нешта гуло, сіпела, булькала, – водгулле грымотаў кацілася імкліва і бурна, бы гул рэактыўнага самалёта.
Потым усё сціхла. Чуваць было, як падала з даху вада. Я лёг спаць. Я засынаў, і мне ўсё мроілася: сінія маланкі, дзядзька Ігнат, заўтрашняя наша касьба. І яшчэ: Лена, Лена, Лена. Футбол, футбол, футбол…
ЛІСТ ТРЭЦІ
Добры дзень, Андрэй і Куліна!
У першых радках свайго пісьма саабшчаю вам, што мы жывыя і здаровыя, чаго і вам жадаем. Пісьмо ваша палучылі, за што дзякуй, а таксама, што не забываецеся на нас і завяце ў вёску, каб прыехалі ў гэтае лета. На гэта скажу, што не ведаю, бо адпачынак мне даюць заўсёды ўвосень: летам у мяне ў горадзе самая работа.
Толькі вы як бы адгадалі мае думкі: стары я станаўлюся і ўсё больш і больш пачынаю думаць пра нашу вёску, а як успомню, што там, дзе стаяла мая хата, чужы двор і чужая гаспадарка, дык і кажу сабе: дурны ты, дурны, чаго ты са свайго гнязда сарваўся, чаго пайшоў у белы свет як у капейку!
І старая мая на тое, каб назад вярнуцца, даўно падбівае. А вы ведаеце, што калі сам хочаш вярнуцца ды яшчэ калі жонка за тое голас падае, дык тут і думаць няма чаго.
Грошай трохі мы сабралі; каб купіць халупу, хопіць, а там, як кажуць, бог бацька; рукі ёсць, горб таксама, можна і новую хату паставіць.
Быў тут Піліпаў хлапечык у нас – такі дзівак, грошы, яшчэ студэнтам пазычаныя, прынёс. Даўно гэта было, а не забыўся. Я не пра грошы кажу, грошай тых старымі якіх пяцьдзесят рублёў, а толькі прыемна, калі чалавек харошы, ды яшчэ з тваіх мясцін. Я і не ведаў, што ён пасля інстытута ў нас у раёне ляснічым працуе. Вось гэта добра, што вярнуўся дамоў.
У мяне да цябе, Андрэй, мужчынская просьба. Як тады гэты Піліпаў хлапечык быў, пасаромеўся я слова сказаць, каб ён мяне, калі што якое, лесніком дзе прыстроіў. Скажы цяпер яму. Скажы, што я чалавек ціхі, любіцельскі: у лесе, можна сказаць, гадаваўся – і лес люблю. А то во і вы пішаце, што як пілараму ў нас паставілі, дык многа лесу без пары і толку на глум ідзе… Ён чалавек, я думаю, хоць малады, а з душой і павінен зразумець.
Навін у нас асаблівых няма. Хлопец наш малодшы служыць у арміі, астаўся яму служыць адзін год. А больш навін у нас ніякіх няма.
Адпішыце нам, а мы, як ад вас пісьмо палучым, адразу адпішам.
Бывайце здаровы.
Ігнат
ПАРА КАСАВІЦЫ
Яшчэ не хадзілі трамваі, тралейбусы, вуліца была пустая і мокрая ад дажджу. Недзе за горадам узыходзіла сонца. Яно не абзывалася яшчэ ў горадзе, але я ведаў: сонца ўзыходзіла. Таму-сяму, як і дзядзька Ігнат, я навучыўся ў вёсцы. Было чатыры гадзіны раніцы.
Далёка-далёка, у маёй і ў дзядзькі Ігнатавай вёсках, пастух выганяў наранкі кароў.
А мы ішлі з дзядзькам Ігнатам па мокрым ад дажджу тратуары, і на плячы я нёс касу. Касу мы ўзялі ў дзядзькавага напарніка, дасталі з падстрэшка дашчанай нізенькай пунькі, крытай толем і рудой гарбатай бляхай. Было лета, і дзядзькаў напарнік спаў тут жа, у пуньцы: нам не трэба было заходзіць у дом.
Вуліца была пустая і мокрая ад дажджу. Было ціха. Па дарозе на плошчу мы ўбачылі толькі вартаўніка ля гастранома ды нейкага дзівака ля аўтамата з газіраванай вадой. Дзівак усё тыцкаў і тыцкаў пальцам у кнопку аўтамата, грукаў па ім кулаком, але вада не ішла. Дзіваку было год дзевятнаццаць: які-небудзь сасмяглы ад кахання студэнт. Салют табе, браце, і шчырыя пажаданні ўдачы! Перадавай прывітанне маёй студэнцкай маладосці! Мы прыйшлі на плошчу.
Далёка-далёка, у маёй і ў дзядзькі Ігнатавай вёсках, нехта здымаў з пляча касу. Узыходзіла сонца. Стаяла высокая, пасівелая ад туману і густой расы трава. Звінела пад мянташкай каса…
– Пачакай, – сказаў дзядзька Ігнат, спыніўшыся на краі шырокага газона, абсаджанага роўным кустоўем. – Давай пакуль перакурым. – І асцярожна палажыў касу на шызую, набрынялую холадам елачку. – Пачынаць буду першы я…
Ён гаварыў ціха. Раніцай нельга моцна гаварыць.
Я маўчаў.
– Паглядзі, як там у цябе на касільне пупок. Каб высака не быў.
– Не, у самы раз… Толькі ў нас гэта не пупок завецца, а лучок. У нас лепш…
– Як вядзецца, так і завецца. Лучок… А як у вас завецца распорка з сеткай, што да касы прыладжваюць, калі косяць грэчку? Вось гэта – дык завецца лучок!
– Як у нас завецца? Чакайце, дзядзька Ігнат… Не, нешта не ўспомню.
– Як успомніш, скажаш мне.
Ён нават не ўсміхнуўся. Сур’ёзна ён казаў ці кпіў з мяне? Але я не крыўдаваў на яго, мне нават чамусьці было прыемна, што ён правучыў так мяне.
– Дайце мне мянташку, – сказаў я, – пагляджу, можа, у маёй касе лапатуха якая завялася. Га, дзядзька Ігнат!
– Чакай, спярша я сам. Але давай лепш пакурым. Закуры махры.
– Давайце.
І вось мы стаялі, курылі моцную, аж займала дух, ядавітую махорку. Харошая была махорка!
Было ціха, была раніца, быў горад, і мы збіраліся ў гэтым горадзе касіць.
– Як трымаць касу, не забыўся? – пытаўся дзядзька Ігнат. – Эх, браце! І навошта табе кніжная навука? Марнуеш ты маладосць. Пайшоў бы я на тваім месцы ў грузчыкі, у плытагоны, у кавалі. Сілу б у плячах адчуў. Апетыт бы меў воўчы. Сіла была б, як у каня… Ты не смейся. Ты малады яшчэ, нічога ты не разумееш… Бывала, косіш: во гэтак, як сёння, – не так, канечне, я толькі для прыкладу кажу. Косіш, а потым нехта «перакур!» – крычыць. У рэчцы касу абмыеш ды ў цянёк пад куст. А тут дзеўкі пракосы раскідаць прыйшлі… Ведаеш нашых дзевак? Загарэлыя, крамяныя, паркалёвая кофта ды спадніца, але ж дзеўкі што трэба. Засмяецца дык засмяецца, гэта не тое што хі-хі ды ха-ха!.. Ляжыш пад кустом, а яны пацвельваюцца з цябе. Не ўтрымаеш ды да іх: ну, думаеш, пакажу. Бяжыш, схапіць каторую хочаш, а яны – уцякаць… Дагоніш, канечне. Але і кухталёў надае… Але нічога, зможацца. І вось як глянеш тады ёй у вочы… Толькі што гэта я, кавалер гарохавы, табе расказваю, ведаеш сам. Але, брат, паслухай, паківай галавою і – маўчы. Быццам нічога табе не гаварыў… Толькі, брат, маладосць, яна, брат, маладосць… Эх, касанём мы з табою!
Ён неяк пасвятлеў увесь, па-заліхвацку кінуў недакурак, нагнуўся, падняў касу, зашчаміў касільна пад пахай, узяўся рукой за палатно касы і паласнуў па ім мянташкай.
Джгінь-джгінь-шах! Джгінь-джгінь-шах!
Вясёлая, харошая, знаёмая з маленства музыка!
Ён падышоў да шнурка кустоўя, асцярожна пракасіў лапінку, павярнуўся, падняў над мокрай травою касу, прыгнуўся і – пайшоў…
– Насядай на пяткі, Віктар, насядай!
І тады, хвалюючыся, баючыся адстаць ад дзядзькі Ігната, узмахнуў касой і я…
. . . . . . . . . . . . . . . . .
Днём ужо, едучы на футбол, я выскачыў з тралейбуса на плошчы. Пякло сонца. Трава ў пракосах завяла. Па пракосах чорныя, аж бліскучыя, жвава скакалі шпакі. Пахла сенам. Вялізны і шумны ляжаў навокал горад. На плошчы па-лугавому, па-летняму пахла сенам.
Я павярнуўся і паціху пайшоў тратуарам, і тут, на тратуары, раптам таксама ўбачыў сена – невядома кім растрэсены клок падсохлага сена. Па-лугавому, па-летняму пахла сенам. «Сена на асфальце, – падумаў я, – сена на асфальце…»
Быццам доўга я шукаў нечаму слова і раптам яго знайшоў.
«Сена на асфальце, – узрадавана думаў я. – Вёска ў горадзе…»
1963