Вера для Беларусі

Беларускі Калегіюм і Лятучы ўніверсітэт запрашаюць 2 лістапада 2014 ў навуковае падарожжа  з Ірынай Дубянецкай. “Вера Беларусі” – вандроўка другая, дзядоўская (адмысловыя ўмовы ўдзелу для студэнтаў Беларускага Калегіюма).

На пачатку лістапада адзначаецца адно з самых дзіўных і насычаных рытуаламі сьвят у традыцыі многіх народаў. У нас яно завецца дзяды. Калісьці гэтым часам людзі імаверна пазначалі пачатак новага каляндарнага году. Але гэта ня быў хранамнтрычна дакладны пераход ад аднога цыклю да іншага. Тут хутчэй адзін цыкль паступова завяршаўся, а новы паступова пачынаўся – і абое прысутнічалі адначасова, перамешваючы часавыя і прасторавыя вымярэньні. Мінулага ўжо няма, а будучага яшчэ няма. Праз гэты зазор праточваюцца і зблытваюцца сьвятло й цемра, сьвет бачны й сьвет нябачны, сьвет жывых і сьвет дзядоў, людзей і несьмяротных духаў, праведнікаў і грэшнікаў. Таму задачаю людзей ёсьць расставіць усё па месцах, каб сусьветны лад не парушыўся і сувязі паміж фізічным і метафізічным узнавіліся з карысьцю для жывых.
У гэтым незвычайным часе мы едзем уздоўж сакральнай беларускай ракі Вяйлі-Вяльлі-Вялеі дасьледаваць тутэйшыя ўяўленьні, зьвязаныя з жыцьцём і сьмерцю – хоць трошкі. Ад нэакультаў разгубленага часу ў глыбіню стагоддзяў – да традыцыйных рэлігійных традыцыяў і да пракаветных касмалагачных ведаў – праз легенды, якія іх сказілі, але й сказалі.

Мы зможам зазірнуць у абедзьве бездані дзядоўскага часу: адведаем
– дзьве крыніцы – адну з вышыняў, адну з прадоньня,
– два магільнікі – адзін трагічны, адзін артыстычны,
– два каменныя крыжы (аднога з якіх няма),
– два касьцёлы (адзін знутры),
– дзьве царквы (адна знутры),
– тры камяні – звон, дом і вол,
– два возеры – адно праўдзівае, хаця й адсутнае, другое непраўдзівае, хаця й прысутнае ,
– і адну вялікую раку.

Дасьледуем
– пункты памяці паўстанцаў і вынішчэньня памяці пра паўстанцаў,
– месцы ўшанаваньня змагароў з царызмам і цара-бацюшкі,
– помнікі партызанам і партызанскім ахвярам,
– змагаром з Савецкай навалаю і змагаром за Савецкую радзіму…

Мы таксама даведаемся, як Беларусь ратуе чалавецтва ад сусьветнае паводкі, што адбываецца з людзкімі лёсамі на сутыку розных вер і як культывацыя бязвер’я ўплывае на калектыўную памяць беларусаў.

Наш шлях будзе пралягаць праз Лагойск, Альковічы, Кабыльле, Крайск, Кастыкі, Камена, Сьцешыцы, Касьцяневічы, Касуту, Куранец, Любань, Кузьмічы.

Дабрачынны унёсак – 330 тыс.б/р.
Тэлефануйце, калі ласка: +375 291802838. Святлана.
Увага! З 23 па 30 кастрычніка Святлана будзе за межамі Беларусі. У гэты час запісацца на вандроўку магчыма лістом на svecha9@mail.ru – ці асабістым паведамленнем https://www.facebook.com/svetlana.berger.5?fref=ts /
http://vk.com/feed#/id29532621

Для студэнтаў Беларускага калегіюму адмысловыя ўмовы ўдзелу ў вандроўцы. Калі ласка, паведамляйце, калі будзеце тэлефанаваць ці ліставаць, што Вы – студэнт(-ка).

You may also like...