Пётр Роўбал (Чэхія). Перыяд нармалізацыі ў Чэхаславакіі: 1969—1989 гг.
План:
1. Камуністычная нармалізацыя альбо частковая рэабілітацыя прыватнага жыцця
2. Асаблівасці тагачаснай масавай псіхалогіі
3. Пачатак апазіцыі
1. Камуністычная нармалізацыя альбо частковая рэабілітацыя прыватнага жыцця
У Чэхаславакіі, як і ў іншых дзяржавах сацыялістычнага лагеру, камуністычны рэжым меў далёкасяжную мэту радыкальна трансфармаваць грамадства, для чаго неабходна было зліквідаваць мяжу паміж прыватнай і грамадскай сферамі жыцця. Паводле Ладзіслава Голага (Ladislav Holy), рэжым меў на мэце знішчаць сферу прыватнага жыцця, бо менавіта там фармаваліся прыватныя інтарэсы асобы, якія супярэчылі інтарэсам камуністычнага грамадства. Маргарэт Тэтчэр належыць знакамітае выслоўе: “Такой рэчы, як грамадства, няма. Існуюць асобныя мужчыны, жанчыны і сем’і”. Палітыка камуністаў увасабляла іншую скрайнасць. Для іх не існавала анічога, акрамя грамадства. Грамадства (працоўны клас) лічылася маналітным арганізмам, калектыўнай адзінкай, якая мае сваю волю, патрэбы і інтарэсы. Панаваў погляд, што асоба вяла бессэнсоўнае адзінотнае існаванне і магла выканаць сваю гістарычную ролю толькі праз падпарадкаванне сваіх інтарэсаў інтарэсам грамадства. Гэта адлюстроўвалася ў такіх захадах, як нацыяналізацыя прыватнай уласнасці, планаванне на грамадскім узроўні дзіцячай палітыкі, новая ўрбаністычная архітэктура і прапагандысцкія кампаніі, якія падкрэслівалі значнасць грамадскай працы і духу калектывізму.
Рэакцыя грамадства на спробы размыць мяжу паміж прыватнай і грамадскай сферамі выявілася парадаксальнай. Насуперак намерам рэжыму, яно стала пільнаваць гэтую мяжу значна больш упарта, чым нават да прыходу камуністаў да ўлады. Людзі пачалі ўважаць грамадскае жыццё за сферу маніпуляцыі і прымусу, у той час як прыватная сфера лічылася востравам, дзе месцяцца сапраўдныя пачуцці чалавека і сэнс яго жыцця. Гэта прывяло да фармавання альтэрнатыўнай маралі, якая не адпавядала намерам рэжыму. Новы маральны кодэкс лепш за ўсё характарызаваўся выслоўем “Kdo nekrade, okrada rodinu” — “Хто не крадзе, абкрадае сваю сям’ю”. У гэтым выслоўі не толькі дакладна праводзіцца лінія паміж прыватнай і грамадскай сферамі, не толькі даецца дазвол красці грамадскую маёмасць, але нават абавязвае чалавека быць злодзеем.
Да падзеяў “пражскай вясны” камуністычны рэжым спрабаваў змагацца (адносна неэфектыўна) з падобнымі настроямі ў грамадстве пры дапамозе сумесі прапаганды і прымусу. “Пражская вясна” сама па сабе была момантам, калі людзі насамрэч успрынялі грамадскую сферу і занялі не толькі бэспрэцэдэнтна актыўную грамадскую ці палітычную пазіцыю, але яны нават віталі некаторыя выключна афіцыйныя адзнакі ўлады, як, напрыклад, першатравеньскія парады. Існуюць фотаздымкі першатравеньскага парада 1968 г., калі простыя людзі ўзбіраліся на платформы для чальцоў палітбюро і са шчырым энтузіязмам віталі Дубчака.
Савецкая агрэсія 1968 г. радыкальным чынам змяніла сітуацыю. Ад пачатку нармалізацыі, якая ўжо йшла поўнай хадой усяго толькі праз год пасля савецкага ўварвання (пра што сведчыць крывавае падаўленне дэманстарацыяў у адзнаку першай гадавіны падзеяў “пражскай вясны”), рэжым змяніў сваё стаўленне да грамадскай пасіўнасці людзей. Улада пачала заахвочваць сыход грамадзян у прыватную сферу. Камуністычны рэжым больш не намагаўся трансфармаваць грамадства. Яго мэтай стала падтрыманне стабільнасці — на змену стаханаўскаму руху прыйшла “шчырая штодзённая праца”. Гэты матыў стаў нязменнай тэмай камуністычнага штодзённіка “Rude pravo”, у якім, напрыклад, у траўні 1978 г. сцвярджалася:
“Прыемна, што абсалютная большасць працаўнікоў яскрава даводзіць сваю палітычную сталасць і выказвае поўную падтрымку партыі і яе палітыцы сваёй шчырай працай і канкрэтнымі дзеяннямі на карысць сацыялістычнай бацькаўшчыны”.
Спажывецкі сегмент эканомікі атрымаў значны штуршок, што мела на мэце забяспечыць павольнае, але сталае паляпшэнне якасці жыцця. Палітыка заахвочвання нараджальнасці таксама мела сваім наўмысным пабочным эфектам скіраванне энергіі маладога пакалення ў прыватную і сямейную сферу. Гэта падмацоўвалася шчодрымі безадсоткавымі пазыкамі, працяглымі дэкрэтнымі адпачынкамі і буйнымі жыллёвымі праграмамі. Змены на ўзроўні прапаганды лепш за ўсё прасочваюцца на прыкладзе знакамітых чэхаславацкіх спартакіядаў, падчас якіх тысячы людзей адначасова рабілі простыя гімнастычныя практыкаванні. У 1950-я гг. гэтыя відовішчы неслі моцны мабілізацыйны зарад, мелі мілітарыстычны падтэкст і падкрэслівалі зацятасць працоўнага класа ў яго барацьбе супраць падступнай буржуазіі. У 1970-я і 1980-я гг., за часам нармалізацыі, на першы план у спартакіядах выйшлі сямейныя каштоўнасці і нацыянальныя традыцыі.
Гэтыя захады ўлады выявіліся паспяховымі, што не магло не турбаваць. Перыяд паміж 1969 г. і канцом 1980-х гг. стаецца найбольш трывалым у гісторыі камуністычнай Чэхаславакіі. Большасць грамадства з удзячнасцю ўспрыняла змены ў афіцыйнай ідэалогіі і яшчэ лепш прыстасавалася да новай палітычнай сістэмы. Паміж элітай і грамадствам быў заключаны новы сацыяльны кантракт, пры гэтым абодва бакі зрабілі пэўныя саступкі. Так, рэжым адмовіўся ад сваёй мэты ўсеахопнай грамадскай трансфармацыі і тым самым паставіў пад пытанне сваю легітымнасць у доўгатэрміновай перспектыве (калі мэта палітыкі — забяспечваць падвышэнне жыццёвых стандартаў, чаму краінай мусіць кіраваць камуністычная, а не якая-колечы іншая партыя? Гэтая праблема не існавала ў 1950-я гг., калі камуністычная партыя сцвярджала, што будуе камунізм). Жыхары Чэхаславакіі, са свайго боку, адмаўляліся ад грамадскіх правоў, у тым ліку свабоды перасоўвання. Адной з крыніцаў новага сацыяльнага кантракту была адсутнасць надзеі на змену геапалітычнай сітуацыі, што выказвалася ў афіцыйным лозунгу “Разам з Савецкім Саюзам назаўжды”, да якога людзі з саркастычнай пакорай дадавалі: “І аніводнага дня больш”. Гэта прымусіла дысідэнта Паўла Брацінку вывесці матэматычную формулу, паводле якой грамадская мужнасць (с) ставалася функцыяй надзеі (h), падзеленай на рызыку (r), то бок c=h/r. Грамадская мужнасць памяншалася, калі знікала надзея, і людзі не жадалі рызыкаваць нават сваёй каляднай прэміяй ці доступам да тэлефоннай сувязі, калі не існавала надзеі на тое, што іх пратэст будзе паспяховым.
2. Асаблівасці тагачаснай масавай псіхалогіі
Грамадства па-рознаму прыстасоўвалася да новага сацыяльнага кантракту. Мы ўжо згадвалі лозунг “Хто не крадзе, абкрадае сваю сям’ю”, але раскраданне дзяржаўнай маёмасці мела больш шырокія наступствы, чым скажэнне маралі. Падобнае стаўленне выявілася нагэтулькі пашыраным, што яно стала неад’емнай часткай эканамічнай (у выглядзе пэўнага пераразмеркавання ўласнасці) і палітычнай сістэмаў. Напрыклад, найбольш пашыранай формай адпачынку за часам нармалізацыі быў пераезд і праца на дачы. Большасць дачаў была пабудаваная з матэрыялаў, якія нельга было набыць легальна. Адзіным шляхам здабыць будаўнічыя матэрыялы было скрасці іх. Часам даходзіла да смешнага — на месца паштовых скрыняў людзі ставілі пластыкавыя дарожныя знакі (patnik), чым адкрыта даводзілі прымальнасць скрадання дзяржаўнай маёмасці. Камуністычны рэжым добра ведаў пра падобную практыку, але заплюшчваў на гэта вочы, бо для яго эканамічныя страты больш чым кампенсаваліся палітычнымі здабыткамі. Нягледзячы на тое, што паліцыя не расследавала гэтыя выпадкі, было важна, што яны давалі падставу абвінаваціць грамадзян у злачынстве, калі тыя выйдуць за межы дазволенага ў палітычным сэнсе. Гэты прынцып добра адлюстраваны ў фільме Мілаша Формана “Бал пажарных”, дзе кожны знаходзіцца пад падазрэннем і стаецца часткова вінным.
Акрамя крадзяжу існавалі й іншыя практыкі. Любы тавар, які лічыўся каштоўным, прысабечваўся ці “прыватызаваўся”. Так, можна сцвярджаць, што глыбока карумпаваны працэс прыватызацыі ў Чэхаславакіі ў 1990-я гг. мае сваё карані ў перыядзе нармалізацыі. Час, праведзены ў грамадскай сферы (напрыклад, праца), лічыўся змарнаваным, таму прыдумляліся мудрагелістыя шляхі пашырыць прыватную сферу: раней сысці з працы, падоўжыць перапынак на абед, пайсці па крамах у працоўны час ці проста спаць на працы пасля мінуланочнай “прыватнай” гулянкі. Тое самае тычылася й стаўлення да прасторы й навакольнага асяродку, калі агульная тэрыторыя ставалася бруднай і занядбанай, у той час як прыватнае жыллё і дачы ўтрымліваліся ў бездакорнай чысціні.
Усё гэта прыводзіла да парадаксальнай сітуацыі, выслаўленай у папулярным у Чэхаславакіі ў 1970-я гады жарце: “Першая асабліваць сацыялізму: кожны мае працу, але ніхто не працуе. Другая асаблівасць: ніхто не працуе, але план выконваецца на сто адсоткаў. Трэцяя асаблівасць: план выконваецца на сто адсоткаў, але ў крамах нічога няма. Чацвёртая асаблівасць: у крамах нічога няма, але ў людзей усё ёсць. Пятая асаблівасць: у людзей усё ёсць, але кожны ад раніцы да вечара скардзіцца на камуністычны рэжым. Шостая асаблівасць: усе ўвесь час скардзяцца на камуністычны рэжым, але на выбарах кожны за яго галасуе”.
Адзін з аспектаў тагачаснага modus vivendi тычыцца пытання даверу. Калі з чальцамі сям’і і блізкімі сябрамі можна было шчыра выказваць свае думкі, то прамаўляць адкрыта на вуліцы ці працы азначала падвяргаць сябе рызыцы быць пачутым прыхаваным інфарматарам паліцыі. Па гэтай прычыне эмоцыі таксама прыхоўваліся — пасміхацца незнаёмцу (напрыклад, кліенту) лічылася падазроным, і эмоцыі ды давер прыхоўваліся для прыватнай сферы.
У 1978 г. Вацлаў Гавел напісаў сваё знакамітае эсэ “Моц бязмоцных”, якое стала своеасаблівым маніфестам цэнтральнаеўрапейскага дысідэнцкага руху. У ім Гавел прыводзіць прыклад уласніка крамы садавіны й гародніны, які, акрамя цыбулі і морквы, ставіць на вітрыну лозунг “Працаўнікі ўсяго свету, яднайцеся!” Гавел пытае, чаму ўласнік крамы гэта робіць, што ён хоча данесці свету і, галоўнае, што здарыцца, калі ён адмовіцца выставіць на вітрыну камуністычны лозунг. Гавел сцвярджае: нягледзячы на тое, што ўласніку абыякавы сэнс напісанага, у ім усё роўна заключаная вельмі важная ідэя. Лозунг мае наступны сэнс: “Я, прадавец садавіны і гародніны N, жыву тут і ведаю, што мушу рабіць. Я паводжуся гэтак, як ад мяне чакаюць. Я надзейны, і мяне няма чым папікнуць. Я паслухмяны і таму маю права, каб мяне пакінулі ў спакоі”. Абвяшчаючы сваю лаяльнасць уладзе, прадавец прымае дадзеныя правілы гульні і тым самым бярэ ў ёй удзел, чым робіць самую гульню магчымай. Падобныя паводзіны Гавел называе жыццём у хлусні.
Што здарыцца, калі прадавец адмовіцца выставіць на вітрыну камуністычнае гасла? Гавел піша: “Парушыўшы правілы гульні, ён разбурае самую гульню. Ён выкрывае рэальнасць як усяго толькі гульню. Ён разбурае свет уяўнага, нішчыць яго фундамент. Ён перакульвае сістэму ўладных стасункаў, бо прыбірае тое, што яе знітоўвае. Ён даводзіць, што жыццё ў хлусні ёсць жыццём у хлусні. Ён вырываецца па-за межы фасаду сістэмы і выкрывае існы падмурак улады. Ён кажа, што кароль голы. А праз тое, што кароль насамрэч голы, можа здарыцца нешта вельмі небяспечнае, бо гэтая заўвага стаецца зваротам да ўсяго свету. У выніку кожны можа пабачыць, што месціцца за фасадам сістэмы. Ён даводзіць кожнаму, што жыць у праўдзе магчыма. Існаванне ў хлусні можа ставацца апірышчам сістэмы толькі калі сістэма стаецца ўніверсальнай. Гэты прынцып мусіць ахопліваць і прасякаць усё. Няма аніякай магчымасці, каб гэты прынцып мог суіснаваць з жыццём у праўдзе, і таму кожны, хто выходзіць па-за яго межы і адкідае яго базавыя прынцыпы, нясе ў сабе пагрозу ўсёй сістэме”.
Жыць у праўдзе — то бок не граць паводле правілаў рэжыму, не выстаўляць лозунг “Працаўнікі ўсяго свету, яднайцеся!” — значыць, паводле Гавела, стаць дысідэнтам. У гэтым, паводле яго, й закладзеная моц бязмоцных. Яна мае характарыстыкі “бактэрыялагічнай зброі”, бо распаўсюджвае “вірус праўды”, які стварае сітуацыю, калі “адзіная цывільная асоба можа абяззброіць цэлы батальён”. Прычынай гэтага феномена стаецца тое, што “моц залежыць не толькі ад сваіх салдатаў, але й салдатаў ворага, то бок ад усіх, хто жыве ў хлусні і можа ў любы момант усвядоміць моц, заключаную ў праўдзе”.
Нягледзячы на тое, што гаўлаў тэкст “Моц бязмоцных” ёсць, верагодна, найбольш глыбокім і прыгожа напісаным чэшскім палітычным эсэ камуністычнага часу, яго можна разглядаць у якасці простай спробы найлепшым чынам падаць сітуацыю, у якой знаходзіўся дысідэнцкі рух за часам нармалізацыі. У гэтым выпадку мэтай Гаўла было давесці сябрам па дысідэнцкім руху, што барацьба мае сэнс, нават калі яна выключна сімвалічная, і што пытанне не ў колькасці дысідэнтаў, а ў іх моцы.
3. Пачатак апазіцыі
Праз падвойны ўплыў дзейнасці рэпрэсіўнага апарата камуністычнага рэжыму і пасіўнасці насельніцтва цягам першага дзесяцігоддзя перыяду нармалізацыі ў Чэхаславакіі не было арганізаванай апазіцыі. Тым не менш, у краіне засталіся нішы альтэрнатыўнай незалежнай культуры, якія ігнаравалі тагачасны сацыяльны кантракт. Нядзіва, што першай арганізаванай формай апазіцыйнай дзейнасці сталася рэакцыя на пераслед аднаго з альтэрнатыўных культурных праектаў. Суд над псіхадэлічным музычным гуртом “Plastic People of the Universe” выліўся ў грамадскі пратэст каля двухсот чэхаславацкіх інтэлектуалаў, вядомы як “Хартыя 77”, да якіх, пасля кампаніі дыскрэдытацыі з боку ўладаў, прыядналася яшчэ каля паўтары тысячы чалавек. Падобна да аб’яднання з больш вузкімі мэтамі пад назвай Камітэт Абароны Несправядліва Пераследаваных, “Хартыя 77” ставалася ў першую чаргу не гэтулькі апазіцыйным палітычным рухам, колькі шырокай пратэстнай праваабарончай арганізацыяй, якая выкарыстала падпісанне рэжымам Хельсінкскіх дамоваў 1975 г., каб падтрымліваць праўны ціск на ўлады. Як такая “Хартыя 77” не мела дакладнай арганізацыі, але лічылася, што ў ёй існавалі тры плыні: каталіцкая (ці, агулам, рэлігійная), ліберальна-інтэлектуальная, да якой належаў Гавел, і рэфарматарска-камуністычная, якую складалі ўдзельнікі падзеяў 1968 г. (некаторыя з іх бралі ўдзел у пераследзе прадстаўнікоў дзвюх першых плыняў у 1950-я гг.). Кожная з гэтых плыняў мела свайго прадстаўніка, што пацвярджалі сапраўднасць шматлікіх заяваў “Хартыі”.
Можа падацца, што гістэрычная рэакцыя камуністычнага рэжыму на “Хартыю 77” падмацоўвае гаўлава цверджанне, што нават сімвалічны жэст можа абрынуць камуністычную дыктатуру. Тым не менш, у 1980-я гг. дысідэнцкі рух не распаўсюдзіўся на шырокія колы насельніцтва. Новы сацыяльны кантракт і рэпрэсіўныя захады выявіліся здольнымі маргіналізаваць дысідэнтаў і фактычна загнаць іх у гета. Толькі напрыканцы 1980-х гг. масавыя акцыі пратэсту ў Празе і часткова ў Браціславе ды іншых гарадах пачалі збіраць у дзесяткі разоў больш людзей, чым колькасць падпісантаў “Хартыі 77”. Гісторыкі дасюль спрачаюцца, ці паўплываў дысідэнцкі рух на падзенне камуністычнага рэжыму, і калі так, дык у якой ступені.
Па-першае, у асяродку дысідэнтаў не існавала згоды ў стаўленні да дэманстрацыяў як формы апазіцыйнай дзейнасці. Першая група, якая збольшага складалася з дысідэнтаў старэйшага пакалення, цвердзіла, што вулічная палітыка была небяспечным сродкам барацьбы і што яна перакрочвала самаўсталяваныя абмежаванні праўнай сістэмы камуністычнага грамадства. Маладзейшыя дысідэнты лічылі, што камуністычны рэжым неабходна крытыкаваць на падставе таго, што ён мусіць прадстаўляць волю людзей, а гэта можна было зрабіць толькі шляхам грамадскага пратэсту па-за межамі дысідэнцкага гета.
Па-другое, на вуліцы, асабліва ў Празе, часцяком выходзілі прадстаўнікі незадаволенай моладзі, якія не мелі дачынення да дысідэнцкага руху. Важнейшым за маральны прыклад дысідэнтаў быў той факт, што ўсталяваны сацыяльны кантракт больш не дзейнічаў. Гэты кантракт грунтаваўся на безнадзейнасці геапалітычнай сітуацыі перыяду пасля 1968 г. Гарбачоўская перабудова і прыклады зменаў у Польшчы і Венгрыі паклалі канец гэтаму перыяду, і нечакана тыя людзі, якія не хацелі рызыкаваць сваімі каляднымі прэміямі ці доступам да тэлефоннай сувязі, сталіся гатовымі паставіць на кон свае кар’еры і здароўе. Паводле знакамітага выразу Цімаці Гартана Эша, “Польшчы было патрэбна дзесяць гадоў, Венгрыі — дзесяць месяцаў, Усходняй Германіі — дзесяць тыдняў, а Чэхаславакіі — дзесяць дзён”. Прычынай гэтага не была радыкальнасць чэшскага грамадства, але тое, што змены ў Чэхаславакіі пачаліся пазней, чым у яе сярэднееўрапейскіх суседзяў.
У заключэнне трэба адзначыць, што некаторыя гісторыкі і палітолагі сцвярджаюць, што ані дысідэнцкі рух, ані дэманстрацыі не мелі вялікага значэння, бо за часам нармалізацыі рэжым быў нагэтулькі карумпаваны і неэфектыўны, што ў выніку абрынуўся, як калода карт. Аднак з улікам вышэйзгаданага падаецца, што камуністычны рэжым быў калодай карт напрацягу ўсяго свайго існавання, але людзі мусілі выйсці са сферы прыватнага жыцця на грамадскую арэну і давесці, што ён НАСАМРЭЧ быў калодай карт.