Вольга Дашук. Гісторыя амерыканскій медый і журналістыкі. Лекцыі 1-3

ЛЕКЦЫЯ 1. З’ЯЎЛЕННЕ ПРЭСЫ НА АМЕРЫКАНСКІМ КАНТЫНЕНЦЕ

План:

1. Пачатак амерыканскай журналістыкі

2. Газеты ў амерыканскіх калоніях

Лічыцца, што газета без забойстваў і абрабаванняў, згвалтаванняў і інцэсту, садаміі, блюзнерства, падбухторваючых пісьмаў, фальшываманетчыкаў, пакаранняў і дуэлей прысвечана навінам. Энан.

Зададзім пытанне: што за імпульс паспрыяў узнікненню прэсы? Якія палітычныя, эканамічныя і культурныя ўмовы прывялі да нараджэння медыя ў іх сучаснай форме?

Звычайна ў якасці тэарэтычнага падмурк а для вывучэння развіцця медыя называюць дзве сацыяльныя парадыгмы. Гэта эвалюцыйная перспектыва (у яе сацыяльнай форме) і мадэль сацыяльнага канфлікту. Эвалюцыйная перспектыва тлумачыць ускладненне грамадства ці якой-небудзь канкрэтнай часткі грамадства (напрыклад, масавай камунікацыі) як механізм у адаптацыі да ўмоў сацыяльнага жыцця, якія ўвесь час змяняюцца. Сацыяльная эвалюцыя — гэта працэс змены розных форм узаемадзеянняў паміж людзьмі. Маленькія змены прыводзяць да інавацый, якія дасягненне нейкай мэты робяць больш хуткім і эфектыўным.

Эвалюцыйны сацыяльны працэс не такая ўжо таямнічая рэч. Творчыя людзі прапаноўваюць, развіваюць і ўдасканальваюць шляхі вырашэння праблем. Некаторыя прапановы прымаюцца і з цягам часу робяцца неад’емнай часткай культуры. Іншыя ж адхіляюцца ці выпрабоўваюцца нейкі перыяд, каб усё ж саступіць месца больш эфектыўным ідэям. Чалавек, як і астатнія жывыя істоты, імкнецца выжыць, што таксама адбываецца праз адбор ці, больш дакладна, праз практычнае выпрабоўванне розных ідэй. У рамках гэтага працэсу выпрацоўваюцца мадэлі сацыяльнай адаптацыі.

Мадэль канфлікту таксама дапамагае зразумець развіццё сучасных медыя. Яна ўспрымае грамадства як сукупнасць груп людзей, чые інтарэсы адрозніваюцца і чые мэты з’яўляюцца процілеглымі, супярэчаць адна адной. Паводле такой схемы, канфлікт — паўсюдны і непазбежны. Змена наступае тады, калі перамагае адзін бок ці калі абодва бакі выпрацоўваюць кампраміс. Паколькі розныя групы канфліктуюць і трэба вынайсці рашэнне, то медыя паўстаюць як адзін са сродкаў вырашэння розных канфліктных сітуацый праз камунікацыю паміж людзьмі і групоўкамі з рознымі сацыяльнымі інтарэсамі, што імкнуцца да іх рэалізацыі.

Як вынік павольнага эвалюцыйнага працэсу развіцця грамадства і дзеяння ў ім шматлікіх канфліктаў сучасныя мас-медыя выпрацавалі сістэму кантролю і інстытуцыялізаваных нормаў, таксама як і характэрныя формы выяўлення зместу таго, што адбываецца ў грамадстве ці розных сацыяльных групоўках. З цягам часу былі ўсталяваны і спецыфічныя тыпы фінансавай падтрымкі медыя, а таксама былі рэгламентаваныя адносіны паміж медыя і такім важным сацыяльным інстытутам, як урад. Усе мас-медыя сутыкаюцца і з дылемай уласных мэт, якія ў большасці выпадкаў супадаюць з мэтай адпавядаць запатрабаванням большасці і спадзяванням тых, чый культурны густ і адукацыйны ўзровень вышэйшы, чым у большасці грамадзян.

1. Пачатак амерыканскай журналістыкі

У Англіі друк стаў вядомы ў канцы 1400-х гг. Але прайшло каля паўстагоддзя, пакуль з’явіліся першыя прадвеснікі газет. Іх сталі называць corantos. Іх змест складалі замежныя навіны, і выходзілі яны нерэгулярна. З самага пачатку выпуск corantos жорстка рэгуляваўся ўрадам. А ў XVII істагоддзі быў уведзены кантроль над усімі формамі друкаваных выданняў.

Гісторыя развіцця прэсы выяўляе некаторыя заканамернасці. Напрыклад, у грамадствах з моцнай цэнтралізаванай уладай яе развіццё ідзе вельмі марудна. Пры слабай уладзе сродкі камунікацыі хутка прагрэсуюць. Чым больш урад залежыць ад грамадскай думкі, тым гэта больш спрыяе развіццю свабоднай прэсы. Моцнай манархіі, напрыклад, не ўласцівыя дыскусіі адносна таго, што кожны грамадзянін думае па тым ці іншым пытанні.

Развіццё прэсы распачалося ў перыяд, калі старыя феадальныя манархіі прыйшлі ў заняпад і надзённымі сталіся розныя канцэпцыі дэмакратыі. Змена палітычных інстытутаў, якая мела вынікам уладу грамадскай большасці, аказала ўплыў на масавую камунікацыю. Гэтыя змены паклалі пачатак традыцыям журналістыкі, а газеты зрабіліся арэнай палітычных дэбатаў, пратэстаў, каментарыяў.

У перыяд, што папярэднічаў амерыканскай і французскай рэвалюцыям, у заходнім грамадстве адбываліся самыя розныя змены. “Цемра” сярэднявечча саступіла месца Адраджэнню. На змену феадальнаму грамадству прыйшла новая сацыяльная структура, у якой сярэдні клас пачаў адыгрываць вельмі значную ролю. Гэтыя змены спалучаліся з развіццём камерцыі, што вылілася ў прамысловую рэвалюцыю. Бізнес, у сваю чаргу, рабіўся ўсё больш залежным ад сродкаў камунікацыі. Таму паўстала патрэба ў больш эфектыўнай камунікацыі, каб каардынаваць вытворчасць, кіраваць перавозкай грузаў, забяспечваць здабычу сыравіны, ажыццяўляць фінансавыя аперацыі, падтрымліваць рынкі збыту.

2. Газеты ў амерыканскіх калоніях

У XVI стагоддзі, калі Еўропа перажывала перыяд творчых пошукаў у галіне журналістыкі, тэрыторыя сучасных Злучаных Штатаў толькі асвойвалася прадстаўнікамі еўрапейскай цывілізацыі. Першыя геаграфічныя апісанні гэтых зямель былі зроблены іспанцамі, французамі і англічанамі. Адно з такіх апісанняў мае ў сваёй назве слова Relation. Аўтар — Альва Нуньес Кабеса дэ Васа, які падарожнічаў па тэрыторыі сучасных Тэхаса і Арызоны ў 1528—1531 гг., надрукаваў сваю кнігу ў 1542 г. Яна была перакладзена на мноства моў і мела вялікі поспех. За ёй у другой палове XVI стагоддзя з’явілася цэлая серыя замалёвак пра падарожжы па Амерыцы.

У XVII стагоддзі развіццю літаратуры пра Амерыку паспрыялі французы, у прыватнасці, Самюэль дэ Шампэн, аўтар падарожных апісанняў, выдадзеных у 1613 г. У той жа перыяд у друку з’явіліся кнігі галандцаў і англічан. Асаблівае месца сярод гэтых аўтараў займае Рычард Хекліт , аўтар “Розных прыгод”, выдадзеных у 1582 г.

У канцы XVI стагоддзя выдавец з Франкфурта-на-Майне Тэадор дэ Брэй задумаў серыю перыядычных публікацый пра геаграфічныя адкрыцці. Выданне меркавалася ілюстраваць гравюрамі. Інфармацыю і малюнкі прывозілі ў Еўропу падарожнікі. Першая серыя такіх апавяданняў выйшла ў 1590 г. Гэта былі нататкі англічаніна Томаса Харыята пра паўночнаамерыканскія землі, ілюстраваныя яго спадарожнікам Джонам Уайтам. У 1592 г. дэ Брэй выдаў “Надзвычайныя гісторыі Фларыды”.

Такім чынам, друкаваныя звесткі пра Амерыку з’явіліся ў Еўропе раней, чым узнікла ўласна амерыканская журналістыка. Развіццё арыгінальнай амерыканскай літаратуры і журналістыкі пачалося ў XVII стагоддзі, а менавіта з таго моманту, як на кантыненце з’явіўся друкарскі варштат.

А з’явіўся ён у 1613 г. у Кембрыджы (штат Масачусетс). На ім наборшчык Стывен Дэй надрукаваў “Кнігу псалмоў калоніі Масачусетс” і самы ранні звод законаў гэтай калоніі. У другой палове гэтага ж стагоддзя друкарскія варштаты сталі з’яўляцца ў Бостане, Філадэльфіі, Нью-Йорку. У бостанскай друкарні вывучаў рамяство наборшчыка і Бэнджамін Франклін.

На поўдні справа развівалася больш марудна. Першадрукаром тут лічаць партнёра Б.Франкліна Льюіса Цімаці, які адчыніў друкарню ў 1733 г.

У 60-я гг. XVIIІ стагоддзя друкарская справа распаўсюдзілася ва ўсіх амерыканскіх калоніях. Пры гэтым кожны ўладальнік друкарні раней ці пазней пераходзіў ад друкавання псалмоў да выдання газеты. Выданне “Грамадскай падзеі”, што адбылося 25 верасня 1690 г. у Бостане, было першай спробай выдання газеты. “Грамадская падзея” пражыла, аднак, усяго 4 дні, таму што яе выдавец Б.Харыс пачаў справу без папярэдняга дазволу губернатара. Сапраўднай першай амерыканскай газетай лічыцца “The Boston News Letter. Газета была заснавана Джонам Кэмпбелам і выходзіла да таго, як пачалася вайна за незалежнасць.

Далей газетная справа і, адпаведна, журналістыка развіваліся вельмі хутка. У 1735 г. толькі ў Бостане было 5 газет. А ў Філадэльфіі пачынаючы з 1719 г. стала выходзіць газета “American Weekly Mercury”.

У 1725 г. з’явілася першая штотыднёвая газета ў Нью-Йорку. Значны штуршок развіццю амерыканскай перыёдыкі надало вынаходніцтва Бэнджамінам Франклінам ручнога друкарскага варштата больш дасканалай канструкцыі. Нарэшце, друкаваныя газеты паўсталі ў самых розных гарадах краіны.

Заваёва Амерыкай незалежнасці сур’ёзна паўплывала на развіццё амерыканскага друку. Штодзённыя газеты з’явіліся ў ЗША ўжо падчас самой рэвалюцыі. Першай была “American Daily Advertiser”, якая стала выходзіць у Філадэльфіі ў 1784 г.

Хаця амерыканская рэвалюцыя была ў нейкім сэнсе працягам англійскай, яна, аднак, мела свой, зусім адрозны, характар. Яе асаблівасцю было развіццё ў двух накірунках. Першы — антыкаланіяльны, гэта барацьба з метраполіяй за нацыянальную незалежнасць. Другі — барацьба паміж мясцовымі арыстакратамі і дэмакратычнай часткай насельніцтва. Абодва гэтыя накірункі развіваліся паралельна, ператвараючы ўсіх амерыканцаў у рэвалюцыянераў і аднадумцаў, але да пэўнай мяжы, пасля якой яны рабіліся ворагамі. Менавіта ў перыяд амерыканскай рэвалюцыі былі закладзены асновы сучасных рэспубліканскай і дэмакратычнай партый.

Вайна за незалежнасць працягвалася з 1775 па 1783 гг., але рух пратэсту супраць каланіяльнага панавання Англіі пачаўся раней. У 1765 г. у Нью-Йорку была створана нелегальная арганізацыя “Сыны свабоды”, якую ўзначалілі дробныя гандляры з радыкальнымі поглядамі. Яны выступілі не толькі ініцыятарамі байкоту англійскіх тавараў, але і запатрабавалі палітычнай роўнасці. Пазіцыя так званых “памяркоўных” амерыканцаў, галоўным чынам, буйных землеўласнікаў, спачатку была яўна праанглійскай. Адзін з “айцоў-заснавальнікаў” ЗША Г.Морыс (дарэчы, у амерыканскіх кніжках і артыкулах гэты выраз — “айцы-заснавальнікі” — сустракаецца надзвычай часта) выказваўся за “ўз’яднанне з бацькоўскай дзяржавай”, каб не апынуцца “пад валадарніцтвам мяцежнай чэрні”. Але найбольш дальнабачныя прадстаўнікі эліты, якія імкнуліся да незалежнасці, сталі хутка кантраляваць рэвалюцыйны рух. І ўсё ж на працягу ўсёй вайны ў рэвалюцыйным руху існавалі дзве сілы, што і сутыкнуліся ў грамадзянскай вайне.

Палітычная барацьба істотна паўплывала на характар журналістыкі гэтага перыяду. Палітычны памфлет атрымаў небывалае развіццё. Дарэчы, і да нашых дзён ён застаецца адной з важных форм журналісцкай творчасці ў ЗША.

Падчас рэвалюцыі большасць газет узяла бок каланістаў, што выступілі супраць Брытаніі, таму прэса адыграла важную ролю ў распаўсюджванні ідэй рэвалюцыі. Аднак гэтыя газеты яшчэ нельга назваць сродкамі масавай інфармацыі. Іх наклады былі маленькімі (звычайна 1.000 асобнікаў ці каля таго). А самі газеты былі дарагімі. Тэкст набіраўся ўручную. Прэсы друкавалі вельмі марудна, дастаўка каштавала дорага, а рэкламы, каб пакрыць усе выдаткі, было недастаткова. Тым не менш, палітыкі хутка заўважылі каштоўнасць прэсы і пачалі засноўваць выданні, якія выражалі б іх уласныя погляды. У час адміністрацыі Джорджа Вашынгтона, напрыклад, федэралісты выдавалі “Gazette of the U.S.”, антыфедэралісты — National Gazette”.

У перыяд з 1763 па 1783 гг. амерыканскія друкарні (іх было на той момант 200) выпускалі каля 9 тысяч друкаваных выданняў — газеты, кнігі, плакаты. Усе гэтыя выданні былі полем палітычнага змагання паміж федэралістамі і рэспубліканцамі. У ім удзельнічалі практычна ўсе лідэры амерыканскай рэвалюцыі, за выключэннем, можа быць, Вашынгтона. Найбольш яскравымі прадстаўнікамі супрацьлеглых бакоў былі Т.Джэферсан, Томас Пэйн і Аляксандр Гамільтан.

Т.Джэферсан — адзін з “айцоў-заснавальнікаў” нацыі, палітычны дзеяч, публіцыст і прэзідэнт ЗША — вылучаецца ў гісторыі краіны не толькі як адзін з лідэраў амерыканскай рэвалюцыі, але, перш за ўсё, як стваральнік знакамітай “Дэкларацыі Незалежнасці”. Дэкларацыя акумулявала ў сабе лепшыя ідэі англійскай, амерыканскай і французскай Асветы. Аўтар “Дэкларацыі” выступае як прыхільнік тэорыі “натуральнага права”, паслядоўнік філасофіі Джона Лока, у якога ён узяў ідэю “ўласных свабод грамадзян і абмежавання функцый дзяржавы”. Дэкларацыя напісана ідэалістам. У ёй абвяшчаюцца правы кожнага чалавека на “жыццё, свабоду і імкненне да шчасця”.

Джэферсан выступаў супраць моцнай улады і стварэння цэнтралізаванай дзяржавы ў ЗША. Пасля заканчэння грамадзянскай вайны ён палемізаваў па гэтым пытанні з А.Гамільтанам.

Томас Пэйн — англійскі рамеснік, самавук, гуманіст і прыхільнік тэорыі “натуральнага права”. Ён прыехаў у Амерыку напярэдадні рэвалюцыі і адразу ж стаў яе ўдзельнікам, больш таго, натхняльнікам амерыканцаў. У 1775 г. Т.Пэйн ужо быў рэдактарам штомесячнага “Пенсільванскага часопіса”. За тры месяцы яго працы колькасць падпісчыкаў павялічылася з 600 да 1.500. Артыкулы, падпісаныя “Эзоп”, “Атлантыкус”, “Голас народа”, вызначаліся дасціпнасцю і прастатой. Першымі ідэямі, што завалодалі ім на амерыканскай зямлі, былі адмена рабства і антыкаланіяльная барацьба.

Пасля першых сутычак “сыноў свабоды” з англічанамі ў студзені 1776 г. у Філадэльфіі выйшла маленькая кніжка пад назвай “Здаровы сэнс”. Гэта быў памфлет Томаса Пэйна, які ўскалыхнуў усю Амерыку. Памфлет не проста зрабіў знакамітым свайго аўтара, ён стаў сімвалам, гімнам амерыканскіх барацьбітоў за незалежнасць. Такой папулярнасці не мела яшчэ ніводнае друкаванае выданне ў Амерыцы. Наклад памфлета дасягнуў 500 тысяч асобнікаў. Ён захапіў літаральна ўсіх амерыканцаў і зрабіў іх прыхільнікамі незалежнасці.

“Здаровы сэнс” — гэта заклік да барацьбы. “Усё вырашыцца падчас бою”,— пісаў аўтар. Але гэта не толькі лозунг. У памфлеце дадзена абгрунтаванне натуральнага права амерыканскага народа на барацьбу за незалежнасць. Паступаць згодна з гэтым правам — гэта і быў той здаровы сэнс, да якога заклікаў Пэйн.

Сіла памфлета палягала не столькі ў выкладанні тэорыі натуральнага права (тут Пэйн быў толькі паслядоўнікам сваіх вялікіх папярэднікаў — Гобса, Русо), колькі ў тым, што ён зрабіў гэтую тэорыю даступнай і блізкай народу, выказаў яе простай мовай, пераканаўча і страсна.

Пасля выхаду “Здаровага сэнсу” Пэйн робіцца трыбунам “незалежных”. Ён бярэ ўдзел у ваенных дзеяннях і працягвае пісаць. У “Пенсільванскім часопісе” на працягу наступных сямі год друкуецца серыя з 13 артыкулаў пад назвай “Амерыканскі крызіс”, у якіх закранаюцца праблемы ваенных часоў (шпіянаж на карысць Англіі, фінансавае бязладдзе, праблемы кіравання новай дзяржавай, нацыянальнае адзінства…). Менавіта ў адным з артыкулаў гэтага цыкла ўпершыню прагучала назва “Злучаныя Штаты Амерыкі”.

Пасля падпісання Парыжскай мірнай дамовы, калі маладая амерыканская дзяржава пачынае будаваць тое, што пасля назавуць амерыканскай дэмакратыяй, Пэйн выступае на баку рэспубліканцаў. У гэты час ён робіцца сябрам “Грамадства палітычных даследаванняў”, створанага Франклінам. Ён абараняе Пенсільванскую канстытуцыю і выступае за аўтаномію штатаў. У 1786 г. выходзіць яго трактат “Развагі пра дзяржаву, банкі і папяровыя грошы”, у якім ён выступае за ліквідацыю папяровых грошай, выпушчаных у вялікай колькасці ў цяжкія ваенныя часы, і за захаванне банка.

Акрамя журналістыкі, Пэйн меў яшчэ многа захапленняў і заняткаў. Адным з іх быў праект пабудовы маста. Аднак ажыццявіць гэту ідэю ў Амерыцы не ўдалося, таму ён паехаў у 1787 г. у Францыю з надзеяй увасобіць свой праект у Еўропе. Цікавы лёс: Пэйн апынуўся ў Парыжы напярэдадні Вялікай Французскай рэвалюцыі і стаў удзельнікам дзвюх найвялікшых падзей XVIIІ стагоддзя. У 1791 г. Пэйн разам з Кандарсэ выдаваў у Парыжы газету “Рэспубліканец”.

У 1802 г. Пэйн вярнуўся ў Амерыку, дзе працягваў займацца журналістыкай. У рэспубліканскай газеце “Нэшнл Інтэліджэнсэр” былі надрукаваны 8 ягоных лістоў “Да грамадзян Злучаных Штатаў”, у якіх ён падтрымліваў палітыку Джэферсана і выступаў супраць федэралістаў.

Апалагетам федэралістаў быў Аляксандр Гамільтан. Адна даследчыца назвала А.Гамільтана “Русо правых”. Гамільтан заклікаў да скасавання асабістых інтарэсаў на карысць інтарэсаў нацыянальных і бачыў у гэтым вышэйшую дабрачыннасць. Але самым бездакорным ахоўнікам нацыянальных інтарэсаў, на яго думку, можа быць толькі манарх ці губернатар — прадстаўнік моцнай улады.

А.Гамільтан браў удзел у вайне за незалежнасць. Ён быў ад’ютантам Д.Вашынгтона і праявіў сябе на гэтай пасадзе як чалавек таленавіты і мэтанакіраваны. Але галоўным яго заняткам была палітычная дзейнасць. Пасля заканчэння вайны ён атрымоўвае юрыдычную адукацыю і пачынае весці актыўнае грамадскае жыццё.

У 1781—1782 гг. у газеце “Нью-Йорк пакет” выйшла 6 вялікіх артыкулаў, падпісаных “Кантыненталіст”. Гэта былі артыкулы Гамільтана. У іх была распрацавана аргументацыя на карысць цэнтралізаванай улады. Вядомы афарызм аднаго з лідэраў федэралістаў Дж.Джэя выразна акрэслівае пазіцыю палітычнай групоўкі: “Тыя, хто валодае краінай, хай ёю і кіруюць”.

Гамільтан прысвяціў сябе фарміраванню і прапагандзе тэарэтычнай базы федэралізму. Больш таго, ён многа зрабіў для заснавання эканамічнага падмурка будучай дзяржавы, стварыўшы першы амерыканскі нацыянальны банк.

Дыскусія паміж федэралістамі і рэспубліканцамі, распачатая артыкуламі “Кантыненталіста”, атрымала развіццё. Аргументацыя Гамільтана, выкладзеная ў 1781—1782 гг., была дасканала распрацавана ў серыі артыкулаў пад агульнай назвай “Федэраліст”, напісаных падчас стварэння амерыканскай канстытуцыі, якая мела мэтай перадаць уладу з рук многіх нямногім. Неабходнасць гэтага трэба было абгрунтаваць. Пры гэтым перад правымі стаяла задача знішчэння апазіцыі. Гэта можна было зрабіць, давёўшы да большасці слушнасць асноўных палажэнняў зводу законаў.

За гэтую справу і ўзяўся Гамільтан (з двума памочнікамі — Мэдзісанам і Джэем). Менш чым за год (з верасня 1887 па жнівень 1788 гг.) яны напісалі 85 артыкулаў (53 — Гамільтан, 27 — Мэдзісан, 5 — Джэй). Асноўная роля ў стварэнні “Федэраліста”, гэтай бібліі амерыканскай дэмакратыі, што лічыцца дасюль лепшым тлумачэннем Канстытуцыі ЗША, належыць Гамільтану. Менавіта Гамільтан выконваў функцыю выкрывальніка рэспубліканцаў і прапагандыста канцэпцыі “моцнай прэзідэнцкай улады”. Трэба адзначыць вытанчанасць журналісцкіх прыёмаў дзеяча. Гамільтану прыходзілася даказваць, што дэмакратыя (такія яе формы, як біль аб правах і свабодах, абмежаванне паўнамоцтваў прэзідэнта і г.д.) супярэчыць ідэі рэспублікі, а моцная дзяржаўная ўлада, наадварот, адпавядае прынцыпам рэспублікі. Казуістыка Гамільтана была скіравана на дасягненне наступнай мэты — стварэння такога дзяржаўнага механізму, які дазваляў бы частцы “моцных” людзей, што прадстаўляюць інтарэсы нацыі, кіраваць і маніпуляваць грамадствам.

Гісторыкі пішуць, што пазнейшая федэралісцкая прэса, якая на пачатку ХХ стагоддзя складала дзве пятыя ўсіх газет ЗША, вызначалася асаблівай неразборлівасцю ў сродках дасягнення сваіх мэт. Дарэчы, менавіта федэралісты ўпершыню ўжылі тэрмін “падрыўная дзейнасць” у дачыненні да палітычных эмігрантаў.

Такім чынам, першыя газеты былі палітычнымі органамі, якія фінансаваліся партыямі і абаранялі партыйныя інтарэсы. Газеты не мелі незалежных уладальнікаў і не мелі да 1830-х гг. вялікіх накладаў. Не былі яны і даўгавечнымі. Большасць выдаўцоў страхавала свой бізнес тым, што распаўсюджвала газеты па падпісцы. З сотняў газет, што ўзніклі ў Нью-Йорку з 1725 па 1825 гг., да канца гэтага перыяду засталіся толькі дзве.

У назвах першых штодзённых газет ЗША амаль нязменна прысутнічала слова “адвертайзер” (“газета з аб’явамі”), што паказвала яе прызначэнне: служыць публікацыі розных гандлёвых і іншых абвестак.

Рэдакцыйныя артыкулы былі рэдкія, часта яны складаліся ўсяго з аднаго абзаца. Тры чвэрці першай паласы займала сумесь з гарадскіх навін, плётак, “свецкай хронікі” і г.д. На другой паласе змяшчаліся замежныя і мясцовыя навіны. На трэцяй і чацвёртай — аб’явы.

“Дэйлі Іўнінг Транскрыпт”, заснаваная ў 1830 г. у Бостане, была першай штодзённай “цэнтавай” газетай у ЗША. З разлікам на масавы наклад падпісны кошт газеты складаў 4 долары на год. Аднак выхад яе хутка спыніўся. У Філадэльфіі ў гэтым жа годзе пачалося выданне таннай газеты пад назвай “Цэнт”. У Нью-Йорку з’явіліся паспяховыя штодзённікі New York Sun” і New York Herald” (пра іх далей мы пагаворым больш падрабязна), якія каштавалі ўсяго пені.

Друкарамі і выдаўцамі валодала ідэя таннай газеты, што магла б прадавацца не па гадавой падпісцы, а ў розніцу. Розныя шляхі вырашэння гэтай праблемы выпрабоўваліся і ў Англіі, і ў Злучаных Штатах, але безвынікова. Невядомаму нью-йоркскаму друкару Бэнджаміну Дэю пашчасціла вынайсці формулу поспеху. Яго маленькая газетка The New York Sun” выйшла 3 верасня 1833 г. пад дэвізам: “Яна свеціць кожнаму”. Як паказалі далейшыя падзеі, кожнаму яна і “засвяціла”. Дэй пачаў новую эру ў журналістыцы, якая праз некалькі год прывяла да рэвалюцыі ў газетнай справе.

“The Sun” паведамляла мясцовыя навіны, гісторыі, цікавыя для ўсіх, і нават друкавала сенсацыйныя рэпартажы. Напрыклад, каб дадаць вастрыні газетнаму зместу, Дэй наняў рэпарцёра, які пісаў у гумарыстычным стылі пра выпадкі, што здараліся напярэдадні ў паліцэйскім судзе. У газеты адразу знайшлася аўдыторыя сярод адукаванай часткі рабочага класа. Газету сталі прадаваць за пені бойкія хлопцы. Гэтыя хлопцы хутка сталі асноўнымі распаўсюджвальнікамі (як бы цяпер сказалі, дылерамі). Толькі за два месяцы наклад “The Sun” узрос да 2.000 асобнікаў. Жывы стыль газеты і наладжаны продаж павялічылі праз 4 месяцы гэту лічбу да 5.000, а праз 6 месяцаў — да 8.000 асобнікаў. Такі ашаламляльны поспех газеты моцна занепакоіў астатніх выдаўцоў.

Розныя вынаходніцтвы стымулявалі пашырэнне індустрыі навін. Тэлеграф (вынайдзены ў 1837 г.) замяніў выкарыстанне галубоў-кур’ераў для перадачы навін і зрабіў магчымым адначасовую публікацыю навін па ўсёй краіне. Ратацыйны прэс (1847) дазволіў выдаўцам зрабіць працэс друкавання значна хутчэйшым і больш танным. Тэхнічныя праблемы вытворчасці і распаўсюджвання вялікай колькасці газет былі вырашаны, і з’яўленне масавай прэсы стала неаспрэчным фактам.

Мелі месца і іншыя рэвалюцыйныя змены. “The Sun” павялічыла свой наклад за кошт “новага” чытача, які раней не меў доступу да газет. Адной з найбольш характэрных рыс газеты Дэя і тых, што з’явіліся пасля яе, былі навіны, разлічаныя на насельніцтва з нізкім узроўнем адукацыі. Да гэтай пары “навінамі” звычайна былі рэпартажы пра самыя важныя сацыяльныя, камерцыйныя ці палітычныя падзеі. Бэнджамін Дэй запоўніў сваю газету навінамі іншага кшталту — паведамленнямі пра злачынствы, “гісторыямі граху”, няшчаснымі выпадкамі, катастрофамі — навінамі, што краналі, забаўлялі, цікавілі людзей з вуліцы. Рэдакцыя нават арганізавала містыфікацыю — “навуковае адкрыццё” жыцця на Месяцы. Калі падман быў выкрыты іншай газетай, яе чытачы ўспрынялі інфармацыю з гумарам.

Газета была вульгарнай, таннай і сенсацыйнай. Яна арыентавалася на масы. Вядома, сустракаліся і сур’ёзныя матэрыялы. У 1837 г. за дзень разыходзілася 30.000 асобнікаў газеты “The Sun”, што перавышала сумарную колькасць накладаў астатніх нью-йоркскіх штодзённых газет.

Вельмі хутка ў Дэя з’явіліся пераймальнікі. Танныя газеты сталі надзвычай прыцягальнымі для рэкламадаўцаў. Размяшчэнне інфармацыі пра розныя тавары за грошы стала выгадным для выдаўца.

Патэнтаваныя лекавыя сродкі “для чалавека і жывёлы” былі адным з масавых прадуктаў, які адыграў вялікую ролю ў падтрымцы танных газет. Сціплыя ўкладанні ў рэкламу прыносілі прыбытак на дзесяткі тысяч долараў. Такі “закон вялікіх лічбаў” прывёў да жорсткай канкурэнцыі, упартай барацьбы за прыцягненне новых чытачоў. А гэта, у сваю чаргу, паспрыяла развіццю прэсы.

У 1824 г. ЗША мелі 24 штодзённыя газеты, 66 газет, што выдаваліся двойчы на тыдзень, і 422 штотыднёвікі накладам 1.500 асобнікаў. У канцы 20-ых гг. ЗША мелі болей і газет, і чытачоў, чым якая іншая дзяржава ў свеце.

У адпаведнасці з перапісам 1880 г., у Амерыцы выдаваліся 971 штодзённая газета і 8.633 штотыднёвікі. Вялікія гарады мелі некалькі газет: Нью-Йорк — 29, Філадэльфія — 24, Сан-Францыска — 21, Чыкага — 18.

Найбольш паспяховым канкурэнтам Бэнджаміна Дэя быў Джэймс Гордан Бэнэт, які заснаваў газетную імперыю, маючы ўсяго 500 долараў. Бэнэт, практычны і моцны шатландзец, пачаў выдаваць у Нью-Йорку “Herald”. Ён не палічыўся з кансерватыўнымі маральнымі нормамі таго часу і прадставіў публіцы гісторыі пра забойствы, згвалтаванні, “грэх і распусту”. Адначасова ён бойка асвятляў палітычныя, фінансавыя праблемы і нават жыццё эліты. Такі змест забяспечыў вялікі попыт на “Herald” і ўмацаваў фінансавы поспех газеты. Але ж тым самым Бэнэт нажыў сабе і шмат ворагаў. У 1836 г. ён пісаў: “Кнігі ўжо аджылі сваё, і тэатр аджыў, і рэлігія. На змену ўсяму гэтаму прыйшла газета, каб рухаць наперад чалавечую думку і цывілізацыю. Газета можа адправіць у Нябёсы і выратаваць ад апраметнай больш душ, чым усе цэрквы ў Нью-Йорку — разам з тым зарабляючы грошы”.

Прароцтва Бэнэта не спраўдзілася, але газеты сталі адыгрываць усё большую ролю ў грамадскім жыцці.

 

ЛЕКЦЫЯ 2. ЭВАЛЮЦЫЯ СРОДКАЎ МАСАВАЙ ІНФАРМАЦЫІ

План:

1. Джозэф Пулітцер

2. Грамадзянская вайна і журналістыка. Жаночыя выданні

3. Перыяд хуткага росту

4. Журналісцкія арганізацыі

5. Пік папулярнасці газет

6. Часопісы

 

Адоранага чалавека, які незацікаўлены ў грашах, вельмі цяжка прыручыць. Элістэр Кук, BBC.

1. Джозэф Пулітцер

Кожны выпуск газеты — гэта магчымасць і абавязак паведаміць што-небудзь мужнае і праўдзівае, узняцца над пасрэднасцю і ўмоўнасцямі, сказаць тое, што выкліча павагу інтэлігентнай, адукаванай, незалежнай часткі грамадства; гэта ўзняцца над страхам прыхільнасці і страхам папулярнай прадузятасці. Джозэф Пулітцэр.

Пулітцэр быў адным з тых эмігрантаў, хто пасля Грамадзянскай вайны актыўна ўдзельнічаў у пабудове “новай Амерыкі”. Дзве вялікія газеты, якія ён заснаваў, здабылі для яго гонар быць названым “вядучым амерыканскім рэдактарам сучаснасці”.

Гісторыя журналісцкага поспеху Джозэфа Пулітцэра — гісторыя “новай журналістыкі”. Яго неверагодная энергія і журналісцкае майстэрства дапамаглі яму развіць шэраг выдавецкіх канцэпцый і ўдасканаліць тэхніку таго часу, задаволіўшы яго жаданне быць прызнаным творцай складанага механізму вялікай сучаснай газеты.

Пулітцэр нарадзіўся ў Венгрыі ў 1847 г. Яго бацька быў мадзьярскім яўрэем, маці — немкай. Джозэф атрымаў добрую адукацыю ў прыватнай школе. У 17 гадоў ён збег з дому, каб уступіць у войска. Але ён меў такі слабы зрок і такі неваенны выгляд, што яго не ўзялі ні ў аўстрыйскую армію, ні ў Французскі замежны легіён. Менш пераборлівым аказаўся амерыканскі агент, што шукаў еўрапейскіх валанцёраў для Саюзнай арміі ў Грамадзянскай вайне 1864 г. Агент завербаваў Пулітцэра, і той стаў кавалерыстам у войску Лінкальна.

Калі вайна закончылася, Пулітцэр, без грошай і амаль без ведання англійскай мовы, апынуўся ў Нью-Йорку. Ён працаваў у розных месцах, у тым ліку — афіцыянтам у рэстаране. У 1867 г. ён стаў амерыканскім грамадзянінам. Годам пазней быў узяты рэпарцёрам у вядучую нямецкамоўную штодзённую газету Карла Шурца Westliche Post”. Пулітцэр шмат працаваў і займаўся ў газеце навінамі.

Хутка як рэспубліканец ён быў абраны у Дзяржаўную асамблею Місуры, звычайна раён дэмакратаў. Стаў карэспандэнтам Асамблеі і разам з Шурцам агітаваў нямецкамоўную частку Місуры за аднаго з кандыдатаў. У 1872 г. ён зрабіўся саўладальнікам Post”. Хочучы змяніць сваё жыццё, Пулітцэр прадаў свае акцыі ў гэтай газеце за $30.000, а яшчэ $20.000 ён зарабіў тым, што купіў пасрэдную газету “St.Luis Daily”, якая, на шчасце, мела сяброўства ў “Associated Press”. Пулітцэр, у сваю чаргу, прапанаваў яе чыкагскаму газетчыку Мак-К’юлагу, якому гэта было вельмі патрэбна для аб’яднання яго “Globe” з газетай канкурэнтаў “Democrat”. Маючы ад здзелкі вялікія грошы, Пулітцэр на некалькі гадоў кінуў газетную працу ў Сэнт-Луісе. Ён чатыры разы наведаў Еўропу, ажаніўся, займаўся палітыкай. У 1878 г., ужо з добрым веданнем Амерыкі і англійскай мовы, ён вяртаецца ў журналістыку.

У той час газета Dispatch была абвешчана банкрутам і выстаўлена на аўкцыёне. У снежні 1878 г. за $2.500 Пулітцэр купляе “Dispatch”. Праз тры дні ён робіць тое ж самае з “Post”. (“Post” была заснавана Джонам Дзіланам у 1875 г.). Дзілан быў партнёрам толькі год, але паспеў увайсці ў гісторыю як кампаньён Пулітцэра.

Так нарадзілася адна з найвялікшых газет у краіне “Post-Dispatch”. За чатыры гады яна стала вядучай вячэрняй газетай з гадавым прыбыткам у $ 45.000, паспяхова канкурыруючы з ранішнімі газетамі, уплывовымі “Missouri Republican” і “Globe-Democrat” Мак-К’юлага. Многія журналісты працавалі разам з Пулітцэрам, найбольш адметны — яго правая рука — Джон А.Кокерыл, які прыйшоў у Post-Dispatch як “упраўляючы рэдактар” у 1880 г.

Вось цытата, якая характарызуе палітыку выдання:

PostDispatch” служыць не якой-небудзь партыі, а людзям, з’яўляецца інструментам не рэспубліканцаў, а праўды; яна не будзе шукаць вінаватых, а будзе рабіць высновы; не стане падтрымліваць Адміністрацыю, а будзе крытыкаваць яе; будзе супрацьстаяць усялякаму падману і махлярству; будзе бараніць ідэі і прынцыпы, а не забабоны і прыхільнасці”.

Пазней, у 1907 г., напрыканцы сваёй кар’еры, ужо немалады Пулітцэр напіша перадавіцу, якая з’явіцца платформай Post-Dispatch: “Я ведаю, што мой выхад на пенсію кардынальна не зменіць прынцыпы газеты; што яна заўсёды будзе змагацца за прагрэс і рэформы, ніколі не зойме талерантную пазіцыю ў дачыненні да несправядлівасці і карупцыі, заўсёды будзе ваяваць з дэмагогіяй ва ўсіх партыях, ніколі не будзе належаць ні да адной партыі, заўсёды будзе супрацьстаяць прывілеяваным класам, ніколі не страціць сімпатыю да бедных, застанецца адданай грамадскім інтарэсам, ніколі не задаволіцца проста друкаваннем навін, заўсёды будзе падкрэслена незалежнай, ніколі не пабаіцца атакаваць драпежніцкую плутакратыю ці драпежніцкую беднасць”.

А вось адзін з пастулатаў Пулітцэра для журналістаў: “Ніколі не пакідай ніводнай рэчы, пакуль не дакапаешся да яе сутнасці”. Любімымі мішэнямі газеты былі палітыканы, спрытнюгі, спекулянты. Дзень, паводле Пулітцэра, праходзіў дарэмна, калі газета не ажыццяўляла “крыжовага паходу”, не прыносіла “грамадскай карысці” ці не друкавала вялікай “эксклюзіўнай” гісторыі.

Праблемы, што разглядаліся газетай, тычыліся, аднак, не толькі бедных людзей і рабочых, але і сярэдняга класа, дробных прадпрымальнікаў, з якімі выдавец супрацоўнічаў. Атака на манапольныя кланы была выгадная і рэдактару, і ім. Нягледзячы на поспех газеты, “гандлёвая марка” Пулітцэра ўсё ж не была вядомая ў Нью-Йорку. Між тым, Пулітцэр і яго каманда мелі на мэце завалодаць і нью-йоркскім рынкам, што і было зроблена праз новую газету “The New York World”.

У 1883 г. Пулітцэр меў значныя праблемы са здароўем: пагоршыўся зрок, не ў парадку былі і нервы. Рэдактар марыў пра доўгія вакацыі ў Еўропе. Але ў Нью-Йорку ён пачуў, што “World”, заснаваная ў 1860 г. як ранішняя газета дэмакратаў, выстаўлена на продаж. Некалі “World” мела добрага рэдактара Мэнтана Мабла, але затым трапіла ў рукі беспрынцыпнага фінансіста Джэя Гоўлда. І той прасіў за яе $ 346.000.

Пулітцэр усё ж набыў газету, што было рызыкоўным прадпрыемствам. Пачаў ён з наклада ўсяго 15.000 асобнікаў. Газета мела восем старонак і каштавала два цэнты. Яе найбольш сур’ёзнымі канкурэнтамі былі “Herald” Бэнэта (12—16 старонак за 3 цэнты), “Sun” Дана (4 старонкі за 2 цэнты), “Tribune” Рэйдса і “Times” Джонса (8 старонак за 4 цэнты).

Галоўны матэрыял першага нумару “World” быў пра хваляванні на біржы Нью-Джэрсі. Іншыя публікацыі: інтэрв’ю з асуджаным забойцам, гісторыя іграка з Уолл-стрыт, мяцеж на Гаіці і сумны лёс служанкі, якая пайшла “па крывой сцежцы”. На наступны дзень увесь горад гаварыў пра “World”.

Другім складнікам поспеху Пулітцэра было агрэсіўнае, як пішуць гісторыкі, распаўсюджванне газеты. Сенсацыйнасць і распланаванае распаўсюджванне дапаўняліся добрым аглядам навін і новай рэдактарскай палітыкай. “У гэтым вялікім горадзе ёсць прастора для выдання, якое не толькі таннае, але і яркае, не толькі яркае, не толькі вялікае, але і сапраўды дэмакратычнае — прысвечанае людскім справам”,— так напісаў Пулітцэр у першай перадавіцы.

Нью-йоркцы, якія мелі падставы крыўдзіцца на “грашовы” клас і верылі ў эканамічную і сацыяльную рэформу, аддавалі перавагу “World”.

Поспех “World” прывёў да таго, што ў газеты з’явілася мноства пераймальнікаў. Вызначылася тэндэнцыя друкаваць “танныя” сенсацыйныя матэрыялы.

Пулітцэр адказваў, што сенсацыйныя матэрыялы патрэбны для павелічэння накладаў. А пры вялікіх накладах праз рэдакцыйныя перадавіцы і паведамленні пра публічныя справы можна ўплываць на грамадскую думку.

Пулітцэр захапляўся працай таленавітага журналіста Эдвіна Лорэнса Годкіна ў газеце “Evening Post”, хаця і быў нязгодны з яго эканамічнымі тэорыямі. Калі Пулітцэру даводзілі, які кантраст існуе паміж падачай навін у “Post” і “World”, ён надрукаваў свой знакаміты адказ: “Я хачу размаўляць з нацыяй, а не з выбраным камітэтам”.

Яшчэ “World” спецыялізавалася на труках, фокусах. Найбольш значным з іх было кругасветнае падарожжа Нэлі Блай. Гэта быў 1889 год. Мэта — паспаборнічаць з Жулям Вернам (мелася на ўвазе яго кніга “Вакол свету за 80 дзён”). Нэлі Блай — гэта быў псеўданім рэпарцёра Элізабет Какрэйн. Яе ранейшыя матэрыялы заўсёды надавалі пікантнасці зместу “World”. Напрыклад, яна правакавала мужчын на ўвагу да сваёй персоны, затым выкрывала іх паводзіны на старонках газеты. Ці сімулявала шаленства, каб зрабіць артыкул пра ўмовы ўтрымання хворых у вар’ятнях.

Падчас падарожжа Нэлі газета абвясціла конкурс: праз які час яна ўсё-такі вернецца. Людзі выказалі мільён версій. Нэлі не падвяла газету. Яна ехала на цягніках, плыла на караблях, скакала на конях, перапраўлялася на лодках. Спецыяльны цягнік прывёз яе з Сан-Францыска ў Нью-Йорк. Падарожжа заняло 72 дні.

Памер World даваў магчымасць размяшчаць на яе старонках і несур’ёзныя матэрыялы і друкаваць важныя навіны. Па ўсёй краіне World мела рэпарцёраў, якія паведамлялі важную інфармацыю пра падзеі ў Амерыцы і за яе межамі.

Праз некалькі гадоў выдання змест газеты змяніўся. Элемент сенсацыйнасці значна зменшыўся. Але рэдакцыя па-ранейшаму задавальняла попыт на добра напісаныя “human interest” гісторыі, на прыцягальныя для чытача матэрыялы. Далей мы яшчэ згадаем Джозэфа Пулітцэра.

2. Грамадзянская вайна і журналістыка. Жаночыя выданні

Грамадзянская вайна, якая асвятлялася сотнямі карэспандэнтаў, была добрай школай загартоўкі амерыканскіх журналістаў. Некаторыя ваенныя рэпарцёры пасля сталі рэдактарамі ці ўладальнікамі газет — Мюрат Хэлстэд, Уайтла Рэйд, Генры Віланд. Некаторыя пасля працавалі ваеннымі карэспандэнтамі на іншых войнах па ўсім свеце.

Джордж Смолі — прыклад новага тыпа газетчыка. Выпускнік Йеля і Гарварда, ён працаваў у час Грамадзянскай вайны для “Tribune”, пасля асвятляў франка-прусскую вайну. Затым застаўся ў Еўропе як карэспандэнт адной з лонданскіх газет. Генры Стэнлі (“New York Herald”) — Грамадзянская вайна, пасля — карэспандэнт “Herald” у Азіі і Афрыцы. Пік яго кар’еры — экспедыцыя ў Афрыку ў 1871 г., пошукі місіянера Дэвіда Лівінгстана. Джон Кокерыл, супрацоўнік Пулітцэра, асвятляў руска-турэцкую вайну.

Некалькі слоў пра жанчын-журналістаў і жаночую прэсу. Перыядычныя выданні, якія рэгулярна выступалі ў абарону правоў жанчын, з’явіліся ў 1840-ыя гг. У 1866—1880 гг. найбольш вядомыя жанчыны-журналісткі — Мэры Клэмер Эмс (штотыднёвік “New York Independent”), Эмілі Эдсан Брыгс (“Philadelphia Press”), Сара Кларке Ліпінкот (“New York Times”), Мэры Эбігэйл Додж (“New York Tribune”). Пасля смерці свайго мужа-рэдактара Мірыям Фолін Лэслі рэдагавала “Frank Leslie’s Illustrated Newpaper”.

Адзін даследчык заўважыў, што ў 1889 г. цэлы выпуск “Journalist”, прафесійнага выдання, быў прысвечаны дзейнасці 50 жанчын — рэдактараў і рэпарцёраў. 10 з іх былі чорныя, у тым ліку і Місіс Мосэл, якая вяла жаночыя старонкі ў “New York Freeman”.

Найбольш вядомай з фемінісцкіх газет пасля Грамадзянскай вайны была “The Revolution”. З 1868 па 1870 гг. яе выдавалі Элізабет Стэнтан і С’юзан Энтані. У 1869 г. Люсі Стоўн і іншыя лідэры Суфражысцкага руху заснавалі “The Woman’s Journal”, які праіснаваў да 1931 г. У 1980-ыя гг. быў папулярны “The Business Women’s Journal”, які пісаў пра жанчын “у бізнесе, спорце, палітыцы і дома”.

Заробкі як жанчын, так і мужчын-журналістаў былі не вельмі высокія, за выключэннем невялікай колькасці самых знакамітых рэпарцёраў. У 1870-ыя гг. рэдактары аддзелаў атрымлівалі ад 25 да 60 долараў за тыдзень. У 1890-ых “упраўляючыя рэдактары” вялікіх газет мелі 125 долараў. Галоўныя рэдактары і рэпарцёры-зоркі зараблялі ад 50 да 100 долараў за тыдзень. Па тых часах вельмі някепскія заробкі, але звычайная cума была 15—25 долараў за тыдзень. Даследчыкі тлумачаць гэта тым, што тады ў журналістыцы не існавала яшчэ такой моцнай прафсаюзнай арганізацыі, як, скажам, у прамысловасці.

3. Перыяд хуткага росту

Хаця масавая прэса і з’явілася ў 1830-я гг., яна ў тыя часы ўсё ж не была “хуткай”, калі гаворка ішла пра збор навін, а друкарская тэхніка і сістэма распаўсюджвання яшчэ мусілі быць удасканалены. Каб газета прыйшла ў кожную амерыканскую сям’ю, трэба было пераадолець шэраг складанасцяў. Дзесяцігоддзі перад Грамадзянскай вайной вызначаліся навуковымі і тэхнічнымі адкрыццямі, якія далі магчымасць, па выразе аднаго з гісторыкаў, “газетнаму немаўляці вырасці ў гіганта”. Чыгунка ўжо злучала асноўныя гарады ва ўсходняй частцы краіны. Пасля 1840 г. параход стаў асноўным сродкам сувязі. Нарэшце, для хуткай перадачы навін з месца падзеі ў рэдакцыю аказаўся вельмі прыдатным тэлеграф. (У мастацкай літаратуры ёсць цудоўны прыклад, апавяданне Марка Твэна “Украдзены белы слон”, у якім падрабязна распавядаецца пра прымяненне тэлеграфа ў тагачаснай журналістыцы і паліцэйскай справе).

Карацей кажучы, прагрэс навукі і тэхнікі спрыяў істотнаму павелічэнню колькасці падпісчыкаў.

Газеты, у сваю чаргу, пачалі прыкладаць большыя намаганні, каб здабыць “навіны”. Задача рэпарцёра ўскладнілася. Газеты сталі пасылаць сваіх прадстаўнікоў у іншыя краіны, наймаць спецыяльных агентаў па зборы навін. Некаторыя рэпарцёры спецыялізаваліся на ваенных паведамленнях, іншыя пастаянна знаходзіліся ў Вашынгтоне для асвятлення палітычных падзей. Добра вызначылася “аглядная” функцыя прэсы.

Попыт на “свежыя” навіны абумовіў узнікненне агенцтваў па зборы навін, якія затым перадаваліся па тэлеграфе. Такім чынам а генцтвы дастаўлялі навіны газетам, што выходзілі ў самых розных частках краіны. Такая сістэма істотна зменшыла выдаткі на збор навін і зрабіла магчымым выданне газет у маленькіх гарадах і новых пасяленнях на Захадзе.

Атлантычны кабель, які пачаў дзейнічаць у 1866 г., злучыў Амерыку з Лонданам, другі кабель працягнуўся ў Індыю і на Усход.

З’яўленне Атлантычнага кабелю аблегчыла абмен навінамі паміж “Associated Press” у Нью-Йорку (заснаваным гарадскімі ранішнімі газетамі ў 1848  г.) і прэсс-агенцтвамі ў Еўропе: “Reuters” у Брытаніі (1851), “Havas” у Францыі (1836), “Wolff” у Германіі (1849) і “Stefani” ў Італіі (1854).

У друкарскай справе таксама назіраўся прагрэс — стала шырока ўжывацца аўтаматызацыя. Вярчальны прэс з металічнай формай дазволіў друкаваць 10.000 і нават 20.000 газетных аркушаў у гадзіну.

Грамадзянская вайна выразна вызначыла і задачу газеты, як сродка камунікацыі, што збірае і распаўсюджвае навіны. Сітуацыя змянілася — раней газета служыла для выражэння палітычных меркаванняў. Пасляваенныя газеты паведамлялі навіны. Гэта не значыць, што яны перасталі цікавіцца палітыкай ці перасталі выражаць вузкапартыйныя інтарэсы. І рэдактары, і выдаўцы арганізоўвалі кампанію супраць палітычных апанентаў. Але ў той жа час галоўнай задачай газеты была перадача навін.

4. Журналісцкія арганізацыі

З 1853 да 1880 гадоў было створана 17 арганізацый рэдактараў. Большая частка сябраў гэтых арганізацый выдавала штотыднёвікі ці невялікія штодзённыя газеты. Нацыянальная асацыяцыя рэдактараў (National Editorial Association) была арганізавана ў 1885 г. B.B.Гэрбертам з “Red Wing Daily Republican” (штат Мінесота), яна стала нацыянальнай арганізацыяй штотыднёвых і малых штодзённых газет.

Амерыканская асацыяцыя выдаўцоў газет (American Newspaper Publishers Association — ANPA) была заснавана ў 1887 г. па ініцыятыве Уільяма Брэлі, рэкламнага менеджэра “Detroit Evening News”, новай паспяховай газеты Джэймса Скрыпса. Першыя прэзідэнты ANPA — Джэймс Скот (“Chicago Herald”) і Чарльз Крэп (“St.Louis Republic”). У асноўным сябры ANPA — гэта людзі, якія займалі кіруючыя пасады ў рэдакцыях газет ці з’яўляліся выдаўцамі. Галоўнай мэтай асацыяцыі было стварэнне газетнага гандлёвага аб’яднання, якое магло б дапамагчы атрымліваць заказы на нацыянальную рэкламу. Акрамя гэтага ANPA вырашала праблемы працоўных адносін, друку, вяла перамовы адносна ўрадавых паштовых тарыфаў.

Першыя рэкламныя агенты з’явіліся ў 1840-ых гг. як пасярэднікі паміж рэкламадаўцамі і газетамі. Яны куплялі газетную прастору для сваіх кліентаў, атрым лі ваючы скідку ад 15 да 30 працэнтаў, іншы раз — да 75 працэнтаў. Вялікія газеты рэгулявалі памер агенцкіх камісійных. Малыя ж часта рабіліся ахвярамі сваіх жа рэкламных агентаў, якія вялі перамовы адначасова з некалькімі выданнямі і на канкурэнцыі паміж рознымі газетамі атрымлівалі неблагія камісійныя.

5. Пік папулярнасці газет

Газеты рабіліся ўсё больш папулярнымі. У 1850 г. на кожныя дзесяць сем’яў прыпадала па дзве штодзённыя газеты. Да 1880 г. наклады ўзрасталі няўхільна, але не рэзка, паступова. За два дзесяцігоддзі — з 1890 па 1910 гг. — адбыўся скачок. Хуткі рост працягваўся і ў часы Першай с усветнай вайны, які трымаўся да пачатку 1920-ых гг. Апошняе дзесяцігоддзе XIX стагоддзя вызначаецца ў гісторыі прэсы тым, што ў гэты час нарадзіўся новы від журналістыкі. Ён паўплываў на далейшы лёс мас-медыя.

Другая палова XIX стагоддзя — хуткія змены ў амерыканскім грамадстве. Пашырэнне межаў, Грамадзянская вайна і яе наступствы, імігранты — хваля за хваляй. Рух насельніцтва з сельскай мясцовасці ў горад. Імклівы пераход да індустрыяльнага грамадства. Новыя нормы замяшчалі старыя. Тое, што раней здавалася найтрывалым, сыходзіла. Традыцыйны лад жыцця саступаў месца новаму.

Як і любая іншая з’ява, журналістыка павінна была прайсці перыяд усталявання, выпрацаваць свае каноны. Як і любая з’ява, яна ішла да сталасці праз бурнае юнацтва.

Адзін з драматычных эпізодаў у развіцці прэсы — перыяд “жоўтай журналістыкі”

У 1880 г. газета зрабілася звычайнай з’явай у амерыканскім доме. Стымуляваць далейшае павелічэнне накладаў стала цяжка. Асноўныя газеты змагаліся паміж сабой за чытачоў.

Прадпрымальныя выдаўцы пачынаюць завабліваць спажыўца з’яўленнем у газетах фатаграфій, коміксаў, спартыўных старонак, любоўных парад, гісторый пра сэкс і злачынствы. Сенсацыйныя рэпартажы гэтага перыяду сталі называць “жоўтай журналістыкай”. Назва гэта пайшла ад “жоўтага дзіцяці” (Yellow Kid) — персанажа коміксаў, створаных “New York Herald”, надрукаваных Джозэфам Пулітцэрам.

Сярод выдаўцоў былі папулярныя спаборніцтвы, хто прадасць большую колькасць газет. Некаторыя крокі для павелічэння продажаў мелі працяглыя палітычныя вынікі. Пулітцэр узняў суму фундацыі, патрэбную для ўсталявання Статуі Свабоды на п’едэстал пасля таго, як Кангрэс адмовіўся выдаць на гэта 100.000 долараў. Паведаміў, што кожная асоба, якая выдаткуе грошы на гэта мерапрыемства, можа пабачыць сваё імя ў спісе фундатараў, надрукаваным у “New York World”.

Пулітцэр і Уільям Рэндалф Херст любой цаной імкнуліся павялічыць наклады, ад якіх, вядома, залежала колькасць рэкламы і памер прыбытку. Сучасныя газеты выкарыстоўваюць цяпер журналісцкія прыёмы, народжаныя канкурэнцыяй 1890-ых гг. (напрыклад, каляровыя коміксы).

Канкурэнцыя ператварылася ў адкрыты канфлікт. Газеты шукалі ўсё больш сенсацыйныя матэрыялы, каб завабіць чытача, няважна якога, вульгарнага ці павярхоўнага. Прывяду дзве цытаты:

“Непрыстойнасць, абраза, прадажнасць сталі тады агульнымі рысамі журналістыкі”. Фрэнк Мот, гісторык амерыканскай прэсы.

“Жоўтая журналістыка, абыякавая да журналісцкай этыкі і адказнасці, завалодала новымі каналамі… Гэта была вісклівая, безгустоўная журналістыка, якая ўсяляк спакушала чытача… Яна ператварыла драму жыцця ў танную меладраму… Горш за ўсё тое, што замест таго, каб кіраваць чытачом, яна прапаноўвала яму сумесь з граху, сэкса і гвалту”. М.Л. дэ Флёр, Сандра Бол-Рокіч.

Гэта з’ява выклікала супраціўленне. Інтэлектуалы і літаратары адчувалі сябе абражанымі. Новыя сродкі камунікацыі, што, здавалася, штурхалі наперад масавую культуру, сталі спрыяць дэгенерацыі грамадства.

Многія грамадскія і рэлігійныя дзеячы пачалі выказваць пратэст. Прэса сутыкнулася з пагрозай страціць давер насельніцтва. Выдаўцы сталі прыводзіць свае справы ў парадак — журналістыка зрабілася больш адказнай і менш скандальнай. Замацаваліся пэўныя нормы і абмежаванні.

Праз такі “жоўты” вопыт газета выпрацавала трывалыя прынцыпы, якія так ці інакш паспрыялі высвятленню той палітыкі, што пачалі трымацца медыя.

Статыстыка

Год
Агульны наклад штодзённых газет (у тысячах)
Колькасць сем’яў (у тысячах)
Колькасць газет на кожную сям’ю

1850

758

3,598

0,21

1890

8,387

12,690

0,66

1940

41,132

34,855

1,18

1970

62,108

62,875

0,99

1980

62,201

80,776

0,77

1986

62,489

88,458

0,70

Да 1870 г. колькасць і чытачоў, і газет была нязначнай (неадукаванасць, цяжкасці з транспарціроўкай, абмежаваныя друкарскія магчымасці). Паміж 1880 і 1890 гг. колькасць газет рэзка ўзрасла. Перад Першай Сусветнай вайной на кожны дом пры падала больш, чым адна газета. Так, у першым дзесяцігоддзі ХХ стагоддзя газета дасягнула свайго піку як галоўная крыніца навін у амерыканскім грамадстве.

Рост накладаў запаволіўся пасля 1910 г. А пасля 1920-х гг. газеты прыходзяць у заняпад. Ні больш дасканалыя тэхналогіі збору навін, друку, продажу, ні пісьменнасць не спынілі гэты працэс. Хаця на сённяшні дзень прадаецца болей газет, а газетны прыбытак застаецца высокім, яны не здолелі захаваць ранейшых тэмпаў росту.

Якая ж прычына заняпаду? У 1920-я гг. сталі з’яўляцца іншыя формы медыя. У 1930-я гг. сталі папулярнымі штотыднёвыя часопісы навін. І радыё, нават кіно, адыггралі сваю ролю. У канцы 1940-ых — пачатку 1950-ых гг. з’явілася тэлебачанне. У той ці іншай ступені кожнае вынаходніцтва выступала альтэрнатывай газеце. У пэўным сэнсе кожнае з іх забяспечвае доступ да інфармацыі, паведамляе навіны, ці забаўляе, што раней маглі рабіць толькі газеты.

У сярэдзіне ХХ стагоддзя амаль знікла канкурэнцыя паміж вялікімі штодзённымі выданнямі. Нью-Йорк, які ў 1880 г. меў 29 газет, у 1969 г. меў толькі 3. Падобная сітуацыя назіралася ў кожным вялікім горадзе. Звычайна ў горадзе выходзіла ад адной да трох галоўных газет. Вынікам сталася тое, што колькасць газет на кожнага жыхара ў 1950 г. зменшылася прыблізна на 30%.

Якая будучыня чакала газету? Было ясна, што яна несумненна выжыве, пройдзе праз памяншэнне накладаў і зойме трывалую пазіцыю на інфармацыйным рынку. Калі газета раптам не прыходзіць, чалавеку нечага быццам не хапае. Яна мае месца ў нашай сістэме камунікацыі, якое пакуль няма чым замяніць.

6. Часопісы

Часопісы адрозніваюцца ад газет падыходам у асвятленні навін, частатой выхаду і якасцю публікацый. Па кантрасце з “шырокім аглядам” штодзённых газет, многія часопісы спецыялізуюцца на вузкіх тэмах, такіх, напрыклад, як спорт. Нават часопісы, зарыентаваныя на навіны, падаюць іх у іншай манеры, чым газеты. Часопісы часта выкарыстоўваюцца як прастора для выказванняў розных пунктаў погляду, а не толькі для навін. Часопісы ад пачатку свайго існавання мелі невялікія наклады і пэўную чытацкую аўдыторыю.

Першыя грамадскія часопісы (“Nation”, “Mc Clure’s”, “Harper’s”) пачалі выходзіць у сярэдзіне XIX стагоддзя. Такія выданні часта былі палітычна заангажаванымі — выказвалі довады супраць рабства, а пазней друкавалі выкрывальныя артыкулы пра палітычную карупцыю і працоўную эксплуатацыю (пра гэта пісалі Іда Тарбел і Лінкальн Стэфенс). Такіх журналістаў сталі называць muckrakers — “збіральшчыкі бруду”. Тэрмін паходзіць ад назвы спецыяльных грабляў для збору гною. Гэтыя аўтары спрабавалі праводзіць журналісцкія расследаванні, якія былі пабудаваны на непрыемных фактах з урадавых ці бізнесовых колаў. Такія матэрыялы крытыкавалі існуючы палітычны і эканамічны парадак, таму іх больш ахвотна друкавалі ў часопісах, чым у газетах з вялікімі накладамі.

Часопісы могуць уплываць на ўважлівую палітычную эліту — людзей, якія сочаць за навінамі ў розных сферах. Такім чынам адбываецца апасродкаваны ўплыў на грамадскую думку праз двухэтапнае камунікацыйнае ўздзеянне. Звычайна гэта схема дзейнічае наступным чынам (ідэальнае для яе плюралістычнае грамадства). Часопісы інфармуюць нешматлікую палітычную эліту (напрыклад, прафсаюзных ці прамысловых лідэраў) пра адпаведныя падзеі ці палітычную пазіцыю. Гэтыя лідэры, у сваю чаргу, паведамляюць сваім шматлікім паслядоўнікам, агітуючы іх да ўціску на ўрад. На сёняшні дзень удасканалены варыянт гэтай схемы выглядае крыху інакш. Палітычная эліта хутчэй уплывае на грамадскую думку (неабавязкова на “паслядоўнікаў”) і на іншую палітычную эліту шляхам распаўсюджвання сваіх перакананняў праз медыя.

Тры штотыднёвых часопіса навін — “Time”(заснаваны ў 1923 г.), “Newsweek” (1933) і “USNews & World Report” (1933) маюць найбольшыя наклады (ад 2,5 мільёнаў да 4,5 мільёнаў у 1990 г.). Чытацкая аўдыторыя гэтых часопісаў, аднак, не такая вялікая, як 17 млн. чытачоў “TV Guide” ці 16 млн. “Reader’s Digest”. Кантрастуе з такімі “капіталістычнымі выданнямі новая “альтэрнатыўная” прэса, якая больш крытычна ставіцца да існуючай улады.

Такія часопісы, як “Mother Jones” ці “Utne Reader” спецыялізуюцца на розных расследаваннях, скажам, пра дзейнасць супраць Ірана ці пра сувязь паміж Прэзідэнтам Бушам і генералам Мануэлем Нар’егам.

Наш кароткі агляд прэсы паказаў яе эвалюцыю ад самага пачатку (таннай газеты, што выдавалася ў 1830 г.) да развітай сеткі выданняў. Розныя вынаходніцтвы дапамаглі вырашыць праблемы збору і распаўсюджвання навін. Газеты сталі больш дыферэнцаваныя і спецыялізаваныя,— з самым разнастайным зместам, каб дагадзіць любому чытачу. У той жа час не выклікае сумненняў уплыў сацыяльнага канфлікту на гісторыю прэсы. Канфлікт паміж уладамі і выдаўцамі праявіўся вельмі рана. Ён і прывёў “айцоў-заснавальнікаў” да ўключэння Першай папраўкі ў Канстытуцыю. У рэшце рэшт, гэты канфлікт, канкурэнцыя паміж газетамі і больш новыя медыя змянілі месца газеты ў амерыканскай сістэме масавай камунікацыі.

 

ЛЕКЦЫЯ 3. РАЗВІЦЦЁ ТЭХНАЛОГІІ ЯК ШЛЯХ ДА ЎЗНІКНЕННЯ КІНЕМАТОГРАФА

План:

1. Рухомыя карцінкі

2. Эвалюцыя тэхналогіі

3. Попыт на партрэты

4. Жывая карцінка, альбо ўзнікненне кіно

 

Заўсёды хапай чытача за глотку ў першым параграфе, запускай пальцы ў дыхальнае горла ў другім і размазвай па сцяне падчас эпілогу. Пол О’Нейл, амерыканскі пісьменнік.

1. Рухомыя карцінкі

Як і ў выпадку з газетамі, развіццё рухомых карцінак можа быць вытлумачана праз эвалюцыйную і канфліктную парадыгмы. Працэс, які прывёў да вынаходніцтва кіно, уяўляў сабой паслядоўную акумуляцыю навуковых дасягненняў у некалькіх, на першы погляд не звязаных паміж сабой, галінах. Гэта тэхналогія нарэшце аб’яднала шэраг вынаходніцтваў, што дазволілі стварыць ілюзію працяглага руху з серыі ценяў, спраецыраваных на экран. Разам з тым гэта быў і працэс сацыяльнай эвалюцыі.

Канфлікт і тут быў часткай эвалюцыйнага працэсу. Канфлікты ўзнікалі не толькі за права валодаць новымі медыя, але і паміж маральнай большасцю і тымі, хто, выкарыстоўваючы новы сродак, імкнуўся да павелічэння прыбытку шляхам апелявання да нізкіх інстынктаў. Гэты канфлікт, між іншым, адыграў цэнтральную ролю пры фарміраванні амерыканскага кінематографа.

Галоўны ўнёсак у развіццё тэхналогіі “рухомых карцінак”, у асноўным, зрабілі вынаходнікі-адзіночкі. І імкнуліся яны не да стварэння нейкага сродку, каб забаўляць людзей.

Мы ўжо гаварылі пра тое, што гісторыя масавай прэсы была цесна звязана з важнымі палітычнымі і эканамічнымі дасягненнямі заходняга грамадства. Прыйшоў час, калі капіталістычнае грамадства забяспечыла прэсу жыццяздольнай фінансавай структурай, заснаванай на камерцыйнай рэкламе. Хоць газета не раз мяняла свае адносіны да палітычнай дзейнасці, прэса ўспрымала палітыку як адну з асноўных сфер сваёй дзейнасці.

Кінематограф жа, наадварот, заўсёды меў камерцыйны рэкламны змест. І хаця кіно час ад часу сутыкалася з важнымі палітычнымі ці сацыяльнымі тэмамі, яно напачатку не выкарыстоўвалася (прынамсі, у Амерыцы) для адкрытай абароны палітычных ідэалогій. У Злучаных Штатах кінематограф быў галоўным чынам забаўляльным медыя, а не інструментам навучання і пераканання.

2. Эвалюцыя тэхналогіі

Пачатак кінематографа — гэта гісторыя розных вынаходніцтваў, звязаных з трыма навукова-тэхнічнымі праблемамі, якія патрабавалі вырашэння перш, чым мог быць сканструяваны апарат для праекцыі рухомых карцінак. Першая — праекцыя ценяў вобразаў. Другая — успрыняцце паказаных на хуткасці малюнкаў ці карцінак як працяглага руху. Трэцяя — уласна фатаграфія.

2.1. Праекцыя і Camera Obscura

Галоўная праблема палягала ва ўдасканаленні спосабаў і прыладаў для паказу ценяў вобразаў, выкарыстоўваючы дзеля гэтага светлавы праектар, які ў цёмным пакоі факусіраваў бы вобраз на экране. Каб ажыццявіць такую праекцыю неабходна было з разумець некаторыя аптычныя прынцыпы. Патрабаваліся люстэркі і лінзы, у тым ліку і ўвагнутае люстэрка для факусіравання святла ад штучнай крыніцы. З гэтых розных прыстасаванняў лінзы, напэўна, самыя старыя. Існуюць пэўныя сведчанні адносна таго, што нават у старажытнай Грэцыі было вядома “вогненнае шкло”. Архімед, напрыклад, спрабаваў сканструяваць вялікія лінзы, якія маглі б на значнай адлегласці запаліць карабель за кошт сфакусіраваных сонечных промняў. Невядома, ці было гэта ўвасоблена, але прынцып разумелі ўжо тады.

Адным з важных элементаў на шляху да сучаснага кіно было адкрыццё camera obscura (даслоўна перакладаецца як “цёмны пакой”) — скрыня з адтулінай, праз якую слабы і перакулены вобраз знешняй сцэны адлюстроўваецца на сцяне (экране). Гэты феномен ведалі даўно, але яго механізм да Леанарда да Вінчы не даследаваўся.

Леанарда працаваў у маленькім зацемненым пакоі, у які промні святла пранікалі праз дзірку памерам з аловак. У вобразе, што ўзнікаў на супрацьлеглай сцяне, можна было пазнаць сцэну, прадстаўленую звонку, хаця месцамі выява не была рэзкай.

З большай адтулінай і дадатковым прыстасаваннем да лінзаў плюс люстэрка, каб перакульваць вобраз, camera obscura стала карысным вынаходніцтвам для мастакоў. Яны маглі вывучаць перспектыву і колеры пры маляванні пейзажаў. Сamera obscura прыцягнула ўвагу не толькі мастакоў, але і вучоных, і была выкарыстана для назірання сонечных зацьменняў. Яна зберагала вочы.

Сamera obscura трапіла ў рукі шарлатанаў, і яны выкарыстоўвалі яе, каб дэманстраваць свае цудоўныя здольнасці і ўладу. Час ад часу рабіліся спробы выкрыць “сакрэты” шарлатанаў. Адна з найбольш цікавых і ранніх спроб — кніга Джавані Баціста дэла Портэ.

У XVII стагоддзі раздзел з яго кнігі “Натуральная магія” быў перакладзены і надрукаваны ў Англіі. Дэла Портэ разважаў пра з’яву “дзіўных шкельцаў” (лінз і люстэркаў). Пасля разбору прынцыпаў дзеяння сamera obscura ён пераходзіць да апісання, як гэта вынаходніцтва можа быць выкарыстана для прадстаўлення п’ес і іншых забаў.

Сamera obscura, вядома, “стварала” вобразы, што адбіваліся ад аб’ектаў, якія знаходзіліся ў яркім сонечным святле.

Наступны крок — штучнае святло і прапусканне гэтага святла праз нешта празрыстае. Праектар, які ствараў вобразы на экране і выкарыстоўваў прынцыпы цяперашняга слайд-праектара, стаў рэальнасцю дзякуючы Атанасіўсу Кічэру (нарадзіўся ў 1601 г.). Кічэр быў нямецкім іезуітам. Яго навуковыя адкрыцці дазволілі яму заняць месца ў Раманскім Калегіуме, дзе з дазволу Папы Урбана VIII ён займаўся навуковымі даследаваннямі. Кічэр прадстаўляў драматычныя шоу перад самай знакамітай аўдыторыяй. Ён сканструяваў не зусім яшчэ дасканалы праектар і дэманстраваў няясныя вобразы, якія атрымліваліся пры выкарыстанні намаляваных празрыстых слайдаў. Кічэру, аднак, не пашчасціла. Ён быў западозраны ў сувязях з д’яблам і ў “чорным мастацтве” некрамантыі (выкліканні духаў памерлых з нізкімі мэтамі).

2.2. Ілюзія працяглага руху

Другая праблема палягала ў тым, каб зразумець, як узнікае ілюзія працяглага руху.

Бельгійскі навуковец Жазэф Плацю (нарадзіўся ў 1801 г.) паспяхова вывучаў феномен так званага “спазнення” зроку. Воку патрэбны нейкі час, каб сцэна зафіксавалася ў свядомасці. Цяпер гэта вядомы феномен 25-га кадра. У тыя часы з’ява яшчэ толькі вывучалася. Простая дэманстрацыя прынцыпа “спазнення” — бенгальскі агонь. “Васьмёрку”, намаляваную ім у паветры, чалавек успрымае як суцэльную фігуру, а не як рух кропак святла.

Выкарыстоўваючы гэты прынцып, Плацю сканструяваў апарат, які, пры выкарыстанні серыі малюнкаў, ствараў ілюзію руху. Кожны малюнак трохі адрозніваўся ад папярэднага. Узнікала ўражанне, быццам адна і тая ж фігура рухаецца. Гэтую машыну назвалі фенакісціскоп, ці фантаскоп (дарэчы, немагчыма запомніць назвы усіх падобных вынаходніцтваў таго часу — канчатак “скоп” абавязкова прысутнічаў у кожнай назве). Фантаскоп лічыцца першым сапраўдным кінаапаратам.

Прафесар Плацю вывучаў асаблівасці зроку на сабе. Даследаваў эфект працяглага назірання і эксперыментаваў з самай моцнай крыніцай святла — сонцам. Вынікам гэткіх эксперыментаў сталася яго поўная і канчатковая слепата. Важную частку яго працы прыйшлося заканчваць, пасля таго, як ён цалкам згубіў зрок. Іронія лёсу: сляпы навуковец распрацаваў візуальныя прынцыпы рухомай карцінкі. Тут можна прыгадаць хіба што глухога Бетховена, які напісаў некалькі сусветна вядомых сімфоній ужо калі абсалютна страціў слых.

Жазэф Плацю значна падштурхнуў наперад тэхналогію, наблізіў той дзень, калі рухомая карцінка стала выкарыстоўвацца як масавы забаўляльны сродак.

Каб узнік новы сродак масавай камунікацыі, заставалася вырашыць апошнюю тэхнічную праблему.

Навуковая барацьба за атрыманне якаснага фатаграфічнага адлюстравання — гісторыя мноства складанасцяў і вялікага захаплення. Многае залежала ад развіцця хіміі. А само развіццё фатаграфіі было звязана з ужо знаёмай нам camera obscura. Значна зменшаная ў памерах, забяспечаная лінзамі і пласцінамі, пакрытымі рэчывам, адчувальным да святла, камера стала сучасным фотаапаратам.

Але праблема палягала не ў самой камеры, а ў стужцы. Якое рэчыва можа фіксаваць карцінкі сamera obscura?

Яшчэ ў XVIII стагоддзі было заўважана, што некаторыя хімічныя рэчывы, напрыклад, солі срэбра, хутка змяняліся пад уздзеяннем сонечнага святла. Але толькі ў 30-я гг. ХIХ стагоддзя вынаходніцтва было выкарыстана ў фатаграфічнай справе.

2.3. Дагератып

Праблема была вырашана трыма незалежнымі адзін ад аднога вынаходнікамі. Кожны меў свой уласны падыход да задачы і паведаміў аб адкрыцці прыкладна ў адзін і той жа час (паміж студзенем і сакавіком 1839 г.).

Луіс Дагер у Францыі, Уільям Тальбат і Джон Хершэл у Англіі дасягнулі поспеху ў атрыманні фатаграфічных здымкаў. Дагер выкарыстоўваў медную пласціну, пакрытую срэбрам і апрацаваную парамі ёду. Дагератыпнае адлюстраванне мела выдатную якасць і выразнасць. Тальбат і Хершэл выкарыстоўвалі паперу, апрацаваную адчувальнымі да святла хімікатамі, з якой трэба было друкаваць пазітыў. Хаця другое вынаходніцтва было больш практычным, аднак атрыманыя “здымкі” былі няякаснымі. Таму дагератып стаў вельмі папулярным, а імя Дагера шырокавядомым. Фактычна, такія карцінкі былі роўныя па якасці сучасным здымкам. Свету, які ніколі не бачыў фатаграфію, дагератып здаваўся неверагодным, фантастычным дасягненнем.

Але ў новага вялікага вынаходніцтва былі і праціўнікі. Адлюстраванне людзей тэхнічным спосабам палічылі за богазневажанне. У 1839 г. на чуткі аб дзіўным адкрыцці нямецкая газета “Лейпцыгер анцэйгер” адказала вельмі рэзка: “Жаданне фіксаваць мімалётныя выявы мяжуе з блюзнэрствам. Бог стварыў чалавека на падабенства сваё, і ніякі апарат не можа зафіксаваць адлюстраванне падабенства Бога; Бог павінен быў бы здрадзіць сваім вечным прынцыпам, каб дазволіць нейкаму французу з Парыжа кінуць у свет такую д’ябальскую выдумку”.

Рускія мастацтвазнаўцы аказаліся больш памяркоўнымі. Яны згадзіліся прызнаць здымкі нежывой натуры, але выступалі супраць фатаграфавання людзей. “Што датычыцца здымкаў партрэтаў пры дапамозе дагератыпа,— рэзюмавала “Художественная газета”, (1840, № 2) — то нам гэта здаецца бескарысным”.

Але “нейкі француз з Парыжа” і яго паслядоўнікі па ўсім свеце не мелі недахопу ў заказчыках. Сучаснікі імкнуліся набыць партрэты, больш танныя за жывапісныя. Адным з самых першых рашучых людзей, хто наважыўся зняцца, быў англійскі інжынер Эндру Шанкс. Экспазіцыя працягвалася каля гадзіны. Каб добраахвотнік вытрымаў выпрабаванне, ужылі трымальнік галавы. “Твар быў чорным, грымаса казала пра перанесеныя пакуты, вочы засталіся напалову адкрытымі. Відаць, пакутнік трымаўся стойка”,— так апісваў оптык Гадэн адну з ахвяраў дагератыпнай здымкі.

Цяжкая працэдура выклікала кпіны. Ніводнае вынаходніцтва XIX стагоддзя не было сустрэта з такім недаверам, як дагератыпія. Літаграфы і гравёры ўбачылі ў ёй суперніка, які пазбавіць іх сталага заробку. Мастакі абвінавацілі яе ў прафанацыі “чыстага мастацтва”. Яны лічылі недапушчальным ствараць вобраз чалавека тэхнічным прыборам, які дзейнічае незалежна ад творчай волі мастака.

У самых першых дагератыпаў было мноства недахопаў. Калі разглядаць дагератыпную пласціну, як звычайны здымак, можна было ўбачыць толькі люстэркавы бляск. Яе трэба было трымаць пад пэўным вуглом.

Але ўсё роўна дагератып імгненна ўвайшоў у тагачаснае жыццё. Дасканаласць выявы дазваляла выстаўляць “карціны” ў салонах. Першыя дагератыпы з’явіліся ў Злучаных Штатах у 1839 г.

Сярод першых майстроў вылучаецца Самюэль Морзэ, больш вядомы сваімі працамі ў галіне тэлеграфа. Ён быў таксама партрэтыстам і прафесарам мастацтва дызайна ва універсітэце горада Нью-Йорк. Дагератып быў звязаны з яго інтарэсамі і заняткамі. У 1839 г. Морзэ наведаў Дагера ў Францыі. Ён стаў заўзятым дагератыпістам і вучыў гэтай справе сваіх студэнтаў.

3. Попыт на партрэты

Попыт на партрэты быў неверагодны. Узнікла новая прафесія, дзеля авалодання якой не патрабавалася шмат часу. Кошт аднаго партрэта, асабліва невялікага, быў не такі ўжо высокі. Сярэдняя сям’я магла сабе гэта дазволіць. У 1840-ыя гг. ЗША перажывалі перыяд эканамічнай дэпрэсіі. Мноства маладых ініцыятыўных людзей шукалі працу. Дагератып давай выдатную магчымасць зарабіць грошы. Неабходнае абсталяванне грузілася на фургоны, лодкі, павозкі, мулаў і вазілася па ўсё краіне. У самых розных кутках людзі маглі замовіць сабе партрэт. У вялікіх гарадах нават з’явіліся дагератыпныя салоны, дзе справы ішлі вельмі бойка. Некаторыя спецыялісты спалучалі фатаграфічную дзейнасць з яшчэ некалькімі прафесіямі. Часта такі майстар быў адначасова і кавалём, і краўцом, спецыялістам па рамонце гадзіннікаў, зубадзёрам і дагератыпістам. У 1850-ыя гады рабілася больш за 3 мільёны патрэтаў у год.

Патрэба ў партрэце тлумачылася яшчэ і асаблівай сітуацыяй: тагачаснае насельніцтва Злучаных Штатаў складалася з людзей, якія ўвесь час пераязджалі з месца на месца. Мужчыны часта пакідалі сем’і і адпраўляліся шукаць лепшай долі. Перасяленні, звязаныя з рознымі залатымі ліхаманкамі, нафтавымі бумамі і іншымі падзеямі, раздзялялі сваякоў і сяброў. Кожная жонка ці маці жадала мець партрэт роднага чалавека.

Грамадзянская вайна, што прынесла шматлікія людскія страты, таксама паспрыяла развіццю дагератыпнай справы. У нейкім сэнсе партрэт злучаў жывых і памерлых.

Традыцыя мець партрэты знакамітых продкаў таксама паспрыяла развіццю дагератыпа. Салідная галерэя была паказчыкам высокага сацыяльнага статуса. Падчас прамысловай рэвалюцыі новыя багатыя нават наймалі мастака, каб ён стварыў “генеалагічную галерэю”. З’яўленне дагератыпа дало магчымасць сярэдняму класу далучыцца да гэтай трывалай традыцыі.

Табліца паказвае колькасць прадстаўнікоў новай прафесіі ў розныя гады

Год

Насельніцтва ў тыс. чалавек

Колькасць фатографаў

1840

17,000

0

1850

23,000

938

1890

63,000

20,040

1930

123,000

39,529

У апошняе дзесяцігоддзе XIX стагоддзя фатаграфія была шырока распаўсюджана ў амерыканскім грамадстве. А таму пераход ад статычнай фатаграфіі да рухомага адлюстравання не быў такім ужо немагчымым для свядомасці звычайнага амерыканца.

3.1. Удасканаленне фатаграфіі

Фатаграфічная тэхналогія хутка ўдасканальвалася. Развіваліся фабрыкі для вытворчасці патрэбных хімікатаў, фатаграфічнага абсталявання і пласцін. Сярод занятых у фатаграфічнай справе найбольш вядома імя Джорджа Істмэна.

Дагератыпная фатаграфія дала пачатак іншым тэхнікам, якія, аднак, хутка адышлі ў нябыт. На працягу многіх гадоў выкарыстоўваліся мокрыя пласціны з адчувальнымі да святла хімікатамі. Вынаходніцтва сухой пласціны зрабіла магчымым папярэднюю падрыхтоўку шкляных пласцін. Гэта прывяло да іх масавай вытворчасці і даступнасці.

Джордж Істмэн пачаў свой бізнес са сціплага капіталу ў 3.000 долараў і праз 35 гадоў ужо змог заплаціць 5 мільёнаў долараў за выключнае права на вытворчасць гнуткіх фатаграфічных пласцін на нітрацэлюлознай аснове. А гэта азначае, што да з’яўлення фотастужкі быў толькі адзін крок.

Са з’яўленнем гнуткай стужкі было недалёка да ўзнікнення рухомай, “жывой” карцінкі. Эдысан вынайшаў лямпу напальвання. Прынцып праекцыі быў вядомы даўно. Неўрафізіялогія візуальнай “затрымкі” была таксама вядомая. Заставалася толькі з’яднаць гэтыя розныя элементы.

4. Жывая карцінка, альбо ўзнікненне кіно

Амерыканцы называюць Томаса Альву Эдысана вынаходнікам грунтоўнай тэхналагічнай камбінацыі, што зрабіла магчымым рухомыя карцінкі, але прызнаюць, што сотні іншых спецыялістаў “таксама зрабілі свой ўнёсак”. А даследчыкі з іншых краін называюць у якасці піянераў кінематаграфічнай справы сваіх айчынных майстроў.

Еўрапейская традыцыя лічыць месцам нараджэння кіно Францыю. Тут зімой 1895 г., на бульвары Капуцынаў у Парыжы, адбыўся першы кінасеанс. Новы сродак камунікацыі адразу страшна напужаў гледачоў. Першыя фільмы — “Выхад рабочых з фабрыкі”, “Паліты палівальшчык”, “Прыбыццё цягніка”. Калі цягнік з’явіўся на экране, гледачы падхапіліся з месцаў і пабеглі да выхаду “ратавацца”.

Лабараторыя Эдысана прадставіла публіцы камеру для здымак і праектар. Эдысан зусім не прадбачыў камерцыйнага поспеху свайго вынаходніцтва. Ён чакаў, што публіка хутка страціць цікавасць да “свежага” відовішча. Ягонай канцэпцыяй была ідэя развіцця машыны, якая можа выкарыстоўвацца адным чалавекам, што плаціць за магчымасць паглядзець некалькі “жывых карцін”. Кінетаскоп Эдзісана стаў даступны публіцы ў 1894 г.: “Гасціная “Кінетаскоп” на Брадвеі адкрыла свае дзверы і прадставіла насельніцтву 10 апаратаў для прагляду. Але большы поспех мелі канкурэнты Эдысана, якія ад самага пачатку мелі на мэце выкарыстаць вынаходніцтва для масавай забавы.

У канцы XIX стагоддзя мноства людзей па ўсім свеце прэтэндавалі на атрыманне патэнту на вынаходніцтва праектараў. Гэта быў перыяд хваляванняў, надзей, бурнай актыўнасці і вынаходніцкага імпэту. Шоумены, напрыклад Эміль Рэйнольд у Парыжы, прадстаўлялі “жывыя карціны” на аснове анімацыйных малюнкаў і мелі значны поспех. На гэтым этапе ўжо не трэба было мець вялікага ўяўлення, каб зразумець, што новую з’яву чакае шалёная фінансавая ўдача.

4.1. Кіно як мас-медыя

У 1895 г. у Парыжы была адкрыта ўстанова пад назвай “Сінематограф”. За адзін франк у “салоне” можна было паглядзець некалькі кароткіх фільмаў. Прадпрыемства імгненна стала надзвычай папулярным.

Хутка “Сінематограф” адкрылі і ў Нью-Йорку, мноства прадпрымальнікаў імкнуліся зрабіць тое самае і ў іншых месцах. У перспектыўнасці кіно пераканаўся і Эдысан. У гэты час ён працаваў разам з маладым амерыканскім вынаходнікам Томасам Арматам. Вынікам іхняга супрацоўніцтва стаўся вітаскоп, праектар Армата-Эдысана, які быў найбольш дасканалым на той час апаратам для дэманстрацыі “жывых карцін”.

4.2. Змест і аўдыторыя першых фільмаў

Першыя фільмы былі даволі прымітыўныя па сваім змесце. У “Гасцінай “Кінетаскоп” была паказана карціна “Фаціма і яе танец”, якая мела ашаламляльны поспех на Сусветным кірмашы ў Чыкага ў 1893 г. Наіўных гісторый і грубага фарсу было дастаткова, каб прыцягнуць увагу гледачоў. З энтузіязмам прымалася “культурнай публікай” і парнаграфія (вядома, парнаграфія ў тагачасным разуменні).

Сітуацыя ў Амерыцы была гэткай жа, як і ў іншых краінах. Першы час публіка задавальнялася самымі няхітрымі сюжэтамі. Аднак далей трэба было нешта прыдумляць. Сталі выкарыстоўваць літаратурныя творы. Скажам, у Расіі было экранізавана “Злачынства і пакаранне” Дастаеўскага. Фільм працягваўся 6 хвілін.

Змест першых карцін вельмі адрозніваўся ад зместу першых друкаваных кніг. Прадукцыя Гутэнберга прадстаўляла найбольш важныя і значныя ідэі свайго часу. Раннія фільмы, наадварот, былі трывіяльнымі і безгустоўнымі. Гледачы з разяўленым ротам успрымалі любую “жывую карцінку”. Спробы здымаць больш сур’ёзныя фільмы не знаходзілі ні поспеху, ні разумення.

Каля 1900 г. былыя ўладальнікі цыркаў, артысты, вулічныя гандляры, булачнікі сталі арандаваць склады і іншыя незанятыя памяшканні, ставілі туды лавы ці крэслы, каб паказваць там фільмы на ўжо не новым абсталяванні. Паглядзець фільм у такім кінатэатры было танна. За 5 цэнтаў можна было ўбачыць “Жыццё амерыканскага пажарнага” ці штосьці падобнае. З цягам часу “кінатэатры” пачалі ўпрыгожваць, там стала больш чыста. Адчыніліся салоны і ў правінцыйных гарадах. Кіно пачало паступова рабіцца сапраўдным мас-медыя.

Фільмы сталі даўжэйшымі і тэхнічна больш дасканалымі, але на мастацкі ўзровень карцін гэтыя змены асабліва не паўплывалі. “Вялікае абрабаванне цягніка” было тым, што жадала ўбачыць публіка 1903 г.

Першыя дзесяць гадоў ХХ стагоддзя вызначаюцца ў гісторыі Амерыкі небывалай хваляй іміграцыі. Людзі перасяляліся ў Злучаныя Штаты з усяго свету, асабліва з усходняй і паўднёвай Еўропы. Іміграцыйныя законы не былі такія строгія, як сёння. Перасяленцы размаўлялі на сваіх родных мовах, многія наогул не ведалі англійскай. Большасць імігрантаў складалі сяляне. Гэтых змучаных жыццём людзей прымітыўныя, наіўныя фільмы суцяшалі і забаўлялі. Сюжэты былі вельмі простыя. Стылізаваная ігра акцёраў не патрабавала ведання мовы, каб зразумець ідэю. Сённяшняму гледачу афектаваныя жэсты і гіпертрафіраваная міміка твару тагачасных карцін здаецца ненатуральнай. Акрамя няведання англійскай мовы, публіка часта наогул не ўмела чытаць. А таму здымаліся такія фільмы, каб іх можна было разумець без слоў. Бурлескныя гісторыі прымушалі гледачоў смяяцца над сваім уласным жыццём. Вясковы мужык, імігрант, паліцэйскі, махляр, прыгожанькая дзяўчына, раўнівы муж — звычайныя героі тых карцін.

4.3. Сталенне кіно

Кіно хутка стала даступным жыхарам вялікіх і малых гарадоў. Яно зрабілася сямейнай забавай. Гледачам ужо хацелася даўжэйшых фільмаў з больш складаным сюжэтам. Таму ў кінематографе адбыліся пэўныя змены. Кіно стала выкарыстоўваць сюжэты класічнай літаратуры. Удасканалілася аператарская тэхніка. Нарадзілася сістэма “зорак”. Фільмы дасягнулі звыклай для нас працягласці. Першыя “цэнтавыя” кінатэатры ў пачатку 1920-ых гг. саступілі месца больш шыкоўным установам. З’явіліся палацы, дзе людзі маглі пакланяцца новым багам і багіням экрана. Кіназоркі служылі прыкладам мільёнам прадаўшчыц і рабочых. Яны пачалі атрымліваць астранамічныя заробкі, што зрабіла Галівуд сінонімам багацця.

Першая сусветная вайна паспрыяла небываламу поспеху амерыканскай кінапрамысловасці. Вытворчасць фільмаў на еўрапейскіх студыях прыпынілася, а попыт на карціны ўзрос па ўсім свеце. Амерыканскае кіно апынулася ў вельмі выігрышным становішчы, якое яно і пасля ўтрымлівала доўгія гады. Рэжысёрамі-імігрантамі рабіліся нямыя фільмы з субцітрамі, якія лёгка перакладаліся на розныя мовы. Гэта быў выдатны прадукт на экспарт. Адкрыўся практычна невычарпальны рынак, дзе паказваліся стужкі на урду, хіндзі, кітайскай, арабскай ці яшчэ якой мове. Калі карціна дэманстравалася непісьменнай публіцы, наймалі спецыяльнага чалавека, які па ходу каменціраваў фільм.

Пазіцыя, якую занялі Злучаныя Штаты ў Першай сусветнай вайне, аказала значнае ўздзеянне на амерыканскі кінематограф як сродак масавай камунікацыі. Калі ў Еўропе выбухнула вайна, амерыканская грамадская думка падзялілася на два накірункі. Пацыфісты хацелі застацца ў баку ад ваенных дзеянняў і пазбегнуць усялякіх аперацый, якія маглі прывесці да ўдзелу ў вайне. Іншыя лічылі, што трэба падрыхтавацца, каб, калі спатрэбіцца, ўступіць у вайну. Гэтыя настроі мелі важнае значэнне перад тым, як Амерыка абвясціла вайну Германіі. Калі вайна была абвешчана, заставаліся людзі, якія мелі супрацьлеглыя “непатрыятычныя” настроі, былі супраць удзелу ў ваенных дзеяннях. Каб збіць “нездаровыя” пацыфічныя пачуцці, Джордж Крыл, начальнік Камітэта па грамадзянскай інфармацыі (афіцыйнае агенцтва Злучаных Штатаў для ўнутранай прапаганды), мабілізаваў на гэтую справу кінематограф, паставіўшы задачу “прадаць вайну амерыканскай публіцы”. Амерыканскі кінематограф ўпершыню ў сваёй гісторыі выканаў прапагандысцкую ролю, якой раней у яго не было.

Раней кіно было толькі формай забавы. Яно сур’ёзна ніяк не было звязана з палітычнай барацьбой ці мэтай культурнага ўдасканалення нацыі. Кінематограф проста адгукаўся на жаданні публікі, а не фармаваў іх. Вайна адкрыла магчымасці выкарыстаць кіно як дзейсны сродак пераканання. Кінематограф з забаўляльнага мастацтва ператварыўся ў эфектыўны сродак палітычнага і сацыяльнага ўздзеяння.

Падчас вайны значна ўзрасла і роля газет як прапагандысцкіх органаў. Далей мы разгледзім, як адбывалася маніпуляванне грамадскай думкай, як газеты пераконвалі ці навязвалі “патрэбныя” перакананні насельніцтву (кніга Уолтэра Ліпмана “Грамадская думка”).

У канцы 1920-ых гадоў кіно набыло гук. Да гэтага часу яно ўжо інтэгравалася ў амерыканскую эканоміку і стала папулярнай формай сямейнай забавы. За тыдзень у ЗША прадавалася прыкладна 40.000.000 білетаў у кінатэатры. Перад Другой сусветнай вайной кіно стала каляровым. Пік наведвання кінатэатраў прыйшоўся на 1940-ыя гады, калі колькасць гледачоў за тыдзень узрасла да 90 мільёнаў.

Статыстыка

Распаўсюджванне кінематографа як масавай забавы было хуткім і усеахопным. У 1900—1930 гг. Злучаныя Штаты літаральна ператварыліся ў нацыю кінагледачоў.

Год

Сярэдняя колькасць гледачоў за тыдзень (у тысячах)

Колькасць сем’яў (у тысячах)

Колькасць гледачоў за тыдзень на сям’ю

1922

40,000

25,687

1,56

1928

65,000

29,124

2,23

1930

90,000

30,000

3,00

1932

60,000

30,439

1,97

1934

70,000

31,306

2,24

1936

88,000

32,454

2,71

1946

90,000

37,900

2,37

1954

49,000

46,893

1,04

1986

19,600

88,458

0,23

Падчас Вялікай дэпрэсіі (пачатак 1930-ых) колькасць прададзеных у кіно білетаў зменшылася на 30%. Аднак канец 1930-ых і 1940-ыя былі Залатым векам кінематографа. З’яўленне тэлебачання стала катастрофай для кінавытворчасці. Пачаўся яе заняпад. Для вяртання людзей у залы спрабавалі розныя эксперыменты, накшталт спецыяльных акуляраў, дазвалялі глядзець фільмы ў трох вымярэннях, ужывалі гукавыя эфекты. Гэтыя хітрыкі не дапамаглі, заняпад працягваўся. Змяніліся маральныя стандарты, якімі раней кіраваліся стваральнікі фільмаў. Тады і распачаўся канфлікт паміж “непрыстойнасцю” і “свабодай слова”. Рэкі крыві і адкрыты сэкс на экране выклікалі хвалю пратэсту.

Працяг лекцый можна прачытаць тут.

You may also like...