“Уводзіны ў міфалогію”. Курс лекцый Марыны Шоды

курс:

Уводзіны ў міфалогію

Курс прысвечаны феномену архаічнага міфа і сучаснай міфатворчасці.

У навуковай думцы XIX і XX стст. паўсталі разнастайныя тэорыі і інтэрпрэтацыі міфа, якія акрэсліваюць межы разумення гэтага феномену і яго значнасць для свядомасці індывіда і развіцця сацыякультурнай сістэмы. У межах курсу мы абмяркуем, чым міф з гледзішча, напрыклад, псіхааналітыкаў адрозніваецца ад поглядаў лінгвістаў, а рытуальна-міфалагічная інтэрпрэтацыя міфа – ад сацыялагічнай. 

Насамрэч міф робіцца аб’ектам даследавання роўна з таго моманту, як у яго перастаюць верыць і пачынаюць падпарадкоўваць рацыянальнаму пераасэнсаванню. Тым не менш даследчыкі міфу дагэтуль не выпрацавалі адзінай тэорыі і падыходзяць да яго з розных бакоў, а рацыянальна-лагічны стыль мыслення, нібыта ўласцівы эпосе навукова-тэхнічнага прагрэсу, пастаянна сутыкаецца з моцным супрацівам. Паспрабуем разабрацца, чаму так адбываецца.

На што абапіраецца міфічная логіка? Як паўстае і ад чаго залежыць пакручастая міфічная фантастыка? Чым сучасная міфатворчасць адрозніваецца ад архаічнага міфічнага мыслення? Як у міфе ўзаемазалежаць час і прастора – як “дзейнічае” міфалагічны хранатоп? З чаго складаюцца вертыкальная і гарызантальная міфалагічныя мадэлі міру? Як адбываецца працэс трансфармацыі міфа ў казку і чым ад міфа адрозніваецца эпас?

 

Час курса: 16 лютага – 9 сакавіка. Запіс праз спасылку.

Марына Шодакандыдатка філалагічных навук, да нядаўняга часу выкладчыца БДУ, цяпер выкладчыца-валанцёрка, незалежная даследчыца, а таксама перакладчыца з польскай мовы. Навуковыя зацікаўленасці складаюць теорыя міфа і гісторыя літаратуры, пераважна антычнай і сярэднявечнай, але таксама і беларускай у кантэксце сусветнай.