Сяргей ЁРШ. Вытокі беларускага пасляваеннага антыбальшавіцкага ўзброенага руху

ЛЕКЦЫЯ 1. ВЫТОКІ БЕЛАРУСКАГА ПАСЬЛЯВАЕННАГА АНТЫБАЛЬШАВІЦКАГА ЎЗБРОЕНАГА РУХУ

 

Плян:

1. Крыніцы і бібліяграфія па гісторыі беларускага ўзброенага Супраціву.

2. Прычыны ўзьнікненьня ўзброенага пасьляваеннага Супраціву на Беларусі.

3. Палітычныя сілы, якія спрычыніліся да арганізацыі беларускага руху Супраціву.

 

1. Крыніцы і бібліяграфія па гісторыі беларускага ўзброенага Супраціву

Беларускі антысавецкі ўзброены рух другой паловы 1940-х—1950-х гадоў не вывучаўся гісторыкамі савецкай Беларусі, як і навукоўцамі незалежнай Рэспублікі Беларусь. Для айчыннай гістарыяграфіі такой праблемы, як антысавецкі ўзброены рух, наогул не існавала. Фактычна, не існуе яе і цяпер. У савецкай Беларусі, як і сёньняшняй Рэспубліцы Беларусь, пад забаронай знаходзяцца любыя станоўчыя альбо нават і нэўтральныя згадкі пра пасьляваенны антыбальшавіцкі рух. Афіцыйная прапаганда працягвае прытрымлівацца міту, што ў нашай краіне арганізаванага і масавага антысавецкага супраціву не было, што “мелі месца толькі асобныя варожыя праяўленьні”, якія зьдзяйсьнялі “фашысцкія недабіткі”. Насамрэч, гэта абсалютна не адпавядае сапраўднасьці. І што дзіўна, гэтую неадпаведнасьць выяўляюць найперш афіцыйныя крыніцы.

Дык у чым прычына замоўчваньня беларускага пасьляваеннага ўзброенага Супраціву? Галоўная прычына — палітычна-ідэалягічная. Улада, якая называе сябе “беларускай”, баялася і баіцца любога праяўленьня беларускіх незалежніцкіх ідэяў. А пасьляваенны Супраціў — яскравы прыклад змаганьня тысячаў беларускіх патрыётаў за дзяржаўную незалежнасьць Беларусі.

Першыя публікацыі, у якіх тым ці іншым чынам уздымалася тэматыка беларускага збройнага руху, зьявіліся ў 1960-я гады. На той жа час прыпадае і чарговая хваля камуністычнай прапаганды, накіраванай супраць “буржуазных нацыяналістаў”, а з друку выходзіць кніга В.Раманоўскага “Саўдзельнікі ў злачынствах” (Менск, 1964). Падабраўшы асобныя дакумэнты, факты, аўтар запісаў усіх беларускіх нацыянальных дзеячоў, якія дзейнічалі на акупаванай немцамі тэрыторыі Беларусі, да злачынцаў і калябарантаў. Аргумэнтаваны адказ на кнігу В.Раманоўскага зьявіўся ў 1989 годзе, калі ў Варшаве па-польску выйшла дасьледаваньне гісторыка Юры Туронка “Беларусь пад нямецкай акупацыяй” (кніга пабачыла сьвет у Менску ў 1993 годзе). Туронак, без якіх-небудзь ідэалягічных штампаў, паказаў сапраўдную дзейнасьць беларускіх нацыяналістаў падчас Другой сусьветнай вайны. Але і Раманоўскі, і Туронак не зьвярнулі ўвагі на пасьляваенны антыбальшавіцкі партызанскі і падпольны рух у Беларусі, які стаўся лягічным працягам дзейнасьці беларускіх нацыяналістаў падчас вайны.

Да пачатку 1990-х гадоў толькі акадэмічная “Гісторыя Беларускай ССР” у пяці тамах (т. 5, Мн., 1975, б. 77, 78) згадвала пра “антысавецкія групы і ўзброеныя банды”, пішучы, што тыя перашкаджалі ўстанаўленьню савецкай улады на вёсцы ў пасьляваенны час. Упершыню былі надрукаваны і абагульняючыя даныя пра зьліквідаваныя ў заходніх абласьцях Беларусі партызанскія аддзелы ў 1945—1947 гадах.

Напрыканцы 1980-х гадоў палітычная “адліга” паспрыяла вывучэньню гісторыкамі шмат якіх “белых плямаў”, у тым ліку і антысавецкага партызанскага руху. Аднак некаторыя беларускія гісторыкі са скептыцызмам ставіліся да маштабаў гэтага руху ў Беларусі. Напрыклад, дасьледчык М.Кузьняцоў у адной са сваіх публікацыяў падае зьвесткі пра “трафеі” органаў савецкай дзяржбясьпекі ў барацьбе з “бандытамі” (а гэта сотні мінамётаў, тысячы кулямётаў, аўтаматаў ды інш.) і піша: “Адным словам, не хапала толькі танкаў і самалётаў… зброі… налічана столькі, што добрую армію можна ўзброіць” (Кузьняцоў М. Канец векавой мяжы // Голас Радзімы, 1989, 31 жніўня).

Аднак напачатку 1990-х гадоў шэраг беларускіх дасьледчыкаў, такіх, як Уладзімер Гуленка, Сяргей Жумар, Аляксандар Міхальчанка, Аляксандар Хацкевіч, пазьней і Аляксей Салаўёў, Яўген Сямашка ды інш., пачалі актыўна публікаваць свае першыя спробы дасьледаваньняў па гісторыі пасьляваеннага антысавецкага партызанскага руху. Уладзімер Гуленка, у асноўным, распрацоўваў гісторыю паўстаньня і дзейнасьці на тэрыторыі Беларусі ўкраінскіх антыбальшавіцкіх партызанскіх аддзелаў і падпольля. Ягоныя артыкулы зьяўляліся ў гістарычнай энцыкляпэдыі Беларусі, у пэрыёдыцы (напрыклад, артыкул “Бандеровцы воевали в Беларуси 11 лет” у газэце “Свободные новости”, 1992, сакавік, № 5). Сяргей Жумар у сваіх газэтных публікацыях (Армия Крайова: свет или тени? // Рэспубліка, 1992, 28 кастрычніка; Освобождение после освобождения // Советская Белоруссия, 1994, 26 жніўня) і нават у кнізе пра польскае падпольле (Ермолович В., Жумарь С. Огнем и мечом. Хроника польского националистического подполья в Беларуси (1939—1953 гг.). Менск, 1993, б. 99) піша пра “молодчиков из отрядов Витушки”. А гэта цалкам супярэчыла афіцыйнай вэрсіі, паводле якой Міхал Вітушка, кіраўнік беларускага Супраціву, загінуў у студзені 1945 году, а таму, зразумела, ня мог дзейнічаць у пазьнейшы час. Аляксандар Міхальчанка ў артыкуле “Белорусская символика: традиции и современность” ( Советская Белоруссия, 1990, 25 лістапада) выказаў тагачасны афіцыйны пункт гледжаньня, назваўшы антыбальшавіцкіх партызанаў калябарантамі, “воспитанными под сенью бело-красно-белого знамени и Погони”, а партызанскія аддзелы — “националистическими бандами”. Журналіст У.Саласюк у артыкуле “Стрэлы з мінулага” (Коммунист Белоруссии, 1990, № 5) да пасьляваеннага партызанскага руху ставіцца інакш. Ён піша, што ў Заходняй Беларусі “ішла вайна — невядомая для нашай гісторыі, гісторыі Беларусі”.

Аднак, асьвятляючы дзейнасьць польскай Арміі Краёвай і постакаўскіх структураў АУН-УПА на тэрыторыі Беларусі, выпадкова ці наўмысна, дасьледчыкі абміналі тэму беларускага ўзброенага руху. Толькі намёкамі, неяк сарамліва, іншы раз згадваюцца і “мясцовыя фашысцкія недабіткі”, “банды”, “бандыты Вітушкі”. Да гэтага часу афіцыйная беларуская гістарыяграфія так і не распачала вывучэньне пасьляваеннага нацыянальнага партызанскага руху.

Ня трэба казаць, што беларускія гісторыкі прынамсі на дзесяцігодзьдзе адстаюць ад летувіскіх, польскіх ці ўкраінскіх гісторыкаў, якія вывучаюць названыя тэмы, друкуюць шматтомныя дасьледаваньні, што грунтуюцца на багатай базе архіўных крыніцаў. Дайшло да таго, што польскія гісторыкі, убачыўшы бязьдзейнасьць беларускіх, пачалі ім даводзіць, што была пасьля вайны ў Беларусі ня толькі польская, але й беларуская партызанка. Гісторыкі Т.Стэмбаш і К.Ясевіч пісалі (артыкул “Празь ісьціну — да братэрства” // Беларуская мінуўшчына, 1994, № 3, б. 41): “Пасьля ўступленьня Чырвонай Арміі на Наваградчыну і Гродзеншчыну там паўставалі і вялі барацьбу з савецкім рэжымам ня толькі польскія, але і беларускія атрады, менавіта яны, а не палякі, што выязджалі ў цэнтральную частку (г.зн. Польшчу. — С.Ё.), зьяўляліся добраю апораю для лясных групаў (пра гэта кажуць многія сьведкі, якія перажылі тыя часы)”.

Трэба адзначыць, што ў Польшчы ўжо выйшла некалькі дасьледаваньняў і зборнікаў матэрыялаў савецкіх дакумэнтаў, прысьвечаных пасьляваеннаму Супраціву ў Беларусі. У прыватнасьці, архіўныя матэрыялы, якія ахопліваюць пэрыяд з 1944 да 1946 году, склалі кнігу “NKWD o polskim podziemiu”, падрыхтаваную беларускім гісторыкам Уладзімерам Гуленкам. У Беларусі гэтыя дакумэнты, аднак, не друкаваліся.

Пачынаючы з 1993 году ў незалежных беларускіх газэтах, такіх, як “Пагоня”, “Наша Ніва”, пачынаюць зьяўляцца артыкулы пра беларускі антысавецкі пасьляваенны партызанскі рух, у якіх ён ацэньваецца станоўча. Можна згадаць артыкулы: “Лясы, бункеры, партызаны” Д.Гасмюлера (Пагоня, 1994, лістапад), “Дзе загінуў генэрал Вітушка?” Яна Вежана (Пагоня, 1995, люты), першае дасьледаваньне па гэтай тэматыцы — “Пасьляваенны супраціў бальшавіцкім акупантам на Беларусі” Сяргея Ярша (Пагоня, 1995, чэрвень-ліпень, №№ 23, 24, 26, 28). На апошні пасьледавала і рэакцыя ветэранаў органаў савецкай дзяржбясьпекі: “Только “Черному коту” не повезло” (Пагоня, 1995, лістапад, № 41). Яны былі ўзрушаны артыкулам і паданымі ў ім маштабамі дзейнасьці “лясных братоў”, адмаўлялі некаторыя пададзеныя ў матэрыяле факты. У траўні 1997 году ў газэце “Наша Ніва” зьявіўся артыкул “Генэрал Вітушка” Сяргея Ярша, прысьвечаны асобе кіраўніка беларускага нацыянальнага Супраціву. У адказ у дзяржаўнай прэсе (“Гродзенская праўда”, “Народная газета”, “Знамя юности”) пасьледаваў шэраг артыкулаў супрацоўніка прэс-службы КДБ РБ Ігара Іваноўскага, у якіх ён сьцьвярджае, што ніякага арганізаванага Супраціву ў Беларусі не было, а Вітушка загінуў яшчэ ў студзені 1945-га і ня мог ім кіраваць.

Пры вывучэньні беларускага пасьляваеннага партызанскага руху шмат інфармацыі па яго дзейнасьці дае беларуская эміграцыйная пэрыёдыка другой паловы 1940-х—1950-х гадоў. Найперш, гэта публікацыі ў газэтах “Беларускае слова”, “Бацькаўшчына”, “Незалежная Беларусь”, “Беларус”, “Беларускі эмігрант”, часапісах “Рух”, у “Бюлетэні Беларускай Незалежніцкай Партыі” ды інш. Гэтыя публікацыі зьмяшчаюць самую разнастайную інфармацыю, найперш успаміны ўдзельнікаў антыбальшавіцкай барацьбы. На жаль, ня ўсе паданыя ў іх факты сёньня можна спраўдзіць. Напрыклад, у газэце “Вольнае слова” (Заходняя Нямеччына), органе Беларускага саюзу журналістаў, на працягу 1949—1951 гадоў друкаваўся шэраг успамінаў удзельнікаў партызанскага руху, якія перабраліся на Захад. Прыводзіліся прыклады баявых акцыяў, называліся людзі, якія кіравалі Супрацівам, падавалася інфармацыя пра падпольны друк і былі нават яго перадрукі. На жаль, да гэтага часу арыгіналы гэтых падпольных выданьняў ня знойдзеныя, і застаецца спадзявацца, што яны захаваліся ў дзяржаўных і прыватных архівах на Захадзе і ў архівах КДБ на Беларусі.

Трэба зазначыць, што Сяргей Жумар у кнізе “Оккупационная периодическая печать на территории Беларуси в годы Великой Отечественной войны” (Менск, 1996) адзначаў сумніўнасьць публікацыяў у беларускай эміграцыйнай прэсе ў першыя пасьляваенныя гады: “После войны эмиграционные белорусские издания стремились убедить своих читателей в том, что в Советской Беларуси с приходом Красной Армии развернулась активная партизанская борьба”.

Першыя дасьледаваньні па гісторыі беларускага пасьляваеннага партызанскага руху зьявіліся зноў жа ў пэрыядычным друку беларускіх эмігрантаў. Можна згадаць артыкул эміграцыйнага гісторыка Юркі Стасевіча “Беларуская партызанка па II вайне” (Беларускі голас, 1981, № 292), у якім ён выказвае вэрсію зьнікненьня М.Вітушкі і М.Ганько пасьля спыненьня партызанскае барацьбы. Гэтым публікацыям, што грунтаваліся на ўспамінах людзей, бракавала, аднак, канкрэтных фактаў, лічбаў, часта дапускаліся недакладнасьці, скажэньні прозьвішчаў і г.д. Грунтоўнае дасьледаваньне зьбіраўся напісаць Юрка Віцьбіч, але не пасьпеў, і вядомы толькі плян задуманага ім дасьледаваньня (ён зьмешчаны ў кнізе “Антыбальшавіцкія паўстаньні і партызанская барацьба на Беларусі” (Нью-Ёрк, 1996)).

Першая грунтоўная праца па зборы і сыстэматызацыі інфармацыі, найперш з апублікаваных (у Беларусі і за мяжой), а таксама вусных крыніцаў, была зробленая ў даведніку “Антысавецкія рухі ў Беларусі. 1944—1956 гг.” (Менск, 1999, пад рэдакцыяй А.Дзярновіча). Аднак пры падрыхтоўцы гэтага даведніка выявілася абмежаванасьць базы гістарычных крыніцаў, аказалася таксама немагчыма спраўдзіць многія факты праз архіўныя дакумэнты. З іншага боку, нягледзячы на ўсе недахопы, у даведніку ўпершыню была сыстэматызаваная інфармацыя і прапанаваныя храналягічныя рамкі пасьляваеннага Супраціву, складзеная бібліяграфія.

Вельмі важнай крыніцай па гісторыі пасьляваеннага партызанскага руху зьяўляюцца дакумэнты архіваў КДБ РБ і ФСБ Расеі, да якіх дасьледчыкі па-ранейшаму маюць вельмі абмежаваны доступ. Па прыкладу Летувы альбо Ўкраіны можна прагназаваць, што дакумэнты КДБ дапамогуць атрымаць зьвесткі па колькаснаму, сацыяльнаму складу ўдзельнікаў партызанскай барацьбы, дапамогуць скласьці біяграфіі яе ўдзельнікаў, кроніку праведзеных баявых і прапагандысцкіх акцыяў, мірнага супраціву, каталёг падпольнага і партызанскага друку.

Цікавы блёк крыніцаў — гэта вусныя сьведчаньні. Успаміны ўдзельнікаў і сьведкаў пасьляваеннага Супраціву даюць нам ня толькі інфармацыю пра ягоную дзейнасьць, але й пра побыт антыкамуністаў, пра настроі насельніцтва і г.д. Іхныя ўспаміны раскрываюць такія дэталі, якіх нельга будзе знайсьці ў крымінальных справах архіву КДБ. Іншая рэч, што многія людзі да сёньня баяцца падзяліцца сваімі ўспамінамі, нават пры ўмове ананімнасьці.

Таму на сёньняшні дзень ёсьць вялікая патрэба ў дасканалым, грунтоўным выданьні па гісторыі пасьляваеннага Супраціву, але падрыхтаваць яго без выкарыстаньня архіўных крыніцаў, найперш архіваў КДБ і ФСБ, немагчыма.

 

2. Прычыны ўзьнікненьня ўзброенага пасьляваеннага Супраціву на Беларусі

Асноўнымі прычынамі зьяўленьня Беларускага пасьляваеннага ўзброенага Супраціву былі:

1. Досьвед папярэдняй савецкай акупацыі, якая паказала сутнасьць бальшавізму і ягонай палітычнай, сацыяльна-эканамічнай, рэлігійнай палітыкі. Гэты досьвед не пакідаў выбару прыхільнікам незалежнасьці Беларусі.

2. Узьніклы падчас нямецкай акупацыі беларускі нацыянальны рух Супраціву вырашыў супраціўляцца і бальшавікам (такія самыя рашэньні прынялі польскі і ўкраінскі рухі Супраціву, у шэрагах якіх былі тысячы беларусаў).

3. Спадзяваньне (асабліва ў Заходняй Беларусі) на дапамогу Захаду ў барацьбе беларускага народу за дзяржаўную незалежнасьць.

4. Тэрор савецкіх карных органаў супраць мірнага насельніцтва ў першыя пасьляваенныя гады, прымусовая калектывізацыя і “раскулачваньне” сялянства, што выклікала Супраціў людзей, даведзеных да адчаю.

5. Зыход у лес дзясяткаў тысячаў мужчынаў, якія альбо пазьбягалі арышту “за супрацу зь нямецкімі акупантамі”, альбо пазьбягалі мабілізацыі ў Чырвоную Армію.

6. Патрыятызм, жаданьне змагацца за волю і незалежнасьць Бацькаўшчыны.

Кожны чалавек прымаў рашэньне пра далучэньне да Супраціву зыходзячы менавіта з гэтых прычынаў.

У хуткім часе спадзяваньне на канфлікт Савецкага Саюзу з Захадам не апраўдалася. Але, натуральна, ня толькі гэтае спадзяваньне прымушала людзей адразу ж пасьля прыходу бальшавікоў у 1944 годзе ствараць партызанскія аддзелы.

Многія ішлі ў лес, каб перачакаць неспрыяльныя часы. А таму некаторыя створаныя вясной 1945 году беларускія партызанскія аддзелы зусім не праводзілі ніякіх збройных акцыяў, як прыклад — аддзел Віктара Сікоры, які да канца 1945-га знаходзіўся ў раёне Шаркаўшчыны. З часам, аднак, сталася зразумелым, што пасіўны супраціў і тым больш яго адсутнасьць ня зьменшаць бальшавіцкія рэпрэсіі супраць насельніцтва, а, наадварот, толькі павялічаць іх. Пра гэта сьведчыла першая савецкая акупацыя 1939—1941 гадоў.

Вярнуўшыся ў Беларусь, бальшавікі адразу ж разгарнулі шырокія рэпрэсіі супраць усіх, хто нібыта супрацоўнічаў зь нямецкімі акупантамі, а таму “здрадзіў савецкай радзіме”. Пад гэтую катэгорыю траплялі дзясяткі тысячаў людзей, прадстаўнікі самых розных слаёў грамадзтва. Для арышту селяніна было дастаткова, напрыклад, даносу, што ён здаваў харчы ці вопратку для нямецкай арміі. Частка такіх людзей, адны раней, другія пазьней, пачалі змагацца, іншыя, запалоханыя да скрайнасьці, дзесяцігодзьдзямі хаваліся ад савецкай улады. Адным, відаць, з апошніх, хто выйшаў са схованкі, быў Бушыла. Адбылося гэта на заходнебеларускім Палесьсі ў 1989 годзе.

Вядомыя выпадкі, калі ў лес ішлі многія з рэпатрыянтаў, якія вярнуліся на радзіму. Адчуваючы блізкі арышт, яны пераходзілі на нелегальнае становішча. Напрыклад, на такі крок пайшоў былы бурмістар аднаго з раёнаў Магілёўшчыны. Вярнуўшыся з Заходняй Нямеччыны, ён пакінуў сваю сям’ю ў вёсцы, а сам пайшоў у лес.

Некаторыя ўдзельнікі антыбальшавіцкага руху — гэта людзі, якія вярнуліся ў Беларусь, каб адпомсьціць за сваіх родных. Адным з такіх людзей быў “рагулявец” Міхась Шунько, які дэсантаваўся на Беларусі ў канцы 1944 году, каб адпомсьціць за бацькоў, зьнішчаных савецкімі партызанамі.

Летам 1944 году ў Беларусі распачалася масавая мабілізацыя ў Чырвоную Армію, якой, асабліва ў Заходняй Беларусі, імкнуліся пазьбегнуць вельмі многія мужчыны. Па некаторых зьвестках, да амністыі 1945 году на тэрыторыі Беларусі хавалася ад мабілізацыі каля 170 тысячаў чалавек. Частку зь іх выявілі, пакаралі альбо накіравалі на фронт савецкія карныя органы, многія выйшлі зь лесу ў 1945 годзе, іншыя хаваліся й далей ці папаўнялі партызанскія аддзелы.

Асобна трэба разглядаць зрыў мабілізацыі ў Чырвоную Армію, арганізаваны польскім падпольлем у некаторых раёнах тагачасных Гарадзенскай і Баранавіцкай абласьцей (напрыклад, у Іўеўскім, Юрацішкаўскім, Шчучынскім раёнах ды інш.).

Папаўненьне партызанскіх шэрагаў выклікалі таксама і дэпартацыі, і “раскулачваньне”, і пазьней прымусовы запіс у калгасы. Прычым, калгасы не прымаліся аднолькава як заможнымі сялянамі, так і малазямельнымі. Летувіскія дасьледчыкі нават падлічылі, што ў шэрагах летувіскіх “лясных братоў” было больш якраз малазямельных сялянаў, а заможныя да апошняга трымаліся за сваю гаспадарку і зямлю і часта нават ня бралі ўдзелу ў Супраціве.

У першыя пасьляваенныя гады стварыліся такія ўмовы, калі многія маладыя людзі, у тым ліку і былыя сябры СБМ, адчувалі, што непазьбежна стануць ахвярамі савецкай дзяржбясьпекі. Заставацца дома было небясьпечна, а перабрацца на Захад — цяжка. Ня лёгкай была, праўда, і партызанская доля. Таму, далучаючыся да партызанкі, людзі спадзяваліся на дапамогу Захаду, а патрыятычныя пачуцьці стваралі пры гэтым важную матывацыю да змаганьня з бальшавізмам.

Чаканьне дапамогі з Захаду не было, аднак, ілюзорным, як гэта можа падасца на першы погляд. Міжнародная сытуацыя пасьля 1946 году ўвесь час накалялася, а зьяўленьне кожнай новай кропкі напружаньня (блякада савецкімі войскамі Заходняга Бэрліна, вайна ў Карэі, Бэрлінскае антыкамуністычнае паўстаньне, Вугорскае антыкамуністычнае паўстаньне) узмацняла надзею на блізкі вайсковы канфлікт паміж СССР і Захадам. Таму пэўны час, прынамсі да канца 1940-х гадоў, партызанскае кіраўніцтва імкнулася прадэманстраваць Захаду баяздольнасьць сваіх аддзелаў, бескампраміснасьць у змаганьні з бальшавікамі, рашучасьць здабыць незалежнасьць сваёй краіне.

Беларускія партызаны мелі надзею й на тое, што ім удасца выжыць, што становішча іх не безнадзейнае і хутка зьменіцца ў лепшы бок. Таму тым большым было расчараваньне, калі пасьля некалькіх гадоў партызанкі яны так і не дачакаліся дапамогі з Захаду. Гэтая зьмена настрояў сярод беларускіх партызанаў адбылася прыблізна ў 1948—1949 гадах, і яна знайшла сваё адлюстраваньне ў падпольнай прэсе, якая наракала “на слабы і нявытрывалы ў большасьці народ” ды заклікала да працягу змаганьня, якім бы цяжкім яно не было.

У сувязі з гэтым варта згадаць пра патрыятызм, які ў тых крытычных умовах меў вялікае значэньне, бо, насуперак усім цяжкасьцям і няўдачам, надаваў сэнс узброенаму супраціву. Ня маючы поўнай карціны беларускага збройнага Супраціву, можна, тым ня менш, меркаваць, што нацыянальны дух значнай часткі беларускіх партызанаў быў ня надта моцны, прынамсі, у параўнаньні з нацыяналістычным духам летувіскіх ці ўкраінскіх змагароў. Вядома, што даўжэй за ўсё супраць савецкай улады змагаліся менавіта тыя аддзелы і людзі, нацыянальная сьвядомасьць, патрыятызм якіх былі высокімі. Напрыклад, сябра Беларускай Незалежніцкай Партыі, паэт Аўген Жыхар ваяваў на Пастаўшчыне да 1955 году.

І ўсё ж галоўным фактарам, што забясьпечыў масавасьць збройнага руху, быў савецкі тэрор. Масавыя рэпрэсіі і свавольства бальшавіцкіх органаў улады падштурхнулі людзей да збройнага супраціву. Пасьля 1945 году менавіта ўцекачы ад арыштаў і дэпартацыяў стабільна “падсілкоўвалі” беларускі партызанскі рух. Некаторыя з такіх людзей нават займалі ў партызанцы кіруючыя пасады. Напрыклад, настаўнік Іван Раманчук зь Нясьвіжчыны, якому пагражаў арышт. Дзесьці ў другой палове 1945 году ён перайшоў на нелегальнае становішча і стварыў партызанскі аддзел, які дзейнічаў да 1949 году. Вымушана пайшоў у лес і Сьцяпан Лабовіч, камандзір партызанскага аддзелу на мяжы Зэльвенскага і Слонімскага раёнаў, якому пагражаў арышт за кароткі ўдзел у самаахове.

Папаўнялі партызанку і тыя сувязныя і агенты, якія працавалі на легальным становішчы, займаючы часам даволі ўплывовыя пасады ў савецкай адміністрацыі, міліцыі, войску. Адчуваючы пагрозу арышту, яны сыходзілі ў лес. Напрыклад, перайшоў у аддзел І.Раманчука Міхась Кожыч, адзін з кіраўнікоў падпольнага Саюзу змаганьня за незалежнасьць Беларусі, які жыў і працаваў у Горадні. Па некаторых зьвестках, у 1945—1946 гадах на ўсход ад Барысава дзейнічаў партызанскі аддзел “Чорнага Ката”, якім кіраваў афіцэр, Герой Савецкага Саюзу, прозьвішча якога дагэтуль невядомае.

Нельга не адзначыць і такога фактару ўдзелу ў партызанцы, як рамантызм змаганьня, уласьцівы, галоўным чынам, маладым людзям. У кагосьці пайшлі ў лес сябры, брат, бацька, і гэта быў натхняльны прыклад. Асабліва ў тыя гады, калі партызанскі рух быў масавым і яшчэ захоўвалася вера ў посьпех барацьбы.

З іншага боку, як адзначаюць летувіскія дасьледчыкі (напрыклад, Кястуціс Гірнюс), цяжка растлумачыць, чаму ўсе гэтыя фактары па-рознаму ўзьдзейнічалі на тых ці іншых людзей. Апынуўшыся ў аднолькавых умовах, аднолькавай небясьпецы, адны ішлі ў лес, а іншыя заставаліся на месцы, чакаючы волі лёсу. Вялікую ролю адыгрывалі тут, безумоўна, асабістыя якасьці чалавека, яго характар.

 

3. Палітычныя сілы, якія спрычыніліся да арганізацыі беларускага руху Супраціву

Пры ўсёй стыхійнасьці арганізацыі й дзейнасьці беларускіх антыбальшавіцкіх партызанскіх аддзелаў у першыя пасьляваенныя гады, нельга не адзначыць і заўважнай ролі ўжо на першым этапе беларускіх палітычных дзейнікаў. Пасьляваенны антыбальшавіцкі беларускі рух Супраціву быў лягічным працягам дзейнасьці беларускага нацыянальнага антыфашысцкага Супраціву.

Як і ў гады нямецкай акупацыі, пасьляваенны беларускі Супраціў быў разьяднаны і ня меў адзінага кіраўніцтва. Да стварэньня кіруючага цэнтру Супраціву, па ўспамінах вядомага беларускага дзеяча Юрыя Сабалеўскага, увосень 1942 году імкнуўся ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі (у 1940—1941 гадах — кіраўнік Беларускага Нацыянальнага Фронту, у 1942 годзе — лідэр падпольнага Беларускага Цэнтральнага (Народнага) Фронту). Праўдападобна, ксёндз Гадлеўскі, які ў 1941—1942 гадах працаваў галоўным школьным інспэктарам у генэральным камісарыяце “Беларусь”, а пасьля займаўся выключна душпастырскай дзейнасьцю ў Менску, меў дачыненьне і да заснаваньня падпольнай Беларускай Незалежніцкай Партыі (БНП), якая аб’ядноўвала пераважна моладзь і была баявой, палітычна-вайсковай арганізацыяй.

Падчас нямецкай акупацыі падпольна дзейнічала таксама Арганізацыя (партыя) беларускіх нацыяналістаў на чале зь Янам Станкевічам. Яна, праз польскае падпольле, імкнулася выйсьці на заходніх саюзьнікаў, аднак іншай дзейнасьцю не адзначалася. Паводле Юры Туронка, у 1942 годзе ў складзе АБН налічвалася каля 500 чалавек, якія, пераважна, працавалі ў грамадзянскай адміністрацыі, служылі ў вайсковых фармацыях.

Былыя левыя дзеячы з Заходняй Беларусі, якія ацалелі ад савецкіх і нямецкіх рэпрэсіяў, увосень 1941 году залажылі падпольную Беларускую Народную Грамаду (БНГ) на чале зь Юльянам Саковічам. Арганізацыя, аднак, ня мела яснай ідэалягічнай плятформы і дастатковай колькасьці падрыхтаваных людзей, у выніку чаго не змагла нават утрымаць падкантрольны партызанскі рух на Палесьсі. Сам Саковіч зьяўляўся таксама і сябрам Цэнтральнага камітэту Беларускай Незалежніцкай Партыі, і зусім магчыма, што левых дзеячоў ён аб’яднаў у арганізацыйную структуру па даручэньні кіраўніцтва БПН.

Падчас нямецкай акупацыі існавалі таксама больш дробныя, лякальныя, маладзёжныя нацыянальныя падпольныя арганізацыі. Некаторыя зь іх праіснавалі да прыходу ў Заходнюю Беларусь бальшавікоў.

Усе названыя беларускія арганізацыі выступалі за дзяржаўную незалежнасьць Беларусі, грунтаваліся на Акце 25 сакавіка 1918 году, імкнуліся наладзіць сувязь з заходнімі альянтамі альбо спадзяваліся толькі на свае сілы ды на аслабленьне ў вайне і Нямеччыны, і Савецкага Саюзу. Ужо падчас нямецкай акупацыі гэтыя арганізацыі разглядалі варыянты заснаваньня беларускай нацыянальнай партызанкі, а некаторыя зь іх і зьдзейсьнілі задуманае. Актыўна арганізоўвала свае партызанскія аддзелы ў 1942—1944 гадах Беларуская Незалежніцкая Партыя. Вядома, што адзін зь іх называўся “Маладая Беларусь”. Па падліках гісторыка Ўладзімера Гуленкі, толькі на Палесьсі БНП стварыла 12 партызанскіх групаў. Ствараліся партызанскія аддзелы і ў іншых акругах. Партыя ў гэты пэрыяд імкнулася ня толькі апанаваць легальныя беларускія вайсковыя фармацыі, стварыць падкантрольны партызанскі рух, але й працавала сярод савецкіх партызанаў, у шэрагах якіх лік беларусаў імкліва рос з пачатку 1943 году. БНП стварала ўзброеную сілу, падрыхтаваную ідэалягічна і палітычна (не выпадкова было распачата выданьне “Бюлетэня БНП”), каб у будучым, пры спрыяльных абставінах, са зброяй выступіць супраць акупантаў.

Беларуская Народная Грамада здолела ў сярэдзіне 1942 году аб’яднаць у адну партызанскую арганізацыю больш дзесяці партызанскіх аддзелаў на заходнебеларускім Палесьсі і Гарадзеншчыне. Аднак у 1943—1944 гадах аддзелы беларускай народнай партызанкі былі альбо разьбітыя, альбо падначаленыя савецкаму кіраўніцтву. Асобныя аддзелы ацалелі й працягвалі партызаніць пасьля прыходу бальшавікоў на Берасьцейшчыне.

На лета 1944 году практычна адзінай палітычнай сілай у Беларусі, якая вырашыла арганізоўваць супраціў бальшавікам, была Беларуская Незалежніцкая Партыя. У спадзяваньні на блізкі канфлікт паміж СССР і Захадам, кіраўніцтва партыі ў шмат якіх акругах Беларусі стварыла падпольныя й партызанскія групы.

Аднак і так невялікі патэнцыял Беларускай Незалежніцкай Партыі ў 1944—1945 гадах быў аслаблены шэрагам правалаў, у т.л. і арыштам старшыні ЦК БНП Усевалада Родзькі. Таму ўплыў БНП на арганізацыю антыбальшавіцкага партызанскага руху пасьля прыходу Саветаў быў невялікі — лякальны. Як сьведчыць апошні, шосты нумар “Бюлетэня БНП”, выдадзены ў 1946 годзе ў Заходняй Нямеччыне, у 1945 годзе партызанскія групы і аддзелы, падкантрольныя партыі, існавалі толькі ў Налібоках, на Віленшчыне, на Случчыне, Слонімшчыне, Зэльвеншчыне, Меншчыне. На Маладзечаншчыне НКДБ разграміла падпольле БНП, арыштаваўшы 70 чалавек.

На Палесьсі працягвалі дзейнічаць аддзелы беларускай народнай партызанкі атаманаў Харэўскага і Перагуда, якія кантактавалі з украінскім партызанскім рухам, але палітычнага кіраўніцтва ўжо ня мелі.

Да арганізацыі антыбальшавіцкага партызанскага руху спрычыніліся некаторыя з утвораных ужо пад савецкай акупацыяй арганізацыяў, напрыклад, Саюз змаганьня за незалежнасьць Беларусі, заснаваны ў 1946 годзе. Ягоным кіраўніком быў камандзір партызанскага аддзелу Іван Раманчук (“Ястраб”). Да арганізацыі беларускага антыбальшавіцкага партызанскага руху мелі таксама дачыненьне й беларускія эміграцыйныя арганізацыі, якія дэлегавалі з гэтай мэтай на Бацькаўшчыну сваіх прадстаўнікоў (Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, Беларускі Вызвольны Рух, Замежны Сэктар Беларускай Незалежніцкай Партыі ды інш.).

 

ЛЕКЦЫЯ 2. БЕЛАРУСКІ СУПРАЦІЎ У 1940-х—1950-я гады

Плян:

1. Пэрыядызацыя беларускага пасьляваеннага Супраціву.

2. Партызанскі рух і падпольле ў другой палове 1940-х—1950-х гадах.

3. Беларуская эміграцыя і збройны рух на Бацькаўшчыне.

 

1. Пэрыядызацыя Беларускага пасьляваеннага Супраціву

Прапануецца наступная пэрыядызацыя Беларускага пасьляваеннага Супраціву. За пачатак гэтага руху варта лічыць 1944 год — час выгнаньня зь Беларусі нямецкіх войскаў і зьмены нямецкай акупацыі на савецкую. Ужо ў той час распачынаецца пераважна стыхійная антысавецкая партызанская і падпольная барацьба. Аднак арганізацыйныя рамкі Беларускі Супраціў пачаў набываць у 1945 годзе. Па некаторых зьвестках, менавіта 1945 год лічылі часам заснаваньня антыбальшавіцкай партызанкі ў Беларусі самыя яе ўдзельнікі. Прынамсі, у 1950 годзе беларускімі партызанамі адзначалася пяцігодзьдзе партызанскае дзейнасьці. Заканчэньнем арганізаванага антысавецкага Супраціву ў Беларусі лічыцца 1956 год, год паразы Вугорскага антыкамуністычнага паўстаньня, калі стала зразумела, што Захад не падтрымае антыбальшавіцкія рухі ва Ўсходняй Эўропе. Тым не менш, і пасьля 1956 году яшчэ адбываліся дробныя збройныя акцыі ў розных раёнах Беларусі, якія праводзілі апошнія змагары.

 

2. Партызанскі рух і падпольле ў другой палове 1940-х—1950-х гадах

Беларускі ўзброены рух ня быў аднародным і ня меў адзінага кіраўніцтва. Арганізацыйна ён афармляўся ў 1944—1945 гг. У гэты час на нелегальным становішчы знаходзіліся дзесяткі тысяч чалавек, якія імкнуліся пазьбегнуць мабілізацыі ў Чырвоную Армію, а таксама тыя, хто падчас нямецкай акупацыі працаваў у грамадзянскай адміністрацыі або служыў у беларускіх вайсковых фармацыях. У лясох, пераважна на Берасьцейшчыне, знаходзіліся і аддзелы Беларускай Народнай Партызанкі, якія супрацоўнічалі з УПА. Яны да 1948 г. часткова самазьліквідаваліся, часткова перайшлі на Захад. Нацыянальныя партызанскія аддзелы, у тым ліку арганізаваныя й Беларускай Незалежніцкай Партыяй падчас нямецкай акупацыі, дзейнічалі ў многіх раёнах Беларусі. Аднак далёка ня ўсе людзі, якія знаходзіліся на нелегальным становішчы, далучаліся да паўстанцкіх аддзелаў, многія хаваліся каля сваіх вёсак або нават у вёсках і гарадах, у чаканьні савецка-амэрыканскага ваеннага канфлікту.

Партызанскія аддзелы, як правіла, складаліся з людзей, якія пастаянна знаходзіліся ў лесе, і тых, хто легальна жыў у гарадах і вёсках, але спрыяў ці нават і ўдзельнічаў у партызанскіх акцыях. Звычайна партызаны, асабліва пасьля 1947 году, праводзілі дывэрсіі й тэрарыстычныя акты напярэдадні або падчас савецкіх дзяржаўных сьвятаў і палітычных мерапрыемстваў: рабіліся напады на выбарчыя ўчасткі, сельсаветы, зьнішчалася дакумэнтацыя, савецкая сымболіка, ужываўся тэрор супраць савецкіх і партыйных актывістаў, супрацоўнікаў міліцыі і дзяржбясьпекі, вайскоўцаў. Зьдзяйсьняліся дывэрсіі на чыгунцы: чыгунку падрывалі, рабіліся напады на таварныя цягнікі з мэтай іх зьнішчэньня або завалоданьня грузамі, падрываліся масты.

Нярэдка ўзброены супраціў набываў формы лякальных паўстаньняў, якія, як правіла, хутка здушаліся савецкімі ўладамі.

Беларускі партызанскі рух і падпольле дзейнічалі ня толькі на тэрыторыі БССР, але й па-за яе межамі: у Польшчы, Летуве, Латвіі, Украіне, Расеі. Нярэдка яны базаваліся на тэрыторыях, якія лічацца этнаграфічна беларускімі, але ўваходзілі ў склад суседніх краін ці рэспублік СССР, як тое было з Беласточчынай, Смаленшчынай і Віленшчынай. Беларускі ўзброены рух нельга зьвязваць толькі з дзейнасьцю партызанскіх аддзелаў. Многія праціўнікі савецкай улады, аб’яднаныя ў падпольныя арганізацыі й групы, або тыя, хто дзейнічаў самастойна, легальна жылі ў гарадах і вёсках, або хаваліся ў гэтых населеных пунктах, праводзілі дывэрсіі й тэрарыстычныя акцыі.

Да беларускага ўзброенага руху можна аднесьці і дэсантнікаў батальёну “Дальвіц”, якія ў 1944—1945 гадах перапраўляліся зь Нямеччыны ў Беларусь, а таксама сяброў Беларускага Вызвольнага Руху, Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, Замежнага Сэктару БНП, якія да сярэдзіны 1950-х гадоў дэсантаваліся з Захаду на Бацькаўшчыне. Многія зь іх удзельнічалі ў арганізацыі беларускага партызанскага й падпольнага руху.

Будучы антыбальшавіцкі партызанскі рух пачаў рыхтавацца беларускімі нацыяналістамі яшчэ падчас нямецкай акупацыі. Гэтая падрыхтоўка йшла двума шляхамі: легальным і нелегальным. Яшчэ ў 1943 годзе Ўсевалад Родзька, як кіраўнік беларускай групы пры Абвэры, пачаў рыхтаваць дывэрсійную дзейнасьць супраць бальшавікоў ва Ўсходняй Беларусі. Пра тое, што ён пакідаў сваіх людзей на Віцебшчыне і Магілёўшчыне, сьведчыць Барыс Рагуля.

Нелегальная падрыхтоўка ўключала ў сябе стварэньне структураў Беларускай Незалежніцкай Партыі й нацыянальнай партызанкі. Партызанскія аддзелы, якія стварала БНП, пачынаючы з 1942 году ўваходзілі ў аддзел “Маладая Беларусь” (НАРБ, ф.3500, в.2, спр.51, арк.248, 248 адв). Паводле гісторыка Ўладзімера Гуленкі, найбольш партызанскіх аддзелаў (дванаццаць) БНП стварыла на Палесьсі (Энцыкляпэдыя гісторыі Беларусі, Менск, 1993, т.1, б. 393).

Менская легальная прэса вясной 1944 году рэгулярна інфармавала пра антысавецкі партызанскі рух ва Ўсходняй Беларусі. Газэта “Голас вёскі” пісала 14 красавіка 1944-га: “У тыле бальшавікоў увесь час шырыцца рух зялёных… Асабліва моцна шырыцца рух зялёных у тых раёнах, якія пакідаюць немцы. Жыхарства, што засталося, не жадае пападаць у лапы энкавэдыстых, хаваецца ў лесе і пачынае змаганьне супроць бальшавікоў. У раёне Яноўкі, што на захад ад Гомеля, зялёныя напалі на бальшавіцкі аэрадром і захапілі некалькі самалётаў. У некаторых зялёных атрадах ёсьць аўтамашыны і артылерыя…”

Апошні нумар “Бюлетэня БНП” выйшаў у Заходняй Нямеччыне ўвосень 1946 году, і ў ім быў зьмешчаны артыкул “На баявых становішчах”, у якім распавядалася пра беларускі антыбальшавіцкі рух на Бацькаўшчыне. Аднак, як выглядае з гэтай публікацыі, у Замежнага Сэктару Беларускай Незалежніцкай Партыі былі зьвесткі толькі пра тыя партызанскія аддзелы, зь якімі ўдалося ўстанавіць сувязь. А менавіта: аддзел Караля на Браслаўшчыне; безыменны аддзел каля Казлоўшчыны; аддзел Л. (Аляксандра Ленеца або Сьцяпана Лабовіча?) каля Зэльвы; аддзел “сябры Алега” (Алега Лапіцкага?) на Вілейшчыне; аддзел палкоўніка Г. на Меншчыне й Случчыне. Няма тут аддзелу Віктара Сікоры, які дзеяў на Шаркаўшчыне ў 1945 годзе й сувязі з Захадам ня меў. Няма зьвестак пра партызанку ва Ўсходняй Беларусі, агульна гаворыцца пра партызанку Палесься. Адзначалася, што сувязь з палескімі партызанскімі групамі выпадковая і што дзейнічалі тыя сумесна з УПА.

Найбольш актыўнай выглядае дзейнасьць у лютым—траўні 1945-га аддзелу Караля, у якім было да 500 чалавек. Партызаны вынішчалі агентаў НКВД у вёсках. Відаць, дзесьці ў траўні 1945-га гэты аддзел панёс цяжкія страты і быў вымушаны адысьці ў Дзісьненскі раён. Вясной—летам 1946 году партызаны Караля ўзнавілі сваю дзейнасьць. Невядома, хто быў такі Кароль і адкуль ён быў родам, але дакладна, што ён сябра БНП. (Па сьведчаньню Андрэя Вайтовіча, які дэсантаваўся на Беларусі ў верасьні 1944 году, зь ім ляцеў і нейкі Кароль. Караля і радыста скінулі пад Смаргонь, куды пазьней на сувязь зь імі павінен быў паехаць Вайтовіч, але быў арыштаваны. На сьледзтве ў Вайтовіча пра Караля нічога не пыталіся, таму ён лічыць, што яго чэкісты ня ўзялі, прынамсі, жывым. Тут ня трэба блытаць гэтага Караля з Усеваладам Каралём, таксама сябрам БНП, які жыў і дзейнічаў у Баранавічах).

Невядома, ці меў ягоны аддзел нейкае дачыненьне да штурму Полацка 1 траўня 1945 году і ці ня там ён быў разьбіты? Як сьведчыць былы супрацоўнік пракуратуры Андрэй Кісялёў, узяцьце Полацка рыхтавалі “банды”, у якіх “была ваенная тэхніка, шмат людзей”. І толькі аддзелы “Сьмерша” спынілі партызанаў на падыходах да гораду (Черкасова В. “Расстреливали немного, в год человек пятьдесят…” // Белорусская деловая газета, 1999, 2 ліпеня, № 24).

Што да Алега Лапіцкага, дык яшчэ ў канцы 1944-га яго арыштавалі. Праўда, яго людзі маглі дзейнічаць і пасьля ягонага арышту. Што да “палкоўніка Г.”, дык адзіны на той час падпалкоўнік Г. — Язэп Гуцька (магчыма, афіцэр такога рангу мог быць у Беларускім Краёвым Войску на ўсходзе Беларусі). Гуцька ж быў начальнікам штабу Беларускае Самааховы, яму прапаноўвалі ўзначаліць у 1944 годзе і штаб БКА. Аднак па стане здароўя ды па ўзросце, напэўна, ён ня мог браць удзел у партызанцы. Гуцька памёр у ЗША ў ліпені 1956 году (А.О. Памяці генэральнага штабу палкоўніка Язэпа Гуцька // Бацькаўшчына, 1956, 29 ліпеня, № 31).

Зноў жа з эміграцыйных крыніцаў вядома, што ў 1945 годзе вялікія беларускія партызанскія асяродкі былі створаныя ў Белавежскай пушчы, на Палесьсі і на Браншчыне і Гомельшчыне (Жыган А. Беларускія збройныя адзінкі ў 1941—1945 гг. // Дакуманты і Факты (Таронта—Нью-Ёрк), 1955, студзень—люты, № 5). Ёсьць зьвесткі пра некаторыя акцыі, якія беларускія антыбальшавіцкія партызаны праводзілі ў 1945—1946 гадах. У 1945 годзе беларускія партызаны ўзарвалі савецкі вайсковы цягнік каля Слоніма. Было спалена 20 грузавікоў і зьнішчаная ўся ахова транспарту. Колькасьць і склад удзельнікаў акцыі невядомыя. У тым жа годзе быў зьдзейсьнены напад на савецкі вайсковы цягнік у Крывічах каля Маладзечна. Партызаны захапілі савецкую амуніцыю, але забраць усё не змаглі. Колькасьць і склад удзельнікаў акцыі таксама невядомыя (Беларускі народ церпіць і змагаецца // Бацькаўшчына, 1948, 21 лістапада). У 1945—1946 гадах праходзілі акцыі беларускіх партызанаў на чыгунках Беласток—Баранавічы і Беласток—Берасьце. Чыгунка амаль не функцыянавала, бо кантралявалася партызанамі (Рух, 1946, № 2—3, б. 32, 33).

У 1946 годзе адбылася нарада кіраўніцтва беларускага партызанскага руху. У сувязі зь недахопам амуніцыі, харчоў ды іншага было пастаноўлена партызанскія аддзелы расфарміраваць на невялікія мясцовыя групы ад 3 да 10 чалавек. Пасьля гэтага акцыі праводзіліся толькі падчас савецкіх палітычных кампаніяў і сьвятаў, рабіліся напады на невялікія аддзелы МВД (Беларускі народ церпіць і змагаецца // Бацькаўшчына (Мюнхэн), 1948, 21 лістапада). На наступнай нарадзе, у 1947 годзе, кіраўніцтва беларускага партызанскага руху пастанавіла “ашчаджаць людзей і народнае багацьце, устрымацца ад непатрэбнага дражненьня савецкіх уладаў. Партызаншчынай ня вызваліш народу ані краіны, а трэба чакаць вайны і тады дзеіць…” (Бацькаўшчына, 1948, 21 лістапада).

Супраць беларускай партызанкі Саветы кідалі вялікія вайсковыя сілы, праводзілі сапраўдныя вайсковыя апэрацыі з выкарыстаньнем танкаў, самалётаў, артылерыі. У 1945 годзе буйнамаштабная антыпартызанская акцыя праводзілася на Гомельшчыне й Браншчыне, у 1945—1946 гадах — на Палесьсі, у 1946—1947 гадах — у Белавежскай пушчы, у 1947 годзе — на Віленшчыне й Браслаўшчыне (Смалькоў В. Беларускія партызаны паводле савецкіх даных // Дакуманты і Факты, 1957, студзень—сакавік, № 11).

У справаздачы аб рабоце ЦК КП(б)Б зь лета 1944 да чэрвеня 1946   году адзначалася, што ў акрэсьлены пэрыяд у БССР было забіта 3035 і арыштавана 17.872 партызаны й удзельнікі падпольных антысавецкіх арганізацыяў. Было выкрыта й арыштавана 5.620 “агентаў замежных разьведвальных і контрразьведвальных органаў”. Савецкія карнікі ліквідавалі 814 падпольныя арганізацыі і партызанскія атрады, зь іх: 667 польскіх, 97 беларускіх, 23 украінскія і 27 іншых “фашысцка-нацыяналістычных арганізацыяў і бандаў”. Савецкія войскі захапілі падчас антыпартызанскіх апэрацыяў і ліквідацыі падпольля 211 мінамётаў, 193 супрацьтанкавыя ружжы, 3.587 кулямётаў, 68.377 аўтаматаў і вінтовак, 2.979 пісталетаў, 36.078 гранатаў і мінаў, 5 тонаў толу, каля 4 мільёнаў патронаў, 40 памнажальных апаратаў, 47 рацыяў.

У справаздачы адзначалася, што на працягу 1944—1946 гадоў савецкія войскі й грамадзянская адміністрацыя згубілі 924 чалавекі: 242 партыйныя работнікі і вясковыя савецкія актывісты, 320 “істрабкоў” і агентаў дзяржбясьпекі, 362 салдаты й афіцэры МВД і МГБ (НАРБ, ф.4, в.29, спр.521, а.28).

Паводле дакладу наркама дзяржбясьпекі БССР Л.Цанавы ЦК КП(б)Б, у 1947 годзе было цалкам ліквідавана 36 партызанскіх атрадаў, а часткова 41 атрад. Было выкрыта 15 падпольных беларускіх, польскіх і ўкраінскіх арганізацыяў у Баранавіцкай, Маладзечанскай, Берасьцейскай, Гарадзенскай і іншых абласьцях (НАРБ, ф.4, в.61, спр.479, а.3—4).

Пра структуру арганізацыі “Чорнага Ката” падрабязна напісаў адзін зь яе ўдзельнікаў: “Вітушка… штодня праводзіць з сваімі кіраўнікамі аддзелаў сытуацыйныя канфэрэнцыі. Ад розных неспадзёвак яго ахоўвае варта — малапрыкметныя хлопцы. Удзень і ўначы заўсёды напагатове, пільнуючы ля радыёвых апаратаў тыпу “Добра” і “Цаэсар”.

Вітушка… заўсёды мае тысячы розных намыслаў. За кароткі, параўнаўча, час здолеў ён згуртаваць блізу 50.000 партызанаў. У недаступных лясох мае свае базы і складзішчы… У цяжкадаступных лясох каля Коўны, Ліды, Маладзечна і Баранавічаў усякія ваенныя акцыі з боку Саветаў ня маюць посьпеху, а выкрыцьцё гэтых бункераў — справа зусім немагчымая.

…Вітушка зьяўляецца правадыром Беларускай Незалежніцкай Партыі. Толькі на абшарах паміж Коўнам і Берасьцем ён дыспануе 45-тысячным войскам, дасканала ўзброеным і забясьпечаным.

Партызанскія аддзелы ўвесь час папаўняюцца навабранцамі, якія ня хочуць служыць у савецкай арміі… Сваю партызанскую дзейнасьць Вітушка ажыцьцяўляе, галоўным чынам, праз напады на савецкія транспарты. Ён мае даволі шырокія міжнародныя сувязі, часьціну найноўшай зброі ён атрымлівае з-за мяжы.

Калі бракуе грошай, аддзелы Вітушкі арганізуюць напады на банкі ў Коўна, Вільні або іншыя. Вельмі часта зьвязанаму дырэктару банку пакідаюць паквітаньне на забраную гатоўку. Савецкія ўрадоўцы мусяць пагадзіцца з фактам і прызнаваць гэтыя паквітаньні, на якіх стаіць “службовая пячатка” — гатовы да скоку чорны кот.

…Аддзелы Вітушкі пад агульным назовам “Чорны Кот” зматарызаваны, маюць палёвыя тэлефоны і радыёвыя станцыі — прыймовыя і надаўчыя” (Бацькаўшчына, 1949, 30 чэрвеня).

Пакуль невядома, калі зьявіўся варыянт назову беларускай партызанскай арганізацыі — “Чорны Кот”. У розных крыніцах падаюцца адрозныя “расшыфроўкі” “Чорнага Ката”. Гэта й агульны назоў партызанскіх аддзелаў Вітушкі, назоў аднаго з аддзелаў, які пасьля замацаваўся й за іншымі, нават назоў дэсантнага атраду “Дальвіца”, які дэсантаваўся 17 лістапада 1944 году на Беларусі. Юрка Віцьбіч лічыў, што гэта назоў беларускай тэрарыстычнай арганізацыі. Ёсьць зьвесткі, што гэта была кодавая мянушка Вітушкі, і яго на эміграцыі пасьля называлі “Чорным Катом”…

Дарэчы, “чорная кошка” была вельмі папулярная ў першыя пасьляваенныя гады амаль па ўсім Савецкім Саюзе. У некаторых рэгіёнах пад такім назовам дзейнічалі крымінальныя групы. У дакумэнтах жа МГБ крымінальныя й палітычныя структуры заўсёды падзяляліся. Аднак здаралася й адваротнае. На паседжаньні бюро ЦК КП(б)Б 2 сьнежня 1947 году адзначалася, што “падрыўная работа” “грабежніцкіх бандаў і крымінальна-злачынных элемэнтаў” “у шэрагу выпадкаў праводзіцца разам з нацыяналістычнымі элемэнтамі й перарастае ў палітычныя акты” (НАРБ, ф.4, в.61, спр.479, арк.4).

Ёсьць зьвесткі, што ў 1949—1950 гадах кіраўніцтва “Чорнага Ката” зьмяніла тактыку антыбальшавіцкай барацьбы. Гэта было выклікана як міжнароднай сытуацыяй, так і вялікімі стратамі партызанскіх аддзелаў у баях з войскамі МВД. “Чорны Кот” усё больш трансфармаваўся з партызанскай арганізацыі ў тэрарыстычную падпольную арганізацыю. Большасьць партызанаў, якія яшчэ заставаліся ў лесе, легалізаваліся. Па некаторых зьвестках, у сярэдзіне 1949 году адбылася рэарганізацыя партызанкі. Аднак яшчэ ў лістападзе 1949-га аддзелы “Чорнага Ката” вялі цяжкія баі з войскамі МВД. А ў верасьні 1949 году беларускія партызаны напалі на канцлягер каля Менска. Мэтай гэтай акцыі было вызваленьне вязьняў, сярод якіх былі й нямецкія ваеннапалонныя. Паміж партызанамі й аховай канцлягера адбыўся жорсткі бой. Падышоўшыя часьці Чырвонай Арміі або МВД прымусілі партызанаў адыходзіць у лес. У гэтым баі кожны бок страціў каля 50 чалавек забітымі. У нападзе ўдзельнічала некалькі сотняў партызанаў (Партызанскі бой пад Менскам // Бацькаўшчына (Мюнхэн), 1955, 23 кастрычніка, №43). Гэта можа сьведчыць пра тое, што рэарганізацыя адбывалася паступова, рэгіён за рэгіёнам.

Падпольны часапіс “ЗА ВОЛЮ” пісаў (аўтарам тэксту можа быць Міхал Вітушка, рэдактар выданьня):

МЫ ЯШЧЭ ЖЫВЕМ

Трэці раз мы перамаглі бальшавіцка-акупанцкую аблогу і трэці раз засталіся пераможцамі ў няроўным баі, як будзем пераможцамі і ў апошняй бойцы, гонячы маскаля ў Маскву. Вольная беларуская дружына яшчэ дыша і жыве, а вянок геройства вакол галавы беларускіх партызанаў, адзіных вольных людзей на Бацькаўшчыне, ужо цяпер зіхаціць вясёлкаю за гэтыя багатыя геройствам бойкі з акупантам. Крывавячыся ў зацятых баёх, далучаюцца да дарагіх ценяў палёгшых за волю змагароў нашыя слаўныя сябры, але беларускія партызаны вытрымалі і вытрымаюць. Вытрымалі мы і гэты раз, хоць лютасьць ворага і кінутыя ім у бойкі сілы пераходзілі ўсё дагэтуль бачанае. Нас не перамаглі нават кінутыя ворагам у бой танкі і самалёты.

…Побач з намі ў гэтай бойцы стаялі і нашыя ўкраінскія ды нямецкія сябры, і ў найкрытычнейшы мамэнт, калі здавалася, што неба зьмяшалася зь зямлёю, мы перамаглі толькі поўным даверам адзін аднаму. І разам з гордасьцю памяці палёгшых герояў мы атрымліваем гордасьць і за беларускага партызана — народнага ваяку за праўду і волю — агулам.

…Мы ўчора пахавалі сваіх герояў і толькі цяпер выціраем пот з нашых закураных у бойцы твараў, не забываючыся пільна сачыць за ў беспарадку ўцякаючай рэшткай ворага і ўжо рыхтуючыся да пераходу і заняцьця новых становішчаў на новым месцы пастою. Мы ведаем, што хутка зноў пачнецца прасьлед нашае групы… і бойка заўсёды знойдзе нас гатовымі да яе…” (1949, 7 лістапада, №16; падаецца паводле перадруку ў газэце “Вольнае слова” (Заходняя Нямеччына)).

На Ўкраіне сытуацыя была падобная. 3 верасьня 1949 году галоўнакамандуючы УПА генэрал Тарас Чупрынка выдаў загад, у адпаведнасьці зь якім да канца 1949 году часова прыпынялася дзейнасьць “усіх пададдзелаў і штабоў УПА”. Такое рашэньне яшчэ ў жніўні прыняла Ўкраінская Галоўная Вызвольная Рада. Да канца 1949 году апошнія аддзелы і штабы УПА былі расфарміраваны. Такім чынам, у 1950 годзе Ўкраінскай Паўстанчай Арміі ўжо не існавала, засталося толькі збройнае падпольле АУН і незалежная ад УПА партызанка (напрыклад, “бульбаўская” на Палесьсі; гл.: Літопис Украінськоі Повстанськоі Арміі. Т.10. Украінська Головна Визвольна Рада. Документи, офіційні публікаціі, матеріали. Кн.3. 1949—1952. Таронта, 1994, б.11).

Сяргей Хмара, Васіль Вір і Юрка Стасевіч, калі ў таронцкім “Беларускім голасе” пісалі пра пасьляваенную партызанку генэрала (яны заўсёды пісалі “маёра”) Вітушкі, адзначалі, што, у адпаведнасьці з рашэньнем Бэрлінскай канфэрэнцыі БНП, партызанка існавала да 1950 году, калі самазьліквідавалася. Але ліквідацыя партызанкі яшчэ не азначала спыненьня Супраціву. У эміграцыйнай газэце “Вольнае слова” ў верасьні 1950 году было зьмешчана “Прывітаньне”: “Часапіс беларускіх партызанаў “ЗА ВОЛЮ” піша: “Перасылаем вам, братом па волі, свае вітаньні і цьвердзім, што змаганьне ня спыніцца!” І, сапраўды, змаганьне не спынілася. Супраціў набываў іншыя формы, зрабіўшы стаўку на захаваньне сілаў у чаканьні савецка-амэрыканскага ваеннага канфлікту.

Тым ня менш, у 1950 годзе адбылося некалькі гучных дывэрсійна-тэрарыстычных акцыяў “Чорнага Ката”. Пра іх пісала эміграцыйная прэса (Весткі з Бацькаўшчыны // Вольнае слова, 1950, верасень, № 4—5):

“Беларуская Вызвольная Армія пад камандаю ген.Вітушкі правяла на вуліцах Вільні бойку з часткамі МВД, якія транспартавалі арыштаваных партызанаў. Бойка цягнулася 4 гадзіны і бальшавікам прыйшлося ўвясьці ў дзейнасьць танкі. Часткі МВД мелі вялікія страты, партызаны мелі аднаго палёгшага і 3 раненых.

Адзначаючы пяцігодзьдзе існаваньня партызанскае дзейнасьці супраць бальшавікоў у БССР, беларускія партызаны зрабілі напад на самалётны порт у Кёнігзберзе, дзе маецца лётніцкая школа. Пашкоджаныя 7 самалётаў і пад агнём партызанаў порт знаходзіўся некалькі гадзінаў.

Чыгунка Берасьце—Беласток амаль несупынна знаходзіцца пад кантролем беларускіх партызанаў. У чэрвені с.г. партызаны зьнішчылі 5 вайсковых цягнікоў з зброяй і войскам. Ад сярэдзіны чэрвеня на працягу тыдня чыгунка наагул не была дзейнай, дзеля пашкоджаньня некалькіх мастоў”.

Мюнхэнская газэта “Бацькаўшчына” 25 сакавіка 1950 году паведамляла цікавыя факты, што да дзейнасьці й тактыкі “Чорнага Ката”: “Прэса Заходняе Эўропы штораз часьцей успамінае аб беларускай партызанцы пад Вільняй, Горадняй, Лідай, Менскам і Баранавічамі, якая вядзе асабліва зацятае змаганьне з НКВД і ягонымі агентамі. Часамі гэтыя дробныя партызанскія аддзелы лучацца ў большыя адзінкі й на цэлыя тыдні займаюць гарады і мястэчкі, затрымліваюць цягнікі, вызваляюць вязьняў і г.д. Мясцовае жыхарства ў большасьці выпадкаў шчыра падтрымлівае іх, дзе толькі мага”.

Як бачым, тэрыторыя дзейнасьці беларускай партызанкі генэрала Вітушкі ў 1950 годзе была даволі шырокай: Усходнія Прусы, Беласточчына, Гарадзеншчына, Берасьцейшчына, Віленшчына, Меншчына, Баранавіччына. Здаецца, гэта быў апошні год, калі на Захад прыходзілі весткі пра партызанскія акцыі на Беларусі.

Пасьля 1950 году беларуская эміграцыйная прэса пісала пра дзейнасьць “Чорнага Ката” вельмі рэдка. Увосень 1951-га сьвет абляцела вестка пра антыбальшавіцкую дэманстрацыю ў Вільні. Эміграцыйны часапіс “Божым шляхам” у №5 за верасень-кастрычнік 1951 году пісаў: “Паводле вестак, якія нядаўна атрыманы з Бэрліну, сёлета Віленшчына перажывала вельмі ўзмоцненую хвалю вывазу ў Сібір і асабліва жорсткае прасьледаваньне каталікоў беларусаў і летувісаў. Аднак увесь бальшавіцкі тэрор ня здолеў зламаць народнага руху супраціву. Калі ў Вільні 8-га верасьня бальшавікі склікалі мітынг, дык партызаны з радоў “Чорнага Ката” выкарысталі яго для супрацьбальшавіцкае дэманстрацыі. Кінуўшы некалькі пэтардаў, яны выклікалі замяшаньне, у часе якога ўзносіліся супрацьбальшавіцкія клічы й дамаганьні асноўных свабодаў, вольнасьці слова і згуртаваньняў. Паліцыя мітынг разагнала, але наступнага дня ў ваколіцы Вільні зьявіліся лятучкі на беларускай, летувіскай і польскай мовах з заклікам гуртаваньня супрацькамуністычных сілаў і да супрацькалгаснае акцыі”.

З даволі рэдкага эміграцыйнага выданьня “Дакуманты і Факты. Архіў Беларускага Нацыянальнага Вызвольнага Руху” нам вядома, што яшчэ ў 1953   годзе на Бацькаўшчыне дзейнічаў “Галоўны Штаб Дзеючых Беларускіх Партызанаў”. У №4 “ДіФ” за лістапад-сьнежань 1954 году былі зьмешчаны “Клічы да 25 Сакавіка” беларускіх партызанаў:

“1. ХАЙ ЖЫВЕ 35-годзьдзе БЕЛАРУСКАЕ НАРОДНАЕ РЭСПУБЛІКІ!

2. Брацкае прывітаньне ўсім Беларусам на акупаванай Бацькаўшчыне і на далёкай чужыне, якія змагаюцца за вольную, самабытную і непадзельную Беларускую Народную Рэспубліку!

3. Браты на ўсім вольным сьвеце! Адмаскоўвайце і расчыняйце ганебныя пляны і дзеяньне Масквы на нашай Бацькаўшчыне! Пашырайце і ўмацоўвайце змаганьне ўсіх народаў з маскоўскім ненажэрным імпэрыялізмам, які імкнецца падгарнуць пад сваё дзікае панаваньне ўвесь сьвет.

4. ХАЙ ЖЫВЕ НЕЗЛАВІМЫ, НЕПЕРАМОЖНЫ КАМАНДЗІР ЗМАГАЮЧЫХСЯ БЕЛАРУСКІХ ПАРТЫЗАНАЎ ГЕНЭРАЛ ВІТУШКА!

5. Слава непасрэдным змагарам з маскоўскім акупантам — беларускім непераможным партызанам — лепшым сынам і дачкам паярэмленага сяньня народу!

6. Сяляне, работнікі, інтэлігенцыя і моладзь Беларусі, рабіце ўсё магчымае, каб перашкаджаць калёнізацыі і маскалізацыі нашага Краю!

7. Беларускія эмігранты! Пакіньце сваркі і звадкі за нездабытыя пасады і тытулы. Паглыбляйце веды і практыку па ўсіх галінах жыцьця — аснову хуткай і грунтоўнай адбудовы Краю па вызваленьні, аснову будучага дабрабыту зьнемагаючага ў барацьбе Народу і Радзімы.

8. Калгасьнікі і калгасьніцы, работнікі МТС і спэцыялістыя, сабатуйце, дзе толькі магчыма і як магчыма, вымаганьні накінутае на вас прымусам гаспадарчае сыстэмы — якая вядзе вас да концаў, голаду і сьмерці.

9. Беларускія навукоўцы і пісьменьнікі! Рабіце навуку, тэхніку і красную пісьменнасьць нашай Радзімы багацейшымі досьледамі і вынаходамі нацыянальнымі ў аснове, павышайце ступені свайго майстэрства, удасканальцеся, дайце нашаму змучанаму народу ідэёвыя, высакамастацкія працы і творы. Працуйце для вольнай ад бальшавікоў будучыні, а не для маскоўскага акупанта.

10. Настаўнікі і настаўніцы! Дайце нашым дзецям добрыя веды і гарачае каханьне свае Радзімы. Узгадуйце нашую моладзь беларускімі патрыётамі, актыўнымі змагарамі за волю і лепшую долю свайго Народу!

11. Беларускі! На вас ляжыць адказнасьць за патрыятызм нашых дзяцей. Гадуйце зь ім адданых змагароў супраць маскоўскіх акупантаў!

12. Хай жыве нашая моладзь — авангард змагароў за вольную, незалежную і непадзельную Беларускую Народную Рэспубліку, верны заступнік змагаючыхся беларускіх непераможных партызанаў.

13. Юнакі і юначкі! Няўтомна набывайце веды па ўсіх навуках, культуры і мастацтву і тэхніцы. Будзьце сьмелымі і вытрывалымі ўсіх цяжкасьцяў. Самаахвярна дапамагайце змагарам-партызанам у барацьбе за волю і долю. Гатоўцеся стаць заўсёды ў нашыя шэрагі, а калі трэба і заступіць наш[а]е месца.

14. Партызаны і партызанкі! Будзьце і надалей першымі змагарамі за волю, самабытнасьць і дабрабыт нашага Народу і Радзімы.

15. Хай жыве вольная і незалежная Беларуская Народная Рэспубліка — аснова і зарука нашага лепшага жыцьця, нашае культуры і дабрабыту жыхароў Беларусі!

Галоўны Штаб

Дзеючых Беларускіх Партызанаў

Апэратыўны Аддзел

Лясьнікі, люты 1953 г.”.

У 1954 годзе “Бацькаўшчына” некалькі разоў узгадвала пра беларускі партызанскі рух. Ніякіх фактаў змаганьня , аднак, не падавалася. Магчыма, іх не было, або пра іх ня ведалі ( што больш верагодна ) на эміграцыі. 31 студзеня 1954 году газэта пісала: “Як ведама, пад назвай “Чорны Кот” выступала вялікая беларуская партызанская група, што яшчэ нядаўна дзеяла ў Заходняй Беларусі й знаходзілася пад камандаваньнем правадыра беларускіх партызанаў генэрала Вітушкі”. 18 ліпеня 1954 году “Бацькаўшчына” зьмясьціла артыкул “Партызаны на Беларусі гатовыя й чакаюць”. Аднак эміграцыйная пэрыёдыка ўжо занадта перабольшвала сілы беларускіх партызанаў. У сярэдзіне 1950-х іх засталося вельмі мала. З камандзіраў, які загінуў адным з апошніх, нам вядомы сябра БНП Аўген Жыхар. Ён загінуў у баі летам 1955 году…

Пасьля паразы Вугорскага вызвольнага паўстаньня 1956 году стала зразумела, што Захад не дапаможа антыкамуністычным падпольным рухам у СССР. Праўдападобна, пасьля гэтага Міхал Вітушка спыняе актыўны збройны супраціў акупантам. Партызанская барацьба перастала быць адзіным сродкам Супраціву.

Яшчэ на пачатку 1960-х на эміграцыі пісалася пра партызанку на Беларусі, але ўжо не як пра “Чорнага Ката”, а як пра нейкія невядомыя “збройныя групы”. Напрыклад, “Беларускі голас” у студзені 1960 году пісаў, што на ўсходзе Беласточчыны дзеялі “банды савецкіх дэзэртыраў”, якія зімой 1958-га “ў выніку аграмаднай “ачышчальнай” апэрацыі, праведзенай савецкімі войскамі ўнутранай бясьпекі на Беларусі, перабраліся туды. Пра гэта ж пісала “Бацькаўшчына” 31 студзеня 1960 году. Лёс гэтых людзей невядомы.

 

3. Беларуская эміграцыя і збройны рух на Бацькаўшчыне

Пакуль немагчыма дакладна сказаць, якія дачыненьні мела партызанскае кіраўніцтва зь беларускімі эміграцыйнымі палітычнымі цэнтрамі, і ці былі яны наагул. Выглядае так, што генэрал Вітушка быў абсалютна незалежны і ад Рады БНР, і ад Беларускай Цэнтральнай Рады.

Напэўна, М.Вітушка ўважліва сачыў за палітычнай барацьбой ня толькі ў асяродку беларускай, але і ў асяродку ўкраінскай эміграцыі. У 1947 годзе ў асяродзьдзі ўкраінскіх нацыяналістаў у Заходняй Нямеччыне адбыўся раскол. Дзеячы Ўкраінскай Галоўнай Вызвольнай Рады (УГВР) патрабавалі “дэмакратызацыі” АУН, а гэтаму супрацівіўся С.Бандэра. У выніку ўтварыліся два варожыя лягеры. Дайшло да таго, што падзяліліся ваякі Ўкраінскай Паўстанчай Арміі, якія прабіліся на Захад. Палова далучалася да Бандэры, другая палова — да місіі УПА на чале з Іванам Буткоўскім, якая супрацоўнічала з УГВР (Motyka G., Wnuk R.Pany i rezuny. Wspolpraca AK-WiN i UPA. 1945—1947. Warszawa, 1997, s.189). У 1954 годзе адбыўся раскол і ў АУН, калі ад Бандэры адышлі “дэмакраты”, якія ўтварылі “АУН за мяжой” (Леў Рэбет — кіраўнік, Мікола Лебедзь, Міраслаў Пракоп, Іван Грыньёх ды інш.).

Увосень 1949 году ня вытрымаў генэрал Чупрынка, калі разам з іншымі кіраўнікамі Ўкраінскага Рэзыстансу выдаў “Зварот ваюючай Украіны да ўсёй украінскай эміграцыі”: “Край з прыкрасьцю сьцьвярджае, што нават сярод эміграцыі знайшліся людзі, якія доўгі час… сумняваліся ў існаваньні на Ўкраіне Ўкраінскай Паўстанчай Арміі, Украінскай Галоўнай Вызвольнай Рады і падпольнай Арганізацыі Ўкраінскіх Нацыяналістаў… Трэба было аж рэйду аддзелаў УПА, трэба было жывых сьведкаў, трэба было паўстанцам прайсьці сярод баёў болей тысячы кілямэтраў, каб канчаткова пераканаць сваіх няверуючых Томаў, што УГВР, УПА, АУН існуюць, што яны дзеюць і змагаюцца на ўкраінскіх землях…

Браты на эміграцыі! Край сёньня дасягнуў поўнай еднасьці. Эміграцыя мусіць пайсьці ўсьлед за Краем…” (Літопис УПА. Т.10. Таронта, 1994, б.28).

Падобная сытуацыя была й сярод беларускай эміграцыі, якая зь цяжкасьцю верыла ў існаваньне Беларускага Рэзыстансу на Бацькаўшчыне. Невядома толькі, ці рабіў генэрал Вітушка падобныя звароты да беларускай эміграцыі. Аднак ведамы партызанскі плякат “Браты, не забывайцеся нас!”, выпушчаны адмыслова для эмігрантаў, каб не забываліся, што на Бацькаўшчыне ідзе крывавае змаганьне з акупантам. Заклік да эмігрантаў “пакінуць сваркі” прысутнічаў у вядомых нам Клічах да 25 Сакавіка Галоўнага Штабу беларускіх партызанаў ад 1952 году.

Партызанам на Беларусі, перад пагрозай зьнішчэньня, было прасьцей дамовіцца паміж сабой, чымсьці “палітыкам” у адносна бясьпечнай Заходняй Нямеччыне. Аднак ёсьць зьвесткі, што й партызанскі рух быў неаднародны. Генэрал Вітушка кантраляваў толькі частку яго. Невядома, як складваліся адносіны ў яго з іншымі аддзеламі й арганізацыямі. Але ёсьць падставы меркаваць, што яны, ці ня ўвесь час існаваньня Супраціву, існавалі паралельна з “Чорным Катом”. Напрыклад, рэшткі беларускае народнае партызанкі на Палесьсі або малавядомая Беларуская Дэмакратычная Армія.

Па прыкладу іншых рухаў Супраціву ў краінах Усходняй Эўропы, партызанка “Чорнага Ката” (Беларускага Краёвага Войска або Беларускай Вызвольнай Арміі) павінна была мець сваё прадстаўніцтва на Захадзе. Як нелегальнае, якое напэўна існавала, так і легальнае, якое павінна было б кантактаваць з адпаведнымі службамі заходніх краінаў. Пра існаваньне апошняга нічога невядома. Магчыма, яго функцыі выконвала адна з існуючых у той час беларускіх эміграцыйных арганізацыяў, як Рада БНР, Замежны Сэктар БНП або Беларускі Нацыянальны Цэнтр.

Беларускі Нацыянальны Цэнтр (БНЦ) быў заснаваны 15 жніўня 1945 году на нелегальным сходзе беларускага нацыянальнага актыву ў Рэгэнсбургу, у амэрыканскай акупацыйнай зоне Нямеччыны. Сярод 12 прысутных былі: Радаслаў Астроўскі, Мікола Абрамчык, Аўген Каханоўскі (Калубовіч), Барыс Рагуля ды інш. БНЦ мусіў стаць “беларускім цэнтральным прадстаўніцтвам” на Захадзе. Ідэю стварэньня гэтай арганізацыі падтрымаў і прэзыдэнт БЦР Р.Астроўскі, які разумеў, што ў пасьляваенных умовах БЦР ужо ня можа дзейнічаць, маючы пляму “калябарацыі” (БЦР будзе распушчаная ў верасьні 1945-га). На прапанову Астроўскага, старшынём БНЦ быў выбраны Мікола Абрамчык, а яго заступнікам Аўген Калубовіч (Каханоўскі). Аднак ужо ў 1946 годзе з Цэнтру выйшлі прыхільнікі Астроўскага.

Утвораны ў 1945 годзе БНЦ меў на мэце “мабілізаваньне і арганізаваньне ўсіх беларускіх нацыянальных сілаў для няўтомнага і бескампраміснага змаганьня супраць бальшавізму і ўсякіх іншых формаў паняволеньня беларускага народу”, змаганьне “за палітычную, нацыянальную, рэлігійна-царкоўную, сацыяльную і эканамічную незалежнасьць беларускага народу”. БНЦ у сваіх праграмных дакумэнтах заяўляў пра сваю прынцыповую арыентацыю на свае ўласныя сілы. Арганізацыя афіцыйна заяўляла пра сваю надпартыйнасьць, але ўсё ж знаходзілася пад уплывам Рады БНР, якая да сьнежня 1947 году дзеяла нелегальна. Такім чынам, Рада БНР і Беларускі Нацыянальны Цэнтр у той час дзейнічалі супольна, гуртуючы найбольш актыўныя сілы беларускай эміграцыі. Можна дапусьціць, што яны маглі выконваць прадстаўнічую функцыю Беларускага Рэзыстансу на Захадзе. Праўда, гэта ня спраўджана фактамі. Напрыклад, дасьледчык Ігар Лялькоў прыходзіць да высновы, што “большасьць удзельнікаў антысавецкага беларускага супраціву канца 40-х — пачатку 50-х была прыхільная хутчэй да БЦР, чым да БНР” (Лялькоў І. Адвечная песьня // Наша Ніва, 2001, 25 чэрвеня, №26). На карысьць гэтай вэрсіі гаворыць той факт, што сярод дзеячоў БЦР, у адрозьненьне ад Рады БНР, на эміграцыі было шмат блізкіх сяброў Вітушкі (Э.Ясюк, А.Арэхва, стрыечны брат Дз.Касмовіч ды інш.).

У 1947—1948 гадах у адозвах і выданьнях Беларускага Нацыянальнага Цэнтру зьявіўся “Замежны (або Эміграцыйны) Сэктар БНЦ”. З аднаго боку, гэта яшчэ не гаворыць пра існаваньне БНЦ і на Беларусі, але зусім магчыма, што былі спробы залажыць арганізацыю й на Бацькаўшчыне. Ёсьць цікавы факт, што ў 1949 годзе група сяброў БНЦ выдавала часапіс “За волю. Лісткі Замежнага Сэктару Беларускай Вызвольнай Арміі”. А актыўны сябра Цэнтру Мікола Панькоў рэдагаваў газэту “Вольнае слова”, у якой у 1949—1950 гадах друкаваліся ўспаміны ўдзельнікаў беларускай партызанкі. Партызанскі часапіс “За волю” дасылаў свае прывітаньні менавіта газэце Панькова. Усё гэта можа гаварыць пра цесную сувязь БНЦ з партызанкай генэрала Вітушкі. Адноўленая ў 1948 годзе Беларуская Цэнтральная Рада Радаслава Астроўскага не магла гэтым пахваліцца. Вітушка мог падтрымоўваць кантакты хутчэй зь некаторымі дзеячамі БЦР, такімі, як Дзімітры Касмовіч (кіраўнік Замежнага Сэктару БНП), чымсьці з самой Радай. Нават дасьведчаны Юрка Віцьбіч, рэдактар бэцээраўскай газэты “Беларускае слова”, па гэтай прычыне крыўдзіўся ды пісаў да Сяргея Хмары: “Хочацца думаць, што весткі аб гэтым паходзяць не ад спадара Панькова — вынаходцы розных весткаў. Неблагі ён чалавек, але ўсё ж мне калісьці мімаволі здавалася, што яго лучыць з генэралам Вітушкам просты тэлеграфны дрот” (Летапіс беларускай эміграцыі (Бруклін, ЗША), 1987, красавік, №47, б.72).

У 1948—1949 гадах, адначасова з актывізацыяй Рады БНР, роля БНЦ пачала зьмяншацца, пакуль ён канчаткова ня зьнік з палітычнай арэны. Ці падтрымоўваў генэрал М.Вітушка пасьля гэтага сувязь з Радай БНР, невядома. Аднак ёсьць фактам, што старшыня Рады БНР М.Абрамчык актыўна прапагандаваў на Захадзе баявыя чыны беларускіх партызанаў генэрала Вітушкі (Інтэрв’ю прэз. М.Абрамчыка // Божым шляхам, 1950, жнівень—верасень, №№ 8—9 (35—36)). Ён жа быў ініцыятарам стварэньня ўзнагародаў для “заслужаных беларусаў” у 1949 годзе. І першым узнагароджаным быў генэрал Міхал Вітушка…

Ці ня першым выступам Рады БНР на міжнароднай арэне ў пасьляваенны час быў мэмарандум, накіраваны ад імя Рады ў 1946 годзе на мірную канфэрэнцыю ў Парыжы. Ён быў падпісаны і “ўпаўнаважаным прадстаўніцтвам ураду БНР”, якое нібыта ў той час нелегальна дзейнічала на Беларусі й кіравала “змаганьнем беларускага народу супраць расейска-бальшавіцкай акупацыі”. Ёсьць зьвесткі, што трэцяя частка сяброў Рады БНР жыла ў БССР (Мэмарыял Ураду Беларускай Народнай Рэспублікі на Мірную канфэрэнцыю ў Парыжы // Рух (Заходняя Нямеччына), 1947, студзень, №4, б.15; Снапкоўскі У. Беларуская палітычная эміграцыя (1945—1990 гг.) // Полымя, 1997, №2, б. 203—210). Аднак наколькі рэальным было “прадстаўніцтва Рады БНР” і ці мела яно ўплыў на партызанскі рух — невядома.

Пазьнейшыя дэсанты сяброў Рады БНР у 1951—1952 гадах на Беларусь, якія, фактычна, скончыліся правалам, сьведчаць пра тое, што або Абрамчык згубіў сувязь з генэралам Вітушкам, або гэтая сувязь, калі раней і была, дык выпадковая.

Цікава, што ў абарону беларускіх партызанаў выступіла эміграцыйная Беларуская Народная Партыя (старшыня — Яўхім Кіпель). У 1948 годзе рэдакцыя ейнага партыйнага органу газэты “Беларуская воля” выдала адмысловы “Заклік пратэсту” супраць расстрэлаў бальшавікамі палонных беларускіх партызанаў:

“Заклік ПРАТЭСТУ

Мы заклікаем беларускую прэсу на эміграцыі правясьці пратэст супроць жорсткага і негуманітарнага караньня беларускіх патрыётаў і барацьбітоў Бацькаўшчыны, так званай Беларускай Партызанкі, якія, злучаныя адным заклікам Вольнае і Незалежнае Беларусі, змагаюцца з камунізмам.

Камуністы, здабыўшы ў палон на полі змаганьня за Незалежнасьць Беларусі раненых ці аслабленых беларускіх партызанаў, вытвараюць над імі камэдыі прысуду і расстрэльваюць або вешаюць іх як “бандытаў і злачынцаў”.

Мы, беларускія патрыёты, знаходзячыся на эміграцыі, войстра пратэстуем супроць такога трактаваньня беларускіх партызанаў, бо яны жаўнеры, палітычныя праціўнікі камунізму, зь якім змагаюцца і ідуць паміраць за Волю і Шчасьце Бацькаўшчыны, за Вольную і Незалежную Беларусь. Слава і гонар беларускай партызанцы.

Рэдакцыя” (Беларуская воля (Заходняя Нямеччына, орган Беларускай Народнай Партыі), 1948, лістапад, №17 (18)).

Падобныя звароты былі для беларускай эміграцыі хутчэй выключэньнем, чымсьці правілам. А нагоды для іх былі. Сапраўды, бальшавіцкія акупанты расстрэльвалі на месцы большасьць узятых у палон беларускіх партызанаў. У газэце “Вольнае слова” (№№ 2—3, красавік 1950 г.) быў зьмешчаны артыкул “Партызаны Беларусі на Сібірскай катарзе”, у якім адзначалася, што ў канцлягерах Сярэдняй Азіі й Сібіры “сярод катаржнікаў і прымусовых работнікаў ІСНУЕ яшчэ ГРУПА ПАЎСТАНЦАЎ — палякаў, украінцаў і БЕЛАРУСАЎ. Кожны зь іх быў засуджаны на найменш 20 гадоў катаржнай працы. Яны пераказвалі, што з узятых у палон іхных таварышаў тры чацьвёртыя былі адразу, на месцы расстраляныя…”

Тэма непасрэднага ўдзелу беларускіх эміграцыйных арганізацыяў і іх пасланцоў у беларускім Супраціве яшчэ мала дасьледавана. Больш вядомыя дэсанты на Беларусь, арганізаваныя, пры ўдзеле амэрыканскіх спэцслужбаў, Радай БНР у 1951—1952 гадах. Сябра Рады БНР Янка Філістовіч (псэўданім — палкоўнік Іван Слуцкі) пратрымаўся на нелегальным становішчы на працягу году, ачоліў партызанскую групу, стварыў падпольную сетку. Аднак быў арыштаваны ў верасьні 1952 году. Тады ж чэкісты захапілі ўдзельнікаў дэсантнай групы, скінутай у Заходняй Беларусі напярэдадні. Пра гэтыя правалы беларускіх эмігрантаў і амэрыканскіх спэцслужбаў шырока паведамляла савецкая прапаганда. Аднак яна маўчала пра іншыя выпадкі, калі людзі з-за жалезнай заслоны больш пасьпяхова дзейнічалі на Беларусі. Асабліва гэта датычыць дэсантнікаў вайсковай арганізацыі “Беларускі Вызвольны Рух”.

You may also like...