Чытанне/пісанне тэксту

Спецкурс Валянціна Акудовіча ўяўляе з сябе супольную рэфлексію студэнтаў і выкладчыка паводле тэкстаў з сусветнага і айчыннага дыскурсаў, якія прэзентуюць вялікія інтэлектуальныя і эстэтычныя стылі (рамантызм, крытычны рэалізм, мадэрнізм, экзістэнцыялізм, сюррэалізм, нацыяналізм, постструктуралізм, постмадэрнізм). Кожны занятак ёсць спалучэннем інтэрактыўнай лекцыі, семінара і калоквіўма. Істотную ролю адыгрывае і публічнае абмеркаванне эсэ студэнтаў, напісаных на вольна абраную тэму (вартасць кожнага тэкста ацэньваецца па адмыслова распрацаванай шкале інтэлектуальных і мастацкіх каштоўнасцяў). Факультатыўным працягам усёй папярэдняй працы з’яўляюцца індывідуальныя сустрэчы выкладчыка з студэнтамі, дзеля падрыхтоўкі іх тэкстаў для публікацыі.

Мэта курса – злучыць  веду студэнтаў з найбольш адметнымі і актуальнымі тэндэнцыямі ў сучаснай філасофіі і літаратуры. Прамаркіраваць лучвы першага і другога. Засвоіць стылістыкі пісьма і спосабы мыслення розных эпохаў і культур, але перадусім культуры еўрапейскай і як адной з яе складовых – беларускай.

 Тэматычны план:

1.Аналіз тэкста І. Абдзіраловіча “Адвечным шляхам”.

2.Аналіз кнігі Ф. Ніцшэ “Так казаў Заратруста”.

3.Аналіз аповесці В. Ластоўскага “Лабірынты”.

4. Аналіз эсэ А. Камю “Міф пра Сізіфа”.

5. Аналіз паэмы А. Разанава “Гліна”.

6.Аналіз эсэ М. Кундэры “Непрызнаная спадчына Сервантэса”.

7.Аналіз рамана Ю. Станкевіча “Любіць ноч – права пацукоў”.

8. Аналіз эсэ Р. Барта “Смерць аўтара”.

9. Аналіз эсэ М. Стральцова “Смаленне вепрука”.

10. Аналіз лекцыі М. Хайдэгера “Чым ёсць метафізіка?”.

11. Аналіз эсэ М. Фуко “Чым ёсць аўтар”.

12. Калектыўнае абмеркаванне эсэ студэнтаў.