Таталітарызм. Курс лекцыяў (лекцыі 4-6)

Лекцыі № 1-3 можна прачытаць тут.

Ігар КУЗНЯЦОЎ.

Лекцыяя 4. ІМПЭРЫЯ ГУЛАГ

Плян:

1. Гісторыя стварэньня ГУЛАГу

2. Функцыянаваньне гулагаўскае сыстэмы

 

Гісторыя стварэньня ГУЛАГу

Слова “канцлягер” нязьменна выклікае асацыяцыю з нацысцкімі “фабрыкамі зьнішчэньня” — іхныя назвы вядомыя ўсяму сьвету: Асьвенцім, Майданэк, Трэблінка… Але пачыналася ўсё нашмат раней, з “фабрык перакоўваньня” людзей, што зьявіліся ў СССР пад час “вайсковага камунізму”. І хоць першыя савецкія канцэнтрацыйныя лягеры не параўнаць па жорсткасьці й антыгуманнасьці з сталінскімі (Калыма), альбо гітлераўскімі, але, пэўна, менавіта там, у далёкіх 20-х гг., належыць шукаць тлумачэньні тых пачварных зьявішчаў, якія для шмат каго асацыююцца з калымскай “калючкай” і печамі Асьвенціму…

Сваім зьяўленьнем канцлягеры прымусовых працаў абавязаныя палітыцы “чырвонага тэрору”, што досыць яскрава адлюстравала ўяўленьні ўладнае партыі пра сродкі й мэтады дасягненьня вызначаных мэтаў.

Першыя савецкія канцлягеры ўзьніклі з пачаткам грамадзянскае вайны (зь лета 1918 г.), і траплялі ў іх тыя, хто ня быў расстраляны ў якасьці закладніка, альбо тыя, каго пралетарская ўлада прапаноўвала абмяняць на сваіх адданых прыхільнікаў. Лягеры ўяўлялі зь сябе адзін з важнейшых мэханізмаў надзвычайнай пазасудовай рэпрэсіўнай і карнай палітыкі бальшавікоў.

Таму Надзвычайная Камісія (ЧК) — “узброены атрад партыі” — валодала асабістымі правамі на лягеры, ня страціўшы іх нават на пачатку 1919 г., калі чэкістаў сур’ёзна крытыкавалі й пазбавілі шмат якіх паўнамоцтваў. Менавіта тады, рызыкуючы наагул застацца бяз права кантролю лягернай сыстэмы, “жалезны Фэлікс” прапанаваў стварыць на грунце канцлягероў прымусовых працаў “школу труда” “…для арыштаваных, для паноў, што жывуць, не працуючы, для тых, хто не можа працаваць без пэўнага прымусу… Такім чынам, мяркуецца стварыць “школу труда”, і для гэтага ёсць прапанова: ВЧК надаецца права “заключать” у канцэнтрацыйны лягер.

Спачатку савецкая ўлада, як падаецца, верыла, што лягеры — часовая неабходнасьць. Яна шчыра называла іх канцэнтрацыйнымі, альбо лягерамі прымусовых працаў. Часова яны месьціліся паблізу гарадоў, у кляштарах, зь якіх выганялі іхных насельнікаў. А сама ідэя стварэньня лягероў зафіксаваная ў Пастанове Прэзыдыюму ВЦВК ад 11 красавіка 1919 г. “Пра лагеры прымусовых працаў”, якая ўпершыню заканадаўча замацавала існаваньне канцлягероў. Згодна з гэтым дакумэнтам, “Ва ўсіх губернскіх гарадах мусяць адчыніцца лагеры прымусовых працаў, разлічаныя не менш чым на 300 чалавек кожны…” Гэты веснавы дзень можна лічыць днём нараджэньня ГУЛАГу.

Паводле інструкцыяў, у канцлягеры мусілі трапляць дармаеды, шулеры, варажбіткі, прастытуткі, тыя, хто ўжываў какаін (какаіністы), дэзэртыры, контррэвалюцыянэры, шпіёны, спэкулянты, закладнікі, ваеннапалонныя, актыўныя белагвардэйцы. Але — і ў гэтым няма нічога дзіўнага — асноўным кантынгентам, што пасяліўся на маленькія выспы будучага агромністага архіпэлягу, сталіся зусім не пералічаныя катэгорыі насельніцтва.

Так, большасьцю лягерных жыхароў аказаліся рабочыя, “дробная” інтэлігенцыя, гарадзкія абываталі, і яшчэ больш — сялянства. Пагартаўшы пажоўклыя старонкі часопісу “Власть Советов” (орган ОГПУ РСФСР) за красавік—чэрвень 1922 г., можна знайсьці артыкул “Вопыт статыстычнай апрацоўкі некаторых звестак пра ўтрымваных у канцэнтрацыйных лагерах”. Лічбы бесстароньнія й халодныя. Нездарма ж на вокладцы аднаго статыстычнага збору, што выйшаў яшчэ да Кастрычніцкага перавароту, напісана: “Лічбы не ведаюць партыяў, але ўсе партыі павінны ведаць лічбы”. Крыху лягернае статыстыкі.

Характар злачынстваў (зьвесткі пра вязьняў канцлягероў эўрапейскае часткі Расейскае рэспублікі за 1919—1920 гг.):

1. Дзяржаўныя злачынствы — 24 адсоткі з усіх вязьняў.

2. Злачынствы супраць парадку кіраваньня (ухіленьне ад працоўнай, харчовай, падаткавай і іншых павіннасьцяў) — 27 адсоткаў.

3. Ведамасныя злачынствы — 12 адсоткаў.

4. Злачынствы супраць асобы — 1 адсотак.

5. Злачынствы супраць маёмасьці — 20 адсоткаў.

6. Вайсковыя злачынствы — 16 адсоткаў.

Найвялікшы працэнт асуджаных, што знаходзіліся ў канцлягерох, прыпадаў на органы ВЧК — 43 адсоткі. Далей: Народны суд — 16 адсоткаў; губэрнскія трыбуналы — 12 адсоткаў; рэвалюцыйныя трыбуналы — 12 адсоткаў; іншыя органы — 17 адсоткаў.

Прыблізна тое ж назіралася й у сібірскіх лягерох. Так, прыкладам, вязьні Марыінскага канцлягеру, дзе ўтрымлівалася ня менш за 5 адсоткаў ураджэнцаў Беларусі — (І.К.), адбывалі пакараньне за контррэвалюцыйную дзейнасьць (56%), крымінальныя злачынствы (23%), невыкананьне “разьвёрсткі” (4,4%), антысавецкую агітацыю (8%), працадэзэртырства (4%), ведамасныя злачынствы (4,5%), спэкуляцыю (0,1%).

Першымі палітычнымі канцлягерамі, створанымі паводле прапановы Ф.Дзяржынскага, сталіся Паўночныя лягеры асаблівага прызначэньня (ПЛАП) — пазьней называліся Салавецкімі лягерамі асаблівага прызначэньня. ПЛАП дзейнічаў з 1923 да 1939 гг. У Пастанове СНК СССР ад 10 сакавіка 1925 г. Салавецкія лягеры назвалі “Салавецкімі канцэнтрацыйнымі лагерамі ОГПУ”.

1 ліпеня 1923 г. туды прывезьлі першых 150 вязьняў. У першыя гады асноўнай катэгорыяй вязьняў былі “контррэвалюцыянэры”. Да іх прылічалі сябраў рэакцыйных партыяў, былых царскіх саноўнікаў і чыноўнікаў, царскіх афіцэраў, сьвятарства ўсіх веравызнаньняў, расейцаў, што вярнуліся з-за мяжы, замежнікаў і іншых. Паколькі Салаўкі былі лягерамі “асаблівага прызначэння”, на вязьняў, што знаходзіліся там, амністыя не распаўсюджвалася. Перад кожнай чарговай амністыяй (як правіла, з нагоды чарговае гадавіны рэвалюцыі) на Салаўкі завозіліся партыі вязьняў, якіх ОГПУ жадала “зьберагчы” ад амністыі. Хуткім часам, па сьпісах ОГПУ, пачаліся групавыя расстрэлы.

Салавецкія лягеры набылі славу, дзякуючы дзікунскаму свавольству мясцовага начальства — як сярод вязьняў, гэтак і працаўнікоў ОГПУ. Нармальнымі зьявамі сталіся зьбіцьцё — часам да сьмерці (без прычыны), катаваньне голадам і холадам, індывідуальнае й групавое згвалтаваньне жанчын і дзяўчат, вывядзеньне на камары ўлетку, а ўзімку — абліваньне халоднай вадою пад адкрытым небам, забіваньне спайманых уцекачоў і выстаўленьне трупаў на некалькі дзён каля брамы лягеру – каб навучыць астатніх — і іншыя.

Шэраг салавецкіх “дасягненьняў” стала ўвайшлі ў рэпрэсіўную сыстэму таталітарнае дзяржавы: а) вызначэньне стану палітвязьня ніжэйшым за стан крымінальніка-рэцыдывіста (потым гэты савецкі прынцып пераймуць Мусаліні, Гітлер і іншыя — І.К.); б) забесьпячэньне працоўнай сілай шляхам падоўжаньня тэрміну прысуду; в) пасьля заканчэньня тэрміну палітвязьняў і некаторых крымінальнікаў-рэцыдывістаў — у разе іхнага “вызваленьня” — не выпускалі на свабоду, а накіроўвалі ў ссылку, а таксама шэраг іншых жорсткіх прыдумак сыстэмы.

Ува ўмовах НЭПу існаваньне канцлягероў сталася праблемай: зьнізілася хваля палітычных рэпрэсіяў, зьмянілася эканамічнае становішча, істотна зьнізіліся дзяржаўныя датацыі ўстановам зьняволеньня. Але галоўным аказалася тое, што агульная (хай і адносная) лібэралізацыя нутранога рэжыму адмаўляла канцэнтрацыйныя лягеры. Зьмяніліся й прававыя ўмовы.

Усё разам прывяло да таго, што ў 1923—1924 гг. шматлікія лягеры прымусовых працаў ціха й спакойна зачынілі. Іхнае закрыцьцё, відаць, паскорылася, дзякуючы дэмаршам заходняе грамадзкасьці супраць становішча палітвязьняў у СССР пасьля таго, як некаторым пашчасьціла ўдала зьбегчы з савецкіх лягероў і турмаў за мяжу.

Але НЭП праіснаваў нядоўга. Зь яго заняпадам і ўзнаўленьнем масавага палітычнага тэрору лягеры “адрадзіліся”. І менавіта Вялікі Пералом нарадзіў ГУЛАГ. Рэзкае павелічэньне колькасьці асуджаных паставіла пытаньне пра аднаўленьне інстытуту канцлягероў.

Функцыянаваньне гулагаўскае сыстэмы

Аднаўляючы старыя й ствараючы новыя лягеры, савецкае кіраўніцтва вызначыла тры асноўныя задачы:

1. ізаляваць рэальных і патэнцыйных ворагаў рэжыму (а таксама проста незадаволеных);

2. заняць гэтых людзей грамадзка карыснай працай, каб яны елі свой хлеб недарма;

3. калянізаваць патрэбныя рэгіёны, куды, паводле іхнае спэцыфікі (поўнач, тайга, стэпы зь неспрыяльным кліматам), вольнага чалавека не завабіш і пернікам.

Паступова для зьдзяйсьненьня індустрыялізацыі дармавая працоўная сіла гэтак сталася даспадобы вышэйшаму кіраўніцтву краіны, што заканадаўства пачалі падганяць пад патрэбы плянавае эканомікі.

Вязьні будавалі каналы й электрастанцыі, буйнейшыя заводы й чыгункі — па сутнасьці, ніводная значная будоўля першых пяцігодак не абышлася бязь іхнае працы. Арганізоўваліся спэцыялізаваныя ўпраўленьні, што займаліся чыгуначным будаўніцтвам, лясной і цяжкай прамысловасьцю, іншымі галінамі эканомікі. Лягерная эканоміка з 1930-х гг. зрабілася істотным апірышчам савецкае індустрыялізацыі, на якой, шмат у чым, трымалася сталінская мадэль сацыялізму. Невыпадкова ўсе важныя пытаньні ў жыцьці лягероў вырашаліся Пастановамі ЦК ВКП(б) і Совнаркому СССР — нярэдка сумеснымі.

Ужо 11 ліпеня 1929 г. Совнарком СССР прыняў Пастанову, паводле якое на ОГПУ СССР была ўскладзена задача разьвіцьця гаспадарчага жыцьця “сродкамі выкарыстання працы ізаляваных небяспечных элементаў” на найменш даступных для засваеньня й разам з тым багатых на натуральныя рэсурсы ўскраінах Савецкага Саюзу. Пры гэтым вызначылася й вельмі важкая й прыемная для дзяржавы навацыя — ОГПУ абавязалася зьняць зь бюджэту выдаткі на ўтрыманьне вязьняў — шляхам пераводу лягероў на самаакупнасьць.

У 1930 г. было сфармавана шэсьць Упраўленьняў выпраўленча-працоўных лягероў (ВПЛ) ОГПУ СССР: Паўночнага Каўказу, раёну Белага мора й Карэліі, Вышняга Валачку, Сібіры, Далёкага Ўсходу й Казахстану. У ВПЛ пяці Ўпраўленьняў (без Казахстану) знаходзілася 166 тысяч чалавек.

Лягеры й працоўныя калёніі пачынаюць адыгрываць усё больш прыкметную ролю ў эканоміцы краіны. Праца зьняволеных выкарыстоўваецца ў рэалізацыі буйнамаштабных гаспадарча-эканамічных праектаў, а гаспадарчыя органы плянуюць сваю дзейнасьць з улікам магчымасьці скарыстаньня іхнае працоўнае сілы, якую трэба было, дарэчы, адшукваць.

Значны кантынгент працоўнае сілы, занятай на прымусовых працах, фармаваўся з раскулачанага сельскага насельніцтва. Інструкцыя, распрацаваная ў студзені 1930 г. на падставе рэкамэндацыяў камісіі Палітбюро ЦК ВКП(б) на чале з В.Молатавым, патрабавала зрабіць наступныя захады супраць сялянскіх гаспадарак, прылічаных да кулацкіх:

— контррэвалюцыйны актыў арганізатараў тэрарыстычных актаў і антысавецкіх мецяжоў арыштоўваць і выносіць нават вышэйшую меру пакараньня (першая катэгорыя);

— заможных кулакоў, што актыўна выступаюць супраць калектывізацыі, высяляць у аддаленыя раёны краіны (другая катэгорыя);

— астатнюю частку кулакоў перасяляць у межах раёну на новыя, спэцыяльна адведзеныя для іх, землі (трэцяя катэгорыя).

Высылка пачалася ў студзені—лютым 1930 г., але толькі ў пачатку красавіка была створаная камісія па разьмеркаваньні высыланых кулакоў, якую ачоліў намесьнік старшыні СНК СССР В.Шмідт. Спэцперасяленьне вялося бязглузда й бессыстэмна, дзеяньні розных органаў не ўзгадняліся. Прадстаўнікі ОГПУ перадавалі “эстафету” адміністратыўным органам НКВД, міліцыі. Камэнданцкія аддзелы мусілі кіраваць сеткаю ўпершыню ствараных гэтулькіх буйных “кулацкіх” паселішчаў. І толькі затым да справы далучаліся грамадзянскія органы, што займаліся іхным жыцьцязабесьпячэньнем.

Кінутыя ў цяжкадасягальныя раёны, часта без гаспадарчага інвэнтару й правізіі, спэцперасяленцы, нягледзячы на пагражальныя для іх наступствы, разьбягаліся з паселішчаў. Да канца 1930 г. па Заходняй Сібіры зьбеглымі лічыліся 2/3 перасяленцаў; а заставаліся толькі тыя, хто папросту ня ў стане быў зьбегчы.

Зь лютага 1930 г. па краіне пакацілася новая, больш значная, хваля “раскулачваньня”. У выніку гэтае акцыі толькі з тэрыторыі БССР выслалі ў раёны Ўралу, Сібіры й Казахстану звыш 100 тысяч сялян. Дзеля кіраўніцтва й кантролю за ўчыненьнем раскулачваньня 11 сакавіка 1931 г. стварылі чарговую спэцыяльную камісію, ачоленую намесьнікам старшыні СНК СССР А.Андрэевым. Камісія гэтая пачала займацца заадно й разьмяшчэньнем спэцперасяленцаў ды скарыстаньнем іхнае працы.

Усяго, згодна з дадзенымі ведамаснае статыстыкі ОГПУ—НКВД, па краіне за 1930—1931 гг. раскулачылі 569,3 тысячы гаспадарак, зь іх у аддаленыя раёны адправілі 381 тысячу сем’яў — у тым ліку, зь Беларусі больш за 15 тысяч чалавек. Гэта азначае, што “андрэеўскі” спэцразьмеркавальнік на працягу толькі аднаго 1931 г. “даў” эканоміцы краіны некалькі мільёнаў рабачаяў.

У 1931 г. тэмпы й маштабы раскулачваньня ўжо не адпавядалі задачы бесьперашкоднага правядзеньня калектывізацыі, і ў значнай ступені вызначаліся адпаведна з замовамі гаспадарчых органаў. З гэтага году ОГПУ замкнула на сабе ўвесь “тэхналагічны цыкл” (ад высяленьня да выкарыстаньня працы спэцперасяленцаў) і выцесьніла няўдалых канкурэнтаў (сыстэму НКВД), якія ня здолелі ня толькі “па-гаспадарску” скарыстаць у 1930 г. рабсілу раскулачаных, але й нават зарганізаваць іхнае расьсяленьне й ахову.

На справе гэта выглядала наступным чынам. ГУЛАГ, што знаходзіўся ў распараджэньні ОГПУ, стварыла нескладаную, але дзейную сыстэму дамоўных адносінаў з наркаматамі й ведамствамі пра выкарыстаньне працы спэцперасяленцаў. Сыстэма мела тры ступені: верхняя — г.зв. генэральная дамова паміж ГУЛАГам і, прыкладам, УСН; сярэдняя — лякальная дамова аднаго з тэрытарыяльных упраўленьняў — напрыклад, СібЛАГу з Усходвуглём альбо Кузьнецкбудоўляй пра перадачу ў распараджэньне ведамства вызначанай колькасьці перасяленцаў; ніжэйшая — дакумэнтальна афармляліся адносіны паміж спэцкамэндатурай СібЛАГу й кіраўніцтвам канкрэтнай леспрамгаспадаркі ці рудніку.

Такім чынам, цягам восені—зімы 1931 г. прадстаўнікі СібЛАГу падпісалі дамовы з буйнешымі спажыўцамі працоўнае сілы рэгіёну — з Усходстальлю (Кузьнецкбудоўля), Усходвуглём (Кузбасвугаль), Сіблестрэстам і іншымі. Шмат якія галіны, прыняўшы атрутны наркотык у выглядзе дармавое працоўнае сілы, ужо не маглі функцыянаваць без спэцкантынгенту. А гэта значыць: цалкам залежалі ад усемагутнага карнага ведамства. Гэтак ГУЛАГ зрабіўся неад’емным элемэнтам савецкае эканамічнае сыстэмы.

ГУЛАГ НКВД (з 1946 г. — МУС) СССР — Галоўнае ўпраўленьне выпраўленча-працоўных лягероў і працоўных паселішчаў НКВД СССР — быў зарганізаваны паводле Пастановы ЦВК і СНК СССР ад 10 ліпеня 1934 г. “Пра стварэнне агульнасаюзнага НКВД”. У ягонае распараджэньне перадаваліся ўсе існуючыя да гэтага часу лягеры, што знаходзіліся пад кантролем ОГПУ, НКВД РСФСР і НКЮ РСФСР і іншых саюзных рэспублік. Упершыню ўсе лягеры СССР былі аб’яднаныя пад адзіным кіраўніцтвам. У Пастанове ЦВК і СНК СССР ад 27 кастрычніка 1934 г. да гэтае назвы дадалі: “…і месцаў зняволеньня…” — г.зн., што ГУЛАГу былі падпарадкаваныя таксама й турмы. Старшынёй ГУЛАГу прызначылі Мацьвея Бэрмана, які быў да гэтага старшынём ГУЛАГу ОГПУ СССР.

На ГУЛАГ, ачолены намесьнікам Наркама нутраных справаў, ускладаліся наступныя абавязкі: ізаляцыя ненадзейных і нядобранадзейных элемэнтаў з адначасовай эксплюатацыяй іх у якасьці працоўнае сілы; перамяшчэньне гэтае працоўнае сілы на любыя адлегласьці й у любыя месцы. Зьдзяйсьненьне гэтых задач забясьпечвалі наступныя ўпраўленьні: палітычнае, кадравае, опэрчэкісцкае, аховы й рэжыму, фінансавае, санітарнае, адміністратыўна-гаспадарчае. Эксплюатацыяй паднявольнай працоўнай сілы распараджаліся спэцыялізаваныя аддзелы: па лесанарыхтоўках, капітальным будаўніцтве, здабычы й іншыя. У канцы 30-х гг. і пачатку 40-х гг. створана каля пятнаццаці спэцыялізаваных Галоўных упраўленьняў: Дальбуд, Гідрабуд, Шасэйных дарог, Чыгуначнага будаваньня, Горнай і Мэталюргічнай прамысловасьці ды іншыя.

Лягерныя комплексы (тэрытарыяльныя ўпраўленьні) былі раскіданыя па ўсёй краіне, і ня толькі недзе ў глушэчы, але нават і ў сталіцах рэспублік. Да канца 30-х гг. іх налічвалася каля 100. У кожным — ад некалькіх тысяч да мільёну й больш зьняволеных. Нярэдка ў аддаленых раёнах краіны колькасьць зьняволеных лягернага комплексу значна перавышала колькасьць мясцовага вольнага насельніцтва. А бюджэт лягернага комплексу, у залежнасьці ад таго, якую тэрыторыю ён займаў, мог у шмат разоў перавышаць бюджэт краю, вобласьці ці некалькіх вобласьцяў (лягерны комплекс мог улучаць ад 3 (УладзімірЛАГ) — да 45 (СібЛАГ) лягераў — І.К.)

Тэрыторыя СССР умоўна была падзеленая на восем зон дысьлякацыі тэрытарыяльных упраўленьняў з падпарадкаванымі ім выпраўленча-працоўнымі лягерамі, турмамі, этапамі й перасылачнымі пунктамі.

І. ПАЎНОЧНЫ ЗАХАД ЭЎРАПЕЙСКАЙ ЧАСТКІ

Упраўленьні: БелбалтЛАГ, ВолгаЛАГ, КамурЛАГ, МядзьведжагорскЛАГ, АнегаЛАГ, СьвірЛАГ, СевдвінЛАГ, СевдзюнЛАГ, АрхангелЛАГ, ХолмагорЛАГ, Усьць-ВымЛАГ.

Лягеры асабовага прызначэньня: Асташкаўскі, Крыжы (Кресты) — г.Ленінград.

ІІ. СЯРЭДНЯЯ ПАЛАСА ЭЎРАПЕЙСКАЙ ЧАСТКІ СССР

Упраўленьні: АўтадарЛАГ (будаўніцтва шашы Менск—Масква), ВятЛАГ, ДзьмітраўЛАГ (будаўніцтва каналу Масква—Волга), ДуброўЛАГ, КлішыЛАГ, ПоцьЛАГ, УмжЛАГ, УладзімірЛАГ, ВязьмаЛАГ, КуйбышаўЛАГ (будаўніцтва Куйбышаўскай ГЭС), СелігерЛАГ, СуздальЛАГ, ВуглічЛАГ, РыбінЛАГ, ЮхноўЛАГ, ЯраслаўЛАГ.

Лягеры асабовага прызначэньня: Вільнюскі, Уладзіміраўскі, Ліпецкі, Сычаўскі (Смаленская вобласьць), Таржокскі (Калінінская вобласьць), Казельскі, Казанскі.

ІІІ. ПОЎДЗЕНЬ ЭЎРАПЕЙСКАЙ ЧАСТКІ СССР

Упраўленьні: ДняпроўЛАГ, ЗапарожЛАГ, КіеўЛАГ, ХаркаўЛАГ, ДрагобычЛАГ, РастоўЛАГ.

Лягеры асабовага прызначэньня: Віньніцкі, Старабельскі, Лук’янаўскі, Івана-Франкоўскі, Сальскі, Новачаркаскі.

IV. УРАЛ

Упраўленьні: Абезь-ІнтЛАГ (будаўніцтва чыгункі Пячора—Варкута), Усьць-ВымЛАГ, ВождзельЛАГ, ВаркутпечЛАГ, ПячорчыгунЛАГ, ВаркутЛАГ, ІнтаЛАГ, ПаўночнаўральскЛАГ, УхтЛАГ, СыктыўкарЛАГ, УхтпечЛАГ, КотЛАГ, ЗахчыгунЛАГ, ВітэрЛАГ, ВятЛАГ, ІўдзельЛАГ, МагнітагорЛАГ, ПермЛАГ, НыробЛАГ, УсольЛАГ, ВрангельЛАГ, КраснаўралЛАГ.

Лягеры асабовага прызначэньня: Нар’ян-Мар, Новая Зямля, Іжэўскі, Чалябінскі.

V. КАЗАХСТАН І СЯРЭДНЯЯ АЗІЯ

Упраўленьні: АкцюбінЛАГ, БалхашЛАГ, КамышЛАГ, КарЛАГ, СьцепЛАГ, ЭкібастузЛАГ, ЧымкентЛАГ, ЧурлайЛАГ.

Лягеры асабовага прызначэньня: Акмолінскі лягер для жонак здраднікаў Радзіме (АЛЖЗР), Камышынскі, Петрапаўлаўскі, Семіпалацінскі, Ташкенцкі.

VI. ЗАХОДНЯЯ СІБІР

Упраўленьні: ОмскЛАГ, СапЛАГ, СібЛАГ, Томск-АсінЛАГ, КемерЛАГ, КузьнецкЛАГ, СпасЛАГ, ПаўнкузбасЛАГ, ЯяЛАГ, МарыінскЛАГ, ТобальЛАГ, ТаймырЛАГ.

Лягеры асабовага прызначэньня: Сібірскі (Нарымская акруга), Салехардзкі, Тайгінскі, Томскі, Кемераўскі, Пракоп’еўскі.

VII. УСХОДНЯЯ СІБІР

Упраўленьні: АнгарЛАГ, БрацкЛАГ, ГорЛАГ, ІркутЛАГ, КрасЛАГ, НарылЛАГ, ОзерЛАГ, РыбакЛАГ, ТайшэтЛАГ, КраснаярЛАГ.

Лягеры асабовага прызначэньня: Букачарскі, Канскі, Мінусінскі, Чыцінскі.

VIII. ДАЛЁКІ ЎСХОД

Упраўленьні: АмурЛАГ, АлданЛАГ, ЯкутЛАГ, БамЛАГ (будаўніцтва БАМу ад Тайшэту да Ваніна), БулчыгунЛАГ, АгоджЛАГ, ПрыморЛАГ, СагурЛАГ, СунчанЛАГ, ТакурЛАГ, Зах-усхЛАГ, АрутуханЛАГ, СусуманЛАГ, Чай-УйрынЛАГ, Усьць-АмчугЛАГ, ЧукотбудЛАГ, БерЛАГ, КалымЛАГ, МагаданЛАГ.

Лягеры асабовага прызначэньня: Благавешчанскі, Усурыйскі, Арутуханскі, Верхаянскі, Уладзівастоцкі, Магаданскі.

(У гэтым сьпісе пададзеныя асноўныя ўпраўленьні лягероў і турмаў асабовага прызначэньня, якія ўдалося вызначыць паводле існуючых афіцыйных крыніцаў інфармацыі, і ён не прэтэндуе на завершанасьць — І.К.)

Можна сьцьвярджаць, што на сёньняшні дзень выяўлена звыш 2.000 аб’ектаў ГУЛАГу (лягеры, турмы, камэндатуры). У склад ГУЛАГу ўваходзілі наступныя тыпы лягероў: прымусовых працаў, выпраўленча-працоўныя, асабовага прызначэньня, катаржныя, спэцыяльныя, лягерныя навукова-дасьледніцкія інстытуты. Акрамя таго, у склад “сістэмы перавыхавання” ўлучаліся калёніі — выпраўленча-працоўныя, выхаваўча-працоўныя, дзіцячыя й іншыя.

Уся краіна — у тым ліку, і Беларусь — была пакрытая шчыльнаю сеткаю турмаў і сьледчых ізалятараў НКВД. Як правіла, яны дысьлякаваліся ва ўсіх абласных цэнтрах і сталіцах саюзных і аўтаномных рэспублік. У Маскве, Ленінградзе й Менску (іх было чатыры — І.К.) знаходзілася звыш дзясятка турмаў і ізалятараў спэцыяльнага прызначэньня. У цэлым па краіне гэтых карных установаў налічвалася ня менш за 800—900 — вызначыць дакладную колькасьць не ўяўляецца магчымым — І.К.)

У сувязі з тым, што да гэтага часу на тэрыторыі Беларусі ня выяўлена выпраўленча-працоўных лягероў у 30-я—40-я гг., гэта зусім не азначае, што яны адсутнічалі. Наяўнасьць перасыльных турмаў у Менску, Віцебску, Магілеве, Слуцку, Гомелі дазваляла трымаць там адначасова “спецкантынгент” ня меншы за 15—20 тысяч чалавек. Тэрмін знаходжаньня этапаваных у перасыльных турмах і лягерох мог доўжыцца ад некалькіх гадзінаў да некалькіх месяцаў, а ў сярэднім — 12—14 сутак.

Этапаваньне зь перасыльных турмаў і лягероў на тэрыторыі Беларусі ішло па наступных асноўных маршрутах: Віцебск — Ленінград — Петразаводзк; Віцебск — Волагда — Архангельск; Менск — Віцебск — Волагда — Котлас; Менск — Масква — Уладзімір — Кіраў — Сыктыўкар; Магілеў — Бранск — Варонеж — Куйбышаў; Гомель — Чарнігаў — Запарожжа; Менск — Масква — Казань — Сьвярдлоўск — Варкута; Менск — Масква — Омск — Навасібірск — Краснаярск — Нарыльск; Менск — Масква — Чыта — Якуцк — Магадан — Калыма й іншыя.

У адным этапе часам налічвалася да некалькіх соцень чалавек, якія — пераважна чыгункай — перакідаліся на адлегласьці да некалькіх тысяч кілямэтраў.

Перавозілі зьняволеных у таварных вагонах, абсталяваных двухяруснымі нарамі. У падлозе мелася прарэзаная вузкая шчыліна — параша. Акно было абабітае жалезам, каб арыштанты не маглі пашырыць яго й выкінуцца. Дзеля перадухіленьня ўцёкаў пад падлогай мацавалі спэцыяльныя жалезныя штыры. У вагонах не прадугледжвалася ані асьвятленьня, ані ўмывальнікаў. У вагоне, разьлічаным на 46 чалавек, зазвычай перавозілі па 60 чалавек і болей.

Пад час масавых акцыяў на тэрыторыі Беларусі эшалёны маглі мець да 20 вагонаў, у якіх зьмяшчалася больш за тысяча зьняволеных. Затым, па вызначаных маршрутах і па-за графікам, яны рухаліся зь Беларусі на Далёкі Ўсход. Падарожжа магло доўжыцца да двух месяцаў. Увесь гэты час нявольнікаў не выпускалі з вагонаў.

Ежу давалі, як правіла, раз у суткі сухім пайком, хоць, паводле правілаў, мусілі карміць гарачымі стравамі. Такім чынам, некалькі тысяч нашых суайчыньнікаў апынулася ў 1930-я—1940-я гг. у раёнах Скрайняй Поўначы, Уралу, Сібіры, Далёкага Ўсходу й іншых раёнах былога Савецкага Саюзу.

Асабліва часта выпраўляліся на Ўсход эшалёны пасьля “вызваленчага паходу” частак Чырвонае Арміі ў заходнія вобласьці Беларусі. У прыватнасьці, у адным зь іх аказалася 1.580 ураджэнцаў Віленскае вобласьці, асуджаных Надзвычайнай нарадай НКВД СССР 25 сьнежня 1940 г. Зь іх каля 60 адсоткаў этапавалі ў КотЛАГ, каля 15 адсоткаў — у СібЛАГ, ня менш за 20 адсоткаў даставілі ў АрхангелЛАГ.

Сустракалі “контррэвалюцыянераў” шматлікія лягеры ГУЛАГу. Як правіла, яны былі аднатыпныя: тэрыторыя, агароджаная трыма шэрагамі калючага дроту. Першы шэраг — вышыні каля мэтру; асноўны, сярэдні,— вышыні тры—чатыры мэтры. Паміж шэрагамі калючага дроту знаходзіліся кантрольныя палосы, па вуглох — чатыры вышкі. У цэнтры знаходзіліся памяшканьні: мэдсанчастка, штрафны ізалятар, абнесены частаколам. Ізалятар уяўляў зь сябе суцэльнае памяшканьне, разгароджанае на адзіночныя й агульную камэры. З такой “фартэцыі” зьбегчы было практычна немагчыма.

Вакол месьціліся баракі з нарамі для зьняволеных. У зімовы час, ды яшчэ ва ўмовах Уралу й Сібіры, баракі не заўсёды ацяпляліся. У такіх нечалавечых варунках мала хто зь нявольнікаў дажываў да доўгачаканае волі. Вынаходніцтву працаўнікоў НКВД не было межаў: паміж іншага, калі падыходзіў да канца вызначаны судом тэрмін, пакутнікі так і не здабывалі волі.

З прыняцьцём 15 чэрвеня 1939 г. Загаду Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету СССР “Пра лагеры НКВД” колькасьць асобаў, што адбывалі пакараньне, павялічылася. Загадам прадугледжвалася “…адмовіцца ад сістэмы ўмоўна-датэрміновага вызвалення лагерных кантынгентаў. Асуджаны, што адбывае пакаранне ў лагерах НКВД СССР, павінен цалкам адбыць вызначаны судом тэрмін”.

Паводле афіцыйнае статыстыкі, на 1 сакавіка 1940 г. ГУЛАГ складаўся з 53 лягероў, 425 выпраўленча-працоўных калёніяў (у тым ліку, 170 прамысловых, 83 сельскагаспадарчых і 172 “контрагенцкіх” — г.зн. працаўнікоў на будоўлі й гаспадарках іншых ведамстваў), аб’яднаных абласнымі, краёвымі, рэспубліканскімі аддзеламі выпраўленча-працоўных калёніяў, і 50 калёніяў для непаўналетніх — калёніяў для дзяцей “ворагаў народа” — І.К.)

У сувязі з прыняцьцём у 1940 г. шэрагу надзвычайных законаў удалося пашырыць сыстэму ГУЛАГу — і такім чынам давесьці колькасьць зьняволеных у ёй (на 22 чэрвеня 1941 г.) да 2,3 мільёна чалавек. Пачатак вайны не паменшыў колькасьці зьняволеных. Дывізіі заходніх акругаў адчувалі агромністую патрэбу ў даўкамплектаваньні асабовым складам, а ў глыбокім тыле працягваліся расстрэлы “ворагаў народа”.

З прычыны катастрафічнага становішча на фронце ў 1942—1943 гг. у шэрагі Савецкай Арміі накіравалі ўсяго трохі больш за 157 тысяч былых палітвязьняў. А за тры гады вайны з шматмільённага “насельніцтва” ГУЛАГу вызвалілі — зь перадаваньнем у войска — усяго 975 тысяч чалавек.

Пасьля пераможнага заканчэньня вайны партыйнае й савецкае кіраўніцтва СССР не забылася на ГУЛАГ. І зноў панесьліся па пратаптаным ужо шляху на Ўсход эшалёны з рэпатрыянтамі й тымі, хто апынуўся на часова акупаванай тэрыторыі. Насельнікаў ГУЛАГу зноў рэзка пабольшала.

Галоўнай праблемай для кіраўніцтва ГУЛАГу сталася павелічэньне ёмістасьці лягероў. Над гэтай праблемай і біліся вышэйшыя гулагаўскія чыны — выканаўца абавязкаў старшыні ГУЛАГу генэрал Г.Дабрынін і ягоны апякун — намесьнік міністра нутраных справаў В.Чэрнышаў. На 1 студзеня 1946 г. плянавая ёмістасьць ВПЛ і калёніяў склала 1.248.332 чалавек — хоць у іх утрымліваліся 1.448.034 чалавек. Пры гэтым у сакавіку 1946 г., згодна з плянам, з турмаў у лягеры мусіла паступіць чарговая месячная порцыя — колькасьцю 60.577 чалавек. Калі выказацца гулагаўскім канцылярытам,— “пераліміт” склаў 328.227 чалавек.

Асаблівую цікавасьць у гэтым сэнсе ўяўляюць лягеры, аб’яднаныя Ўпраўленьнем лягероў лясное прамысловасьці ГУЛАГу. На 1 студзеня 1946 г. папаўненьне зьняволенымі “лясных лагераў” склала 197.831 чалавек, пры плянавай — 165.293 чалавек. Кіраўніцтва заплянавала гэтым лягером павелічэньне кантынгенту яшчэ на 38.660 чалавек.

У гулагаўскім ведамстве назіралася цікавая практыка: пры зьмене кіраўніка папярэдні здаваў новаму ГУЛАГ з усёй трыбухой: з начыньнем, людзьмі й маёмасьцю. Па стане на 1 верасьня 1947 г. кантынгент зьняволеных знаходзіўся ў 54 лягерох (ВПЛ), 79 калёніях (УВПЛК) і 57 перасыльных турмах. Гаспадарка пашыраецца, а ў стадыі стварэньня — яшчэ 13 лягероў і 29 калёніяў.

Пасьляваенны голад адбіўся на забесьпячэньні лягероў. Гадавая патрэба ў бульбе й гародніне задаволена на 70 адсоткаў (недастача 209.500 тон). Блага выконваліся й заяўкі ГУЛАГу на вопратку — усяго на 30 адсоткаў. Калі ўсю нястачу вопраткі перавесьці ў баваўняную тканіну — недастача склала 35 мільёнаў мэтраў тканіны. Палову Расеі апрануць можна…

У пасьляваенныя гады ў сувязі з рэарганізацыяй сыстэмы органаў дзяржаўнай бясьпекі ГУЛАГ перадалі ў распараджэньне Міністэрства юстыцыі СССР, і ачоліў яго генэрал-лейтэнант І.Даўгіх (бацька былога кандыдата ў сябры Палітбюро ЦК КПСС В.І.Даўгіх — І.К.)

Па стане на 1 кастрычніка 1953 г. у выпраўленча-працоўных калёніях і лягерох ГУЛАГу МЮ СССР знаходзілася 2.235.296 чалавек. З 1 сакавіка да 1 кастрычніка 1953 г. паступіла 165.961 наноў засуджаных. У гэты ж пэрыяд па амністыі, а таксама са сканчэньнем тэрміну пакараньня вызвалілася 1.342.979 чалавек. Фактычна ў лягерох і калёніях на 1 кастрычніка 1953 г. засталося 1.058.278 зьняволеных.

Партыйнае кіраўніцтва пасьпяшалася зьнішчыць нават самое слова ГУЛАГ, злавесны сэнс якога стаўся да таго часу вядомы ўжо далёка за межамі СССР. І ўвосень 1956 г. было прызнана немэтазгодным далейшае існаваньне выпраўленча-працоўных лягероў (ГУЛАГу). У сувязі з гэтым было вырашана рэарганізаваць іх у выпраўленча-працоўныя калёніі. Ніякай афіцыйнай пастановы пра гэта не было апублікавана, і невядома, кім было прынятае рашэньне. З кастрычніка 1956 г. да красавіка 1957 г. “рэарганізаваны” ГУЛАГ знаходзіўся ў распараджэньні Міністэрства юстыцыі СССР пад новай шыльдай — “Выпраўленча-працоўныя калёніі”. Зь цягам часу яго перадалі ў сыстэму выпраўленча-працоўных установаў МУС СССР. На гэтым гісторыя ГУЛАГу сканчаецца…

Аналіз усіх крыніцаў інфармацыі дазваляе меркаваць, што праз ГУЛАГ НКВД СССР у 1930-я—1940-я гг. прайшло ня менш за 10—12 мільёнаў чалавек — у тым ліку, звыш 600 тысяч ураджэнцаў Беларусі.

Літаратура

1. Викторов Б. Без грифа “секретно”. Записки военного прокурора. М., 1990.

2. Возвращение памяти. Историко-публицистический альманах. Новосибирск, 1991.

3. ГАРФ. ф.3316. оп.2. д.1526; ф.9474. оп.16. д.12, 54; ф.9492. оп.1. д.10—12.

4. Глазов Н. Правила “хорошего” ГУЛАГА // Эхо, 1991. №4.

5. Гордон Л., Клопов Э. Что это было? Размышления о предпосылках и итогах того, что случилось с нами в 30-е—40-е годы. М., 1989.

6. Горинов М. Советская страна в конце 20-х—начале 30-х годов // Вопросы истории, 1990. №11.

7. ГУЛАГ в годы Великой Отечественной войны // Военно-исторический журнал, 1991. № 1.

8. Дугин А. ГУЛАГ глазами историка // Союз, 1990. №9.

9. Жбанов Е. Правда о трибунале // Известия,1989. 4 мая.

10. Земсков В. Кулацкая ссылка в 30-е годы // Социологические исследования, 1991. №10.

11. Конквест Р. Большой террор // Нева,1989. № № 1—12.

12. Конквест Р. Жатва скорби // Вопросы истории, 1990. №1.

13. Кузнецов И. Возвращение памяти. Мн., 1997.

14. Кузняцоў I. Канвэер сьмерці. Мн., 1997.

15. Лукашук А. За кіпучай чэкісцкай работай. Мн., 1997.

16. Правда истории: память и боль. М., 1991.

17. Они не молчали // Сост. Афанасьев А. М., 1991.

18. Орлов А. Тайная история сталинских преступлений // Огонёк, 1989. №№ 46—51.

19. Попов B., Оттоков В. Бериевщина: исследуя судебные материалы // Военно-исторический журнал, 1991. №1.

20. Солженицын А. Архипелаг ГУЛАГ: 1918—1956. Опыт художественного исследования. М., 1991.

21. Солоухин В. Читая Ленина // Родина, 1989. №10.

22. Файнбург З. Не сотвори себе кумира… Социализм и культ личности (Очерки теории). М., 1991.

23. Цаплин В. Архивные материалы о числе заключенных в конце 30-х годов // Вопросы истории, 1991. №4.

24. Чёрная книга коммунизма. Преступления, террор, репрессии. М., 1999.

Ігар КУЗЬНЯЦОЎ.

Лекцыя 5. НОСЬБІТЫ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ІДЭІ — АХВЯРЫ ТАТАЛІТАРНАГА РЭЖЫМУ

Плян:

1. Пачатак рэпрэсіяў супраць інтэлігенцыі Беларусі ў 1920-я гг.

2. Прадстаўнікі інтэлігенцыі — ахвяры таталітарнага рэжыму

 

Пачатак рэпрэсіяў супраць інтэлігенцыі Беларусі ў 1920-я гг.

Спусташальныя войны й бальшавіцкі тэрор падарвалі нацыянальныя сілы Беларусі. Значная частка актыўных палітычных дзеячоў, што бралі ўдзел ува Ўсебеларускім Кангрэсе й у стварэньні незалежнай Народнай Рэспублікі, змушаная была эміграваць. У БССР засталіся адзінкі, да якіх далучыліся тыя, хто вярнуўся з фронту й з царскай высылкі.

З улікам тагачасных абставінаў беларускія нацыянальньія лідэры абралі шлях доўгай, клопатнай і цярплівай працы, скіраванай на разьвіцьцё нацыянальнай сьвядомасьці й падрыхтоўку маладых актыўных кадраў. За параўнальна кароткі час нацыянальная праца ў рэспубліцы адолела добры-такі шлях. Былі выхаваны я нацыянальныя кадры, якія займалі пасады ў дзяржаўным апараце. Узьнікалі думкі пра заваёвы новых пазыцыяў. Усе нацыянальныя справы знаходзілі бясспрэчную падтрымку ў беларускага народу. Посьпехі былі відавочныя, і іх хутка заўважылі.

На пачатку 1930 г. першай ахвярай ГПУ стаў лідэр беларускіх нацыяналістаў — акадэмік, прафэсар Усевалад Ігнатоўскі. Яго выклікалі ў ГПУ — і пасьля допыту ён застрэліўся на сваёй кватэры. Другім адчувальным ударам стаўся арышт наркамзема БССР Дзьмітрыя Прышчэпава. Прышчэпаву прычапілі ярлык “ворага народа”, шкодніка, памочніка й абаронцы кулакоў. У афіцыйных дакумэнтах дзейнасьць Дз.Прышчэпава зьняважліва называлася “прышчэпаўшчынай”. Аднак жа чыннасьць наркамзема Прышчэпава як ні ганьбавалі гэтага чалавека, пакінула глыбокі сьлед і добрую памяць сярод беларускага сялянства.

Сьмерць акадэміка прафэсара Ігнатоўскага й арышт Прышчэпава ня сталіся адзінкавымі фактамі рэпрэсіяў. Прыкладна ў той жа час арышт оўваюць вялік ую груп у выдатных культурных і гаспадарчых працаўнікоў. Сярод іх — папулярны мовазнаўца акадэмік Язэп Лёсік, вядомы беларускі географ акадэмік Аркадзь Смоліч, сакратар Беларускай Акадэміі навук акадэмік Вацлаў Ластоўскі, рэктар унівэрсытэту прафэсар Уладзімер Пічэта й інш.

Наступнай ахвярай ГПУ стаў народны камісар асьветы БССР Антон Баліцкі. У першай палове 1930 г. А.Баліцкі быў зьняты з працы наркама асьветы. Аднак пасьля звальнен ь ня яго не арыштавалі. Напэўна, ужо тады ГПУ распрацоўвала плян “вялікіх” арыштаў. Ім патрэбен быў матэрыял, каб “прышпіліць” А.Баліцкага да працэсу па змове. Для гэтага ГПУ разьлічвала грунтоўна папоўніць зьвінаваўчыя матэрыялы яшчэ й сьведчаньнямі асобаў, арыштаваных пазьней.

На той час арышт значных у рэспубліцы асобаў выклікаў сэнсацыю — да масавых арыштаў грамадзкіх і дзяржаўных дзеячоў яшчэ не прызвычаіліся. Бюро ЦК камуністычнай партыі, зьняўшы А.Баліцкага з пасады ў Наркамасьветы, прыняло пастанову паслаць яго на так званую нізавую працу — агітатарам-прапагандыстам у чыгуначныя майстэрні Гомелю.

Трэба адзначыць, што А.Баліцкі меў вялікія арганізатарскія здольнасьці, вызначаўся працавітасьцю й уменьнем выбраць адпаведных супрацоўнікаў. За часам ягонага кіраваньня Наркамасьветы распрацава ў і даволі пасьпяхова рэалізоўваў генэральны плян увядзеньня ўсеагульнага абавязковага навучаньня па беларускай сыстэме народнай адукацыі. У гэтую справу шмат высілкаў і практычных ведаў уклаў стары пэдагог Д.Сьцяпура.

У палове 1930 г. у Менску ГПУ правяло масавыя арышты, якія, праўда, амаль не закранулі правінцыі. Былі арыштаваныя вядомыя культурныя дзеячы, што працавалі ў Акадэміі навук, унівэрсытэце, Наркамасьвеце й Наркамземе. Сярод іх быў і намесьнік наркамзема Прышчэпава — Алесь Адамовіч.

Большасьць арыштаваных дзеячоў сфармавала свае палітычныя погляды яшчэ да рэвалюцыі. Шмат хто меў навуковыя працы. Прафэсар гісторыі Мітрафан Доўнар-Запольскі сваю першую працу “Очерки истории кривичской и дреговичской земель до конца XІІ столетия” выдаў у Кіеве яшчэ ў 1891 г. “Литовская метрика” (СПб, 1903), “Исследования и статьи. Т.1. Этнография и социология — обычное право, статистика, белорусская письменность” (Кіеў, 1900), “Асновы Дзяржаўнасці Беларусі” (Вільня, 1919 ) — гэта кароткі пералік толькі часткі шматлікіх прац прафэсара Доўнар-Запольскага, якога арыштавалі ў 1930 г. і выслалі ў Сібір, дзе ён і загінуў.

Прафэсара й пісьменьніка Максіма Гарэцкага таксама арыштавалі ў 1930 г. і таксама выслалі ў Сібір, дзе ён загінуў у 1937 г. Акрамя шматлікіх мастацкіх твораў, Максім Гарэцкі — аўтар “Гісторыі беларускае літаратуры” (Вільня, 1920), “Хрэстаматыі беларускае літаратуры : XІ век — 1905 г.” (Вільня, 1922), слоўнікаў.

Прафэсар Пічэта, шматгадовы рэктар Беларускага ўнівэрсытэту, таксама — аўтар шматлікіх гістарычных працаў. Прафэсар геаграфіі Беларускага ўнівэрсытэту Мікалай Азбукін арыштаваны й высланы ў Сібір у горад Налінск у 1930 г. — пра ягоны далейшы лёс зьвестак няма. У тым жа годзе арыштавалі й выслалі акадэміка-філёляга Язэпа Лёсіка. У 1936 г. яго закатавлі да сьмерці ў турме.

Характэрнай рысай арыштаў 1930 і 1931 гг. было тое, што нязначнай частцы арыштаваных у якасьці пакараньня прызначалася вольная высылка, бо на той час яшчэ не збудавалі дастатковай колькасьці канцэнтрацыйных лягероў. Аднак гэта не была высылка зь мяккім рэжымам.

Для зручнасьці назіраньня за высланымі ГПУ зазвычай канцэнтравала іх у малалюдных паселішчах паўночных губэрняў, дзе не магчыма было знайсьці працы, каб зарабіць на жыцьцё. Калі ўлічыць, што большасьць высланых — людзі разумовай працы, частка іх — сталага ўзросту, то становішча іхнае было вельмі цяжкім. Ня ўсе мелі сваякоў, якія маглі б неяк дапамагаць. Трыццатыя гады — самыя цяжкія й галодныя: людзі мелі мажлівасьць набываць харчаваньне толькі ў мізэрных нормах, а таму шмат хто з высланых былі асуджаныя на галоднае выміраньне.

Ужо ў 1929 г. значную частку беларускай інтэлігенцыі зьвінавацілі за прыхільнасьць да нацыянал-дэмакратызму й зьнялі з пасадаў. Газэты, часопісы разгарнулі сапраўднае цкаваньне тых, каго АДПУ ў хуткім часе сабрала пад так званай справай “Саюзу вызвалення Беларусі” (СВБ). У 1930 г. пачаліся арышты яе “сябраў”. Толькі ў ноч з 18 на 19 ліпеня ў Менску арыштавалі больш за 25 чалавек — у тым ліку, Я.Дылу, Ф.Ждановіча, М.Гарэцкага, У.Савіча, А.Прышчэпчыка, А.Адзінца, Ч.Радзевіча, У.Пракулевіча.

Усяго па справе СВБ праходзілі 108 асобаў. Сярод іх акадэмікі Беларускай акадэміі навук В.Ластоўскі, Я.Лёсік, С.Некрашэвіч, прафэсар А.Смоліч, наркам асьветы А.Баліцкі, наркам земляробства Дз.Прышчэпаў, пісьменьнікі М.Гарэцкі, Ул.Дубоўка, Я.Пушча ды іншыя. Усе арыштаваныя зьвінавачваліся за тое, што “з’яўляліся членамі контррэвалюцыйнай нацыяналістычнай арганізацыі, ажыццяўлялі арганізаванае шкодніцтва на культурным, ідэалягічным і іншых участках сацыялістычнага будаўніцтва, праводзілі антысавецкую нацыяналістычную агітацыю…, ставячы канечнай мэтай адарванне Беларусі ад Савецкага Саюзу…, стварэнне так званай Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР)”.

Нягледзячы на маральны ціск,— а да некаторых ужываліся й фізычныя меры ўзьдзеяньня — на папярэднім сьледзтве поўнасьцю вінаватымі прызналі сябе толькі 25 чалавек. Больш за 40 адкінулі сваю віну цалкам і каля 25 прызналіся часткова. У хадзе следзтва 18 чалавек былі прызнаныя невінаватымі й вызваленыя з турмы. Сярод іх Б.Эпімах-Шыпіла, П.Бузук, М.Байкоў, М.Бурштын, Л.Дашкевіч, А.Дайлідовіч ды іншыя. Аднак у 1936—1937 гг. амаль усіх іх зноў арыштавалі й засудзілі.

Па сфальсыфікаванай справе СВБ 90 прадстаўнікоў інтэлігенцыі атрымалі розныя тэрміны зьняволеньня. А.Адамовіч, А.Баліцкі, П.Ільючонак, Дз.Прышчэпаў, справа якіх у сьнежні 1930 г. выдзелена ў асобную,— па 10 гадоў зьняволеньня ў канцлягерох; 8 чалавек па 5 гадоў — М.Адзярыха, Я.Бядрыцкі, А.Дарашэвіч, П.Жаўрыд, Ф.Ждановіч, М.Касьпяровіч, А.Сак, І.Цьвікевіч, І. Біндзюк — па 3 гады. Астатнія — да 5 гадоў высылкі зь Беларусі ў розныя аддаленыя раёны СССР. Сярод іх М.Азбукін, М.Гарэцкі, А.Гурло, М.Гурскі, М.Грамыка, У.Дубоўка, В.Ластоўскі, Я.Лёсік, С.Некрашэвіч, П.Трамповіч, А.Смоліч, А.Цьвікевіч, М.Шчакаціхін і шмат іншых вядомых грамадзкіх, навуковых, культурных дзеячоў.

Гэта быў непапраўны ўдар для Беларусі, ейнае навукі, культуры й гаспадаркі. Лепшых прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі гвалтоўна пазбавілі магчымасьці ня толькі займацца творчай працай, але й наагул — па-чалавечы жыць. Толькі адзінкам зь іх празь дзесяцігодзьдзі ўдалося вярнуцца на Беларусь. Астатнія, адбыўшы тэрмін зьняволеньня, атрымалі новыя ў канцлягерох, альбо былі асуджаныя да вышэишай меры пакараньня.

Справа СВБ была першай масавай хваляй тэрору супраць беларускай інтэлігенцыі. Зь яе распачынаецца вялікі сьпіс розных спра ва ў 30-х гадоў, вынік якіх — жудасныя страты сярод беларускай інтэлігенцыі. У жо ў лютым 1931 г. першы сакратар ЦК КП(б)Б К.В.Гей і загадчык культпрапу ЦК КП(б)Б А.А.Чарнушэвіч прасілі Маскву “неадкладна прыслаць у БССР навуковых работнікаў па эканамічных дысцыплінах” для выкладчыцкай і навуковай працы.

У маі 1931 г. АДПУ сфальсыфікавала й “выкрыла” справу “Працоўнай сялянскай партыі”, па якой было асуджана на розныя тэрміны зьняволеньня й высылкі 59 чалавек. Сярод іх — значная частка беларускай інтэлігенцыі. У 1931—1932 гг. пракацілася новая хваля арыштаў сярод працаўнікоў сельскай гаспадаркі, што ў розных установах займаліся распрацоўкай навуковых ды іншых пытаньняў. Узьніклі справы “Беларускага філіялу працоўнай сялянскай партыі”, “Белтрактарацэнтру”, “Ветэрынарных дактароў”. Толькі па іх было арыштавана й засуджана звыш 800 чалавек. Шмат хто з працаўнікоў Народнага камісарыяту земляробства БССР, Навукова-дасьледчага Інстытуту сельскай гаспадаркі, Віцебскага вэтэрынарнага інстытуту трапілі ў турмы. Сярод іх Р.А.Бонч-Асмалоўскі — старшыня сельскагаспадарчай сэкцыі Дзяржпляну, кваліфікаваныя спэцыялісты па аграноміі, землеўпарадкаваньні, статыстыцы НК земляробства — Б.Хоцкі, А.Міхайлаў, В.Ліодт, А.Папялышка, дырэктар Навукова-дасьледчага інстытуту сельскай гаспадаркі Г.Гарэцкі, акадэмік А.Дубах, прафэсар Віцебскага вэтэрынарнага інстытуту В.Макавейскі й інш.

Але ж самыя масавыя арышты ішлі па справе Белтрактарацэнтру, па якой было рэпрэсавана 546 чалавек. Па сутнасьці, амаль дарэшты зьнішчаліся тыя небагатыя кваліфікаваныя кадры, што працавалі ў цэнтральных кіроўных органах сельскай гаспадаркі й на месцах. На гэтым перасьледы інтэлектуальнай эліты, аднак, не закончыліся. У 1933 годзе НКУС БССР завёў справу па дзейнасьці “Беларускага нацыянальнага цэнтру”. У жніўні 1933 году адбылося “выкрыццё” й “ліквідацыя” “шырокаразгалінаванай контррэвалюцыйнай паўстанцкай і шпіёнска-дыверсійнай арганізацыі “Беларускі нацыянальны цэнтр” і яе філіяў у Горках і Беразіне”. Гэтая 55-томная справа сфальсыфікаваная зь вялікім размахам.

Зь вінаваўчага заключэньня:

“В результате своей практической контрреволюционной работы контрреволюционная организация БНЦ к моменту ее ликвидации охватила своей деятельностью ряд хозяйственных и культурных учреждений, вузов, части РККА и значительное количество районов Белорусской ССР:

а) На культурном фронте: БАН, Наркомпрос, Государственная библиотека, Союз советских писателей, НТХИЗДАТ, БелТА, Радиоцентр, редакция газеты “Звязда” и др.;

б) Вузы: Горецкая сельхозакадемия, БГУ, Энергоинститут, Садово-огородный институт, Научно-исследовательский институт рыбного хозяйства и др.;

в) Советский аппарат: Госплан, Наркомздрав, Наркомпрос, Наркомхоз, Наркомсвязь, Союзхлопкосбыт и др.;

г) Общественные организации: ЦК МОПРа;

д) Партийные организации: Истпарт при ЦК КП(б)Б, представительство КПЗБ и др.;

е) РККА — Разведуправление Штаба БВО, гарнизон гор. Борисова, 34-й полк — Старые Дороги, 192-й полк — Орша и др.;

ж) 9 крупных городов БССР;

з) 25 районов БССР.

Следствием выявлено и вскрыто:

а) Повстанческих ячеек — 59;

б) Диверсионных ячеек и групп — 19;

в) Террористических групп — 4;

г) Шпионских ячеек и резидентур — 20.

Кроме того, ликвидировано филиалов и контрреволюционных организаций:

а) в Горках — численностью 21 чел.;

б) в Березино — численностью 27 чел.;

в) молодежная организация БНГ — 47 чел.”

Па справе БНЦ прыцягнуты да адказнасьці 97 чалавек. Трэба асобна падкрэсьліць, што амаль усе зь вінавачаныя асобы ўнесьлі значны ўклад у справу беларускага нацыянальнага адраджэньня на тэрыторыі Заходняй Беларусі.

Тым ня менш, 26 зь іх з рашэньня судовай Калегіі АДПУ ад 9 студзеня 1934 году былі вырачаныя да вышэйшай меры пакараньня, 16 — да вышэйшай меры пакараньня з заменай на 10 гадоў папраўча-працоўных лягероў (пасьля паўторнага асуджэньня ўсе яны былі расстраляны ў 1937 г.), 17 — да 10 гадоў папраўча-працоўных лягероў (ППЛ), 5 — да 8 гадоў ППЛ, астатнія — да розных мер пакараньня.

Дакумэнты сьведчаць, што “прызналіся” ў прыналежнасьці да контррэвалюцыйнай арганізацыі ў цэнтры — 77 чалавек і на пэрыфэрыі — 204 чалавекі. Кіраўніцтва арганізацыі сьледчыя НКУС “даручылі” сямёрцы найбольш вядомых тагачасных беларускіх дзеячоў у складзе: С.А.Рак-Міхайлоўскага, П.В.Мятлы, І.А.Гаўрыліка, І.С.Дварчаніна, М.Т.Бурсевіча, Ф.І.Валынца, П.П.Валошына.

Асноўныя кірункі “дзейнасьці” арганізацыі сфальсыфікаваны праз “паказаньні” на допытах гэтых сямі асобаў.

З паказаньняў С.А.Рак-Міхайлоўскага 10 кастрычніка 1933 году:

“В Варшавском сейме в 1925—1926 гг. существовал так называемый “Рабоче-Крестьянский Блок”, в состав которого входили: Комфракция сейма (Сохацкий, Варский-Варшавский, Приступа, Войтюк, Скрипа, Пашчук), Независимая Крестьянская Партия (Воевудский, Балин, Федоркевич, Бон, Головач, Шакун, Шапель) и Белорусская Крестьянско-Рабочая Громада (Тарашкевич, Рак-Михайловский, Метла, Волошин). Наиболее энергичными, оказавшими крупное влияние на [всех] членов блока, были Сохацкий, Воевудский и Войтюк, а из громадовцев — Тарашкевич.

Официальной целью этого “Рабоче-Крестьянского Блока” являлось:

а) борьба с Польским правительством, проводившим ярко полонофильскую политику по отношению нацменьшинств;

б) согласованные выступления от имени указанных политических организаций с сеймовой трибуны, направленные на защиту интересов нацменьшинств,— главным образом, украинцев и белорусов.

На самом же деле под этим официальным блоком скрывался организованный Польским Генеральным Штабом “Украинско-белорусский революционный блок”, оформившийся в 1926 г. в Варшаве на квартире посла в Польский сейм — украинца Скрипы (Свентокржыжская ул.)”.

З паказаньняў П.В.Мятлы ад 21 кастрычніка 1933 году:

“Поставленные перед блоком Польским Генштабом задачи сводились к следующему:

1. Борьба с коммунистическим движением в Польше, Западной Белоруссии, Западной Украине и в СССР.

2. Через созданные массовые организации помогать ІІ Отделу Пол. Генштаба вылавливать и арестовывать коммунистический актив в Польше.

3. Вести активную работу по свержению советской власти в УССР и БССР путем создания контрреволюционных повстанческих организаций на территории Украины и Белоруссии”.

Зь зьвінаваўчага заключэньня:

“БНЦ вел подготовку к свержению советской власти и своей конечной целью считал установление Белорусской фашистской республики во главе с военной диктатурой, входящей на основе федерации в состав Польского государства. Свержение советской власти контрреволюционной организацией БНЦ мыслилось путем вооруженного восстания, намечавшегося, согласно установкам Польского Главного штаба, на осень 1933 или весну 1934 года. В осуществление поставленных перед собой задач контрреволюционная организация БНЦ вела практическую подготовку к вооруженному восстанию …”

Якімі былі вынікі ўсёй гэтай сфальсыфікаванай справы — вядома. Ні за што ні пра што пакутавалі сумленныя людзі, а ў некаторых зь іх было аднята самае дарагое — жыцьцё. Зазвычай у тыя часы ГПУ выдавала ў сваёй друкарні тэндэнцыйна падабраныя вытрымкі з “паказанняў” арыштаваных, здабытых гвалтоўным шляхам. У выглядзе спэцыяльнай брашуры — як зусім сакрэтны — гэты матэрыял перадаваўся для азнаямлен ь ня высокаадказным камуністам.

Партыйныя газэты, часопісы й спэцьыяльныя выкрывальныя “працы” спасылаліся на вытрымкі з паказаньняў арыштаваных, не называючы крыніцаў, зь якіх атрыманы я паказаньні. Вытрымкамі мог пакарыстацца таксама сакратар ЦК партыі, член Бюро ЦК у сваіх выступленьнях дзе-небудзь на сходзе партыйнага актыву.

Задачай прапаганды было паказаць нацыянальнае адраджэньне ў Беларусі як контррэвалюцыйную, шкодніцкую й шпіёнскую дзейнасьць, скіраваную на адлучэньне БССР ад Савецкага Саюзу й стварэньне буржуазнай нацыянальна-дэмакратычнай рэспублікі.

Прадстаўнікі інтэлігенцыі — ахвяры таталітарнага рэжыму

Прапаганда мела на мэце скампрамэтаваць беларускую інтэлігенцыю, мозг нацыянальнага руху, яго тэарэтыкаў і практычных выканаўцаў, паказаць іх у самым агідным абліччы, выкарыстоўваючы для гэтага розныя здарэньні з прыватнага жыцьця. Улічвалася, вядома, і сацыяльнае паходжаньне.

Рабілася ўсё, каб зьняславіць арыштаваных. Нацыянальны рух зьняважліва ахрысьцілі “нацдэмаўшчынай”, а ўсіх, хто ўдзельнічаў у ім, назвалі “нацдэмамі”. Савецкі друк, прамоўцы на афіцыйных і неафіцыйных сходах у розных варыянтах ужывалі гэтыя эпітэты.

Па заданьні сакратара ЦК камуністычнай партыі Гея ў Акадэміі навук стварылі спэцыяльныя “брыгады”, якія старанна вышуквалі ў друкаваных працах, стэнаграмах дакладаў і выступленьняў элемэнты нацдэмаўшчыны. Пад рэвізію падлягалі паэтычныя й празаічныя творы западозраных у “нацдэмаўшчыне” пісьменьнікаў, газэтныя артыкулы й іншыя матэрыялы. Апроч ужо арыштаваных, шукалі новых, г.зв. “нявыяўленых нацдэмаў”. Нападкі ператвараліся ў цкаваньне. У выніку вядомага беларускага паэта Янку Купалу давялі да адчаю, і ён спрабаваў скончыць жыцьцё самагубствам.

Старанна праглядаліся школьныя падручнікі. Большасьць падручнікаў вылучылі з ужытку — асабліва хрэстаматыі для чытаньня, граматыкі, зборнікі дыктовак. Адны аўтаматычна выкідаліся з навучальнага працэсу з прычыны арышту іх аўтараў, іншыя — таму, што аказаліся не адпаведнымі эпосе калектывізацыі сельскай гаспадаркі й сталінскіх пяцігодак.

У хрэстаматыях не дазвалялася называць узорныя адзінаасобныя гаспадаркі местачкоўцаў або хутаран, у задачніках — выкарыстоўваць прыклады з жыцьця аднаасобнай гаспадаркі. Настаўнікі мусілі самі прыдумляць арытмэтычныя задачы з жыцьця калгасаў, гандлю каапэратыўных крамаў. Пры гэтым, у задачах павінен фігураваць калгасны прадукт толькі высокай якасьці, а скаціна — толькі ўкормленая.

Адначасова з арыштамі нацдэмаў зь бібліятэк, чытальняў сканфіскавалі ўсе працы арыштаваных — незалежна ад таго, мелі яны дачыненьне да высунутых зьвінавачаньняў, ці не. Шматлікія працы па гісторыі, этнаграфіі, геаграфіі, літаратуры, мастацтве, краязнаўстве, творы маладых і старэйшых таленавітых паэтаў і празаікаў, навуковыя дасьледаваньні, што ствараліся цягам гадоў, пасьля арышту аўтараў назвалі шкодным нацдэмаўскім хламам.

Зазвычай кожны арышт суправаджаўся старанным вобшукам. Забіраліся фатаздымкі нават даўно памерлых, альбо тых, хто ня меў аніякага дачыненьня да арыштаванага, а таксама прыватныя лісты, дакумэнты й кнігі арыштаваных аўтараў. Затым у ГПУ ўсё гэта сартыравался — і вышукваліся матэрыялы для зьвінавачаньня. Як непатрэбны хлам усё потым зьнішчалася. На той час добра спрацоўвала й самацэнзура. Пазьбягаючы непрыемнасьцяў, людзі самі старанна пільнаваліся своечасовага зьнішчэньня кніг, газэт, фатаздымкаў, карцін — уласных, ці належных тым, каго ўжо арыштавалі.

Падаем кароткі пералік зьнішчаных працаў, якія ёсьць агульнанацыянальнаю каштоўнасьцю:

1. Зборнік беларускай народнай творчасьці.

2. Краёвыя слоўнікі: Чэрвеньшчыны, Мазыршчыны, Віцебшчыны.

3. Чатырохсотгодзьдзе беларускага друку.

4. Беларускі архіў (пэрыёдыка).

5. Усе творы паэта Алеся Гаруна (памёр на эміграцыі).

6. Працы першага зьезду дасьледчыкаў беларускай археалёгіі й археаграфіі.

7. Працы аддзелу гуманітарных навук Беларускай акадэміі навук (філялёгіі, гісторыі, этнаграфіі, археалёгіі, мастацтва, права).

8. Сэрыя выданьняў беларускай навуковай тэрміналёгіі.

9. Матэрыялы да беларускай навуковай тэрміналёгіі.

10. Беларускія казкі, прыказкі й замовы, запісаныя й апрацаваныя Аляксандрам Сержпутоўскім.

У кнігарнях ужо не выстаўляліся й не рэклямаваліся кнігі беларускіх пісьменьнікаў — з боязі ўсялякіх нечаканасьцяў у дачыненьні да аўтараў-беларусаў. Зьніклі разнастайныя плякаты зь беларускім арнамэнтам, што вывешваліся дзеля прапаганды ў грамадзкіх установах — клюбах, чьтальнях, у фае тэатраў і кіно. Некаторыя занадта палахлівыя кіраўнікі ўстановаў пасьпяшаліся перафарбаваць свае службовыя кабінэты, якія ў свой час таксама без патрэбы былі аздобленыя беларускім арнамэнтам і эмблемамі.

Нельга сказаць, што гэтае “ачышчэньне” ад усяго нацыянальна-беларускага, часта даведзенае да абсурду, выконвалася паводле спэцыяльных дырэктываў. Падобнымі дзеяньнямі почасту рухаў страх.

Пасьля вялікіх арыштаў у першай палове 1930 г. ужо можна было прадбачыць, што гэта — толькі пачатак шырока сплянаванай кампаніі разгрому нацыянальнага руху ў Беларусі. Арышты прайшлі адно ў Менску й амаль не закранулі правінцыі. Пацярпелі Акадэмія навук, унівэрсытэт, Наркамасьветы, Наркамзем, Навукова-дасьледчы інстытут сельскай гаспадаркі, Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі. Пытаньне ізаляцыі нацдэмаў у правінцыі, відаць, было ў стадыі “вывучэньня” ГПУ.

Арыштоўвалі й проста тых прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, якія актыўна ні ў чым ня ўдзельнічалі, але лічылася, што яны — настаўнікі, аграномы, інжынэры, плянавікі ды іншыя — здольныя думаць самастойна. Амаль ніхто не ацалеў і зь беларускіх пісьменьнікаў. Усе тыя, хто пасьля арышту ў 1930 г. адбыў пакараньне, пад час яжоўшчыны былі зноў арыштаваныя — і пакараныя яшчэ больш жорстка.

Меліся зьвесткі, што беларускіх працаўнікоў, якіх у 1930 г. засудзілі за нацыянальны дэмакратызм, пад час яжоўшчыны ўзялі ўжо за фашызм. Яны атрымлівалі новыя гады лягероў, альбо былі расстраляныя. Частку арыштаваных і засуджаных у 1930 г. зь лягероў пераправілі ў Менск, у НКУС.

Праганяючы праз допыты й вочныя стаўкі, іх выкарыстоўвалі як сьведкаў па зьвінавачаньні новых арыштаваных. У той жа час, абапіраючыся на паказаньні новых арыштаваных, “старым” павялічвалі тэрміны пакараньня, альбо расстрэльвалі. 3ь вядомых беларускіх пісьменьнікаў ацалелі народныя паэты Янка Купала й Якуб Колас, сатырык Кандрат Крапіва й былы старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў камуніст Міхась Клімковіч, які, баючыся арышту, перарэзаў сабе горла лязом. Але ад сьмерці яго ўратавалі. Магчыма, гэта й дапамагло яму пазьбегнуць арышту. Не былі арыштаваны Зьмітрок Бядуля й пісьменьнікі-пачаткоўцы — Пятрусь Броўка й Пятро Глебка.

Пасьля яжоўшчыны пачалася расправа з тымі, хто выконваў волю арганізатараў тэрору. Арыштаванага ў Віцебску й пазьней вызваленага нейкага Грэчкіна выклікалі ў НКУС па справе недазволеных катаваньняў пад час допыту. Сьледчы, які выбіў Грэчкіну некалькі зубоў, быў асуджаны, але Грэчкін даў падпіску пра нераспаўсюджаньне зьвестак.

Нават пісьменьнікі, шчырыя ў сваёй творчасьці да 1917 г., у некаторых выпадках скажалі ў пазьнейшых творах беларускую рэчаіснасьць. У паказе беларуса й ягонага жыцьця яны карысталіся непатрэбнымі формамі перабольшаньня забітасьці й прыгнечанасьці сялянства, беднасьці прыроды, паныласьці ляндшафту.

Не аб’ектыўнымі былі й падручнікі — асабліва па геаграфіі, якія звычайна паказвалі беларуса кволым, непісьменным, з прымітыўнымі формамі бытаваньня, а прыроду Беларусі — суцэльным балотам. Усё гэта стварала памылковае ўяўленьне пра нацыю й край.

Цягам колькіх гадоў нацыянальнага адраджэньня зьявіліся літаратурныя, тэатральныя, музычныя творы, гістарычныя й этнаграфічныя працы, спэцыяльныя дасьледаваньні па сельскай гаспадарцы, якія былі ня горшымі, а часам і лепшымі, чым у іншых народаў Савецкага Саюзу. Гэтыя працы набылі вядомасьць. Больш за тое, яны трапілі ва ўнівэрсытэцкія бібліятэкі ЗША й заходніх дзяржаваў, дзе сталіся аб’ектамі вывучэньня. Памянёныя працы выгодна вылучалі Беларусь з шэрагу губэрняў і вобласьцяў Савецкага Саюзу.

З так званай “папкі Бэрмана” — наркама ўнутраных справаў БССР у сакавіку 1937 г.—маі 1938 г. — відаць, што зьбіраньне “патрэбных паказаньняў” і іншых “кампрамэтавальных матэрыялаў” на паэтаў вялося на працягу доўгага часу. Зьбіраліся яны й на старшыню Саюзу савецкіх пісьменьнікаў БССР М.Ц.Лынькова, і на шэраг іншых творчых работнікаў — “затоеных нацыяналістаў-контррэвалюцыянераў”, як гаварылася ў адной з даведак НКУС.

Канец 1920-х—1930-я гады — складаны й супярэчлівы пэрыяд савецкай гісторыі. На шмат якія паўсталыя пытаньні поўнага адказу няма й да гэтага часу. Ці была гэта здрада рэвалюцыі, як сьцьвярджаў выгнаны за межы СССР адзін зь яе вядомых правадыроў? Ці краіна сутыкнулася з уласьцівым бальшавіком жаданьнем як мага страмчэй “закілзац” масы й гвалтоўна “прыспешыць” хаду гістарычнага разьвіцьця?

Канец 1920-х—1930-я гады ў грамадзкім жыцьці Беларусі — ланцуг зьвязаных, альбо ня зьвязаных, паміж сабою ідэоляга-палітычных кампаніяў па ачышчэньні грамадзтва, як тады пісалі, ад “класава-чужых элементаў”, якія перашкаджаюць “разгорнутаму сацыялістычнаму будаўніцтву”, а дакладней — сталінскаму “крутому павароту ва ўсёй палітыцы”. Гэта кампаніі:

— супраць нацыянал-дэмакратызму й нацыянал-ухілізму як праяваў варожага іншадумства, адбітку рэстаўратарскіх настрояў ува ўмовах абвастрэньня клясавай барацьбы;

— супраць “контррэвалюцыйнага трацкізму”, які, паводле афіцыйных прапагандысцкіх клішэ таго часу, імкнуўся правесьці ў сьвядомасьць сябраў кіроўнай партыі й шырокіх працоўных масаў “ідэалягічную кантрабанду”, што працавала на падрыў генэральнага курсу па будаўніцтве сацыялізму ў адной асобнай краіне;

— супраць “замаскаванай нацдэмаўшчыны”, якая, нібыта, хацела на пачатку 30-х гадоў узяць рэванш за нядаўнія паразы й сьцьвердзіць свае погляды на рэстаўрацыю капіталістычнага ладу й выхад Беларусі з СССР;

— супраць “кулацка-эсэраўска-прышчэпаўскай контррэвалюцыі”, што быццам бы рыхтавала антысавецкае паўстаньне ў беларускай вёсцы ўвесну 1933 г.

Кампаніі выліліся ў шэраг вялікіх і мноства малых “палітычных справаў”, якія насамрэч выяўляюць увесь трагізм становішча зьвінавачваных за контррэвалюцыйную дзейнасьць вучоных, творчай інтэлігенцыі, партыйных і дзяржаўных функцыянэраў, сялян і іншых прадстаўнікоў беларускага грамадзтва.

Людзей звучалі да спрошчаных меркаваньняў і ацэнак: рэвалюцыянэр — контррэвалюцыянэр, працаўнік — шкоднік, партыя ёсьць вышэйшаю мудрасьцю, правадыр заўжды мае рацыю й г.д. На ворага, шкодніка, двурушніка можна было сьпісаць правалы, няўдачы, памылкі; спасылаючыся на ворагаў, лёгка было вытлумачваць хібы ў разьвіцьці эканомікі, невыкананьне народнагаспадарчых плянаў і г.д.

Пра больш канкрэтныя кірункі “вялікага ачышчэння” ў рэспубліцы, зламалага лёсы людзей, можна прачытаць у “Матэрыялах да справаздачы ЦК КП(б) Беларусі ХVІ з’езду КП(б)Б” (былі надрукаваны ў 1937 г. пад грыфам “сакрэтна” — толькі для дэлегатаў з’езду).

Праведзенае ў 50-я гады й у далейшым вывучэньне паказала, што а ніякіх падставаў для перасьледу з палітычных матываў, арыштаў, і тым больш — для прысудаў да вышэйшай меры пакараньня не было. Ахвяраў рэпрэсіяў рэабілітавалі і па дзяржаўнай лініі, і палітычна. Рэабілітавалі пасьмяротна.

Забываць пра гэты трагічны ўрок нашай нядаўняй гісторыі, будуючы новую Беларусь, мы ня маем права.

Дадатак

Сьпіс беларускіх дзеячоў, арыштаваных у 1930 і 1931 гг. па зьвінавачаньні за нацыяналізм

Адамовіч Алесь, нам. наркамзема Дз.Прышчэпава, высланы на Салаўкі ў 1930 г.

Азбукін Мікалай, праф. Бел. унівэрсытэту, высланы ў 1930 г. у г.Налінск.

Аніхоўскі Аляксандар, інспэктар Наркамасьветы, дацэнт, высланы ў 1930 г. у Яраслаўль.

Апацёнак, высланы на Поўнач у 1931 г.

Бабарэка Адам, дацэнт, крытык, арыштаваньі ў 1930 г., высланы ў 1931 г.

Байкоў Мікалай, дац. філялёгіі, першы раз арыштаваны ў 1930 г.

Баліцкі Антон, наркам асьветы БССР, арыштаваны ў 1930 г.

Божка Іван, аграном, арыштаваны ў 1930 г., расстраляны ў 1933 г.

Бялькевіч Іван, філёляг, арыштаваны ў 1931 г.

Галавінскі Аляксандар, інжынэр, арыштаваны ў 1931 г.

Гарэцкі Максім, праф., арыштаваны ў 1930 г., высланы ў Сібір, дзе й загінуў у 1937 г.

Гарэцкі Гаўрыла, акадэмік, арыштаваны ў 1930 г., пазбаўлены званьня акадэміка, высланы за межы Беларусі. Арыштоўваўся таксама ў 1937 г. і 1938 г.

Грамыка Міхаіл, геоляг, арыштаваны ў 1931 г., высланы ў Сібір.

Гурскі Міхась, высланы ў 1930 г.

Даўгяла Зьміцер, праф., археоляг, высланы ў Сібір у 1931 г., загінуў.

Доўнар-Запольскі Мітрафан, праф., арыштаваны ў 1930 г., у Сібіры загінуў.

Друшчыц Васіль, гісторык, у 1931 г. высланы на Поўнач.

Дубінскі Сяргей, археоляг, арыштаваны ў 1930 г.

Дубоўка Ўладзімер, паэт, высланы ў 1930 г.

Дудар Алесь, паэт, арыштаваны ў 1929 г., у 1937 г. Загінуў .

Дыла Язэп, гісторык, арыштаваны ў 1930 г.

Жарскі Платон, філёляг, першы раз арыштаваны ў 1930 г.

Жылка Ўладзімер, паэт, арыштаваны ў 1931 г., памёр на катарзе ў 1933 г. у г.Уржуме.

Забела, дац. гісторыі, арыштаваны ў 1931 г., высланы на Поўнач, загінуў.

Ігнатоўскі Ўсевалад, праф., прэзыдэнт Акадэміі навук, застрэліўся ў 1930 г.

Ільючонак, высланы ў 1931 г. на Поўнач.

Каравайчык Павал (Любецкі), докт. мэдыцыны, арыштаваны ў 1931 г.

Кандрацьеў, арыштаваны ў 1930 г.

Каранеўскі Язэп, рэктар унівэрсытэту, арыштаваны ў 1931 г.

Касьпяровіч Мікалай, этноляг, арыштаваны ў 1931 г., высланы ў Сібір.

Кацярыніч, настаўнік, высланы ў 1930 г.

Кіркевіч М., аграном, арыштаваны ў 1931 г.

Красінскі Мікалай, праф., філёляг, арыштаваны ў 1931 г., высланы на Поўнач, г.Пашахонск.

Лёсік Язэп, філёляг, арыштаваны ў 1930 г., загінуў у 1936 г.

Лістапад Юры, настаўнік, арыштаваны ў 1937 г., высланы ў Сібір.

Ляжневіч Аляксандар, драматург, у 1931 г. высланы ў Сібір, загінуў.

Мамчыц, выкладчык, высланы ў канцлягер у 1930 г.

Марук, грамадзкі дзяяч, высланы ў 1931 г.

Муха Іван, выкладчык, дац., высланы ў 1931 г. на Поўнач.

Мялешка Сяргей, дац. гісторыі, у 1931 г. высланы ў Сібір.

Некрашэвіч Сьцяпан, віцэ-прэзыдэнт Беларускай акадэміі навук, у 1931 г. высланы на Поўнач, загінуў.

Рагачэўскі Пятро, бэлетрыст, у 1931 г. высланы ў Сібір, загінуў.

Родзевіч Часлаў, высланы ў 1931 г. у Сібір.

Савіч, як нацдэм высланы ў 1930 г.

Серада Іван, праф, філёляг, у 1931 г. высланы ў Яраслаўль.

Скандракоў, праф., аграном, у 1931 г. высланы ў Сібір.

Смоліч Аркадзь, праф., акадэмік, арыштаваны ў 1931 г., загінуў у ГПУ.

Трамповіч Павал, доктар, высланы ў 1931 г. на Поўнач.

Улашэвіч, як нацдэм у 1930 г. высланы ў Налінск.

Уліцін, дацэнт, арыштаваны ў 1930 г. і расстраляны.

Функ Аляксандар, крытык, арыштаваны ў 1930 г.

Харламповіч, праф. археалёгіі, у 1931 г. высланы на Поўнач.

Чаржынскі (Дзяржынскі) Уладыслаў, праф., філёляг, высланы ў 1930 г. у Казань.

Чарнушэвіч Мікалай, паэт, высланы ў 1931 г.

Чарнушэвіч Нічыпар, дац. хіміі, паэт, у 1931 г. высланы ў Вяцкі край.

Шашалевіч Васіль, драматург, арыштаваны ў 1930 г., высланы на Калыму, загінуў.

Шлюбскі Альгерд, археоляг, высланы ў 1931 г. на Поўнач.

Шчакаціхін Мікалай, праф., высланы ў 1931 г. у Вяцкі край.

Ярашчук Мікалай, аграном, высланы ў 1931 г. у Астрахань.

Літаратура

1. Адамушко В.И., Иванова Н.В. Помилуйте… Документы по репрессиям 1939—1941 гг. в Вилейской области. Мн., 1992.

2. АдамушкаУ.І., Палітычныя рэпрэсіі 20—50-х гадоў на Беларусі. Мн., 1994.

3. Боль людская. Воспоминания жертв политических репрессий 1930—1950-х годов. Мн., 1999.

3. З гісторыяй на “Вы”. Мн., 1994.

4. История Беларуси в документах и материалах. Мн., 2000.

5. Кандыбовіч С. Разгром нацыянальнага руху ў Беларусі. Мн., 2000.

6. Касцюк М.П., Бальшавіцкая сістэма ўлады на Беларусі. Мн., 2000.

7. НАРБ. Ф. 4. Воп. 2. С.149, 214, 242; Ф. 4. Воп. 21. С.331, 365, 1400.

8. Палітычныя рэпрэсіі на Беларусі ў ХХ стагоддзі. Мн., 1998.

9. Платонаў Р.П., Лёсы: Гісторыка-дакументальныя нарысы аб людзях і малавядомых падзеях духоўнага жыцця ў Беларусі 20—30-х гадоў. Мн., 1998.

10. Правда истории: память и боль. Мн., 1991.

11. Сташкевіч М., “Дзве аперацыі супраць “ворагаў народа” // Беларускі гістарычны часопіс. 1993. №1.

Анатоль ВЯЛІКІ.

Лекцыя 6. КПБ — ЧАСТКА ТАТАЛІТАРНАЕ СЫСТЭМЫ

Плян:

1. Вышэйшыя партыйныя органы: бюро, сакратарыят, апарат ЦК КПБ

2. Усеахопная ўлада

 

Вышэйшыя партыйныя органы: Бюро, Сакратарыят, апарат ЦК КПБ

У адказе на пытаньне пра характар улады ў гісторыі савецкае Расеі — і, зразумела, Беларусі — замежныя, а цяпер ужо й беларускія, гісторыкі аднадумныя: уся ўлада ў былым СССР належала РКП(б)—ВКП(б)—КПСС, а ў рэспубліцы — КП(б)Б—КПБ. Партыя падмяніла сабой усе органы дзяржаўнага кіраваньня. Абапіраючыся на рэпрэсіўны апарат, грамадзкія й грамадзка-палітычныя арганізацыі, створаныя ёю, партыя стаяла па-над дзяржавай і грамадзтвам. Аднак жа, калі ў працах замежных гісторыкаў — галоўным чынам, амэрыканскіх — гэтыя дый іншыя аспэкты агульнай тэмы “партыя-дзяржава” атрымалі грунтоўную распрацоўку, то айчынныя гісторыкі толькі пачынаюць неперадузята вывучаць гісторыю КПБ, якая кіравала рэспублікай да жніўня 1991 г. — моманту забароны дзейнасьці КПСС—КПБ на тэрыторыі БССР. Прынцыповым тут зьяўляецца пытаньне пра формы й мэтады партыйнага кіраўніцтва.

Партыйныя структуры ахоплівалі й праціналі ўсё грамадзтва. Вярхоўны Савет толькі намінальна быў вышэйшым органам кіраваньня, а ўсю рэальную дзяржаўную ўладу сканцэнтроўваў у сабе Цэнтральны камітэт (ЦК) КПБ, вышэйшымі органамі якога былі Бюро й Сакратарыят. Апошнія падпарадкоўваліся толькі першаму сакратару ЦК, а той, у сваю чаргу,— Палітбюро (ПБ) і Генэральнаму сакратару ЦК КПСС.

Як пастаянна дзейны партыйны орган Цэнтральнае бюро (з 1924 г. папросту — Бюро) было створана на першым зьезьдзе КП(б)Б (30—31 сьнежня 1918 г.). Паколькі Беларусь у 1918—1920 гадох аказалася ў складанай палітычнай сытуацыі, абумоўленай, у першую чаргу, расейска-польскай вайной і непрацяглым існаваньнем Літбелу, да фармаваньня сталых партыйных органаў справа не дайшла. Да гэтага пытаньня беларускія камуністы вярнуліся толькі пасьля другога абвешчаньня ССРБ (ліпень 1920 г.). На 3 зьезьдзе КП(б)Б (22—26 лістапада 1920 г.) было прынятае рашэньне пра абраньне ЦБ — у складзе 9 сябраў і 4 кандыдатаў у сябры ЦБ. “Для арганізацыі кіраўніцтва й вядзення бягучай працы ЦБ арганізоўваў таксама Сакратарыят у складзе 3 адказных сакратароў — сябраў ЦБ”. У структуры ЦК ствараліся: агітацыйна-прапагандысцкі аддзел; арганізацыйна-інструктарскі; улікова-інфармацыйна-статыстычны; агульны; аддзел па рабоце ў вёсцы й сярод жанчын, а таксама гэбрайскія сэкцыі.

3 зьезд “вызначыўся” й прыняцьцём рашэньня адносна таго, што “КП(б)Б — абласная арганізацыя РКП”, якая праводзіць у жыцьцё прынцыпы й тактыку РКП і кіруецца дырэктывамі ЦК РКП (бальшавікоў). Гэта азначае, што ад самага пачатку свайго існаваньня КП(б)Б аніякага самастойнага значэньня ня мела й фактычна зьяўлялася тэрытарыяльнай адзінкай Расейскай камуністычнай партыі.

Да сярэдзіны 20-х гг. вышэйшы орган КП(б)Б неаднаразова трансфармаўся й зьмяняў свае назвы. У розныя гады гэта былі Цэнтральнае Бюро (ЦБ) КП(б)Б і ягоны Прэзыдыюм (31 сьнежня 1918 г. — 6 сакавіка 1919 г.); ЦК КП(б) Літвы й Беларусі й ягоны Прэзыдыюм (6 сакавіка—13 красавіка 1919 г.); Палітычнае й арганізацыйнае Бюро (13 красавіка—16 чэрвеня 1919 г.); Бюро (16 чэрвеня—13 лістапада 1919 г.); Прэзыдыюм (13 лістапада 1919 г. — верасень 1920 г.); ЦБ КП(б)Б і ягоны Сакратарыят, Прэзыдыюм (верасень 1920 г.—люты 1924 г.); Часовае Беларускае Бюро ЦК РКП(б) і ягоны Прэзыдыюм (люты 1924—травень 1924 г.)

На 8-м зьезьдзе КП(б)Б (12—14 траўня 1924 г.) быў абраны Цэнтральны Камітэт КП(б)Б, які на сваім першым Пленуме 15 траўня 1924 г. абраў Бюро ЦК. Гэты партыйны орган праіснаваў да 1962 г. 18 сьнежня 1962 г. ЦК КПБ замест Бюро стварыў Прэзыдыюм ЦК і два галіновых Бюро — для кіраўніцтва сельскай гаспадаркі, прамысловасьці й будаўніцтва. Нарэшце, Пленум ЦК КПБ ад 24—25 чэрвеня 1966 г. перайменаваў Прэзыдыюм у Бюро ЦК КПБ, якое праіснавала да скону КПБ у 1991 г.

У сыстэме разьмеркаваньня ўладных функцыяў у Беларусі існавалі некаторыя, фактычна неістотныя, адрозьненьні. Так, Сакратарыят ЦК Беларусі адыгрываў значна меншую ролю ў параўнаньні з агульнасаюзным Сакратарыятам. Вышэйшым органам зьяўлялася Бюро, у якое ўваходзіла ўся партыйная й дзяржаўная верхавіна рэспублікі.

На пачатку 20-х гадоў вызначыўся й рэглямэнт працы Бюро й Сакратарыяту, які не мяняўся на працягу ўсяго існаваньня КПБ. Акрэсьліўся таксама й парадак падрыхтоўкі дакумэнтаў да паседжаньняў гэтых органаў, які зь нязначнымі зьменамі праіснаваў да 1991 г. Усё гэта сьведчыць пра тое, што ад самага пачатку КПБ фармавалася як магутная бюракратычная машына са строга рэглямэнтаванымі стасункамі й ясна азначанай ярархіяй. Істотным момантам ёсьць і тое, што ад гэтага часу дзейнасьць Бюро й Сакратарыяту робіцца сакрэтнай і не вядомай ня толькі звычайным грамадзянам Беларусі, але й абсалютнай большасьці сябраў партыі. Практычна ўсе паседжаньні Бюро й Сакратарыяту, пратаколы й матэрыялы да іх разглядаліся й захоўваліся пад грыфам “Сакрэтна”, “Зусім сакрэтна”, “Асобная папка”.

У сярэдзіне 20-х гадоў Сакратарыят ЦК зацьвердзіў інструкцыю “Парадак захоўвання, азнаямлення і звароту пратаколаў паседжанняў ЦК КП(б)Б”, у якой вызначалася кола асобаў, каму дазвалялася дасылаць сакрэтныя дакумэнты. Інструкцыя катэгарычна забараняла “Капіраваць, рабіць выпіскі, а таксама вусна альбо пісьмова спасылацца на пратаколы ЦК у адкрытым друку, а таксама ў савецкім справаводстве”. Дакумэнты з вышэй адзначанымі грыфамі адпраўляліся асобна ад іншых дакумэнтаў — па рэестрах устаноўленай формы й толькі праз супрацоўнікаў фэльд’егерскай службы, альбо спэцыяльнай сувязьзю Міністэрства сувязі БССР.

Пытаньні, якія разглядаліся на Бюро й набывалі грыф “Асобная папка”, былі самыя разнастайныя й закраналі практычна ўсе сфэры жыцьця грамадзтва й партыі. Да прыкладу, адна з “Асобных папак” утрымлівае Пастанову Бюро ЦК ад 20 траўня 1937 г. “Аб доме адпачынку Сляпянка”, у якой разглядаюцца пытаньні працы названага Дому адпачынку для адказных партыйных і дзяржаўных работнікаў. “Асобным папкам” часам надавалася такая сакрэтнасьць, што ў пратаколах Бюро — асабліва ў пасьляваенны час — не пазначана нават пытаньне для абмеркаваньня. Пазначаўся толькі ягоны парадкавы нумар.

Разглядаючы фэномэн “сакрэтнасці”, неабходна адзначыць, што гэта была больш чым фармальная працэдура. Сакрэтнасьць ператварылася ў прынцып жыцьця й дзейнасьці вышэйшага партыйнага кіраўніцтва. Адасабляючыся ад беларускага грамадзтва, партыя й, зразумела, ейныя структуры, ператвараліся ў своеасаблівае каставае аб’яднаньне са сваімі нутранымі, прызначанымі толькі для ейных сябраў законамі, таямніцамі, сакрэтнымі пастановамі й інфармацыйнымі зводкамі. Навязьлівая сакрэтнасьць, якая часам прымала паранаідальныя формы,— гэта не чарговы “перагіб” партыі: сутнасна яна зьвязаная з памкненьнем да ўсталяваньня ўсеахопнай, ці таталітарнай, улады. Варта пагадзіцца са словамі выбітнай амэрыканскай дасьледчыцы Ханы Арэндт: “Рэальная ўлада пачынаецца там, дзе пачынаецца сакрэтнасьць”. І гэтую рэальную ўладу партыя, а больш канкрэтна — Бюро ЦК ня толькі мела, але й імкнулася распаўсюдзіць на ўсе, нават самыя нязначныя, сэгмэнты жыцьця. Усеахопнасьць партыйнай улады ўражвае.

Усеахопная ўлада

Фармальна, паводле партыйнага Статуту, Бюро ЦК КПБ было выканаўчай структурай ЦК, якая абіралася для вядзеньня палітычнай працы й была падсправаздачная ЦК. Але на справе Бюро зьяўлялася вышэйшым органам улады ў БССР. Менавіта яно вызначала ўсе напрамкі разьвіцьця рэспублікі (а таксама разглядала безьліч адносна дробных і другарадных пытаньняў), выступала як галоўны арбітар пры вырашэньні ўзьніклых міжведамасных супярэчнасьцяў, непасрэдна арганізоўвала выкананьне сваіх даручэньняў і пастановаў, трымала пад кантролем усю сыстэму ўлады. Значная колькасьць важных рашэньняў і прапановаў, якія фармальна зыходзілі ад розных дзяржаўных органаў (ВС, СМ БССР), на самой справе былі вынікам дзейнасьці Бюро ЦК. Абавязковаму зацьверджаньню Бюро належалі ўсе больш-менш значныя ініцыятывы партыйных, дзяржаўных, камсамольскіх, прафсаюзных і іншых грамадзкіх, добраахвотных арганізацыяў.

Незвычайная шматлікасьць і разнаплянавасьць пытаньняў, якія падлягалі разгляду ці проста зацьверджаньню Бюро й Сакратарыяту, абумоўліваюць пэўныя цяжкасьці пры іхнай клясыфікацыі. Тым ня менш, можна азначыць некалькі буйных блёкаў пытаньняў, якія пастаянна кантраляваліся вышэйшымі органамі партыі.

1. Ува ўладнай кампэтэнцыі Бюро й Сакратарыяту знаходзілася практычна ўсё, што тычылася партыйнага жыцьця й партыйнай працы. Аснову гэтай працы складалі разгляд і зацьверджаньне кандыдатаў на ўсе кіроўныя пасады — ад сакратара райкаму партыі да сакратара ЦК КПБ. Да паседжаньня Бюро рыхтаваліся даведка-аб’ектыўка, кароткая партхарактарыстыка, анкета, аўтабіяграфія, копіі дакумэнтаў аб адукацыі, якія папярэдне разглядаліся ў адпаведных аддзелах ЦК, аддзеле арганізацыйна-партыйнай працы, сакратарамі ЦК. Напярэдадні зацьверджаньня з кандыдатам абавязкова праводзілася размова ў профільных аддзелах (да прыкладу, у аддзеле агітацыі й прапаганды, сельскагаспадарчым, прамысловасьці й г.д.) і з сакратарамі ЦК.

2. На Бюро разглядаліся пэрсанальныя справы камуністаў: пра ўдзел у антыпартыйных групоўках; пра амаральныя паводзіны; апэляцыі й г.д.

3. Бюро зацьвярджала сьпісы слухачоў Вышэйшай партыйнай школы, кандыдатуры на вучобу ў Акадэмію грамадзкіх навук пры ЦК КПСС. Праз зацьверджаньне Бюро праходзіла ўся арганізацыйная праца партыі — адкрыцьцё партыйных камітэтаў; узбуйненьне партыйных арганізацыяў; дазвол на правядзеньне гарадзкіх, раённых, абласных партыйных канфэрэнцыяў. З рашэньняў Бюро прызначаліся праверкі партыйных органаў і арганізацыяў, прымаліся рашэньні пра ўзьвядзеньне будынкаў для партыйных структур, праходжаньне курсаў павышэньня кваліфікацыі партработнікаў і г.д.

4. У полі зроку Бюро й Сакратарыяту пастаянна знаходзілася прэса — зацьвярджаліся наклады газэт, часопісаў, прымаліся рашэньні аб выданьні сачыненьняў У.Леніна, І.Сталіна ды рэспубліканскіх “правадыроў” на беларускай мове, аб зьмяненьні назваў газэт, пераводзе іх на беларускую альбо расейскую мовы, аб выступленьнях кіроўных работнікаў у прэсе й іншыя.

Высокі ўзровень прыняцьця рашэньняў ня мусіць, аднак, засланяць ад нас адну вельмі істотную акалічнасьць — нягледзячы на той факт, што Бюро разглядала ўсе вышэйзгаданыя пытаньні, тым ня менш, канчатковае рашэньне прымалася ў абсалютнай большасьці выпадкаў толькі пасьля дазволу ЦК КПСС. Так, Бюро не магло самастойна прыняць рашэньня аб адкрыцьці партыйнага камітэту, рэарганізацыі партыйнай структуры, нават аб зьмяненьні тыражу раённых газэт і г.д. На такога кшталту захады мусіў быць дазвол ПБ альбо Сакратарыяту ЦК КПСС.

5. Пад пільным вокам Бюро знаходзіліся ўсе пытаньні гэтак званай савецкай працы. Яно давала дазвол на правядзеньне сэсіяў Вярхоўнага Савету, разглядала пытаньні, зьвязаныя з нацыянальна-дзяржаўным будаўніцтвам; будаўніцтвам на тэрыторыі Беларусі прадпрыемстваў; прымала пастановы аб пераводзе гарадоў па забясьпячэньні таварамі з адной групы ў другую; абмяркоўвала пытаньні перайменаваньня гарадоў і вёсак; займалася адміністрацыйна-тэрытарыяльным дзяленьнем рэспублікі; разглядала прапановы пра ўзнагароджаньне ордэнамі й мэдалямі грамадзян Беларусі й хадайнічала пра гэта перад саюзнымі органамі й г.д.

6. Па-за ўвагай Бюро не заставаліся пытаньні культуры (навука, літаратура, мастацтва, музыка й г.д.). Рашэньні Бюро па гэтых пытаньнях, як правіла, утрымліваюць наўпростыя ўказаньні з нагоды тых ці іншых мастацкіх твораў, артыкулаў, фільмаў, карцін асобных прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі. Адным зь першых красамоўных фактаў працы ў гэтым накірунку ёсьць Пастанова ЦБ ад 7 верасьня 1922 г., калі на ягоным паседжаньні было разгледжана пытаньне “Аб высяленні прафесараў і грамадазнаўцаў па-за межы Беларусі”. У выніку абмеркаваньня гэтага пытаньня Бюро прымае Пастанову:

“а) прызнаць неабходным выслаць з Мінску гр. Я.Гурвіч; б) назначыць да высялення: Ярашэвіча, Скадракова, Міцкевіча, Жывіна, Савіча, Федзюшына, Маслакавец, Каравайчыка і Рабіновіча; в) даручыць ДПУБ(еларусі) устанавіць нагляд за гр. Сіроткіным, Вазнясенскім і Якуніным; г) Даручыць т. Ігнатоўскаму і Кацэнбогену падшукаць, кім замясціць Якуніна, пасля чаго Якуніна выслаць”. Рашэньне прынятае на падставе падрыхтаванага ДПУБ “Спіса антысавецкай прафесуры…”.

Напрыканцы 20-х гадоў Бюро актыўна ўмешваецца ў хаду тэатральнай дыскусіі, распачатай групай беларускіх літаратараў і грамадзкіх дзеячоў (М.Зарэцкі, А.Адамовіч, А.Дудар, А.Александровіч, А.Вольны, І.Цьвікевіч, В.Ластоўскі), якія выказаліся супраць “разносных” рэцэнзіяў афіцыйных друкаваных органаў ЦК КП(б) — “Звязды” й “Чырвонай Змены” — на пастаноўкі Другога Беларускага дзяржаўнага тэатру. 17 верасьня 1928 г. Бюро прымае спэцыяльную Пастанову аб дыскусіі па тэатральных пытаньнях, у якой канстатавалася: у дыскусіі яскрава праявіліся нацыянал-дэмакратычныя тэндэнцыі, што сыгналізуе пра наяўнасьць правай нябясьпекі ў культурным будаўніцтве й захадаў “адмежавання беларускай культуры ад культур другіх нацыянальнасцей СССР, і ў першую чаргу, ад расійскай культуры…”.

Не зьмянілася сытуацыя й пасьля Вялікай Айчыннай вайны. Так, у ліпені 1947 г. Бюро ЦК заслухала пытаньне “Аб рабоце Саюза савецкіх пісьменнікаў і рэдкалегій літаратурна-мастацкіх часопісаў БССР па выкананню пастановы ЦК ВКП(б) “Аб часопісах “Звязда” і “Ленінград”. У прынятай Пастанове жорстка крытыкаваўся стан беларускай літаратуры, указвалася на тое, што за пасьляваенны пэрыяд не было створана буйнога твору пра важнейшыя падзеі сучаснага жыцьця. У шматлікіх артыкулах у друку, якія адлюстроўвалі афіцыйныя погляды, ганьбаваліся беларускія пісьменьнікі. Падобны лёс напаткаў паэтку Э.Агняцвет, якую зьвінавацілі за тое, што ейныя вершы шмат у чым “пераклікаюцца з мяшчанска-салоннай лірыкай Ахматавай”, што яны разьлічаны “на падаграванне мяшчанска-абывацельскіх густаў і варожых імкненняў нашай моладзі”.

Новая хваля ўмяшаньня ў творчы пошук пачалася з правядзеньнем кампаніі барацьбы з “нацыяналізмам”, якая разгарнулася ў пачатку 50-х гадоў у сувязі з крытыкай верша ўкраінскага паэта У.Сасюры “Любі Ўкраіну”, надрукаванага ў ленінградскам часопісе “Звязда”. У рэспубліцы аб’ектам крытыкі стаўся зборнік вершаў “Світанне” старэйшай паэткі, актыўнай удзельніцы нацыянальна-адраджэнскага руху К.Буйло. Яе зьвінавацілі за нацыяналізм, бо ў адным з твораў яна назвала Беларусь “прыгажэйшай” і “найдаражэйшай” часьцінкай зямлі. Зборнікі вершаў М.Лужаніна “Шырокае поле вайны” й “Поступ” скрытыкавалі за тое, што ў іх “мала або зусім няма самых характэрных рыс нашай савецкай сучаснасці”.

7. З выхадам Беларусі пасьля Другой усясьветнай вайны на міжнародную арэну пад пільны кантроль Бюро патрапілі міжнародная дзейнасьць і міжнародныя сувязі рэспублікі. Бюро зацьвярджала сьпісы дэлегацыяў, якія накіроўваліся за мяжу для ўдзелу ў паседжаньнях ААН і іншых міжнародных арганізацыяў, у навуковых канфэрэнцыях, кангрэсах, сымпозыюмах. Культурны, спартовы абмен таксама знаходзіўся ў полі зроку Бюро. Нават такая “дробязь”, як турыстычны абмен, кантраляваўся праз створаную й дзейную на пастаяннай аснове Камісію па выездах за мяжу пры Бюро ЦК КПБ.

Пасьля вайны Беларусь сталася адной з краінаў-заснавальніц ААН і атрымала магчымасьць дапамогі ад спэцыялізаванай установы ААН — Адміністрацыі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па аказаньні дапамогі й аднаўленьні (ЮННРА). Асноўнай задачай ЮННРА зьяўлялася пастаўка прадуктаў харчаваньня, прамысловага, сельскагаспадарчага абсталяваньня, мэдыкамэнтаў, адзеньня краінам, вызначаным ААН. У лік такіх краін трапіла й БССР. У сьнежні 1945 г. у Вашынгтоне было падпісана Пагадненьне паміж ЮННРА й Урадам БССР аб пастаўках неабходных Беларусі тавараў, абсталяваньня на суму 61 млн. амэрыканскіх даляраў, якія мусілі паступаць і паступалі ў рэспубліку на працягу 1945—1946 гг. Дапамога была даволі істотнай — з улікам пасьляваеннага гаротнага становішча насельніцтва. Напрыклад, толькі прадуктаў харчаваньня было завезена звыш 100 тыс. тон. Дзейнасьць ЮННРА адразу ж трапіла пад кантроль Бюро, якое на сваіх паседжаньнях рэгулярна абмяркоўвала колькасьць атрыманых грузаў, разьмяркоўвала іх паміж вобласьцямі й інш.

Аднак гэтая гуманная дзейнасьць міжнароднай супольнасьці ў дачыненьні да беларускага народу з волі партыйных алігархаў была пахавана на доўгія гады — яе сьцерлі з памяці беларускага народу. У студзені 1946 г. Бюро прымае Пастанову, у адпаведнасьці зь якой забаранялася “Адказным партыйным і савецкім работнікам у сваіх дакладах і гутарках прыводзіць якія-небудзь лічбы па пастаўках ЮННРА і спасылацца на пытанні дапамогі з боку ЮННРА”.

Чаму так атрымалася? Знаходзячыся ў рэчышчы зьнешнепалітычнай дактрыны Масквы, Менск быў вымушаны выконваць загады Цэнтру. Распачатая халодная вайна адразу ж усталявала “жалезную заслону” паміж былымі саюзьнікамі. Асабліва яскрава падпарадкаванасьць зьнешнепалітычнай дактрыне Цэнтру праявілася ў сфэры міждзяржаўных адносін. Характэрным прыкладам такога падыходу ў першыя пасьляваенныя гады зьяўляецца перадача ў 1944 г. Беласточчыны Польшчы.

На Тэгеранскай канферэнцыі 1943 г. кіраўнікі СССР, ЗША, Вялікабрытаніі прызналі лінію Керзана ў якасьці савецка-польскай мяжы. У заяве савецкага ўраду ад 11 студзеня 1944 г. выказвалася гатовасьць унесьці зьмяненьні ў межы 1939 г. на карысьць Польшчы ў раёнах зь перавагаю польскага насельніцтва. Гэта значыла, што значная тэрыторыя Беларусі павінна была адысьці да Польшчы.

А што ж Беларусь? У сакавіку 1944 г. на 6-й сэсіі Вярхоўнага Савету БССР Старшыня Прэзыдыюму ВС Н.Наталевіч у дакладзе, прысьвечаным стварэньню наркаматаў абароны й замежных справаў БССР, пэўную ўвагу надаў адносінам паміж Беларусьсю й Польшчай. Ён адзначыў, што, у адпаведнасьці з заявай савецкага ўраду ад 11 студзеня 1944 г., якая прызнавала лінію Керзана, да Польшчы павінна была адысьці большасьць раёнаў Беластоцкай вобласьці.

Н.Наталевіч зьвярнуўся да ВС БССР з прапановай разгледзець пытаньне аб межах і папрасіў савецкі ўрад пры вызначэньні мяжы паміж СССР і Польшчай улічыць законнае й справядлівае жаданьне беларускага народу аб’яднаць усе спрадвечныя беларускія землі ў адзіную Беларускую дзяржаву. Але гэты зварот ня быў улічаны ні тагачасным савецкім кіраўніцтвам, ні Вярхоўным Саветам БССР, які нават і не разглядаў пытаньня пра вызначэньне межаў паміж Беларусьсю й Польшчай.

Тое ж выявілася й у эпізодзе з прапановай ЗША аб усталяваньні наўпростых дыпляматычных адносін з БССР. Пачатак 50-х гадоў — час самых напружаных адносінаў паміж СССР і ЗША, вядомы пад назвай “халодная вайна”. Аднак менавіта ў гэты час Палата Прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША робіць спробы ўсталяваць дыпляматычныя адносіны зь дзьвюма савецкімі рэспублікамі — Беларусьсю й Украінай. У лютым 1953 г. Палата Прадстаўнікоў адобрыла й унесла на разгляд Кангрэсу й Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША рэзалюцыю № 58, якая тычылася ўсталяваньня дыпляматычных адносін зь Беларусьсю.

Нягледзячы на той факт, што матэрыялы адносна гэтай прапановы фігуруюць у пратаколах Бюро ЦК Беларусі, Бюро нават і не абмяркоўвала яе. Прапанову ня толькі не апублікавалі, але й, як заўсёды, засакрэцілі. Вышэйшае партыйнае кіраўніцтва й усе падпарадкаваныя яму ўладныя структуры надзейна ахоўвалі закрытасьць савецкай таталітарнай сыстэмы. Небясьпеку для таталітарнай сыстэмы ўяўлялі й паездкі беларускіх грамадзян за мяжу. Асабліва гэта тычылася выезду ў капіталістычныя краіны, на што патрабаваўся дазвол Сакратарыяту ЦК КПСС — у прыватнасьці, ягонага міжнароднага аддзелу.

8. Бюро кантралявала дзейнасьць грамадзкіх арганізацыяў. Як правіла,— праз канкрэтныя ўказаньні ЦСПСБ, ЦК ЛКСМБ, піянэрскай арганізацыі, добраахвотным таварыствам па правядзеньні масавай працы сярод сваіх сябраў. Бюро зацьвярджала даты правядзеньня зьездаў, пленумаў; накіроўвала дэлегацыі за мяжу; ажыцьцяўляла аргнаборы моладзі на камсамольскія будоўлі й г.д.

Відавочна, што кантраляваць такое вялікае кола пытаньняў было няпроста, а таму Бюро мела шматлікія рабочыя органы — камісіі. Большасьць зь іх ствараліся для распрацоўкі асобных праектаў рашэньняў — на падставе абмеркаваньня той ці іншай праблемы на паседжаньні Бюро. Камісіі маглі працаваць ад некалькіх дзён да некалькіх месяцаў і да году. Калі стварэньне пастаянных камісіяў было зьявай дастаткова рэдкай, то стварэньне часовых камісіяў для распрацоўкі й практычнага вырашэньня асобных пытаньняў практыкавалася вельмі часта.

Ствараліся, напрыклад, камісіі па ваенных пытаньнях, па рабоце ў вёсцы, па пытаньнях каапэрацыі, для разьвіцьця прамысловасьці, транспарту, будаўніцтва, гандлю й г.д. Рашэньні, якія выпрацоўвалі камісіі, потым зацьвярджаліся Бюро. У асобных выпадках камісіям давалася права прыняцьця канчатковага рашэньня ад імя Бюро.

Важную ролю ў структуры партыйных органаў адыгрывалі аддзелы ЦК, якія ажыцьцяўлялі кантроль за кадравай палітыкай і работай партыйных камітэтаў, савецкіх органаў, рэспубліканскіх міністэрстваў, ведамстваў, грамадзкіх арганізацыяў. З усіх аддзелаў найважнейшымі зьяўляліся два — аддзел арганізацыйна-партыйнай і кадравай працы й ідэалягічны аддзел. Аддзел аргпартпрацы, дарэчы, самы вялікі ў апараце ЦК, у склад якога, перад забаронай дзейнасьці КПБ, уваходзіла 37 работнікаў, зьяўляўся партыйным “аддзелам кадраў”.

Знакамітае “подбор, воспитание и расстановка кадров” ажыцьцяўлялася менавіта праз гэты аддзел. Ні адно прызначэньне на адказныя кіроўныя пасады ў рэспубліцы не магло прайсьці без удзелу аргпартаддзелу. Аддзел “курыраваў” (зь лексыкі партыйных функцыянэраў) працу АК, ГК, РК КПБ; апарат Прэзыдыюму ВС; апарат СМ БССР; аблвыканкамы, рай- і гарвыканкамы, Белсаўпраф; ЦК ЛКСМБ; КНК БССР; Менскую партшколу; Савет жанчын; Беларускую арганізацыю вэтэранаў вайны й працы.

Другім па важнасьці й значнасьці аддзелам зьяўляўся ідэалягічны аддзел (раней — аддзел прапаганды й агітацыі), у якім працаваў 21 чалавек. Ён непасрэдна кантраляваў працу аж 41 установы: міністэрстваў, ведамстваў, саюзаў, грамадзкіх аб’яднаньняў і г.д. Напрыклад, ён “курыраваў”: міністэрствы — замежных справаў, культуры й адукацыі; дзяржаўныя камітэты — па справах выдавецтва, паліграфіі й кніжнага гандлю, фізычнай культуры й спорту; Акадэмію навук; тэлеграфнае агенцтва; галоўнае ўпраўленьне па ахове дзяржаўнай таямніцы ў друку пры СМ; галоўнае архіўнае ўпраўленьне; рэдакцыі ўсіх часопісаў і газэт; саюзы — пісьменьнікаў, кампазытараў, кінематаграфістаў, журналістаў, мастакоў і г.д. Як і папярэдні аддзел, ён быў створаны ў 1920 г. і каардынаваў ўсю дзейнасьць па ачмурэньні насельніцтва камуністычнай ідэалёгіяй. Пад камуністычную прапаганду, якую плянава, мэтанакіравана, з улікам зьменьлівых абставін, праводзіў ідэалягічны аддзел, “патрапіла” практычна ўсё насельніцтва рэспублікі. І, напэўна, галоўнае, чаго ў пэўнай ступені ўдалося дасягнуць камуністычнай прапагандысцкай машыне,— ідэалягічнай матываванасьці паводзін людзей.

Дастаткова згадаць масавыя кампаніі супраць усялякіх ворагаў: спачатку клясавых — памешчыкаў, кулакоў; потым — ідэалягічных — трацкістаў, “нацыянал-дэмакратаў”, “левых, правых ухілістаў”, “шавіністаў” ды іншых. Пасьля вайны ідэалягічны аддзел (тады ён называўся аддзелам прапаганды й агітацыі, ці, скарочана,— агітпрапам), зьяўляўся арганізатарам і натхняльнікам барацьбы зь “бязроднымі касмапалітамі”, “сіяністамі”, потым — з “амерыканскім імперыялізмам, галоўным ворагам ўсяго прагрэсіўнага чалавецтва”.

Варта заўважыць, што ўсё ж значная частка беларускага грамадзтва ў пэўнай ступені паддавалася пад узьдзеяньне гэтай ідэалягічнай апрацоўкі — і ўдзельнічала ў масавых акцыях то пратэсту, то падтрымкі рашэньняў партыі й ураду. І за ўсім гэтым стаяла небачная постаць агітпрапу. Вось чаму ягонай дзейнасьці надавалася такое вялікае значэньне, і заўседы тыя з сакратароў, хто курыраваў гэтыя два аддзелы, уваходзілі ў склад Бюро ЦК. Астатнія маглі мяняцца, гэтыя ж — ніколі.

Бюро й Сакратарыят асацыяваліся на той час з вышэйшай уладай. Аднак насамрэч яна канцэнтравалася ў Маскве — у Палітбюро й Сакратарыяце ЦК КПСС. Зьвязаныя партыйнай дысцыплінай, партыйнымі пастановамі, дырэктывамі, інструкцыямі, Бюро й Сакратарыят ЦК КПБ заўсёды былі паслухмянымі й маўклівымі выканаўцамі тых рашэньняў, якія прымаліся ў Маскве.

Літаратура

1. Восленский М. Номенклатура. Господствующий класс Советского Союза. М., 1991.

2. Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т.1, 1918—1927. Мн., 1973.

3. Страницы истории компартии Белоруссии. Суждения, аргументы и факты. Мн., 1990.

4. Петровичев Н., Кузьмин Ф. Партийное строительство: Учебное пособие. М., 1981.

5. Основные функциональные особенности секретарей и отделов ЦК Компартии Белоруссии. Мн., 1991.

6. Распределение обязанностей между секретарями и членами Бюро ЦК Компартии Белоруссии. Мн., 1989.

7. Регламент работы с документами в аппарате Центрального Комитета Компартии Белоруссии. Мн., 1989.

8. Положение о порядке обращения с документами ЦК Компартии Белоруссии в аппарате министерств, ведомств и организаций Белорусской ССР. Мн., 1985.

Лекцыі 7-9 можна прачытаць тут.

You may also like...