Пятро ВАСЮЧЭНКА. Беларуская экалітаратура ХХ—ХХІ стагоддзяў (Лекцыі 1-3)

Лекцыя 1. Літаратура катастроф і лабірынтаў

План:

1. У прадчуванні катастрофы

2. Курані — загублены рай

1. У прадчуванні катастрофы

Беларуская літаратура з яе тысячагадовым узростам хавае ў сабе сляды бурных гістарычных і этнічных катастроф. Здаецца, катастрофа, яе прадчуванне або перажыванне сталася істотнай часткай беларускага светаадчування.

Беларусь мела сваю дзяржаўнасць — у абліччы Полацкага княства, Вялікага Княства Літоўскага і Беларускай Народнай Рэспублікі — і страчвала яе, здавалася, безнадзейна. Былі часы, калі Беларусь заціскалі або дзялілі паміж Усходам і Захадам. Калі па ёй пракочваліся спусташальныя войны, адбіраючы ад чвэрткі да трэці насельніцтва. Калі вектар чужой палітыкі скіроўваўся супраць беларускай мовы, культуры. “На памяці” летапіснай гісторыі адбылося некалькі этнічных катастроф, адна спусташальней за іншую.

Так у сховах часу знікла літаратура цэлага стагоддзя — васемнаццатага. Беларуская мова як афіцыйная была скасаваная, саступіўшы месца польскай. Здавалася, што яна памрэ маруднай смерцю, загнаная ў вёску, у фальклор. Але сучасны даследчык, доктар Адам Мальдзіс, давёў, што і ў той не спрыяльны для беларускага слова час літаратура жыла. Так было і пазней, у часы татальнай русіфікацыі і новых забаронаў.

Уяўная смерць беларушчыны абвяргалася кароткімі і бурнымі нацыянальна-культурнымі Адраджэннямі. Іх, па падліках гісторыкаў, было ад трох да дзесяці. Часцяком усплёскі нацыянальнай актыўнасці завяршаліся жорсткімі рэпрэсіямі — крывавай касьбой. Так, пасля разгрому паўстання Кастуся Каліноўскага па Беларусі, нібы д’ябальскія дрэвы, павырасталі шыбеніцы. Так у 1930-я гады, за сталінскім рэжымам, была вынішчана амаль цалкам беларуская творчая інтэлігенцыя.

Але беларуская літаратура, культура захаваліся і тады. Тут праявілася нацыянальная рыса беларуса, пра якую па ўсім свеце пачынаюць распавядаць показкі, — фенаменальная жывучасць нацыі, здатнасць да адаптацыі. Яна дапамагла выратаваць беларускую мову і культуру ў нябачных чужынскаму воку сховах.

Беларускі пісьменнік пачатку ХХ ст. Вацлаў Ластоўскі паказаў такую прыхаваную і выратаваную культуру ў фантастычнай аповесці “Лабірынты” (1923). У ёй апісвалася беларуская звышцывілізацыя, больш старажытная за антычную. Яна працягвала існаваць і ў ХХ стагоддзі, але пакрыёма, у падземных сутарэннях Полацка. Калі адкінуць чыста ўмоўны, фантастычны элемент, ад гэтай версіі застанецца ўстойлівая метафара беларускай культуры, — шлях праз сутарэнні, праз лабірынт.

Пісьменніку і публіцысту Алесю Адамовічу належыць выказванне: “Каб атамная бомба не разарвалася ў сапраўднасці, яе трэба разарваць у літаратуры”. Гэткім чынам пісьменнік абгрунтоўваў права на існаванне літаратуры прагнастычнай, папераджальнай, апакаліптычнай, а таксама такой яе жанравай разнавіднасці, як антыўтопія.

Нам даводзілася выказваць меркаванне пра тое, што, ствараючы прагноз, літаратура мадэліруе прэцэдэнт, свайго кшталту праект, які мае тэндэнцыю ажыццяўляцца.

Як бы тое ні было, можна выказаць гіпотэзу пра тое, што Чарнобыльская катастрофа тым або іншым чынам была спрагназаваная непасрэдна дачарнобыльскай літаратурай, у якой вылучыўся жанр экалагічнай антыўтопіі, узмацніліся прадчуванні глабальнай катастрофы.

Настроі трывогі за новую, цяжка набытую Беларусь і спробы прагназавання выявіліся ў нашай літаратуры значна яшчэ ў 1920—1930-я гады.

У літаратуры таго часу ў модзе былі аптымістычныя ўтопіі, якія актыўна стваралі як пісьменнікі нашаніўскага гарту, так і прадстаўнікі новай генерацыі — “маладнякоўцы” ды “ўзвышэнцы”. Станоўчы пасыл даў Янка Купала, аўтар верша “Арлянятам” — свайго кшталту гімну маладой краіне і яе будаўнікам.

“Маладнякоўцы” тварылі калектыўную паэтычную ўтопію, аптымізм якой тлумачыўся ўзростам творцаў, спадзяваннямі іх на рэвалюцыю, здабытай Беларуссю дзяржаўнасцю і ілюзіямі, якіх не пазбеглі ні маладыя, ні сталыя творцы.

Традыцыя тварэння ўтопій узмацнілася ў 1930-я гады, калі яна сталася часткаю сацыяльнага заказу, і ўтопіі тварыліся ў адпаведнасці з канонамі сервільнай творчасці. Менавіта ў той час Янка Купала трансфармаваў ідэю раю зямнога (паэма “Яна і я”) у вобраз раю калгаснага (вершы “ляўкоўскага” цыклу), створаны на лецішчы паэта, размешчаным поруч з перадавым калгасам, адным з нешматлікіх у Беларусі, з ліку раскіданых па краіне “пацёмкінскіх вёсак”, куды прывозілі паэтаў і замежных карэспандэнтаў.

Шчаслівыя насельнікі калгаснага раю прыходзяць у госці да паэта, несучы шчодрыя гасцінцы:

А з падарункамі прыйшлі у госці

Зямлі абноўленай гаспадары:

Пірог пшанічны, кветкі, лёну горсці,

На стол паклалі й мёду пляйстары.

(“Госці”)

Найбольш выразна перагукаецца з паэмай “Яна і я” верш “Лён”, які так спадабаўся М.Горкаму, калі ён прачытаў яго ў сонечным Сарэнта. На палях зборніка пралетарскі пісьменнік пакінуў маргіналію: “Славно!”.

Гераіня-ільнаводка жыве ў калгасным раі, дзе няма анікога апроч яе і закаханага ў яе брыгадзіра Міхася. Мы наноў назіраем сакралізацыю працы на ўлонні прыроды і падпарадкаванасць сюжэта земляробчаму календару. На гэты раз цыкл супадае з вырошчваннем ільну, пачынаецца раннім летам, як бы працягваючы мастацкі час паэмы, і завяршаецца позна ўвосень, за часамі дажынкаў і вяселляў. Чытач можа прасачыць усе этапы вырошчвання і апрацоўкі льну, і на гэтым фоне — гісторыю кахання ільнаводкі і Міхася, якая завяршаецца, натуральна, вяселлем, бо брыгадзір ужо стаўляе новую хату, каб прывесці ў яе гаспадыню:

Змяла ў мяльніцы я лён,

Адтрапала лён траплом, —

Засвяціў, як цудны сон,

Лён шаўковым валакном.

Промень ясны загуляў

Па страсе і па сцяне…

Хату новую стаўляў

Брыгадзір мой для мяне.

(“Лён”)

Працэдура вырошчвання і апрацоўкі льну, у паэтычнай форме ўзноўленая Купалам, налічвае не менш як восем аперацыяў (лён трэба пасеяць, прапалоць, вырваць, скласці ў снапы, абабіць, высцяліць, змяць, адтрапаць). Купала аднаўляе традыцыю цыклічнага часу, падпарадкаванага земляробчаму календару, вядомаму ў нашай літаратуры яшчэ ад часоў Баркулабаўскага летапісу.

Цікава, што, падобна да Купалы, яго пераемнікі, маладнякоўцы ды ўзвышэнцы, маглі з аднолькавым імпэтам ствараць мадэль літаратурнага раю і разбураць яго.

Мала чым прываблівае разбураны свет, паказаны Міхасём Чаротам у ягонай рэвалюцыйнай паэме “Босыя на вогнішчы” (1921). Свет пажараў, асушаных і спаленых балот, разбураных храмаў, раскіданых палацаў уяўляе сабой не рэвалюцыйны рай, а рэвалюцыйнае пекла.

Паэт-узвышэнец Уладзімір Дубоўка парадаксальным чынам, з удаваным аптымізмам “крумкае” пра будучы Чарнобыль у праграмным вершы “О, Беларусь, мая шыпшына!…” (1926):

О Беларусь, мая шыпшына!

Зялёны ліст, чырвоны цвет!

У ветры дзікім не загінеш,

Чарнобылем не зарасцеш.

Той самы У.Дубоўка піша аптымістычную паэму “Кругі” (1927), у якой стварае мадэрнізаваны вобраз райскага саду, Эдэма. Герой твора Цікаўны вандруе ў краіну Сонца, дзе сустракаецца з дачкою Сонца Мілавіцай, шпацыруе па казачным садзе, у якім слуцкія ткачыхі ткуць дзівосныя ўзоры, гарбузы велічынёй у асміну растуць на соснах, а слівы на вольхах. Сад насяляюць птушкі, у чыёй дзяржаве за парадкам сочыць сыч-глушак; адзіны, хто яго не слухаецца і ладзіць гармідар, — гэта наш шпак. Удод спявае лепш за салаўя, вераб’і падобныя да гусакоў, варона ходзіць “у крэпдэшынавым убранні”, а бусел грае ў цымбалы. Красуюць асака, медуніцы і, насуперак законам батанікі, цвіце папараць. Герой знаходзіць шчасце разам з Мілавіцай:

А з ім ідзе рука ў руку,

дачка з ім Сонца — Мілавіца.

І будуць так ісці, — пакуль

іх Слова не ажыццявіцца.

Але У.Дубоўка і разбурае створаны ім зямны рай у паэмах “І пурпуровых ветразяў узвівы” (1929), “Штурмуйце будучыні аванпосты” (1929), у якіх сумняваецца ў слушнасці маршрута, па якім рухаецца цягнік рэвалюцыі.

Сатырык Андрэй Мрый у першых гумарэсках даволі аптымістычна глядзіць на перспектывы камуны і высмейвае тых, хто не падзяляе ягоны аптымізм. Але надыходзіць час — і ён стварае першую ў беларускай літаратуры паўнавартасную сацыяльную антыўтопію, раман “Запіскі Самсона Самасуя” (1929). Шапялёўка, населеная двухногімі монстрамі з жывёльнымі прозвішчамі, сярод якіх таварышы Сом, Лін, Самчык, Курапат, Беларыбка, Курыца, Зязюлькава, Крутарожка, Торба, Крэйна, Юрлік, Галавасцік, Смятана-Бурчайла, уяўляе сабой сапраўднае наменклатурнае пекла. Гратэск у А.Мрыя татальны, як гэта было ў Бранта, Рабле, Салтыкова, ён не абмінае аніводнага аспекта савецкага жыцця. Злавесная постаць галоўнага героя кандэнсавала ў сабе ўсё ліха эпохі. Прагноз у аўтара самы несуцяшальны, бо ў творы паказваюцца калектыўныя судзілішчы, барацьба з рэлігіяй і раскулачванне — першыя прыкметы недалёкіх крывавых падзей. Настае час — і А.Мрыя арыштоўваюць за паклёп на савецкую ўладу і карыкатуру на савецкае чынавенства, выпраўляюць у высылку ў Кандалакшу.

Прадбачыў будучыя рэпрэсіі і паэт-узвышэнец Язэп Пушча, чые вершы канца 1920-х гг. былі споўненыя трагічнымі надрывамі і цяжкімі прадчуваннямі. Кепскі прагноз быў зроблены ў цыкле вершаў “Лісты да сабакі”, напісаным Я.Пушчам у Ленінградзе. Тут, удалечыні ад Радзімы, найбольш востра адчуваў паэт трывогу за лёс Беларусі, яе лепшых дзяцей, а таксама непрыязь да “заваёваў” Кастрычніка. Лісце, што ападае з кляновых галін, падаецца паэту крывёй, а наперадзе мроіцца лютая зіма рэпрэсіяў:

Стаю вось перад Зімным тут палацам

І сам не ведаю, чаго дрыжу,

І сам не ведаю, чаго так плачу…

Хто тут? Выходзь хутчэй, крыжуй!

(“Лісты да сабакі”)

2. Курані — згублены рай

Загадкавасць беларускай нацыі параўноўваюць з дрыгвой, балотам. Гэтае невыгоднае на першы погляд параўнанне кампенсуецца хараством, нейкай містычнай прывабнасцю беларускай багны.

Гэткі ж традыцыйны і спрадвечны ў нас архетып расліны — бярозы, жыта або звычайных асакі ці моху. Расліны ў беларускай паэзіі захоўваюць таямнічае маўчанне — гавораць творцы. Душа ж расліны звязваецца з таямніцай народнай ментальнасці, да якой, ад часоў паэта-прарока Янкі Купалы, звернутае паэтычнае слова — з памкненнем абудзіць, разварушыць, паклікаць.

Таямнічае маўчанне багны і траваў, маўклівасць лабірынтаў, маўчанне паэтаў, якія за часамі рэпрэсій і дыктату сыходзілі ў так званую “унутраную эміграцыю”… (Палітычная эміграцыя — рэч, менш пашыраная ў беларусаў, моцна прывязаных да сваіх гнёздаў, але і яна мела месца). Гадамі маўчаў Янка Купала, і гэтае красамоўнае маўчанне было таксама свайго роду творам…

Унутранае падполле, не рэалізаваная ў творчасці патаемная думка — звыклы стан беларускага літаратара савецкай эпохі. Гэты стан ствараў падставу для эластычнага канфармізму, які можна прыраўняць і да глухога, нябачнага супраціву. Да яго сталіся здатныя нават “добранадзейныя” прадстаўнікі беларускай савецкай літаратуры, адзначаныя дзяржаўнымі ўзнагародамі і тытуламі. Поруч з імі былі і непаслухмяныя, якія больш энергічна адстойвалі права на свабоду творчасці, адкрытага выказвання, выступалі супраць палітычнай цэнзуры, — Іван Мележ, Васіль Быкаў, Алесь Адамовіч, Аляксей Карпюк, Уладзімір Караткевіч.

Пасля агоніі літаратуры 1930-х гг., пасля Другой сусветнай вайны беларускія пісьменнікі, тыя, каму наканавана было ацалець, схільныя былі больш да стварэння жыццярадасных твораў (раман “Векапомныя дні” Міхася Лынькова, эпапея “Мінскі напрамак” Івана Мележа). Але наўрад ці гэтыя творы, пры іх сюжэтным размаху, прэтэндавалі на статус маштабных утопій — літаратура ставалася знясіленай, абяскроўленай, бракавала творчых імпульсаў. Яна відавочна перажывала перыяд сыходжання ў лабірынты.

Памяняўся час — і “непаслухмяныя”, насуперак “метадам” і дактрынам, зноў звернуцца да тэмы разладу — паміж чалавекам і прыродай, паміж чалавекам і ўладай. Маўклівае балота загаворыць — у “Палескай хроніцы” Івана Мележа. Яму першаму дадзена было пранікнуць у тую простую ісціну, што разлом натуральнага ладу чалавечага жыцця, які складваўся тысячагоддзямі, абарочваецца катастрофай у стасунках чалавека і прыроды.

Хранатоп Палесся, беларускага балота стаў падставаю для стварэння нацыянальнага эпасу. Іван Мележ здзейсніў тое, што мала каму з пісьменнікаў ХХ ст. удалося. У ліку ўдачнікаў — Джэймс Джойс, Уільям Фолкнер, Габрыэль Гарсія Маркес, якія гісторыю свайго краю, сваёй акругі, сваёй вёскі, кавалка зямлі “памерам з паштовую марку” зрабілі гісторыяй цывілізацыі. І.Мележ, як і яны, ад рэгіянальнага ішоў да нацыянальнага, а далей — да ўніверсальнага.

Так, мы — людзі на балоце. Вада — самая рухомая і незнішчальная са стыхіяў. Рэкі, азёры, балаты робяць гэтую зямлю “сіняй-сіняй”, як пісаў пра тое У. Караткевіч. Морам прымроілася Палессе Герадоту. Курані — выспа пасярод мора. “Хаты былі на востраве”, — пачатак хронікі.

З нататнікаў Івана Мележа:

“Пасля вызвалення — узялі ў армію. Кончыў вайну — у Германіі ці Аўстрыі. Ваяваў непагана. Кулямётчыкам. Пачаў ад Мозыра.

Ехаць — не ехаць дадому? Балела ад адной думкі пра дом. Спачатку думаў — не паеду. Падаўся з таварышам — да яго.

…Калі вясной запахла, калі пачуў пах зямлі, можа, з Куранёў данёс вецер — пацягнула — не ўседзець тут. Няміла стала ўсё тут. Хай будзе, што будзе — толькі там быць, хадзіць па сваёй зямлі, чуць яе пад нагамі, дыхаць яе пахам. Ураз сабраўся, усё кінуў. Ляцеў дадому.

…Прыехаў. Сустрэўся з Куранямі. На могілках. Колькі тут пахавана! Але ніхто не бачыў такой бяды!..

…Куранёўская грэбля, цагельня, стрэхі… Хай хоць што, толькі тут быць! Толькі тут!..

…Курані. Нідзе мне без вас жыцця не будзе. Толькі ў вас і маё гора, і мая радасць. Маё жыццё!”

Так павінен быў вярнуцца ў родныя Курані Васіль Дзяцел, галоўны персанаж мележаўскай “Палескай хронікі”. Павінен быў — але не вярнуўся. Таму што хвароба і заўчасная смерць не далі магчымасці пісьменніку завершыць задуманы раман-эпілог — чацвёрты па ліку ў хроніцы.

Уявім, што запрацавала машына часу. Што жывы й пісьменнік, і яго герой. Што пабачылі б яны, калі б вярнуліся ў Курані ў наш час?

Яны пабачылі б, што могілкаў у наваколлі паболела. Пабачылі б вёску, засыпаную чарнобыльскім попелам.

Такім стаўся рэальны лёс Куранёў, што былі цэнтрам мастацкага свету, створанага І.Мележам у “Палескай хроніцы”. У рэальнасці яму адпавядае вёска Глінішча Хойніцкага раёна. Само жыццё дапісала жахлівы эпілог да мележаўскага серыяла.

Гэты эпілог быў напраўду жахлівы. У сярэдзіне 1990-х гг. адбылася вандроўка тэлездымачнай групы па мележаўскіх мясцінах. Здымалі выселеныя вёскі. Здымалі мутантаў — катоў з чалавечымі вачыма. Ад Куранёўкі засталося восем хат, у якіх жылі пенсіянеры. Незразумелыя, невядомыя людзі занялі закінутыя хаты. За баразною пачыналася зона адчужэння. Аператары знялі маладых мам і немаўлятак у калясках, разам з якімі ляжалі і бутэлькі “чарніла”. Паўсюль бачныя былі сляды выраджэння.

Але першыя прыкметы гэтага выраджэння бачныя ўжо і ў “Палескай хроніцы”, якая пачыналася так добра. Як утопія.

У першым мележаўскім рамане так добра ўсё пачыналася… “Хаты былі на востраве”, — гэта была тэрыторыя шчасця, створаная для закаханых Васіля і Ганны. Начлег у лесе, хараство прыроды, Ганна Чарнушка частуе Васіля зваранай бульбай. “Я ўжо пад’еў”, — аднекваецца ён. Гульня ў даросласць падлеткаў, потым кароткія хвіліны шчасця — стаяння закаханай пары каля хат з невідушчымі вокнамі. Ідылія абрываецца недзе на дваццатай старонцы, усё астатняе — працяглы аповед пра куранёўскія ліхтугі. Яны пачаліся не таму, што бандыты ўбіліся ў вёску і напалохалі Васіля Дзятла. Проста вёска перастала быць востравам.

Мясцовы актывіст Міканор Дамецік вельмі дзівіцца, што людзі не хочуць будаваць грэблю. Яны, рахманыя палешукі, якіх ніхто не назваў бы гультаямі, вельмі неахвотна выходзяць на талаку. Чаму? Бо грэбля — гэта сувязь з цывілізацыяй. Па ёй прыедзе які-небудзь Башлыкоў, які абавязкова пачне ўсё калектывізаваць.

Атрымліваецца, што мележаўскія людзі на балоце як бы паўсталі супраць усясільнае хады цывілізацыі? Няўжо ім хочацца сядзець у балоце і жыць пры лучыне?

Народны інстынкт пратэстуе супраць ломкі пракаветнага ладу жыцця. Нагадваю пра гісторыю Палесся, якую пачаў занатоўваць яшчэ гісторык, географ і падарожнік Герадот. Ён пабачыў Палессе як зацягнутае туманом мора, з якога выйшлі нейкія загадкавыя людзі, называныя Герадотам неўрамі, партызанскім спосабам набілі неўраў і зноў схаваліся ў тумане. Яшчэ раней, за эпохамі Дэвону, Крэйды, Сілура, тут сапраўды пялёскалася мора, плыткае, рухомае, населенае дзіўнымі істотамі, трылабітамі ды белямнітамі, якое прыходзіла і сыходзіла, пакінуўшы ў рэшце рэшт беларусам шчодрыя радовішчы выкапняў.

Палешукі стагоддзямі вялі змаганне за зямлю, адбіраючы яе ў вады, звыкліся, зліліся з балотам, і тут раптам прыходзяць дамецікі, дубадзелы і башлыковы — і зямля адчужаецца.

У другім і трэцім раманах хронікі І.Мележ паказвае калектывізацыю і тое, як людзі перасталі верыць ёй. Нават Васіль, які дзеля той зямлі, што каля цагельні, ахвяраваў сваім каханнем, гатовы быў біцца за гэтую адабраную зямлю, расчараваўся. У калгасе за яго сумленную працу на зямлі нічога не плацілі.

Можна лічыць, што І.Мележ напісаў пралог да чарнобыльскай трагедыі, пачатак якой паклала адчужэнне людзей ад зямлі. Дый не толькі ад зямлі, але яшчэ і ад вады. Звернем увагу на назвы першых трох раманаў хронікі: “Людзі на балоце”, “Подых навальніцы”, “Завеі, снежань”. У кожнай з іх зашыфраваны пэўны агрэгатны стан вады: вадкасць, пара, крышталь. Аўтар паэтызуе балота, якое для яго адначасна і сімвал, і рэальнасць. Балота — лёгкія Еўропы — даюць жыццё не толькі беларусам, але і іх суседзям па кантыненце. Стала агульнай мясцінай у сучаснай антрапалогіі звязваць з балотам беларускі менталітэт, з яго жывучасцю, дынамікай, непакорлівасцю пры ўяўнай талеранцыі. Для І.Мележа было вялікай жыццёвай драмай пабачыць бяду беларускага балота падчас яго татальнай меліярацыі.

У 1980 г. карэспандэнт газеты “Звязда” апісаў заможны калгас, у якім жылі мележавы землякі, сярод якіх можна было знайсці і рэальных прататыпаў “Палескай хронікі”. Атрымліваўся як бы зямны рай на калектывізаванай зямлі.

Ёсць аднак і іншы факт. Перад смерцю І.Мележ наведаў родныя мясціны і, пабачыўшы пылавыя буры — наступства асушэння балот — быў страшэнна ўзрушаны. “Заплакала маё Палессе чорнымі слязамі…” — так выказаўся пісьменнік на гэты конт.

На фоне агульнай постчарнобыльскай гісторыі Палесся лёс Глінішчаў — не самая трагічная яе старонка. Вёска не была нават выселена. Але і яе лёс уражвае, трывожыць і наводзіць на роздум.

Гісторыя Куранёў — гэта сімвал, прыдуманы жыццём, якое пераплялося з літаратурай. Гэтая гісторыя вучыць: зоны адчужэння з’яўляюцца тады, калі людзей паслядоўна адчужаюць ад пракаветнага ладу жыцця, ад стваральнай працы на зямлі, ад вады — іхняга менталітэту, калі эксплуатуюць іх пакорлівасць.

Своеасаблівым эпілогам да постчарнобыльскай гісторыі Куранёў маглі б стаць радкі, якімі І. Мележ збіраўся завершыць лінію Васіля:

“Вясна, арэ. (Праз год? Два?). Толькі б тут. Хоць што. От яна, Карчова паласа.

Якую прагнуў. Усё паламалася.

Ні Ганны, ні зямлі. “Дурань”.

Так, пэўна, трэба.

І трэба жыць, як е. Як доля наканавала.

Жыць”.

Лекцыя 2. Антыўтопіі найноўшай гісторыі

План:

1. Антыўтопіі найноўшай гісторыі

1. Антыўтопіі найноўшай гісторыі

Тэму асушаных балот, парушэння балансу паміж чалавекам і прыродай падхапілі публіцысты, за часамі перабудовы яна сталася тэмай калектыўных зваротаў (у той самы час як у Расіі змагаліся супраць павароту сібірскіх рэк на поўдзень). Да тэмы звярнуліся прадстаўнікі новай экалагічнай прозы — Васіль Быкаў, Віктар Казько, Іван Пташнікаў, Віктар Карамазаў… Кожны з іх па-свойму прадчуваў будучы Чарнобыль.

Увогуле, 1980-я гг. — эпоха цяжкіх прадчуванняў, одуму і, адпаведна, рэнесанс антыўтопій. Іх стваралі прадстаўнікі розных пісьменніцкіх пакаленняў.

Алесь Адамовіч піша “Апошнюю пастараль” (1986), ядзерную антыўтопію, у якой здзяйсняе свой праект — узарваць ядзерную бомбу ў літаратуры раней, чым гэта адбылося ў рэальнасці. Свет, паказаны А.Адамовічам, гіне ў полымі Трэцяй сусветнай вайны. Дажываюць апошнія дні чалавечай цывілізацыі тры яе прадстаўнікі. Перад абліччам немінучае смерці Мужчына і Жанчына, да якіх пазней далучаецца амерыканскі лётчык, не могуць жыць інакш, чым раней: кахаюцца, ствараюць любоўны трохкутнік, мужчыны ўступаюць у бойку з-за жанчыны, у выніку гінуць усе. Праўда, тэатральная версія “Апошняй пастаралі”, створаная рэжысёрам А.Дзінавым і паказаная на сцэне Рэсубліканскага тэатра нацыянальнай драматургіі “Вольная сцэна”, больш аптымістычная, споўненая верай у стваральныя магчымасці чалавека і яго міралюбчую прыроду.

Да жанру ядзернай антыўтопіі належыць апошняя п’еса Андрэя Макаёнка “Дыхайце ашчадна” (1982, паст. 1984). У гэтым творы дамінуюць элементы ўмоўнасці, гратэску, фантасмагорыі. Прычыну канца свету аўтар бачыў у інстынкце нажывы, які з’яўляецца базавым, непераадольным фатумам усяго чалавецтва. Бізнесоўцы, алігархі, палітыкі спрабуюць схавацца ад канца свету ў камфартабельным сховішчы, але і тут здатныя займацца толькі тым, чым раней: змагацца за звышпрыбыткі, гандляваць харчам, вадой, паветрам і гэтым канчаткова знішчаюць цывілізацыю.

Твор не быў пазбаўлены пэўнай ідэалагізацыі, некаторай просталінейнасці. Але ён адпавядаў настроям свайго часу: чалавецтва з трывогай сачыла за гонкай узбраенняў, нарошчваннем ваеннага патэнцыялу ў звышдзяржавах. А сёння, калі культ грошай і “паспяховасці” запанаваў у масавай свядомасці на абшарах СНД, ягоны змест актуалізуецца.

Канец свету ў лакальным маштабе прасачыў Алесь Петрашкевіч у драме “Соль” (1980). Гіганцкія тэрыконы адпрацаванай пароды, атручаныя вадазборы і грунтовыя воды, салёныя яблыкі і грушы ў вясковым садзе і пагроза прарыву дамбы, якая і спраўджваецца, — вось кошт дабрабыту, які спрабуе здабыць чалавек у бяздумным змаганні з прыродай. За ўмоўнымі дэкарацыямі Любаградчыны праглядаецца рэальны аб’ект, які і меў на ўвазе аўтар, — Салігорскі калійны камбінат. Праблема экалагічнага імператыву разглядалася аўтарам з даволі адкрытай публіцыстычнасцю, дакументалізацыяй.

А.Петрашкевіч быў драматургам, які аддаваў перавагу не вельмі аптымістычным прагнозам. У 1981 г. п’есаю “Гора і Слава (Русь Кіеўская)” ён распачаў цыкл гістарычных драм, якія пазней склалі зборнік “Здрапежаная зямля”. Вандруючы па стагоддзях, драматург прасочваў ключавыя падзеі беларускай гісторыі, пачынаючы ад часоў Рагвалода, Рагнеды і Уладзіміра. Падзагалоўкі п’ес: “драма” і “трагедыя”, іншых жанравых вызначэнняў няма. На кожным кроку беларусаў абкрадвалі, рабавалі, дзялілі… Трагедыю здрапежанай зямлі аўтар даводзіць да ХХ ст., і ў заключнай п’есе “Дагарэла свечачка да палічкі” распавядае пра выселеную чарнобыльскую вёску. Створаны А.Петрашкевічам драматургічны серыял можна вызначыць як гістарычную антыўтопію. П’есы ягоныя інфармацыйна насычаныя, угрунтаваныя на эксклюзіўных дакументальных матэрыялах, росшуках і роздумах аўтара, надзвычай павучальныя; па іх, як па займальным падручніку, можна праходзіць беларускую гісторыю. Але, як і належыць антыўтопіі, у ёй мінімум гістарычнага аптымізму. Яго брак кампенсуецца творамі, прыкладам, У. Караткевіча, які ў самых змрочных эпізодах беларускай гісторыі шукаў прасветліны, рамантызаваў іх і афарбоўваў сваім непаўторным гумарам.

Але і ва У.Караткевіча ёсць антыўтапічныя творы, у якіх заўважаецца адкрытае або прыхаванае чаканне катастрофы. Адзін з іх — верш “Дзяўчынка пад дажджом”:

Над лесам, над садам дзікім

Дожджык забалбатаў,

І ўспыхнулі раптам гваздзікі

У нетрах абмытых траў.

Цёплыя кроплі скачуць

Па залацістай лазе;

Дожджык — “царэўна плача”,

Сонца ў кожнай слязе.

З нізкай цёплай адрыны,

Учуўшы ласкавы капёж,

У лёгкай сукенцы дзяўчына

Выбегла проста на дождж.

Кроплі яе цалавалі

Палка, пяшчотна, да слёз,

Вусны дзяўчыны хапалі

Срэбра з ясных нябёс.

Дожджык зрабіў сваё цуда,

Ён абляпіў, як мог,

Плечы, маленькія грудзі,

Гнуткія лініі ног.

Бэзам з садоў павявала,

Вечна хацелася жыць.

Дзяўчына ад шчасця спявала.

…………………………………..

Стронцый быў у дажджы.

Твор быў напісаны задоўга да катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, але стронцыевыя хмары ўжо насіліся не толькі над Беларуссю, але і над усёй планетай, што было вынікам наземных і падводных, не забароненых яшчэ ядзерных выпрабаванняў.

Гэтая акалічнасць дала падставу Аркадзю Куляшову стварыць паэму-антыўтопію “Цунамі” (1968), што сталася не менш прароцкай, чым верш У.Караткевіча.

Утопіі 1980-х у беларускай літаратуры мелі, такім чынам, дастатковую жанравую разнастайнасць. Некаторыя жанравыя адгалінаванні ўзнікалі ўпершыню, іншыя працягвалі пэўную традыцыю.

Так, “Краіна хлудаў”, фантасмагарычная сацыяльная ўтопія, створаная Алегам Мінкіным, працягвае, на маю думку, тэму, распрацаваную Андрэем Мрыем у “Запісках Самсона Самасуя”. Племя хлудаў — фантастычнае псеўдаграмадства, надзеленае моцным суіцыдальным комплексам, які ў рэшце рэшт і прыводзіць яго да самазнішчэння.

Фантастычныя антыўтопіі прадстаўлены ў нашай літаратуры творамі Васіля Гігевіча.

У другой палове ХХ ст. тэма былой вайны таксама перажыла рух да паказу трагічнага яе аспекта. Абсалютнай сюжэтнай безвыходнасцю вылучаюцца бадай усе творы Васіля Быкава, напісаныя на ваенную тэму.

Алесь Адамовіч, Янка Брыль і Уладзімір Калеснік запачаткавалі ў сусветнай літаратуры практычна новы жанр, якому дагэтуль не знайшлі дакладнага вызначэння. Маецца на ўвазе кніга “Я з вогненнай вёскі…” (1975), у аснову якой пакладзены не менш трагічная, чым, прыкладам, халакост, праява Другой сусветнай вайны — лёс вогненных, спаленых разам з жыхарамі беларускіх вёсак.

У кнізе, створанай А.Адамовічам, Я.Брылём, У.Калеснікам, напоўніцу выявіўся апакаліптычны ракурс бачання вайны, якога ў ранейшай беларускай прозе не было. Кніга мае шмат паралеляў з біблейскімі эпізодамі, асабліва той раздзел, дзе згадваюцца дзеці Ёва як прыклад немагчымасці кампенсаваць маральныя страты, панесеныя ў час вайны, новымі набыткамі. Нованароджаныя дзеці не заменяць тых, што загінулі ў полымі вайны.

Разам з расійскім пісьменнікам Д.Граніным А.Адамовіч стварыў “Блакадную кнігу”, у якой пафас перамогі таксама блякнуў перад апісанымі жахаў жыцця галоднага горада, яго трагедыі. “Плазма факту”, пра існаванне якой сцвярджаў беларускі аўтар, выпальвала ўсё штучнае.

Так усталёваўся жанр, які з блаславення А.Адамовіча быў выкарыстаны пісьменніцай Святланай Алексіевіч. Даючы гэтае блаславенне, пісьменнік казаў пра асуджанасць такіх новых спробаў на поспех; прароцтва спраўдзілася. Крытыка заўважыла апакаліптызм і абвостраную чуйнасць да глабальных катастроф у такіх кнігах С.Алексіевіч, як “У вайны не жаночы твар”, “Цынкавыя хлопчыкі” і, нарэшце, “Чарнобыльская малітва”.

Актуалізацыя беларускай экалагічнай прозы была выклікана аб’ектыўнымі прычынамі, у першую чаргу катастрофай на Чарнобыльскай АЭС 1986 г. Чарнобыльская тэма пранікла ў творы ўсіх жанраў: публіцыстыку, паэзію, прозу, драматургію. З’явіліся спецыфічныя жанры: чарнобыльскі верш, чарнобыльская п’еса, чарнобыльская казка. Тэма Чарнобылю асэнсавана як нацыянальная і сусветная трагедыя, як акт містычнай драмы чалавецтва, як папярэджанне пра верагоднасць сусветнай экалагічнай катастрофы. Пра гэта сведчаць творы А.Адамовіча, В.Быкава, І.Шамякіна, В.Адамчыка, Б.Сачанкі, І.Чыгрынава, М.Матукоўскага, В.Казько, А.Петрашкевіча, І.Пташнікава, А.Кудраўца, Я.Сіпакова, Т.Бондар, А.Дударава, С.Законнікава, У.Някляева, М.Башлакова, В.Гігевіча, У.Глушакова, А.Ждана, С.Кавалёва, І.Канановіча, А.Канапелькі, В.Карамазава, В.Куртаніч, Л.Левановіча, М.Мятліцкага, В.Ткачова, В.Якавенкі. Спіс аўтараў, што звярталіся да чарнобыльскай тэмы, можна доўжыць і доўжыць, а сама чарнобыльская тэма ў Беларусі і літаратурным замежжы заслугоўвае асобнага разгляду. Пакуль што адзначым, што беларускую літаратуру пра Чарнобыль можна параўнаць з японскай, прысвечанай трагедыі Хірасімы і Нагасакі. Але яна не абмяжоўваецца толькі тэмай катастрофы, а закранае і іншыя праблемы матэрыяльнага і духоўнага быцця, суіснавання чалавека і прыроды. У постчарнобыльскай прозе апошняга часу апроч апакаліптычных матываў з’яўляюцца і прыкметы стрыманага аптымізму, чаму сведчаннем проза Віктара Казько.

В.Казько, безумоўна, узначальвае кагорту сучасных аўтараў, чыю прозу можна аднесці да апакаліптычнай. Ягоная творчая біяграфія выразна падзяляецца на дачарнобыльскі, чарнобыльскі і постчарнобыльскі перыяды.

Творы В.Казько нават дачарнобыльскага часу насычаныя прадчуваннямі экалагічнай катастрофы. Пачынаў майстра з твораў, прысвечаных ваеннаму дзяцінству (першаадкрывальнікам тэмы быў Кузьма Чорны як аўтар рамана “Пошукі будучыні”). Аповесць “Суд у Слабадзе” (1978), найбольш выбітны з твораў, прысвечаных тэме дзяцінства, апаленага вайной, праз шматлікія біблейскія ды філасофскія алюзіі ўзыходзіць да матыву Страшнага Суда, за якім неўзабаве канец старой зямлі і старога неба.

Раман “Неруш” (1981), у якім распавядаецца пра бяздумнае асушэнне Палесся, належыць да жанру экалагічнай антыўтопіі ўжо з тае простае прычыны, што гібель прыроднага палескага хранатопа аўтар разглядае як незваротнае разбурэнне раю зямнога. Тэрыторыя шчасця, Княжбор, дзе зямля і вада, людзі, расліны, жывёлы знаходзіліся ў поўнай гармоніі, бачылася аўтарам як палескі Эдэм. Яго асушэнне параўноўваецца з першародным грахом, у выніку якога Эдэм незваротна разбураны. Біблейскі матыў прачытваецца, такім чынам, не як гісторыя выгнання з раю, а як гісторыя яго разбурэння.

Матыў разбуранага Эдэма дамінуе і ў рамане “Хроніка дзетдомаўскага саду” (1986). Падзеі падаюцца апавядальнікам такім чынам, што праз іх праглядаецца рэальная і містычная гісторыя цывілізацыі. Лакальнае і ўніверсальнае звязваны паміж сабою сістэмай сімвалаў, падпарадкаваных каштоўнаснай іерархіі. Найбольш значныя ў гэтай сістэме — архетыпы Дома і Саду. Першы звязаны з дзейнасцю чалавека, другі — з ягоным прыродным атачэннем. Апакаліпсіс пачынаецца пасля таго, як Дом і Сад разбураюцца чалавечымі рукамі. Хроніка мае завяршэннем гэты самы рукатворны Апакаліпсіс: знесены дзетдомаўскі будынак, высечаны сад, пасля чаго на людзей абрынаюцца пакаранні егіпецкія: ссыхаюць стогадовыя дубы, мялее рэчка, знікаюць бабры, пачынаецца нашэсце на вёску мышэй і пацукоў, гінуць пчолы, на лес накідваюцца пажары. Ланцуговая рэакцыя запушчана. Раман пабачыў свет у той час, калі ўжо грымнуў Чарнобыль.

На Чарнобыльскую катастрофу аўтар адгукаецца перадусім аповесцю “Выратуй і памілуй нас, чорны бусел”, у якой побыт разбуранага Эдэма паказваецца як жыццё пасля смерці, як пра нараджэнне кволай надзеі пасля таго, як усялякая надзея, здаецца, была незваротна страчаная.

Новае вяртанне да тэмы дзяцінства з’яўляецца для пісьменніка спробай ураўнаважыць дысгарманічныя праявы створанага ім мастацкага свету. В.Казько ў апошні час імкнецца абвергнуць устойлівую мастацкую формулу ранейшых твораў — разбуранага Эдэму, спакушанага Сусвету. Адсюль — спробы пашырэння эстэтычнай прасторы праз падключэнне незямных, касмічных рэалій. Адна з такіх спроб робіцца ў аповесці “Прахожы” (1995).

У гэтым творы небяспека чалавецтву з’яўляецца звонку, з космасу ў выглядзе каметы, якая пагражае сутыкнуцца з Зямлёй. Гэтая сюжэтная пасылка дае падставу герою-апавядальніку задумацца над лёсам і прызначэннем чалавечай цывілізацыі: ці не на згубу Сусвету створана яна? Ці не пагражае сама Зямля астатняму Сусвету, калі зямляне прарвуцца ў неабсяжны Космас? Постчарнобыльскія рэаліі, праявы духоўнага і сацыяльнага распаду, якія штодня назірае герой, нібыта пацвярджаюць сумную здагадку. Але фінал твора, як адзначае крытык Д.Бугаёў у артыкуле “Пахавальная песня з пробліскамі надзеі” (“Крыніца”, 1997, № 12), двухсэнсоўны. Ён можа азначаць не толькі гібель, але і адраджэнне, абнаўленне жыцця людзей на зямлі.

Пераадоленне змрочных, апакаліптычных прагнозаў, якое робіцца часткай аўтарскай пазіцыі В.Казько, адбываецца праз своеасаблівую ўнутраную барацьбу, спрэчку з самім сабой. У выніку пісьменнік мусіць задумацца над самой прыродай мастацкай творчасці, яе патаемнымі, дагэтуль не прасветленымі матывацыямі. Плёнам такога роздуму сталася аповесць “Да сустрэчы…” (1997), у якой распавядаецца пра смерць Майстра. Апроч відавочнай рэмінісцэнцыі з раманам М.Булгакава “Майстар і Маргарыта”, твор мае выразную жыццёвую паралель: ён прысвячаецца памяці знакамітага кінарэжысёра В.Турава. У творы, аднак, мы назіраем героя сумарнага — мастака, які гэтаксама, як і герой “Прахожага”, раздумвае пра недасканаласць і, магчыма, заганнасць шляху развіцця, абранага цывілізацыяй. У аповесці шмат рэалій, якія ўварваліся ў яе проста “з вуліцы”: хлопчыка-нямка абвінавачваюць у пастарунку ў выкрыкванні антыўрадавых лозунгаў; дзяўчынка марыць стаць прастытуткай… Прысуд Майстра сучаснікам і свайму часу жорсткі: чалавецтва таксама канае, знаходзіцца ў апошняй стадыі распаду. Ідэал мастацтва — адзінае, што процістаіць у гэтым смутным творы татальнаму бязладдзю.

Затое ў рамане “Бунт незапатрабаванага праху” апакаліптычнае кола прозы В. Казько зноў размыкаецца. У гэтым творы ажыццявіўся адзін са сталых творчых прынцыпаў пісьменніка: разгортванне і паказ чалавечай душы як Сусвету, з яго неабсяжнасцю і бясконцасцю ў часе. Герман (ён жа Юры, Георгі) Говар, як і герой “Прахожага”, вядзе падвойнае жыццё: рэальнага чалавека і фантастычнай, таямнічай істоты, здольнай да пераўвасабленняў, трансцэндэнтальных вандровак. Тэма непахаванага праху (відавочная рэмінісцэнцыя з праблемай Маўзалея і знаходжаннем цела правадыра ў ім) раскрываецца як роздум пра жыццё пасля смерці — смерці цывілізацыі, калі яна прайшла праз усе згубныя “пост”, пракрочыла ў новае тысячагоддзе. Магчымасць такога жыцця даводзіцца ў “Эпілогу” да рамана, у якім распавядаецца пра жыццё людзей, што наноў засялілі атручаныя Чарнобылем раёны. Пісьменнік вяртаецца да свайго ўлюбёнага матыву Саду, які трэба даглядаць нягледзячы ні на што. Відавочна, аднак, што і ў гэтым творы апошняя кропка ў роздуме над лёсам і перспектывай цывілізацыі пісьменнікам не пастаўлена.

Чарнобыльская эпоха па часе супала са стратай беларускай літаратурай усялякай “магістральнай” схемы, набывае “веерны”, рознаскіраваны выгляд. Тым не менш, у ёй па-ранейшаму застаюцца матывы катастрофы і лабірынту.

Антыўтопіі ў новым тысячагоддзі працягваюць стварацца, чаму сведчаннем проза Ю.Станкевіча, А.Федарэнкі, А.Казлова, А.Наварыча ды іншых. Нам у цыкле лекцый і артыкулах, прысвечаных крэатыўнай місіі літаратуры, ужо даводзілася казаць пра тое, што, магчыма, ХХІ ст. стане часам добрых прагнозаў і рэабілітацыі ўтопій. Бо аблічча Беларусі і цывілізацыі ў цэлым у нашай літаратуры выглядае як сума пазітыўных і негатыўных прагнозаў, спадзяванняў і расчараванняў.

 

Лекцыя 3. Далягляды беларускай літаратурнай
анімалістыкі

План:

1. Разумныя жывёлы

2. Звяры як ахвяры

3. Экалагічнае асветніцтва

1. Разумныя жывёлы

Разумныя, дасканалыя жывёлы былі персанажамі не толькі казачнага эпасу, байкі, фантазійных твораў, але і класічнай літаратуры.

У антычнай Грэцыі, дзе “ўсё было”, аўтары ўмелі ставіць жывёлу ніжэй за чалавека (“Брахіямахія”), нароўні з чалавекам (“Восы” Арыстафана) і вышэй за чалавека (“Птушкі” таго ж аўтара). У апошнім з названых твораў птушкі ствараюць імперыю гармоніі і шчасця, чаго не дадзена было чалавеку.

У нашай эры была ўсталяваная іерархія, у адпаведнасці з якой чалавек, паводле Бібліі, абвяшчаўся вяршыняй Боскага тварэння і ўзначальваў усё жывое.

Асэнсаванне пісьменнікамі фаўны ішло шляхам тварэння разгорнутай метафорыкі, алегорый, сімвалаў, як гэта назіраецца ў “Казанні на Антыпасху” Кірылы Тураўскага. Пазней жывёлы ў творах персаніфікаваліся і сімвалізаваліся, надзяляліся чалавечымі якасцямі — у паэме Міколы Гусоўскага “Песня пра зубра”.

Мікола Гусоўскі быў не адзіным прадстаўніком сусветнай літаратуры, які зрабіў тую або іншую жывёліну сімвалам Радзімы. Яркім прыкладам можа служыць раман Г.Мэлвіла “Мобі Дык”, дзе вобраз Белага кашалота робіцца сімвалам амерыканскай цывілізацыі з усімі яе ўнутранымі супярэчнасцямі.

Францыск Скарына ў прадмове да кнігі “Юдзіф” усхваляў інстынктыўную прывязанасць звяроў, птушак, рыб, пчол і падобных да іх, да свайго жытла, каб давесці натуральнасць любові чалавека да яго радзімы. У гэтым праграмным сцвярджэнні Радзіма ўпершыню звязваецца з архетыпам Дому.

Сімяон Полацкі ў адным з вершаў пахваліў цмока — істоту, якая ў ранейшай літаратурнай традыцыі ўспрымалася як брутальная і нават дэманічная. Беларускі паэт, аднак жа, вылучае ў цмоку такія цноты, як ціхманасць, пакорлівасць, аскезу, цярплівасць, мудрасць.

Гэтаксама паэт хваліць жаб, якія спынілі свой канцэрт па просьбе паслушніка падчас царкоўнае імшы, у той час як бабы ў царкве як балбаталі, так і працягвалі балбатаць, за што і атрымалі заслужанае ўшчуванне ад святара (“Жабы паслухмяныя”).

Аднак паралельна з гэтай лініяй у сусветнай і беларускай літаратуры назіралася тэндэнцыя да дэманізацыі жывёльнага свету. Прыкладам, у трагедыі В.Гётэ “Фаўст” чорны пудзель паўстае як іпастась Мефістофеля. Дэманізацыя жывёльнага свету назіралася і ў творчасці Яна Баршчэўскага, дзе носьбітамі метафізічнага ліха выведзены цмок і чорны кот Варгін. Дэманізуюцца і людзі, тыя, што паўстаюць супраць разумных законаў прыроды — асташы, чарнакніжнік, лёкай Карпа.

У літаратурнай анімалістыцы нямала твораў, у якіх чалавек прыглядаецца да ўнутранага свету жывой істоты, па-мастацку асэнсоўвае яго паводзіны. Такое пранікненне у заапсіхалогію назіраецца ў апавяданні А.Чэхава “Каштанка”, Л.Талстога “Халстамер”, хаця і тут прысутны момант персаніфікацыі, ачалавечвання. Гэта адрознівае іх ад твораў пісьменнікаў-анімалістаў кшталту Э.Сетана-Томпсана або Д.Дарэла, у якіх на першым плане даследчыцкі, прыродазнаўчы інтарэс, а моманты персаніфікацыі здараюцца дзякуючы назіральнасці або гумару, прыкладам, у таго ж Д.Дарэла. Дарэл выстаўляе людзей як экзатычных жывёлаў, а жывёлаў падае звычайнымі, хаця і надзеленымі індывідуальнасцю, людскімі тыпажамі.

Працэс інтэнсіўнага ачалавечвання жывёлаў распачаўся ў літаратуры ХІХ ст. і дасягнуў апагею ў тых творах, дзе жывёлы выступаюць у якасці апавядальнікаў. Максімуму працэс ачалавечвання дасягае ў творах, напісаных ад імя жывёліны, прыкладам, у рамане “Жыццёвыя погляды ката Мура” Э.Т.А.Гофмана.

Крытыцызм у дачыненні да чалавека — натуральная праява паводзінаў жывёліны-наратара. Так, дзве балонкі ў аповесці “Нататкі вар’ята” М.Гогаля ўголас асуджаюць чалавечыя заганы. Гераіня сатырычнага верша Кандрата Крапівы “Рагуліна прамова да свайго гаспадара” горача абураецца негуманнымі адносінамі да сябе з боку селяніна.

Мадэрнавай, ускладнёнай формай алегарызацыі жывёльных вобразаў можна разглядаць раман Д.Оруэла “Ферма”, дзе за постацямі кныра Напалеона, падсвінка Віскуна ды іншых жывёльных персанажаў праглядаюцца не толькі пэўныя сацыяльныя тыпажы, але і канкрэтныя асобы палітыкаў (Леніна, Сталіна, Троцкага, Гітлера ды іншых).

У літаратуры ў эпоху яе інтэлектуалізацыі развіўся эфект перакульвання, калі разумовыя якасці адбіраюцца ў мудрацоў і перадаюцца прасцякам, дзецям, нават ніжэйшым ад чалавека жывым істотам. Такім чынам, жывёлы надзяляюцца не чалавечымі, а звышчалавечымі якасцямі, здзяйсняюць неверагодныя ўчынкі, робяцца філосафамі, вандруюць у прасторы і часе.

Чалавеку ёсць чаму вучыцца ў звера — пра гэта не раз сцвярджаў Уладзімір Караткевіч, прысвяціўшы некалькі твораў сваёй улюбёнай жывёлінцы, — зайцу.

Гэта заяц, які дажыў да старасці каля чалавечага жытла, за гумнамі, і яго ніхто не зачапіў, ні чалавек са стрэльбай, ні звер (аповесць “Ладдзя Роспачы”).

Гэта і другі заяц са слыннага верша Караткевіча, які варыў сваё піва “перад халоднаю зімой”. Істота, якая ўяўляецца або татэмічным знакам свайго стваральніка, або пракламаваным ім узорам ціхманага, “пужлівага” супраціву абставінам.

Заяц У.Караткевіча жыве “не па правілах”, і гэта робіць яго мудрым.

Падчас усплёску экалітаратуры пісьменнікі ахвотна пазычалі розуму і мудрасці ў звера, птушкі, рыбы, жамяры, ставілі іх вышэй за чалавека, рабілі іх цэнтральнымі персанажамі сваіх твораў. Такія Гаспадар вострава ў рамане “Развітанне з Мацёрай” В.Распуціна, Вавёрка ў аднайменным рамане А.Кіма, Стары бабёр у рамане “Паляванне на Апошняга Жураўля” А.Жука, ваўчыха Акбара ў рамане “Плаха” Ч.Айтматава, Карп з аповесці В.Казько “Цвіце на Палессі груша”.

Такі надзелены сілай свайго літаратурнага папярэдніка, выведзенага Міколам Гусоўскім, а таксама розумам філосафа зубр Сноўдала з рамана В.Казько “Сад, або Заблытаны след рамана”. Ён ведае больш, чым людзі, пра мінулае, сучаснасць і будучыню, гэта новы Эклезіяст у абліччы зубра, таму што здатны прабягаць лес, поле, балаты, горад, тунэль часу, наведваць апраметную. Ягонае сноўданне не раз завяршаецца стрэлам браканьера, пасля якога зубр гіне, а пасля зноў уваскрасае…

У літаратуры ХХІ ст. мудрасць жывёльнага свету дэвальвавала, звяры часцей паказваюцца як ахвяры чалавека і тэхнагеннай цывілізацыі, пра што гаворка ніжэй. Разам з тым паглыбіліся і матывы нявер’я ў інтэлектуальныя магчымасці чалавека. Гэта пачуццё ў кандэнсаванай форме перададзена ў навеле-прыпавесці В.Быкава “Мурашкі”, дзе звыклы для аўтара апакаліптычны фінал — канец цывілізацыі — тлумачыцца выключна ірацыяналізмам чалавечых памкненняў і ўчынкаў, якія не падпарадкоўваюцца інтэлекту. Дык можа ёсць што-небудзь больш актуальнае, чым інтэлект, напрыклад, інстынкт самазахавання? Пра гэта разважае Творца, раздумваючы, каму перадаць уладу над планетай, дзе раней валадарылі людзі. І выбар яго падае на мурашак.

2. Звяры як ахвяры

Адзін з першых сюжэтаў сусветнага мастацтва — паляванне. Сцэна палявання выведзена рукой першабытнага мастака на сцяне распадзіны Вальторга. Паляванню прысвечаны многія шэдэўры сусветнай літаратуры, такія, як “Песня пра зубра” Міколы Гусоўскага, “Спеў пра Гаявату” Г.Лангфела, “Зверабой” і іншыя творы Ф.Купера пра лёс Наці Бумпа.

Забіваючы, людзі адчувалі няёмкасць перад братамі сваімі меншымі, прасілі ў іх прабачэння і баяліся помсты. У чалавеку цывілізаваным да гэтага часу жыве боязь помсты Лесу. Гэтае пачуццё жыве ў першым творы сусветнай літаратуры, “Эпасе пра Гільгамеша”. Калі Гільгамеш уваходзіць у кедравы лес, дзе жыве пачварны Хумбаба, героя ахоплівае першабытны страх: “І хто ўваходзіць у той лес, яго абдымае вусціш”.

Падчас вандроўкі па Белавежскай пушчы я пачуў ад гіда пра чорную аўру паляўнічых. Страляючы, паляўнічы разбурае аўры жывёлаў, і яны плямамі кладуцца на ягоны лёс. І таксама на лёс ягоных нашчадкаў. Грэх забойства братоў меншых падае на праўнукаў невядома ў якім калене.

Цяпер зразумелая рэпліка старога паляўнічага Экдала з драмы Генрыка Ібсена “Дзікай качкі” наконт смерці дзяўчынкі: “Лес помсціць”.

Транёў з “Чайкі” А.Чэхава страляе ў сябе, каб расплаціцца за тое, што бяздумна знішчыў птушку.

Чалавек першабытны і чалавек цывілізаваны аднолькава ясна разумеюць, што за забойства братоў нашых меншых трэба плаціць.

Базавы страх чалавека перад Лесам, а, шырэй кажучы, перад дзікай прыродай, ляжыць у падставе сучасных маскультавых страшылак, дзе на чалавека з усіх бакоў нападаюць і грызуць яго ўваскрэслыя дыназаўры, цмокі, іншапланетныя пачвары, людажэрныя акулы.

На змену гэтаму інстынктыўнаму пачуццю страху прыходзіць шкадаванне.

Паляванне, апісанае Міколам Гусоўскім у “Песні пра зубра”, завяршаецца забойствам жывёліны, апісаннем яго агоніі і вострым пачуццём шкадавання, выказаным аўтарам. Дзесьці, у нетрах пушчы, схаваўся маладзейшы зубр, якому велікадушна падаравалі жыццё. “Годзе забойстваў”, — кажа з гэтай нагоды аўтар і пераключаецца на праблемы тагачаснай Еўропы, дзе адбываецца паляванне на чалавека і праліваецца хрысціянская кроў.

У паэме Якуба Коласа “Новая зямля” шмат сцэнаў, прысвечаных паляванню і шмат падстаў шкадаваць братоў нашых меншых, што і робіць аўтар. Ён шкадуе барсучкоў, якіх выцягвае з нор дзядзька Антось, пчол, у якіх адбіраюць іх мёд, упаляванага глушца, за якога Міхал атрымаў ад пана Свіды срэбны рубель… Гэтае пачуццё да пары да часу незнаёмае самому Міхалу, які, хоць і асуджае крывавыя панскія забавы, але паводле свайго абавязку ўдзельнічае ў іх. Пачуццё шкадавання з’яўляецца нечакана, калі Міхал адчуў вострае спачуванне да ваўка, што загінуў у ледзяной палонцы. Гэта было спачуванне да самога сябе, бо ў вачах канаючага ваўка Міхал прачытаў прысуд самому сабе і на момант адчуў сябе загнаным зверам. Зямля маніла Міхала, але не аддалася яму, а сама забрала яго, бо ён да скону жыцця заставаўся чалавекам Лесу, паляўнічым, а не чалавекам Зямлі. І ў гэтым разгадка таямніцы галоўнага героя “Новай зямлі”.

Да гонару беларускіх аўтараў трэба адзначыць, што яны ніколі не баяліся Лесу, але імкнуліся да ўзаемаразумення з ім, а часам і ўслаўлялі яго як храм, як гэта зрабіў Анатоль Сыс у вершы “Пан Лес”.

У беларускай літаратуры ХХ ст. ёсць творы, цалкам прысвечаныя беларускаму лесу, — раманы “Мсціжы” Івана Пташнікава і “Пушча” Віктара Карамазава.

Пачуццё шкадавання да ахвяраў палявання дасягнула ў літаратуры ўзроўню філасофскага асэнсавання, сімвалізацыі.

Так, Міхась Стральцоў сваё апавяданне “Смаленне вепрука” прысвяціў той сціплай асобе, якую чухаюць за вушкам, частуюць далікатэсамі да тае пары, пакуль не надыдзе драматычны момант ахвярапрынашэння.

Іван Чыгрынаў у рамане “Апраўданне крыві” вобраз ласяняці, у якога забілі маці, робіць пранізлівым сімвалам сіроцкасці.

Да літаратараў прыйшло ўсведамленне, што і чалавек, і звяры — разам ахвяры “ўзаемапалявання сіл процілеглых смерці і жыцця” (Аркадзь Куляшоў). І што ратавацца трэба разам. Адзін са шляхоў паразумення чалавека і жывой прыроды — шлях паразумення чалавека самога з сабой.

3. Экалагічнае асветніцтва

Ужо сентэнцыі Міколы Гусоўскага пра неабходнасць разумных дачыненняў чалавека з прыродай маюць асветніцкі характар.

Вялікім і нязмушаным маралізатарам быў Янка Маўр, які за часамі рэпрэсій і звужэння творчай свабоды мастакоў знайшоў сваю экалагічную нішу і пісаў пра беларускую жывую прыроду. У аповесці “Палескія рабінзоны”, створанай у традыцыях Д.Дэфо і Ж.Верна, ён смуткуе з нагоды знішчэння зубра і падрабязна апісвае ўнікальных прадстаўнікоў беларускай фаўны.

У наш час бракуе пісьменніка-анімаліста, які, як Я.Маўр, В.Біянкі або Д.Дарэл, прысвяціў бы сваю творчасць экалагічнаму асветніцтву.

У гэтым звязку варты вялікай ухвалы выбар, здзейснены пісьменнікам Уладзімірам Ягоўдзікам.

Чытаючы экалагічную прозу У. Ягоўдзіка, прызначаную “для малодшага школьнага ўзросту”, сам пачуваюся крыху школьнікам. Прызнаюся, сантымент да ўсяго жывога яшчэ ў юначыя часы ледзьве не павярнуў мяне падчас выбару прафесіі ў бок біялогіі. Дагэтуль захапляюся ўсім, што расце, квітнее, поўзае, лятае, плавае. Не так і мала ведаю пра расліны і жывёлаў. І тым не менш, “Выбранае” Ягоўдзіка праглынуў як дэтэктыў. Мікраадкрыцці аўтара сталіся і маімі адкрыццямі. Прычынай таму, напэўна, якраз майстэрства аўтара — здзіўляцца і здзіўляць.

Лес, ягады, грыбы, зёлкі — што прасцей і празаічней для беларуса, нават калі ён гараджанін у першым-другім-трэцім пакаленнях?

Але вось так увайсці ў беларускі лес, як гэта робіць аўтар… Згадаць бабуліну прымху, што раз на год, напярэдадні Вадохрышча, ягады збіраюць і на небе. Звярнуцца з замоваю да Лесавіка: “Па кустах хаджу і па лясах, па імхах і па балотах, і куды я ні хаджу — аніколі не блуджу. З сонцам — па сонцы, з месяцам — па месяцы, з зоркамі — пад Божымі свечкамі. Хаджу, не блуджу, табе, гаспадар лясны, кланяюся і прашу: адкасніся ад мяне, адхіліся, у пень або корч абярніся”.

Нібы ў цыкле вершаў М.Багдановіча, што называўся “У зачарованым царстве”, родная прырода пачынае расчароўвацца. Адкрывае свае таемныя сілы “Зельнік Зоські Верас”. Суніцы, чарніцы, ажыны, брусніцы, маліны і нават воўчыя ягады з’яўляюцца не проста “жменяю ягад”, а зачараванымі ляснымі красунямі, прыбранымі ў яркія строі дзеля ляснога карнавалу. Кавалерамі на балі — грыбы, што, як і людзі, маюць свае цноты і хібы.

Пад гукі турынага рогу ажывае беларуская пушча, поўніцца звярынымі і птушынымі галасамі. Не абыдзены аўтарскай увагай ні яго вялікасць зубр, ні пан мядзведзь, ні дробная шляхта кшталту крата або зайца. Нават кузуркі — матылі і мурашкі — маюць права пазіраваць у майстэрні маэстра здзіўлення. Сівыя мхі і старыя дрэвы з вуснаў у вусны, ад сваіх продкаў пераказалі аўтару ўспаміны пра былыя ледавікі і адлігі, калі па зямлі беларускай блукалі мамант, валасаты насарог, пячорныя леў і мядзведзь…

Герой-апавядальнік Ягоўдзіка спасціг, як мне здаецца, хваробу цывілізацыі ХХІ ст. У сучасніку працягвае жыць комплекс Чырвонага Каптурыка, якой за кожным дрэвам мроіцца галодны драпежны воўк. Цывілізацыя сучаснага кшталту баіцца дзікай, атручанай ёю ж прыроды і суніцы, журавіны, баравікі і лісічкі спажывае не з лесу, а з супермаркета.

Ёсць чаго палохацца… Таму гісторыі Ягоўдзіка пра таямніцы жывой прыроды чытаеш яшчэ і з адценнем лёгкай скрухі. Настальгіі па Эдэме, які, калі яшчэ не страчаны людзьмі, дык вось-вось будзе страчаны.

“Раней ці пазней, але чорнага зайца не стала. Як не стала ў нашых лясах і пушчах тураў, балотнай рысі, дзікіх коней тарпанаў… Некаторыя з гэтых непапраўных страт, як горкі напамін людзям, глядзяць з малюнкаў, надрукаваных на пажоўклых старонках забытых выданняў, з колішніх гарадскіх гербаў і дакументаў”, — са скрухай кажа апавядальнік. Ён прапаноўвае штогод 16 жніўня, у памяць пра жывёліну, што падаравала ў гэты дзень герб мястэчку Копысь, ладзіць у яго наваколіцах Зайцава свята…

Тэндэнцыя да экалагічнага асветніцва асабліва выявілася ў літаратуры, прысвечанай дзецям. З’явіліся белетрызаваныя выданні: “Чырвоная кніга Беларусі” і “Блакітная кніга Беларусі”. У жанры экалагічнай казкі працуюць Р.Баравікова, А.Масла, А.Бадак.

Мне самому давялося напісаць казку “Каляровая затока”, гераіняй якой сталася занесеная ў “Чырвоную кнігу” жывёлінка Хахуля, і закрануць у гэтым творы, апроч экалогіі, тэмы кахання, здрады, рыцарскага служэння прыўкраснай Панне.

Знакавым бачыцца адраджэнне традыцыі бестыярыяў. У беларусаў ёсць магчымасць абапірацца ў гэтым плане не толькі на сусветную сярэднявечную традыцыю, але і на досвед французскага паэта, беларуса па паходжанні Гіёма Апалінэра, які стварыў свой “Бестыярый, або Картэж Арфея”. Аўтарамі сучасных бестыярыяў можна назваць Леаніда Дранько-Майсюка, што напісаў “Цацачную краму”, Змітра Вішнёва (“Штабкавы тамтам”, “Шоргат жукоў”), які выводзіць галерэю сваіх заалагічных персанажаў, выкарыстоўваючы прыёмы постмадэрнізму, Алеся Аркуша, у паэзіі якога шмат арніталагічных вобразаў.

Аўтар гэтых лекцый мае вопыт стварэння сваёй кнігі-бестыярыя “Піраміда Лінэя”. У адрозненне ад Г.Апалінэра, які паказваў звяроў як людзей, я імкнуся паказаць звяроў як звяроў і давесці права на існаванне кожнага з іх.

Гэта — адзін з пастулатаў, якія змяшчае ў сабе прынцып экалагічнага імператыву. Ён быў прадыктаваны Карлам Лінэем, які, будучы пабожным чалавекам, лічыў, што ўсё, створанае Богам, мае права на існаванне.

Другі прынцып быў пракламаваны Ч.Дарвіным, які разглядаў свет як экасістэму.

Вядома, ідэальная экасістэма можа падтрымлівацца толькі Творцам. Але чалавек пастаўлены на гэтай Зямлі гаспадаром усяго жывога і павінен весці сваю гаспадарку разумна, каб кожнаму хапіла ў ёй месца.

Аднойчы кола агляду ў Сінгапуры вышынёй 165 метраў спынілася на 6 гадзінаў. Гэта выклікала шок у пасажыраў.

Кола цывілізацыі спынілася. У гэтым сутнасць глабальнага крызісу.

Чалавецтва ідзе не тым шляхам. Глабальны крызіс — знак Апакаліпсісу. Памылка, магчыма, была зроблена тады, калі цывілізацыя абрала тэхнагенны шлях развіцця.

Яшчэ адзін знак Апакаліпсісу — глабальнае пацяпленне.

Цяжка прызнаваць свае памылкі. І чалавек множыць іх.

Выйсце з крызісу не ў тым, каб убіваць даляры ў аўтамабільную вытворчасць.

Проста чалавецтву трэба падумаць, ці не дастаткова рэчаў вакол яго, і што братам нашым меншым ужо няма дзе жыць.

Выпраўляць памылку трэба тым самым шляхам, якім яны былі зроблены, іншага спосабу адкруціць усё назад няма.

Больш бомбаў, аўтамабіляў, нафты і газу не выратуюць.

Такое ўжо было. Калі рабілася вавілонская вежа. Гэтае кола агляду дагістарычнай эпохі было раскідана Госпадам на карысць цывілізацыі. Госпад заадно змяшаў мовы, і мы іх маем цяпер 5000, у тым ліку і беларускую.

Чалавек павінен павярнуць глабальны крызіс сабе на карысць, інакш будуць і іншыя знакі, і чалавецтва не стане.

Літаратура

1. Анталогія даўняй беларускай літаратуры: ХІ — першая палова ХVIII стагоддзя. —Мн.: Бел. навука, 2003. —1015 с.

2. Анціпенка Алесь. Кліматычныя анамаліі — прадвесьце будучых катастроф // http://nmnby.eu/news/express/767.html

3. Апалінэр Г. Зямны акіян: Выбранае. /Перакл., прадм. Э.Агняцвет. —Мінск: Мастацкая літаратура, 1973.

4. Багдановіч М. Поўны збор твораў. У 3 т. —Мн.: Навука і тэхніка, 1992—1995.

5. Баршчэўскі Ян. Выбраныя творы. — Мн.: Бел. кнігазбор, 1998. — 480 с.

6. Баршчэўскі Л.П., Васючэнка П.В., Тычына М.А. Беларуская літаратура і свет: ад эпохі рамантызму да нашых дзён: папулярныя нарысы. —Мінск: Радыёла-плюс, 2006. —596 с.

7. Беларуская літаратура ХІХ стагоддзя: Хрэстаматыя. —Мн.: Выш. школа, 1998. —487 с.

8. Беларускія народныя казкі. —Мн.: Навука і тэхніка, 1981. —480 с.

9. Бельскі А.І. Краса і смутак. —Мн.: Маст. літ., 2000. —237 с.

10. Бурдзялёва І.А. Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў: майстры, плыні, традыцыі: Курс лекцый. —Мн.: МДЛУ, 2009. —167 с.

11. Васючэнка П.В. Ад тэксту да хранатопа: артыкулы, эсэ, пятрогліфы. —Мн.: Галіяфы, 2009. —200 с.

12. Васючэнка П.В. Драматургія і час. —Мн.: Навука і тэхніка, 1991. —144 с.

13. Васючэнка Пятро. Піраміда Лінэя: Бестыярый. —Мн.: Галіяфы, 2008. —76 с.

14. Васючэнка П.В. Сучасная беларуская драматургія: Дапаможнік для настаўнікаў. —Мн.: Маст. літ., 2000. —158 с.

15. Вішнёў Зміцер. Шоргат жукоў: Тэксты. —Мн.: Галіяфы, 2011. —92 с.

16. Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя. У 4 т., 5 кн. —Мн.: Бел. навука, 2001 —2003.

17. Гусоўскі Мікола. Песня пра зубра. —Мн.: Маст. літ., 1980. —192 с.

18. Дубоўка Уладзімір. Выбраныя творы. —Мн.: Дзяржаўнае выдавецтва БССР, 1959. —328 с.

19. Казкі пра жывёл і чарадзейныя казкі / Рэд. В.К. Бандарчык. —Мн.: Навука і тэхніка, 1971. —496 с. — (АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. Беларус. нар. творчасць).

20. Козіч В.І. Чалавек і прырода ў сучаснай беларускай прозе. —Мн.: Бел. навука, 1998. —96 с.

21. Колас Якуб. Збор твораў. У 14 т. — Мн.: Маст.літ., 1972—1978.

22. Купала Янка.Поўны збор твораў. У 9 т. — Мн.: Маст. літ., 1995—2003.

23. Мележ І. Збор твораў. У 10 т. Т. 7. — Мн.: Маст. літ., 1983. —558 с.

24. Петрашкевіч А. Соль: П’есы. — Мн.: Маст. літ., 1988. —480 с.

25. Симеон Полоцкий. Вирши. — Мн.: Маст. літ., 1990. —447 с.: іл.

26. Стеценко Е.А. Экологическое сознание в современной американской литературе. — М.: ИМЛИ РАН, 2002. —320 с.

You may also like...