Валянцін АКУДОВІЧ. Нацыянальная парадыгма: ракурс канцэптуальнай перамены (Лекцыі 1-4)
Лекцыя 1.
План:
1. Зачын
2. Гістарычнае і нацыянальнае
3. Рэлігійнае і нацыянальнае
4. Уласна нацыянальнае
5. Наастачу
6. Літаратура
1. Зачын
“Калісь яшчэ свет толькі зачынаўся, дык нічога нідзе не было. Усюды стаяла мёртвая вада, а пасярод вады тырчэў нібы камень, нібы што…”
Гэта пачатак аднаго з касмаганічных міфаў беларускай аўтэнтыкі. Я яго нагадаў, каб далей разрозніць гісторыю Беларусі (абмінаючы пакуль праблему самога этноніма “Беларусь”) і нацыянальную гісторыю. Дык вось, гісторыя Беларусі пачынаецца з таго моманту, калі Пярун ударыў у гэты “нібы камень, нібы што…”, іншымі словамі — са стварэння свету. І яна будзе доўжыцца, пакуль свету наканавана існаваць, незалежна ад таго, якімі яшчэ словамі стане пазначацца нашая зямля ў наступныя эпохі і як сябе будуць тады называць насельнікі гэтай зямлі.
Зусім іншая рэч — нацыянальная гісторыя… Нацыянальны чалавек паўстаў з крызы рэлігійнага чалавека і, шырэй, з крызы цывілізацыі рэлігійнага тыпу. Калі гэткае здарылася, тады на цэнтрапалеглае месца, якое раней займала ідэалагема Бога, была пакліканая ідэалагема Нацыі. Як вядома, згаданы тут акт радыкальнай мадэрнізацыі светаўладкавання адбыўся зусім нядаўна, ад роду яму ўсяго некалькі стагоддзяў. Таму бывае дзіўна чуць пра “старыя” і “маладыя” нацыі, прынамсі, у гістарычным вымярэнні мы, скажам, з немцамі лічы што пагодкі. (Паміж смерцю Гердэра ды Фіхтэ і нараджэннем Багушэвіча ўсяго некалькі дзесяцігоддзяў.)
Ясная рэч, што Багушэвіч кагадзе згадаўся не выпадкова. З майго гледзішча, менавіта Багушэвіч найбольш паўплываў на расчын нашай нацыянальнай гісторыі, геніяльна сфастрыгаваўшы паэтычны міф з назвай “Беларусь”. Наступная, роўнавялікая Багушэвічу падзея — газета “Наша Ніва”…
З іншага боку, у канцэптуальным плане мы мелі б прыблізна тое самае, што маем, і без Багушэвіча, і без “Нашай Нівы”. Было б залішне рамантычна (ці містычна) звязваць такія анталагічныя падзеі, як нараджэнне нацыі, з несістэмнымі выпадкамі прыватнага кшталту. Сувязь тут хутчэй цалкам адваротная: і Багушэвіч, і “Наша Ніва” — гэта ўсяго толькі адметныя моманты фармалізацыі новай нацыі, якая ўжо саспела, каб выйсці з латэнтнага стану ў сітуацыю культурнай і геапалітычнай рэальнасці.
Што да эсхаталагічнай праблемы канца нацыянальнай гісторыі, то яе развязанне палягае не ў сферы геапалітыкі. Гэтаксама яна не залежыць і ад унутранага развою нацыякультурнага патэнцыялу. І знадворкавыя, і ўласныя антынацыянальныя чыннікі могуць марудзіць, замінаць, татальна прэсінгаваць нацыянальную гісторыю, але яны ніколі не здолеюць перапыніць яе канчаткова да той пары, пакуль не зменіцца тып цывілізацыі, у якой нацыянальнае ёсць актуальным.
Мяркуючы па тым, што чалавек тысячагоддзямі жыў без праблемы нацыянальнага, лагічна выснаваць, што рана ці позна гэткая пара зноў надарыцца і людзі стануць сябе ідэнтыфікаваць (ведаць і разрозніваць) не па нацыянальнаму коду, а неяк інакш. Ужо ж, напэўна, калісьці так яно і будзе…
Але, відавочна, яшчэ не надта хутка. І таму праблема нацыянальнага пакуль застаецца і рэальнай, і актуальнай.
2. Гістарычнае і нацыянальнае
Нацыя — мадэрновае ўтварэнне. Але ніводная нацыя не робіць акцэнт на ўласнай навіне, хаця звычайна кожная супольнасць падкрэслівае і вылучае ўсялякі акт радыкальнай мадэрнізацыі як найлепшы аргумент на карысць сваёй жыццядайнасці.
У чым тут справа? Чаму нацыя замест таго, каб пафасна дэклараваць уласную мадэрновую сутву, прагне нізрынуцца на самае прадонне гісторыі, як бы знікнуць у атаясамленні сябе з гісторыяй і не толькі летапіснай, а і міфа. Адным словам, чаму кожная нацыя хоча быць старой нацыяй — як мага больш старой, нават у супраціў гістарычным фактам і хоць якой уцямнай матывацыі?
Каб адказаць на гэтае пытанне, нам спатрэбіцца згадка пра кнігу Бенедыкта Андэрсана “Уяўныя супольнасці”. Аўтар, прааналізаваўшы шляхі фармавання нацыяналізму на розных кантынентах, адзначыў (далёка не ўпершыню) адсутнасць нейкай універсальнай формулы паўставання і функцыянавання нацый. Адсюль і паходзіць яго знакамітая выснова: нацыі — гэта ўяўныя супольнасці.
Мы, у сваю чаргу, праз гэтую выснову паспрабуем адказаць на ўласнае запытанне: навошта нацыянальнаму гістарычнае?
Перадусім звернем увагу на слова “ўяўнае”. Нацыя не ёсць нечым рэальным, але паколькі яна ёсць, адбылася, то шукае спосабы, каб нейкім чынам уцялесніцца ў рэальнае. Адным з найбольш эфектыўных спосабаў гэтага ўцялеснення і сталася якраз гістарычнае, якое нагружае “ўяўную супольнасць” рэальнасцю мінулага.
Само гістарычнае не ёсць падставай (прынамсі, непасрэднай) нацыянальнага, але праз упісанасць гістарычнага ў “астральную” фігуру нацыі, апошняя набывае цялеснасць у прасторы і часе, а з гэтага і легітымацыю ў ментальным дыскурсе. Вось чаму кожная нацыя звычайна праецыруе на сябе ўсю сацыяльную і культурную гісторыю падлеглага ёй лагатопа.
Урэшце, гэткая маніпуляцыя цалкам зразумелая. Бо гістарычная рэтраспектыва і дасюль застаецца ці не адзіным (хоць якім) алібі на карысць рэальнасці нацыі. Таму калі мы канчаткова парвем звяз нацыянальнага з гістарычным, то ў метафізічнай праекцыі нам застанецца высноўваць нацыянальнае з містычнага, а ў праекцыі рэальнасці — з футурыстычнага. Аднак тая жорстка дэтэрмінаваная сувязь, што існавала між імі раней, сёння выдае на ахранізм.
Разам з тым, нават мноства грунтоўных навуковых даследаванняў, якія ў ХХ стагоддзі, здаецца, дарэшты развеялі міф аб “старажытнасці” нацый, не змянілі ўяўлення масавай свядомасці аб сваёй нацыянальнай лучнасці з пракаветнымі прашчурамі. Сведчанняў таму ўсюды нямерана, але мы не станем за імі далёка хадзіць. Згадаем Беларусь канца васьмідзесятых — пачатку дзевяностых (ХХ стагоддзя), калі магутная хваля нацыянальнага Адраджэння ўзножыла краіну. Дык вось, не звяртаючы ўвагі на ўсю сучасную аналітыку гэтай праблемы, ідэолагі і тэарэтыкі Адраджэння ўлегліся рэканструяваць яго нацыянальную складовую ад першых летапісных звестак пра гісторыю нашага краю. І па сёння тая канструктыўная хімера застаецца дамінуючай у масавай свядомасці, хаця, здаецца, ужо даўно пара было б унікнуць штучна-прымусовага задзіночання несумерных ды несуладных феноменаў з розных часоў i розных прастораў у адной задушлiвай цэлi. Але нам усё яшчэ падаецца цалкам абгрунтаваным сашчэплiваць ідэяй нацыянальнай Беларусi ў нейкую вектарна паслядоўную i трывалую еднасць Усяслава Чарадзея i Цiшку Гартнага, Кiрылу Тураўскага i Стэфана Баторыя, Сымона Буднага i Пятра Машэрава, Полацкае княства, Рэч Паспалiтую i БССР, крэваў, лiцвiнаў, русiнаў, яцвягаў, вялiкалiтоўцаў, тутэйшых, крэсавякаў, беларусаў, мы-рускiх…
Колькi не адно iдэалагiчна, а i iдэалагемна амаль нiякiм чынам не стасоўных сусветаў спрадвеку табарылася ў нашай прасторы, i з якiм дзiвам, абурэннем цi рогатам успрыняла б бальшыня герояў тых размаiтых i ўжо даўно прамiнулых сусветаў звестку з будучынi, што яны, атрымлiваецца, працавалi, змагалiся, пакутавалi i ахвяравалi сваiмi жыццямi на карысць iдэi нацыянальнай Беларусi, i таму цяпер фiгуруюць адныя ў пантэоне, а другiя ў iканастасе змагарных ваяроў i святых пакутнiкаў гэтай iдэi.
Дзіўная аблуда… Усе тыя людзi жылi (нi сном нi духам ведаць не ведаючы пра нейкую там Беларусь), а падзеi здаралiся дзеля зусiм адрозных, i ў кожным разе апрычоных задач i мэт, — мiж iншым, арганiзаваных ды iдэалагiчна забяспечаных нейкiмi ўласнымі стратэгiямi, што робiць ужо зусiм непрыстойным бясконцае перацягванне нябожчыкаў за вушы з адных iдэалагем у другiя… I на якую такую трасцу нам гэтыя не вельмi далiкатныя i не надта плённыя некрафiльскiя мiтрэнгi?! Вунь ужо колькi ўсяго панацягвалi, а сэнсу? Няўжо не бачна, што унiверсалiсцкi ўцэнтраваная ідэя нацыянальнай Беларусi так i не змагла (i не магла i не зможа — тым болей у кантэксце сучасных светаглядных тэндэнцый) ахапiць, злагодзiць i жыццядайна дапасаваць да свайго эйдычнага фантома ўсе тыя шматлiкiя дыскурсы рэальнага бытнага, што разгортвалiся ў гэтым лагатопе цягам тысячагоддзяў.
Зрэшты, апошняе запытанне было звычайнай рыторыкай. Крызiс iдэi нацыянальнай Беларусi навiдавоку, як навiдавоку i спробы пераадолець яго праз замену адной збанкрутаванай логацэнтрычнай уявы на такую самую, але iншую. Сярод “iншых” сёння найперш мiжсобку канкуруюць за лiдэрства канцэпты крываў i лiцвiнаў. Малаверагодна, што адзiн з гэтых двух канцэпцтаў цi нейкi яшчэ трэцi хоць у якой аддаленай перспектыве пераможа хай сабе ўжо i збанкрутаваную iдэю нацыянальнай Беларусi ды зойме цэнтрапалеглае месца ў iдэалагемнай кампазiцыi нашага бытавання. Аднак калi падобнае i здарыцца, то з гэтага вялiкага гармiдару мы будзем мець раўнютка тое самае, што маем i цяпер. Усяго толькi i з’явiцца навiны, што ў той пераможнай кампазiцыi на месцы ўжо звыклых гістарычных фiгур і падзей будуць упiсаныя раней занатаваныя адно на маргiналiях альбо тады ўвогуле адсутныя. Бо паводле сваёй логацэнтрычнай сутвы нацыянальная iдэя крываў (як i лiцвiнаў) нiчым не рознiцца ад iдэi нацыянальнай Беларусi i, гэтаксама як апошняя, ахоплiвае толькi адно з вымярэнняў дыскурса Беларусi, адсякаючы i марнуючы ўсе шматлiкiя iншыя.
I што з усяго гэтага вынiкае? Ды тое, што як па-добраму, то ўжо пара было б нам неяк пакрысе пераставаць займацца марнатраўствам уласных энергii i часу. Сэнс нязробленага — заставацца нязробленым. I паколькi ў свой час нам не было наканавана выштукаваць на гістарычным подзе ўсялякiя цэнтрапалеглыя канструкцыi i абстракцыi, у тым лiку i такiя, як, скажам, нацыянальная iдэя i нацыянальная дзяржава, то i не трэба сёння жыць прамiнулым днём, згодна прымаўкi: лепей позна, чым нiколi… Ніяк не лепей позна, хаця часам i вельмi карцiць, каб у нас усё, што хоць калi было, было, як у суседзяў некалi. Тае бяды. Не станем лiшне нурыцца з таго, што ў нашай гiсторыi адсутнiчае колькi там эпох сацыяльнай фармалiзацыi iдэальных унiверсалiй. Бо праблема палягае зусiм у iншым, а менавiта ў тым, што i цяпер мы ўсё яшчэ глядзiм на свет праз бельмы сiмулякра гамагеннай нацыі i таму не бачым Беларусь як дыскурс шматлiкiх i разнастайных сусветаў, якiя без калецтва кожнага з iх не могуць быць паяднаныя ў нейкую агульнасць нiчым яшчэ, акрамя як дыскурсам Беларусi.
3. Рэлігійнае і нацыянальнае
Як ужо казалася ў прэамбуле, “нацыянальны чалавек паўстаў з крызы рэлігійнага чалавека і, шырэй, з крызы цывілізацыі рэлігійнага тыпу. Калі гэткае здарылася, тады на цэнтрапалеглае месца, якое раней займала ідэалагема Бога, была пакліканая ідэалагема Нацыі”… Але такое здарыцца не хутка, да гэтага еўрапейскаму чалавецтву будзе наканавана больш як на паўтары тысячы гадоў схавацца ў татальна рэлігійнае жыццё.
Рэлігійная канцэпцыя бытавання чалавека ў гранічна аголенай і максімальна спрошчанай схеме выглядае прыкладна так: ёсць Бог і ёсць адзін, сам-насам, чалавек. І больш нікога і нічога няма, прынамсі, усё астатняе неістотнае… Бог і чалавек звязаныя між сабою верай чалавека ў Бога і любоўю (хаця гэта часам і выклікае сумнеў) Бога да чалавека.
Праўда, з цягам часу выявілася, што звязка Бог — чалавек функцыянуе куды больш прадуктыўна, калі мае свайго пасярэдніка, інстытут Бога. У нашым выпадку ім сталася Царква. Яна мацуе веру чалавека і тлумачыць прынцыпова невытлумачальную трансцэндэнцыю Бога. Вось і ўсё. Гэтым у схеме і вычэрпваецца рэлігійны тып цывілізацыі. І для такога спосабу існавання не патрэбныя ні Францішак Скарына, ні Леў Сапега, ні Сімяон Полацкі, і нават Лазар Богша не патрэбны, бо ў дачыненнях паміж Богам і чалавекам дзве змацаваныя накрыж трэскі маюць аднолькавую каштоўнасць з крыжам Ефрасінні Полацкай. А, верагодна, трэскі — нават і большую. Бо эстэтычна самакаштоўная аздоба ўраўноўвае знак трансцэндэнтнага з творчым актам чалавека і ў пэўным сэнсе нават супрацьпастаўляе людскае боскаму — спакушае веру культурай. У той час як ідэал рэлігійнага ладу жыцця найлепей выяўляе наступная трыяда: пячора, аскеза, пустэльнік. Век апошняга належыць віртуальнаму дыялогу з Богам і чаканню персанальнай сустрэчы з Ім у дзень Апакаліпсіса…
Ідэальны вернік не лучыць сябе ні з мінулым, ні з будучым, ён па-за людствам, па-за гісторыяй, па-за быційнасцю. Ён адразу і назаўжды — суб’ект вечнасці, для якога іманентнае зямное жыццё толькі прыкрая недарэчнасць, на якую пажадана як мага хутчэй забыцца.
Калі б не зацятая апазіцыйнасць быційнай культуры, то зусім верагодна, што рэлігійная артадаксальнасць была б даведзеная да лагічнага абсалюту і ў скутку хрысціянскі варыянт цывілізацыі нагадваў бы глухое напаўдзікунскае мястэчка Назарэт, уся акраса жыцця якога згорнутая да відовішчаў містычнага экстазу вандроўных месіяў. Зрэшты, Еўропа ў прамежку ад сканання Рымскай імперыі і да пярэдадня Рэнесанса была амаль што гэткім самым Назарэтам.
Уcталяванне хрысціянства — гэта магутная па сваіх маштабах акцыя з мэтай перавесці цывілізацыю з інтэлектуальнага спосабу быцця на інтуітыўны, з рацыянальнага на ірацыянальны. Як казаў Тэртуаліян: “Пасля Ісуса Хрыста нам не патрэбнае веданне, а пасля Святога Дабравесця — пошукі”.
На рацыянальным антычным ладзе жыцця быў пастаўлены ірацыянальны хрысціянскі крыж. Больш за тысячагоддзе еўрапейскія народы існавалі ў межах рэлігійнага закону, сфармуляванага Нікейскім саборам. Без перабольшвання можна сцвярджаць, што царква зрабілася формай і мерай свету. Па словах Іаана Салсберыйскага, яна стаяла “над усімі царамі, царствамі, дзеямі, чалавекамі і народамі”.
Эпоху першай буйной паразы Рэлігіі мы называем Рэнесансам. Менавіта з гэтай эпохі ірацыянальная сутва светагляду зноў пачынае саступаць рацыянальнай. На нашай зямлі канец ірацыянальнага абсалютызму быў зафіксаваны фактам стварэння Статута Вялікага княства Літоўскага. Статут — быційная альтэрнатыва рэлігійнаму закону, ён сведчанне расколу цэльнага вобраза існавання на два складнікі: зямны і нябесны; надалей яны яшчэ доўга будуць існаваць у агульным ладзе, але ўжо кожны паасобку. Аднак праз пэўны час “зямны” чыннік станецца спрэс дамінуючым, калі ўнутры самога сябе вынайдзе альтэрнатыву Рэлігійнаму. Імя гэтай альтэрнатывы — Нацыя.
Феномен нацыі і па сёння застаецца толькі названым, але не вытлумачаным. Скуль гэтая патрэба ў чалавеку — быць належным да пэўнай супольнасці людзей, адчуваць адказнасць за яе гістарычны лёс і нават ахвяраваць дзеля яе сваім жыццём? Чаму чалавеку не хапае быць чалавекам, а патрэбна яшчэ беларусам звацца? З чаго гэта яму замала самога сябе, сваёй сям’і, сябрыны, суседзяў, чалавецтва ўрэшце? Тым болей, што Нацыя — не гарант бяспекі, як Дзяржава, не надзея на пазаіснае векаванне, як Рэлігія. У прагматычным сэнсе чалавеку з Нацыі аніякай карысці. І ўвогуле, з пэўнага гледзішча, Нацыя — гэта толькі слова, агульнае найменне — “номен”. (Універсаліі рэальна не існуюць, магчыма, і слушна сцвярджалі схаласты сярэднявечча: ёсць толькі адзінкавае, “рэс сінгулярэс”.)
Яшчэ адзін цьмяны бок феномена Нацыі — гэта яе вызначальная роля ў стварэнні новаеўрапейскіх дзяржаў, а пазней — дзяржаў і на іншых кантынентах свету. Новы час прадэманстраваў выразна акрэсленую тэндэнцыю згортвання Дзяржавы ў нацыянальны вымер. Найлепшым сведчаннем таму сістэмны распад вялікіх і малых імперый. Натуральна, Дзяржава не мела ніякай ахвоты ўціскацца ў памер Нацыі, але іншага выйсця ў яе не было. Нечакана для самой сябе, некалі самадастатковая і пыхлівая Дзяржава неўпрыкмет ператварылася ўсяго толькі ў вартаўніка, які ахоўвае нацыянальны сад і адначасна падпрацоўвае садоўнікам у гэтым садзе.
Але ўзаемадачыненні Нацыі і Дзяржавы — іншая тэма, і мы яе пакуль пакінем.
Рэлігія таксама не імкнулася ісці ў паслужкі да Нацыі, аднак у сітуацыі крызісу рэлігійнага светаўладкавання, каб заставацца, быць — яна з перыяду Рэфармацыі мусіла падладжвацца спачатку пад патрэбы Дзяржавы, а затым — Нацыі. Дарэчы, кальвінізм, лютэранства, уніяцтва і да таго падобнае — гэта не што іншае, як выдзяленне з універсальнай прасторы рэлігійнага тых лакальных дыскурсаў, якія ў большай меры тоесніліся з сугестыяй нацыянальнага.
Агульную тэндэнцыю да нацыяналізацыі Рэлігіі выразна акрэсліў прынцыпова немагчымы раней пераклад Бібліі на нацыянальныя мовы, — у друку распачаты немцам Лютэрам і неўзабаве працягнуты беларусам Скарынай.
Працэс нацыяналізацыі рэлігійнага ахоплівае стагоддзі, і, натуральна, у розных краінах ён складваўся па-рознаму. У звязку з вылучанай праблемай мы звернем увагу толькі на нашых бліжэйшых суседзяў. Спачатку цытата з Бярдзяева: “Расейская гісторыя прадэманстравала выключна унікальнае відовішча — абсалютную нацыяналізацыю царквы Хрыстовай, якая вызначае сябе як сусветную. Царкоўны нацыяналізм — характэрная расейская з’ява, ім наскрозь прасякнута стараверства. Але той самы нацыяналізм уладарыць і ў пануючай царкве”.
Не станем засярэджвацца на сцвярджэнні выключнасці нацыяналізму ў расейскай царкве. Расейскай ментальнасці характэрна надаваць статус выключнасці ўсяму, што дзеецца ў Расеі. Спынім увагу адно на самой характарыстыцы сітуацыі, якая наўпрост аргументуе нашыя папярэднія развагі… (Праўда, тут бадай не лішне будзе яшчэ раз нагадаць агульнавядомае: у Візантыі, у адрозненне ад Свяшчэннай Рымскай імперыі, Царква ад пачатку была адзяржаўленай і ў такой якасці перайшла да спадчыннікаў. Таму ў Расеі Царква ніколі не працавала непасрэдна на ідэю Рэлігіі. Наперадзе заўсёды былі альбо патрэбы Дзяржавы, альбо, пазней, Нацыі, а ўжо потым, пры магчымасці, патрэбы самой веры.)
Трохі інакш азначаная сітуацыя складвалася ў Польшчы. Надоўга пазбаўленая дзяржаўнасці, польская нацыя абапіралася на Касцёл і гуртавалася Касцёлам (як у зусім іншую эпоху маскоўцы гуртаваліся Царквой супраць Арды). У выпадку з Польшчай уяўляе цікавасць той факт, што нават у адсутнасці Дзяржавы Нацыя можа ператварыць Рэлігію ў магутны сродак свайго фармавання.
Цяпер колькі слоў пра нашу Бацькаўшчыну. Мы выспелі як Нацыя без непасрэднага ўдзелу Царквы. Калі на абшарах нашай краіны адбывалася адзяржаўленне Рэлігіі (ВКЛ, Рэч Паспалітая), Нацыя яшчэ не выспела. Калі Нацыя выспела, ужо не было ні сваёй Дзяржавы, ні сваёй Царквы.
Мы вызначыліся ў прасторы і часе выключна як быційная самасць. Бо мала таго, што Рэлігія на Беларусі, як і кожная Рэлігія ў любым іншым месцы, драбіла этнас на паасобныя суб’екты і гэткім чынам вышморгвала нашых продкаў, так бы мовіць, па вертыкалі з іманентнага ў трансцэндэнтнае, дык яна яшчэ і шкамутала этнас па гарызанталі. Канфесійная разналежнасць цягнула Нацыю адразу ў розныя бакі, як лебедзь, рак і шчупак крылоўскі вазок. І калі б не быційная, а рэлігійная культура была асновай беларускай Нацыі, то ад нас ужо даўно і шматкоў не засталося б.
Рэлігія так мала нам дала, раўнуючы з адабраным у нас, што, на першы погляд, пра нейкую карысць ад яе нацыянальнаму і казаць няма чаго. Але гэта, натуральна, не зусім так. Паўз уласную волю яна зрабіла важкі ўнёсак у фармаванне нашай быційнай культуры. Асвета, адукацыя, маральна-эстэтычная канстытуцыя — усё гэта адбывалася праз актыўны ўдзел Рэлігіі, хаця і незалежна ад яе памкненняў, па азначэнню скіраваных у бок Варшавы, Масквы ці Бога.
Аднак факт застаецца фактам: наша Нацыя сфармавалася і паўстала не толькі насуперак суседнім дзяржавам, але і без непасрэднага ўдзелу Рэлігіі. (Ну, а што насуперак Рэлігіі, то гэта натуральна — такім ёсць шлях кожнай Нацыі.)
Сёння мы, у параўнанні з суседзямі, лічы чысты феномен быційнай культуры, прынамсі, на апошнім этапе нацыянальнага выспявання беларусы абыходзіліся выключна ўласнымі сіламі, паўставалі самі з сябе. Хаця тут трэба падкрэсліць, што менавіта на апошнім этапе, бо калі мерыць на глыбіню ўсёй мінуўшчыны, якая папярэднічала паўставанню Нацыі, то нельга не заўважыць, што ідэя ірацыянальнага ладу жыцця ўплывала на нас не з меншай сілай, чым на іншыя еўрапейскія супольнасці, і роля Рэлігіі ў нас была адпаведнай, і нават Царква, лічы, была адзяржаўленай.
Але збольшага натуральны, як для еўрапейскага народа, працэс быў спынены ў апакаліптычных войнах семнаццатага і наступных стагоддзяў, калі папярэдні беларусам этнас быў вынішчаны амаль да каранёў. Натуральна, гэтаксама лёс абышоўся і з нашай Дзяржавай, і з нашай Царквой. Таму беларуская нацыя паўстала на тле не ўласнай, а універсальнай крызы рэлігійнага. Апошняе фармальна ніяк не адбілася ні ў спосабе, ні ў канструкце легалізацыі нацыянальнага. Аднак па сутнасці страта была непапраўнай, бо, як сведчыць досвед іншых народаў, Нацыя толькі тады досыць хутка набывае паўнавартасны і самадастатковы чын, калі фармалізуецца праз нацыяналізацыю Дзяржавы і Царквы (ці хаця б аднаго з гэтых інстытутаў). У супрацьлеглым выпадку гісторыя рыхтуе Нацыі вельмі пакручасты і цалкам няпэўны шлях. Беларусы добра гэта ведаюць.
Іншая рэч, што яны трагічна памыляюцца, калі ўскладваюць свае спадзяванні на Веру і Царкву ў справе пабудовы Нацыі і нацыянальнай дзяржавы. Як ні дзіўна, але і найразумнейшыя з беларусаў не жадаюць заўважаць канцавога антаганізму паміж Рэлігіяй і Нацыяй, іх смяротнага двубою, дзе адно перамагае толькі коштам другога. З дзіцячай непасрэднасцю нашыя рамантыкі амбівалентна спрабуюць злагодзіць у сваім сэрцы самую шчырую любоў да Бога і самую апантаную любоў да Нацыі (для мяне няма больш трагічнага відовішча, чым укленчаны беларус, які моліць Бога, каб той збярог ягоную нацыю). А між іншым, яшчэ за дзве тысячы год да з’яўлення Нацыі Бог (зноў здзівімся Ягонай відушчы) сурова папярэдзіў сваіх будучых вернікаў, якія памкнуцца ўзяць на душу грэх нацыяналізму: “Няма ні эліна, ні іудзея”.
“Застаецца па-за сумневам, што самасцверджанне нацыі з гледзішча хрысціянскай рэлігійнасці ёсць грахом. Праблема нацыянальнасці можа быць здзейсненай у нацыяналістычным накірунку толькі ў варунках адмовы ад тых ісцін, што сцвярджае хрысціянства. Да хрысціянства значна бліжэйшыя тыя прыхільнікі інтэрнацыяналізму, якія цалкам ігнаруюць нацыяналізм, чым тыя нацыяналісты, што выдаюць сябе за хрысціян” (Аляксандр Меер).
4. Уласна нацыянальнае
“З усіх светапоглядаў і веравызнанняў, якія змагаюцца за душы людзей у сучасным свеце, найбольш распаўсюджанай і трывалай з’яўляецца нацыянальная ідэя. Іншыя ідэі дасягнулі больш значнага, але часовага поспеху ці знайшлі сабе апірышча ў адной пэўнай краіне. Некаторыя светапоглядныя сістэмы ўздымалі людзей на больш гераічныя ці нават жахлівыя дзеянні. Але нішто не змагло так паспяхова ўсталявацца ў кожнай частцы свету, прывабіць столькі людзей рознага жыццёвага досведу ў розных краінах, як нацыяналізм. Ні адна іншая ідэя не праяўлялася ў такіх разнастайных абліччах і не перажывала часовы заняпад толькі дзеля таго, каб пасля стаць яшчэ больш моцнай і трывалай. Ні адзін іншы светапогляд не пакінуў такога моцнага адбітку на мапе свету і на нашым пачуцці саматоеснасці. Перш за ўсё нас атаясамліваюць з нашай “нацыяй”.
Гэтымі словамі распачынае сваю кнігу “Нацыяналізм у дваццатым стагоддзі” Энтані Сміт, сёння адзін з самых вядомых даследчыкаў абранай намі праблемы. (Дарэчы, у 1995 годзе згаданая кніга Энтані Сміта была выдадзеная на беларускай мове ў серыі “Адкрытае грамадства”.)
Феномен нацыянальнай ідэі сапраўды ўражвае сваёй універсальнасцю, але не універсальнасцю канона, як, скажам, хрысціянства ці будызм, а прыдатнасцю, дапасаванасцю, стасоўнасцю да самых розных сацыякультурных і геапалітычных канфігурацый, у якіх яна фармалізуецца. З гэтага і зместам, і формай нацыянальная ідэя ў розных краінах часам нават рашуча адрозніваецца і, бадай, толькі “вялікая салідарнасць” (Эрнэст Рэнан) прыпадабняе ўсе нацыяналізмы адзін да аднаго.
Панятак “нацыя” (ад лацінскага natio — племя, народ) мае доўгую і пакручастую гісторыю, за часы якой, здаралася, ягоная семантыка зусім мала чым нагадвала тую, што вядомая сёння. Але мы не пойдзем разблытваць гэтыя шляхі, бо нас цікавіць не тэрмін, а сама з’ява, якая пачала канкрэтна “матэрыялізоўвацца” (тут меркаванні шматлікіх даследчыкаў збольшага сыходзяцца) у пару нараджэння сярэдняга класа, буржуазіі, капіталізацыі грамадства і урбанізацыі соцыуму.
Натуральна, легітымнай і адназначнай кропкі адліку (што ў часе, што ў прасторы) для гэтай праблемы ніхто ніколі не знойдзе. І таму, у залежнасці ад абранай пазіцыі і метадалогіі, даследчыкі шукаюць першапачаткі нацыянальнай ідэі ў самых розных падзеях. Скажам, у сваю пару была досыць распаўсюджанай канцэпцыя, згодна якой перадумова гэтай ідэі найраней выявілася ў сярэднявечным руху за тысячагоддзе Валадарства Божага на зямлі, — больш чым спрэчная канцэпцыя, пра што кажа і Энтані Сміт.
Асабіста мне (сярод усіх іншых) найбольш пасуе простая і выразная маркіроўка гэтага пачатку, зробленая тым жа Энтані Смітам: “Першае яснае фармуляванне гэтай (нацыянальнай. — В.А.) ідэі адбываецца ў пару Французскай рэвалюцыі. У тэкстах таго часу мы можам прачытаць, што адно нацыя з’яўляецца сапраўдным суверэнам, што чалавек павінен быць адданы перадусім нацыі і што толькі нацыя можа ўсталёўваць свае законы для сваіх грамадзян. Тут таксама ўпершыню можна пачуць заклікі да зброі ў абарону Бацькаўшчыны (patrie) і думку пра тое, што “грамадзянін” Францыі мае пэўныя правы і абавязкі. Хоць Французская рэвалюцыя была не першай праявай новай “нацыянальнай” эпохі, яна была першай гістарычнай падзеяй, падчас якой добраахвотна аб’яднаныя грамадзяне дзейнічалі на карысць “нацыі”, а не дынастыі. І ўпершыню грамадзяне намагаліся распаўсюдзіць адзіную культуру і адзіную мову на ўсе рэгіёны сваёй краіны, зламаць усе бар’еры паміж гэтымі рэгіёнамі, стаць адзінай нацыяй, адданай адной ідэі”.
Тыпалагічныя праблемы Нацыі яшчэ больш заблытаныя за храналагічныя. Не будзем сягаць на іншыя кантыненты, але нават у Еўропе, радзіме гэтага феномена, розныя даследчыкі базавымі прапануюць самыя розныя мадэлі, на падставе якіх усе іншыя кадыфікуюцца ў залежнасці ад меры іхняй мадыфікацыі.
Як і ў выпадку з храналагічнай праблемай, для сябе мы абярэм самы просты і выразны канцэпт, які падвойваецца на гэтак званую “французскую” і “нямецкую” мадэлі.
“Французская” канцэпцыя нацыі робіць акцэнт на грамадзянскай супольнасці, а “нямецкая” — на моўна-этнічнай (калі заўгодна — расавай). Відавочна, што зводзіць іх у нешта адно, хай сабе і праз апазіцыю, можна толькі ў ракурсе метадалогіі, бо іх сутнасныя ядры, як і вектары праекцыі на рэальнасць не проста супрацьлеглыя, а рознавымерныя.
У рамках пастаўленай задачы далей нам трэба згадаць пра праблему сістэматызацыі тых сацыяльна-гістарычных падвалін, на якіх паўставалі нацыі. Відавочна, што “стартавыя магчымасці” ў розных нацый былі розныя, ды і распачыналі яны свой шлях далёка не ў адначассе, а значыць, нават і цывілізацыйна зусім у непадобных умовах. Да таго ж даводзіцца ўлічваць, што для многіх нацый рух на дыстанцыі ад “старту” да “фінішу” не аднойчы і, здаралася, надоўга перапыняўся. У гэтым сэнсе прыклад Беларусі з’яўляецца хутчэй адной з нормаў, а не выключэннем.
У сваім памкненні да сістэматызацыі “падвалін” перадусім выдзелім нацыі, якія паўсталі ва ўлонні на той час існуючых дзяржаўных утварэнняў і змаглі іх досыць хутка нацыяналізаваць, гэта значыць уціснуць Дзяржаву ў Нацыю, хай і не без пэўных страт, часам і вялізных, як у выпадку з Брытанскай імперыяй (і не мае значэння, што канчатковы распад імперыі адбыўся толькі ў сярэдзіне ХХ стагоддзя). Акрамя Англіі ў гэты хаўрус першымі просяцца Францыя ды Іспанія.
Наступную групу мы сфармуем з краін, якія праз нацыянальнае задзіночанне змаглі аднавіць сваю, раней страчаную дзяржаўнасць. Сярод самых выразных прыкладаў згадаем Германію, Італію і Польшчу. Магчыма, да гэтай групы трэба далучыць краіны, якія былі заснавальнікамі вялікіх імперый (Турцыя — Асманскай, Аўстрыя і Венгрыя — Аўстра-Венгерскай), а пасля іх развалу з парэшткаў сваёй імперскай велічы стварылі нацыянальныя дзяржавы.
Але, магчыма, іх нароўні з астатнімі больш карэктна будзе занесці ў трэцюю групу, а менавіта — да ўсіх тых нацый, што паўсталі ў выніку распаду гэтых (ды іншых) імперый. Бо і па часе, і па спосабу паўставання Турцыя мала чым адрозніваецца ад, да прыкладу, Балгарыі, а Чэхія ад Аўстрыі (і г.д.).
Праўда, пры такім падыходзе задача сістэматыка ўскладняецца тым, што бадай кожная нацыя, якая ўладкавалася хоць на якім фрагменце былой (хоць якой) імперыі, імкнецца знайсці (і знаходзіць) у сваім мінулым свой дзяржаўны аналаг (Украіна — Кіеўскую Русь, Беларусь — Полацкае княства і ВКЛ, Туркменія — імперыю сельджукаў і г.д., і да т.п.).
Але, падобна, разблытваць (ці заблытваць?) што тут да чаго — задача не культуралогіі, а міфатворчасці.
Мы ж, са свайго боку, проста яшчэ раз падкрэслім тры базавыя пазіцыі, якія складаюць аснову прапанаванай сістэмы паўставання нацый:
1. Нацыі, якія нацыяналізавалі існыя дзяржавы.
2. Нацыі, якія адрадзілі былыя дзяржавы.
3. Нацыі, якія самі з сябе стварылі нацыянальныя дзяржавы.
Натуральна, гэтая схема не адмаўляе і камбінацыі з розных пазіцый.
P.S. Метадалагічна прапанаваны тут падыход часткова супадае з тым, што мы сустракаем у Эрнэста Гельнера. Глядзіце ягоную працу “Нацыі і нацыяналізм”.
5. Наастачу тэмы
Пад нацыяналізмам найчасцей разумеюць не універсальную экзістэнтную ідэю, а ўсяго толькі суплёт нацыянал-патрыятычных эмоцый. Як быццам дарэмна, але ўнікнем супрацьпастаўлення. У нацыяналізму і нацыянал-патрыятычных эмоцый агульны корань, а розніць іх між сабой, разводзіць у адваротныя станы — асоба. Толькі ёю і вызначаюцца ўсе вартасці і заганы нацыяналізму. Каб праілюстраваць гэтую банальную выснову, згадаю побач з расейскім мысляром Васілём Розанавым (ці не найбольш жорсткім, але і ці не найбольш адказным аналітыкам габрэйства) маскоўскага рамізніка, які гатовы быў уласнай рукой выдзерці пэйсы ўсім жыдам, колькі іх ёсць на белым свеце…
Па вялікаму рахунку, нацыяналізм для секулярызаванага “я” — гэта парэнча над безданню абыякавага да чалавека быцця. Таму можна ненавідзець нацыяналізм усёй нянавісцю сэрца за тое, што ён трымае цябе пры сабе, але паспрабуй адштурхнуць парэнчу — і адразу ляціш у нікуды.
Праўда, пры жаданні можна рабіць выгляд, быццам ты адважна крочыш над прадоннем, ні на што не абапіраючыся, аднак гэта ўсяго толькі фіглярства. Сапраўды мужныя (Купала ці Уітмен, Дастаеўскі ці Гайдэгер) не фіглярнічалі. Яны ведалі, што іх трымае, і не памыляліся ў глыбіні прадоння.
Літаратура:
1. Этнаграфія беларусаў. Мінск: Навука і тэхніка, 1988.
2. Энтані Сміт. Нацыяналізм у дваццатым стагоддзі. Мінск: Беларускі Фонд Сораса, 1995.
3. Виктор Бычков. Эстетика поздней античности. Москва: Наука, 1981.
4. Николай Микольский. История русской церкви. Минск: Беларусь, 1990.
5. Валянцін Акудовіч. Мяне няма. Роздумы на руінах чалавека. Менск: БГАКЦ, 1998.
Лекцыя 2
План:
1. Зачын
2. Межы Айчыны і мовы
3. Расея — калыска беларускай нацыі
4. Паўстанне аўтсайдэраў
5. Літаратура
1. Зачын
І па форме, і па сутнасці паўсталая ў другой палове ХІХ стагоддзя беларуская нацыянальная ідэя не мае ў сабе нічога беларускага ў тым сэнсе, што яна была аформленая пад стандарт “моўна-этнаграфічнай” мадэлі (гэтак званай “нямецкай”, сфармуляванай Ёганам Гердэрам), — бадай, самая распаўсюджаная на нашым кантыненце. Таму, у канцэптуальным плане, перад беларусамі стаялі тыя ж самыя задачы, што і перад іншымі еўрапейскімі народамі.
Нацыянальнае ўладкаванне свету нарадзіла некалькі праблем, якіх не ведаў папярэдні, “дынастычны” тып гуртавання супольнасцей.
Па-першае, гэта выбар самой нацыянальнай мадэлі і затым мера яе мадыфікацыі, бо як мадэль “грамадзянскай супольнасці”, так і “моўна-этнаграфічная” мадэль патрабавалі дапаўнення адна адной і да таго ж яшчэ і ўлучэнне ў сябе шэрага несістэмных, у кожным разе апрычоных, элементаў.
А па-другое, — пошук сваіх межаў.
“Дынастычны” тып дзяржавы ніводнай з гэтых праблем не ведаў. Першая ў ім адсутнічала па азначэнню. А другая вырашалася праз каланізацыю ці збройны чын. Груба кажучы, колькі дзяржава магла паняволіць прастораў і народаў, столькі яна іх і мела (ідэалагічная матывацыя гэтых захопаў/падзелаў / прылучэнняў выкарыстоўвалася адно ў якасці фармальнага дадатку “волі да ўлады”)*.
* Як, скажам, у выпадку паслання вялікага князя Вітаўта імператару Свяшчэннай Рымскай імперыі, напісанага 11 сакавіка 1420 года, калі Вітаўту спатрэбілася легітымізаваць валоданне Жамойціяй: “Вы выказаліся і прынялі пастанову наконт зямлі Жамойтаў, якая ёсць нашай спадчынай і ўласнасцю як законная спадчына ад прадзедаў і дзядоў нашых, якою валодаем і цяпер ды якая ёсць і заўсёды была адзінай з зямлёй Літвы, бо ж адна тая самая гаворка і тыя самыя людзі” (Паўла Урбан, “Старажытныя ліцьвіны”). Падобныя ідэалагічныя “аргументы” скарыстоўвала і Кацярына ІІ, далучаючы ўжо беларускія землі Вітаўта да Расіі пры падзеле Рэчы Паспалітай, хаця ў той самы час захоп уласна польскіх земляў абышоўся без хоць якой уцямнай аргументацыі.
Ідэя Нацыі запатрабавала радыкальна іншага падыходу да прасторавага ўладкавання. Яшчэ ў 1792 годзе Дантон звярнуўся да Францыі з заклікам знайсці свае “натуральныя межы”. Вось гэтае пытанне “ўласных межаў” станецца самым вострым і балючым для нацыянальных дзяржаў. Дарэчы, яно так ніколі і не будзе станоўча вырашаным, незалежна ад фармата нацыянальнай ідэі. Бо ў тым выпадку, калі базавай абіралася “грамадзянская супольнасць”, рэпрэсаваліся моўна-этнічныя чыннікі, асабліва на краях дзяржаўнага дыскурса. А калі за аснову браўся “моўна-этнічны” прынцып, то ён не мог адэкватна рэалізавацца з таго, што амаль заўсёды нейкія фрагменты “тытульных” этнасаў (і часам досыць ладныя) заставаліся за межамі краіны, і ніхто іх аддаваць камусьці, дзеля далучэння да асноўнага масіву, не збіраўся. Сюды далучым і эсхаталагічныя праблемы малалікіх нацыянальных утварэнняў у дыскурсе дамінуючых.
Але перадусім гэтыя калізіі апынуліся невырашальнымі таму, што хаця ў справе гуртавання супольнасцей Дзяржава і саступіла вершнасць Нацыі, аднак пазіцыі Дзяржавы заставаліся досыць моцнымі, каб у канфлікце супрацьстаяння з Нацыяй не толькі трымаць парытэт, але і раз-пораз перамагаць, гэта значыць раскатваць Нацыю ў памер уласнай мяжы. (Хельсінская хартыя аб непарушнасці існуючых дзяржаўных межаў, падпісаная кіраўнікамі ўсіх еўрапейскіх краін, у пэўным сэнсе засведчыла контррэфармацыйную перамогу ідэі Дзяржавы над ідэяй Нацыі.)
Аднак як бы там сітуацыя не складвалася ў кожным канкрэтным выпадку, з пачаткам паўставання нацыянальнага логаса, актуалізоўвалася і праблема нацыянальнага топаса. Беларусь тут не выключэнне. У знакамітай прадмове Францішка Багушэвіча да зборніка вершаў “Дудка беларуская” ўвага даследчыкаў звычайна акцэнтуецца на “мове” (“Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!”), хаця не менш, а можа і больш істотны фрагмент гэтай прадмовы звернуты да вызначэння абрысу “ўласных межаў”. “Ужо больш як пяцьсот гадоў таму, да панавання князя Вітэнэса на Літве, Беларусія разам з Літвой баранілася ад крыжацкай напасці, і шмат местаў, як Полацк, прызнавалі над сабой панаванне князёў Літоўскіх, а пасля Вітэнэса Літоўскі князь Гедымін злучыў зусім Беларусію з Літвой у адно сільнае каралеўства і адваяваў шмат зямлі ад крыжакоў і ад другіх суседаў. Літва пяцьсот дваццаць гадоў таму назад ужо была ад Балтыцкага мора ўздоўжкі аж да Чорнага, ад Дняпра і Днястра ракі да Нёмна; ад Камянца места аж да Вязьмы — у сярэдзіне Вялікаросіі; ад Дынабурга і за Крамяньчук, а ў сярэдзіне Літвы, як тое зярно ў гарэху, была наша зямліца — Беларусь!”
Абрыс “уласных межаў”, прапанаваны Францішкам Багушэвічам, досыць абстрактны, гэта хутчэй яшчэ толькі пастаноўка праблемы і першая спроба яе прамацвання. А канчаткова метадалогія маркіроўкі нацыянальнага дыскурса была сфармуляваная Вацлавам Ластоўскім на гістарычным пасяджэнні Рады БНР 25 сакавіка 1918 года: “Няхай жыве незалежная Беларусь у сваіх этнаграфічных межах!”. (За колькі дзён да гэтай гістарычнай падзеі Выканаўчы Камітэт Рады 1-га Усебеларускага з’езда выдаў Другую ўстаўную грамату, якая абвяшчала Беларусь “у рубяжох рассялення і лічбавай перавагі беларускага народу”.)
Нягледзячы на публіцыстычны пафас выказвання Ластоўскага, гэты заклік не быў усяго толькі рытарычнай фігурай. Рэч у тым, што на тую пару шматлікімі доследамі, найперш расейскіх навукоўцаў, этналінгвістычны арэал беларусаў быў акрэслены досыць выразна і пераканаўча. Калі параўнаць этнаграфічныя мапы Беларусі, складзеныя на пачатку ХХ стагоддзя Карскім, Доўнар-Запольскім і Канчаром, то пры ўсіх несупадзеннях (часам і досыць значных) абрысу яны адназначна перагукаюцца паміж сабой адносна выявы Беларусі як цэлага.
Для той пары, калі палітычныя рухі, захопленыя нацыянальнай ідэяй, спрабавалі пабудаваць нацыянальную дзяржаву амаль з ”чыстага ліста”, тэарэтычная формула “Беларусь у сваіх этнаграфічных межах” бачыцца ўдалай, асабліва што да публічнай прэзентацыі ідэі. Але яна адразу выявілася залішне ідэалістычнай, як адносна рэальнай палітычнай сітуацыі, так і для ўласнага станаўлення ва ўжо зусім іншых умовах канца ХХ стагоддзя.
2. Межы Айчыны і мовы
Гісторыя Беларусі — гэта суплёт разрываў паміж яе рознымі гісторыямі. Здаецца, наспела пара, каб нехта ўдумлівы паспрабаваў наўсцяж абнаявіць “хроніку” гэтых разрываў, бо яны, што відавочна, у лёсе нашага краю адыгрывалі куды больш істотную ролю за тыя фрагменты ўласна гісторыі, якімі мы спрабуем азначыць свой несупынны тысячагадовы шлях.
На самой справе ніякага паслядоўнага поступу не было. Пасля кожнага радыкальнага разрыву пачыналася штосьці цалкам адметнае, раўнуючы з тым, што мелася раней. Вялікае княства Літоўскае — гэта нешта зусім іншае ад Полацкага княства, а Рэч Паспалітая — ад ВКЛ. “Паўночна-Заходні край” не меў амаль нічога агульнага ні з першым, ні з другім, ні з трэцім. А БССР, здаецца, увогуле была пазбаўленая хоць якіх аналагаў з усім папярэднім… Бадай, толькі Рэспубліка Беларусь, прынамсі хаця б на юрыдычна-адміністрацыйным узроўні, наўпрост наследуе сваю папярэдніцу — БССР. (І гэта вельмі добры знак!)
Кожны раз, суб’ектна ўзнікаючы наноў, мы паўставалі не проста ў іншай геапалітычнай рэальнасці — мы паўставалі ў іншай рэальнасці цывілізацыйнай. Чамусьці тэарэтыкі праблемы нацыянальнага на гэты фактар найменей звяртаюць увагу. Хаця кожнаму зразумела, што ідэалы грамадства, якое жыве, скажам, патрыярхальным ладам, мусяць быць моцна не падобнымі да тых, што апаноўваюць нас у тэхнагеннай цывілізацыі. З гэтага шмат чаго вынікае, але як да нашай гаворкі, то перадусім заўважым: чалавеку ранейшых эпох мысліць у катэгорыях нацыянальнага было гэтаксама немагчыма, як старажытнаму вершніку ў катэгорыях сучаснага дарожнага руху.
Улегшыся ў адбудову гістарычнай рэтраспектывы, мы ў сваёй нацыянальнай апантанасці вельмі часта не абачліва нагружаем нашых далёкіх продкаў уласнай, толькі нам актуальнай праблематыкай. У гэтым сэнсе ці не найбольшай ахвярай стаўся перыяд фармавання беларускага этнасу, які, па агульнаму меркаванню, прыпадае на пару ВКЛ. Паколькі доўгі час лічылася, што паўставанне нацыі немагчымае без сфармаванага этнасу, то ідэалагемна этнас і нацыя амаль не разрозніваліся і прачытваліся ўсяго толькі як розныя перыяды агульнай падзеі. Аднак насамрэч і па форме, і па сутнасці гэта зусім розныя феномены.
“У тыя часы магнаты і шляхта Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага не мыслілі ў нацыяналістычных катэгорыях (курсіў мой. — В.А.), характэрных для эпохі пасля Французскае рэвалюцыі; яны хутчэй мелі свае ўласныя патрыятычныя каштоўнасці і пачуццё асобнасці, якога не хацелі пазбыцца ў новаўтворанай федэрацыі (маецца на ўвазе Рэч Паспалітая пасля Люблінскай уніі 1569 года. — В.А.), — слушна заўважае Янка Запруднік у кнізе “Беларусь на гістарычных скрыжаваннях”.
Бясконца цытуючы Францішка Скарыну (“чалавек, дзе нарадзіўся, … да таго месца вялікую ласку мае”, “мяне літасцівы Бог з гэтае мовы на свет пусціў”), Васіля Цяпінскага (“з любоўю да маёй Айчыны”, “занядбанне сваёй слаўнай рускай мовы”) ці Льва Сапегу (“законы нашыя выдадзеныя не на нейкай чужыннай мове, а на сваёй роднай”), мы зазвычай пакідаем абапал увагі межы як тады дэклараванай “Айчыны”, так і “роднай мовы”.
А каб не праміналі ўвагай гэтае пытанне (ці то спехам, ці то наўмысна), то адразу б зацемілі, што для Васіля Цяпінскага “Айчына” — гэта абстрактная “Слаўная славянская манархія”, для Францішка Скарыны — усяго толькі ягоны “родны кут” Полацак, а для Льва Сапегі зусім наадварот — хай сабе і не заканстытуяваная, але вялізная імперыя ад Балтыйскага да Чорнага мора, у аблогах якой табарыўся гурт народаў, сярод якіх яшчэ не было і знака таго, які потым з узгляду на свой этнонім назаве і тую краіну, і тую мову старабеларускімі.
Падкрэслім, пытанне не ў тым, што “беларусы” тады сістэмна не згадваліся ні ў якасці этноніма, ні, на худы канец, палітоніма (хаця для этна- і нацыяўтваральных працэсаў гэта надзвычай істотны момант), а ў тым, што для пары ВКЛ і “Айчына”, і “мова” — гэта пакуль усяго толькі тапаграфічны патрыятызм і лінгвістычная прагматыка (узмоцненыя красамоўнай рыторыкай і паэтычнымі тропамі).
Любоў да места, дзе “ўскормлены суть по Бозе” (Скарына), — абсалютна натуральнае пачуццё для кожнага чалавека ў якіх заўгодна геаграфічных каардынатах і ў якую заўгодна эпоху. Але калі пэўны “местачковы” ці “дзяржаўны” патрыятызм мы праз стагоддзі таясамім з нашай любоўю да “ўяўнай супольнасці”, то паводзім сябе, далікатна кажучы, зусім не карэктна. Бо хаця з фармальна-выяўленчага боку “любоў да маёй Айчыны” Васіля Цяпінскага і “О, Літва, Айчына мая!” Адама Міцкевіча нічым асабліва не розняцца, але па сутнасці гэта дзве канцэптуальна іншыя любові, амаль ні ў чым не сумерныя адна адной.
Да з’яўлення Нацыі калектыўна-салідарнай любові грамадства падлягала толькі адна універсалія — Бог. Што да “Айчыны”, то яе, у нашым разуменні, не ведалі не толькі паспалітыя, але і самыя “прасунутыя” героі тых эпох. Той жа Скарына за межамі ВКЛ у адных дакументах называе сябе “ліцвінам”, у другіх — “русінам”, а ў трэціх — проста “палачанінам”. Этнанімічная дыферэнцыяцыя насельніцтва Вялікага княства Літоўскага была неверагодна размаітай і разбэрсанай. У тагачасных дакументах на роўных пералічваюцца так званыя экзаэтнонімы (літва, татарва, ляхі, немцы, жамойты, угры, латыгове, ліфлянты, славакі, чэхі) з зямляцкімі этніконамі (палачане, віцябляне, смаляне, случане, дручане, валыняне, бранцы, кіяне). У гэтым шэрагу на парытэтных умовах былі і політэтнонімы, і тое, што можна з пэўнай доляй умоўнасці ўжо залічыць у этнонімы: “…а послу из нашее земли из Литовскоъ, и гостю — или Ляхъ, или Литвинъ, или Русинъ, или Полочанинъ, или Витеблянинъ, или Смолянинъ…” (“Этнаграфія Беларусі”). Ці яшчэ адтуль жа прыклад: “…родом он литвин латыш белорусец Оршанского повету».
Як бы мы сказалі сёння, у тую пару ў кожнага чалавека была свая “малая радзіма”, а вось “Вялікай Радзімы” на зямлі ніхто не меў, бо для ўсіх агулам яна знаходзілася “на нябёсах”. І гэта нам уявіць бывае настолькі цяжка, што нават такі ўдумлівы даследчык, як Янка Запруднік, зусім слушна заўважыўшы, што магнаты і шляхта ВКЛ “не мыслілі ў нацыяналістычных катэгорыях”, праз некалькі старонак піша: на Беларусі ХVІ ст. “…і вясковыя жыхары, і значная большасць месцічаў заставаліся праваслаўнымі. Прычына гэтага супраціву рэфармацыйным плыням ляжала ў спольшчанасці большай часткі магнатаў, так што адданасць веры продкаў была для большасці беларусаў справаю нацыянальнага выжывання (курсіў мой. — В.А.).
Тут так і хочацца ўсклікнуць: якое “нацыянальнае выжыванне” ў тую пару?! Скуль яно, “нацыянальнае”, тым болей у жыхароў вёсак, якія і праз тры стагоддзі, калі ідэалогія нацыяналізму ахопіць і перафармуе ўсю Еўропу, будуць на Беларусі ўнікаць гэтага “нацыянальнага” як нячысцік ладану…
У метадалагічным плане праблема “межаў мовы” не шмат чым розніцца ад праблемы “межаў Айчыны”. Словы “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!” Францішка Багушэвіча (ХІХ ст.) і “мяне літасцівы Бог з гэтай мовы на свет пусціў” Францішка Скарыны (ХVІ ст.), пры фармальным падабенстве, абапіраюцца на два рознавымерныя ідэалагемныя канцэпты, і таму ў першым выпадку гэта сапраўды фатальная дылема, бо ў межах “моўна-этнаграфічнай” мадэлі нацыянальнага смерць і жыццё Нацыі наўпрост залежаць ад стану мовы. А вось любоў Скарыны, Буднага, Цяпінскага… да старабеларускай (рускай, славянскай, русінскай, ліцьвінскай — як па-рознаму называлі яе тады) мовы, хаця і не пазбаўленая патрыятычных эмоцый, не мае (і не можа мець) эсхаталагічнага пафасу, бо яна заснаваная не на ідэаматыцы, а на прагматыцы бытавання.
Як вядома, старабеларуская (руская) мова “выкарыстоўвалася ў княжай канцылярыі з самага яе заснавання ў ХІV ст., беларускую мову трэба лічыць адной з найдаўнейшых дзяржаўных моў у Еўропе. Напрыклад, кастыльскую мову было загадана ўжываць у гішпанскіх урадавых дакументах у ХІІІ ст., англійская набыла афіцыйнае прызнанне ў 1362 г., а парыжскі дыялект французскай дамогся такога статусу ў 1400 г.” (Янка Запруднік). Тое, што мова княжацкай канцылярыі з’яўлялася яшчэ і мовай нейкай (хай сабе і вялікай) часткі паспалітага насельніцтва ВКЛ, было на тую пару зусім не істотна ні для каго (ну, хіба для некалькіх найбольш празарлівых “асветнікаў”). Істотным выяўлялася адно тое, што гэта была мова Улады (ад палітычнай і рэлігійнай да фінансавай і культурнай).
Таму на ёй, незалежна ад этнічнай ці племянной прыналежнасці, размаўлялі, пісалі (ці хаця б збольшага яе ведалі) усе, хто быў пры ўладзе альбо імкнуўся заняць пэўнае месца ў яе структурах. Але як толькі мовай Улады стала рабіцца польская, дык старабеларуская адразу і заняпала, бо яна была каштоўнай не сама па сабе (не як тое, што ідэнтыфікуе і суб’ектывізуе пэўную супольнасць), — яна была каштоўнай толькі як камунікатыўны сродак зносін паміж рознымі ўладамі і ўнутры кожнай з іх. І выцясненне беларускай мовы польскай не казала ні пра што іншае, акрамя як пра змену ўладных эліт. Апошнім і былі выкліканыя ноткі трагізму ў часткі палітычных, рэлігійных і культурных дзеячаў ВКЛ, якія ў сітуацыі змены палітычных прыярытэтаў апыналіся ў ролі аўтсайдэраў (найперш тыя, што не змаглі — ці не схацелі — мадэрнізавацца, г.зн. у патрэбны час “скаталічыцца” ды “спольшчыцца”, каб патрапіць, хай сабе і не на першых ролях, ва ўладныя эліты Кароны). Адсюль і палымяныя заклікі да магнатаў не пакідаць “здавна славного языка словенского” (Будны), супрацьстаяць “занядбанню сваёй слаўнай рускай мовы” (Цяпінскі) і да т.п. Пэўна, далёка не ўсе гэтыя красамоўствы былі абумоўленыя толькі персанальным эгаізмам, хапала тут і футурыстычнай трывогі за заняпад усяго таго сусвету, у якім і шляхта, і паспалітыя жылі сваім звычаем ужо некалькі стагоддзяў. Але як у адным, так і ў другім выпадку не трэба блытаць іхні непакой з сучаснай нам трывогай за “Айчыну”, “мову”, “народ”. Будзем памятаць, што сацыякультурна тады ўся еўрапейская шляхта складала агульную і досыць цэласную супольнасць, якая толькі ўладна і маёмасна тоесніла сябе з мовай і Айчынай, а са сваімі паспалітымі падданымі дык і ўвогуле жыла ў розных сусветах — хаця і на адной зямлі (па сутнасці, уся тагачасная еўрапейская арыстакратыя ўяўляла з сябе асобную і досыць гамагенную цывілізацыю — Норберт Эліяс назваў яе “куртуазнай”).
Іншае пытанне, наколькі мова княскай канцылярыі, усіх дзяржаўных і рэлігійна-культурных інстытуцый супадала з мовай сялян, рамеснікаў, гандляроў? Тут магчымыя розныя прачытанні сітуацыі, але мы абмінем гэтую праблему, бо істотная для нас выснова ўжо зробленая: з таго, што старабеларуская пісьмовая мова была мовай Улады і толькі Уладай трымалася, то яна натуральна знікла адначасна са змарненнем апошняй (дакладней, з канцэптуальнай пераменай ейнага фармата).
І знікла амаль адразу, уся, цалкам, татальна. І ніколі ўжо не адрадзілася. І не магла адрадзіцца, нават калі б Напалеон выканаў свае абяцанкі і аднавіў ВКЛ, бо цывілізацыйна гэта была ўжо іншая пара, якая патрабавала ўжо іншай мовы (і структурна, і лексічна).
Лінгвістычна мы можам колькі заўгодна шукаць і знаходзіць лакальныя падабенствы паміж старабеларускай і ўжо ўласна беларускай мовамі. Але хто б колькі не даводзіў пра іхнюю пераемнасць — у прасторы тэксту ніякай пераемнасці паміж імі няма. І нават не таму, што паміж ВКЛ і “нацыянальнай дзяржавай” татальны (без хоць якой лучвы) разрыў у паўтара стагоддзі, а таму, што старабеларуская мова (прынамсі, пісьмова) фармавалася як камунікатыўны ды ўладны інструмент Дзяржавы, а пісьмова ўжо ўласна беларуская мова паўставала як сутнастваральны чыннік Нацыі. Праўда, гістарычная наяўнасць старабеларускай мовы ў паўставанні ўласна беларускай адыграла вельмі істотную ідэалагічную ролю. Абапіраючыся на славутае прамінулае, было значна прасцей і абгрунтоўваць, і даводзіць патрэбу ва ўласнай мове. Але гэтым уся “пераемнасць” і завершвалася. Ні структурна, ні лексічна, ні культуралагічна старабеларуская мова не падтрымала беларускую ў пару яе фармавання. Асноўную ролю тут адыгралі лінгвістычныя канструкты суседзяў, якія, як лекала, былі пакладзеныя на вербальны дыскурс нашай вясковай цывілізацыі і па форме якіх выціналіся схемы будучага функцыянавання літаратурнай беларускай мовы.
3. Расея — “калыска” беларускай нацыі
Упартае трыманне за ідэю “пераемнасці” (што да праблем мовы, што да праблем нацыянальнага будаўніцтва ўвогуле) завязанае на ўсё яшчэ дамінуючую эвалюцыйную канцэпцыю лінейна-паслядоўнай хады гісторыі, дзе кожнае паўставанне нацыі было ўгрунтаванае ў папярэдні працэс этнагенезу.
Але, па-першае, для фармавання нацыянальнай ідэі зусім не абавязковая этнічна скансалідаваная супольнасць. Прыкладаў тут колькі заўгодна — тая ж амерыканская нацыя. А, па-другое, —працытую трохі ўласных радкоў з эсэ “Горад, якога няма”: “…магчыма пару нашага існавання было б слушна падзяліць на дзве эры, і другую, якая пачалася пасля татальнага мораку ХVII—XVIII стст., чытаць не толькі як новую гісторыю адной і той самай нагоды, але і як гісторыю новага этнасу, бо, пэўна, беларусы — гэта ўжо нешта іншае ад крэваў, ліцвінаў, русінаў.., узятых як кожны паасобку, так і агулам. А Беларусь нешта зусім адрознае ад усяго, што было раней на гэтых абшарах”.
Якраз, што да нацыянальнага выспявання (і нацыянальнай мовы), то асабіста мне падаецца куды больш істотным не перыяд ВКЛ з яго “залатым” шаснаццатым стагоддзем, а вось гэтая пара “татальнага мораку” ХVІІІ—ХІХ стагоддзяў. Больш за тое, я схільны лічыць (хай сабе пакуль толькі ў фармаце версіі), што не ў часы ВКЛ, а менавіта ў гэтую “нічыйную” пару і сфармаваліся беларусы як этнас, маючы на ўвазе ўжо ўласна беларускі этнас.
Не адмаўляючы традыцыйнай этналагічнай канцэпцыі, якая актуалізуе працэсы этнагенезу з ХІІІ—ХІV стст., гэта значыць з пачатку фармавання ВКЛ, я адважуся памеркаваць, што гэтыя працэсы былі скіраваныя не зусім у той бок, дзе потым аб’явяцца “беларусы”.
Калі б нехта паспрабаваў мадэльна сканструяваць сітуацыю ВКЛ, якая — пры ўсіх магчымых гістарычных трансфармацыях — не страціла сваёй дзяржаўнасці да нашага часу, то ўжо напэўна ў той мадэльнай сітуацыі не знайшлося б амаль ні знака ні сённяшняй беларускай нацыі, ні сённяшняй беларускай мовы (іншая рэч, што з узгляду на сучасны стан і першага, і другога гэтай віртуальнай рэтраспектывай нікога не ўстурбуеш — хутчэй наадварот). Але мы тут зусім не пра тое, як было б лепш, каб было не так, як было. А пра тое, што калі мераць ад таго, як сталася (і што сталася), то версія аб іншым часе фармавання беларускага этнасу, магчыма, і не будзе выглядаць авантурай “на злом галавы”.
Пасля канчатковага падзелу Рэчы Паспалітай усе тыя працэсы этнагенезу, што з ХІІІ стагоддзя падтрымліваліся інстытутамі ўсіх форм улады (ад палітычна-фінансавых да рэлігійна-культурных), натуральна здэградавалі і заняпалі, як толькі пазнікалі ўсе гэтыя ўладныя інстытуты. Жыццё краю мусіла радыкальна мяняць і свае вектары, і свае арыенціры ўжо хаця б таму, што цэнтр улады апынуўся ў зусім іншым баку, і формы гэтай улады былі цалкам непадобнымі да ранейшых. А значыць, у той ці іншай ступені змянілі свае формы і накірункі тыя працэсы этнагенезу, якія раней абапіраліся ці падтрымліваліся ўладнымі дыскурсамі ВКЛ. Усё гэта і дае падставы для меркавання, што ўласна беларускі этнас (як толькі беларускі) распачаў сваё фармаванне і выспеў да памеру Нацыі ўжо адно ў прасторы і кантэксце Расейскай імперыі, якая ідэалагічна і адміністрацыйна адмовіла ліцвінам, русінам, беларусцам… у праве на легітымнае існаванне. Дарэчы, у гэтага непрыкметнага выспявання ёсць адзін цікавы момант. Яно адбывалася ў цені змагання (праз русіфікацыю) расейскай дзяржавы з апалячваннем нашага краю. Але паколькі што “апалячванне”, што “русіфікацыя” (што іхні двубой) пераважна выяўляліся ў дыскурсах улады, то нішто не замінала беларускаму этнасу фармавацца ў пазбаўленай каналаў хоць якой улады вёсцы.
Магчыма, мая версія пра час і месца абнаяўлення беларускага этнасу трохі авантурная. Але бадай ніхто не стане спрачацца, што беларусы як Нацыя аформіліся менавіта ў дыскурсе Расейскай імперыі. Між іншым, не мы адныя, а і самі расейцы, і палякі, і латышы, і эстонцы, і грузіны, і ўкраінцы… І дзейна заманіфеставалі сваё права на “нацыянальнае самавызначэнне” амаль усе разам (улучна з расейцамі) і прыблізна ў той самы час (1917—1920 гг.), гэта значыць, калі ляснула дынастычная імперыя Раманавых. Ясная рэч, што расейскі нацыяналізм узнік значна раней, але пакуль існуе дынастычная дзяржава, казаць пра паўставанне нацыі і нацыянальнай дзяржавы (у дадзеным выпадку, расейскай) — гэта аксюмаран.
Аднак мы трохі запабеглі наперад… Калі землі нашай бацькаўшчыны былі пабраныя ў склад Расейскай імперыі, то тут Беларусі яшчэ не было, але ўжо не было і ВКЛ. Канстытуцыя Рэчы Паспалітай ад 3 мая 1791 года супольную з ВКЛ дзяржаву называе толькі Польшчай, і ніводзін народ, акрамя палякаў, там не згадваецца. Пры ўсёй фармальнай і юрыдычнай федэратыўнасці Рэчы Паспалітай насамрэч яна досыць хутка ператварылася ў інструмент каланізацыі (праз каталізацыю і паланізацыю) усёй прасторы ВКЛ. Інакш кажучы, яшчэ да таго, як на нашыя землі прыйшлі расейцы, мы ўжо былі грунтоўна скаланізаваныя палякамі. Таму калі адбыўся канчатковы падзел Рэчы Паспалітай, то, па-першае, гэтым распачалася расейская каланізацыя менавіта прасторы Рэчы Паспалітай і палякаў (а не ВКЛ і ліцвінаў), а па-другое, наследуючы фармальнай логіцы, расейская экспансія якраз і вызваляла ВКЛ ды ліцвінаў-беларусцаў (“народ издревле нам родной”) з-пад польскай каланізацыі. За што, з сённяшняга досведу, мы мусілі б быць Расеі нават удзячнымі, бо ў ХVІІІ стагоддзі ніякіх тэндэнцый да будучага паўставання незалежнай Беларусі ў Рэчы Паспалітай аніяк не праглядвалася… Між іншым, пазней гэтаксама. Згадаем прылучэнне Заходняй Беларусі да Польшчы ў міжваенны перыяд ХХ стагоддзя, дзе беларушчыну ніштожылі, не раўнуючы нават з бальшавікамі.
Схема, у якой Беларусь прадстаўленая апалоненай і скаланізаванай Расейскай імперыяй, відаць, наўпрост скалькаваная з уласна польскай сітуацыі, дзе падобнае насамрэч адбылося. Гэта значыць, што элементарная бінарная апазіцыя “каланізацыя — супраціў”, цалкам прыдатная для палякаў, была запазычаная беларусамі без крытычнай рэфлексіі, адно з узгляду на вызвольныя парыванні Польшчы 1831, 1863, 1921 гадоў.
Расея была не толькі турмой народаў, але і калыскай нацый. Прынамсі, для беларусаў апошняе не менш істотнае за першае. І тут не трэба шукаць супярэчнасцей. Метафара “турмы” можа быць цалкам слушнай для пабраных Расейскай імперыяй прастораў і паняволеных ёю народаў. Але калі мы наўпрост таясамім прастору, народ і нацыю, то шмат чаго заблытваем, і з гэтага атрымліваем “скаланізаваную беларускую нацыю”, што ніяк не адпавядае сапраўднасці. Мы проста па чужой завядзёнцы таясамім Расейскую імперыю з уласна расейскім нацыяналізмам, які бязлітасна ніштожыў сваіх бліжэйшых канкурэнтаў.
(Беларусы не скаланізаваныя Расеяй як нацыя, яны як нацыя зрэпрэсаваныя расейскім нацыяналізмам — а гэта зусім розныя рэчы.)
4. Паўстанне аўтсайдэраў
У плане этнагенезу мы сапраўды вясковая нацыя, бо ўсе нашыя эліты папярэдніх эпох перманентна знікалі ў тых ці іншых, але спрэс не нашых (па сённяшнім вымеры) уладных ці культурных дыскурсах. І толькі вёска, як казалася вышэй, пазбаўленая каналаў хоць якой улады, няўзнак для самой сябе спеліла патэнцыял беларускай прышласці.
А далей нам істотна зразумець, што ў адрозненне ад этнасу, які паступова гуртуецца натуральным ходам сацыяльна-культурных узаемадачыненняў і стасункаў, Нацыя паўстае толькі праз волю да ўлады нейкай цывілізацыйна новай сілы, што выспела для гэтай ролі ва ўлонні этнасу ці свядома абрала яго як пляцоўку дзеля рэалізацыі свайго ўладнага патэнцыялу. Гэта значыць, Нацыя не з’яўляецца сама па сабе, а ствараецца пэўнымі інтэнцыямі: спачатку праз фармуляванне ідэалагемы Нацыі, а затым — праз палітычную барацьбу ці збройны супраціў.
Што да беларускай Нацыі, то пытанне пра тыя новыя цывілізацыйныя сілы, якія неўпрыкмет набрынялі воляй да ўлады, — надзвычай складанае. Рэч у тым, што ніводнага з базавых складнікаў (шматлікі сярэдні клас, капіталізацыя і урбанізацыя), неабходных для паўставання Нацыі, Беларусь і ў ХІХ, і на пачатку ХХ стагоддзя не мела. Сярэдні клас, нават у сваёй этнічна беларускай частцы, ментальна тоесніў сябе альбо з расейцамі, альбо з палякамі; у тых жа дыскурсах, толькі з дадаткам габрэйскага, адбывалася і капіталізацыя грамадства. Яшчэ больш неспрыяльнай сітуацыя выглядала ў вымеры трэцяй базавай кампаненты — урбанізацыі. Згодна перапісу 1897 года, у гарадах і мястэчках жыло толькі 17,1% беларусаў (тут дамінавалі габрэі — 57,5%; расейцаў было 16,7%, палякаў — 6,1%), да таго ж беларусы пераважна належалі да ніжэйшых класаў у сацыяльнай іерархіі горада.
Адсутнасць ментальна беларускага сярэдняга класа сваімі наступствамі мела яшчэ і тое, што менавіта сярэдні клас з’яўляецца радовішчам інтэлектуалаў, якія адно і могуць сфармуляваць ідэалагему Нацыі і тым самым запачаткаваць яе станаўленне. Гэта разумелі і тыя піянеры нацыянальнага руху, якія пісалі ў першым нумары падпольнага часопіса “Гоман” (Санкт-Пецярбург, 1884 г.): “Беларускі народ, як нацыя плебейская, чакае яшчэ з’яўлення сваёй інтэлігенцыі. Да гэтага часу ён выдзяляў з сябе сілы, якія служылі або польскай, або велікарускай культуры. Глуха, але настойліва пратэставаў ён супраць здрадніцкіх спроб паланізаваць ці абвелікарусіць яго, і абедзве сілком навязаныя яму культуры праходзілі міма, не прышчапіўшыся да яго. Свята захоўвае ён асновы свайго жыцця ў чаканні сваёй інтэлігенцыі, якая будзе не ламаць гэтыя асновы, а развіваць і ўдасканальваць іх…”
Пытанне аб прычынах з’яўлення ў прасторы “плебейскай” нацыі інтэлектуалаў (публіцыстаў, паэтаў, гісторыкаў), палітыкаў і нават бізнесоўцаў ёсць адным з самых інтрыгуючых пытанняў станаўлення беларускай Нацыі.
Найперш мы мусім адзначыць, што ніводны з піянераў і будучых герояў нацыянальнай будоўлі не быў, так бы мовіць, чыстым плёнам жыццядайнасці самога беларускага народа. Усе яны вярталіся на сваю этнічную радзіму з нейкіх іншых этнакультурных абсягаў — найперш расейскага, польскага і ўкраінскага. Гэта значыць, што яны атрымалі адукацыю, пэўны сацыяльны статус, ідэнтыфікацыйную легенду як гадаванцы небеларускіх нацыянальных кодэксаў. Што і зразумела, бо беларусы на тую пару не мелі ўласных інстытуцый ні ў культуры, ні ў палітыцы, ні ў эканоміцы (гэта нягледзячы на тое, што ў 1897 г. працэнт пісьменных людзей на Беларусі складаў 32%, тым часам як у Расіі і на Украіне — адпаведна 29,6 і 27,9%).
Дарэчы, вось гэтая сітуацыя вяртання застанецца дамінуючай і праз усё ХХ стагоддзе. Бо хаця ў 20-я гады і будзе створаная сістэма нацыянальнай адукацыі і пакрысе сфармуюцца сферы (пераважна гуманітарныя), дзе можна будзе жыць амаль паўнавартасным нацыянальным жыццём, але выбар нацыянальнай формы жыцця на Беларусі да гэтага часу залежыць ад персанальнага выбару, які кожны мусіць зрабіць сам. Ці не зрабіць, што “масаваму” чалавеку больш натуральна.
Далей мы зацікавімся вось якім пытаннем: а чаму гэта беларусы (з сярэдзіны ХІХ стагоддзя) пачалі вяртацца на сваю этнічную радзіму? Раней жа не вярталіся?
Так, не вярталіся, бо не было куды. Аднак не ў тым сэнсе, што раней беларусаў як этнаса не было, — было, прынамсі ўжо ладны кавалак часу. Не хапала іншага: усведамлення этнасу (нацыі) як універсальнай каштоўнасці, якая адначасна надае высокую каштоўнасць і твайму сінгулярнаму кону. А падобнае разуменне не магло з’явіцца да таго, пакуль не запанавалі ідэі “свабоды, равенства, братэрства” ўсіх саслоўяў. Толькі адсюль “плебейская” нацыя ўжо магла быць убачанай як ахвяра на гвалце збудаванага свету, вартая і спагады, і любові, але найперш — вызвалення з-пад гэтага гвалту.
Як ужо казалася, хваля пераўладкавання свету на нацыянальны капыл абрынулася на Еўропу з канца ХVІІІ стагоддзя і досыць хутка захліснула і нашыя землі, чаму найбольш выразным сведчаннем паўстанні 1830 і 1863 гадоў.
Але прэсінг вялікага палітычнага стылю — гэта толькі неабходная перадумова для з’яўлення такога феномена, як сістэмнае вяртанне на этнічную радзіму. А вось сам акт вяртання (у кожным разе звязаны з персанальным выбарам) быў абумоўлены мноствам самых розных псіхалагічных, сацыяльных, палітычных і культурных матывацый. Сярод гэтага мноства мы, з аднаго боку, выдзелім высокі рамантызм, а з другога — інтуітыўны (ці свядомы) прагматызм.
Першы выпадак мае за грунт натуральны патрыятызм. У тую пару, калі ў розных кутках Еўропы ўсе народы памкнуліся ўцялесніваць уласную нацыянальную ідэю, мы, маючы славутую гістарычную спадчыну і сфармаваны этнас, не маглі калісьці не апынуцца ў гэтым універсальным працэсе любові да свайго і да саміх сябе ў гэтым сваім.
Значна больш складана патлумачыць, што я разумею пад “інтуітыўным прагматызмам”. Вышэй ужо казалася, што кожны, хто потым навярнуўся на беларушчыну, да гэтага меў пэўны сацыяльны статус і нейкую перспектыву. Аднак з прычыны іхняй, хай сабе і адаптаванай, але “іншасці”, бальшыні з этнічных беларусаў было наканавана заставацца сярод аўтсайдэраў ва ўладным полі метраполіі, як бы высока яны не падымаліся па іерархічнай лесвіцы (для прыкладу згадаем хаця б Фадзея Булгарына). У стабільныя эпохі аўтсайдэры, звычайна, моўчкі трываюць свой кон, затое калі пачынаецца пара вялікай крызы, яны актыўна выходзяць на авансцэну гісторыі.
Беларускі нацыянальны рух быў сфармаваны аўтсайдэрамі з іншых нацыянальна-ўладных дыскурсаў. Гэта досыць абразлівая выснова для нашага гонару, але суцешым сябе тым, што яна тыпалагічная, калі вядзецца пра паўставанне новых нацый (і ўвогуле новых дыскурсаў).
Лідэры не вяртаюцца. Тыя, што патрапілі ва ўладныя эліты метраполіі, ніколі не вяртаюцца на сваю этнічную правінцыю. Вяртаюцца адно аўтсайдэры, якія не маюць шанцаў займець адпаведнага сваім амбіцыям месца ва ўжо сфармаваных кастах эліт. Так амбіцыі Кастуся Каліноўскага падштурхнулі разыграць “беларускую карту” ў “польскім” паўстанні, дзе яму не было першай ролі нават сярод рэгіянальных кіраўнікоў; так далучыўся да збройнага чыну БНР Булах-Балаховіч, так Янка Купала пакінуў вершаваныя практыкаванні ў польскай мове, а Максім Багдановіч — у рускай, так было ў безлічы самых розных іншых выпадкаў; і так працягваецца да гэтага часу (бальшыня сёння вядомых апазіцыйных палітыкаў, якія абапіраюцца на нацыянальна заангажаваны электарат — гэта аўтсайдэры дыскурса паноўнай улады).
Я не належу да адэптаў псіхааналізу, бо не люблю корпацца ў сутарэннях чужых свядомасцей і, тым болей, падсвядомасцей (а да таго ж яшчэ паважаю суверэннасць асобы). Вось чаму мае адсылкі да персаналій, што тут згаданыя дзеля канкрэтных прыкладаў да абстрактнай версіі пра ”комплекс аўтсайдэра як нацыястваральны чыннік”, прашу a priori лічыць некарэктнымі. І рэч тут не толькі ў маім скептычным стаўленні да псіхааналізу як такога. У кожным асобным выпадку выбар на карысць вяртання да этнічнай радзімы адбываецца праз збег мностваў матывацый — сітуацыйных, прагматычных, палітычных, сацыяльных, рамантычных, містычных, метафізічных і г.д., і да т.п. Таму вылучэнне з гэтага багатага суплёту матывацый нейкай адной з іх ужо па азначэнню ёсць хібай.
Але я гатовы адстойваць вышэй згаданую “прагматычную” версію ў якасці адной з базавых схем нацыянальнай рэвалюцыі, бо гэтаксама сацыяльныя аўтсайдэры рабілі рэлігійныя, феадальныя, буржуазныя, а затым і пралетарскія рэвалюцыі.
Уласна кажучы, усе вялікія перамены ў гісторыі чалавецтва зробленыя аўтсайдэрамі… Амбітнымі аўтсайдэрамі, якіх ужо назапасілася столькі, што яны вымагаюць сабе новых прастораў (геаграфічных, палітычных, культурных), дзе ім будзе даволі месца для выяўлення сваёй волі да ўлады.
Літаратура:
1. Статут ВКЛ. Мінск: БСЭ, 1989.
2. Паўла Урбан. Старажытныя ліцьвіны. Мінск: Тэхналогія, 2001.
3. Янка Запруднік. Беларусь на гістарычных скрыжаваннях. Мінск: Бацькаўшчына, 1996.
4. Этнаграфія беларусаў. Мінск: Навука і тэхніка, 1985.
5. Фадзей Булгарын. Мінск: Беларускі кнігазбор, 2003.
Лекцыя 3-4
План:
1. Зачын
2. Дзяржава і нацыя
3. Вайна
4. Урбанізацыя
5. Літаратура
1. Зачын
Беларусь усё яшчэ знаходзiцца ў сiтуацыi адсутнасцi будучынi, прынамсі — пэўнай. З гэтай сiтуацыi шмат чаго вынiкае, але найперш тое, што на Беларусi (i з Беларуссю) пакуль усё магчыма. Беларусь яшчэ магчымая як самастойная еўрапейская дзяржава i як шараговая правiнцыя адноўленай Расейскай iмперыi, як лакальны фрагмент глабальна ўладкаванага свету i як прамотар агрэсiўнай каалiцыi “славянскiх” дзяржаў…
Аднак пры ўсёй цьмянасцi, невыразнасцi, шматварыянтнасцi магчымасцей нашай будучынi, няма сумневу, што ў Беларусi ёсць не толькi доля, але i лёс. I вось чаму. Цягам апошняга тысячагоддзя еўрапейскай гiсторыі Беларусь як суб’ект гэтай гiсторыi раз-пораз хавалася ў сваю адсутнасць, але яна нiколi не знiкала як суб’ект еўрапейскай прасторы. Незалежна ад таго, якiя дзяржаўныя ўтварэннi апаноўвалi гэтай прасторай (Полацкае княства, ВКЛ, Рэч Паспалiтая, Расейская iмперыя, СССР), Беларусь заўсёды вымагала для сябе адметнага прасторавага статусу. Нават забаранiўшы назоў “Беларусь”, Расейская iмперыя мусiла вынайсцi для яе апрычоную пазнаку (“Северо-Западный край”); нават адсекшы лязом “Брэсцкага мiру” Заходнюю Беларусь, Польшча не магла не вылучыць яе з свайго цэлага — і вылучыла яе як “крэсы всходне”… I колькi б разоў за апошняе тысячагоддзе гэтая прастора не разрывалася на кавалкi рознымi дзяржаўнымi, iдэалагiчнымi, канфесiйнымi ўтварэннямi, яна рана цi позна зноў гуртавалася ў нейкую топасную цэласнасць, канфiгуратыўна блiзкую да сваёй протатапалагiчнай мадэлi. Усё гэтае разам пераконвае, што прастора, цяпер пазначаная этнонiмам “Беларусь”, мае сваё сакральнае паклiканне, а значыць, i надалей не стане чакаць сабе хоць якога месца ў будучым, а будзе патрабаваць i займаць яго сама для сябе.
Зусім іншая рэч, якiм зместам пабярэцца гэтая сакральна вылучаная прастора, якiя каштоўнасцi на ёй запануюць? На вялiкi жаль, адказы на гэтыя пытаннi пакуль залежаць хутчэй ад пажаданняў таго, хто адказвае, а не ад наперад яўленых бачнасцей, якiя самi яшчэ чакаюць будучынi, каб аб’явiцца для нас.
2. Дзяржава і нацыя
На самым пачатку гаворкі, адзначаючы выключную ролю Францішка Багушэвіча і газеты “Наша ніва” ў фармаванні ідэалагемы беларускай нацыі, я казаў, што “з іншага боку, у канцэптуальным плане мы мелі б прыблізна тое самае, што маем, і без Багушэвіча, і без “Нашай нівы”. Было б залішне рамантычна (ці містычна) звязваць такія анталагічныя падзеі, як нараджэнне нацыі, з несістэмнымі выпадкамі прыватнага кшталту. Сувязь тут хутчэй цалкам адваротная: і Багушэвіч, і “Наша ніва” — гэта ўсяго толькі адметныя моманты фармалізацыі новай нацыі, якая ўжо саспела, каб выйсці з латэнтнага стану ў сітуацыю культурнай і геапалітычнай рэальнасці”.
Прыкладна тое самае я хачу сказаць і адносна факта паўставання Беларускай дзяржавы. Раз-пораз у публікацыях самых розных аўтараў робіцца акцэнт на выпадковасць, збег абставін, сітуацыйнасць, палітычны валюнтарызм і г.д., якія радыкальным чынам паўплывалі на вылучэнне Беларусі ў аб’ект (яшчэ пакуль толькі аб’ект) еўрапейскай геапалітыкі. Маўляў, каб на Радзе Усебеларускага кангрэса (сакавік 1918 г.) перамаглі “аўтаномнікі”, а не “незалежнікі”, то нічога такога і ўвогуле не было б. А з іншага боку, каб не было БНР, то ніхто не ўздумаў бы ствараць БССР. Ці вось яшчэ, каб згодна “Брэсцкага міру” да палякаў не адпала ўся Заходняя Беларусь (4 мільёны насельніцтва), то Маскве і не да галавы было б узбуйняць здрабнелую ў нішто БССР паветамі Віцебскай ды Гомельскай губерняў (і гэтак далей — усяго не пералічыць).
Кожная падобная версія сапраўды мае пад сабой падставы, і часам досыць грунтоўныя. Але ўвесь вэрхал з прылучэннямі / адлучэннямі тэрыторый, зменамі назваў і дзяржаўна-палітычных канструкцый краіны (з 1918 па 1922 год Беларусь была і Беларускай Народнай Рэспублікай, і Літоўска-Беларускай рэспублікай, і Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай, і базавай складовай Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік) сведчыць якраз пра адваротнае: пасля развалу Расейскай імперыі гэтая прастора настойліва патрабавала для сябе апрычонага геапалітычнага статусу ў “сваіх этнаграфічных межах”. Дзівіць хутчэй іншае: як у такіх, цалкам неспрыяльных абставінах, не маючы ўнутры сябе дастатковых палітычных сіл для самапаўставання, наш край змог выразніцца сярод іншых у палітычна-адміністрацыйнай канфігурацыі, якая ў асноўным ахоплівала аўтэнтычную Беларусь.
“Было б залішне рамантычна (ці містычна)” звязваць паўставанне Беларускай дзяржавы з выпадкам, палітычнымі інтрыгамі, суб’ектыўнымі памкненнямі тых ці іншых асоб. Тое, што (і як) адбылося, найлепей сведчыць пра невыпадковасць таго, што адбылося і што адно пацвердзіла тую тысячагадовую тэндэнцыю, у якой Беларусь ніколі не знікала як суб’ект “еўрапейскай прасторы”. З адной толькі розніцай (але звышкардынальнай) — цяпер гэтая прастора зноў пачала вяртаць сабе статус суб’екта “еўрапейскай гісторыі”.
Зыходзячы з гэтага, далей я прапаную змінімізаваць “адвечную” (і жорсткую) апазіцыю БНР — БССР. Бо калі ацэньваць сітуацыю ў вялікім вымеры паўставання Дзяржавы, то БНР і БССР пачынаюць выглядаць не як дзве смяротна варожыя паміж сабой падзеі, а як адна і тая самая, толькі ў розных варыянтах палітычнай фармалізацыі. Калі заўгодна, дык што ідэалагемна, што ідэалагічна БНР з БССР — блізнюкі. І тое, і другое дзяржаўнае ўтварэнне абапіралася на тыя самыя базавыя пастулаты: сацыял-дэмакратыю і нацыяналізм. Рассунула іх у розныя, варожыя бакі палітыка. У барацьбе за ўладу над Беларуссю бальшавікі (расейскія ў хаўрусе з беларускімі) адолелі не толькі беларускіх незалежнікаў, але, урэшце, і палякаў, якія з не меншым, чым бальшавікі, імпэтам імкнуліся падцягнуць да сябе гэтую прастору.
Істотнасць палітычнай барацьбы за Беларусь, менавіта як за Беларусь, мусіць быць зразуметая не праз вынік перамогі (ці паразы) тых альбо іншых палітычных сіл (стратэгій), а праз сам факт гэтай барацьбы, які яскрава засведчыў сітуацыю чарговага паўставання Беларусі ў геапалітычным кантэксце Еўропы.
Чытаючы БНР і БССР як дзве зусім розныя падзеі, мы зыходім са свайго цяперашняга ведання, чым на практыцы для Беларусі (і не толькі для яе) падрахаваўся “союз нерушимый республик свободных”, а не з самой ідэі БНР і БССР у сітуацыі іх запачаткавання. Згадаем дзеля прыкладу хаця б той вядомы факт, што недзе да 1929 года савецкая Беларусь цалкам разгортвалася ў нацыяналістычнай мадэлі (“беларусізацыя”), з чаго многія нацыянальна заангажаваныя дзеячы палітыкі і культуры вярнуліся на Беларусь і нават узнікла пытанне аб скасаванні БНР і яе ўрада на эміграцыі*.
* “Да сярэдзіны 1920-х гадоў бальшыня беларусаў на эміграцыі спакваля прыходзіла да высновы: адбудова беларускай дзяржаўнасці найбольш рэальная ў Савецкай Беларусі. Прызнанне Менска адзіным цэнтрам нацыянальнага адраджэння адбылося на так званай II Усебеларускай палітычнай канферэнцыі ў Берліне 12—16 кастрычніка 1925 года, наладжанай Аляксандрам Цвікевічам з відавочнай мэтай: роспуск урада БССР на карысць БНР” (Язэп Янушкевіч, “За архіўным парогам”).
Дарэчы, праблема стасункаў паміж “нацыяналізмам” і “камунізмам” і сама па сабе надзвычай цікавая. І нацыяналізм, і камунізм — дзеці адной і той самай падзеі, а менавіта Вялікай французскай рэвалюцыі з яе канцэптуальнай тэзай: “свабода, роўнасць, братэрства”. Паўстаўшы з агульнай рошчыны, яны і разгортваліся ў адну пару і ў адной прасторы. Здаралася, што ў іх нават “ворагі” былі тыя самыя (манархізм, дынастычная дзяржава, каланіялізм…). Хаця ў сваёй сутве гэта дзве рашуча супрацьлеглыя адна адной ідэалагемы. У сваім канцавым варыянце камунізм з яго базавай ідэяй інтэрнацыяналізму (“У рабочага няма Айчыны”) татальна адмаўляў нацыяналізму ў праве на існаванне. Зрэшты, яны радыкальна разышліся ўжо на самым пачатку свайго паўставання праз стаўленне да капіталізму. Для камунізму капіталізм з’яўляўся ворагам па азначэнню, а нацыяналізм, наадварот, сам быў спараджэннем капіталізацыі грамадства і адной з самых выразных яе форм.
У праблематыцы гэтай апазіцыі, бадай, найбольш цікавае тое, што камунізм, зважаючы на неверагодную папулярнасць ідэі нацыяналізму, у тактычным плане змушаны быў дэманстраваць да яго плюралістычнае стаўленне, з чаго і ўзнік гэты дзіўны сімбіёз — нацыянал-камунізм — з вядомаю тэзаю аб праве нацый на самавызначэнне.
Формула нацыянальнай ідэі спакваля выявілася настолькі актуальнай, прадуктыўнай і універсальнай, што менавіта пад яе рэфармаваліся старыя і ўтвараліся ўсе новыя дзяржаўныя ўтварэнні ХІХ і ХХ стагоддзяў. І ўжо адно последам, у другую чаргу, на сфармаваны нацыяналізмам грунт пакладаліся камуністычная (сацыял-дэмакратычная) ідэалогія ды практыка, прынамсі там, дзе гэта атрымлівалася зрабіць. Натуральна, што па гэткай мадэлі будаваліся і ўсе будучыя савецкія рэспублікі (улучна з РСФСР, толькі там сітуацыя была больш “пакручастай”), і пазней усе краіны “камуністычнага блока”. Зазіраючы наперад, заўважым, што ў сярэдзіне ХХ стагоддзя камуністычная ідэя на нейкі момант адолела нацыяналістычную, але ўжо канец гэтага ж стагоддзя засведчыў яе татальную паразу, калі ўвесь магутны камуністычны блок у адначассе распаўся на мноства нацыянальных дзяржаў.
Аднак вернемся назад, у 20-я гады. На тую пару Беларусь з неверагоднай інтэнсіўнасцю будавала нацыянал-камуністычную дзяржаву. Зразумела, гэтая дзяржава не была эканамічна самастойнай, не мела палітычнай незалежнасці, у яе адсутнічалі шмат якія сімвалы і атрыбуты дзяржаўнасці (сцяг, герб, грошы, войска…), але гэта ўжо была Беларуская рэспубліка са сваімі межамі, сваёй адміністрацыйна-гаспадарчай структурай, сваёй культурай, літаратурай і мастацтвам. (Між іншым, другая палова Беларусі ў складзе Польшчы тады нічога падобнага не мела.)
У чыста тэарэтычным плане можна паразважаць, што каб зададзеная стратэгія саюза нацыянальных (а яшчэ б і “свабодных”!) рэспублік не была перапыненая рэпрэсіўным кашмарам, які татальна ахапіў усю прастору камуністычнай імперыі ва ўсіх яе праявах і чынніках, то ў скутку мы, верагодна, мелі б і не самы горшы з магчымых варыянтаў мегадзяржавы (нешта накшталт “еўрасаюза”, толькі з сацыялістычнымі формамі эканомікі і грамадскага ўладкавання). Але падобныя тэарэтычныя развагі былі б проста інтэлектуальнай гульнёй у “дапушчэнні”, бо якраз тэорыя што камунізму, што нацыяналізму сведчыць аб іх непрымірымай варажнечы, закладзенай у саму прыроду і таго і другога. І гэты смяротны антаганізм рана ці позна не мог не выявіцца, што і пацвердзілі трыццатыя гады.
Тактычны хаўрус з нацыяналізмам быў гвалтоўна перапынены, як толькі камунізм увабраўся ва ўласную моц. Сфармаваныя па нацыянальнаму прынцыпу рэспублікі адыгралі сваю ролю ў паўставанні СССР і цяпер маглі быць скасаванымі.
Напэўна адказаць, чаму Сталін, для якога не было праблемай фізічна перасяліць цэлы народ з адной прасторы ў зусім іншую, не прарабіў гэтай, хай сабе і складанай, але ўсяго толькі фармальнай працэдуры, — досыць складана. Версій тут можа быць колькі заўгодна, я проста ў гэты віртуальны суплёт дадам яшчэ адну…
Барацьба з “нацдэмаўшчынай”, якую камуністы пачалі разгортваць толькі напрыканцы дваццатых гадоў, нечакана выявіла эфектыўныя магчымасці нацыянальных рэспублік у вынішчэнні… нацыянальнага. Лакалізаваныя ў межах канкрэтнай адміністрацыйна-палітычнай сістэмы нацыі апынуліся пад татальным наглядам і кантролем, што давала магчымасць рэгуляваць усе нацыянальныя працэсы ў бок іх мінімізацыі, а затым праз тыя ж рэспубліканскія палітыка-адміністрацыйныя і карныя механізмы рэпрэсаваць нацыяналізм як з’яву і персанальна зніштажаць найбольш актыўных яго герояў.
Інакш кажучы, нацыянальныя рэспублікі былі ператвораныя ў своеасаблівыя гета, дзе лакалізаваныя і замкнутыя ў саміх сабе нацыі цягам часу мусілі быць вынішчаныя “на корню”. А своеасаблівасць гэтых гета азначаная тым, што іх заўсёды можна было пакінуць — але толькі пакінуўшы там сваю нацыянальную сутву. Да таго ж зусім не абавязкова было выбірацца з нацыянальных гета ў фізічным сэнсе. Дастаткова было змяніць сваю ідэнтыфікацыю — перайначыць сябе з нацыянальнага чалавека ў савецкага, і ты адразу апынаўся на шырокай і вольнай прасторы. (Ужо іншая рэч, што ідэя “савецкага чалавека”, акрамя ўсяго астатняга, а хутчэй і перадусім астатнім, у сваёй функцыянальнасці мелася быць інструментам па пераапрацоўцы нацыянальнага чалавека — праз савецкага — у “рускага”.)
Калі б у васьмідзесятыя гады ХХ стагоддзя ідэалогія і практыка камунізму не апынуліся ў сістэмным крызісе, то ўжо ў першай палове ХХІ стагоддзя татальная анігіляцыя нацыянальнага камуністычным была б завершаная. Але крызіс апынуўся настолькі глыбокім і ўсеахопным, што неўзабаве ад яго пачатку камуністычны свет разваліўся ў сваім цэлым, пакінуўшы пасля сябе адно некалькі лакальных фрагментаў (Куба, Паўночная Карэя…) і адзін глабальны — Кітай.
Вышэй ужо згадвалася, што распад камуністычнага свету абярнуўся паўставаннем мноства незалежных краін, у аснову якіх была пакладзеная ідэя нацыі. У ліку гэтага мноства і Рэспубліка Беларусь, нягледзячы на тое, што тут працэсы камунізацыі (і, адпаведна, дэнацыяналізацыі) зайшлі далей, чым дзе яшчэ.
Гэты раздзел мы пачалі з гаворкі, што ў ХХ стагоддзі Беларусі ўжо было наканавана выявіцца ў нейкай форме дзяржаўнага ўтварэння пры любым збегу гістарычных абставін. Таму досыць распаўсюджаная формула, што без БССР не было б і РБ, па сутнасці, нічога нам не кажа. Разам з тым, дзякуючы менавіта наяўнасці БССР адразу пасля распаду СССР мы займелі цалкам сфармаваную і функцыянальна дзеяздольную Дзяржаву. Заставалася вырашыць толькі ўнутрыпалітычныя праблемы: выбраць ідэалагічную ды сацыял-эканамічную мадэлі і адпаведна гэтых мадэлей публічна запрэзэнтаваць сваю дзяржаўнасць у сцягу, гербе, гімне, валюце, знешнепалітычным курсе…
Дэрэчы, у 1991 годзе, годзе беларускай незалежнасці, канцэпцыя “Беларусі ў яе этнаграфічных межах”, з якой пачынаўся наш шлях да дзяржаўнасці, ужо нават не згадвалася ў якасці мадэльнай, бо гэтыя межы сягалі ў цэлы шэраг суседніх краін: Расею (Смаленшчына), Украіну (Чарнігаўшчына), Літву (Віленшчына), Польшчу (Беласточчына)… Натуральна, ніводная з нашых суседак і думаць не думала вяртаць нам нашыя “этнаграфічныя землі” (аб чым сцішана мроіла купка нацыянальных рамантыкаў). Зрэшты, як і мы ім не збіраліся вяртаць тое, што на іх думку належала ім…
2. Другая сусветная вайна
Другая сусветная вайна для Беларусі выявілася не толькі самай трагічнай, але, бадай, і самай істотнай (пасля стварэння дзяржавы) падзеяй у вымеры ўсяго ХХ стагоддзя. З аднаго боку, загінуў кожны чацвёрты беларус (ёсць версіі і пра кожнага трэцяга), былі разбураныя гарады, селішчы, заводы ды фабрыкі, раскалолася на драбкі ўся сацыяльная інфраструктура, на доўгія гады заняпала эканоміка, інтэлектуальнае і культурнае жыццё. А з другога — і праз гэтыя страты, а яшчэ ў большай меры праз збройны партызанскі чын адбылася легітымацыя Беларусі як праўнага суб’екта сусветнай супольнасці, фармальным пацвярджэннем чаго сталася членства ў ААН — ды яшчэ ў статусе аднаго з заснавальнікаў (абмінем тут праблему палітычнай кан’юнктуры, з якой мы і займелі гэты “статус”).
Аналізуючы гэтую падзею, перадусім будзем зважаць, што для Беларусі другая сусветная вайна абярнулася некалькімі войнамі. Першая з іх — гэта тая, якую Савецкі Саюз вёў з Германіяй і ў якой беларусы (звыш мільёна чалавек) у складзе савецкіх войскаў ваявалі па законах татальнай мабілізацыі, аднолькавай для ўсяго савецкага грамадства. Але для беларусаў галоўнай сталася не першая, лёсавызначальная для ўсяго чалавецтва, а другая вайна, якая табарылася на іх уласнай, акупаванай немцамі тэрыторыі. (А была ж яшчэ адна “беларуская вайна”, у якой заходнія беларусы ваявалі ў складзе польскага войска — але мы яе пакінем абок гаворкі.) Якраз гэтая партызанская вайна і зрабіла Беларусь вядомай у свеце. І, што не менш істотна, суб’ектызавала і міфалагізавала беларусаў для саміх сябе.
Савецкая “партызанка” (па афіцыйных звестках — звыш 440 тысяч партызанаў і падпольшчыкаў) — першы агульнанацыянальны міф беларусаў. Значнасць гэтай падзеі цяжка перабольшыць. Бо Нацыя як “уяўная супольнасць” набывае сваю рэальнасць толькі ў міфах і адно праз міфы. Калі заўгодна, Нацыя — гэта не што іншае, як міф пра Нацыю.
Але разумеючы ўсю каштоўнасць міфаў для нацыяўтваральных працэсаў, далей мы паспрабуем дэканструяваць гэтае Вялікае паданне пра мужны і гераічны беларускі народ, якое шматлікімі дзесяцігоддзямі фармавала магутная ідэалагічная машына камуністычнай імперыі. І дэканструяваць не дзеля забаўкі (маўляў, што там спадсподу?), а каб не таясаміць міжсобку міф і тую рэальнасць, на якой ён паўстаў.
Як гэта ні дзіўна, аднак у праблеме беларускай “партызанкі” звычайна застаюцца ўбаку ці ўзгадваюцца толькі ўскосна самыя прынцыповыя пытанні гэтай падзеі і найперш наступнае: масавы партызанскі рух на Беларусі — штучна створаны прэцэдэнт ці натуральна абумоўлены факт? Паколькі гэтае пытанне ўтрымлівае ў сабе шмат аспектаў, паспрабуем вылучыць у ім аснову. Нашыя вясковыя дзядзькі самахоць пацягнуліся ў лясы, ці наўмысна створаная сітуацыя справакавала іх хавацца ў гушчары і часам хапацца за стрэльбы? І яшчэ больш канкрэтна: партызанская вайна была нязмушаным памкненнем вольналюбівых і мужных беларусаў да вызвалення ад акупацыі, ці такі выраз ёй надалі з пэўных ідэалагічных патрэб.
На пачатак паспрабуем давесці, што ідэя змагання з нямецка-фашыстоўскімі акупантамі ўвогуле небеларускага паходжання, бо ў праекцыі на беларусаў яна не мае гістарычна пацверджанага генезісу, прынамсі, ужо не мела яго на той час, паколькі традыцыя вайны з іншаземцамі была перапыненая ў апакаліптычных войнах з Масковіяй другой паловы ХVII стагоддзя (“крывавы патоп”). Яе пазнейшая як бы наяўнасць у фактах і лічбах спланаваная звычайным ідэалагічным (рамантычным) памкненнем вылучыць гераічную плынь у бытаванні беларускага народа і тым самым гераізаваць увесь народ. Паасобным фактам 1794, 1812, 1830, 1863, 1918 гадоў, паўсталым на парэштках традыцыі шляхецкай вольнасці, надаецца значэнне ўстойлівай тэндэнцыі, што і “сацыялагічна”, і “агіяграфічна” ніяк не адпавядае агулу рэальнасці на тую пару ўжо спрэс плебейскай беларускай нацыі.
Гераічнай бывае асоба, народ прынцыпова негераічны. Масавы збройны гераізм народа — аксюмаран. Калі б гэтая з’ява існавала папраўдзе, а не была толькі рытарычнай фігурай ідэалагічнага начыння, то народы ўжо даўно павыбівалі б адзін аднаго ўшчэнт. Масавы гераізм — з’ява больш небяспечная, чым адсутнасць гераізму ўвогуле. Кожная праява масавага гераізму павінна разглядацца як сімптом смяртэльнай хваробы, за якой страта народам найважнейшага з інстынктаў — інстынкту самазахавання.
Невыпадкова ў мове беларускага народа няма слова, якое акрэслівала б гэтую тэндэнцыю. Больш таго, нават сінгулярныя праявы гэтай тэндэнцыі не абапіраюцца на ўстойлівыя лексемы, а кніжнае, з ідэалагічнай лексікі, “герой” у жывым вымаўленні беларусаў гучыць не інакш, як іранічна.
Няма слова — няма і з’явы. У лакальным змесце падобнае сцвярджэнне мусіць успрымацца як спрошчанае ці авантурнае. Але калі мы азіраем шырокі гістарычны прасцяг і, вызначыўшы ў ім нейкую натуральна абумоўленую заканамернасць, не можам ёй падшукаць адпаведнага слова ў мове народа, то ў нас з’яўляюцца сур’ёзныя падставы запытацца: а ці быў хлопчык? Бо не факт і лічба, а ўтаймаванне факта і лічбы ў слове выяўляе іх сапраўдны сэнс альбо ягоную адсутнасць.
Адсюль вынікае наступнае пытанне: ці з’яўляецца імкненне да волі адметнай рысай беларусаў? Для рамантыка нават пастанова гэтага пытання, напэўна, гучыць абразліва. Толькі чалавецтва ведае не шмат народаў, сярод якіх гэтая якасць дамінуе. А, скажам, для Усходу катэгорыя волі, у сэнсе свабоды, як яе разумее еўрапейская ментальнасць, амаль увогуле адсутнічае… Толькі мы гэтую тэму, у яе універсальнай праекцыі, пакінем па-за далейшым разглядам і вернемся да вылучанага раней зусім канкрэтнага сцверджання: ідэя збройнага супраціву нямецка-фашыстоўскай акупацыі небеларускага паходжання.
Яшчэ да апошняга падзелу Рэчы Паспалітай вынішчаная войнамі з Масковіяй Беларусь была ўжо ў нейкай ступені “акупаваная” Польшчай. А далей пацягнулася эра перманентнай акупацыі: шведы, французы, немцы, палякі, зноў немцы, а на пачатку, у прамежку і потым — расейцы, расейцы, расейцы. Паднявольны стан, стан акупацыі зрабіўся натуральным для беларусаў, і з цягам часу яны прызвычаіліся да чужыннага гнёту, як да ціску атмасферы.
Зноў жа звернем увагу, як факт татальнай залежнасці ад чужаземцаў адбіўся ў мове. Вызначаючы час той ці іншай падзеі, беларусы звычайна кажуць: (гэта было) за палякамі, за немцамі, за Саветамі. Мова народа ўжо не ўтрымлівала катэгорый самастойнага бытавання на сваёй зямлі.
Дык адкуль тады феномен збройнага супраціву апошняй нямецкай акупацыі? З чаго раптам гэтая ідэя апанавала ўсім народам, які даволі абыякава трываў папярэднія прышэсці чужынцаў, хаця б тых жа самых немцаў яшчэ дваццаць год назад?
Адказ навідавоку: мадэль жорсткага супраціву акупацыі была навязаная беларусам Расеяй. Для расейцаў, якія ад захопу польска-беларускімі войскамі Масквы на самым пачатку ХVІІ стагоддзя зведалі толькі паспешлівы “візіт” Напалеона, чужынец са зброяй у руках сапраўды быў нечым нязвыклым, дысгарманічным, варожым у той апошняй меры, якая вымагала змагання да скону (свайго ці ворага). Тут яшчэ трэба адзначыць, што падобнае стаўленне да акупацыі вынікала не толькі з ментальнасці расейскага чалавека, але і з ягонага ўсведамлення моцы сваёй дзяржавы, якая здольная і мусіць перамагчы кожнага ворага. А з адваротнага боку — з адмаўлення Расейскай імперыяй якой-кольвек каштоўнасці за жыццём асобнага чалавека.
Вось гэткае разуменне акупацыі і было “вменено” паноўнай расейскай ментальнасцю пабраным Расеяй народам, і беларускаму таксама. Адсюль і збройны супраціў, адсюль і акцэнт на зніштажэнне ворага, а не на ратаванне чалавека, адсюль — “перамога альбо смерць”.
Аднак тое, што для Расеі было Вялікай Айчыннай вайной, для нас — самазніштажэннем. Інспіраваная Масквой “партызанка”, з аднаго боку, правакавала немцаў на дадатковую, “пазапланавую” жорсткасць, а з другога, што, можа, яшчэ горш, саміх беларусаў да ненатуральнага ім, непатрэбнага і ўрэшце згубнага змагання з акупацыяй.
Здаецца, і па сёння мы не ўсвядомілі, што для нас і для Расеі гэта былі дзве зусім розныя вайны, і таму ўсё яшчэ ніяк не выпрацуем сваю сістэму ацэнак тых падзей, зыходзячы са свайго разумення каштоўнасці жыцця. Будзем спадзявацца, што некалі такое здарыцца, а пакуль звернем увагу вось на што… Нягледзячы на магутны, татальны ўціск, беларускі народ (падкрэслім яшчэ раз — народ, а не пэўныя зпалітызаваныя групоўкі насельніцтва) не прыняў “партызанку”. Так, не прыняў. І хай нас не ўводзяць у зман усе лічбы і факты ідэолагаў і “сацыёлагаў”, успаміны ветэранаў і безліч твораў у мастацкай ды публіцыстычнай літаратуры, якія як бы адлюстроўвалі рэальную барацьбу з ворагам.
Калі б так яно было папраўдзе, калі б папраўдзе ўвесь народ узняўся на змаганне з акупацыяй, гэта азначала б толькі адно — інстынкт самазахавання этнасу выпетрыўся да тых рэшткаў, за якімі ўжо нічога няма.
“Партызанку” зладзілі пакінутыя ў тыле савецкія функцыянеры, падпольныя райкомы, гаркомы, абкомы, дыверсійныя групы, рэйдавыя брыгады, акружэнцы, больш за дзвесце атрадаў НКУС… І ўтрымлівалася яна ідэалагічна, арганізацыйна і матэрыяльна коштам Вялікай Зямлі. А для самога беларускага народа “партызанка” была чужароднай, марнай і пераважна варожай справай. Яна несла небяспеку смерці ў значна большай ступені, чым сама акупацыя, бо гэтая небяспека была не гіпатэтычнай, а непасрэднай і вынікала як з карных аперацый пасля партызанскіх актаў, так і з гвалтоўнай сутнасці самой “партызанкі”.
Фактаў варожасці шараговага насельніцтва да “партызанкі”, не кажучы ўжо пра абыякавасць да яе, дакументамі, успамінамі, літаратурай назапашана таксама даволі, аднак яны яшчэ нікім не сістэматызаваныя і на іх ніколі не рабіўся акцэнт. Толькі для нашых “даследзінаў” гэта і не істотна, бо мы звернем увагу на іншае, а менавіта на скептычную і нават здзеклівую афарбоўку слова “партызан” у жывым вымаўленні. І на захадзе Беларусі (Гарадзеншчына), і на ўсходзе (Віцебшчына — партызанскі край) у непасрэднай, незаідэалагізаванай гаворцы ў слове “партызан” гучыць што заўгодна, ад з’едлівага скепсісу да панылай абыякавасці, толькі не “беларускія сыны”. (Іранічна-паблажлівае “Маўчыць, як партызан на допыце”, можа, найвышэйшая мяжа станоўчай адзнакі, усе астатнія ніжэй.) За выключэннем нешматлікіх, асобных фактаў, народная свядомасць адраклася “партызанкі”, і таму нам не знайсці паважлівых, удзячных, пазначаных гонарам за мужную дзею інтанацый у семантычнай афарбоўцы ўсяго комплексу слоў, якія яе вызначаюць.
Ні з сацыяльна-палітычнага гледзішча (якое-такое вялікае шчасце яны мелі за Саветамі), ні з натуральнага памкнення зберагчы сябе, сям’ю, род — ідэя змагання з акупацыяй не магла быць успрынята народам як жыццёвая неабходнасць. І яшчэ. У масавай народнай свядомасці воля — не абстрактная катэгорыя, яна мае выразна акрэслены духоўна-сацыяльны абрыс. Калі мае… На той час беларусы так доўга не карысталіся воляй, што наўрад ці ведалі яе сэнс. А змагацца ні за што, толькі сабе на згубу, не будзе ні адзін народ.
Дык ці была для беларусаў другая сусветная вайна Вялікай Айчыннай вайной, у кантэксце якой і быў сфармаваны міф пра мужны партызанскі народ? Верагодна, падобнае пытанне нетактоўна ставіць перад тым канкрэтным беларусам, які лічыў тады і застаецца перакананым да сёння, што змагаўся з фашызмам у Вялікай Айчыннай вайне. Аднак яшчэ больш нетактоўна і нават абразліва яно гучыць у адносінах да ўсяго народа, нацыі, якую прымусілі самазніштажацца, змагаючыся на баку адной хцівай імперыі супраць такой жа другой. Тут трэба дадаць яшчэ вось што. Крытэрый вайны як Вялікай Айчыннай значна звужае і проста-такі нахабна спрошчвае гэтую неверагодна трагічную падзею, зводзячы яе да аднамернага супрацьдзеяння: “свае” — “чужыя”. І ў дадатак надае вайне высакародны сэнс, якога ў яе не было і быць не магло.
Там, дзе вайна, там няма высакародства (па-за прыватна-канкрэтнай сітуацыяй). У бруд і кроў упэцкваюцца ўсе. Там, дзе вайна, там няма герояў і антыгерояў, ёсць толькі пакутнікі і ахвяры. І калі наша свядомасць яшчэ не можа абысціся без ідэі гераічнага на вайне, то няхай паспрабуе перанесці сваё ўяўленне аб гераічным на годнае пакутніцтва ці самаахвярнасць (як гэта зрабіла хрысціянства).
Спроба вылучыць з вайны ў якасці станоўчага прыкладу той ці іншы яе элемент — ідэалагічная маніпуляцыя. Ніякі грамадскі інстытут не здольны быць больш маральным за маральнасць таго часу, таго грамадскага ладу і стану, у якім ён існуе. Ён можа дэклараваць найцнатлівыя маральныя пастулаты, абапірацца на якія заўгодна высакародныя прынцыпы, але дзейнічаць будзе на тых, якія выснаваныя тагачасным жыццём. Этычны кодэкс хрысціянства застаецца нязменным з часоў апостала Паўла, а сама царква ў розную пару бытавання і рабавала, і забівала, і здраджвала сабе і Богу, адным словам, падпарадкоўвалася пульсу рэальнага жыцця. Больш ці менш маральнай можа быць асоба, але не грамадскі інстытут, не тая ці іншая грамадска-палітычная супольнасць. У вайну ўсе некага забівалі. Забівалі “немцы”, забівалі “рускія”, забівалі “паліцаі”, забівалі “партызаны”. Якое з забойстваў лічыць маральным, а якое амаральным? І што значыць увогуле маральна апраўданае забойства?
Акупант і той, каго ён акупаваў, нкусавец і партызан, калабарант і паліцай — усе яны выклятыя лёсам, усе яны вартыя жалю. Верагодна, такі ўтапічна-пацыфісцкі падыход да праблемы шмат у каго выкліча абурэнне, бо ў маральнай тоеснасці паміж забойцам і ягонай ахвярай праглядваецца здзек з самой сутнасці маральнасці. Але на вайне няма забойцаў, ці наадварот — на вайне ўсе забойцы. “Калі ты выбраў вайну, то гэта твая вайна” (Сартр). І таму ўсё залежыць толькі ад тых абставін, у якія патрапіў чалавек. Той, хто апынуўся там, дзе даводзілася забіваць, — забіваў. І ўся розніца паміж грэшным і нявінным у тым, што аднаму з іх пашанцавала не патрапіць туды, дзе ён вымушаны быў забіваць, а другому не пашанцавала, і ён забіваў (магчыма, таго, каму пашанцавала не забіваць). Кім стаўся для германцаў той беларус, які, перажыўшы акупацыю і “партызанку”, быў “завербаваны” ў савецкае войска і страляў немцаў на іх зямлі, бурыў ушчэнт Кёнігсберг і Берлін? Натуральна, што для паспалітых жыхароў Нямеччыны ён быў акупантам, ворагам, забойцам. Гэта ідэолагі прыхарошылі ягоную ролю паганскім словазлучэннем “святая помста”. Помста не бывае святой, прынамсі, яна перастала быць ёю з таго часу, як Ісус узышоў на Галгофу.
Вайна — гэта паганства, вайна — гэта вяртанне чалавека ў задушлівае лона першабога, жорсткага і помслівага. Як быццам не было дзвюх тысяч год цярплівага гадавання этычнага імператыва, як быццам чалавек зноў вярнуўся ў сваю дагісторыю.
Партызаны, партызаны,
Беларускія сыны!
За няволю, за кайданы
Рэжце гітлерцаў паганых,
Каб не ўскрэслі век яны.
Выразайце людаедаў,
Каб не стала іх і следу…
Рыйце загадзя магілы,
Вырывайце з жывых жылы,
Кроў за кроў, а смерць за смерць!
Янка Купала.
(Тлустым выдзеліў радкі. — В.А.)
Ухваляючы збройны гераізм пераможцаў ці пераможаных, партызан ці калабарантаў, мы молімся цьмянаму першабогу з пажаднымі да крыві вуснамі. На гэтым абагаўленні бога помсты і чалавечых ахвяр і быў сфастрыгаваны савецкай ідэалогіяй міф пра Партызанскую Беларусь. Аднак, як гэта часта бывае ў гісторыі, падзея, што ладзіцца дзеля нейкіх адных мэт, неўзабаве ці пазней выяўляе сваю значнасць у радыкальна іншай перспектыве, часам зусім і не пажаданай для тых, хто яе зладзіў. Савецкія ідэолагі, якія прыдумалі гераічны беларускі народ, гатовыя пакласціся ўсім сваім целам на ахвярнік камуністычнай ідэі, меліся на мэце гэтым міфам яшчэ раз сцвердзіць вартасць сваёй Іідэі, але ніяк не высокую вартасць беларускага народа як апрычонага суб’екта еўрапейскай гісторыі… Ды атрымалася, што атрымалася…
У праблемы гераічнай беларускай “партызанкі” ёсць яшчэ адзін вельмі цікавы аспект. Згодна натуральнай логіцы, гэты міф мусіў распушыцца ў нішто адразу пасля дэскрэдытацыі той ідэалогіі, што яго спарадзіла. Аднак нічога такога не здарылася (хаця на самым пачатку “дэмакратычных” дзевяностых гэты міф, відавочна, перажываў сур’ёзны крызіс). І зусім не таму, што ідэю “гераічнай партызанкі”, амаль не трансфармуючы, неўзабаве прыўлашчыла пад свае патрэбы ідэалогія новай улады ўжо як бы незалежнай Беларусі. Сітуацыя бачыцца значна больш складанай. Тут найперш трэба звярнуць увагу на той факт, што “партызанка” ў тых жа самых формах і не з меншай актыўнасцю ладзілася і на Украіне, і ў Прыбалтыцы, і ў Крыму, і на Каўказе, і ў самой Расеі, але ніводны з гэтых рэгіёнаў не стаўся “партызанскім краем” і ніводны з тых народаў не атрымаў мянушку “народ-партызан”…
Тут мы не ў стане заглыбляцца ва ўвесь абсяг гэтай неверагодна цікавай тэмы, якая сёння так актыўна апрабоўваецца ў інтэлектуальнай эсэістыцы, маладзёвай музыцы і актуальным мастацтве, дзе “партызан” выступае адначасна як канцэптуальны персанаж і як канцэптуальная метафара. Таму адно мімаходзь заўважым, што для беларусаў панятак “партызан” ужо даўно набрыняў пэўным сакральным значэннем, якое не змагла спрафанаваць нават савецкая “партызанка”… “Партызан” ці не найлепей люструе нейкую анталагічную сутнасць беларуса як у яго прыватным жыцці, так і ў яго пражыванні гісторыі.
Партызан — гэта той, хто ўвесь час хаваецца (хованкі — бадай адзіная нацыянальная гульня беларусаў); партызан — гэта той, хто заўсёды кажа пра сябе — “мяне няма”; партызан — гэта той, хто выяўляецца толькі ў момант дыверсіі, а потым зноў знікае ў адсутнасць самога сябе…
Хвала савецкім ідэолагам, што яны адчулі “анталагічную” сутнасць беларусаў і ў патрэбны для сябе момант скарысталіся ёю на ўсю ейную моц. Шкада толькі (і ганебна), што яны скарысталіся ёю гэтак вычварна, кінуўшы ў ненажэрную пашчу молаха сваёй партызанскай вайны сотні тысяч беларусаў.
P.S. У гэтым раздзеле цалкам застаўся па-за ўвагай феномен нацыянальнай “партызанкі”, якая пасля вайны часткова перарасла ў антысавецкую і доўжылася да пачатку пяцідзесятых гадоў. Безумоўна, гэта вельмі цікавая з’ява, але ў вялікім вымеры нацыянальнай гісторыі яна выглядае, з майго гледзішча, усяго толькі лакальнай падзеяй. Куды больш істотнай бачыцца праблема шырокай “калабарацыі”, хаця, па вялікаму рахунку, “беларускі калабарант” тыпалагічна не розніцца ад “савецкага партызана”, таму асобна тут і не кранаўся*.
* Цікавую версію “калабарацыі і партызанкі” выказаў Васіль Быкаў у гутарцы з Юрасём Залоскай “Рэцэпт напою багоў”:
“Тое, што мы называлі калабарацыянізмам і калабарантамі і адпаведна да іх ставіліся, як цяпер бачыцца, было куды больш складаней. Існавалі і калабаранты, і калабарацыя — даволі значныя на Беларусі. Я заўсёды пра гэта гаварыў. Калі ў Беларусі было каля мільёна партызан, і яны ваявалі, дык з кім яны ваявалі? Гэта камуністы рабілі такую падмену, што, маўляў, партызаны ваявалі быццам з немцамі. На самай справе якія немцы — у той час як фронт стаяў пад Масквой?.. Немец быў у лепшым выпадку адзін на раён, у раённай адміністрацыі. З кім жа тады ваявалі шматтысячныя партызанскія арміі? Зразумела, з кім — з паліцэйскімі фармаваннямі, каторыя, як і партызанскія злучэнні, рэкрутаваліся з беларусаў альбо з суседзяў — літоўцаў ці ўкраінцаў. Гэта ж атрымалася абсалютна спантанна — Хатынь. Трагедыю Хатыні спрабавалі аднесці на рахунак немцаў, а папраўдзе яе спаліў канкрэтны 118 украінскі паліцэйскі батальён. Дык вось, што датычыць калабарацыі: прыблізна столькі ж, колькі партызан, было і калабарантаў. І тое, што тут адбывалася, мела ўсе прыкметы грамадзянскай вайны. Нямецкія рэгулярныя войскі ў гэтую справу ўлезлі тады, як фронт падышоў к Полацку. Тады яны акружылі і зліквідавалі ўсю партызанскую зону. “Прарыў” — гэта эўфемізм: разгром быў заменены на “прарыў”. Які прарыў? Прарваліся рэшткі… Немцы ўмелі гэта рабіць, гэта не Чачня, партызаны для іх не ўяўлялі ніякай небяспекі… Яны іх акружылі і задушылі меней чым за месяц. Рэшткі, каторыя прарваліся з блакады, пасля хаваліся ў Селіцкай пушчы, я пра гэта пісаў. У густых хвойках яны прывязваліся рамянямі да вершалін і там сядзелі. Ды немцы пусцілі сабак, каторыя аблайвалі дрэвы. Немец падыходзіў і даваў уздоўж ствала некалькі чэргаў… Пасля вайны, у 1947 годзе, калі я прыязджаў на радзіму, на тых хвойках яшчэ бялелі партызанскія косці, абгладаныя вараннём…”
4. Урбанізацыя
Гісторыя Беларусі ў ХХ стагоддзі збольшага ўкладваецца ў некалькі слоў: Вайна, Саветызацыя, Індустрыялізацыя, Урбанізацыя, Меліярацыя, Чарнобыль, Незалежнасць. За кожным з гэтых слоў стаяць амаль апакаліптычныя падзеі, нават калі гаворка ідзе пра такую мірную справу, як меліярацыя. Бо пасля глабальнай меліярацыі ў нас няма і ўжо ніколі не будзе той краіны, якую Багушэвіч калісьці назваў жаночым імем Беларусь…
Каб ператварыць жывую зямлю ў тапаграфічную мапу, толькі ў 1976 годзе штодня ўлягаліся ў працу 11 тысяч трактароў, больш як тры тысячы экскаватараў, амаль тры тысячы бульдозераў і безліч іншай тэхнікі. Ніякі землятрус не змог бы нагэтулькі змяніць ландшафт Беларусі, як змяніла яго меліярацыя. Раней сарамліва схаваная за хмызамі, балацінамі і купамі дрэў краіна выгалілася да небакраю, зрабілася адкрытай і плоскай, як планшэт, на якім пад транспарцір накрэсленыя прамыя лініі канаў.
Але ж ці толькі ландшафт зрабіўся іншым? Меліярацыя не была адно касметычнай дзеяй, гэта была аперацыя па змене, калі можна так сказаць, полу краіны. Пасля гэтай тэхналагічнай інтэрвенцыі Беларусь развіталася са сваёй вільготнай, заблукалай у самой сабе жаночай сутнасцю і, грукаючы жалеззем, рушыла напрасткі ў “фалацэнтрычную” будучыню.
Натуральна, меліярацыя сталася не адзіным чыннікам тых “фалацэнтрычных” перамен, што адбыліся на Беларусі (і з Беларуссю) цягам ХХ стагоддзя. Яна, як і урбанізацыя (і як індустрыялізацыя ва ўсім сваім цэлым), толькі дадатна засведчыла, што Беларусь падхапіў агульны “цывілізацыйны майстрым”, ад якога яе не змагла адлучыць нават татальная саветызацыя краіны.
Дарэчы, што да нашай рэспублікі, дык саветызацыя тут хутчэй наадварот максімальна паспрыяла разгортванню цывілізацыйных працэсаў. Пасля таго як ХІV з’езд ВКП(б) (снежань 1925 года) абраў курс на сацыялістычную індустрыялізацыю, тэмп развою Беларусі ў прамысловасці цягам першых трох пяцігодак амаль удвая пераўзыходзіў сярэднесаюзныя паказчыкі. Але прыкладна так было і потым, аж да распаду Савецкага Саюза (за выключэннем адной сямігодкі (1959—1965), калі мы не апярэджвалі агульнасаюзных дасягненняў).
Зразумела, што сістэмны тэхнакратычны прарыў не мог быць абумоўлены выпадковым збегам акалічнасцей. Беларусь і ўсім сваім еўрапейскім прамінулым, і той сваёй сучаснасцю, з якой яна сустракала ХХ стагоддзе, патэнцыйна была падрыхтаваная да цывілізацыйнага лідэрства (супольна з мегаполісамі Масквы і Ленінграда) у адной з дзвюх супердзяржаў другой паловы гэтага ж стагоддзя.
Дарэчы, гэта быў не першы выпадак, дзе нам даводзілася выконваць падобную ролю. Згадаем хаця б ВКЛ у пару “залатога веку”, калі Беларусь была цывілізацыйным лідэрам ва ўсім кірылічным свеце, забяспечваючы гэты свет супермадэрновай на той час друкаванай прадукцыяй і самымі сучаснымі тэхналогіямі па яе вырабу.
Магутным фактарам паскарэння цывілізацыйных працэсаў сталася і само геапалітычнае месца Беларусі. Усю гэтую прастору ў ХХ стагоддзі скалануў глабальны “камунікатыўны выбух” (Філіп Брэтон, Серж Пру), і яго магутная хваля накрыла разам з цэнтральнай Еўропай і Беларусь, між іншым, ужо загадзя падрыхтаваную да гэтай “апакаліптычнай” падзеі. Яшчэ напрыканцы ХІХ стагоддзя тэрыторыя Беларусі была спрэс пакрытая сеткай чыгунак, якія інтэнсіўна злучылі яе з усімі краінамі Еўрапейскага кантынента (на тую пару агульная працягласць чыгунак па тэрыторыі Беларусі складала лічы 3000 вёрстаў). Станоўчую ролю тут адыграла і супрацьстаянне Расеі і Еўропы, якія скарыстоўвалі топас Беларусі для прасоўвання (адзін супраць аднаго) сваіх інфармацыйна-камунікатыўных патокаў.
Тое, з якой хуткасцю і з якім плёнам наўсцяж вясковая нацыя засвоіла тэхналогію індустрыяльнай цывілізацыі, не можа не выклікаць здзіўлення і сведчыць пра моцную генетычную памяць народа, які ў лепшыя для сябе часы гэтак актыўна выяўляў сваю здольнасць да самых розных інавацый… Але самой вёсцы гэты тэхнакратычны прарыў дорага каштаваў — яна цалкам страціла сваю сацыяльную і культурную актуальнасць.
Беларуская вёска сфармавала этнічны грунт, дала нацыі мову, эстэтычны канон і этычны кодэкс… Нават некалькі першых пакаленняў палітыкаў, навукоўцаў і дзеячаў культуры ўжо спрэс індустрыялізаванай Беларусі было адтуль, “з-пад саламяных стрэх”. Аднак тры катастрофы запар, кожная апакаліптычнага памеру, амаль ушчэнт разбурылі вёску. Кажучы пра катастрофы, я маю на ўвазе індустрыялізацыю, калектывізацыю і урбанізацыю. Апошняя давершыла працэс разбурэння — горад, як біблейны кіт Іону, праглынуў знямоглую вёску.
Праўда, мы памятаем, што Іона выйшаў з чэрава кіта адноўленым і духоўна, і фізічна. Бадай, нешта падобнае робіцца і з вёскай. Тут, у горадзе, згуртаваная горадам, яна даводзіць да ладу тое, чаго не магла зрабіць, калі была раскіданая па пясчаных выспах, заслоненых адна ад адной хмызам і туманамі — завяршае працэс кансалідацыі беларусаў і фармалізацыі іх уласнай дзяржавы.
Метафара, хай сабе і біблейная, усяго толькі паэтычны троп. Але ў нашым выпадку паэтычная метафара грунтоўна ўцялесненая ў рэальнасць, за што сведчыць такая досыць дакладная навука, як сацыялогія. Толькі паміж 1950 і 1970 гадамі колькасць гарадскога насельніцтва на Беларусі ўзрасла на 57% і ў асноўным за лік беларускіх вяскоўцаў, якія ў сярэдзіне сямідзесятых гадоў ужо склалі палову гарадскога насельніцтва, а горад на той час увабраў у сябе больш за палову насельніцтва рэспублікі. І што яшчэ больш істотна, упершыню ад ХVІІ стагоддзя горад зноў робіцца пераважна беларускім. Нагадаем яшчэ раз, што, згодна перапісу 1897 года, у гарадах і мястэчках Беларусі жыло толькі 17,1% беларусаў (тут дамінавалі габрэі — 57,5%). А вось дынаміка росту беларусаў сярод гарадчукоў у БССР: 1926 г. — 39,3%, 1959 г. — 67,0%, 1970 г. — 69,3%, 1979 г. — 71,5%. (Бадай кожнаму зразумела, што пакуль беларускі горад не стаўся пераважна беларускім, ні пра якую нацыю, а тым болей пра нацыянальную дзяржаву, не магло быць і гаворкі.)
Вышэй ужо не аднойчы казалася, што для паўнавартаснага паўставання нацыі (прынамсі ў яе кананічным разуменні) неабходныя шматлікі сярэдні клас, добра капіталізаванае грамадства і ладна урбанізаваны соцыум.
Дык вось, гэтую “класічную трыяду” ў яе завершаным выглядзе беларусы склалі адно ў сярэдзіне ХХ стагоддзя. Праўда, “класічнай” і “завершанай” яе можна лічыць усяго ў тым выпадку, калі мы пагодзімся на месца “шматлікага сярэдняга класа” паставіць “шырокія масы савецкай інтэлігенцыі” (кожны чацвёрты працаўнік рэспублікі ў гэтую пару быў звязаны з разумовай працай), а на месца “капіталізаванага грамадства” — “грамадства, індустрыялізаванае на савецкі лад”.
Адсюль вынікае, што толькі ў згаданую пару Беларусь рэальна займела ўсе сацыяэканамічныя падставы, каб фармалізавацца як паўнавартасная нацыя. Аднак гэтага не адбылося. І мы ўжо ведаем чаму. У смяротным двубоі нацыяналізму з камунізмам на Беларусі татальна перамог апошні і амаль да тла згамаваў усё ўласна нацыянальнае: ад гісторыі да культуры і мовы.
Далей мы яшчэ вернемся да гэтай сітуацыі, бо менавіта на ёй закрываецца перспектыва “моўна-этнічнай” мадэлі для нацыянальнага ўладкавання Беларусі і… адкрываецца перспектыва Беларусі як “грамадзянскай супольнасці”.
А скончыць гаворку, распачатую ў гэтым раздзеле, хацелася б тэмай “сталіцы”, на якую чамусьці амаль не звяртаюць увагі, хаця яна зазвычай адыгрывае досыць значную ролю ў фармаванні Нацыі, але яшчэ больш істотную — у паўставанні Дзяржавы.
Выключная роля сталіцы ў нашым тыпе цывілізацыі абумоўленая тым, што да самага апошняга часу прасторавае ўладкаванне соцыуму мела ў сваім подзе выразна цэнтрапалеглую (і, адпаведна, логацэнтрычную) канструкцыю, пры якой сталіца арганізоўвала і структуравала ўвесь топас бытавання чалавека як дадатак да самой сябе. У такой пабудове велічыня цэнтра вызначала памеры перыферыі. Чым больш магутным быў цэнтр, тым шырэй разгортвалася перыферыя і тым далей адсоўвалася мяжа як месца страты цэнтрам самога сябе. Ці была б магчымай Вялікая Рымская імперыя з заканадаўчым мястэчкам на ўскраіне ўладнага дыскурса? І таму, як толькі заняпаў Вялікі Рым, згарнулася амаль у нішто ўся імперыя. У гэткім тыпе цывілізацыі без вялікай сталіцы можна было заваяваць палову свету, як тое зрабіў Аляксандр Македонскі, але на другі дзень пасля сыходу войскаў ад усіх заваёў заставаўся толькі міф (аналагічны выпадак — гісторыя збройнай экспансіі манголаў).
Геапалітычная трагедыя Беларусі і беларусаў (крэваў, ліцвінаў, русінаў) верагодна і паходзіць перадусім з таго, што прастора іх бытавання не была ўцэнтраваная і з гэтага канструктыўна структураваная Вялікай сталіцай. Не ў пару занядужыў Полацак, не акрыяў у сапраўдную моц Наваградак, зашылася ў перыферыю (адносна ўсёй поліэтнічнай прасторы) Вільня.
Калі па вялікаму рахунку, то наш край ніколі і не меў сапраўднай сталіцы як цэнтра ўлады на ўвесь падлеглы ёй абшар. Тыя месцы, што пазначаліся як цэнтр, сутнасна, ды і зместам, амаль не сягалі за меру намінатыўнага, аб чым, акрамя іншага, сведчыць надзвычай важкая роля беларускага мястэчка ў кожную гістарычную пару. Феномен беларускага мястэчка, пэўна, і тлумачыцца тым, што ў нас мястэчку трэба было браць да выканання многія функцыі, якія ў іншых краінах звычайна выконвае “цэнтр”.
Найбольш наглядна аблуду намінатыўнасці люструе Вільня — горад-падман, горад-пастка, фатальны для беларусаў горад.
Вільня стагоддзямі спакушала беларусаў надзеяй, што ў гэтых мурах і мураванках яны маюць сваю сталіцу, і нашыя лепшыя людзі ва ўсе тыя стагоддзі спрабавалі знайсці саміх сябе на яе вулках — Скарына, Міцкевіч, Купала… (мноства). Але хутка пачыналі разумець усю аблуду гэтага абыякавага да беларусаў места і кідаліся прэчкі. А каму не патрапіла ў пару знікнуць, як Каліноўскаму ці Аляхновічу, ападалі тут мёртвымі на дол.
Няма Мінска акрамя Мінска. У 1918 годзе Мінск у якасці цэнтра этнанацыянальнага дыскурса мог яшчэ падацца за выпадковасць хаця б таму, што разам з ім у гэтым значэнні спрабавалі здзейсніцца іншыя месты (Смаленск, Слуцк, Гародня, тая ж Вільня), але сёння ўжо можна здагадацца: нідзе, акрамя як тут, на берагах цяпер зніклай Нямігі, не магла быць аб’яўленай і спраўджанай БНР, пасля БССР, а цяпер Рэспубліка Беларусь; нідзе яшчэ, як тут, распушчаны па вёсках і мястэчках дух (эйдас, геній) нацыі не змог бы сабрацца ды настала атабарыцца і тым самым перапыніць бясконца-бязмэтнае валацужніцтва сталіцы Беларусі паўз перыметр краіны…
Нарэшце этнанацыянальная прастора намацала і зацвердзіла сярэдзіну самой сябе!.. З чаго адразу паўстала раўнаважнасць раней незбалансаванага змесціва, якое з гэтага моманту даволі хутка пачало набываць уласную форму праз крышталізацыю структуры, абумоўленую ўзаемадачыненнямі цэнтра і перыферыі. Апошняму істотна спрыяў і той факт, што цэнтр (Мінск) апынуўся ў сітуацыі раўналежнасці да ўсяго дыскурса перыферыі. Сёння прасторавая фігура Беларусі, у плане маштабавай сумернасці цэнтра з ягонымі перыферыямі, выглядае адной з самых згарманізаваных у Еўропе.
Беларусь як цэльнае культурнае, эканамічнае і палітычнае ўтварэнне немагчымая без фармуючага гэтае ўтварэнне Мінска. Але тут адразу ўзнікае пытанне: а ці магчымы Мінск (скажам, як Вільня) без Беларусі? Ці верагодны быў Мінск у цэнтрапалеглым значэнні і наканаванні раней, чым з крэваў, русінаў, ліцвінаў, яцвягаў ды іншых не адбыліся тыя, каго мы цяпер называем беларусамі, не адбылося тое, што мы цяпер пазначаем словам Беларусь?
Верагодна — не! Без Беларусі не было б Мінска (у ягонай цяперашняй ролі), але без Мінска не было б і Беларусі як суверэннай дзяржавы.
Мінск — сталіца Рэспублікі Беларусь!
Літаратура:
1. Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня. Санкт-Петербург: Невский простор, 2003.
2. Этнаграфія Беларусі. Мінск: Навука і тэхніка, 1985.
3. История философии. Минск: Книжный дом, 2002.
4. Беларуская думка ХХ стагоддзя. Варшава, 1998.
5. Янка Запруднік. Беларусь на гістарычных скрыжаваннях. Мінск: Бацькаўшчына, 1996.
6. Язэп Янушкевіч. За архіўным парогам. Мінск: Мастацкая літаратура, 2002.
Лекцыі 5-9 можна прачытаць тут.