“Сацыяльная гісторыя Беларусі ХІХ ст.” Курс лекцый Сяргея Токця

курс:

Сацыяльная гісторыя Беларусі ХІХ ст.

Курс адбыўся. Відэа лекцый можна паглядзець на youtube-канале Беларускага калегіюма.

Курс складаецца з чатырох лекцый і раскрые наступныя тры тэмы:

1. Прыгоннае права ў Беларусі ў першай палове ХІХ ст.

Адной з вызначальных рысаў беларускага грамадства ў першай палове ХІХ ст. з’яўлялася існаванне прыгоннага права, якое аказвала вялізны ўплыў на ўсе сферы жыцця. Парадаксальна, але гэтае пытанне абсалютна не вывучана ў беларускай гістарыяграфіі. Як узнікла і развівалася прыгоннае права ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай? Як паўплывала на прыгоннае права далучэнне Беларусі да Расійскай імперыі? Чым адрознівалася прыгоннае права на беларускіх і расійскіх землях? Змаганне беларускага сялянства супраць прыгоннага права і паншчыны. Стаўленне да прыгоннага права прагрэсіўных прадстаўнікоў шляхецкай эліты.

2. Голад, эпідэміі і сацыяльныя канфлікты ў Беларусі ў 40-50-ыя гады ХІХ ст.

У 40-50-ыя гады ў Еўропе назіраліся вельмі моцныя кліматычныя катаклізмы, якія выклікалі неўраджаі, голад і масавыя эпідэміі. Прыкладам можа паслужыць “Вялікі голад” у Ірландыі, які забраў мільёны жыццяў. У беларускай гістарыяграфіі гэтая праблема абсалютна абмінутая ўвагай даследчыкаў. А памеры неўраджаяў, голаду і эпідэмічных захворванняў у нас былі не нашмат меншыя, чым у Ірландыі. Больш таго, голад і эпідэміі аказалі вялікі ўплыў на ўсё грамадства, абвастрылі сацыяльныя супярэчнасці. У выніку ўсім фактычна стала зразумела, што прыгоннае права павінна быць зліквідаванае.

3. Рэформа 1861 г. і вызваленне сялянства.

Расійская імперыя апошняй у Еўропе скасавала прыгоннае права. Першымі заявілі аб сваёй гатоўнасці да вызвалення сялян памешчыкі Беларусі. Рэформа з’яўлялася кампрамісам дзяржаўнай бюракратыі з памешчыкамі. Становішча сялянства фактычна не змянілася з адменай прыгону. Вялікі ўплыў на правядзенне рэформы аказала паўстанне 1863 г. Дзякуючы паўстанню беларускія сяляне атрымалі значна лепшыя ўмовы вызвалення ад прыгону. Пасля рэформы беларуская вёска бурна развівалася ў сацыяльна-эканамічных адносінах, але адначасова распачалася рэалізацыя палітыкі русіфікацыі беларускага сялянства.

Сяргей Токць – доктар гістарычных навук. Жыве і працуе ў Гародні. Даследчык праблем сацыяльнай і палітычнай гісторыі Беларусі ХІХ-ХХ ст. Займаецца таксама пытаннямі метадалогіі гісторыі, мікрагісторыі. 

Аўтар больш за 150 публікацый, у тым ліку манаграфій: “Беларуская вёска ў эпоху зменаў: другая палова ХІХ – першая траціна ХХ ст.”, “Сацыяльныя і культурныя працэсы ў беларускай вёсцы ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст.”, “Мясцовая шляхта і дзяржаўная адміністрацыя Расійскай імперыі ў Гродзенскай губерні: лаяльнасць і супраціў (1802-1860-ыя гады)”.