Прэзентацыя семінара Ігара Бабкова “Беларускае мысленне”
by калегіюм · 30.10.2021

2021-2022 НАВУЧАЛЬНЫ ГОД
“Беларускае мысленне”. Прэзентацыя семінара Ігара Бабкова
Што
Мы ўсё яшчэ думаем па (стара)грэцку, сцвердзіў Марцін Гайдэгер у адным са сваіх позьніх тэкстаў. Уся філасофская традыцыя – гэта серыя падрадковых заўвагаў да Платона, заўважыў Уайтхед.
У гэтым кантэксце беларускае мысленне выступае як памкненне прасвятліць і прысвоіць для сябе заходнюю традыцыю думкі, часткай якой мы сябе знаходзім. Прысвоіць тут і цяпер, у беларускім кантэксце. З іншага, навучыцца ставіць гэты кантэкст пад пытанне, працаваць з ім як з выклікам і праблемай, выходзіць за яго межы.
Сэмінар складаецца з двух частак. У адной адбываецца работа з тэкстамі і ідэямі, што складаюць ядро, сэрцавіну заходняй філасофіі ў яе гістарычнай хадзе. Платон, Аўгусцін, Дэкарт, Кант, Ніцшэ, Гайдэгер…
У другой мы звяртаемся да постацяў і тэкстаў, у якіх беларускае мысленне апазнае сябе і навакольны ландшафт. Ластоўскі і Абдзіраловіч, Цвікевіч і Уладзімір Самойла, Разанаў і Акудовіч. У іх творах беларуская традыцыя, беларуская ідэнтычнасьць, дух і суб’ектнасць набываюць форму і змест, вучацца быць сутнаснымі і самадастатковымі. Урэшце становяцца інтанацыяй, сваім стылем, музыкай ландшафта.
Больш пра семінар праз спасылку.
Хто
Ігар Бабкоў
філосаф, паэт, празаік, гісторык ідэй.
Калі
2 лістапада 2021 г. (аўторак), 18.30.