Стратэгія дзейнасьці НДА й недзяржаўных мэдыяў у Беларусі

Кароткі аналіз сучаснай беларускай сытуацыі

Пачынаючы з 1995 г., агульная сытуацыя ў Беларусі вызначаецца ўмацаваньнем аўтарытарнага рэжыму, уціскам на незалежныя мэдыі, разбурэньнем інфраструктуры трэцяга сэктару, звужэньнем ягонага ўплыву на грамадзтва, маргіналізацыяй палітычных партыяў.

Спробы супрацьдзеяньня аўтарытарным тэндэнцыям аказаліся беспасьпяховымі.

Адно з асноўных тлумачэньняў гэтай сытуацыі палягае ў савецкім і пост-савецкім кансэрватызьмебеларускага грамадзтва, якое напярэдадні распаду СССР небеспадстаўна арыентавалася на рост дадрабыту (узровень жыцьця беларусаў у былым СССР быў адным з самых высокіх параўнальна з іншымі савецкімі рэспублікамі). А рэальныя чаканьні большасьці беларускага насельніцтва ніякім чынам не выходзілі па-за межы існай тады (камуністычнай) сыстэмы грамадзкага ўладкаваньня й разьмеркаваньня сацыяльных дабротаў.

Абвяшчэньне беларускай незалежнасьці й рэзкае падзеньне ўзроўню жыцьця ў пэрыяд т.зв. “лібэралізацыі” (1991—1994 гг.) у сутыкненьні з рэальнымі (сацыялістычнымі) чаканьнямі большасьці беларускага насельніцтва выклікалі сапраўдны сацыяльны шок і сталіся падставай росту настальгічных і агрэсіўных настрояў, а таксама даволі імклівай рэанімацыі савецка-кансэрватыўнай мэнтальнасьці. А.Лукашэнка стаўся палітычным выразьнікам гэтых тэндэнцыяў.

Сутнасьць ягонага палітычнага message‘у палягала ў простай і зразумелай для большай часткі насельніцтва формуле — “назад у СССР”. Пазьней гэты message эвалюцыянаваў у працэс т.зв. інтэграцыі з Расеяй.

Другім істотным чыньнікам былі працэсы, зьвязаныя з фармаваньнем нацыянальнай ідэнтычнасьці, базаванай на этна-моўнай мадэлі беларускай самаідэнтыфікацыі.

Распачатыя апазыцыйнымі палітычнымі сіламі на пачатку 1990-х гг., гэтыя працэсы, сутыкнуўшыся, з аднаго боку, з тэндэнцыямі рэстаўрацыі савецка-кансэрватыўнай мэнтальнасьці, а, з другога боку, з русыфікаванай сьвядомасьцю значнай часткі беларускага насельніцтва, пацярпелі паразу. Выявілася, што Беларусь зьяўляецца недафармаванай пост-савецкай нацыяй з шэрагам праблемаў культурніцкай і нацыянальнай ідэнтычнасьці. А таму ў адрозьненьне ад балтыйскіх краінаў нацыянальны рух у Беларусі ня стаўся істотным чыньнікам дэсаветызацыі насельніцтва, ягонай палітычнай кансалідацыі й зьмены кіроўнай эліты.

Гэткім чынам, савецкі (пост-савецкі) кансэрватызм і маргінальная (пост-імпэрская) сьвядомасьць значнай часткі беларускага насельніцтва ня толькі заблякавалі сацыяльныя й палітычныя трансфармацыі ў краіне, але й дазволілі кіраўніку дзяржавы збудаваць аўтарытарную сыстэму кіраваньня.

Разам з тым, цягам апошніх дзесяці год у краіне адбываліся па-засыстэмныя (непасрэдна нявызначаныя дзейнасьцю палітычнай апазыцыі) працэсы, якія заўважна паўплывалі на самыя розныя сацыяльныя, культурніцкія, палітычныя й геапалітычныя арыентацыі беларускага насельніцтва й якія зьвязаныя з:

— самім фактам існаваньня беларускай дзяржаўнасьці, якая сталася мэханізмам фармаваньня новай несавецкай беларускай ідэнтычнасьці, базаванай, аднак, не на мадэлі моўна-этнічна-нацыянальнай самаідэнтыфікацыі, а на “ідэі” беларускага грамадзянства;

— уступленьнем у завяршальную фазу пост-каляніяльнай “гісторыі” т.зв. беларуска-расейскай інтэграцыі, якая фактычна зрабіла магчымым канчатковы выбар на карысьць беларускай незалежнасьці;

— цывілізацыйным фактарам блізкасьці Беларусі да Эўропы, што азначае ня толькі тое, што за гады незалежнасьці значная частка беларускіх грамадзянаў (адна траціна) змагла пазнаёміцца з заходнім (дэмакратычным) ладам жыцьця, але і тое, што большасьць беларускага насельніцтва аддае відавочную перавагу заходнім мадэлям спажываньня сацыяльных дабротаў і тавараў;

— вычарпаньнем папулісцкага рэсурсу ўплыву на грамадзкую думку з боку А.Лукашэнкі, пра што сьведчыць ня толькі падзеньне рэйтынгу кіраўніка дзяржавы пасьля другіх прэзыдэнцкіх выбараў, але і ўвядзеньне сыстэмы ідэалягічнай працы, збудаванай на ўзор савецкай прапагандысцкай мадэлі;

— узрослым адчуваньнем грамадзкай думкай няправільнасьці абранага кірунку разьвіцьця краіны.

Можна прагназаваць, што ў каротка- й сярэднетэрміновай пэрспэктыве ўсе вышэй пералічаныя фактары будуць узмацняцца, а гэта азначае, што беларускае грамадзтва будзе рабіцца больш успрымальным да рознага кшталту ідэяў, скіраваных на зьмену сацыяльнай, палітычнай і эканамічнай сытуацыі ў краіне.

2. Дзейнасьць трэцяга сэктару й спонсарская падтрымка

Разьвіцьцё трэцяга сэктару ў Беларусі можна падзяліць на наступныя этапы:

— 1987 г. — узьнікненьне першых няўрадавых арганізацыяў і іх хуткае разьвіцьцё ў 1991—1994 гг. Асноўнымі чыньнікамі імклівага росту трэцяга сэктару былі спрыяльныя ўмовы, якія вынікалі з агульнай лібэралізацыі палітычнай сытуацыі ў краіне, а таксама спонсарскай дзейнасьці Беларускага Фонду Сораса ды іншых фундатараў;

— 1995—1996 гг. — разьвіцьцё грамадзкага руху ў Менску й абласных гарадах. Шэраг НДА пачынае мэтаскіравана працаваць на разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці. Вясна 1996 г. — кульмінацыя пратэстных настрояў у беларускім грамадзтве.

— 1997—2001 гг. — рэгіяналізацыя й структурызацыя трэцяга сэктару, кансалідацыя НДА. Разам з тым, зьнешнія ўмовы дзейнасьці трэцяга сэктару істотна пагаршаюцца. Сярод фактараў пагаршэньня: а) зьмена сацыяльных настрояў беларускага грамадзтва, б) увядзеньне татальнага кантролю з боку ўладаў за электроннымі мэдыямі й выцісканьне з інфармацыйнай прасторы краіны недзяржаўных электронных мэдыяў, в) эканамічная дыскрымінацыя й перасьлед недзяржаўных друкаваных СМІ, г) ускладненьне працэдуры рэгістрацыі новых НДА й СМІ;

— 2001—2004 гг. — актывізацыя трэцяга сэктару, зьвязаная з другімі прэзыдэнцкімі выбарамі, перасьлед і закрыцьцё найбольш актыўных і ўплывовых НДА, рэзкае скарачэньне спонсарскай падтрымкі, зьнікненьне паводле эканамічных прычынаў і закрыцьцё ўладамі шэрагу агульна­нацыянальных і рэгіянальных газэт, “выжываньне мацнейшых”. У новых умовах робіцца відавочнай адсутнасьць доўгатэрміновай стратэгіі, а таксама ўзаемапаразуменьня са спонсарамі што да пэрспэктываў разьвіцьця трэцяга сэктару й агульнай сытуацыі ў краіне.

3. “Сустрэча з будучыняй” альбо стратэгія дзейнасьці трэцяга сэктару й недзяржаўных мэдыяў да 2006 г. і надалей

Зыходзячы з прапанаванага аналізу сытуацыі, стратэгія разьвіцьця трэцяга сэктару й мэдыяў мусіць улічваць названыя вышэй фактары (пп. 1—6, раздз. 1). Яна мусіць таксама адпавядаць зрухам у грамадзкай думцы, што адбыліся ў кірунку абыякавага (замест энтузіястычнага) альбо крытычнага стаўленьня значнай часткі беларускага насельніцтва да дзеяньняў уладаў, сёньняшняй сацыяльнай, эканамічнай палітыкі, стану краіны й кірунку яе разьвіцьця.

Можна таксама сьцьвярджаць, што фактарамі актывізацыі крытычнай грамадзкай думкі ў краіне стануць парлямэнцкія й прэзыдэнцкія выбары.

Неабходна, аднак, улічваць, што сёньняшняя грамадзкая думка ў Беларусі не зьяўляецца кансалідаванай. Палітычныя дзеяньні й публічнае выказваньне ўласных палітычных меркаваньняў людзей блякуюцца страхам магчымага пакараньня альбо іншых наступстваў. Апошняе істотна абмяжоўвае магчымасьці шырокамаштабных палітычных дзеяньняў у краіне.

3.1 Агульная характарыстыка стратэгіі

Гэтая стратэгія не базуецца на выбудове перадвыбарных кааліцыяў з палітычнымі партыямі, палітычнымі блёкамі альбо іншымі палітычнымі сіламі ў краіне. У грамадзтвах, дзе не існуе ані разьвітай партыйнай сыстэмы, ані разьвітай грамадзянскай супольнасьці, такія саюзы непазьбежна ператвараюць НДА ў закладнікаў палітычнай барацьбы, а слабыя палітычныя партыі імкнуцца выкарыстаць іх у якасьці сваіх філіяў ці дадатковых палітычных рэсурсаў.

Гэтая стратэгія ня мае таксама на мэце разбудову трэцяга сэктару як самадастатковай структуры, г.зн., як структуры, дзейнасьць якой не скіраваная на зьнешнія асяродкі.

Асноўны зьмест гэтай стратэгіі вызначаецца яе доўгатэрміновымі мэтамі, а менавіта — выбудовай моцнай, паўнавартаснай грамадзянскай супольнасьці й прамоцыяй эўрапейскага (дэмакратычнага) выбару для Беларусі (уступленьне ў Эўразьвяз).

Пры тым, што мэты стратэгіі маюць агульнанацыянальны характар, акцэнт дзейнасьці НДА пераносіцца на рэгіянальны й лякальны ўзроўні. Разьвіцьцё рэгіянальных і мясцовых супольнасьцяў і ўсьведамленьне гэтымі супольнасьцямі сваіх інтарэсаў ёсьць неабходнай умовай фармаваньня паўнавартаснай грамадзянскай супольнасьці й будучай сыстэмы самакіраваньня ў краіне. Без умацаваньня гэтых супольнасьцяў немагчымы рух да агульнанацыянальнага дэмакратычнага выбару.

3.2 Сярэднетэрміновымі мэтамі стратэгіі зьяўляюцца:

— актывізацыя й кансалідацыя лякальных элітаў, разбудова гарызантальных сувязяў сацыяльнай салідарнасьці, прамоцыя ідэі грамадзянскай самаарганізацыі для вырашэньня самых розных праблемаў, а таксама ідэі мясцовага самакіраваньня. Цэнтрамі гэтага працэсу мусяць стацца недзяржаўныя арганізацыі на рэгіянальным і лякальным узроўнях. Абарона НДА й іх актывістаў;

— разьвіцьцё й умацаваньне пачуцьця беларускай грамадзянскасьці, інтарэсаў, правоў і абавязкаў грамадзяніна, а таксама інтарэсаў і правоў лякальных супольнасьцяў;

— разьвіцьцё й умацаваньне беларускай культурнай і нацыянальнай ідэнтычнасьці, базаванай на ідэях беларускай дзяржаўнасьці, культурніцкай традыцыі й гістарычнай эўрапейскасьці беларускай нацыі;

— стварэньне сытуацыі рэальнага інфармацыйнага выбару, вынікам якой мусіць стацца добрая паінфармаванасьць беларускіх грамадзянаў і грамадзтва адносна сацыяльных, палітычных, эканамічных і культурных праблемаў і працэсаў у краіне й па-за яе межамі;

— прамоцыя ідэі ўдзелу ў выбарах у падтрымку дэмакратычных кандыдатаў як рэальнай асновы сацыяльных, эканамічных і палітычных зьменаў у краіне;

— умацаваньне трэцяга сэктару праз давер да НДА з боку насельніцтва;

— распрацоўка сцэнараў дэмакратычных трансфармацыяў беларускага грамадзтва;

— прамоцыя эўрапейскага выбару для Беларусі (Эўропа як каштоўнасьць);

— наладжваньне супрацоўніцтва паміж беларускімі й замежнымі НДА з краінаў, дзе адбыліся дэмакратычныя пераўтварэньні.

3.3 Вызначэньне мэтавых групаў

Дэмаграфічная структура сучаснага беларускага грамадзтва добра карэлюецца з разьмеркаваньнем падтрымкі/непадтрымкі дэмакратычных ідэяў, эўрапейскага выбару Беларусі, сёньняшняга курсу краіны й цяперашніх уладаў, якія гэты курс ажыцьцяўляюць.

Відавочна, што носьбіты савецкага й пост-савецкага кансэрватызму выяўляюць найбольшую падтрымку цяперашняй уладзе й найменшую апазыцыі й дэмакратычным пераўтварэньням у краіне. Гэта — большасьць прадстаўнікоў узроставых групаў 50—59 гадоў і 60 гадоў і болей (электарат А.Лукашэнкі). А найбольшую падтрымку дэмакратычнаму выбару (каля 40%) выказваюць прадстаўнікі ўзроставай групы 25—29 гадоў.

Цікава адзначыць, што гэта тая ўзроставая група, прадстаўнікі якой атрымалі сярэднюю й вышэйшую адукацыю ў пэрыяд паўставаньня беларускай незалежнасьці, руху за нацыянальнае адраджэньне, “Шушкевічаўскай лібэралізацыі” й “беларусізацыі” сярэдняй і вышэйшай адукацыі ў краіне.

Менавіта гэтая ўзроставая група можа стацца ня толькі найбольш актыўнай у прасоўваньні ідэяў дэмакратычнай трансфармацыі краіны, але й рэальным “рэсурсам” папаўненьня актывістаў трэцяга сэктару.

Астатнія ўзроставыя групы (18—19, 20—24, 30—39, 40—49 гадоў) выяўляюць заманіфэставануюпадтрымку апазыцыі на ўзроўні 30%. Што ж да “нэўтральнай” ідэі ўступленьня Беларусі ў Эўразьвяз, дык пераважная большасьць беларускага насельніцтва (2/3) падтрымліваюць далучэньне краіны да Эўразьвязу.

Неабходна, аднак, мець на ўвазе, што грамадзкая думка ў Беларусі, яе структура, канфігурацыя й дынаміка — надзвычай складаныя фэномэны, якія мусяць стацца асобнымі аб’ектамі аналітыкі.

3.4 Стасункі з палітычнымі партыямі й рухамі

Відавочна, што інтарэсы НДА (трэцяга сэктару), незалежных мэдыяў і дэмакратычных палітычных партыяў далёка не заўсёды супадаюць. Здабыцьцё палітычнай улады ня ёсьць мэтай няўрадавых арганізацыяў, а выбудова грамадзянскай супольнасьці не зьяўляецца галоўнай мэтай дзейнасьці палітычных партыяў. Незалежныя мэдыі, у сваю чаргу, не абслугоўваюць інтарэсы палітычных партыяў і не зьяўляюцца абаронцамі палітычных інтарэсаў насельніцтва. (У адваротным выпадку яны ператвараюцца ў сродак прапаганды ці ідэалягічнай працы).

Аб’ектыўна інтарэсы ўсіх названых сілаў супадаюць толькі: а) у агульнай доўгатэрміновай пэрспэктыве фармаваньня дэмакратычнага грамадзтва і б) падчас выбарчых кампаній. У апошнім выпадку супадзеньне інтарэсаў вынікае, аднак, не з палітычных мэтаў партыяў, што ўдзельнічаюць у выбарах, а з фундамэнтальных дэмакратычных каштоўнасьцяў і правоў чалавека — свабоды меркаваньня, свабоды слова і свабоды выбару. Зыходзячы з гэтых каштоўнасьцяў і будуюцца адносіны з палітычнымі партыямі.

Адпаведна, галоўная задача НДА — гэта не ўдзел у выбарах, а актывізацыя грамадзянскай сьвядомасьці насельніцтва падчас выбарчых кампаній, а таксама яе разьвіцьцё па-за межамі гэтых кампаніяў. Фактычна, гэтая дзейнасьць мусіць быць пастаяннай.

3.5 Неабходныя ўнутраныя ўмовы ажыцьцяўленьня стратэгіі

Улічваючы той факт, што сучаснае беларускае грамадзтва зьяўляецца ў значнай ступені атамізаваным і фрагмэнтаваным, што характэрна для любога пост-савецкага (трансфармацыйнага) грамадзтва, у якім яшчэ не адбыліся інстытуцыйныя зьмены і ў якім “часова аб’яднальная ідэалёгія” кшталту пост-савецкага нацыяналізму балтыйскіх краінаў не прывяла да кансалідацыі грамадзтва адносна галоўных кірункаў ягонага разьвіцьця ці да фармаваньня паўнавартаснай шматпартыйнай сыстэмы; а таксама улічваючы шэраг беларускіх палітычных рэаліяў, імпэратыўнымі ўмовамі ажыцьцяўленьня гэтай стратэгіі зьяўляюцца:

а) аб’яднаньне ўсіх актыўных НДА краіны з мэтамі дзейнасьці, апісанымі вышэй;

б) маштабнасьць дзеяньня;

в) моцная аналітыка ўва ўсіх фрагмэнтах скаардынаванай дзейнасьці й яе плянаваньня;

г) распрацоўка праграмаў дзеяньняў, скіраваных на актывізацыю грамадзянскай сьвядомасьці на рэгіянальным і лякальным узроўнях, якія не абмяжоўваюцца толькі патрэбамі выбарчых кампаній;

д) дасягненьне ўзаемапаразуменьня са спонсарамі й скаардынаваная спонсарская падтымка.

3.6 Неабходныя зьнешнія ўмовы ажыцьцяўленьня стратэгіі (агульныя рэкамэндацыі)

3.6.1 Заходнія партнэры й суседнія дзяржавы, падтрымліваючы грамадзянскую супольнасьць у Беларусі, мусяць сыходзіць з таго, што хуткія й буйнамаштабныя трансфармацыі ў сучасным беларускім грамадзтве немагчымыя нават пры зьмене цяперашняй кіроўнай эліты. Сучасны стан беларускага грамадзтва патрабуе доўгатэрміновых інвэстыцыяў у грамадзянскую супольнасьць, разьлічаных на 5—10 гадоў. І гэтыя інвэстыцыі не павінны зьвязвацца толькі з чарговымі парлямэнцкімі й прэзыдэнцкімі выбарамі.

3.6.2 Недапушчальна разглядаць Беларусь у кантэксьце выключна ўзаемаадносін Захада й Расеі альбо ў кантэксьце так званай беларуска-расейскай інтэграцыі. Неабходна ўлічваць, што, нягледзячы на афіцыйную прапаганду ды інфармацыйную ізаляцыю Беларусі ад Захаду, у беларускім грамадзтве адбываюцца дынамічныя працэсы культурніцкай і нацыянальнай самаідэнтыфікацыі, якія кірункам свайго разьвіцьця маюць заходні вектар, а значная колькасьць беларускага насельніцтва ўжо выказваецца на карысьць эўрапейскага выбару краіны.

3.6.3 Стратэгія дапамогі разьвіцьцю грамадзянскай супольнасьці павінна чуйна ўлічваць спэцыфіку беларускай сытуацыі. Імпарт гатовых сцэнараў дэмакратычных трансфармацыяў з іншых пост-камуністычных краінаў — непрадукцыйны шлях для Беларусі. Бо сучасная мэнтальнасьць значнай колькасьці беларускага насельніцтва па-ранейшаму захоўвае адмоўны досьвед зьнешніх уплываў, якія гістарычна мелі на тэрыторыі Беларусі форму агрэсіі ці калянізацыі.

3.6.4 Ключавым момантам зьяўляецца супрацьдзеяньне — усімі даступнымі сродкамі і мэтадамі — працэсам ізаляцыі Беларусі на міжнародным узроўні ці яе самаізаляцыі.

3.6.5 Падтрымка грамадзянскай супольнасьці мусіць быць перадусім скіраваная не на тыя сацыяльныя праграмы, ажыцьцяўленьне якіх без узаемадзеяньня з уладамі малаэфектыўнае ці ўвогуле немагчымае, а на праекты НДА, скіраваныя на разьвіцьцё дэмакратычных супольнасьцяў, грамадзянскай адукацыі і недзяржаўных мэдыяў.

3.7 Прынцыпы дзейнасьці й ажыцьцяўленьня стратэгіі

— Каардынацыя й узгодненыя дзеяньні, скіраваныя на дасягненьне вызначаных мэтаў;

— Супольнае плянаваньне акцыяў рэгіянальнага й агульнанацыянальнага маштабу;

— Стратэгія малых перамогаў пры ажыцьцяўленьні дзеяньняў;

— Арыентацыя на рэальныя сацыяльныя, інфармацыйныя й культурніцкія патрэбы насельніцтва рэгіёна (краіны);

— Заангажаваньне максымальнай колькасьці грамадзянаў;

— Моцны PR, скіраваны на тлумачэньне сэнсу акцыяў і іхных вынікаў;

— “Мы маем і ажыцьцяўляем добрыя намеры”;

— “Мы ствараем саюзьнікаў, а ня ворагаў”;

— “Мы дзейнічаем гнутка, а ня “ў лоб”;

— Пазьбяганьне ўсялякіх канфліктаў з насельніцтвам пры ажыцьцяўленьні дзеяньняў;

— Апірышча на “здаровы сэнс”;

— Дэпалітызаванасьць дзеяньня;

— “Тэатралізаванасьць” дзеяньня пры правядзеньні масавых кампаніяў.

4. Асноўны корпус ідэяў, што вынікаюць з прапанаванай стратэгіі

Ключавым момантам ажыцьцяўленьня гэтай стратэгіі зьяўляецца інфармацыйная эфэктыўнасьцьнедзяржаўных рэгіянальных і нацыянальных мэдыяў, якія перадусім мусяць выконваць фунцыюпублічнага (грамадзянскага) форуму.

4.1 Недзяржаўныя рэгіянальныя й нацыянальныя мэдыі

Мусяць стацца аб’ектам крытычнага аналізу з пункту гледжаньня іхнай інфармацыйнай эфэктыўнасьці. Вынікам гэтага аналізу павінна стаць распрацоўка новых/альтэрнатыўных інфармацыйных пакетаў.

Дасягненьне сытуацыі рэальнага інфармацыйнага выбару” (п.3.2.4) немагчымае без прысутнасьці й эфэктыўнай дзейнасьці недзяржаўных друкаваных і электронных мэдыяў у інфармацыйнай прасторы Беларусі.

Дзеля гэтага неабходна:

а) істотна падтрымаць недзяржаўныя агульнанацыянальныя й рэгіянальныя газэты;

б) наладзіць альтэрнатыўную сыстэму іх распаўсюду;

г) аднавіць дзейнасьць радыё “Рацыя”;

в) стварыць тэлевізійны сатэлітавы канал (грамадзкае ТВ);

д) наладзіць распаўсюд тэлевізійых праграмаў на відэакасэтах;

е) стварыць рэгіянальныя web-газэты;

ж) стварыць цэнтар распаўсюду інфармацыі праз электронную (e-newsletters) й звычайную пошту;

з) падтрымаць існыя інфармацыйна-аналітычныя web-site‘ы, дзейнасьць якіх адпавядае доўгатэрміновым мэтам гэтай стратэгіі ці стварыць новыя.

4.2 Маніторынгава-аналітычны мэдыя-цэнтар

Хаця Беларуская Асацыяцыя Журналістаў і ажыцьцяўляла цягам 10 апошніх год маніторынг мэдыя-сытуацыі ў краіне (галоўным чынам, парушэньняў свабоды слова й уціску на недзяржаўныя СМІ), зьмест мэдыяў (інфармацыйных пакетаў) і іхных аўдыторыяў ніколі ня быў аб’ектам сур’ёзнай аналітыкі. Гэтую задачу мусіць выканаць маніторынгава-аналітычны мэдыя-цэнтар, папярэдняя канцэпцыя якога распрацаваная.

4.3 Іншыя аналітычныя цэнтры (Think Tanks) і аналітычныя групы

Дзеля дасьледаваньня грамадзкай думкі, распрацоўкі сцэнараў дэмакратычных трансфармацыяў беларускага грамадзтва пажаданай зьяўляецца каардынацыя працы тых аналітычных цэнтраў і групаў, якія падзяляюць мэты й прынцыпы дзейнасьці, выкладзеныя ў гэтай стратэгіі.

У краіне мусяць быць актывізаваныя дасьледаваньні працэсаў і праблемаў эўрапейскай інтэграцыі, досьведу ўступленьня ў Эўразьвяз нашых суседзяў ды іншых новых сябраў ЭЗ.

Дзеля распрацоўкі канкрэтных рэгіянальных сцэнараў дзеяньняў НДА могуць стварацца часовыя аналітычныя групы.

Асаблівую ўвагу варта зьвярнуць на распрацоўку тэхналёгіяў дзеяньняў і выбудову эфэктыўных спосабаў узаемадачыненьняў з грамадзкасьцю (PR-тэхналёгіі). Улічваючы спэцыфіку беларускай мэнтальнасьці, зьвязаную з праблемамі пост-савецкага й пост-каляніяльнага (пост-імпэрскага) кшталту, такі накірунак аналітыкі зьяўляецца надзвычай важным.

4.4 Цэнтральная роля рэгіянальных аб’яднаньняў НДА

На першым этапе ажыцьцяўленьня стратэгіі гэтая роля вымагае распрацоўкі рэгіянальных стратэгіяў дзеяньня альбо, як мінімум, стварэньня “банкаў” найбольш рэальных для ажыцьцяўленьня ідэй ці іх “інвэнтарызацыі” з улікам рэгіянальнай (мясцовай) спэцыфікі, самога становішча гэтых НДА, мэтаў і прынцыпаў агульнай стратэгіі.

4.5 Праблемы, якія трэба вырашыць пры ажыцьцяўленьні стратэгіі

4.5.1 Гэта сацыяльны аспэкт Чарнобыльскай праблемы. На сёньня гэтая праблема выявілася ў сацыяльнай пасіўнасьці вялікай часткі насельніцтва забруджаных тэрыторый, якое адчувае сябе значна больш залежнымі ад уладаў, чым ад сваёй уласнай ініцыятывы ў вырашэньні ня толькі пост-чарнобыльскіх, але і іншых праблемаў.

4.5.2 Гэта праблема культурніцкіх пост-каляніяльных стэрэатыпаў значнай часткі беларускага насельніцтва, якая ў шэрагу выпадкаў маніфэстуе каштоўнаснае падзяленьне (арыентацыя на Захад альбо на Ўсход).

Выяўленьне й дасьледаваньне гэтых стэрэатыпаў, а таксама публічныя дэбаты могуць істотна паспрыяць іх пераадоленьню.

4.5.2 Гэта праблема новых лідэраў на ўсіх, а асабліва на лякальным узроўні. Гэтая праблема вымагае ажыцьцяўленьня шэрагу трэнінгавых праграмаў, якія могуць зьдзейсьніць нашыя замежныя партнэры-НДА.

5. Мінімалісцкая арганізацыйная мадэль ажыцьцяўленьня стратэгіі

Гэтая арганізацыйная мадэль неабходная для ўзгодненай і скаардынаванай дзейнасьці на ўсіх узроўнях ажыцьцяўленьня стратэгіі.

На рэгіянальным узроўні гэтую мадэль добраахвотна складаюць прадстаўнікі ўсіх мясцовых НДА, што падзяляюць мэты й прынцыпы гэтай стратэгіі дзейнасьці.

На агульнанацыянальным узроўні яе добраахвотна складаюць прадстаўнікі рэгіянальных аб’яднаньняў НДА, праваабарончых арганізацыяў, прадстаўнікі нацыянальных НДА, што маюць рэгіянальныя прадстаўніцтвы й падзяляюць мэты й прынцыпы дзейнасьці стратэгіі, а таксама прадстаўнікі аналітычных групаў і цэнтраў, якія выяўляюць цікавасьць да аналітычных распрацовак, што вынікаюць з прапанаванай стратэгіі, альбо ўжо ажыцьцяўляюць такія распрацоўкі.

Прадстаўнікі ўсіх названых арганізацыяў не ўтвараюць аніякай палітычнай кааліцыі.

Дзеля асьвятленьня дзейнасьці заангажаваных у ажыцьцяўленьне стратэгіі НДА й іх аб’яднаньняў (асацыяцый) запрашаюцца прадстаўнікі недзяржаўнай прэсы.

Дзеля ажыцьцяўленьня стратэгіі ўзгодненай і скаардынаванай дзейнасьці, што вынікае з яе мэтаў, прадстаўнікі рэгіянальных і агульнанацыянальных НДА падпісваюць адпаведныя Мэмарандумы аб узаемадзеяньні.

Менск, люты 2004 г.

МЭМАРАНДУМ

Падзяляючы мэты й прынцыпы “СТРАТЭГІІ ДЗЕЙНАСЬЦІ НДА Й НЕДЗЯРЖАЎНЫХ МЭДЫЯЎ У БЕЛАРУСІ”, выкладзенай вышэй, мы цалкам усьведамляем, што гэтая стратэгія не зьяўляецца адзіна магчымай.

У той жа час мы ясна ўсьведамляем, што рэальныя праблемы беларускага грамадзтва зусім ня зводзяцца да праблемаў сучаснага палітычнага ўладкаваньня дзяржавы, а ляжаць значна глыбей. Напоўніцу яны выявяцца пасьля зьмены цяперашняга кіроўнага рэжыму, а таксама падчас правядзеньня дэмакратычных рэформаў у краіне.

Пасьпяховасьць правядзеньня гэтых рэформаў у значнай ступені будзе залежаць ад сфармаванасьці ў краіне моцнай грамадзянскай супольнасьці, якая зьяўляецца адным з гарантаў дэмакратычных трансфармацыяў. Свабодныя грамадзяне, якія ўсьведамляюць свае асабістыя, прыватныя інтарэсы й правы, ёсьць галоўнай сілай, што складае рэальную супрацьвагу любым аўтарытарным і таталітарным памкненьням улады. А свабодныя грамадзяне, якія ўсьведамляюць сваю культурніцкую й нацыянальную тоеснасьць, ёсьць гарантам захаваньня незалежнасьці краіны й яе свабоднага разьвіцьця.

Падзяляючы мэты й прынцыпы стратэгіі, мы бярэм на сябе абавязак ажыцьцявіць наступныя першапачатковыя крокі, неабходныя для яе рэалізацыі.

•  Распаўсюдзіць дакумэнт сярод усіх лякальных, рэгіянальных і агульнанацыянальных НДА;

•  Ажыцьцявіць маніторынг прапановаў і ідэяў, што будуць выказаныя зацікаўленымі ў ажыцьцяўленьні гэтай стратэгіі НДА;

•  Стварыць рэгіянальныя “банкі ідэяў”, найбольш прыдатных для ажыцьцяўленьня гэтай стратэгіі;

•  Правесьці (у выпадку неабходнасьці) рэгіянальныя канфэрэнцыі для абмеркаваньня гэтых ідэяў;

•  Распрацаваць на падставе гэтых ідэяў праграмы дзейнасьці на рэгіянальным і агульнанацыянальным узроўнях;

•  Заангажаваць агульнанацыянальныя й рэгіянальныя мэдыі ў распаўсюд гэтага дакумэнту ці асноўных яго ідэяў;

•  Распаўсюдзіць дакумэнт сярод замежных амбасадаў у РБ, усіх донарскіх арганізацыяў і замежных няўрадавых арганізацыяў, якія зацікаўленыя ў супрацоўніцтве з беларускімі НДА.

Кантактная інфармацыя: Алесь Анціпенка, belkalehium@yahoo.com

Менская аналітычная група “ВС”

Менск, сакавік 2004 г.

You may also like...