Пра літаратурна-філасофскі сшытак “ЗНО” у кнізе “Архіпелаг Беларусь”

Валянцін Акудовіч

Архіпелаг Беларусь

Кнігу складаюць дыялогі, фрагменты гутарак, дыскусій ды палемік, у якіх аўтар прымаў удзел пачынаючы з 1994 г. У кнізе пяць раздзелаў, матэрыялы згрупаваны па тэмах, а не па датах, калі адбыліся размовы. І таму, калі ў адным інтэрв’ю былі пытанні пра літаратуру, пра філасофію, пра палітыку, пра Беларусь, пра штосьці яшчэ, дык у кнізе яны разнесеныя па розных раздзелах. Першапачаткова выдавецтва хацела назваць кнігу “Гутаркі з Акудовічам”, але сам аўтар выказаў нязгоду, бо палічыў такую назву нясціплай. “Працуючы над укладаннем кнігі, я заўважыў, што цяпер маю іншае вока, іншы стыль мыслення, пагатоў, што ўсё прамаўлялася не ў часы Савецкага саюзу, а цяпер, калі ўсё змяняецца ўвесь час, не кажучы ўжо пра маю асобу. Нейкія моманты, якія трапна гучалі ў час прамаўлення, сёння не выглядаюць такімі трапнымі, але ў кнізе змешчаныя не цэлыя інтэрвію, а найбольш важныя фрагменты.” — зазначае Валянцін Акудовіч. Кніга разлічаная на тых, хто ўласнаруч будуе Беларусь.

Ніжэй размешчаны ўрывак з кнігі, у якім распавядаецца пра літаратурна-філасофскі сшытак “ЗНО”. 
Кнігу цалкам можна спампаваць і чытаць праз спасылку.

 

“Культура”: У 1994 годзе наш тыднёвік займеў дадатак: літаратурна-філасофскі сшытак “ЗНО”, які на васьмі палосах рэгулярна выходзіў што месяц амаль чатыры гады. І ўсе гэтыя гады ты адказваў за ягоны выпуск. Сёння, напярэдадні апошняга выпуска “ЗНО”, хацелася б пачуць: што здарылася, чаму яго болей не будзе? І ўвогуле, на развітанне пэўна не лішне было б распавесці пра гісторыю паўставання сшытка, ягоныя здабыткі і неспраўджаныя спадзяванні…

— Чаму так атрымалася — цяпер ужо неістотна. А калі казаць пра гісторыю паўставання, дык найперш згадваецца Полацк (Полацк заўсёды згадваецца паперадзе ўсяго), нейкая акадэмічная канферэнцыя, восеньскія прысады і мы, толькі пазнаёміўшыся з Ігарам Бабковым, адразу канстатуем: беларуская культура без нацыянальнай філасофіі тое самае, што шлюбная ноч без маладой. Праз нейкі час мы сустрэліся з Ігарам ужо ў Мінску ў кавярні “Хвілінка” і падчас кававай цырымоніі вырашылі, што каб на Беларусі з’явілася нацыянальная філасофія, трэба стварыць філасофскі часопіс. Дзеля большай пэўнасці ў такой паважнай справе запрасілі ў хаўрус Алеся Разанава. Далей падзеі разгортваліся імкліва. Ліст у падтрымку ідэі філасофскага часопіса (які я хуценька накрэмзаў, парушаючы ўсе законы “жанру”) падпісалі столькі акадэмікаў, дактароў навук ды розных лаўрэатаў, што спадару Дземчуку, на тую пару вялікаму начальніку, нічога больш не заставалася, як аддаць загад Міністэрству культуры скласці каштарыс філасофскага часопіса. Здавалася, метафізічная авантура вось-вось уцялесніцца ў фізічнай рэальнасці, але тут нешта ў самім часе зварухнулася не на нашу карысць, падзеі замарудзілі сваю хаду, і ў гэтай марудзе Міністэрства культуры падумала: а на халеру культуры філасофія і перакінула праект у Міністэрства адукацыі; і хаця апошняе ад нас быццам не адмаўлялася, але, здаецца, мы самі ўжо прытаміліся ў каторы раз даводзіць пра шлюбную ноч без маладой. Магчыма, Міністэрства культуры пачувала сябе трошкі вінаватым, што “пракінула” ідэю нацыянальнага філасофскага часопіса і таму наўзамен пагадзілася фінансаваць восем дадатковых старонак да газеты “Культура”, якую тады ўзначальвалі Вольга Іпатава і, трохі пазней, Людміла Крушынская. На гэтых дадатковых васьмі палосах і атабарыўся літаратурна- філасофскі сшытак “ЗНО”. 

”Культура”: Сшытак адпачатку выявіўся такім, якім і задумваўся ці ён фармаваўся “на маршы”? 

— Магчыма, на погляд збоку няма асаблівай розніцы паміж першымі і апошнімі выпускамі “ЗНО”. Але насамрэч гэта зусім не так (і зусім не таму, што неўпрыкмет адышлі ад непасрэднай працы над сшыткам да сваіх новых праектаў Разанаў і Бабкоў). Хаця “ЗНО” і пазначаны як літаратурна-філасофскае выданне, аднак не дзеля літаратуры ён ствараўся. Больш за тое, я спадзяваўся, што ў “ЗНО” будзе не “літаратурны”, а іншы (ад “ЛіМа”, “Полымя” і нават “Нашай Нівы”) як чытач, так і аўтар. Мае спадзяванні не спраўдзіліся, “ЗНО” не змагло прарвацца праз татальную аблогу тых некалькі тысяч чытачоў і некалькіх соцень аўтараў, што шчыльна атачаюць усе беларускія выданні, незалежна ад таго, пішуць яны пра гісторыю, літаратуру, філасофію ці штучнае асемяненне. Калі гэтая сумная выснова ўвачавіднелася, дык мне нічога не заставалася, як паныла паўшчуваць сябе за незабяспечаны рэальнасцю аптымізм і шукаць месца для “ЗНО” ў агульным літаратурна-інтэлектуальным дыскурсе. Зрэшты, асаблівай патрэбы шукаць і не было. Авангардныя, андэграўндныя і першыя постмадэрновыя практыкі самі шукалі прастору, дзе маглі б стацца заўважанымі для “шырокай публікі”. Таму зусім не выпадкова, што Сяржук Мінскевіч і Алесь Туровіч менавіта на старонках “ЗНО” абгрунтавалі сваю канцэпцыю “транслагізму”, Юрась Барысевіч — “шызарэалізму”, а Зміцер Вішнёў — “афрыканізму”, як не выпадкова, што на гэтых жа старонках заманіфеставаў сябе Бум-Бам-Літ і працягвала рэалізоўваць свой творчы патэнцыял Таварыства Вольных Літаратараў. І ўсё ж такі адважуся сцвярджаць, што не літаратура (як у нетрадыцыйных, так і ў традыцыйных формах) выяўляла загалоўнае значэнне “ЗНО”, а культуралогія і філасофія — у арыгінальных тэкстах ды перакладах. І хаця літаратурныя праекты апыналіся больш заўважнымі, аднак літаратуры ў нас даволі было і без “ЗНО”, а філасофскіх ды культуралагічных тэкстаў не тое што “даволі” — лічы ўвогуле не было. Сёння гэтаму цяжка даць веры, але да з’яўлення тыднёвіка “Культура” практычна ніводнае айчыннае выданне (і ніводнае выдавецтва) не друкавала на беларускай мове тэкстаў (тым болей кніг) з сусветнай філасофскай класікі ці ўласнага метафізічнага досведу. Вось чаму мне падаецца надзвычай важным, што “ЗНО” злучыла ў адну інтэлектуальную падзею такіх айчынных філосафаў і культуролагаў як Алесь Анціпенка, Ігар Бабкоў, Юрась Барысевіч, Алег Бембель, Уладзімір Конан, Мікалай Крукоўскі, Сяржук Санько, Нэлі Бекус, Зміцер Кароль і шмат каго яшчэ. Бадай не меншую ролю ў гэтай падзеі адыгрывалі і пераклады на беларускую мову тэкстаў Платона, Шапенгаўэра, Кіркегара, Ніцшэ, Фрэйда, Гусерля, Вебера, Шпенгнлера, Ясперса, Леві-Строса, Артэгі і Гасета, Фуко, Дэрыда, Дэлёза, Арто, Льётара, Дэбрэя, Калакоўскага… Усё гэта разам дазваляе мне думаць, што “ЗНО” канцэптуальна прычынілася да паўставання дыскурса сучаснага беларускага мыслення. А гэта ўжо сур’ёзна.

 

Крыніца: kamunikat.org