Васіль ХАРЭЎСКІ. Беларуская вёска на мяжы тысячагоддзя

План:

1. Тэндэнцыі дэмаграфічнага развіцця Беларусі ў XX ст.

2. Дзяржаўнае “кіраванне” дэмаграфічных працэсаў

3. “Новая” праграма “адраджэння” вёскі

 

1. Тэндэнцыі дэмаграфічнага развіцця Беларусі ў XX ст.

На пачатку XX ст. на тэрыторыі сучаснай Беларусі жыло 6.899,1 тыс. чалавек. З іх 85,7% — у сельскай мясцовасці, а 14,3% — у гарадах. Беларусь была аграрнай ускраінай Расейскай імперыі. Вядомыя драматычныя падзеі тых гадоў: першая ўсясветная вайна, рэвалюцыя, грамадзянская вайна, падзел Беларусі на Заходнюю і Ўсходнюю (БССР), уз’яднанне, сталінскія рэпрэсіі, індустрыялізацыя. Усё гэта суправаджалася вялікімі перамяшчэннямі людзей — міграцыяй, эвакуацыяй, высылкай, перасяленнем вяскоўцаў у гарады, іншымі зрухамі.

Да 1941 г. колькасць насельніцтва Беларусі дасягнула 9.092 тыс. чалавек. У гарадах жыло 21,7%, а ў сельскай мясцовасці — 78,3% насельніцтва. Другая ўсясветная вайна прынесла вялікія страты. За гады вайны Беларусь страціла 2,6 млн. чалавек. Частка з іх загінула, частка эмігравала, частка была эвакуявана ад пачатку вайны. Было разбурана каля 80% заводаў і фабрык, жылых дамоў. Таму ў першыя пасляваенныя гады кіраўніцтва СССР прызнала Беларусь рэгіёнам з лішкам працоўных рэсурсаў, і ў ёй сістэматычна праводзіліся т.зв. “оргнаборы” працаздольнага насельніцтва на будоўлі і леспрамгасы Сібіры, Далёкага Ўсходу, Поўначы СССР, шахты Расеі і Ўкраіны, у Калінінградскую вобласць, рэспублікі Прыбалтыкі. З’язджалі людзі й самастойна, на пошукі жытла і заробку. Таму не выглядае выпадковым, што Беларусь дасягнула даваеннай колькасці насельніцтва толькі ў 1972 г., пазней за ўсе краіны, уцягнутыя ў вайну.

Аднак адбудова новых заводаў і фабрык таксама патрабавала кадраў. Дзеля гэтага ў Беларусь сталі запрашаць, а больш дакладна — цэнтралізавана прысылаць спецыялістаў з Расеі. Рыхтавалі, праўда, і свае кадры. І гэтак пачалося вялікае перасяленне з вёсак у гарады.

Для разгляданага перыяду быў характэрны высокі натуральны прырост насельніцтва — нараджальнасць перавышала смяротнасць. У 1950 г. натуральны прырост склаў 135.220 чалавек, у 1955 г. — 136.379, у 1960 г. — 146.181, 1965 г. — 95.709. Але актыўны працэс прыросту насельніцтва адбываўся толькі ў гарадах. У сельскай мясцовасці колькасць насельнікаў пачала паступова змяншацца. У выніку — у 1994 г. колькасць насельніцтва Беларусі склала 10 млн. 243,5 тыс. чалавек. У гарадах гэтым часам пражывала ўжо 67,6%, а ў сельскай мясцовасці — 32,4% беларусаў. Але з 1994 г. колькасць насельніцтва зноў пачынае скарачацца, і да 2005 г. скарацілася на 443,4 тыс. чалавек. Асабліва вялікія страты церпіць сельскае насельніцтва — 572,3 тыс. чалавек. Асноўнай прычынай гэткай тэндэнцыі сталася перавышэнне смяротнасці над нараджальнасцю. Так, у 2004 г. нарадзілася 88 943 чалавек, памерла 140.064. Толькі за адзін год страты насельніцтва краіны склалі 51.121 чалавек.

З іншага боку, праблема палягае ў тым, што насельніцтва пачало рэзка “старэць”. У шэрагу раёнаў колькасць пенсіянераў перавысіла колькасць працаздольных. У многіх вёсках і нават цэлых сельсаветах, найбольш аддаленых ад вялікіх гарадоў, не засталося моладзі фертыльнага ўзросту (узросту, здольнага да ўзнаўлення насельніцтва).

Чарнобыльская катастрофа падсілкавала негатыўныя працэсы. Радыяцыйнае забруджанне зафіксавана ў 56 (з 118) раёнаў. Гэта бяда напаткала 41 горад і 3.329 сельскіх паселішчаў. З забруджанай зоны з дапамогай дзяржавы і самастойна з’ехала больш за 100 тыс. чалавек. Але ў ёй і дасюль жыве каля 1,8 млн. чалавек, якіх нястомна запэўніваюць: “Там жыць можна”. Хоць вядома, што доўгатэрміновыя наступствы ўздзеяння малых доз радыяцыі вывучаны недастаткова, людзей усё ж пакідаюць жыць у зоне рызыкі.

У 1990-я гг. працягваліся масавыя ўцёкі моладзі з вёсак. І там заставаліся толькі жыхары пераважна пенсійнага ды перадпенсійнага ўзросту. Такім чынам тысячы вёсак аказаліся без чалавечай прысутнасці. Па ўсёй краіне раскідана больш за 20 тыс. пустэльных дамоў. Калі яшчэ на пачатку 1990-х гг. у Беларусі было 24.956 вёсак, то цяпер іх засталося менш за 24 тыс.

За 2005 г. колькасць насельніцтва зменшылася на 49,9 тыс. чал. На 1 студзеня 2006 г. у Беларусі жыло 9 млн. 750,2 тыс. чалавек.

Як і ў першыя пасляваенныя гады, зноў актывізаваліся пошукі заробкаў у іншых краінах. Паводле афіцыйных звестак, на сённяшні момант толькі ў Расеі працуе 100 тыс. беларусаў. Акрамя таго, згодна з экспертнымі дадзенымі, там нелегальна зарабляюць на пражыванне каля 250 тыс. чалавек. З ацэнак Усясветнага банку, на заробках па-за межамі Беларусі знаходзіцца больш за 400 тыс. беларусаў, якія прывозяць у краіну прыкладна 1 млрд. долараў ЗША.

2. Дзяржаўнае “кіраванне” дэмаграфічных працэсаў

Значны адток насельніцтва з сельскай мясцовасці пачаў турбаваць органы дзяржаўнага кіравання ў 1960-я гг. Тэмпы міграцыі не паспявалі за ростам прадуктыўнасці працы ў сельскай гаспадарцы, таму ў рэспубліцы востра паўстала праблема забеспячэння прадуктамі харчавання. Да вырашэння задачы падышлі наступным чынам. Каб зменшыць тэмпы адтоку насельніцтва з вёскі, калгаснікам не давалі пашпартоў, на прадпрыемствах абмежавалі прыём на працу сельскіх жыхароў і т.д.

Дастаткова цікава складалася сітуацыя ў 1970—1980-х гг. На новабудоўлі ў гарады забаранялася браць сельскіх жыхароў-беларусаў, затое бралі жыхароў іншых рэспублік СССР. Тым жа часам ажыццяўляўся оргнабор з Беларусі на будоўлі Сібіры, Далёкага Ўсходу, Карэліі ды інш. І шмат хто з беларусаў з’язджаў з рэспублікі па оргнаборах. Адметна, што вярталіся яны здалёк ужо ў гарады, дзе мелі магчымасць уладкавацца на працу.

Вяскоўцам дазвалялася працаваць у міліцыі, медычных установах (малодшы персанал), на некаторых будоўлях. Можна было таксама паступіць на вучобу ў тэхнікум ці ВНУ і потым канчаткова перабрацца ў горад. Каб не вяртацца ў калгас, дэмабілізаваныя вайскоўцы адразу ж уладкоўваліся на працу ў горадзе.

Умовы жыцця ў вёсках былі цяжкімі, і, атрымаўшы сярэднюю адукацыю, моладзь усімі праўдамі і няпраўдамі імкнулася ўцячы ў горад.

Здавалася б, у варунках планава-рэгуляванай адміністратыўнай сістэмы дастаткова было прыняць адпаведную пастанову ЦК КПСС і Савету Міністраў СССР, каб гэту праблему вырашыць на карысць комплексанага развіцця тэрыторый і стварэння людзям нармальных умоў працы, незалежна ад месца іх жыхарства.

Варта азначыць: ЦК КП Беларусі і Савет Міністраў БССР неаднаразова разглядалі гэту ды іншыя праблемы, звязаныя з тэрытарыяльнымі аспектамі развіцця народнай гаспадаркі. Першай канцэптуальнай працай у гэтым кірунку стала “Схема размяшчэння вытворчых сіл Беларускай ССР на 1959—1980 гады”. Былі вызначаны апорныя пункты гарадскога рассялення (развіцця гарадоў), якія найбольш адпавядалі размяшчэнню прамысловых прадпрыемстваў. Ды аналіз выканання прапаноў памянёнай “Схемы” паказаў, аднак, што гэта вядзе да істотнага росту насельніцтва ў абмежаванай колькасці гарадоў і такім чынам паскарае міграцыю вясковага насельніцтва. І гэтак, чаканага выніку не атрымалі.

У 1968 г. была прынята Пастанова ЦК КПСС і СМ СССР № 728 “Аб упарадкаванні будаўніцтва на сяле”. Саветам Міністраў саюзных рэспублік, Мінсельгасу СССР і Мінсельбуду СССР было даручана арганізаваць у кожнай вобласці, краі і аўтаномнай рэспубліцы комплекснае эксперыментальнае будаўніцтва пасёлкаў у калгасах і саўгасах з выкарыстаннем лепшых тыпавых праектаў жылых дамоў і грамадскіх аб’ектаў, ужываючы найбольш перадавыя метады арганізацыі будаўнічых работ. Такія пасёлкі мусілі стаць эталонамі масавага будаўніцтва. Як агульным архітэктурным выглядам, так і сістэмай абслугоўвання і ўзроўнем добраўпарадкавання яны мелі адпавядаць не толькі тагачасным сацыяльна-эканамічным стандартам, але і ўлічваць патэнцыйныя запыты насельніцтва наперад.

Захаванне гістарычна існай сістэмы рассялення, канцэнтрацыя будаўніцтва ў перспектыўных населеных пунктах дазвалялі больш эфектыўна вырашыць задачы ўпарадкавання і культурна-побытавага абслугоўвання вясковага насельніцтва, нягледзячы на абмежаваныя фінансавыя магчымасці дзяржавы. Да таго ж, праекты такіх пасёлкаў павінны былі ўлічваць рэльеф, наяўнасць вадаёмаў, лясных масіваў. Забудову пасёлкаў мерыліся ажыццяўляць ансамблева, з фармаваннем цэнтральных плошчаў. Праект забудовы функцыянальна падзяляў зоны — на жыльлёвую, рэкрэацыйную і вытворчую.

У здзяйсненні эксперыменту Беларусі надавалася вядучая роля. Эксперымент праводзіўся ў сямі гаспадарках — у саўгасах “Селюты” Віцебскай вобласці, “Леніна” Магілёўскай, “Малеч” Брэсцкай, “Камуніст” Гомельскай, у калгасах “Прагрэс” Гродзенскай, “Чырвоная змена” і імя Калініна Мінскай вобласцяў.

Праграма эксперыментальнага будаўнітцва была завершана за 1969—1975 гг. Для кожнай гаспадаркі былі распрацаваны схемы ўнутрыгаспадарчай планіроўкі — з улікам размяшчэння вытворчых і дапаможных аб’ектаў, праектавання жылых дамоў, клубаў, дамоў культуры, дамоў КБА (камбінатаў бытавога абслугоўвання). Трымалі на ўвазе й той факт, што на вёсцы павінен запанаваць гарадскі лад жыцця, што частка насельніцтва адмовіцца ад прысядзібных дзялак. Дзеля гэтага ў цэнтрах пасёлкаў будавалі секцыйныя 2—4-павярховыя дамы (68% ад агульнай колькасці). Ахвочых займацца гаспадараннем надзялялі тым часам гароднымі дарэзкамі, ім забяспечвалі месцы для надворных збудаванняў.

У такіх пасёлках будавалі школы на 16 і 20 класаў, дамы культуры на 400 і 600 месцаў, бальніцы на 100 ложкаў, дамы побыту на 20 працоўных месцаў, універсамы, музычныя школы, спарткомплексы, музеі, дзіцячыя садкі-яслі — для абслугоўвання насельніцтва некалькіх вёсак.

Аднак такая стратэгія адраджэння — дзяленне вёсак на перспектыўныя і неперспектыўныя прывяла да таго, што так званыя неперспектыўныя селішчы насцігла поўнае занядбаннне: спынялася функцыянаванне школ, бібліятэк ды інш. Вядома ж, іх не электрыфікавалі і аніяк не парадкавалі. Урэшце рэшт якраз такое стаўленне й зрабілася яшчэ адной прычынай “уцёкаў” з вяскі.

Ізноў для знейтралізавання негатыўных тэндэнцый навукоўцы шукалі новыя ідэі. Перадусім былі прызнаны неабгрунтаванымі абмежаванні прысядзібных гаспадарак, дзяленне вёсак на перспектыўныя і неперспектыўныя.

У 1982 г. распрацавалі новую “Схему размяшчэння і развіцця гарадскіх і сельскіх паселішчаў Беларускай ССР да 2000 г.”. У аснову гэтай канцэпцыі быў пакладзены адваротны прынцып: не чалавек да паслугі, а паслуга да чалавека. Цяпер планавалася ўжо электрыфікаваць і тэлефанізаваць усе населеныя пункты краіны, добраўпарадкаваць дарогі, развіваць транспартную сетку, паслугі аўталавак, кінаперадзвіжак і т.д.

Асаблівасць гэтай схемы — “аўтанамізацыя” тэрыторый і вытворчых адзінак. Вось, хоць і пазнейшы, але характэрны прыклад такога падыходу. З дакументу ад 19 верасня 1987 г. “Аб неадкладных мерах па паскарэнні рашэння харчовага пытання ў адпаведнасці з устаноўкамі чэрвеньскага (1987 г.) пленума ЦК КПСС” ад 25.11.1987 г. №368:

— з 1.01.1988 г. перавесці ўсе калгасы, саўгасы і другія прадпрыемствы і ўстановы аграпраму на поўны гасразлік і самафінансаванне…

— стварыць у кожнай вобласці аграпрамысловыя камбінаты, аб’яднанні, аграгандлёвыя прадпрыемствы аграпрама…

— да 1.01.1989 г. вакол вялікіх гарадоў стварыць аб’яднанні і прадпрыемствы па вытворчасці і перапрацоўцы плодаагародніннай прадукцыі і бульбы

— раённыя бальніцы прывесці ў адпаведнасць з сучаснымі патрабаваннямі

— у 12-й пяцігодцы задаволіць цалкам патрэбы ў дзіцячых дашкольных і школьных установах

— да 1995 г. прыбудаваць да школ спортзалы, сталовыя, актавыя залы і інш. памяшканні, сумяшчаць школы з дзіцячымі садкамі

— не дапускаць закрыцця пачатковых і васьмігадовых школ (без абгрунтавання)

— у новых будынках школ прадугледжваць басейны і ванны для закальвання

— да 2000 г. мець у кожным раёне многапрофільныя ПТВ

— калгаснікам, работнікам саўгасаў і іншым грамадзянам, якія жывуць у сельскай мясцовасці і выказваюць жаданне гадаваць жывёлу ці птушак, вырошчваць бульбу, гародніну, ягады, зялёныя, кармавыя і інш. культуры для рэалізацыі іх па дамовах з калгасамі, саўгасамі і арганізацыямі спажыўкааперацыі: выдзяляць на адну карову, што знаходзіцца ў асабістай маёмасці, па 0,3—0,5 га палепшаных пашаў і на адну авечку — 0,05 га

— да 1991 г. мець у кожным населеным пункце ў разліку на 6 двароў не менш як 1 каня.

На пачатку 80-х гг. БЕЛНДІ сельбуду БССР і БелНДІ эканомікі і арганізацыі сельскай гаспадаркі правялі даследаванне прычын міграцыі насельніцтва ў горад. Большасць апытаных адказалі, што галоўнай прычынай іх ад’езду ёсць нездавальняльныя ўмовы і характар працы ў сельскагаспадарчай вытворчасці, нізкі ўзровень механізацыі, цяжкая фізічная праца ў паляводстве, жывёлагадоўлі, неспрыяльныя санітарна-побытавыя ўмовы. Да таго ж, маладыя сем’і з’язджалі, каб даць сваім дзецям лепшую адукацыю, бо ў многіх вёсках увогуле не было школ.

Клубы, дамы культуры, магазіны і т.д. будаваліся ў вялікіх вёсках, а ў малых (іх больш за 70%) яны адсутнічалі. Жыхары гэтых вёсак не заўсёды маглі скарыстацца паслугамі такіх устаноў. Ды й нават калі ў вёсцы меўся клуб, гэта не значыла, што ён прывабліваў моладзь. У 1983 г. на 35 культасветустаноў быў 1 спецыяліст з вышэйшай адукацыяй, 1/3 з іх мелі сярэднюю адукацыю, астатнія — выпадковыя людзі.

Аналізуючы праблемы міграцыі насельніцтва і эфектыўнасць дзяржаўных захадаў да яе рэгулявання, аўтар гэтага тэксту прыйшоў да высновы, што дасягнуць мэт, сфармуляваных у рашэннях партыйных органаў, нерэальна. Нават зрэалізаваўшы запланаваныя мерапрыемствы напоўна, што таксама выклікала сумнеў, атрымаць пазітыўны вынік немагчыма.

Аргументы былі наступныя. Задача зрабіць з вяскоўца гараджаніна, ды яшчэ й паскоранымі тэмпамі, неадэкватная ані характару вясковага жыцця і працы, ані ментальнасьці селяніна. Пасёлак з шматпавярховымі дамамі, універсамамі, дамамі культуры — гэта яшчэ не сведчанне гарадскога ладу жыцця. У ім і дамы ніжэйшыя, і асфальт ня той, і ва ўніверсамах выбар тавараў вузейшы, і ў дамах культуры мерапрыемстваў куды меней, а рэпертуар бяднейшы. Пры тым, што моладзі ў гэтых пасёлках і так мала, нізкі, да таго ж, і прафесійны ўзровень работнікаў культуры. Але галоўная перашкода — абмежаваны выбар прафесіі.

Распрацоўваючы сістэму рассялення і стварэння розных тыпаў паселішчаў (замест аднатыпных), было прапанавана ўлічваць дыферэнцыяцыю патрэб, запытаў і пажаданняў розных людзей. Некаторым патрэбны творчыя кантакты і праца, якую можна знайсці толькі ў вялікім горадзе. У гэтай катэгорыі грамадзян высокая цана вольнага часу, які яны жадаюць скарыстоўваць на падвышэнне прафесійнага і культурнага ўзроўню. Ім патрэбны тэатры, навукова-тэхнічныя бібліятэкі, развітае побытавае абслугоўванне. А таму яны згодны жыць у шматпавярховых дамах, у грукаце машын і загазаваным паветры дзеля спаўнення мастацкіх запатрабаванняў.

Іншых задавальняе атмасфера малога гораду: свой дом, невялічкі кветнік, магчымасць пешкі дабірацца да працы, нескладаная праца, спакойны немітуслівы чын жыцця. Культурныя і побытавыя паслугі малога гораду іх таксама задавальняюць.

А нехта хоча мець карову, курэй, свіней, працаваць на зямлі. Такім ужо мала 6 сотак, якіх дастаткова ў малым горадзе. Ім падабаецца вясковы ўклад жыцця. І гэтак, развіваючы і забудоўваючы населеныя пункты, важна ўлічваць структуру і розніцу патрэб насельніцтва. А каб вырашыць праблему ўтрымання працоўных рэсурсаў у сельскай мясцовасці, трэба зыходзіць з характару працы і асаблівасцяў жыцця сялян. Шматпавярховыя дамы на вёсцы — гэта ненатуральна. Перавага тут мусіць быць аддадзена забудове індывідуальных сядзіб.

Такі подступ прадугледжвае шырокі выбар відаў і тыпаў населеных пунктаў; гарадоў рознага памеру (вялікіх, сярэдніх, малых), вёсак і нават хутароў. Чалавеку трэба даць магчымасць выбраць месца жыхарства і ўклад гаспадарання адпаведна з яго жаданнямі.

Высілкі дзяржавы мэтазгодна накіроўваць на развіццё будаўнічай індустрыі, дарожнай сеткі, сродкаў сувязі, культурна-побытавага абслугоўвання, на ільготнае крэдытаванне сямей, гатовых займацца будоўляй самастойна. Істотна як мага падтрымаць захаванне жывых яшчэ селішчаў, даючы насельнікам права і забяспечыўшы магчымасць упарадкавання т.зв. неперспектыўных вёсак. Мабыць, гэта аказалася б і даражэй, але такія захады мусяць акупіцца сур’ёзным сацыяльным і — у перспектыве — эканамічным эфектам.

Адной з прычын міграцыі сельскага насельніцтва ў гарады з’яўлялася й вострая патрэба гарадоў у працоўных руках. Гарады якраз і задавальнялі яе за кошт уцекачоў з вёсак. Працэс міграцыі меў ярка выразную траекторыю: прадпрыемствы і арганізацыі высокага навукова-тэхнічнага ўзроўню, якія развіваліся пераважна ў вялікіх гарадах, мелі магчымасць стварыць лепшыя ўмовы для працы, побыту і адпачынку. Яны адбіралі найбольш сацыяльна актыўную частку кадраў з прадпрыемстваў і служб вёсак і малых гарадоў, дзе гэтыя ўмовы былі горшымі. Вялікія гарады заўсёды мелі праблемы з камплектаваннем кадраў будаўнікоў, гандлю, камунальнай гаспадаркі, міліцыі, малодшага медычнага персаналу і г.д. І чым больш будавалася ў гарадах прадпрыемстваў, тым шырэйшым рабіўся адток насельніцтва з вёскі.

Гэта аб’ектыўны працэс, характэрны для ўсіх індустрыяльна развітых краін. І нічога тут не зробіш. Бо праблемы вёскі хаваюцца не толькі ў самой вёсцы, але і ў горадзе, і вырашаць іх трэба было шляхам аўтаматызацыі вытворчых працэсаў, паніжэння ўдзельнай вагі ручной працы і масавых прафесій, мэтанакіраванага развіцця сацыяльнай інфраструктуры.

Дарэчы, адным з захадаў ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС стала будаўніцтва дамоў для жыхароў, адселеных з забруджанай зоны. Такіх дамоў з’явілася шмат, у тым ліку і ў раёнах, прылеглых да зоны. Але якасць будаўніцтва не адпавядала запытам насельніцтва. А таму многія дамы на колькі гадоў засталіся незаселенымі, павялічыўшы колькасць пустога жытла.

Выконваючы працу “Трансфармацыя сістэмы рассялення ў выніку наступстваў аварыі на ЧАЭС”, мы прапаноўвалі не будаваць такіх дамоў, але аддаць адсяленцам грошы на будоўлю ў іншым, імі абраным, месцы. Магілёўскі аблвыканкам пагадзіўся на такое, прызнаўшы “высокую якасць” выкананай намі працы. Але прапаноў не прынялі. Пазней спробы высветліць, як скарыстаны грошы, выдаткаваныя на ліквідацыю наступстваў аварыі, паказалі: не даследчыкі-навукоўцы тут патрэбны, а следчыя-юрысты.

Цяпер, вяртаючыся да тых дэбатаў з уладамі, засмучаешся. Пра што мы спрачаліся? Шмат што цяпер стала відочным. А ў тыя часы нашы цверджанні вызначалі нам і лёс, і навуковую кар’еру, і здароўе — учыняліся ж інтрыгі, разбіральніцтвы на розных узроўнях, аж да ЦК КПБ. І доказы нашы выклікалі толькі раздражненне ў кіраўнікоў дзяржавы. Бо рашэнні прымалі яны. І будавалі так, як лічылі разумным. Жыццё ж ішло сваім шляхам і не падпарадкоўвалася пастановам кіраўніцтва краіны.

3. “Новая” праграма адраджэння вёскі

Ізноў, як у былыя часы, узнікла новая Праграма, ізноў мерапрыемствы. Мы іх наўмысна не пералічваем. Яны калькаваны з гэткіх жа самых дакументаў, прынятых ЦК КПБ і СМ БССР 25.11.1987 г. №368 (гл. вышэй).

На гэты раз у Беларусі плануецца стварыць 1.481 аграгарадок з гарадскімі ўмовамі жыцця — з басейнамі, палацамі і т.д.

Мы ж ужо гэта праходзілі. Аднак праграму друкуе “Беларусь сегодня — Советская Белоруссия”. І пярэчыць ёй, як і ў ранейшыя гады, рызыкоўна. Разумнейшы ж той, хто пры ўладзе.

Найперш варта было б вызначыць, што маецца на ўвазе пад “адраджэннем” вёскі? Раз “адраджаць”, то, пэўна, яна калісьці квітнела, а цяпер заняпала. А калі ж яна квітнела? У дарэвалюцыйныя часы? У даваенныя гады калектывізацыі? У пасляваенныя? Дарэчы, тады таксама “адраджалі”, пасля ваенных разбурэнняў. Цяжка ўявіць, што ж аўтары канцэпцыі “адраджэння” хочуць насамрэч аднавіць — дарэвалюцыйную ці даваенную вёску?

Напэўна, усё ж паваенную.

І наагул — навошта патрэбна вёска? Найчасцей за “вёску” лічаць населены пункт, жыхары якога займаюцца сельскай гаспадаркай. Але ж за апошнія 14 гадоў (1990—2004) колькасць занятых у сельскай гаспадарцы людзей скарацілася з 985,4 тыс. да 468 тыс. (на 517 тыс.) У 1990 г. у сельскай гаспадарцы было занята 19,1%, а ў 2004 — 10,8% ад усяго працаздольнага насельніцтва. Ці патрэбна столькі людзей сельскай гаспадарцы?

Вядома, што ў Францыі, Германіі, Вялікабрытаніі ў сельскай гаспадарцы занята каля 3—4% працаздольнага насельніцтва, і яны паспяхова вырашаюць харчовыя праблемы. Пры гэтым значная частка занятых у сельскай гаспадарцы жыве не ў вёсках, а ў гарадах.

У цяперашняй Беларусі, мабыць, перадусім трэба ставіць пытанне развіцця (ці ратавання?) сельскай гаспадаркі, а не вёскі ўвогуле. Пра стан нацыянальнай сельскай гаспадаркі сведчыць статыстыка. У 2003 г. у краіне працавала 2.230 сельскагаспадарчых арганізацый і 2.493 сялянскія (фермерскія) гаспадаркі. З агульнай колькасці сельскагаспадарчых арганізацый 67,3% стратныя.

Табліца 1. Рэнтабельнасць асобных галін гаспадаркі РБ (%)

1995

2000

2001

2002

2003

прамысловасць

10,1

15,8

10,9

10,5

12,0

сельская гаспадарка

15,4

6,2

-5,3

-2,3

-0,4

транспарт

26,5

23,7

15,0

16,7

12,6

будаўніцтва

11,3

12,3

8,3

8,7

9,7

жыллёва-камунальная гаспадарка

-3,9

-11,4

-9,0

-7,9

-6,2

Табліца 2. Рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі сельскай гаспадаркі

 

1985

1990

1995

2000

2003

зерне

61,1

82,4

71,4

65,3

7,8

ільнасемя

67,7

147,8

91,7

55,9

-4,3

ільнатраста

34,3

-6,2

11,7

22,3

-31,3

цукровыя буракі

10,8

12,7

27,3

44,8

15,1

бульба

54,4

61,7

118,2

11,4

8,9

гародніна

3,9

52,6

84,2

24,1

38,6

малако

28,4

53,8

-2,0

-16,5

-1,0

мяса свіней

18,4

34,2

11,1

-0,9

-3,3

мяса БРЖ

24,4

30,7

10,7

-17,9

-33,8

яйкі

78,9

67,5

26,3

8,7

4,(

колькасць стратных гаспадарак

16

8

392

1177

1501

колькасць стратных гаспадарак у %

0,6

0,3

15,4

48,8

67,3

Табліца 3. Сельская гаспадарка

 

1990

2003

сярэднеспісавая колькасць работнікаў (тыс. чал)

896

463

узровень рэнтабельнасці ўсёй гаспадарчай дзейнасці

+42,6

-5,7

узровень рэнтабельнасці вытворчасці малака

+53,8

-1,0

узровень рэнтабельнасці вытворчасці БРЖ

+30,7

-33,8

колькасць стратных гаспадарак

8

1501

колькасць стратных гаспадарак у % ад агульнай колькасці

0,3

67,3

колькасць фермерскіх гаспадарак

71 (1991 г.)

2493

сярэдні памер гаспадаркі (га)

25,4

72,1

Табліца 4. Наяўнасць асноўных відаў тэхнікі ў с/г арганізацыях (тыс. шт.)

 

1990

2003

трактары

113,4

58,8

грузавыя аўтамабілі

74,0

35,9

зернезборавыя камбайны

30,3

13,3

бульбазборавыя камбайны

8,7

2,2

камбайны для збору буракоў

1,7

0,8

сеялкі

37,4

13,:

машыны для ўгнаення (цвёрдымі арганічнымі ўгнаеннямі)

22,:

9,2

машыны для ўгнаення (вадкімі арганічнымі ўгнаеннямі)

9,5

3,0

колькасць трактараў на 1 000 га пашы

20

13

колькасць зернезборавых камбайнаў на 1 000 га пасеваў

12

6

унесена мінеральных угнаенняў

усяго тыс. тон

1510

662

271

149

у разліку на 1 га пашаў кг

арганічных угнаенняў усяго млн. тон (у разліку на 1 га пашаў тон)

77,1

27,4

13,8

6,2

набыта бензіну с/г арганізацыямі (тыс. тон)

672

110

набыта дызельнага паліва (тыс. тон)

1325

515

валавы збор зерневых і зернебабовых культур (тыс. тон)

7035

5449

ураджайнасць ц/га

27,2

24,2

сярэдні ўдой малака ад каровы (кг/гадз)

3058

2815

Для параўнання: паказнікі ўраджайнасці склалі ў 2004 г. 29,5 ц/га, у 2005 — 27,8. Сярэдні ўдой малака ў 2004 г. — 3.098 кг, у 2005 — 3.684.

Табліца 5. Пагалоўе (тыс. галоў)

 

1941

1961

1971

1981

1991

2001

2004

БРЖ

2 844

3 666

5 383

6 768

6 975

4 221

3 924

свінні

2 520

3 164

4 005

4 567

5 051

3 431

3 287

авечкі, козы

2 578

1 213

692

570

445

154

126

коні

1 170

519

329

231

217

217

192

птушкі (млн. галоў)

14,7

18,7

27,0

39,2

50,6

27,4

24,5

Пра якія поспехі сельскай гаспадаркі даводзяць дзяржаўныя СМІ? Сельская гаспадарка разбурана ўшчэнт. У такой сітуацыі трэба весці гаворку не пра адраджэнне вёскі, а пра ўратаванне сельскай гаспадаркі. Прычына яе развалу — абсурдная эканамічная палітыка.

З пераходам краін былога Савецкага Саюзу на рынкавыя формы гаспадарання цэны на энергарэсурсы, тэхніку, камплектавальныя дэталі рэзка ўзраслі — адпаведна з асноўным законам рынкавай эканомікі: цэны ўсталёўваюцца залежна ад попыту і прапановы. У Беларусі ж цэны на сельскагаспадарчую прадукцыю былі жорстка ўрэгуляваны. У выніку, як пісала ў 2003 г. дзяржаўная газета “Белорусская ніва”, затраты на вытворчасць сельгаспрадукцыі перавышалі прыбытак ў 5—7 разоў. Звыш тысячы гаспадарак сталі стратнымі. А як жа інакш можа быць? Калі ў 1991 г. кошт трактара быў роўны 26 тонам зерня, то ў 2002 г. — 114. Адпаведна ўзняліся выдаткі на бензін, дызпаліва, угнаенні і т.д. У выніку скараціліся закупкі тэхнікі, мінеральных угнаенняў, сталі паніжацца ўрадлівасць глебы, ураджайнасць. Вытворчасць мяса і малака зрабілася нерэнтабельнай.

Найбольш пацярпелі буйныя гаспадаркі. Чым больш яны выраблялі прадукцыі, тым большыя страты цярпелі часам яе рэалізацыі, таму што закупачная цана на іх прадукцыю была ніжэйшай за сабекошт яе вытворчасці.

Каб неяк уратаваць гэтыя гаспадаркі, уключаўся станок друкавання грошай (у перыяды пасяўной і зборавай кампаній), калгасам і саўгасам выдаваліся датацыі (кіраўнік краіны заяўляў: “Я Вам дапамог”).

А грошы, між тым, абясцэньваліся. Паводле ўзроўню інфляцыі Беларусь апынулася “впереди планеты всей” (1994 г. — 2 321%, 1995 — 809%, 1996 — 153%, 1997 — 164%, 1998 — 173%, 1999 — 394%, 2000 — 269%, 2001 — 161%, 2002 — 143%, 2003 — 125,4%).

Інфляцыя паступова разбурала ўсю гаспадарку краіны, бо з ростам інфляцыі раслі выдаткі вытворчасці і ў прамысловасці. Гэта сталася адной з прычын нерэнтабельнасці блізу паловы прадпрыемстваў краіны, знос асноўных фондаў якіх даўно перасягнуў крытычную мяжу 60% і ў асобных галінах знаходзіцца на ўзроўні 70—80%.

Цікавую інфармацыю падае “Экономическая газета” (№79 ад 18 кастрычніка 2005 г.): “Колькасць ААТ, якія атрымалі прыбытак па выніках паўгоддзя, склала 1110 альбо амаль 68% ад агульнай колькасці ААТ [Нерэнтабельных — 35%. Для параўнання: у 2003 г. — каля 50%, у 2004 г. — 36,8%]. Пры гэтым 75,8% атрыманага прыбытку прыходзіцца на 10 ААТ [Астатнія 1.100 ААТ далі толькі 24,2% агульнага прыбытку]. Дывідэнды налічылі толькі 376 ААТ”. Вось такі вынік дзейнасці “мудрага” кіраўніцтва Беларусі.

Найбольшы прыбытак далі:

1. Мазырскі НПЗ

2. Нафтан

3. Полімір

4. Белтрансгаз

5. ГроднаАзот

6. Брэстгазаапарат

7. Хімвалакно (Гродна)

Гэты прыбытак дасягнуты дзякуючы розніцы ў цэнах, па якіх Беларусь атрымлівае нафту і газ з Расеі, і ўсясветных — па якіх Беларусь рэалізоўвае сваю прадукцыю па-за межамі краіны. Але гэтая “крыніца” атрымання прыбыткаў не глыбокая. З уступленнем Расеі ў СГА яна перасохне.

Такім чынам, адраджэнне вёскі трэба пачынаць не з будаўніцтва дамоў, а з неадкладных захадаў развіцця сельскай гаспадаркі, укаранення дасягненняў навукі і тэхнікі, павышэння ўзроўню рэнтабельнасці. Вынікі ж такіх захадаў будуць залежаць ад наяўнасці ў сельскай гаспадарцы кадраў, здольных не толькі асвойваць новыя тэхналогіі, але й ініцыяваць прагрэсіўныя пераўтварэнні.

19 студзеня 2004 г. на прэс-канферэнцыі міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Русак назваў такія факты. Цяпер у гаспадарцы мусіць быць не 35—60 механізатараў, а не болей за 6—8, і араць яны мусяць не трактарам “Беларусь”, прадуктыўнасць працы якога складае 7—10 га ў суткі, (заходнія мадэлі трактараў забяспечваюць 60—80 га ворыва ў дзень). У рэнтабельных гаспадарках расейскія і беларускія камбайны даўно замянілі на імпартныя, больш прадуктыўныя. Замест 19 камбайнаў там патрэбна 5,5. А значыць — менш камбайнераў, памочнікаў і іншых працаўнікоў.

На высокатэхналагічнай ферме замест 75 работнікаў патрэбны 4. У нас у краіне на 10 млн. чал — 1 млн. 200 кароў, валавы збор малака — 4 млн. тон. У Ізраілі — 5,5 млн.чалавек, а пагалоўе кароў — 110 тыс. і “малака няма куды падзець”.

Цікава, што пры такіх тэхнічных паказчыках трактараў у 1988 г. у Беларусі на тыс. га ворыва было 20 трактараў і 12 камбайнаў (у ФРГ адпаведна 205 і 32). У 1997 г. патрэба ў зернезборавых камбайнах —25 тыс. шт. Тым часам насамрэч іх было 12 тыс. Паводле розных ацэнак, парк зернезборавай тэхнікі быў зношаны на 35—50%, трактараў — на 60—80%. Фактычна ён адпрацаваў свой амартызацыйны тэрмін.

Сярэдняя ўраджайнасць азімай пшаніцы ў Германіі 63,3 ц/га, Чэхіі — 51,6 ц/га, Венгрыі — 50,6, Польшчы — 36,9, Украіне — 30,4 ц/га. У Беларусі — трошкі больш за 20 ц/га. Ураджайнасць бульбы: ЗША — 320 ц/га, Канада — 250 ц/га, Беларусь — 148 ц/га ў 1996 г. і 109,3 у 1997 г. Спецыялісты цвердзяць: калі ўраджайнасць бульбы ніжэй за 200 ц/га, вытворчасць яе не рэнтабельная. І гэтак, сабекошт сельгаспрадукцыі вельмі высокі, а вытворчасць яе стратная.

Драматызм сітуацыі і ў тым, што з нястачай сродкаў, змяншэннем пагалоўя жывёлы памяншаецца таксама й нажыўленне глебы арганічнымі і мінеральнымі ўгнаеннямі. А таму адбываецца дэградацыя ўрадлівасці глебы, паніжаецца канцэнтрацыя гумусу, узрастае кіслотнасць і г.д. Для ліквідацыі гэткіх наступстваў трэба намнога больш сродкаў, чым для падтрымання ўрадлівасці зямлі. А магчымасці дзяржавы абмежаваныя. Напрыканцы 1980-х гг. узровень добраўпарадкавання жылля ў вялікіх гарадах складаў 84,5%, у малых — 47,3%, у сельскіх населеных пунктах — толькі 5,4%.

Вядома, дзяржаве не пад сілу забяспечыць развіццё паўнавартаснай інжынернай і сацыяльнай інфраструктуры ў 24 тыс. населеных пунктах. Сітуацыя з кожным годам пагаршаецца. Калі ў 1990 г. на 1 бібліятэку прыпадала каля 5 сельскіх населеных пунктаў, то ў 2003 — каля 7; бібліятэчны фонд у 1990 г. на 1 сельскую бібліятэку складаў 9,5 тыс. асобнікаў, то ў 2003 г. — 8,7 тыс. У 1990 г. адзін клуб абслугоўваў 4,8 вёсак, у 2003 — 6,6. У 1990 г. адна сярэдняя школа прымала вучняў з 6 вёсак, у 2003 г. — з 8. У 1990 г. з цэнтру любой гаспадаркі можна было за 1 дзень з’ездзіць у раённы цэнтр і вярнуцца назад. Цяпер такая задача перад транспартнікамі нават і не ставіцца.

У 2005 г. на рэалізацыю Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вёскі было накіравана 11 трлн. 652,9 млрд. беларускіх рублёў, у тым ліку 4 трлн. 498 млрд. — з сродкаў бюджэту. Прыбытак сельгаспрадпрыемстваў склаў 627 млрд. беларускіх рублёў, а страты — 4 трлн.

Паводле звестак Мінсельгасхарчу, рэнтабельнасць сельскай гаспадаркі ў 2005 г. склала 10%, у краіне засталіся 34 стратныя сельгаспрадпрыемствы. Заўважце: згодна з дадзенымі Мінстатыстыкі, у 2003 г. рэнтабельнасць сельскай гаспадаркі ў цэлым складала -0,4%, узровень рэнтабельнасці гаспадарчай дзейнасці ў вытворчасці сельгаспрадукцыі -5,7%, а стратных прадпрыемстваў было 1.501.

Што ж за рэвалюцыя адбылася за гэтыя 2 гады? Гульні статыстыкі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў? Застаецца здагадвацца. Але вядома, што гэтым часам, як і ў савецкую пару, стратныя калгасы ўз’ядноўвалі з прыбытковымі, перадавалі прамысловым прадпрыемствам, рабаграснабам, а 72 калгасы былі выкуплены прыватнымі фірмамі. Мы ўжо гэта спазналі, калі прадпрыемствы змушалі браць шэфства над калгасамі (прыклад — “Белшына”). Вёсак тое не ўратавала.

Ува ўмовах рынкавай эканомікі пералічаныя задачы вырашаюць індывідуальныя прадпрымальнікі. Але ж яны змогуць заняцца такімі відамі дзейнасці, калі будуць атрымліваць прыбытак. Пра якую прыбытковасць індывідуальнага прадпрымальніцтва ў сельскай мясцовасці можна гаварыць, калі, паводле статыстычных паказнікаў, большасць відаў сельскагаспадарчай вытворчасці нерэнтабельныя?

Не можа даваць сур’ёзнага прыбытку ў сельскай мясцовасці прадпрымальніцтва і ў сферы побытавага абслугоўвання. Дастаткова зважыць на наступныя факты. У верасні 2005 г. у арганізацыях сельскай гаспадаркі заробак быў на 37% ніжэйшы за сярэдні ўзровень па краіне. Пра рэальны матэрыяльны дабрабыт сялян гавораць лічбы: у структуры харчавання амаль 40% складаюць хлеб, малако, бульба і макаронныя вырабы. Пры тым, што замежныя эксперты за бедныя ўважаюць сем’і, у структуры выдаткаў сямейнага бюджэту якіх выдаткі на прадукты харчавання перавышаюць 30%.

Табліца 6. Структура спажывецкіх выдаткаў насельніцтва (у % да выніку). Статыстычны штогоднік РБ, 2003 г.

 

1995

2002

усяго

Гарадское насельніцтва

Вясковае насельніцтва

усяго

Гарадское насельніцтва

Вясковае насельніцтва

Спажывецкія выдаткі ўсяго, у т.л.

100

100

100

100

100

100

прадукты харчавання

61,6

62,2

59,8

52,8

53,1

52,0

З іх харчаванне па-за хатай

1,5

1,8

0,8

1,9

2,2

0,9

Алкагольныя напоі

3,3

2,:

5,2

2,8

2,4

3,9

Твабачныя вырабы

1,5

1,4

1,9

1,4

1,4

1,4

Вопратка, абутак, тканіны

9,9

9,7

10,6

9,8

9,6

10,5

Прадметы асабістай гігіены

2,3

2,5

1,8

2,1

2,2

1,6

Ахова здароўя

2,0

1,8

2,6

3,0

3,0

3,0

Жыллёва-камунальныя паслугі

4,7

5,4

2,5

7,2

7,7

5,6

Тавары хатняй гаспадаркі, мэбля

4,7

4,4

5,6

4,6

4,3

5,6

Транспарт і сувязь

4,2

4,6

3,3

8,9

9,1

8,2

Адукацыя, культура, адпачынак

2,0

2,3

1,3

3,3

3,5

2,7

Іншыя тавары і паслугі

3,8

3,1

5,4

4,1

3,7

5,5

Табліца 7. Хатнія гаспадаркі па 10% групах:

з найменшым прыбыткам

з найбольшам прыбыткам

Прадукты харчавання

57,5

46,9

Непрадуктовыя тавары

21,4

32,8

Алкагольныя напоі

2,0

3,6

Паслугі

19,1

16,7

Такім чынам, ні ў дзяржавы, ні ў сучаснага прадпрымальніка, ні ў насельніцтва ў сельскай мясцовасці сродкаў для кардынальнага “адраджэння” няма. Cпадзевы на замежныя інвестыцыі таксама няма. Замежныя інвестыцыі, зрэшты, важныя не толькі для прыцягнення дадатковых фінансавых рэсурсаў, але найперш для інтэргацыі суб’ектаў гаспадарання ў міжнародныя вытворчыя гандлёвыя структуры, у міжнародны падзел працы і рынак прадукцыі.

Выходзіць, што новая ідэя адраджэння вёскі — яшчэ адзін блеф. Гэта не толькі не вырашыць праблем, але адкіне Беларусь на многа гадоў назад. Цяпер трэба вельмі хутка бегчы, каб не адстаць ад іншых дзяржаў, а выбраны кіраўніцтвам шлях — шлях у шэрагі слабаразвітых краін.

Тэндэнцыі, што склаліся ў сучасных умовах, залежаць не ад таго, колькі дзяржава збудуе дамоў, але ад магчымасці разбагацець, каб жыць прыстойна. У наш час навукова-тэхнічнага прагрэсу можна жыць на хутары і не быць адарваным ад дасягненняў навукі, культуры, побытавага абслугоўвання. А можна жыць і ў горадзе, а працаваць у сельскагаспадарчай вытворчасці.

Прыклады такія падае досвед развітых краін Еўропы, Амерыкі, а таксама краін Паўночна-Ўсходняй Азіі. Які ж далейшы лёс чакае вёску ў Беларусі? Калі пры ўладзе пажыццёва застаецца цяперашні кіраўнік дзяржавы, які праводзіць сацыяльна-эканамічную палітыку з прынцыпу “Беларусь сегодня — Советская Белоруссия”, — перспектывы бачацца такімі.

1. Пасля пераводу Расеяй продажу энергарэсурсаў Беларусі на рыначныя цэны рэнтабельнасць асноўных бюджэтафармавальных прадпрыемстваў рэзка панізіцца, асноўная крыніца даходаў дзяржавы пачне перасыхаць. Магчымасці падтрымкі калгасаў і саўгасаў будуць скарачацца. У выніку рэнтабельнасць вядзення сельскай гаспадаркі будзе яшчэ больш паніжацца.

2. Пераход да адзінай эканамічнай прасторы з Расеяй і рэспублікамі Сярэдняй Азіі павялічыць канкурэнцыю на рынку сельгаспрадукцыі, найперш — з Расеяй. Беларусі ў гэтай канкурэнцыі не выстаяць, таму што ў Расеі створаны лепшыя ўмовы для развіцця прадпрымальніцтва і фермерства. Беларускія калгасы і саўгасы ў бліжэйшыя гады канчаткова разбурацца. Не выратуюць іх і “шэфы” — прадпрыемствы і арганізацыі, бо тым сваіх праблем хопіць. Колькасць ахвочых заняцца фермерствам у нашых умовах будзе скарачацца.

3. З Беларусі павысіцца адток найбольш сацыяльна мабільнай працаздольнай моладзі з сельскай мясцовасці.

4. Па вёсках будзе большаць пустых дамоў, колькасць саміх вёсак будзе скарачацца з натуральным выбыццём састарэлага насельніцтва.

5. У краіне з’явяцца вялікія тэрыторыі, не заселеныя чалавекам, найперш у Гомельскай, Магілёўскай і Віцебскай вобласцях. Ралля будзе спісвацца з сельскагаспадарчага ўжытку.

6. Будуць актыўна забудоўвацца прыгарадныя тэрыторыі, тэрыторыі ў накірунках планіравальнага каркасу краіны (уздоўж трас Брэст — Масква, Санкт-Пецярбург — Віцебск, Гомель — Кіеў) і рэкрэацыйныя тэрыторыі вакол азёр і рэк. Большасць людзей такіх паселішчаў будзе занята ў невытворчай сферы.

7. У сельскай гаспадарцы будзе занята 4—5% насельніцтва. Спецыялізацыя яе будзе накіравана на вытворчасць хуткапсавальных прадуктаў, гародніны.

8. Раз Беларусь будзе разглядацца як “мост між Еўропай і Азіяй”, увогуле ўся гаспадарчая дзейнасць будзе арыентавацца на абслугоўванне гэтага “мосту”.

9. Колькасць насельніцтва будзе змяншацца. Тыя, хто захоча жыць “у доме”, а не на “мосце”, будуць з’язджаць.

Яшчэ нідзе і ніколі збяднелая краіна не стварала эфектыўнай эканомікі і не мела здаровага грамадства, таму што гэта супярэчыць фундаментальным эканамічным законам. Індыкатарам умоў жыццядзейнасці асобных краін, вёскі і гораду з’яўляюцца патокі міграцыі. Калі ў вёсцы можна будзе зарабіць больш, чым у горадзе, туды паедуць людзі і пачнуць будаваць дамы і аб’екты “сацкультбыту”.

За гаспадарчыя памылкі дзяржавы даводзіцца расплачвацца народу. У гісторыі Беларусі будзе запісана, што “эпоха Лукашэнкі” знявечыла не толькі лёсы цэлага пакалення людзей, але й вёскі — увогуле сістэму рассялення краіны.

You may also like...