Валянцін АКУДОВІЧ. Нацыянальная парадыгма: ракурс канцэптуальнай перамены (лекцыі 5-9)

Лекцыі 1-5 можна прачытаць тут.

 

Лекцыя 5.

План:

1. Зачын

2. Расея і Мы

3. Францішак Багушэвіч і Адам Міцкевіч

4. Мы і Расея

 

1. Зачын

Распад кожнай вялікай імперыі надзвычай актуалізуе праблему ацэнкі, стаўлення і стасункаў кожнага з яе адпалых фрагментаў да былой “метраполіі”, гэта значыць да таго, што палягала ў цэнтры гэтай імперыі, было яе формастваральным чыннікам. У выпадку з распадам камуністычнай імперыі перадусім паўстала задача ацэнкі камунізму як такога, і ў прыватнасці — камуністычнай ідэі ды адпаведнай ідэалогіі. Няма нічога дзіўнага, што пастскрыптум камуністычная ідэалогія і практыка былі азначаныя ў цалкам негатыўным вымеры, іначай — як “імперыя зла”. Для такой паэтычнай высновы хапала і рэальных фактаў — гісторыя людства не ведала, каб дзе і калі гэтак татальна рэпрэсаваўся і масава зніштажаўся чалавек. Але спадсподу супольнага рэзюме праглядаўся і даўні канфлікт помстаў: яшчэ нядаўна спрэс пераможаны, але раптам перамогшы нацыяналізм жорстка помсціў камунізму праз гранічна адмоўнае вызначэнне яго месца і ролі ў гісторыі.

У крызе, а затым і татальнай паразе камунізму ёсць яшчэ адзін досыць цікавы момант, дзе варта было б некалі грунтоўна абседзецца. А менавіта: калі, з чаго і ў які момант камуністычная ідэя, якую Расея падахвоцілася рэалізоўваць на практыцы, ператварылася ўсяго толькі ў інструмент расейскага нацыяналізму дзеля ягонай экспансіі на ўсю зямную кулю?

Бо насамрэч нацыяналізм перамог імперыю камунізму не пасля распаду апошняга на мноства нацыянальных дзяржаў, а значна раней, яшчэ ў тую пару, калі сфармаваўся і запанаваў прыярытэт “рускага” над “камуністычным” — спачатку ў самой Расеі, затым у Савецкім Саюзе, а пасля і ва ўсім камуністычным блоку. Словы “рускі” і “камуніст”, “рускае” і “камуністычнае” (“савецкае”) пакрысе сталіся сінонімамі з тэндэнцыяй да замацавання “рускага” на ўсім “камуністычным”. І ці не тут, ці не ў гэтым дамінаванні латэнтна ўгрунтаванага рускага нацыяналізму ў толькі фармальна прэзентаваным камунізме і ёсць сапраўдная прычына сістэмнага крызісу і пазней татальнай паразы камуністычнай ідэі? Зусім верагодна, што менавіта так. (Між іншым, праз вышэй названую глабальную метамарфозу для камунізму адбылося і нешта значна горшае за паразу — яго канцэптуальная дыскрэдытацыя.)

З папярэдне сфармуляванага вынікае, што ў кожнага чальца былой камуністычнай імперыі пасля пераацэнкі камуністычных каштоўнасцей мусіла адбыцца і рэвізія свайго стаўлення да Расеі і ўсяго расейскага як такога. Натуральна, не маглі ўнікнуць падобнай працэдуры і мы. Тым болей, што праблема “Расеі” для нас заўсёды была абцяжараная эсхаталагічнымі канатацыямі. (Ды і зараз на яе асялку ўсё яшчэ вагаецца нашае “быць ці не быць” — этнасу, нацыі, дзяржаве.)

2. Расея і Мы

Сказаць, што для Беларусі “праблема Расеі” сягае ў сівую даўніну — значыць нічога не сказаць. Верагодна, мы з ёю і нарадзіліся, як бывае нараджаецца чалавек з нейкай генетычна абумоўленай апрычонасцю, якая ў такім выпадку становіцца ягонай нормай. І трэба ясна ўсведамляць, што выдаліць з сябе гэтую праблему ў нас ніколі не атрымаецца, нават калі знадворку Расея перастане адыгрываць хоць-якую ролю ў нашым лёсе. Бо Расея не на ўсход ад земляў Беларусі, Расея — усход Беларусі. Гэта значыць, што Расея пэўным сваім контурам (як і Еўропа) натуральна знаходзіцца ўнутры нашай уласнай самасці.

Але было б вялікай памылкай лічыць, што з гэтага мы часткова “Расея”, а часткова “Еўропа” (ці хай сабе нават сума папярэдніх складнікаў)… Ні першае, ні другое, ні трэцяе…

Мы — беларусы. Іншымі словамі, у нечым надзвычай істотным мы рашуча адрозныя ад усіх астатніх (як і ўсе астатнія міжсобку). І складнік “Расеі” ў самасці беларусаў ёсць якраз адным з чыннікаў нашай адрознасці. Дарэчы — у першую чаргу ад непасрэдна Расеі.

Апошняе зусім не ёсць парадоксам. Гэтаксама “Азія”, “азійства” ў целе Расеі не набліжае Расею да ўласна Азіі, а перадусім адсланяе — у супраціўным экспансіянізме і непераадольным антаганізме.

Хапала і ў нас гэтага “экспансіянізму і непераадольнага антаганізму”. Ні з кім нашыя продкі столькі не ваявалі, як з тымі, каго сёння мы называем расейцамі. Толькі ў сярэдзіне семнаццатага стагоддзя падчас “крывавага патопу” ў вайне з “маскалямі” загінуў кожны другі жыхар нашага краю: было 4,9 мільёна, засталося 2,5 (між іншым, цягам вайны з нямецкім фашызмам, якая чамусьці лічыцца самай крывавай у нашай гісторыі, загінуў кожны чацвёрты беларус)…

…Тады і пагасла сонца над Вялікай Літвой і ўзышло над Вялікай Расеяй.

Вядома, і да гэтай падзеі ў расейцаў (маскоўцаў) ужо была ідэя Трэцяга Рыма і Града Божага на зямлі, але канчатковае замацаванне ў расейскай свядомасці сваёй месіянскай ролі адбылося не раней, чым Юры Пераможца на ўздыбленым кані працяў дзідай сэрца Рэчы Паспалітай і двухгаловы арол распасцёр крылы над усёй Усходняй Еўропай.

“Я памятник себе воздвиг нерукотворный…”, і далей самы вялікі паэт тады маладой і яшчэ вясёлай імперыі пералічвае пабраныя народы, што прыйдуць схіліцца перад ягоным помнікам за тыя добрыя пачуцці, якія ён лірай абуджаў у сэрцах людзей.

“Я не паэта. Крый мяне Божа…”, і далей пра тое, што паколькі беларусы нікога не маюць, то хай будзе хаця б Янка Купала.

У гэтых “помніках” двух нацыянальных геніяў куды больш сугестыўна, чым у лічбах, прачытваецца адказ на пытанне: каму якімі здабыткамі ды стратамі (фізічнымі і духоўнымі) адгукнулася эпоха тых войнаў.

Гэта надзвычай істотны момант, на які ніколі не варта забывацца, бо менавіта на памянёных “здабытках” (расейцы) і “стратах” (беларусы) далей будуць фармавацца (у супрацьлеглых вектарах) ментальнасці рускага і беларускага чалавека.

Верагодна, тут нехта заўважыць, што не зусім слушна (а можа, і зусім не слушна) звязваць выспяванне этнічнага светапогляду з канкрэтнымі гістарычнымі падзеямі. Я і сам гэтак мяркую, але ў дадзеным выпадку мне падаецца досыць верагодным, што катастрафічны вынік супрацьстаяння з Расеяй шмат у чым паспрыяў замацаванню ў свядомасці беларусаў філасофіі стыхійнага фаталізму. (Вось ягоная формула ў народным вымаўленні: рабі, што робіш, і хай будзе, як будзе).

Фаталізм — глыбока індывідуалістычны светапогляд, ён вымагае не толькі добраахвотнага падпарадкавання фатуму (кону), даверлівай згоды з тым, што ёсць і якім яно ёсць, але і тоеснасці суб’екта з самім сабой. На апошняе трэба звярнуць асаблівую ўвагу, паколькі сэнсавы цэнтр беларускага варыянта фатальных стасункаў з рэальнасцю менавіта тут. Імкненне да тоеснасці з самім сабой, да нявыхаду за межы гэтай тоеснасці ў знешні, духоўна іншы кантэкст сталася вызначальным у светапоглядзе беларусаў.

Але вызначаючы істотную ролю “крывавага патопу” ў рассыпанні беларусаў на адзінкавыя саматоеснасці, пагодзімся, што гэтаму спрыяла і ўся астатняя гісторыя краю. Беларусь ужо ў пару фармавання ВКЛ была шматрэлігійнай і шматканфесійнай краінай. Які агульны сабор (і якая саборнасць) можа быць у праваслаўных, уніятаў, каталікоў, пратэстантаў, іудзеяў, мусульман, паганцаў?.. І якую “абшчыну” з іх можна скласці, калі яны і працуюць, і святкуюць у розныя дні, да таго ж робяць усё гэта кожны па-свойму.

Істотна паўплываў на дэкалектывізацыю і такі сацыяльны феномен, як беларуская шляхта. Па некаторых ацэнках навукоўцаў, яе колькасць сягала 15% ад агульнага складу насельніцтва. Натуральна, у абсалютнай сваёй большасці шляхта была “дробнай”, збяднелай і матэрыяльна часам амаль не рознілася ад сялян, аднак пры гэтым радыкальна асобілася і ад простага люду, і паміж сабой. І хаця ў фармаванні ўжо ўласна беларускага этнасу шляхта лічы не ўдзельнічала, але ў фактары сацыяльнай дэкалектывізацыі яе роля была досыць значнай.

Дарэчы, знакамітая беларуская “талака” сведчыць якраз не за калектывізм, а зусім наадварот. Разбэрсаныя рэлігійна і сацыяльна людзі сыходзіліся разам на дзень-другі, каб зладзіць непад’ёмную для кагосьці аднаго справу, і зноў разбрыдаліся кожны ў сваю паасобкавасць. Гэтую сітуацыю не перамяніла і прымусовая калектывізацыя, якая толькі фармальна паяднала натуральна раз’яднаных паміж сабой беларусаў.

Таму Беларусь для беларусаў і па сёння задзіночваецца ў кансалідаванае цэлае толькі (і выключна) праз інстынкт тэрыторыі, а не праз ідэю калектыўнага “я”.

Усё радыкальна інакш у расейцаў. У анталагічным сэнсе паміж беларусамі і расейцамі — ментальная бездань. Расейцы ніколі не ведалі (і не шукалі) сваіх “этнаграфічных межаў”, ды і ўвогуле не былі прывязаныя да хоць якога пэўнага месца на зямлі (не лічыць жа такім неабсяжную і амаль умоўную прастору “ад Брэста да Камчаткі”). Наўрад ці хоць у які перыяд Расейскай імперыі расейскі шараговец больш-менш дакладна і тым больш сістэмна ўяўляў яе геаграфічную фігуру. Праблема ўласнай геаграфічнай прасторы паўставала перад ім толькі ў момант чарговага ваеннага канфлікту, звязанага з абаронай ці пашырэннем межаў імперыі. (“Расея, як вядома, вяла ў ХVІІІ—ХІХ стагоддзях трыццаць тры вайны, галоўным чынам захопніцкія”, Генры Мілер.) А ў астатнюю пару яму дастаткова было ведання пра цэнтр улады і яе персаналізаванае імя (месца імперыі знаходзіцца не ў дыскурсе топаса, а ў дыскурсе ўлады). Зрэшты, у іншым выпадку (лакалізаваная канкрэтным топасам) “руская ідэя” ніколі б не набрыняла месіянізмам і “сабор” не ператварыўся б са звычайнай культавай забудовы на пагорку ў “саборнасць” як патэнцыйную (віртуальную) тэрыторыю для Града Божага на зямлі.

“Да д’ябла ўсе! Расея апрычоны свет”, — гэтая версіфікацыя Пагодзіна на тэму чаадаеўскага азарэння засведчыла, што ў расейскім грамадстве сакральная ідэя месіянства ўжо на пачатку ХІХ стагоддзя скаланізавала і прастору прафаннага. Таму далей на яе аднолькава будуць абапірацца ў сваім адбыванні быцця што звычайны шараговец, што апрычоны інтэлектуал: “Расея — адметная краіна, не падобная ні на якую краіну свету” (Бярдзяеў).

Расея не Азія, Расея не Еўропа, Расея — сёмы мацярык, адным словам, “адметны” ад усіх астатніх свет.

Падазраваць місію Расеі як вызначальную для лёсу ўсяго чалавецтва пакрысе сталася натуральна і нават “обыденно” для рускай свядомасці. “Мала таго — за ёю (Расеяй. — В.А.) прытоена нейкая боская задума, ад якой мы не маем права адмовіцца і ад якой мы не здолелі б адмовіцца, нават калі б гэтага захацелі…” (І.Ільін).

3. Францішак Багушэвіч і Адам Міцкевіч

Камуністычная ідэя, безумоўна, была боскім дарункам Расеі ў яе месіянскім рушэнні, якому распад дынастычнай (манархічнай) дзяржавы пагражаў доўгім перапынкам. Болей за тое, яна (камуністычная ідэя) надала новай энергіі і паскоранай дынамікі гэтаму рушэнню, у якое апынулася ўцягнутай і Беларусь.

Тое, што ўнёсак Беларусі (і беларусаў) у інтэрвенцыі камунізму як на іх уласную прастору, так і на прастору ўсяго сусвету апынуўся досыць ладным, зусім не азначае, што яны ў гэтай падзеі выконвалі сваю ролю. Праз прылучэнне да экспансіі камунізму на ўсю зямную кулю беларусы кампенсавалі для сябе адсутнасць той высокай Беларусі (Вялікай Літвы), якой пазбавіў іх неміласэрны лёс (ці мілажальны кон?). Гэты момант мне бачыцца досыць істотным, таму паспрабуем разгарнуць яго ў некалькіх перспектывах.

Паўсталая ў разрыве гістарычных дыскурсаў на тэрыторыі “татальнага мораку” ХVІІІ—ХІХ стагоддзяў этнічная Беларусь ні ў адной са сфер улады не мела не толькі ўласных эліт, але нават легітымных (замацаваных непасрэдна за ёй) каналаў, па якіх яе “агенты” маглі патрапіць у хоць якія ўладныя структуры. На тую пару ўся наяўная Беларусь цалкам магла быць апісанай у “нізавой” мадэлі. Гэтую сітуацыю і зафіксаваў Францішак Багушэвіч, стварыўшы сваю Беларусь паводле формы паэтычнага міфа, цалкам закааптаванага ў под сацыяльнага быцця.

А далей заўважым, што прыдуманая паэтам краіна гнілых хатак і дурных, як варона, мужыкоў займела дзіўны, фантастычны лёс. Усе наступныя пакаленні беларускіх паэтаў, краязнаўцаў, публіцыстаў, якія і сфармавалі ідэалагему нацыі (прымроілі яе ў газетах і кніжках, з чаго я неяк і назваў беларусаў “папяровай нацыяй”), пачыналі і завершвалі афармленне свайго відзежу Беларусі ў фармаце таго паэтычнага міфа, які распавёў напрыканцы ХІХ стагоддзя адвакат з Вільні. Гэта з ягонай прыдумкі з’явіліся і знямоглыя беларусы, што нясуць на худых плячах сваю гаротную долю (Янка Купала), і “пяць лыжак заціркі” ў прыклад самай вялікай мары тутэйшага чалавека (Змітрок Бядуля), і лапаць дзеда Талаша як адзіная аўтэнтычная зброя гераізаванага беларуса (Якуб Колас), і каўтун на галаве палешука як нацыянальная адметнасць, і гнілое балота як конгеніяльны жабрацкаму ладу пейзаж…

Першым паўстаў супраць татальнай экспансіі “нізавога” міфа Вацлаў Ластоўскі, стварыўшы насупраціў Багушэвічу міфалагему магутнай “крыўскай цывілізацыі” як папярэдніцы і крыніцы не толькі народа беларусаў, але і антычнага свету (ні больш, ні менш!). Міф Ластоўскага займеў досыць шырокі розгалас і папулярнасць (асабліва ў Заходняй Беларусі і на эміграцыі ў 30—50-я гады ХХ стагоддзя), але так і не здолеў заняць цэнтрапалеглага месца ў свядомасці беларускага грамадства. Былі і іншыя спробы супраціву, згадаем хаця б знакамітае эсэ Ігната Абдзіраловіча (Канчэўскага) “Адвечным шляхам”, дзе філосаф запрапанаваў сінтэтычна складаны, але інтэлектуальна вельмі адметны вобраз Беларусі.

Аднак усё было марна. Міналі дзесяцігоддзі і дзесяцігоддзі, Беларусь зрабілася індустрыяльнай краінай, прыдбала сабе міжнародны імідж нязломнага змагара з фашызмам, патрапіла ў заснавальнікі ААН, пачала экспартаваць свае тавары па ўсёй зямной кулі (да прыкладу, толькі трактары — у восемдзесят краін), цалкам мадэрнізавала лад свайго жыцця па максіму тэхнакратычных магчымасцей адной з дзвюх супердзяржаў свету, але да 70-х гадоў ХХ стагоддзя (да Караткевіча) гэты міф пра адвечна занядбаную, змарнелую і нішчымную Беларусь, які апанаваў нацыянальную свядомасць, ніхто нават і не спрабаваў пераадолець.

Чаму, з чаго гэткая трывушчасць аднойчы паныла вымаўленага слова “Беларусь”? Адказаў на гэтае запытанне ўжо ж, напэўна, можа і павінна быць шмат. Мы тут звернем увагу толькі вось на што: міф Багушэвіча апынуўся універсальна прыдатным для самых розных ідэалагічных і палітычных сітуацый ад прыканца ХІХ і наўсцяж усяго ХХ стагоддзя (ён і сёння, на пачатку ўжо трэцяга тысячагоддзя, па сутнасці, дамінуе).

Спачатку прыдумка Багушэвіча ў самую дакладную меру прыклалася да ідэалагічных інавацый дэмакратаў (і стыхійных, і сістэмных) канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, якія заангажаваліся “маленькім чалавекам” у стане сацыяльнай няроўнасці; затым казка пра згалелы край і прыгнечаны народ як найлепей дапасавалася да аргументацыі бальшавікоў (і ўсіх “левых” увогуле) на карысць рэвалюцыйных перамен. Але найбольш цікавае пачалося потым, калі бальшавікі перамаглі і з гэтага ім спатрэбілася дэманстрацыя плёну сваёй перамогі на прыкладзе канцэптуальных перамен да лепшага на Беларусі. Пра тое, як Беларусь за камуністамі адужала, расквітнела, збагацела, спявалася штодня з ранку да вечара, толькі нейкім цудам атрымлівалася, што гэтыя хваласпевы аніяк не краналі Багушэвічавага міфа. Як лёг, так непарушным і ляжаў на ўсе шыркі свядомасці.

Аб некаторых прычынах гэтага феномена за бальшавікамі мы, па сутнасці, нядаўна казалі. Ужо з трыццатых гадоў (ХХ ст.) расейскі нацыяналізм пакрысе, як іржа, пачынае выядаць сэрцавіну камунізму (неўзабаве ад апошняга застанецца толькі маска) і неўпрыкмет вяртаць свае пазіцыі ў “нацыянальных акраінах”. Зразумела, што новаму расейскаму нацыяналізму (гэтаксама як і ранейшаму) зусім не патрэбная была Беларусь, выяўленая ў высокіх парываннях, учынках ды мэтах. З гэтага ўсё высокае і значнае, што тут было раней і адбывалася цяпер, альбо выкрэслівалася да пустога знака, альбо залічвалася на супольны рахунак камуністычнай імперыі, каб потым быць прыўлашчаным Расеяй як сваё ўласнае. Таму ў астачы беларусам заставаўся ўсё той жа “нізавы” Багушэвічаў міф з адзіным хіба дадаткам — рэвалюцыйнай постаццю Кастуся Каліноўскага. Да таго ж гэты міф як стратэгічна найлепшы сродак у барацьбе з беларускім нацыяналізмам перманентна актуалізоўваўся праз самыя розныя ідэалагічныя маніпуляцыі.

Не думаю, што выкладзеныя тут развагі нават збольшага вычэрпваюць праблему. Толькі з усяго гэтага, прынамсі для мяне асабіста, становіцца зразумелым, чаму міф пра высокую Беларусь, які яшчэ да Багушэвіча стварыў Адам Міцкевіч, застаўся беларусамі незапатрабаваным. Праўда, Міцкевіч сваю краіну называў не Беларуссю, а Літвой, і пісаў па-польску. Але па сутнасці ён усё жыццё толькі і рабіў, што перакладаў Беларусь на польскую мову (“Дзяды”, “Пан Тадэвуш” і г.д.)…

І як радзіма наваградскага паэта не падобная да той, якую намаляваў нам паэт з Кушлян!

Беларусь Міцкевіча — гэта краіна прыгожых жанчын і гераічных мужчын, высакародных шляхціцаў і самаахвярных святароў, вялікіх паэтаў і апантаных містыкаў… Тут пануюць высокі дух і чыстыя парыванні, і таму ідэя новага месіянізму, прапанаваная Еўропе паэтам-містыкам з нашых краёў, зусім не будзе выглядаць авантурай на злом галавы, прынамсі ў тым этычным кантэксце, які ён сам і стварыў. (Гэтаксама як некалі потым не выкліча пярэчанняў і тыпалагічна падобнае сцверджанне Уладзіміра Караткевіча — “На Беларусі Бог жыве”, — уся творчасць якога, у пэўным сэнсе, ёсць адмысловым перакладам Міцкевіча ўжо на беларускую мову.)

Дарэчы, лёсы Міцкевіча і Багушэвіча на дзіва падобныя. Абодва са збяднелай шляхты і прыкладна з аднолькавай адукацыяй. У кожнага на шляхах жыцця Вільня, Санкт-Пецярбург, паўстанне, эміграцыя, і кожны з іх прыдумаў сваю літаратурную версію Беларусі, толькі Міцкевічаву Беларусь назвалі Польшчай, а Багушэвічава сталася Беларуссю.

Дык вось, вяртаючыся да пытання, чаму той гожы міф пра Беларусь, які так паэтычна сфармуляваў Адам Міцкевіч, не быў запатрабаваны на ягонай Бацькаўшчыне ні адразу, ні потым, мы знаходзім адказ, які, па сутнасці, ёсць люстраным адбіткам феномена трываласці таго міфа, што стварыў Багушэвіч.

Адразу гэткага не атрымалася, бо на тую пару працэсы этнічнай кансалідацыі беларусаў адбываліся ў сацыяльным подзе (вёска, плебейская частка мястэчак і гарадоў), дзе па азначэнню не было месца хоць якім элітам, а значыць, і высокай, шляхетнай, арыстакратычнай духам Беларусі.

Потым гэткага не атрымалася, бо беларусы, ужо як нацыя, паўсталі ў эпоху, калі і ідэалагічна, і палітычна дамінавалі сілы (дэмакраты, анархісты, сацыял-дэмакраты, бальшавікі і г.д., і да т.п.), сфармаваныя на грунце таго ж самага сацыяльнага пода (плебейства, люмпенства). І тут зноў не было і не магло быць месца Міцкевічу.

Натуральна, праблема не толькі і не столькі ў Міцкевічу, геніяльнай постаццю якога мы скарысталіся адно дзеля больш выразнага адлюстравання той амбівалентнай сітуацыі, у якой нават глыбока мадэрнізаваная Беларусь заставалася (у нацыянальным дыскурсе) замкнутай на архаіку “нізавога”, “плебейскага” міфа. Гэтая несумернасць, амбівалентнасць ментальнага і рэальнага светаў і штурхала найбольш энергетычных, амбітных ды адораных беларусаў (а такіх хапала) у авангард расейскага (камуністычнага) месіянізму. Касыгін на верхатурах Крамля, Шастаковіч на музычным алімпе, Кавалёнак на касмічнай арбіце — усё гэта толькі кампенсацыя адсутнай Вялікай Літвы. Ужо іншая рэч, што самі ў сабе беларусы не мелі і не маглі мець інстынкту месіянізму, таму іхняя прысутнасць у розных месіянскіх рушэннях была не чым іншым, як усё тым жа актам сублімацыі высокай Беларусі.

4. Мы і Расея

Хоць якая кансалідаваная ідэя можа стацца ментальнай рэальнасцю адно тады, калі ў досведзе народа актыўна і сістэмна прысутнічаюць падзеі кшталту “богаабранасці”, “саборнасці”, “абшчыннасці” і да т.п. У беларусаў нічога падобнага (сістэмна) ніколі не было. Таму зусім неверагодна, каб беларусы запрапанавалі (як габрэі), а тым болей спрабавалі рэалізаваць (як расейцы) агульную для ўсяго чалавецтва канструкцыю светабудовы. Яны такое і прысніць не змаглі б — не тое, што ўцялесніць. А вось што ў іх заўсёды добра атрымлівалася, дык гэта здаваць прастору свайго бытавання ў арэнду пад розныя месіянскія і проста глабалісцкія канцэпты ды праекты.

Паганства, хрысціянства (ва ўсіх ягоных версіях), мусульманства, іудаізм, рэнесанс, рэфармацыя і контррэфармацыя, сацыялізм, інтэрнацыяналізм, камунізм, глабалізм… Усё, што мела хэнць і волю займець месца на гэтых абшарах, знаходзіла тут сабе ўтульнае месца. Талерантнасць беларусаў, безумоўна, мацнейшая за інстынкт самазахавання, з чаго так і карціць яе звузіць. Але, здаецца, апошняе якраз і немагчыма. На немагчымасці звузіцца ў талерантнасці тут заўсёды будзе спатыкацца кожная татальная ідэалогія — і нацыяналістычная таксама. Ідэя сябе ў нацыі, а не нацыі ў сабе, ідэя гамагеннай нацыі, адгароджанай ад іншых нацыянальнай дзяржаўнасцю, наўрад ці калі пераадолее ўстаялую ментальнасць беларусаў, зарыентаваную фатальным светапоглядам на паасобкавыя, але пры гэтым спавітыя талерантнасцю саматоеснасці.

Мы — Францішак Скарына, а не Сімяон Полацкі, хаця Сімяон Полацкі — гэта таксама мы. Дзве велічныя постаці зямлі беларускай — гэта два нашыя шляхі, аднак не трэба быць асабліва відушчым, каб зразумець, куды вёў нашых продкаў першы шлях і чым абярнуўся для нас другі.

Не заўсёды і зусім неабавязкова чужая культура прыносіцца на штыках і штыкамі ўсталёўваецца. Расейская культура з уласнай волі да панавання знішчыла іншых культур болей, чым усе войскі Расейскай імперыі знішчылі іншых войскаў.

Мілажальнасць культуры — гэта казка для дарослых. Культуры больш агрэсіўныя, чым іх носьбіты — народы (гэтая тэза аднолькава пасуе і для беларускай культуры). Калі ў войнах паміж народамі хоць зрэдчас здараюцца перапынкі, то ў войнах культур перапынкаў не бывае.

Дык вось, калі запытацца: чаму сёння большасць беларусаў не ідэнтыфікуе сябе з беларускай культурай, то адказ будзе наступным: таму што на нашых землях ужо безліч гадоў ні на хвіліну не спыняецца вайна расейскай і беларускай культур, у выніку якой апошняя апынулася амаль усцяж пераможанай. І, бадай, найтрагічным у гэтай паразе была параза беларускай мовы.

Мова — той азонавы слой, які дазваляе больш-менш устойліва функцыянаваць, развівацца і нарошчваць свой патэнцыял усім астатнім чыннікам культуры нават у неспрыяльных для яе ўмовах. Вядома, у гэтым азонавым слаі кожнай культуры сёння шмат дзірак, але ў нас ён знішчаны амаль цалкам, ад яго засталіся адно лахманы, якія ўжо не засланяюць цела нацыянальнай культуры як ад сцюдзёных вятроў культуры расейскай, так і ад касмічнага холаду метакультуры камунікатыўна адкрытага грамадства.

Адсюль, з перамогі расейскай культуры (на штыках і без штыкоў), і была зманіпуляваная прыдумка, што беларусы вельмі падобныя да рускіх — ну амаль што блізнюкі… Падабенства з расейцамі, найперш праз агульную прыналежнасць да славянства, у нас, відавочна, даволі. Да таго ж істотную ролю ў прыпадабненні народаў адыграла і праваслаўе — апошнія некалькі стагоддзяў дамінавання “рускай” царквы на нашых землях добра прыклаліся да “русіфікацыі” беларусаў… Але ўсё гэта разам (і шмат чаго іншага) не дае нам права забывацца, што мы два зусім розныя народы з апрычонымі шляхамі і адметнымі гістарычнымі лёсамі — і будзем такімі да таго часу, пакуль будзем. (Чамусьці ніхто не лічыць “братамі” французаў і немцаў толькі таму, што яны належаць да аднаго раманскага свету?!)

У сувязі з навуковымі і не надта навуковымі тэарэтызаваннямі на тэму аб’яднання двух братніх народаў (мне гэта нагадвае аб’яднанне ўдава з кролікам) успомнім колькі слоў старэйшага з братоў Кірэеўскіх: “Некаторыя думаюць, што пазнейшае засваенне іншаземнай адукацыі можа з часам перастварыць усяго рускага чалавека… Ці патрэбна абвяргаць падобныя меркаванні. Зніштожыць адметнасці разумовага жыцця народа гэтак жа немагчыма, як немагчыма зніштожыць яго гісторыю. Падмяніць літаратурнымі тэрмінамі перакананні народа не прасцей, чым адцягненай думкай перасунуць косці маладога арганізма”.

Тое самае можна сказаць і пра беларусаў у праекцыі на вайну культур. Толькі тут яшчэ трэба дадаць, што немагчыма і “перасунуць” беларусаў з Еўропы на сёмы мацярык — у Расею. Можна было на нейкі час адлучыць іх ад “гістарычнай бацькаўшчыны”, аднак рана ці позна павінен быў настаць час вяртання. І тут не лішне будзе падкрэсліць, што вяртанне да еўрапейскіх сацыяльных, інтэлектуальных ды культурных каштоўнасцей не ёсць для беларусаў модай, геапалітычным свавольствам ці часовай прыхамаццю. І збочваць у бок Еўропы беларусы будуць не таму, што там вальней і абаранкі задарма даюць, а таму, што там “карэнныя перакананні народа”, нават калі сам народ “у сілу гістарычных абставін” забыўся на гэта.

Вяртанне Беларусі ў Еўропу — гэта шлях, ад якога “мы не маем права адмовіцца” і ад якога “мы не здолелі б адмовіцца, нават каб гэтага захацелі”.

Расея наш фатум, але не наш кон. Пра фатальную ролю Расеі ў лёсе Беларусі ўжо даволі казалася вышэй. Аднак Расеяй мы толькі спутаныя, а зацугляныя Еўропай. Усім сваім целам мы ўпісаныя ў прасторавую фігуру Еўропы, больш за тое, у сваю пару (Вялікае княства Літоўскае, Рэч Паспалітая) продкі беларусаў былі не апошнім стваральным чыннікам гэтай фігуры і яе цывілізатарскім фарпостам у славянскім свеце. І хаця пазней гэты “фарпост” лязом расейскай экспансіі на Захад быў адсечаны ад свайго вялікага цэлага, яго натуральнае месца заўсёды застаецца за ім. І менавіта згаданым фактарам найперш абумоўлена тое, што нават больш чым два стагоддзі каланізацыі, русіфікацыі і мэтаскіраванай асіміляцыі не далі рады з гэтай зачараванай на ўласную ролю прасторай, якая сёння зноў патрабуе сабе статусу суб’екта еўрапейскай гісторыі.

Вось чаму наастачу тэмы я зноў хацеў бы паўтарыць: Расея наш фатум, але не кон.

Літаратура:

1. Адам Міцкевіч. Пан Тадэвуш. Мінск: Мастацкая літаратура, 1985.

2. П.Я. Чаадаев. Избранные сочинения и письма. Москва: Правда, 1991.

3. Анталогія беларускай паэзіі. Мінск: Мастацкая літаратура, 1993.

4. История русской философии. Ленинград: Эго, 1991.

5. Вехи. Интеллигенция в России (1909—1910). Москва: Молодая гвардия, 1991.

6. Н.А. Бердяев. Истоки и смысл русского коммунизма. Москва: Наука, 1990.

7. Філіп Брэтон, Серж Пру. Выбух камунікацыі. Мінск: Тэхналогія, 1995.

8. Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня. Санкт-Петербург: Невский простор, 1993.

Лекцыя 6-7

План:

1. Зачын

2. Воля да ўлады

3. Ідэя Адраджэння

4. Мова (Знак бяды)

5. Наастачу

6. Літаратура

 

1. Зачын

У сучасным інтэлектуальным дыскурсе апазнана мноства (безліч) гісторый: ад гісторыі свету (і сусвету) да гісторыі гісторыі. Усё ідзе да таго, што колькасць сфармуляваных гісторый некалі можа стацца роўнай колькасці падзей, якія сістэмна разгортваліся хоць у якой сферы дзейнасці чалавека. Але вось дзіва, ніхто, здаецца, нават не спрабаваў стварыць гісторыю эмоцый, хаця ўсё, што чалавек дзеіць, і ўсё, што з чалавекам дзеецца, мае свой эмацыйны эквівалент. Больш за тое, гісторыя чаго заўгодна, як і сама гісторыя ў сваім цэлым, завязаная і наўпрост злучаная з эмацыйным чалавека, пераважна з эмацыйнага паходзіць і ім жа канцуецца. Урэшце, чалавек імкнецца да асалоды, грошай, славы, перамог не дзеля іх саміх, а дзеля тых эмоцый, што імі спараджаюцца. І нішто ў свеце чалавека не можа быць вызначанае за вартае (вартаснае), калі яго каштоўнасць не канстытуецца эмацыйным. А вось само эмацыйнае за вартасць чамусьці не лічыцца, хаця менавіта на ім штодня трымаецца жыццё кожнага чалавека, як і чалавецтва ўвогуле.

Праўда, тут лёгка запярэчыць, заўважыўшы, што адсутнасць гісторыі эмоцый супольна кампенсуе гісторыя літаратуры, мастацтва, рэлігіі… Але гэта не зусім так, бо хаця самі эстэтычныя віды дзейнасці (творчасці) і ўнаяўліваюць эмацыйнае, аднак іхнія гісторыі — гэта ўжо гісторыі менавіта літаратуры, мастацтва, рэлігіі…

Усё гэта я кажу да таго, што неўзабаве мы эмацыйна забудземся (калі ўжо не забыліся) на тое Тэктанічнае Узрушэнне, якое цягам амаль дзесяцігоддзя (ад сярэдзіны васьмідзесятых да сярэдзіны дзевяностых) ахапіла і трымала дзень у дзень сотні мільёнаў людзей Еўразійскага кантынента (а ягонае рэха ўвесь гэты час хадуном хадзіла па ўсёй зямной кулі).

Нарадзіцца варта было адно дзеля таго, каб уласным сэрцам пражыць гэтую эпоху “буры і націску”, калі пад напорам новай веды і новай волі да ўлады бурыліся дзяржаўныя муры і межы, іначыліся ды паўставалі не існуючыя раней краіны і ў кожнай асобна ўзятай галаве буяла свая рэвалюцыя…

Нарадзіцца варта было адно дзеля таго, каб перажыць гэтую Вялікую Эмоцыю, пасля якой ты аднойчы прачнуўся ў тым самым сваім жыцці, але ўжо зусім іншым чалавекам і ў зусім іншым свеце…

Згадваючы пра распад камуністычнай імперыі, звычайна дадаюць эпітэт “апошняя”, што, з майго гледзішча, вельмі не дакладна. Загінула якраз першая сучасная імперыя, сфармаваная ўжо на ідэалагічным канструкце. Гэта значыць, знікла не проста яшчэ адна (апошняя) імперыя, а на нашых вачах дыскрэдытавала сябе цывілізацыя, якая больш за стагоддзе прапаноўвала сябе ў якасці мадэрновага праекта ўсеагульнага светаўладкавання.

Менавіта адсюль і паходзіць той тэктанічны эмацыйны стрэс, які звычайна тлумачыцца ўсяго толькі геапалітычным і сацыяльным ператрусам…

Насамрэч крах камуністычнай цывілізацыі пазбавіў чалавецтва нечага значна большага — логацэнтрычнай ідэі прагрэсу, а значыць, і будучыні ўвогуле як вектара руху наперад.

2. Воля да ўлады

Я нарадзіўся, вырас і асталеў у татальна несвабоднай краіне сярод спадчынна несвабодных людзей. Тых некалькі гадоў канца васьмідзесятых — пачатку дзевяностых, якія досыць умоўна можна назваць парой свабоды, натуральна, было замала, каб зразумець, чым насамрэч ёсць рэальная свабода. Іх хапіла, бадай, адно на тое, каб усвядоміць увесь папярэдні досвед жыцця, як досвед несвабоды. Адсюль і хада маіх наступных разваг…

Як гэта ні дзіўна, але пафаснае меркаванне, сфармуляванае ў больш рамантычныя ад нас эпохі, што чалавек нараджаецца свабодным і таму скрозь усё сваё жыццё імкнецца да свабоды як да найвялікай каштоўнасці, усё яшчэ застаецца ва ўжытку. Хаця сёння кожны добра ведае, што ўсе тыя свабоды, якія ў сярэдзіне ХХ стагоддзя зафіксавала “Дэкларацыя правоў чалавека”, былі літаральна заваяваныя ў сацыяльных войнах і рэвалюцыях, гэта значыць навязаныя чалавецтву гвалтам, праз крыўду, кроў і прымус.

Але калі свабода — гэта найвялікая каштоўнасць для ўсіх і кожнага, то чаму яна ўсталёўваецца не праз згоду, зусім натуральную ў такім выпадку, а праз гвалт адных людзей над другімі? Ды пэўна ж таму, што сацыяльна свабода ніколі не была для чалавека абсалютнай каштоўнасцю, прынамсі, яна ніколі не была каштоўнасцю большай за несвабоду, і прыкладаў таму лічыць — не пералічыць. Падчас Рымскай імперыі свабодныя плямёны варвараў добраахвотна прасіліся да рымлян у рабы (і яшчэ не ўсіх і не заўсёды бралі), бо стан рабства забяспечваў больш высокі ўзровень дабрабыту, чым жыццё ў беспрытульнай волі. Рабы-негры поўдня Паўночнай Амерыкі самаахвярна падтрымлівалі сваіх рабаўладальнікаў у вайне з федэратамі, якія хацелі іх вызваліць ад рабства… Найбольш незадаволенымі адменай прыгоннага права ў Расейскай імперыі былі не памешчыкі, а прыгонныя. Зрэшты, рэч не ў асобных прыкладах, дзе памкненне да несвабоды кожны раз можна патлумачыць ці то гістарычнымі, ці то сацыяльна-псіхалагічнымі матывамі. Рэч у тым, што ўся зафіксаваная гісторыя чалавецтва сведчыць аб заўсёднай і таму, пэўна ж, натуральнай патрэбе сацыяльнага чалавека ў несвабодзе. І дэмакратычны лад жыцця мы сёння лічым за найлепшы з пакуль магчымых не толькі таму, што з яго чалавек мае права на свабоду, але яшчэ і таму, што тут чалавек гэтаксама мае права выбраць сабе несвабоду.

Адабраць у чалавека права на несвабоду — гэта яшчэ больш жорстка, чым адняць у яго права на свабоду, бо той, каго паклікаў геній волі, так ці інакш, але здабудзе яе ў барацьбе, перамозе альбо смерці, а няволю можна толькі атрымаць як сваё натуральнае права…

Воля — занадта цяжкая ноша, каб яе сілком узвальваць на плечы таго, хто не жадае яе несці добраахвотна.

Вось чаму канстытуцыя кожнай дэмакратычнай краіны (як і “Дэкларацыя правоў чалавека”), — гэта кансэнсус паміж правам чалавека на свабоду і правам на несвабоду. І хаця права на апошняе ўсе канстытуцыі, як і “дэкларацыя”, сарамліва ўтойваюць, але насамрэч яно заканстытуяванае ў той жа меры, як і першае. І гэтым правам на несвабоду людзі раз-пораз карыстаюцца, праўда, з рознымі для сябе, а здараецца, і ўсяго чалавецтва вынікам. Так ім скарысталіся ў 1933 годзе ў Нямеччыне, падчас апошняга рэферэндуму ў 1991 годзе ў Савецкім Саюзе, вясной таго ж года ў Беларусі, калі калоны рабочых мінскіх заводаў рушылі праз увесь горад на плошчу Незалежнасці.

Некалькі дзён запар усе найбуйнейшыя тэлекампаніі свету ў аглядах навін паказвалі сваім гледачам гэтае ўнушальнае відовішча. Паказвалі як прыклад абуджэння беларускага народа ад таталітарнага сну, як жаданне і здольнасць рэалізоўваць маладой беларускай дэмакратыяй свае правы і свабоды. Прыкладна ў такім жа ракурсе асвятлялі і аналізавалі гэтую падзею айчынныя і замежныя публіцысты, палітолагі, тэарэтыкі. Тагачасны лідэр беларускай апазіцыі Зянон Пазняк даваў шматлікія інтэрв’ю амерыканскім журналістам (ён тады быў у Амерыцы), дзе казаў, што ганарыцца беларускім народам, які гэтак магутна і цывілізавана прадэманстраваў усяму свету прагу свабоды, незалежнасці і дэмакратыі… Праўда, у беларускіх незалежных мас-медыя праз агульны хор захаплення няўзнак праслізгвала адчуванне нейкай насцярожанасці, бо было абсалютна незразумела, з чаго гэта беларускаму рабочаму аднойчы ранкам захацелася не піва, а свабоды?

Але ні тады, падчас тых падзей, ні да гэтай пары, здаецца, ніхто так і не ўсвядоміў, што ў тыя дні з розных канцоў Мінска рухалася ў адным накірунку не свабодная, незалежная і дэмакратычная Беларусь, а ў маўклівых, бясконцых калонах рушыла тады на плошчу Незалежнасці беларуская Вандэя.

Менавіта так — на галоўную плошчу сталіцы мерным крокам рухалася беларуская Вандэя, сацыяльная правінцыя нашай краіны, якая ў 60—70-х гадах пераехала з вёсак і мястэчак і цяпер патрабавала ад ужо дэмакратызаванага (у пэўным сэнсе) Вярхоўнага Савета вяртання сабе сітуацыі несвабоды. І хаця над стотысячным натоўпам сям-там луналі бел-чырвона-белыя сцягі, і ў прамовах выступоўцаў паміж патрабаваннямі падвышэння зарплаты і зніжэння цэн чуліся палітычныя заклікі да адстаўкі ўрада (між іншым, у нейкай меры таксама прызначанага праз дэмакратычныя працэдуры), і хапала слоў пра свабоду і дэмакратыю, але насамрэч гэта быў магутны пратэст супраць перабудовы, рэформаў, блізкага развалу Савецкага Саюза, ліквідацыі сацыялізму і ўсталявання дэмакратыі, пратэст, які беларуская Вандэя тады яшчэ не магла (ці пакуль не адважвалася) адэкватна сфармуляваць. Але міне некалькі гадоў, і наша сацыяльная правінцыя сфармулюе свае патрабаванні ў адэкватных формулах, калі на выбарах прэзідэнта аддасць свае галасы не Шушкевічу, а Лукашэнку, калі на рэферэндумах прагаласуе супраць роднай мовы, нацыянальнай сімволікі, незалежнасці і нават супраць таго, каб самім свабодна выбіраць сабе мясцовую ўладу.

Але я не маю намеру, як магло падацца з папярэдняга, нагружаць метафару Вандэі негатыўнымі значэннямі (менавіта ў негатыўным значэнні аднавіў яе на Беларусі Алесь Адамовіч у пару перабудовы). Бо памкненне сацыяльнай правінцыі да несвабоды кажа не пра ўласна несвабоду, а пра тое, што каштоўнасці гэтых людзей палягаюць на нечым іншым.

Шматкроць і недвухсэнсоўна выказаны пратэст беларускай сацыяльнай правінцыі супраць шматлікіх спроб навязаць ёй паўз яе волю палітычныя, грамадскія і эканамічныя свабоды пераканаўча сведчыць, што яна выразна ўсведамляе: гэта не яе свабоды і яны не для яе, а для некага іншага, і таму ёй гэтыя свабоды для іншага не сёння, дык заўтра, але напэўна вылезуць бокам.

Не думаю, што наша сацыяльная правінцыя моцна памылялася тады і памыляецца цяпер. Бо няма ў прыродзе ніякай абстрактнай свабоды, нейкай адной свабоды для ўсіх. Кожная свабода — гэта свабода для некага. Свабода, як зубная шчотка, рэч надзвычай канкрэтная і ў кожнага свая. Крот у нары не менш свабодны за ластаўку ў небе. Проста ў іх розныя кшталты і гарызонты свабоды. І калі крата ўхапіць за карак і шпурлянуць у неба, то ён пэўна будзе мець рацыю, калі палічыць гэта за гвалт, а не за дараваную яму свабоду трохі палётаць.

Свабода слова, свабода друку для мяне як літаратара — гэта не абстракцыя, а такая ж канкрэтная прылада працы, як асадка і аркуш паперы, за якую мне мае сэнс змагацца, бо без магчымасці нязмушана выказваць свае думкі я не здолею паўнавартасна рэалізаваць сябе ў сваёй дзейнасці, а з гэтага як бы не дажыву наканаваны мне век. І таму той, хто адымае ў мяне свабоду слова, адымае ў мяне не нешта абстрактнае, а крадзе ў мяне маё, забірае ў мяне частку мяне самога. З гэтага зусім натуральна будзе, калі я крыкну яму: “Злодзей!..”

Але калі нехта забірае ў мяне мае каштоўнасці ў выглядзе свабоды друку, то адсюль зусім не вынікае, што гэтым ён абірае і ўсіх астатніх. Бо якую каштоўнасць могуць уяўляць свабода слова, свабода друку, скажам, маім бацькам, якія за ўсё сваё дарослае жыццё, бадай, не прачыталі ніводнай кніжкі, ніколі не гарталі газет (за выключэннем хіба тых выпадкаў, калі там друкаваліся тэксты іх сына з фотаздымкам), а па тэлевізары глядзелі ўсё, што заўгодна, акрамя інфармацыйных і палітычных перадач? Дык што ім да таго, ёсць там нейкая свабода слова ці яе няма, забараняюць выдаваць нейкія газеты ці не. Вось калі б па вясне забаранілі бульбу садзіць, а перад калядамі калоць парсюка — тады іншая рэч. З газет і парламента сытым не будзеш, а з бульбы ды парсюка сам пражывеш, дзяцей выгадуеш і на ўнукаў яшчэ ўспееш пацешыцца.

Адсюль іхні недавер да ўсялякіх свабод, што разумнікі ў сталіцах выдумляюць, бо не бачна з тых свабод ніякай карысці чалавеку, які жыве з мазаля. Пэўна, разумнікам з іх свабод і станецца нейкая выгода, а для паспалітага люду пры любой уладзе адна свабода: жыццё паміж хлявом і полем дарэшты стаптаць (гарадскі варыянт: паміж заводам і аўтобусным прыпынкам).

Зразумела, што стаптаць сваё жыццё паміж хлявом і полем і стаптаць яго на аркушы паперы — гэта два розныя лады жыцця, якія абапіраюцца на канцэптуальна розныя каштоўнасці. У першым выпадку на анталагічныя каштоўнасці быцця, дзе дамінуюць забеспячэнне самога сябе існаваннем, а чалавецтва — працягам твайго роду, у другім — на экзістэнцыйныя, дзе вядуць рэй праблема выбару ў рэалізацыі патэнцыялу індывідуальнага “я”.

Быццё не ведае катэгорыі свабоды (свабода ёсць выключна катэгорыяй экзістэнцыі). Таму сацыяльная правінцыя ў сваёй арыентацыі на анталагічныя каштоўнасці, якія толькі і забяспечваюць чалавека быццём, выбірае сабе несвабоду, а свабоду пакідае сацыяльнай сталіцы як месцу, дзе акумулююцца экзістэнцыйна актыўныя суб’екты.

Менавіта высілкамі экзістэнцыйна заклапочаных, якія імкнуцца да пошуку і выяўлення межаў уласнага “я”, катэгорыя свабоды і набыла тое значэнне, якое яна сёння мае, але прыгожы вобраз якога зусім не падобны на яго сутнасць. Ідэалізуючы катэгорыю свабоды, нагружаючы яе значэннем абсалютнай каштоўнасці, апантаныя праблемамі ўласнай экзістэнцыі, па-расейску кажучы, “лукавят”. Нічога асабліва прыгожага і гуманнага ў свабодзе няма, прынамсі, няма там гэтага больш, чым у несвабодзе. Шматлікія свабоды — гэта тыя ж “правы” больш моцных, больш актыўных, больш разумных, больш прагавітых выяўляць сваю ўладу над менш моцнымі, менш разумнымі, менш прагавітымі, — толькі ўжо не самачынным гвалтам, а пад абаронай канстытуцыі і дэкларацыі аб правах.

Увогуле, трэба досыць выразна ўсведамляць, што свабода — гэта ўсяго толькі адна з форм выяўлення волі да ўлады. Як толькі недзе завялася прага свабоды, то значыць там нехта ці нешта добра набрыняла ўладным патэнцыялам. Вялікая французская рэвалюцыя, якая сфармулявала знакамітую трыяду “Свабода. Равенства. Братэрства”, сваім крывавым фактам засведчыла не надыход эпохі свабоды, а пераход улады ад арыстакратыі да нацыянальнай буржуазіі. І гэта тычыцца не толькі палітычнай, але і кожнай іншай свабоды. Пакуль Гутэнберг не выдумаў друкарскі варштат, нікому нават да галавы не было казаць пра нейкую там свабоду пісьма. Але як толькі гэты варштат даў магчымасць далучыцца да вырабу слоў сотням, тысячам разумных, актыўных, прагных, то яны адразу запатрабавалі сабе свабоды, каб мець канстытуцыяй гарантаваную магчымасць рэалізаваць сваю волю да ўлады над чытачом… І ўрэшце яны яе атрымалі: у ХХ стагоддзі прэса рэальна стала чацвёртай уладай, хаця гэтая ўлада пакуль што яшчэ і застаецца юрыдычна не аформленай.

І калі на Беларусі пасля распаду СССР з розных бакоў пачалі гучаць патрабаванні тых ці іншых свабод, то гэта найперш азначала, што ў нашай сацыяльнай сталіцы выспела значная колькасць экзістэнцыйна заклапочаных асоб, якія ўжо прагнуць рэалізаваць сваю волю да ўлады праз свабоду слова, свабоду друку, свабоду палітычных і грамадзянскіх арганізацый ды ўсялякія іншыя свабоды. Шкада толькі, што гэткіх асоб пакуль замала, каб яны маглі злучыцца ў цэлыя сацыяльныя страты, якія адсунуць сацыяльную правінцыю ад сацыяльнай сталіцы на належнае ёй месца — у “Вандэю”. Бо Беларусь толькі тады рэальна стане суб’ектам гісторыі, калі сама ператворыцца ў аб’ект рэалізацыі экзістэнцыйных памкненняў тых, хто прагне свабоды Беларусі як рэалізацыі ўласнай волі да ўлады. Але, імкнучыся наяве здзейсніць гэтыя собскія памкненні, наўрад ці мае сэнс наракаць на сацыяльную правінцыю, якая затулілася ў сваю несвабоду і турбуецца адно пра тое, каб у пару забуяла бульба ды не спазніліся завезці дровы на зіму.

У сацыяльнай правінцыі і сацыяльнай сталіцы розныя меры адказнасці. Першая адказвае за быццё ў яго анталагічнай цэласнасці, а другая — толькі за ўласную экзістэнцыю, што прагне выразніцца праз розныя свабоды як найбольш эфектыўныя і цывілізаваныя формы выяўлення волі да ўлады. І сярод іх — праз нацыянальна зарыентаваныя формы (да прыкладу, праз ідэю Адраджэння, якая гэтак шырока была заманіфеставаная на Беларусі ў першай палове дзевяностых гадоў).

3. Ідэя Адраджэння

Незалежнасць Беларусі была аб’яўлена 25 жніўня 1991 года. Тую пару варта згадваць па днях і нават гадзінах, але падрабязны роспіс падзей аніяк не стасуецца з абраным тут фарматам. Мусім адно заўважыць, што апошнія два-тры гады, якія папярэднічалі з’яўленню Рэспублікі Беларусь, былі з дня ў дзень роўнавялікімі святу Незалежнасці.

Усё пачалося, як вядома, з “гарбачоўскай перабудовы”, дакладней з павальнага і нястомнага чытання “прагрэсіўных” газет і часопісаў, што паўсталі на тле задэклараванай Гарбачовым свабоды слова.

Некалькі гадоў татальнага і добраахвотнага лікбезу столькі ўсяго перайначылі ў галовах людзей, што яны пакрысе пачалі перасоўвацца з дыскусійных кухняў на вуліцы ды пляцы і тым распачалі пару “вулічнай (ці мітынговай) дэмакратыі”. Ужо ў 1989 годзе даволі часта здаралася, што ў той самы дзень і час, але ў розных месцах Мінска адразу роілася некалькі мітынгаў. Неўзабаве мітынговая эпідэмія распаўсюдзілася на абласныя цэнтры, а затым і на многія мястэчкі. Адно толькі вёска не ладзіла палітычных сходаў, аднак гэта не азначала, што вёска не мітынгавала на прызбах, лаўках, за чаркай і за сваркай.

Потым, асабліва пасля першага “Чарнобыльскага шляху”, буйным мітынгам сталі папярэднічаць шматтысячныя шэсці пад бел-чырвона-белымі сцягамі. І гэта было файна!

Краіна бурапеніла. Дакладней, бурапеніў увесь еўразійскі свет, і мы разам з ім. Антыкамуністычны шал энергетычна быў настолькі магутным, што на сваім шляху амаль вокамгненна (як для гісторыі) трушчыў і ніштожыў самыя трывалыя палітычныя збудаванні ды канструкцыі. Але досыць хутка ўвідавочнілася, што сам антыкамунізм не ёсць альтэрнатывай камунізму, што гэтую альтэрнатыву яшчэ трэба вынайсці і сфармуляваць. Тады ў пераможную апазіцыю і была закааптаваная дэмакратыя, чаго, зрэшты, і не выпадала ўнікнуць, бо ў глабальным сэнсе “краіны дэмакратыі” ўжо досыць даўно выступалі ў супраціў камуністычнаму блоку і добра прыклалі руку да заняпаду “імперыі зла”.

Таму далей усе палітычныя падзеі будуць разгортвацца амаль выключна ў формах дэмакратычнай атрыбутыкі і рыторыкі. Але і толькі. Бо сапраўдную палітычную сутву часу выявіць нешта зусім іншае. А менавіта, пад “дымавой завесай” дэмакратычных перамен на стратэгічныя пазіцыі высоўваўся нацыяналізм. І хаця ўсе тыя краіны, што наноў аб’яўлялі пра сваю незалежнасць (ад Венгрыі да Манголіі) ці прагалошвалі яе ўпершыню (як Малдова), спяшаліся наперад усяго заявіць пра свой дэмакратычны выбар, аднак насамрэч яны перадусім выбіралі для сябе нацыяналізм і менавіта на ягоным грунце будавалі свае дзяржаўныя ўтварэнні, дзе атрыбуты дэмакратыі выконвалі пераважна адно фармальныя функцыі альбо ўвогуле былі ўсяго толькі вітрынай.

А цяпер збочым ад праблем татальнага рэваншу нацыяналізму ў адзін з ягоных абсягаў, найбольш істотны для нашай гаворкі. Паперад усяго звернем увагу, што тыя дзяржавы, якія сфармаваліся на фрагментах распалага СССР, узялі сабе за аснову моўна-этнічную нацыянальную мадэль. Гэтак сталася нават там, дзе этнічна карэннае насельніцтва не пераважала (ці пераважала нязначна) у агуле насельніцтва краіны. Як і там, дзе ў значнай колькасці прысутнічалі прадстаўнікі самых розных нацыянальнасцей. У першым выпадку перадусім маецца на ўвазе Латвія і Эстонія, у другім — Казахстан.

Чаму так атрымалася, адказаць зусім не проста. Верагодна адной з прычын (хай сабе і не асноўнай) было тое, што за камуністамі тэорыяй нацыяналізму публічна было забаронена займацца, калі такім заняткам не лічыць бязлітасную прапагандысцкую крытыку нацыяналізму як такога. Таму для тых лідэраў, якія прыйшлі ў палітыку на “хвалях перабудовы”, бадай нават не да галавы было, што акрамя моўна-этнічнага ёсць яшчэ нейкія іншыя спосабы нацыянальнага ўладкавання. Пэўна, істотную ролю ў гэтым выбары адыграў і той факт, што ў першай чвэрці дваццатага стагоддзя многія з будучых савецкіх рэспублік спрабавалі стварыць свае незалежныя дзяржавы ў прасторы “этнаграфічных межаў” і цяпер механічна працягвалі раней запачаткаваную традыцыю. А да ўсяго гэтага, безумоўна, дадалося і тое, што на Еўрапейскім кантыненце гэтая мадэль дасюль застаецца найбольш пашыранай, і калі хоць дзе вядзецца гаворка пра нацыянальную дзяржаву, то амаль заўсёды на ўвазе маецца дзяржава, дзе дамінуе тытульная нацыя з усімі сваімі асноўнымі атрыбутамі (мовай, гісторыяй, традыцыяй, культурай…).

Натуральна, можна і далей расшукваць тыя падставы і прычыны, што паўплывалі на “адзінадушны” выбар, але нам тут істотна іншае, а менавіта, што Беларусь у сваім выбары таксама ўхапілася за агульную тэндэнцыю, нават не парупіўшыся пра сістэмны аналіз уласнага “моўна-этнічнага” патэнцыялу. Але асноўную гаворку на гэтую тэму мы распачнем крыху пазней, а пакуль звернем увагу на ідэю Адраджэння, якой і была падрыхтаваная практычная рэалізацыя моўна-этнаграфічнай мадэлі.

Як быццам палягае навідавоку, што ідэя нацыянальнага Адраджэння (гэтаксама і Народнага фронту) запазычаная ў “прыбалтаў”, якія раней за іншых сталі на сепаратны шлях і шмат чаго ўжо паспелі сфармуляваць да таго моманту, калі нацыянальны рух на Беларусі набыў хоць нейкую моц. І гэта сапраўды так было. Разам з тым будзем усведамляць, што як толькі палітычны акцэнт перастварэнняў перасунуўся з антыкамунізму на этнакультурную традыцыю, то ва ўмовах Беларусі ідэю Адраджэння нельга было абмінуць незалежна ад таго, існавала яна ўжо недзе, ці яе трэба было вынайсці самім беларусам. Рэч у тым, што на тую пару супольнымі намаганнямі камунізму і расейскага нацыяналізму ўсё ўласна нацыянальнае на Беларусі было вынішчана амаль ушчэнт. І таму ў сітуацыі вышэй згаданага выбару не прадбачылася іншага выйсця, акрамя як пачаць інтэнсіўнае і адначасна карпатлівае ўзнаўленне, адраджэнне, рэканструяванне наўсцяж зніклага, каб адсланіць ад сябе пустату абрысамі і пазнакамі былога…

Праўда, апошні мой выраз пра завесу з гістарычных сімулякраў патрабуе ўдакладнення, бо ён з сённяшняга досведу, а тады, здаецца, амаль усе былі поўныя веры, што былое можна наноў уцялесніць, узнавіць у статусе рэальна прысутнага, матэрыялізаваць гэтаксама, як у сучасным матэрыялізуецца будучае. І ўжо пасля таго, як усё гэта здарыцца, адбудзецца, на адноўленым падмурку майстраваць новы Беларускі Дом.

На гэтую справу, справу Адраджэння, разам падхапіліся многія і многія — і з розных бакоў. Тут былі і калектыўныя “ветэраны” нацыянальнага руху (“Майстроўня”, “Талака”, “Бабілон”…), і толькі паўсталыя аб’яднанні, рухі, партыі (“Тутэйшыя”, “Мартыралог Беларусі”, Таварыства беларускай мовы, Беларускі народны фронт, Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада і мноства ўсяго іншага, што ў сталіцы, што ў правінцыі). Да таго ж яшчэ напярэдадні Незалежнасці (а тым болей потым) бальшыня дзяржаўных СМІ (улучна з тэлебачаннем) з ахвотай і сімпатыяй стала ўзнаўляць раней забароненыя для публічнай агалоскі падзеі, справы і постаці з неверагодна багатай гісторыі Беларусі. Што ўжо казаць пра незалежніцкія і дэмакратычныя газеты, часопісы, кнігі, суполкі і супольнасці, якія, здаецца, толькі тым і займаліся, што без стомы гарталі старонкі мінулага, каб увідавочніць наяўнасць сапраўдных нацыянальных каштоўнасцей і сярод іх як найвялікую — саму беларускую нацыю.

Мы не шмат перабольшым, калі скажам, што ў тую пару заангажаваныя Беларуссю беларусы пераважна жылі не ў сучасным, а ў прамінулым. Постаці Вітаўта, Сапегі, Касцюшкі… зрабіліся для “свядомых” больш блізкімі і больш пазнавальнымі за постаці суседзяў па лесвічнай пляцоўцы, абрэвіятура ВКЛ сталася паролем для ўсіх “сваіх”, а вокліч “Жыве Беларусь” — агульнанацыянальным кодам, які адчыняў усе дзверы ў культуру і палітыку. З гэтай апантанасці гісторыяй мы нават трохі пераблыталі эпохі, што мела сур’ёзныя наступствы, бо ў такім кантэксце архаічная напрыканцы ХХ стагоддзя ідэя нацыянальна-этнаграфічнай дзяржавы ўспрымалася намі за цалкам рэальную для фармалізацыі ў наяўным.

Як ужо казалася, нацыянальнае рушэнне мела безліч персанальных і калектыўных суб’ектаў, але досыць хутка наперад усяго (і лічы безальтэрнатыўна) вылузнуўся Беларускі народны фронт. У палітычным лідэрстве Народнага фронту галоўная заслуга, што бясспрэчна, Зянона Пазняка. Ён, ачолеўшы нацыянальна-дэмакратычны рух, які фармаваўся літаральна на маршы, паспяхова скарыстаўся плёнам расейскай перабудовачнай публіцыстыкі, прыбалтыйскіх народных франтоў, заходняй прапаганды і дыпламатыі, інтэлектуальным наробкам і палітычнай энергіяй уласнай дэмакратычнай і ліберальна настроенай інтэлігенцыі. Зянон Пазняк гэткім адмысловым чынам выкруціў тагачасную палітычную сітуацыю на Беларусі, што кожны, хто прагнуў перамен, іншага ладу жыцця ці хаця б проста быў незадаволены тым, што мае, хоцькі-няхоцькі мусіў станавіцца пад бел-чырвона-белы сцяг. БНФ татальна завалодаў палітычнай ініцыятывай. Справа даходзіла да парадаксальнага. Над стотысячным натоўпам рабочых, якія колькі там дзён запар прыходзілі на плошчу Незалежнасці з трывогі за развал Савецкага Саюза, разгул дэмакратыі і падвышэнне цэн, луналі бел-чырвона-белыя сцягі…

Калі б слова “геній” я быў схільны дастасоўваць хоць да якога палітыка, то наважыўся б прызнаць, што ў тую пару Зянон Пазняк быў геніяльным палітыкам, бо скарыстаўся з сітуацыі значна больш, чым яна насамрэч мела ў сабе для нацыянал-дэмакратычнага руху. Але адсюль, з гэтага завышанага сітуацыйнага поспеху, вымкнулі і будучыя праблемы БНФ, бо рэальна сацыякультурная сітуацыя на Беларусі не мела таго патэнцыялу, які мог бы падтрымліваць гэты рух у заяўленым на пачатку маштабе.

Фігура Зянона Пазняка настолькі значная для той бурапеннай пары (і ці толькі для той?), што я не магу пазбавіцца ад спакусы невялікага расповеду пра ўласную эвалюцыю разумення гэтай асобы і стаўлення да яе.

У кожнага з нас, нацыянальна заангажаваных, быў свой “раман” з Пазняком. Дарэчы, шмат у каго ён цягнецца і дагэтуль. Таму я тут не выключэнне (хаця мне нават не давялося быць ягоным знаёмцам). І як у кожным рамане, у маім было ўсё: і першае захапленне, і сляпое каханне, і нянавісць, і здрада.

Упершыню я пабачыў Зянона Пазняка, калі ўскараскаўся на плечы сябра, выдатнага паэта Леаніда Дранько-Майсюка. Было тое ў 1988 годзе на Дзяды каля наўмысна зачыненай брамы на Маскоўскія могілкі. Шыхты міліцыянтаў і амапаўцаў з усіх бакоў сціскалі натоўп будучых нацыяналістаў, каб людзі падушылі самі сябе. Было па-сапраўднаму страшна і карцела як-небудзь уцячы адсюль. Ад страху ды нянавісці народ выенчваў кагадзе дадзенае Алесем Адамовічам азначэнне Беларусі: “Ван-дэ-я, Ван-дэ-я!” (Зрэдчас гучала і больш зразумелае для ўсіх беларусаў: “Фа-шыс-ты, фа-шыс-ты!..”). І тут скразняком пранеслася: “Цішэй, цішэй, Пазняк гаворыць…” Тады я і папрасіўся ў сябра залезці яму на плечы, каб пабачыць чалавека, які, толькі што вырваўшыся з міліцэйскага палону, не ўцёк дахаты, а дабрахоць вярнуўся ў самую гушчыню скрай небяспечных яму падзей…

У нейкі момант народ усё-ткі прарваў шчыльную аблогу раз’ятраных супрацівам ахоўнікаў парадку. Пакуль мы з сябрам азіраліся на волі, ушчыльную да нас прабег падлетак і паведаміў шэптам: “Ідзем на Курапаты”.

Калона недзе з дзвюх тысяч чалавек выцягнулася па прасёлку ўзбоч кальцавой дарогі, а на самой кальцавой сінхронна і роўнавяліка рухалася калона з машын, дзе былі і закратаваныя вязніцы на колах, і “вадамёты”, і аўтобусы, бітма набітыя міліцыянтамі, амапаўцамі, вайскоўцамі.

Досыць хутка кіраўніцтва карнай аперацыяй, напэўна, пераканалася, што людзі ідуць на Курапаты — і тады механізаваная калона набрала хуткасць ды знікла, каб перагарадзіць дарогу “нефармалам” (пакуль яшчэ гэтак называлі будучых “бээнэфаўцаў” і нацыяналістаў) на падыходзе да месца схарону ахвяр сталінскага тэрору… І тут Пазняк, акрамя мужнасці, прадэманстраваў і не абы-якія якасці стратэга. На першай выспе ён запыніў людзей, папрасіў сабрацца гуртам, апусціцца ўпрысядкі (каб было добра відаць выступоўцаў) і спакойна правесці мітынг.

Чырвонае сонца хілілася долу. З чыстага сіняга неба зрэдчас зляталі сняжынкі. Стаяла напятая цішыня. Свет знерухомеў, і ў гэтым нерухомым свеце на голай выспе прыселая сціжма людзей слухала Пазняка, які ўзвышаўся над усімі, як помнік самому сабе.

Мы быццам вярнуліся ў біблейную пару, падумалася мне. І гэта не Пазняк, а прарок Майсей заклікае народ Ізраіля пабрацца з мужнасцю…

Але хутка нам ужо было не да містычных аналогій, бо раптам здалёк пачуўся мерны тупат. Я азірнуўся — зверху на нас рухалася чорная сцяна (суцэльны чорны акрас карнікаў быў ад святла нізкага сонца насупраць). І тады мной апанавала відушча — у адначассе я зразумеў, што пакуль мы не раструшчым гэтую чорную сцяну ў друз і пыл, датуль не мецьме людскага жыцця.

Сцяна наблізілася ўшчыльную і пачала ссоўваць народ з выспы. Пазняк заклікаў да спакою, аднак шмат хто запанікаваў і кінуўся бегчы ў бок падлеску наўзбоч кальцавой дарогі.

Яшчэ ніхто не дабег, як з кустоўя выскачылі вайскоўцы (і калі яны паспелі туды схавацца?!) ды пачалі біць і валіць уцекачоў на падмерзлую глебу (і жанчын — на маіх вачах)…

Потым, калі супраціў уладам выявіцца сістэмна і ўцякаць ад амапаўскіх дручкоў станецца гэтаксама звыкла, як хавацца ад дажджу, той уласны страх і тое захапленне мужнасцю іншага будуць падавацца трохі наіўнымі… Але тое будзе потым, калі шмат чаго перайначыцца і ў самім часе, і ў кожным з нас.

Перамены ў маім стаўленні да Зянона Пазняка выспелі спакваля. Спачатку не на добры лад уразіла, што падчас сваіх публічных прамоў ён зашмат “акцёрстваваў”, раз-пораз карыстаючыся рытарычнымі прыёмамі, вынайдзенымі схаластамі яшчэ ў антычнай Грэцыі. (З гэтага атрымлівалася, што Пазняк казаў праўду так, быццам хлусіў, а ягоны апанент Лукашэнка, які пра рыторыку нічога не ведаў, хлусіў так, быццам казаў праўду.) Пазней пачалі засмучаць сваёй прымітыўнасцю і аднастайнасцю не вартыя палітыка нацыянальнага маштабу антыкамунізм і антырасейскасць. А яшчэ праз нейкі час сфармавалася разуменне, што узурпацыя Пазняком (праз БНФ) нацыянальнай ідэі нясе пагрозу самой нацыянальнай ідэі, аб чым сведчыла хаця б тое, што ў “народзе” ўжо неўзабаве пасля афармлення шырокага нацыянальнага руху бел-чырвона-белы сцяг, “Пагоню” і нават саму беларускую мову пачалі называць “бээнэфаўскімі”…

У майго любімага барда Віктара Шалкевіча ёсць вядомая песня “Таварыш Сапега” — там Лукашэнку ноччу трызніцца “злавешчая цень Пазняка”. Дык вось, аднойчы настаў момант, калі я з усёй вастрынёй адчуў, што “злавешчая цень Пазняка” навісла не столькі над Лукашэнкам, колькі над усёй Беларуссю, і найперш — над Беларуссю нацыянальнай.

Гэтай жорсткай метафарай я не маю намеру ні пакрыўдзіць, ні абразіць, ні, тым болей, прынізіць Зянона Пазняка і яго выключную ролю ў фармаванні сучаснага нацыянальнага дыскурса. Пэўна, з глыбокай павагі да яго (хаця і не пазбаўленай антаганізму да некаторых з тых метадаў і мэт, якіх ён упарта трымаецца па сёння) я не павінен быў карыстацца гэтай метафарай, прынамсі, публічна. І не надта хачу гэтага рабіць. Аднак я змусіў сябе, бо ў гэтым перакуленым паэтычным тропе мне выразна чуецца непадманная характарыстыка сітуацыі…

І апошняе, што да “праблемы Пазняка”. Я зусім не містык, і трансцэндэнтныя аргументы ды высновы не з майго арсенала. Але тут я гатовы схібіць перад сабой, каб заўважыць, што як гісторыя віду, так і гісторыя папуляцыі палітыкаў аднолькава дэманструюць падваенне (ці шматразовае павелічэнне) саміх сябе дзеля падвышэння запасу трывучасці на выпадак самых розных абставін. Так было і ў нашай сітуацыі. Для эпохі радыкальнага пералому на Беларусі гісторыя падрыхтавала двух конгеніяльных палітыкаў: Зянона Пазняка і Аляксандра Лукашэнку. Калі б Беларусь (як Латвія ці Эстонія) у пераважнай сваёй бальшыні выявіла схільнасць да нацыяналізму, то ўладу ў краіне ачоліў бы Зянон Пазняк. Пры іншай хадзе падзей (пры шырокім астракізме моўна-этнаграфічнай мадэлі дзяржаўнага ўладкавання) у запасе чакаў (не лішне доўга) Аляксандр Лукашэнка. Але і ў першым, і ў другім выпадку мы, у канцэптуальным плане, мелі б прыкладна адно і тое самае. Хіба толькі цяперашнія героі ўлады памяняліся б месцамі з цяперашнімі яе ахвярамі.

Згадаўшы Зянона Пазняка, ніяк не выпадае абмінуць хоць якім слоўкам ягонае alter ego — Аляксандра Лукашэнку, першага прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Неяк, калі адзін і другі былі яшчэ толькі дэпутатамі Вярхоўнага Савета і не надта варагавалі міжсобку, пры абмеркаванні нейкай канцэптуальнай праграмы, зачытанай Пазняком, Лукашэнка з трыбуны заявіў, што гэта выдатная праграма, але для яе патрэбны зусім іншы народ.

Цалкам слушна казаў будучы першы прэзідэнт Беларусі. Усе праграмы нацыянал-дэмакратаў мелі за адрасата хутчэй іншапланецян, чым паспалітых беларусаў, якія ў сваёй бальшыні не жадалі ніякіх радыкальных перамен, акрамя хіба адной — памяняць вэрхал і розрух, якія з “развалам Саюза” запанавалі ва ўсіх сферах жыцця, на тыя стабільнасць і пэўнасць, што яны зазналі раней.

Кардынальная розніца паміж Пазняком і Лукашэнкам палягала на тым, што Пазняк абяцаў беларусам тое, чаго яны ніколі пры сваім жыцці не мелі, а Лукашэнка хваліўся вярнуць ім тое, што яны ўжо мелі і што ў насталым бязладдзі выдавала на сапраўднае шчасце.

Натуральна, абачлівыя да цацанак-абяцанак беларусы ўхапіліся за сініцу і абралі Аляксандра Лукашэнку на ўладу*.


* Амаль пра тое самае кажа і Васіль Быкаў у кнізе ўспамінаў “Доўгая дарога дадому”: “Беларускі народ у сваёй масе напрыканцы ХХ стагоддзя меў клопат не так з праблемай адраджэння, як з праблемай выжывання. Хоць як-небудзь, хоць з бальшавіцкім рылам, але каб не ператварыцца ў мерцвяка, што ўвогуле было рэальна. Па сутнасці ішоў працэс памірання (ва ўсіх сэнсах), і важна было клапаціцца, як затрымацца на краі пагібелі, а не дбаць пра колішнюю веліч часоў Вялікага княства Літоўскага. Народ тое адчуў інстынктыўна і таму на першых прэзідэнцкіх выбарах у масе сваёй не пайшоў за Пазняком і Беларускім народным фронтам з іх віртуальным нацыянал-дэмакратызмам, архаізацыяй і без таго не надта палагоджанай мовы, чым сталася, на думку некаторых, вяртанне да граматыкі Тарашкевіча. З часоў Тарашкевіча шмат што змянілася ў свеце, у тым ліку і ў беларускай мове, з чым прагматычнаму палітыку немагчыма было не лічыцца. Народ пайшоў за жорсткім, напірыстым, прагматычным дырэктарам саўгаса, ідэі якога былі простыя, як мычанне каровы і зразумелыя дарэшты.

Без увагі да нацыянальных прынцыпаў Лукашэнка кінуўся да Расеі, найперш каб выбіць адтуль асабістую падтрымку, а таксама хлеб, бензін, газ, без якіх немагчыма было не толькі “адраджацца”, але і перажыць зіму да вясны. Вядома ж, разумнейшыя адчувалі, што ён адбіраў у Беларусі суверэнітэт, будучыню і пазбаўляў дэмакратыі. Але што карысці з дэмакратыі, калі плакалі галодныя дзеці? Несумненна, будучы дэмакратамі, лідэры БНФ не зразумелі, што дэмакратыя — гэта не справядлівасць, а арыфметыка, што нацыянальную будучыню цяпер вырашаюць лічбы, а не ідэі, якія б разумныя яны не былі.

Пра высокія нацыянальныя ідэі мусіла дбаць нацыянальная эліта, нацыя ж дбала пра элементарную мэту — выжыць. Дужа сумніўна, што тае мэты мог дасягнуць нацыяналіст Пазняк, затое дамагчыся яе абяцаў прагматык Лукашэнка. Тое, што ягоныя метады па сутнасці дэмагагічныя, тады мала хто ведаў”.


 

4. Мова (Знак бяды)

Калі ў мяне атрымлівалася завітаць у мястэчка Свіслач, дзе я нарадзіўся і асталеў, то нябожчык бацька зазвычай сустракаў мяне словамі: “Беларус прыехаў”. Ён не казаў: “сын”, “пісьменнік”, “мянчук”, урэшце — “валацуга”. Усё астатняе не было для яго вартай увагі адметнасцю, раўнуючы з тым, што я — “беларус”.

З гэтага вітання я трохі злаваўся і часам мне карцела запытацца:

— А вы што, бацька, з неба зваліліся? Ці ж не такі вы самы беларус, як і я?

Але не пытаўся, паколькі разумеў: бацька мае рацыю. Бо з даўніх давён так павялося, што азначэнне “беларус” у нас найперш адсылае да экзістэнцыйнага выбару чалавека, яго ідэалагічнай заангажаванасці, палітычнай залежнасці, свядома абранай экзатычнай мовы і з гэтага — да адметнага спосабу мыслення і ладу жыцця, а толькі потым да нацыянальнай кадыфікацыі, якая сама з сябе ні пра што не кажа.

Быць беларусам на Беларусі — гэта выключыць сябе з нормы і паўз уласную хэнць быць для некага месіянерам новай веры, для кагосьці варожым прыблудай, а для ўсіх астатніх — ат, такім сабе блазнам. Нават сам зварот да беларускага слова на Беларусі ёсць ні чым іншым, як грамадзянскім учынкам (і яшчэ — эстэтычным актам).

Ва ўсім свеце чалавек, размаўляючы на роднай мове, проста размаўляе. У нас зусім інакш. Кожны раз, калі на людзях мы прамаўляем па-беларуску, то не проста сумовімся, а як бы ладзім грамадзянскую акцыю ці мастацкі перформанс, паколькі ўвага ўсіх, хто выпадкова апынуўся побач, адразу засяроджваецца на нечаканым дзіве. Таму зусім не выключана, што ў нейкую, магчыма і не зусім аддаленую пару, каб размаўляць па-беларуску на людзях, трэба будзе браць дазвол у гарадскіх улад з адзнакай месца і часу, як сёння патрабуецца “заяўка” на палітычны пікет ці аматарскі канцэрт на вуліцы.

Уласна, быць беларусам — гэта штодня выконваць ролю беларуса ў бясконцым спектаклі без пачатку і канца… Гэта жыць і памерці на сцэне з родным словам на вуснах. Але і па смерці твая месіянерская доля не мусіць быць перапыненай і на помніку тваё імя і прозвішча абавязкова напішуць на матчынай мове.

Зыходзячы з гэткай сітуацыі, якая панавала спрэс на пачатку дзевяностых, паўсталы з “перабудовы” нацыянал-дэмакратычны рух наперад усяго высунуў праблему мовы. Зрэшты, гэта выглядала цалкам натуральным яшчэ і таму, што першыя ідэолагі Адраджэння за аснову нацыянальнага ўладкавання абралі “моўна-этнаграфічную” канцэпцыю, згодна з якой без вырашэння праблемы мовы не вырашалася нічога ўвогуле…

Даўно ў прамінулым засталася “беларусізацыя” 20—30-х гадоў ХХ стагоддзя, калі абеларушванне сацыяльна прывілеяваных слаёў краю было актуальнай дзяржаўнай палітыкай (сацыяльны под тады яшчэ сам па сабе быў стыхійна беларускім).

Тая “беларусізацыя” скончылася жахлівымі рэпрэсіямі над усімі героямі гэтай маштабнай акцыі, але татальна вынішчыць яе плён атрымалася толькі ў 60—70-я гады, калі пад аблудай глабальнай інтэрнацыяналізацыі адбывалася сістэмная і метадычная русіфікацыя нацыянальных рэспублік.

З шалёнай інтэнсіўнасцю (маўляў, бацькі просяць) беларускамоўныя школы іначыліся на расейскую мову навучання, тое самае рабілася ў вучэльнях, тэхнікумах, ВНУ, справаводстве, тапаніміцы, газетах, масавай культуры — спрэс, за выключэннем літаратуры.

Між іншым, у тую пару рэспублікай кіраваў Пётр Машэраў. Натуральна, за сваё шчыраванне ён атрымаў ухвалу ад маскоўскіх улад (і персанальна ад Мікіты Хрушчова). Але не толькі — ад уласнага народа таксама. Першая ўхвала цалкам зразумелая, а вось усенародная любоў беларусаў да таго, хто актыўна прычыніўся да справы сістэмнага вынішчэння беларушчыны, выглядае нейкім недарэчным парадоксам. Аднак насамрэч нічога парадаксальнага тут няма, хаця абыякавае, а падчас нават і варожае стаўленне беларусаў да ўласнай мовы не перастае здзіўляць каго заўгодна.

Каб адказаць на пытанне, чаму так сталася, чаму беларусы за камуністамі, у адрозненне, скажам, ад грузінаў, не рабілі ніякіх захадаў у абарону роднага слова, мы мусім згадаць, дзе і ў які час сфармавалася ўжо ўласна беларуская мова, а менавіта пару “нічыйнага мораку” (ХVІІІ — канец ХІХ стагоддзя), калі пазбаўленая каналаў улады і кніжнай (высокай) культуры беларуская вёска самахоць напрацоўвала сабе лінгвістычны канон, з якога потым вымкне і літаратурная мова.

Але для нашай аналітыкі істотны не лінгвістычны момант, а сацыяльны. Таму найперш звернем увагу, што беларуская мова (у адрозненне ад старабеларускай) паўстала і доўгі час функцыянавала выключна як плебейская мова сацыяльнага нізу. На ёй размаўлялі адно тыя паспалітыя (вяскоўцы, жыхары апошніх ускраін мястэчак і гарадоў), што жылі з мазаля і былі цалкам адлучаныя ад хоць якіх выгод прывілеяванага жыцця больш заможных груп і класаў. З чаго кожны асобны выпадак падвышэння сацыяльнага статусу селяніна ці наёмнага працаўніка перадусім патрабаваў замены ўласнай мовы на нейкую іншую. Адсюль і быў сфармаваны сацыяльны стэрэатып беларускай мовы як таго, што ў кожным разе трэба пераадолець (адрачыся), калі ты жадаеш сабе лепшай долі. І гэты стэрэатып не быў ідэалагічным сімулякрам — ён з дня ў дзень фармаваўся зусім канкрэтнымі праявамі штодзённага жыцця…

Пасля восьмага класа бацькі выправілі мяне з мястэчка ў няблізкі свет — паступаць у тэхнічную вучэльню аж пад Маскву. Праз два тыдні я вярнуўся дахаты без студэнцкага білета, але з неблагой расейскай гаворкай (на тую пару я ўжо ад пуза быў наеты расейскай літаратурай і ў расейскамоўным асяродку мая лінгвістычная інверсія адбылася без аніякіх высілкаў з майго боку). На бацькаўшчыне я хутчэй па інерцыі, хаця і не без пэўнага форсу, нейкі час працягваў размаўляць па-расейску. Ах, з якім захапленнем і зайздрасцю глядзелі на мяне сябрукі, якой глыбокай і шчаслівай радасцю свяціліся вочы бацькоў, калі яны слухалі маё “оконье”. І толькі праз шмат гадоў, ужо ў пару “перабудовы”, неяк згадаўшы тую сітуацыю, я зразумеў: прычынай захаплення і зайздрасці былі зусім не мае лінгвістычныя здольнасці, а здавён сфармаванае ўсведамленне, што ў чалавека, які лёгка развітваецца са сваёй мовай і гэтаксама лёгка набывае іншую, ужо ж напэўна,ёсць варыянты лепшай за беларускую долі…

Дарэчы, мая маці сталася самай прывілеяванай партніхай мястэчка не толькі са сваіх прафесійных здольнасцей, але і з лінгвістычных. Паколькі ўсё мясцовае начальства было з прысланых сюды пасля вайны расейцаў (ці добра абруселых беларусаў), то яна хуценька засвоіла расейскую мову і тым самым прыгарнула да сябе найбольш заможную кліентуру.

Адным словам, для ўжо ўласна беларусаў тутэйшая мова ад самага пачатку была тым ганебным, зневажальным таўром, якое кожны мусіў вытравіць (ці хаця б старанна прыхаваць), калі жадаў падвысіць свой сацыяльны статус.

Але гэтая сітуацыя для беларускай мовы, як пакажа час, была яшчэ не з самых горшых. Горшае мову чакала наперадзе, калі ў першай палове ХХ стагоддзя беларуская нацыянальная ідэя пацярпела шэраг глабальных параз (апошнюю — у трыццатыя гады), пасля чаго яе актыўных носьбітаў пачалі татальна рэпрэсаваць і вынішчаць. (Прыкладам, да апошняга чалавека быў знішчаны ўвесь даваенны мовазнаўчы атрад рэспублікі, які працаваў над пяцітомным “Тлумачальным слоўнікам беларускай мовы” — у жывых застаўся толькі адзін тэхнічны работнік.) Менавіта тады беларуская мова, якая раней была толькі знакам сацыяльнага аўтсайдэрства, сталася для калектыўнай беларускай свядомасці яшчэ і знакам бяды. Бяды рэальнай, блізкай, смяротнай для кожнага публічнага адэпта роднай мовы. У самым лепшым выпадку зацятых карыстальнікаў матчынага слова чакалі занядбанасць і нішчымніца, у горшым — эміграцыя, Сібір ці Курапаты (як закатаваных там тысяч “нацдэмаў”).

А цяпер мы можам вярнуцца да “феномена” партызанскага кіраўніка “партызанскай рэспублікі”. Пётр Машэраў стаўся нацыянальным героем з розных падстаў, але яшчэ (а, можа, і перадусім) таму, што, лакалізаваўшы нацыянальнае красамоўства вузкім пісьменніцкім асяродкам, ён насамрэч загнаў у рэзервацыю не беларускую мову, а беларускую бяду, якая палягала на гэтай мове. І калі старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь Станіслаў Шушкевіч паспрабаваў вызваліць мову з рэзервацыі, яго хуценька адлучылі ад ганаровай пасады. Паспаліты беларус, калі не розумам ведаў, то нутром прадчуваў, што як толькі кіраўнік беларускай дзяржавы пачне размаўляць на мове бяды, то неўзабаве ўсёй краінай гора не абярэшся.

Праўда, на пачатку 90-х з прычыны краху рэпрэсіўнай імперыі страх перад беларускай мовай як падставай жорсткіх і татальных рэпрэсій на нейкі момант змінімізаваўся, што і стварыла ўмовы для разгортвання шырокага адраджэнскага руху і нават легалізацыі беларускай мовы ў якасці адзінай дзяржаўнай. Але як неўзабаве высветлілася, гэта быў не сістэмны, а толькі сітуацыйны пералом. Бо вельмі хутка свядомыя носьбіты беларускага слова зноў зазнаюць здавён звыклыя рэпрэсіі, ганьбу, эміграцыю і сваімі драматычнымі лёсамі адновяць калектыўны страх перад беларускай мовай як мовай бяды.

Будзем карэктнымі, цяпер сітуацыя значна рознілася ад ранейшай, прынамсі, за мову ўжо не катавалі, а тым болей не расстрэльвалі на жоўтым пясочку. Аднак, за выняткам скрайнасцей, сутнасна нічога не змянілася. З аднаго боку, насцярожанае стаўленне да мовы паспалітых мас і Улады, з другога — самаахвярнае служэнне роднаму слову тых, хто сэрцам адгукнуўся на яго змораны покліч. Дарэчы, апошнія зазвычай свята вераць, што як толькі адэпты беларушчыны атрымаюць уладу, то матчына мова вельмі хутка запануе на абшарах нашага краю. Але калі думаць не сэрцам, а галавой (як яно быццам і належыць), то давядзецца прызнаць, што такога, бадай, ніколі не будзе. І зрэпрэсаваная генетычным страхам калектыўная памяць тут ужо не асноўная з прычын.

Дзеля абгрунтавання гэтай маркотнай тэзы давайце звернемся да тыпалагічна блізкай нам па многіх параметрах Ірландыі. Вось ужо болей як дзевяноста гадоў ля ўлады там знаходзяцца радыкальныя нацыяналісты, а ірландская мова за гэты час у краіне не толькі не запанавала, а наадварот — вымарнела ў нішто. І прычыны таму навідавоку: функцыянальныя магчымасці нацыянальнай мовы, раўнуючы з ангельскай, былі непараўнальна зніжаныя ўжо ў пару вызвольных перамог ірландцаў, і таму ў справе штодзённага жыццяладу яна не вытрымала канкурэнцыі са сваёй магутнай суседкай-заваёўніцай…

Калі мова сістэмна зніжае ўзровень дабрабыту масавага шарагоўца, у гэтай мовы няма перспектывы, прынамсі, гарантаванай.

На праблемнае пытанне: мова ці каўбаса, — звычайны шараговец цалкам слушна адказвае — каўбаса. Бо мова створаная дзеля жыцця, а не наадварот. І калі нейкая мова не паляпшае жыццё чалавека, то навошта яму такая мова? І ўсе самыя палымяныя і пераканаўчыя аргументы рамантыкаў ад нацыяналізму будуць заставацца для паспалітага чалавека пустой балбатнёй, калі з мовы нельга жыць — і жыць добра.

Сітуацыю з паўсюдным адраджэннем беларускай мовы ўскладняе той факт, што сёння чалавецтва на злом галавы кінулася ў глабалізацыю, якая канцэптуальна мяняе ролі і значэнні нацыянальных моў у камунікатыўным алгарытме сучаснага жыцця — натуральна, не на іхнюю карысць. Тут даволі праблем і для моў-лідэраў, а што тады казаць пра мовы-аўтсайдэры, асабліва пра тыя, у якіх сацыяльная функцыянальнасць непапраўна заніжаная адносна іх унутраных патрэб дзеля самагенерацыі.

На гэтым кароткі экскурс у сітуацыю беларускай мовы можна было б і запыніць, каб не муляла яшчэ адна, фармальна быццам лакальная праблема, але якая даўно перарасла свой натуральны вымер, і цяпер як нейкая пачвара знутры выгрызае і без таго здрабнелае данельга цела беларускай мовы… Я маю на ўвазе зацятае супрацьстаянне двух граматык: “тарашкевіцы” і “наркомаўкі”, ці, інакш, — “класічнай” і “нармальнай”.

У 1918 годзе Браніслаў Тарашкевіч у “Беларускай граматыцы для школ” упершыню сфармуляваў правапісныя нормы літаратурнай беларускай мовы. Натуральна, персанальны граматычны канон, хай сабе змайстраваны безумоўна таленавітым філолагам, шмат у каго выклікаў шэраг пытанняў і пярэчанняў, тым болей, што Тарашкевіч у сваіх падыходах пераважна абапіраўся на маўленне віленска-ашмянскага рэгіёна. Таму калі ў 20-я гады пачалася татальная “беларусізацыя” ўсяго беларускага абшару, то зусім заканамерна паўстала пытанне аб рэформе правапісу. Дарэчы, і сам аўтар граматыкі не адмаўляў гэтай патрэбы. У прадмове да пашыранага і перапрацаванага выдання 1929 года ён пісаў, што “сам цяпер бачыць дужа выразна цэлую чараду яшчэ спрэчных пытанняў (у аканні, у правапісе чужаземных слоў і інш.), бачыць патрэбу і магчымасць спрашчэння правапісу, але не бярэцца праводзіць якія-колечы паважнейшыя змены такім індывідуальна-партызанскім спосабам, накідаючы свой праект праз школьны падручнік. Гэта павяло б толькі да шкоднага хаосу… Бо тутака паспех, запраўды, можа быць людзям на смех. Горш за тое: непавязаныя, паасобныя змены “на лепшае” могуць заграмаздзіць і загарадзіць дарогу да запраўды добрай рэформы”.

У 1926 годзе на міжнароднай канферэнцыі ў Мінску (з удзелам самога Макса Фасмера) быў зацверджаны новы правапіс.

Дарэчы, падчас папярэдніх абмеркаванняў і падрыхтоўкі канферэнцыі Якуб Колас і Язэп Лёсік, сярод іншага, прапанавалі скасаваць мяккі знак паміж зычнымі ва ўсіх пазіцыях. Супраць гэтага актыўна выступілі Янка Купала і Вацлаў Ластоўскі.

Прыняты варыянт правапісу мала каго задаволіў, і ягоная дапрацоўка цягнулася да 1930 года, калі быў падрыхтаваны наступны праект, які, па сутнасці, і лёг у аснову “сумна знакамітай” правапіснай рэформы 1933 года. Нядобрая слава гэтай падзеі наўпрост звязаная з палітычным гвалтам над “нацдэмамі”, які ў тую пару ўжо ўвабраўся ў сілу і паўплываў на некаторыя пазіцыі рэформы, заклаўшы ў правапіс тэндэнцыі да русіфікацыі беларускай мовы. З гэтага надалей палітычная складовая рэформы сталася дамінуючай у выбары варыянта правапісу як у вольнай ад бальшавікоў Заходняй Беларусі, так і пазней у паваеннай эміграцыі. Тут падыход быў гранічна просты: абы не як у бальшавікоў, — і з гэткім падыходам мусілі змірыцца і тыя, што раней самахоць падтрымлівалі прапанову Коласа ды Лёсіка, і тыя, што да нямецкай акупацыі (якая для многіх скончылася эміграцыяй) паспелі прызвычаіцца да “бальшавіцкай” рэформы і нават зацаніць яе мэтазгоднасць у канцэптуальным плане. Ускосна гэтую “канцэптуальную мэтазгоднасць” падтрымаў і Янка Купала: “Стары правапіс, у якім не мала было засмечанасці, нацдэмаўскай “самабытнай” архаічнасці, трымаў беларускую мову ў палоне правінцыяналізму, у рамках нацыяналістычнай абмежаванасці”. Паперадзе было ўжытае азначэнне “ўскосна”, хаця цытаваны тэкст наўпрост адмаўляе старому правапісу ў хоць якіх вартасцях, але не забудземся, што Янка Купала ствараў свой допіс пад ідэалагічным прымусам, за што выразна сведчыць зневажальная лексіка. Аднак жа ніхто не замінаў Янку Купалу ў ганьбаванні “нацдэмаўшчыны” зрабіць акцэнт на чым заўгодна іншым, а не на засмечанасці, “самабытнай” архаічнасці ды правінцыяналізме.

На мой погляд, правапісная рэформа 1933 года, за выняткам палітычна абумоўленых дурноццяў (часткова скасаваных у 1957 годзе з ініцыятывы Якуба Коласа), і нават нягледзячы на закладзеную ў ёй тэндэнцыю да русіфікацыі, плённа мадэрнізавала беларускую мову, надала ёй дынамізму, так неабходнага ў пару індустрыялізацыі ды урбанізацыі, і годна падрыхтавала яе да “выбуху камунікацый”. Зразумела, не абышлося і без не малых страт. Асабіста мне найбольш шкада пэўнай метафізічнасці, нейкай цьмянай трансцэндэнтнасці, якія захоўваў у беларускай мове правапіс Тарашкевіча і тым самым абяцаў іх будучае разгортванне ў актуальных рэфлексіях. Але ж галоўная задача літаратурнай мовы быць прыстасаванай да жыцця, а не да рэфлексавання над жыццём. І такой яна сталася праз рэформу. І ўжо на гэтай мове была створаная вялікая беларуская літаратура… Дарэчы, ці не з засмечанасці, “самабытнайархаічнасці ды правінцыялізму “тарашкевіцы” паходзіць той, асабіста для мяне вельмі дзіўны факт, што ні ў Заходняй Беларусі за палякамі, ні на пасляваеннай эміграцыі як у літаратуры, так і ў мысленні нічога асабліва вартага, за асобнымі выняткамі, не было здзейснена. І гэта пры тым, што нашыя эмігранты ўжо не мелі над сабой ні рэпрэсій, ні цэнзуры, і да таго ж многія з іх знаходзіліся ў цэнтрах сусветных эстэтычных ды інтэлектуальных інавацый, гэта значыць наўпрост маглі пераймацца дынамікай мастацкага і мысліўнага рухаў. Аднак нічога падобнага не адбылося — у сваёй абсалютна пераважнай бальшыні тэксты эмігрантаў так і засталіся ў палоне глыбока перыферыйнай беларускай местачковасці, да таго ж заніжанай архаікай адраджэнскай ідэалогіі як абавязковага атрыбута што літаратурнага, што філасофскага твора.

Ужо ж напэўна, прычыны ўдзірванелай правінцыйнасці творчага сегмента беларускай эміграцыі палягаюць не толькі ў абсягу праблемы “тарашкевіцы”, але мы гэтую надзвычай цікавую тэму пакінем для адмысловага тэкста, а тут вернемся ў дзевяностыя гады ХХ стагоддзя, калі на хвалі антыкамунізму паўстала ідэя звароту да рэпрэсаванага бальшавікамі (рэформа 1933 года) правапісу.

Як на тую пару, дык нічога нахабнага ў гэткай прапанове не было, бо то быў час “перабудовы”, калі ўсё зробленае за камуністамі бралася пад радыкальны сумнеў, адмаўлялася і перайначвалася, каб вярнуцца да “сітуацыі каранёў”, яшчэ не скалечаных бальшавіцкай ідэалогіяй. І хаця адэпты “тарашкевіцы” апелявалі да зусім не надуманых фанетычных страт мовы з прычыны скасавання напіснога мяккага знака паміж зычнымі (і шэрага іншых страт ды скажэнняў), але насамрэч контррэфармацыя ў правапісе спадсподу рухалася (як у выпадку з Заходняй Беларуссю пад Польшчай ці паваеннай эміграцыяй) палітычным выбарам, гэта значыць — абы не як за бальшавікамі.

Тыпалагічна падобныя моўныя праблемы былі паўсталі і ў шэрагу многіх дзяржаў, створаных на подзе распушчанага СССР, але там яны пазнікалі разам “з пенай на хвалях перабудовы”, а ў Беларусі засталіся. І перараслі з філалагічных у палітычныя.

Гэтак сталася найперш таму, што з “перабудовы” ў айчынную палітыку патрапіла ладная сціжма энергічных філолагаў, падмацаваная літаратарамі, журналістамі і проста гуманітарыямі, для якіх лінгвістычныя праблемы выявіліся таксама не чужымі. Але ў адрозненне ад іншых краін, дзе падобнага тыпу палітыкі хутка выпетрыліся з палітычнага жыцця, у нас яны (верагодна, з прычыны задоўжанай папулярнасці “моўна-этнаграфічнай” ідэалагемы) затрымаліся на ладны кавалак часу. Адсюль мовазнаўчыя праблемы як натуральна актуальныя для палітыкаў-філолагаў праз апазіцыйныя СМІ, суполкі і супольнасці перараслі ў палітычныя. І хаця для бальшыні шараговых валанцёраў апазіцыі і з унармаванай беларускай мовай хапала праблем, яны мусілі засвойваць “тарашкевіцу”, каб забяспечыць сябе радыкальнай апазіцыйнасцю. Больш за тое, у пару пад’ёму нацыянал-дэмакратычнага руху, завабленыя паноўнай модай на адраджэнне чаго заўгодна, да “тарашкевіцы” пачалі хіліцца і шэраг дзяржаўных выданняў (“Бярозка”, “Мастацтва”, “Культура”…). Здавалася, яшчэ трохі — і “тарашкевіца” пераможа “наркомаўку” ды запануе спрэс.

Не запанавала — бо была спароджаная не патрэбамі мовы, а пэўнай палітычнай сітуацыяй. І як толькі сітуацыя перамянілася, палітыкі-філолагі са сваімі філалагічнымі праблемамі апынуліся на самым ускрайку грамадскага жыцця. Праўда, нельга сказаць, што там жа апынулася і ”тарашкевіца”. За немалы час актуальнага дамінавання апазіцыйнасці праз яе на беларушчыну навярнулася некалькі генерацый маладых людзей, якія ў горадзе іншай роднай мовы, акрамя як арганізаванай правапісам Тарашкевіча, ужо не ведалі (найперш — не чулі). Для іх гэткая беларуская мова адзіна правільная, тым болей, што ідэолагі адраджэння не ленаваліся раз-пораз падкрэсліваць ейную “ісцінную сапраўднасць”, нагадваючы пра рэпрэсаваную сутву “наркомаўкі”, яе зрусіфікаванасць, засаветызаванасць і да т.п.

Мне няцяжка зразумець пазіцыю заангажаваных “тарашкевіцай” філолагаў як філолагаў (і нават часткова пагадзіцца з ёй у дыскурсе ўласна філалогіі), але я не магу зразумець палітыкаў-філолагаў, якія надзвычай вострую і складаную, сапраўды палітычную праблему беларускай мовы як вялікага цэлага раздрабнілі, ускладнілі ды заблыталі сваімі філалагічнымі капрызамі і прыхамацямі.

У сітуацыі, калі мовай апанавала амаль безнадзейная крыза і калі адзіным рацыянальным крокам была апеляцыя да грамадства на той беларускай мове, якую яно хоць трохі ведала з школьных падручнікаў, кніг Караткевіча і Быкава, праграм радыё і тэлебачання, дадаткова ўскладняць праблему мовы яе канцэптуальнай контррэформай, хоць трохі ўцямнай адно філалагічна адукаванаму чалавеку — да гэтага хіба толькі зацяты вораг беларушчыны мог дадумацца.

Адчайная спроба ўнармавання ў шырокай грамадскай свядомасці “тарашкевіцы” паставіла крыж на пашырэнні беларускай мовы праз апазіцыйныя нацыянал-дэмакратычныя выданні (у дзяржаўных выданнях “тарашкевіцу” даволі хутка заблакавалі) і, у адваротны бок, на філалагічным тыпе палітыка ды палітыкі…

5. Наастачу

Мая дачка, вучаніца Беларускага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа, дзе ад пачатку нелегальна запанавала “тарашкевіца”, гэтым летам (2003 год) са студэнтамі педуніверсітэта ездзіла ў фальклорную экспедыцыю. А калі вярнулася, то з сарамлівым посмехам зазначыла:

— Ведаеш, тата, у вёсках нашу беларускую мову ніхто не разумее.

— Натуральна, — буркатнуў я. — Нашыя філолагі сваёй мовай загубілі палітыку, а сваёй палітыкай — мову.

Тэза залішне эмацыйная і таму не надта справядлівая. Сляпое памкненне да прасоўвання “тарашкевіцы” ў “народныя масы” бясспрэчна пагоршыла і ўскладніла агульную сітуацыю з беларускай мовай, хаця прычына самой сітуацыі, зразумела, паходзіць не з канфлікту “нармальнага” і “класічнага” правапісаў. Але пра саму гэтую прычыну ўжо даволі казалася вышэй.

Літаратура:

1. Фрыдрых Ніцшэ. Так казаў Заратустра. Мінск: Мастацкая літаратура, 1994.

2. Вобраз — 90. Мінск: Мастацкая літаратура, 1990.

3. Беларуская думка ХХ стагоддзя. Варшава, 1998.

4. Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня. Санкт-Петербург: Невский простор, 2003.

Лекцыя 8-9

План:

1. Зачын

2. Без нас

3. Беларусь як прастора сакральнага

4. Вялікая здрада

5. Апошні эпілог

6. Літаратура

 

1. Зачын

За свабоду можна змагацца, але яе нельга заваяваць (у адрозненне ад улады).

Свабоду нельга заваяваць — яе можна толькі дачакацца (ці не дачакацца).

Кожная вайна за свабоду канцуецца альбо паразай тых, хто за яе ваюе (Спартак, Ян Гус, Пугачоў, Каліноўскі, Чэ Гевара…), альбо паразай самой свабоды, калі яе ваяры перамагаюць. Бо заваяваную свабоду верагодна ўтрымаць адно тэрорам ці дыктатурай, як гэта было ў выпадку Вялікай французскай рэвалюцыі, Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі, шматлікіх лацінаамерыканскіх рэвалюцый, у прыватнасці — кубінскай…

Свабоду нельга заваяваць — яе можна толькі дачакацца. Але свабоды можна дачакацца адно ў тым разе, калі мы яе будзем чакаць і чакаць менавіта як свабоду.

Аднак не трэба блытаць чаканне з пасіўным перабываннем у абыякавасці. Калі мы моцна некага чакаем, хочам, то мы рыхтуемся яго сустрэць. Чаканне свабоды — гэта падрыхтоўка да сустрэчы са свабодай, якая абавязкова адбудзецца…

Свабода ніколі не прыходзіць туды, дзе яе не чакаюць. Таму яна і не з’явілася на Беларусі пасля распаду савецкай імперыі. Адсюль і паўстае задача кожнага, хто заангажаваны прыйсцем свабоды на Беларусь: мацаваць і вялічыць дыскурс чакання. А сродкі ў гэтай справе могуць быць самыя розныя: ад культурніцкай працы да палітычных акцый. Толькі пры гэтым трэба выразна ўсведамляць, што сэнс і культурніцкай працы, і працы палітычнай не ў здабыванні свабоды, а ў стварэнні сітуацыі яе масавага чакання. І калі мы ў сваім мностве станем чакаць свабоды — яна нас не праміне…

2. Без нас

За палітычнымі мітынгамі, шэсцямі, палемікамі, рэпрэсіямі міналі гады. Беларуская нацыянальная апазіцыя, адна з найбуйнейшых у тагачаснай Еўропе, якая цягам амаль дзесяцігоддзя магла сістэмна выводзіць на вуліцы Мінска дзесяткі тысяч людзей, пакрысе пачала знясільвацца, марнець, чэзнуць і напрыканцы дваццатага стагоддзя ў шырокім публічным плане згарнулася амаль у нішто. Але ніхто з лідэраў некалі ўплывовай апазіцыі так і не схацеў заўважыць ні сваёй паразы, ні таго (куды больш істотнага), што краіна Беларусь ужо спрэс жыве без нас — нацыянальна заангажаваных.

Без нас яна садзіць бульбу, ладзіць вяселлі, стварае тэлепраграмы і знешнюю палітыку, без нас абірае сабе куміраў і прэзідэнтаў… Краіна Беларусь жыве без нас. Калі б не колькі палітычных перадач на дзяржаўным радыё і тэлебачанні, якія не стамляюцца ганіць “нацыяналістаў”, то сёння ўжо мала хто б ведаў, што ў Беларусі, акрамя проста тутэйшых, ёсць яшчэ нейкія сапраўдныя (“шчырыя”, “свядомыя”, “зацятыя” і да т.п.) беларусы, гэта значыць — мы. Тыя некалькі нашых радыёстанцый за межамі краіны і тыя некалькі “нашых” газет і часопісаў унутры яе працуюць на нас і дзеля нас, а не на Беларусь і дзеля Беларусі. Тое самае можна сказаць і пра ўсе нашыя публічныя акцыі, мітынгі, шэсці, пікеты, перформансы, графіці…

Натуральна, нашай віны ў гэтым аніякай. Мы лепей ад пацераў ведаем, хто адасобіў нас ад беларускага народа — Крэмль, КДБ, Лукашэнка, але найперш сам нацыянальна несвядомы (спаланізаваны, скаланізаваны, зрусіфікаваны, засаветызаваны, манкуртызаваны, халопскі, быдлянскі, задраны і задрыпаны) беларускі народ.

Зразумела, што з такім народам мы (як толькі “мы” з’явіліся напрыканцы 80-х) не жадалі мець нічога супольнага. Але паколькі зусім без народа абыходзіцца не выпадала, то нам нічога іншага не заставалася, акрамя як улегчыся ў адраджэнне скампіляванай з размаітых парэшткаў былога ідэальнай, вясёлкавай Беларусі, дзе, згодна з нашымі меркаваннямі, мы мелі шанц натрапіць на сапраўдны беларускі народ, якому ў асалоду было б і служыць, і маліцца…

На першы погляд, не ідэя, а цуд, але менавіта з гэтага цуду і распачаўся наш шлях упрочкі ад тутэйшага народа ў ідэальнае нікуды, бо гэтак сфармуляваная ідэя Адраджэння адмовіла рэальнай Беларусі ў хоць якой вартасці. За патрабаваннем вяртання гістарычнай спадчыны, мовы і культурнага досведу мінулага хавалася жорсткая ідэалагічная канструкцыя, у якую не ўпісваліся здабыткі і каштоўнасці тагачаснага беларускага грамадства, бо ўсе ягоныя перамогі, плёны і радасці мелі альбо камуністычнае, альбо каланіяльнае паходжанне. Згодна з выпрацаванай у падпольных галовах канцэпцыяй, права “чалавекам звацца” мелі адно героі супраціву расейскай каланізацыі і ахвяры камуністычнага тэрору.

Дзіўна, але глыбока рэпрэсіўную сутнасць ідэі Адраджэння не заўважылі ні яе адэпты, ні яе апаненты — уся ўвага канцэнтравалася на той частцы ідэі, дзе вялося аб “люстрацыі” вынікаў расейскай культурнай і палітычнай экспансіі. Але паколькі асноўным аб’ектам расейскай культурнай і палітычнай экспансіі быў “беларускі народ”, то ён і стаўся першай і галоўнай ахвярай адраджэнскіх рэпрэсій, якія, дарэчы, амаль і не кранулі сутвы самога расейскага імперыялізму, супраць якога былі скіраваныя па задуме.

Болей за тое, Адраджэнне сталася своеасаблівым інтэлектуальным генацыдам тагачаснага беларускага грамадства, яно адмаўляла ў праве на вартасную ацэнку свайго жыцця не толькі сучаснікам, але і дзесяткам папярэдніх пакаленняў, якія без супраціву жылі пад ярмом усходняга каланізатара. Праўда, у адрозненне ад памерлых, сучаснікі яшчэ мелі шанц рэабілітавацца. Дзеля гэтага трэба было праклясці сваё жыццё за камуністамі, прачытаць кніжку Міколы Ермаловіча “Старажытная Беларусь”, перавучыцца з нармальнай беларускай на “клясічную” мову, уступіць у БНФ і падпісацца на газету “Свабода”.

На пачатку дзевяностых (ХХ стагоддзя) шмат хто з паспалітых беларусаў (ці то з сораму за ганебнае мінулае, ці то з гонару за наноў скампіляваную гісторыю, ці то з крыўды за занядбаную Бацькаўшчыну) ступіў на пакаянны шлях да Ідэальнай Беларусі… Але далёка не кожны дайшоў нават да рыштаванняў, а з тых, што дайшлі, мала хто там застаўся.

Рэч у тым, што канцэпцыя Ідэальнай Беларусі, змацаваная на крыжы любові да свайго краю і нянавісці да тых, хто дратаваў яго, добра пасавала для палымяных публічных прамоў (на мітынгах, у вершах, публіцыстыцы), але выявілася цалкам непрыдатнай для рэальнага жыцця. Бо яна змушала ўсіх іншых тоесніцца ў агульнай любові і нянавісці з тымі, хто яе зладзіў і запрапанаваў. А ў кожнага з “іншых” сэрца яшчэ балела за нешта сваё: за каханую, грошы, уладу, экалогію, Бога, братоў нашых меншых, камунізм, ядзерную пагрозу, несмяротнасць, перпетуум мобіле… Таму пакрысе і сыходзілі са шляхоў да Ідэальнай Беларусі тыя, чые сэрцы спачатку адгукнуліся на палымяны покліч, а потым услухаліся ва ўласнае тухканне і зразумелі: нам у іншы бок…

Але ў адзіноце “свядомыя” засталіся не таму, што ад ідэі Адраджэння нехта адступіўся, а таму, што абсалютная бальшыня жыхароў дзяржавы, у якой “нацыяналісты” туліліся па завуголлю, і не збіралася выпраўляцца на адкрытую імі “новую зямлю”. Нават калі б па нечым загадзе іх заштурхалі туды рулямі аўтаматаў, то яны ўсё роўна ўпотайкі паразбягаліся б адтуль па сваіх абжытых засценках. Бо тут усё ім было спрэс незнаёмае і нясвойскае. Вакол нейкія Альгерды, Вітаўты, Сапегі, ВКЛ, БНР, СБМ і безліч няўцямнага іншага. Ну добра, да незнаёмага спакваля можна прызвычаіцца. Але як жыць без таго, што раней напаўняла жыццё сэнсам і значэннем — без майскіх і кастрычніцкіх свят; без гонару за трактарны і аўтамабільны заводы, якія ты колісь збудаваў і на якіх адпрацаваў ладны кавалак веку; без пашаны за перамогу ў вялікай вайне, якую выйграў асабіста ты; без успамінаў пра палёты ў космас Гагарына і свайго роднага Кавалёнка… Дый увогуле, што ты забыўся на гэтай голай выспе, адкрытай усім скразнякам свабоды, калі ў цябе была магутная звышдзяржава, якую ты стварыў уласнымі крывёю і потам і якая праз сваю веліч надавала веліч і табе?..

Дарэчы, тут да пары будзе заўважыць, што наш канцэптуальны разрыў з “беларускім народам” паходзіў не столькі з рознага стаўлення да мовы, гісторыі, ідэалогіі, колькі з вызначэння таго месца, дзе беларусы жылі апошнія дзвесце гадоў. Мы лічылі, што ўсю гэтую пару беларусы заставаліся беларусамі і цяпер займелі свабоду і незалежнасць толькі дзякуючы перманентнаму супраціву расейскай каланізацыі лепшых з нашых продкаў (і трохі — сучаснікаў). А вось “беларускі народ” (і гэта пераважная бальшыня насельніцтва Беларусі), у адрозненне ад нас, меркаваў, што ніякай свабоды ён не займеў, але затое страціў вялікую дзяржаву, з якой лічыўся ўвесь свет. “Беларускаму народу” смешна было нават слухаць пра нейкае там шматгадовае рабства ў расейска-камуністычнай імперыі, бо ладную частку палітычнай, эканамічнай ды інтэлектуальнай эліты Расеі складалі беларусы па паходжанню, а сама Беларусь у канфігурацыі імперыі займала адно з самых паважных месцаў, была індустрыяльна мадэрнізаванай і мела ці не найвышэйшы ўзровень дабрабыту сярод астатніх рэспублік Савецкага Саюза. Нельга сказаць, што “беларускі народ” быў рашуча настроены супраць незалежнасці, але і адмаўляцца ад сваёй вялікай гісторыі ў супольнасці з Расейскай імперыяй ён не жадаў. Тым болей, што мы яму прапанавалі памяняць ролю вялікага воя і вялікага дойліда (які за гэтыя два стагоддзі ці то пабраў, ці то вызваліў палову свету, засвоіў касмічнае прадонне і збудаваў першую ў свеце камуністычную цывілізацыю) на ганебную ролю скаланізаванага раба, які сам з гэтага рабства нават вызваліцца не здолеў.

Карацей кажучы, мы паклікалі “беларускі народ” у краіну, дзе ніхто не жыве, акрамя гістарычных і літаратурных зданей ды прывідаў. І зусім натуральна, што ён не адгукнуўся на наш покліч у нікуды. А мы яго за гэта незалюбілі і нават трохі ўзненавідзелі. Якімі толькі словамі мы ні бэсцілі гэтага балотнага народа, што не хацеў караскацца за намі на голыя выспы свабоды! “Народ” нейкі час абыякава трываў нашую лаянку, а потым узяў ды адсунуўся ад нас падалей. І, здаецца, назаўжды.

Але ці магло быць інакш, ці магла хада падзей разгарнуцца ў спрыяльным для нас накірунку? Бадай што, не. І найперш таму, што іншымі не маглі быць мы самі. Падмурак, на які мы абапіраліся ў сваім паўставанні над вярэдзівам часу, мацаваўся трымf кутнымі камянямі: антыкамунізмам, антыкаланіялізмам і нацыяналізмам. Без гэтых двух “анты-” тады быў немагчымы трэці складнік. Калі фармавалася ідэя Адраджэння (Ідэальнай Беларусі), хіба можна было ўявіць сабе такую канцэпцыю Беларускай дзяржавы, якая б адначасна спалучала ў сабе плён супольнай беларуска-савецкай і нацыянальна-гістарычнай спадчыны. Хіба што як здзек тады магла быць успрынятая прапанова задзіночыць у межах аднаго дыскурса ВКЛ і БССР, Слуцкае паўстанне і савецкую “партызанку”, Астрожскага і Жукава, Рэч Паспалітую і СССР, Скарыну і трактар “Беларусь”, Грунвальд і вясну 45-га… Жорсткае размежаванне з “беларускім народам” з аднаго боку па лініі “антыкамунізму”, а з другога — па лініі “антыкаланіялізму” было наканаванае нам тым часам, у якім мы падымаліся з каленяў. І памяць пра тое, чым мы падымаліся, будзе трымаць нас да скону (прынамсі, ідэалагічнага), нават калі гэты скон прыспешыцца ўчэпістасцю нашай памяці.

3. Беларусь як прастора сакральнага

Будзем карэктнымі, на той час (самы канец васьмідзесятых — пачатак і сярэдзіна дзевяностых) каштоўнасці роднай мовы, уласнай гісторыі, аўтэхтоннай культуры, незалежнай нацыянальнай Дзяржавы выглядалі відавочнымі не адно для адэптаў Адраджэння, але і для досыць шырокіх “грамадскіх мас”. Таму высілкі адпаведных палітычных згуртаванняў былі скіраваныя нават не столькі на папулярызацыю і прапаганду нацыянальнай ідэі, колькі на супраціў расейскай каланізацыі і камунізацыі, якія бачыліся галоўнымі перашкодамі для вольнага і натуральнага самавыяўлення раней зрэпрэсаванай нацыянальнай свядомасці.

Зрэшты, сама хада палітычных падзей мацавала ўпэўненасць у каштоўнасці нацыянальнага як канцэптуальнай вартасці для ўсяго беларускага грамадства. Распад камуністычнага блока, а затым і Савецкага Саюза на мноства незалежных нацыянальных дзяржаў, шматтысячныя шэсці пад бел-чырвона-белым сцягам ды “Пагоняй”, стварэнне суверэннай Рэспублікі Беларусь, старшынёй Вярхоўнага Савета якой становіцца дэмакрат і свядомы беларус, дзяржаўнасць беларускай мовы і выразная тэндэнцыя да глабальнай беларусізацыі і г.д., і да т.п.

Карацей кажучы, бальшыня тагачасных фактаў і падзей як быццам адназначна сведчыла, што, нягледзячы на адчайны супраціў старой партнаменклатуры і геапалітычныя інтрыгі Масквы, ідзе актыўнае фармаванне грамадскай думкі на грунце нацыянальнай ідэі. І нават змена, на фармальна бязглуздай падставе, залішне нацыянальна свядомага і залішне дэмакратычнага старшыні Вярхоўнага Савета (Станіслава Шушкевіча) на трохі менш свядомага і трохі менш дэмакратычнага (Мечыслава Грыба), а затым выбары (заакцэнтуем — адносна свабодныя выбары) першым прэзідэнтам чалавека (Аляксандра Лукашэнку), які пабудаваў сваю праграму на радыкальнай мінімізацыі дэмакратыі і незалежнасці, як і наступныя рэферэндумы аб скасаванні нацыянальнай сімволікі ды (фактычна) беларускай мовы праз наданне статусу дзяржаўнай мовы расейскай, падтрыманыя грамадствам, — не схілілі нацыянальную палітычную эліту да ўзважлівай ацэнкі таго, што насамрэч адбываецца. Але і цяпер, калі ад нацыянал-дэмакратычных партый, рухаў ды аб’яднанняў засталіся адно руіны, калі на выбары прэзідэнта яны нават не адважваюцца высунуць свайго выразна знацыянаванага кандыдыта, не відаць, каб нехта ўсур’ёз задаўся пытаннем, а чаму гэта беларускае грамадства ў сваёй пераважнай большасці адхіліла нацыянальную ідэю як фарматворную дамінанту пабудовы новага ладу жыцця? Іншымі словамі, чаму ідэя, па ўсіх класічных канонах прыдатная легчыся ў аснову фармавання салідарнай грамадскай думкі, у канкрэтнай сітуацыі Беларусі выявілася ў форме навязвання грамадству рэпрэсіўнай ідэалогіі Адраджэння, на што зважалася ў папярэднім раздзеле?

Але даводзячы, што абраны ідэолагамі Адраджэння фармат нацыяналізму апынуўся не прыдатным для беларускай сітуацыі, я зусім не маю намеру сцвярджаць, што на Беларусі мае шанц запанаваць нейкая іншая выразная ідэалогія: камуністычная, ліберальная, славянафільская… Ні ў якім разе.

Рана ці позна, але ўсім (нацыяналістам, камуністам, лібералам, дэмакратам, анархістам, глабалістам, хрысціяністам, западнікам, русафілам…) давядзецца змірыцца з тым, што іншай, акрамя як сацыяльнай, беларуская дзяржава быць не можа, бо для абсалютнай бальшыні насельнікаў нашай краіны прыярытэтнымі як былі, так і застануцца не нацыянальна-культурныя ці ідэалагічныя, а сацыяльныя каштоўнасці. Адсюль лагічна вынікае, што асобам, заангажаваным Беларуссю як вялікім цэлым, трэба было б паспрабаваць скансалідаваць грамадскую думку на падставе сакралізацыі той рэальнасці, якую мы маем, гэта значыць не выдумляць нейкія апрычоныя праекты новага Беларускага Дома, а памкнуцца ўсім разам сакралізаваць тую Беларусь, якая ў нас ёсць, і такой, якая яна ў нас ёсць.

Як нацыянальна заангажаванага беларуса мяне наяўная рэальнасць Беларусі глыбока абражае сваёй здэнацыяналізаванасцю; як апалагета дэмакратычнага ўладкавання соцыуму яна мяне ўсур’ёз трывожыць сваёй антыдэмакратычнасцю; як прыхільніка лібералізацыі эканомікі і ўсяго дыскурса грамадскага жыцця яна мяне засмучае адсутнасцю рэальнай лібералізацыі. Але ўсё гэта разам (і безліч не згаданага тут іншага) бачыцца мне значна меншай праблемнай бядой, чым татальная прафанацыя Беларусі, як у кожным яе лакальным фрагменце, так і ў фармаце універсальнага цэлага.

Традыцыя прафанацыі Беларусі мае даўнюю гісторыю, згадаем хаця б кансервацыю максімальна зніжанага міфа пра Беларусь, у сваю пару створанага Францішкам Багушэвічам. Але мы не станем наноў вяртацца да ўсёй неабсяжнасці гэтай тэмы, а заакцэнтуем увагу толькі на адным яе невялічкім фрагменце, зусім блізкім нам па часе.

Калі Аляксандр Лукашэнка займеў уладу, то апазіцыя (у мностве сваіх ідэалагічных мадыфікацый), каб яго перамагчы, не змагла прыдумаць нічога лепшага, як ва ўсіх зручных для яе формах і тэхналогіях, але найперш у падуладных СМІ, пачаць з дня ў дзень ганіць і ганьбіць не столькі ўладу і непасрэдна Лукашэнку, колькі ўсю краіну, усё грамадства, пэўна, спадзеючыся, што чым больш жахлівым будзе выглядаць той свет, у якім мы жывём, і тыя людзі, сярод якіх мы жывём, тым хутчэй народ паўстане супраць таго, хто ўжахлівіў нашае жыццё. Каб падмацаваць гэтую тэзу прыкладамі, няма патрэбы кудысьці заглыбляцца, даволі нагадаць хоць колькі з безлічы тых слоганаў, што ва ўсіх на слыху: “балота”, “быдляндыя”, “хамскі народ”, “жлобская нацыя”, “саветыкусы”, “калгаснікі”, “саўкі”, “крэолы” і да т.п.

Беларусь мусіць быць удзячнай сваім грамадзянам, што яны амаль забыліся на апазіцыйныя газеты, перасталі хадзіць на апазіцыйныя мітынгі і галасаваць за апазіцыйных кандыдатаў. Бо з гэтага пазбягання паспалітым людствам хоць якіх ініцыятыў палітычнай апазіцыі вынікае спадзеў, што апазіцыя сваімі вербальнымі вывяржэннямі забрудзіла не ўсю краіну, а толькі ўласныя глузды і душы.

Ужо даўно зразумела, што “Луку на муку” перамелюць не жорны апазіцыі, а ветракі часу. І некалі ж гэта здарыцца. Але калі мы разам не вывернем устойлівую стратэгію шальмавання ўсіх і ўсяго на шляхі павагі да сваіх суайчыннікаў і гонару за тую рэальную Беларусь, якой яна ёсць цяпер, то і пасля Лукашэнкі не выкараскаемся з таго бруду, які плённа прадукавалі ўсе папярэднія гады. Здаецца, не цяжка зразумець, што ў сітуацыі татальнай спрафанаванасці ўсёй сацыяльнай прасторы такія сакральныя рэчы, як Дзяржава, не паўстаюць.

Звяртаючы ўвагу на татальную прафанацыю Беларусі як на рэальную пагрозу яе дзяржаўнасці не толькі сёння, але і заўтра, я не хацеў бы, каб мае словы палічылі чымсьці накшталт закліку да перайменавання чорнага на белае, а белага на ружовае (гэтым дастаткова актыўна займаецца кожная паноўная ўлада). Праблема палягае не ў перамене знакаў, а ва ўсведамленні, што інтэнсіўная прафанацыя беларускай рэальнасці адбываецца зусім не таму, што яна насамрэч ёсць такой, а таму, што пэўным суб’ектам глабальнага палітычнага поля як знадворку (з Усходу ці Захаду), так і знутры (нацыянал-дэмакратам, сацыял-дэмакратам, лібералам, камуністам…) неабходна нагружаць Беларусь прафанным зместам, бо толькі ў прасторы прафаннага яны могуць спадзявацца некалі аб’явіць свой апрычоны праект Беларускага Дома як адзіную форму яе сакралізацыі.

На жаль, ні досвед паразы ідэі Адраджэння, ні досвед іншых ідэалагемных параз, як і гістарычны досвед увогуле, не спыняюць марных спадзяванняў нашых палітыкаў на ідэалагемную манапалізацыю гэтага краю, хоць шмат хто з іх добра ведае, што цягам усёй сваёй гісторыі прастора Беларусі лічы ніколі не была монаэтнічнай, монарэлігійнай, монасацыяльнай, монамоўнай і г.д.

Таму нам нічога не застаецца, як меркаваць, што і ў перспектыве:

— Беларусь ніколі не будзе толькі беларускай, але і ніколі яна не будзе толькі расейскай ці польскай…

— Беларусь ніколі не будзе толькі праваслаўнай, але і ніколі яна не будзе толькі каталіцкай ці пратэстанцкай…

— Беларусь ніколі не будзе толькі празаходняй, але і ніколі яна не будзе толькі праўсходняй ці якой там яшчэ…

Гэтую гульню ў адмаўленне хоць якіх татальнасцей на Беларусі можна доўжыць і доўжыць, аднак мы тут прыпынімся, каб сказаць наступнае.

Асноўны цяжар праблем сучаснай Беларусі паходзіць з таго, што бальшыня нашых палітыкаў, інтэлектуалаў і проста актыўных грамадзян лічыць, быццам тая Беларусь, якую мы маем, гэта толькі руіны каланізацыі, калектывізацыі, камунізацыі і г.д., на якіх адно некалі ў будучым магчыма зладзіць спраўны Беларускі Дом. Іншымі словамі, амаль усю папярэднюю хаду падзей на Беларусі яны ўспрымаюць як суму скажэнняў яе нейкай віртуальна сапраўднай гісторыі.

Я ж, са свайго боку, не даю веры такому падыходу, бо схільны лічыць усе ранейшыя паразы, акупацыі, генацыды ды ўсялякае падобнае іншае не скажэннямі беларускай гісторыі, а самой гісторыяй, аднолькава сапраўднай, аднолькава нашай, як і нашыя перамогі, здзяйсненні, здабыткі. Таму для мяне тая Беларусь, якую мы цяпер маем, выяўляецца не руінамі лакальных дэфармацый апошніх некалькіх соцень гадоў, а сакральным вынікам усёй тысячагадовай (як мінімум) гісторыі гэтай прасторы. А ўсё сакральнае варта шанаваць такім, якое яно ёсць. Бо той, хто не шануе сакральнае, абірае сабе радзімай прафаннае.

4. Вялікая здрада*


* Мне не аднойчы даводзілася кранаць праблему “беларускай здрады” як такой. Але гэтым разам я хацеў бы спаслацца на развагі Пятро Васючэнкі, выказаныя ім у эсэ “Беларус вачыма беларуса”: “Уладзімір, князь кіеўскі, здрадзіў бацьку і братоў Рагнеды на сваім крывавым вяселлі. Рагнеда здрадзіла свайго бацьку і братоў тым, што пайшла за іх забойцу. Потым яна і на мужа ўзняла меч. Сын яе, Ізяслаў, таксама замахнуўся мечам на бацьку. Але пасля ён з бацькавых рук прыняў спадчыну — Полацак. Уладзімір безліч разоў здраджваў Рагнедзе з палюбоўніцамі, якіх у яго было не менш, чымся ў цара Салямона, аж пакуль па хрысціянскім звычаі не павянчаўся з візантыйскай царэўнай, а верную жонку аддаў у манашкі.

Кароль нашае здрады — Ягайла. Ён здрадзіў свайго дзядзьку Кейстута ў бруднай крэўскай справе, а заадно здаў і Беларусь дзеля польскае кароны. Гісторыкі скажуць, што гэтым ён Беларусь адначасова і адратаваў. Падчас Грунвальдскае бойкі невядома хто каго здраджваў — Ягайла Вітаўта, або Вітаўт Ягайлу. Польскія храністы цвердзілі, што з беларусамі атрымаўся канфуз, і яны на чале з Вітаўтам уцякалі ажно да Вільні.

Нехта невядомы здрадзіў Вітаўтаву карону.

Апанас Філіповіч здрадзіў уласнага вучня Яна Лубу. Вучыў, выхоўваў чарговага Ілжэдзімітрыя, каб пасля здаць маскоўскаму пасольству. Яшчэ Апанас Філіповіч клікаў Міхаіла Раманава, каб ішоў з вайною на родную Апанасу Літву, дзяліўся з маскоўскім царом дзяржаўнымі таямніцамі, павучаў караля Уладзіслава IV, канцлера Льва Сапегу. Кароль ды канцлер глядзелі на гэтыя штукі паблажліва. Апантаны Апанас вырабляў у гэтай дзяржаве што хацеў — і ўрэшце даскакаўся. Царква зрабіла са здрадніка святога.

Аднойчы ў беларускай Акадэміі навук збіраліся ўшанаваць памяць самых знакамітых дзеячаў старажытнасці — паставіць стэлы. Абмеркаванне кандыдатур было, па дэмакратычным часе, адкрытае. Павесілі на дошцы даўгі спіс кандыдатаў на стэлу, і кожны з навукоўцаў вольны быў паставіць “плюс” альбо “мінус”.

Насупраць прозвішча Сімяона Полацкага якісь максімаліст напісаў: “Здраднік. Перакінуўся на бок цара маскоўскага”.

Небарака Сімяон Полацкі заблукаў на мяжы канфесіі ды Радзімы, не ведаў, што галоўнае, але і ў сваёй “здрадзе” імкнуўся захаваць сумленнасць. Спрабаваў перарабіць маскоўскага Навухаданосара на цывілізаванага еўрапейскага манарха, але не ўдалося. Сімяон Полацкі стаўся для Масковіі культуртрэгерам, навучыў маскоўцаў складаць вершы, падараваў ім першы літаратурны стыль (барока), але ягоных высілкаў не ацанілі як след ані тутэйшыя, ані тамтэйшыя. Добра, што яшчэ на палю не пасадзілі.

Падчас кампаніі Напалеона Банапарта ў Беларусі пачалася суцэльная здрада — мяшчане віталі супастата хлебам ды соллю, а шляхта запісвалася ў напалеонаўскія харугвы, каб разам ваяваць Маскву. Як быццам вярнуліся часы Альгерда.

Кастусь Каліноўскі вызваляў “дзецюкоў”, “братоў сваіх, мужыкоў родных” ад няволі, а тыя браты адлоўлівалі ды здавалі каліноўцаў царскім жандарам за тое, што “хаваюць ад народу царскую волю”.

XX стагоддзе было росквітам здрады, тут і кветачкі цвілі, “зялёны ліст, чырвоны цвет”, і ягадкі крывавыя спелі. На нашым матэрыяле можна складаць анталогію здрадніцтва”.


 

Колькі (не падлічыць) беларусаў за апошнія паўтара стагоддзі ахвяравалі сваімі жыццямі дзеля аплікацыі нацыянальнай ідэі ў штодзённае жыццё краю!? Зазвычай яны цяжка жылі і нядобра паміралі, закатаваныя (калі не фізічна, дык маральна) чарговай паноўнай уладай. Але як бы ні складваліся лёсы, усе тыя героі (добра вядомыя ўсім нам і нікому зусім не вядомыя) свята верылі, што рана ці позна іх мара ўцялесніцца ў існую рэальнасць, і беларуская мова, культура, гісторыя будуць дамінаваць на кожным лапіку роднай зямлі, атуленай ад злыбяды гісторыі сваёй нацыянальнай Дзяржавай.

Гэтай надзеяй яны і трымаліся — і ў самім жыцці, і на самым апошнім яго краі. І сваёй трываласцю ўздымалі да веры ўсё новых ахвяравальнікаў уласных лёсаў… Аднак, падобна, надыходзіць пара вялікай здрады ўсім тым высокім мроям і спадзяванням, дзеля ўвасаблення якіх праз стагоддзі не ашчаджалі сваіх жыццяў лепшыя з беларусаў (а значыць, і здрада кожнаму з іх персанальна).

Формула гэтай здрады кранальна простая — Беларусь ніколі не будзе толькі беларускай!

Што і казаць, у гэтай роспачнай казані няма нічога арыгінальнага — “ворагі беларушчыны” вунь калі ўжо сцвярджалі гэтаксама і нават куды больш радыкальна, бо заўжды праміналі ўвагай слова “толькі”.

І ўсё ж такі навіна тут ёсць — і не абы-якая. Бачыце, у маўленні істотна не што гавораць (усе людзі ад веку прамаўляюць прыблізна адно і тое самае), а хто гаворыць і ад імя каго. Дык вось, за ўжо досыць доўгую гісторыю айчыннага нацыяналізму разуменне, што “Беларусь ніколі не будзе толькі беларускай”, адно ў наш час пачало фармавацца ўнутры яго самога і публічна абнаяўлівацца не супраціўнікамі ці “калабарантамі”, а зацятымі апалагетамі нацыянальнай ідэі. З рознай мерай абачлівасці і ў кожным разе з адметнай інтэрпрэтацыяй уласнага здумлення, але ўсе яны (пакуль не шматлікія) сведчаць за сістэмны перакрут у ацэнцы магчымасцей разгорткі нацыянальнага на Беларусі. І хаця футурыстычныя прыкіды наступных шляхоў і перспектыў беларускага нацыяналізму пакуль адбываюцца ўроссып, аднак сам гэты, увогуле гранічна сумны факт радыкальнага злому абнадзейвае, бо кажа пра развітанне з вялікай рамантычнай ілюзіяй, якая ўжо даўно набрыняла згубай для ўсёй беларушчыны.

Натуральна, што калі з досведу трагічнага прамінулага пачало выспяваць досыць прыкрае ўсведамленне: відаць, збеларусіць усю Беларусь ніяк не атрымаецца, то перад кожным, хто гэтак думаў, рубам паўстала пытанне: а тады як?

(Між іншым, апошняе ўжо само па сабе сталася надзвычай істотным, бо ва ўсе ранейшыя часы праблема выглядала безальтэрнатыўнай: альбо ўсё, альбо нічога. І тады капец Беларусі, паколькі ніякія іншыя, сінтэтычна-кампрамісныя варыянты нацыянальнага ўладкавання нават не браліся пад увагу. А адсюль і адчай, і расчараванні, і сыход упрочкі былых вернікаў нацыянальнай ідэі, як толькі сітуацыя ў сваёй безальтэрнатыўнасці апыналася тупіковай).

Гэты раздзел (зрэшты, як і ўвесь тэкст), уласна, і прысвечаны маёй візіі праблемы, сфармаванай рашучым запытам: “калі не ўсё, то тады як?”. Але перад тым, як ужо наўпрост адказаць на радыкальны запыт, канспектыўна падсумуем усё раней сказанае, толькі ўжо ў праекцыі паразы татальнасці традыцыйнай нацыянальнай ідэі.

Гістарычна і геапалітычна Беларусь належыць да еўрапейскага лагатопа. Менавіта там (тут) быў дэтэрмінаваны інтэграл яе кону. Але пазней наш Край будзе пабраны Расейскай імперыяй і тым самым надоўга апынецца адлучаным ад свайго натуральнага месца. Далей усё заладзіцца яшчэ больш пакручаста… Пакуль Расея, праз русіфікацыю краю, занурыцца ў вызваленне ліцвінаў (беларусцаў) ад плёну польскага каланіялізму, ва ўлонні беларускай вёскі неўпрыкмет дафармуецца ўжо ўласна беларускі этнас. Дзякуючы яму неўзабаве ў суплёт нацый Расейскай імперыі дадасца і беларуская. Аднак расейскі нацыяналізм (у нейкі перыяд пад гаслам камунізму) у змаганні за ўласную манаполію пакрысе вынішчыць беларушчыну амаль дарэшты. Толькі і ў яго не атрымаецца вынішчыць пакліканне гэтай прасторы да ўласнай суб’ектнасці, якая была дэтэрмінаваная ёй конам…

Вось з усяго гэтага разам у 1991 годзе мы атрымаем уласную Дзяржаву ў сярэдзіне Еўропы, але без хоць якіх выразных прыкмет нацыі ў яе аснове.

Калі добра ўдумацца, то па-свойму гэта была жахлівая сітуацыя. Яе, бадай, можна параўнаць з сітуацыяй чалавека, які раптам заўважыў, што ён не мае ценю. Як быццам усё ў яго, як у людзей, але ценю няма, і таму чалавек не дае веры свайму жытву.

Таму зноўку паўсталай Беларускай дзяржаве, каб займець хоць якую матывацыю ўласнай канстытуяванасці, трэба было тэрмінова запоўніць пустату ўнутры самой сябе чымсьці нацыянальным (як вядома, у ХХ стагоддзі толькі наяўнасць нацыянальнага легітымізавала дзяржаву). Аднак Рэспубліка Беларусь здарылася залішне хутка, каб у каго быў час падумаць, а што ва ўмовах нашай сітуацыі можа быць вылучанае ў якасці інтэгральнай формулы нацыянальнага?

Зрэшты, каб час на гэта нават і быў, то пра нешта падобнае ўсё роўна б ніхто не думаў, бо тады нацыянальнае ў нас як бы a priori таясамілася з мовай, гісторыяй, культурай… А паколькі ўсяго гэтага на тую пару мы не мелі ці мелі зусім мала, то і не ўяўлялася іншага выйсця, як тэрмінова ўлегчыся ў адраджэнне зніклага ды вынішчанага.

Хваля нацыянальнага Адраджэння была магутнай, але “верхавой” — яна не скаланула глыбінь шараговага побыту. Здаецца, Аляксандр Лукашэнка адным з першых палітыкаў зразумеў (нутром адчуў?), што як толькі “вецер аціхне”, хваля акуратненька ўкладзецца ў звычаёвую роўнядзь тутэйшасці і ад “нацыянальнай пены” не застанецца ані знака. А з гэтага вынікала, што Дзяржава зноў будзе нічым не легітымізаванай, акрамя як фармальнай атрыбутыкай самой дзяржаўнасці… І тады ён пачаў шукаць апірышча Дзяржаве не ўнутры яе “пустаты”, а вонкі, гандлюючы з Расеяй адзіным, што ў яго было — голай атрыбутыкай дзяржаўнасці.

Цікава, што два самыя знаныя беларускія палітыкі 90-х гадоў аднолькава спатыкнуліся на тым самым — на паразе ідэі нацыянальнага Адраджэння (і нават аднолькавым чынам!). Уся розніца хіба ў тым, што як толькі дынаміка нацыянальнага руху пайшла на спад, Зянон Пазняк эміграваў за мяжу сам-насам, а Аляксандр Лукашэнка паспрабаваў зрабіць гэта разам з усёй краінай. Але і ў тым, і ў другім выпадку латэнтнай матывацыяй быў фактар “нацыянальнай пустаты”, якую яны не ведалі чым яшчэ можна запоўніць, акрамя як нацыянальным Адраджэннем.

Не станем зноў вяртацца да пытання, чаму так сталася, што ў нас ніхто нават не дапускаў магчымасці хоць якой яшчэ формы нацыянальнага ўладкавання, акрамя “моўна-этнаграфічнай” (хаця гэты феномен, бясспрэчна, і патрабуе асобнага доследу)… Бо далей я маю намер без усялякіх перадумоў адразу і катэгарычна заўважыць, што гэтая форма нацыянальнага ўладкавання на Беларусі ўжо не жыццядайная і, значыць, не прыдатная да фармавання паўнавартаснай Нацыі.

Як засведчыў досвед паразы апошняга Адраджэння, у дыскурсе БССР усе базавыя чыннікі ўласна беларушчыны былі вылегчаныя да той меры, за якой яны страцілі здольнасць да самагенерацыі нават у спрыяльных для іх умовах. Гэта значыць, што цяпер канцэптуальна яны могуць існаваць адно ў сітуацыі штучнай падтрымкі, а самі з сябе — толькі ў фармаце лакальных падзей маргінезу. Адсюль заканамерна вынікае, што “моўна-этнаграфічны” канцэпт ужо не можа быць пакладзеным у інтэгральную формулу беларускай Нацыі. А калі мы станем далей трымацца ранейшай практыкі і акумуляваць усе свае сілы на перамогу этнаграфізму, то сваёй упартасцю самі данішчым беларушчыну дарэшты.

Даволі! “Трэба шукаць на іншых шляхох” (Ігнат Абдзіраловіч).

Як ужо казалася, формаў і спосабаў нацыянальнага ўладкавання мноства. І пра гэта напісана мноства артыкулаў і кніг (ахвочых да іх і адсылаю). Я ж тут у прыклад згадаю толькі досвед Лацінскай Амерыкі, дзе нацыі (і, адпаведна, дзяржаўныя ўтварэнні) фармаваліся і не на сваёй мове, і не на аўтэхтоннай культуры, і не ў “этнаграфічных межах”, а, з нашага гледзішча, увогуле на чорт ведае чым. Імя таму дзіву — “крэольскі нацыяналізм” (Бенедыкт Андэрсан). Гэта значыць, што не карэнныя індзейцы, і нават не мецісы (плён “сяброўства” беласкурых мужчын з цёмнаскурымі гаспадынямі кантынента), а крэолы, нашчадкі іспанцаў, пазбаўленыя сваёй “гістарычнай радзімы”, панастваралі ў Лацінскай Амерыцы розных нацыянальных дзяржаў (Аргенціна, Бразілія, Калумбія, Мексіка, Перу, Чылі…), якіх сёння ў свеце ведаюць куды лепш за Беларусь.

Тут нехта можа заўважыць, маўляў, ты яшчэ згадай афрыканскія племянныя нацыяналізмы ці ісламскі транснацыяналізм… Насамрэч, “экзатычны” досвед Лацінскай Амерыкі, нягледзячы на папулярнасць праблематыкі “крэольства” ў беларускіх інтэлектуалаў, наўрад ці дапаможа нам у вырашэнні ўласных спраў. Але мне згадка пра крэольскі феномен спатрэбілася не дзеля пераймання, а каб праз “экзотыку” больш выразна патлумачыць, што ёсць (і магчымыя) іншыя шляхі ад таго адзінага, які для нас ператварыўся ў “ідэю-фікс”. І за прыкладамі няма патрэбы далёка хадзіць. Я ўжо не аднойчы згадваў побач з “моўна-этнаграфічнай” (гэтак званай “нямецкай”) мадэллю нацыянальнага ўладкавання — “французскую” (мадэль “грамадзянскай супольнасці”).

На старонні беларускі погляд, у нацыянальным аспекце паміж немцамі і французамі няма аніякай, прынамсі прынцыповай, розніцы: і там і там дамінуюць уласная мова, культура, гісторыя, атрыбутыка… Але насамрэч розніца ёсць — і розніца прынцыповая.

“Французская” мадэль найперш трымаецца двух базавых пастулатаў: роўнае для ўсіх чальцоў супольнасці грамадзянства і агульнае для ўсіх права. Усе астатнія чыннікі (этнічнае паходжанне, мова, культурны код, etc.) — другога плана, недамінантныя. Яны могуць быць, прысутнічаць, а могуць і не вытыркацца. Нязменнымі і абавязковымі застаюцца толькі роўнасць у грамадзянстве і аднолькавае падпарадкаванне ўсіх аднаму і таму ж Закону. Адсюль і не этнічны (расавы), а грамадзянскі (паспаліты) нацыяналізм, які перадусім фармуецца супольнай прыналежнасцю да агульнага цэлага.

Натуральна, і “французская”, і “нямецкая” мадэлі — гэта толькі схемы, якія рэальнае нацыянальнае жыццё ўжо так пазаблытвала, што ў кожным канкрэтным выпадку бывае цяжка разрозніць: дзе тут што? Але ж у нашай сітуацыі якраз пакуль і гаворыцца не пра канкрэтыку, а пра асновапалеглую базавую схему, на якой будзе магчыма аформіць нацыю ўжо ў завершанае цэлае.

Дык вось, улічваючы, што беларушчына як такая ў асноўных сваіх атрыбутах (найперш мовы і нацыянальнай культуры) вынішчаная настолькі, што яе паўнавартаснае ўзнаўленне не ўяўляецца магчымым, я б хацеў прапанаваць тэарэтыкам нацыянальнага будаўніцтва (і найперш — нацыянальна заангажаваным) перанесці сваю ўвагу з “нацыянальна-этнаграфічнай” мадэлі на мадэль “грамадзянскай супольнасці”.

Так, у гэтым выпадку мы здрадзім нашым папярэднікам, але злагодзім беларусаў (і сябе саміх) з той рэальнасцю, у якой беларускае грамадства ўжо знаходзіцца цяпер. Парадокс нашай сітуацыі палягае ў тым, што нацыянальнае ўладкаванне Беларусі самахоць (інакш — праз прымус гістарычных падзей) ужо адбылося па схеме “грамадзянскай супольнасці”. А падваліны яе заклалі… бальшавікі: і тым, што згамавалі да звання этнічную складовую беларускага нацыяналізму, і тым, што аформілі прастору бытавання беларусаў у трывалую і зграбную адміністрацыйную адзінку — БССР.

Напярэдадні перабудовы беларусы, у асноўнай сваёй масе, ментальна ўжо амаль не вызнавалі сябе за беларусаў, аднак сваёй радзімай лічылі не Савецкі Саюз, не Расею, а менавіта Беларусь. (Я — той, хто жыве на Беларусі.) Гэта значыць, што ў дыскурсе БССР адбылася яшчэ адна істотная метамарфоза: тут беларусы перасталі быць не толькі беларусамі (у “моўна-этнаграфічным” аспекце), але і “тутэйшымі”. І калі пра першае толькі і гаворкі, то на другое, здаецца, ніхто і ўвогуле не звяртаў увагі. А дарэмна, бо, верагодна, у будучым гэты момант апынецца куды больш істотным за ўсе астатнія.

Пры ўсёй размаітасці нацыяналізмаў, для кожнага з іх (бадай, акрамя габрэйскага і трансісламскага) на першы план выходзіць праблема “ўласных межаў”. “Тутэйшы” мог лічыць сябе нават беларусам, аднак паколькі “тутэйшасць” не ведае мяжы, то яна і не ведае нацыянальнасці. А вось “тутэйшы”, які гэтую мяжу ведае, перастае ім быць і, значыць, становіцца патэнцыйным нацыяналістам (чаго і каго — гэта ўжо іншая рэч).

Сітуацыя БССР сістэмна падрыхтавала Беларусь да ўласнай дзяржаўнасці, а тутэйшых беларусаў да нацыяналізму, толькі не этнічнага, а паспалітага кшталту. Вось гэтага і не схацелі (ці не змаглі) угледзець тэарэтыкі і практыкі нацыянальнага будаўніцтва, калі ў 1991 годзе Беларусь атрымала дзяржаўную незалежнасць.

Уласна, кароткая эпоха Адраджэння — гэта латэнтны двубой этнічнага нацыяналізму з паспалітым. Цікава, што першы яшчэ напярэдадні распаду СССР прыдбаў сабе тэарэтыкаў, ідэолагаў і прыхільнікаў (у мностве), але пазней так і не выявіў адпаведнага патэнцыялу, каб татальна заканстытуяваць сваю візію нацыянальнага ў якасці паноўнай ідэалогіі і практыкі грамадскага жыцця. А другі — цалкам наадварот. Паспаліты нацыяналізм ужо на тую першапачатковую пару меў дастатковы патэнцыял, каб неўзабаве аформіцца ў дамінуючую форму нацыянальнага ўладкавання, толькі тады ніхто не звярнуў нават увагі на ягоныя магчымасці.

Раней я пісаў: “…іншай, акрамя як сацыяльнай, беларуская дзяржава быць не можа, бо для абсалютнай бальшыні насельнікаў нашай краіны прыярытэтнымі як былі, так і застануцца не нацыянальна-культурныя ці ідэалагічныя, а сацыяльныя каштоўнасці”. Калі ў гэтак радыкальна сфармуляванай выснове ёсць рацыя, то, напэўна, я маю рацыю і ў тым, што звязваю нацыянальнае будучае Беларусі не з “этнаграфізмам”, а з “грамадзянскай супольнасцю” і, адпаведна, з паспалітым нацыяналізмам. Гэта значыць, што рана ці позна, але нам давядзецца нацыяналізаваць не што іншае, як нашу сацыяльнасць, і адначасна самім нацыяналізавацца праз сацыяльнае, якое для беларусаў уяўляецца галоўнай каштоўнасцю.

Дзеля таго, злагоджанага з наяўнай рэальнасцю будучага, нам перадусім трэба перапыніць нябачную вайну двух беларускіх нацыяналізмаў — “моўна-этнаграфічнага” і “паспалітага”. І першым запрасіць міру мусіць этнанацыяналізм: і таму, што ён пераможаны, і таму, што гэта ён распачаў вайну, і таму, што яму давядзецца прасіць у пераможцы літасці і паразумення, каб знайсці сабе месца і застацца ў той канфігурацыі беларускага грамадства, якая пакрысе сфармуецца на канцэпце паспалітага нацыяналізму.

Адным словам, адраджэнцам самы час зразумець, што іх манаполія на нацыяналізм скончылася. І незваротна.

5. Апошні эпілог

Жыць нацыянальнай iдэяй — гэта iдэалогiя.

Жыць з нацыянальнай iдэi — гэта тэхналогiя.

У эпоху краху ўсiх iдэалогiй, калi быццё цалкам згарнулася да памераў тэхналагiчнага бытавання, нацыяналiзм марна аналізаваць, шанаваць i берагчы з гледзiшча ягонай iдэалагiчнасцi…

Уласна, у звязку з праблемай нацыяналiзму ў тэхнакратычным грамадстве, ёсць, бадай, толькi адно сапраўды iстотнае запытанне: наколькi нацыяналiзм тэхналагiчны? Гэта значыць, наколькi ён вартасны не як iдэалогiя адбывання быцця, а як тэхналогiя адбывання быцця?..

На гэтае запытанне маецца цалкам станоўчы адказ. Насамрэч, нацыяналізм у сваім цэлым ужо даўно зусім не ідэалогія, а толькі тэхналогія арганізацыі соцыуму. Да таго ж на сёння гэта самая універсальная і найбольш эфектыўная тэхналогія, за што сведчыць ягоная прысутнасць паўсюль на зямной кулі.

Цi тэхналагiчны ў гэтым сэнсе беларускi этнанацыяналізм? Гэта канцэптуальнае пытанне. Бо калi — не, не тэхналагiчны, то колькi б мы не ўлягалiся ў адраджэнне мовы, гiсторыi, культуры, колькi б не ладзiлi мiтынгаў, пiкетаў, шэсцяў, колькi б не ганiлi кожную новую ўладу за яе абыякавасць да ўласна беларускай візіі нацыянальнага праекта — усё будзе марна. Сучасная цывiлiзацыя не бярэ пад увагу нетэхналагiчныя iдэi, а тым болей не прымае iх да рэалiзацыi.

Вiдавочна, што сёння на Беларусi ёсць сферы, дзе этнанацыянальная iдэя — дастаткова тэхналагiчная iдэя. Тут найперш згадваюцца лiтаратура, часткова — адукацыя, фрагментарна — культура, у асобных праявах — палiтыка, гісторыя, беларускамоўная журналiстыка i да т.п. I хаця гэткiх сфер вельмі мала, яны лакальна разасобленыя, пераважна не прэзентатыўныя, аднак iх наяўнасць сведчыць, што пакуль этнанацыянальнай iдэяй можна не толькi жыць (эмацыйна, духоўна), але што з яе таксама можна i жыць (матэрыяльна, прагматычна).

Разам з тым, у беларускага этнанацыяналізму як сістэмнай і самастойнай падзеі, падобна, няма будучыні. Засталося трохі пачакаць, каб убачыць, як яго прыгарне да сябе і ўжо ніколі не адпусціць з абдымкаў паспаліты нацыяналізм. З гэтага можна моцна нурыцца, а можна і хоць трохі ўсцешыцца. Ужо хаця б таму, што паспаліты нацыяналізм ніяк не абыдзецца без складовай этнаграфізму, асабліва тых яго фрагментаў, што забяспечаныя тэхналагічнасцю. А значыць, беларушчына і надалей застанецца на Беларусі, прынамсі, у тым яе патэнцыяле, які яна рэальна зможа сама з сябе выявіць. Міне яшчэ колькі часу і пад беларускім нацыяналізмам пачнуць разумець зусім не тое, што разумеюць сёння. У ім мала застанецца ўласна беларушчыны, але затое будзе ўся Беларусь. І ў той Беларусі аб’явіцца процьма беларускіх нацыяналістаў, якім не да галавы будзе ні беларуская мова, ні нацыянальная культура, ні ўласная гісторыя…

Так яно станецца. Ужо ж напэўна.

Адно не пытайцеся мяне, ці добра гэта?

Не бывае правільных адказаў, правільнымі бываюць толькі пытанні.

Літаратура:

1. История философии: Энциклопедия. Минск: Книжный Дом, 2002.

2. Постмодернизм: Энциклопедия. Минск: Книжный Дом, 2001.

3. Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня. Санкт-Петербург: Невский простор, 2003.

4. Беларуская думка ХХ стагоддзя. Варшава, 1998.

5. Энтані Сміт. Нацыяналізм у дваццатым стагоддзі. Мінск: Беларускі фонд Сораса, 1995.

6. Жана Эрш. Філасофскае здумленне. Мінск: Беларускі фонд Сораса, 1996.

You may also like...