Наталля ГАРДЗІЕНКА. Беларуская эміграцыя: Вялікабрытанія (Лекцыі 1—2)

Лекцыя 1

План:

1. Беларусы паваеннай іміграцыі:

А. Былыя жаўнеры польскага войска;

Б. Цывільныя сваякі вайскоўцаў;

В. DP, ці добраахвотныя еўрапейскія працаўнікі

2. Рээміграцыя з Вялікабрытаніі

Пасля Другой сусветнай вайны Вялікабрытанія, як і іншыя краіны-удзельніцы, сутыкнулася з шэрагам праблем сацыяльна-эканамічнага характару, сярод якіх адной з найбольшых быў дэфіцыт працоўных рук, што адчуваўся ў такіх важных галінах эканомікі, як сельская гаспадарка, вуглездабыча, тэкстыльная вытворчасць, сфера абслугоўвання (найперш дапаможны персанал у шпіталях), будаўніцтва, вытворчасць цэглы. У выніку разнастайных захадаў лейбарысцкага ўрада ўжо ў 1947 г. была ўхваленая праграма працоўнай эміграцыі ў Брытанію. Сярод замежнікаў, што мелі падымаць паваенную брытанскую эканоміку, былі беларусы, якія выразна падзяляліся на тры катэгорыі. Адны былі жаўнерамі польскага войска. Другая група — сваякі ці чальцы сем’яў жаўнераў, а трэція — былыя DP з лагераў у Нямеччыне і Аўстрыі.

1. Беларусы паваеннай іміграцыі

А. Былыя жаўнеры польскага войска

У шэрагах польскага войска беларусы з’явіліся ў Вялікабрытаніі яшчэ на пачатку Другой сусветнай вайны, калі тут быў створаны Першы польскі корпус. Шлях на Брытанскія выспы для значнай часткі гэтых жаўнераў прайшоў праз Францыю, адкуль у чэрвені 1940 г. былі эвакуяваныя звыш 16.000 былых польскіх грамадзян. 5 жніўня 1940 г. брытанскі ўрад даў згоду на фармаванне на тэрыторыі краіны польскіх узброеных сіл. Склад гэтага войска папаўняўся з некалькіх крыніцаў. У 1942 г. у Вялікабрытанію былі пераведзеныя з Сярэдняга Усходу 7-я і 8-я пяхотныя дывізіі, якія фармаваліся пераважна з ліку былых жыхароў Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. Праўда, колькасць беларусаў у гэтых частках дакладна невядомая.

Шэраг добраахвотнікаў прыбылі з краінаў Паўднёвай Амерыкі. У выніку праведзенай рэгістрацыі эмігрантаў і выяўлення здольных да службы ў войску добраахвотнікаў, што мелі польскае грамадзянства, у 1941—1944 гг. у Вялікабрытанію было адпраўлена 1.263 асобы з Аргенціны (сярод іх 92 (па іншых звестках — 110) беларусаў, 371 асобы з Бразіліі (у тым ліку 9 беларусаў) і 13 асобаў з Уругвая (колькасць беларусаў дакладна невядомая). Такім чынам, з Паўднёвай Амерыкі ў часе Другой сусветнай вайны ў Вялікабрытаніі апынулася крыху болей за 100 беларусаў.

У 1944—1945 гг. на Брытанскія выспы траплялі таксама некаторыя жаўнеры Другога польскага корпусу, што ўдзельнічалі ў вайсковых аперацыях на тэрыторыі Італіі, былі там параненыя і праходзілі лячэнне ў брытанскіх шпіталях.

У выніку ўсіх папаўненняў пры канцы Другой сусветнай вайны на тэрыторыі Вялікабрытаніі ў шэрагах Першага польскага корпусу, а таксама ў брытанскіх ваенна-паветраных сілах і ваенна-марскім флоце знаходзіліся блізу 60.000 жаўнераў з земляў Другой Рэчы Паспалітай. Колькасць беларусаў сярод іх дакладна вызначыць немагчыма, бо пераважная большасць была зафіксаваная як палякі. Падчас перапісу асабовага складу польскага войска ў Вялікабрытаніі ў 1944 г. пра сваю беларускую нацыянальнасць заявілі толькі 35 асобаў (22 з іх прыехалі з Паўднёвай Амерыкі). Паводле падлікаў Юрыя Грыбоўскага, мінімальная колькасць нараджэнцаў беларускіх земляў у вайсковых аддзелах на тэрыторыі Вялікабрытаніі на той час складала 600 чалавек, рэальная ж лічба, верагодна, была большая. Праўда, узровень нацыянальнай самасвядомасці згаданых жаўнераў-беларусаў быў невысокі. Толькі адзінкі часам прыходзілі ва ўкраінскія арганізацыі ў Лондане ў пошуках вестак пра беларускае арзанізаванае жыццё і друк. Стварыць жа ўласную беларускую арганізацыю яны не здолелі. Частка з тых беларусаў пазней далучылася да нацыянальных арганізацыяў, створаных у паваенны час іншымі беларускімі жаўнерамі.

У 1946 г. у Вялікабрытаніі апынулася значная колькасць суайчыннікаў, што служылі ў Другім польскім корпусе і дагэтуль знаходзіліся ў Італіі. Дакладную колькасць беларусаў у шэрагах Польскай Арміі на Усходзе вызначыць складана, бо, каб патрапіць сюды, пераважная большасць мусіла выдаць сябе за палякаў. Таму афіцыйныя лічбы Міністэрства нацыянальнай абароны наконт таго, што ў верасні 1943 г. у Польскай Арміі на Усходзе служылі 1.377 беларусаў наўрад ці можна назваць адпаведнымі рэчаіснасці. Паводле падлікаў Юрыя Грыбоўскага, толькі праваслаўных беларусаў у гэтым войску на той час налічвалася не меней за 1.600—1.700 асобаў, а сярод выхадцаў з Заходняй Беларусі, як вядома, быў значны адсотак каталікоў, якія таксама трапілі як жаўнеры ў Іран. Такім чынам, можна весці гаворку пра колькі тысяч беларусаў у шэрагах польскай арміі на Усходзе.

Варта таксама адзначыць, што пры канцы вайны шэрагі Другога польскага корпусу актыўна папаўняліся навабранцамі з ліку былых нямецкіх ваеннапалонных і прымусова вывезеных у Нямеччыну працоўных, у тым ліку і беларусаў. Прыкладам, вялікая частка беларусаў знаходзілася ў 30-й грэнадзёрскай дывізіі СС, што была сфармаваная на тэрыторыі Заходняй Беларусі і складалася з курсантаў Мінскай камандзірскай школы БКА і аддзелаў беларускай паліцыі парадку. У верасні — лістападзе 1944 г. на тэрыторыі Францыі не меней за 100 беларусаў з гэтай дывізіі дэзертавалі і трапілі ў палон, адкуль пераважная большасць, падаўшы сябе палякамі, апынуліся ў шэрагах Другога польскага войска ў Італіі.

Шляхі, якімі беларусы апыналіся ў польскім войску, былі самыя розныя. Айцец Аляксандар Надсан згадваў, прыкладам, пра аднаго маладога беларуса з Магілёва, які ў дакументах быў запісаны палякам з Пазнаня: “Ён ніколі не навучыўся добра размаўляць па-польску. Ягоныя польскія калегі добра ведалі, які ён паляк, і называлі яго “Чубчыкам”. Між іншым, ён быў прыняты ў польскую армію ўжо пасля заканчэння вайны (падкрэсл. А.Н.). Яшчэ больш цікавы выпадак аднаго беларускага студэнта, які нейкім чынам перабраўся пасля вайны з Нямеччыны ў Рым і нават здолеў паступіць ва універсітэт. Я яго сустрэў у Рыме ў траўні 1946 г., год пасля заканчэння вайны. Наша другая сустрэча была ў лістападзе 1946 г. у Лондане, дзе мой знаёмы быў у форме жаўнера польскай арміі… Хоць ён не мог адрозніць дула вінтоўкі ад прыкладу, ён скарыстаў з права былога “камбатанта” на бясплатны пераезд у краіну свайго выбару і ў 1949 г. выехаў у Аргенціну. Падобных прыкладаў можна прывесці больш”.

Згаданыя выпадкі добра ілюструюць тыя складанасці, якія існуюць з вызначэннем колькасці беларусаў у шэрагах польскага войска наогул і Другога польскага корпусу ў прыватнасці. Паводле падлікаў Юрыя Грыбоўскага, у 1945 г. у шэрагах корпусу было найменей 4.000 беларусаў.

У 1945 г. у шэрагах Другога польскага корпусу ў Італіі налічвалася каля 110.000 асобаў. Як згадвалася вышэй, яшчэ блізу 60.000 польскіх вайскоўцаў знаходзіліся на той час на тэрыторыі Вялікабрытаніі. Да таго ж недзе 11.000 засталіся на Сярэднім Усходзе і каля 30.000 асобаў паступілі ў польскае войска — у Брытанскай зоне Нямеччыны. Такім чынам, агульны лік жаўнераў польскага войска складаў каля 210.000 чалавек. З іх адразу па сканчэнні вайны амаль 100.000 вырашылі вярнуцца дахаты (пераважна ў Заходнюю Польшчу). Польскія вайсковыя дзеячы спадзяваліся на далейшае захаванне сваёй арміі як цэлай вайсковай адзінкі, якая будзе здольная пры магчымасці рэальна пазмагацца за аднаўленне незалежнасці польскай дзяржавы. Аднак брытанскія ўлады не мелі намеру і рэальнай магчымасці захоўваць пад сваёй апекай такую вялікую па колькасці і неаднастайную паводле складу армію іншай дзяржавы.

Пытанне лёсу польскага войска стала адным з самых важных пытанняў брытанскага палітычнага жыцця. Спробай вырашыць становішча польскіх войскаў была прапанова Міністэрства ўнутраных спраў (Home Office) адносна стварэння новай вайсковай, але не баявой структуры ў межах брытанскай арміі (такім чынам вырашалася праблема знаходжання на тэрыторыі краіны замежных вайскоўцаў), куды мелі быць запрошаныя на двухгадовы тэрмін жаўнеры польскай арміі. Так ад 24 чэрвеня 1946 г. пачалося стварэнне Польскага Корпусу падрыхтоўкі і размяшчэння (Polski Korpus Przysposobiеnia i Rozmieszczenia — Polish Resettlement Corps). Гэта мусіла быць нешта сярэдняе паміж вайсковай і цывільнай службай, часовы прытулак для іншаземных жаўнераў у Вялікабрытаніі, з дапамогай якога павінна адбыцца папярэдняя сацыялізацыя былых вайскоўцаў у мірным грамадстве. Аднак галоўным было ўсё ж тое, што пры захаванні больш-менш кампактнага рассялення і дысцыпліны, вайскоўцаў можна было выкарыстоўваць як працоўную сілу. І ад лета 1946 г. пачалася перадыслакацыя ўсіх новых жаўнераў Польскага Корпусу падрыхтоўкі і размяшчэння (ПКПР) на новыя месцы службы ў Вялікабрытаніі.

Уступленне ў новую структурную адзінку цяпер ужо брытанскай арміі магло ісці выключна добраахвотна, аднак рэальна ў жаўнераў, што не жадалі вяртацца на радзіму, не было асаблівага выбару (або тэрмінова дэмабілізоўвацца і ўлівацца ў масы беспрытульных DP, або ісці ў ПКПР). Новае месца службы гарантавала ўсялякую дапамогу ўрада ці то на тэрыторыі Аб’яднанага Каралеўства, ці то на эміграцыі. Фактычна, польскія жаўнеры атрымоўвалі ўсе правы і магчымасці, што мелі іх брытанскія калегі, уключна з правам на адмысловы адпачынак, бясплатны праезд па тэрыторыі краіны, забеспячэнне ў выпадку хваробы і г.д. Акрамя таго, брытанцы абавязваліся спрыяць уключэнню гэтых новых вайскоўцаў у мірнае жыццё (вывучэнню ангельскай мовы, засваенню звычак тамтэйшага грамадства). Да таго ж вайсковае кіраўніцтва брала на сябе клопат пра сем’і новых жаўнераў, іх размяшчэнне блізу месца службы або дапамогу ў выпадку выезду ў іншую краіну.

З пераводам у Вялікабрытанію цягам 1946 г. Другога польскага корпусу, а таксама частак з Сярэдняга і Блізкага Усходу, у Аб’яднаным каралеўстве з’явілася і новая, даволі актыўная група беларусаў. Як і іншыя жаўнеры польскага войска, яны выкарыстоўвалі прапанаваныя брытанцамі выгоды паступовай сацыялізацыі: паступалі на курсы англійскай, уладкоўваліся на працу.

Дакладнай колькасці беларусаў — былых польскіх вайскоўцаў, што апынуліся ў Вялікабрытаніі пасля 1946 г., вызначыць сёння немагчыма. Паводле ацэнак Юрыя Грыбоўскага атрымліваецца недзе каля 5 тысяч асобаў. Аднак паводле тагачасных паведамленняў беларускіх дзеячаў, што спасылаліся на звесткі ад польскага вайсковага кіраўніцтва, колькасць беларусаў сярод былых вайскоўцаў у паваеннай Вялікабрытаніі складала 10.000 — 12.000 асобаў. Верагодна, гэтыя лічбы больш адпавядаюць рэальнасці. Праўда, свядомых беларусаў было сапраўды няшмат, пра што сведчыць удзел у беларускіх арганізацыях. Так, лік удзельнікаў адной з самых буйных не перавышаў 500 асобаў цягам усяе яе гісторыі.

У новай краіне кожны па-свойму карыстаўся тымі магчымасцямі, што атрымаў, каб уладкавацца ў жыцці. Пераважная большасць, натуральна, паступова дэмабілізоўвалася ды шукала хоць якую працу. Многія маладыя людзі не мелі аніякай кваліфікацыі альбо ўвогуле не паспелі набыць прафесію да вайны. Шмат хто не меў і добрай сярэдняй адукацыі, таму толькі адзінкі, як, напрыклад, Аляксандр Надсан ці Павал Навара, скарысталіся магчымасцю атрымаць вышэйшую ці спецыяльную адукацыю.

Б. Цывільныя сваякі польскіх вайскоўцаў

Акрамя жаўнераў польскага войска былі яшчэ і іх сем’і, а таксама тыя, што не падышлі для службы ў войску па стане здароўя, але былі вывезеныя з Савецкага Саюза ў часе мабілізацыі і пакінутыя ў Іране. З Ірана гэтыя цывільныя катэгорыі “палякаў” яшчэ ў часе вайны былі паступова вывезеныя і паселеныя ў адмысловыя лагеры па 350—1.400 чалавек у розных краінах свету: пераважнай большасцю ў Афрыцы: Кеніі (лагеры Макінду (Makindu), Мамбаса (Mombasa), Найробі (Nairobi)), Танганьіцы (лагеры Дар-эс-Салам (Dar-es-Salam), Іфунда (Ifunda), Кідугала (Kidugala), Кігома (Kigoma), Кандоя (Kondoa), Морагора (Morogoro), Тэнгеру (Tengeru)), Угандзе (Кампала (Kampala), Коя (Koja), Масіндзі (Masindi)), Паўночнай Радэзіі (лагеры Аберкорн (Abercorn), Бвана Мкубва (Bwana Mkubwa), Форт Джэймстан (Fort Jameston), Лусака (Lusaka), Катамбора (Katambora)) і Паўднёвай лагеры Дыглефельд (Digglefeld), Марандэлас (Marandellas), Русапе (Rusape), Салісбуры (Salisbury)), Індыі (лагеры Валівады (Valivade), Балахадзі (Balachadi), Панхгані (Panchgani)), Ліване (Бейрут), Мексіцы (Санта Роза (Santa Rosa)), Новай Зеландыі (Пагіятуа (Pahiatua)). Агульная колькасць гэтых цывільных асобаў пад апекай польскага экзыльнага ўраду і брытанцаў пры канцы вайны даходзіла да 35.000 асобаў. Значную колькасць сярод іх складалі беларусы. Паводле афіцыйных звестак, толькі праваслаўных беларусаў у згаданых лагерах апынулася каля 2.000 асобаў, гэта пры тым, што значная частка ўцекачоў-беларусаў мусіла падаць сябе палякамі і каталікамі, каб выехаць з Савецкага Саюза. А таму рэальная колькасць беларусаў сярод цывільных грамадзянаў у польскіх лагерах была натуральна большай. Пра гэта сведчыць і тое, што сярод запісаных палякамі было шмат выхадцаў з тых месцаў, дзе беларусы традыцыйна складалі альбо большасць, альбо значную частку насельніцтва. Так, з 17.535 асобаў у лагерах Афрыкі 1.863 паходзілі з беластоцкага ваяводства, 1.753 — з Наваградскага, 1.970 — з Палескага, 1.378 — з Віленскага. Разам 6.974 асобы.

Доўгі час па сканчэнні вайны ўрады саюзнікаў і міжнародныя арганізацыі спрабавалі падзяліць адказнасць за будучы лёс насельнікаў польскіх цывільных лагераў, раскіданых па свеце. Пасля дэмабілізацыі польскіх узброеных сіл на Захадзе стала зразумела, што большая частка сем’яў накіруецца следам за вайскоўцамі у Вялікабрытанію. Прававая база гэтага працэсу была створаная на пачатку 1947 г., калі быў прыняты Закон аб польскіх перасяленцах (Polish Resettlement Act), які прыраўноўваў сем’і польскіх вайскоўцаў да сем’яў вайскоўцаў брытанскіх. У лістападзе 1947 г. распачалося “злучэнне сем’яў”.

Цягам 1947—1950 гг. у Вялікабрытаніі апынуліся 11.129 асобаў з цывільных польскіх лагераў у Афрыцы, 3.562 чалавекі з аналагічных лагераў у Ліване і блізу 3.000 асобаў з лагераў у Індыі, а таксама некалькі дзесяткаў з Мексікі. То бок колькасць эмігрантаў на выспах павялічылася амаль на 18 тыс. чалавек.

Да беларускіх арганізацыяў з ліку былых насельнікаў цывільных польскіх лагераў далучыліся адзінкі. Патлумачыць гэта можна вялікай ступеняй апалячанасці гэтых людзей, якой паспрыяў таксама побыт у лагерах. Акрамя таго, значную частку (у афрыканскіх лагерах каля 45%) складалі жанчыны (для параўнання: 42% складалі дзеці). Жанчыны ж традыцыйна ў нацыянальным грамадскім жыцці бяруць значна менш актыўны ўдзел, які часта абмяжоўваецца становішчам простых прыхаджанак беларускіх цэркваў. І сапраўды, так і здарылася, калі некалькі жанчын з афрыканскіх польскіх лагераў (Марыя Весялкоўская, Марыя Галубінка. Вольга Жынгель і інш.), напачатку далучыўшыся да дзейнасці беларускай грамады, пазней абмежаваліся выключна ўдзелам у справах праваслаўнай парафіі Святой Ефрасінні Полацкай у Лондане.

Імігранты-беларусы з ліку сямей польскіх вайскоўцаў хоць і налічвалі некалькі тысяч асобаў у Вялікабрытаніі, аказаліся самай абыякавай да беларускага жыцця групай суайчыннікаў. Зусім іншымі былі беларусы, што прайшлі праз лагеры DP у Нямеччыне.

В. DP, ці добраахвотныя еўрапейскія працаўнікі

Дакладную колькасць беларусаў, што былі сярод DP у Нямеччыне і Аўстрыі, вызначыць складана. Абсалютная іх большасць, каб пазбегнуць прымусовай рэпатрыяцыі, прадугледжанай Ялцінскай дамовай для жыхароў былых савецкіх тэрыторыяў, падавалі сябе як палякаў. Паводле афіцыйных звестак IRO, цягам 1947—1951 гг. асобаў, што называлі сябе беларусамі, было пераселена на сталае месца жыхарства 5.147 асобаў. Аднак рэальная колькасць беларускіх DP, разам з запісанымі пад іншымі нацыянальнасцямі (найперш як палякі, бо па краіне нараджэння), можа аказацца ў разы ці нават у дзесяткі разоў большая. Вітаўт Кіпель, спасылаючыся на звесткі Беларускага Нацыянальнага Камітэта (у Заходняй Нямеччыне), сцвярджае пра 75—100 тысяч беларусаў, што не пажадалі па вайне вяртацца на радзіму. На гэтыя ж лічбы абапіраюцца і іншыя навукоўцы.

Найбольшай колькасць DP знаходзілася ў Брытанскай зоне акупацыі Нямеччыны і Аўстрыі. Як і ў іншых, тут уцекачы пераважна сяліліся ў лагерах, частка з якіх была арганізаваная паводле нацыянальнай прыкметы. Сярод такіх лагераў у Брытанскай зоне былі і беларускія: у Ватэнштэце, Варбэргу, Госляры. Жылі беларусы і ў іншых лагерах (Бокгорст, Браўншвайг, Гамельн, Гановэр, Зеедорф, Любэк, Плінкэ, Райнэ, Рынгельгайм, Фішбэк, Эккендёрдэ), утвараючы там большыя ці меншыя нацыянальныя групы. Найбуйнейшы з беларускіх асяродкаў Брытанскай зоны знаходзіўся ў Ватэнштэце, праз яго за чатыры паваенныя гады прайшло 1.420 беларусаў.

Лейбарысцкі ўрад Вялікабрытаніі на пачатку 1947 г. прыйшоў да высновы пра неабходнасць запрашэння працоўных з ліку жыхароў DP-лагераў Брытанскай зоны Нямеччыны і Аўстрыі. А ў 1948 г. праграма закранула таксама лагеры DP у Даніі і цывільныя польскія асяродкі ў Афрыцы і Ліване. Да снежня 1950 г., калі рэкрутацыйная дзейнасць сярод DP была спыненая, у Вялікабрытанію на працу прыехалі 76,9 тыс. асобаў. Гэта было меней, чым першапачаткова планаваў урад.

Вялікабрытанія запрасіла да сябе найбольшую колькасць DP сярод іншых еўрапейскіх дзяржаваў, аднак яна не магла быць сур’ёзным канкурэнтам для такіх буйных краінаў паваеннай іміграцыі DP, як ЗША (каля 329 тыс. асобаў), Аўстралія (каля 182 тыс. асобаў), Ізраіль (каля 132 тыс. асобаў), Канада (каля 123 тыс. асобаў). У адрозненне ад гэтых дзяржаваў, Брытанія прапанавала для DP праграму не перасяленчага, а менавіта працоўнага характару, што накладала пэўны ліміт на магчымасці запрашэння цэлых сем’яў. Тут менш клапаціліся пра ўмовы супольнага жыцця сужэнцаў з бацькамі і дзецьмі. Акрамя таго, ад пачатку рэалізацыі праекта лейбарысцкі ўрад не планаваў, каб усе прыбылыя добраахвотныя работнікі засталіся ў краіне на сталае жыццё і атрымалі грамадзянства.

Беларусы былі ўжо сярод першых DP, што па праграме “Westword Ho!” пачалі ўвесну 1947 г. прыязджаць у Вялікабрытанію. 27 красавіка з беларускага лагера ў Ватэнштэце выехала група з 45 асобаў. На працу за Ла-Манш іх праводзіў увесь лагер, быў наладжаны нават адмысловы малебен. Праз месяц у Вялікабрытанію выехала яшчэ 15 беларусаў з Ватэнштэту.

Беларусы ехалі не толькі з Ватэнштэту, а пазней і не толькі з Брытанскай зоны. Найбольш вядомы прыклад “групавога” прыезду беларускіх DP — так званая “Дванаццатка” — група з 12 хлапцоў, што вырашылі на пачатку 1948 г. паехаць у Вялікабрытанію, каб зарабіць грошы на атрыманне вышэйшай адукацыі (11 з іх ехалі з беларускага лагера ў Міхельсдорфе, што знаходзіўся ў Амерыканскай зоне акупацыі Нямеччыны). Былыя навучэнцы Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы, яны хацелі адначасова і працаваць, і займацца грамадскай дзейнасцю, а найперш выдаваць свой часопіс “Наперад!”. У матэрыялах часопіса, а таксама ў лістах сябрам яны распавядалі пра свае ўражанні ад падарожжа ў Вялікабрытанію і тамтэйшага жыцця.

Імкненне не спрыяць супольнаму ўладкаванню на працу нацыянальных групаў было прынцыповае для брытанскіх службоўцаў, што размяркоўвалі DP па прадпрыемствах краіны. Так яны меркавалі ствараць умовы для больш эфектыўнай асіміляцыі прыбылых, не дапусціўшы сфармавання групавых нацыянальных інтарэсаў у асяроддзі еўрапейскіх добраахвотных работнікаў.

Для прайшоўшых праз нацыянальныя лагеры ў паваеннай Нямеччыне і Аўстрыі DP у Вялікабрытаніі пачынаўся час выпрабавання трываласці нацыянальнай самасвядомасці. Больш шчасціла тым, хто аказваўся на працы ў цэнтрах канцэнтрацыі англійскай прамысловасці: Ланкашыры, Ёркшыры ці Цэнтральнай Англіі. Тут у адмысловых хастэлях (інтэрнатах) для імігрантаў з часам, насуперак імкненням брытанцаў, збіраліся цэлыя нацыянальныя групы, да таго ж падтрымоўваць сувязі паміж рознымі хастэлямі было прасцей з-за адносна невялікай адлегласці паміж імі.

Брытанская статыстыка не ведала і не падлічвала беларусаў як асобную нацыянальную катэгорыю. Яны, верагодна, фіксаваліся як у групе “палякаў”, так і ў “бездзяржаўных”, “няпэўных” і “іншых”, таму вызначыць дакладную колькасць беларускіх DP у Вялікабрытаніі немагчыма.

Згуртаванне беларусаў у Вялікабрытаніі імкнулася наладзіць сувязь з прыбылымі суайчыннікамі, аднак не ўсе траплялі ў поле іх зроку. Яшчэ ў 1949 г. Вінцэнт Жук-Грышкевіч пісаў у канцылярыю Рады БНР пра “каля 200 ведамых нам прыехаўшых DP з Нямеччыны і хіба большую колькасць такіх жа беларусаў нам няведамых”. Пра тое, што ў 1947—1948 гг. у Вялікабрытанію прыехала каля 500 беларусаў паведамляў, верагодна, абапіраючыся на звесткі таго ж Жук-Грышкевіча, у траўні 1949 г. кіраўнік ураду БНР Аўген Каханоўскі (Калубовіч). Аднак прыбыццё перамешчаных асобаў на той час не скончылася і працягвалася яшчэ амаль два гады, таму колькасць беларускіх DP у Вялікабрытаніі, безумоўна, павялічылася. У лісце з нагоды апублікаванага ў Жэневе ў 1951 г. дакладу па праблеме ўцекачоў у паваенным свеце тагачасны старшыня Згуртавання беларусаў у Вялікабрытаніі Аляксандр Надсан пісаў пра больш за тысячу беларусаў, што прыехалі ў краіну як еўрапейскія добраахвотныя работнікі. І сёння былыя DP ацэньваюць колькасць беларусаў, прыбылых на кантрактную працу, прыблізна ў тысячу асобаў.

Беларускія DP, як і іншыя, працавалі часцей у тэкстыльных фабрыках, а таксама ў вугальных капальнях, на сельскай гаспадарцы, на будоўлях і ў абслузе. Сваё становішча еўрапейскіх добраахвотных работнікаў у Вялікабрытаніі беларусы ўспрымалі пераважна станоўча. Пасля галоднага і поўнага няпэўнасці жыцця ў лагерах DP наяўнасць уласнай сталай працы і заробку разам з сякім-такім забеспячэннем і больш чалавечымі ўмовамі жыцця надавалі веры ў лепшую будучыню.

Праўда, існавала няпэўнасць наконт тэрмінаў працы еўрапейскіх добраахвотных работнікаў. У першых кантрактах не было дакладна акрэслена часу іх дзеяння, у выніку чаго некаторыя былыя DP праз год (успрымаючы выпрабавальны гадавы тэрмін як вызначаны час кантрактнай працы) сталі імкнуцца змяніць месца сваёй працы на лепшае. Аднак улады не дазвалялі працаўладкоўвацца па-за межамі прадпрыемстаў тае галіны, куды яны трапілі першапачаткова. Такое становішча выклікала незадаволенасць у асяроддзі былых DP.

У выніку працяглых дыскусій як унутры брытанскага грамадства, гэтак і вонкі, было прынятае рашэнне, што ад 1 студзеня 1951 г. абмежаванні ў выбары працы для былых DP у Вялікабрытаніі скасоўваюцца. Праўда, дзеючыя кантракты не гублялі сілы, і толькі тыя працаўнікі, што адпрацавалі тры гады, маглі без абмежаванняў шукаць іншае месца.

Для беларускіх DP адзначанае паступовае вызваленне ад кантрактаў мела дваістыя вынікі. З аднаго боку, шмат для каго з’яўлялася магчымасць перасяліцца бліжэй да “сваіх” у беларускія асяродкі ў Лондане, Манчэстэры, Брадфардзе, Кембрыджы, Бірмінгеме. У той жа час, у пошуках лепшай працы многія беларусы выязджалі ў іншыя рэгіёны краіны і нават за яе межы. Можна сказаць, што ў першыя гады па сканчэнні кантрактаў паступова завяршылася фармаванне беларускай грамады ў Вялікабрытаніі. Былыя DP або замацоўваліся ў коле прыцягнення нацыянальных арганізацыяў, або назаўсёды сыходзілі з іх ці з’язджалі ў іншыя краіны.

2. Рээміграцыя з Вялікабрытаніі

Жыццё ў паваеннай Вялікабрытаніі не было вельмі спрыяльным для прыбылых. Былі складанасці з уладкаваннем на працу паводле адукацыі, набытай на радзіме, цяжка было прасоўвацца па службовай лесвіцы. Дадаваліся і праблемы з жыллём, у звязку з тым, што за часы ваенных бамбардаванняў у краіне была разбураная значная частка жылога фонду. У першыя паваенныя гады ў Вялікабрытаніі дзейнічала карткавая сістэма. Гэтыя фактары, а таксама тое, што ўрад Этлі сам актыўна стымуляваў рээміграцыю, справакавалі актыўны выезд немясцовага насельніцтва ў іншыя краіны свету.

“У Англіі мы былі пазбаўлены ўсялякіх пэрспэктыў”, — сцвярджаў былы жаўнер польскага войска Віталь Цярпіцкі, які ў лістападзе 1950 г. з’ехаў у ЗША. У Вялікабрытаніі ён працаваў у тэкстыльнай фабрыцы ў Брадфардзе, а ў новай краіне атрымаў, паводле ягоных словаў, “цікавую, нестандартную даследчую работу ў хімічным аддзеле буйной кампаніі”. У ЗША ён працягнуў і актыўную грамадскую працу. Акрамя таго, Віталь Цярпіцкі не згубіўся для беларускага жыцця — стаў адным з будаўнікоў беларускай царквы ў Саўт-Рыверы і сакратаром БЦР.

Найчасцей рээмігравалі былыя жаўнеры польскага войска, для якіх выезд быў бясплатны. Як згадвалася вышэй, брытанская армія брала на сябе фінансаванне выезду былых жаўнераў у іншыя краіны. І гэтай магчымасцю скарысталіся шматлікія беларусы. Адным з першых вядомых нам былых жаўнераў, што выехалі з Вялікабрытаніі на сталае месца жыхарства ў іншую краіну — Канаду, быў Кастусь Акула. На новым месцы ён стаў адным з заснавальнікаў Згуртавання Беларусаў Канады, быў рэдактарам газеты “Беларускі эмігрант”, выдаўцом часопіса беларускіх вайскоўцаў “Зважай” (1974—1997).

Да працэсу рээміграцыі далучыліся пасля адпрацоўкі кантрактаў і былыя DP. Выезд ім ніхто не аплочваў, але з часоў перабыванняў у лагерах паваенна Нямеччыны і Аўстрыі ў іх захаваліся кантакты з суайчыннікамі, якія пазней выехалі ў іншыя краіны і якія, у выпадку неабходнасці, маглі дапамагчы з уладкаваннем на новым месцы. У выніку, паводле агульнай статыстыкі, з Вялікабрытаніі ў 1950-х гг. выехала каля 25% былых DP.

Выезд беларусаў з Вялікабрытаніі моцна скараціў шэрагі сяброў нацыянальных арганізацый. Так, выехалі тры першыя кіраўнікі Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі. У 1950 г. выехаў у Канаду першы старшыня ЗБВБ Вінцэнт Жук-Грышкевіч. Тут у 1952 г. у Атаўскім універсітэце ён абараніў дысертацыю “Лірыка Янкі Купалы”. У 1954—1956 гг. у Мюнхене працаваў у беларускай рэдакцыі на “Радыё Вызваленьне”. Пазней вярнуўся ў Канаду, пасяліўся ў Бэры, заснаваў Каардынацыйны камітэт беларусаў Канады. У 1970—1982 гг. Вінцэнт Жук-Грышкевіч стаў старшынём Рады БНР.

У 1952 г. пераехаў у Аўстралію іншы старшыня ЗБВБ Мікола Нікан. Тут, у Мельбурне, ён адразу далучыўся да беларускага грамадскага жыцця. Выконваў розныя абавязкі ў беларускіх арганізацыях Мельбурна: быў сакратаром Згуртавання Беларусаў у Вікторыі, сакратаром Беларускага цэнтральнага камітэта ў Вікторыі. Доўгі час быў прадстаўніком БЦК у Камітэце паняволеных народаў.

Трэці старшыня ЗБВБ Францішак Бартуль выехаў у 1956 г. у ЗША. Ён згадваў: “Падаўся [у Ангельшчыне — Н.Г.] у камітэт працы, дзе пачуў: “Са сваёй адукацыяй ты тут і цэнта не заробіш”. Што ж, мусіў перавучвацца. Здабыў спэцыяльнасьць тэхніка-дантыста, добра ўладкаваўся на працы. У ЗША мяне выцягнула жонка, я з задавальненьнем застаўся б у Эўропе”. Тут Францішак Бартуль да выхаду на пенсію працаваў па сваёй другой спецыяльнасці, меў уласны бізнес — валодаў стаматалагічнай лабараторыяй.

Выязджалі з Вялікабрытаніі і шараговыя сябры ЗБВБ і іншых арганізацый, кіраўнікі рэгіянальных структур. Сярод найбольш прывабных для рээміграцыі краінаў былі Канада, ЗША, Аргенціна, Аўстралія. Шмат выязджала моладзі на навучанне ў іншыя еўрапейскія краіны і пераважна не вярталася ўжо ў Брытанію. Былі прыклады і вяртання беларусаў у БССР.

Вялікая хваля рознаскіраваных і па-рознаму матываваных выездаў нанесла сур’ёзны ўдар па нацыянальным жыцці. Закрануў ад’езд не толькі ЗБВБ, але і іншыя арганізацыі. Пацярпелая ад палітычнага расколу эміграцыі беларуская грамада ў Вялікабрытаніі дадаткова і вельмі значна зменшылася пад уплывам рээміграцыі. Значна зменшылася і колькасць сяброў беларускіх арганізацый. Пры гэтым вялікая частка рээмігрантаў была вельмі актыўнымі ўдзельнікамі нацыянальнага жыцця, пасадоўцамі ў арганізацыях. Іх ад’езд сур’ёзна змяншаў інтэлектуальны патэнцыял дыяспары ў Вялікабрытаніі.

 

ЛЕКЦЫЯ 2

План:

1. Грамадскае жыццё беларусаў у Вялікабрытаніі

А. Перыяды дзейнасці ЗБВБ

Б. Дзейнасць ЗБВБ: найважнейшыя ініцыятывы

a. ЗБВБ і міжнародныя арганізацыі

b. “Пошта ЗБВБ”

c. ЗБВБ і адукацыйныя ініцыятывы

d. ЗБВБ і барацьба за правы беларусаў

e. ЗБВБ і вызваленне Міхася Кукабакі

f. Самвыдат

В. Англа-Беларускае таварыства

j. The Journal of Byelorussian Studies

h. Курсы беларусаведы

Г. Беларуская бібліятэка і музей імя Францыска Скарыны ў Лондане

Беларусы ў Вялікабрытаніі стварылі больш за дзесятак арганізацый з рознымі мэтамі і кірункамі дзейнасці. Былі сярод іх таварыствы дапамаговыя, адукацыйныя, навукова-асветныя, рэлігійныя, камбатанцкія, палітычныя і іншыя. Разам яны меліся забяспечваць разнастайныя інтарэсы беларусаў у брытанскім грамадстве і на эміграцыі наогул. Найбольш арганізацый з’явілася ў канцы 1940-х—1950-х гг., калі ў колах паваеннай эміграцыі ішоў актыўны працэс афармлення структур дыяспары. Аднак шмат створаных у той час суполак не вытрымалі выпрабавання часам і да пачатку 1960-х гадоў засталіся толькі самыя трывалыя і значныя.

Ад самага з’яўлення беларусаў у Вялікабрытаніі ў паваенны час галоўным цэнтрам беларускага жыцця стаўся Лондан. Тут месціліся сядзібы розных арганізацый, тут, дзеля найлепшых, відаць, магчымасцяў уладкавання, з часам асела найбольш актыўных беларусаў, тут адбываліся самыя значныя, часам нават вызначальныя для ўсяе нацыянальнай дзейнасці ў Брытаніі.

Беларускае жыццё ў Лондане мела свае выразныя асаблівасці, якія спрацоўвалі як на карысць яго развіцця, так і супраць яго. Тут былі сканцэнтраваныя найлепшыя інтэлектуальныя сілы беларускай эміграцыі ў Вялікабрытаніі, што перадвызначыла маштабы і змест беларускага жыцця ў гэтым асяродку. Аднак часам раскіданасць і палітычная размежаванасць (ці не найбольшая ў параўнанні з іншымі асяродкамі), а таксама жыццёвыя абставіны не дазвалялі цалкам рэалізаваць патэнцыял тым творчым асобам, якія жылі ў Лондане. Нягледзячы на гэта, дасягненні лонданскіх беларусаў і наогул падзеі мясцовага нацыянальнага жыцця з’яўляюцца вызначальнай часткай гісторыі паваеннай беларускай прысутнасці ў Вялікабрытаніі.

Набольшую ролю ў жыцці беларускай грамады ў Лондане і ў Брытаніі адыграла першая яе арганізацыі — Згуртаванне беларусаў у Вялікабрытаніі (ЗБВБ). Яно аб’яднала ў сваіх шэрагах найбольш суайчыннікаў і мела найбольш шырокі абсяг працы. Улічваючы самую разгалінаваную структуру гэтай грамадскай беларускай арганізацыі ў Вялікабрытаніі, яе можна лічыць дыяспарастваральнай. Пераважная большасць іншых суполак, што стваралі беларусы ў гэтай краіне, тым ці іншым чынам была звязаная з ЗБВБ, а тыя працэсы, што адбываліся ў Згуртаванні ў розныя часы, уплывалі на жыццё ўсёй беларускай грамады ў краіне.

1. Грамадскае жыццё беларусаў у Вялікабрытаніі

А. Перыяды дзейнасці ЗБВБ

Усю гісторыю ЗБВБ можна падзяліць на некалькі перыядаў, кожны з якіх меў свае асаблівасці.

Першы перыяд — 1946 — канец 1950-х гг. — час станаўлення Згуртавання, яго вертыкальнай і рэгіянальнай структураў, наладжвання механізмаў працы. У гэты час арганізацыя прайшла своеасаблівую праверку на трываласць намераў яе стваральнікаў, перажыўшы ўнутраны раскол і шырокую рээміграцыю. Гэта быў час найбольшых надзеяў і расчараванняў, найвялікшай колькасці сяброў у арганізацыі і найбольш значнага іх адтоку. Былі створаныя і дзейнічалі аддзелы ў Ковентры-Бірмінгаме, Брадфардзе, Манчэстэры, Кембрыджы, наладжаная іх супраца з цэнтрам, набытыя беларускія дамы. За гэты час паспелі паўстаць і знікнуць беларускія прадпрыемствы ў Брытаніі, з’явіліся і скончылі выхад некаторыя перыёдыкі ЗБВБ. Знойдзеныя прыяцелі беларусаў сярод брытанцаў і паўстала Англа-беларускае таварыства. Можна сцвярджаць, што цягам першага перыяду сябры Згуртавання навучыліся працаваць разам і вызначыліся ў прыярытэтах дзейнасці сваёй арганізацыі.

Другі перыяд — 1960—1970-я гг. — час, калі ЗБВБ стабілізавалася і ў колькасці сяброў, і ў абсягах і кірунках дзейнасці. У гэты час пачынае сур’ёзна ўмацоўвацца матэрыяльная база Згуртавання. Яно можа дазволіць сабе накіроўваць сродкі на падтрымку іншых арганізацый і праектаў. У гэты час арганізацыя трымаецца на ахвярнай працы згуртаваных адзінак і паступова заваёўвае трывалыя пазіцыі ў брытанскім шматнацыянальным грамадстве.

Трэці перыяд — 1980-я гг. — безумоўна адрозніваецца ад папярэдніх. У гэты час стала адыходзіць “старая гвардыя” ЗБВБ, спыняюць дзейнасць яго аддзелы. У той жа час растуць кантакты з Беларуссю. ЗБВБ усё больш пільна сочыць за падзеямі ў БССР, падтрымоўвае прагрэсіўныя тэндэнцыі і ініцыятывы па адраджэнні нацыянальнай культуры.

Перыяд ад пачатку 1990-х можна назваць часам змены пакаленняў у ЗБВБ. У гэты час у арганізацыю прыходзяць прадстаўнікі новай эміграцыі. Яны паступова апаноўваюць кіраўніцтва ЗБВБ, напаўняюць зместам дзейнасць арганізацыі. ЗБВБ прыстасоўваецца да новых умоваў працы як у тэхнічным плане, так і ў палітычным — зноў у апазіцыі да ўладаў на Бацькаўшчыне. Пакуль маладыя сябры толькі вучацца грамадскай працы, мусяць супрацоўнічаць з пазасталымі адзінкамі “старой гвардыі”, што вызначаюць асноўныя прынцыпы дзеянняў ЗБВБ. З адыходам апошніх прадстаўнікоў старой хвалі на плечы гэтай новай эміграцыі ляжа клопат самастойнага працягу беларускай дзейнасці ў Вялікабрытаніі. Сёння яшчэ не відавочна, які будзе гэты працяг і якой доўгай будзе новая гісторыя ЗБВБ, найстарэйшай у Вялікабрытаніі беларускай арганізацыі.

Б. Дзейнасць ЗБВБ: найважнейшыя ініцыятывы

Асноўныя кірункі дзейнасці ЗБВБ былі вызначаныя яшчэ ў яго Статуце: аб’яднанне беларусаў Вялікабрытанні, дапамога ім, захаванне нацыянальна-культурнай адметнасці і рэпрэзентацыя іх інтарэсаў у брытанскім грамадстве.

Значную частку канкрэтнай працы ажыццяўлялі аддзелы на месцах. Варта адзначыць, што, нягледзячы на невялікую колькасць сяброў арганізацыі і часам складаныя ўмовы для іх дзейнасці, за шэсцьдзесят гадоў існавання ЗБВБ была зробленая значная праца ў розных кірунках. І вынікі гэтай працы і памяць пра яе будуць жывыя і ў брытанскім і ў беларускім грамадстве яшчэ доўгія гады. Так, не ўсё і не заўсёды атрымоўвалася, як задумвалася, аднак нават не зусім удалыя ініцыятывы ЗБВБ з’яўляюцца выдатным адлюстраваннем шчырых памкненняў яго ўдзельнікаў быць карыснымі беларусам і Беларусі.

a. ЗБВБ і міжнародныя арганізацыі

Ад самага пачатку сваёй дзейнасці ЗБВБ актыўна супрацоўнічала з разнастайнымі міжнароднымі арганізацыямі, рэпрэзентуючы ў іх беларусаў. Так, прыкладам, ад самага пачатку дзейнасці арганізацыі прыязныя дачыненні склаліся ў яе з Антыбальшавіцкім блокам народаў, створаным украінскімі нацыяналістамі яшчэ ў 1943 г. і структурна аформленым у Мюнхене ў 1946 г. Супрацоўніцтва з гэтай актыўнай антыкамуністычнай арганізацыяй, што першапачаткова аб’ядноўвала прадстаўнікоў усходнееўрапеўскай эміграцыі, сябры ЗБВБ наладжвалі найперш у рэгіёнах. Так, ужо ў снежні 1948 г. у Грынбанк хастэлі на ўрачыстай акадэміі з нагоды пятых угодкаў АБН бралі ўдзел беларусы, што жылі ў тым інтэрнаце і былі сябрамі Аддзелу ЗБВБ “Ёркс”. Сяргей Шчэрба і Янка Сяўковіч прамаўлялі ад імя беларусаў, Алена Марцінкевіч і Каця Янцэвіч у беларускіх строях, якія спадабаліся ангелькам, дэкламавалі вершы. У залі быў бел-чырвона-белы сцяг і Пагоня. Спявалі і беларускі, і ўкраінскі гімны.

Іншы сябра ЗБВБ Андрэй Лабэцкі быў запрошаны прадстаўніком беларусаў у Шатландскім аддзяленні АБН. 11—14 чэрвеня 1950 г. ён разам з дэлегацыяй іншых беларусаў браў удзел у Кангрэсе Антыбальшавіцкага блоку народаў, які прайшоў у Эдынбургу.

Аднак надалей дачыненні ЗБВБ з АБН не склаліся і прадстаўляць беларусаў у гэтай арганізацыі стала Беларуская Цэнтральная Рада і яе прыхільнікі.

Пры канцы 1940-х гг. прадстаўнікі ЗБВБ бралі ўдзел у папулярным у той час федэрацыйным руху. 8 жніўня 1949 г. у Лондане адбылася зборка Цэнтральна-еўрапейскага федэральнага руху моладзі, на якой былі прынятыя ідэалагічныя Дэкларацыі і Статут арганізацыі. На зборцы прысутнічалі беларусы, латышы, палякі, румыны, славакі, чэхі і харваты, а таксама прадстаўнікі Цэнтральна-еўрапейскага клубу ў Лондане і шматлікія госці. У выканаўчы камітэт Цэнтральнаеўрапеўскага федэральнага руху моладзі на пасаду скарбніка быў абраны беларус Янка Садоўскі, а беларускім прадстаўніком у Радзе арганізацыі стаў Аляксандр Надсан.

Прыкладам аднаго з найбольш эфектыўных супрацоўніцтваў ЗБВБ з межнароднай арганізацыяй стаў удзел яго прадстаўніка ў дзейнасці Цэнтральнага Каардынацыйнага Камітэту Дапамаговых Арганізацый Уцекачоў у Вялікабрытаніі, у склад якога ўваходзілі 11 іншых нацыянальнасцей. ЗБВБ быў адным з закладчыкаў гэтай арганізацыі ў 1948 г. Акрамя атрымання рэгулярнай фінансавай падтрымкі з яго боку, Згуртаванне выдатна прадстаўляла тут беларусаў. Увесну 1954 г. дзякуючы энергічнай дзейнасці дэлегата ЗБВБ у Цэнтральным Каардынацыйным Камітэце Дапамаговых Арганізацый Уцекачоў у Вялікабрытаніі а. Часлава Сіповіча было прынята рашэнне выдаваць супольны бюлетэнь арганізацыі па-англійску. Першы нумар выйшаў ужо пры канцы траўня. У бюлетэні была прадстаўнена дзейнасць 12 нацыянальных арганізацый (рускіх, палякаў, югаславаў, балгараў, чэхаў, літоўцаў, латышоў, эстонцаў, славакаў, вугорцаў, украінцаў, румынаў). Быў адмысловы артыкул, прысвечаны ЗБВБ.

Цэнтральны Каардынацыйны Камітэт Дапамаговых Арганізацый Уцекачоў — адзіная арганізацыя ў Брытаніі, дзе для забеспячэння інтарэсаў уцекачоў супрацоўнічалі столькі нацыяў. Яе міжнародныя сходы часта адбываліся ў Беларускім доме ў Лондане.

Важным мерапрыемствам згаданага камітэту стаў вялікі міжнародны канцэрт народных песень і танцаў, што адбыўся ў найвялікшай канцэртнай залі Лондана Альберт Холе 24 студзеня 1960 г. Дэвізам мерапрыемства стаў лозунг “уцекачы для уцекачоў”, і ўвесь прыбытак быў накіраваны на дабрачынныя мэты. У вялікай залі, якая змяшчала 6 тысяч чалавек, гледачы маглі слухаць і бачыць беларускія, эстонскія, латышскія, літоўскія, польскія, украінскія і югаслаўскія песні і танцы. Сярод прысутных на канцэрце было шмат англічан, але большасць складалі чужынцы, у тым ліку і беларусы з Лондана і ваколіцаў. Спецыяльнай госцяй мерапрыемства была Яе Каралеўская вялікасць княгіня Кенту са світай.

Распачаўся канцэрт спевамі ўкраінскага мужчынскага хору, потым выступалі латышы і эстонцы. За імі — беларусы, якіх прадстаўлялі Барбара Вержбаловіч (Вербіч) і Галіна Ганчарэнка, што адмыслова былі запрошаныя ЗБВБ з Нямеччыны. Яны выканалі беларускія песні і, як згадвала газета “Бацькаўшчына”, “сярод такіх вялікіх разнастайных групаў нашыя выканальніцы беларускай песні не толькі не згубіліся, а былі ў цэнтры ўвагі і годна рэпрэзентавалі Беларусаў”. Праграма канцэрту адрознівалася высокім узроўнем і нагадвала фестывальную. Пасля канцэрту кіраўнікі вялікіх мастацкіх групаў і абедзве беларускі былі прадстаўленыя княгіні Кенту.

ЗБВБ выкарыстоўвала ўсе магчымасці рэпрэзентацыі беларусаў і іх інтарэсаў у дапамаговых арганізацыях. Прыкладам, 24 кастрычніка 1966 г. у Лондане адбылася ўрачыстая сходка пад старшынствам Вярхоўнага Камісара аддзелу дапамогі ўцекачам пры ААН, на якой прысутнічалі прадстаўнікі ўраду, розных дабрачынных арганізацый і нацыянальных групаў. Ад беларусаў тут былі заступнік старшыні ЗБВБ а. Леў Гарошка і Янка Міхалюк, старшыня Лонданскага аддзелу ЗБВБ. У красавіку 1967 г. з нагоды візіту ў Англіі старшыні Рады Еўрапейскай Свабоды (European Freedom Council) Оле Б’ёрн Крафт у Лондане прыхільнікамі арганізацыі была наладжана ў яго гонар прыняццё, на якое была запрошана і дэлегацыя ЗБВБ. Тады ж, 3 красавіка 1967 г. управа англійскага аддзелу Міжнароднай сацыяльнай службы мела ў Лондане гадавы сход, на якім был прысутны заступнік старшыні ЗБВБ а. Леў Гарошка. Актыўны ўдзел ЗБВБ у падобных арганізацыях замацоўваў пазіцыі Згуртавання сярод іншых імігранцкіх суполак Брытаніі, даваў магчымасць агучваць інтарэсы беларусаў перад брытанскімі ўладамі.

Доўгія гады супрацоўнічала ЗБВБ з Еўрапейскай групай сувязі, у склад якой уваходзілі прадстаўнікі 14 нацыянальнасцей (эстонцы, латышы, літоўцы, беларусы, палякі, рускія, украінцы, чэхаславакі, румыны, вугорцы, балгары, албанцы, грузіны і югаславы). Беларусаў у арганізацыі прадстаўляў Павал Асіповіч, які выконваў тут функцыі скарбніка. Еўрапейская група сувязі была заснаваная ў 1969 г. прадстаўнікамі эмігранцкіх нацыянальных арганізацый з цэнтральнай і ўсходняй Еўропы. Яе галоўнай мэтай была дапамога нацыям у іх барацьбе з камунізмам і савецкім каланіяльным прыгнётам. Еўрапейская група сувязі мелася спрыяць наладжванню цесных кантактаў паміж прыгнечанымі Савецкім Саюзам нацыямі, прадстаўленню іх інтарэсаў перад брытанцамі, а таксама супрацоўніцтву з усімі палітычнымі, эканамічнымі і грамадскімі сіламі на Захадзе ў справе еўрапейскага аб’яднання. У Мемарандуме арганізацыі падкрэслівалася, што яна прадстаўляе інтарэсы больш за чвэрць мільёна жыхароў Брытаніі, большасць з якіх з’яўляюцца брытанскімі і еўрапейскімі выбаршчыкамі. Сярод кірункаў дзейнасці арганізацыі можна адзначыць акцыі ў падтрымку Хельсінскай канферэнцыі, абарону дысідэнтаў у супрацоўніцтве з арганізацыяй Міжнародная амністыя і іншых. Першай справай адносна дысідэнтаў стала сустрэча ў Лондане ў абарону Уладзіміра Букоўскага, які пазней стаў віцэ-прэзідэнтам Еўрапейскай групы сувязі. Арганізацыя таксама ладзіла дэманстрацыі пратэсту супраць візітаў у Лондан камуністычных дзеячаў: Шэлепіна, Ціта, Чаўшэску, Панамарова і іншых. Яна ж займалася прапагандай супраць алімпіяды ў Маскве і іншымі акцыямі.

У ініцыятывах Еўрапейскай групы сувязі бралі актыўны ўдзел беларусы. Прыкладам, у красавіку 1970 г. у Лондане была наладжаная акцыя пратэсту супраць прыезду туды хору Чырвонай Арміі. Еўрапейская група сувязі падрыхтавала і распаўсюдзіла ўлётку, дзе сярод іншага згадвалася: “У 1920 годзе незалежныя Україна і Беларусь былі паняволеныя Чырвонай Арміяй”. Акрамя таго, каб прыцягнуць увагу брытанцаў да дзеянняў Чырвонай Арміі ў мінулым, былы маёр чэхаславацкай арміі Ёзаф Бурсік выпусціў у неба паветраныя шары з надпісамі забытых датаў савецкай агрэсіі. На адным з іх было напісана “Беларусь, 1920 год”.

17 снежня 1977 г. з нагоды 25-годдзя каралявання Елізаветы ІІ з ініцыятывы Еўрапейскай групы сувязі ва універсітэцкай царкве Хрыста цара была адслужаная ўрачыстая праваслаўная літургія ў англійскай мове. Прысутнічалі Апостальскі дэлегат на Вялікабрытанію Бруно Гайм, Віленскі япіскап Мацвей. Служыў румынскі святар Люцыян Гафтан. Ад беларусаў у службе браў удзел а. Янка Пякарскі. Багаслужба распачалася ўрачыстым паходам з нацыянальнымі сцягамі, у тым ліку і беларускім.

У 1983 г. у Лондане Еўрапейская група сувязі выдала па-англійску кнігу “Статыстыка нацыянальнасцяў у СССР”, апрацаваную др. Андрысам Абакуксам, латыскім прадстаўніком у гэтай арганізацыі, дзе прыводзіліся параўнальныя звесткі пра кожную нацыянальнасць, стан роднай мовы, урбанізацыю.

4 лютага 1985 г. тая ж група адзначыла 40-я ўгодкі Ялцінскай канферэнцыі. Была наладжаная багаслужба ў найвялікшым каталіцкім саборы Лондану Бромптан Оратары, на якой прысутнічалі прадстаўнікі ўсіх нацыянальнасцяў, якія ўваходзяць у склад ЕГС, у тым ліку і беларусы.

Падтрымоўвала ЗБВБ сувязі і з беларускімі міжнароднымі арганізацыямі. Яшчэ ў 1948 г. прадстаўнікі Згуртавання ўвайшлі ў склад кіраўніцтва САБЭ, якая, праўда, не праіснавала доўга. Найбольш працяглым і плённым ёсць супрацоўніцтва ЗБВБ з Міжнароднай грамадскай арганізацыяй “Згуртаванне беларусаў свету”.

Удзел у міжнародных арганізацыях стаў важнай часткай рэпрэзентацыйнай дзейнасці ЗБВБ. Вынікам гэтага было прызнанне і ўвага да арганізацыі ў брытанскіх і іншанацыянальных палітычных і грамадскіх колах.

b. “Пошта ЗБВБ”

Унікальнай ініцыятывай беларусаў Вялікабрытаніі сталася арганізацыя на час страйку паштовай службы краіны ў 1971 г. афіцыйнай інстытуцыі “Пошта ЗБВБ”. Ідэю стварэння сваёй паштовай службы падаў а. Часлаў Сіповіч, а яе ўвасабленнем у жыццё актыўна заняўся сакратар Англа-беларускага таварыства Гай дэ Пікарда. 17 лютага 1971 г. ён атрымаў ліст ад ад акруговага паштмайстра Паўночнай акругі Лондану, у якім утрымліваўся дазвол ЗБВБ арганізаваць прыватную паштовую службу на час страйку. Ужо на наступны дзень Згуртаванне абвясціла пра адкрыццё сваёй пошты, тры офісы якой размяшчаліся: у Беларускім доме на 52 Penn Road, N.7, у доме школы імя св.Кірылы ў Фінчлей на 39 Holden Road, N.12 і ў прыватным клубе на 230 Strand WC.2, адкуль карэспандэнцыя дастаўлялася ў офіс Гая Пікарды ў Тамплі. Па гэтых адрэсах двойчы на тыдзень (у серады і суботы) магчыма было прынесці свае лісты, каб іх даставілі не толькі ў межак Лондану, але таксама ў Брадфард, Бірмінгам, Манчэстэр і нават за мяжу. Апошняе ажыццяўлялася праз вываз карэспандэнцыі ў Францыю і далейшую рассылку праз мясцовую пошту ў іншыя краіны свету. Дзевяць лонданскіх кур’ераў ЗБВБ на прыватных аўто, пешкі або грамадскім транспартам развазілі карэспандэнцыю адрасатам. Першапачаткова “Пошта ЗБВБ” была зарыентавана выключна на беларускі асяродак у Вялікабрытаніі. Аднак ад 24 лютага, калі пра яе дзейнасць паведаміла газета Evening Standard, сярод карыстальнікаў беларускай паштовай службы значна вырасла колькасць брытанцаў. Паштовыя адпраўленні можна было аплочваць з дапамогай адмысловых беларускіх паштовых марак.

Спачатку былі выдадзеныя звычайныя паштовыя значкі без малюнкаў з надпісамі “ЗБВБ Пошта” коштам 10 і 20 пенсаў. Потым выйшлі яшчэ пяць адмысловых марак серыі “Архітэктурныя помнікі Беларусі” з выявамі будынкаў у Полацку (1 пенс), Супраслі (5 пенсаў), Ішкалдзі (10 пенсаў), Магілёве (15 пенсаў) і Нясвіжы (20 пенсаў). Калі першыя простыя маркі “Пошты ЗБВБ” мелі наклад у 300 асобнікў кожная, то апошнія (з помнікамі) — па 1000 асобнікаў кожная. Усе маркі, выдадзеныя ЗБВБ, былі афіцыйна прызнаныя брытанскай поштай. Побач з імі выкарыстоўваліся маркі, выдадзеныя ў 1950 г. у Нямеччыне ўрадам БНР, на якіх былі выявы П. Крэчэўскага, Васіля Захаркі, Пагоні і карты Беларусі. Таксама на капэртах таго часу можна было сустрэць маркі з серыі “Асобны атрад БНР”, выдадзеныя яшчэ ў 1920 г., ведамыя пад назвай “балахоўкі”. На ўсіх згаданых марках ставіўся адмысловы штамп “ZBVB-Post”.

Дзейнасць “Пошты ЗБВБ” працягвалася да 10 сакавіка 1971 г., калі была адноўленая праца звычайнай паштовай службы. За гэты невялікі час некалькі соцень лістоў з беларускімі маркамі былі дастаўленыя ў розныя гарады Англіі і за мяжу. Безумоўна, маленькая паштовая служба ў паўночным Лондане, адна з болей як 260 прыватных паштовых службаў, арганізаваных у часе страйку, не магла замяніць сабою дзяржаўную сістэму дастаўкі паштовых адпраўленняў, як не магла і паўплываць на вынікі забастоўкі. Гэтага і не было на мэце. “Пошта ЗБВБ” стала выдатнай магчымасцю рэпрэзентацыі беларусаў у брытанскім грамадстве. Акрамя падзякі ад мясцовых уладаў за цікавую і карысную ініцыятыву, Згуртаванне атрымала унікальны шанс прапаганды беларускай культуры і гісторыі. Па сканчэнні паштовага страйку быў апублікаваны адмысловы каталог усіх паштовых марак, што з’явіліся за гэты час у Брытаніі. Сярод іншых, былі апісаныя ўсе выданні “Пошты ЗБВБ” і змешчаная выява маркі з малюнкам будынку ў Нясвіжы. Акрамя таго, невялікую брашуру на англійскай мове з выявамі ўсіх марак “Пошты ЗБВБ” і апісаннем падставы іх з’яўлення выдалі ў 1971 г. нейкія Вільямсы.

Пасля сканчэння дзейнасці паштовай службы, усе дакументы адносна яе, а таксама нявыкарыстаныя маркі ЗБВБ перадало ў Беларускую Бібліятэку і Музей імя Францішка Скарыны ў Лондане. Прыбытак ад продажу пазасталых камплектаў марак пайшоў на патрэбы бібліятэкі.

Дзейнасць “Пошты ЗБВБ” стала выдатным прыкладам беларуска-брытанскага супрацоўніцтва. Ніводная з іншых нацыянальных групаў у краіне не скарыстала з такой магчымасці рэпрэзентацыі сваёй нацыянальнай адметнасці.

c. ЗБВБ і адукацыйныя ініцыятывы

Праблема арганізацыі беларускамоўнай адукацыі для сяброў ЗБВБ і іх нашчадкаў заўсёды была для ЗБВБ актуальная. Ужо на самым пачатку існавання адным з напрамкаў дзейнасці кіраўніцтва Згуртавання і яго аддзелаў стала арганізацыя лекцый і дакладаў, каб праз пашырэнне ведаў з беларускай гісторыі і культуры павышаць узровень нацыянальнай самасвядомасці беларусаў у Вялікабрытаніі. Гэта было асабліва важна, улічваючы даволі высокі адсотак тых, хто меў толькі пачатковую адукацыю.

У Лондане, дзе быў сканцэнтраваны найбольшы інтэлектуальны патэнцыял ЗБВБ, падобныя лекцыі ўжо ў 1947 г. адбываліся штотыдзень. Не дзіва, што менавіта тут паўстала ідэя заснавання цэлай Школы беларусаведы. Яна пачала працу з ініцыятывы Культурна-асветнага рэферату ЗБВБ у Беларускім доме 5 ліпеня 1949 г. На першы курс, які ахопліваў беларускую мову, літаратуру і гісторыю Беларусі, запісалася шмат слухачоў з Лондана, і шмат сяброў з правінцыі запісалася на адмысловы карэспандэнцкі курс.

Школа распачала працу ў складаных умовах. Памяшканне ў Беларускім доме ў Лондане не было прыстасаванае для заняткаў, праз брак сталоў, слухачы пісалі свае канспекты на каленях. Адчуваўся недахоп навуковых дапаможнікаў. Лекцыі адбываліся вечарамі, бо днём і слухачы і настаўнікі працавалі. Школа ўтрымоўвалася выключна за кошт таго, што плацілі вучні. Аднак, нягледзячы на ўсе цяжкасці, кіраўніцтва мела надзею, што школа “з часам ператворыцца ў паважны асяродак студыяў беларускай праблематыкі на чужыне”.

На жаль, спадзяванні арганізатараў не спраўдзіліся. Хутка набрала моц рээміграцыя беларусаў з Вялікабрытаніі, што закранула і вучняў і выкладчыкаў школы. Аднак ідэя арганізацыі адмысловых курсаў беларусаведы недзе праз паўтара дзесяцігоддзі атрымала новае жыццё, калі яе рэалізацыяй, але ўжо ў англамоўным варыянце, занялося Англа-беларускае таварыства (пра гэта ніжэй). І гэтым разам ЗБВБ падтрымала карыснае пачынанне і фінансава, і праз пашырэнне інфармацыі пра яе сярод сябраў і прыяцеляў арганізацыі.

Акрамя асветы дарослых ЗБВБ непакоілася і пра нацыянальную адукацыю для нашчадкаў сяброў арганізацыі. На мяжы 1950—1960-х гг. у аддзелах Згуртавання ў Манчэстэры і Брадфардзе былі арганізаваныя суботнія школы для дзяцей. Тут маленькія беларусы вучыліся чытаць, пісаць і спяваць на роднай мове, атрымоўвалі веды з беларускай гісторыі, геаграфіі і літаратуры. Падобная школа супольнымі намаганнямі ЗБВБ і ХАБР была арганізаваная ў 1962 г. і для беларускіх дзетак у Лондане. На жаль, гэтыя школы не пратрымаліся даўжэй за пяць гадоў. Праўда, у Брадфордзе пазней яшчэ колькі гадоў дзейнічаў Юнацкі клуб, аднак гэта істотна не паўплывала на сітуацыю. Колькасць дзяцей, што наведвалі згаданыя школы, не перавышала некалькі дзесяткаў асобаў, ды і тыя самыя пачатковыя веды, што яны атрымоўвалі, даволі хутка забываліся, калі школы перапынялі працу. У выніку дзейнасці гэтых ініцыятыў толькі лічаныя адзінкі беларускіх дзяцей, народжаных у Вялікабрытаніі, захавалі сваю сталую сувязь з ЗБВБ. Крыху іншай з’явай была Школа Св.Кірылы Тураўскага, арганізаваная пры Беларускай Каталіцкай місіі ў Лондане, дзе вучыліся дзеці беларусаў не толькі з Брытаніі, але і з іншых краінаў Еўропы. ЗБВБ шчыльна супрацоўнічала з кіраўніцтвам школы, дапамагала фінансава, разумеючы важнасць гэтага праекта для беларускай эміграцыі.

Па сканчэнні працы і школы Св. Кірыла, праблема нацыянальнага ўзгадавання моладзі не была канчаткова вырашана, і таму рэгулярна паўставала на з’ездах ЗБВБ. У 1971 г. было прынята рашэнне пра ўвядзенне пасады рэферэнта, адказнага з маладзёжную палітыку, якім стаў былы выкладчык школы Св.Кірыла, а. Робэрт Тамушанскі. На жаль, ніякіх значных вынікаў гэта не дало. Уласных сілаў Згуртавання (колькасць сяброў якога на той час не перавышала сотню) не хапала, каб стварыць эфектыўную сістэму нацыянальнай адукацыі для беларускай моладзі ў Вялікабрытаніі па прыкладзе палякаў ці ўкраінцаў. І гэтая праблема не была ўласцівая толькі для брытанскіх беларусаў, з ёю сутыкнуліся беларускія дыяспары ва ўсіх заходніх краінах.

Новы напрамак адукацыйнай дзейнасці ЗБВБ з’явіўся ў 1990-х, калі арганізацыя стала актыўна дапамагаць навучанню ў Вялікабрытаніі беларускіх студэнтаў і аспірантаў. У 1992 г. харытатыўная секцыя ЗБВБ фінансавала праграму навучання маладых навукоўцаў з Беларусі ў Лонданскім універсітэце. Яна аплочвала выдаткі на само навучанне, кошты пражывання і часткова праезд для аспірантаў, якіх адмыслова адабраў у Мінску Джэймс Дынглі (цалкам гэта забрала каля 5.000 фунтаў). Усяго ў Школе Славістыкі пры Лонданскім універсітэце праходзілі стажыроўку пяць маладых навукоўцаў: Васіль Еўдакімаў (юрыст), Віталь Зайка (даследчык габрэйскай гісторыі ў Беларусі), Ігар Бабкоў (аспірант гісторык філасофіі), Таццяна Буйко (аспірантка філосаф) і Тамара Курбыка (аспірантка палітолаг). У 1993 г. гэтыя навукоўцы правялі ў Лонданскім універсітэце серыю беларусаведных семінараў. Яны ж былі гасцямі беларусаў Лондана на святкаванні ўгодкаў абвяшчэння незалежнасці Беларусі 27 сакавіка 1993 г. Пасля стажыроўкі лёсы гэтых маладых навукоўцаў склаліся па-рознаму. Віталь Зайка выехаў у ЗША, дзе працягнуў займацца гебраістыкай. Стаў актыўным удзельнікам беларускай грамады. Ігар Бабкоў вярнуўся ў Беларусь, дзе займаецца навуковай дзейнасцю. Васіль Еўдакімаў выехаў у Вялікабрытанію, дзе далучыўся да ЗБВБ, займаў пасаду яго старшыні ў 1996—1997 гг., а потым быў кіраўніком Англа-беларускага таварыства. Такім чынам, ініцыяваная ЗБВБ праграма даволі моцна паўплывала на жыццё маладых навукоўцаў.

Акрамя таго, у 1990-х паўстала яшчэ адна школка для беларускіх дзяцей ужо новых імігрантаў у Лондане пад кіраўніцтвам Караліны Мацкевіч.

d. ЗБВБ і барацьба за правы беларусаў

Акрамя згаданых вышэй ініцыятываў ЗБВБ у рэпрэзентацыі інтарэсаў беларусаў у Вялікабрытаніі варта згадаць яшчэ колькі аспектаў падобнай дзейнасці.

Прыкладам, ЗБВБ намагалася атрымаць для сваіх культурных праектаў і найперш курсаў беларусаведы, ладжаных Англа-беларускім таварыствам, фінансавую падтрымку ад ураду. Падобную падтрымку атрымоўвалі, прыкладам, Польская бібліятэка і розныя заходнеіндыйскія грамадскія цэнтры ў Брытаніі. Акрамя таго, у 1970 г. ЗБВБ намагалася супрацьстаяць выключэнню ад 1972 г. беларускай мовы са спісу кваліфікацыйных экзаменаў, што магчыма было здаваць у Лонданскім універсітэце. У адмысловым мемарандуме, падпісаным старшынём ЗБВБ Янкам Міхалюком, старшынём Харытатыўнай секцыі Паўлам Асіповічам і ганаровым сакратаром АБТ Гаем Пікардам, выказвалася вялікая занепакоенасць тым, што дзеці беларускіх імігрантаў не змогуць здаваць экзамены па мове сваіх бацькоў. Раней з гэтага права актыўна скарысталі вучні школы Св.Кірыла Тураўскага.

Важным напрамкам дзейнасці ЗБВБ былі захады па інфармаванні сусветнай грамадскасці аб рэальным становішчы ў БССР і спробы неяк паўплываць на гэтае становішча. На разнастайных міжнацыянальных імпрэзах і ў разнастайнай карэспандэнцыі з урадавымі арганізацыямі прадстаўнікі Згуртавання даводзілі да шырокай грамадскасці доказы ўяўнай незалежнасці БССР у складзе СССР і няспыннай русіфікацыі беларускага насельніцтва. Адным з прыкладаў распаўсюду падобных звестак была англамоўная ўлётка з нагоды 60-годдзя абвяшчэння незалежнасці БНР. Сярод іншага тут сцвярджалася:

“Сёння, праз шесцьдзесят гадоў пасля абвяшчэння незалежнасці, Беларусь зноў з’яўляецца субектам сістэмы неакаланіяльнага прыгнёту.

Уяўна суверэнная дзяржава, Беларусь не мае амбасадаў, кансулятаў, дыпламатычных прадстаўніцтваў або інфармацыйных бюро ў іншых краінах.

Беларускі нацыянальны парламент дзейнічае агулам цягам чатырох дзён на год. Сесіі адзінагалосна прымаюць, без абмеркаванняў і пад “бурныя воплескі”, загадзя падрыхтаваныя пастановы з Масквы, што маюць дыскрымінацыйны характар, адпаведны духу расійскіх палітычных і эканамічных інтарэсаў.

[…]

Тэлівізія і прэса зяўляюцца інструментам русіфікацыі. Прыкладам, з 2.489 кніг, што пабачылісвет у Рэспубліцы ў 1976 г., 2.073 былі надрукаваны паруску і толькі 416 пабеларуску. Пры гэтым 85% насельніцтва складаюць беларусы.

Нацыянальная гісторыя ў школах перакручваецца, літаратура і мастацтва пад ціскам цэнзуры, беларускія праваслаўная і каталіцкая цэрквы знаходзяцца пад ціскам і кантролем з боку Масквы.

Беларусь пад уладай Савецкай Расіі мае меней незалежнасці, чым Намібія пад уладай Паўднёвай Афрыкі ці Ангола — Партугаліі.

Дэмакратычныя сілы, што супрацьстаяць каланіялізму, не могуць маўчаць пра гэтыя факт дыскрымінацыі белых калоніяў. Усе мужчыны і жанчыны маюць права на чалавечыя правы і дэмакратыю, незалежна ад расы, колеру скуры, класу або перакананняў.

Мы звяртаемся да ўраду, палітычных партый, прафсаюзаў і звычайных людзей за падтрымкай дзейнасці Беларускай Рады на выгнанні ў яе барацьбе за вызваленне беларусі ад каланіяльнай ўлады і аднаўленне незалежнасці, улады большасці і правоў чалавека”.

Падобную інфармацыю ЗБВБ рэгулярна накіроўвала палітычным дзеячам Вялікабрытаніі з надзеяй, што яны ўлічаць яе ў фармаванні знешняй палітыкі краіны і яе дачыненняў з СССР.

Нечаканыя вынікі прынесла падрыхтаваная ЗБВБ для Мірнай канферэнцыі ў Мадрыдзе інфармацыя пра дыскрымінацыю беларускага школьніцтва на Беласточчыне. Агучванне гэтых матэрыялаў выклікала негатыўную рэакцыю з польскага боку, у тым ліку і ў колах польскіх імігранцкіх арганізацыяў. Яны закідалі беларусам тое, што і польскае школьніцтва ў БССР знаходзіцца ў занядбаным стане.

Нягледзячы на ўсе захады ў абароне права беларусаў на незалежнасць, кіраўніцтва ЗБВБ выдатна разумела абмежаванасць уплыву эміграцыі на рэальныя падзеі на Бацькаўшчыне. Яшчэ ў 1973 г. у інтэрв’ю польскай секцыі радыё “Свабода”, пазней выдрукаваным часопісам “На Антэне”, старшыня ЗБВБ Янка Міхалюк сярод іншага зазначыў: “Адно толькі пэўна, што пра долю будучых Польшчы й Беларусі ня будуць пастанаўляць эміграцыі, хоць бы й гэткія моцныя ды шматлікія, як польская. Пра гэта пастановяць палітычныя дзеячы, вучоныя, літаратары й г.д., што вырасьлі й выхаваліся на сваёй собскай зямлі ў умовах, якія эміграцыя мае права крытыкаваць, але на якія ня мае вялікага ўплыву”.

e. ЗБВБ і вызваленне Міхася Кукабакі

Яшчэ адным важным напрамкам дзейнасці ЗБВБ сталася кампанія за вызваленне беларускага дысідэнта Міхася Кукабакі. Гэты чалавек, нараджэнец Бабруйска, у 1978 г. напісаў нарыс “Скрадзеная Бацькаўшчына” і артыкул “Абарона правоў чалавека і разрадка — непадзельныя”. Першы быў прысвечаны праблеме планавай русіфікацыі Беларусі, другі сцвярджаў інтэрнацыянальную актуальнасць правоў чалавека. Абодва артыкулы Міхась Кукабака запісаў на магнітафонную стужку і перадаў на Захад. Тут іх сталі шырока цытаваць на радыё “Нямецкая хваля” і “Свабода”, а таксама публікаваць у эміграцыйным друку. Таксама былі перададзеныя на Захад творы беларускага дысідэнта “Спатканне з дзяцінствам” — антымілітарнай накіраванасці і “Адкрыты ліст міністру аховы здароўя СССР” — супраць выкарыстання медыцыны для карных мэтаў. Вынікам гэтых твораў стаў арышт Міхася Кукабакі ў 1978 г. На судзе дысідэнт параўнаў СССР з вялікім канцэнтрацыйным лагерам, адмовіўся ад савецкага грамадзянства і запатрабаваў выпусціць яго за мяжу. У выніку ён быў асуджаны на тры гады звальнення, гэты тэрмін потым некалькі разоў аднаўляўся, і на свабоду Міхась Кукабака выйшаў толькі ў снежні 1988 г., напярэдадні візіту Міхаіла Гарбачова ў Нью-Ёрк. У 1990 г. беларускі дысідэнт быў рэабілітаваны.

Увесь гэты час эміграцыйныя колы на Захадзе і праваабарончыя арганізацыі дабіваліся вызвалення беларускага дысідэнта. У справе дапамогі Кукабаку ЗБВБ супрацоўнічала з арганізацыяй “Міжнародная амністыя”, актывістка якой Рыва Бергман яшчэ ў 1970-х распачала дзейнасць па вызваленні беларускага дысыдэнта. Абедзве арганізацыі ладзілі шырокую інфармацыйную кампанію ў Вялікабрытаніі, каб прыцягнуць увагу да справы Міхася Кукабакі. Аналагічныя захады рабілі і беларусы ў ЗША, а таксама праваабарончыя арганізацыі і дзеячы рускай эміграцыі, асабліва Аляксандр Салжаніцын.

10 лютага 1980 г. на антысавецкай дэманстрацыі ў Лондане беларусы ўпершыню ішлі з плакатам, дзе былі напісаныя патрабаванні вызвалення Міхася Кукабакі, а сярод удзельнікаў дэманстрацыі распаўсюджваліся нядаўна выдадзеныя ў ЗША паштоўкі ў абарону беларускага дысідэнта.

30 кастрычніка 1983 г., у Дзень палітвязня, лонданская група актывістаў Міжнароднай амністыі разам з мясцовымі беларусамі правялі аднадзённую галадоўку салідарнасці з Міхасём Кукабакам, які таксама ў гэты дзень штогод галадаў у знак пратэсту супраць гвалтавання правоў чалавека ў СССР. Падобныя галадоўкі салідарнасці з беларускім іншадумцам сталі праводзіцца ў Лондане штогод і набывалі ўсё большы размах. 30 кастрычніка 1987 г. на чарговай акцыі салідарнасці з Міхасём Кукабакам было выслана шмат лістоў да міністра юстыцыі СССР Б.В.Краўцова, а ўдзельнікі акцыі распаўсюджвалі ўлёткі з інфармацыяй пра здзекі над іншадумцам. Апошняя Вахта салідарнасці адбылася і ў 1988 г., яе ўдзельнікі патрабавалі выпусціць Міхася Кукабаку з Савецкага Саюза.

Акцыі лонданскіх беларусаў сумесна з іншымі арганізацыямі спрыялі пашырэнню інфармацыі пра беларускага іншадумца. 3 сакавіка 1986 г. Лонданская “Таймс” у рубрыцы “Вязні сумлення” змясціла артыкул пра Міхася Кукабаку.

У 1987 г. ЗБВБ даслала Міхасю Кукабаку запросіны на сталае жыццё ў Лондан, дзе яму будуць забяспечаныя праца і жыллё. Копіі запрашэння былі дасланыя Міхаілу Гарбачову і ў Міжнародную амністыю.

У чэрвені 1988 г. арганізацыя Міжнародная амністыя выдрукавала тэкст “Міхась Кукабака. Беларускі рабочы зняволены ў Савецкім Саюзе за абарону правоў чалавека”, які ўтрымліваў падрабязную інфармацыю пра справу беларуса.

Арганізаваныя на Захадзе акцыі пратэсту і інфармацыйныя кампаніі, у якіх брала ўдзел ЗБВБ, верагодна, усё ж паўплывалі на савецкае кіраўніцтва. Акрамя таго, інфармацыя пра Міхася Кукабаку выкарыстоўвалася замежнымі навукоўцамі. Прыкладам, яго справу згадвала ў сваёй выдадзенай ў 1989 г. у Лондане кнізе даследчыца Сюзан Рычардс.

Нягледзячы на тое, што ЗБВБ не здолела непасрэдна паўплываць на лёс Міхася Кукабакі, яно дапамагло іншым беларусам, прыкладам, пратэстанцкай сям’і Грыгальчыкаў, што падвяргаліся ганенням у БССР за рэлігійныя перакананні. Намаганнямі ЗБВБ удалося дамагчыся таго, што згаданая сям’я змагла выехаць у Вялікабрытанію. Тут яны сталі на некаторы час сябрамі ЗБВБ, пакуль не выехалі на сталае жыццё ў ЗША.

f. Самвыдат

Цікавым кірункам дзейнасці ЗБВБ 1980-х стаў друк і распаўсюд г.зв. “самвыдатных” твораў з Беларусі. Нягледзячы на эфектыўную працу савецкай ідэалагічнай сістэмы, у яе нетрах узнікала незадавальненне той культурнай палітыкай, якая праводзілася ў Беларусі. У выніку нараджаліся творы, якія крытыкавалі існуючую сістэму. Яны распаўсюджваліся падпольна, а іх аўтараў пераследавалі. Адным з такіх твораў стаў напісаны ў 1977 г. “Ліст да рускага сябра” (“Письмо к русскому другу”) Аляксея Каўкі. У гэтым тэксце аўтар, аценьваючы культурніцкую палітыку савецкіх уладаў у Беларусі, вызначыў яе як асіміляцыйную, а стан БССР як каланіяльную залежнасць. З часам Аляксей Каўка стаў распаўсюджваць свой твор як ананімны не толькі ў СССР, а таксама змог перадаць яго ў Вялікабрытанію. Тамтэйшыя беларусы не ведалі аўтара твора, аднак ацанілі яго смеласць. Таму сябра Англа-беларускага таварыства Джэймс Дынглі зрабіў пераклад “Ліста” на англійскую мову, дадаў каментары і разам з арыгінальным тэкстам ЗБВБ выдрукавала гэты твор. Акрамя таго, Згуртаванне шырока распаўсюдзіла выданне і сярод эміграцыйных колаў, і сярод брытанскіх палітычных і грамадскіх дзеячоў. З’яўленне “Ліста да рускага сябра” мела вялікі розгалас на Захадзе, яго цытавалі ў беларускай і ўкраінскай службах радыё “Свабода”, а таксама ў разнастайным беларускім, украінскім, польскім і рускім эміграцыйным друку. У 1986 г. тэкст быў выдадзены ў Польшчы на польскай мове з адпаведнымі каментарамі. “Ліст” называлі адным з лепшых самвыдатных твораў. Яго аўтара ўлады так і не змаглі знайсці.

У наступным, 1980 г., зноў праз Аляксея Каўку ЗБВБ атрымала з Беларусі арыгіналы дзвюх паштовак, прысвечаных 1000-годдзю беларускай дзяржаўнасці. На малюнках былі выявы “Пагоні” (срэбраным колерам, адна на чырвоным фоне, другая на белым), аўтара іх у Вялікабрытаніі ніхто не ведаў. Ім быў мастак Яўген Кулік, актыўны ўдзельнік адраджэнскага руху ў Беларусі. Пры перадачы малюнкаў у Вялікабрытанію Аляксей Каўка сказаў: “Перадайце ў Лондан. Яны там будуць ведаць, што з тым рабіць”. ЗБВБ выдрукавала гэтыя паштоўкі і стала актыўна пашыраць сярод суродзічаў-беларусаў у вольным свеце. На абедзвюх былі дадзеныя тлумачэнні на беларускай, англійскай і французскай мовах: “1000 год гісторыі Беларусі. Тайнае юбілейнае выданьне з БССР”. КДБ гэтым разам высветліла асобу аўтара, і Яўген Кулік аказаўся пад пільным наглядам спецслужбаў.

У 1985 г. зноў праз Аляксея Каўку пры дапамозе гісторыка Юрыя Туронка, што выступаў у Беларускай бібліятэцы ў Лондане з дакладам, ЗБВБ атрымала яшчэ адзін самвыдатны твор з Беларусі. Гэта была манаграфія паэта і філосафа Алега Бембеля “Роднае слова і маральна-этычны прагрэс”. Аўтар зрабіў спробу аналізу моўнай сітуацыі ў Беларусі. У тым самым 1985 г. кніга была выдадзеная Згуртаваннем і пачала распаўсюджвацца на Захадзе. Яна выклікала цікавасць брытанскіх навукоўцаў. Так, адзін з іх, выладчык Лонданскага універсітэта Майкл Кірквуд апублікаваў рэцэнзію ў часопісе “Славянскі і ўсходнееўрапейскі агляд” (№ 3, 1987). Аўтар, прааналізаваўшы змест працы Бембеля, прыйшоў да высновы, што яе нельга назваць антысавецкай ці антырасійскай, бо яна ўяўляе сабой хутчэй крытыку дзейнасці мясцовых уладаў, а не сістэмы цалкам. Тым не менш, пасля выхаду ў Лондане кнігі Алег Бембель быў выключаны з КПСС, пазбаўлены статусу навуковага супрацоўніка Акадэміі навук, а ў 1987 г. быў вымушаны канчаткова пакінуць працу.

Праз год ЗБВБ перадрукавала і распаўсюдзіла сярод брытанцаў і беларусаў на Захадзе “Ліст да Міхаіла Гарбачова” ад беларускай інтэлігенцыі, таксама прысвечаны справе адраджэння беларускай культуры.

Пры канцы 1988 г. Згуртаванне выдала па-англійску брашуру “Нацыянальная мова ў сацыялістычнай дзяржаве” (Дакумент аб стане беларускай мовы ў Савецкай Беларусі). Гэта праграма адраджэння беларускай мовы, якую склала камісія Беларускага Фонду Культуры, але якая не была афіцыйна апублікавана ў Беларусі. Сярод іншых, брашуру дасылалі прэм’ер-міністру Вялікабрытаніі Маргарэт Тэтчэр і міністру замежных спраў сэру Джэфры Гаўэ, якія адказалі ЗБВБ лістамі ўдзячнасці за карысную інфармацыю пра савецкую моўную палітыку.

Дзейнасць ЗБВБ па выданні і распаўсюду згаданых твораў адлюстроўвала наяўнасць трывалых сувязей арганізацыі з Бацькаўшчынай, пільную ўвагу да тых працэсаў, якія адбываліся ў БССР, падтрымку ўсяго, што было скіравана на адраджэнне беларускай культуры. Акрамя таго, Згуртаванне праз гэтыя друкі інфармавала брытанскае грамадства пра падзеі ў Беларусі, рэпрэзентавала перад урадавымі коламі яе інтарэсы.

В. Англа-Беларускае таварыства

j. The Journal of Byelorussian Studies

Узнікненне ідэі выдання англамоўнага часопіса беларусаведнай тэматыкі было натуральным вынікам тых мэтаў па пашырэнні інфармацыі пра беларусаў у брытанскім грамадстве, што ставіла перад сабою створанае яшчэ ў 1954 г. Англа-беларускае таварыства. Аднак для рэалізацыі такога праекта патрэбныя былі значныя інтэлектуальныя і фінансавыя сродкі. Да сярэдзіны 1960-х і першыя і другія былі знойдзеныя: аўтары — сярод зацікаўленых у беларусістыцы навукоўцаў, што сталі прыходзіць у Таварыства, сродкі — з нядаўна створанага пры ЗБВБ Беларускага Харытатыўнага Фонду, які стаў галоўным грантадаўцам брытанска-беларускай арганізацыі.

Першы нумар “Часопіса беларусаведы” выйшаў у 1965 г. Ягоным галоўным рэдактарам быў афіцыйна пазначаны Ігнат Аўсей. У прадмове прафесар параўнаўчай філалогіі оксфардскага універсітэта Роберт Оці заўважыў, што беларусы з усіх усходнеславянскіх нацыяў мелі найменшую ўвагу з боку навукоўцаў і новы перыёдык ствараўся менавіта для таго, каб выправіць гэтае становішча і паспрыяць пашырэнню разнастайных беларусазнаўчых даследаванняў. Змест нумару склалі артыкулы Аляксандра Надсана, Гая Пікарды, Роберта Тамушанскага, Льва Гарошкі, Веры Рыч. Акрамя таго, тут утрымліваўся агляд беларусаведных кніг і хроніка падзеяў з беларускага жыцця ў БССР і ў замежжы. Падобныя агляды і хронікі сталі надалей пастаяннымі раздзеламі часопіса. Ад другога нумару да пастаянных рубрык дадаліся таксама штогадовыя справаздачы старшыні Англа-беларускага таварыства па дзейнасці арганізацыі.

“Часопіс беларусаведы” задумваўся як гадавік, хоць часам вытрымліваў гэтую перыядычнасць толькі намінальна. Кожныя чатыры нумары складалі асобны том. Усяго цягам 1965—1988 гг. выйшлі пяць поўных тамоў і першы нумар шостага (разам — 21 нумар, з іх два здвоеныя).

Асноўныя артыкулы “Часопіса беларусаведы” ўяўлялі сабой навуковыя даследаванні той ці іншай праблемы з гісторыі ці культуры Беларусі. Кола аўтараў і геаграфія тэкстаў з часам пашыраліся. З беларускіх даследнікаў, чые творы друкаваліся на старонках часопіса, пераважалі святары Беларускай каталіцкай місіі ў Вялікабрытаніі: а. Аляксандр Надсан, а. Леў Гарошка, а. Часлаў Сіповіч, а. Роберт Тамушанскі. Яны ж найчасцей былі аўтарамі кніжных рэцэнзій. З беларусаў найбольш на змест перыёдыка паўплываў а. Аляксандр Надсан, чые публікацыі рэгулярна з’яўляліся на старонках часопіса, да таго ж ён быў пастаянным сябрам рэдкалегіі. З іншых беларусаў сярод аўтараў былі Янка Садоўскі (Канада), Янка Запруднік (ЗША), Антон Адамовіч (ЗША), Аляксандр Баршчэўскі (Варшава), Уладзімір Анічэнка (Гомель).

Сярод аўтараў часопіса варта адзначыць такіх, як Гай Пікарда, Вера Рыч, др. Рычард Фрэнч, прафесар Роберт дэ Брэй, Г.Мередыт-Оўэнс, Г.Лімінг, М.Альтбаўэр, Джэймс Дынглі, Шырын Акінэр, Пол Векслер, Пітэр Майё, Ліндсі Х’юз, Я.Крайчар, Р.Сасэкс, М.Секерскі, Я.Ахманьскі, Р.Мілер і іншыя. Аднак найбольш артыкулаў напісаў Арнольд Макмілін.

Артыкулы ў “Часопісе беларусаведы” найчасцей былі прысвечаныя праблемам беларускай мовы і літаратуры розных перыядаў, закраналі таксама асобныя праблемы гісторыі і геаграфіі Беларусі. Былі апублікаваныя ў перакладзе на англійскую мову таксама некаторыя цікавыя творы беларускай культуры, такія, як “Дзённік Хведара Еўлашоўскага”, “Жыццё Еўфрасінні Полацкай”, творы Яна Чачота. Пры гэтым тэксты ў часопісе не краналі праблемаў гісторыі другой паловы 20 ст. Гэта была свядомая палітыка рэдакцыі — засяроджанасць на навуковых даследаваннях без палітычнага кантэксту сучаснасці.

За гісторыю свайго існавання “Часопіс беларусаведы” бачыў чатырох галоўных рэдактароў. Першы — Ігнат Аўсей — выдаў толькі два нумары, а прыйшоўшы на яго месца Арнольд Макмілін — 5 нумароў (займаў гэтую пасаду ад 1967 да 1971 г.). Менавіта апошні здолеў дамагчыся больш-менш своечасовага выхаду часопіса. У 1972 г. новы нумар рэдагаваў ужо Джэймс Дынглі (выдаў 9 нумароў). Ён займаўся рэдактарскай працай разам з адмысловай радай, у склад якой стала ўваходзілі а. Аляксандр Надсан, Гай Пікарда і Арнольд Макмілін. Гэтыя асобы бралі на сябе падрыхтоўку асноўнага зместу кожнага нумару і акрамя ўласных артыкулаў пісалі кніжныя рэцэнзіі, хронікі ды іншыя інфармацыйныя тэксты. Апошнім рэдактарам “Часопіса беларусаведы” стаў у 1980 г. Пітэр Майё, які выпусціў апошнія шэсць нумароў перыёдыка.

Пераважная большасць тэкстаў “Часопіса беларусаведы” былі на англійскай мове. Выключэнні былі зробленыя толькі для тэксту “Die Morphologische Adaptation Deutscher Substantive In Altweissrussischen Sprachdenkmalern” H.Bieder, а таксама артыкула прафесара Уладзіміра Анічэнкі “Лінгвістычнае наватарства Скарыны ў дэмакратызацыі кніжнаславянскай мовы” ў апошнім нумары. Друк апошняга быў, відавочна, абумоўлены кантактамі, што сталі наладжвацца ў таварыства з навукоўцамі з Беларусі.

Агульны наклад кожнага нумару часопісу вагаўся ад 500 да амаль 800 асобнікаў. Большая яго частка дасылалася ва універсітэты Вялікабрытаніі, а таксама замежныя універсітэцкія, грамадскія і прыватныя бібліятэкі, у тым ліку і ў СССР. Прыкладам, у 1970 г. часопіс атрымоўвалі 120 універсітэтаў, 55 грамадскіх бібліятэк, 46 таварыстваў у розных краінах свету. Дзякуючы працы па распаўсюду часопіса Англа-беларускае таварыства наладзіла кнігаабмен з бібліятэкамі розных краінаў. Першыя кніжныя падарункі зрабілі Беларуская дзяржаўная бібліятэка ў Мінску ды Польская Акадэмія навук у Варшаве. Пазней наладзіўся кнігаабмен з бібліятэкай чэшскай Акадэміі навук, Беластоцкім музеем, Нацыянальнай Бібліятэкай у Рыме і іншымі.

Частка накладу часопіса ішла на продаж. Кошт асобніка змяняўся: ад 10 шылінгаў, колькі каштавалі першыя нумары, да 6 фунтаў, за якія прадаваўся апошні. Рост адбываўся не толькі з эканамічных меркаванняў (раслі выдавецкія выдаткі), а таксама і з прычыны попыту на часопіс у навуковых колах.

З’яўленне “Часопіса беларусаведы” не магло застацца незаўважаным беларускай і брытанскай чытацкай аўдыторыяй, бо ён амаль не меў аналагаў у беларусазнаўчай інфармацыйнай прасторы. Тое, што выдавалася да таго часу на Захадзе, у тым ліку і “Запісы БІНІМ”, было пераважна беларускамоўнае і таму не заўсёды даступнае. Адзіны больш-менш значны беларусаведны англамоўны часопіс выдаваўся ў 1950-х у Мюнхене пры Інстытуце вывучэння СССР, аднак пераважная большасць яго аўтараў былі беларусы — супрацоўнікі згаданага інстытута. Ды і выдаць удалося толькі 8 нумароў “Byelorussian Review”.

На выхад кожнага нумара “Часопіса беларусаведы” абавязкова звярталася ўвага ў найбуйнейшай беларускай эміграцыйнай газеце “Беларус”, каротка падаваўся яго змест, рабіліся і крытычныя заўвагі. Прыкладам, у зацемцы пра другі нумар часопіса адзначалася: “Шкода, што вялікая колькасьць друкарскіх памылак (больш, чым у папярэднім нумары) псуе агульна добрае ўражаньне. Няведама, чаму таксама разьмер нумару розьніцца ад папярэдняга”. У вось пра наступны нумар газета “Беларус” пісала: “Хоць нумар выйшаў з даволі вялікім спазненнем, аднак якасьцю матар’ялу і аб’ёмам (120 бачынак) ён сябе апраўдаў. Асабліва прыемна, што колькасьць друкарскіх памылак значна паменшала”.

Звярталі ўвагу на “Часопіс беларусаведы” і іншамоўныя выданні. З часам стабільны попыт на “Часопіс беларусаведы” выклікаў неабходнасць вызначыць адмысловую асобу, што занялася б яго распаўсюдам і дасылкай у бібліятэкі і падпісчыкам. Гэтай працай заняўся сябра ўправы Англа-беларускага таварыства Янка Міхалюк. Ягоная жонка Лёля ўзгадвала, як муж доўгімі вечарамі пасля выхаду часопіса займаўся пакаваннем і рассылкай яго па адрасах у розных краінах свету. А пасля спынення выдання на адрас Міхалюкоў яшчэ доўгі час прыходзілі запыты на часопіс з бібліятэк ЗША, Канады і Аўстраліі.

Выданне “Часопіса беларусаведы” трывала дваццаць тры гады (1965—1988). Праўда, апошні нумар выйшаў са спазненнем больш як на тры гады.

Такім чынам, англамоўны “Часопіс беларусаведы” стаў адным з найбольш працяглых беларускіх выдавецкіх праектаў у Вялікабрытаніі і адным з найбольш аўтарытэтных беларусаведных перыёдыкаў у свеце. Яго публікацыі стымулявалі цікавасць да праблемаў і асаблівасцей беларускай гісторыі і культуры навукоўцаў розных кірункаў, прыцягвалі іх у кола сяброў і прыяцеляў Англа-беларускага таварыства, стваралі грунт для развіцця беларусістыкі на Захадзе.

h. Курсы беларусаведы

Арганізацыя англамоўных лекцый па гісторыі і культуры Беларусі стала другім значным праектам Англа-беларускага таварыства ў галіне папулярызацыі ведаў пра беларусаў у брытанскім грамадстве. Першы такі курс, што складаўся з шасці дакладаў з беларускай літаратуры і музыкі, чытаных на працягу лістапада — снежня 1966 г., быў наладжаны сіламі трох асобаў: а. Аляксандра Надсана, Арнольда Макміліна і Гая Пікарды. Лекцыі адбываліся ў памяшканні Французскага інстытута ў Лондане і збіралі па 15—20 слухачоў рознага ўзроўню і нацыянальнасцяў.

Ідэя правядзення такіх лекцый сустрэла падтрымку і ў беларускіх эміграцыйных колах, і ў брытанскіх славістаў, таму першы курс лекцый не стаў адзіным. На наступны год быў арганізаваны яшчэ адзін, праўда, у новым месцы — у Шатландскім інстытуце, і ў крыху змененым фармаце: новыя шэсць лекцый цяпер чыталіся цягам чатырох месяцаў навучальнага года, і колькасць выступоўцаў павялічылася. Так, акрамя лектараў з першых курсаў з дакладам з мовазнаўства выступаў прафесар Роберт дэ Брэй, а пра жыццё і дзейнасць Аляксандра Рыпінскага распавядаў др.Данілевіч.

Падобныя курсы сталі праводзіцца штогод. Традыцыйныя шэсць (ці пазней пяць) лекцый расцягваліся на перыяд ад кастрычніка да чэрвеня і часта заканчваліся адмысловымі прыёмамі, ладжанымі прэзідэнтам Англа-беларускага таварыства з нагоды сканчэння чарговага курсу.

Ад 1968 г. цягам каля пяці гадоў лекцыі адбываліся ў Burlington House, Piccadilly, London W1: спачатку ў памяшканні Брытанскай акадэміі навук, а потым Каралеўскага таварыства Антыквараў у тым жа будынку. Такое месца правядзення лекцый рабіла іх больш прывабнымі для наведнікаў. Недзе ад 1974 г. лекцыі перанесліся ў Паўночны Лондан, дзе вялікай заляй на Холдэн Роад 39 можна было карыстацца бясплатна, ды і рэсурсы Беларускай Бібліятэкі імя Францішка Скарыны магчыма было скарыстоўваць. Некаторыя лекцыі суправаджаліся паказам слайдаў. Пазней лекцыі перанесліся ў сам будынак бібліятэкі на Холдэн Роад 37.

Пераезд з цэнтру горада не моцна адбіўся на колькасці наведнікаў, бо да таго часу склалася больш-менш сталае кола слухачоў. Іх колькасць залежыла шмат ад якіх фактараў, у тым ліку ад тэмы лекцыі і асобы выступоўца. Часам агульны лік слухачоў амаль да 40 асобаў, а бывала, што збіралася не болей за 15.

З часам стала значна пашырацца кола навукоўцаў, якіх запрашалі для чытання беларусаведных лекцый. Сярод іх былі даследнікі з розных універсітэтаў Вялікабрытаніі, а таксама спецыялісты, што прыязджалі на якія-небудзь канферэнцыі ці стажыроўкі з іншых краінаў свету. Галоўным крытэрам быў высокі навуковы ўзровень даследаванняў таго ці іншага беларусіста ды цікавасць тэмы. Важным было і добрае валоданне англійскай мовай, хоць бывалі і выключэнні. Прыкладам, госць з Парыжа, былы сябра Саюза мастакоў СССР Мікола Паўлоўскі, што выступаў з лекцыяй, прысвечанай беларускаму мастацтву, прамаўляў па-беларуску, а Джэймс Дынглі рабіў сінхронны пераклад.

Пераважная большасць лектараў была сталымі сябрамі Англа-беларускага таварыства і ўваходзіла ў яго кіраўніцтва. Так, рэгулярна чыталі лекцыі а. Аляксандр Надсан, уладыка Часлаў Сіповіч, Арнольд Макмілін, Гай Пікарда, Джэймс Дынглі, Пітэр Майё, Шырын Акінер, Г.Лімінг, Ліндсі Х’юз, Р.Фрост і іншыя. Тэматыка дакладаў была вельмі шырокая: і гісторыя Беларусі розных перыядаў, і літаратура, і мова, і мастацтва, і геаграфія, і нават кулінарыя. На пачатку 1990-х сталі часцей з’яўляцца лекцыі, правакаваныя падзеямі ў БССР: ладзіліся абмеркаванні перспектываў нацыянальнага развіцця Беларусі ў якасці суверэннай краіны.

Г. Беларуская бібліятэка і музей імя Францыска Скарыны ў Лондане

Сённяшняя Бібліятэка і музей імя Францыска Скарыны пачалі фармаваца ў Марыян Хаўз яшчэ ад 1948 г., калі тут з’явіўся малады святар Часлаў Сіповіч. Ягоная прыватная бібліятэка, прывезеная з Рыма, і дала пачатак найвялікшай калекцыі беларусікі на Захадзе.

У 1960 г. да кнігазбору Часлава Сіповіча дадалася прыватная бібліятэка а. Льва Гарошкі, рэктара Беларускай каталіцкай місіі ў Парыжы, які перабраўся ў Лондан. У яго кніжнай калекцыі было багата выданняў з Заходняй Беларусі 1920—1930-х гадоў. Пасля таго, як а. Часлаў Сіповіч атрымаў годнасць біскупа, а. Леў Гарошка стаў новым рэктарам каталіцкай місіі ў Лондане і пераняў кіраўніцтва бібліятэкай, якая мела ўжо каля 5.000 кніг. Пакрысе збіраўся і невялікі беларускі музей, экспанаты якога спачатку займалі адзін стэнд у Марыян Хаўз, а ў 1967 г. перабраліся ў адмысловы пакой суседняга будынка, дзе месцілася на той час школа Св.Кірылы Тураўскага. 12 лютага 1970 г. былі скончаныя фармальнасці з набыццём будынка пад Бібліятэку па адрасе 37 Holden Road, London, N12 8HS. 15 траўня 1971 г. у прысутнасці вялікай колькасці беларусаў з Брытаніі і іншых краінаў, прадстаўнікоў брытанскіх навуковых і палітычных колаў ды іншанацыянальных арганізацый адбылося ўрачыстае адкрыццё і высвячэнне Беларускай Бібліятэкі і Музея імя Францішка Скарыны ў Лондане.

Адной з галоўных мэтаў існавання Бібліятэкі было збіранне і захаванне як мага больш поўнай калекцыі беларусікі. Стваральнікі намагаліся адшукаць усё, што было напісана пра Беларусь на розных мовах, а таксама ўласна беларускіх выданняў розных часоў. Шляхоў папаўнення калекцыі было шмат. Эміграцыйныя выданні дасылалі і перадавалі беларускія выдавецтвы і дзеячы ў розных краінах. Для атрымання выданняў з Савецкай Беларусі можна было карыстацца паслугамі адмысловых кніжных агенцый, што працавалі на Захадзе. Аднак замаўляць праз іх кнігі было даволі дорага, і не заўсёды яны працавалі надзейна. Таму Бібліятэка імя Францыска Скарыны імкнулася наладжваць непасрэдную сувязь з бібліятэкамі БССР для ўзаемавыгаднага кнігаабмену. Плённае супрацоўніцтва было наладжана з бібліятэкай Акадэміі навук БССР, ад якой разам з новымі выданнямі лонданскі кнігазбор атрымаў некаторыя ранейшыя друкі, што немагчыма было набыць. Узамен з Лондана ў акадэмічную бібліятэку перасылалі эміграцыйныя беларускія выданні з розных краінаў свету. Акрамя таго, шмат беларускіх кніг даслаў у бібліятэку імя Францішка Скарыны а. Уладыслаў Чарняўскі. У выніку цягам 1970—1980-х бібліятэка атрымлівала, бадай, усё, што выходзіла беларускага ў БССР і на Захадзе, і штогод яе фонды павялічваліся на 300—400 новых выданняў. У 1990-х друкі з Беларусі сталі прывозіць і перасылаць таксама розныя навукоўцы.

Для папаўнення калекцыі кніг 19 — пачатку 20 стст. Бібліятэка імя Францішка Скарыны наладзіла кантакты з букіністычнымі кнігарнямі ў розных краінах Еўропы і ЗША. Беларускія кнігі не карысталіся асаблівым попытам у такіх кнігарнях, таму некаторыя рэдкія выданні часам шчасціла набываць даволі танна. Айцец Аляксандр Надсан згадваў, як, прыкладам, у Нямеччыне змог набыць “Кароткую гісторыю Беларусі” Вацлава Ластоўскага (Вільня, 1910) за пяць нямецкіх марак (3 даляры).

Старадрукі набывалі часцей на кніжных аўкцыёнах. Так, 29 лютага 1972 г. бібліятэка купіла ў Лондане “Новы Запавет і Псалмы”, выдадзеныя ў Куцейне ў 1652 г. Кніга на царкоўнаславянскай мове з каментарамі па-беларуску мела 6 гравюр і некалькі заставак і была ў добрым стане і арыгінальным пераплёце. У тым жа годзе таксама на аўкцыёне ў Лондане бібліятэка набыла рукапіс архіерэйскай літургіі на царкоўнаславянскай мове з паралельным лацінскім перакладам, які быў напісаны беларускім скорапісам 17 ст. і паўстаў у вуніяцкім асяроддзі.

Пры канцы 1975 г. а. Аляксандр Надсан на аўкцыёне ў Манака набыў фрагмент з Бібліі, выдадзенай Скарынам у Празе ў 1518 г., дакладней, яе “Кнігі Царстваў”. Бібліятэкар на тым аўкцыёне выкупіў наогул усё, што было беларускага, а менавіта яшчэ два супрасльскія выданні “Літургікон” 1695 г. і “Собраніе припадков” 1722 г. Разам гэта каштавала 2.640 фунтаў. 2/3 патрэбнай сумы прыйшлі з ахвяраванняў, што былі дасланыя на заклік Бібліятэкі.

У 1975 г. адзін з графаў Гутэн Чапскіх перадаў у бібліятэку імя Францішка Скарыны выдадзеную у Сьпіры (Spira) у 1581 г. славутую “Хроніку Еўрапейскай сарматыі” Аляксандра Гваньіні. Асобнік паходзіў з калекцыі Эмерыка Гутэн-Чапскага, вядомага збіральніка старажытнасцяў, уладальніка бібліятэкі і музея ў маёнтку Станькава.

Адзін з каштоўных беларускіх старадрукаў — Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 г., выдадзены ў Вільні ў 1594—1595 гг. і ўратаваны ад немцаў, перадаў у бібліятэку ў 1973 г. вядомы эміграцыйны дзеяч Леанід Галяк.

Беларускія прыватныя кнігазборы на эміграцыі былі адной з галоўных крыніцаў папаўнення фондаў бібліятэкі. Шмат каштоўных выданняў перадалі сюды Антон Адамовіч, Юрка Віцьбіч, Яўген Каханоўскі, Часлаў Будзька. Пераходзілі ў лонданскую бібліятэку і кніжныя калекцыі беларускіх святароў Пётры Татарыновіча, Роберта Тамушанскага, Язэпа Рэшаця, Яна Хрызастома і Уладзіміра Тарасевічаў.

Перадавалі ў беларускую бібліятэку імя Францішка Скарыны каштоўныя выданні і розныя брытанскія і замежныя навукоўцы — прыяцелі беларусаў. Так, адзін прафесар з Оксфарда падараваў выдадзеную ў Павіі ў 1539 г. кнігу “Introductio in chaldaicam linguam” Тэзэо Амброзіо Альбонэзі, цікавую для беларусаў тым, што ў ёй ёсць транскрыпцыя лацінскім алфавітам скарынінскага тэксту з Кнігі І Царстваў.

Іншую цікавую кнігу падаравалі бібліятэцы два амерыканскія навукоўцы. Гэта было адно з першых скарынаведных выданняў “Biblical Researches and Travels in Russia”, выдадзеная ў 1826 г. шатландскім бібліістам і мовазнаўцам Э.Гендэрсанам. Аўтар адным з першых параўнаў скарынінскі пераклад Бібліі з грэцкім, лацінскім, царкоўнаславянскім і габрэйскім тэкстамі.

Кнігі траплялі ў бібліятэку імя Францішка Скарыны рознымі шляхамі, з розных кнігазбораў. Дзякуючы разнастайным уласніцкім надпісам на іх можна сцвярджаць, што тут ёсць выданні, якія ў розныя часы належылі першаму супрасльскаму вуніяцкаму біскупу Тодару Віслоцкаму, Аляксандру Ельскаму, Адольфу Клімовічу, Рамуальду Зямкевічу, Пятру Ластаўцы, Сяргею Новіку-Пяюну, Яну Скрыгану, кс.Вінцэнту Гадлеўскаму і іншым.

Акрамя таго, бібліятэка пастаянна папаўнялася перыядычнымі выданнямі з эміграцыі і Беларусі. Так, яна выпісвала больш за 40 перыёдыкаў з БССР, у тым ліку “Звязду”, “Чырвоную змену”, “Літаратуру і мастацтва”, “Беларусь”, “Полымя”, “Помнікі гісторыі і культуры Беларусі”, “На экранах Беларусі”, “Родная прырода” і шмат іншых. Такім чынам, беларусы і аматары беларушчыны на Захадзе маглі ведаць пра ўсё, што адбывалася ў палітычным, эканамічным, грамадскім і культурным жыцці БССР. Пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі атрыманне перыёдыкаў не перапынялася. І сёння фонды бібліятэкі пастаянна папаўняюцца.

Бібліятэка збірала не толькі друкаваныя выданні, але і рукапісы. Сюды траплялі аўтографы беларускім паэтаў і пісьменнікаў, у тым ліку Янкі Купалы, Якуба Коласа, Вацлава Ластоўскага, Ларысы Геніюш, а таксама эміграцыйных творцаў Пётры Сыча, Вінцука Адважнага (а. Язэпа Германовіча), Алеся Салаўя, Хведара Ілляшэвіча. Шмат якія эміграцыйныя дзеячы перадавалі сюды на захаванне свае прыватныя архівы. Адначасова збіралася і фанатэка, а таксама калекцыя фотаздымкаў.

Таксама рознымі шляхамі, але значна больш павольна папаўнялася і музейная калекцыя. Каштоўныя сведчанні духовай трываласці: крыж, з якім Дамінік Аніська прайшоў сталінскія лагеры і скрынка, дзе а. Язэп Германовіч захоўваў у часе зняволення Святыя дары, перадалі ў музей самі іх уладальнікі. Атлас Польшчы і Вялікага княства Літоўскага 1772 г., створаны Рыцці-Зеноні для князя Ябланоўскага, быў набыты ў Парыжы. Купленыя былі для музея таксама аўтэнтычныя слуцкія паясы, ды лацінскі арнат пашыты са слуцкіх і гарадзенскіх паясоў.

Цікавую гісторыю з’яўлення ў музеі фігуры ўкрыжаванага Хрыста распавёў а. Аляксандр Надсан: “[яе — Н.Г.] даслаў адзін нямецкі каталіцкі сьвятар. У часе вайны ён, капэлян нямецкай арміі, быў у Беларусі і знайшоў гэтую фігуру на вуліцы ў Менску, куды яе, напэўна, выкінулі з музэю. Ён перахоўваў яе шмат гадоў. Даведаўшыся пра беларускага біскупа [Часлава Сіповіча — Н.Г.], перадаў яе яму, бо, як патлумачыў у лісьце, гэтая сьвятыня належыць беларускаму народу”.

Актыўна папаўнялася і мастацкая галерэя, куды перадавалі свае работы мастакі беларускага замежжа Пётра Сергіевіч, Міхась Наўмовіч, Міхась Саўка-Міхальскі, Пётра Мірановіч, Віктар Жаўняровіч і шмат іншых.

Утрыманне і папаўненне бібліятэчных і музейных збораў патрабавала шмат грошай. Таму кіраўніцтва бібліятэкі рэгулярна звярталася праз прэсу да беларусаў свету з заклікам складаць ахвяры. У адным з такіх зваротаў, што быў апублікаваны ў 1981 г. сярод іншага згадвалася, што ўтрыманне бібліятэкі патрабуе 12 тысяч фунтаў (каля 25 тысяч даляраў) на год. Прынагодныя ахвяраванні не забяспечваюць патрэбы бібліятэкі цалкам і неабходна стварыць непарушны фонд, які б прыносіў гадавы даход такі, які патрэбны бібліятэцы, гэта б забяспечыла ёй будучыню. У сувязі з тым бібліятэчная рада і звярталася да ўсіх, каб ахвяравалі грошы і запісвалі ў тэстаментах на бібліятэку. На такія заклікі сапраўды часам адгукаліся беларусы, што пакідалі ладныя сумы на бібліятэку.

Яшчэ адной важнай задачай працы бібліятэкі было забяспечыць даступнасць сабраных калекцый усім зацікаўленым беларусам і замежным навукоўцам. Для пашырэння ведаў пра сабраныя каштоўнасці бібліятэка і музей яшчэ да пераезду ва ўласны будынак ладзілі розныя выставы, што ператвараліся ў важныя культурныя падзеі беларускага жыцця ў Брытаніі. Так 29 кастрычніка 1967 г. для адзначэння 450-х угодкаў беларускага друку і памяці Францішка Скарыны была ўрачыста адчынена выстава, ладжаная ў памяшканні школы Св.Кірылы ў Лондане. Яна складалася з трох частак: рэпрадукцыяў кніг Францішка Скарыны з бібліятэкі Брытанскага музея, ілюстрацыяў да дзейнасці наступнікаў першадрукара (Васіля Цяпінскага, Лаўрэнція Зізанія, братоў Мамонічаў і брацкай друкарні ў Вільні) і літаратуры пра Францішка Скарыну. Усе экспанаты мелі падрабязныя апісанні. Выставу наведала шмат беларусаў і іншаземцаў, пасля чаго яе на некаторы час перавёз да сябе Беларускі Клуб у Манчэстэры.

10 сакавіка 1968 г. напярэдадні святкавання 50-х угодкаў абвяшчэння незалежнасці БНР у памяшканні школы св. Кірыла была наладжана іншая выстава, гэтым разам прысвечаная стварэнню і дзейнасці Рады БНР 1918—1921 гг. Сярод экспанатаў былі карты Беларусі, на якіх пазначаныя паўстанне беларускіх палітычных і вайсковых арганізацый пасля лютаўскай рэвалюцыі 1917 г., падарожжы сябраў ураду БНР, тэрыторыі, на якіх Рада БНР мела сваю ўладу ў розныя часы. Былі таксама кнігі, выдадзеныя сябрамі ўраду БНР: “Беларусь” (Берлін, 1919) і “Адраджэньне Беларусі і Польшча” Аляксандра Цвікевіча, “Белоруссы і полякі” Кастуся Езавітава (Коўна, 1919), “Беларускае пытаньне да часу Вэрсальскай канферэнцыі” (Коўна, 1919) і “Беларускі рух” (Коўна, 1920) Язэпа Варонкі і іншыя. Таксама было французскае выданне “Асноваў беларукай дзяржаўнасці” Мітрафана Доўнар-Запольскага, што распаўсюджвалася сярод удзельнікаў Версальскай мірнай канферэнцыі. Былі прадстаўленыя арыгіналы і фотакопіі розных часопісаў “Пагоня”, “На чужыне”, “Сялянская Доля”. Сярод дакументаў і мемарыялаў Рады БНР быў таксама арыгінальны ліст Васіля Захаркі да Чычэрына ад 17 ліпеня 1920 г. з пратэстам супраць савецкай палітыкі. Выстава працавала да 31 траўня 1967 г.

Яшчэ адна выстава ладжаная Беларускай бібліятэкай і музеем імя Францішка Скарыны, “Беларуская спадчына ў Лондане” адбылася ўвосень 1972 г. у “Чэрч-Фарм Хаўз Музеум” у паўночным раёне Лондану Гэндане. Сярод экспанатаў былі кнігі і рэпрадукцыі, што адлюстроўвалі гісторыю беларускага кнігадрукавання ад Скарыны да сучаснасці, таксама кнігі пра Беларусь у розных мовах, калекцыя картаў Вялікага Княства Літоўскага з 16—17 стст., старыя рукапісы. Асобна былі прадстаўленыя слуцкія паясы, беларускія народныя ткацкія вырабы, вышыванкі і кераміка, а таксама іконы і прадметы рэлігійнага ўжытку. На ўсіх экспанатах былі англамоўныя паясненні. Акрамя таго, брытанскія арганізатары выставы, супрацоўнікі мясцовай бібліятэкі і музея выдалі адмысловую брашуру-праграму з інфармацыяй пра Беларусь, Беларускую Бібліятэку і музей, а таксама апісаннем экспанатаў. Выстава, у стварэнне якой шмат высілкаў паклаў а. Роберт Тамушанскі, дзейнічала цягам месяца, яе наведвалі і асобныя цікаўныя брытанцы, і групы школьнікаў. Пра яе паведамляла Лонданскае радыё і пісала мясцовая прэса. Праўда, у часе выставы адбыўся непрыемны інцыдэнт. Нейкі брытанец Джэк Уэлбі выказаў у прэсе пратэст супраць прадстаўлення беларускага мастацтва ў той час, калі Савецкі Саюз пераследуе габрэяў. Аўтар, верагодна, вырашыў, што на выставе экспанаты з БССР. У выніку, у абарону беларусаў у рэдакцыі мясцовых газет “Гендан Таймс” і “Фінчлі Таймс” прыйшла вялікая колькасць лістоў, якія былі выдрукаваныя, і беларуская дзейнасць у Лондане атрымала яшчэ большую вядомасць.

Цягам усяе гісторыі існавання Бібліятэкі яе фондамі карысталіся сотні беларускіх і замежных навукоўцаў, сюды прыязджалі людзі з самых розных краінаў свету: Вялікабрытаніі, Нямеччыны, Аўстрыі, Італіі, Польшчы, ЗША, Канады, Аўстраліі, Ізраіля і іншых.

Тут быў створаны своеасаблівы цэнтр бібліяграфічнай інфармацыі пра Беларусь. Акрамя ўласнага бібліятэчнага каталогу, што пастаянна папаўняўся новымі пазіцыямі, тут існавалі базы дадзеных пра беларусіку ў Брытанскім універсітэце, Інстытуце Славянскіх даследаванняў і школе ўсходніх моваў у Парыжы, папскім Усходнім інстытуце ў Рыме, універсітэцкай бібліятэцы ў Лейдэне, а таксама ў іншых бібліятэках Еўропы.

Акрамя таго, на падставе збораў Бібліятэкі імя Францішка Скарыны штогод на старонках “Гадавіка cтудыяў сучаснага мавазнаўства” (The Year`s Work in Modern Language Studies) публікаваліся агляды беларусазнаўчых даследаванняў. У 1977—1981 гг. іх рыхтаваў а. Аляксандр Надсан, у 1982—1984 гг. — брытанская даследчыца беларусікі з іранскімі каранямі Шырын Акінэр, ад 1985 г. старшыня Англа-беларускага таварыства Джэймс Дынглі.

У Беларускую бібліятэку ў Лондане часта прыязджалі беларускія навукоўцы на эміграцыі: Антон Адамовіч, Янка Запруднік, Вітаўт і Зора Кіпелі і іншыя. У 1980-х у Беларускую бібліятэку ў Лондане сталі прыязджаць беларускія даследчыкі і пісьменнікі з Польшчы. Шмат разоў віталі тут прафесара Аляксандра Баршчэўскага, выступалі з дакладамі доктар Юры Туронак, браты Аўген і Антон Мірановічы і іншыя. У часе прыезду пісьменніка Сакрата Яновіча ў 1981 г. у бібліятэцы была наладжаная выстава яго твораў. Менавіта беларускі пісьменнік з Беласточчыны назваў бібліятэку вакном беларускай культуры на Захадзе. У 1990-х часцей сталі бываць у бібліятэцы даследчыкі з Беларусі, быў тут прафесар з Гомелю Уладзімір Анічэнка, з дакладамі пра беларускую мову і фальклор выступалі супрацоўнікі АН БССР др. А.Аксамітаў і др. Л.Ламаш, адкрывала для сябе скарбы беларускай эміграцыйнай літаратуры Лідзія Савік. З кожным годам беларускіх навукоўцаў у бібліятэку наведвалася ўсё болей. Аднак праз геаграфічную адлегласць і эканамічныя складанасці для большасці даследчыкаў з Беларусі бібліятэка засталася недасяжная.

На падставе знойдзеных у Бібліятэцы матэрыялаў былі напісаныя і выдадзеныя дзесяткі прац, сярод якіх “The Pontifical Liturgy of Saint John Chrysostom” Часлава Сіповіча, прысвечаная набытаму на аўкцыёне рукапісу 17 ст., “Беларускі царкоўны спеўнік” Гая Пікарды, “Byelorussian Statehood” Зоры і Вітаўта Кіпеляў, “Гісторыя беларускай літаратуры” Арнольда Макміліна, публікацыі Шырын Акінэра пра маладых беларускіх паэтаў і Лемінга пра мову Куцеінскага “Новага Запавету”, Фелікса Журні пра беларускія рэлігійныя выданні 19—20 стст., шэраг бібліяграфічных публікацыяў і кніга а. Аляксандра Надсана, прысвечаная жыццю заснавальніка бібліятэкі, біскупа Часлава Сіповіча, і шмат іншых даследаванняў.

Менавіта дзякуючы скарбам бібліятэкі прафесар Ерусалімскага універсітэта Мошэ Альтбаўэр разам з а. Аляксандрам Надсанам змаглі ўдакладніць год выдання першай скарынаўскай кнігі ў Вільні і сцвердзіць, што гэта адбылося не ў 1525, а ў 1522 г., пра што ў сваю чаргу напісаў і іншы славіст Шчэпан Зымер.

Вялікую значнасць набывалі навуковыя канферэнцыі, што праводзіліся ў бібліятэцы. Яшчэ ў 1970-х тут сталі адбывацца лекцыі з курсаў беларусаведы, ладжаных англа-беларускім таварыствам. У 1976 г. у бібліятэцы адбылася таксама канферэнцыя, прысвечаная вывучэнню Сярэднявечча Усходняй Еўропы, ладжаная тым жа таварыствам, якая сабрала больш за сорак навукоўцаў з розных універсітэтаў Вялікабрытаніі.

Аднак асаблівай з’явай сталі міжнародныя беларусаведныя канферэнцыі. Першая з іх адбылася 9 кастрычніка 1982 г. і была прысвечана 100-годдзю нараджэння Я.Купалы і Я.Коласа. Канферэнцыю супольнымі намаганнямі ладзілі Бібліятэка, АБТ і ЗБВБ. Сярод іншых міжнародных канферэнцый, якія адбылася ў бібліятэцы, варта ўзгадаць канферэнцыю “Францішак Скарына і Адраджэнне ў Беларусі”. (27—29 верасня 1985 г.), канферэнцыю, прысвечаная стагоддзю Змітрака Бядулі і Алеся Гаруна (4 кастрычніка 1986 г.), канферэнцыю “Хрысціянства і Беларускі народ” (30 верасня — 2 кастрычніка 1988 г.) Усе канферэнцыі адлюстроўвалі шматпланавасць кантактаў беларускай бібліятэкі ў свеце беларусазнаўства, падкрэслівалі плён шматгадовай працы яе стваральнікаў у папулярызацыі беларусікі на Захадзе.

Дзейнасць беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны ў Лондане была асабліва важнай у часы існавання “жалезнай заслоны”, калі яна стала месцам, дзе даследчыкі беларускай культуры маглі атрымаць як мага польш поўную інфармацыю па цікавай для іх тэме.

Беларуская паваенная эміграцыя ў Вялікабрытаніі стварыла шмат нацыянальных арганізацый на тэрыторыі гэтай краіны. Акрамя згаданых вышэй (найбольш трывалых) ЗБВБ, АБТ і Бібліятэкі імя Францішка Скарыны, у розныя часы тут дзейнічалі Хрысціянскае Аб’яднанне Беларускіх Работнікаў, Беларускі Вызвольны Рух, Беларускі Вызвольны Фронт, Беларускае Акадэміцкае Каталіцкае Аб’яднанне “Рунь”, Згуртаванне Беларускіх камбатантаў і іншыя. Усе яны працавалі на рэпрэзентацыю беларусаў у брытанскім грамадстве, намагаліся зрабіць беларусаў “бачнымі” ў свеце. І гэтая дзейнасць ва усіх яе праявах вартая адмысловай увагі даследчыкаў.

Літаратура:

1. Адзінец А. Паваенная эміграцыя: скрыжаваньні лёсаў: зборнік успамінаў. Мінск: Медысонт, 2007.

2. Беларускі й беларусаведны друк на Захадзе. Бібліяграфія. Асобныя выданьні / Складальнікі Зора й Вітаўт Кіпелі. Нью-Ёрк — Менск, 2003.;

3. Весялкоўскі Ю. Няясна мроіліся новыя дарогі. Лёндан, 1997.

4. Грыбоўскі Ю. Беларусы ў польскіх рэгулярных вайсковых фармацыях 1918—1945. СПб: Неўскі Прасцяг, 2006.

5. Жук-Грышкевіч Р. Жыцьцё Вінцэнта Жук-Грышкевіча. Таронта: Выдавецкі Фонд Успамінаў зь Беларускага Жыцьця, 1993.

6. Запруднік Я. Дванаццатка. Дакумэнтальная аповесьць пра дванаццацёх беларускіх хлапцоў у Нямеччыне, Вялікабрытаніі й Бэльгіі (1946—1954 гг.). Нью-Ёрк, 2002.

7. Лаўрык Ю. Беларускія кніжныя пазнакі ў зборах Бібліятэкі імя Ф.Скарыны ў Лёндане. Лёндан: Беларуская бібліятэка імя Ф. Скарыны, 2001.

8. Надсан А. Біскуп Чэслаў Сіповіч: сьвятар і беларус. Мн., 2004.

9. Панькоў М. Хроніка беларускага жыцьця на чужыне (1945—1984). Мн., 2001.

10. Belarusian Publishing In The West: A Bibliography. Periodicals / Compiled by Vitaut Kipel and Zora Kipel. New York: Ross Publishing Inc., 2003.

11. Kay D., Miles R. Refugees or Migrant Workers? European Volunteer Workers in Britain 1946—1951. London—New York, 1992.

12. Lane, A.T. Victims of Stalin and Hitler: the exodus of Poles and Balts to Britain. Basingstoke, Hampshire; New York: Palgrave Macmillan, 2004.

13. Picarda, Guy de. The Francis Skaryna Byelorusian Library and Museum. London, 1971.

You may also like...