Перакладчыцкая майстэрня

Працягваецца набор у Перакладчыцкую майстэрню Андрэя Хадановіча пры Беларускім Калегіюме.

Анатацыя:

У межах “Перакладчыцкай майстэрні” прапануюцца заняткі, скіраваныя на:

— разуменьне навучэнцамі спэцыфікі мастацкага перакладу, яго адрозьненьня ад іншых відаў перакладчыцкай дзейнасьці;

— знаёмства з асноўнымі тэндэнцымі й рознымі мастацкімі падыходамі ў сусьветным і беларускім перакладзе;

— фармаваньне ў студэнтаў практычных навыкаў перакладаньня як разуменьня чужога тэкста і яго адэкватнага перастварэньня ў сваёй мове і культуры.

На занятках разглядаюцца пераклады розных літаратурных жанраў: верш, апавяданьне (кароткі фрагмэнт большай прозы), эсэй. Найчасьцей разьбіраюцца беларускамоўныя пераклады з ангельскай, францускай, розных славянскіх моваў. Часам аналізуюцца й пераклады зь іншых моваў, пад кіраўніцтвам спэцыяльна запрошаных экспэртаў па гэтых мовах і культурах. Удалыя з мастацкага гледзішча пераклады  потым публікуюцца ў беларускай пэрыёдыцы, на сайце замежнай літаратуры “ПрайдзіСвет”, у альманаху Беларускага Калегіюму “Паміж”, а таксама як асобныя кнігі.

Выкладчык:

Андрэй Хадановіч — літаратар, перакладчык мастацкай літаратуры, прэзыдэнт Беларускага ПЭН-Цэнтру. Аўтар васьмі зборнікаў паэзіі й шматлікіх кніг перакладаў. Перакладае з ангельскай, францускай, польскай, рускай, украінскай моваў. Выкладае замежную (францускую) літаратуру ў БДУ.

Умовы паступленьня:

  1. Матывацыйны эсэй (разгорнутае тлумачэньне на тэму “Чаму мяне цікавіць мастацкі пераклад”. Памер — 1—2 старонкі (1—2,5 тыс. знакаў без прабелаў) або спроба вершаванага/празаічнага мастацкага перакладу (3-4 вершы ці 2-3 старонкі празаічнага тэкста).
  2. Запоўненая анкета.

 

You may also like...